Алесь Бельскі
ЖЫВАЯ МОВА КРАЯВІДАЎ
Пейзаж у беларускай паэзіі
УВОДЗІНЫ
Пейзажная лірыка поруч з лірыкай кахання з'яўляецца вядучым жанрам, складае ў беларускай паэзіі самыя шматлікія старонкі. Паэтычная кніга Прыроды, калі яе выдаваць, будзе шматтомнай, пра што надзвычай красамоўна могуць пасведчыць матэрыялы складзенага намі частотнага паказальніка асноўных пейзажных там, вобразаў і матываў. Прынамсі, тут распісана практычна ўся беларуская паэзія: намі разгледжана 10 320 твораў звыш 150 паэтаў, імёны якіх уключаны ў бібліяграфічны слоўнік «Беларускія пісьменнікі» (Т. 1-6. Мн., 1992-1995). Прывядзём толькі паасобныя частотна-колькасныя паказчыкі, якія раскрываюць багацце і разнастайнасць пейзажных тэм і вобразаў (лічба ўказвае колькасць твораў): вясна — 978, восень — 908, зіма — 615, лета — 313, раніца — 372, вечар — 272, ноч — 235, дзень — 121, лес — 266, рака — 293, дарога — 145, возера — 103, камень, валун — 66, бяроза — 109, лісце — 99, трава — 85, бусел — 100, журавель — 71, конь — 75, воўк — 30, пчала — 38, сонца — 134, зоркі — 131, месяц — 48 і шмат інш.
Праўда, гэты статыстычны падлік мае ўмоўны характар, не дае нейкіх канчатковых, абсалютных лічбаў, паколькі яны з бегам часу ўзрастаюць, іх карэктуе літаратурны працэс, а яшчэ намі, напрыклад, не ўлічваліся творы з выразнай ідэйна-палітычнай кан'юнктурай і вульгарна-сацыялагічным зместам. Для нас важна іншае, а менавіта тое, што пейзаж — эстэтычна значная, сэнсавызначальная лінія паэтычнага мыслення, а пейзажныя тэмы і вобразы — вялікая і разгалінаваная мастацкая сістэма.
Што такое пейзаж, бадай, ведае кожны вучань. Бо пейзаж як тэарэтычнае паняцце і пейзажная лірыка як жанр паэзіі вылучаны ў школьнай праграме. Пра ролю прыродаапісанняў у мастацкім тэксце гаворыцца пры вывучэнні эпічных твораў Я. Коласа, І. Мележа, І. Навуменкі і іншых аўтараў. Тым не менш, згадаем, што пейзаж у літаратуры характарызуецца як «малюнак, апісанне прыроды, якія ў мастацкім творы выконваюць розныя функцыі ў залежнасці ад ідэйна-мастацкай задумы твора, ад стылю і метаду пісьменніка; сродак мастацкай выразнасці»1. Разам з тым пейзаж у паэзіі — з'ява эстэтычна шматгранная і шматмерная. У гэтай сувязі яшчэ ў 80-я гг. Я. Асятроў слушна адзначаў, што «кола дзейнасці пейзажу ў літаратуры надзвычай шырокае. Сфера яго значна больш універсальная, чым прынята думаць»2.
Праз пейзаж можна выказаць многае, і гэта выдатна засведчыла прыродаапісальная лірыка нашых класікаў: і патрыятычнае пачуццё, і сацыяльна значную думку, і любоўнае перажыванне, і філасофскае тлумачэнне жыцця і свету. Вельмі каштоўнай якасцю пейзажу з'яўляецца яго мастацкі ўніверсалізм, а таксама такія рысы, як стылёва-выяўленчая поліфанічнасць, разнастайнасць форм і шматфункцыянальнасць, здольнасць несці ў сабе глыбокі змястоўна-пачуццёвы сэнс. Пейзаж па сутнасці тоіць у сабе вялікія, нават неабмежаваныя магчымасці. Вядома, мы не схільныя абсалютызаваць пейзажны жанр, надаваць яму выключнасць і перавагу, але відавочна, што погляд на пейзаж як спосаб светаадлюстравання і эстэтычную сістэму вымагае шырэйшай навуковай трактоўкі.
Гісторыя паэтыкі пейзажу бярэ вытокі ў старажытнасці, у творах антычных аўтараў, у Бібліі, жывапісе і іканапісе. Але, як думаецца, не менш важна адчуваць і бачыць яго адухоўлены пачатак у чалавечай душы. Нездарма пейзаж нярэдка вобразна называюць люстэркам душы. З непасрэднасцю вёў адухоўленую гаворку з прыродай наш продак-язычнік. Сілы і стыхіі прыроды нарадзілі ў ім паэта. Даверліва і шчыра звяртаецца чалавечае сэрца да дрэва і рэчкі, вясны і сонца ў вуснай народнай паэзіі. Можна прыгадаць хаця б вясновыя песні, у якіх гарманічна яднаюцца душа чалавека і прыроды, выяўляецца эмацыянальна-вобразны позірк на свет. Абрад гукання вясны поўны высокай паэзіі прыроды, а вяснянкі-заклічкі — гэта ўзнёслыя, меладычныя «пейзажы душы»:
Пейзажнае мысленне прайшло значную эвалюцыю: яно відазмянялася, удасканальвалася, набывала розныя новыя рысы і глыбіні. Яго рух можна пазначыць так: ад жывога сузірання вобразаў прыроды, прадметнай выяўленчасці да высокай сінкрэтычнай эстэтыкі слоўнага мастацтва, яркай індывідуальнай вобразатворчасці, глыбокага і шматбаковага пазнання філасофіі прыроды.
Паэтычны пейзаж, безумоўна, мае свае спецыфічныя выяўленчыя прынцыпы і законы. Тут галоўная роля належыць вобразнаму ўяўленню. У лірычным прыродаапісанні паэт дасягае мастацкай уражлівасці не праз калькаванне натуры, а дзякуючы жывапісна-слоўнаму эфекту, які абумоўлены суб'ектыўнай яркасцю назірання, глыбінёй унутранага перажывання, нязвычнасцю ўмоўна-асацыятыўнай ці сэнсавай паралелі: «Сонца ў пушчы глыбокай купаецца І ніяк не дастане да дна» (У. Дубоўка). Палітра паэта — моўна-выяўленчыя сродкі, а таксама рытм, інтанацыя, сінтаксіс у шырокім сэнсе слова.
Пейзажны верш як жанравы від паэзіі набыў сінтэтычны характар. Бо не заўсёды мы маем справу з чыста прыродаапісальнай лірыкай. Паэтычнае светасузіранне вельмі часта мае на мэце не толькі жывапісныя ці эстэцкія задачы. Бо, акрамя іншага, «сапраўдны змест паэзіі складае не сонца, не горы, не лес, не пейзаж..., а духоўныя інтарэсы»3. Значыць, цікавасць і ўвага да пейзажных вобразаў абумоўленыя духоўнымі, унутранымі інтарэсамі. Пейзаж не толькі падсвечвае пэўную ідэю, але дапамагае арганічна выявіць яе часам на мове алегорый і падтэксту. Пейзаж кантактуе з рознымі праявамі чалавечай думкі, ён сінтэзуе ў сабе розныя рысы жанраў. Нярэдка вызначэнне твора як пейзажнага носіць досыць умоўны характар, і на гэта звяртае ўвагу даследчык В. Рагойша, які выказвае слушнае назіранне наконт таго, што «пейзажны верш можа мець глыбока філасофскае або востра грамадзянскае гучанне і г.д.» 4. Пейзажныя радкі ў таленавітых творах не бываюць нейкімі адвольнымі штрыхамі і проста даважкам. Пад пяром праніклівага паэта-пейзажыста ўмела спалучаюцца вобразная канкрэтыка і нейкі важны эмацыянальна-змястоўны план пачуццяў, верш пры гэтым набывае пэўны кампазіцыйны лад, шматаблічнасць, сэнсава-выяўленчы рух радка.
На паэтычнае адлюстраванне краявідаў уплываюць само жыццё прыроды, яе эстэтычныя ўласцівасці, сезонныя змены, геаграфічныя асаблівасці ландшафту, а таксама псіхаэмацыянальны склад і настрой творцы, наогул узровень ягонай духоўнай культуры. На эвалюцыю пейзажу; яго ідэйную, нават ідэалагічную інтэрпрэтацыю накладваюць адбітак кірункі і заканамернасці развіцця мастацкай свядомасці ў пэўную эпоху, яе сацыяльна-гістарычныя ўмовы.
Пейзаж найперш яскрава выяўляе пачуццё прыроды, пачуццё Радзімы. Наша паэзія стала адкрывальніцай беларускага пейзажнага свету, яго прасторава-геаграфічных каардынатаў, вобразаў, рэалій, клімату і г.д. Сапраўды, «многія з'явы прыроды цяпер успрымаюцца праз прызму мастацтва»5. Пейзажнае адлюстраванне нясе ў сабе адвечныя першавобразы, знакі-архетыпы, звязаныя з духоўным светам беларуса, мастацкай свядомасцю народа. Паэтычнае выяўленне вобразаў і пейзажаў нашага прыроднага асяроддзя дапамагае яскрава і глыбока ўбачыць цэласную нацыянальную карціну свету, своеасаблівасць этна-прасторы, спасцігнуць сутнасць нацыянальна-беларускага пачуцця прыроды, яго гістарычны рух і змест.
Беларускі пейзаж сёння характарызуецца ўстойлівымі матывамі і вобразамі, ён у люстэрку паэзіі адвечны ў сваіх праявах і разам з тым новы, перайначаны экалагічнымі наступствамі. Сучасны пейзаж — свет экалагічных змен і дысанансаў, і пра мажлівасць непапраўнай бяды для роднай прыроды нашы паэты загаварылі яшчэ ў 60-70-я гг. (вершы П. Панчанкі, М. Танка, Н. Гілевіча, Р. Барадуліна і інш.). Руйнаванне, занядбанне прыроднага асяроддзя прывяло да ўзрастання ў паэзіі драматызму, заступніцкага гуманістычнага пафасу. Сапраўды, «многа змянілася ў родным пейзажы» (А. Ставер). Пасля Чарнобыля адбылося яшчэ больш жахлівае разбурэнне экалагічнай цэласнасці нацыянальнага светаўладкавання, дэфармацыя эстэтычнага аблічча пейзажу і змена ў яго паэтычным уе прыманні. Чарнобыльскі пейзаж — самая трагедыйная з'ява ў беларускай паэзіі XX стагоддзя.
Пейзаж і пейзажная лірыка невыпадкова становяцца прадметам нашага разгляду. Па сутнасці гэта адна з першых спробаў сістэмна-комплекснага даследавання пейзажу, пейзажнага мастацтва беларускіх паэтаў. Падобнае абагульняючае даследаванне, як думаецца, павінна было з'явіцца даўно. Аднак у савецкім літаратуразнаўстве доўгія гады перавага аддавалася ідэйна-палітычнай і грамадска-сацыяльнай тэматыцы. Адносна праблемы літаратурнага пейзажу, пейзажнай паэзіі часта сцвярджалася і такое: маўляў, гэта ўсяго драбнатэм'е, трэба глабальныя пытанні вырашаць. Тым не менш дэманстраваліся і іншыя падыходы ды пошукі. Ужо ў 70-80-я гг. з'явіліся арыгінальныя працы К. Пігарава, Я. Асятрова, К. Грыгар'яна, Г. Гачава і іншых рускіх даследчыкаў6, дзе выключная ўвага нададзена паэтыцы пейзажу, разгляду вобразнай сістэмы нацыянальнага свету. З даследаванняў гэтага кірунку асабліва заўважнай стала кніга М. Эйнштэйна «Прырода, свет, тайнік сусвету...» (1990), у якой выяўлена канцэптуальнае спасціжэнне пейзажнага свету, створанага рускімі паэтамі. Зрэшты, у рускай крытыцы і філалогіі прыкметная цікавасць да паэтычнага адлюстравання прыроды выявілася яшчэ ў XIX і на пачатку XX ст. 7 На Беларусі ў наш час плённыя захады ў асэнсаванні пейзажу і вобразаў прыроды зрабіла Т. Шамякіна ў шэрагу сваіх артыкулаў, такіх, як «Краявіды і літаратура», «Якуб Колас — пясняр стыхіяў» і іншых8. Не абміналі пейзажнай творчасці нашых класікаў і вядомых паэтаў Р. Бярозкін, І. Навуменка, У. Гніламёдаў, В. Бечык, Р. Семашкевіч, У. Калеснік, В. Каваленка, М. Арочка, А. Лойка, Дз. Бугаёў, В. Рагойша, М. Мішчанчук, У. Казбярук, А. Майсейчык, І. Чарота, Л. Гарэлік і іншыя9. У артыкулах і кнігах гэтых даследчыкаў мы знаходзім глыбокія назіранні і высновы. Штуршком да шматбаковага гісторыка-тэарэтычнага і эстэтыка-філасофскага вывучэння праблемы пейзажу ў нацыянальнай паэзіі ў пэўнай ступені стала і наша ранейшая праца «Чалавек і прырода ў сучаснай беларускай паэзіі»10, у якой пераважна разглядаецца экалагічны аспект тэмы прыроды.
Пейзаж грунтоўна вывучаўся ў жывапісе11. У літаратуры яго выяўленчая спецыфіка, функцыянальнасць, паэтыка даследаваліся пераважна на матэрыяле мастацкай прозы12. Таму і з гэтай прычыны перавага была аддадзена менавіта лірычнай паэзіі. Між тым узнікла неабходнасць раскрыць ролю пейзажу ці пейзажнага кампанента ў творах паэтычнага эпасу. А набывае ён тут мастацка-выяўленчую значнасць, нясе шматаспектную нагрузку. Цікавай і перспектыўнай лініяй даследавання нам убачылася тыпалогія супастаўлення, суадносінаў пейзажу, адлюстравання прыроды ў паэзіі і жывапісе, музыцы.
Шлях станаўлення і развіцця беларускай лірыкі прыроды — гэта шлях і мастацкага ўзвышэння ўсяго беларускага паэтычнага слова. Бо высокая ступень вобразнага мыслення, наогул мастацкай свядомасці беларускай паэзіі не былі б магчымыя без грунтоўнай распрацаванасці паэтыкі нацыянальнага пейзажу, ідэйна-эстэтычнай змястоўнасці пейзажнага верыла, глыбіні прыродаапісальнага майстэрства.
І. ПЕЙЗАЖ: ТЭАРЭТЫЧНЫ І ГІСТАРЫЧНЫ АСПЕКТЫ
Эстэтыка і філасофія пейзажу
У беларускай паэзіі склаліся даўнія і значныя традыцыі ў адлюстраванні прыроды, яна выпрацавала сваю сістэму важнейшых прынцыпаў выяўленчасці і поглядаў на мастацтва пейзажу.
«Мастацтва — вышэйшая форма пазнання свету па законах прыгажосці»13. Пейзажная творчасць у гэтым сэнсе з'яўляецца высокай, сапраўды эфектыўнай формай мастацкага самараскрыцця асобы і выяўлення адносінаў да навакольнай рэчаіснасці. У вершаваным прыродаапісальным тэксце пераважаюць жывапісна-выяўленчы пачатак, пластыка формы і слоўных фарбаў. У дачыненні да паэтычнага пейзажу можна сказаць, што ён уяўляе сабой цэлы мастацкі свет, з якім арганічна звязана кола аўтарскіх думак, уяўленняў і назіранняў.
Пейзаж, прырода наогул — крыніца эстэтычных перажыванняў. Яшчэ ў славутым «Лаакаоне...» Лесінг адзначаў, што «прыгажосць — ёсць вышэйшая мерка»14. Узровень пейзажнага мастацтва і майстэрства — гэта па сутнасці высокая эстэтычная мерка ўсёй паэзіі. Таму наша айчынная паэзія не склалася б як паўнавартасная і глыбокая мастацкая з'ява без арыентацыі на тонкае эстэтычнае ўспрыманне прыроды, без жывапіснага выяўлення непаўторнасці і прыгажосці беларускага пейзажу, пейзажных вобразаў, без красы пачуццяў і красы слова. Гэта, уласна кажучы, добра адчуваў і ўсведамляў яшчэ на пачатку XX ст. В. Ластоўскі, які ў артыкуле «Сплачывайце доўг» (1913), надрукаваным пад псеўданімам «Юры Верашчака», гаварыў пра жаданне «з... твораў навучыцца бачыць каля сябе красу» і заклікаў паэтаў «выяўляць красу свайго народа і краю»15. Гэтае памкненне-заклік успрымалася тады палемічна, дыскусійна, бо, маўляў, больш важныя і актуальна значныя сацыяльная праблематыка, надзённасць слова. Аднак шлях духоўна-эстэтычнага адкрыцця прыгажосці роднай зямлі, паэтызацыі і ўзвышэння красы знайшоў рэальнае ўвасабленне ўжо ў тагачаснай літаратурнай практыцы, атрымаў далейшае ідэйна-мастацкае развіццё ва ўсёй беларускай паэзіі XX ст.
Праўда, і сёння, пры канцы нашага стагоддзя, не аціхаюць спрэчкі пра эстэцызм паэтычнага мастацтва, пра «паэзію чыстай красы» ў кантэксце беларускай літаратуры і тое, урэшце, якім павінен быць паэт (мы маем тут на ўвазе анкету «ЛіМа», якая друкавалася на старонках штотыднёвіка вясной-летам 1996 г.). Прыгожае ў паэзіі — эстэтычная першааснова, высокі ідэал, з якім звязана і пакланенне красе прыроды.
На жаль, беларуская паэзія доўгія гады ў так званы «савецкі перыяд» выракалася сваёй існасці, ідэалогія перашкаджала ёй быць «мастацтвам высокай красы». Лірызацыі, радасці вечных пачуццяў, паэзіі прыроды, элегантнасці радка нярэдка проціпастаўлялася як адзнака вышэйшасці ідэйна-палітычная змястоўнасць. Зрэшты, пейзажная лірыка — гэта не заўсёды «чыстая краса», а і выяўленне пачуццяў разнастайнага плану і характару, у тым ліку грамадзянскіх эмоцый, сацыяльнага пафасу, палітычнага настрою грамадства і да т.п. Тым часам сёння было б чарговай памылкай патрабаваць ад паэтаў, скажам, «чысціні» пейзажнага жанру, паэтызацыі выключна прыгожага і цудоўнага ў прыродзе. Пачынаючы ад Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, сваімі гранямі прыкметна супрычыняліся эстэтычнае і грамадзянскае, прыроднае і сацыяльнае, краса і палітыка, і гэтая тэндэнцыя — хацелася б каму таго ці не — будзе мець далейшы працяг у мастацкай практыцы, у тым ліку і ў пейзажнай творчасці. У гэтай сувязі дарэчы прыгадаць меркаванне з пісьма І. Крамскога да мастака-пейзажыста Ф. Васільева пра творы майстроў жывапісу: «Тут справа не ў фарбах і палатне, не ў скрэбцы і мазку, а ў вартасці ідэі і канцэпцыі...» 16. Уласна, спрэчкі пра «паэзію чыстай красы» ў нашы дні губляюць сэнс. Права быць песняром красы роднай зямлі — права, можна сказаць, адвечнае, наканаванае паэту Богам.
Пейзаж, пейзажныя вобразы з'яўляюцца часцінкай духоўнай сферы і складаюць першааснову паэтычнага светабачання. І гэта, бадай, зразумела, бо менавіта паэзія — самы тонкі і адухоўлены сродак чалавечага мыслення, яна грунтуецца на канкрэтна-прадметным і эмацыянальна-вобразным успрыманні: «Я тут бачу свой край, поле, рэчку і бор, Сваю матку-зямлю Беларусь» (Я. Купала); «Чым так прыкованы я К вам, мае ўзгорачкі роднага поля, рэчкі, курганы, лясы...» (Я. Колас). Наогул, у беларускім пейзажным светаадлюстраванні канкрэтнае, прыродна-зямное знітавана з абстрактным, асацыятыўным планам выяўлення. Таму пэўны малюнак ці з'ява прыроды можа набываць абагульнена-сімвалічны сэнс, перарастаць у вобраз глыбокай інтэлектуальнай напоўненасці і філасафічнасці. Дзеля прыкладу тут дарэчы будзе прывесці хаця б адзін верш М. Танка «Дарога», у якім маляўніча-ярка паэтызуецца канкрэтыка роднага краявіду і разам з тым пейзажная вобразнасць нараджае ва ўспрыманні паэта філасофскія асацыяцыі, звязаныя з роздумам пра чалавечы шлях на зямлі.
Паэзію ў цэлым можна ўявіць як вялікі мастацкі тэкст прыроды, дзе пейзаж — жывая мова вобразаў і фарбаў. Цікавае назіранне на гэты конт робіць Г. Гачаў, які піша, што паэзія «непасрэдна пералівае прыроду ў слова. Яна слухае: ёй космас падказвае, прырода намаўляе — і адразу нараджаецца слова, настроенае ва ўнісон, і хоць духоўна, але змяшчае ў сабе лад быцця»17. Майстроў паэтычнага слова ў такім разе можна назваць своеасаблівымі перакладчыкамі мовы прыроды на мову паэзіі. Краса прыроды духоўна ўзбагачае чалавека, і заслуга паэзіі ў тым, што яна поруч з жывапісам, музыкай і іншымі відамі мастацтва раскрывае пейзаж як прадмет эстэтычнага сузірання, любавання, надае вобразам прыроды адухоўленасць і, апяваючы іх, нясе радасць і асалоду адчування прыгожага, цудоўнай непаўторнасці свету. «З эстэтычнага пункту гледжання прырода багатая толькі тым, што наша мастацтва ахвяравала ёй»18,— адзначае Ш. Лало. Інакш кажучы, пейзажныя выявы, вобразы прыроды набываюць сваю сапраўдную каштоўнасць і глыбіню ў выніку эстэтычнага адкрыцця, дзякуючы эмацыянальна-паэтычнаму абжыванню свету. У выдатных пейзажных карцінах і замалёўках класікаў мы якраз і назіраем здзіўляючы прыродазнаўчы дар, адкрываем жывую паэзію навакольнай прыроды, увасобленую ў непаўторных формах і фарбах слова. Прыгожае ў прыродаапісальных творах па сутнасці адначасна сведчыць і пра хараство чалавечай душы, высвечвае яе фенаменальную праніклівасць і чуйнасць. Эстэтыка паэтычнай выяўленчасці, звязаная з увасабленнем пейзажу, пастаянна набывае новыя грані вобразнасці, не збядняецца на свежыя зрокавыя ўражанні і назіранні, бо «прырода,— як адзначае Г. Гадамер,— не вычэрпвае усіх магчымасцяў выяўленчай дзейнасці, пакідаючы лакуны для фарматворчасці чалавечага духу»19. Пейзажны свет для паэзіі — форма і быццё эстэтычнай свядомасці, тое вечнае, што па-сапраўднаму магутна фармуе сілавое духоўнае поле твора, творчасці наогул.
«Прад высокаю красою» прырода схіляў галаву М. Багдановіч. Пейзаж у яго мастакоўскім мысленні — актыўная, дзейсная мастацкая катэгорыя, спосаб эстэтычнага асваення нацыянальнага свету. У аснове пейзажных твораў з вершаванага цыкла «У зачарованым царстве» ляжыць адухоўлена-паэтычнае светаўспрыманне, дзякуючы якому беларуская прырода паўстае як царства таямнічай і дзівоснай прыгажосці, ідэал гарманічнай красы, эстэтычнай дасканаласці. М. Багдановіч паглыбіў мастацтва паэтычнага пейзажу праз сродкі мастацкай выразнасці, найперш праз метафару і эпітэт, эстэтычную вытанчанасць будовы страфы, верша наогул, гукажывапіеную музыку слова:
Гэтая вячэрняя замалёўка прыроды — адзін з выдатных узораў выяўленчага жывапісу, гарманічнай зладжанасці пейзажнага верша. Тут М. Багдановіч ярка і запамінальна стварае агульны каларыт і настрой пейзажу, тонка спалучае фарбы, колеравыя адценні, дасягае пластыкі іх пераходаў, з эмацыянальнай пранікнёнасцю перадае стан цішыні ў прыродзе. Паэт адчувальна надае святлацені і дэталям псіхалагічную значымасць: «Цёмныя цені даўжэй у лагчыне, Птушкі прыстаўшай марудней палёт...». М. Багдановіч уносіць у пейзаж элемент элегічнага роздуму пра «долю гаротную», у ім гучыць нейкая пранізлівая нота касмічнай тугі.
Пейзажны жывапіс у паэзіі вызначаюць мастацка-вобразныя сродкі. І вядучая роля тут належыць метафарам, эпітэтам колераабазначэння, алітэрацыяй і асанансам, а таксама не менш важнае выяўленчае значэнне адыгрываюць параўнанні, алегорыі, сімвалы і інш. Так, эстэтыка колеру і гуку вызначае не толькі каларыстычнае аблічча твора і яго танальнасць, але і вельмі істотна ўплывае на змястоўны бок твора, яго пафас, мастацкую глыбіню.
У пейзажнай лірыцы Я. Пушчы канца 20-х гг. інтана цыйна-вобразная жывапіснасць, абумоўленая метафарычным стылем пісьма, рытміка-моўнай інструментоўкай радка, выяўляе цяжкі і трывожны псіхаэмацыянальны стан чалавечай дуплы, якая прадчувае бяду, драму быцця. Колеры смутку і мінорныя гукі афарбоўваюць і прадвызначаюць сэнсава-эмацыянальнае гучанне восеньскіх пейзажных малюнкаў: «Ў знямозе крывавай каліна да долу павісла; Асеннюю песню ёй сівер спявае ля весніц...» («На восень дзіўлюся»). Пейзаж у Я. Пушчы — спосаб суб'ектыўна-псіхалагічнага выяўлення і стылеўтваральная катэгорыя. Паэт звяртаецца да прыродных вобразаў як да эетэтыка-сімвалічнага раскрыцця з'яў рэчаіснасці, як да своеасаблівай формы мастацкага алегарызму.
Пейзаж у лірычнай паэзіі трэба разглядаць як паўнаважкую эстэтычную катэгорыю і самастойны жанр. А між тым некаторыя сучасныя даследчыкі працягваюць перш за ўсё скіроўваць увагу на тое, што ён як «сістэма вызначаецца стылёва-сэнсавай паўфункцыянальнасцю»20, «уваходзіць у вобразную сістэму твора»21. Усё гэта, безумоўна, слушна. Але перадусім, калі браць пад увагу вершаванае мастацтва, трэба акцэнтаваць гаворку на тым, што пейзажны жанр у лірыцы, як і ў жывапісе, з'яўляецца самадастатковай, гарманічна завершанай мастацкай сістэмай, самастойным эстэтыка-выяўленчым сродкам адлюстравання прыроды, рэчаіснасці, пачуццяў і поглядаў аўтара. А ўжо потым варта гаварыць пра пейзаж у прозе, яго ролю, функцыі і да т.п. Зрэшты, яшчэ ў 20 я гг. літаратуразнаўца А. Бялецкі сцвярджаў думку пра самастойнасць жанру пейзажу ў лірыцы: «Самастойны пейзаж... застаецца пераважнай прыналежнасцю лірыкі»22. Тут жа ён адзначаў, што працягласць, тэкставы аб'ём падобнага пейзажу абмежаваныя. І гэта сапраўды так: прыродаапісальныя вершы найчасцей складаюць некалькі строф, іх у параўнанні з эпічнымі творамі можна лічыць мікратэкстамі. Аднак, як падаецца, ніхто не стане даводзіць перавагу, скажам, рамана над вершам ці наадварот, бо кожны з гэтых жанраў — спецыфічная і па-свойму ўнікальная мастацкая з'ява. Пра ўсталяванне пейзажу як жанравага роду і самастойнай эстэтычнай сістэмы могуць яскрава пасведчыць ужо самі назвы твораў: «Акварэль» Л. Геніюш, «Эцюды» Р. Барадуліна, «Нясвіжскі пейзаж» Т. Бондар, «Лета. Акварэль» Я. Сіпакова, «Асенняя акварэль» А. Грачанікава, «Асенні эцюд» А. Сербантовіча, «Летнія малюнкі» Р. Семашкевіча, «Замалёўка сакавіка», «Замалёўка ліўня», «Замалёўка ракі», «Пейзаж» Ю. Голуба, «Эцюд» Х. Жычкі, «Пейзаж з буслянятамі» В. Гардзея, «Вячэрні эцюд», «Акварэль» Э. Акуліна, «Квадры» (падзагалоўкі: «Акварэлі вясны», «Акварэлі лета», «Гуаш восені», «Алей зімы») А. Шушко і інш. Па гэтых назвах, дарэчы, няцяжка адчуць і тое, што паэтычны пейзаж сфармаваўся як з'ява і феномен мастацтва пад уплывам жывапісу, дзе пейзаж даўно набыў аўтаномны статус. Як бачым, да найбольш распаўсюджаных форм паэтычнага пейзажу трэба аднесці ўласна пейзажную карціну, замалёўку, акварэль, эцюд, гравюру. Мусіць, тут дарэчы сказаць, што пейзаж як самастойны жанр акрэсліваецца і ў невялікіх па аб'ёме творах прозы (апавяданне, нарыс, замалёўка, абразок, лірычная мініяцюра, радзей — аповесць), а таксама музычных творах (накцюрн, п'еса, мініяцюра, сюіта, саната, раманс, песня). Словам, пейзаж далёка не заўсёды выконвае падпарадкавальную, службова-функцыянальную ролю.
Пейзаж у паэзіі можа быць не толькі аб'ектам традыцыйнага сузірання, прадметна-вобразнай выяўленчасці, але нярэдка ён становіцца сродкам філасофскага тлумачэння прыроды і быцця, асновай для эталагічнага светапазнання. Пейзажны малюнак, пададзены ў натурфіласофскім ці агульнафіласофскім ракурсе, набывае ідэйна-сэнсавую заглыбленасць, канцэптуальнасць. Выяўленне філасофіі прыроды і быційнай, агульначалавечай філасофіі існавання грунтуецца на тым, што чалавек узаемазвязаны з прыродай глыбокай унутранай сутнасцю, вобразамі-архетыпамі, самой вечнасцю.
У пейзажы Я. Купалы «Мой дом», які вызначаецца незвычайнай панарамнасцю, шырынёй вобразнай фактуры, цесна паяднаны касмічнае і зямное, міфалагічнае і рэальнае. Паэт па сутнасці стварае філасофію нацыянальна-касмічнага быцця, якая заснавана на повязі чалавека з сусветам, стыхіяй роднай прыроды, гісторыяй. Дом паўстае ў Купалы як вобраз-сімвал нацыянальнага і агульначалавечага жытла, супольнага лёсу і шляху ў прасторы і часе. Тут паэт мысліць, кажучы словамі У. Вярнадскага, «у планетным аспекце»23.
Медытатыўнасцю назіранняў і слоўных фарбаў прасякнуты многія прыродаапісанні У. Дубоўкі. Філасофія яго паэтычнага пейзажу — у драматычнае трагедыйным асэнсаванні быцця і часу, выяўленні складанасці ўнутраных перажыванняў. Пейзажны жывапіс У. Дубоўкі ў гэткім плане сугучны адлюстраванню прыроды ў польскага паэта Л. Стафа, у творчасці якога «пейзаж... напоўнены драмай пазнання»24. Так, аснову верша беларускага мастака «Імжа, і склізота, і прыкрая золь» і пейзажнай замалёўкі Л. Стафа «На золку» складае канцэпцыя трагізму, цяжару быцця, матывы душэўнай пакуты і трывогі, сумныя вобразы і фарбы: «Імжа, і склізота, і прыкрая золь / за скрогатам ветру — навалай. У чмарнасць убралася светава столь, / блакіт ад зямлі адарвала» (У. Дубоўка); «Пракіслая іржою слота Пад сцёкам балбатлівай рыны Сваім апрыклым анекдотам Зямлю катуе без супыну» (Л. Стаф. / Пераклад А. Мінкіна).
Пейзаж увасабляе эстэтыку прыгожага, цудоўнага, драматычнага і іншых праяў чалавечага духу, здольны несці ў сабе жывую філасофію мыслення. У лірычным жанры — гэта самакаштоўнасны мастацкі цэнтр, эстэтычная сістэма, якая мае цэласную вобразна-кампазіцыйную структуру, выразны эмацыянальны план, валодае жывапіснымі сродкамі паэтычнай мовы.
Пейзаж у сістэме мастацкіх сродкаў
Як ужо адзначалася, у беларускай прыродаапісальнай лірыцы пейзаж з'яўляецца цэласнай сістэмай мастацка-выяўленчых сродкаў. Але даволі значную эмацыянальную і сэнсава-стылістычную ролю пейзаж і пейзажныя вобразы адыгрываюць у вершаваным тэксце наогул.
Свет верша — гэта нярэдка складаная кампазіцыя, нават «іерархія падтэм» (выраз Л. Гінзбург). Паэтычнае ўспрыманне, як вядома, мае канкрэтна-пачуццёвы характар, таму натуральна, што вобразы прыроды ці пейзажны элемент складаюць стылеўтваральную аснову твора. Прытым наяўнасць пейзажных радкоў ці нават штрыхоў у вершаваным тэксце не з'яўляецца чыста атрыбутыўнай, намінатыўнай рысай. Прыродныя вобразы — гэта своеасаблівыя апорныя знакі-інфарматары, якія сведчаць пра ступень эмацыянальнага ладу выказвання, у спалучэнні з іншымі моўнымі адзінкамі ствараюць пэўны лексіка-семантычны кантэкст. Так, у вершы М. Багдановіча «Кінь вечны плач свой аб старонцы!..» вобразная плынь — рэльефная, яркая, яна нясе ў сабе эмацыянальна-змястоўную інфармацыю, прыхаваную ў падтэкст: «Не згасла сонца! Сонца гляне, Усіх падыме ада сна...»; «Пад снегам — бачу твар вясны...». Тут вобразы сонца і вясны — адраджэнскія сімвалы, кодавыя нацыянальна-паэтычныя архетыпы.
Пейзажны кампанент паглыбляе жывапісную выяўленасць верша, і, перадусім, абвастрае зрокавае і пачуццёвае ўспрыманне рэчаіснасці. У гэтым сэнсе вядомы філолаг В. Вінаградаў сцвярджае, што «сутнасць паэтычнай мовы вызначаецца не колькасцю і нават не яркасцю метафар, параўнанняў і іншых відаў тропаў, а агульнай накіраванасцю на славеснае эмацыянальна-вобразнае выяўленне «рэчаіснасці» ў святле тых ці іншых эстэтычных задач і патрабаванняў»25. Разам з тым пейзажная палітра — тропы, святло, гукапіс, пахі, дзеясловы руху і часу і да т.п. — з'яўляецца важным паказчыкам выяўленчай эстэтыкі слова, экспрэсіі стылю. У ідыястылі Я. Купалы вясна, мароз, завея, вецер, ноч, поле, лес і іншыя пейзажныя вобразы ўказваюць на прасторава-часавыя рэаліі, аднак у працэсе разгортвання паэтычнай думкі — і гэта вельмі характэрна — набываюць ідэйна-мастацкую трактоўку, нясуць пры гэтым сімволіка-алегарычны ці абагульняльны сэнс. Украпіны пейзажу ў вершах паэта — своеасаблівыя сэнсавыя аналогіі, параўнанні, увасабленні, паралелізмы, кантрасты, якія выяўляюць сутнасць падзей, пэўную аўтарскую канцэпцыю. У вершы «Зашумеў лес разгуканы» (1906) пейзажныя вобразы прыдаюць радкам эмацыянальную напружанасць гучання, асацыятыўна збліжаюць з'яву прыроды і сацыяльна значную падзею: «Зашумеў лес разгуканы, Нівы задрыжалі...». Верш Я. Купалы «Праз вайну» (1906) пачынаецца з прыродаапісальнай экспазіцыі, якая стварае змрочную псіхалагічную атмасферу, настраёва суадносіцца з карцінай народнай бяды: «Зіма. На дварэ мяцеліца вее, Халодныя песні заводзіць віхор, Зоркі не свецяць і сонца не грэе, Аж вылезці страшна і глянуць на двор». Стыхіі прыроды, асабліва семы, звязаныя з адлюстраваннем касмічнага пейзажу — сонца, зоркі, месяц — у паэтычных текстах Я. Купалы набываюць вобразна-сімвалічны сэнс, раскрываюць пры гэтым розныя станы і формы рэчаіснасці. У вершах «Світае», «У вырай!» і іншых творах паэта 1918-1920-х гг. вобразы прыроды выразна кантрастуюць, ствараюць пэўнае асацыятыўна-семантычнае поле, яны прапушчаны праз рамантычнае ўспрыманне, аб чым яскрава сведчыць узрушана-драматычная ці высокая стылістыка пісьма: «Час сонца схапіць і сонцам ірдзеці, І зведываць светы арліным узмахам». Пейзаж Купалы — шырокафарматны і дынамічны. Вобразы прыроды ў лірыцы паэта, як правіла, падкрэслена сімвалічныя, метафарычныя, яны — актыўны сродак духоўнага светапазнання.
Як бачым, пейзаж і пейзажныя вобразы ў мастацкай структуры вершаванага твора — функцыянальна значымы кампанент, слоўна-выяўленчы згустак і сэнсавастваральны цэнтр паэтычнага мыслення. Несумненна, «дзякуючы з'яўленню ў тэксце пейзажу з усімі яго ўласцівасцямі і атрыбутамі ў творы ўзнікае сістэма сродкаў, якія валодаюць сэнсавай і вобразнай гібкасцю і якія здольныя выступаць у розных значэннях...» 26. Уключэнне пейзажнага элемента ў паэтычны тэкст узмацняе суб'ектыўна-выяўленчы пачатак, павышае змястоўна-канцэптуальны ўзровень твора. Пейзаж у сістэме мастацкіх сродкаў беларускай паэзіі сведчыць пра яго важную ідэйна-стылёвую функцыянальнасць, выяўленчы поліфанізм, эфектыўнасць у мастацка-эстэтычным пазнанні жыцця і свету.
Класіфікацыя тыпаў і відаў пейзажу
У беларускай паэзіі назіраецца незвычайная разнастайнасць тыпаў і відаў пейзажу, якія атрымалі шырокае І грунтоўнае эстэтычнае развіццё. Адсюль зразумела, чаму ўзнікла патрэба правесці класіфікацыю разнавіднасцяў пейзажу і даць ім хаця б сціслую характарыстыку. Выклікана гэтая спроба і той акалічнасцю, што ў беларускім літаратуразнаўстве падобная сістэматызацыя адсутнічала.
Зразумела, праводзіць класіфікацыю — рэч няпростая. Аднак яе правамернасць грунтуецца на ўсведамленні намі пейзажу як шматаспектнай праблемы і разнапланавай эстэтычнай з'явы, што, у сваю чаргу, вымагае шырыні падыходу. Тут неабходна ўлічваць такія паказчыкі і параметры, як агульная накіраванасць эмацыянальна-вобразнага ўспрымання і адлюстравання свету, тэматычны змест, жанрава-стылёвая спецыфіка твора, ахоп і арганізацыя ў ім прасторы, часавыя прыкметы, сродкі паэтычнай мовы, якія вызначаюць мастацкую своеасаблівасць пейзажу, яго вобразную сістэму і лад гучання. Да таго ж у большасці выпадкаў пейзаж утрымлівае не адну, а некалькі істотных прыкмет і ўласцівасцяў, і таму даводзіцца гаварыць пра шматузроўневасць яго дыферэнцыяцыі.
Перш-наперш, на нашу думку, неабходна вылучыць найбольш вызначальныя рысы мастацкага адлюстравання прыроды, тое, што складае сутнасць і характар пейзажу. А ўжо потым варта засяродзіцца на іншых аспектах і якасцях пейзажнага жывапісання. Прыкладам такой раз напланавай характарыстыкі пейзажу можа стаць верш У. Караткевіча «Чатырдаг». Паэт стварае рамантычны пейзаж, прасякнуты эмацыянальнай уздымнасцю пачуцця, гіпербалізаванасцю светаўспрымання, узвышанай паэтызацыяй красы, напоўнены высокай лексікай. І ў той жа час апісанне прыроды ўспрымаецца і як лірыка-філасоф скі пейзаж, у якім выяўлены роздум пра повязь чалавека і вечнасці. Па тэматыцы і тыпу мясцовасці — гэта экзатычны, горны пейзаж, а па эмацыянальнай афарбаванасці — узнёслы, велічны. Як бачым, у сваім пейзажным малюнку паэт па-мастацку шматаблічна ўвасабляе вобраз крымскай гары Чатырдаг. Эстэтычнае і функцыянальнае значэнне пейзажу Тут вельмі шматграннае.
А цяпер надышоў момант непасрэдна перайсці да класіфікацыі разнавіднасцяў пейзажу, якая, трэба зазначыць, у пэўнай ступені не пазбаўлена ўмоўнасці. Бо ў межах пейзажнага твора нярэдка адбываецца арганічнае спалучэнне і ўзаемапранікненне розных прыкмет і рысаў жанру, стылю, эстэтычных функцый і г.д. Пры распрацоўцы схемы сістэматызацыі тыпаў і відаў пейзажу намі ўлічваўся вопыт такіх навукоўцаў, як К. Пігараў, К. Грыгар’ян, М. Эпштэйн і некаторых іншых.
Найбольш агульнай і ўстойлівай стала класіфікацыя пейзажу паводле творчага метаду і стылю: сентыменталісцкі, рамантычны, рэалістычны, імпрэсіяністычны, імажынісцкі, сімвалісцкі, мадэрнісцкі і некаторыя іншыя. Ідэйна-эстэтычная накіраванасць творчасці накладвае выразны адбітак і на мастацкае адлюстраванне прыроды, у выніку чаго складваецца адметная эстэтыка пейзажу, вобразная сістэма тэксту, асноўныя прынцыпы выяўленчасці.
Сентыменталісцкі пейзаж — тып пейзажу, які вызначае эмацыянальна-пачуццёвая паэтызацыя малюнкаў прыроды, сцішанасць фарбаў, ідылічны спакой або сумная настраёвасць. На змену статычнаму, дэкаратыўнаму, замкнёна-ізаляванаму ад чалавека адлюстраванню прыроды сентыменталісты прынеслі ў паэзію адухоўленае светаадчуванне і светаўспрыманне, у іхняй творчасці пейзаж упершыню набыў эстэтычна значную ролю.
Пачынальнікам сентыменталісцкага пейзажу ў еўрапейскай і сусветнай паэзіі лічыцца Дж. Томсан, аўтар паэмы «Поры года» (1730). Пейзаж стаў важным мастацкім сродкам выяўленчасці ў творах такіх паэтаў-сентыменталістаў, як Т. Грэй, Э. Юнг, В. Жукоўскі і інш. Мастацка-стылёвыя рысы сентыменталізму ў адлюстраванні прыроды выяўляюцца і ў беларускай паэзіі XIX ст., пра што сведчаць творы «Плакала бяроза ды гаварыла...» Я. Чачота, «Мачыха» Адэлі з Устроні, пейзажныя малюнкі з «Ідыліі» В. Дуніна-Марцінкевіча. У вершы «Плакала бяроза ды гаварыла...» адухоўлена-прачула, нават сентыментальна-расчулена намаляваны скарга, боль дрэва.
Пейзаж у В. Дуніна-Марцінкевіча выступае як духоўна значная катэгорыя, ён дапамагае раскрыццю ўнутраных перажыванняў. У рамансе, які гучыць у сёмай сцэне «Ідыліі», цесна зліваюцца музыка душы і музыка пейзажу. Тут вершаваныя радкі напоўнены вялікай душэўнай замілаванасцю, прасякнуты памяншальна-ласкальнай лексікай («кусточак ружы», «чыстая вадзіца», «матылёчак»), узнёслай клічнай інтанацыяй.
У цэлым, такім чынам, сентыменталізм у паэзіі меў прыкметны ўплыў на мастацкае асваенне прыроды.
Рамантычны пейзаж — карціна прыроды, адмецінай якой з'яўляюцца незвычайная экспрэсіўнасць вобразнага мыслення, павышаная эмацыянальнасць, суб'ектыўна-псіхалагічная заглыбленасць пачуцця. Для гэтага мастацка-стылёвага адлюстравання прыроды характэрна апяванне высокай і яркай красы, што абумоўлівае выкарыстанне ўзвышанай лексікі, жывапісных сродкаў паэтычнай мовы. У рамантычным пейзажы нярэдка выяўляецца кантраст паміж пачуццямі чалавека і вобразамі, з'явамі прыроды і — як вынік гэтага — абвостраная прага гармоніі, ідэалу. Рамантыкаў называюць адкрывальнікамі экзотыкі — маляўнічых, незвычайна дзівосных краявідаў замежных краін. Упоравень з гэтай заслугай трэба паставіць і іхнюю выключную ролю ў эстэтычным асваенні нацыянальнага пейзажу. Рамантыкі, як ніхто іншы да іх, узбагацілі паэтыку пейзажнага жывапісу, яны раскрылі свет прыроды як крыніцу хараства і музыкі, асноватворны спосаб псіхалагічнага і філасофскага мыслення.
Пейзажна-рамантычны жывапіс знайшоў яркае ўвасабленне ў творчасці мастакоў Э. Дэлакруа, Т. Жэрыко, К. Фрыдрыха, О. Рунге, І. Айвазоўскага, кампазітараў Ф. Шуберта, Ф. Ліста, Ф. Шапэна, Э. Грыга, А. Рубінштайна, паэтаў П. Шэллі, Дж. Байрана, Г. Гейнэ, М. Лермантава, А. Міцкевіча, Я. Купалы і інш. У XIX ст. пейзажы рамантычнага гучання стварылі беларускія жывапісцы Я. Дамель, В. Дмахоўскі, В. Ваньковіч і інш.
Паэтызуючы родныя краявіды, выявіў сябе як рамантык В. Дунін-Марцінкевіч. Прыроду ён бачыць праз прызму высокай красы, узвышаных пачуццяў. Самым яркім майстрам рамантычнага пейзажу ў беларускай паэзіі з'яўляецца Я. Купала. Для яго пейзажнага жывапісання характерна раскаванасць і асацыятыўнасць эмоцыі, гіпербалізаванасць і сімвалічнасць вобразаў, міфалагізацыя свету, метафарызм слова, незвычайная яркасць параўнанняў (вершы «Бор», «Віхор загуляў» іінш.).
Рамантычныя тэндэнцыі назіраюцца ў пейзажнай вобразатворчасці такіх беларускіх паэтаў, як Я. Пушча, М. Чарот, У. Дубоўка, У. Жылка, М. Танк, Я. Сіпакоў, У. Караткевіч, А. Лойка, Г. Бураўкін і інш. Пейзаж у іх творчасці выяўляецца як увасабленне нечага ідэальнага, прыгожага, душэўна блізкага і сугучнага чалавечай душы.
Рэалістычны пейзаж — адлюстраванне канкрэтнай фізічнай прасторы, рэальных карцін і вобразаў прыроды. Гэты тып пейзажу заснаваны на прадметнай дэталізацыі малюнка, зрокава-пластычнай выяўленчасці. Аднак рэалістычны пейзаж у паэзіі не з'яўляецца абсалютна дакладнай фіксацыяй натуры, ён па-мастацку вобразна, у найбольш тыповых рысах узнаўляе навакольны свет, яго своеасаблівасць.
Рэалістычнае выяўленне прыроды вызначае пейзажы вядомых рускіх мастакоў С. Шчадрына, Ф. Васільева, І. Шышкіна, І. Левітана, І. Рэпіна і беларускіх жывапісцаў А. Гараўскага, Ф. Рушчыца, К. Стаброўскага, В. Бялыніцкага-Бірулі і інш.
Для пейзажнага жывапісання Я. Коласа ўласціва рэальнасць прадметна-вобразнай фактуры, што выяўляецца ў візуальнай паслядоўнай фіксацыі ў прасторы вобразаў і прыкмет прыроды, а таксама характэрна лірыка-эпічная шырыня і гарманічнасць малюнка, дакладная выпісанасць у ім дэталяў. Паэт малюе прыроду з пяшчотным лірызмам, успрымае лес, раку, дрэва, неба, меояц, хмарку і іншыя пейзажныя вобразы як жывыя персанажы штодзённага быцця, жывапісна паэтызуе іх хараство і непаўторнасць: «Над раўнінай снегавою Чырванню пажару, Як бы стужкай залатою, Ззяла ў бляску хмара» («Захад сонца»). Рэалістычны пейзаж Я. Коласа заснаваны на ідэйна-сэнсавых аналогіях і паралелях з сацыяльнымі перажываннямі чалавека, народным жыццём і побытам (вершы «Вярбіна», «Вецер», «Месяц» і інш.).
Рэалістычна-канкрэтныя, прадметна-малюнкавыя прыродаапісанні паўстаюць з паэзіі Цёткі, К. Буйло, Я. Журбы, К. Каганца, А. Паўловіча, А. Гурло, П. Броўкі, П. Панчанкі, А. Астрэйкі, В. Віткі, С. Грахоўскага, К. Кірэенкі, С. Законнікава і шмат інш.
Імпрэсіяністычны пейзаж — выяўленне прыроды ў пластычнай і каларыстычнай дынаміцы, зменлівасці, праз прызму тонкіх суб'ектыўных уражанняў і адчуванняў. У пейзажнай палітры імпрэсіяністаў выключнае значэнне належыць перадачы колераў і іх адценняў, святлаценю, а таксама паэтыцы гуку, вытанчанасці лірычнай эмоцыі. Для імпрэсіяністычнага светаадлюстравання характэрна імкненне не да вобразнага абагульнення, тыповасці пейзажнай карціны, а ўвага да адзіна-непаўторнага стану або нават імгнення прыроды.
Пейзажная лірыка М. Багдановіча па сваім духу і выяўленчасці блізкая да палотнаў французскіх мастакоў К. Манэ, А. Рэнуара, К. Пісаро, перагушкаецца з музычнымі творамі К. Дэбюсі і А. Скрабіна. Пейзажы нашага беларускага паэта тыпалагічна роднасныя імпрэсіяністычнаму жывапісу П. Верлена. «...Для Верлена пейзаж гэта і ёсць «стан душы», а душа — іншабыццё пейзажу: яны настолькі лёгка раствараюцца адна ў адной, што першапачаткова адчуваюцца як дзве праявы аднаго і таго ж пачатку»27,— адзначае сучасны літаратуразнаўца Г. Косцікаў. Гэтаксама можна сказаць і пра пейзажнае жывапісанне М. Багдановіча. Параўнаем вершы «Асенняя песня» П. Верлена і «Плакала лета, зямлю пакідаючы...» М. Багдановіча. У абодвух паэтаў выяўляецца імкненне адшукаць унутраную гармонію, выказаць у пейзажы тугу і боль сэрца. М. Багдановіч у імпрэсіяністычнай манеры перадае тонкія колераспалучэнні, дасягае інтэнсіўнасці мазка, яркага светлавога эфекту, паэтызуе празрыстасць паветра: «Навакол усё паветра Ў струнах сонца залатых...» («Па-над белым пухам вішняў...»).
Імажынісцкі пейзаж — карціна прыроды, прыкметай якой з'яўляецца незвычайная вобразнасць і жывапіснасць. Узяўшы слова-вобраз за аснову выяўленчасці, імажыністы імкнуліся да арыгінальнай мастацкай структуры верша, павышанай экспрэсіўнасці сродкаў паэтычнай мовы.
Вобразна-метафарычны лад, квяцістасць слоўных фарбаў характарызуе пейзаж 20-х гг. Я. Пушчы, Т. Кляшторнага, У. Хадыкі і некаторых іншых беларускіх паэтаў, якія ў значнай ступені знаходзіліся пад уплывам імажынізму С. Ясеніна. Парадаксальная вобразатворчасць, метафарычная ўскладненасць пісьма, маляўнічасць яскрава выяўляюцца ў наступных прыродаапісальных радках: «Запалілі зоры папяросы Над буланай грывай тумакоў» (Т. Кляшторны); «Песціцца сонца ў трысці, / цалуючы ветразь у шчокі» (Я. Пушча).
Сімвалісцкі пейзаж — карціна прыроды, якая вызначаецца ўмоўна-сімвалічнай вобразнасцю, паэтыкай алегорый і асацыяцый. Прыродаапісанні сімвалісцкага гучання істотна розняцца ад канкрэтна-рэалістычнага жывапісання, бо тут галоўнае — гэта выяўленне таемных і загадкавых сіл прыроды, міфалагізацыя, пэўная заілыфраванасць і шматсэнсавасць вобраза-сімвала, яго абагульняльны характар.
Сімвалічнасць вобразаў, вобразных антыномій, іх глыбокі падтэкст, шматзначнасць фарбаў і колераў выяўляецца ў пейзажных малюнках А. Рэмбо, Э. Верхарна, В. Брусава, А. Блока, нашых беларускіх паэтаў Я. Купалы і М. Багдановіча, Я. Пушчы і У. Дубоўкі. У творчасці гэтых аўтараў пейзаж становіцца сімвалам тых ці іншых з'яў быцця, увасабленнем складанасці свету. Умоўна-мастацкае, ірэальнае светаадлюстраванне, напрыклад, вызначае сутнасць такіх міфалагізаваных прыродаапісанняў Я. Купалы, як «Ноч за ночкай...», «Чорны Бог», «У вечным боры» і некаторых іншых. «Тут, — як адзначае У. Гніламёдаў, — шмат эмацыянальна-падсвядомага — намёкаў, няўлоўнага сэнсу і адценняў у гучанні слова. Ствараецца ўражанне, што быццам сціраецца мяжа паміж свядомасцю паэта і навакольным светам, які становіцца Функ цыяй гэтай свядомасці і адначасова яе адлюстраваннем»28. Сімвалісцкі пейзаж, як бачым, арыгінальны спосаб вобразна-мастацкага мыслення, тая складаная мова прыродных сімвалаў, якая ўздымае паэтычную думку на асаблівы духоўны і філасофска-эстэтычны ўзровень.
Што тычыцца нерэалістычных мастацка-стылёвых кірункаў і тэндэнцый у беларускай паэзіі, то трэба заўважыць наступнае. Такія ірэальныя або фантастычныя выявы прыроды, нейкай мясцовасці, што з'яўляюцца своеасаблівай трансфармацыяй прасторы ў свядомасці аўтара, можна назваць мадэрнісцкім жывапісам. Падобны тып і форму адлюстравання прыродна-пейзажнага свету знаходзім у творчасці сучасных паэтаў А. Разанава, Ю. Гуменніка, Ю. Пацюпы і некаторых іншых. Для выяўленчай манеры і стылю А. Разанава характэрна аб'ёмнасць прасторы і абстрактнасць ліній, графічнасць малюнка, сэнсава-гукавая шматасацыятыўнасць і сімвалічнасць пейзажнага вобраза, абумоўленая імкненнем выявіць яго сутнасць (вершаказы «Сінітуман», «Адліга», «Брук» іінш.).
Пры сістэматызацыі разнавіднасцяў пейзажу наступным вельмі істотным момантам нам бачыцца ідэйна-эстэтычная функцыянальнасць пейзажу, якая прадугледжвае размежаванне на такія тыпы пейзажу: лірычны, эпічны, інтымны, сузіральны, эстэцкі, дэкаратыўны, алегарычны, сімвалічны, псіхалагічны, сацыяльны, гістарычны, філасофскі, экалагічны і інш. Аднак пейзаж як у лірычных, так і ліра-эпічных творах вельмі часта нясе двайную ці рознааспектную функцыю, і таму набывае складаную мадыфікацыю: лірыка-псіхалагічны, лірыка-філасофскі, сімволіка-філасофскі, інтымна-псіхалагічны, сузіральна-эстэцкі, сацыяльна-гістарычны, сацыяльна-псіхалагічны, псіхалагічна-гістарычны і г.д. Шматаблічная функцыянальная роля пейзажу выяўляецца, напрыклад, у паэмах Я. Коласа «Новая зямля» і «Сымон-музыка». Тут мы знойдзем лірычныя, псіхалагічныя, алегарычныя, натурфіласофскія малюнкі прыроды і розныя спалучэнні мастацка-выяўленчых функцый пейзажу.
Шматаспектнай эстэтычнай характарыстыкі вымагаюць прыродаапісанні, дзе асноўнай прыкметай з'яўляюцца выяўленыя ўнутраныя перажыванні, эмоцыі. Гэтыя пейзажы можна класіфікаваць як настраёвыя, лірычна-настраёвыя, псіхалагічна-настраёвыя. Разам з тым у залежнасці ад пачуццёвай дамінанты светаўспрымання, эстэтыкі структуры пейзажу азначаецца падзел і на такія наступныя жанравыя катэгорыі: радасны, урачысты, узнёслы, сумны ці элегічны, журботны, тужлівы, ціхі, меланхалічны, трагедыйны і інш. Шэраг гэтых пейзажных форм адпавядае асноўным паэтычным жанрам — одзе, баладзе, элегіі. Так, у кнізе паэзіі Г. Бураўкіна «Узмах крыла» (1995) восеньскія замалёўкі «Непрыкметна падступіла восень...» і «Гартае восень жоўтыя лісты...» — сумныя, журлівыя, ціхія, з медытатыўнай падсветкай. Элегіі паэта вытканы на музычна-настраёвай мове душы.
Правамерна, на наш погляд, праводзіць размежаванне, кіруючыся тым, які стан прыроды адлюстроўвае пейзаж: ідэальны, спакойны, ідылічны, велічны, бурны, панылы, змрочны і г.д. І — зноў жа паказальна — усе гэтыя і толькі што згаданыя віды пейзажу далёка не заўсёды сустракаюцца ў «чыстым» выглядзе, а, наадварот, у працэсе лірычна-псіхалагічнага самавыяўлення творцы і пад уплывам ідэйна-мастацкай трактоўкі вобраза прыроды набываюць арганічную эстэтычную кантактнасць, узаемадапаўняюцца, утвараюць сінтэтычныя формы. У творчасці беларускіх паэтаў мы сустрэнем такія пейзажна-жанравыя мадэлі верша, як велічна-урачысты, змрочна-элегічны, элегічна-драматычны, журботна-трагедыйны і інш. На першы погляд, падобная пільная засяроджанасць на эмацыянальна-пачуццёвым пафасе пейзанаў вядзе да здрабнення, тым не менш, як думаецца, менавіта адна з вылучаных раўнапраўных ці дадатковых эстэтычных катэгорый, эмацыянальных асаблівасцяў надае характарыстыцы карціны ці малюнка прыроды больш глыбокае мастацкае вымярэнне, нейкае сутнаснае адценне ці істотны нюанс. Пры гэтым галоўнай адмецінай і крытэрыем пейзажнасці з'яўляецца наяўнасць дамінантных тых ці іншых выяўленчых рысаў, мастацкая разгорнутасць вобраза ці пачуцця.
Пейзаж Р. Барадуліна вызначаецца разнапланавасцю жанрава-выяўленчых і эмацыянальна-эстэтычных характарыстык. Верш «Уцякала зіма ад вясны» — радасны краявід, поўны руху, незвычайнага адухоўленага дзейства, «Зялёная цішыня» — роздумна-ціхі жывапіс, «Зазімак» — тужліва-элегічная замалёўка прыроды, «Перадзім'е» — спалучэнне спакойнага і бурнага пейзажаў, «А жаўтароцікі-сланечнікі...» — пейзажны эцюд драматычнага гучання.
Важнейшай сутнаснай рысай пейзажу з'яўляецца тып адлюстраванай прасторы, мясцовасці, яе найбольш характэрныя, абагульненыя прыродна-геаграфічныя прыкметы. У гэтай сувязі ў нашай паэзіі трэба вылучыць нацыянальны пейзаж — тыповае адлюстраванне беларускай прыроды, якое знаходзім у творах Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, М. Танка, П. Броўкі, Р. Барадуліна, Н. Гілевіча і іншых паэтаў, экзатычны — карціны і замалёўкі прыроды іншых краін (пейзажы Я. Купалы, Я. Коласа, А. Гурло, М. Танка, Р. Барадуліна, А. Лойкі...), а таксама ландшафтныя пейзажы (лясны, лугавы, рачны, азёрны, палявы, балотны і да т.п.), вясковы і гарадскі (урбаністычны), індустрыяльны, архітэктурны, марыніста і некаторыя іншыя.
Самую вялікую групу ў беларускай паэзіі складаюць сезонна-каляндарныя пейзажы: вясновыя, летнія, восеньскія, зімовыя. Усе поры года, да прыкладу, знайшлі яркую выяву ў «Новай зямлі» Я. Коласа. Праводзіцца водападзел і па часавай прыкмеце ў межах сутак: ранішні, дзённы, вячэрні, начны пейзажы. Сезонныя і сутачныя малюнкі прыроды ў нашай паэзіі сталі вядучымі пейзажнымі тэмамі. Так, тэма вясны з'яўляецца дамінантнай, па-мастацку значнай: па нашых падліках на 10 320 прыродаапісальных твораў прыпала каля 1000 вершаў пра вясну, гэта азначае, што практычна кожны дзесяты пейзаж у беларускай паэзіі вясновы.
У класіфікацыі пейзажных тыпаў і форм мае важнае значэнне аб'ём і маштаб намаляванай карціны. Адрозніваюць мікрапейзаж і макрапейзаж, лакальны і касмічны. Мікрапейзаж — невялікі паэтычны тэкст, пераважна верш, макрапейзаж — разгорнутае апісанне прыроды, якое сустракаецца пераважна ў ліра-эпічных творах. Лакальны пейзаж — адлюстраванне характэрных рысаў толькі пэўнай мясцовасці, вузкі маштаб карціны прыроды (напрыклад, замалёўкі роднага кутка ў лірыцы Я. Коласа, Ц. Гартнага, П. Броўкі, А. Астрэйкі, Р. Барадуліна і інш.). Касмічны пейзаж.— маштабнае, панарамна-прасторавае адлюстраванне сусвету і звязаных з ім вобразаў (зоркі, сонца, месяц, поўня і іншыя планеты). Касмічныя выявы займаюць прыкметнае месца ў паэзіі Я. Купалы, М. Багдановіча, А. Куляшова, В. Зуёнка, М. Мятлічнага і інш.
Пейзажы, створаныя ва ўяўленні мастака, але якія не існуюць у рэальнасці, адносяць да міфалагічных або фантастычных (вершы «У вечным боры» Я. Купалы, «Бура» М. Багдановіча і інш.).
Карціны прыроды ў паэзіі адрозніваюцца і па ступені рухомасці, дынамізму. Статычны пейзаж — гэта пераважна сузіральна-эстэцкае любаванне краявідамі, станам спакою, цішыні ў прыродзе: «Блішчыць раса на маладым лісце. Суцішыўся. Не зводжу з дрэўца вочы. Распранутая яблыня цвіце» (Ю. Свірка). Дынамічны пейзаж — зменлівы, рухомы малюнак прыроды, які, як правіла, адлюстроўвае бурныя стыхіі (навальніца, бура, завея, вецер і інш.), гукавыя з'явы, імклівую змену пары сутак, пераўвасабленні розных станаў і інш. У паэтыцы такіх прыродаапісальных тэкстаў важная роля належыць дзеясловам руху, паралелізмам, эмацыянальна-афарбаваным эпітэтам, гукапіснай экспрэсіі мовы: «Гарохам кроплі вецер сеяў,— Махаў над возерам крылом»; «Буран па хвалях Нёсся ў далі, Узняўшы пенную мяцель...» (М. Машара).
Такім чынам, для беларускай паэзіі характэрна сапраўднае эстэтычнае багацце тыпаў і відаў пейзажу, якія вызначаюцца пэўнымі ўласцівасцямі і характарыстыкамі і ў большасці выпадкаў валодаюць выразнай і ўстойлівай тэндэнцыяй да далейшага ідэйна-мастацкага развіцця. Стылёва-выяўленчая і жанрава-тэматычная дыферэнцыяцыя, праведзеная намі, высвеціла вельмі красамоўную і характэрную заканамернасць: пейзаж як эстэтычная катэгорыя і жанр набыў сінкрэтычнае аблічча, стаў шматграннай эстэтычнай з'явай.
Станаўленне пейзажнага жанру
Любую эстэтычную з'яву можна зразумець толькі тады, калі падняцца да яе вытокаў, правесці аналіз яе гістарычнага станаўлення. Пейзаж у гэтым сэнсе не з'яўляецца выключэннем, бо гісторыя паэтыкі пейзажу, яго мастацкіх форм у сусветнай, у тым ліку і нацыянальнай паэзіі, прайшла пэўныя этапы і ступені развіцця. Эвалюцыю і заканамернасці паэтычнага адлюстравання прыроды немагчыма ўявіць без агульнакультурнага гістарычнага кантэксту.
Пачуццё прыроды абудзілася ў чалавеку яшчэ ў глыбокай старажытнасці, пра што красамоўна гавораць ужо наскальныя малюнкі. Яго ўнутраны свет поўніўся адухоўленым эмацыянальна-вобразным успрыманнем стыхій (навальніца, гром, бура і г.д.), сузіраннем велічы і прыгажосці прыродных аб'ектаў (сонца, неба, горы, валуны, лес і т.д.). Ён, наш продак, верыў, што прырода — жывая і мудрая істота, а яе сілы і вобразы — усёмагутныя боствы, якіх трэба шанаваць. Пантэізм, старажытная натурфіласофія, што нарадзілі такіх багоў у славян, як Дзіў, Род, Сварог, Дажбог, Ярыла, Каляда, Пярун, Купала, Вярба, Цёця і інш., па сутнасці бачыцца высокім узлётам чалавечай фантазіі, якая «прасякнута адным пластычным духам паэзіі»29. Чалавек маляваў вобразы і з'явы прыроды ў значнай ступені сімвалічна і па аналогіі з уласным жыццём, побытам рабіў параўнанні, супастаўляў іх. Так нараджаліся паэтычныя сімвалы, параўнанні, метафары, алегорыі — жывапісныя сродкі выяўленчасці.
Пейзаж як аб'ект жывапісання і сродак мастацкай выразнасці бярэ пачатак у паэзіі антычнай Грэцыі і сярэдневяковага Усходу. Прыродаапісальны элемент прысутнічае ў эпічных палотнах Гамера (канец ІХ — пачатак VIII ст. да н.э.?) «Іліяда» і «Адысея», служыць тут фонам дзеяння і для ўзмацнення псіхалагізму апавядання. Сапраўдную вобразна-выяўленчую значнасць пейзаж набывае ў некаторых лірычных творах Сапфо (першая палова VІІ ст. да н.э.), як, да прыкладу, у вершы «Пячора німфаў»:
Пейзаж як яркі мастацкі вобраз раскрываецца ў творчасці кітайскіх паэтаў Ду Фу (712-770) і Лі Бо (701-762). Яны дэманструюць прасторава-кампазіцыйнае і жывапіснае бачанне свету, выяўляюць праз малюнак прыроды ідэйна-змястоўную думку, якая, як правіла, напоўнена філасофскім падтэкстам. У вершы Лі Бо «Увосень узыходжу на паўночную вежу Се Цяо ў горадзе Сюанчэн» восеньскі пейзаж нясе адмеціну медытатыўнасці: «Ці згадае хто-небудзь узышоўшы на паўночную вежу Пра гаспадара Се Цяо... Ці можа толькі вецер?!» (Пераклад І. Бабкова).
У старажытнасці ўзнікаюць зачаткі пейзажнага жанру ў беларускай паэзіі. Авалоданне пейзажам як сродкам выяўленчасці ішло ад аб'ектыўнага адлюстравання з'яў і вобразаў навакольнага свету да суб'ектыўна-мастацкага ўспрымання самой прыроды і спробаў выяўлення праз яе замалёўкі і карціны чалавечых пачуццяў.
Прыкметная цікавасць да пейзажных вобразаў, пейзажу назіраецца ў далёкі ад нас час. У «Слове аб палку Ігаравым» (ХП ст.) і творах К. Тураўскага (каля 1130-1182) прырода набывае сімволіка-алегарычнае адлюстраванне, яна становіцца адухоўленым светам, здольным адгукнуцца на перажыванні чалавека. Так, у сваім «Слове ў Вялікдзень» праз вобразы вясны і сонца К. Тураўскі жывапісна паэтызуе свята Хрыстовага Уваскрасення. Успрыманне прыроды тут лірычна-узвышанае, эмацыянальнае, з ёй знітаваны сэнсавыя аналогіі, кантрастныя супастаўленні.
Сярэдневяковая культура і асабліва мастацтва эпохі Адраджэння мелі вялікі, грандыёзны ўплыў на эвалюцыю пейзажу. І беларуская паэзія ў сваім мастацкім адкрыцці і эстэтызацыі пейзажу ў немалой ступені абавязана менавіта адраджэнскаму культу красы і высокіх пачуццяў. Мае рацыю даследчык Т. Ягадоўская, якая гаворыць пра тагачасны ўзровень асваення пейзажу наступнае: «У гэты час пейзаж фармуецца як самастойны жанр. Паступова з разнастайнага і прывабнага месца дзеяння задняга плану ён ператвараецца ў галоўнага героя карціны»30. Адраджэнне паварочвала да пейзажнага свету беларускіх жывапісцаў і паэтаў.
Навакольная прырода ўражліва запыняла вока М. Гусоўскага, Я. Беліцкага, А. Рымшы. У іхніх паэмах сустракаем пейзажныя ўкрапіны і штрыхі, якія знітоўваюць кампазіцыю, плынь думак-пачуццяў, надаюць творам жывапісную каларытнасць. Найбольш значнае месца прырода займае ў паэме М. Гусоўскага «Песня пра зубра» (1523). З вялікім захапленнем і любоўю апісвае паэт пушчу, паэтызуе яе веліч і хараство:
Аўтар паэмы паказаў родную прыроду як унікальны свет, неацэнны скарб, выявіў глыбокую экалагічнасць думкі. У прыродзе М. Гусоўскі бачыў выток моцы і мудрасці народа.
Трэба сказаць, што ў беларускай паэзіі XVI-XVIII ст. пейзаж яшчэ толькі пачынаў набываць рысы самастойнасці, мастацка-выяўленчую значнасць. Разам з тым у беларускім мастацтве станаўленне пейзажнага жанру ішло даволі шырока, прыкметна, і яго развіццё ў той час звязваецца з імёнамі Т. Макоўскага, які стварыў графічныя выявы многіх беларускіх гарадоў, А. Тарасевіча, аўтара дванаццаці аркушаў «Поры года» і інш. Малюнкі прыроды ці пейзажныя фрагменты выкарыстоўваліся пры роспісе сцен, скляпенняў, купалоў і інтэр'ераў касцёлаў і цэркваў у Оршы, Магілёве, Мсціславе і інш. Напрыклад, у касцёле Тадэвуша ў сяле Лучай Віцебскай вобласці намалявана карціна будаўніцтва гэтага храма ў 1777 г. На ёй, поруч з людзьмі, мы бачым выявы будынкаў, многія пейзажныя вобразы, якія вельмі істотна ўплываюць на арганізацыю кампазіцыі твора: узгоркі, неба, аблокі, дрэва, на пярэднім плане — кветкі і камяні. У беларускім іканапісе таксама даволі істотнай становіцца эстэтыка-выяўленчая функцыя пейзажу, пра што сведчаць абразы «Дэісус» (1758) Маркіянавіча, «Маці Боская жываносная крыніца» (канец XVII — пачатак XVIII ст.), «Нараджэнне Маці Боскай» (канец XVII — пачатак XVIII ст.). У апошнім згаданым іканаграфічным творы пейзаж арганічна зліваецца з усёй кампазіцыяй, прыдае абразу эмацыянальную адухоўленасць. Станаўленне, самасцвярджэнне эстэтыкі пейзажу па сутнасці спрыяла духоўнаму ўзвышэнню мастацтва, жыцця чалавека і грамадскага быцця ў цэлым.
Больш актыўнае развіццё пейзажнага жанру адбываецца ў паэзіі XIX ст. Самакаштоўнай тэма прыроды стала для сентыменталістаў і рамантыкаў. Аднак перадусім мастацкае ўспрыманне прыроды несла ў сабе фальклорныя і міфалагічныя рысы. Пейзажныя вобразы ў паэзіі Я. Чачота набылі ўжо больш глыбокае выяўленчае значэнне. У вершы «Плакала бяроза і гаварыла...» прырода персаніфікуецца, набывае ачалавечаную сутнасць. Мы чуем сумную спавядальную гаворку дрэва, якое церпіць пакуты, здзек. Паэт выявіў майстэрства эмацыянальна-псіхалагічнай абмалёўкі вобраза. Верш «Плакала бяроза і гаварыла...» закладваў псіхалагічныя асновы лірыкі прыроды і, акрамя ўсяго, успрымаецца як твор экалагічнага гучання. Наогул, у сваёй паэзіі Я. Чачот часта выкарыстоўваў прыём паралелізму, збліжаў з'явы прыроды і душэўнае адчуванне героя.
Фальклорна-алегарычнае мысленне выяўляецца ў творах П. Багрыма «Зайграй, зайграй, хлопча малы...» і Адэлі з Устроні «Мачыха». Для героя верша П. Багрыма заставаўся адзіны ратунак — пераўвасобіцца ў птушку, абярнуцца ў ваўкалака, каб зведаць шчасце свабоднай істоты. Вера ў адухоўлены свет прыроды ўражліва раскрывае драматызм душы чалавека, які па самачынству адлучаны ад родных мясцін, выціснуты «ў свет, у бездарожжа». Сімволіка-алегарычнае гучанне набываюць пейзажныя вобразы ў «Мачысе». Паэтэса малюе прыродную стыхію, карыстаючыся прыёмам персаніфікацыі. Навідавоку і кантраст: супрацьпастаўляюцца вобразы віхру і бору, ракі, якія атаясамліваюцца з народам. Чорны віхор-бура намаляваны з раскаванасцю пачуцця, фантазіі як страшная, першабытна-дзікая істота:
Выключная роля ў эстэтызацыі пейзажу належыць В. Дуніну-Марцінкевічу. Ён — адзін з першых нацыянальных паэтаў, хто ўбачыў у прыродзе крыніцу вялікай асалоды. Услед за А. Міцкевічам беларускі паэт усхвалявана, узнёсла загаварыў пра красу бацькаўшчыны, яе краявідаў. Культ прыгажосці прыроды ў паэзіі В. Дуніна-Марцінкевіча ўзвысіўся надзвычай магутна. Пейзаж для яго — паэзія душы, сродак унутранага самавыяўлення. У вершы «Прыпяць» ён маляўніча паказвае сустрэчу дзвюх рэк. На лірычнай радаснай і светлай ноце гучыць верш «Вясна!»: «Жаўрука, сіняй вясны вястуне! Высока ў неба, малы, узбіся, Збудзі прыроду, жыцця пяюне, Удзячнай песняй з высяў» (Пераклад С. Сокалава-Воюша).
Пейзажныя малюнкі арганічна ўплецены ў сюжэтна-кампазіцыйную тканіну яго эпічных твораў, сведчаць пра тое, што Дунін-Марцінкевіч глядзеў на навакольны свет уражлівымі вачыма мастака, імкнуўся зрабіць убачанае канкрэтна пачуццёвым, эмацыянальна-вобразным:
Паэзія да В. Дуніна-Марцінкевіча не ведала гэткіх узораў пейзажнай выяўленчасці, такога суладнага паяднання душы паэта і свету прыроды. Паэтыка яго прыродаапісанняў вызначаецца лірычнай прачуласцю, музычнасцю інтанацый, вобразнай жывапіснасцю. Беларускі пейзаж у Дуніна-Марцінкевіча — выяўленне любові да прыгожага, Цудоўнага, увасабленне непаўторнасці роднага кутка. «Беларуская літаратура, як і ўсялякая іншая літаратура, не магла вырасці ў самастойнае творчае фарміраванне без глыбокага ўнутранага захаплення прыгажосцю роднага краю. Прычым захапленне гэта ўзнікла ў пісьменнікаў як вынік перажывання»,31 — адзначае В. Каваленка. У XIX ст. В. Дунін-Марцінкевіч, як бачым, надаў пейзажу і пейзажнаму вершу жывапісную экспрэсіўнасць. Наогул, каша айчынная паэзія не стала б духоўнай і па-мастацку паўнавартаснай з'явай, калі б не выйшла на шлях мастацка-эстэтычнага развіцця пейзажу.
Увагу на з'явах прыроды запыняў В. Каратынскі. Пейзажныя вобразы арганічна ўключаны ў плынь аўтарскіх думак і разваг: «Зара-зарыца бяжыць ужо з неба, Любачкі-звёзды бліснулі жывей» («Уставайма, братцы!..»). З побытавых уражанняў, сацыяльных малюнкаў пераключалі позірк на прыгажосць прыроды А. Гурыновіч і Я. Лучына. Недахоп у пейзажных замалёўках адчуваў А. Гурыновіч, які пераклаў вершы М. Някрасава «Мароз», А.К. Талстога «Восень», і тым самым імкнуўся пашырыць пейзажна-вобразны свет беларускай паэзіі. І А. Гурыновіч, і Я. Лучына істотна павысілі сэнсава-выяўленчы патэнцыял пейзажнага верша. У творы А. Гурыновіча «Вясна» прырода паўстае як аб'ект эстэтычнага сузірання, а ў вершы Я. Лучыны «Сівер» яна з'яўляецца прадметам для роздуму, сэнсава значных паралеляў.
Пейзаж у творчасці Ф. Багушэвіча можна назваць сацыяльным. Навакольны свет у яго адлюстраванні паўстае як асяроддзе супярэчнасцяў, кантрастаў грамадскага жыцця. Паэт суадносіць стан прыроды з чалавечым лёсам, раскрывае «прыродна-сацыяльную» сутнасць свету:
Пейзажныя радкі ў Ф. Багушэвіча нешматлікія, яны служаць падсветкай, фонам для выяўлення грамадскіх настрояў, уяўляюць сабой суровы рэалістычны жывапіс. І ўсё ж нават такі сацыяльна заглыблены паэт зрабіў спробу пейзажнага верша («Хмаркі»).
Ужо значна вышэйшую ступень пейзажнага жывапісання прадэманстравала Цётка на самым пачатку XX ст., якая, трэба заўважыць, пачыналася як паэтэса з прыродаапісальных твораў. Яе вершы «Лета» і «Восень», створаныя ў 1902-1903 гг., нібы падводзяць своеасаблівы падрахунак мастацка-эстэтычным адкрыццям XIX ст. і з'яўляюцца тым перакідным мастком, які прывёў беларускую паэзію прыроды да новых вяршыняў. Пейзажы Цёткі напісаны шчодрым мазком жывапісца, яны — яркія, маляўнічыя, поўныя жывога руху, жыцця, кранаюць сваім лірызмам і хараством.
Такім чынам, адлюстраванне прыроды ў паэзіі XIX ст. паступова набывала мастацка-выяўленчую шматмернасць, пейзаж рабіўся духоўна значнай з'явай у творчай свядомасці беларускіх мастакоў слова. Слушна пісаў польскі паэт Е. Янкоўскі: «Хоць вельмі бедным і змучаным гадамі няволі быў і застаецца селянін, які жыве на Беларусі, але над яго палеткам усходзіла сонца, вылі віхуры, шумелі сосны, гаварыла прырода»32. Нацыянальны пейзаж, нягледзячы на паспяховыя захады ў яго мастацкім асэнсаванні, яшчэ чакаў сапраўды адметна-яркага раскрыцця, высокамастацкага ўвасаблення ў шматстайнасці праяў і ўзаемадачыненняў з духоўным светам беларуса.
Функцыя і паэтыка пейзажу ў лірыцы Я. Купалы
Я. Купала адным з першых глыбока выявіў хараство, тыповыя рысы, своеасаблівасць нацыянальнага пейзажу. Аднак творчая заслуга Купалы-паэта нашмат большая: ён выдатна паказаў, што пейзаж — універсальны сродак мастацкага светапазнання і ўнутранага самавыяўлення. У паэзіі Я. Купалы ўражвае разнастайнасць тыпаў і відаў пейзажу, багацце пейзажных вобразаў і матываў. Пейзаж выконвае ў Купалавай лірыцы розныя задачы і функцыі, якія прадвызначаюцца пэўнымі сацыяльна-гістарычнымі, ідэйна-эстэтычнымі і духоўнымі фактарамі. Яскрава ўбачыць функцыянальную шматпланавасць пейзажу ў лірыцы Я. Купалы можна тады, калі спалучыць індывідуальна-стылёвую манеру паэта з прынцыпамі пейзажнага жывапісання, суаднесці яго светаўспрыманне, стан душы са зместам часу і эпохі.
Яшчэ М. Гарэцкі ў сваёй «Гісторыі беларускае літаратуры» заўважыў, што «прыроду Купала рэдка апісвае як мастак чыстага мастацтва»33. Аднак было б неправамерна лічыць, што ў сваёй лірыцы паэт адводзіць малюнкам прыроды толькі службова-функцыянальную ролю. У яго ёсць выдатныя пейзажныя вершы, якія ўяўляюць сабой разгорнутыя прыродаапісанні, яркі вобразна-выяўленчы жывапіс («Адцвітанне», «Явар і каліна», «Улетку» і інш.). Чыста сузіральна-эстэцкі план займае і прываблівае паэта, але досыць часта, калі ён выбірае аб'ектам родныя краявіды, паэтызуючы іх, то выяўляе сацыяльна-духоўны і псіхалагічны стан душы: «Шум пакаціўся ад лесу адзетага; Сонца купаецца ў полыску рос; Эх, каб, здаецца, ды шчасце да гэтага! Эх, каб, здаецца, менш гора і слёз!..» («Лета»: «Лета ты, лета прыгожа-квяцістае...»). Пейзаж Купалы — гэта катэгорыя духоўная, якая змяшчае ў сабе глыбокае аўтарскае пачуццё, пэўную ідэйна-вобразную семантыку.
І ўсё ж свет прыроды заўсёды мае ўласна мастацкае вымярэнне. У нашага вялікага паэта гэтае вымярэнне і выяўленне, безумоўна, эмацыянальна-вобразнае, але ў значнай ступені і філасофска-эстэтычнае. Купала імкнецца да чуйнай повязі з космасам, таямнічым і неразгаданым: «Як летняе сонца свае згасіць косы І кветкі нябесны зайграюць нясмела,— Ноч сее тады серабрыстыя росы, Над логам звісае туманнай Пабедай» («Вячэрняя малітва»). Паэт па сутнасці стварае натурфіласофскія замалёўкі прыроды, і іх у ягонай творчасці набярэцца нямала.
Пейзажны позірк паэта асабліва ўражвае сваёй кінематаграфічнасцю, ён падобны да маштабнага светаадлюстравання ў «Слове аб палку Ігаравым». У вядомай «Спадчыне» (1918) выява беларускага краявіду — разгорнута-панарамны малюнак, які набывае важкае патрыятычна-духоўнае гучанне. У вершы «Па шляху» (1914) уражвае глыбокая філасофская зрошчанасць паэтавага «я» з прыродай, гіпербалізаванасць і шырыня вобразнага мыслення, якія прыдаюць пейзажнай карціне аб'ёмнасць, шматлінейную характарыстыку.
У творы «Мой дом» (1910) Купалаў пейзаж вызначаецца вертыкальнасцю вымярэння, ён нібы «сфатаграфаваны» ў прасцягах сусвету: «Мой дом — прыволле звёзднай далі, Арламі мераны абшар, Дзе бітвы точаць ветраў хвалі З сям'ёй глухіх калматых хмар». Ці не ўпершыню ў нашай паэзіі мы сустракаем такое бачанне — адлюстраванне свету, пазначанае незвычайнай раскаванасцю, касмічнай панарамнасцю.
Пейзаж у Я. Купалы з'яўляецца асновай паэтычнага мыслення, нясе важную ідэйна-стылёвую функцыю, нярэдка робіцца эмацыянальна-сэнсавым цэнтрам лірычнага твора. Сутнасць светаадчування мастака рамантычная, сімволіка-метафарычная, таму, натуральна, яго адлюстраванне прыроды мае рамантычны, сімволіка-філасофскі характар. Пейзаж паэта можна назваць унутраным пейзажам, бо яго душа шырока адкрыта ў свет, напоўнена глыбокімі ўражаннямі, «хваляваннямі чалавечага духу» (выраз П. Фларэнскага), магутным памкненнем да ідэалаў свабоды, гармоніі, дасканаласці. Невыпадкова вобразы касмічнага плану — зоры, сонца, неба — асабліва прыцягальныя для Купалы-рамантыка і сімваліста, яны ўвасабляюць высокае, ідэальнае, прыгожае — тое, з чым паэт жадае духоўна-гарманічна паяднаць зямное. У Я. Купалы мяжа паміж рэальна-канкрэтным і ўяўным, умоўным размытая, бо прырода для яго — адвечная казка, таямнічы сусвет, шматстайнасць праяў вечнасці.
Пейзажная інтрадукцыя ў паэме «Курган» (1910) — гэта пейзаж-метафара і пейзаж-сімвал, якія выяўляюць нейкую глыбінную, нават касмічную існасць і велічнасць вобраза кургана, звязаных з ім драматычна-трагедыйных падзей. Купала не любіць празрыстых малюнкаў, ён ідзе шляхам складанага ўмоўна-алегарычнага мыслення, міфалагізацыі пейзажу. З шэрагу ягоных вершаў свет паўстае ў таямнічасці, як царства жахаў і непрытульнасці. Такі, напрыклад, архітэктурна-руінны пейзаж «Замчышча» (1908). Міфалагічны пейзаж для Купалы — прадукт напружанага, драматычнага светапазнання і, як падаецца, сваёй містычнасцю, фантасмагарычнасцю ён пераклікаецца з пейзажнымі выявамі М. Чурлёніса.
Светаадчуванне Я. Купалы ў сваёй аснове трагедыйнае. Неаднойчы душа паэта перажывала разлом паміж марай і рэальнасцю, адсюль у ягоных творах балюча-пакутныя перажыванні, зварот да мовы падтэксту, іншасказальнасці, містыкі і міфалагічных вобразаў. Усё гэта знайшло яскравы адбітак у пейзажах паэта, якія набываюць алегарычнае, сімволіка-філасофскае гучанне, становяцца сродкам выяўлення ўнутранага свету чалавека, што востра адчувае трагізм быцця. Першаступеннае значэнне ў малюнках прыроды Я. Купалы, адыгрываюць вобразы-сімвалы, прыродныя стыхіі, эмацыянальна-колеравая гама пачуццяў. Каб у гэтым пераканацца, запынімся на адной з сэнсава-значных пейзажных тэм у лірыцы Я. Купалы — тэме зімы.
Раннія зімовыя замалёўкі Я. Купалы напісаны ў стылёва-выяўленчай манеры Ф. Багушэвіча і Я. Лучыны, тут цесна паяднана прыроднае і сацыяльнае. У вершы «Згінула сонца...» (1907) паэт паказвае трагедыю сялянскай сям'і, што засталася без бацькі і мужа — ён «Там, дзе шалеюць вечна мяцеліцы. Страшнай Сібіры дзе ўслаўся гушчар». Зіма абыякавая да бяды-гора людзей, нясе ім голад, нястачу, страшыць сваім жудасным завываннем: «Б'ецца завея аб шыбы марозныя, Ў коміне жудка віхры загулі». Зіма ў Купалы «ўсясільная», неспагадная. Ён, шчыры пясняр лета, не любіць зіму, бо тая нясе бязмоўе, дзікую спустошанасць, пакуты, згубу ўсяму жывому: «Цярпі, зямелька родная, Няма жыцця, няма» («Зіма»: «Прыйшла зіма халодная...»), «Няма траўкі, няма кветак, Пуста гэтак, мёртва гэтак!» («Зіма»: «Было цёпла. У аконцы...»). Сутнасць зімы паэт вызначае эпітэтамі «халодная», «жудасна-халодная», «нягодная», звязвае з ёй самыя змрочныя ўяўленні і думкі. Зіма асацыіруецца з жорсткай знішчальнай сілай:
Зіма ў Я. Купалы з магільным выццём і рогатам ваўкоў, што шукаюць ахвяру. Падарожны, якому «сіверна, марозна», асуджаны на расправу; няпроста яму яшчэ і таму, што зіма ў дарозе напускае сон-чары («Зімовая ноч»). Тое, што Я. Купалу «снег зямлі абноўленай не міл», асабліва адчуваецца ў вершы «Снег». Як з'ява прыроды снег бачыцца паэту нечым часовым, хуткаплынным, пра што сведчыць рэфрэн: «Гэта снег, толькі снег...». Паэта больш палохае холад, лёд у сэрцах і душах людзей. Ён неаднойчы выказвае веру ў тое, што «ўваскрэсне зноў вясна», радуецца, калі «таюць сковы зімы ледзяністае» («Зіма», «Тае снег»).
У мастацкай свядомасці Я. Купалы зімовыя стыхіі — алегорыя зла, сну, смерці на роднай зямлі. У вершы «Выйдзі...» ён атаясамлівае зіму з духоўным рабствам і гвалтам. Вясна, як вядома, у паэтычнай свядомасці розных народаў звязвалася з нацыянальным адраджэннем. Зіма і вытворныя ад яе вобразы лёду, марозу, холаду сімвалізавалі зняволенне радзімы, здранцвенне і ўціск духоўных сіл народа, выступалі ў антынамічнасці да вобраза-матыву вясны. Параўнаем хаця б пейзажныя замалёўкі Я. Купалы і латышскага паэта Я. Райніса пачатку XX ст. Падабенства ў іх відавочнае: зіма ўвасабляе скаванасць, безжыццёвасць навакольнага свету, але магутнасць яе недаўгавечная: «Прыйшла зіма халодная... Няма жыцця, няма», «Мароз, як кат бязжаласны...», «Цярпі, старонка родная... Міне зіма нягодная, і ўскрэсне зноў вясна!» (Я. Купала); «Пакуль не чую Праз завірухі, Што ёсць на свеце Жывыя зрухі», «Мароз набраў баевікоў, Каб з імі накаваць акоў», «Бо сон радзімы Чакае вырай» (Я. Райніс). Пейзажны вобраз зімы, як бачым, адыгрывае ролю алегорыі, нясе сэнсавы падтэкст. Зімовыя сілы стрымліваюць, заглушаюць адраджэнскі рух народа.
Зімовыя пейзажы Я. Купалы, напісаныя ў 1918 г., прасякнуты драматычна-мінорным гучаннем. Першы снег ў ягоным светаўспрыманні выклікае змрочны настрой: «Халоднай Пабедай магільна залёг На зжатае поле, на скошаны лог», «На небе на снежным ні сонца, ні зор...», «Абснежаны свет без канца, без граніц, Душа ажно тлее...» («Першы снег»). Гэтыя выявы выклікаюць прадчуванне нечага жахлівага. Чытаючы верш далей, мы спатыкаемся на вобразе акрываўленага снегу. Хто ж праліў кроў? Паэт з трывогай кажа, што ў свеце «бурліць варажба», здарылася братазабойства.
Зіма перыяду грамадзянскага кровапраліцця, супрацьстаяння, якія спарадзіў кастрычнік 1917 г., — часіна гнятлівасці, страху, разгулу стыхійных прыродных сіл. Сцюжа і завея ў вершы «Паязджане» набываюць усёахопны характар, яны разгортваюцца да вобразаў-сімвалаў усясветнай бяды і неўтаймоўнага зла:
Беларусы-паязджане апынуліся ў завейным бясчассі, у абладзе д'ябальскіх чараў і сіл, якія скіроўваюць у невядомасць. Здаецца, ніхто і нішто іх не ўратуе: часціца «ні» ўзмацняе адчуванне жудаснага беспрасвету, безвыходнасці: «Ні праслуху, ні прагледу, Ні прасвету, ні надзеі,— Ўсё ў зацьмішчы, ўсё ў завеі». У вобразах зімовых стыхій Я. Купала, па сутнасці, увасабляе сам суровы гістарычны час, які нясе хаос, глабальныя катаклізмы. Паэт надзвычай прароча выявіў пакручасты, цярністы шлях нашага народа ў XX ст. У вершы асаблівую ролю адыгрывае гукапіс: узмоцненыя асанансы, суцэльныя алітэрацыі, эўфанічныя паўторы слоў, якія шчыльна знітоўваюць радкі і ствараюць уражанне няспыннасці, бясконцасці руху, прыдаюць выказванню паэта незвычайную эмацыянальную экспрэсіўнасць. Я. Купала, як бачым, выдатна паказаў, што ў цяжкія, драматычныя часы пейзаж здольны чуйна, праўдзіва ўзнаўляць настрой чалавека і грамадства.
Пейзаж у паэмах Я. Коласа «Новая зямля» і «Сымон-музыка»
У мастацкім мысленні Я. Коласа малюнкі і вобразы прыроды займаюць выключнае месца. Яго пейзажны жывапіс — гэта не толькі арыгінальная, але і поліфанічная, шматстайная з'ява, бо ён характарызуецца багаццем разнавіднасцяў і функцый пейзажу, уяўляе сабой разгалінаваную сістэму вобразаў і матываў нацыянальнай прыроды. Пейзажны свет для Я. Коласа — не толькі аб'ект маляўнічага жывапісання, але і аснова глыбокага духоўна-эстэтычнага і філасофскага пазнання чалавечай душы, яе лучнасці з прыродай. Малюнкі прыроды ў паэмах «Новая зямля» (1911-1923) і «Сымон-музыка» (1911-1925) з'яўляюцца адным з самых выдатных узораў мас тацка-выяўленчай глыбіні пейзажнага жывапісу.
Я. Колас стаў першым стваральнікам панарамных, ліра-эпічных карцін прыроды, якія яшчэ можна назваць макрапейзажамі. Наогул, без фундаментальнага пейзажнага жывапісу наўрад ці магчыма грунтоўнае мастацкае асэнсаванне нацыянальнага свету, шматаблічнага жыцця прыроды і звязаных з ім праяў чалавечага духу. І гэта, напрыклад, выдатна засведчыў А. Міцкевіч сваім творам «Пан Тадэвуш» (1832-1834). дзе пейзаж набыў магутнае эстэтычнае і ідэйна-філасофскае гучанне. Маштабныя, велічныя пейзажныя палотны намаляваны ў такіх раздзелах паэмы Я. Коласа «Новая зямля», як «Леснікова пасада», «Каля зямлянкі», «Дарэктар», «На рэчцы», «Наглушцовых токах», «Летнім часам» і некаторых іншых. Было б па меншай меры аднабакова ўспрымаць іх толькі як лірычныя адступленні, фон дзеяння і сродак характарыстыкі персанажаў. Безумоўна, у «Новай зямлі» службова-функцыянальная роля карцін і малюнкаў прыроды відавочная, архіважная, яны гарманічна "ўпісваюцца ў кампазіцыю твора, на што, дарэчы, неаднойчы звярталі ўвагу даследчыкі. Аднак, на нашу думку, правамерна зірнуць на пейзаж у паэмах Я. Коласа І як на цэласны структурна-семантычны тэкст, каштоўнасны мастацка-вобразны цэнтр паэтычнай свядомасці аўтара. Паэт мысліць краявідамі і «вобразамі мілымі роднага краю». Так, першы раздзел «Леснікова пасада» — пейзажная экспазіцыя «Новай зямлі», але разам з гэтым яна бачыцца і эстэтычна самастойнай велічынёй, раўнапраўнай стылёва-выяўленчай адзінкай у кантэксце твора, яго паэтыцы. Паэт па сутнасці стварыў серыю яркіх, маляўнічых карцін прыроды, якія знітаваны між сабой прадметам адлюстравання і якія гучаць у творы магутным лейтматывам.
Структура пейзажаў у паэме шматвобразная, насычаная мноствам дэталяў, яна грунтуецца на цесным сінтэзе візуальна-прадметнага і пачуццёва-эмацыянальнага ўспрымання прыроды. Пейзажна-эпічныя карціны Коласа пазначаны тэматычнай разгорнутасцю, глыбокай змястоўнасцю. Прасторавая аб'ёмнасць адлюстравання і жы вапісна-пластычны характар пісьма яскрава выяўляюцца ў пейзажы, пададзеным на пачатку XVI раздзела «Вечарамі»:
Беларускі пейзаж у Я. Коласа — першааснова арганізацыі мастацкай прасторы тэксту, аўтарскага апавядання. Праз малюнкі прыроды паэт у «Новай зямлі» выяўляе канцэпцыю героя, сутнасць пэўных з'яў і праблем. Пейзажны жывапіс у паэтыцы твора адыгрывае ідэйна-змястоўную і філасофска-эстэтычную функцыю. «У коласаўскіх пейзажах,— як адзначае У. Казбярук,— мы бачым цэлую сістэму філасофскіх поглядаў на свет»34. Чалавек адчувае і разумее прыроду, і яна, у сваю чаргу, адухоўлена гаворыць з ім, «жыве супольна, згодна» ў хвіліны і радасці, і смутку. Пейзаж і чалавек у «Новай зямлі» — адзінае непадзельнае цэлае, і гэта асабліва яскрава заўважаецца ў псіхалагічных выявах прыроды: «У лесе глуха, цесна стала, І смуткам цісне лес Міхала, І нейк маркотна ў гэтым боры, Душа імкнецца на прасторы, І вочы просяць свету, волі». Міхал і лес знітаваны чуйнай душэўнай повяззю. Шматзначна гучаць апісанне надыходу вясны ў раздзеле «Таемныя гукі» і малюнак дарогі з раздзела «Па дарозе ў Вільню», якія раскрываюць складаную філасофію прыроды і быцця чалавека.
Пейзаж у «Сымоне-музыку» адыгрывае значную ролю як у кампазіцыйнай структуры твора, так і ў яго філасофска-эстэтычным змесце, аўтарскай канцэпцыі вобраза галоўнага героя. Малюнкі прыроды ўведзены ў сюжэт надзвычай арганічна і рухаюць яго, прыдаюць эпічнаму апавяданню лірыка-эмацыянальную і ідэйна-сэнсавую глыбіню. Коласаўскі пейзаж — перадусім «пейзаж душы». Паэт ярка раскрывае праз прыродаапісанні ўнутраны стан герояў, іхнія эмоцыі і настроі. Псіхалагічна-настраёвыя пейзажы асабліва кранальна перадаюць смутак Ганны, самоту Сымона. Ганна, застаўшыся ў адзіноце, маркоціцца, яе «сэрца сціскае туга»: «Пуста ў садзе і журботна, Як бы страціў нешта сад, Нават лісцечка дрыготка Шум вядзе на смутны лад».
Музыка, у душы якога ўспыхнула глыбокае пачуццё, таксама балюча перажывае расстанне з каханай. Здаецца, сама прырода блізка прычыняецца да ўнутраных перажыванняў Сымона: «...І пустэляй стала поле, Лес і гай з ім смуткаваў».
Я. Колас скарыстоўвае прыём псіхалагічнага паралелізму, тонка выяўляе інтымныя пачуцці чалавека, іх афарбаванасць праз дзеясловы стану, эпітэты эмацыянальна-ацэначнага характару. Пейзаж Я. Коласа, як бачым, вылучаецца глыбокім псіхалагізмам.
Паэт менш за ўсё імкнецца выкарыстоўваць пейзажныя замалёўкі ў якасці фонавых дэкаратыўных заставак, бо прырода ў ягоным выяўленні паўстае як жывы дзейны персанаж: яна гаворыць жывым голасам, мае спагадную душу, суперажывае і хвалюецца. Коласаўскія пейзажныя выявы па сваім характары натурфіласофскія. А. Лойка справядліва называе паэму «Сымон-музыка» «творам пантэістычнай паэтызацыі прыроды, спасцігаючы таямніцы якой і ўзвышаўся сялянскі хлопчык-музыка»35. Натурфіласофія Я. Коласа грунтуецца на вычуванкі адухоўленага, Боскага пачатку ў прыродзе, і ў гэтым сэнсе наш беларускі пясняр слова блізкі да рускага паэта Ф. Цютчава, які даводзіў, што прырода «Не слепок, не бездушный лик — В ней есть душа, в ней есть свобода, В ней есть любовь, в ней есть язык...» 36. Коласаў герой духоўна ўключаны ў кругазварот прыроды, адчувае сябе ў крэўнай паяднанасці з яе жывой душой. Ён бачыць свет прыроды гарманічна ўладкаваным, прыгожым, пазбаўленым унутранага хаосу. Сымона перш за ўсё прываблівае адвечная мудрасць прыроды, якая скіроўвае да філасофска-засяроджанага самапазнання, духоўнага самараскрыцця. Прырода — загадкавая, хвалюючая кніга быцця, пра што выдатна гаворыць дзед Даніла:
Для Сымона музыка струменіць у самой прыродзе, і ён чуйна, прагна ловіць яе:
Душа хлопчыка пранікліва размаўляе з прыродай, і прырода гаворыць з ягонай душой шчыра і даверліва. Так нараджаецца музыка, краса, гармонія. У паэме гучыць сімфонія зыкаў, шолахаў, галасоў, раскрываецца лірычная філасофія прыроды — філасофія глыбокіх пачуццяў, назіранняў, звязаных са светам прыгажосці.
Я. Коласа-пейзажыста асабліва захапляе таемнае, супрацьборства светлага і цёмнага, жыцця і смерці ў прыродзе. Паасобныя яго пейзажы маюць міфалагічную, фантастычна-казачную афарбоўку. У другой частцы паэмы ўражліва намалявана, напрыклад, карціна навальніцы. Перад намі разгортваецца містычная дзея, прасякнутая паэтызацыяй першародных сіл прыроды. Паэт па-язычніцку стоена, з эмацыянальнай узрушанасцю ўспрымае бліскавіцы маланак, стрэлы грому. У коласаўскім пейзажы на антрапамарфічны лад адухаўляецца ўсёмагутны ўладар неба Пярун, які намаляваны як коннік-ваяр: «Лук яго з маланак звіты, Хмара — шчыт, а стрэлы — гром, Бура — конь многакапытны...». Таксама ён услаўляе абаронцу ад нячыстай сілы Іллю, што «злы дух... Лупіць стрэламі грамоў, Раз'язджаючы ў маланцы Над зямлёй між аблакоў...». У такіх пейзажных малюнках нібы ажываюць старажытныя народныя павер'і, фантазія аўтара дасягае пры гэтым незвычайнага ўзлёту, раскаванасці вобразнага ўяўлення і асацыяцый. Карыстаючыся прыёмам гукапераймання, ён з экспрэсіўнай выразнасцю ўзнаўляе голас прыроднай стыхіі — грому, малюе яго як грозную і велічную з'яву прыроды:
Міфалагічны пейзаж Я. Коласа выяўляе выключна яркі, адметны стан свету і чалавечай душы, ён пакідае ўражанне грандыёзнага фантастычнага відовішча.
Шэраг пейзажаў у паэме мае сімволіка-алегарычны змест. Кожны з вобразаў і малюнкаў прыроды — апісанне лістка, коласа, сонечнага промня, дарогі, дуба, агню, рачулкі — так ці інакш звязаны з блуканнямі, лёсам, духоўным светам галоўнага героя. Так, дарога становіцца сімвалам няспыннасці руху, шуканняў Сымона, увасабленнем яго сувязі з мінулым і будучыняй. Дарога выводзіць коласаўскага героя на прастор, у невядомае, з ёй знітавана вялікае кола ўражанняў і асацыяцый. Дарога паядноўвае ўсе вобразы прыроды ў адзінае цэлае: «І бягуць — бягуць малюнкі Поля, лесу і лугоў, І ляжаць, бы тыя стрункі, Зелень-засевы шнуроў».
Сістэма прыродных вобразаў і сімвалаў у «Сымоне-музыку» шматстайная, надзвычай ёмістая. Тут мы сустрэнем абсалютна ўсе элементы-складнікі нацыянальнага пейзажу: ад мікравобразаў (травінка, колас, кветка, дрэва і інш.) да макравобразаў ландшафту і космасу (лес, поле, луг, рака, неба, сонца і інш.). Прытым усе гэтыя вобразы і рэаліі пейзажу складаюць жывую вобразна-выяўленчую філасофію мыслення, яны ствараюць цэласны нацыянальны воблік прыроды.
Асабліва прыкметнае месца ў творы займаюць пейзажная тэма лесу, вобразы сонца і зор. Лес паэт малюе як велічны храм, святліцу хараства: «...У лесе, бы ў гасподзе. А настольнік — пласт імшысты, Ды прыгожы, ды іскрысты, З густам вытканы і чысты».
Паэт называе Сымона сынам лесу, поля, сонца. У трэцяй частцы паэмы гучыць уздымна-прачулы зварот да гэтых вобразаў прыроды, якія ва ўспрыманні паэта паўстаюць нібы магутныя боствы, што валодаюць чароўнай сілай і здольныя ўмацаваць дух чалавека. Сонца ў Я. Коласа становіцца сімвалам жыцця, радасці, а зоры бачацца яму вобразам неўвядальнай красы, увасабленнем вечнасці. «За лясочкамі, за гаем далі» клічуць паэтавага героя да зорных краявідаў. Ён цесна знітоўвае зямное і касмічнае і тым самым сцвярджае бясконцасць чалавечай дарогі — яна выводзіць у вечнасць, да яднання з сусветам і Богам. У замалёўках зорнага неба выяўляецца адухоўленасць светабачання («неба дыша»), прыцягненне душы да таемнага, якое і нараджае музыку зямлі і сусвету: «Звіс на ім спакой сусветны Дыяментавым шатром. А ў шатры тым — зор блісканне, Спеў музычны цішыні...».
Вельмі цесна з сюжэтна-апавядальным рухам думкі звязаны сезонна-каляндарныя пейзажы. У творы пададзены карціны і замалёўкі ўсіх чатырох пор года. Восеньскія пейзажы прасякнуты элегічнымі фарбамі, настроем смутку і тугі. Больш за дзесятак дзеясловаў у чацвёртым раздзеле першай часткі паэмы перадае імклівасць зменаў у прыродзе. Восень малюецца як жывая істота, якая «ішла», «клыгала», «песні пела», «ныла ўвечары»... «Свет смутку болей блізкі» сэрцу Сымона, таму восеньскі пейзаж яскрава высвечвае пакутную, драматычную наканаванасць лёсу хлопца-музыкі, узнаўляе складанасць яго пачуццяў. Восеньскія прыродаапісанні наводзяць на роздумы пра жыццё і смерць, пра лёс чалавека наогул. Натхнёна Я. Колас паэтызуе вясну, вылучае самыя таемныя, глыбінныя зрухі ў хвіліны абнаўлення прыроды. Ён услаўляе адраджэнскую сілу-моц вясновай пары, гукае яе на язычніцкі лад, складае ёй узнёслы гімн. Вясна вельмі блізкая і жаданая для Сымонавай душы, ён «Сам не знаючы чаму, Ждаў вясеньку, ждаў, як дзіва, І кляў холад і зіму». Вясна абуджае ў Сымоне вялікую прагу жыцця, веру ў светлае, радаснае. Зіма і вытворныя ад яе вобразы холаду, лёду, марозу чужыя і варожыя духу героя. Мароз паэт характарызуе эпітэтамі «злы, бязжаласны», ён нішчыць «сэрца жар», музыку душы. На пачатку пятай часткі Я. Колас малюе паядынак зімы і вясны, паказвае іх у вобразнай і сэнсавай антынамічнасці. Зіма выступае не толькі як нялёгкае фізічнае, але і духоўнае выпрабаванне: яна — сама бязлітаснасць, нявольніцтва, прыгнечанне. Вясна ды сонца даюць усяму жывому мацунак, вяртаюць сілу і красу, сімвалізуюць рух жыцця, разняволенне і свабоду. Адвечная антытэза «зіма — вясна» вырашаецца паэтам на карысць вясны. Яго вобразныя алегорыі выразна праецыруюцца на лёс усяго беларускага народа, для якога заўсёдным было імкненне да адраджэння і росквіту сваіх духоўна-творчых сіл.
З высокай паэтычнасцю, велічна Я. Колас выпісвае панарамны беларускі пейзаж на пачатку трэцяй часткі, які пачынаецца на патэтычнай ноце: «О, край родны, край прыгожы!». Ён насычаны багаццем маляўнічых вобразаў і дэталяў, напоўнены магутным пафасам услаўлення прыгажосці роднай зямлі. Тут пейзаж паэта эмацыянальна-экспрэсіўны, з сацыяльнай і гістарычнай падсветкай.
Разгледзеўшы аб'ём, структуру, функцыі, архітэктоніку апісанняў прыроды ў паэмах Я. Коласа «Новая зямля» і «Сымон-музыка», можна пераканацца ў наступным:
1. Пейзаж набывае ўласна-выяўленную значнасць, эстэтычную самакаштоўнасць. Ён становіцца «рухавіком» эпічнага апавядання, развіцця сюжэту. Вобразна-пейзажнае мысленне паэта вызначаецца глыбінёй і змястоўнасцю, а стыль прыродаапісанняў — яркасцю малявання словам, тонкай гукавой інструментоўкай фразы, паэтыкай кантрасту і інш.
2. Пейзажныя малюнкі адыгрываюць эмацыянальна-экспрэсіўную ролю, выяўляюць лірычна-адухоўленае, непасрэднае ўспрыманне вобразаў і з'яў прыроды.
3. Пейзаж выступае як сродак характарызацыі, інакш кажучы, дапамагае ў раскрыцці не толькі аўтарскіх пачуццяў, але і ўнутранага стану герояў (Міхала, Сымона і інш.). Чалавек і навакольная прырода ў Я. Коласа гарманічна ўзаемазвязаны, паяднаны ладам думак, адчуванняў, перажыванняў. Прыродаапісанні нярэдка грунтуюцца на прыёме мастацкага ўвасаблення, псіхалагічнага паралелізму.
4. Пейзаж у творах канцэптуальны, натурфіласофскі. Я. Колас глыбока асэнсоўвае свет жыцця прыроды, лёс чалавека, вечныя праблемы.
5. Пейзаж у паэмах Я. Коласа — «хранатоп» (паняцце М. Бахціна) нацыянальнага адлюстравання свету, інакш кажучы, паэт раскрыў адметнасць беларускага ландшафту, прасторы, вобразаў роднай прыроды.
Як бачым, Я. Колас у паэмах «Новая зямля» і «Сымон-музыка» выявіў сябе як бліскучы майстар пейзажнага пісьма, стваральнік шырока-эпічных палотнаў, якія ўражваюць насычанасцю сваёй прадметна-вобразнай фактуры. Яго макрапейзажы — яркая панарама нацыянальнага свету. Я. Колас пранікліва, індывідуальна-непаўторна раскрыў веліч і мудрасць роднай прыроды.
Якуб Колас і пейзажная лірыка
Я. Колас — таленавіты пейзажыст, адзін з тых выдатных пачынальнікаў прыродаапісальнай паэзіі, чые мас тацкія традыцыі аказалі сапраўды лёсавызначальны, маштабны і глыбокі ўплыў на развіццё пейзажнага жанру ва ўсёй нацыянальнай паэзіі. Паэт стварыў цудоўныя, сапраўды эталонныя і шэдэўральныя ўзоры пейзажнага жывапісу, таму, зразумела, прыцягненне да ягонага паэтычнага свету было заўсёдным і неаслабным. І. Навуменка, адзін з самых аўтарытэтных даследчыкаў спадчыны нашага класіка, слушна піша: «Не прыходзіцца спрачацца, што паэтызацыя прыроды ў Коласа не ідзе ні ў якое параўнанне з пейзажнымі малюнкамі яго папярэднікаў. Коласаўскі жывапіс словам узняўся на якасна новую вышыню, параўняўшыся з лепшымі ўзорамі пейзажнай лірыкі ў рускай і польскай літаратурах. Вядома, з агаворкай, што жывапіс гэты тыпова беларускі...» 37.
Творчасць Я. Коласа ў немалой ступені паўплывала на актывізацыю пейзажнага жанру ў 20-я гг. Праўда, у перыяд маладнякоўскай бурапеннасці грамадзянская публіцыстыка адчувальна заглушала вечныя тэмы, лірыку прыроды, якія наогул не ўспрымаліся тады эстэтычна значнымі і самакаштоўнымі. Паэтычная моладзь 20-х, апынуўшыся пад магутным уздзеяннем ідэалогіі, не заўсёды магла належным чынам ацаніць высокае мастацкае гучанне пейзажнай лірыкі Я. Коласа, яго індывідуальна-выяўленчае майстэрства. І ўсё ж духоўна-эстэтычная сувязь з коласаўскай паэзіяй прыроды ў творчасці Я. Пушчы, П. Труса, У. Дубоўкі, Т. Кляшторнага, П. Глебкі, С. Дарожнага і іншых тагачасных паэтаў відавочная. Напрыклад, пейзажныя малюнкі П. Труса гэтак, як і Я. Коласа, нясуць глыбокі адбітак народна-паэтычнага светаадлюстравання, а менавіта грунтуюцца на традыцыі адухаўлення, вобразнага ўвасаблення прыроды, захопленага апявання яе красы. У яго вершах «Сенажаць», «На сенажаці», «У жніво», «Жніво» паэтызацыя сенажаці, шэпту нівы, прастору, жніўнай пары нагадвае падобныя пейзажныя выявы з паэмы «Новая зямля», а таксама такія вершы Я. Коласа, як «На полі», «Жніўныя песні» і інш. Як адмеціна коласаўскага ўплыву ў прыродаалісаннях П. Труса бачыцца сардэчнае, адкрытае любаванне навакольным светам, яго суладнай прыгажосцю, пільная ўвага да рэальна-канкрэтных праяў прыроды, імкненне да эпічнай разгорнутасці малюнка, эмацыянальнасці фарбаў, меладычнасці страфы.
У паказе прыроды, роднай зямлі на Коласа асабліва прыкметна арыентаваліся паэты «Узвышша». У ягоным мастацкім свеце іх прыцягвала зрокава-слыхавая праніклівасць светабачання, раскаваная асацыятыўнасць вобразных параўнанняў, пластычнасць пісьма, яркая і сакавітая каларыстычнасць, тонкая суаднесенасць вобразаў прыроды з душэўна-псіхалагічным станам. Пра гэта выдатна сведчыць пейзажная лірыка Я. Пушчы, П. Глебкі, С. Дарожнага і інш. Узвышаўцы, несумненна, выдатна бачылі, што «вобраз прыроды ў Коласа, па сутнасці, універсальны, ім можна, здаецца, выразіць любое пачуццё, любое перажыванне»38. Я. Пушча, як думаецца, успрыняў ад коласаўскай манеры лірычна-жывапіснага выяўлення ўменне надаць пейзажу выразны псіхалагічны настрой, паяднаць пры гэтым прыроднае і ўнутрана набалелае, выказаць праз алегарычныя вобразы і фарбы хвалюючую, сэнсава значную думку. Замалёўкі восеньскай прыроды ў Пушчавым зборніку «Песні на руінах» (1929) уражліва перадаюць трывожны псіхаэмацыянальны стан паэта, нясуць у сабе драматычна-трагедыйны падтэкст. Вершы Я. Пушчы «Зашумелі лісты», «На восень дзіўлюся», «Заплаканы вечар», «Укленчылі дні перад лесам...» па сваёй эмацыянальна-сэнсавай танальнасці, стылістыцы вельмі сугучныя восеньскім прыродаапісанням Я. Коласа («Асенні дождж», «Увосень», «Гусі», «Журба палёў»). У творах абодвух паэтаў восень кантрастуе вясне, выклікае пачуцці смутку, тугі, цяжару і безвыходнасці быцця:
Згушчаны, балючы элегізм — дамінанта светаадчування і Я. Коласа, і Я. Пушчы.
Коласаўскія пейзажы істотна ўплывалі на фармаванне эстэтычнага густу, індывідуальна-мастацкае станаўленне пейзажнай творчасці паэтаў, што ішлі ў літаратуру ў другой палове 20-х і 30-я гг. Сведчаннем таму — пейзажная лірыка П. Броўкі, П. Панчанкі, М. Лужаніна, М. Хведаровіч, С. Шушкевіча, А. Коршака і інш. Аднак, трэба зазначыць, што развіццё творчых індывідуальнасцяў у тую пару ішло вельмі няпросты. Ідэалогія скіроўвала паэтаў да суцэльнай партыйна-камуністычнай ангажаванасці, ідэйна-палітычнай вершатворчасці, да таго, каб рыфма зрабілася, кажучы словамі У. Маякоўскага, «лозунгам, штыком і бізуном». Лірыка прыроды трапіла на задворкі літаратурнага працэсу, а пейзаж у творчасці многіх паэтаў на працягу доўгага часу нёс няўдзячную ідэалагічную службу, выконваў ролю эфектнай аздобы для грамадзянска-публіцыстычнага выказвання. Актуальнасць, надзённасць радка, пафаснасць і агітацыйнасць голасу — вось да чаго імкнуўся, напрыклад, малады П. Броўка, які жадаў, «каб слова падносіла цэглу», бо, маўляў, «вершы ў альбом і другія напішуць» («Тады пачынаю з пачуццямі спрэчку...»). І ўсё ж менавіта пейзажны жанр як бы ратаваў паэзію, не даваў ёй канчаткова забыць на вечнае і прыгожае на зямлі, спаўзці да татальнай інфляцыі, абясцэньвання ўласнай мастацкай прыроды, дапамагаў хоць на нейкі момант ці міг у тагачасных умовах выбавіцца ад нейкага наддухоўнага, надчалавечага існавання. Эстэтычнае, духоўнае — штосьці генетычна невынішчальнае і першаснае, чым ідэалагічнае, наноснае. Той жа П. Броўка, як бы ні крочыў у нагу з часам, як бы ні палітызаваўся, добра бачыў і іншыя ўзоры мастацкай творчасці, не мог абсалютна заглушыць у сабе адчуванне прыгожага, пачуццё роднай прыроды. Нельга не заўважыць, што яго пейзажныя вершы «Канец лета», «Дождж», «Вясной птушыны звонкі лёт...», «Бор» напісаны пад дабратворным уздзеяннем коласаўскай лірыкі прыроды. На гэты конт ёсць красамоўнае прызнанне і самога паэта ў вершы «Якубу Коласу»: «Я да зямлі прыпаў. Твае гучалі словы. Яны праўдзівымі, прыгожымі былі,— Я ў іх вясну пачуў, напеў бароў сасновых І сілу рэк Бярозы і Сулы».
Мастацкі вопыт Я. Коласа-жывапісца — і тут няма ні каліва сумневу — садзейнічаў і спрыяе развіццю сучаснай беларускай паэзіі на тэму прыроды. Цяжка, бадай, назваць паэта, які б на пачатку свайго шляху не раўняўся на пейзажны жывапіс нашага класіка. І тут мае рацыю У. Паўлаў, які гаворыць наступнае: «Хто б ні лічыўся ў пісьменнікаў кожнага пакалення за настаўніка, галоўнымі настаўнікамі для нас застануцца Купала і Колас»39.
Коласаўская палітра, як думаецца, дала магутны выток цэлай нацыянальнай школе паэтаў-пейзажыстаў, да якой належыць вялікае суквецце творчых індывідуальнасцяў: А. Астрэйка, А. Бялевіч, К. Кірэенка, А. Вялюгін, В. Вітка, С. Гаўрусёў, М. Рудкоўскі, А. Грачанікаў, Р. Семашкевіч, С. Грахоўскі, Р. Барадулін, Ю. Свірка, Я. Сіпакоў, Г. Бураўкін, К. Камейша, В. Гардзей, С. Законнікаў, У. Марук і інш.
А. Вялюгін — адзін з самых яркіх прадаўжальнікаў коласаўскай традыцыі вобразна-жывапіснага пісьма. Гэты паэт узняў пейзажны верш да новых вышыняў моўна-метафарычнага майстэрства, дасягнуў тонкай эстэтыкі ў перадачы колеру, гуку, святла, пахаў. Шэдэўральна гучыць верш «Сасновы бор», у якім мастак слова дэманструе віртуознае валоданне гукапісам, стварае ўрачысты гімн прыродзе:
У гэтых радках выразна прасочваецца аналогія з Коласам, які бачыў прыроду як храм, святліцу, складаў ёй велічныя песні-гімны.
У лірыцы Ю. Свіркі духоўная і эстэтычная далучанасць да коласаўскай пейзажнай традыцыі выяўляецца ў тым, што паэт «высвечвае душы глыбіню» («Ішоў я ў паэзію з вёскі...»), дасягае тонкай злітнасці з прыродай, любіць вобразную яснасць малюнка, лірычную мяккасць інтанацый. Яго позірк — эмацыянальна-праніклівы, назіральны, слых — абвострана-чуйны, уражліва-музычны:
Выдатных прыродаапісальных твораў, поўных дзівоснага хараства і ціхай музыкі, у Ю. Свіркі вельмі шмат, ён — натхнёны, апантаны пясняр родных краявідаў: «Столькі прасторы, сінечы. Паветра — як звонкі крышталь. І адгукаецца ў сэрцы Раскукаваная даль» («Слухаю майскае ранне...»). У ягоных замалёўках ручая, хмарак, лугу, крыніцы, дажджу і іншых вобразаў прыроды чуецца водгалас коласаўскай замілавана-душэўнай паэтызацыі пейзажаў роднага наваколля. Але асабліва адчувальная духоўная пераемнасць з першаадкрывальнікам беларускай прыроды ў творах Ю. Свіркі пра лес. «Лес! Аб чым шумяць вяршыны? Лес! Што шэпчаш, векавы?»— пытаўся Я. Колас у вершы «Лес» і адным з першых раскрываў таемную стыхію і чароўную паэзію лесу. Лес стаў кодавым, дамінантным вобразам пейзажнага мыслення Ю. Свіркі, які па сутнасці стварыў у беларускай паэзіі сапраўдную «лясную» паэму. Сучасны паэт, як і некалі Я. Колас, абагаўляе лес, бачыць у ім шчырага субяседніка і мудрага дарадцу.
У паэзіі А. Лойкі таксама нельга не адчуць духоўную блізкасць да коласаўскага бачання і адчування прыроды. Пра гэта ўжо сведчыць хаця б агульнасць, аднолькавасць улюбёных пейзажных вобразаў і матываў. А. Лойка гэтак, як і Я. Колас, больш за ўсё любіць паэтызаваць вясну, усход сонца, спеў жаўранка, жыта, колас. У паэта пяшчотна-трапяткое стаўленне да прыроды, яе красы, ён не баіцца памяншальна-ласкальных зваротаў і слоў: «жыцейка», «жаўроначка», «ручаёк»... Лірычны герой А. Лойкі вобразна сказаў пра сябе: «Я — колас ля бетоннай стужкі...» («А мне ўсё мроіцца і сніцца...»). І таму ён не ўяўляе свайго духоўнага жыцця без эмацыянальна-чулай повязі з прыродай, яе непаўторным хараством. Сустрэча з прыродай для паэта — свята душы: «О лета, прагу свята трой,— Няскошанае лета!» («На ўсходзе сонца»). Яго пейзажныя замалёўкі прасякнуты лірычнай узнёсласцю, рамантычнай захопленасцю навакольнай красой, пачуццёвасцю. У гэтым паэт падобны да Коласа-жывапісца, як і ў тым, што ён з поспехам дасягае маляўнічасці фарбаў, зрокавай дакладнасці вобраза, музычнай напеўнасці радка:
У аснове многіх твораў А. Лойкі пра прыроду ляжыць натурфіласофскі погляд на свет. Асабліва ярка светаасэнсавальны кірунак думкі-пачуцця выяўляецца ў вершы «Высокі колас — сэнс высокі...». Тут мастак слова, нітуючы прыроднае і чалавечае, вядзе роздум пра сутнасць быцця, сваё прызначэнне на зямлі: «Не марнай пустальгой-былінкай Сысці пад пылаву павець,— З табой у полі, хоць хвілінку, Упоравень пашалясцець».
Колас для паэта — высокі ідэал, сімвал вечнага кругазвароту, мудрасці прыроды і жыцця наогул. Тэндэнцыя натурфіласафізму бярэ магутны выток у паэзіі Я. Коласа, і можна сказаць, што А. Лойка — адзін з тых сучасных паэтаў, хто разумее і адчувае прыроду па-коласаўску тонка, адухоўлена і разам з тым па-свойму глыбока і мудра.
У арбіту прыцягнення да творчага вопыту Я. Коласа-пейзажыста трапляе кожны, хто адчуў у сабе паэтычны дар. Прыродаапісальная лірыка на старонках часопісаў «Першацвет» і «Маладосць» надзвычай яскрава пераконвае ў гэтым. Наогул, вучоба творчая, удумлівая на творах класіка проста неабходная, каб пазбягаць эпігонства, ісці сваёй адметнай сцежкай. Бо часам сустракаеш вобразы «луг расой абмыўся», «лес гудзе», «дуб разложысты», «зіхаціць срэбрай рака», і ствараецца ўражанне, што да маладога вершатворцы ніхто не пісаў пра луг і лес, раку і неба. Я. Колас у гэтым сэнсе з'яўляецца для ўсіх сённяшніх і наступных творцаў патрабавальным настаўнікам.
ІІ. ПАЭТЫКА ПЕЙЗАЖУ
Пейзаж у паэзіі і жывапісе
Паэзія і жывапіс — два ўнікальныя феномены мастацтва, што пранікліва выявіў яшчэ нямецкі вучоны Г. Лесінг у сваёй працы «Лаакаон, або аб межах жывапісу і паэзіі» (1766), аднак яны не толькі розняцца між сабой, але і маюць агульныя гістарычныя карані, знаходзяцца ў відавочнай тыпалагічнай узаемасувязі. Пейзаж якраз і адносіцца да сферы эстэтычнага кантактавання і прыцягнення гэтых двух відаў мастацкай творчасці. У сувязі з адзначанай з'явай вартым увагі, сапраўды актуальным для нашага літаратуразнаўства бачыцца меркаванне К. Пігарава: «Вывучэнне пейзажу ў літаратуры асуджана на немінучую непаўнату, калі яно будзе праводзіцца ў адрыве ад вывучэння пейзажу ў выяўленчым мастацтве, паколькі і тут, і там знаходзіла выяўленне мастацкае ўспрыманне прыроды»40. Пейзаж у беларускай паэзіі ў такім аспекце, за выключэннем паасобных выказванняў, пакуль не разглядаўся. І тут дзеля параўнання варта згадаць хаця б плён калектыўных намаганняў рускіх даследчыкаў41.
Пейзажу ў згаданых відах мастацтва ўласціва свая спецыфіка. Паэтычнае адлюстраванне прыроды — гэта перш за ўсё інтанацыйна-пачуццёвы малюнак, працэс унутранага выяўлення эстэтычных уражанняў, заснаваны на вобразным супастаўленні і суаднесенасці розных з'яў, дынаміцы рытму і слова. Пейзажны твор паэта ўяўляе сабой страфічную і моўна-сінтаксічную арганізацыю мастацкай прасторы. Паэтычны пейзаж можа прыкметна разгортвацца ў часе і спалучаць у сабе некалькі праекцый ці ракурсаў. Карціна прыроды ў жывапісе, як правіла, адлюстроўвае пэўны стан ці нават момант прыроды і ўзнаўляе пры гэтым рэчаіснасць у вобразнай канкрэтыцы, праз пластыку фарбаў. Для жывапісца натура мае важнае значэнне як сродак мастацкага абагульнення і тыпізацыі. Палатно для мастака — «адкрытае акно ў прастору» (выраз Б. Заборава), дзе галоўная роля належыць перспектыве, лініям і абрысам, колерам і іх спалучэнням.
Пры ўсім гэтым, як ужо гаварылася, пейзаж у паэзіі і жывапісе мае агульныя пункты судакранання, сугучныя мастацка-выяўленчыя рысы. Эстэтычная роднаснасць і падабенства назіраюцца ў творчай манеры і характары светаадлюстравання, вобразнай змястоўнасці карціны, у мастацкай палітры, якая вызначаецца найперш выбарам такіх сродкаў выразнасці, як колер і святло. Блізкасць мовы жывапісу і эстэтыкі слова, заўважаная яшчэ Гарацыем у «Пасланні да Пізонаў», пазней — Гегелем у ягонай «Эстэтыцы», заключаецца ў жывапіснай выяўленчасці, паэтычнасці і пластыцы пісьма.
Жывапіснасць і пластычнасць выяўлення сталі характэрнай адзнакай пейзажаў беларускіх паэтаў. Метафарычную жывапіснасць, шматфарбную маляўнічасць ў нацыянальнай паэзіі 20-х гг. ярка прадэманстравалі У. Дубоўка, Я. Пушча, У. Жылка, У. Хадыка, Т. Кляшторны, М. Хведаровіч... У нашым часе бліскучага майстэрства ў жывапісанні прыроды дасягнулі М. Танк, А. Вялюгін, Р. Барадулін, С. Гаўрусёў, А. Пысін, С. Грахоўскі, Ю. Свірка і іншыя. А. Лойка ў другой палове 70-х выказаў цікавае назіранне: «Нельга не любіць нашай сучаснай беларускай паэзіі ў яе размашыстай, шматкаляровай жывапіснасці...» 42. Гэтыя словы паэта і даследчыка, як думаецца, у найбольшай ступені адносяцца да пейзажнай лірыкі.
У сваю чаргу, паэтычнасць і лірызм прыкметна вызначаюць паэтыку пейзажу ў жывапісе. Гаворачы пра пейзажныя палотны Ф. Васільева, мастак І. Крамской адзначае, што яго «Адліга» «з вялікім паэтычным зместам», захапляецца, што карціна «Крымскі краявід» «напоўнена такой высокай паэзіяй»43. Паэзія прыроды гучыць і ў пейзажным жывапісе беларускіх мастакоў А. Гараўскага, Ф. Рупліўца, В. Бялыніцкага-Бірулі, Я. Драздовіча, У. Кудрэвіча, А. Бархаткова, В. Цвіркі, С. Каткова, П. Данелія, В. Грамыкі, Л. ПІчамялёва, А. Марачкова, В. Маркаўца і інш. Напрыклад, у карцінах, намаляваных В. Цвіркам, мастацтвазнаўца Б. Крапак вылучае «тонкі паэтычны пачатак»44, а даследчык П. Карнач, разглядаючы творчасць П. Масленікава, падкрэслівае, што «ў пейзажах мастака — паэтычная прыўзнятасць, лірызм»45. Адлюстраванне прыроды як у паэзіі, так і ў жывапісе — гэта жывое эмацыянальнае пранікненне ў. сутнасць прыроды, маляўнічае выяўленне яе прыгажосці і непаўторнасці. Суб'ектыўнае «я» творцы скіравана да спазнання ўнутранага зместу прыроды, у якім ён знаходзіць штосьці блізкае, важнае. Тут дарэчы будзе прывесці выказванне К. Грыгар'яна: «Пейзаж — лірыка ў жывапісе, і яго асноўнае прызначэнне, як і ў паэзіі,— выяўленне «суб'ектыўнага боку чалавека», «унутранага чалавека»46. Мову паэта і маетака-пейзажыста яднаюць пачуццё, настрой, перажыванне. Мастацкая глыбіня і паэтычнага, і жывапіснага пейзажу заключаецца ў яго эстэтыка-пазнаваўчай скіраванасці, бо таленавіты мастак на тое і мастак, каб гаварыць сваім выяўленнем «пра канцэпцыю свету, укладзеную ў канкрэтнае і лакальнае адлюстраванне, пра «звышсэнс», які прысутнічае ў самой карціне як істотны элемент яе зместу»47.
Жывапісны пейзаж неаднойчы ўзбагачаў паэзію, паглыбляў у ёй адчуванне разнастайнасці форм прыроды, каларыту, дапамагаў у перадачы прасторы і паветра. Прыкладам тут можа служыць хаця б пейзажны жывапіс мастакоў-імпрэсіяністаў. Тое, як глыбока ўздзейнічае на стан душы паэта пейзажнае палатно мастака, ярка перадалі ў сваіх вершах А. Пысін («Родным памалюся Эрмітажам...»), Ю. Свірка («Айвазоўскі»), Т. Бондар («Перад карцінаю») і некаторыя іншыя паэты. Жывапісная карціна неаднойчы нараджала эстэтычнае суперажыванне ў мастакоў слова, выклікаючы імкненне асэнсаваць яе сродкамі паэтычнай мовы. У беларускай паэзіі прыкладаў таму нямала. Цыкл «Чатыры стыхіі» С. Дзяргая створаны пад уражаннем палотнаў «Паветра», «Вада», «Агонь» і «Зямля» французскага мастака Ф. Рэнье, пейзажны верш «Вячэрняя чырвань» Я. Кругленькі навеяны карцінай М. Урубеля, Г. Булыка напісала свой прыродаапісальны эцюд «Дождж» паводле палотнаў Ю. Піменава, а назва яе твора «Пітэр Брэйгель Старэйшы» гаворыць сама за сябе: паэтэсу палоніць перспектыва і вобразны свет карцін вядомага нідэрландскага мастака.
Пейзаж у жывапісе, як бачна, часам непасрэдна становіцца ўзорам для малявання словам. Мастакі, у сваю чаргу, таксама цесна супрычыняюцца да паэзіі, імкнуцца праз пейзаж выявіць штосьці адметнае ці сугучнае творчасці паэтаў. У гэтым сэнсе можна згадаць пейзажныя карціны В. Цвіркі «Старая Вязынка», «Наваколле Вязынкі», Н. Воранава «Сонейкам цёпленькім, зеленню вабнаю абдаравала зямельку вясна», С. Каткова «Хутар Альбуць» і інш. Да прыкладу, палатно С. Каткова — гэта нібы маляўнічая ілюстрацыя да «Новай зямлі», але яна не проста паўтарае матывы і вобразы ўступнай часткі паэмы «Леснікова пасада», а і па-коласаўску ўзнёсла, квяціста і сакавіта перадае хараство беларускага краявіду.
Беларускі пейзаж вылучаецца акварэльнасцю, празрыстасцю, мяккасцю фарбаў, яму не ўласціва бязмежнасць прасторы, рэзкая акрэсленасць ліній. У жывапісе тыповы характар адлюстравання нацыянальнай прыроды, як і яе своеасаблівасць, добра выявіў яшчэ В. Бялыніцкі-Біруля. Ён, кажучы словамі У. Стальмашонка, «сфармуляваў беларускі пейзаж. І каларыт яго палотнаў і кампазіцыя народжаны вось гэтай мяккасцю, сціпласцю, і, больш таго, дабратой, якая ўласціва не толькі беларускай прыродзе, але і беларускаму народу»48. У нашай паэзіі нацыянальны пейзаж асабліва ярка сфармуляваў Я. Колас, але не толькі гэты выдатны пясняр роднай прыроды.
Успрыманне прыроды ў Я. Коласа вельмі лірычнае, пазначанае адкрытасцю і шчырасцю пачуццяў, мяккасцю і пластычнасцю. Яго пейзажы ўнутрана згарманізаваныя, меладычныя, з тонкімі колераспалучэннямі, у абсалютнай большасці яны без кантрастнага разменьвання перспектывы. І гэта выяўляецца ў адухоўленай разгорнутасці прасторы, чуйнай перадачы святла роднай зямлі, пяшчотным любаванні полем, лугам, узгоркамі, небам, дзе «светлыя хмаркі... ціха па небе плывуць» («Хмаркі»). Коласаўскае адлюстраванне прыроды выклікае пэўнае падабенства да творчай манеры В. Бялыніцкага-Бірулі, але яно не такое тыпалагічна блізкае, як паміж пейзажным жывапісам Я. Коласа і В. Цвіркі. Для гэтых абодвух творцаў, акрамя лірызму, рытмічнай мяккасці малюнка, характэрна эпічная шырыня светабачання, якая тонка, пластычна знітоўвае вобразы і прадметы ў прасторы, надае ім цэласна-абагульненае гучанне. Пераклікаецца пейзажны жывапіс гэтых аўтараў і ў тым плане, што ён пазначаны каларыстычнай раскаванасцю і экспрэсіяй мазка. Пейзажныя карціны В. Цвіркі «Мая Радзіма», «Беларускі пейзаж», «Родны край», «Беларускі матыў» сваёй эпічнай панарамнасцю адлюстравання ландшафту прыкметна нагадваюць такія прыродаапісанні Я. Коласа, як «Родныя вобразы», «На прастор!», «Журба палёў» і некаторыя іншыя. Прастор і дарога, якая зваблівае ў невядомае, — характэрныя вобразныя прыкметы пейзажаў абодвух мастакоў. Верш «Высокі бераг» перагукаецца з палатном В. Цвіркі «Нёман»: тут адчуваецца шырыня і прытульнасць, сцішанасць, нават нейкая спакойная мудрасць беларускага пейзажу. Гледзячы на карціну «Побліз Беразянкі», узнікае ўнутраная паралель з коласаўскім малюнкам прыроды:
У пейзажах Я. Коласа і В. Цвіркі ўражвае першароднасць адчування свету, лёгкасць ліній, шчодрасць і буйства фарбаў.
Пейзажны жывапіс В. Цвіркі, на нашу думку, таксама блізкароднасны з малюнкамі прыроды Л. Геніюш. Падобны найперш сваім беларускім ладам, які вызначаецца лірычным адчуваннем прыроды, цеплынёй позірку, любоўным абжываннем прасторы, эмацыянальным каларытам. Пейзаж Л. Геніюш «Малюе восень» адчувальна нагадвае карціну В. Цвіркі «Восень», а другі паэтычны малюнак «Залаціста ўсміхаюцца далі» І сваім кампазіцыйным строем, і святлаколеравым гучаннем блізкі да пейзажу мастака «Волата восені». Так, у згаданых апошніх дзвюх выявах прыроды вылучаецца жоўта-залаты колер небасхілу, і гэты фон надае творам асаблівае каларыстычнае напаўненне. На палатае «Золата восені» карычневыя фарбы палёў дыхаюць сумам, яны спалучаюцца з вохрыстымі ўзгоркамі, пачырванелымі верхавінамі дрэў. З верша Л. Геніюш прырода таксама паўстае ў момант дагарання восеньскай красы, у тонкай лучнасці розных колераў, мяккай прыглушанасці іх гучання ў заключнай страфе:
Як падаецца, пейзажы Н. Арсенневай найбольш тыпалагічна падобныя менавіта да жывапісных палотнаў В. Бялыніцкага-Бірулі. І па сваім гучанні, і па манеры пісьма Н. Арсеннева гэтак, як і знакаміты мастак-пейзажыст, малюе прыроду з пачуццёвым лірызмам, чысцінёй і празрыстасцю колеравай гамы, пластыкай ліній і пераходаў. На пярэднім плане карціны В. Бялыніцкага-Бірулі «Вясенні дзень» — бярозкі, сагрэтыя цеплынёй вясновага дня, далей, за ракой, светла-карычневыя ўзгоркі, якія там-сям з лапінамі снегу, зліваюцца з пасвятлелым лесам і блакітам неба. Жывапісная мова вершаў «Ішла вясна», «Яшчэ адна вясна» таксама ў мяккасці контураў, акварэльнай размаітасці. Творы Н. Арсенневай «Вясна», «Красавік» і В. Бялыніцкага-Бірулі «Ранняя вясна», «Блакітнай вясной» вызначае празрыста-блакітная гама колераў, тут «надзяць сіняй нябесныя далі», «водар салодкі вясны», гучыць вытанчаная музыка колеру. Празрысты блакіт, сінеча так моцна вабяць, запалоньваюць вока і сэрца, што нараджаецца адчуванне чароўнасці красы, бясконцай чысціні і гармоніі свету: «Неба сіняе, сіняе, сіняе... / ані межаў у ім, ані дна» («Красавік»). Падпаўшы пад уздзеянне магіі блакіту, не заўважаеш, як адбываецца міжвольнае растварэнне ў краявідах.
Пейзажны эцюд В. Бялыніцкага-Бірулі «Першынцы вясны» выклікае найперш аналогію з вершам Н. Арсенневай «Пралескі». Кветкі ў выяўленні абодвух мастакоў — нібы часцінкі блакітна-сіняга неба, яны, праступаючы праз шэрань зямлі, лагодзяць вока, нясуць прадчуванне блізкага і светлага абнаўлення прыроды. Супастаўляючы гэтыя два пейзажныя малюнкі, нельга не адчуць іх лірычна-камернае гучанне, трапяткую роздумнасць:
Пейзажы Н. Арсенневай і В. Бялыніцкага-Бірулі напісаны пяшчотнымі, мяккімі фарбамі, з пранізлівасцю лірычнага пачуцця.
Восеньскія выявы А. Грачанікава і жывапісца А. Гугеля блізкія сваім нацыянальна-эстэтычным бачаннем і адлюстраваннем прыроды. Можна параўнаць пейзажны верш «Верасень» і карціну мастака «Асенні матыў», напісаныя, дарэчы, прыкладна ў адзін час, на пачатку 70-х гг. У абодвух творах жывапісна-выяўленчая манера падобная: тут пейзажны свет паўстае ў чысціні і лагоднасці фарбаў, напоўнены ціхім лірызмам, нейкай светлай і шчымлівай одумнасцю.
Жывапісанне словам прыроды шматаблічнае, а пейзажная палітра — шматколерная. Сама прырода дае багаты выбар фарбаў і колераў, пра што, дарэчы, добра гаворыцца ў вершы М. Рудкоўскага «Фарбы Беларусі». Кожны з творцаў выбірае і выпрацоўвае ўласную манеру пейзажнага пісьма, адметны прынцып арганізацыі прасторы, абмалёўкі і раскрыцця вобраза прыроды.
Пейзажы Р. Бараду ліна — гэта маляўнічы, густы жывапіс словам. Фарба падуладная яму нібы чараўніку. Жывапісная вобразнасць, квяцісты метафарычны стыль — сутнасная рыса яго пейзажных вершаў:
Р. Барадулін малюе з раскаванай лёгкасцю, грацыёзна, адухоўлена. Яго пейзажны жывапіс сваёй сакавітай вобразнасцю, яркай і разнастайнай каларыстыкай нагадвае палотны П. Масленікава — мастака незвычайна жывапіснага, багатага на фарбы, іх пералівы.
Тая акалічнасць, што акварэль з'яўляецца адным з любімых відаў замалёвак прыроды ў беларускай паэзіі, выглядае даволі заканамернай з'явай. Стыль, падобных пейзажаў — лёгкі, празрысты, пластычны. У вершы «Лета. Акварэль» Я. Сіпакова лінія радка перарывістая, але рытм пры гэтым плаўны. Тэмбравая афарбоўка ўяўляе шматразовы паўтор у словах гукаў «с» і «з», а потым у заключных радках адбываецца пераход да гукапісу на «л». Паэт такім вось чынам перадае стан перасохлага паветра, яго нейкай трывожнай звінячасці, і таму ўзнікае адчуванне, што спёка высмоктвае жыццёвыя сілы прыроды. Свет, агорнуты мляўкасцю і стомай, нібы просіць ценю, лагоды і спагады.
Ю. Голуб стварыў шэраг яркіх графічных малюнкаў прыроды. Ён, паказваючы прыроду, любіць яснасць, лёгкасць ліній, лаканічнасць штрыхоў. «Замалёўка ліўня», «Замалёўка двара» і іншыя эцюды — гэта гравюры, якія характарызуюцца выразнасцю малюнка, цвёрдасцю контураў, вобразнай дынамікай: «Акораны пень на двары. Дрывотня. Сякера. Калода. І трэсак халодных дары, Як скрылікі ломкага лёду» («Замалёўка двара»). Графічныя выявы, уласцівыя гэтаму паэту, тым не менш не такія распаўсюджаныя ў паэзіі, як акварэль ці жывапісны эцюд.
Лірычнай пяшчотнасцю, мяккасцю фарбаў прасякнуты малюнкі прыроды Э. Акуліна. Ён, увогуле кажучы, ужо даволі сталы майстар невялічкіх пейзажных вершаў — акварэляў, эцюдаў, эскізаў. Маляўнічая пластыка слоўных фарбаў выяўляецца ў замалёўках «Акварэль», «Асенні рытурнель», «Восень», «Навальніца», «Шкельцы ў вітраж», «Чэрвень», «Асенні эцюд» і інш. Прычым форма верша, скажам, як у таўтаграме «Слёзы сліваў», становіцца яркім, запамінальным выяўленнем жывапіснасці слова:
У дванаццаці радках гэтага верша кожнае слова пачынаецца з адной і той жа літары «с». Чытаючы твор, міжволі запалоньвае прыціхласць, сцішанасць свету, адчуваеш згасанне жывых фарбаў, самотны спеў-трымценне чалавечай душы. Магчыма, нехта, як і рэцэнзент кнігі Э. Акуліна «Крыло анёла» (1995) Ф. Яфімаў49, успрымае падобную вершатворчасць як эксперыментальную, нават вучнёўскую, але відавочна і іншае: творы паэта як бы вяртаюць да эстэтычных пошукаў М. Багдановіча, сцвярджаюць думку, што форма — гэта не проста прыгожы эфект, а мастацка-выяўленчая самакаштоўнасць паэзіі, зарука яе абнаўлення і развіцця. Прыгожая форма, эстэтыка слова — той унутраны покліч душы, які нараджаецца ў процівагу будзённаму, традыцыйна-звыкламу, нараджаецца гэтак, як у паныла-шэра-аднастайных забудовах мікрараёнаў з'яўляецца нязвычная кветка-цуд архітэктуры. Пейзажы Э. Акуліна ззяюць гранямі-словамі, адмысловымі фарбамі.
Часам прыёмы і прынцыпы жывапісу свядома і грунтоўна накладваюцца на адлюстраванне прыроды ў сучаснай паэзіі, і гэта ўзаемадзеянне дае жыватворны эфект. Тут, ў першую чаргу, мы маем на ўвазе пейзажную творчасць А. Глобуса, які прадэманстраваў яркі жывапіс словам. Паэт — па адукацыі мастак, і ў яго прыродаапісаннях выяўляецца талент малявання фарбамі, святлом і ценем: «На шэра-жоўтым сухім асфальце Ляжыць мой сіні вільготны цень»; «У цень залятае лісце, Гарыць блакітна-зялёным агнём...» («Цень»). Крытык Т. Чабан дакладна заўважыла, што «яго першы водгук на любы душэўны зрух, уражлівую падзею ці з'яву — намаляваць»50. Пейзажныя замалёўкі і эцюды А. Глобуса напісаны экспрэсіўнымі фарбамі, выяўляюць колер і святло ў нюансіроўцы адценняў. Амаль кожная лінія ў яго вывераная ў прасторы. Рух пэндзля паэта-мастака пакідае лапідарныя штрыхі, мазок яго — тэмпераментны, рытмічны. Палітра пейзажных твораў А. Глобуса ў яркім колерарадзе, ён любіць пісаць словы праз злучок, асабліва эпітэты, тым самым надаючы ім большую жывапісную выразнасць: «Блакітна-попельныя хмары...», «Таполі пад зялёна-шэрым снегам...», «Чырвона-шэрыя палі...», «А жоўта-белае святло...» і інш. Па сутнасці, ён, як і калісьці славуты Ван Гог, даводзіць, што «ўсё нараджаецца і ўзнікае з колеру, са спалучэнняў колераў»51. Малюнкі прыроды А. Глобуса «Восеньская актава», «Змены», «Лес», «Восень», «Холад» і інш. захоўваюць амаль фізічнае адчуванне і ўспрыманне фарбаў, яны запамінаюцца градацыяй колераў, яркасцю дэталяў. Жывапісанне паэта прыкметна пазначана імпрэсіяністычнай манерай, якая выяўляецца ў суб'ектыўнасці адчування, дынамізме колеру:
У сваіх эцюдах «Дынаміка», «Рух», «Холад» паэт здолеў перадаць рух, зменлівасць у прыродзе. Яго мастацкі позірк па-сучаснаму асацыятыўны, свежы, схільны да неардынарнай мастацка-вобразнай выяўленчасці: «Вецер, выняньчаны шпакоўняй, На крыле рэактыўных завей Далятаў да сцюдзёнай поўні І вяртаўся да цёплых дзвярэй» («Дынаміка»). Стыль прыродаапісальных замалёвак А. Глобуса нечым нагадвае жывапісную манеру М. Стральцова (вершы «Жаўтацвет», «Скончылася лета» і інш.), але ў цэлым гэта даволі своеасаблівая з'ява ў беларускай пейзажнай творчасці.
Такім чынам, мы пераканаліся, што паміж паэтычным апісаннем прыроды і яе адлюстраваннем у жывапісе існуе роднасная ўзаемасувязь, назіраецца даволі глыбокае ўзаемапранікненне. Карціна, намаляваная мастаком, і пейзаж, створаны паэтам, прыкметна збліжаюцца тады, калі маюць агульную танальнасць, падобны характар вобразатворчасці, колеру, каларыту, сугучныя моманты ва ўспрыманні і выяўленні прасторы. Пейзажны жывапіс дапамагае паэзіі больш тонка адчуць яе выяўленчыя патэнцыі, скіроўвае да ўзбагачэння эстэтычных форм, паэтыкі, усёй сістэмы мастацка-вобразнага мыслення. Прыгожая вобразнасць, маляўнічасць фарбаў у паэтычных пейзажах — гэта ў значнай ступені і рэалізацыя жывапісных магчымасцяў беларускага паэтычнага слова. Сутнасць і своеасаблівасць нацыянальнага мастацтва пейзажу, як і наогул пейзажнага свету беларусаў, ярчэй бачыцца праз сінтэз паэзіі і жывапісу. Пейзаж у паэзіі і пейзаж беларускіх мастакоў — гэта адзіны мастацка-эстэтычны кантэкст; бо і ў першым, і ў другім выпадку гаворка ідзе пра жывапісна-паэтычны лад выяўлення духоўнага свету чалавека.
Пейзаж у паэзіі і музыцы
Яшчэ ў антычнасці было заўважана, што паміж паэзіяй і музыкай існуе ўнутраная повязь. Наогул, у старажытнай Грэцыі панаваў культ гэтых відаў мастацтва. Піфагор (VI ст. да н.э.) і Арыстоцель (384-322 гг. да н.э.) заўважылі, што мелодыя і паэзія глыбока ўплываюць на чалавека, яго настрой і пачуцці. І невыпадкова вершаваныя творы ўжо тады пачалі выконвацца пад акампанемент музычных інструментаў, бо сугучча паэтычнага слова і музыкі нараджае дзівосную прыгажосць, непаўторны цуд. Гэты сінтэтызм, трэба зазначыць, ярка выяўляецца і ў пейзажных творах, пакладзеных на музыку.
Музыка, аднак, вызначае і сутнасць самой паэтычнай мовы, верша як рытміка-інтанацыйнага малюнка. Музыкальную сутнасць паэзіі глыбока раскрылі такія знаўцы вершаванага мастацтва, як Б. Эйхенбаўм, Б. Тамашэўскі, В. Жырмунскі, Л. Цімафееў, нашы беларускія даследчыкі І. Ралько, М. Грынчык, В. Рагойша. Мы спашлёмся на аўтарытэт Ю. Тынянава, які, пішучы пра адрозненне паэзіі і прозы, слушна заўважыў, што «значэнне слоў мадыфікуецца ў паэзіі гучаннем»52. Рэч у тым, што вядучай эстэтычнай рысай пейзажнай паэзіі таксама з'яўляецца музычна-інтанацыйнае гучанне слова, фразы, радка, якое залежыць ад настроенасці эмоцыі, гукапісу, дынамікі рытму, метрычнай будовы верша. Лірычнае пачуццё прыроды найперш звязана з выяўленнем унутраных імпульсаў, эстэтыка-эмацыянальных уражанняў, а «лірычная самааб'ектывацыя — гэта апантанасць духам музыкі, насычанасць і прасякнутасць ім»53. Адметнасцю шматлікіх пейзажаў у беларускай паэзіі якраз і з'яўляецца іх музыкальная меладычнасць.
Зрэшты, сама прырода паўсюль і наскрозь пранізана гучаннем музыкі — і гэта выяўляецца ў вясновым капяжы, стуку дажджавых кропель, гуле завеі, пошуме дрэў, звоне ручая, птушыным выраі... Я. Купала, адзін з самых музыкальных беларускіх паэтаў, у вершы «Мая навука» прызнаецца, што яго «настаўнікам быў беларускі абшар». Вобразы родных краявідаў дапамагалі паэту складаць «рытму мастацкія звівы», «гармонію ўводзілі ў песельным складу», «песню квяцілі ўзорам прыгожым», ад іх «музычнае водгулле ў песню лілося». Беларускі пейзаж нібы ўвасабляе адзінства прыгажосці і музыкі, здзіўляе і захапляе сваёй поліфаніяй гукаў.
Улавіць і перадаць музыку прыроды здольны толькі паэт, які валодае тонкім, чуйным слыхам. Для яго гук — рух душы, тая ўспрымальная матэрыя, дзякуючы якой ствараецца пэўнае інтанацыйна-семантычнае біяполе верша. Гук усёпранікальны, ім «адклікаецца на з'явы свету ўнутраная сутнасць быцця, і прыходзячы да нас, у нас уліваючыся, гэты гук, гэты водгук цячэ менавіта як унутраны. Чуючы гук, мы не з нагоды яго, не пра яго думаем, але якраз яго, ім мыслім: гэты ўнутраны водгалас быцця і ў нашай істоце ёсць унутраны»54. Гукавыя фарбы і рытмічная сугучнасць слоў, складаючы музыкальную аснову пісьма, прыдаюць паэтычным карцінам і малюнкам прыроды незвычайную мастацкую сілу выразнасці і выяўленчасці, а таксама эстэтычна ўздзейнічаюць на чалавека. Якраз у гэтым сэнсе і варта больш пільна прыгледзецца да музыкальнай сутнасці пейзажнага жывапісу ў беларускай паэзіі.
Музыка слова — вызначальная стыхія ў прыродаапісаннях Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, З. Бядулі, К. Буйло, А. Гурло, А. Зязюлі, Я. Пушчы, У. Дубоўкі, М. Хведаровіча, Т. Кляшторнага, А. Звонака, А. Куляшова, Н. Арсенневай, М. Танка, П. Броўкі і іншых беларускіх паэтаў. Пра што гэта сведчыць? Музыкальны пачатак ў пейзажнай лірыцы, як здаецца, найперш з'яўляецца сведчаннем і выяўленнем песеннай душы беларуса, адухоўленай сутнасці навакольнай прыроды, глыбіні яе эстэтычнага адчування. Традыцыя ж музыкальна-меладычнага апісання прыроды бярэ свой выток у рэчышчы народнага музычна-песеннага мастацтва (згадайма вяснянкі, жніўныя і восеньскія песні).
Музыка ў пейзажах Я. Купалы — чыстая і ўзвышаная, напоўненая ўнутраным рухам думкі і пачуцця, які скіраваны да нечага ідэальнага, дасканалага або чароўна-загадкавага, таямнічага. Яго музычнае ўвасабленне прыроды нагадвае светаадчуванне і светаадлюстраванне А. Блока, для якога «дух ёсць музыка»55. І ў Я. Купалы, і ў рускага паэта апісанне прыроды — «гэта не плынь словаўтварэнняў, а працэс музыкальнага гучання», «прарастання жыцця ў рытме і ў інтанацыі меласу»56. У абодвух мастакоў слова пейзажныя выявы нярэдка нясуць і драматычныя ноты, сімвалічныя гукавыя вобразы. Я. Купала імкнецца праз «музыку душы», сэнсавую падсветку стварыць пейзаж глыбокага лірыка-абагульненага гучання. У сваіх летніх замалёўках ён, выяўляючы праніклівае эстэтыка-эмацыянальнае бачанне прыроды, паядноўвае музыку краявідаў і «гукавыя хвалі» (выраз А. Блока) унутранага пачуцця, псіхалагічнага перажывання: «Так для света грае лета Песню спеўную быцця... Чаму ж мне ў ім стала мала І пацехі і жыцця?..» («Летам»). У летніх прыродаапісаннях апошнія акорды гучаць з узрушанасцю клічнай інтанацыі або з драматычным адценнем, элегічнасцю. І ўсё ж непасрэдна сама музыка летняй прыроды раскрываецца ў лёгкай, паўнагучнай і выразнай рытмамелодыцы радка, яго песеннасці. Так, згаданы верш «Летам», як заўважыла Т. Шамякіна, «поўны руху, звону, святла»57. Гэта выдатна адчуў у Капалавым пейзажы кампазітар М. Аладаў. Ён стварыў на словы паэта раманс «Лета», у якім праз пранікнёнае фартэпіяннае суправаджэнне перададзены галасы прыроды, створаны кантрастныя вобразы святла і смутку. Мелодыка раманса тонка спалучае ўзнёслую экспрэсіўнасць гукаў і медытатыўны план пачуцця. Слова і музыка гарманічна зліваюцца і ў іншых камерна-вакальных творах, напісаных на аснове пейзажаў Я. Купалы: «Летняя раса» і «Зімой у лесе» (муз. М. Мацісона), «Зімой у лесе» (муз. У. Тэраўскага), «З гальных ліп і бяроз» (муз. М. Аладава), «Летам» і «Восень» (муз. А. Туранкова), «Явар і каліна» (муз. Ю. Семянякі).
Музыка пейзажаў Я. Коласа — апісальна-жывапісная, гукавобразная, пластычная. Галоўнае ў творчай манеры паэта — гукавыяўленчасць, якая характарызуецца выкарыстаннем такіх сродкаў мастацкай выразнасці, як асанансы, анафары, алітэрацыі. Сапраўды, «найбольш услухоўваўся паэт у прыроду «вухам»58. Асновай музыкі ў яго творах становяцца прыродныя стыхіі: гром, навальніца, вецер, завея, бура... Наогул, прырода ў Я. Коласа паўсюль выпраменьвае «жыватворчы дух» музыкі, яна шуміць і звініць, гаворыць і спявае. Згадаем тут хаця б звонка-пералівістую мелодыю ручая ў вершах «Ручэй» і «Песні вясны».
Партытура кожнага з такіх пейзажных твораў, як «Вясна» («Вясна, вясна жаданая!..»), «Мяцеліца», «Першы гром», «На полі вясною», «Гусі», «Адлёт жураўлёў», «Пад шум ветру», «Лес», «Да вясны», «Зіма» і інш., вызначаецца тонкай інтанацыйна-фанічнай спалучанасцю слоў, плаўнасцю рытму, гібкасцю ліній. Я. Колас — майстар стварэння яркіх гукавых комплексаў, іншых каларытных музычна-выяўленчых сродкаў: «Громам узрушана грозная раць» («Будзе навальніца»). Паэт, нібы чалавек-аркестр, здолеў увабраць у сябе ўсю поліфанію гукаў, і выконвае ён музыку прыроды з глыбокай духоўнай прачутасцю, эмацыянальнай страснасцю і віртуозна. Паэтыка гуку, будова рытмічнага малюнка ў Я. Коласа характарызуецца незвычайнай выразнасцю, прасторавай разгарнутасцю і мяккасцю, як сама беларуская прырода. У яго творах, кажучы словамі І. Ралько з даследавання «Верш і мова», «кожная фанема (гук) атрымлівае найбольшую магчымасць чысціні свайго гучання, чысціні, якая не зацямняецца пабочнымі шумамі, і ад таго кожны гук у слове ці рытмарадзе атрымлівае тыя празрыстасць і чысціню, якія з найбольшым эфектам і сілай могуць уплываць на стварэнне ў рытмарадзе эстэтыка-пачуццёвай прыгажосці кожнага гука, а значыць, і вершаванага радка ў цэлым...» 59. Усю прыгажосць музычнасці, маляўнічай гукапіснасці коласаўскіх пейзажаў пранікліва і па-свойму адметна раскрылі такія беларускія кампазітары, як М. Чуркін, М. Разанскі, А. Багатыроў, Л. Абеліёвіч, У. Алоўнікаў, Ю. Семяняка, І. Лучанок і некаторыя іншыя. Так, у оперы А. Багатырова «У пушчах Палесся» на аснове пейзажнага верша паэта «На полі вясною» створана яркая карціна прыроды (арыя Кузьміча), вядомая таксама як песня «Люблю я прыволле шырокіх палёў». Хараство пейзажнага ўлоння апяваецца ўзнёсла і задушэўна. Мелодыка тут вызначаецца свабодным і шырока спеўным, нават эпічным характарам гучання.
Пейзажны малюнак «Лес» У. Алоўнікава гэтак, як і аднайменны верш Я. Коласа, заснаваны на гука- і рытма- перайманні шэпту-шуму лесу. Фартэпіяннае суправаджэнне пранікліва выяўляе інтанацыйна-фанічную змястоўнасць тэксту, у спалучэнні з вакальнай партыяй характарызуецца павольнасцю, размеранасцю гучання. У мелодыцы і тэксце звяртае ўвагу інструментоўка, выразная і адметная тэмбравая афарбоўка — паўторы ў музыцы гукавых лейтматываў, а ў тэксце алітэрацыя на гук «ш», дакладней, фанічнае спалучэнне ша», «шу», «шы», «ша»: «Глуха шэпча лес зялёны, І шуміць ён і шуміць...». Песеннае гучанне набыў і пейзажны верш Я. Коласа «Зіма» («Надышлі марозы...»). У музычнай інтэрпрэтацыі гэтага пейзажу І. Лучанком тонка выяўлена суразмернасць і ўнутраная ладнасць радка, у пэўнай ступені перададзена яго рытмічная манатоннасць, што стварае ўражанне зімовага спакою, цішыні і нібы загіпнатызоўвае слухача. І ў той жа час музыка напоўнена адчуваннем дзівоснасці зімовага прастору, незвычайнага святла і ззяння белага снегу.
Шматгалосая музыка гучыць у прыродаапісаннях «Новай зямлі», якую, акрамя іншага, можна назваць беларускай пейзажнай сімфоніяй. А кожная карціна прыроды, узятая паасобку — гэта своеасаблівая сімфаньета: вясновая, летняя, восеньская і г.д. Я. Колас тут надзвычай моцна і гарманічна паяднаў мову музыкі і жывапісу, па сутнасці яго паэтычны стыль — гэта музыкальны жывапіс. Музыкальна-каляровая вобразнасць, тэмбрава-поліфанічны характар радка магутна і ярка раскрываецца амаль ва ўсіх пейзажах «Новай зямлі», і асабліва красамоўны прыклад таму — экспрэсіўная, дынамічная мова гукаў і фарбаў у раздзелах «Каля зямлянкі», «Дарэктар», «Таемныя гукі». Прырода з апісанняў Коласа паўстае як шматгалосы свет зыкаў, шолахаў, звону, галасоў, песень: «І дружна ў полі балбаталі Раўкі, рачулкі, і ў грамадку Яны ваду сваю злівалі...»; «У лясах, гаях дразды спявалі, Ў балотах кнігаўкі крычалі...»; «Скідае лес убор зімовы, І шум другі на лад-спеў новы Над борам цягне несканчона. І фанабэрыцца варона: «Вясна! вясна! гразь! гразь!» — спявае, Як бы вясну ўжо сустракае» і шмат інш. Мелодыка, абраная паэтам, заўсёды дакладна адпавядае пэўнай часіне года, пары сутак, стану прыроды і стварае ўражлівы эмацыянальны фон, прыдае твору музычна-песенны каларыт.
І ў той жа час музыка пейзажаў Коласа — гэта выяўленне глыбіннай сутнасці нацыянальнага паэтычнага светаадчування, гарманічнай духоўнай повязі беларускай душы з роднай прыродай. Красамоўна пра гэта гаворыць і паэма «Сымон-музыка». У яе пейзажных карцінах гучыць лірыка-драматычны сімфанізм.
У першай частцы створаны тры восеньскія пейзажы, якія прасякнуты музыкай суму, жалю, кранальных псіхалагічна-медытатыўных перажыванняў. Інтанацыйна-завостраным, кульмінацыйным момантам у другой частцы становіцца закліканне вясны (трэці раздзел), а таксама малюнак абуджэння прыроды, вясновай пары з навальніцай і громам. Далей, у трэцяй і чацвёртай частках, вельмі кантрастна, з драматычнай афарбаванасцю гучаць выявы ночы і раніцы, зімы і вясны. Гэта мова вобразных сімвалаў, фанічна-семантычнага падтэксту. Паэт з душэўнай прыўзнятасцю сцвярджае непераможнасць святла, услаўляе адраджэнскую моц прыроды і духоўнага свету асобы: «Дню складаюць гімн паляны. Хлопец чуе адраджэнне...». У фінале твора пейзажны малюнак раніцы напоўнены песняй жаўранка, гучыць як музыка «душы світання» і вечнага адраджэння.
У душы Сымона з'явы і галасы прыроды (шум лесу, спеў збожжа, крык жураўлёў і інш.) адклікаюцца глыбока эмацыянальна і нараджаюць тую жывую музыку, якая гучыць ва ўнісон з навакольным светам. Музыка — лад светаўспрымання і жыцця героя, бо пастаянна «ў ім штось грае, Нейкіх спеваў шум дзіўны, І няма ім канца-краю, Ім валодаюць яны». Яго «чуткая струна» галосіць «смутнай восені дажджом», перадае гайданне каласоў, шэпт лістоты... Свае мелодыі з асаблівай шчырасцю ён давярае лесу. Дзед Даніла адкрывае хлопцу жывую і гаваркую душу лесу. «Вось дзе музыка — паслухаць...» — кажа ён. Між тым музыка ў Сымоне — гэта і праява Боскага духу, які скіроўвае позірк і пачуццё ў прасцягі сусвету. Невыпадкова ў касмічным краявідзе ён адчувае «песню зорак», «хор зорак», «песень блескаў», «спеў музычнай цішыні», усім сэрцам імкне «ясным зоркам на спатканне», каб спасцігнуць, перадаць тых «гукаў сэнс і мову». Зорны пейзаж сваёй таямнічасцю і дзівоцтвам зачароўвае героя, нараджае ў ягонай істоце музыку нябёсаў, космасу. Зямныя і касмічныя гукі, як уражліва паказвае Я. Колас, складаюць музычную аснову прыроды і свету наогул.
Музыка і слова ў паэтычных апісаннях прыроды нярэдка ўяўляюць такі тонкі, арганічны сплаў, што іх можна называць музыкальнымі пейзажамі. Калісьці яшчэ В. Бялінскі ў артыкуле «Падзел паэзіі на роды і віды» пранікліва заўважыў, «што нават ёсць такія лірычныя творы, дзе амаль знікаюць межы, якія раздзяляюць паэзію ад музыкі»60. Паэтычныя пейзажы М. Багдановіча — надзвычай яскравы прыклад такой музыкі верша. Для паэта «паэзія і музыка былі сапраўды роднымі сёстрамі»61. Вытанчанасць вобразна-выяўленчых сродкаў і, найперш, пластыка рытму, маляўнічасць гукапісу — вось тое сутнаснае, што складае аснову пейзажнага жывапісання М. Багдановіча. Яго водгук на хараство прыроды — гэта рэакцыя чалавека абсалютнага музычнага слыху, па сутнасці музыканта, для якога гук — мова ўніверсальная і ўсёпранікальная. Нездарма М. Багдановіч узяў за эпіграф да верша «Па-над белым пухам вішняў...» словы П. Верлена: «Музыка перш за ўсё». Гэты верш — яркі ўзор імпрэсіяністычнай гукавыяўленчай пластыкі, мілагучнасці, трапяткога рытмадыхання. «Музыка прыроды — гэта музыка сэрца, таксама, як музыка сэрца — музыка прыроды, кажа Багдановіч вершам »Па-над белым пухам вішняў” 62... — так раскрывае свет выдатнага пейзажнага твора А. Лойка. Гукапачуццёвую прыгажосць вясновага пейзажу М. Багдановіча пранікліва адчуў і арыгінальна ўвасобіў сучасны кампазітар І. Палівода ў сваёй рок-оперы «Максім». Яго музыка на верш «Па-над белым пухам вішняў...» ліецца пяшчотна і распеўна, тонка выяўляе эстэтыку слова, красу пейзажнага мастацтва паэта.
Зрэшты, музыкальныя вобразы прыроды ў паэзіі М. Багдановіча прывабліваюць даўно, пра што сведчаць творы «Завіруха» Э. Тырманд, «Падвей» А. Туранкова, «Завіруха» і «Зімовы вечар» Л. Абіліёвіча, «Ноч» А. Багатырова і інш. «Падвей» А. Туранкова — музычны пейзаж, заснаваны на імклівай рытміцы, імітаванні гарэзлівага танца, што, зразумела, па-мастацку ярка перадае разгул бурлівай зімовай стыхіі — завірухі. Для «Зімовага вечара» Л. Абіліёвіча характэрна дынамічная лёгкасць, прамяніста-чыстае, пералівістае гучанне мелодыкі твора. Пейзажная замалёўка «Ноч» А. Багатырова пранізана светла-тужлівай нотай, вызначаецца ціхай размеранасцю рытму, пластыкай гукапісу. Творчасць беларускіх кампазітараў на пейзажную лірыку М. Багдановіча вельмі пераканальна гаворыць пра тое, што паэт валодаў надзвычай глыбокім музыкальным пачуццём прыроды. Дарэчы, сам ён пісаў пра славутага кампазітара М. Мусаргскага, што створаная ім «музыка... не чужая свайму славеснаму тэксту, што паміж імі ёсць тысячы знітоўваючых скрэпаў, што яны, так сказаць, духоўныя блізняты»63. У самых таленавітых музычных пейзажах на словы М. Багдановіча духоўная сувязь музыкі і слова не толькі глыбокая, але і шматгранная.
Пейзаж у паэзіі, як і ў музыцы, на што мы ўжо звярталі ўвагу, нараджаецца з музычных гукаў, рытмаў і мелодый самой прыроды, пры яе, калі можна так сказаць, непасрэдным уплыве, нават падказцы. Увасабленне гэтай музыкі абумоўлена імкненнем «раскрыць прыгажосць і духоўную сутнасць чалавека ў яго адносінах да свету» і «тое прыроднае, што ўжо пранікла ў аўтара і свядомасць мастацкага «я» музыкі і ўжо ператварылася ў сутнасныя сілы»64. Музыка прыроды і музыка слова ўтвараюць адухоўленае цэлае, гарманічны сплаў у пейзажах З. Бядулі — паэта, чыя прыродаапісальная творчасць доўгі час застаецца недаацэненай, пра што, дарэчы, мы ўжо раней адзначалі ў друку65. Музыка ў З. Бядулі — выяўленне жывой існасці прыроды, яе руху, галасоў, напеваў, шуму і г.д. «Запалонен я песняй зямлі, Загубіўся ў ёй, як пясчынка», — так прызнаецца паэт у вершы «Вясной», і гэтая глыбокая захопленасць зямным хараством, вычуваннем музычных гукаў складае дамінантную рысу яго светаўспрымання. З. Бядуля пранікліва жывапісуе гранне вясновай паводкі, музыку віхуры, мелодыі раніцы і вечара (вершы «Паводка», «Зімнік», «Снег», «Апранута ў лісцях мядзяных...», «З песень зімы» і інш.). Паэт унутрана тонка вывярае і зладжвае метрычную і інтанацыйна-фанічную будову страфы:
Падобны рух радка ў пейзажных творах можна назваць яркім гукавыяўленчым жывапісам. З. Бядуля як пейзажыст — майстар шматколернага гукавога пісьма. Даследчык І. Навуменка дакладна заўважыў у пейзажнай манеры пісьма паэта тое, што «ён клапаціўся пра пачуццёвае, гукавое, музыкальнае багацце твора...» 66. Пейзаж З. Бядулі па сваім духу імпрэсіяністычны, хоць і нясе рэалістычныя прыкметы, бо для яго характэрны пачуццёвы дынамізм, лёгкасць і прыгажосць фанічнага спалучэння слоў, музыкальнае гучанне колеру і святла: «А паводка гучна-звонная Пеніць рэчкі бурна-грайныя, Ліжа бурыя кусты. Ззяе-грае сіва-сіняя, Поле, пушчу вабіць вабамі, Сыпле пэрлам жмут у жмут...» («Паводка»). Паэт умеў уражліва перадаць хараство і непаўторнасць пэўнай з'явы ці моманту ў прыродзе, і найперш таму, што абраў музычныя сродкі адлюстравання свету.
Пейзаж у паэзіі, прасякнуты музыкальнай меладычнасцю, перагукаецца і з карцінамі прыроды, створанымі ў камерна-інструментальнай і сімфанічнай музыцы. Тут неабходна зазначыць, што пейзаж ці пейзажныя вобразы найперш знаходзяць разгорнутае ўвасабленне ў праграмных творах, якія, як вядома, напісаны для выканання на асобных інструментах альбо аркестрам на пэўную тэму ці сюжэт. Пейзаж у паэзіі і музыцы яднаюць ці збліжаюць інтанацыйныя, эмацыянальна-вобразныя рысы, прыкметы, і таму тыпалагічныя аналогіі паміж двума відамі мастацкага адлюстравання прыроды бачацца з'явай не чужароднай, а духоўна і эстэтычна блізкай.
«Поры года» (12 характарыстычных карцін) П. Чайкоўскага з'яўляюцца тым творам, слухаючы які, прыгадваюцца сезонна-каляндарныя выявы Я. Коласа, і найперш — малюнкі і вобразы з «Новай зямлі». Музычны пейзаж П. Чайкоўскага і пейзаж Я. Коласа блізкія сардэчна-пачуццёвым лірызмам, роздумнасцю, гібкасцю і плаўнасцю гукавога пісьма, багаццем у ім настраёвых адценняў. Прырода ў пейзажах гэтых выдатных майстроў гаворыць адухоўленай мовай, яна нібы самараскрываецца праз разнастайныя музыкальныя рытмы і гукі. Вясновыя карціны прыроды Чайкоўскага, як і ў Коласа, нясуць у сабе «шум рознагалосы», «думкі ціхія і мары», радасць абуджэння жыцця, якая выклікае жаданне «ўшыр разняцца»: «Узнімалісь грудзі: чулісь сілы, І Божы свет здаваўся мілы». Вобраз лета з яго сенакоснай парой і жнівом у раздзелах музычнага і паэтычнага твораў таксама збліжаюцца сваёй душэўнай прачуласцю, маляўнічай гукавыяўленчасцю, шматколернасцю, пачуццём еднасці чалавека з навакольным светам.
Прыродаапісальная нізка А. Зязюлі «Беларуская прырода», дзе паэтызуецца кожная пара года, сваім пачуццёва-вобразным гучаннем нараджае паралель з пейзажным цыклам А. Вівальдзі «Поры года», які складаецца з чатырох скрыпічных канцэртаў. У гэтых творах, прасякнутых апяваннем хараства прыроды, выяўляецца пяшчотная мяккасць інтанацый, лірычная настраёвасць, шматколернасць тэмбравай афарбоўкі. Радасная, узнёсла-экспрэсіўная мелодыя вясны ў вершах «Вясна прыйшла», «Вясне», «Веснавая полудніка», як падаецца, блізкая надзіва светламу, пералівістаму гучанню першага канцэрта «Вясна», і агульны лейтматыў гэтых карцін прыроды можна выказаць радкамі паэта: «Ой вясна мая міла — Наша моц, радасць, сіла!» («Вясне»), Музычны тэмп у абодвух цыклах то хуткі, то спакойна-павольны. І ў іншых частках пейзажных твораў прырода паказваецца ў сваёй зменлівасці, жывым руху. Яднае карціны паэта і кампазітара тое, што ў іх чароўныя гукі пастаралі зліваюцца з элегічнымі нотамі чалавечай душы, якая знаходзіцца ў нейкім невыказным тамленні. І ў А. Вівальдзі, і ў А. Зязюлі вясковае прыроднае ўлонне малюецца замілавана, з адухоўленым лірызмам.
Марынісцкія пейзажы А. Гурло «Вечны гоман», «Шторм» падобныя да карцін бурлівага, грознага мора ў сімфанічных эскізах К. Дэбюсі «Мора»:
«Я люблю бурлівасць мора», «Грозная стыхія — маё пачуццё», — прызнаваўся сам А. Гурло ў вершах «Я люблю мора» і «Думкі марака». Велічная, гулкая і раскацістая музыка перадаецца ім, дзякуючы дасягненню яркай інтанацыйна-гукавой выразнасці радка: тут першачарговую ролю адыгрываюць узмоцненыя асанансы і алітэрацыі, шматлікія дзеясловы руху: «Стогне мора і смяецца...» («Вечны гоман»).
Мелодыка пейзажнага верша А. Гурло «Мора» сугучная раскрыццю марской стыхіі ў сімфанічнай мініяцюры беларускага кампазітара Я. Дзягцярыка «Мора». Вобраз мора ў гэтых творах паўстае ў кантрастным выяўленні: то як спакойны рух хваляў, калі мора «ціха... чуць дыша, чуць б'ецца», то як бунт вадзяной стыхіі, калі мора, «узняўшыся валам, нясецца, нясецца, І белая пена блішчыць, як агонь». Слухаючы гучныя, густыя гукі трамбонаў, валторнаў, тубаў у мініяцюры Я. Дзягцярыка, прыгадваецца гукапіс пейзажу А. Гурло, які таксама перадае магутны гул-рокат мора: «Ракоча і стогне удар за ударам, І лезе на хвалю хваль новых града...».
Наогул, карціны прыроды А. Гурло наскрозь прасякнуты музыкай, якую ён ярка ўвасабляе пры дапамозе рытміка-гукавых сродкаў. Суцэльны ланцужок дзеясловаў, нават іх нагнятанне ў вершы «Віхор» (на чатыры страфы прыпадае 24 дзеясловы руху) стварае надзвычай дынамічны пейзаж, які экспрэсіўна-ярка перадае разгул прыроднай стыхіі: «Зашугаў, застагнаў, Павярнуў, скавытнуў, Ўзняў пясок і пагнаў, І дзьмухнуў, і гукнуў». А. Гурло вельмі захоплена выяўляў неспакойны стан прыроды, галасы стыхій, але не менш пранікліва маляваў жывыя гукі лесу, раскрываў праз музыку хараство вясны і восені, вечара і ночы. Пейзажная замалёўка «Вечар» асацыятыўна збліжаецца з вячэрняй карцінай прыроды Я. Глебава ў ягонай «Палескай сюіце», якой таксама ўласцівы душэўны лірызм, філасофская роздумнасць. Чароўная мелодыка верша «У зорную ноч» дасягаецца ў выніку шмат паўторнасці гукаў «з», «с», «м» і аднолькавых гукаспалучэнняў. Можна сказаць, тут валадарыць магія гуку. Пейзажы А. Гурло, у якіх першаснай асновай з'яўляецца гукавая экспрэсія, мелодыка слова, належаць да таленавітай і самабытнай старонкі беларускай пейзажнай творчасці, а іх аўтар заслугоўвае нашмат большага прызнання і высокай ацэнкі, пачэснага месца ў шэрагу самых выдатных беларускіх паэтаў-пейзажыстаў.
Музычны пейзаж — гукавыяўленчае раскрыццё пачуцця прыроды, настрою душы. Характарызуючы музыкальную сутнасць пейзажу, вядомы даследчык А. Фёдараў-Давыдаў глыбока заўважыў, што «сродкам аб'яднання пейзажу і настрою з'яўляецца лірычная музыкальнасць мовы»67. І таму лірычны пейзаж перагукаецца з музычнымі замалёўкамі прыроды, і наадварот — музычны пейзаж суадносіцца з пэўнай пейзажнай карцінай. Сімфанічная паэма У. Алоўнікава «Нарач» эмацыянальна-вобразна і настраёва вельмі сугучная пейзажнай карціне возера ў паэме М. Танка «Нарач». Гэтае падабенства выяўляецца, напрыклад, у паказе стыхіі вады, якая то ціхая, спакойная, «не зазвініць лянівай хваляй», то, калі «ходзіць вецер ашалелы», моцна хвалюецца, шпурляе хвалі. Пейзажная музычная замалёўка «Вечар на возеры Нарач» Г. Вагнера таксама роднасная прыродаапісальным радкам М. Танка: «Выплылі хмары — авечак табун / выгнаў на поле шырокае вецер / і заіграў шумам збуджаных струн / на зачараванай жалейцы» («Над Нараччу»). Дарэчы, Нарачанскі пейзаж гэтага паэта набыў, так бы мовіць, музычнае жыццё ў творах А. Багатырова і Я. Глебава. Увогуле, у беларускай паэзіі мы абавязкова сустрэнем такія прыклады і ўзоры пейзажных карцін і замалёвак, якія па сваёй настраёвасці асацыіруюцца з музычнымі пейзажамі Э. Грыга і Ф. Ліста, П. Чайкоўскага і С. Рахманінава, І. Стравінскага і Дз. Шастаковіча, нашых беларускіх кампазітараў М. Аладава, Дз. Лукаса, А. Туранкова, А. Багатырова, Дз. Смольскага, К. Цесакова, Я. Дзягцярыка, Л. Захлеўнага і інш. Апроч таго, таленавітых музычна-вакальных твораў на розныя пейзажныя тамы сёння створана сапраўды багата, і немалая роля ў гэтым належыць такім беларускім паэтам, акрамя ўжо згаданых, як Э. Агняцвет, А. Астрэйка, П. Броўка, А. Русак, А. Звонак, М. Машара, А. Вялюгін, Н. Гілевіч, А. Ставер, Г. Бураўкін, В. Жуковіч, У. Карызна і інш.
У сучаснай паэзіі музыкай навеяны многія прыродаапісальныя і пейзажна-медытатыўныя творы. І не толькі гукамі-галасамі прыроды. Гэты ўплыў таксама звязаны з класічнай музыкай славутых кампазітараў. «Я іду за музыкай Шапэна»,— чуецца прызнанне Э. Агняцвет у творы «Мелодыі Шапэна». Замалёўкі паэтэсы «Пачатак веснавой санаты», «Актава», «Скерца» вызначае музыкальна-жывапісны лад. Нават ужо самі загалоўкі твораў падкрэслена музычныя. Пейзажы Э. Агняцвет мілагучныя і вельмі лірычныя, маюць адметны характар гучання. Арыгінальна напісана «Актава», і гэтая назва тут звязана з музычнай нотнай гамай. Паэтэса імкнецца раскрыць шматгалосую сімфонію навакольнага свету, дзе «Спачатку ўторыць ціхая атава Таемным, сінім гукам верасоў», гучыць «Мелодыя нязжатых каласоў, Ляціць са звонам зорка з небасхілу», «іграе вецер на струне...». Пейзажны верш Э. Агняцвет «Ліловыя рытмы» вызначае плаўны рытмічны малюнак, звонкі алітэрацыйны гукапіс:
Э. Агняцвет для раскрыцця пэўнага стану прыроды дакладна выбірае тэмп і рытм, інтанацыю і лад выказвання.
Надзвычай музычны ў сваіх пейзажах А. Вялюгін. У яго кнізе «Заклён на скрутны вір» (1995) асабліва ярка гавораць пра гэта творы «Квітнее сон» і «Голая цішыня». Зачын верша «Квітнее сон» гукапісна перадае галасы вясны: «На згон зімы грачыны грай / і крыгі пруць наўпрост». Здаецца, сапраўды чуеш грачыны крык і бачыш імклівы крыгаход. Адразу ж у памяці ўсплывае карціна А. Саўрасава «Гракі прыляцелі», нараджаецца адухоўлена-музычнае адчуванне прыроды. Эмацыянальнай кульмінацыяй твора становіцца момант, калі абуджальны звон вясны перагукаецца з музыкай Э. Грыга:
У вясновай музыцы прыроды паэту чуецца звон вечнасці.
Паэта Я. Міклашэўскага палоніць «незвычайны вальс вясны» І. Штраўса. Прынцып гукапісання ў яго замалёўцы сапраўды вельмі музыкальны і вызначаецца свабодай рытмічнага дыхання, пластычнасцю і паўнагучнасцю радка: «Светлай раніцай прадвесня Сны ружовыя лясоў Абарваў таемнай песняй Гул вясёлых галасоў» («Вальс Штраўса «Веснавыя галасы»).
З музыкай звязаны паэтычныя асацыяцыі А. Русецкага. Сумная мелодыка слова поўніць яго верш «Шапэнаўскі шум лістоты».
Музыка — гэта рух да глыбіннага, вечнага ў чалавечай душы. Яна настройвае на споведзь, спазнанне прыгажосці і жыцця. «Ёсць музыка, а словы І самі загучаць»,— так сказала Я. Янішчыц у вершы «Лістапад. Пётр Ільіч Чайкоўскі». Твор гэты, дарэчы, гучыць на восеньскай элегічнай ноце. Музыка як увасабленне глыбокіх чалавечых перажыванняў і дачыненняў з вечнасцю паўстае з лірычна пейзажнай замалёўкі Т. Бондар «Ліст іграе... Ноч іграе Ліста...». Плынь строфаў тут перадае імпульсы, імгненні пачуццёвых адчуванняў, уяўляе сабой музыкальна-імпрэсіяністычны жывапіс: «Ліст іграе... Ноч іграе Ліста. Чую вецер. Чую плач лісця. І такая ў гэтым плачы чыстым Прага сонца, што іскрыць прасцяг». Паэтэса прыбягае да харэічнай арганізацыі рытмарада, які абумоўлівае ўзыходзяча-высокі тон гучання радка, а тканіну верша яна прыгожа аздабляе і эмацыянальна намагнічвае пры дапамозе лексічных і гукавых паўтораў.
Вельмі часта з пейзажных замалёвак вынікае трыяда «музыка — прырода — каханне». У вершы «Мелодыя» М. Рудкоўскага прыроднае ўлонне, дзе «ўсё гаманіла і славіла Сонца» і «толькі кнігаўкі дзесьці крычалі ў нясцерпным болю», суадносіцца з мелодыяй Глінкі, якая льецца «з-пад пальцаў лятучых» каханай. Паяднанасць музыкі прыроды і любоўнага пачуцця нараджае ўзвышана-рамантычны матыў кахання — кахання, якое ў сваёй пачуццёвасці прыгожае, дзівоснае, светлае: «І слухаў цябе і думаў, / што ты і сама вось-вось станеш / нязнанай мелодыяй дзіўнай...».
Гукі і галасы прыроды — надзвычай багатая эстэтычная з'ява, і гэта выдатна раскрывае як музыка, так і паэзія. У прыродзе, кажучы паводле М. Рудкоўскага, травы, дрэвы, ручаіны, птушкі «Спяваюць, як скрыпкі, як флейты, як медныя трубы / ў нябачным аркестры многагалосым» («Музыка»). Захапленне галасамі птушак — характэрная рыса многіх паэтычных малюнкаў прыроды. Вясновы верш Х. Чэрні «Шпак з дарогі прымчаў і, змораны...» паэтызуе віртуознасць такога саліста прыроды, як шпак. У яго песні чулася то нешта ад Моцарта, ад Ліста, то штосьці ад Бетховена і Глінкі — ён «трымцеў у сто дзевяць адценняў». Вельмі часта беларускія паэты ўслухоўваюцца ў спевы салаўя, звон жаўранка, плач кнігаўкі, бусліны клёкат.
Узнёсла-урачыстая музыка лесу гучыць у вершы П. Броўкі «Лясныя музыканты». Паэту чуецца цэлае сугучча галасоў, зыкаў, песень, і ён зачараваны гэтай сімфоніяй: «Паслухаеш — аж храм гудзе...». А спяваюць тут сасна і неба, рабіна і салавей, «усё як ёсць спявае».
Пейзажны свет — жывая мова гукаў, крыніца музычнай вобразнасці. Вершы П. Броўкі «Трубі, мой бор...», Н. Гілевіча «Цуд тварыўся — я праспаў...», Р. Барадуліна «Кромань», Н. Тарас «Дубы мае барвовыя...», А. Лойкі «Балада снегу», Ю. Голуба «Музыка восені», С. Панізніка «Гучанне чаратоў», У. Маруна «У высокай траве за дзядзінцам...» і многія іншыя вызначае спосаб музычнага гукавядзення, заснаваны на рытмамеладычнай арганізацыі тэксту. Кожны з паэтаў слухае прыроду і вычувае мелодыю ва ўласным унутраным свеце, і разам, супольна нараджаецца музыкальны пейзажны жывапіс.
У Р. Барадуліна вядучым, скразным з'яўляецца музычнае пачуццё прыроды. Ён у сваіх пейзажах імкнецца выявіць гукасэнс прыроднай з'явы і тое прыродна-першароднае, што тоіць у сабе дух слова: «Пушчанскае возера Кромань З крамянай, З крамнёвай вадою» («Кромань»). Музыкальна-гукавое пісьмо Р. Барадуліна гіпнатызуе сваёй грацыёзнасцю і намагнічанасцю, ствараецца ўражанне, што адчуваеш рух прыроды ў гуках. У гэтым сэнсе вельмі красамоўна гучыць назва верша Р. Барадуліна «Да партрэта Ваўчэнскага возера ў гуках». Фанетыка-фаналагічная тканіна пейзажнага малюнка вызначаецца тонкай зладжанасцю, гукавой скандэнсаванасцю, акцэнтна-рытмічнай выверанасцю слова, што раскрывае незвычайную чуйнасць паэта да прыроды:
Р. Барадулін — адзін з самых музыкальных сучасных паэтаў. Між тым сёння крытыку Г. Шупеньку чамусьці не падабаецца барадулінская віртуознасць, ён бярэ гэтае слова нават у двукоссе. Бясспрэчна, можна крытыкаваць паэта за паасобныя творы, прытым вельмі востра, але ніяк нельга пагаджацца з Г. Шупенькам, калі ён ставіць пад сумнеў тое, што Р. Барадулін — «сумленне і моц беларускага духу»68. Зрэшты, Р. Бярозкін, В. Бечык, М. Стральцоў, А. Лойка, У. Гніламёдаў, Л. Тарасюк, Л. Гарэлік і іншыя беларускія літаратуразнаўцы і крытыкі выдатна паказалі, што гэты паэт глыбока нацыянальны ў вычуванні слова, выяўленні беларускага духу. І таму дзіву даешся, што Г. Шупенька адмаўляе відавочнае. Дзесяткі пейзажаў, напоўненых шматмернай і віртуознай музыкай беларускага слова і роднай прыроды, таксама вельмі ярка сведчаць пра глыбінную нацыянальную сутнасць барадулінскага светаадчування, яго вобразнага мыслення, палкую ўлюбёнасць і сыноўнюю прыналежнасць да ўсяго радзінна-матчынага на зямлі (вершы «Паляць бульбоўнік», «Травы зялёныя правы...» і шмат інш.). А хіба ў гэтым і не заключаецца сумленне і моц беларускага духу Р. Барадуліна-паэта?
Надзвычай маляўніча-гукапісныя, меладычныя пейзажы Н. Гілевіча. Музыка снегу, хараство беларускай зімы паэт пранікнёна перадае ў замалёўках прыроды «Белыя сыплюцца долу крышталікі...», «Цуд тварыўся — я праспаў...». Апошні з названых твораў, дарэчы, хораша музычна ўвасоблены кампазітарам Э. Ханком і мае назву «Зімні эцюд». Гукапіс твораў лёгкі, светлы, мілагучны, паэт пры гэтым здолеў дасягнуць асаблівай інтымнасці гучання радка: «Моўчкі й я стаю ў цішы, І так лёгка на душы, І так светла...». Белы колер у зімовых пейзажах паэта зачароўвае сваім магічным святлом і казачнай чысцінёй.
Меладычна-песенная структура характэрна прыродаапісальным творам А. Русака. Яго пейзажы — песні душы, музыка сэрца, а гэта ўсё ідзе ад вусна-паэтычнай песеннай традыцыі. Прыроду паэт апісвае замілавана, з душэўнай прачуласцю і суаднесенасцю з перажываннямі чалавека. Невыпадкова яго пейзажы пакладзены на музыку, сталі песнямі — такія, як «Стаяць над Нёманам дубы» (муз. І. Лучайка), «Мой Нёман» (муз. Л. Смялкоўскага), «Я люблю бярозку» (муз. Ю. Семянякі) і інш. Слушна казаў пра творчую адметнасць паэта Г. Цітовіч: «Адам Русак — паэт-музыкант, таму ў яго вершах-песнях адчуваецца ўнутраная музыка: між песенных радкоў тут нябачна прысутнічаюць лініі нотнага стану, на якім уяўляюцца лад, рытм і інтанацыйныя контуры напеву»69. Паэтычныя пейзажы А. Русака, што загучалі песнямі, поўныя ўслаўлення хараства роднай прыроды, беларускага краю, яго рэк і дарог, дрэў і лясоў. Глыбокае перажыванне прыгажосці, шчырая нота настраёвасці, вобразная яснасць — вось тое галоўнае, што кранае ў замалёўках прыроды паэта.
Ціхая музыка лесу і ракі прачута, запамінальна ўвасоблена ў пейзажах Ю. Свіркі «Лес прачынаецца на досвітку...», «Рака мелодыю люляе...», «Рачная калыханка» і інш. Вычуванне музыкі для паэта — момант крэўнай паяднанасці з прыродай:
Увасабляючы пейзажныя вобразы, паэт імкнецца раскрыць шчырасць, даверлівасць, прыгажосць адносінаў да прыроды. Музыка родных краявідаў кліча да душэўнай чысціні, дабрыні, бо яна — сама гармонія і дасканаласць. Глыбока адчуваючы гэта, Ю. Свірка яшчэ пры канцы 60-х гаварыў так: «Паэзія — глыбей у музыку. Там і збавенне і прастор («Паэзія»). І тут паэт, відаць, нібы ішоў услед за А. Блокам, які лічыў, што музыка ўсяму папярэднічае, што «дайшоўшы да мяжы сваёй, паэзія, верагодна, патоне ў музыцы»70. А ў тым, што музыка была, ёсць і будзе важнейшым прынцыпам і сродкам пейзажнага жывапісання ў беларускай паэзіі, няма ніякага сумневу. Шматлікія малюнкі і карціны прыроды сучасных паэтаў (пералік імёнаў і твораў тут можа заняць нямала месца) надзвычай глыбока пераконваюць у гэтым. Музыка, інакш кажучы, вывярае і ўзвышае паэтычнае слова, бо вядзе яго ў свет красы. «Усё, што ў музыцы — у сэрцы тое ж...», «І — музыка ў любым тваім уроку, Настаўнік мой Верлен!» — так выказвае сутнаснае і запаветнае ў сваёй творчасці Л. Дранько-Майсюк. Гэты паэт вытанчанымі імпрэсіяністаічнымі мазкамі малюе восень на Нямізе і восень у Версалі, яго радок ліецца трапяткой мелодыяй і, як падаецца, ап'яняе сваім лёгкім дзівосным водарам.
Як мы пераконваемся, музыкальнасць пейзажнага пісьма ў беларускай паэзіі — стылёва-выяўленчы імператыў, жыццятворны мастацка-эстэтычны працэс.
Гарадскі пейзаж
Гарадскі ці ўрбаністычны пейзаж — спецыфічны тып мастацкага адлюстравання прасторы, сфармаваны вобразамі і рэаліямі горада. Традыцыйна беларуская паэзія апявала «край родны, край прыгожы», «мілы кут» (Я. Колас) з яго вясковымі краявідамі, прыродным улоннем: рэчкамі і лясамі, лугамі і палеткамі. І гэтая «вясковасць» паэтычнага светаадлюстравання тлумачыцца тым, што амаль усе нашы паэты — выхадцы з вёскі і іх тып вобразнага мыслення, душэўна-духоўны вопыт і менталітэт з дзяцінства складваліся ў вясковым асяроддзі, пад уздзеяннем навакольнага ландшафту, кантактавання з прыродай, роднай зямлёй. Ужо пазней, стаўшы гараджанамі, яны ў сваіх творах выяўлялі піетэт да так званай малой радзімы, вясковай прыроды, а ўрбаністычны свет іх прыцягваў менш за ўсё, бо ўспрымаўся чымсьці чужым, незразумелым, а то і варожым.
У XX ст. працэс урбанізацыі стаў вызначальным у еўрапейскай і сусветнай цывілізацыі, і таму зусім натуральна, што гарадское асяроддзе зрабілася ў многіх літаратурах прадметам актыўнага мастацка-вобразнага асваення. На пачатку гэтага стагоддзя ўрбанізм з яго эстэтызацыяй гарадскога пейзажу прыйшоў і ў беларускую паэзію.
Мастацкае «абжыванне» горада, безумоўна, звязана з адлюстраваннем вобразаў, прыкмет і дэталяў рэальна-канкрэтнай прасторы, але надзвычай істотным момантам у гэтым плане з'яўляецца раскрыццё ўрбаністычнага асяроддзя як «пейзажу душы». Гаворачы пра эстэтычнае асваенне гарадской рэчаіснасці ў паэзіі. Э. Верхарна, В. Брусава, І. Анненскага, вядомая даследчыца Л, Гінзбург піша, што ў іх горад становіцца «ландшафтам душы і яе падабенствам. Але для таго каб ушчыльную наблізіцца да чалавека, гарадскі свет павінен быў страціць свае грандыёзныя абрысы і звузіцца да асобных рэчаў»71. У дачыненні да беларускай паэзіі гэтая думка таксама бачыцца слушнай, бо азначае наступнае: з прасторы-абстракцыі ўрбаністычны пейзаж павінен быў ператварыцца ў адухоўленую з'яву, набыць канкрэтна-эмацыянальны характар вобразнасці.
Упершыню аб'ектам мастацкага адлюстравання горад стаў у творчасці М. Багдановіча. У эпіграф да сваёй нізкі «Места» ён вынес радкі з верша В. Брусава «Городу»: «Ты — чарователь неустанный, Ты — неелабеющий магнит». Менавіта пад творчым уплывам гэтага рускага паэта, а таксама французскіх паэтаў-парнасцаў М. Багдановіч зрабіўся ў нашай літаратуры адкрывальнікам урбаністычнага пейзажу, песняром беларускага горада. «Багдановіч,— як слушна адзначае ў артыкуле «Асфальт і слёзы» С. Кавалёў,— акрэсліў той новы вобразна-лексічны рад, без якога ўжо немагчыма абысціся яго наступнікам: вулка, каменне, ліхтарні, цыферблат гадзінніка на вежы, вітрыны, рэкламы, бульвар, асфальт, натоўп, тэлеграф, газеты, агні вакзала, паравоз, семафор і іншыя «горада чароўныя прынады»72. Безумоўна, такія ўрбаністычныя пейзажы, як «Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць!..», «У Вільні», «За дахамі места памеркла нябёс пазалота...», намаляваны паэтам разгорнута, яны візуальна ўспрымальныя ў сваёй канкрэтыцы, перадаюць непасрэднасць эмацыянальных уражанняў.
Наведаўшы Вільню ў 1911 г., М. Багдановіч быў зачараваны воблікам гэтага старадаўняга горада, духам мінуўшчыны, які там панаваў. Таму пейзажныя малюнкі, створаныя мастаком слова, нясуць у сабе моцны зарад паэтызацыі. Успрыманне горада пачынаецца з вычування і раскрыцця яго музыкі, рытму, форм руху. «Грук, гоман, гул» выклікаюць у паэта эмацыянальнае ўзрушэнне, а сярод «старасвецкіх будынкаў» ён трапляе ў нейкую магічную абладу цішыні вякоў. Сапраўды ўзвышаны і прывабны «партрэт» Вільні М. Багдановіч стварае праз рамантычна-захопленае сузіранне архітэктуры старога горада, якая нагадвае пра «даўнейшыя дні»: «Ціша тут. Маўчаліва усталі і сняць Ў небе купалы, брамы, байніцы і шпіцы...» («Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць!..»). Паэт узнаўляе гісторыка-культурны вобраз беларускага горада.
Між тым з яго твораў «места» паўстае ў шматстайнасці ракурсаў адлюстравання. «У Вільні» — даволі шырокая карціна, дзе ўражліва фіксуюцца «горада чароўныя прынады» і свет яго жыцця раскрываецца ў дынаміцы, шпаркасці рытму. Вячэрні пейзаж асабліва запалоньвае жывапіснай паўнакроўнасцю дэталяў:
У гэтым творы чуецца выразная настраёвая музыка, выказана рамантычна-светлае і шчымлівае пачуццё. Свет іншай лірычна-пейзажнай замалёўкі драматызаваны: «Ды хто ж пачуе, як спявае, Як стогне тэлеграфны стоўп?» («На глухіх вулках — ноч глухая...»). Тут у тыпалагічных адносінах згадваюцца ўрбаністычныя вершы В. Брусава «Вечаровая песня» і «На вячэрнім асфальце», у якіх гэтак жа «Чуткое сердце трепещет Трепетом тонкой струны»73. Гарадскі пейзаж у М. Багдановіча становіцца арганічным сродкам эмацыянальна-псіхалагічнага самавыяўлення, унутранага светапазнання. Увогуле, тагачасны горад для яго лірычнага героя — натуральная сфера бытавання, блізкі, зразумелы свет.
Зусім адрознай па сваёй мастацкай напоўненасці паўстае зімовая замалёўка «Завіруха», дзе вызначальным робіцца насычана-дынамічны, экспрэсіўны стыль пісьма. Прыродная стыхія намалявана ў вобразе міфічнага Падвея, ад якога «на вулках вее дзікі хмель». Нават у невялікіх пейзажных фрагментах паэт умее з назіральнай абвостранасцю перадаць свае ўражанні, стварыць тыпова-адметны, эстэтычна абагульнены вобраз: «Ад спёкі пышуць да xi і асфальт, На вулцы ўецца пыл, і грукаціце фурманка» («Ад спёкі пышуць дахі і асфальт...»).
Як мы пераконваемся, «верш аб месце» М. Багдановіча фармаваў якасна новы кірунак і лад светаадлюстравання. Урбаністычны пейзаж у яго творчасці набыў паўнаважкі эстэтычны статус, зрабіўся спосабам і сродкам глыбокага вобразна-паэтычнага мыслення.
Краявіды і відарысы Вільні адыгралі вызначальную ролю ў станаўленні пейзажнай паэзіі на таму горада. Гэтае «места» буйным планам паказаў у «Новай зямлі» Я. Колас. Трэба зазначыць, што падобнай маштабнай разгорнутасці і вобразна-жывапіснай дэталізацыі ў адлюстраванні горада і яго краявідаў беларуская паэзія яшчэ не ведала. Урбаністычная карціна Я. Коласа рэалістычна, нават жывапісна-манументальна зафіксавала воблік Вільні:
Ужо гэтыя пейзажныя фрагменты коласаўскага палатна раскрываюць незвычайную веліч і «слаўны від» горада. Дзядзька Антось, герой паэмы, заварожаны вежамі і касцёламі, Замкавай гарой, не можа стрымаць захапляльна-радасных воклічаў. Аднак паэтызацыі хараства Вільні папярэднічае раскрыццё сацыяльных кантрастаў і нават непрыняцце селянінам гарадской рэчаіснасці: «Такое пекла — шум страшэнны, Застой паветра і дух дрэнны...». Урэшце, пейзажны позірк і душа аўтара імкнуць за горад, далей ад «траскучых вуліц, перавулкаў», туды, дзе чуюцца «дарагія сэрцу спевы... палёў, лясоў, лугоў багатых...». Урбаністычны пейзаж, такім чынам, супрацьпастаўляецца прыроднаму ўлонню, з якім знітаваны жыццё і пачуцці вяскоўца. Заслуга Я. Коласа-мастака бачыцца ў тым, што ён пайшоў далей сацыяльна-побытавага адлюстравання і надаў сваёй выяве горада эстэтыка-пачуццёвае вымярэнне, па сутнасці стварыў яркую пейзажную карціну-панараму.
Вобраз Вільні знайшоў адбітак у творах З. Бядулі і У. Жылкі. Абодва паэты імкнуцца выявіць характэрнасць і адметнасць гэтага горада, прыбягаюць да лінейна-графічнай фіксацыі вобразаў і рэалій: «Арнаменты вуліц. Скрыжалі касцёлаў, царквоў, Сінагогаў, і кірх, і мячэцяў: Багоў інтэрнацыянал» (З. Бядуля. «Віленскія помнікі»); «Вялікай вуліцы экзотыка, Тэатры, кіно, шпіталі: І маліцьвенна ўзносіць готыка Да неба тонкія шпілі» (У. Жылка. «Вершы аб Вільні»). З паэтычных замалёвак З. Бядулі і У. Жылкі, створаных з улюбёнасцю, захапленнем, выразна паўстае гісторыка-архітэктурны воблік Вільні, раскрываецца яе змест і ўклад жыцця. Паэты складаюць оды гораду, бачаць у ім сімвал духоўнасці, велічы Беларусі, выказваюць свой патрыятызм.
Вільня, як бачым, стала тым вобразам нацыянальна-паэтычнай свядомасці, які прадвызначыў увасабленне ва ўрбаністычным пейзажы глыбокіх духоўна-гістарычных і эетэтыка-патрыятычных пачуццяў. М. Багдановіч, Я. Колас, З. Бядуля, У. Жылка раскрылі хараство і паэзію горада, а таксама своеасаблівасць урбаністычнага асяроддзя, перадалі адчуванні чалавека ў яго прасторава-часавых рэаліях і абставінах. Беларускае «места» з карцін і малюнкаў гэтых паэтаў не паўстае як нейкі жахлівы монстр, «коварный змей с волшебным взглядом» (В. Брусаў), а, наадварот, паказваецца ў рамантычным арэоле, і таму нас вабяць «горада чароўныя прынады» (М. Багдановіч), яго музыка, архітэктура, гісторыя. Згадаем, што селянін-вясковец Я. Коласа таксама пераадольвае сваё ўнутранае адчужэнне ад гарадскога свету («ідзе і горад праклінае»), выказвае глыбока-шчырае, хоць і своеасаблівае, захапленне гарадскімі краявідамі. І яшчэ важны момант: менавіта аўтар «Новай зямлі» прыдаў урбаністычнаму пейзажу найбольшую сацыяльную накіраванасць.
Дасюль мы гаварылі пра паэтычнае ўвасабленне прасторы і рэалій вялікага горада. Ю. Таўбін стаў адкрывальнікам вобразнага свету невялікага, ці, калі можна так сказаць, правінцыйнага гарадка. Зварот да ўрбаністычнай тэмы ў яго творчасці бачыцца з'явай невыпадковай. Будучы паэт нарадзіўся ў горадзе Астрожску, што ў Расіі, а ў 1921 г., калі яму было ўсяго дзесяць гадоў, з бацькамі пераехаў у беларускі гарадок Мсціслаўль. Дарэчы, пазней тут ён скончыў педагагічны тэхнікум, а ў 1931 г. стаў вучыцца ў Мінску. Горад трывала ўвайшоў у яго жыццё і свядомасць. У канцы 20-х гг. Ю. Таўбін напісаў невялічкую паэму «Гарадок», прысвечаную Мсціслаўлю. Тут аўтар стварае пейзажную выяву надыходу раніцы ў горадзе, пры гэтым — што асабліва заўважна — імкнецца намаляваць прыродна-ландшафтны «партрэт» горада з жывапіснай паэтычнасцю і прывабнасцю: «Ён шпілямі касцёлаў і цэркваў Кранае аблокі, Абмываецца хвалямі Светлых сажовых заток»; «Залатымі пярсцёнкамі Ўсход упрыгожыла рань». І вось з гэтай карцінай старога гарадка ў кантрастнасці паўстае індустрыяльны пейзаж, створаны ў паэме далей і які — хацеў таго аўтар ці не — пасяляе адчуванне нейкага драматызму пераўладкавання рэчаіснасці: «Буйнымі пластамі фасфарыту Будучыня высіцца твая»; «...На затоках роднае ракі Вырастаюць новыя заводы, Даль турбуюць новыя гудкі». Вядома ж, Ю. Таўбін жадаў уславіць рытмы новага часу, убачыць горад іншым. Але ўжо ў самой памяншальнай форме «гарадок» і эпітэце «ціхі» чуецца нешта несумяшчальнае з індустрыяльным наступствам эпохі.
Рытмічна-рухомы пейзаж створаны Ю. Таўбіным у вершы «Адкінуўшы фіранку». Увогуле, праз тэмпарытм, мелодыку слова паэт умеў дасягнуць экспрэсіўнай вобразнасці, пластыкі, пачуццёвасці верша: «Ноч над горадам. Зоры зялёным запалкавым ззяннем Ціха свецяцца там...» («Гарадок»).
Калі крытык С. Кавалёў піша, што пасля 20-х гг. «наступныя трыццаць гадоў не прынеслі беларускай паэзіі ў распрацоўцы тэмы горада ніякага плёну»74, то тут ён мае рацыю. Сказанае цалкам адносіцца і да ўрбаністычнага пейзажу, які заставаўся наўзбоч мастацкіх шляхоў развіцця паэзіі яшчэ даўжэй — больш сарака гадоў, аж да творчасці М. Стральцова і, у прыватнасці, яго вершаванай кнігі «Ядлоўцавы куст» (1973). Нельга, аднак, сказаць, што паэты ўвогуле не малявалі горад і гарадскія краявіды. Даволі шмат было створана замалёвак і карцін, прысвечаных святкаванню ў сталіцы і іншых гарадах так званых «чырвоных» дат календара, у якіх часам прыкметнае месца займае пейзажны элемент, але адыгрывае пры гэтым, як правіла, дэкаратыўна-службовую функцыю. Урбаністычныя малюнкі ці пейзажныя фрагменты ў творах, якія не страцілі сваёй вартаснай эстэтычнай каштоўнасці, вельмі малалікія і з вышыні часу ўспрымаюцца амаль як рэліктавыя ці эпізадычныя моманты ў гісторыі беларускага паэтычнага пейзажу (творы М. Танка, А. Вялюгіна, А. Астрэйкі, У. Караткевіча, А. Лойкі і інш.). Гаварыць жа пра іх як пра цэласную жанрава-тэматычную з'яву ці мастацкі кірунак пейзажнай паэзіі, на жаль, не прыходзіцца.
Адраджэнне традыцыі ўрбаністычнага пейзажнага жывапісу — і тут няма ніякага перабольшання — належыць М. Стрельцову. Менавіта гарадскі пейзаж у творчасці гэтага паэта, несучы ў сабе ўрбанізаваны тып вобразнага мыслення, набыў усвядомлены і мэтаскіраваны характар мастацкага адлюстравання. У адрозненне ад паэзіі, якая не зважала на сучасны горад як на самакаштоўны пейзажны аб'ект, М. Стральцоў нібы вярнуўся да вопыту М. Багдановіча і яго наступнікаў, здолеў па-наватарску ўзняць мастацка-эстэтычную вартасць урбаністычнага пейзажу і — што вельмі істотна — надаць яму прыкметнае ідэйна-філасофскае вымярэнне. Яго ўрбаністычныя замалёўкі «У горадзе...», «Балада вуліцы», «Пад шоргат кропель дажджавых...», «Снежань» і некаторыя іншыя вызначае рухома-імпульсіўны тэмп выказвання, іх паэтыцы і стылістыцы ўласціва графічнасць ліній, ціхі, нягучны рытм, дакладнасць і экспрэсіўнасць выяўлення вобразаў-дэталяў:
Гэта — гравюра, выкананая з лапідарнасцю мазка, своеасаблівым кінематаграфічным пераключэннем планаў. Мастак слова імкнецца да строгасці і яснасці малюнка, скандэнсаванасці і ёмістасці паэтычнай мовы. У сваіх пейзажах ён па сутнасці раскрывае дынамізм успрымання і інтелектуальную скіраванасць мыслення гарадскога чалавека. А на псіхалогію гараджаніна — і тут М. Стральцоў наўрад ці памыляўся — накладваюць адбітак імклівы рытм і тэмп урбанізаванага жыцця. Разам з тым у сучасным гарадскім свеце чалавечая душа ў пэўныя моманты перажывае адзіноту, сум, шукае апірышча. Таму ўрбаністычны пейзаж у М. Стральцова робіцца сродкам псіхалагічнага самапаглыблення, раскрыцця элегічна-медытатыўных пачуццяў: «Вунь і яно, успамінаў лісцё, На дрэвах, на тумбах, на дугах трамваяў. Скажыце ж цяпер, а ці многа дасце За квецень апалую маяў?» («Вунь і яно, успамінаў лісцё...»).
Арыгінальна і глыбока свет гарадской рэчаіснасці асэнсоўваецца ў вершы «Балада вуліцы», які ўспрымаецца як пейзаж з філасофскім падтэкстам. Тут персаніфікуюцца вобразы вуліцы і ракі, якія набываюць мажлівасць гаварыць ад імя ўласнага «я», даносяць да нас сваю споведзь. Гэты ракурс адлюстравання вельмі адметны, бо, здаецца, менавіта ў М. Стральцова горад упершыню набыў адушаўлёную існасць, жывы голас. З разважлівасцю, пранікнёна перад намі раскрыты змест існавання сучаснага горада, яго экалагічная драма. Душа паэта, як бачым, яднаецца з духам горада, жыве з ім адзіным, хоць і няпростым, жыццём.
У 70-я гг. М. Стральцоў нібы прадвызначыў далейшую тэндэнцыю развіцця ўрбаністычнага жывапісу ў беларускай паэзіі. Бо адлюстраванне сучаснага горада — і гэта выдатна адчулі тыя, хто ішоў услед за Стрельцовым у 80-я, — тэма далёка не асвоеная, нават проста недаравальна прыніжаная. Для паэтаў вясковага паходжання горад па-ранейшаму заставаўся чужароднай, кантрастнай з'явай у адносінах да вясковага свету (вершы Л. Галубовіча, В. Шніпа і інш.). Хаця, трэба заўважыць, выявы гарадской рэчаіснасці паэтаў-вяскоўцаў бываюць эмацыянальна ўражлівыя, дакладныя, па-местацку ўдумлівыя. І ўсё ж да ўрбаністычнай традыцыі сапраўды генетычна падключыліся паэты, якія нарадзіліся ў горадзе, сталі яго дзецьмі. Сёння іх імёны ўжо добра вядомыя ў нашай літаратуры — гэта А. Глобус, Г. Булыка, І. Багдановіч, Л. Дранько-Майсюк, Л. Рублеўская і некаторыя іншыя. Вельмі красамоўна сказала пра сябе Г. Булыка: «А ў мяне не было сваёй вёскі ніколі — Толькі мінскі асфальт чарнеў» («Васількі»). Характар і тып светабачання згаданых пазтаў-васьмідзесятнікаў арганічна сфармаваў горад, яго рэаліі і краявіды. У іхняй творчасці сучасны ўрбаністычны пейзаж — гэта эстэтычна каштоўнасць: цэнтр, з якім звязана цэлае кола ўражанняў, вобразных асацыяцый, пачуццяў, розных канцэпцый. Сёння, напэўна, можна гаварыць пра цэлую паэтычную плынь або хвалю ў распрацоўцы і развіцці ўрбаністычнага пейзажу.
Найперш неабходна вылучыць серыю пейзажных малюнкаў, галоўнай адметнасцю якіх з'яўляецца паэтызацыя гарадскога асяроддзя з яго краявідамі, вобразамі, рэчамі, прыкметамі. З вершаў Г. Булыкі «Прахадны двор», «Блакітны дом...», «А вокны расчынены насцеж у водар начны...» паўстае «родны звыклы горад», «блакітны горад», дзе цешаць вока знаёмыя сэрцу мясціны, відарысы архітэктурных пабудоў, утульныя завулкі, рэшткі старажытнай даўніны. Паэтыка гэтых пейзажаў вызначаецца яркасцю рэальна-зрокавых дэталяў: «Сціплы маленькі кіёск на рагу Тыдні гартае, як пачак газетны» («Прахадны двор»). У працытаваных радках адчуваецца і філасофская падтэкставасць: думка пра бег часу, яго незваротнасць. Імкненне да філасафічнасці пейзажнага пісьма, якое выявілася яшчэ ў зборніку «Сінтэз» (1986), знаходзіць глыбокі адбітак у такіх урбаністычных творах з кнігі «Турмалін» (1994), як «Менскі скразняк» і «Кальварыя. Восень». Гэтыя гарадскія замалёўкі Г. Булыкі якраз і паядноўваюць прадметна-выяўленчы план, заснаваны на сузіранні канкрэтыкі, і абстрагавана-медытатыўны. Выверанасць праекцыі ў прасторы і пачуццёва-інтуітыўны, філасофскі рух думкі ляжаць у аснове пейзажу «Менскі скразняк»:
Паказ, фіксацыя гарадскіх краявідаў для Г. Булыкі не з'яўляецца самамэтай. Урбаністычная вобразная фактура дае ёй спажытак для ўмоўна-асацыятыўнага жывапісання, магчымасць увасобіць у той ці іншай карціне ўнутрана значны ці інтэлектуальны сэнс, надаць яму шматмерную глыбіню. Творы паэтэсы па сутнасці акунаюць чытача ў філасофскі свет урбаністычнага пейзажу.
«Мне падабаецца: мікрараён — Жалезны дух у канструктыўным целе...» — так прызнаецца ў любові да горада паэт-урбаніст А. Глобус (верш «Сталіца»). Ён, стваральнік шматлікіх гарадскіх пейзажаў, маляўніча жывапісуе горад, які ў яго аквечаны сучаснай атрыбутыкай, паўстае з гмахамі дамоў, новабудоўлямі, гаражамі і гулам машын, кідкімі вітрынамі і рэкламнымі афішамі... Гэты вобразна-прадметны каларыт горада адчувальна нагадвае яркую жывапісную карціну М. Данцыга «Мой Мінск». Аднак паэту зусім не характэрна імкненне загрувашчваць прастору, наадварот, ён дасягае выразнай акрэсленасці плану, цвёрдасці ліній, кампазіцыйнай строгасці, лаканічнасці мазка: «...Над постацямі каміноў, У гулкім рокаце машынным Між кубатурнасці дамоў...» («Звычайнае»). Паэтыку ўрбаністычных пейзажаў А. Глобуса вызначае арыгінальная метафарычная вобразатворчасць, інтэнсіўная яркасць колеру і яго спалучэнняў, якая перадаецца пры дапамозе маляўніча-жывапісных эпітэтаў:
Калі Г. Булыка, адлюстроўваючы гарадское наваколле, імкнецца да філасафізму, то А. Глобус, як бачна, сузірае горад вачыма жывапісца. Найчасцей паэтавы пейзажы здзіўляюць нечаканасцю ракурсу, нязвыкласцю праяў, фарбаў: «Імжа цярушыцца на горад чорным срэбрам» («Таполі»); «На небе шара-акеамітным Бляшанай поўні твар плыве» («Млечны Шлях»). Паэт запамінальна выяўляе адмысловы краявід горада, нават яго пэўны стан духу, з якім унутрана лучыцца чалавечы настрой. Часам, праўда, Глобусавы ўрбаністычныя замалёўкі нясуць элемент дэкаратыўнасці, адчуванне вонкавай праставатасці.
Гарадскі пейзаж у сучаснай паэзіі набывае прыкметную мастацкую шматграннасць, ён, інакш кажучы, вызначаецца разнастайнасцю эстэтычных характарыстык, прасторава-часавых станаў, форм руху і г.д. А гэта азначае, што паэты малююць горад у розныя поры года і сутак, у хвіліны бурных і іншых прыродных з'яў, паказваюць яго панарамна і зблізку, выбіраючы пэўную лакальную мясцовасць, куток горада, увасабляюць пры гэтым розныя пачуццёвыя матывы. Зімовы горад паўстае з пейзажных малюнкаў Г. Булыкі «У горадзе снежань...», Л. Рублёўкай «Гарадская зіма», ветраны дзень жывапісуе А. Глобус у вершы «Гарадскі вецер», гэты ж паэт перадаў розныя моманты і з'явы гарадской рэчаіснасці ў іншых творах.
Гарадскі свет у пейзажным адлюстраванні нярэдка паўстае як няўтульнае, неэстэтызаванае для існавання чалавека асяроддзе. У вершы «Да гарадскога краявіду» Г. Булыка стварае такі малюнак горада: «Няўтульнасць новага раёна. Асфальт. Ні дрэўцаў, ні кустоў. Зграбае трактар сухастой — Засохлі ля будоўлі клёны». Гэты відарыс мясцовасці паўстае ў трывожных адчуваннях, прымушае задумацца пра праблему чалавека, эстэтыкі жыцця ў сувязі з імклівым ростам гарадоў.
Адзіноту і самоту перажывае ў вялікім горадзе лірычная гераіня Л. Рублёўкай, што яскрава выяўляецца ва ўрбаністычных пейзажах «Вечаровы дождж», «Гарадскі раманс», «Гарадская зіма», «Гарадская восень». Горад, як уражліва паказвае паэтэса, стаў «месцам для жыхарства», дзе пануе раз'яднанасць людзей, знікае духоўнасць, цеплыня, гістарычны дух, жахліва пагаршаецца экалогія: «Лета пахне пабітаю цэглай, Мёртвым пылам і мёртвай вадою...» («Гарадскі раманс»). У лірыцы Л. Рублеўскай чуецца балючасць, рамантычная настальгія і туга па горадзе як нейкім увасабленні чысціні і святасці. Узрушвае сваім драматызмам вобраз, створаны ў заключнай страфе «Гарадскога раманса»: «Лета пахне жывой навальніцай, Ледзьве чутна і чуйна-пагрозна. І хавае Нямігу сталіца, Як жанчына палонная — слёзы...».
Вясковы герой сучаснай паэзіі наогул лічыць сябе палоннікам горада, адчувае ў ім непрыкаянасць, дыскамфорт. Яму не падабаецца, як і некалі дзядзьку Антосю з «Новай зямлі», асфальт і тлум, свет навакольны тут незразумелы, таму і імкнецца ўцячы з гэтай рэальнасці: «Я выйсце з гораду знайду І — ўздыхну на поўны грудзі» (В. Шніп). Замалёўкі і фрагменты гарадскога наваколля ў паэтаў вясковых «каранёў», як правіла, змрочныя, пазбаўленыя ўзнёслага, радаснага сузірання, эстэтызацыі краявідаў. Даволі характэрны ў гэтым плане верш В. Шніпа «У цэнтры горада турма...».
У сучасным пейзажным жывапісе на тэму горада надзвычай прыкметнай стала тэндэнцыя адлюстравання гістарычнага вобліку горада, паэтызацыі старадаўніх пабудоў, архітэктурных помнікаў. Прыклад таму — пейзажы Г. Булыкі «Стары Мінск», І. Багдановіч «Стары млын», «Беларуская крыніца», «Прадмесце» і некаторыя іншыя.
І. Багдановіч у зборніку «Фрэскі» (1989) малюе краявіды наваколля Нямігі, а ў кніжцы «Вялікдзень» (1993) раскрывае прыгажосць Вільні. Пейзажы паэтэсы прасякнуты патрыятычным пачуццём, філасофскім памкненнем спазнаць гістарычны бег часу, адкрыць таямнічы дух мінулага, знайсці «прадвесце красы абяцанай адзінай» («Прадмесце»). У Вільні, «дзе сама Гісторыя спачывае на Росах», нараджаюцца словы малітвы за пакутны родны край, Беларусь. Паэтэса на хвалі лірычнай спавядальнасці, выказвання запаветнага дасягае сапраўды ўзважана-змястоўнага пейзажнага пісьма.
Сучаснасць і гісторыя сустрэліся ў пейзажным творы А. Мінкіна «Металіст». Свет сённяшніх абрысаў і абсягаў горада асабліва не радуе паэта, бо тут тоіцца небяспека для чалавечай душы:
Дух старасветчыны і мінулага, што жыве ў краявідах, ратуе ад шляху «ў прышлае Нікуды», абуджае пачуццё гістарычнай памяці. Гістарычны воблік горада — крыніца нацыянальна-духоўных сіл чалавека. Пра гэта па-філасофску адметна і ўражліва гаворыць пейзане А. Мінкіна.
У лірыцы Л. Дранько-Майсюка, можа, як ні ў кога іншага з сучасных паэтаў, вобразы горада, урбаністычны пейзаж робяцца прыгожай часцінкай і асновай выяўлення інтымна-любоўных пачуццяў. Краявіды, здаецца, прапушчаны паэтам праз сэрца, агучаны яго дыханнем і музыкай:
У закаханым героі паэта гэты краявід жыве як дарагая старонка душы, памяці, шчаслівага сузірання свету. Урбаністычны пейзаж Л. Дранько-Майсюка намаляваны з рамантычнай ўзнёсласцю пачуцця, незвычайнай грацыёзнасцю слоўных фарбаў, ён, безумоўна, узбагачае эстэтычнае бачанне гарадскога свету.
Падагульняючы гаворку, прыемна адзначыць, што горад у беларускай паэзіі становіцца паўнапраўным і паўнакроўным аб'ектам жывапісання. Урбаністычны пейзаж — не толькі арыгінальная, але і ў значнай ступені шматаблічная з'ява, якая, безумоўна, істотна абнавіла і пашырыла паэтычныя далягляды. З станаўленнем і развіццём гэтага тыпу пейзажу звязана няпростасць, складанасць пазнавальных і эстэтычных шляхоў беларускай паэзіі. Мастацкае адлюстраванне горада пазначана своеасаблівай вобразнасцю і характарам мыслення. Адметнай стылёва-выяўленчай рысай гарадскіх пейзажаў М. Стрельцова, А. Глобуса, Г. Булыкі з'яўляецца адыход ад традыцыйнай апісальнай выяўленчасці і рух да лаканічнасці і гранічнай экспрэсіўнасці слоўных фарбаў, узмацнення асацыятыўнасці, інтэлектуальнасці зместу. Малюнкі на тэму горада асабліва красамоўна сведчаць пра тое, што гарадская рэчаіснасць і тып мыслення гарадскога чалавека нарадзілі сучасны інфармацыйна-дынамічны стыль пісьма. Разам з тым мова ўрбаністычнага пейзажу — гэта і мова пластыкі, мова душы, сродак выяўлення духоўнага свету чалавека, яго псіхалогіі, культуры пачуццяў, філасофіі быцця, якія, зразумела, складваюцца пад уздзеяннем урбаністычных фактараў.
Сучасныя паэты ўсё часцей выяўляюць архітэктурна-гістарычныя краявіды гарадскога свету, на рамантычны лад паэтызуюць велічны і прывабны вобраз беларускага мінулага.
Пейзажы на гарадскую тэму — ужо даволі значны пласт у беларускам паэзіі, яны паўнавартасна ўводзяць нас у космас горада, пакрысе разбураюць стэрэатып пра абсалютную вясковасць нашай паэзіі XX ст. і погляд на беларусаў як выключна сялянскую цывілізацыю. Развітасць урбаністычнага жывапісу — гэта несумненная прыкмета значнасці ідэйна-эстэтычных набыткаў, яшчэ адна важкая падстава для ўключэння нашай паэзіі, ў еўрапейскі і. сусветны літаратурна-мастацкі кантэкст. Набыўшы актыўную форму мастацкага мыслення, гарадскі пейзаж, будзем спадзявацца, атрымае далейшае наватарскае і плённае развіццё.
Чарнобыльскі пейзаж
Дзень 26 красавіка 1986 г. увайшоў у гісторыю Беларусі і ўсяго чалавецтва як адна з самых трагедыйных старонак XX ст. Чарнобыль нібы ў апошні раз папярэдзіў сучасную тэхнізаваную цывілізацыю пра безадказнасць і бяздумнасць яе існавання. Свет, час і лёс для беларусаў — а гэта знайшло яскравае выяўленне ў нашай паэзіі — трагічна раздвоіліся, раскалоліся папалам: «Адлік пачынаўся нязнанае эры Змагання жыцця з небыццём» (С. Законнікаў. «Чорная быль»). Невыпадкова М. Мятліцкі ў зборніку выбранай паэзіі «Чаканне сонца» (1996) размяжоўвае сваю творчасць на два перыяды: да 26 красавіка 1986 г. і. пасля гэтай даты. Пісьменнік-гуманіст А. Адамовіч празорліва зрабіў выснову, што «новы стан у роду чалавечага, новы адлік часу пачаўся і з 26 красавіка 1986 года. Да Чарнобыля і пасля Чарнобыля — гэта рознае светаадчуванне, гэта па-новаму небяспечныя шляхі чалавецтва ў будучыню»75.
Сёння Чарнобыль — боль усёй Беларусі, і таму зусім заканамерна, што чарнобыльская трагедыя стала вядучай тэматычнай лініяй сучаснай паэзіі, увогуле літаратуры. Па нашых падліках у беларускай паэзіі за адзінаццаць гадоў пасля атамнай катастрофы з'явілася амаль 400 вершаў, 10 эпічных твораў. Вершы і паэмы звыш 60-ці паэтаў склалі зборнік «Зорка Палын» (1993), дзесяткі вершаваных твораў увайшлі ў кнігу «Прайсці праз зону» (1996). Чарнобыль наклаў моцны, глыбокі адбітак і на адлюстраванне пейзажнага свету, сфармуляваў своеасаблівы тып і характар вобразнасці. Чарнобыльскі пейзаж — гэта сапраўды выбухны феномен XX ст., з якім звязана трагедыйная канцэпцыя свету, новае кола паэтычных матываў, якасна іншая сістэма мастацкіх сродкаў. Зрэшты, «беларуская літаратура,— як адзначае М. Тычына,— выпрацавала сродкі вобразнага асэнсавання самай жахлівай рэчаіснасці, якой былі стыхійныя бедствы, войны і такія аварыі, як чарнобыльская»76. Нават у жудасныя гады сталінізму, калі махавік рэпрэсій набіраў разгон, паэзія на мове пейзажных вобразаў і алегарычнага падтэксту здолела выявіць трагічную сутнасць і праўду часу. Пейзаж ва ўмовах Чарнобыля стаў надзвычай чуйнай формай рэагавання на падзеі, сродкам балючага самавыяўлення, сімвалам вялікай бяды. Сотні чарнобыльскіх карцін і малюнкаў у нашай паэзіі ўражліва раскрываюць катастрафічныя вынікі радыяцыйна-экалагічнага бедства, увесь драматызм быцця на роднай зямлі.
Ужо першыя пейзажы пра Чарнобыль былі прасякнуты матывамі непапраўнай бяды, смяротнай пагрозы, трывогі. Верш А. Вялюгіна «Вясна трывогі кашай» з'явіўся ў друку амаль праз год пасля жахлівай аварыі. Вясновы першы гром і дождж паэт сустракае з насцярожанасцю, прадчувае нядобрае, яму не да радаснага вітання жыцця. Твор напоўнены хвалюючымі запытаннямі, бо «смутны дожджык» звоніць атрутнымі кроплямі, нагадвае пра небяспеку смерці: «Колькі жыць, мой свеце, засталося, / і лясной вястунцы невядома. Колькі год?..».
Бяда пранізлівай трывогай ахапіла сэрцы паэтаў. Некаторыя з іх з развярэджаным сумленнем падаліся шукаць адказ на тое, што сапраўды адбылося: яны наехалі туды, дзе «нарадзілася Зона Адчужэння» (У. Някляеў. «Зона»). «Ведаў толькі, што павінен ехаць, каб не быць староннім, самому ўсё ўбачыць»77,— прызнаўся У. Някляеў. Сустрэчы з чарнобыльскай явай сам-насам, безумоўна, не маглі не выклікаць жадання выказацца: так з вуснаў нашых паэтаў загучалі горкія споведзі, песні-плачы, публіцыстычныя маналогі, рэквіемы і — як сведкі трагедыі — нараджаліся пейзажныя карціны і малюнкі. Пейзаж у тыя гады афіцыйнай хлусні і замоўчвання вынікаў аварыі таксама даносіў хвалюючую праўду пра Чарнобыль.
Вяртанне на радзіму, у родную вёску Бабчын, якая апынулася ў зоне адчужэння і адсялення, стала пакутным сэнсам і зместам жыцця М. Мятліцкага. Вось фрагмент аднаго з першых чарнобыльскіх пейзажаў, які ўвайшоў у зборнік «Горкі вырай»:
Пад пяром паэта нарадзіліся дзесяткі пейзажных твораў пра Чарнобыль, з якіх больш сарака ўвайшло ў кнігу «Бабчын» (1996). Напісаны гэтыя карціны і малюнкі родных краявідаў мовай болю, безуцешнага смутку, шчымлівай тугі.
Пейзаж У. Верамейчыка «Успамін пра маладосць» напоўнены элегізмам, які раскрывае тужлівы, самотны стан чалавечай душы. Вобразны малюнак халоднай пустэчы і дзікага поля, створаны ў заключнай страфе, адчувальна драматызуе змест і гучанне верша: «Над Прыняццю — туман... І вее холад з груш На нараўлянскім адзічэлым полі». Дарэчы сказаць, паэт жыве і працуе на Гомельшчыне, у Рэчыцкім раёне, у якім бэры і кюры ён вымярае ўласным сэрцам і здароўем. «Я ў зоне жыву...» — пачынае У. Верамейчык свой верш «Зона». Таму так пакутна нараджаецца вершаваны радок, аб чым ён шчыра прызнаецца: «Я на гэтую тэму не вельмі пішу, бо тут усё пад бокам і баліць»78.
Пад моцным уражаннем ад убачанага і перажытага таксама напісаны пейзажы А. Грачанікава, Г. Бураўкіна, К. Камейшы, М. Кусянкова, В. Яраца, А. Канапелькі, М. Башлакова, Т. Мельчанкі, І. Кірэйчыка, В. Стрыжака і інш. Чарнобыль аднолькава моцна і пякуча закрануў як тых, хто родам з раёнаў радыеактыўнага забруджвання і адсялення, так і тых, хто, трапіўшы ў зону павышанай радыяцыі, пераканаўся і адчуў: здарылася вялікая бяда, экалагічная катастрофа.
Скразным у пейзажным адлюстраванні многіх паэтаў стаў вобраз мёртвай, атручанай зямлі. З паэмы Я. Сіпакова «Одзіум» паўстае эпічна-драматичная карціна:
Пейзажныя вобразы і дэталі ў гэтым творы паглыбляюць трагедыйную канцэпцыю свету.
Абвострана ўспрымаецца паказ мёртвай зямлі М. Танкам. Вобраз роднай зямлі — духоўна-эмацыянальны цэнтр усёй танкаўскай паэзіі (вершы «Перапіска з зямлёй...», «Гэта зямля...», «Колер зямлі», «О родная зямля!..» і інш.). У «Просьбе аб дараванні», малюючы «забітую Чарнобылем Зямлю», паэта гняце пачуццё сыноўняй віны перад маці-зямлёй: «Даруй нам, грэшным І неразумным, Маці!».
У традыцыях народнага плачу малюе родныя краявіды, зглумленыя Чарнобылем, А. Канапелька ў вершы «Не ўрадзіла зямля, захварэла»: «І лягло маё роўнае поле: Ні ўпрасіць, ні ўгразіць — Не падняць». Яе пейзаж — выява пакутнай, укрыжаванай горам душы, якая журыцца па роднай зямлі як па самым блізкім чалавеку.
Пейзажны жывапіс на тэму Чарнобыля адлюстроўвае тую глыбокую мяжу адчужанасці, якая пралегла паміж чалавекам і прыродай. Паэзія, якая заўсёды светла, узнёсла апявала неба і дождж, раку і сонца, на гэты раз выявіла экалагічны сіндром сучаснага чалавека, што зведаў «страх неба роднага і роднае зямлі» (Л. Дранько-Майсюк. «Ноч 26 красавіка 1988 года»). Паэты ўражліва паказваюць, як «расколіна паміж чалавекам і прыродай» (выраз А. Блока), паглыбленая наступствамі Чарнобыля, перайначыла нацыянальны пейзаж, звузіла адвечнае быццё беларуса ў сваёй этнапрасторы. Паслячарнобыльскія пейзажы В. Гардзея — свет экалагічных кантрастаў, успрынятых з пільнасцю, устурбаванасцю зроку: «Дзе бор шумеў — чарнее гала, Дзе гай бялеў — вісіць імгла» («Зямля, як маці, шчыравала...»); «І, глядзіш, у стомленым пейзажы Буслянят ужо няма нідзе» («Пейзаж з буслянятамі»).
Прырода, вясковае наваколле ў змрочным маўчанні і змарненні глядзяць на нас з пейзажных твораў В. Яраца «Над цішынёй нямой бязлюдных вёсак...», «Маўчыць хворы край...», М. Мятліцкага «Астыне пыл. Зрасее хмыз наўзбоч...», «На строме прыпяцкай крутой...», «Пад воблакаў цугам...» і інш. Тут выяўлена няўтульнасць, непрыкаянасць чалавека пасярод «пустэчы палёў і аблог», безжыццёвай «цішы зямлі».
Паэтыка пейзажаў М. Мятліцкага вызначаецца чорнымі, сумнымі фарбамі, якія раскрываюць цяжкі псіхаэмацыянальны стан, а таксама характарызуецца незвычайнай яркасцю святлаколеравых вобразаў і ліній, якія перадаюць згубнае свячэнне радыяцыі. Асабліва часта ён малюе «сляпучае сонца», прыбягае да эпітэтаў «атрутны», «сляпучы», «агністы». Вобраз цішыні таксама дамінантны ў пейзажах паэта, і ён вымалёўваецца не толькі тады, калі згадваецца само слова «цішыня», а вынікае з агульнай змрочна-панылай атмасферы твора: «Увесь бязлюдны, мёртвы Бабчын Па-над чарнобыльскай шашой» («Вышка»). Многім пейзажам М. Мятліцкага ўласціва маштабнасць светаадлюстравання, філасофска-гуманістычная абагульненасць думкі. Завею ў чарнобыльскай вёсцы паэт малюе як з'яву сусветнай значнасці: «З небам злілася зямля, Вея шугала, мяла. Снег, як густая імгла...»; «Мёртва, у снежнай пурзе...» («Завея»). Ён паказвае Чарнобыль як глабальную стыхію-катастрофу. Заўважаецца, што паэты ўсё часцей імкнуцца да паглыбленага маральна-філасофскага асэнсавання Чарнобыля, таму прыбягаюць да біблейскіх вобразаў, алегорый і сімвалаў. Пра гэта красамоўна сведчыць чарнобыльскі жывапіс Р. Барадуліна, Г. Булыкі, А. Пісьмянкова, В. Куртаніч, В. Стрыжака і інш.
У эпічных творах пейзаж нярэдка нясе сімволіка-драматычны сэнс або дапамагае глыбей выявіць трагізм падзей, абставінаў, як гэта мы назіраем у паэме С. Давідовіча «Зона»:
Тут прыродаапісанне выступае знакам бяды, нядобрым прадвесцем. Увогуле, зварот Да пейзажу як еімволіка-алегарычнага адлюстравання рэчаіснасці характэрны многім творам на чарнобыльскую таму ў нашай літаратуры. Напрыклад, у рамане І. Шамякіна «Злая зорка» вобраз туману — алегорыя чарнобыльскага ліха, хлусні, няпраўды — становіцца ўвасабленнем нейкай згубнай, беспрасветнай сілы зла.
Змрочныя вобразы і фарбы вызначаюць аблічча чарнобыльскіх пейзажаў паэтаў Беларусі (вершы А. Грачанікава, Р. Барадуліна, А. Вялюгіна, М. Мятліцкага і інш.) і хірасімскіх пейзажаў Японіі (творы Тацудзі Міёсі, Тадзабура Она, Санкіці Тога, Тамікі Хара, Эйсаку Ёнэда і інш.). І далёкая краіна Акіяніі, і наша Бацькаўшчына перажылі атамную трагедыю, толькі мы — яшчэ больш жудасную. Уражальны трагедыйны малюнак стварае П. Панчанка: «А сёння ўсюды цьмяна, / дымна, чорна, Не звіняць у небе жаўрукі...»; «Тут пахне Хірасімай. Няма слядоў бусліных І ласіных: Над Прыняццю — Нябачнай смерці след. Палескі край, Як пазмрачнеў твой свет» («Аб самым смачным...»). Падобных панура-змрочных выяў нямала і ў японскай паэзіі: «И уже — неподвижен закат, / закат — мёртв. И только река, вздувшаяся волнами, / и только ветер, / вздыбивший реку...» 79 (С. Тогэ. «Пейзаж з ракой»). Асабліва шмат «мёртвых», безжыццёвых пейзажаў у паэзіі Тамікі Хара (цыкл «Атамныя пейзажы») і Мунэтосі Фукагава (цыклы «Агонь», «Помнік міру» і інш.). Для пейзажаў і японскіх, і беларускіх паэтаў характэрна трагедыйная сімвалічнасць вобразаў прыроды. У вершах «Абгарэлае дрэва» Т. Хара і «І ўзышла на вогнішчы дзічка...» беларускай паэтэсы А. Канапелькі вобразы дрэва вырастаюць да сімвалаў усясветнай бяды і катастрофы быцця: «И осыпалось дерево. В вышине Зеленью листьев... Всю ночь Полыхали улицы. И дерево у реки Словно вдруг расцвело Огненным шаром» (Т. Хара); «І ўзышла на вогнішчы дзічка. І стаяла свячэнне Ад зямлі да неба — Празрыста-ружовае, Як сарцавіна У дзікіх грушаў» (А. Канапелька).
«У нашых песнях — небяспечны стронцый...»— нібы ад імя ўсіх сучасных беларускіх падтаў прамовіў у адным з вершаў М. Танк, выказаўся, разумеючы, што Чарнобыль адабраў у паэтычнай песні крылы радасці і шчасця. Пафас трагізму, фарбы смутку і гора, як мы пераканаліся, вызначаюць паэтыку пейзажаў на чарнобыльскую тэму. Карціны і малюнкі нашых паэтаў пра трагедыю роднай зямлі — гэта ў многім выяўленне сённяшняга лёсу беларуса, стану яго душы. Вобраз Чарнобыля і звязаныя з ім краявіды жахлівай рэчаіснасці будзяць неспакойныя, трывожныя думкі-пачуцці, бо сёння, як трапна сказаў вядомы вучоны Р. Гейл, «мы ўсе жывём паблізу Чарнобыля»80.
Экзатычны пейзаж
Геаграфічныя каардынаты беларускай паэзіі вельмі шырокія: яна адкрыла экзотыку самых розных мацерыкоў і зямель. Паэтычнае краіназнаўства — гэта ўражлівае знаёмства з вялікім светам, унікальнымі ландшафтамі, асаблівасцямі клімату, расліннасці, нязвычнымі стыхіямі. У сістэме мастацкага мыслення, сярод розных тыпаў і відаў пейзажу экзатычны займае даволі значнае месца. Аднак доўгі час «экзатычныя» творы нашых паэтаў заставаліся па-за ўвагай літаратуразнаўства, не звярталі на іх увагу і пры вывучэнні літаратуры. І, думаецца, зусім неправамерна. Бо карціны і замалёўкі прыроды замежжа не толькі рассоўваюць геаграфічныя абсягі паэзіі, але і пашыраюць яе мастацка-выяўленчыя далягляды, дапамагаюць больш кантрастна ўбачыць своеасаблівасць нацыянальнага пейзажу. М. Эпштэйн слушна адзначае, што экзатычны пейзаж «прыўносіць у паэзію тыя эстэтычныя кантрасты, без якіх немагчымыя былі б яе самасвядомасць і самаразвіццё»81. Экзатычны пейзаж і звязаныя з ім вобразы (мора, горы, пустыня і інш.) склалі ў беларускай паэзіі адметны тэматычна-вобразны пласт, тым самым надаючы яе зместу энцыклапедычны характар. Адлюстраванне экзатычнай прыроды — гэта той від жывапісу, які духоўна і эстэтычна ўзбагачае паэтычнае слова.
Мастацка-пазнаваўчы інтарэс да прыроды іншых краін беларуская паэзія выявіла яшчэ ў XIX ст. Я. Лучына ў польскамоўным вершы «Пышны малюнак» (1887) упершыню разгорнута намаляваў каўказскі пейзаж:
У пейзажным малюнку раскрываецца адметнасць ландшафту, хараство і веліч тамтэйшай прыроды. Паэт выказвае сваё адчуванне прасторы, дэманструе яркую каларыстычнасць, вобразную жывапіснасць пісьма. У вершы Я. Лучыны выяўляецца кантраст «экзатычнае — роднае», або, інакш кажучы, «чужое — сваё», які ў далейшым стане тыповым для «экзатычнай» лірыкі. Зачараваны «ў гэтым краю... пекнасцю прыроды», паэт у думках пераносіцца на сваю радзіму, прыгадвае родныя краявіды, з якімі непарыўна знітавана ягоная душа: «Ды за іх — хоць і шаную Цуды ўсе, красу чужую — Не аддам усё ж душу я!».
В. Дунін-Марцінкевіч звяртаўся да экзатычных пейзажных вобразаў з той мэтай, каб эстэтычна ўзвысіць беларускую прыроду. Таму зусім натуральна, што родная ліпа яму мілей і прывабней за «прыгожыя ў зямлі Аўзонаў букі і яліны» («З-над Іслачы, або Лекі на сон»). Паэт у вершаванай аповесці «Славяне ў XIX стагоддзі» звяртаецца да вобраза Дунаю, стварае невялікую пейзажна-гістарычную замалёўку.
Актыўнае станаўленне і развіццё экзатычнага пейзажу ў беларускай паэзіі прыпадае на 10-20-я гг. нашага стагоддзя. А. Гурло — пачынальнік марынісцкага пейзажу. Тэма мора ў яго творчасці невыпадковая, бо яму давялося служыць на Балтыйскім флоце. Нізка вершаў пра мора была наватарскай. А. Гурло пераважна паказвае мора як неспакойную і грозную стыхію, у якой паэта захапляюць вечная воля, моц, раздолле:
З эмацыянальна-вобразнай раскаванасцю малюе паэт разгул марской стыхіі ў вершы «Шторм», дасягае пры гэтым напружанай дынамікі мовы, уражлівай рытміка-інтанацыйнай арганізацыі радка. Заключная страфа твора прасякнута медытатыўнасцю думкі: «Між помсты зла тут ёсць ахова: Тут розум вечнасці жыве!».
Я. Купала адным з першых адкрываў экзотыку Крыма. «Нязведанай казкай» называе паэт паўднёвы край у вершы «Крым» (1923). Я. Купала выказвае сваё любаванне з душэўнай узрушанасцю, суадносіць экзатычныя выявы з элегічнымі думкамі пра Беларусь. У 1926 г. замалёўка каўказскай прыроды нарадзілася пад пяром А. Александровіча («Раніца на Каўказе»). Асабліва значная роля ў распрацоўцы каўказскага пейзажу належыць З. Бядулю (цыкл вершаў «Каўказ»). Паўднёвая экзотыка знайшла адбітак у творах М. Хведаровіча, У. Хадыкі і інш. Стварыць экзатычныя пейзажы марылі Я. Пушча і У. Дубоўка, аб чым сведчыць С. Плашчынская, жонка Я. Пушчы: «...Язэп кажа мне, што яны дамовіліся з Адамам (А. Бабарэкам. — АБ.) і Дубоўкам паехаць на тыдні тры на Каўказ, Крым, паглядзець мора, горы, падзівіцца на красу гэтага краю»82. Аднак неўзабаве паэты зведалі суровы лёс сталінскіх вязняў, былі высланы за межы Беларусі. Гэтыя, д таксама іншыя паэты, апынуўшыся на Поўначы, у сібірскай тайзе, перажылі нечалавечыя пакуты. Але разам з тым засталіся людзьмі, не страцілі здольнасці тонка бачыць хараство прыроды, адгукацца на яе жыццё. Так беларускую паэзію папоўніў цэлы шэраг нязвычных пейзажных вобразаў: тайгі, тундры, паўночных рэк і азёр... «Пад небам тундры і тайгі» нарадзіліся прыродаапісальныя замалёўкі У. Дубоўкі, Я. Пушны, А. Александровіча, М. Хведаровіча, В. Супруна, Л. Геніюш і інш.
Паэтычная нізка А. Звонака «Паўночнае ззянне», створаная ў далечыні ад радзімы, запамінальна раскрывае свет Поўначы. Клімат тут суровы, халодны, завейна-марозны, краявіды — заснежаныя, з мноствам сопак, прырода наогул — дзікая, таемная і чароўная сваёй першароднасцю:
Скразны ў вершаванай нізцы вобраз-матыў тайгі. Паўночны лес захапляе першабытнай цішынёй, велічнай неабсяжнасцю. Сваёй жыццястойкасцю ўражвае паэта кедр — «жыхар тайгі, уладар бясконцых сопак» (верш «Сланік»). Спакутаванаму і чуйнаму чалавечаму сэрцу жадаецца ісці насустрач «сонцу праўды і жыцця». Пейзаж псіхалагічна дакладна перадае цяжкі ўнутраны стан паэта: «З месячных ніцяў саткана Поўначы срэбная муць. Сопак панурыя здані Пільна мяне сцерагуць» («Белая птушка»).
У 30-50-я гг. развіццё «экзатычнай» лірыкі, як і наогул тагачаснай паэзіі, істотна замарудзілася. Адзіным выключэннем тут, бадай, стаў цыкл вершаў П. Панчанкі «Іранскі дзённік» (1944). Мастацкае асваенне этнапрасторы і прыроды іншых краін магчымае толькі пры шырокіх, шматлучных сувязях з усім чалавецтвам. Сумны вопыт савецкай гісторыі засведчыў: калі сфера кантактаў з вялікім светам парушаецца, абмяжоўваецца, то дэфармуецца культуралагічная аснова быцця, а, урэшце, звужаецца духоўна-вобразнае поле паэзіі, змяняюцца каардынаты яе светаадлюстравання, Маштаб мыслення становіцца правінцыйны. Перапынак, запаволенасць у развіцці экзатычнага паэтычнага пейзажу непрамую звязаны з ваяўнічай ідэалогіяй нядаўняй дзяржаўна-палітычнай сістэмы. За мяжу траплялі лічаныя творцы, ад якіх пасля паездак «родная савецкая ўлада» чакала пафаснага выкрыцця «сусветнага імперыялізму», а не маляўнічых пейзажных карцін. На гэты конт дасціпна выказаўся ў вершы «Дыярыуш майго адкрыцця Амерыкі» (1994) С. Панізнік: «Закрыць Амерыку хацелі / жгутом цэкоўскае кудзелі. Быў рады кожны літаратар / слязу пусціць, як алігатар...».
Тым не менш таленавіты мастак слова застаецца мастаком : яго душа і сэрца не могуць не рэагаваць на здзіўляючую красу, непаўторнасць свету. М. Танк, П. Панчанка, К. Кірэенка, П. Броўка, Р. Барадулін, А. Лойка, В. Лукша і іншыя беларускія паэты ў другой палове XX ст. надалі экзатычнаму пейзажу шматпланавае, шматграннае развіццё, глыбокую вобразна-жывапісную выяўленчасць.
Мора сярод іншых экзатычных вобразаў займае ў нашай паэзіі самае прыкметнае месца. Больш за 130 вершаваных твораў прысвечана гэтай прыроднай стыхіі, прычым найбольш шырока яна адлюстравана ў сучаснай паэтычнай творчасці. Цяга да мора ў паэтаў моцная і неадольная: «Сюды мяне змалку і клікаў і вабіў Бязмежны, жывы, неспакойны прастор» (С. Грахоўскі); «Я да цябе здаўна імкнуўся У часе радасці ці скрух» (С. Дзяргай); «Мора — мая мара» (Н. Загорская). Зрэшты, многія людзі сведчаць, што імкненне пабачыць мора было ці стала іхняй асаблівай марай ці надзвычай вялікім жаданнем. Разам з тым стыхія вады не чужая беларусу, ён здольны добра адчуваць і разумець мора: «І ўспомняцца рачулкі перасохлыя, Што навучылі мора разумець» (А. Пысін. «Знаёмства з морам»). Ці не таму П. Броўка так тонка пранікае ў сутнасць гэтай прыроднай стыхіі-з'явы, перадае музыку марскіх хваляў. Дынаміка рытму, гукавыя сугуччы рухаюць верш:
Спатканне з Чорным морам для лірычнай гераіні Н. Загорскай прынесла адкрыццё цуду, духоўную лагоду, новае вымярэнне прасторы: «Мора — не проста мора. Мора — жывы прастор. А можа, дарога жывая Да неадкрытых зор...» («Мора — мая мара»).
Чорнае мора цесна звязана з вобразам Крыма, яны часта суседнічаюць побач (вершы У. Караткевіча «Дзве вады», С. Гаўрусёва «На крымскіх камяністых берагах...», К. Камейшы «Гледзячы на мора», «Калі мы з морам удваіх...» і многія іншыя). Крымскі пейзаж у паэтычным адлюстраванні — гэта цёплае, пеністае мора, шчодрае сонца, кіпарысы, якія глядзяць у мора, скалісты краявід.
І ўсё ж мора паказваецца паэтамі пераважна як неспакойная і бурлівая стыхія: «А хвалі зноў нясуцца шквалам — Самазабойства і азарт! — Каб зноў і зноў з адвесных скалаў У мора кінуцца назад» (У. Лісіцын. «Глядзяць у мора кіпарысы»). Адным з самых апантаных беларускіх песняроў марской стыхіі трэба назваць Х. Жычку. Тэма мора для яго, можна сказаць, была прадвызначана лёсам: доўгі час будучы паэт служыў на Балтыйскім флоце. Балтыка ў пейзажных замалёўках Х. Жычкі раскрываецца як неспакойная, бунтоўная і надзвычайная стыхія: «На моры не бывае цішыні. Гайдаецца зялёнае бязмежжа...» («Марскі санет»).
У параўнанні з морам да вобраза акіяна нашы паэты звярталіся менш. Але гэты пейзажны вобраз набыў у беларускай паэзіі важкае ідэйна-канцэптуальнае гучанне. У А. Куляшова рака Бесядзь, сімвал радзімы і паэзіі, паўстае суадносна з акіянам — светам вялікім, агульначалавечым: «... Свет жывы тваіх глыбінь, схаваных пад вадою» («Не злуйся, акіян, калі патраплю...»). Агромністы акіян нагадвае паэту пра свае вытокі: «Як быццам я плыву не акіянам, А Бесяддзю — жаданаю ракой» («Стаю і з пачуццём неўтаймаваным...»). Акіянскі пейзаж здаецца паэту «вякоў калыскай», тут, пасярод магутнай стыхіі, ён адчувае сябе дзіцем вады, вечнасці. Акіян аказаў на мастацкую свядомасць А. Куляшова моцнае ўздзеянне, пра што асабліва красамоўна можа пасведчыць паэма «Цунамі» (1968).
Варта паслухаць паэтычныя размовы з акіянам і такіх паэтаў, як П. Панчанка, М. Танк, П. Броўка, Р. Барадулін, В. Макарэвіч і інш. Велічнасць і бяскрайнасць акіянскага прастору, магутная і грозная стыхія хваляў выклікала ў іхніх сэрцах незабыўныя ўражанні:
Між тым трэба сказаць і пра тое, што вобразы мора і акіяна часам увасабляліся і ў алегарычным плане, атаясамліваліся з народам, яго магутнасцю ці гневам. Можна прыгадаць хрэстаматыйны верш Цёткі «Мора». У П. Броўкі вобраз акіяна параўноўваецца з гераічнай славай і характарам народа: «У ласцы — велічна-ласкавы, У гневе — грозны і страшны» («Акіян»).
Горы — адзін з самых прыцягальных для паэтаў «экзатычных» вобразаў. Думаецца, не будзе вялікім адкрыццем, калі мы скажам, што найбольшая ўвага ў паэтычным светаадлюстраванні адведзена вяршыням каўказскіх гор. «Запаланіў Каўказ», — прызнаўся паэт С. Шушкевіч, і ў гэтых ягоных словах нібы і заключаны той галоўны пафас адкрыцця і любавання, з якім нашы паэты апісваюць краявіды каўказскіх гор. Каўказ і горы ў люстэрку паэзіі — гэта сузіранне велічы, незвычайнага і грандыёзнага дзіва прыроды:
Калі мора дае адчуванне шырыні, бясконцасці прасторы, то горы абуджаюць пачуццё вышыні, пасяляюць у чалавеку ўсведамленне нечага рамантычна-высокага і значнага: «... Нам здаецца так, як у жыцці, Самым блізкім перавал высокі, На які нам трэба узысці!» (А. Сербантовіч. «Перавал»). Горны пейзаж у выяўленні нашых паэтаў — не толькі высокая краса, але і ўвасабленне душэўнага ўздыму, незалежнасці, свабоды. У вершы «На Каўказе» Р. Тармолы-Мірскага трапна і ўдала знойдзены вобразы каменя, які не дрэмле, непакорных дрэў і клінка для адметнай абмалёўкі краявіду і выяўлення духу жыхароў каўказскіх гор: «Тут камень не дрэмле — Вісіць ён альбо ляціць, Аблокі на дрэвах, І дрэвам — іх скінуць карціць. Вось дзень нечакана, Нібыта ляза далячынь, Клінком гартаваным Схаваўся ў ножнах начы».
Горы — гэта таксама і магчымасць скіраваць позірк з вышыні, перанесціся ў часе і прасторы: «І на нейкі міг Здалося мне — я ў Індыі далёкай, А не пасярод Каўказскіх гор сівых», «Я ўбачыў праз радзеючую дымку Той край, дзе па-над Нёманам-ракой Ідуць бярозы з соснамі ў абдымку Зялёнаю, шумлівай талакой...» (П. Макаль. «З вяршынь Каўказа»).
У гарах чалавек зведвае і пачуццё далёка не рамантычнае. Тут, на горных сцяжынках, дарогах, перавалах, яго падсцерагаюць абвалы, палохае бездань. Таму памяць так востра згадвае родныя вобразы, радзіму, блізкіх людзей. Выяўленне ў гэткім плане напружана-эмацыянальных адчуванняў, трывожных думак, заклінанняў не можа не ўразіць:
Не менш вартыя разгляду вобразы стэпу, пустыні і вадаспаду. Для «жыхара азёр і рэчак» (А. Астрэйка) стэп і пустыня — нязвычныя прыродныя рэаліі. Пейзажы, звязаныя з гэтымі вобразамі, выяўляюць адметны прыродна-кліматычны стан, іншую форму прасторавага існавання. Шыр, бязмежнасць, пустыннасць, неабжытасць свету — вось што адчуваеш першае, супастаўляючы вершы А. Пысін а «Перакаці-поле» і В. Лукшы «Сахара»:
У нашай паэзіі адносна разглядаемых вобразаў замацаваны таксама наступныя ўяўленні і асацыяцыі. Пустыня — царства жоўтых пяскоў, стэп — «як шэры прысак зямля», ні там, ні тут няма вады, бедная расліннасць. Галоўны ўладар пустыні і стэпу — вецер: «Бо сухавей — Кашчэй сляпкі — У лютасці шалёны» (Р. Барадулін. «Стэпавы краявід»), «Скуголіў на пустэчай нема вецер...» (В. Лукша. «Дождж у Лівійскай пустыні»). Натуральна, чалавек з іншага прыроднага асяроддзя пачувае сябе ў такіх умовах няўтульна і адчужана. Найбольш маляўніча-ярка раскрыў свет афрыканскай пустыні В. Лукша. Дарэчы, яго няўрымсліваму пяру належыць неардынарная кніга «Агні далёкіх гарадоў» (1992), якую склалі паэтычныя падарожжы па розных краінах і кантынентах.
Беларускія паэты захоплена апаэтызавалі вобраз вадаспаду. Слых М. Танка вычуў, што «граюць струны вадаспада» («Вадаспад Сіклавіца»). П. Панчанку вадаспад бачыцца «з адвагай гарачай, ...велічны ўвесь» («Сустрэча з Ніягарскім вадаспадам»). Сваё адметнае ўспрыманне прыроднай стыхіі ва У. Караткевіча: «Як страшная з нябёс пагрозных кара... Як звоны срэбных крылаў у агні...», «Якая веліч, сіла і... журбота!» («Вадаспад Учан-су»). Вадаспад выклікае ў беларускай душы эмацыянальную ўздымнасць пачуцця.
Пры ўсёй пашане да творчасці многіх паэтаў, хацелася б сказаць, што асабліва значны ўклад у эстэтычнае адлюстраванне прыроды замежжа зрабілі М. Танк і Р. Барадулін — паэты, на творчым рахунку кожнага з якіх больш за паўсотні экзатычных пейзажных карцін, малюнкаў, эцюдаў. У іхніх творах мы сустракаем каларытныя выявы краявідаў Прыбалтыкі, Сярэдняй Азіі і Закаўказзя, Балгарыі, Венгрыі Чэхіі, Францыі і іншых еўрапейскіх краін, Чылі, Афрыкі, Амерыкі, Японіі, Кітая... У сучаснай паэзіі ідзе адкрыццё самых далёкіх мацерыкоў і краін, у тым ліку і тых, пра якія яшчэ нядаўна пісалася мала або зусім не пісалася. На пярэдні план выйшаў уласна эстэтычны прынцып адлюстравання свету. Так званыя «падарожныя» ці «экзатычныя» вершы пры гэтым яднае даволі тыповы і адметны выяўленчы прынцып: экзотыку адкрывае вока і сэрца беларуса. А. Дойку ў Індыі пальма ўбачылася сястрой нашай папараці: «Разложысты атлас Лістоў-далоняў вострых... Яны віталі нас, Як папараці сёстры» («Пальмы»). Зрок Р. Барадуліна таксама праводзіць вобразныя паралелі з родным светам: «Раніца — Шэрая перапёлка Ад расы крыло абтрасае...» («Сустракаю пекінскую раніцу»).
У сённяшніх паэтаў, як падаецца, больш спрыяльныя часы для вандровак, знаёмства з вялікім светам. Таму ёсць падставы гаварыць пра далейшае актыўнае і паўнацэннае развіццё беларускай лірыкі пра прыроду замежжа.
Вобраз восені ў паэзіі беларускай эміграцыі
У сістэме ідэй і матываў, тэм і вобразаў беларускай паэзіі, што не адно дзесяцігоддзе ствараецца на эміграцыі — у ЗША, Канадзе, Аўстраліі і іншых краінах, — тэма восені з'яўляецца стрыжнёвай, дамінуючай. Яна адыгрывае глыбокую сэнсава-выяўленчую ролю і ў значнай ступені раскрывае пафас, лірыка-эмацыянальны свет усёй эміграцыйнай паэзіі.
Для беларускіх паэтаў замежжа восень зрабілася галоўным пейзажным аб'ектам не выпадкова, бо драматычны, трагедыйны модус, паводле класіфікацыі канадскага літаратуразнаўцы Н. Фрая83, генетычна і структурна звязаны менавіта з гэтай парой года. Восеньскія пейзажы і вобразы сталі актыўным мастацкім сродкам увасаблення і выяўлення перажыванняў беларускай душы, споўненай вялікім сумам, болем, пакутамі.
Па волі складаных, трагічных абставінаў паэтам-эмігрантам было наканавана стаць песнярамі восеньскага смутку. Некаторыя з іх ужо ў даваенную пару і асабліва ў гады вайны праз замалёўкі восені хвалюшча, праўдзіва выявілі драматызм чалавечага існавання на балючых, зломных шляхах лёсу і часу.
Мінор — дамінанта паэтычнага светаўспрымання Н. Арсенневай у лірыцы сярэдзіны — другой паловы: 30-х гг. «Я — не жыву вясной...», «Я — й летам не жыву...» — чуецца прызнанне ў вершы «Заміж мяне». Паэтэса спрабуе ўцячы, пазбавіцца ад восеньскай тугі, але сэрца яе неадольна запалонена маркотнымі восеньскімі песнямі:
Вершы «З восеньскіх настрояў», «Асенні вечар», «Восень» («Восень выходзіць у поле...»), «Восень у гаі», «Асенняя элегія», «Хворая восень» і інш» напоўнены глыбокім элегізмам. Узнёсла-сардэчны, пяпгчотна-мяккі тон, акварэльнасць і чысціня фарбаў, характэрныя яе ранняй пейзажнай лірыцы, выцясняюцца роздумна-трывожнымі інтанацыямі, матывамі суму, жалю, ускладненасцю вобразаў і асацыяцый, панылымі фарбамі, не пазбаўленымі нейкага алегарычнага і псіхалагічнага падтэксту: «Спраўляюць восень, ноч і цемра / глухі, распачны фестываль» («Фестываль»). У мастацкім выяўленні Н. Арсенневай дажджлівая, хмурная восень паўстае як сімвал бяды, пара жахлівай нематы, скрушнай апустошанасці свету: «Ледзь кульгаюць самотнай дарогай / здані бурыя — вольхі старыя. Пуста, вусцішна й глуха...» («Вочныя гадзіны»), «Дождж імжыць ужо некалькі дзён / і на свеце так нудна і шэра. На асенні дурны забабон, / як на грыпа, зямля захварэла» («Хворая восень»). Вобразы слаты, змроку, туману, імглы, халоднага дажджу, якія складаюць сэнсавае ядро большасці пейзажных вершаў, выразна раскрываюць балючасць, разладжанасць унутранага стану лірычнай гераіні паэтэсы. Як бачым, элегічна-драматычная аснова ў восеньскай лірыцы Н. Арсенневай другой паловы 30-х гг. істотна паглыбілася, стала вызначальнай. Праўда, у радках пра восень часам гучаць ноткі радасці, аптымізму, аднак для агульнай танальнасці лірычнага слова яны не з'яўляюцца тыповымі. Адносіны яе да восені — любімай пары года — вызначаюцца супярэчлівасцю пачуццяў. Нельга таксама не заўважыць, што восеньскія матывы псіхалагічна тонка знітоўваюцца з філасофскім роздумам пра жыццё, плыннасць часу і наша існаванне ў ім:
Восеньская трывога, жоўтыя фарбы смутку і бяды дамінуюць у лірыцы Н. Арсенневай часу вайны. Паэтэса глядзіць на ваеннае ліхалецце з пазіцыі хрысціянскага гуманізму, таму яна не прымае жудаснага людскога змагання, крыві, смерці, пажарышчаў. Невыпадкова восень у яе абмалёўцы паўстае як часіна памінальнай імшы, вялікай журбы па тых, хто загінуў: «Васковай свячой над імі восень тае...»; «Пахучай свечкай з воску залатога / канае / над палеглымі / асенні дзень...» («Палеглым»).
Паэтэса спрабуе «скінуць жаль пажоўклым лісцем» («У сонечны дзень»), летуценіць думкай хіра вясну красавання жыцця, як, да прыкладу, у вершы «Кроплі золата восень губляе» (1942). Аднак у жаночым голасе верх бярэ шчымлівая мінорная нота. Прычынай гэтага стала і вялікая ўласная драма: у чэрвені 1943 г. пры выбуху ў Мінскім гарадскім тэатры загінуў яе сын Яраслаў. У вершы «Асенні холад», час напісання якога пазначаны восенню 1943 г., мы адчуваем трагічна-жалобны цяжар перажыванняў мацярынскага сэрца. На эмацыянальна-псіхалагічным уздыме яна паядноўвае асабістае і прыроднае, стварае спавядальна-шчырую восеньскую элегію:
Вобраз восені, што глыбока ўвайшоў у паэтычны свет Н. Арсенневай, стаў своеасаблівай «кардыяграмай» яе духоўна-інтымнага самавыяўлення.
З узнёсла-радаснай паэтызацыі хараства навакольнага свету пачынаўся як паэт М. Сяднёў. Сімвалічна ў гэтым сэнсе называецца адзін з ягоных даваенных пейзажных вершаў «Хвала вясне, дажджу і грому». Аднак у другой палове 30-х гг. у паэтавым сэрцы нарастае трывога, пасяляецца прадчуванне нечага нядобрага. «...Чую сэрцам я асеннюю трывогу», — такая споведзь гучыць у лірычным вершы «Прадчуванне». Развітваючыся з летам, паэт па сутнасці развітваўся з радасцю і красой жыцця, родным светам: яго беспадстаўна арыштавалі і асудзілі як «ворага народа». Пазней М. Сяднёў ва ўспамінах яшчэ раз узнавіў свой унутраны стан пярэдадня восені 1936 г.: «Маёй душой апанаваў глыбокі сум. Мне было чагосьці шкада. Здавалася, што я пакідаю самае роднае і прытым пакідаю назаўсёды — пакідаю тое, без чаго я — не чалавек»84.
У радках, што нарадзіліся ў мінскай турме, голас паэта гучыць пакутліва-журліва. Вось які ўражлівы псіхалагічны малюнак паўстае ў пейзажным, вершы «Затуманілася даль...»:
Восень у лірыцы М. Сяднёва з'яўляецца тым «пейзажам душы», які надзвычай яскрава, хвалююча выяўляе трагедыю асобы, індывідуальны лёс чалавека, увогуле раскрывае суровую праўду часу.
Свет восеньскай прыроды — нібы люстэрка, у якім глыбока адбіваюцца душэўныя перажыванні такіх паэтаў, як Х. Ільяшэвіч і У. Клішэвіч. Першы з іх у Заходняй Беларусі трапіў у Лукішскую турму, другі ў савецкай Беларусі быў арыштаваны і высланы на Калыму. Абодва пазней апынуліся на эміграцыі.
Лірычны герой Х. Ільяшэвіча выступае як «сын вясны» («Беларусь ты мая пасспяваная!..»), які па-адраджэнску славіць вясновы рух, кліча квітнеючы сонечны дзень на родную зямлю. Аднак аптымізм, канцэпцыя нацыянальнага абуджэння народнага духу ў яго мяжуюцца з драматычным пафасам: «Ветры навокал асеннія, / сэрца без свету — прылёту / сумам агорнута гэткім...» («Колерам ціхае роспачы...»).' Паэтаваму лірычнаму герою становіцца «цяжка... выглядаць у тумане вясну» («Дзень павіс шэрай хусткай»). Восень выступае як алегорыя няўдзячнай долі роднага краю: «Столькі раніцаў мглістых, / столькі восеняў шэрых, / ў нашых песнях іржавіць / жаўталісцем сухім» («Расшумеліся ветры...»). Настраёвы тон вершаў паэта робіцца мінорна-элегічным, адчуваецца, што нешта неадольна скавала ягоную душу, змусіла драматызаваць лірычны радок:
Вершы У. Клішэвіча «Жураўлі» і «Гусі» нарадзіліся ў турэмнай няволі ў 1937 г. Цяжкае і непазбыўнае ўражанне пакідае іх вобразна-інтанацыйны лад, вярэдзяць свядомасць псіхалагічная рэфлексія, трагічны падтэкст: «Я стаю і думаю, а на сэрцы сум. Ой, куды я цяжкае гора панясу?» («Жураўлі»). Самотна-тужлівай па сваім гучанні заставалася ліра У. Клішэвіча і ў гады вайны. У вершы «Ой, чаму ў вас, тужлівыя ліпы...» паэт нібы прадчуваў асуджанасць сваёй песні заўсёды быць бязрадаснай: «Вечна восень у сэрцы нашу...».
Восень у паэзіі беларускай эміграцыі — часіна спавя дальнай тугі, адзіноты, абвостранага драматызму, выкліканых расстаннем з роднай зямлёй. М. Сяднёў, адзін з самых вядомых творцаў беларускага літаратурнага замежжа, слушна заўважае, што «ўспрыняцце Бацькаўшчыны беларускімі эміграцыйнымі пісьменнікамі і паэтамі было заўсёды абвостраным»85. У вершы «Восень« А. Салавей уражліва гаворыць, што страта роднага і блізкага — незагойная рана душы: «Хто страціў дом — таму яго не мець. Хто сам — самому й знаць тугі абладу: / пісаць лісты, не зводзіць з кніг пагляду, / не спаць, блукаць праз гай, адзеты ў медзь, / пад неспакойным віхрам лістападу».
«Я восеняй жыву ў трывозе...», — прызнаецца М. Сяднёў, уваскрашаючы ў памяці родныя вобразы бацькоўскай зямлі («Восень»). У «Лісце да маці» А. Бярозкі, напоўненым восеньскім элегізмам, прысутнічае балючае размежаванне на «там» і «тут». Наяўнасць гэтага кантрасту сустракаецца і ў іншых творах эміграцыйнай паэзіі, раскрывае драматызм чалавечага лёсу. Паслухаем лірычную споведзь А. Бярозкі:
Цяжкая ноша душэўных выпрабаванняў, бясконцага смутку ўспрымаецца як галоўны лейтматыў усёй восеньскай эміграцыйнай лірыкі. Непрытульна, стомлена адчувае сябе лірычная гераіня Н. Арсенневай: «Душу нідзе / ад смерці жоўтай я не ўтулю» («Вусціш»), «Мне ў залатую высь не ўзняцца, як лісты» («Залатое») і інш. У біяграфічна-крытычным нарысе пра Н. Арсенневу, змешчаным у яе кнізе «Між берагамі», Антон Адамовіч слушна адзначае, што «лінія восені... дасягае свайго кульмінацыйнага пункту ў цыкле «Узноў», асабліва ў вершы «Гэтак будзеш ты са мной»86. Паэтэса вядзе адухоўлены, жывы дыялог з восенню, атаясамлівае сябе з ёй, бачыць гэтую пару метафарай свайго лёсу. Яе філасофія восені — гэта філасофія драматычна-складанага быцця на зямлі, хвалюючы медытатыўны роздум пра жыццё.
Восеньскі пейзаж у эміграцыйнай паэзіі захоўвае беларускі вобразны каларыт, пра што могуць выдатна пасведчыць вершы Н. Арсенневай, А. Салаўя, М. Сяднёва, Я. Золака, Р. Крушыны... Памяць учэпіста трымаецца свайго роднага, таму адзнакі нацыянальнага светаадчування выяўляюцца і ў замалёўках замежнай восені: «з пальцаў рук настаўляю тын», «Кіслай рошчынай пахне трава» (Н. Арсеннева. «Жоўты ліст») і інш. Пішучы пра паэзію Н. Арсенневай, Л. Тарасюк справядліва зазначае, што яе «амерыканскі пейзаж... успамінае сваю беларускую прарадзіму»87. Паэты сумуюць па прыродзе роднага краю, яе непаўторнай, да болю блізкай красе: «І ўсё гляджу чамусьці, як бярозы / гараць на нашым бальшаку» (М. Сяднёў. «Восень»). Повязь з вобразамі прыроды глыбінна-генетычная, і таму яна дае пра сябе знаць нават на ўзроўні падсвядомага. Асабліва шмат настальгічных згадак пра беларускую восень у паэзіі М. Сяднёва. Ён яскрава ўзнаўляе прадметна-канкрэтяыя малюнкі сялянскага побыту, каларытныя вобразныя дэталі нацыянальнага свету.
Беларускія паэты-эмігранты — таленавітыя майстры пейзажнага жывапісу. А што гэта так, пераконвае хаця б верш С. Ясеня «Восеньская песня», у якім палоніць ціхая, тонкая мелодыка радка: «Сцелецца лісце, сцелецца долам Шчасцем мінулым, подыхам кволым». Стваральнікам адметных восеньскіх медытацый з'яўляецца Я. Юхнавец. У сваіх творах «Вецер шалясцеў за вокнамі...», «Павуцінне — шкілет лета...” і інш. ён спалучае лірычна-настраёвае і філасофскае, дасягае одумна-псіхалагічнай, нейкай таемна-магічнай напоўненасці радка. Паэт імкнецца глыбей спазнаць сябе і сэнс быцця чалавека:
Для стылю Я. Юхнаўца характэрна нечаканасць паваротаў думкі, яркая асацыятыўнасць, раскаванасць строфікі. М. Сяднёў у сваёй восеньскай лірыцы таксама імкнецца да філасафічнасці, сэнсава-ёмістых назіранняў.
Як мы пераконваемся, восеньская часіна ў суб'ектыўным быцці беларуса замежжа, яго менталітэце, мастацкай свядомасці мае асаблівы сэнс, выключную духоўную значнасць. Лірычная тэма восені ў эміграцыйнай паэзіі наскрозь прасвечана элегічнай настраёвасцю, драматычнымі эмоцыямі. Восеньскія малюнкі і матывы псіхалагічна ярка выяўляюць раздвоенасць беларускай душы, адарванай ад Бацькаўшчыны. Мова восеньскага пейзажу для паэтаў-эмігрантаў — гэта спосаб і сродак выяўлення нацыянальна-эстатычных і патрыятычных пачуццяў. І яшчэ. Свет восеньскай прыроды ў эміграцыйнай лірыцы медытатыўнага і натурфіласофскага складу з'яўляецца крыніцай глыбокага пазнання чалавечага быцця на зямлі, у часе і прасторы.
ЗАКЛЮЧЭННЕ
Беларуская паэзія назапасіла даволі вялікі вопыт у жанры пейзажу, яго эстэтыцы і паэтыцы. Адлюстраванне прыроды ў сваю чаргу спрыяла ўзвышэнню мастацкага статусу паэтычнага слова, узбагачала яго вобразнажывапісныя і стылёва-выяўленчыя магчымасці. Гісторыя паэтыкі пейзажу ў значнай ступені яскрава сведчыць пра ідэйна-эстэтычную эвалюцыю ўсёй паэзіі, станаўленне і развіццё ў ёй пэўных кірункаў і стыляў, сістэмы вобразна га мыслення.
Сваю асноўную задачу мы бачылі ў тым, каб паказаць, што пейзаж — самастойная жанрава-стылёвая катэгорыя, якая валодае ў беларускай паэзіі ўніверсальна-шырокімі функцыямі і магчымасцямі светаадлюстравання.
Хацелася б спадзявацца, што такі погляд надасць якасна іншае, больш грунтоўнае вымярэнне эстэтычнай сутнасці пейзажнага мастацтва, дапаможа глыбей успрымаць змястоўна-выяўленчую семантыку прыродаапісальнага тэксту. Па сутнасці мы імкнуліся аспрэчыць распаўсюджаную і досыць жывучую думку ў сучаснай філалогіі і мастацтвазнаўстве наконт таго, што «ў літаратуры, музыцы і кіно няма, уласна, пейзажу...» 88. Адносна пейзажнага жанру ў паэзіі ў чытачоў гэтай працы, хацелася б думаць, ужо паспела скласціся зусім процілеглае меркаванне, а менавіта: паэтычны пейзаж — эстэтычна самакаштоўная і паўнавартасная з'ява. Зрэшты, наконт пейзажу ў музыцы яшчэ павінны сказаць сваё важкае слова кампетэнтныя даследчыкі гэтага віду мастацтва. Нягледзячы на тое, што многія навуковыя і даведачныя выданні па музыцы89 не вылучаюць пейзаж як жанравую адзінку, у беларускай музычнай літаратуры такая спроба ўжо зроблена90. А што тычыцца далейшых навуковых распрацовак, то сёння перспектыўным кірункам бачыцца тыпалагічнае вывучэнне пейзажу ў паэзіі, увогуле літаратуры ў сувязі з адлюстраваннем прыроды ў кінематографе і фатаграфіі. Актуальнасць і правамернасць зробленага ў гэтай працы параўнальна-супастаўленчага разгляду пейзажу ў паэзіі і пейзажу ў жывапісе, музыцы пацвярджаюць самыя найноўшыя даследаванні замежных вучоных. Так, у кнізе французскіх знаўцаў кампаратывістыкі П. Брунэля, К. Нішуа, А.-М. Русо «Што такое параўнальнае літаратуразнаўства?», выдадзенай на Беларусі ў 1996 г., гаворыцца, што «мы не можам пахваліцца добрай вывучанасцю гэтага пытання», і таму «філасофія, выяўленчае мастацтва, музыка і літаратура патрабуюць сумеснага вывучэння»91.
Пейзажны жывапіс у беларускай паэзіі, як мы пераканаліся, з'ява разнапланавая, шматаспектная. Метадалогію яе даследавання найперш, прадвызначыла праведзеная класіфікацыя тыпаў і відаў пейзажу, вылучаныя яго функцыі, тэматычныя паказчыкі, прасторава-часавыя параметры, вядучыя і характэрныя элементы паэтыкі.
Пейзаж заўсёды адлюстроўвае спецыфічны тып ці вобраз прасторы. Наша паэзія ярка выявіла склад беларускай этнапрасторы, свет гарадскіх краявідаў, экзатычныя вобразы і ландшафты. Без пейзажу цяжка ўявіць менталітэт і характар народа, яго паэтычную свядомасць.
Адлюстраванне прыроды з'яўляецца неад'емнай асновай эстэтыкі вершаванага мастацтва і ў значнай ступені прадвызначае характар і аблічча стылю творцы. Пейзаж і пейзажныя вобразы ўсталяваліся як адна з прадуктыўных форм медытатыўнай творчасці, сімволіка-алегарычнага мыслення.
Лірыка пейзажу — гэта сотні і тысячы вершаваных твораў, у якіх ажываюць карціны і малюнкі прыроды. Не ўсе яны, вядома, маюць выключна яркую мастацкую сілу выяўленчасці. Не кожны твор можа нарадзіцца шэдэўральным, дасканалым, паколькі гэта залежыць ад многіх фактараў. Але ў чым нельга сумнявацца, дык гэта ў тым, што беларуская пейзажная паэзія — Біблія Прыроды, дзе спавядаюцца высокія ідэалы Красы, Чысціні, Дабрыні, Мудрасці. «Прырода родам з хараства...» — цудоўна сказала Я. Пфляўмбаўм у вершы «Хараство». А паэтэса В. Іпатава з духоўным максімалізмам даводзіць, што «прыгажосць патрэбна ўсяму жывому на маёй зямлі» («Прыгажосць»). Невыпадкова здаўна беларускія мастакі слова ўспрымалі свет прыроды як храм, бачылі ў вобразах роднай зямлі «радню душэўную сваю» (В. Гардзей. «Сярод раўнін, сярод пагоркаў...»). Таму сучасная паэзія жыве экалагічнай трывогай за гэты «вялікі храм прыроды» (М. Дукса). Пасля чарнобыльскай навалы яна з болем і скрухай успрыняла панаванне ў гэтым храме «Д'ябла Ночы» (В. Куртаніч. «Забыццё»), з трагедыйнасцю і драматызмам намалявала апаганеныя, занядбаныя Чарнобылем краявіды.
Пейзаж валодае здольнасцю даносіць да нас чалавечыя радасці і няшчасці, выяўляць значнае і хвалюючае, іншасказальна гаварыць пра нейкія з'явы ці падзеі, нават прадказваць будучае. Мова пейзажнага жывапісу — адзін з асноватворных спосабаў паэтычнага мыслення, жывы космас фарбаў і пачуццяў.
1. Гл.: Міронаў M. A., Шамякіна T.І. Пейзаж // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва: У 5 т. Мн., 1987. Т. 4. С. 243-247.↵
2. Осетров ЕМ. Книга о русской поэзии. М., 1982. С. 302.↵
3. Гегель. Поэзия // Эстетика: В 4 т. М., 1971. Т. 3. С. 355.↵
4. Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. 2-е выд. Мн., 1987. С. 49.↵
5. Осетров Е. И. Книга о русской поэзии. С. 302.↵
6. Пигарев К.В. Русская литература и изобразительное искусство. М., 1972; Осетров Е.Л. Поэзия русского пейзажа // Осетров Е.И. Книга о русской поэзии. С. 296-335; Григоръян КМ. Пейзаж в русской живописи и поэзии // Литература и живопись. Л., 1982. С. 128-146; Гачев Г. Д. Национальные образы мира. М., 1988; Проблемы пейзажа в европейском искусстве XIX в. М., 1978 і інш.↵
7. Белинский В.Г. Статьи о Пушкине // Белинский В.Г. Полк. собр. соч.: В 13 т. М., 1955. Т. 7. С. 97-583; Саводник В.Ф. Чувство природы в поэзии Пушкина, Лермонтова и Тютчева. М., 1911; Белый А. Пушкин, Тютчев и Баратынский в зрительном восприятии природы // Белый А. Поэзия слова. Пг., 1922. С. 7—19 і інш.↵
8. Шамякіна Т Л. Краявіды і літаратура // Беларус, мова і літ. у шк. 1989. № 6. С. 64-69; Яе ж: Якуб Колас — пясняр стыхіяў // Беларус, мова і літ. у шк. 1991. № 2. С. 42-50; Яе ж: Нацыянальны космас беларусаў (да пастаноўкі праблемы) // Шляхам стагоддзяў. Мн., 1992. С. 78-87.↵
9. Бярозкін Р. Паэзія — маё жыццё. Мн., 1989; Навуменка І. Якуб Колас: Духоўны воблік героя. 2-е выд. Мн., 1981; Яго ж: Змітрок Бядуля. Мн., 1995; Гніламёдаў У.В. Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1983; Яго ж: Класікі і сучаснікі. Мн., 1987; Яго ж: Янка Купала: Новы погляд. Мн., 1995; Бечык В. Выбранае. Мн., 1989; Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982; Калеснік У. Лёсам пазнанае. Мн., 1982; Яго ж. Тварэнне легенды. Мн., 1987 і інш.↵
10. Гл.: Бельский А. И. Человек и природа в современной белорусской поэзии: Автореф. дис. ...канд. филол. наук. Мн., 1991.↵
11. Всеобщая история искусств: В 6 т. М., 1956-1966; Бенуа AM. История русской живописи в XIX веке. М., 1995; Фёдоров-Давыдов AA. Русский пейзаж XVІІI - начала XX века. М., 1986; Виноградова НА. Китайская пейзажная живопись. М., 1972; Калитина H.H. Французская пейзажная живопись. 1870-1970. Л., 1972; Стасевич В.Н. Пейзаж. Картина и действительность. М., 1978; Pochat G. Fugur und Landschaft. B.; N.Y., 1973; Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974 і інш.↵
12. Бармин AB. Своеобразие пейзажа в эпопее XIX века Ц Филологические науки. 1970. № 4. С. 6-27; Халфина H.H. Культурно-исторический пейзаж у И.С. Тургенева // Филологические науки. 1987. № 2. C. 74-76; Человек и природа в художественной прозе: Межвуз. сб. науч. тр. Сыктывкар; Пермь, 1981; Гринфелъд-Зангурс Т. Я. Природа в художественном мире М.М. Пришвина. Саратов, 1989; Художественное мышление И.С. Тургенева и Л. Толстого в изображении пейзажей: Метод, разраб. в помощь студентам / Подгот. И.В. Страховым. Саратов, 1980; Кулешов Ф.И. Подвиг художника: Лит. путь И. Мележа. 2-е изд. Мн., 1972. С. 125-126, 135-137, 177-178; Драздова З.У. Майстэрства слова: Моўна-стылявыя асаблівасці «Палескай хронікі» І. Мележа. Мн., 1993. С. 74-81; Шамякіна A. І. Рэальнае і метафізічнае адлюстраванне прыроды ў трылогіі Я. Коласа «На ростанях» // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1995. № 1. С. 90-97 і інш.↵
13. Борев Ю.Б. Эстетика. 4-е изд. М., 1988. С. 57.↵
14. Лессинг Г.Э. Лаокоон, или о границах живописи и поэзии. М., 1957. С. 126.↵
15. Верашчака Ю. Сплачывайце доўг // Наша ніва. 1913. № 26-27. 5 ліпеня.↵
16. Крамской И.Н. Письма, статьи: В 2 т. М., 1965. Т. 1. С. 126.↵
17. Гачев Г.Д. Национальные образы мира. М., 1988. С. 192.↵
18. Лало Ш. Введение в эстетику. М., 1915. С. 101.↵
19. Гадамер Г. Г. Актуальность прекрасного. / Пер. с нем. М., 1991. С. 277.↵
20. Иванова Н.Д. Содержание и принципы филологического изучения пейзажа // Филологические науки. 1994. № 5-6. С. 76.↵
21. Лазарук M. A., Ленсў А. Я. Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў. 2-е выд. Мн., 1996. С. 113.↵
22. Белецкий А.И. В мастерской художника слова. М., 1989. С. 109.↵
23. Вернадский В.И. Размышления натуралиста. М., 1977. Кн. 2. С. 24.↵
24. Калеснік У. Зямное і занябеснае // Стаф Л. Высокія дрэвы. Мн., 1994. С. 12.↵
25. Виноградов B.B. Проблемы русской стилистики. М., 1981. С. 148.↵
26. Иванова Н Д. Содержание и принципы филологического изучения пейзажа. С. 76-77.↵
27. Костиков Г. Два пути французского постромантизма: символисты и Лотреамон // Поэзия французского символизма. Лотреамон. Песни Мальдорора. М., 1993. С. 19.↵
28. Гніламёдаў У.В. Янка Купала: Новы погляд. С. 83.↵
29. Афанасьев А.Н. Древо жизни. М., 1983. С. 38.↵
30. Ягодовская А.Т. О пейзаже. М., 1063. С, 8.↵
31. Каваленка ВА. Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры. Мн., 1981. С. 21.↵
32. Янкоўскі Е. Песняры маладой Беларусі // Александровіч С. Х., Александровіч B.C. Беларуская літаратура XIX — пачатку XX стагоддзя: Хрэстаматыя крытычных матэрыялаў. Мн., 1978. С. 125.↵
33. Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992. С. 322.↵
34. Казбярук У. «А праўда мне ўсяго дарожай...»: Перачытваючы «Новую зямлю» // Роднае слова. 1995. № 10. С. 93.↵
35. Лойка А А. Гісторыя беларускай літаратуры: У 2 ч. Мн., 1989. Ч. 2. С. 270.↵
36. Тютчев Ф. Стихотворения. М., 1990. С. 128.↵
37. Навуменка І. Я. Якуб Колас: Духоўны воблік героя. С. 52-53.↵
38. Гніламёдаў У. Класікі і сучаснікі. С. 41. 38.↵
39. Цыт. паводле: Мікуліч М. На зломе часу: Старонкі інтэрв'ю, дыялогі. Мн., 1995. С. 154.↵
40. Пигарев К.В. Русская литература и изобразительное искусство. С. 5.↵
41. Литература и живопись. Л., 1982; Гашева H. В., Гашева Н. H., Белозерова Е.Ю., Плюснина Г.Н. Литература и живопись (опыт изучения взаимодействия искусств). Пермь, 1990; Пейзаж в литературе и живописи: Сб. науч. тр. Пермь, 1993.↵
42. Лойка А. Паэзія і час. Мн., 1991. С. 97.↵
43. Крамской И.Н. Письма, статьи: В 2 т. Т. 1. С. 162, 201. ↵
44. Крепак БА. Виталий Цвирко. Мн., 1985. С. 6.↵
45. Карнач П. А. Павел Васільевіч Масленікаў. Мн., 1973. С. 35.↵
46. Григорьян К.Н. Пейзаж в русской живописи и поэзии // Литература и живопись. С. 131.↵
47. Гей Н.К. Искусство слова: О художественности литературы. М., 1967. С. 119.↵
48. Цыт. паводле: В.К. Бялыніцкі-Біруля: Альбом-каталог. Ми., 1974. С. 14.↵
49. Гл.: Яфімаў Ф. «Сумавалі вершы па кнізе» // Літ. і мастацтва. 1995. 15 верасня. С. 6-7↵
50. Чабан Т. «Калі маўчыць душа... »// Маладосць. 1989.№ 4. С. 168.↵
51. Долгов K.M. Парадоксы и антиномии современной эстетики и искусства // Эстетика творчества: Сб. ст. М., 1992. С. 20.↵
52. Тынянов Ю.Н. Поэтика. История литературы. Кино. М., 1977. С. 25.↵
53. Бахтин М.М. Эстетика словесного творчества. 2-е изд. М., 1986. С. 157.↵
54. Флоренский П. А. У водоразделов мысли. М., 1990. С. 35.↵
55. Блок А. Собр. соч.: В 8 т. М.; Л., 1962. Т. 6. С. 20.↵
56. Глебов И. (Асафьев Б.В.). Видение мира в духе музыки (Поэзия А. Блока) // Блок и музыка: Сб. ст. Л.; М., 1972. С. 25.↵
57. Янка Купала: Энцыкл. даведнік. Мн., 1986. С. 337.↵
58. Лойка A. A. Гісторыя беларускай літаратуры: У 2 ч. Ч. 2. С. 237.↵
59. Ралько І. Д. Верш і мова. Мн., 1986. С. 250.↵
60. Белинский B. Г. Собр. соч.: В 9 т. М., 1978. Т. 3. С. 297.↵
61. Нісневіч І. Паэт і музыка (М. Багдановіч) // Музыка нашых дзён: Зб. арт. Мн., 1969. С. 59.↵
62. Лойка А А. Гісторыя беларускай літаратуры: У 2 ч. Ч. 2. С. 314.↵
63. Багдановіч М. Поўны зб. тв.: У 3 т. Мн., 1993. Т. 2. С. 378.↵
64. Медушевский В. В. Красота природы в музыке и ее этические основания // Человек — природа — искусство: Вопр. Комплекс. изучения. Л., 1986. С. 207.↵
65. Бельскі А. «Ідзі, вясна, красуйся!..»: Вясна ў беларускай паэзіі // Роднае слова. 1994. № 4. С. 32.↵
66. Навуменка І. На струнах душы: Жыццё і творчасць З. Бядулі // Роднае слова. 1996. № 4. С. 18.↵
67. Фёдоров-Давыдов A. A. Русский пейзаж ХVIII — начала XX века. С. 28.↵
68. Шупенька Г. Пра залатароў і слоўныя экспромты // Крыніца. 1996. № 7. С. 78.↵
69. Цітовіч Г. Адам Русак і беларуская песня // Песні на словы Адама Русака. Мн., 1980. С. 5.↵
70. Блок А. Записные книжки. М., 1965. С. 150.↵
71. Гинзбург Л. О лирике. 2-е изд. Л., 1974. С. 333.↵
72. Кавалёў С. Як пакахаць ружу. Мн., 1989. С. 49-50.↵
73. Брюсов В. Стихотворения. М., 1989. С. 116.↵
74. Кавалёў С. Як пакахаць ружу. С. 51.↵
75. Адамовіч А. Апакаліпсіс па графіку. Мн., 1992. С. 139.↵
76. Тычына М. Метафара лёсу: Чарнобыль і літаратура // Беларусь. 1989. № 7. С. 25.↵
77. Някляеў У. Прадмова да фрагментаў з паэмы «Зона» // Літ. і мастацтва. 1987. 22 мая. С. 8.↵
78. Цыт. паводле ліста, дасланага ў студзені 1990 г. У. Верамейчыкам аўтару гэтага даследавання. 70.↵
79. Аўтар перапрашае за цытаты на рускай мове, бо адсутнічае пераклад на беларускую мову. Пераклад з японскай зроблены А Мамонавым.↵
80. Гейл Р., Гаўзер Т. Апошняе папярэджанне // Полымя. 1989. № 11. С. 155.↵
81. Эпштейн М.Н. «Природа, мир, тайник вселенной...». М., 1990. С. 164.↵
82. Плашчынская С. З дзён далёкіх і блізкіх // Пушча Я. Зб. тв.: У 2 т. Мн., 1994. Т. 2. С. 397.↵
83. Гл.: Фрай Н. Анатомия критики // Зарубежная эстетика и теория литературы XIX-XX вв.: Трактаты, статьи, эссе. М., 1987. С. 232-263.↵
84. Сяднёў М. Масеева кніга. Мн., 1994. С. 225.↵
85. Цыт. паводле: Пранчак Л. Беларуская Амерыка. Мн., 1994. С. 290.↵
86. Адамовіч А. Натальля Арсеньнева. «Між берагамі» // АрсеньневаН. Між берагамі: Выбар паэзіі. Нью-Ёрк; Таронта. 1979. С. 38↵
87. Тарасюк Л. Праз акіян забыцця: Паэзія Н. Арсенневай // Літ. і мастацтва. 1993. 5 лютага. С. 7.↵
88. Стасевич В.Н. Пейзаж. Картина и действительность. С. 5.↵
89. Напрыклад гл.: Музыкальный энциклопедический словарь. М., 1990.↵
90. Гл.: Грышановіч Н.М., Суханова A. І. Музыка: Вуч. дапам. Мн., 1992. С. 117-126.↵
91. Брунэль П., Пішуа К., Русо А.-М. Што такое параўнальнае літаратуразнаўства? / Пер. з фр. Мн., 1996. С. 135-138.↵
Падрыхтаванае на падставе: Алесь Бельскі, Жывая мова краявідаў. Пейзаж у беларускай паэзіі, — Мінск: Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр, 1997. — 136 с.
ISBN 985-6012-40-6
УДК 882.6.09
Упершыню пейзаж у беларускай паэзіі выбраны ў якасці асобнага і сістэмнага даследавання. Прасочваецца гістарычны генезіс і робіцца спроба класіфікацыі розных тыпаў пейзажу, выяўляюцца яго асноўныя функцыянальныя рысы і нацыянальныя асаблівасці, разглядаюцца пейзажныя вобразы ў іх гістарычна-часавым і індывідуальна-мастацкім асэнсаванні. Паэтычнае адлюстраванне прыроды суадносіцца з паэтыкай пейзажу ў жывапісе і музыцы. Аналіз і вывады аўтара грунтуюцца на аснове вялікага фактычнага матэрыялу. Разлічана на літаратуразнаўцаў, выкладчыкаў ВНУ і педагагічных каледжаў, настаўнікаў сярэдніх школ, ліцэяў, гімназій, а таксама можа быць выкарыстана студэнтамі і вучнямі старэйшых класаў.
Copyright © 2013 by Kamunikat.org - ePub