Алесь Бельскі
КРАСА І СМУТАК
Дапаможнік для настаўнікаў
1
«Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею...»
Перафразуючы вядомае, мы не памылімся, калі скажам, што ўся беларуская паэзія XX ст. вырасла са світкі Францішка Багушэвіча (1840-1900). Яго творчасць дала жывільны штуршок росту і разгалінаванню магутнага паэтычнага дрэва, якое ўзвысілася імёнамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Алаізы Пашкевіч (Цёткі), Алеся Гаруна і іншых таленавітых творцаў. Гэта быў паэт-першавястун беларускай мовы і літаратуры, бо ён «упарта, як парастак паміж плітамі тратуара, пралез паміж дзвюма стыхіямі, рускай і польскай... пралез і вырас са сваім і зграбным, і глыбока, па-народнаму, па-хлебнаму свежым беларускім словам» (Я. Брыль).
Ад Ф. Багушэвіча бярэ пачатак пафас адраджэння і абароны роднай мовы, культ шанавання ўсяго роднага, беларускага. У гэтай сувязі прыгадваюцца афарыстычныя выказванні Алеся Разанава з кнігі «Паляванне ў райскай даліне» (1995) пра тое, што «кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор і гэты твор — мова». А «паэт — душа мовы». Ф. Багушэвіч якраз адчуў непаўторнасць, высокія вартасці і геніяльнасць беларускага слова, пачаў ім свядома карыстацца, абуджаць цікавасць да яго. Ён як паэт стаў душой беларускай мовы, яе песняром і абаронцам.
Ф. Багушэвіч — постаць лёсавызначальная ў беларускай літаратуры і гісторыі. Асоба маштабная, нават эпахальная, ён стаў тым гістарычным эпіцэнтрам, з якім звязаны выбух і магутны ўзлёт нацыянальнага адраджэння XIX— пачатку XX ст. Справядліва называюць Ф. Багушэвіча будзіцелем і прарокам беларускага Адраджэння. Аднак і як паэт ён надзвычай шматгранны, а яго паэзія — вельмі шматмерная з'ява. Ніл Гілевіч у сваім выступленні «Каб жа тое слова ды людзей з'яднала...», прысвечаным 150-годдзю з дня народзінаў Ф. Багушэвіча, якое святкавалася ў сакавіку 1990 г., акрэсліў асобу паэта так: «Вялікі народны паэт — у самым дакладным значэнні гэтага слова — народны. Вялікі нацыянальны паэт — зноў жа ў самым дакладным значэнні гэтага слова — нацыянальны. Услухаемся ў яго мову, угледзімся ў створаныя ім малюнкі і вобразы. Усё там — ад гэтай зямлі, усё ад жыцця і лёсу народа. Багушэвіч — бясстрашны заступнік і абаронца прыгнечанага працоўнага чалавека і абяздоленага народа, Багушэвіч — бясспрэчна — паэт-гуманіст і дэмакрат па самаму вялікаму рахунку. Але і гэта не ўсё: ён быў яшчэ і ўзорам паэта-інтэрнацыяналіста, які даражыў святым пачуццём братэрства».
Невыпадковым бачыцца тое, што багушэвічаўская традыцыя мела глыбокі ўплыў і ўздзеянне на яго паслядоўнікаў, тых, хто прыйшоў на літаратурную ніву ў XX ст. Слова песняра, неадлучнае ад сучаснасці, стала для нашых паэтаў ідэястваральнай асновай і філасофіяй нацыянальнага быцця. Вобраз Ф. Багушэвіча знайшоў шырокае ўвасабленне і асэнсаванне ў творчасці беларускіх паэтаў і асабліва — у творах 80-90-х гг. Зрэшты, і ў прозе да гэтай выдатнай асобы выявіліся заканамерны інтарэс і цікавасць, пра што сведчаць раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», аповесць Васіля Хомчанкі «Пры апазнанні — затрымаць», галоўным героем якой з'яўляецца Ф. Багушэвіч. На сённяшні дзень у беларускай літаратуры XX ст. акрэсліваецца шырокае кола мастацкіх вобразаў выдатных людзей Беларусі — духоўных бацькоў нашага народа, дзеячаў культуры і мастацтва, класікаў прыгожага пісьменства. У гэтай мастацкай галерэі сярод постацяў Еўфрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Сымона Буднага, Паўлюка Багрыма, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Алаізы Пашкевіч (Цёткі), Максіма Багдановіча і іншых надзвычай прыкметнае месца належыць вобразу Францішка Багушэвіча, створанага і ярка апаэтызаванага у шматлікіх вершаваных творах.
Бадай, самым першым з беларускіх паэтаў, хто звярнуўся да вобраза Багушэвіча ў мастацкай творчасці, стаў Адам Гурыновіч (1869-1894), якога, як вядома, называюць пераемнікам і паслядоўнікам Багушэвічавай традыцыі. Гэты паэт звярнуўся да старэйшага майстра слова як да брата, выказаў яму сваю ўдзячнасць за ўрокі творчасці, прыклад чалавекалюбства, за пасеяныя зярняты цікавасці і любові да роднай мовы, якія абудзілі ў душы нацыянальны аптымізм:
Беларуская паэзія пачатку XX ст. нібы ўзяла ў маніфест ці праграму словы Ф. Багушэвіча з «Прадмовы» да яго зборніка «Дудка беларуская» (1891): «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі!» У вершах Я. Купалы «Роднае слова», «Ворагам беларушчыны», «Беларушчына», «Родныя песні» і іншых гучыць пафас палымянага заступніцтва і абароны роднай мовы, сцвярджаецца нацыянальная годнасць беларуса. Услед за Багушэвічам пясняр роднага слова XX ст. прамаўляе з магутным патрыятызмам, эмацыянальнай узрушанасцю, ён мужны і бунтарны ў адстойванні права нашага народа на сваё духоўнае самасцвярджэнне ў свеце.
Адраджэнскі нацыянальна-патрыятычны пафас паэзіі Алеся Гаруна (1887-1920) — тая дамінанта, якая таксама брала мацунак ад запавету Ф. Багушэвіча не цурацца роднай мовы, памятаць, што яна «такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая». Паэт-нашанівец А. Гарун па-багушэвічаўску заклапочана і неяк па-свойму, запаветна-інтымна, пранікнёна звярнуўся да душы і свядомасці беларуса: «Ты, мой брат, каго зваць Беларусам, Роднай мовы сваей не цурайся; Як не зрокся яе пад прымусам, Так і вольны цяпер не зракайся». А. Гарун, як і яго слынны папярэднік, заклікаў ісці з родным словам у свет вялікі, годна сцвярджаць сваю самабытнасць і здабываць павагу ў іншых народаў: «Дык шануй, Беларус, сваю мову — гэта скарб нам на вечныя годы; За пашану радзімаму слову Ушануюць нас брацця-народы!» (верш «Ты, мой брат, каго зваць Беларусам...»).
З імем Ф. Багушэвіча, яго запаветнымі словамі жыве і сучасная паэзія. Яскравым прыкладам тут можа паслужыць грамадзянска-патрыятычнае слова Пімена Панчанкі (1917-1995), прамоўленае пра родную мову і яе лёс. Паэт не прымае таго, што мы «родную мову забылі», адракаемся ад яе і забываем (вершы «Родная мова», «Беларуская мова», «А мову ледзь не затапталі...», «Не адцураюся, не адракуся» і інш.). П. Панчанка мужна і бескампрамісна бароніць самую дарагую святыню, і ў гэтым ён — духоўны паслядоўнік Ф. Багушэвіча. Заклікальны тон сучаснага паэта па сваёй ідэйна-сэнсавай напоўненасці перадаецца з запаветам прарока беларускага Адраджэння, яго ўсхваляваным сцвярджэннем думкі пра тое, што «наша мова для нас святая»: «Пакіньце мне мову маю. Пакіньце жыццё мне!»; «Ад роднай мовы. Ад роднай нацыі Не адцураюся, Не адракуся!». Паэт пісаў з трывогай і болем пра стан роднай мовы, думаў пра яе паратунак, экалогію, журыўся, а часам і няверыўся. П. Панчанка, як некалі Ф. Багушэвіч у XIX ст., бачыў, што пры канцы XX ст. мы як народ і нацыя апынуліся ў такой сітуацыі, «як той чалавек прад скананнем, катораму мову зойме...».
У творчасці Ніла Гілевіча вядучае месца займаюць тэма роднай мовы, адраджэнскі пафас, ідэя беларускай незалежнасці, патрыятызму, нацыянальна-духоўнага ўзвышэння. Тое, што Н. Гілевіч быў заўсёдным і паслядоўным прапаведнікам роднага слова, яго шчырым заступнікам, якраз і сведчыць кніга «Любоў прасветлая» (1996), якая мае наступны падзагаловак: «Роздумы ў вершах і прозе аб роднай мове. Лірыка-публіцыстычная хроніка: 1947-1995». Першы свой верш будучы вядомы паэт напісаў у 1947 г. пад уражаннем прачытанай Багушэвічавай «Прадмовы» да «Дудкі беларускай». У кнізе аўтабіяграфічнай прозы «Перажыўшы вайну» (1988) ён згадвае: «Нідзе ніколі раней я не чытаў такога аб нашай мове. Такога шчырага, даверлівага і балючага слова. Ажно страшнаватага ў сваёй праўдзе. «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!..» Я ніколі не задумваўся, што некаму наша мова можа не падабацца, што нехта можа яе лічыць горшай за іншыя і што нехта збіраецца яе пакінуць, адрачыся. Я гаварыў ёю ад нараджэння і штодзённа гэтак жа натуральна, як дыхаў. І акружала мяне ўсюды толькі яна: і дома, і ў школе, і на вуліцы. А вось жа аказваецца! Не пакідайце, каб не памерлі! Як чалавек перад смерцю спачатку перастае гаварыць, так і ўвесь народ,— страціўшы мову, памірае...» У вершы «Родная мова» тады яшчэ юны паэт дэклараваў сваю вернасць закліку-запавету Ф. Багушэвіча:
Усё свядомае жыццё Н. Гілевіч самаахвярна слугуе беларускаму слову, турбуецца пра сённяшні лёс і будучыню роднай мовы, нацыянальнай культуры. У вершах «Мова майго народа», «Зварот», «Адкажы!», «Нічога дзіўнага», «Вы не яе — вы сябе прыніжаеце» ён прадаўжае адраджэнска-патрыятычную традыцыю, падмурак якой заклалі Ф. Багушэвіч, Я. Купала, М. Багдановіч і іншыя слынныя змагары і апосталы беларушчыны. У паэтычных і публіцыстычных творах Н. Гілевіча жыве палкая вера ў неўміручасць роднага слова, уваскрэсенне нацыянальнага духу і свядомасці народа. Паэт заклікае нас, «каб не ўмёрлі», каб памяталі пра «адзежу душы», шанавалі і бераглі мову як святыню, найвялікшы духоўны скарб. Асоба і словы Ф. Багушэвіча становяцца ў мысленні паэта своеасаблівым кодавым першавобразам:
Ф. Багушэвіч, як, дарэчы, і Я. Купала, з'яўляецца для Н. Гілевіча духоўным настаўнікам і прапаведнікам нацыянальнай ідэі, песняром народнага лёсу, чые словы — нібы пуцяводны маяк, па якім варта звяраць свой курс беларусу і нашаму айчыннаму караблю ў вірлівым акіяне сучаснасці.
Сучасныя паэты вяртаюцца да Багушэвіча, каб узгадніць жыццёвыя вартасці і арыенціры сённяшняга дня. Добра пра гэта сказаў Алесь Разанаў: «Чытаю Багушэвіча — і спадзяюся сустрэцца з яго думкай і позіркам, скіраванымі сюды, у нашыя небакраі» («Скрыжаванне Францішка Багушэвіча»), У сваіх зномах «Гаворым на мове...», «Наша спадчына ўсё яшчэ...» А. Разанаў з медытатыўнай разважлівасцю гаворыць пра глыбіню Багушэвічавага слова, пра тое, што значыць для яго і ўсіх нас спадчына песняра: «яна — аблічча ўчалавечанага часу».
Паэты маладзейшага пакалення звяртаюцца да адраджэнскага маніфеста, сфармуляванага ў «Прадмове» да «Дудкі беларускай», каб далучыцца да нацыянальна-патрыятычных прадвызначэнняў і імператываў духоўнага быцця. У тым, што выказаў Ф. Багушэвіч, бачыцца існае, вечнае, сапраўды надзённае для сучаснага існавання ў свеце. Малады паэт Алесь Пашкевіч у эпіграф да верша «Разбіла поўня бубнам ціш...», што змешчаны ў зборніку «Нябесная сірвента» (1994), выносіць словы Ф. Багушэвіча «...мова — адзежа душы...». Ён у роздумна-запытальнай форме выяўляе трывогу пра беларускую душу:
«Маркотнік драч» балесна раніць сэрца, збуджае абвостраную ўнутраную рэакцыю, якая нараджае думку пра сваё, роднае, беларускае.
Пафас абагаўлення роднай мовы, любові да яе, глыбокае разуменне мовы як галоўнай духоўнай парадыгмы быцця, непрыманне рознага глуму над «адзежай душы» і асуджэнне нацыянальнага адступніцтва і самазабыцця — гэта якраз тая «лінія высокага напружання» (выраз П. Панчанкі) ідэй і поглядаў Ф.Багушэвіча. Творы адраджэнска-патрыятычнага гучання творцаў сучаснага маладзейшага пакалення — Эдуарда Акуліна, Вольгі Катанін, Міхася Скоблы, Ігара Пракаповіча і іншых — асабліва красамоўна пераконваюць у гэтым. Праз далучэнне да Багушэвічавых духоўна-патрыятычных першавытокаў і высноў паэты выяўляюць сваю прыналежнасць да высокіх маральных і грамадскіх ідэалаў:
Міфа-паэтычная творчасць у беларускай паэзіі таксама бярэ вытокі ад міфалагізацыі Ф. Багушэвіча (верш «Хцівец і скарб на святога Яна»). Паэт XIX ст. адным з першых паказаў узор міфалагізаванага асэнсавання рэчаіснасці, пазней гэткім шляхам пайшлі Янка Купала, Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля і інш. У сучаснай паэзіі вобразы і матывы беларускай міфалогіі — крыніца мастацкага светабачання і светапазнання такіх вершатворцаў, як Максім Танк, Рыгор Барадулін, Анатоль Сыс, Алег Мінкін, Анатоль Дэбіш і інш.
Які ж ён, Францішак Багушэвіч, у светаадлюстраванні сучасных паэтаў? Максіму Танку, які «толькі чуў яго звон «Беларускай дудкі», ён бачыцца духоўным празорцам і прадвеснікам, праўдалюбцам і волатам духу:
Аўтар «Дудкі беларускай» паўстае з верша М. Танка як выратавальнік роднай мовы.
Рыгор Барадулін у вершы «У вянок Мацею Бурачку» ўслаўляе самаахвярнага паэта, які выбраў шлях змагання за мужыцкую праўду, мову, свабоду. Ф. Багушэвіча паклікала паўстанне 1863 г., бо ён востра ўсведамляў свой абавязак быць абаронцам роднага люду:
Удзел у паўстанні быў мужным грамадзянскім учынкам паэта, стаўся лёсавызначальнай падзеяй. «1863 год для Багушэвіча,— як адзначае Алесь Яскевіч,— той маяк, які свяціў паэту праз усё далейшае жыццё, быў вышэйшай меркай паводзін, жывіў духам няскоранага змагання яго музу».
У «Маналогу Францішка Багушэвіча», што напісаў Сяржук Сокалаў-Воюш, якраз і паэтызуецца героіка-вызваленчы дух змагання, патрыятызму. Гэты «Маналог...» увайшоў у цыкл «Песні касінераў», які вылучаны асобным раздзелам у зборніку «Кроў на сумётах» (1989). У зачын верша-маналога выносяцца Багушэвічавы словы «Братцы мілыя, дзеці Зямлі-Маткі маёй!..», потым гучаць тэмпераментныя, энергічныя і палымяныя радкі змагарніцкага поклічу, у якім выявілася свабодалюбнасць беларускай душы. Далей эмацыянальную намагнічанасць слова змяняе перабіўка плана — чуецца роздумная гаворка: «Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю...» Затым зноўузлётна, уздымна ўзрываецца тэмп верша, радок гучыць гулка, адрывіста, бойка. С. Сокалаў-Воюш сэрцам вывярае сутнаснае і галоўнае ў паэзіі Ф. Багушэвіча:
Зусім іншую танальнасць мае верш С. Сокалава-Воюша «Раскоша аксамітных вечароў...», які мае прысвячэнне: «Францішку Багушэвічу». Гэты твор напісаны вельмі лірычна, уяўляе сабой «пейзаж душы». Прырода і чалавечыя пачуцці зліваюцца ў адзінае цэлае: «Пакуль адзін, далёка ад сяброў, Нібы пустэльнік у сваёй капліцы, Пакуль адзін... ды подыхі вятроў Даносяць зыкі: спее навальніца».
Ф. Багушэвіч як адвакат бараніў правы сялян у судзе, мужыцкім адвакатам ён заставаўся і ў сваёй творчасці, паказваў усю несправядлівасць тагачаснага грамадскага ладу. Паэт Рыгор Семашкевіч гаворыць пра Ф. Багушэвіча як пра мужнага, смелага абаронцу, які паўстаў супраць татальнага бяспраўя і ўціску: «На ўсю Беларусь мільён пракурораў І толькі адзін, толькі ён адвакат» («Францішак Багушэвіч»),
У жалобны развітальны дзень з сялянскім адвакатам і паэтам вяртаецца Данута Бічэль-Загнетава ў вершы «Мацей Бурачок». Паэтэса малюе карціну бяды, гора беларусаў і Беларусі, якія страцілі вернага сына: «А паабапал трупы // гора аж слепіць вочы». Фінальныя строфы верша становяцца ўслаўленнем самаахвярнасці Мацея Бурачка, песня якога
Водсвет казачнасці нясе верш Віктара Шніпа «Францішак Багушэвіч» (зборнік «Пошук радасці», 1987).
Воблік Мацея Бурачка — быццам мроя, прывід: «Ён сядзеў каля дарогі, Як туман, увесь сівы». З Багушэвічам пачынаецца дыялог:
Сучасны паэт даводзіць нам сваё эстэтычнае крэда: шчырае, праўдзівае слова — сутнасць паэзіі.
У свой час Багушэвічава слова абудзіла ліру Я. Купалы, А. Пашкевіч (Цёткі) і іншых паэтаў. «Дзякуй табе, Мацею Бурачок! Чэсць і слава тваему слову! А ты, «Дудка», грай і мне голас дай»,— пісала Цётка ў прадмове да зборніка «Скрыпка беларуская» (1906). Багушэвічава слова яшчэ раней давала веры і мацунку ў няволі перад смерцю А. Гурыновіча і гэта добра паказвае Алег Лойка ў баладзе «Каб не плакалі кані». Сучасны паэт уражліва ўзнаўляе той драматычны момант, калі смяротна хворы Адам Гурыновіч з удзячнасцю прыгадвае Мацея Бурачка. Царскі жандар гарыць нянавісцю і пагражае: «Цябе я знішчу, Знішчу Бурачка я! Свайго не прычакаеш!..»
І ўсё ж нязломным аказалася роднае слова. Услед за «Дудкай беларускай» Ф. Багушэвіча загучала вялікая, магутная беларуская музыка — «Скрыпка беларуская» Цёткі, «Жалейка» (1908) Я. Купалы, «Песні-жальбы» (1910)Я. Коласа... Наўвесь свет стала чутнай беларуская мова.
Дарога вядзе многіх людзей, у тым ліку і паэтаў, у Кушляны, на радзіму Мацея Бурачка, каб пакланіцца духоўнаму подзвігу выразніка народнай душы таленту вялікага паэта. У вершы «Камень Багушэвіча» Мар'яна Дуксы прадметам паэтызацыі становіцца валун на магіле з надпісам: «Мацею Бурачку». Сучасны паэт бачыць невыпадковым тое, што менавіта гэты волат прыроды ўзвысіўся на месцы спачыну песняра беларускага народа: «...такі валун узвысіла прырода // і ад сябе і ад майго народа // вялікаму абранніку свайму».
У вершы «У гасцях у Мацея Бурачка» Віктар Стрыжак (зборнік «Рэха журбы», 1994) паэтызуе Кушлянскі куток, мясцовыя краявіды, радуецца сваёй прысутнасці «ля дум Мацеевых, ля хаты Багушэвіча». У той жа час наш сучаснік пранікаецца словамі Багушэвіча: «Як крыві не стане, Тады кончу гранне!» — і адчувае балючасць, пакутны стан палапай душы, у якой гарэў самазгаральны агонь.
На радзіме Багушэвіча Людміла Рублеўская востра адчула драматызм лёсу паэта, які «вястуе пра святло» там, дзе «законнай цемрашалы лічаць цемру». Прарокаў ва ўсе часы не разумелі і не ўспрымалі многія, бо яны гаварылі пра космас душы, а не толькі пра хлеб надзённы. Ф. Багушэвіч клікаў суайчыннікаў адчуць у сабе беларускае неба, бачыў шлях у агульначалавечы сусвет:
Шматгранна вобраз Ф. Багушэвіча ўвасоблены ў невялічкай гістарычнай паэме Алеся Жамойціна «Дудка між кайданаў» (зборнік «Азірнуўшыся — не скамянею», 1989). Твор складаецца з дванаццаці міні-частак. Перад намі нібы ажываюць сцэны і эпізоды біяграфіі Багушэвіча. Ён паказаны як паўстанец і вораг царызму, народны адвакат, што ўбачыў у мужыку Чалавека, слаўны нашчадак Скарыны, што, «стаўшы паэтам святое зямлі», усклаў на сябе адказную місію — вывесці свой народ на сапраўдныя духоўныя прасцягі быцця. Сучасны паэт услаўляе Багушэвічаву дудку праўды і святла, захапляецца сілай і няскоранасцю беларускага духу:
Паэма А. Жамойціна напісана з грамадзянска-публіцыстычнай уздымнасцю і пачуццёвай роздумнасцю слова. Аўтар шматпланава разгортвае сюжэтную канву, насычае яе героіка-трагедыйным зместам. Паэт здолеў ярка выявіць мэтаімкнёнасць і характар асобы Ф. Багушэвіча, адзінства поглядаў змагара-патрыёта і пафасу яго творчасці.
Беларуская паэзія на парозе трэцяга тысячагоддзя па-ранейшаму азіраецца ў мінулае, на Багушэвіча, услухоўваецца і вычытае гукі яго Дудкі. Бо паэты добра ведаюць і разумеюць, што калі наша быццё зробіцца нацыянальна ўсвядомленым, па-сапраўднаму дэмакратычным, свабодным і гуманізаваным, то ў гэтым і будзе спраўджвайце мараў, спадзяванняў і запаветаў Ф. Багушэвіча — аднаго з першых песняроў Маці-Беларусі, яе высакароднага рыцара і слаўнага сына.
Паэт з нівы Адраджэння
Імя Янкі Журбы з'явілася ў газеце «Наша ніва» ў той час, калі з яе старонак ужо шырока гучалі галасы Я. Купалы і Я. Коласа. Першы верш паэта «На беразе Дзвіны» быў надрукаваны «Нашай нівай» у 1909 г., і гэтая публікацыя стала дэбютам маладога паэта. У 1906-1909 гг. Я. Журба вучыўся ў Глухаўскім настаўніцкім інстытуце на Украіне. Якраз у гэты перыяд і адбываецца светапогляднае пасталейце паэта, пра што ён згадвае ў аўтабіяграфіі: «Прысылка газет і ветлівае пісьмо рэдактара «Нашай нівы» абудзілі маю нацыянальную свядомасць». Я. Журба ўсёй душой далучаецца да літаратурнага і грамадскага жыцця Беларусі, піша шматлікія вершы, допісы ў «Нашу ніву», у якіх гаворыць пра неабходнасць глыбокага сацыяльна-духоўнага абуджэння народа, гартавання яго нацыянальнай самасвядомасці. Творчасць Я. Журбы мацавала лірычны статус беларускай паэзіі, яна прасякнута грамадзянскім, патрыятычным пафасам. Звяраючы свой паэтычны крок са словам Я. Купалы і Я. Коласа, Я. Журба натхнёным радком імкнуўся спрыяць уздыму беларускага Адраджэння, якое, трэба сказаць, дало магутныя крылы ўсёй нашай літаратуры і культуры на пачатку XX ст.
Янка Журба (Іван Якаўлевіч Івашын) прайшоў складанымі жыццёвымі і творчымі пуцявінамі. Лёс адпусціў яму доўгі век — памёр ён на 83-м годзе жыцця (1881-1964). Нарадзіўся будучы паэт увесну ў сялянскай сям'і. З маленства пачаў зарабляць сабе на хлеб: разам з бацькам у Чашніках і навакольных вёсках тынкаваў хаты, клаў падмуркі, рабіў печы. Смак працы дзеці Івашыных адчулі рана, бо ў сям'і было дванаццаць душ. Але асаблівая клопатная ноша, вядома, ляжала на плячах бацькоў. Рос Янук не толькі ў працы. Не міналі яго і дзіцячыя радасці, забавы, клікалі лес і рака, гожыя краявіды. Сама прырода выхоўвала ў душы хлопчыка паэтычную ўражлівасць. Як маляўніча-вабныя мясціны апісвае паэт той куточак, дзе ён нарадзіўся і рос: «Пасёлак акаймляецца ракой Улай і ўпадаючай у яе каля самага пасёлка рэчкай Цяпінкай. Берагі абедзвюх рэк густа зараслі дрэвамі і кустамі, якія вясной агалашаюцца дружнымі трэлямі салаўёў. Калі летам падыходзіш к пасёлку з боку м. Чашнікі, то здаецца, што ўвесь ён упрыгожан пышнай зелянінай». Менавіта такой некалі была радзіма паэта — вёска Купніна (зараз у межах г. Чашнікі) на Віцебшчыне. Моцна краналі сэрца Янука беларускія песні, якія часта спявала маці, і ён «запамінаў іх змест і матывы».
Заззяла на хлапечым шляху і зорка ведаў. Бацька знайшоў сродкі на тое, каб сын пайшоў у навуку спазнаць свет «мудрасці кніжнай». Ён скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю (1902), а ў хуткім часе і Глухаўскі настаўніцкі інстытут (1909) на Украіне. Вялікую частку свайго жыцця паэт аддаў народнай асвеце, школьнаму будаўніцтву і выхаванню дзяцей. Працаваў у пачатковых школах Віцебшчыны, настаўнічаў на Украіне, Беларусі, у Расіі. У 1921-1922 гг. ён — супрацоўнік навукова-педагагічнай камісіі Наркамасветы БССР, а пасля некалькі гадоў працаваў інспектарам акруговых аддзелаў народнай асветы. У 1927-1934 гг. выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Чэрыкаўскай сямігодцы і Магілёўскім медыцынскім вучылішчы. Святло ведаў юнаму пакаленню Іван Якаўлевіч нёс праз многія гады сваёй працы. І ні хвіліны не наракаў на тое, што шмат часу адбіраюць школа і дзеці. Прынамсі, як не шкадуюць пра гэта і сённяшнія паэты, школьныя настаўнікі Мар'ян Дукса, Уладзімір Верамейчык, Таіса Мельчанка, Яўгенія Малдаўская і інш. Неяк у канцы 1927 г. Я. Журба прынёс у рэдакцыю «Беларускай вёскі» да Кузьмы Чорнага матэрыял, прысвечаны праблемам школы. Станіслаў Пятровіч Шушкевіч, згадваючы той прыход Івана Якаўлевіча, расказваў, як паэт хварэў за жыццё школы, стан нацыянальнай асветы: «Малады паэт Сяргей Дарожны адразу ж разгаварыўся з Іванам Якаўлевічам: «Дзядзька Журба, хопіць ужо займацца школьнымі справамі, пара брацца за літаратуру, і толькі за літаратуру». На твары паэта з'явілася чырвань, і ўсім здалося, што чалавек адчуў у гэтых словах абразу. На хвілінку ўсе суцішыліся, а Іван Якаўлевіч палажыў на плячо Сяргея Дарожнага руку і адказаў: «Даражэнькі, яшчэ сотні такіх, як вы, у Міншчыне, Магілёўшчыне не вучацца. А можа, з іх вырастуць нашы Пушкіны, Шаўчэнкі, Міцкевічы».
Янка Журба па складзе таленту — паэт лірычны, таму яго творчую манеру вызначаюць сардэчная шчырасць, эмацыянальна-прачулы лад гаворкі. У сваім лірычным самавыяўленні ён пазбягае штучнай экстравагантнасці, мудрагелістасці, складанай сімволікі, не ўзводзіць у абсалют форму верша, да чаго імкнуліся, напрыклад, футурысты ці імажыністы, а, наадварот, аддае перавагу традыцыям рэалістычна-канкрэтнага жывапісання, народна-песенным інтанацыям, лірыцы грамадзянскага выказвання. Някідкасць, прастата строф лепшых вершаў Я. Журбы, аднак, мае адзнакі сапраўднай мастацкасці: пранікнёны і спавядальнік лірызм, псіхалагічная напоўненасць і яркасць адлюстравання чалавечага перажывання, суб'ектыўнасць вобразнага малюнка. Сказанае тычыцца найперш інтымна-любоўнай і пейзажнай паэзіі паэта, такіх вершаў, як «Санет», «Адрадзілася прырода...», «Элегія», «Залацісты вечар дагарае...» і інш. Пейзажная лірыка ў яго творчай спадчыне складае вельмі запамінальныя і яркія старонкі. Паэт захапляецца роднай прыродай, яе з'явамі і хараством з вялікай замілаванасцю і любоўю: «П'ю я водар, п'ю я слодыч Сонца, спеваў кветак...» Ёсць у яго і сузіральныя прыродаапісанні, і пейзажныя малюнкі, сагрэтыя асабістым пачуццём, сапраўднасцю перажытага. У вершах-прыродаапісаннях нярэдка з'яўляюцца і сацыяльныя матывы, грамадзянскія інтанацыі: «Веру, родная краіна: Возьмеш верх над цемрай злою...» (верш «Адрадзілася прырода...»). У лепшых пейзажных творах «я» паэта знітавана «з прыродай... душой»: рэчка, лес, поле — звыклы і абжыты свет, дзе ў прыродна-вобразным багацці зрок і слых адухоўлена фіксуюць паэтычна-яркае, да болю роднае, зямное, прыгожае — тое, што вакол нас і складае неад'емную частку нашага духоўнага быцця. Свет прыроды Я. Журба вычувае як свет красы, гармоніі. Нельга не заўважыць тое, што ў паэзіі 20-х гадоў, калі не без уплыву рускай літаратуры ў беларускую паэзію ўладна ўваходзілі матывы пакарэння прыроды, з паэтавых вуснаў льюцца гімны беларускай прыродзе, радкі-песні пра хараство краявідаў. Лірычны герой яго паэзіі жыве ў цеснай, высокай эстэтычнай і духоўнай сувязі з прыродай роднага краю: водар кветак і пералівы-хвалі ракі, усход сонца і крык журавоў у небе выклікаюць у яго сэрцы «радасць-уцеху», элегічны роздум і іншыя глыбокія перажыванні. Вось эмацыянальна-светлы тон гучання верша «У жыце»:
У малюнках прыроды адбіваецца «ўнутраны пейзаж» паэта— стан яго душы, напрыклад, любоўныя згрызоты, інтымныя пачуцці: «А цяпер... адзін сюды хаджу я... Адгукніся, кветка, адгукніся!» (верш «Залацісты вечар дагарае...»).
Вершы пра каханне ў паэта агорнуты прачулай настраёвасцю, імпэтнымі эмоцыямі. Любоўны водгук сэрца поўніцца то ўзвышанай радасцю, то пакутным жалем расстання. Найчасцей каханне для паэта — хвалюючае сэрцабіцце, таемна-святочны росквіт душы і прыроды:
Я. Журба — творца грамадзянскага кшталту. У творчасці «нашаніўскага часу» яскрава выявіўся нацыянальна-дэмакратычны пафас яго слова, сацыяльна-актыўны характар мыслення. Пра гэта могуць сведчыць і паэтавы публіцыстычныя допісы («Лісты з Украіны»). Ды і ў агульнай танальнасці тагачаснай паэзіі Я. Журбы прыкметна вылучаецца сацыяльна-палітычны, адраджэнскі напал думкі паэта. Моцны эмацыянальны, заклікальны зарад маюць радкі верша «Вокліч», які быў напісаны ў 1912 г.:
Пісаў Я. Журба не толькі «з вялікай журбою і з болем сардэчным», не пакідаў яго нацыянальны і сацыяльны аптымізм. Паэт імкнуўся зацепліць у сваіх радках Надзею, Веру ў народнае шчасце, лепшую долю беларуса, адраджэнне яго духу. «Я цвёрда, шчыра веру, Я веру ўсёй душой...» — на такой ноце пачынаецца верш «Да роднай краіны». Праўда, пераадоленне паэтам песімістычных настрояў, яго аптымістычны голас з пазіцый вульгарнага сацыялагізму расцэньваўся інакш. «Аптымізм Журбы,— адзначаецца ў «Литературной энциклопедии» 1930 г.,— навеяны, аднак, не рэвалюцыйнымі перспектывамі, не заклікам да барацьбы за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, а буржуазным пазітывізмам, «асветніцкім мірным» імкненнем аўтара да распаўсюджвання ведаў у народзе, прывучэнню яго да культурных форм працы». З самых першых твораў Я. Журба думае-гаворыць пра радасць, прыгажосць і боль чалавечага быцця на роднай зямлі. Яму хочацца ўбачыць беларускі край, свой народ сацыяльна і духоўна разняволеным, ён прадчувае з'яўленне «промняў світання-збавення», кліча новы светлы дзень: «...Хай згіне тут цемра, хай сонца прагляне Ў закінутым нашым краю». Ліра Я. Журбы ўтакім адраджэнскім, патрыятычным гучанні набірае духоўна-творчай моцы ад нацыянальна-дэмакратычнай паэзіі пачатку XX стагоддзя, найперш паэзіі Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, Цёткі, А. Гаруна. Часам паэт збіваўся на паўторы, выкарыстоўваў рамантычныя вобразы-рэмінісцэнцыі з Купалы, пра што слушна заўважае літаратуразнаўца М. Мішчанчук, аналізуючы зборнік «Заранкі» (1924) і, у прыватнасці, разглядаючы вершы ўжо паслякастрычніцкага часу: «І хай гэтае паўтарэнне грунтавалася на рэальнай гістарычнай аснове, а не на інтуітыўным прадчуванні будучых перамен, усё ж такі гэта было паўтарэнне, перапеў чужога... І ў Купалы, і ў Коласа, і ў Багдановіча: было пра зіму, якая скавала думкі і мары народа, знявечыла край; было і пра цьму напісана-перапісана». Нягледзячы на другаснасць зместу, мастацкую недасканаласць асобных вершаў паэта, трэба прызнаць, што творчасць Я. Журбы ў кантэксце літаратуры пачатку XX стагоддзя адыграла станоўчую ролю і мае несумненную эстэтычна-духоўную вартасць.
У сваёй паэзіі 20-х гг. паэт вітае вясну новага жыцця, сонца свабоды і волі, «чырвоны золак» над родным краем. Вершы гэтай пары пранізвае прыўзнята-патэтычная танальнасць, высокі эмацыянальны напал слова: «І новым днём нясіся, гімн — Стаў вольны чалавек!..» («Першага мая»); «Працаўнік-беларус! Прад табой вольны шлях; Сабяры ж ты ўсю моц — І будуй новы гмах!» («Гімн працы») і інш. Многія вершы Я. Журбы 20-х гг. нагадваюць вершы-агіткі, вершы-лозунгі, палымяныя публіцыстычныя прамовы і заклікі, яны ў тэматычным і вобразна-выяўленчым плане перагукваюцца з паэзіяй А. Дудара, А. Александровіча і іншых паэтаў, у творах якіх таксама хапае адцягнена-рытарычнай лексікі, агульных вобразаў-штампаў і святочнай урачыстай апісальнасці. У 30-я і наступныя гады творчасці Я. Журба працягвае апяваць савецкую рэчаіснасць, новую Беларусь, складае гімн працы і чалавеку сацыялістычнай явы. Услаўляе паэт рэвалюцыю і камуністычную партыю, Леніна і Сталіна, заможнае калгаснае жыццё, захапляецца мужнасцю герояў Арктыкі і Антарктыды... Паэзія Я. Журбы становіцца тэматычна поліфанічнай: паэт спяшае аператыўна і актыўна адгукацца на падзеі і факты савецкай рэчаіснасці, не шкадуе прамоўніцкага імпэту. Выбіраючы сённяшні аб'ектыўны і крытычны ракурс погляду на паэзію Я. Журбы, добра бачна, як праз яго вершы праступае сутнасць і аблічча часу, жыцця грамадства ва ўсіх яго складанасцях і супярэчнасцях. Зразумела, паэт сплачваў даніну часу, ступаў на шлях кан'юнктуры, ідэалізацыі рэчаіснасці і жыцця, да чаго вымушала ўсёмагутная палітычная і ідэалагічная машына. Але гарэла ў яго сэрцы і святая вера: у справу Леніна, у партыю камуністаў, у камунізм. І ў той жа час нельга не сказаць, што ў многіх вершах савецкага часу чуюцца трыбунныя ідэалагічныя дэкларацыі, аголеная рыторыка, сухая публіцыстыка: «Гэта Сталін — сонца Нашае краіны — Асвятліў так ярка Шчасцем нашы дні» («Першамайскі мітынг у калгасе», 1937); «Цябе я, Партыя, ўслаўляю: Ты мір мацуеш на зямлі, Твае цудоўныя здзяйсненні Наш край да славы прывялі» («Я — сын Савецкае дзяржавы...», 1959) і інш. Я. Журба, як і шматлікія пісьменнікі, што апынуліся пад ідэалагічным, маральным прэсам, прамаўлялі словы, пісалі творы, сугучныя сацыяльна-грамадскай атмасферы таго часу. Яшчэ ў так званыя застойныя гады, калі студэнтам пісаў курсавую працу па паэзіі, давялося пачуць крытычную гаворку В. Бечыка пра вершы свайго любімага паэта А. Куляшова «Камуністы» і «Іменем свабоды». А гаварыў ён пра іх менавіта як пра творы-водгукі на падзею, не самыя лепшыя ў мастацкім плане: гучны рытарызм, агульшчына і прамоўніцкая дэкларацыйнасць, штучнасць некаторых параўнанняў. Але такія творы з ідэалагічных пазіцый былі ўзведзены ў ранг высокаідэйных і высокамастацкіх. Відаць, не толькі Я. Журба ці А. Куляшоў сёння па-іншаму паставіліся б да сваіх ранейшых радкоў. Пацверджаннем гэтаму можа служыць той факт, што сам Я. Журба па-новаму выграніў строфы многіх вершаў, што пісаліся ў 30-50-я гг., а потым у абноўленым выглядзі ўвайшлі ў апошнія прыжыццёвыя кнігі «Ясныя шляхі» (1959), «Светлыя дні» (1959).
Уяўленне пра Я. Журбу як пісьменніка не будзе поўным, калі мы не згадаем, што ён напісаў нямала вершаў для дзяцей. Маленькаму і юнаму чытачу ён прысвяціў старонкі зборніка «Заранкі», адрасаваў кнігі «Ластаўкі», «Сонечная раніца» і «Светлыя дні». І пасля смерці Я. Журбы яго творы для дзяцей выходзілі асобнымі кніжкамі, уключаліся ў хрэстаматыі, дзіцячыя паэтычныя зборнікі. Шматлікія вершы («Шпак», «Летам», «Вавёрка», «У школу», «Дзед Мароз», «Зімой» і інш.) вызначаюць яркае майстэрства паэта-педагога. Ён тонка ўлічвае ўзрост і псіхалогію сваіх чытачоў, гутарыць з імі шчыра, дасціпна, ненавязліва-проста і эмацыянальна. Удала перапрацоўвае паэт народныя казачныя і песенныя матывы («Бабулька і козлік», «Коцік»).
Выступаў Я. Журба як празаік і публіцыст. Зрэшты, яго першыя апавяданні «З нядаўняга мінулага» і «Горкая доля» былі напісаны на рускай мове. Першыя вершы ён таксама склаў па-руску яшчэ ў 1902 г. Апавяданні «Перад святам» (1911) і «Прыгонная душа» (1912) напоўнены перажываннямі за чалавека-пакутніка, чалавека-працаўніка. Гэтыя творы не раўнацэнныя ў мастацкіх адносінах. У апавяданні «Перад святам» праз дыялогі герояў і пейзажныя штрыхі аўтар раскрывае перад намі псіхалагічны стан бацькі мнагадзетнай сям'і, чалавека, які спадзяецца на шчырае хрысціянскае спачуванне і міласэрнасць. «Прыгонная душа» — твор апісальны, не прэтэндуе ён, як папярэдняе апавяданне, на псіхалагічную заглыбленасць пісьма. Твор цікавы нам як не прыдуманы малюнак бяспраўнага фізічнага і духоўнага жыцця селяніна-беларуса ў дні прыгону.
Значны рэзананс у свой час мелі «Лісты з Украіны». Да іх непасрэдна прымыкае і ліст да рэдакцыі «Нашай нівы» «Беларуская нацыянальная хеўра», які папярэднічаў усім публіцыстычным допісам Я. Журбы з Украіны. У сваіх артыкулах ён гаворыць пра духоўна-гістарычную еднасць беларускага і ўкраінскага народаў, асвятляе літаратурныя і культурныя ўзаемасувязі двух народаў. Распавядаючы пра духоўны вопыт і набыткі братняга народа, ён уздымае праблемы пабудовы сваёй нацыянальнай школы, заклікае да актыўнасці ў справе беларускага Адраджэння. Ён выразна ўсведамляе і бачыць шляхі нацыянальна-духоўнага прагрэсу: «Каб нашы беларусы сталі моцнай нацыяй, каб яны здолелі заваяваць сабе агульналюдскія правы, патрэбна два варункі: перш-наперш трэба як найбольш свету даць беларусам... а яшчэ — падняць нацыянальную свядомасць беларусаў».
Я. Журбе належыць і шэраг этнаграфічных нарысаў, якія на працягу 1903-1906 гг. ён апублікаваў у газетах «Витебские губернские ведомости» і «Витебский голос». Па сённяшні дзень гэтыя творы, на жаль, не адшуканыя. Яго апісанні абрадавых святаў, духоўнай культуры і быту беларусаў можна суаднесці з добра вядомай працай А. Я. Багдановіча «Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў» (1895). Праца Я. Журбы-этнографа атрымала навуковае прызнанне, высока яе ацэньваў, напрыклад, краязнаўца М. Каспяровіч: «Быт насялення Віцеб-шчыны вывучалі шмат якія этнографы. Але самы аб'ектыўны і навуковы падыход да свае справы паказаў першы беларускі этнограф Віцебшчыны — Іван Івашын, вядомы беларускі паэт» (Наш край. 1929. № 4).
Увогуле, Я. Журбе прыходзілася чуць пра сваю творчую працу самыя розныя водгукі. Першы яго верш ухваліў Я. Купала, як пра адоранага паэта згадваў пра яго М. Багдановіч у сваіх артыкулах «За тры гады» і «Белорусское возрождение». Але давялося яму сустрэць разносную і знішчальную крытыку, як, напрыклад, у рэцэнзіі на зборнік «Заранкі», падпісаную псеўданімам «Улідзе» (псеўданім У. Дзяржынскага). Я. Журба, як згадваюць тыя, хто ведаў паэта, быў чалавек вельмі ранімы, балесна перажываў крыўды, але ніколі не наракаў і не скардзіўся на свой лёс. Не любіў ён асабліва што распавядаць пра сябе, пра ўласную творчасць. Стараўся мужна пераносіць фізічную немач: яшчэў 1944 г. ён страціў зрок. Не меўЯ. Журба і сям'і, доўгі час яго даглядалі апекуны. На старасці ён правёў нямала дзён у журбе і самоце. «Я сустракаю святочныя дні нявесела. Прычына гэтаму — мае захворванні, ад якіх я лячуся ў Полацкай бальніцы сёмы месяц, і не ведаю, калі перайду на кватэру»,— пісаў Я. Журба ў лісце да І, Шамякіна вясной 1963 г. Жыць паэту дапамагала думка пра родную літаратуру, творчая незгасальнасць духу, вера ў людзей. Дзеля духоўнага адраджэння нацыі, светлай явы Беларусі жыў і тварыў паэт Янка Журба.
Пакутная споведзь сэрца
Пра Казіміра Сваяка ў савецкай Беларусі згадвалі рэдка, як, прынамсі, і пра Алеся Гаруна, Андрэя Зязюлю... А некаторыя пісьменніцкія імёны наогул трапілі ў шэраг забароненых: Наталля Арсеннева, Францішак Аляхновіч... Які няўдзячны лёс у гісторыі беларускай літаратуры: яе як хацелі крамсалі, скублі, спрашчалі, фарбуючы ў чырвоны колер. У чым жа «правініўся» К. Сваяк? Ужо аднаго таго факта, што ён быў каталіцкім святаром, аказалася дастаткова, каб у краіне ваяўнічага атэізму, адзінай камуністычнай рэлігіі да яго асобы і творчасці не праяўлялася вялікай увагі, належнай пашаны. Ды і «грахі» з ідэалагічных пазіцый савецкай эпохі прыпісваліся сур'ёзныя, накшталт: «жахаўся рэвалюцыйных форм пераўтварэння грамадскага жыцця». Хто ж ён, К. Сваяк, на самай справе? Перадусім прапаведнік адраджэнска-патрыятычных поглядаў, ён, як і Андрэй Зязюля, з'яўляецца паэтам рэлігійнага кірунку, прадаўжальнікам хрысціянска-гуманістычных традыцый. Аднак, на жаль, традыцыя духоўна-рэлігійнага светапазнання, хрысціянізацыі мыслення ў гады бальшавізму перарвалася і толькі сёння зноў адраджаецца ў творчасці такіх паэтаў, як Р. Барадулін, І. Багдановіч і некаторых іншых.
Казімір Сваяк — літаратурны псеўданім Канстанціна Стаповіча, які нарадзіўся 19 лютага 1890 г. у вёсцы Барані Свянцянскага павета Віленскай губерні (цяпер — Астравецкі раён Гродзенскай вобласці). Пасля заканчэння гарадской школы ў Свянцянах (1905) падаўся ў Вільню. Тут праз колькі часу паступіў у каталіцкую духоўную семінарыю. Але ў 1912 г. захварэў на сухоты. Вярнуўся на радзіму, ездзіў лячыцца ў Закапанэ. Вучобу ў семінарыі закончыў толькі ў 1914 г. Атрымаўшы ксяндзоўскі сан, ён увесь далейшы лёс звязаў са святарскай службай. Працаваў у Клюшчанах, затым — у Карыціне на Беласточчыне, некаторы час вёў набажэнствы ў Лапеніцах пад Ваўкавыскам, а з 1920 г. стаў пробашчам у Засвіры. Ксёндз К. Сваяк правіў імшу па-беларуску. Ён быў сапраўдным падзвіжнікам на ніве роднай мовы і культуры: стварыў гурток беларускай моладзі «Хаўрус сваякоў», арганізаваў настаўніцкія курсы (1915), адкрываў беларускія школы. Духам нацыянальнага Адраджэння К. Сваяк пранікнуўся яшчэ ў семінарскія гады і назаўсёды застаўся верны ідэі беларускасці. За сваю любоў і апантанасць родным словам падвяргаўся пераследу з боку касцельнага духавенства і польскіх уладаў. Ягонае жыццё — гэта самаахвярнае служэнне Богу і Айчыне святара, грамадзяніна-патрыёта і паэта.
Паэтычная ліра для К. Сваяка стала галоўнай спадарожніцай жыцця. У паэзіі ён знаходзіў магчымасць выказаць самыя запаветныя і інтымныя пачуцці. Першы верш надрукаваў у 1913 г. у газеце «Беларус», а зборнік вершаў «Мая ліра» пабачыў свет толькі ў 1924 г. Выйшла кніжка ў Вільні і мела пэўны рэзананс у крытыцы. «Мая ліра», нібы ластаўка з выраю, сёння даляцела да нас — рэпрынтным спосабам у 1994 г. зборнік перавыдадзены выдавецтвам «Мастацкая літаратура». З'явілася добрая нагода для ўваходзінаў у паэтычны свет К. Сваяка, адкрыццю якога ўжо адчувальна паспрыяла літаратуразнаўчае слова А. Станкевіча, А. Навіны, нашых сучаснікаў У. Калесніка, А. Лойкі, Л. Тарасюк.
Зацяжная, невылечная хвароба была адной з прычын таго, што псіха-эмацыянальны свет паэзіі К. Сваяка элегічны. «Пішу я, бо плача сэрца»,— прызнаваўся ён у вершы «Мест прадмовы», які адкрывае зборнік «Мая ліра». Сэрца — ключавы вобраз і лейтматыў яго лірычнага самавыяўлення. Калі сэрца М. Багдановіча, які таксама хварэў на сухоты, шукала спакою і лагоды ў вячэрне-начной цішыні, наперакор трагедыйнаму настрою загаралася радасцю быцця, то сэрца К. Сваяка паглынае невымерны жаль, яно поўніцца глыбокім тамленнем. Настрой многіх яго твораў па-дэкадэнцку журботны, прасякнуты шчымлівым і нават безуцешным песімізмам. Верш «Спавіў мне сэрца жаль...» — лірычна-журлівая музыка, кранальны плач паэтавага сэрца:
М. Багдановіч сягаў думкай у вечнасць без фатальнага адчаю, яго «душа надарваная» імкнулася да красы прыроды. К. Сваяк, наадварот, вялікі самотнік, ягонае сэрца — «сэрца адзінокага чалавека» — сціскалася ў скрусе, меланхоліі ад усведамлення блізкай смерці: «...Гіну я сумны, без пары, ў веку сіле»; «Пачуў я, што ўмру: І плачу вось нямы За зоркамі зімы». Неадольная ўлада нябыту спарадзіла культ смутку. Тэма згасання жыцця мае агульназначны філасофскі сэнс, таму паэту спагадаеш, успрымаеш яго мінор узрушана і одумна.
Але пакутніцтва К. Сваяка не толькі ў асабістай драме. Пакута яго — усечалавечая. Боль, маркота згушчаліся ў паэтавым сэрцы і ад таго, што ён глыбока перажываў за лёс абяздоленай Бацькаўшчыны, чуйна рэагаваў на духоўны заняпад, прадчуваў, што цёмныя сілы скіроўваюць народ і ўвогуле свет да нечага жахлівага. К. Сваяк паўстае ў сваіх вершаваных маленнях як шчыры, адданы сын Беларусі, хрысціянін і гуманіст, які турбуецца пра ўладкаванасць зямнога жыцця:
Нават сваё апошняе слова да Бога паэт уяўляў як малітву за Беларусь (верш «Тэстамент»), «Айчыны ідэя» нараджала ў ягонай душы ўсёпаглынальны патрыятычны пафас, пра што сведчаць вершы «Гімн роднай зямлі», «На гадавіны незалежнай Беларусі», «Айчыны мілай...», «О, край мой родны!..», «Гэй, будуйце!», «Чары Айчыны». К. Сваяк, як і Я. Купала, М. Багдановіч, А. Гарун, востра адчуваў скаванасць народнага духу, нацыянальнай самасвядомасці. Малітоўны ён заклінае-просіць Бога аб спрыянні і паратунку, звязвае адраджэнне Беларусі з уваскрэсеннем Хрыстовым:
К. Сваяк балюча перажываў, што Айчына не можа дачакацца спраўджання нацыянальна-адраджэнскай ідэі. Патрыятычныя надзеі ён ускладаў на сам народ, які павінен адчуць адказнасць за свой гістарычны лёс, праявіць сацыяльна-духоўную актыўнасць. Паэт, выказваючы скаргі свайго роднага краю, імкнецца расчуліць і пераканаць Бога ў тым, што беларускі народ варты лепшай долі. Вершаваная малітва «Арганы жаляцца...» прасякнута пачуццём глыбокага хрысціянскага пакутніцтва, пытаннямі спагнання сэнсу быцця. Чаму ж Бог забыўся на беларусаў? За што ім выпалі бясконцыя цяжкія мукі і нястачы? Лірычны герой паэта ў духоўных пошуках ісціны адважыўся на смелы крок:
У хвіліны такога абвостранага маральна-гуманістычнага светаасэнсавання К. Сваяк, думаецца, не быў ні вераадступнікам, ні багаборцам. Падобныя горкія і пакутлівыя запытанні гучаць і ў Бібліі: «Для чаго, Божа, адрынуў нас назаўсёды?», «Няўжо Бог забыў мілаваць?» і інш. Паэтава вера ў Бога ад гэтага не слабела, ён толькі ставіў пад сумнеў, што менавіта па Божай волі народу суджана «пакорным быць», цярпець здзекі і прыніжэнне. Трывога не пакідала і таму, што «з душ... вее холад замагільны» («Айчыны мілай...»). К. Сваяк усім хвалюючым драматызмам сваёй паэзіі даводзіць: шчасце, будучыню трэба не толькі выпакутаваць, а і знайсці праз выратаванне боскага на зямлі. Хіба можна пакорна аддаць «чужынцу... і матку і дачку»? І калі мы самі бяздзейнічаем, не жадаем змяніць жыццё, пераўтвараемся ў бяздумны натоўп, то хіба гэтага чакае ад нас Хрыстос? «Выпраўце шляхі вашы і дзеі вашы»,— заклікае Святое Пісанне. К. Сваяк не хоча бачыць свой народ абыякавым, інертным. Выратаваць гаротную, занядбаную Айчыну-маці для яго — абараніць Божую праўду на зямлі. Паэт на рамантычны лад паэтызуе цярністы, але высакародны шлях збавення духу і свету чалавечага:
Казімір Сваяк перад Богам сумленны і шчыры: «О мілы Божа, душы маёй мэта...» («Тайніцу духа...»). Ён — рамантык, які перажываў трагічны разлад між ідэалам, марай і рэальнасцю, боскім і зямным. Аўтар зборніка «Мая ліра» — шукальнік гармоніі і праўды, а той, хто іх шукае, той у многім праведны.
Слушна піша Л. Тарасюк, што «пяснярская місія, паводле рамантычнай традыцыі, ...роўнавялікая боскай, ва ўсякім разе сувымерная толькі з ёй».
Не варта, думаецца, успрымаць К. Сваяка толькі як паэта-святара. Ён мог быць жартоўным, іранічным, як у вершы «Бабе і чорт з дарогі ўступае». І ўжо зусім нельга ўявіць паэта па-за сферай асабістага, інтымнага. Яго лірычны свет самапаглыблены, даверлівы. Роздум пра адзіноцтва ў вершы «Як мрэц...» раскрывае псіхалагічную складанасць пачуцця: «Сціскаецца сэрца балюча-трывожна, Сябе сам чуццём я калю...» Творы «Не чаруй», «Эрас і Псіхея» прыцягваюць спавядальнай шчырасцю. Калі чытаеш іх, згадваюцца «Песні Песняў Саламона». Паэт выяўляе таемныя перажыванні сэрца, якое не можа голасна сказаць пра каханне і здатнае адгукнуцца на яго толькі духоўнай узаемнасцю:
К. Сваяк гэтак, як і М. Багдановіч, смела выказваючы самае інтымнае, узрушальнае, істотна паглыбляў эмацыянальны свет верша. Ён умеў тонка інструментаваць радок, прыдаць яму медытатыўную афарбоўку, несумненна быў паэтам значнага творчага патэнцыялу. Хоць, трэба заўважыць, не ўсе строфы ягоных твораў зграбныя і яркія.
З гэтага свету ў вечнасць К. Сваяк адышоў у 36 год. Падаецца, што пра яго, як і пра С. Палуяна, можна сказаць словамі М. Багдановіча: «Самотна жыў, самотна ўмёр». Але тым не менш ён здолеў пакінуць адметны след у нацыянальнай паэзіі, стварыў балесную і пакутную споведзь чалавечага сэрца.
«Праз плынь лядовае тугі...»
Паэтычная зорка Міколы Хведаровіча засвяцілася ў беларускім прыгожым пісьменстве ў другой палове 20-х гг. Але сёння мы ведаем, з якой жорсткасцю сталінізм неўзабаве расправіўся з творчай інтэлігенцыяй.
Ахвярамі рэпрэсій, фізічных і маральных, сталі паэты Уладзімір Дубоўка, Міхась Чарот, Уладзімір Хадыка, Язэп Пушча, Тодар Кляшторны, Валеры Маракоў, Анатоль Вольны, Юрка Лявонны, Сяргей Дарожны, Юлі Таўбін, Алесь Звонак, Станіслаў Шушкевіч, Андрэй Александровіч, Міхась Багун, Сяргей Грахоўскі і інш. Не абмінуў тагачасны суровы лёс і Міколу Хведаровіча, які больш чым на пятнаццаць гадоў быў гвалтам адарваны ад літаратурнай творчасці. Большасць арыштаваных пісьменнікаў напаткала смяротная расправа, толькі некаторым, як Я. Пушчу, А. Звонаку, У. Дубоўку, С. Шушкевічу, М. Хведаровічу, С. Грахоўскаму, П. Пруднікаву і іншым пакутнікам ГУЛАГаў, удалося цудам ацалець, вярнуцца на Беларусь і паступова далучыцца да літаратурнага жыцця. Тыя, хто выжыў, страцілі маладосць і здароўе, перанеслі страшэнны маральна-псіхалагічны і духоўны надлом, доўгія гады жылі з незагойнымі ранамі ў сэрцах. Яшчэ менш ахвяраў таталітарызму дажыло да сённяшняга часу — часу, які паспрыяў выказаць «праўду горкага слова» (А. Звонак) пра жудасны генацыд. Драматызм уласнага лёсу, перажытага ліха, бяды ўдалося перадаць у сваёй паэзіі і М. Хведаровіч, і гэта нягледзячы на тое, што ён не дачакаўся «пары сапраўднай праўды» (С. Грахоўскі). З цягам часу ягоная паэтычная зорка, абпаленая і не аблашчаная вялікай увагай, не патухла, яна працягвае зіхотка праменіць, аддаючы нам сваё шчодрае і чуйнае святло.
Народзіны Міколы Хведаровіча (сапраўднае прозвішча — Мікалай Фёдаравіч Чарнушэвіч) прыпалі на дзень перад самым Дабравешчаннем (Звеставаннем) і святам Вялікадня — 6 красавіка 1904 г. Ягоныя бацькі — звычайныя беларускія сяляне. Чатырма гадамі раней нарадзіўся брат Міколы, будучы беларускі паэт — Нічыпар Чарнушэвіч. М. Хведаровіч заўсёды з гонарам гаварыў пра роднае мястэчка, зямлю сваіх бацькоў: «Але куды б ні закідаў мяне лёс, дзе б я ні быў... калі... пыталіся: «Адкуль вы родам? З якіх мясцін?» — я з гонарам адказваў, што па нацыянальнасці я беларус, нарадзіўся на Случчыне, у мястэчку Капыль. Гэта — мая радзіма. З глыбокім хваляваннем я заўсёды ўспамінаю сваё маленства, сваю маладосць, першае знаёмства са слаўнымі землякамі — цяпер шырока вядомымі пісьменнікамі — Цішкам Гартным, Алесем Гурло, Кузьмой Чорным і іншымі». У вершах М. Хведаровіч неаднойчы з вялікай замілаванасцю апяваў родны Капыль, свой песенна-паэтычны край:
І сёння многія з землякоў паэта, падыходзячы ці пад'язджаючы да свайго раённага гарадка, міжволі згадваюць прачулыя, натхнёныя радкі:
Мікола Хведаровіч — улюбёны пясняр роднай зямлі. Пра любыя капыльскія сады і пагоркі, капыльскае Панямонне лірычна-самазабыўныя песні спявалі таксама Цішка Гартны, Адам Русак, Анатоль Астрэйка. Сапраўды, «кожны паэт спявае аб зямлі, якая яго нарадзіла...» (І. Навуменка).
Яшчэ ў дзяцінстве будучы паэт зведаў балючую ростань з радзімай. Гнаны першай імперыялістычнай вайной, ён у 1915 г. апынуўся ў г. Калузе. Там хлапчук жыў у прытулку для дзяцей бежанцаў і вучыўся ў школе, у якой на той час выкладаў фізіку Канстанцін Эдуардавіч Цыялкоўскі. Затым паступіў у тамтэйшае гарадское вучылішча. Але доўга ў ім не правучыўся, бо знайшліся бацькі, якія, як думалася, загінулі ў бежанстве. З вялікімі пакутамі, згаладалы і хворы, восенню 1918 г. ён дабраўся да роднай хаты. Калі ачуняў ад хваробы, паступіў вучыцца ў Цімкавіцкае гарадское вучылішча. Тут, у Цімкавічах, ён пазнаёміўся з Кузьмой Чорным, тады проста Міколам Раманоўскім. Пра іхняе тадышняе сяброўства і свае пазнейшыя сустрэчы з ужо вядомым пісьменнікам М. Хведаровіч цікава расказаў у нарысе «Вялікі майстар прозы».
Навучанне перапынілі ваенныя падзеі. Давялося зарабляць на хлеб. Вярнуўся да вучобы толькі тады, калі з Беларусі выгналі немцаў, а за імі і белапалякаў. Далей хлопец вучыўся ў Капыльскай працоўнай школе. Яго біяграфія ў 1919-1925 гг.— даволі тыповы жыццяпіс тагачаснага маладога пакалення: уступленне ў камсамол, падпольная дзейнасць, змаганне ў шэрагах ЧАНа (часці асобага назначэння) з атрадамі Булак-Балаховіча, праца сакратаром валасной камсамольскай ячэйкі, а затым — камісарам дапрызыўнага пункта Слуцкага ваенкамата.
Увосень 1925 г. Мікола Чарнушэвіч прыехаў у Мінск. Вучыўся на рабфаку, аў 1928 г. паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1931 г. Ягонымі аднакурснікамі былі Ян Скрыган, Алесь Пальчэўскі, Пятрусь Броўка, Сымон Баранавых, Васіль Каваль і іншыя пісьменнікі. Тыя гады ён згадваў як незабыўную пару творчага гарэння, бурных літаратурных спрэчак і шчырага сяброўства. Займаючыся ва універсітэце, юнак адначасова працаваў у 'лзеце «Чырвоная змена», пазней — у рэдакцыях часопісаў «Партыйны работнік» і «Бальшавік Беларусі». Атрымаўшы універсітэцкі дыплом, ён стаў рэдактарам часопіса «Чырвоная Беларусь».
Самымі першымі творамі М. Хведаровіча былі дзве невялікія п'ескі, адна з якіх называлася «Каін». Аднак неўзабаве ягонай галоўнай натхняльніцай стала паэтычная муза. У 1925 г. ён надрукаваў свой першы верш, а праз колькі часу выходзіць і яго першы зборнік «Настроі» (1929). У канцы 20-х — на пачатку 30-х гг. адна за адной пабачылі свет і іншыя кніжкі паэта: «Баявыя песні» (1930), «Рытмы» (1930), «Тэмпы-кантрасты» (1931), «Вайна за мір» (1932). Літаратурныя пародыі склалі зборнік «Ха» (1932). З 1934 па 1937 гг. Мікола Хведаровіч — супрацоўнік часопіса «Полымя рэвалюцыі» (назва часопіса «Полымя» ў 1931-1941 гг.). Ён актыўна ўдзельнічае ў тагачасным літаратурным жыцці. У складзе творчых дэлегацый наведвае Сярэднюю Азію, Грузію. Пад уражаннем паездак напісаў нізкі так званых «падарожных» вершаў. Пэўны час паэт загадваў кабінетам маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі, шчыра турбаваўся пра літаратурную моладзь.
Конавым у жыцці М. Хведаровіча стаў 1938 г. Яго арыштавалі ў Доме творчасці ў Пухавічах, куды ён прыехаў на лета з жонкай і маленькім сынам. Забралі ад пісьмовага стала. У аўтабіяграфіі, напісанай у 1962 г., паэт гаворыць: «У 1937 г. выйшла ў свет мая кніжка вершаў «Усім сэрцам». Я працаваў сакратаром часопіса «Полымя рэвалюцыі». Але па хлуслівых даносах прыспешнікаў культу Сталіна мяне арыштавалі і абвінавацілі ў цяжкіх злачынствах перад партыяй і народам. Праз гэта надоўга быў адарваны ад творчай дзейнасці. Некалькі год прабыў на Кольскім паўвостраве, удзельнічаў у будаўніцтве Манчагорска». Той жахлівы дзень згадвае і жонка пісьменніка Сара Чарнушэвіч: «А мой Мікола з нейкай горкай, сумнай усмешкай, нібы жартам, вымавіў:
— Ну, хлопчыкі, трымайцеся, чыя будзе зараз чарга?
Усе замоўклі. Потым Змітрок Бядуля ўстаў са свайго месца, паглядзеў пільна на ўсіх прысутных і ціхім пранікнёным голасам, амаль шэптам сказаў:
— Божухна, што гэта робіцца, гэта ж ціхая вайна!..
Гэта здарылася 8 жніўня...» (ЛІМ. 1989. 22 снеж.).
Паэта пасадзілі ў турму, інкрымінаваўшы яму ўдзел у контррэвалюцыйнай дзейнасці нацыяналістычнай фашысцкай арганізацыі, да якой нібыта належалі В. Шаранговіч, вядомы партыйны і грамадскі дзеяч, а таксама М. Чарот, Ц. Гартны, А. Вольны, А. Звонак і інш. Ад М. Хведаровіча патрабавалі лжывых паказанняў на П. Броўку і М. Лынькова. Паэт вытрымаў катаванні і, пратэстуючы, на дванаццаць сутак аб'явіў галадоўку. На судзе сцвярджалася, што ён знаходзіўся пад уплывам «кулацкай» паэзіі С. Ясеніна, чуліся іншыя надуманыя абвінавачванні. Паэт быў асуджаны на восем гадоў. Далей — гулагаўскія этапы, знясільваючая, катаржная праца на лесапавале. «Вайна абарвала надоўга нашу сувязь,— працягвае ўспаміны С. Чарнушэвіч. — І толькі ў жніўні сорак шостага мы сустрэліся далёка ад свайго дома. Узбекскі гарадок Каршы стаў для мяне і майго сына прытулкам у час эвакуацыі. Крыху больш як два гады праляцела неўзаметку... І зноў арышт, і ўсё па тым жа пяцьдзесят восьмым артыкуле. Рашэннем «особого совещания» Мікола высланы ў Краснаярскі край». Да самай рэабілітацыі (1955) ён з сям'ёй жыў у г. Енісейску.
Вярнуўшыся на Беларусь, паэт здолеў знайсці ў сабе душэўную моц, каб наладзіць жыццё і зноў узяцца за пяро. Ён шмат працаваў у самых розных літаратурных жанрах. Выдаў кнігі паэзіі «Залаты лістапад» (1957), «Перазвон бароў» (1961), «Зоркі на камені» (1968). Дзецям ён адрасаваў кніжкі «Сонечны зайчык» (1961), «Лясныя званочкі» (1968), «Крылы» (1973). Займаўся таксама мастацкім перакладам. Разам з А. Звонакам пераклаў славуты твор Ш. Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры» (1966), а ў 1971 г. у ягоным перакладзе выйшаў зборнік вершаў класіка венгерскай паэзіі Шандара Пецёфі «Ліра і меч». Перакладаў таксама паэзію з рускай, літоўскай, украінскай, узбекскай моў. Са сваімі паэтычнымі і перакладчыцкімі набыткамі М. Хведаровіч даволі шырока пазнаёміў чытачоў у двухтомніку «Выбраныя творы» (1974), у кнізе «Любістак» (1984), якая выйшла ў свет ужо пасля смерці пісьменніка (памёр ён у жніўні 1981 г.).
Адметную і цікавую старонку ў нашай літаратуры склала ягоная кніга нарысаў-успамінаў пра беларускіх пісьменнікаў «Памятныя сустрэчы» (1960). Адрасаваная пераважна настаўнікам, яна атрымала прыкметны рэзананс, двойчы перавыдавалася (у 1963 г. і 1977 г.). У аналагічным жанры напісана і кніга «Незабыўнае» (1976). Пісьменнік з незвычайнай захопленасцю, жывасцю і нязмушанасцю гаворкі апавядае пра шматлікія старонкі і эпізоды з жыцця Я. Купалы, Я. Коласа, Ц. Гартнага, З. Бядулі, К. Чорнага, П. Труса, М. Чарота, А. Гурло і інш.
Не ўсё з напісанага Міколам Хведаровічам вытрымала выпрабаванне часам і мастацкасцю. Аднак галоўнае не ў гэтым, а ў тым, што ягонае слова — таленавітая духоўная выява жыцця асобы, яе поглядаў і памкненняў, пачуццяў і перажыванняў.
Жыццё М. Хведаровіча ў літаратуры — гэта перадусім апантанае і шчырае ахвяраванне сваёй душэўнай энергіі яе вялікасці Паэзіі. Пра такіх творцаў, як ён, можна сказаць, што ў іхнім унутраным свеце арганічна жыве паэтычны пантэізм — глыбінны дух паяднанасці са словам, з роднай зямлёй, яе хараством. Гранічна адкрытае, усхвалявана-прачулае самараскрыццё і самавыяўленне — сутнасная адзнака ягонага творчага почырку.
Супрычыняючыся з навакольным светам, М. Хведаровіч заўсёды імкнуўся выказаць жывое ўспрыманне з'яў, падзей, фарбаў. Паводле тэарэтычных назіранняў Л. Гінзбург, для паэта-лірыка «сэнсавы згустак лірычнага слова з'яўляецца свайго роду мікракосмасам». Пранікнёнае слова М. Хведаровіча ў таленавітых вершах ярка і глыбока ўзнаўляе змест разнастайных. перажыванняў чалавечага сэрца.
Лепшае са створанага паэтам у 20-30-я гг., на якія прыпадае першы этап ягонай творчасці,— гэта інтымна-спавядальная і пейзажная лірыка. Сцішана-журботна гучыць верш «Цемната, хоць вочы выкалі...». Тут адчуваюцца прачулая інструментоўка радка, уменне перадаваць унутраныя пачуцці праз вобразы прыроды. Паэт дасягае яркай маляўнічасці слова:
Западае ў душу і лірычна-вобразны лад вершаў «Вечар. Вецер лісце кружыць...», «Асенні дождж, асенні дождж...», «Зіма» і інш. М. Хведаровіч засяроджваецца на выяўленні самых таемных душэўных зрухаў, імкнецца да эмацыянальна-псіхалагічнай напоўненасці верша:
Паэт хораша выказвае свае пачуцці сам-насам з прыродай, прычым ён любіць вобразную яснасць, стан роздуму, светлай тугі, самоты. Адчуваецца, што яму блізкі сваім сардэчным лірызмам С. Ясенін. У вершах М. Хведаровіча струменіць музыка, поўная мілагучнасці і кранальнасці. Адзін з выдатных пейзажных твораў паэта 20-х гг. — «Асенняя песня». Уражвае індывідуальна-яркая вобразнасць, жывапіснасць радка:
Сузірае паэт прыроду з адухоўленай непасрэднасцю, абвостранасцю зрокавага ўспрымання. Ягоны лірычны жывапіс — гэта мяккая размеранасць рытму, эмацыянальная выверанасць фарбаў:
Голас паэта найчасцей элегічны, роздумна-рэфлексійны.
Аднак у творчасці М. Хведаровіча 20-30-х гг., ды і пазнейшага часу, сустракаем нямала «гучнай» паэзіі, ці, інакш кажучы, грамадзянска-публіцыстычнай. Радкі гэтага кшталту пры разглядзе ягоных мастацкіх набыткаў, як і ўвогуле ўсёй тагачаснай паэзіі, вылучаліся на пярэдні план. Паэт, як і многія маладнякоўцы (А. Дудар, А. Александровіч, П. Броўка, М. Лужанін, А. Куляшоў і інш.), выказваўся ў духу той бурлівай эпохі, натхнёна славіў рэвалюцыйную абнову свету, марыў, каб «сыноў адданых, маладых... Сустрэлі ўрачыстыя гады. Наступнае эпохі Пакаленні...». Шматлікія вершы перапаўняюць красамоўная патэтыка, узнёслая дэкларатыўнасць, рытарызм. «На парозе светлае вясны» паэт быў поўны веры ў будучыню:
У 30-я гг. прамоўніцкія рэгістры голасу паэта яшчэ больш узмацняюцца: ён выгуквае кідкія лозунгі-заклікі, не шкадуе агітацыйнага імпэту. Слушна адзначае А. Звонак, што «Мікола Хведаровіч аддае пэўную даніну моднай на той час рытарычнасці, лозунгавасці просталінейнай агітацыйнасці верша...». Аднак далей чытаем: «...Асновай яго паэзіі тых гадоў было глыбокае адчуванне часу, дыханне эпохі першых пяцігодак, сацыялістычнага наступу па ўсяму фронту тагачаснага жыцця. Высокая грамадзянскасць, прынцыповая ленінская партыйнасць былі неад'емнай рысай і творчасці, і грамадзянскай дзейнасці паэта».
Што ж, з ідэйна-класавых і партыйных пазіцый наша паэзія ацэньвалася доўгія гады. Патрабаванне да паэзіі было гранічна яснае — крочыць у нагу з часам. Як найвялікшае ўхваленне творчасці М. Хведаровіча прагучала выснова крытыка С. Майхровіча, выказаная з нагоды выхаду кніжкі «Залаты лістапад» у 1957 г.: «Больш за тры дзесяткі год складаў паэт «песні шчасця, радасці і весялосці» сваёй маці-Радзіме, народу-творцу і вялікай партыі Леніна», «апяваў радасць стваральнай працы савецкага народа, яго буйны творчы ўзлёт, яго любоў і нянавісць і светлую веру ў перамогу камуністычных ідэалаў на ўсёй зямлі». І гэта гаворыцца пасля таго, як М. Хведаровіч перажыў высылку і лагерныя пакуты. Але чаму тут здзіўляцца. Такія гучныя на тую пару ацэнкі чуліся і на адрас А. Куляшова, П. Броўкі, М. Танка... Без «ідэйнай яснасці», «камуністычнай пераканальнасці» проста нельга было жыць і дыхаць.
Сёння, вядома, шкада, што ідэалогія, палітыка няшчадна высмоктвалі духоўна-эмацыянальную энергію, магутным ледаколам расшчэплівалі тонкі лірычны талент такіх паэтаў, якім быў М. Хведаровіч. Але не забывайма, што ідэйна-палітычная вершатворчасць — гэта выява паэтавай веры і светапогляду: «Слова звонкае, быццам жалеза. Капіталу гучыць, як пагроза. А для нас — яно заўжды паэзія. Нашай партыі Ленінскай розум» (верш «Камунізм»). У гэтых радках — подых часу, наша гісторыя, наша агульная трагедыя. І паэт тут менш за ўсё вінаваты. Ды і ў чым можа быць віна таго, хто сам здолеў «над краем бездані ўтрымацца»? Не судзі, як кажа Біблія, каб самому не быць асуджаным.
Другі перыяд творчасці Міколы Хведаровіча, які пачаўся пасля шматгадовага маўчання, з сярэдзіны 50-х гг., аднак, сведчыць, што паэт збярог у сабе гуманістычныя пачуцці, а яго радок у лепшых творах не страціў жывой лірычнай узрушанасці, сапраўднай моцы духоўнага выпраменьвання. Ягонае светаадчуванне несла водсветы смутку, унутранага драматызму. У вершах «Усё, аб чым нам марыйца...», «Родны горад», «На прыстані», «Ты не зважай, што ў нас з паўдня...», «Шуга», «То плачуць вятры, то рагочуць...», «Ганю плыты» і іншых знайшлі адбітак цяжкія, горкія перажыванні, складаныя перыпетыі лёсу, які прымусіў перанесці «дзевяцібальны шквал». «Бурлівае, шалёнае Паспрабаваў тады Той самае салёнае Жыццёвае вады...» — прызнаецца паэт. Вяртанне ў мінулае балюча трывожыць памяць, вярэдзіць душу. Ён асэнсоўвае каштоўнасць жыцця на сцежках тых суровых выпрабаванняў:
Таму паэт просіць: «Буду помніць цябе, Кандалакша, Толькі ты не трывож мяне ў снах». Але зноў і зноў у ягонай памяці ажываюць тыя хвіліны, калі сіберны, злючы вецер і холад выстуджвалі душу, раскрыжоўвалі яе ў гнятлівасці, знямозе:
Крыж пакуты нёс паэт мужна, цярпліва, хоць гэта каштавала неймаверных фізічных і духоўных высілкаў. Што ж дапамагло выжыць паэту, вытрымаць нечалавечыя выпрабаванні? Надзея, вера. І тая хвіліна вяртання надышла. Кранальна, з жывой узрушанасцю ўзнаўляе паэт сустрэчу з Бацькаўшчынай. Перад намі псіхалагічна праўдзівы малюнак:
Напружаны роздум, матывы перажытага ліха — характэрная адзнака лірыкі паэта 50-60-х гг. Міжвольна спыняецца позірк на вершы «Уладзіміру Хадыку», напісаным у 1967 г. Паэта У. Хадыку, як і М. Хведаровіча, напаткала гэткая ж доля — у 30-я ён трапіў у пастку сталінскіх людаедаў. Туга, невыказная шкадоба чуюцца ў вершы, бо для сябра-паэта «там, у вечнай мерзлаце», «нятленная калыска». Пра свой жа лёс М. Хведаровіч кажа: «Хоць конік мой падбіты ў кроў — Намацаў ён дарогу...» Паэт, як той «знясілены вятрак» у адным з ягоных вершаў, узняў крылы «вятрам наперакор». Ён «на дзверы не павесіў пудовы замок», застаўся шчырым жыццялюбам і чалавекалюбам:
Паэт услаўляў адданае сяброўства і вернасць, са шчырай любоўю пісаў пра землякоў, паэтызаваў непаўторнасць родных краявідаў, кожную драбніцу свайго роднага свету. Ягоныя вершы «Студзеньскі малюнак», «Любістак», «Прадвесне» і іншыя вабяць «жывою моваю радкоў», пяшчотным лірызмам, у іх адчуваецца арганічная, чуйная повязь з хараством, паэзіяй жыцця. Паэт, несумненна, валодаў глыбокай вобразна-выяўленчай культурай слова.
Мікола Хведаровіч у рэальным жыцці быў надзвычай сціплы, увасабляў душэўную шчодрасць, нейкі мудры спакой. Пра гэта згадваў у 1984 г. на юбілейнай вечарыне паэтаў Доме літаратара ягоны зямляк і сябар, вядомы беларускі літаратуразнаўца Сцяпан Александровіч. Як слушна казаў і пра тое, што М. Хведаровіч — паэт недаацэнены. Думаецца, нам сапраўды трэба часцей звяртацца да ягонай творчасці, бо яна пазначана мастацкасцю слова і дае немалы духоўны спажытак.
Душа М. Хведаровіча змяшчала светлыя і драматычныя пачаткі. «Праз плынь лядовае тугі» прабілася ягоная паэтычная зорка «з надзеяй светлай, чыстым сэрцам». Паэта ратавала любоў да родных людзей і маці-Беларусі. А закончыць гэтыя нататкі хочацца радкамі з верша «Прыцягненне», прысвечанага Міколу Хведаровічу ягоным найлепшым сябрам Алесем Зводкам, таксама вялікім пакутнікам:
Сын зямлі і зорнага неба
Літаратурная постаць Кузьмы Чорнага ўзвышаецца поруч з талентамі Якуба Коласа і Максіма Гарэцкага. Разам гэтыя тры пісьменнікі — нібы тры кіты, на якіх трымаецца вялікі мацярык беларускай прозы. Сваімі творамі К. Чорны закладваў традыцыі чалавеказнаўства, паэтызацыі роднай зямлі, глыбокага філасафізму. Сёння ён бачыцца творцам сапраўды еўрапейскага ўзроўню. XX стагоддзе ў нашай нацыянальнай прозе з'яўляецца перадусім літаратурнай эпохай Чорнага-празаіка — асобы магутнай, велічнай і разам з тым вельмі трагічнай.
Кузьма Чорны (Мікалай Карлавіч Раманоўскі) нарадзіўся на золку XX стагоддзя — 24 чэрвеня 1900 г. І гэты час народзінаў у пэўным сэнсе з'яўляецца сімвалічным. 15 красавіка 1900 г. закончыўся жыццёвы шлях Ф. Багушэвіча, прарока беларускага Адраджэння, які з пачуццём глыбокага нацыянальнага самаўсведамлення гаварыў: «...Мова нашая ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо іншая якая». К. Чорны, а таксама К. Крапіва, У. Дубоўка, М. Зарэцкі, Я. Пушча і іншыя равеснікі XX веку з ласкі Божай былі пасланы беларускай мове і літаратуры на вялікі росквіт, шанаванне і славу. У 20-30-я гг. гэтыя маладыя і таленавітыя літаратары ўслед за Я. Купалам, Я. Коласам, М. Багдановічам, М. Гарэцкім і іншымі нашаніўцамі актыўна і грунтоўна ўзвышалі статус беларускага прыгожага пісьменства.
Месцам народзінаў К. Чорнага з'яўляецца тагачасны маёнтак Боркі на Случчыне, але самым родным і дарагім кутком для будучага пісьменніка сталі Цімкавічы — мястэчка, адкуль паходзілі яго бацькі і куды іхняя сям'я вярнулася ўвосень 1908 г. Цімкавічы — карэнны, генетычны архетып мастацкага мыслення К. Чорнага. Без родных мясцінаў ён не ўяўляў свайго жыцця і сваёй творчасці. «Там,— прызнаваўся пісьменнік,— жывуць усе мае персанажы. Усе дарогі, пейзажы, дрэвы, хаты, чалавечыя натуры, пра якія я калі-небудзь пісаў. Гэта ўсё адтуль, сапраўднае». Уражвае, колькі вобразаў і характараў з рэальнага жыцця ён вывеў на старонкі сваіх твораў. Памятаю, як ускалыхнулася маё сэрца, калі ў пераліку прататыпаў да будучых кніг К. Чорнага я напаткаў прозвішча сваёй прабабкі — Матруны Гарашчэні. Цімкавічы і цімкаўцы былі для празаіка невычэрпнай тэмай, цэлым сусветам, духоўным апірышчам у самыя цяжкія дні жыцця. Знясілены пакутамі, незадоўга да смерці, 8 жніўня 1944 г. К. Чорны ў сваім «Дзённіку» пісаў: «...Можа, мне суджана яшчэ пабачыць мілыя Цімкавічы. А што, калі і хата мая асталася і стаіць? Гэта будзе вялікае шчасце. Там жа, у ціхім жыцці можна будзе ачуняць як мае быць і напісаць усе задуманыя раманы».
У дзіцячыя гады К. Чорны, а тады ён быў проста Коля Раманоўскі, рос хлапчуком з уражлівай і чуйнай душой. Ягоным равеснікам здавалася дзівацтвам тое, як ён паводзіў сябе ў лесе. Дзятва не праяўляла асаблівай увагі да птушак, іхняга жыцця. Колю ж, наадварот, цікавіла, з чаго і як звіта гняздо, якога колеру яечкі ляжаць у ім, якая птушачка прыляціць да гнязда, што яна прынясе ў дзюбцы, як заспявае. З дзедам Міхалам ён часта хадзіў у Бушылава — маляўнічы куток прыроды за Цімкавічамі, пра які сёння засталіся хіба адны згадкі. Бегаў туды і з аднагодкамі, каб у рацэ лавіць ракаў (зараз рака выпрастана ў меліярацыйную канаву). Замілаванне да роднай зямлі, вострыя ўражанні дзіцячай пары яскрава адбіліся ў многіх творах пісьменніка. Так, у рамане «Пошукі будучыні» створаны яркія рэалістычна-канкрэтныя прыродаапісанні, у якіх намаляваны знаёмыя з дзяцінства родныя краявіды: «Зусім блізка, па той бок рэчкі і поля, быў кіламетраў на дзесяць хвойны лес, і паўднёвы вецер гнаў сюды пах смалы. Паветра было, як лагодныя лекі, а краявід — увасабленне ціхага хараства». Без цяжкасці адгадваеш, што тут гаворка ідзе пра Скіп'ёўскі лес. Любоў да хвояў, паэтызацыя гэтых дрэў таксама бяруць пачатак ад сустрэч са Скіп'ёўшчынай, захаплення музыкай прыроды: «Хутка будзе вечар. Вецер не сціхне, і чуваць будзе, як за рэчкаю гавораць хвоі...» (апавяданне «Хвоі гавораць»).
Творчую адоранасць Мікола Раманоўскі выявіў у Цімкавіцкім двухкласным вучылішчы, а пазней і ў гады вучобы ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі (1916-1919). Яго хвалілі за добрае валоданне словам. У 1923 г. хлопец пешкі падаўся ў Мінск і быў прыняты на вучобу ў Белдзяржуніверсітэт. За плячыма засталіся праца ў Цімкавіцкім валасным рэўкоме, служба ў Слуцкім павятовым ваенкамаце, настаўніцкія клопаты ў Цімкавічах. Здавалася, спраўдзілася запаветная мара і можна будзе паглыбляць веды, у больш спрыяльных умовах заняцца літаратурнай творчасцю. Аднак Міколу не прызначылі стыпендыі, прыходзілася больш думаць пра тое, як пражыць. Праз нястачы і хваробу вучобу ва універсітэце давялося пакінуць. З 1924 г. ён працаваў у газеце «Беларуская вёска», а пасля перанесенай аперацыі перайшоў працаваць туды стала. У згаданым годзе ўступіў у літаратурнае аб'яднанне «Маладняк».
Першыя апавяданні «Гузік» і «На граніцы» К. Чорны надрукаваў у 1921 г. Праз чатыры гады, у 1925 г., выйшлі два ягоныя зборнікі апавяданняў — «Апавяданні» і «Срэбра жыцця», а ў наступным, 1926 г, пабачылі свет аж тры кніжкі «малога» жанру — «Па дарозе», «Пачуцці», «Хвоі гавораць». Значна пазней выдаў яшчэ адзін зборнік апавяданняў — «Вераснёвыя ночы» (1929). Творчае станаўленне К. Чорнага праходзіла вельмі актыўна. Праўда, напачатку ён імкнуўся да таго, каб радасна сказаць. што прыйшоў «цікавы час. Час росквіту новай думкі, новага жыцця. Час новых людзей» («На граніцы»). Аднак празаік пазбаўляўся падзейна-вонкавага адлюстравання, павярхоўнага сузірання жыцця. Настойліва, з псіхалагічнай скіраванасцю К. Чорны ішоў да спазнання чалавека, чалавечых нораваў і ўчынкаў і ўрэшце стаў праніклівым пісьменнікам-псіхолагам. За арыенціры ён узяў шэдэўры сусветнай класікі і найперш— мастацкі вопыт Ф. Дастаеўскага і Л. Талстога. Не далі збіцца, заблукаць свае родныя «маякі» — Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч, Ядвігін Ш. і іншыя нашаніўцы, хто сваёй творчасцю вывеў беларускае мастацкае слова на высокі эстэтычны ўзровень.
Паваротным, лёсавызначальным момантам для К.Чорнага стаў 1926 г., на які прыпадае ўтварэнне літаратурна-мастацкага аб'яднання «Узвышша». Сэнсам і мэтаю яго творчасці, як і іншых узвышаўцаў, сталі ўстаноўка на пераемнасць традыцый, эстэтыку жыццёвай праўды, свядомы адыход ад афіцыёзу, ілюстрацыйнасці, рэвалюцыйна-заклікальнага пафасу. К. Чорны, стаўшы на чале «Узвышша», выдатна разумеў, што шлях літаратуры — гэта шлях узвышэння яе прэстыжу, паглыблення даследчыцкага апалітызму ў асэнсаванні рэчаіснасці і гісторыі, маральна-філасофскага зместу, стылёва-выяўленчай культуры пісьма. У «Аўтабіяграфіі», напісанай у 1928 г. і дасланай даследчыку літаратуры Л. Клейнбарту, К. Чорны гаворыць: «Літаратурнае аб'яднанне «Узвышша», да якога я належу, якраз і змагаецца за літаратурны сталічны Мінск, супраць Мінску — як губернскай правінцыі, з кансерватарскімі поглядамі на літаратуру і традыцыямі губернскага маштабу». Вырасшы з нетраў «Маладняк», літаб'яднанне «Узвышша» наўзбоч выштурхоўвала догму пра рэвалюцыйную, пралетарска-класавую сутнасць мастацтва, уздымала на шчыт якасна новыя духоўна-эстэтычныя каштоўнасці і, працягваючы традыцыі прозы М. Гарэцкага і «нашаніўства» ўвогуле, па сутнасці стала прапаведнікам літаратуры як высокага мастацтва слова, нацыянальнага па духу і змесце, па-гуманістычнаму праніклівага і хвалюючага. Творчыя поспехі «Узвышша» не могуць не ўразіць: інтэлектуальна-філасофскі эпас У. Дубоўкі, цудоўная лірыка Т. Кляшторнага, Я. Пушчы, С. Дарожнага, яркая і адметная проза З. Бядулі, К. Крапівы, Л. Калюгі, А. Мрыя... Для К. Чорнага «ўзвышаўся» перыяд (1926-1931) аказаўся, бадай, самым плённым. У гэты час былі напісаны такія буйныя творы, як раманы «Сястра», «Зямля», «Бацькаўшчына», «Ідзі, ідзі», аповесці «Лявон Бушмар», «Вясна», а таксама апавяданні «Начлег у вёсцы Сінегах», «Веснавыя дарогі», «Вераснёвыя ночы» і некаторыя іншыя. Сярод выдатных твораў беларускай прозы 20-х гг. асабліва вылучаецца раман «Зямля» (1928).
ЗЯМЛЯ І ЧАЛАВЕК
Ужо назва рамана «Зямля» гаворыць пра тое, што галоўнай у ім з'яўляецца тэма зямлі. Сам пісьменнік прызнаваўся, што пафас гэтага твора — «замілаванне да роднай зямлі, да прыроды, хараство беларускіх простых людзей» (цыт. па зб.: Кузьма Чорны. Мн., 1959. С. 20). Як і Я. Колас у «Новай зямлі», К. Чорны імкнуўся паказаць вялікую «ўладу зямлі» і ўладу над зямлёй, паэзію чалавечага існавання, быцця на зямлі» (А. Адамовіч). Да адлюстравання жыцця беларускай вёскі, побыту і псіхалогіі сялянства звярнуліся таксама ў сваіх эпічных творах у 20-я гг. М. Лынькоў («На чырвоных лядах»), М. Зарэцкі («Вязьмо»), К. Крапіва («Мядзведзічы»), Наша проза той пары добра раскрыла маральна-этычныя і эстэтычныя погляды беларуса на зямлю, працу, уклад жыцця. К. Чорны стварыў паэму ў прозе, дзе лірычная плынь пачуццяў тонка знітавана з эпічным апавяданнем. Слушна адзначае В. Вітка, што «ў Чорным, як вялікім мастаку, шчасліва аб'ядналіся два таленты — эпічны і лірычны. Боязь лірыкі ў прозе не замінала яму, аднак, быць паэтам».
У рамане «Зямля» пісьменнік шырока разгортвае перад чытачом маляўнічы і непаўторны свет прыроды роднага краю. Пейзажы тут з незамкнёнымі даляглядамі, эпічна-велічныя, поўныя раздольнай і разам з тым таямнічай красы: «Па высокім небе плылі абрыўкі хмар, і ўсё было прасторным на зямлі»; «...зялёная сінь неба веяла бязмежнай далечынёю. На зямлі было пуста і прасторна»; «Вялікая шырыня ляжала на ўсім» і інш. Які неабдымны зямны прастор, якая эмацыянальна-эстэтычная раскаванасць светаўспрымання! Стыль пейзажнага пісьма К. Чорнага найчасцей уяўляе мяккі акварэльны жывапіс, прасякнуты любаваннем «прасторнай цішынёй», маўклівай одумнасцю прыроды: «Сінія далягляды былі маўклівымі і думнымі, як і той дзень, шумны толькі ветрам ды жоўклым лісцем на кустах...» Прыродаапісанні ў рамане вельмі меладычныя, псіхалагічна-настраёвыя, пераважна мажорныя па сваёй афарбаванасці. Зямля паўстае як жывая, адухоўленая істота, і празаік імкнецца перадаць яе пэўны стан ці настрой: «...дзікія кветкі — пазгорталі па поўдні жоўтыя галоўкі і застылі так нерухома, надаюць яны зямлі выраз жывога твару, як і лагоднасць паблеклага ўвосень сонца», «летнім тварам зарадавалася зямля», «Весялілася ж і зямля...», «...зямля маўчала, слухала ў чулай дрымоце і вострай чуласці» і інш. Зямля, як думаецца, з'яўляецца галоўнай дзейнай асобай у творы. Восеньскія краявіды глыбока палоняць сэрца празаіка, нараджаюць адчуванне свабоднай шыры зямлі, пачуццё святочнага ўздыму. Празаік са сваімі героямі сузірае, як радуюцца прасторы, ён прыслухоўваецца да ціхага шолаху лістоты і да павеву ветру, бачыць-адчувае, як растуць дрэвы і адцвітаюць восеньскія кветкі. К. Чорны выступае як тонкі знаўца роднай прыроды.
У сваіх прыродаапісаннях ён дасягае яркай экспрэсіўнай выяўленчасці. Ягоныя сродкі маляўнічай выразнасці (метафары, эпітэты, параўнанні, вобразныя дэталі) сведчаць пра мастацка-эстэтычную глыбіню пейзажнага майстэрства: «Цёмны вечар чула думаў, прыпаўшы да зямлі», «цяжкія дзяругі хмар раставалі і гінулі», «прабіваліся скрозь хмары ружовыя стужкі заходу» і інш. Колерава-светлавы фон пейзажаў К. Чорнага пазначаны сінімі і яркімі сонечнымі фарбамі, якія лагодзяць, паглынаюць чалавечае вока і душу. Малюнкі прыроды ствараюць адметны нацыянальны каларыт, эстэтычна гарманізуюць ідэйна-кампазіцыйную структуру твора, прыдаюць ёй цэльнасць.
Дамінантны, стрыжнёвы ў рамане — матыў пахаў. Зямля ап'яняе герояў сваім водарам. Пахаў у рамане проста не злічыць, яны адыгрываюць важную эстэтычную функцыю, уплываюць на стварэнне агульнай эмацыянальнай атмасферы твора. Прысутнасць пахаў у пейзажных карцінах і замалёўках прыдае ім суб'ектыўна-лірычную прыгажосць, адухоўленасць. У рамане наогул, пачынаючы з зямлі, пахне амаль усё, пахне нярэдка вельмі прывабна, хвалююча, чароўна. Большасць пахаў нясе героям эстэтычнае задавальненне, душэўную асалоду: «на далёкі размах вакол пахне зямля», «Радасна пахла полем», «пахлі — трава, вечар і восень», «пахнуў пясок і трава каля яго, і восень, і зямля. Як жа яна пахла — зямля!», «пахлі хвоі ў спакойным шуме сваім», «саладкавата запахла пылам», «пах ядлоўцу поўніў усё прасторнай прытульнасцю» і інш. Незвычайная вастрыня ўспрымання і трапная назіральнасць ляжаць у аснове гэтага шматграннага выяўлення пахаў прыроды. Праз пахі раскрываюцца пачуцці герояў, іх успрыманне роднай зямлі і жыцця наогул. Пасля хваробы стары Тамаш, удыхнуўшы пах калодзежнага дубу і вады, адчуў прагу жыцця: «Поле і паплавы нагадаў яму гэты пах. Сэрца застукала ў грудзях мацней, радасць жыцця ўскалыхнула яго». Восеньская прырода нібы прадчувае смерць Тамаша. Пахі вянчаюць яго зямную дарогу: «апошні дар жывой зямлі і блізкіх людзей — пахучая смалою труна». Словам, да К. Чорнага такой багатай эстэтыкі пахаў беларуская проза не ведала.
Персанажы «Зямлі» — людзі жывога эмацыянальнага складу, здольныя адгукацца на прыгожае, умеюць «здзіўляцца вечнаму мудраму жыццю прыроды, пастаянна шукаюць сустрэч з ёю» (П. Дзюбайла). Па-дзіцячы непасрэдна і глыбока адчувае восеньскае хараство Юрка: «Юрка ўсё стаяў адзін. Пахла трава і лісце, і сонца адчувалася ўсёю істотаю. Вострае было яно і поўніла душу радасцю святла і волі». Юрка даглядае, шкадуе старога каня. Чалавечая спагада і дабрыня выратоўваюць няшчасную жывёліну. Праз адносіны да каня ў «Зямлі», як і ў раманах «Бацькаўшчына», «Пошукі будучыні», празаік раскрывае душу вяскоўца, яе духоўную ўзвышанасць і чалавечнасць. Вельмі душэўная, чуйная натура — Ганна. Яна, ад'язджаючы з бацькоўскай хаты ў горад, балюча перажывае расстанне, бо ёй «шкада абмоклых дрэваў, гэтых паплавоў і агародаў. Прытаптаных сцежак цераз паплавы да рэчкі...». Аўтар паэтызуе ўнутраны свет дзяўчыны.
К. Чорны выдатна паказвае, што зямля — крыніца духоўнага жыцця, радасць існавання чалавека. Вуснамі старога Тамаша, працалюбівага селяніна, ён асуджае «гультайства, разбазыраюць», імкненне знайсці шчасце далей ад зямлі. Чорны даводзіць, што чалавек без каранёў у зямлі пазбаўлены філасофіі гаспадара, становіцца, як Тамашоў сын, адысеем. Яшчэ на самым пачатку калектывізацыі празаік перасцерагаў ад разбурэння традыцыйнага працоўнага ўкладу дзядоў і прашчураў, нібы прадбачыў, што выраджэнне сялянскай прыроды, народнага светапогляду можа прынесці непапраўную бяду. Удумна і разам з тым празорліва пісаў К. Чорны: «А тым часам ніколі не цурайцеся зямлі. Няхай яна будзе сабе ў вас за плячыма. Часам давядзецца, жывучы на свеце, прыперціся да яе. А яна заўсёды прыме, і не абы-як прыме. Бо, можна сказаць, яна заўсёды гатова для чалавека,— прыйшоў да яе, не пашкадуй для яе поту, рук, і яна табе аддзякуе...» Хіба не актуальна гучаць сёння гэтыя словы пісьменніка? У рамане на вобразе Алеся ён паказаў шчырага і духоўна памятлівага сына роднай зямлі. На бяду нашага народа, як вядома, сталінская калектывізацыя рассяляніла вёску, забіла ў чалавеку пачуццё зямлі, адказнасці за яе лёс. Калісьці рускі пісьменнік Г. Успенскі ў сваіх «Пісьмах з вёскі» вельмі справядліва сказаў: «Адарвіце селяніна ад зямлі, ад тых клопатаў, якія яна накладвае па яго, ад тых інтарэсаў, якімі яна хвалюе селяніна,— дабіцеся, каб ён забыў «сялянства»,— і няма гэтага народа, няма народнага светасузірання, няма цеплыні, якая ідзе ад яго».
К. Чорны бачыў у беларускім селяніне і працы на зямлі трываласць нацыянальнага свету. У іншых сваіх творах, такіх, як «Бацькаўшчына» (1932), «Лявон Бушмар» (1930), «Трэцяе пакаленне» (1935), «Смага», ён працягваў узвышаць чалавека-працаўніка, паказваў яго ўнутраную цэльнасць, знітаванасць з роднай зямлёй. Паэзія прыроды, адвечная філасофія сялянскай працы ў многім дзякуючы К. Чорнаму зрабілася вядучай ідэйна-эстэтычнай лініяй беларускай прозы. Крэўная блізкасць да зямлі, душэўная пародненасць з прыродай-маці ў творах К. Чорнага сугучная светаадчуванню такіх празаікаў, як І. Мележ, Я. Брыль, І. Пташнікаў, В. Адамчык, А. Кудравец...
«Зямля» — чароўная сімфонія восеньскай прыроды, паэтычны пейзаж беларускай душы. Пасля прачытання гэтага рамана міжволі прыгадваюцца словы знакамітага акадэміка Дз. Ліхачова: «Чалавека стварае зямля. Без яе ён нічога...»
Культаўскія 30-я гг. абрынуліся на беларускую літаратуру гвалтам рэпрэсій, цяжарам вялікіх страт. Таталітарная сістэма зрабіла «ворагамі народа» ўчарашніх дзяцей рэвалюцыі — маладнякоўцаў, бязлітасна расправілася з «Узвышшам», не пашкадавала нават тых «пралетарскіх пісьменнікаў», хто паклёпнічаў, ганьбіў сваіх калег па літаратуры. К. Чорнага сталіністы знявечылі фізічна, патапталі яго душу, чалавечую годнасць. Памятаю, як на пачатку 80-х, чытаючы літаратурна-мастацкі нарыс С. Александровіча «Сэрца, у якім месціўся цэлы свет», спатыкнуўся на сказе, за якім хавалася, як падалося, нешта драматычнае: «Захварэла жонка, і Кузьма Чорны позна ўвечары 13 кастрычніка 1938 года пайшоў у аптэку па лекі, а дамоў вярнуўся толькі 8 чэрвеня 1939 года». Узніклі і не давалі спакою пытанні: што здарылася, дзе пісьменнік быў гэтыя восем месяцаў? Пра трагічную старонку біяграфіі К. Чорнага даведаўся ад самога Сцяпана Хусейнавіча Александровіча ўвесну 1983 г. Пасля лекцыі па гісторыі літаратуры я адважыўся і падышоў да яго з дапытліва-недаўменным выразам твару. Тое, што пачуў, ашаламіла: «У 1938 годзе Чорны трапіў у турму. Там яго жудасна катавалі. Арыштавалі беспадстаўна, як і іншых пісьменнікаў. Гэта была памылка». Прынамсі, прафесар Александровіч некаторым студэнтам свайго спецсемінара даваў пачытаць «Дзённік» К. Чорнага ў поўным выглядзе, без тых скарачэнняў, з якімі ён надрукаваны ў васьмітомным Зборы твораў пісьменніка.
«Дзённік», які пісаўся з ліпеня па лістапад 1944 г.,— гэта споведзь спакутаванай, зраненай душы, споведзь, якая толькі ў наш час дайшла да чытача. Тут раскрываецца і асабістая трагедыя пісьменніка, і праўда пра ўвесь даваенны час. Страшна чытаць, як сталінскія нелюдзі жорстка ўкрыжоўвалі сваю ахвяру: «У яжоўскай турме ў Мінску ўвосень 1938 г. мяне саджалі на кол, білі вялікім жалезным ключом па галаве і палівалі збітае месца халоднай вадой, паднімалі і кідалі на рэйку, білі паленам па голым жываце, устаўлялі ў вушы папяровыя трубы і раўлі ў іх на ўсё горла, уганялі ў камеру з пацукамі, але рук у кайданы не замыкалі». Не здолеў К. Чорны вытрымаць гэты дзікі садызм: гаварыў тое, чаго ад яго дамагаліся следчыя, дапамагаў «выяўленню і выкрыццю нацыянал-фашысцкага фармавання ў Беларусі». Але гэта знаходзіцца за межамі дзённіка— у матэрыялах допытаў пісьменніка.
30-я прытупілі пяро Чорнага, прыгнечвалі маральна, змушалі думаць і тварыць з аглядкай на палітыку дзяржавы. Творча акрыяць духам пісьменнік змог толькі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, але, на вялікі жаль, здароўе яго было моцна падарвана: «Колькі нашай інтэлігенцыі без дай прычыны гніе ў турмах і на высылцы! У мяне ўжо няма 70% здароўя. Я гіну і не магу выкарыстаць як бы трэба было свой талент. Сілы мае трацяцца і марнуюцца...» І, урэшце, апошні сказ дзённіка, поўны душэўнага адчаю: «Божа, напішы за мяне мас раманы, хіба так маліцца, ці што?..»
У суровыя дні вайны К. Чорны самаахвярна працаваў: і ў жанры публіцыстыкі, і на ніве мастацкай прозы. Сваімі філасофска-гуманістычнымі раманамі «Пошукі будучыні» (1943) і «Млечны Шлях» (1944) ён высока ўзняў мастацкую планку ў беларускай ваеннай літаратуры на цэлыя дзесяцігоддзі. Мастацка-даследчыцкую глыбіню думкі пісьменнік выявіў і ў іншых творах, многія з якіх засталіся незакончанымі (раманы «Вялікі дзень», «Смага», «Захар Пагуда», «Сумліцкая хроніка», аповесці «Скіп'ёўскі лес», «Лявончыкава Ліда і якубаўскі карчмар Сымон Біруля», шматлікія апавяданні). Проза Чорнага ваеннага часу стала сапраўды унікальнай, фенаменальнай з'явай у гісторыі айчыннай літаратуры.
ЧАЛАВЕК - ЗЯМЛЯ - СУСВЕТ
Мастацкае мысленне К. Чорнага ў гады фашысцкай агрэсіі набыло глыбокую філасафічнасць думкі, касмізм светабачання. Пісьменнік паказвае вайну як найвялікшае антычалавечае зло, трагедыю ўсясветнага маштабу. У раманах «Пошукі будучыні» і «Млечны Шлях» створана філасофска-гуманістычная канцэпцыя быцця ў прасторы і часе. Тут пейзаж, вобразы прыроды змяшчаюць у сабе сімволіка-філасофскі змест.
Кастусь Лукашэвіч з «Пошукаў будучыні» і Уладзімер Ярмаліцкі з «Млечнага Шляху» — людзі, якія востра адчуваюць свае карані, не ўяўляюць жыцця без дарог, дрэў, зорных краявідаў радзімы. Яны абодва садзяць дрэвы, думаюць пра вечнае, высокае прызначэнне чалавека. Прырода роднага краю ўмацоўвае герояў К. Чорнага духоўна, узрушвае іх сэрцы сваёй прыгажосцю. Уладзімер Ярмаліцкі, які шмат выпакутаваў, асабліва ў канцлагеры, адчувае прыліў унутраных сіл, калі сустракае знаёмыя дрэвы і камяні пры дарозе: «Ён стаў зусім ясны вачыма і настроем. У яго калацілася сэрца, калі ён сказаў, што дарога зараз пойдзе ўніз і там відзён будзе родны дом і шэсць старых вязаў. Дарога сапраўды пайшла ўніз. Сіняя істужка далёкага лесу была перад імі на блізкім даляглядзе».
Позірк герояў і самога аўтара перадусім канкрэтна адчувальны, прасякнуты пільнай увагай да вобразаў і рэалій навакольнага свету. Асабліва часта душу яго персанажаў лагодзяць восень і цішыня. Пейзажы ў творах лаканічныя, але ў сукупнасці яны ствараюць даволі яркі фон дзеяння. Прыродаапісанні вельмі лірычныя, пазначаны, як правіла, элегічнай настраёвасцю, уяўляюць роздумны жывапіс слова. Пісьмо К. Чорнага-пейзажыста нагадвае тонкія і лапідарныя штрыхі пэндзля мастака: «Стаяла восень. Але яшчэ часам дзень зіхацеў сонцам, і тады птушкі не зважалі на прымаразак. Іх было многа. Яны порхалі крыллем у вяршалінах дрэў і спявалі, малыя і вёрткія»; «Пад навіссю дрэва каляіністыя дарогі расплыліся пад дажджамі і так асталіся. Па іх тут цяпер ніхто не ездзіў» («Млечны Шлях»), Восеньскае хараство, цішыня, спакой нібы кантрастуюць з гаворкай пра вайну, па сутнасці сцвярджаюць адвечную паэзію і гармонію быцця на зямлі. Скразны вобраз цішыні ў «Пошуках будучыні» — гэта пастаянная скіраванасць аўтара да вечнай мудрасці прыроды, адмаўленне катастрофы, сцвярджэнне міру, раўнавагі, чалавечага ўдушы і псіхалогіі чалавека.
Найчасцей героі пісьменніка запалонены цішынёй зорнага неба: «ціхае неба ў зорах», «...ноч — з зорамі і цішынёй» і інш. К. Чорны ўвесь час акцэнтуе нашу ўвагу на тым, што зоры — неад'емныя спадарожнікі чалавека, часцінка яго свядомасці і душы. Кастусь лёг «на воз, тварам у зоры», пра Няваду празаік гаворыць: «Ох, як даўно гэты чалавек не глядзеў на зоры над сваёй роднай зямлёй!» Без зор, Млечнага Шляху не ўяўляе свайго існавання Уладзімер Ярмаліцкі. Зорнае неба атаясамліваецца ім з Радзімай, становіцца люстэркам душы: «Ён ляжаў нерухома і глядзеў праз акно ў зорную прастору. Зоры ў небе ўзышлі густамі неба зіхацела над змрочнай зямлёй. Ён усё глядзеў угару. Ён думаў пра зоры...» Кожны з персанажаў «Млечнага Шляху» (Ярмаліцкі, Мікалай Сямага, Гануся, чэх Новак, немец) гаворыць пра свае зоры, звязвае з імі самае блізкае і дарагое. Млечны Шлях — пуцяводны маяк на сцежках Сусвету, той абраз маральнасці, перад якім героі спавядаюцца і ачышчаюцца. Разам з тым лейтматыў зорнага неба паўстае як сімвал вечнасці, паяднання Чалавека з Сусветам. Зоры — сэнсавы і кампазіцыйны цэнтр, вобразны імператыў, які надае раману касмічна-філасофскі маштаб, а стылю —узвышана-паэтычны характар гучання. Наогул, можна гаварыць пра культ зор у творчасці празаіка. У «Млечным Шляху» мастацка-абагульнены сэнс зорнага пейзажу ярка прачытваецца ў суаднесенасці з праблемай глабальнага агульначалавечага выжывання. Цывілізацыя, калі яна сапраўды адчувае адказнасць перад будучыняй, вечнасцю, павінна ісці да свайго зорнага Млечнага Шляху — суладнасці, узаемаразумення, мудрасці быцця. К. Чорны бачыў чалавека неяк маленькую пылінку ў космасе, а зірнуў на яго як на жыхара Сусвету, сумленне Чалавецтва і Зямлі. Пісьменнік у сваім касмізме, гуманістычных высновах, як падаецца, вельмі блізкі да М. Багдановіча, які з устурбаванасцю нагадваў пра высокую маральную місію чалавецтва пад вечнымі зорамі:
К. Чорны пражыў усяго 44 гады. З сумам і скрухай думаецца пра яго заўчасную смерць, у якой павінна сталінская сістэма. Нягледзячы ні на якія суровыя выпрабаванні, К. Чорны ўсім сэрцам хваляваўся пра лёс свайго народа, роднай зямлі, застаўся вялікім патрыётам і чалавекалюбам. Для сябе пісьменнік жадаў няшмат — «быць у Мінску ў сваім ціхім кутку і пісаць». Але ў вызваленай сталіцы, куды ён прыехаў увосень 1944 г., праменьчыка святла так і не дачакаўся. Балюча было глядзець на звярыныя норавы чыноўніцтва, сустракаць абыякавасць і раўнадушша. Ён пакутаваў і жыў літаратурай, вобразамі сваіх новых раманаў...
...Заўсёды, калі бываю на цімкавіцкіх могілках у сваіх родных, падыходжу да апошняга прыстанку бацькоў К. Чорнага — Гліцэры і Карла Раманоўскіх. Схіляю ў одуме і пашане галаву перад памяццю тых, хто даў жыццё такому выдатнаму сыну — сыну, які абессмяроціў беларускую літаратуру.
Пясняр і абаронца роднай прыроды
Паэзію Максіма Танка (1912-1995) немагчыма ўявіць без шматлікіх прыродаапісальных твораў. Калі сабраць усе ягоныя паэтычныя пейзажы, пачынаючы ад першага зборніка «На этапах» (1936) да апошняй пасмяротнай кнігі «Errata» (1996), то атрымаецца Своеасаблівая мастацкая галерэя, якая шматаблічна раскрывае свет беларускай зямлі, даволі шырока знаёміць з малюнкамі і вобразамі прыроды замежных краін.
Лірыка прыроды ў М. Танка — з'ява надзвычай універсальная, шматвобразная, пра што красамоўна гавораць матэрыялы складзенага намі ў 1990-1996 гг. частотнага паказальніка асноўных пейзажных тэм і вобразаў у беларускай паэзіі. Мастак слова апаэтызаваў усе поры года і сутак, вобразы ландшафту, стыхіі і з'явы прыроды, яе ўспрымальныя элементы, беларускую флору і фауну, касмічныя краявіды. Заўважаецца і асаблівая прыхільнасць паэта да пэўных пейзажных вобразаў, улюбёнасць у пэўную пару года і сутак. Звернемся да частотных паказчыкаў. Так, вясновых вершаў у творчасці М. Танка 49. Супаставім гэтую лічбу з колькасцю твораў, прысвечаных паэтам іншым порам года: восень — 42, зіма — 27, лета — 9. Як бачым, пейзажная тэма вясны ў яго паэзіі мае важнае сэнсава-выяўленчае значэнне. З пораў сутак паэт аддае перавагу раніцы. Вобразы вясны, раніцы, усходу сонца ў яго творчасці заходнебеларускага перыяду становяцца сімволіка-алегарычным увасабленнем ідэі нацыянальнага вызвалення, духоўнага адраджэння і свабоды. Вельмі часта яго пейзажны позірк выбірае аб'ектамі жывапісання дарогу і поле, раку і возера, дождж і вецер, лес і сосны, жаўранка і жураўля, сонца і зоркі. Прытым многія з гэтых і іншых вобразаў найперш знітаваны з радзімай М. Танка — Пількаўшчынай, краявідамі Нарачы і наднарачанскага ўлоння. Прырода радзімы назаўсёды зачаравала і прыгарнула да сябе паэтава сэрца, а таму і ў жыцці, і ў думках-згадках, і, зразумела, у вершаваных радках дарога нязменна прыводзіла да Парачы: «А хвалям канца не відаць. Успомніў я Нарач сваю» («На Жамчужнай рацэ»); «Я, нават будучы глухім, Між тысяч іншых сосен Адрозніў бы іх пошум...» («Наднарачанскія сосны»), І тут прыгадваецца інтэрв'ю Р. Барадуліна «ЛіМу» ў жніўні 1996 г., у якім ён слушна заўважыў, што «чалавека і паэта перш ад усяго фармуе прырода». Прырода, яе малюнкі і вобразы сталі асноватворнай крыніцай паэтычнай свядомасці М. Тапка. Пейзаж паэта з'яўляецца самакаштоўнай і арыгінальнай мастацкай з'явай, а таксама надзвычай значным духоўным і ідэйным асяродкам ягонага верша.
«Пейзаж — лірыка ў жывапісе... «(выраз К. Грыгар'яна). Малюнкі прыроды ў М. Танка вылучаюцца жывапіснай вобразнасцю, метафарычнасцю, асацыятыўнай яркасцю параўнанняў: «Айсбергі— гэта алмазы Палярнага ззяння...» («Палёт над айсбергамі»). Паэт здолеў стварыць індывідуальна-адметныя, шэдэўральныя выявы беларускай прыроды, і мы можам, напрыклад, гаварыць пра вясну М. Танка, восень М. Танка, ягоныя зіму і снег, вечар і ноч, поле і жыта, раку і сонца... Колькі індывідуальнай непаўторнасці ў вобраза-творчасці паэта: «кудлаты снежань», «плыты ільдзін», «снег свежасшаранелы» (верш «Зіма») і інш. Для М. Танка-пейзажыста характэрны незвычайная адухоўленасць светаўспрымання, чуйная знітаванасць з жыццём прыроды, яе рытмамі, зменамі яе станаў, фарбаў. Зіма і восень, лес і поле, наогул уся прырода, як і ў фальклоры, існуе на антрапамарфічны лад, яна нясе рысы адушаўлёнасці: мае жывы голас, ходзіць, спявае... Як да жывых істот звяртаецца паэт да вярбы і рабіны, коласа і жыта, зямлі-маці. У вобразе вярбы, якая параўноўваецца з дзяўчынай-красуняй, паўстае перад намі вясна ў вершы «Вясной». Паэт піша з жывапіснай сакавітасцю і разгорнутай дэталізацыяй малюнка, эмацыянальнай захопленасцю пачуцця: «Але покуль касу расчасала Крыгай — грэбенем срэбным І ўпрыгожыла плечы Хусткай — золакам зрэбным...» М. Танк выяўляе зайздросную глыбіню і праніклівасць назіранняў, ён надзіва дакладны і ў той жа час раскаваны ў сваіх зрокавых параўнаннях і асацыяцыях. Пакошаныя травы ў яго ўспрыманні — «шолахі дубравы, вясёлкі, галасы вясны», якія зносяць у копы (верш «Ляжаць пакошаныя травы»), У пейзажах М. Танка ўражвае сіла мастацкай выяўленчасці, незвычайная паэтызацыя, здавалася б, звычайнагаў прыродзе, што набывае для нас, дзякуючы мастаку слова, чароўную дзівоснасць і прывабнасць. Паэт мог знайсці яркія і жывапісныя сродкі і фарбы пісьма.
У яго мастацкім свеце важкае напаўненне набыла эстэтыка колеру («Колер снегу», «Колер зямлі» і інш.). Прыродаапісальныя выявы нярэдка нясуць у сабе цэлую гаму святлаколеравых абазначэнняў: «Акварэлі разліла вясна на полі: //зелень ніў і пазалоту, бель і сінь» і інш. Эстэтыцы святла і колеру М. Танк надае важнае значэнне таму, каб узмацніць эмацыянальную і вобразна-выяўленчую глыбіню верша. Бо «святло,— як адзначае замежны даследчык Р. Арнхейм,— гэта адзін з найбольш уражальных вытокаў нашых адчуванняў», таксама і «колер, па сутнасці, выклікае эмацыянальныя адчуванні». У апісаннях прыроды паэт дасягае насычана яркай каларыстыкі, жывапіснай святлаколеравай метафарычнасці пісьма.
Уласціва М. Танку і гіпербалізаванасць у пейзажна-метафарычным светаадлюстраванні, нават кінематаграфічнасць малюнка. Згадайма хаця б наступны вобраз-пейзаж: сосны «аж на заходні бераг Нарачы Уброд пераносяць сонца» («Наднарачанскія сосны»).
Паэтыку пейзажу М. Танка немагчыма ўявіць без унутранай музыкі слова, інтанацыйна-гукавой суладнасці радка. Музычнасць — надзвычай характэрная і вядучая рыса пейзажнага пісьма паэта. Чытаючы танкаўскія прыродаапісальныя вершы, мы адчуем усё хараство музыкі вясны і песні жаўранка, музыкі нарачанскіх сосен і хваляў Нарачы, будзем запалоненыя шолахамі траў, рытмам касавіцы, «канцэртам у сене» — гукамі такіх маленькіх істот, як камар, пчала, асвянка, чмель. «Колькі ў адной копцы свежага сена Музыкі радаснай!» — усклікае паэт у вершы «Канцэрт у сене», стварае тут цэлую сімфонію гукаў. Музычны спосаб гукавядзення ўласцівы і такім пейзажным творам М. Танка, як «Люблю твае, Нарач, затокі і тоні...», «Вясна-красна на ўвесь свет», «Ляжаць пакошаныя травы», «Летні дождж» і інш. Мелодыка слова выяўляе стан і настрой душы паэта, прыдае радку рытмічную стройнасць, гарманічнасць і прыгажосць гучання. У гэтай сувязі дарэчы прывесці меркаванне рускага кампазітара Ц. Кюі, які гаварыў, што «слову музыка паведамляе незвычайную сілу выяўлення», а «спалучэнне паэзіі з музыкай можа павялічыць сілу ўражання той і другой, давесці яе да найвышэйшай мяжы...». М. Танк у сваіх прыродаапісаннях прадэманстраваў бліскучае майстэрства гукавой вобразнасці, выявіў высокія фанетыка-фаналагічныя магчымасці беларускага паэтычнага слова.
Нельга не заўважыць міфалагізаванасць пейзажнага мыслення паэта. «Пейзажныя вершы М. Танка,— як адзначае У. Калеснік,— часта засяляюцца таямнічымі і дзіўнымі казачнымі істотамі, чарадзейнымі здарэннямі, як у народных казках». Міфалагізацыя прыдае пейзажу нейкую незвычайную атмасферу першароднасці, адчуванне таямнічасці хараства: «Ціха свішчуць крылы позняй сломкі, Лесавік падпальвае карчы» («Дарога з сенажаці»). Пейзаж «У лістапад» нібы акунае нас у свет наіўнай дзіцячай веры ў казку: «А мне здаецца. Што гэта Верасень Са сваімі сябрамі Неганісабакузхаты, Дажджахлюпам і Гразяшлёпам Зацеплілі нашу лазню І хвошчуцца венікамі прысад...» У падобных малюнках праз міфаказачнае ўспрыманне паэт вяртае сучаснага чалавека да вытокаў непасрэдна-шчырага стаўлення да прыроды, свету наогул. Міф, казка — першааснова жыцця нашых далёкіх продкаў. У пейзажнай творчасці М. Танка суседнічаюць рэальная вобразная канкрэтыка і міфапаэтычнае адлюстраванне прыроды. Ці няма тут нейкай парадаксальнасці? Рэальнае і міфічнае, відаць, узаемадапаўняюць мастацкае пачуццё прыроды, робяць яго больш глыбокім, нават універсальным.
Пейзаж для М. Танка — гэта з'ява псіхалагічнага, а таксама духоўна-філасофскага парадку. Праз апісанне прыроды паэт глыбока раскрывае свет унутраных пачуццяў, выказвае запаветнае, інтымнае. Пейзаж становіцца сродкам паглыбленага самааналізу і філасофскага роздуму. Некаторыя вершы паэта можна вызначыць як пейзажна-філасофскія, натурфіласофскія. Прыкладам псіхалагізаваных пейзажных замалёвак і прыродаапісанняў медытатыўнага плана могуць паслужыць такія творы, як «Над Нёманам», «Дуб Ягелы», «Ноч вераб'іная» і інш.
Выяўленне інтымна-любоўных перажыванняў у М. Танка вельмі часта атрымлівае пейзажную падсветку. У такіх выпадках пейзаж стварае эмацыянальна-настраёвы фон твора, раскрывае незвычайную прыгажосць месца падзеі:
Прырода ў М. Тапка сугучная чалавечым адчуванням, прыроднае ўлонне нібы лучыць закаханых. У душы і сэрцы яго лірычнага героя краявіды і каханне паядноўваюцца ў гарманічным адзінстве і высокай красе.
Важнай рысай многіх вершаў аб прыродзе М. Танка з'яўляецца іх вострая экалагічнасць гучання. Яшчэ ў сярэдзіне 50-х гг. паэт заклікаў: «Не сячы сасны, бо пахіліцца, Не муці ракі — вір уздымецца. Не тапчы вясны — цвет асыпецца...» («Не сячы сасны»). Гэтая просьба-замова ў 70-90-я гг. перарасла ў магутны гуманістычны, заступніцкі пафас у абарону ландшафту, флоры і фауны, прыроды наогул. М. Танк бачыў усю небяспеку, якую несла з сабой руйнаванне і збядненне навакольнага свету, хваляваўся і трывожыўся, бо за бяздумны гвалт над прыродай прыйдзецца расплочвацца будучыняй, цяжкімі наступствамі. Паэт стварыў не адзін уражальны малюнак прыроды-пакутніцы, дзе дамінуюць балючыя матывы, драматычны пафас. З асаблівай трагедыйнасцю намалявана карціна пахавання «забітай Чарнобылем Зямлі» ў вершы «Просьба аб дараванні». Пейзажны вобраз роднай зямлі стаў у танкаўскай паэзіі ідэйна-сэнсавым цэнтрам, і таму так абвострана ўспрымаецца паказ экалагічнага бедства ў творы «Тут Беларусь была»:
Для паэтыкі некаторых вершаў экалагічнага зместу характэрны пералічэнні пейзажных вобразаў, з якімі паэт развітваецца, нібы з самым дарагім і блізкім на гэтым свеце. У свой памінальнік М. Танк запісвае родныя вобразы — вобразы памерлых рэк, траў, дуброў і іх жыхароў (верш «Мой памінальнік»). Паэт адчувае, як ён «з зямлёю выгарае» («Пажар на тарфяніках»), са скрухай гаворыць, што мы «не ўмеем хадзіць па зямлі», «яе здратавалі, вытапталі, пакалечылі» («Экалогія»), Ягоныя трывога і боль крэўныя і шчырыя, бо ідуць з самых глыбіняў чалавечай душы. Руйнаванне роднага пейзажу, нацыянальнай этнапрасторы ўспрымаецца і паказана паэтам як вялікая катастрофа, трагедыя быцця.
Вялікая, нават неацэнная роля М. Танка ў асваенні і развіцці экзатычнага пейзажу, пра які ў творчасці паэта і наогул у беларускім літаратуразнаўстве гаварылася мала. М. Танк — адкрывальнік этнапрасторы, ландшафтаў і вобразаў прыроды іншых краін і зямель. Геаграфічныя каардынаты яго пейзажнага светаадлюстравання сапраўды ўражваюць: мастак слова апаэтызаваў вобразы гор і вадаспада, тундры і акіяна, у поле яго зроку трапілі экзотыка і краявіды Расіі, Прыбалтыкі, Славакіі, Балгарыі, Італіі, Германіі, Фінляндыі, Грузіі, Індыі, Кітая, Амерыкі, Афрыкі, Чылі і інш. М. Танк у самых лепшых творах на тэму прыроды замежжа дасягае маляўнічай вобразнасці. выяўленчай яркасці формы, тонкай пластыкі гукавога пісьма і інш. Прыкладам тут могуць быць вершы «На Жамчужнай рацэ» ці «У Саянах». Пры гэтым, апісваючы чужыя краявіды, паэт выяўляе непрыхаванае захапленне дзіўнай прыгажосцю, рамантычную прыўзнятасць беларускай душы, выказвае іншыя глыбокія эстэтычныя пачуцці. Вершы «Вадаспад Сіклавіца», «На зямлі Суомі», «Сосны на беразе акіяна», «За Палярным кругам» і многія іншыя — гэта вандроўка беларуса ў вялікі свет, своеасаблівы паэтычны атлас, уражлівае краіназнаўства. Адметнасцю так званых «падарожных», «экзатычных» твораў з'яўляецца тое, што ў іх гучаць матывы Парачы і Нарачанскага краю, прысутнічаюць вобразы беларускай прыроды. Паэт з пачуццём суму пераносіцца ў прасторы, праводзіць эмацыянальна-вобразныя паралелі з роднай зямлёй. Адкрыццё экзотыкі замежжа М. Танкам і іншымі майстрамі слова істотна пашырыла духоўна-мастацкія далягляды беларускай паэзіі, якая набыла новы ракурс і маштаб светаадлюстравання.
Умела і арганічна выкарыстоўвае М. Танк пейзажныя малюнкі і фрагменты і ў эпічных творах, надае ім шматаспектную функцыянальнасць, пра што сведчаць паэмы «Нарач», «Журавінавы цвет», «Янук Сяліба» і інш. У гэтых творах карціны прыроды напісаны разгорнута, месцамі нават размашыста, асабліва яны ўражваюць у паэме «Нарач», а таксама тут мы сустрэнем нямала прыкладаў яркай гукавой маляўнічасці слова. Аднак размова пра пейзаж у эпасе заслугоўвае асобнай гаворкі.
Як бачым, у паэзіі М.Танка знайшлі ўвасабленне разнастайныя віды, тыпы і функцыі пейзажу. Гэты паэт — майстар нацыянальнага і экзатычнага пейзажу. Яго паэзія нясе ў сабе глыбокае пачуццё роднай прыроды, красе якой ён склаў пранікнёны гімн. Беларускі пейзаж для М. Танка стаўся ўвасабленнем любові да радзімы, самай дарагой святыняй душы, аб чым ён сказаў у сваіх вершаваных радках так: «Гэты пейзаж мне знаёмы, як матчын настольнік...» М. Танк — апантаны пясняр краявідаў, чуйны і спагадны сын прыроды, яе заступнік. Такія паэты, як М. Танк, пасланыя Богам на нашую зямлю, каб мы адчулі і зразумелі мову ручая і дажджу, травы і дрэва, святло сонца і зорнага неба, адкрылі для сябе, што без прыгажосці нельга існаваць ні на гэтай зямлі, ні ў Сусвеце.
Прапаведнік духоўнасці і чалавечнасці
Іван Шамякін заўсёды быў цесна далучаны да асэнсавання сучаснасці, грамадскага жыцця. Невыпадкова яго называюць пісьменнікам сучаснай тэмы. Пісаць жа пра дзень сённяшні, яго праблемы вельмі цяжка. Зразумела, калі пісаць па-мастацку глыбока і пранікліва. Свет прозы І. Шамякіна — гэта свет па-сапраўднаму жывы, складаны, дзе чалавечае жыццё, рэчаіснасць, яе тэндэнцыі ўбачаны нераўнадушным, усхваляваным сэрцам пісьменніка. Калісьці выдатны рускі майстар прозы Міхаіл Прышвін разважаў пра адчуванне сучаснасці так: «Сучаснасць для нас, як я разумею,— гэта штосьці накшталт суда ці праверкі кожнага з нас на жывога чалавека...» І. Шамякін — творца вялікай душэўнай актыўнасці, абвостранага сацыяльна-псіхалагічнага і маральнага зроку. Ён асэнсоўвае праблему часу, жыцця, лёс чалавецтва і будучыні грамадства, кажучы зноў жа словамі М. Прышвіна, «з глыбіні свайго дня».
Якактыўны, чуйны даследчык сучаснасці, І. Шамякін ярка сцвердзіў сябе яшчэ ў 50-70-я гг. (раманы «У добры час» (1953), «Крыніцы» (1955), «Сэрца на далоні» (1964) і інш.). У яго творах выразна дамінуюць сацыяльны крытыцызм, жыццёвая праўда часу. Прычым сацыяльнае пісьменнік цесна знітаваў з маральным, гуманістычным. Вядома, ёсць у шамякінскіх творах адзнакі ідэалагічнага мыслення, ідэалізацыя герояў, рамантызацыя падзей, часам ён ішоў канфармісцкім шляхам. І ўсё ж крытычна-рэалістычнае ўспрыманне ім з'яў і падзей рэчаіснасці істотна розніцца ад той ідылічнай, бесканфліктнай літаратуры, якая ўгодліва нараджалася на патрэбу часу, пісалася па ідэалагічных канонах і схемах. Перад празаікам, відавочна, ніколі не ляжаў, як Талмуд ці Евангелле, метад сацыялістычнага рэалізму. Ён, калі ацэньваць яго творчасць па вялікім рахунку, па-за прымітыўным схематызмам.
Праўда, прыходзіцца чуць, што І. Шамякін адносіцца да пісьменнікаў, ангажаваных камуністычнай партыяй, тыповых сацрэалістаў. Але абсалютная большасць яго твораў гаворыць і сведчыць, што ён рэаліст у высокім значэнні гэтага слова. Хоць І. Шамякін аддаў даніну часу (напрыклад, увасабленне ленінскай тэмы), на яго ніяк нельга навешваць палітычныя ярлыкі. У нашым мінулым было не толькі дрэннае. Але і дрэннае і станоўчае — наша спадчына. Спадчыну ж не топчуць, ад спадчыны не адмаўляюцца, яе зберагаюць, асэнсоўваюць, каб рабіць высновы. Творчасць І. Шамякіна — наша гістарычная і духоўная спадчына. Нядаўна прыйшлося сустрэць наступную ацэнку сённяшняй ягонай творчасці: «Як і ў некаторых іншых творах апошняга часу гэтага пісьменніка, тут зноў не толькі нямоглае літаратурнае какецтва з былым часам, не толькі настальгічнае аплакванне мінулага, больш таго, тут, па сутнасці, апраўданне сталінізму. І выканана на ўзроўні адыёзнай антыбеларускай газеткі «Мы н время». Івана Пятровіча можна зразумець. Але ж, калі ён растрачвае свой несумненны талент на ўвасабленне фальшывай ідэі, прабачце...» (Маладосць. 1995г. № 7). Быць глухім да падобных выказванняў немагчыма і недаравальна для ўсёй літаратуры. Бо нідзе ў сваіх творах 80-90-х гг. пісьменнік не апраўдваў сталінізм, наадварот, на вобразе Золатава з аповесці «Ахвяры» (1990) ён паказаў усю жудаснасць сталінскай палітыкі страху і гвалту. Больш таго, І. Шамякін быў і застаецца прапаведнікам агульначалавечых каштоўнасцяў. Таму калі і гаварыць пра ідэалогію І. Шамякіна, то яе сутнасць і арыентацыю можна вызначыць як ідэалогію актыўнага, дзейснага гуманізму, заснаваную на ідэалах дабра і любові, ідэалогію маральнага максімалізму — спавядання абсалютнай сумленнасці, чалавечнасці, прынцыпаў справядлівага, этычнага ўладкавання жыцця і грамадства. У гэтым сэнсе мастацкі светапогляд І. Шамякіна сацыяльны і сацыялістычны па духу. І не трэба палохацца і чужацца азначэння «сацыялістычны». Сацыялістычныя ідэі — ідэі сацыяльна справядлівага, разумна-гарманічнага быцця на зямлі — адвечныя: згадайма Біблію, народныя казкі і легенды, творы філосафаў і пісьменнікаў розных часоў і эпох. Іншая справа — іх рэальнае ўвасабленне... Між тым дзеля справядлівасці трэба сказаць, што пісьменнік спрабуе рэабілітаваць савецкі час і камуністаў (дзённікавыя запісы «Роздум на перагоне» (1996).
Івану Шамякіну варта аддаць належнае, пакланіццаяго мастакоўскаму таленту: ён заўсёды турбаваўся і трывожыўся пра чалавечыя асновы грамадства, духоўнае ўдасканаленне асобы, не прымаў маральнага спусташэння, чыноўніцкага раўнадушша і чэрствасці, сцвярджаў, што несумленнасць, фальш, абыякавасць да подласці, зла супярэчаць сэнсу і місіі прызначэння чалавека на зямлі. Для лёсу шматлікіх твораў І. Шамякіна не мае значэння, які «ізм» будзе вызначаць сутнасць дзяржаўнага ладу, бо хоць яны і напісаны ў сваім часе. але разам з тым яны і па-за канкрэтным часам: тут жыве праўда нашай эпохі, уражлівая гісторыя чалавечай душы і духу, жывы летапіс народнага лёсу, пафас сцвярджэння станоўчага, вечнага на зямлі.
Творы І. Шамякіна заўсёды чытаюцца з цікавасцю, душэўнай узрушанасцю: ён — майстар дынамічнага і адметнага сюжэта, стваральнік яркіх псіхалагічных канфліктаў і мастацкіх вобразаў. Вострую канфліктную аснову, напрыклад, мае раман «Сэрца на далоні». Тут канфлікт, як і ў іншых творах празаіка, выносіцца ў маральна-этычную плоскасць. Старшыня гарсавета Гукан піша гісторыю падпольнага руху ў гады вайны, інтэрпрэтуе яе па-свойму. Ён свядома ўтойвае праўду, фальсіфікуе мінулае. Супраць Гукана і «гуканаўшчыны» выступаюць хірург Яраш і журналіст Кірыл Шыковіч. Хоць грамадская атмасфера яшчэ была толькі пазначана дэмакратычнымі пераменамі, яны праяўляюць мужнасць, характар і, урэшце, выкрываюць подласць, нягодніцтва старшыні гарсавета. Пісьменнік пераканальна даводзіць, што без праўдзівага мінулага няма паўнацэннай сучаснасці і будучыні, а без чалавечай сумленнасці, справядлівасці, гуманізму ніколі не будзе духоўнага прагрэсу грамадства.
Важныя сацыяльна-маральныя і сямейна-бытавыя праблемы І. Шамякін даследуе ў рамане «Атланты і карыятыды» (1974). У творы цэнтральным героем з'яўляецца Максім Карнач. Ён — галоўны архітэктар горада — паўстае перад намі як дзейсны і мэтанакіраваны чалавек. Карнач думае пра тое, якім будзе аблічча ягонага горада, у якім асяроддзі будуць жыць людзі. Таму ён выступае супраць размяшчэння на тэрыторыі горада хімічнага камбіната. Гэта будаўніцтва «перакрэсліць... ідэю Зарэчнага раёна — горада-саду», «знішчыць унікальную дуброву», «створыць адмоўныя праблемы, найбольшая з якіх — забруджванне ракі. А рака іх пакуль што - цуд, гонар, найчысцейшая з рэк». Галоўны архітэктар праяўляе бескампраміснасць, паслядоўнасць у адстойванні сваіх пазіцый і поглядаў. Карнач — неардынарная, таленавітая асоба, чалавек гуманізаванага мыслення. Праўда, ён бывае эмацыянальна нястрыманы, але пераважна ў тых выпадках, калі справа тычыцца прынцыпова важнага. Як чалавека дзеяння, здольнага на сапраўдны грамадзянскі ўчынак, высока цэніць Карнача ягоны калега архітэктар Шугачоў: «Смеласць у практыцы — во сапраўдная смеласць. Ты смелы ў практыцы, У гэтым твая перавага...» Аднак Карпачу прыходзіцца нялёгка, нават пакутліва-цяжка, бо не склалася яго сямейнае жыццё, ператварылася ў вялікую ўнутраную драму. Жонка Даша стала невыноснай мяшчанкай, эгаісткай, забіла ў сабе парасткі душэўнай і этычнай культуры, таму паміж Карначом і ёю «разрыў стаў відавочны і непазбежны». Асабістую сямейную справу Карнача імкнуцца выкарыстаць яго праціўнікі, ён аказваецца ў адзіноце, перажывае дэпрэсію. Карнач імкнецца разабрацца ў сабе, асэнсоўвае мінулае, думае пра сэнс жыцця.
У рамане неадназначна намаляваны вобразы партыйных кіраўнікоў Ігнатавіча і Сасноўскага. Узаемаадносіны паміж Карпачом і сакратаром гаркама Мікалаем Ігнатавічам даволі супярэчлівыя. Апошні, думаючы пра службовае крэсла, непарушнасць аўтарытэту сваёй персоны, у складаны жыццёвы момант аказаўся глухі, раўнадушны да лёсу Карнача. І. Шамякін у вобразе Карнача стварыў характар жывога чалавека, аднаго з сучасных атлантаў неспакойнага духу, высокага сумлення, на якіх трымаецца наша будучыня. Наогул, раман «Атланты і карыятыды» ў беларускай прозе апошніх дзесяцігоддзяў з'яўляецца адным з лепшых сацыяльна-псіхалагічных, інтэлектуальна змястоўных раманаў пра сучаснасць.
Іван Шамякін у сваіх творах неаднойчы знітоўваў дзень сучасны з ваенным мінулым. Вайна для пісьменніка, як і ўвогуле для ўсяго даваеннага пакалення, сутнасная, высокая мера ўласнага лёсу, жыцця і рэчаіснасці. У аснове рамана «Вазьму твой боль» (1979) ляжыць надзвычай складанае пытанне: ці ёсць апраўданне злу? Былы паліцай Шышковіч па мянушцы Шышка вяртаецца ў сваю вёску, дзе ў час вайны пакінуў крывавыя сляды. Мінула трыццаць пяць гадоў, але не можа забыць Іван Батрак, калгасны механізатар, як Шышка распраўляўся з іхняй партызанскай сям'ёй. Ён, тады яшчэ дзіця, цудам ацалеў. Вось як герой твора згадвае тыя жудасныя хвіліны: «Але быў... быў адзін сведка, калі сям'ю нашу зніштажалі. Я! Я пад печчу сядзеў... І ён... Шышка шукаў мяне там... аўтаматнымі чэргамі. Чэргамі! Калі б матка лаза таго не зрабіла...» Загінулі ад рук паліцая цяжарная маці і маленькая Іванава сястрычка. Пісьменнік завастрае ў творы праблему памяці, праблему чалавечай душы, скалечанай вайной. «Ён жа забіваў дзяцей! Людзі! Няўжо вы не знаеце? Ці забыліся?» — такім пранізлівым болем заходзіцца Іванава душа, у якой успыхвае нянавісць, узнікае жаданне адпомсціць забойцу родных яму людзей. Іван Батрак і маральна і псіхалагічна не можа дыхаць адным паветрам з Шышковічам, адчувае, што ніколі не даруе яму ўчыненага злачынства. Былы паліцай сустрэў смерць ад Іванавай жонкі Таісы, якая, здзейсніўшы такі сурова-жорсткі ўчынак, забрала боль блізкага чалавека. Хоць Таіса ведае: ёй трэба будзе адказваць... І. Шамякін сваім раманам сцвярджае, што памяць — адказная і цяжкая ноша душы.
ЖЫЦЬ ПАЎНАКРОЎНЫМ ЖЫЦЦЁМ
Вядомыя з'явы і падзеі сярэдзіны — другой паловы 80-х гг. (перабудова, курс на дэмакратызацыю жыцця, Чарнобыль і інш.) прынеслі ў беларускую літаратуру новыя тэмы, новае асэнсаванне мінулага і сучаснасці. Адным з актыўных распрацоўшчыкаў сучаснага матэрыялу зноў стаў І. Шамякін. Ён выбірае шлях па цаліку, не баіцца аператыўнага водгуку на падзеі, надзённыя праблемы. Свой творчы неспакой, пастаяннае імкненне да аналізу сучаснай рэчаіснасці пісьменнік растлумачвае так: «Калі мы будзем імкнуцца адысці на нейкую адлегласць, чакаць, калі ўсё супакоіцца, стабілізуецца, а не ісці па гарачых слядах, не думаю, што з'явяцца глыбокія творы пра наша сённяшняе жыццё. Я ніколі не быў прыхільнікам «тэорыі дыстанцыі». Ні Гогаль, ні Тургенеў, ні Дастаеўскі, ні Купала, ні Колас яе не прытрымліваліся» (ЛіМ. 1994. 6 мая). Сваю місію ў наш час, калі навокал запанаваў бязладны хаос, ідзе магутная інфляцыя духоўнасці, распаўзлася эпідэмія жорсткасці, насілля, пісьменнік бачыць у тым, каб умешвацца ў жыццё, паказваць яго такім, якім яно ёсць, перасцерагаць чалавека і грамадства ад страт маральных арыенціраў. Іван Шамякін кліча людзей апамятацца і выратаваць свет, нашу агульную будучыню. Магчыма, не кожны пагодзіцца з усімі назіраннямі і ацэнкамі пісьменніка, бо ён падкрэслена палемічны, публіцыстычна страсны і адкрыты. Але яго сацыяльная дзейснасць слова, гуманістычная пазіцыя заслугоўваюць увагі і засяроджанага роздуму.
Аповесць «Драма» (1988) — яркі мастацкі дакумент часу перабудовы. Аднак Шамякін не быў бы Шамякіным-празаікам, калі б не выявіў сучаснасць праз даследаванне чалавечых характараў у іх складанасці, не раскрыў маральную філасофію паводзін, адносінаў да рэчаіснасці. Жыццё для герояў пісьменніка — гэта заўсёды ўнутраныя выпрабаванні, пошукі шчасця, ісціны, сэнсу жыцця. Слушна адзначае В. Каваленка, што вострае, праблемнае бачанне І. Шамякіным сучаснасці — «гэта не павярхоўнае філасофстваванне, не кан'юнктурнае паспешлівае імкненне ўлавіць чарговы распаўсюджаны паварот грамадскай думкі. За кожнай праблемнай жыццёвай канцэпцыяй пісьменніка адчуваецца напружаны мастацкі роздум і пошукавая засяроджанасць пачуцця». У «Драме» падзеі пачатковага этапу перабудовы паказаны ва ўсёй складанасці і супярэчлівасці. Грамадска-сацыяльныя змены спарадзілі многія пытанні і праблемы, вырашэнне якіх праходзіць са «скрыпам» і перадусім вымагае неардынарнага мыслення, смелых падыходаў. Менавіта дырэктар завода Васіль Васільевіч Ліхач, нечакана абраны на гэтую пасаду дэмакратычным шляхам, спаўна зведаў цяжар перабудовачных крокаў, сутыкнуўся з сілай інерцыі, засіллем камандна-адміністрацыйнай сістэмы, чарговай дэмагогіяй. Ліхач адчуў магчымасць працаваць і жыць па-новаму, таму ён дзейсны, смелы, рызыкоўны, часам катэгарычны і настойлівы ў дасягненні мэты. Разам з тым пісьменнік паказвае свайго героя як чалавека жывой думкі, дасціпнага, нават па-маладому гарэзлівага. Кіраўнік завода становіцца ахвяраю самадурства і гвалту заўзятага «перабудоўшчыка», здрадлівага пярэваратня Мігуна, які «спаў і бачыў сябе начальнікам міліцыі. А за кар'еру ён гатовы бацьку роднага прадаць, не тое што нейкага Ліхача».
Цікавы, адметны тып дзелавой жанчыны створаны ў вобразе партыйнага кіраўніка Алы Уладзіславаўны Наліцкай. Галоўная мэта яе жыцця заключалася ў тым, каб зрабіць кар'еру. Таму дзеля гэтага жанчына ахвяравала ўсім: каханнем, маладосцю, сям'ёй. Аднак калі Наліцкая дасягнула высокай пасады, узначаліла гарадскі партыйны камітэт, то пачынае «траціць ранейшую ўпэўненасць, цвёрдасць, непахіснасць у вырашэнні глабальных пытанняў жыцця іншых людзей». Ёй хочацца асабістага шчасця: быць каханай, стаць маці. Лёс гераіні аповесці пацвярджае, што чалавек павінен жыць паўнакроўным жыццём, бо абдзеленасць на зямныя радасці, інтымныя пачуцці робіць яго сутнасць аднабокай і непаўнацэннай. Наліцкая ж відавочна ператварылася ў фанатычнага чалавека-схему, нашпігаванага аднымі ідэямі і лозунгамі.
ЗЛАЯ ЗОРКА ЛЁСУ
У цэнтр пісьменніцкай увагі не магла не трапіць такая трагічная падзея, як Чарнобыль. Найвялікшая драма сучаснасці і ўсяго XX стагоддзя магутна скаланула свядомасць і сумленне ўсёй беларускай нацыі. Водгук І. Шамякіна на чарнобыльскую катастрофу стаў вострай унутранай патрэбай чалавека, што нарадзіўся на Гомельшчыне — у палескім краі, які моцна засыпала радыеактыўная атрута і якому нечуванае ліха давялося зведаць спаўна. Думаецца, істотнае значэнне ў напісанні гэтага твора мелі паездкі пісьменніка на роднае Палессе, дзе ён увачавідкі сустрэўся з людской бядой і горам. Раман І. Шамякіна «Злая зорка» (1991) — першае вялікае эпічнае палатно ў беларускай прозе, у якім адлюстраваны трагедыя Чарнобыля і яго наступствы. Пісьменнік усебакова асэнсаваў маральныя перадумовы вялікай бяды, з суровай праўдзівасцю паказаў дні цяжкіх выпрабаванняў і пакутаў беларускага народа.
«Злая зорка» напісана з сацыяльна-публіцыстычным і гуманістычным пафасам. Праз лёсы сем'яў Пустаходаў і Пыльчанкаў празаік раскрывае несправядліва зломную долю, драматызм быцця нашага народа. Сцэна вяселля Глеба Пыльчанкі і Ірыны Пустаход, з якой пачынаецца раман, набывае трагедыйнае гучанне. Замест вялікай радасці жыцця прыйшла бяда. Атручаны зямля, прырода, Чарнобыль зрабіў людзей выгнаннікамі. Тыповы лёс раскіданага гнязда напаткаў сям'ю Пустаходаў, якая аказалася ў зоне адсялення. Радыяцыя не раз прымушае Пустаходаў і іншых чарнобыльцаў ратавацца ў бежанстве. Пісьменнік уражліва паказвае ўвесь трагізм разрыву чалавека з роднай зямлёй, сваімі адвечнымі каранямі. Злавесны сэнс у творы набывае той факт, што першай ад Чарнобыля гіне жанчына-маці, пакідаючы дзяцей сіротамі. Гэтая жанчына — Ліза Пустаход, якая перадусім стала ахвярай маральнага Чарнобыля. Старшыня калгаса Карака (таго калгаса, куды перасяліліся Пустаходы), уладалюбівы і дэспатычны, не даў ёй каня: «Абраза, крыўда болем і гневам ударылі ў патыліцу, у сэрца». Гордая і сумленная Ліза, даведзеная да стрэсавага стану, надзявае хамут і барануе надзел. Сваёй ахвярай Чарнобыль зрабіў і Глеба Пыльчанку, які, працуючы на атамнай станцыі, атрымаў моцную дозу радыяцыі. Тым не менш на самым пачатку людзі не здагадваліся, што радыеактыўны попел атруціў усё жывое. Яны заставаліся заложнікамі бяды не адзін дзень, ад іх хавалі праўду. У рамане І. Шамякін часта паказвае кабінеты партыйных і савецкіх кіраўнікоў, бо менавіта там ён бачыць нараджэнне злачыннай абыякавасці, што паглыбіла народнае гора-бяду. На варце ведамасных інтарэсаў, грамадскага спакою стаіць бюракратычна-камандная сістэма, тыповым увасабленнем якой з'яўляюцца такія людзі, як першы сакратар раённага камітэта партыі Пятро Міхайлавіч Сінякоў і яго стрыечны брат Лявонцій Мікалаевіч, кіраўнік рэспубліканскага ўзроўню. Лявонцій Мікалаевіч — адзін з тых высокіх начальнікаў, хто прызвычаіўся гаварыць агульныя словы, а не вырашаць канкрэтныя справы. Стыль іх кіраўніцтва ў тым, каб праявіць уладу, што асабліва яскрава ён дэманструе на нарадзе ў Гомелі: «ЦК і ўрад ведаюць, што рабіць! І не вам указваць! Ваша справа выконваць!» Спакойна-раўнадушна ўспрымае навіну пра Чарнобыль Сінякоў, не абцяжарвае сябе хваляваннямі, хоць аварыя на АЭС нясе смерць. Ён — кіраўнік-марыянетка, перастрахоўшчык, якому бракуе смеласці, рашучасці, здольнасці прымаць самастойныя рашэнні. Уладзімір Паўлавіч Пыльчанка, старшыня райвыканкама,— поўная процілегласць Сінякову, ён у крытычных абставінах не хавае сваёй трывогі, адчувае адказнасць за лёс людзей, прадбачыць пагрозу вялікай бяды: «Невуцтва наступае! Разгільдзяйства! Безадказнасць! Самазаспакоенасць!» Пыльчанка, калі пачынаецца адсяленне, угаворвае людзей пакінуць забруджаную зону. Уладзімір Паўлавіч глыбока перажывае бяду роднай зямлі, з параненым сэрцам ідзе па ёй, востра бачыць, што нарабілі радыяцыя і чалавечая бяздумнасць, нядбайства і бяздушнасць. Чарнобыль стаў злой зоркай народнага лёсу.
Вайна ў Афганістане бачыцца ў «Злой зорцы» зусім не выпадковай тэматычнай лініяй, а, наадварот, сэнсава-канцэптуальнай і значнай. Звязана гэтая тэма з вобразам ваеннага лётчыка Барыса Пыльчанкі, які другі раз патрапіў у Афганістан. Апынуўся ён там праз канфлікт з камсамольскім важаком раёна Плечкам. Той напісаў на імя начальніка палітаддзела часці, дзе служыў Барыс, паклёпніцкі ліст. Старэйшы сын Пыльчанкаў загінуў на афганскай зямлі, і гэтая смерць таксама стала суровым прысудам той сістэме, у якой чалавек аказваўся заложнікам амаральнай палітыкі, ён павінен быў дэманстраваць выключнае паслушэнства, у неспрыяльных, несправядлівых абставінах не заўсёды мог адстаяць сваю годнасць. Афганістан, як паказвае І. Шамякін, забіваў у чалавеку чалавечае, ён калечыў душу нашага народа, гэта тыя бяда і боль, якія, як і Чарнобыль, пралягаюць у будучыню.
У рамане набываюць трагедыйна-сімвалічнае гучанне многія прыродаапісанні і пейзажныя вобразы. Вобраз туману — алегорыя чарнобыльскага ліха, хлусні, няпраўды — становіцца ўвасабленнем нейкай згубнай, беспрасветнай сілы зла: «Такога Глеб не бачыў за ўсё сваё жыццё, хоць неаднойчы сустракаў світанні на балотах. Боязна стала спускацца з ганка, бо наплыло ўяўленне: сіганеш у гэтае малако і — згінеш у ім, ператворышся ў тую пылінку, што лятае ў бездані космасу». Спрадвечны вобраз сонца таксама паўстае як трагедыйны сімвал. Нябеснае свяціла, якое несла людзям святло і жыццё, нібы спыніла свой ход: «І гэтак будзе вісець. І не здолее ўзысці, страціўшы сілу». Чарнобыльскае сонца пісьменнік характарызуе эпітэтам «злавеснае», параўноўвае яго з пажарам. Вобразы прыроды ў шамякінскім творы, як і ў старажытным «Слове аб палку Ігаравым», становяцца знакамі бяды, прадвеснікамі людскіх няшчасцяў. Пейзажныя малюнкі і штрыхі ўзмацняюць эмацыянальна-драматычную танальнасць твора, адчувальна паглыбляюць псіхалагізм мастацкага светабачання.
КУДЫ Ж НАМ ІСЦІ?
Надзвычай трывожна, з вострай крытычнасцю ўспрымае І. Шамякін нашу рэчаіснасць — час глыбокага крызісу. У 90-я гг. грамадства ўвайшло, перажыўшы вялікі сацыяльны і псіхалагічны злом, значна наблізілася да глабальнай катастрофы — чалавечага выраджэння, маральнага самазнішчэння. Усё гэта І. Шамякін выдатна паказвае ў кнігах прозы «Сатанінскі тур» (1995), «Палеская мадонна» (1998), напісаных у нашы цяжкія і супярэчлівыя дні. Сёння пісьменнік, можа, як ніколі раней, аддае перавагу наступальнай публіцыстыцы, ён сацыяльна занепакоены, палітычна і па-грамадзянску актыўны, унутрана бескампрамісны. Але раскрываючы свае адносіны да падзей рэчаіснасці, ён не прэтэндуе на ісціну ў апошняй інстанцыі, бо як мастак-даследчык бачыць задачу ў тым, каб выявіць боль душы, сказаць хвалюючую праўду пра трагізм нашага быцця, узварушыць свядомасць кожнага з нас. І. Шамякін сумленна выказваецца пра тое, што горка раніць, абражае не толькі асабіста яго, а і ў значнай ступені ўсё грамадства, таму яго думка жыццёва актуальная, яна трымаецца на падмурку агульных каштоўнасцяў чалавечага побыту і маралі. Так, дом маральнасці і духоўнасці амаль разбураны, але яшчэ застаецца аснова, падмурак, таму ў душы не памірае надзея. Несумненна, І. Шамякін не браўся б за пяро без веры ў здаровы сэнс, перамогу гуманістычнага пачатку.
Аповесць «Падзенне» (1993) асабліва бязлітасна агаляе нашу рэчаіснасць: паўсюдна ўсталёўваецца шалёная ўлада долара, воўчыя прынцыпы выжывання, ідзе жорсткае рабаванне народа, грамадства скочваецца да галечы, голаду, абясцэньваецца чалавечае жыццё. Усе гэтыя рэаліі не толькі ахарактарызаваны пісьменнікам, а яскрава паказаны і раскрыты праз напружанасць сюжэтных калізій, лёсы персанажаў. Раман Юшкоўскі, працуючы на адказнай пасадзе ў адным з дзяржаўных камітэтаў, становіцца на шлях хабарніцтва, страчвае маральны імунітэт: «Два дні баяўся, каб сумленне не штурхнула яго на неабачлівы крок. Не, трохі пасмактала душу, як дзіця пустышку, і... заснула — сумленне заснула». Прадаць сумленне яго прымусіла спакуса лёгкага жыцця. Ён да канца не ўзважыў свой ганебны крок, не здолеў прадбачыць, што прынясе вялікую трагедыю ў сям'ю. Ён, прадстаўнік трэцяга пакалення Юшкоўскіх, разбурыў тыя маральныя прынцыпы і ўстоі свайго роду, якіх нават пад цяжкім гнётам выпрабаванняў не выракся ягоны дзед Стэфан Юльянавіч, былы сталінскі вязень. Стары Юшкоўскі, згадваючы гулагаўскае мінулае, даводзіць, што выжыць любой цаной — прынцып амаральны: «Але не выжывалі якраз тыя, хто адступаў ад чалавечай маралі, ад прынцыпаў сваіх... Пярэваратні не выжывалі...» Лягчэй за ўсё ўласную подласць, вядома, спісаць на цяжкасці часу і жыцця. Менавіта пярэваратнем, адступнікам стаў Раман. Ён бессаромна, подла здрадзіў сваёй жонцы Пілі, давёў яе да самагубства. Не вытрымала і дзедава сэрца. Рамана пачынаюць баяцца і ненавідзець дзеці. Да таго ж яго напаткала сапраўды злавесная кара: ён захварэў на невылечную хваробу — СНІД, ад якой, дарэчы, дачасна сышла на той свет яго каханка Вераніка. Маральнае падзенне няўхільна вядзе і да фізічнага выраджэння. Фінал твора трагедыйна завостраны.
У аповесці пісьменніку ўдалося стварыць красамоўны тып сучаснага прадпрымальніка-нуворыша Ігара Кін-Кіёнка. Такія, як ён, перакананы, што ў наш час усё прадаецца. Для кін-кіёнкаў не існуе этычных бар'ераў і законаў, іхняя псіхалогія ўрвіцельская, самазадаволена-цынічная. Пісьменнік, па сутнасці, развенчвае так званы новы клас «дзелавых людзей», бо гэта пакуль толькі гучныя словы, міф.
Ганебныя, прыкрыя з'явы нашай рэчаіснасці паказаны і ў аповесці «Сатанінскі тур» (1993). Малады навуковец-філолаг Уладзіслаў ніколі не меў здольнасці да камерцыі. Не ад добрага жыцця ён едзе ў Польшчу, каб там на базары прадаць прадукты харчавання і рэчы, што ашчадна сабрала яго жонка Марына. Па дарозе здарылася трагедыя: ва Уладзіслава здало сэрца і ён памёр. Але спадарожнікаў, якія ехалі разам з ім у аўтобусе, смерць не спыніла, не прымусіла адумацца і спытаць: «Што мы робім? Няўжо мы не людзі?» Каб не прагарэў бізнес, не страціць грошы за аплачаную паездку, яны нястрымна кіруюцца да мэты — на Варшаўскі базар. Нябожчыка кладуць на задняе сядзенне, маскіруюць, накрываючы брызентам, і так перавозяць па той бок мяжы: «Даўно вядома: сатанінская прапанова, задума нярэдка штурхае людзей, паміма волі іх, на такое ж сатанінскае здзяйсненне». Несумненна, што такія авантурысты і прайдзісветы, як арганізатар турпаездкі Лёня Узёнтак, сталі служкамі сатаны, бо выракліся сваёй чалавечай існасці. Пісьменнік выяўляе ўсю жахлівасць маральнай дэградацыі нашага грамадства, уражліва гаворыць і перасцерагае, што людзі сёння заражаны вірусам д'ябальскай слепаты, бяздушнасці.
Аповесці «Paradies auf Erden» (1992), «Вернісаж» (1992), «Адна на падмостках» (1993) аб'яднаны тэмай лёсу мастака ў сучасным грамадстве. Стаўленнем, адносінамі да пісьменнікаў, мастакоў, артыстаў І. Шамякін правярае духоўную паўнацэннасць грамадства і ўвогуле дзяржавы. Недзе, магчыма, празаік гіпербалізуе, але робіць гэта, каб зазірнуць у наш заўтрашні дзень. У асноўных сваіх назіраннях і высновах ён не памыляецца: хоць жыццё цяжкае, час неспрыяльны, але нельга таптаць гонар і сумленне народа. Мастацтва і людзі мастацтва апынуліся на задворках сучаснасці, да іх сёння нікому няма справы. Таму Іван Андрэевіч, герой аповесці «Paradies auf Erden», змушаны гандляваць на праспекце аўтарскімі экземплярамі кніг, вядомы мастак Міхаіл Рэчыцкі — прадаваць свае карціны ў замежжа («Вернісаж»), а народная артыстка зноў просіцца выйсці на тэатральныя падмосткі, каб зарабіць на жыццё («Адна на падмостках»). Кожны з гэтых таленавітых людзей зведаў унутраную драму, бо востра перажывае несправядлівасць, расчалавечанасць свету, пачувае сябе ў ім няўтульна і бездапаможна. Гераіня аповесці «Адна на падмостках» лічыць, што «чым цяжэй нам жыць, тым дабрэйшыя мы павінны быць адзін да аднаго». Аднак сёння, на жаль, час іншых людзей — маральна здрадлівых, хлуслівых, далёкіх ад ахвярнасці і патрыятызму. У вышэйзгаданых творах пісьменніка паказаны такія персанажы, якія ўспрымаюцца як збіральна абагульняльныя тыпы: гэта вербнікі, хіхелі, пяснярыкі... Ён не хавае сваёй антыпатыі да іх. Нельга не пагадзіцца з І. Шамякіным і ў тым, што наш нацыянальны ўра-аптымізм ніколі нічога не будзе варты, калі мы не зменім свае падыходы да асобы чалавека, таленту, мастацтва.
Зноў пісьменнік уражвае дакладнасцю псіхалагічнага пейзажу: «З ліп асыпалася апошняе лісце. Над гмахамі дамоў плылі цяжкія, як магільныя пліты, ірваныя хмары дзіўнага колеру — свінцовыя і чорна-сінія, у разводах, праз якія час ад часу, на кароткі міг, прабіваліся бледныя праменні. Ад хмар гэтым людзям рабілася трывожна і змрочна — яны пазіралі ў неба, не чакаючы адтуль нічога добрага — ліне дождж ці сыпануць зарады снежнага шроту».
Аповесць «Без пакаяння» (1995) пра маральную дэградацыю аднаго з нашых сучаснікаў — заможнага камерсанта ці так званага «новага» беларуса. Наваяўлены багацей, уладальнік булачнай крамы Казімір Анкуда з пнеўматычнага пісталета застрэліў хлопчыка. Праўда, хацеў напалохаць малога, калі той без дазволу ўзяў з хлебавоза батон. Упершыню Васілёк стаў злодзеем, але да гэтага яго падштурхнуў голад. Хлопчык спалохаўся свайго ўчынку, бо яго вучылі: не ўкрадзі, хацеў пакласці батон назад, аднак яго напаткала злашчасная куля. Казімір Анкуда не кінуўся ратаваць дзіця, а потым, нягледзячы на душэўныя пакуты, не здолеў узненавідзець сябе і пакаяцца ў найвялікшым граху. Каб закрыць крымінальную справу, яму прапануе свае паслугі за «зялёненькія», гэта значыць за долары, пракурор Якімкін. Сумленне ўсё ж, напэўна, загаварыла ў Анкудзе, але ўжо тады, калі ён зразумеў, што не можа далей існаваць на свеце — перад вачыма стаяла дзіцячая труна і, як прывід, не пакідала яго свядомасць. Пісьменнік сваім творам гаворыць, што няма нічога вышэйшага як чалавечае жыццё, як жыццё дзіцяці. І тут І. Шамякін ідзе за гуманістычнымі традыцыямі сусветнай літаратуры і даводзіць, як і некалі вялікі рускі пісьменнік Фёдар Дастаеўскі, што найвышэйшы Бог на зямлі — гэта дзіця. Пісьменнік выступае супраць таго «новага класа» бізнесоўцаў, якія нярэдка робяць разменнай манетай практычна ўсё, што іх акружае. Чалавек, здавалася б, павінен быць мерай усяго, але, як паказвае празаік, прага ўзбагачэння ўсё часцей штурхае людзей на подласць, хцівасць, бесчалавечнасць. І, як ні сумна, сёння такія тыпы, як Якімкін, спрыяюць таму, каб рознага роду анкуды крымінальнікі заставаліся беспакаранымі, адчувалі сябе звышлюдзьмі.
Лёс маленькага чалавека з часоў Дзікенса, Чэхава і Дастаеўскага не перастае хваляваць прозу маральна-гуманістычнай скіраванасці. У сучасным разладзе жыцця, калі пануе сацыяльная неўладкаванасць, штодзённай з'явай сталі нястача і беднасць, найцяжэй прыходзіцца звычайным людзям, і гэта з хвалюючай праўдзівасцю, трывогай паказвае І. Шамякін у аповесці «Палеская мадонна» (1996). Мнагадзетная маці Надзея Русак думае, як пракарміць дзяцей, застаецца ў сваёй бядзе сам-насам. У той жа час прэзідэнт аграфірмы Валяр'ян Паповіч, адчуваючы сябе паўнапраўным гаспадаром становішча, дбае пра ўласны дабрабыт, а не пра людзей. Не можа ён дараваць Надзеі праўду, што выказала яму ў вочы пра будаўніцтва катэджа, маўляў, за якія-такія грошы той будуе палац. Сапраўды, на гэтай грэшнай зямлі рай будуюць валяр'янавы — будуюць для сябе. Маленькаму ж чалавеку застаецца гараваць, пакутаваць, нярэдка так, як Надзеі Русак. І гэты чалавек не можа не выклікаць жалю, спачування. Пісьменнік не толькі шкадуе сваю гераіню і яе дзяцей, але і паказвае яе жыццястойкасць, захапляецца яе ахвярнасцю, мацярынскім пачуццём — глыбокім і невынішчальным. Нягледзячы на цяжкасці, маці не стала прадажнай, звыродлівай, здрадлівай, захавала свой чалавечы воблік.
У аповесцях І. Шамякіна на тэму сучаснасці часта гучаць маральна-публіцыстычныя разважанні пра страчаныя ідэалы, драму быцця.
І. Шамякін дэманструе жорсткі рэалізм пісьма, а з другога боку, ім выкарыстоўваюцца прыёмы абсурду і гратэску ў паказе рэчаіснасці, каб узмацніць адчуванне парадоксаў, анамалій, кантрастаў сучаснасці. Тым самым пісьменнік скіроўвае нас да пошуку здаровага сэнсу і агульначалавечай логікі быцця.
Іван Шамякін — прызнаны майстар айчыннай мастацкай прозы. І гэта выдатна пацвярджаюць яго новыя творы. Экспрэсіўна, каларытна празаік малюе вонкавы і псіхалагічны партрэт чалавека, умее зрабіць трапныя гратэскна-сатырычныя штрыхі, надаць вобразную яркасць параўнанню, значнасць — мастацкай дэталі. Почырк майстра — гэта праніклівасць, выверанасць слова.
Як мы жывём? Што чакае нас, нашых дзяцей і ўнукаў? У чым сэнс сённяшняга і заўтрашняга існавання? Куды мы ідзём? Як нам ацалець людзьмі? На ўсе гэтыя галоўныя, складаныя пытанні нашага жыцця спрабуе даць адказ І. Шамякін, адзін з самых рупных і неспакойных творцаў сучаснасці. У галоўным ён застаецца верным сабе, сваім ідэалам: «Не ржавее і не паддаецца пазалоце толькі адно пачуццё — Любоў: да зямлі, якую называеш Радзімай, да народа, якому служыш, і да дзяцей, якіх нарадзіў».
«Калі песня душу грэе...»
Калісьці напрыканцы амаль кожнага беларускага вяселля, кожнага святочнага застолля-бяседы ці сяброўскай вечарыны чулася ды і сёння вельмі часта спяваецца славутая песня «Бывайце здаровы». Выконваецца яна ў нашы дні і на сцэне, пераважна фальклорнымі калектывамі. Гучыць песня ўздымна-радасна, па-народнаму дасціпна. У ёй надзвычай шматгранна раскрываецца душа беларуса — шчодрая і добразычлівая, прыветна-гасцінная і па-чалавечы ўдзячная, вясёлая і жыццялюбная:
Песня «Бывайце здаровы» даўно стала папулярнай, сапраўды народнай і любімай. Аднак, можа, і сёння не кожны ведае, што словы яе напісаў беларускі паэт Адам Русак. Прынамсі, калі яна ў студзені 1937 г упершыню была надрукавана на старонках «Літаратуры і мастацтва» (на беларускай мове) і «Правды» (у перакладзе на рускую мову), то падавалася як запіс фальклору. Пакладзеная на музыку кампазітарам Ісакам Любанам, песня ўвайшла ў кожную беларускую хату, яе заспявалі далёка за межамі нашай роднай старонкі. «Бывайце здаровы» — шэдэўр песеннага мастацтва і сапраўдная візітоўка ўсёй песеннай творчасці А. Русака. Ён таксама аўтар слоў іншых выдатных песень, таленавіты паэт і музыка. Ягоная творчасць — гэта сапраўды адметная і самавітая старонка нацыянальнай паэтычна-песеннай культуры і мастацтва.
Паэтычная песня А. Русака бярэ вытокі ад красы беларускай прыроды, яе хвалюючай музыкі. З самага маленства будучы паэт імкнуўся вычуць гукі роднай зямлі, яго «чаравалі... струны звонкіх сосен, шумных ніў». Нарадзіўся Адам Герасімавіч Русак у сапраўды непаўторным, маляўніча-гожым краі — Панямонні. Дакладней — там, дзе набірае моц і льецца ў бязмежжа славуты Нёман. «О Нёман! Песня майго сэрца, Краса палёў, краса нізін!» — гучыць прызнанне ў вялікай любові да ракі маленства ў песні «Мой Нёман». Паэтава радзіма — вёска Пясочнае, што на Капыльшчыне. Тут ён нарадзіўся 24 мая 1904 г. Пра час сваіх народзінаў у адным з вершаў Адам Русак сказаў так:
Любоў да народнай песні, вялікае захапленне музыкай А. Русаку перадаліся ад бацькоў. Маці, Марыя Ігнатаўна, мела прыгожы голас, ведала багата песень. Старэйшы сын Адась (пасля яго нарадзіліся яшчэ дзве сястры і брат), прыязджаючы ўродныя мясціны, любіў у вольную часіну спяваць з маці. Гэта яна першая пачула сынаў верш «Бывайце здаровы» і заспявала яго ў сваёй вёсцы. Апрафесійная музыка на верш з'явілася пазней. У Пясочным і яго ваколіцах славіўся ігрой на скрыпцы і іншых інструментах бацька паэта — Герасім Сямёнавіч. Бацькавы мелодыі і найгрышы глыбока ўражвалі хлапчукова сэрца. «Чароўны голас скрыпкі з маленства запаў у маю душу,— згадваў А. Русак у сваёй «Аўтабіяграфіі».— Скрыпка стала маёй марай з малых дзён. Я часта браў бацькаву скрыпку і сам падбіраў полечкі і кадрыль. Бацька быў някепскі майстар і зрабіў мне невялікую скрыпку, бо ягоная была велікаватая. Гонячы ў поле статак, я браў скрыпку з сабою ў торбу і там, на лузе, слухаючы песні дзяўчат і птушак, падбіраў розныя матывы. Вечарамі ён вучыў мяне « тураваць» (акампанаваць) танцы і неўзабаве пачаў браць мяне на вечарынкі і вяселлі». Песачанскі хлапчук-падпасак, як і Сымон-музыка з аднайменнай паэмы Я. Коласа, быў «поўны музыкі і чар», ён моцна жадаў вучыцца музыцы, каб дасканала валодаць нотнай граматай.
Сын беларускіх сялян, адораны чуйным талентам, Адам Русак стаў прафесійным музыкантам. Адкрываць свет вялікай музыкі ён пачаў у Беларускім музычным тэхнікуме, які скончыў у 1930 г. Затым паступіў у Ленінградскую кансерваторыю, пасля заканчэння якой (1934) працаваў салістам сімфанічнага аркестра Ленінградскага Малога тэатра оперы і балета. Да канца 40-х гг. ягоны лёс быў звязаны з гэтым тэатрам. Вярнуўшыся на Беларусь, ён працягвае выступаць як музыкант, цэлыя дзесяць гадоў (з 1949 па 1959 г.) працуе ў Беларускай філармоніі. Адаму Русаку пашчасціла іграць пад кіраўніцтвам такіх выдатных дырыжораў, як Дзмітрый Шастаковіч, Дзмітрый Хайкін і інш. Ён слухаў галасы і музыку многіх вялікіх майстроў.
Паэтычная муза пачала вабіць Адама Русака падчас вучобы ў музычным тэхнікуме. На ўсё жыццё запомнілася яму, што адзін са сваіх першых твораў ён прачытаў на літаратурным вечары перад самім Якубам Коласам. Дарэчы, верш той менавіта і быў прысвечаны знакамітаму песняру. Адчуў у А.Русаку паэтычны дар Паўлюк Трус, які ўжо меў пэўны літаратурны вопыт і шчыра заахвочваў свайго равесніка і земляка да творчасці. Пазнаёміўся з ягонымі літаратурнымі набыткамі і другі зямляк — Анатоль Астрэйка. Гэта ён змясціў у «ЛіМе» песню «Бывайце здаровы», праўда, не пад уласным прозвішчам яе аўтара, а як фальклорны твор, запісаны на Капыльшчыне ад А. Русака. Р. Бярозкін выказаў слушнае меркаванне наконт таго, чаму не было пазначана аўтарства песні: у 30-я гг. паўсюдна сцвярджалася, што мастацтва — гэта калектыўная творчасць народа.
Першыя вершаваныя публікацыі А. Русака прыпадаюць на другую палову 20-х гг., а з 1932 г. ён друкуецца ўсё часцей і актыўней. Напярэдадні вайны паэт падрыхтаваў да друку свой першы зборнік «На родных палетках». Пабачыў ён свет толькі ў 1946 г., пасля ваеннага ліхалецця. Далейшыя гады сталі для яго вельмі плённымі, умалотнымі, так бы мовіць, на кніжкі. Выходзяць ягоныя зборнікі «Песні і вершы» (1951), «Песні» (1954), «Пад голас баяна» (1957), «Толькі з табою» (1960), «Звонкія крыніцы» (1965), «Закрасуйся, Нёман» (1978), «Песні на словы Адама Русака» (1980) і інш., вылаюцца аднатомнікі выбраных твораў — «Выбранае» (1972), «Засцілайце сталы» (1984). Акрамя ўсяго, паэт пісаў і для дзяцей, адрасаваў ім кніжкі «У Буслаўцы» (1967) і «Добра ведаю ўрок» (1981).
Звыш 200 тэкстаў А. Русака сталі песнямі. Прычым на паасобныя вершы напісана музыка некалькімі кампазітарамі. Паэтычная ліра А. Русака вабіла многіх слынных майстроў музычнага і песеннага мастацтва. На ягоныя словы пісалі музыку кампазітары Рыгор Пукст, Ісак Любан, Аляксей Туранкоў. Уладзімір Алоўнікаў, Генрых Вагнер, Іван Кузняцоў, Пётр Падкавыраў, Юрый Семяняка, Ігар Лучанок і інш. Плённае твор чае супрацоўніцтва звязвала паэта з Генадзем Цітовічам, які доўгі час кіраваў Дзяржаўным народным хорам Беларусі. Песні А. Русака выконвалі вядомыя беларускія спевакі — Ларыса Александроўская, Ісідар Балоцін, славуты рускі спявак Леанід Уцёсаў... З асаблівай душэўнай цеплынёй і кранальнасцю гучаць сёння песні «Не шукай» і «Не за вочы чорныя» ў выкананні Данчыка (Багдана Андрусішына), які жыве ў ЗША.
Мам Русак пражыў доўгае і шчаслівае жыццё. Вярнуўся паэт на вечны спачын у сваё Пясочнае ў сакавіку 1987 года...
Творчая зорка Адама Русака — гэта дарунак Бога і Прыроды нашай зямлі, яе адухоўленая песенная існасць. Паэтавы радкі, здаецца, самі просяцца загучаць трапяткой мелодыяй. Добра сказаў пра ягоную творчую адметнасць Г. Цітовіч: «Адам Русак — паэт-музыкант, таму ў яго вершах-песнях адчуваецца ўнутраная музыка: між песенных радкоў тут нябачна прысутнічаюць лініі нотнага стану, на якім уяўляюцца лад, рытм і інтанацыйныя контуры напеву».
Песні Адама Русака — гэта песні душы, песні сэрца. Выток народнай песні таксама ў гранічнай спавядальнасці, душэўнай прачуласці слова. У песеннай паэзіі А. Русака выявіліся глыбокі лірызм слова, надзвычай арганічная повязь з фальклорам. Дабрадушная ўсмешка, трапны досціп — гэта таксама ў песеннай традыцыі нашага народа і характэрная адзнака многіх песень паэта, які ўмеў, аднак, укласці ў свой верш моцнае ўласнае перажыванне, зрабіць радок па-майстэрску вытанчаным, вобразна яркім. Песня «Бывайце здаровы» якраз той твор, дзе «прыёмы народнага вершаскладання ў спалучэнні з індывідуальным майстэрствам далі дзіўны сплаў, які стаў своеасаблівым эталонам выкарыстання ў прафесійнай паэзіі фальклорных традыцый» (І. Цішчанка). Рытміка-інтанацыйны і вобразны лад народнай паэзіі яскрава выяўляецца ў такіх песнях на словы паэта, як «Чырвоная вяргінечка», «Вясельная», «Зімовы вечар», «Як той Зосі давялося», «Крынічанька», «Як правёў мяне Цімох» і шматлікіх іншых. Ягоны песенны радок, як і ў народнай песні,— тая паўнаводная, паўнагучная плынь, якая запаўняе душу выканаўцы да самых краёчкаў. Праўда, неаднойчы ўхваляючы творчасць паэта ў цэлым, рэцэнзенты засцерагалі яго ад павярхоўнага наследавання вусна-паэтычнай творчасці. Напрыклад, крытычна выказваўся Піліп Пестрак у рэцэнзіі «Паэзія ці стылізацыя?» (Беларусь. 1947. № 5) пра зборнік «На родных палетках». Як на той час, так і пазней надаралася на шляху паэта-песенніка і легкаважнае, аднастайнае перайманне фальклору.
Лепшыя творы А. Русака вылучае глыбокая і хвалюючая змястоўнасць. Паэт не складаў тэксты песень, ён проста выказваў сябе, свой унутраны свет пачуццяў. І здолеў дасягнуць магутнай эмацыянальнай і эстэтычнай сілы выказвання. Ягоная «Лясная песня» аказалася сугучнай настрою, адчуванням цэлага народа, які перажыў жудасную вайну. Песня напісана з душэўнай развярэджанасцю пачуцця, роздумнасцю, уздымнай вальнаплыннасцю слова.
Глыбінёй і шчырасцю, мілагучнасцю кранаюць любоўныя песні А. Русака «Толькі з табою», «Дзе ты, зорка мая?», «Ціхі вечар» і інш. Гэтыя творы вытканы з душэўнага святла, чысціні, хараства пачуццяў. Сам паэт-песеннік адзначаў: «Былі б словы шчырымі ды ішлі ад душы — вось галоўнае, што патрэбна паэту. Тэкст павінен быць не толькі напеўны, але і багаты думкамі, пачуццём, мяккім гумарам». Пералічаныя тут рысы ў рознай ступені праяўляюцца і ў песнях пра каханне. На гэтую вечную тэму ў паэта ёсць як лірычныя («Толькі з табою», «Не шукай» і інш.), так і жартоўныя песні («Як правёў мяне Цімох», «Задумаў жаніцца» і інш.). Слухаючы творы А. Русака, з сумам думаеш, што песням пра каханне нашых сучасных аўтараў вельмі часта якраз і бракуе глыбіні эмоцыі, змястоўнасці думкі, жывога гумару. А без іх жа песня асуджана на вельмі кароткае існаванне.
Адам Русак пісаў вершы-песні і на грамадзянскія тэмы, многія з якіх, праўда, ужо страцілі сваю актуальнасць. Скажам, творы пра Леніна і партыю: «Жывыя думы Ільіча», «Зашуміце, пушчы», «Словы Леніна» і інш. Напісаны паэтам і «Песня пра Сталіна», услаўняльныя гімны Краіне Саветаў, песні іншай патэтычнай тэматыкі. Яны — таксама часцінка нашай агульнай гісторыі, і нашым нашчадкам трэба ведаць, а нам памятаць, якая эпоха і які час панавалі на нашай зямлі. Дагматычная і ваяўнічая камуністычная ідэалогія вымагала адпаведнага пафасу і зместу, адмаўляла чалавеку ў праве вольна жыць, думаць і дыхаць. Нават у такіх любоўных песнях, як «Чырвоная вяргінечка» і «Сохне, вяне ружа-кветка», вульгарызатары хацелі бачыць «ідэйную глыбіню», бо творы нібыта «не выражаюць пачуццяў нашай савецкай моладзі» (Полымя. 1951. № 7).
Непадуладныя часу, ніякім грамадскім пераменам песні паэта пра беларускі край, яго зорную славу і бяду-нядолю, гарады, рэкі, лясы і дарогі Бацькаўшчыны. Прыкметнае месца ў песеннай творчасці А. Русака займаюць песні пра родныя мясціны, і асабліва — пра Нёман: «Стаяць над Нёманам дубы», «Мой Нёман» і інш. Ён быў шчырым, пяшчотным салоўкам свайго Панямоння. Часта прыязджаў на Капыльшчыну, да гаючых крыніц і песенных лясоў. Захапляўся хараством, музыкай бацькоўскай зямлі і таленавітасцю людзей:
Скрыпка і вершы-песні А. Русака гучалі ў родным Пясочным, Капылі, Цімкавічах і іншых вёсках. На свае вочы я бачыў, як цёпла віталі паэта землякі, заслухоўваліся ягонымі лірычнымі песнямі, шчыра смяяліся, калі той чытаў гумарыстычныя вершы «Эканомны зяць», «Доктар» і інш.
Адама Русака называюць аўтарам песень, якія лічылі і працягваюць называць народнымі. Такі лёс у песень «Бывайце здаровы», «Лясная песня», «Ціхі вечар». Калі песня чаруе, кожным словам адгукаецца ў табе, «душу грэе», то яна не згубіцца ў народнай памяці. Лепшым песням-вершам А. Русака суджана вялікае даўгалецце, неўвядальнасць, бо яны — гэта сам песенны дух Беларусі і яе народа.
Адам Русак самазабыўна любіў песню, музыку, любіў спяваць сам і слухаць, як іграюць і спяваюць іншыя. Дык —
І заспявайма песні Адама Русака, каб пасвятлела ў нашай хаце, каб палагаднелі нашы сэрцы, зліліся ў адным хвалюючым суладдзі.
Зіхоткі вір радка
Сцяпан Гаўрусёў родам з пакалення, дзяцінства якога захмарыла вайна. У літаратуры ён належыць да выдатнай пісьменніцкай плеяды — пакалення «шасцідзесятнікаў», таго паэтычнага сузор'я, у якім ярка зіхацяць імёны-зоркі У. Караткевіча, Н. Гілевіча, Е. Лось, В. Зуёнка, Я. Сіпакова, А. Вярцінскага, Г. Бураўкіна, Р. Барадуліна, А. Лойкі, П. Макаля, A. Грачанікава, М. Стрельцова, Ю. Свіркі, Д. Бічэль-Загнетавай і інш. «Інтэлектуальнасць, культура пачуццяў, шырыня погляду на свет, глыбіня асабіста перажытага — важная рыса творчасці паэтаў гэтага пакалення, якое некаторыя крытыкі невыпадкова называлі «філалагічным». Справа не толькі ў іх адукаванасці, але і ў натуральнай далучанасці да набыткаў культуры, шырокіх сувязях з народнай паэзіяй і класічнай спадчынай, а таксама і ў разнастайнасці творчых пошукаў» так ахарактарызаваў «шасцідзесятнікаў» вядомы знаўца паэзіі B. Бечык.
С. Гаўрусёў, як і ягоныя равеснікі, ішоў у літаратуру і сцвярджаў сябе ў ёй у другой палове 50-х — 60-я гг. Гэта быў час так званай «адлігі» — подыху свабоды і праўды, незвычайнага творчага ўздыму. У тую пару адбывалася крытычнае пераасэнсаванне мінулага, вяртанне да вечных чалавечых каштоўнасцяў, ішло адраджэнне духоўнасці, маральных асноў жыцця, эстэтычных прынцыпаў мастацтва, назіралася паглыбленае ўспрыманне рэчаіснасці і чуйная ўвага да ўнутранага свету асобы. Паэтаў натхняла ўздымна-рамантычная вера ў будучыню. Пасля перыяду замаруджанага развіцця ў 30-50-я гг. паэзія абнаўлялася светапоглядна, выходзіла на шлях глыбокай змястоўнасці і лірызацыі чалавечых пачуццяў, пашырала свой эпічны кругагляд, адчувальна ўздымала філасофскі ўзровень светапазнання, узбагачала формы і сродкі мастацкага выказвання.
С. Гаўрусёў адносіцца да ліку тых майстроў слова, хто сваім талентам і творамі несумненна паспрыяў узвышэнню статуса ўсёй беларускай паэзіі XX ст. Слушна гаварыў у сваім развітальным слове пра паэта пісьменнік У. Паўлаў: «У небе беларускай паэзіі патухла яшчэ адна яркая зорка. Пасля Броўкі, Куляшова, Пысіна, якога ён вельмі любіў, Сцяпан Гаўрусёў — наша найбольшая страта. Гэта паэт Купалавага раду». І хоць творчыя набыткі паэта прыкметныя і важкія, але яны, трэба зазначыць, не атрымалі належнага афіцыйнага прызнання і сапраўды высокай адзнакі. У гэтай сувязі той жа У. Паўлаў абсалютна справядліва казаў пра адносіны да літаратурнай працы С. Гаўрусёва і падкрэсліваў значнасць яго таленту: «Сцяпан Гаўрусёў не меў ні званняў, ні пасад, ні ўзнагарод. І каб не куляшоўская мінулагодняя прэмія за кнігу «Пладаноснасць» (яна была прысуджана пісьменніку ў 1987 т.— А.Б.), быццам бы пра яго і сказаць няма чаго. У жыцці страчаецца і такое. Але гэта да Сцяпана Гаўрусёва не мае дачынення. Сцяпан Гаўрусёў меў вялікі дар паэта, найвялікшае званне паэта. Без ніякіх падпорак і агаворак». Так, Паэт — самае высокае і важкае званне, няма яркай асобы — няма і паэзіі. Іх жа, недаацэненых творцаў, у нас набярэцца нямала: А. Пысін, М. Рудкоўскі, С. Блатун, А. Сербантовіч, Р. Семашкевіч... Між тым дзеля справядлівасці трэба сказаць, што творы С. Гаўрусёва былі прачытаны і прыхільна ацэнены такімі крытыкамі і даследчыкамі, як Рыгор Бярозкін, Іван Ралько, Варлен Бечык, Уладзімір Гніламёдаў, Святлана Марчанка, Алесь Марціновіч, Яўген Гарадніцкі, Сяргей Кавалёў і іншымі, а таксама яго паэтычным словам захапляліся і выказвалі сваё шанаванне калегі па пяру Ніл Гілевіч, Аляксей Пысін, Пятрусь Макаль, Міхась Рудкоўскі, Аляксей Русецкі, Хведар Жычка, Васіль Макарэвіч, Таіса Бондар, Казімір Камейша, Леанід Дранько-Майсюк і інш. Усё сказанае пра творчасць пісьменніка можна звесці да наступнай высновы: С. Гаўрусёў — выдатны і самабытны майстар беларускай паэзіі.
Паэт і яго жыццё, як вядома, пачынаюцца з дзяцінства, бо з ім звязаны самыя моцныя і незабыўныя ўражанні, бо менавіта там бярэ свае вытокі любоў да матчынага слова, прыроды, беларускага краю. «Дзяцінства наша,— сцвярджае вядомы башкірскі пісьменнік М. Карым,— яшчэ доўгія-доўгія гады ідзе за намі... так і жыве ўдушы, не праходзіць». Дзіцячыя гады С.Гаўрусёва прайшлі ў вёсцы Нова-Аляксандраўка, што на Магілёўшчыне і дзе будучы паэт з'явіўся на свет 10 мая 1931 г. У аўтабіяграфіі «Трываласць грунту» С. Гаўрусёў згадвае пра тое, які вялікі ўплыў на яго ўспрыманне і адчуванне свету мела акаляючая прырода: «Я ведаў птушак па галасах, мог распазнаць дрэва па шолаху... Што птушкі і дрэвы! — і ручай у маленстве каціўся званчэй. Можна сказаць, што ў тыя дні ў мяне было ледзьве не паганскае светаўспрыманне». Гукалі рамонкавы луг і лес, поўны таямнічасці, зачароўвалі сэрца песні жней, і таму ў такія хвіліны хлапчуку здавалася, быццам бы спявае сама зямля. Шмат паэтычнага ў ягонай натуры абудзілася дзякуючы маці Таццяне Іванаўне. Назаўсёды непадзельнымі сталі для С. Гаўрусёва словы маці і мова: «Я рад, што маці надзяліла Грымотнай моваю — яна Мне губы смагай апаліла, Душу ўзварушыла да дна». Ад бацькі Захара Іванавіча ён пераняў працавітасць і ўменне быць цярплівым. Удзячнасць бацькам жыла ў сэрцы ўсё жыццё: «І калі ў мяне ёсць за душой нешта светлае, то гэтым я абавязаны ў першую чаргу ім». З гонарам казаў ён пра папярэднікаў у сваім родзе, пачынаючы адзін з вершаў так: «Мой даўні род не ведаў кволых...» Прырода падаравала гэтаму роду паэта, талент якога абудзіўся рана: пісаць вершы пачаў яшчэ ў восем гадоў. Аднак ужо ў дзесяцігадовым узросце ён стаў сведкам самага жудаснага відовішча на зямлі — вайны:
Дзяцінства, абпаленае і знявечанае полымем вайны, усё астатняе жыццё неадступна ішло за паэтам, вярталася ў памяць. Убачанае і перажытае стала ўнутраным балючым водгукам у творах С. Гаўрусёва. І гэты суровы, горкі вопыт нібы і стаў споведдзю цэлага пакалення людзей — дзяцей вайны:
Вайна працягвалася ў згадках і душы да апошніх дзён жыцця, яна стала скразной тэмай усёй ягонай творчасці. Далейшы лёс С. Гаўрусёва быў звязаны з вучобай, працоўнымі турботамі, самасцвярджэннем і актыўным жыццём у літаратуры. Вось сціслыя біяграфічныя звесткі пра шлях паэта ў пасляваенныя гады, якія падае шасцітомны слоўнік «Беларускія пісьменнікі»: «Пасля вызвалення родных мясцін ад фашысцкіх акупантаў скончыў чацвёрты клас і перайшоў у Пудаўнянскую сямігодку, дзе вучыўся да 1948-га. У час летніх канікул штогод працаваў у калгасе. Да прызыву ў армію (у 1951) скончыў тры курсы Магілёўскага педвучылішча. Дэмабілізаваўся ў 1954-м. Працягваў вучобу завочна ў Мінскім педвучылішчы. Працаваў літсупрацоўнікам рэспубліканскай газеты «Звязда» (1954-1957), рэдактарам выдавецтва «Беларусь» (1964-1965). Астатні час быў на творчай рабоце». У гэтым жа біябібліяграфічным даведніку пералічаны і шматлікія зборнікі, якія складаюць творчы набытак паэта: «Паходныя кастры» (1955), «На грэбнях хваль» (1959), «Шчодрасць» (1962), «Ураган» (1966), «Профіль веку» (1969), «Пераклічка» (1973), «Клопат» (1976), «Водсветы» (1978), «Азарэнне» (1980), «Пладаноснасць (1986), «Званы нябёс» (1988); кнігі выбранага: «Кляновыя лісты» (1971), «Крона» (1981). Гэты пералік кніг трэба дапоўніць выдадзеным у двух тамах Зборам твораў (1993-1994). Што стаіць за гэтымі сціслымі інфармацыйнымі радкамі? Найперш духоўнае гарэнне паэта, яго апантаная праца са словам, творчая самаадданасць, а таксама індывідуальны чалавечы лёс з яго радасцямі, хваляваннямі, няшчасцямі.
«Якім быў у жыцці С. Гаўрусёў? — нібы прадбачачы цікаўнасць чытача, задае пытанне сучасны паэт К.Камейша і кажа нам сваё слова пра паэта: — Многія могуць сцвярджаць, што быў ён вялікім аптымістам, з заўсёднай усмешкай на твары. Знешне гэта так. Але жыццё ні ў дзяцінстве, ні ў маладосці, ні ў сталасці не было для яго спагадным. Было ў ім не так і многа вясёлага. Здараліся і хвіліны адчаю. Адно можна сцвярджаць, што С. Гаўрусёў меў праўдзівыя вочы і такое ж сэрца. Ён добра ведаў цану сапраўднага сяброўства і ніколі не крывіў душой. Напаткаўшы ў друку чыесьці ўдалыя вершы, ён радаваўся ім як сваім. Гаварыў пра гэта пры сустрэчы і па тэлефоне». Апошнія гады жыцця С. Гаўрусёва склаліся вельмі драматычна. Вялікай бядой стала амаль поўная страта зроку. Ад невідочнай цемры на аперацыйным стале паэта ратавала вядомая ў рэспубліцы лекар-акуліст Т. А. Бірыч. З надзеяй звярталася паэтава сэрца да жанчы ны-выратавальніцы:
Чорных, цяжкіх дзён у жыцці С. Гаўрусёва аказалася нямала. «Жыву Сынам і Паэзіяй», «Пакуль пішуцца вершы — можна жыць» — такія запісы былі зроблены ў 1983 г. у бальніцы імя Клумава, дзе прыходзілася ратавацца ад слепаты. С. Гаўрусёў пакутаваў, трапляў у абладу прыгнечанасці і скрухі. Але ён быў паэтам і заставаўся ім да канца. Тыя, хто ведаў С. Гаўрусёва блізка, аднадушна гавораць пра хараство і прывабнасць яго чалавечых рысаў, пра тое, што яго недахопы і пралікі «драбнелі перад яго духоўнай абаяльнасцю, душэўнай акрыленасцю. Унутраная сіла, якой валодаў С. Гаўрусёў, не тое што заварожвала, але прымушала звярнуць на сябе ўвагу» (В. Макарэвіч). Сутнаснымі ў С. Гаўрусёве-чалавеку і яго паэзіі бачацца (іх, дарэчы, вызначыў сам паэт) «тры якасці — шчырасць, сціпласць і цярплівасць». Ён наперакор нягодам любіў людзей і жыццё: «Сыплецца ў душу каменняў град, Ды сказаць хачу я не пра тое: Колькі б ні было ні здрад, ні страт, А жыццё ўсё роўна — залатое!» («Выкаваны сосны з серабра...»)
Сцяпан Гаўрусёў у сваіх літаратурна-крытычных артыкулах і рэцэнзіях хораша паказаў, што ўмее цаніць зробленае ў літаратуры яго папярэднікамі і равеснікамі. Ён эстэтычна пранікліва адчуваў паэтычны радок, яго прыгажосць, водар, гучанне. Пішучы пра А. Куляшова і П. Панчанку, А. Грачанікава і Г. Бураўкіна, П. Макаля і В. Зуёнка і іншых, паэт дакладна выяўляе творчую манеру, індывідуальнае аблічча мастакоў слова, пры гэтым вылучае і паказвае прывабныя мастацкія якасці многіх твораў. Мог С. Гаўрусёў быць і патрабавальным да напісанага калегамі па літаратурнай працы, рабіў справядлівыя заўвагі і парады (рэцэнзія «І ад салаўёў бывае сумна» і інш.). Яго крытычная спадчына — і тут няма перабольшання — яркі ўзор глыбокага аналізу мастацкай творчасці.
Сцяпан Гаўрусёў праявіў сябе таксама ўдумлівым, тонкім перакладчыкам з іншых моў. Ён перасварыў на беларускую мову шэраг твораў А. Твардоўскага і М. Ісакоўскага, М. Дудзіна і М. Луконіца, Я. Райніса і Я. Судрабкална, М. Джаліля і М. Карыма, Г. Гуляма і А. Туманяна... Пераклад стаўся для С. Гаўрусёва важным сродкам пранікнення ў мастацкі свет іншых майстроў слова, і таму ў агучаных па-беларуску творах ён жыва ўзнаўляе не толькі змястоўны бок і вобразнасць таго ці іншага тэксту, але і чуйна перадае індывідуальна-непаўторны пульс радка, яго духоўную глыбіню.
Усё, дакладней, абсалютная большасць з таго, што нарадзілася пад пяром С. Гаўрусёва, пазначана пячаткай мастацкасці і сапраўднай таленавітасці. Аглядаючы зробленае ім, нельга не захапіцца духоўнай вышынёй асобы паэта, эмацыянальным і інтэлектуальным узроўнем яго творчага самавыяўлення, багаццем і яркасцю фарбаў слова.
Творчая індывідуальнасць С. Гаўрусёва вызначаецца разнапланавасцю таленту. Для яго самавыяўлення ўласцівы пранікнёны лірызм слова, ён — выдатны пясняр прыроды і паэт філасофскага складу.
Створанае ад першай да апошняй кніжкі С. Гаўрусёвым успрымаецца як біяграфія і летапіс паэтавай душы. Характэрная і вельмі арганічная ўласцівасць яго вершаванага выказвання — праўдзівасць і псіхалагічная пераканальнасць пачуцця. Аўтарскаму «я» Гаўрусёва верыш, бо яго лірычная гаворка ўяўляе той спавядальны маналог, які прасякнуты даверлівым тонам, усхваляванасцю, адухоўленым сэнсам. Верш паэта вытканы з эмацыянальна-настраёвых фарбаў:
Паэт уражвае незвычайнай паэтызацыяй таго зямнога, побытава-будзённага, прыроднага, што адкрываецца нам у эстэтычнай прывабнасці і духоўнай глыбіні. У яго мастацкім свеце ўсё набывае важкасць і нейкую душэўна-чалавечую першакаштоўнасць. С. Гаўрусёў піша з прачутай любоўю, нярэдка з любоўю пакутнай, балючай, пра агульназначнае і агульначалавечае гаворыць як пра штосьці самае інтымнае, запаветна-дарагое, асабіста вынашанае і зразуметае. Сапраўды, «паэт не можа не любіць таго, пра што піша» (Л. Гінзбург). Улюбёнасць, замілаванасць, захапленне — вось адзін з эмацыянальна-тыповых станаў С. Гаўрусёва як лірыка. Напрыклад, гэта яскрава выяўляецца тады, калі ён малюе краявіды ці прызнаецца ў каханні. З другога боку, у радках нярэдка гучаць такія пачуцці і матывы, як смутак, спачуванне, жаль, гаркота, шкадоба... Натуральна, разнастайнасць эмоцый, адценняў у голасе паэта — сведчанне паўнакроўна-шырокага жыцця верша, яго ўнутранай змястоўнасці. Да твораў С. Гаўрусёва прыцягваюць чалавечае цяпло, шчырая непасрэднасць, першародная сіла вобразнасці.
Лірыка на тэму вайны сталася вузлавым нервам мастацкай свядомасці паэта і нясе ў сабе праніклівыя назіранні, надзвычай вострыя адчуванні. Малюнкі, якія паўстаюць з гэтых твораў, асабліва запамінаюцца суровай праўдзівасцю і псіхалагічнай узважанасцю вобразаў-дэталяў:
Гэта радкі з вядомага верша «Я вырас пад гарматнымі стваламі», які на пачатку 60-х гг. адчувальна паспрыяў самасцвярджэнню індывідуальнага «я» Гаўрусёва-паэта і поруч з іншымі творамі з ягоных кніг «Шчодрасць» і «Ураган» надаваў ваеннай тэме адметнае вымярэнне ды асэнсаванне. Вайна паказана С. Гаўрусёвым па-свойму ўражальна, з драматызмам перажыванняў, бо ўбачана і ўзноўлена з незвычайнай узрушанасцю чалавечай памяці, сапраўды дзіцячай учэпістасцю зроку. «Я і дагэтуль жыву вайной і ў вайне і ўдзячны памяці, што яна зберагла ўражанні тых год у першароднай яркасці і чысціні»,— пісаў паэт у 1965 г. Ён ішоў ад усведамлення таго, што яшчэ далёка поўна і глыбока не раскрыта трагедыя асобнага чалавека, дзіцячага лёсу ў гады ліхалецця, не паказана ўсё драматычнае і жахлівае, што перажыў ён сам і ягонае тады зусім юнае пакаленне. Пра неабходнасць паказу ваеннай рэчаіснасці менавіта ў такім ракурсе, з такіх пазіцый С. Гаўрусёў гаварыў у сваіх аўтабіяграфічных нататках: «Колькі ні напісана пра вайну — пра яе ніколі не будзе сказана ўсё, бо ў кожнага яна — свая. Бачу — абыдзен увагай хлапчук, што з немым адчаем пазірае, як агонь зенітак не можа перагарадзіць дарогу рабрыстым страшыдлам, і тады аднекуль з выцвілай сінявы, як клінкі з ножнаў, узмываюць бязлітасныя «ястрабкі», урываюцца ў самую гушчэчу фашысцкай навалачы і пачынаюць паласаваць яе агнём і ярасцю...» Вайна адлюстравана С. Гаўрусёвым без высокай патэтыкі, гучнага барабаннага рытму, яна намалявана суровымі рэалістычнымі фарбамі, з трагедыйнасцю светаадчування.
Верш «Пярсцёнкі з медных пятакоў» напоўнены ўражлівым эмацыянальна-канкрэтным зместам. Тут тэма асабістага чалавечага шчасця набывае драматычнае праламленне. Паэт імкнецца даць адказ на няпростае пытанне: ці мог чалавек быць шчаслівым у гады ваенных выпрабаванняў? Вядома, жывое жыццё не спынялася і падчас акупацыі, маладыя людзі не маглі не кахаць адно аднаго, думалі пра асабістае шчасце, імкнуліся звіць сямейнае гняздо:
Аднак вайна бязлітасна руйнавала людскія лёсы і жыцці, радасць кахання аказвалася кароткай, «вяселлі шчасцем не былі». У хвіліны агульнанароднай бяды цяжка было ізалявацца на сямейным востраве, існаваць недзе між двух агнёў. Апошняя страфа нясе ў сабе драматызм падтэксту і асабліва ўзварушвае і свядомасць: «Калі сям'я твая ў напасці, Зямля спаганена бацькоў, Каму прынесці могуць шчасце Пярсцёнкі з медных пятакоў?» Гэтае сумна-горкае запытанне настройвае на глыбокі роздум.
Верш «Не ведаю, ці трэба сумаваць...» агорнуты журботна-лірычным настроем. Паэт журыцца па галасах тых, хто схаваны зямлёю «ў яе пластах падзольных», з горыччу перажывае беззваротнасць страты, адзіноцтва:
Зімовая пейзажная дэталь вырастае ў творы да сімвалічнага вобраза халоднай вечнасці: «Іскрыцца снег, як ільняны настольнік, У полі скрып марозных палазоў». Элегізму, балючасці нямала і ў іншых творах пра ваеннае мінулае. Адчуваеш, што паэт выгаворвае свой уласны сум і тугу па ўсіх палеглых, ён мерае цану перамогі трагедыяй асобнага чалавека (вершы «Ставок вады, ставок вады...», «Прыдумаў я і салаўёў, і бэз...», «Брат мой выкошваў траву...», «Плывуць мне ў грудзі небасхілы» і інш.).
Адзін з выдатных вершаў «На белых абадах веласіпеда...» — трагедыйная выява гібелі маладога хлопца. Паэтз чуйным псіхалагізмам паказвае апошнія хвіліны яго жыцця ў той момант, калі ў спелым жыце насцігаюць смертаносныя кулі:
Надзвычай глыбока паэт раскрывае свет пачуццяў мацярынскага сэрца, якое зведала бяду-трагедыю ці поўніцца трывогай пра сына. Доля маці — заставацца сам-насам з цяжкімі прадчуваннямі, з выплаканымі слязьмі, і пра гэта паэт кранальна гаворыць у вершы «От чаму нашы маці галосяць...»:
Праўда і сутнасць вайны раскрываюцца С. Гаўрусёвым праз невымернасць людскіх страт, чалавечы боль і пакутлівы суд памяці. Разам з тым ён паэтызуе воінскі гераізм, адвагу і доблесць, складае рэквіем самаахвярнасці салдата-франтавіка («Рэквіем», «Буйніцкае поле», «Сталінград» і інш.). Невыпадкова С. Гаўрусёў прысвяціў пранікнёныя вершы пісьменнікам Аляксею Пысіну, Васілю Быкаву, Міколу Аўрамчыка Пятру Прыходзька бо яны прайшлі франтавымі дарогамі, зазірнулі смерці ў вочы і разам з іншымі салдатамі ў змаганні здабылі перамогу («Чырвоныя бінты», «Сандамірскі плацдарм», «Слуга гвардзейскіх грозных мінамётаў...», «Вайны асколкі ў даўнасць адляцелі...», «Ты перадаў сваё дыханне...»).
Матыў балючай памяці пра ваенны час стаў дамінантным у светаадчуванні паэта. Яшчэ ў вершы «Памяць наша — быццам мост пантонны...» са зборніка «Ураган» ён глыбока прадчуваў, што вайна — гэта назаўсёды цяжкая душэўная траўма, балюча-вярэдлівы стан свядомасці:
Мінулі гады, адкацілася далёка ваеннае ліха, але паэт не дазволіў, каб утравела мінулае, працягваў жыць памятліва, з маральнай адказнасцю, не паддаючыся выцясненню суму і жалобы перад гукамі парадных фанфараў. Вось адна з элегічных згадак С. Гаўрусёва ў вершы «Не бывае ў вайны эпілога...»:
Паэт не забываўся на тое, што стаіць за подзвігам салдата, схіляў галаву перад слязой франтавіка і слязой дзіцяці: «Я, можа, жыў на гэтым свеце, Каб вартым быць тваёй слязы» («Ты перадаў сваё дыханне...»); «Сляза дзіця — дзіця сляпой вайны — Так у грудзях баліць. Сляза дзіця адчаю валуны Гатова прапаліць» («Сляза дзіця — вагой у шар зямны...»). Вайна для С. Гаўрусёва стала меркай чалавека, жыцця, рэчаіснасці, і з гэтай меркай ён застаўся верны вышэйшым прынцыпам і каштоўнасцям на зямлі — праўдзе, сумленнасці, чалавечнасці. Бо «памяць — гэта бязлітаснае сумленне наша. А сумленне ніколі не дазволіць чалавеку паняволі, а тым больш міжвольна здрадзіць вышэйшым духоўным ідэалам» (Ч. Айтматаў).
Краса прыроды — вось той храм, якому ўсхвалявана і прачула пакланяўся С. Гаўрусёў-паэт. І гэта ў той час, калі ідэалогія вітала іншыя тэмы і іншую вобразатворчасць. Жанр пейзажнай лірыкі нібы абясцэньваўся, лічыўся другасным у параўнанні з так званай «гучнай» паэзіяй — паэзіяй грамадзянскага прамаўлення і вершаванай публіцыстыкі. С. Гаўрусёў, думаецца, свядома звяртаўся да пейзажу як мастацкага сродку самавыяўлення асобы і тым самым працягваў традыцыі прыродаапісальнай паэзіі Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, Цёткі, У. Дубоўкі і іншых майстроў пейзажнай творчасці. Паэт — і гэта нельга не адчуць — суладна дыхаў з прыродай, таму ў яго творах прырода гаворыць з намі на мове жывых галасоў і гукаў, чаруе сваім водарам, колерамі. Пейзажны позірк С. Гаўрусёва — шырокі, вобразна-жывапісны, надзвычай эмацыянальны, пра што могуць пасведчыць хаця б наступныя радкі:
Гэты зімовы пейзаж вызначаецца незвычайнай метафорыкай, а сам вершаваны радок — раскаваным дыханнем і гулкім перазвонам рыфмаў.
Пейзажныя малюнкі С. Гаўрусёва нярэдка агорнуты лірычным роздумам, у іх арганічна зліваецца свет прыроды і чалавечае пачуццё. Для яго пейзаж — спосаб выяўлення псіхалагічных адчуванняў, працэсаў, стану душы і духу. Чытаеш радкі накшталт «душнай цяжкасцю аблок далечы завешаны» і адчуваеш, што яны выразна настраёвыя, псіхалагізавання. З сардэчным смуткам напісаны верш «Журба недаляцеўшых журавоў», у якім гучыць матыў балючай страты, шкадавання птушкі, якая гіне ў палёце:
Пасля прачытання верша міжволі ўзнікае аналогія з чалавечым лёсам. Элегічны пафас тут узмоцнены драматызмам гучання.
У многіх пейзажных вершах паэт дасягае непаўторнай метафарычнай вобразнасці, сакавітай жывапіснасці слова. Вось, напрыклад, паэт малюе ручай, вобраз якога знайшоў увасабленне ў дзесятках вершаў беларускіх паэтаў (Я. Колас, П. Броўка, А. Бачыла, К. Кірэенка, А. Лойка, К. Цвірка і інш.). І ўсё ж дзякуючы адухоўленай уражлівасці, неардынарнай зрокавай асацыятыўнасці і мастацкаму спалучэнню розных з'яў створаны запамінальны вобраз-пейзаж:
Вельмі маляўнічыя метафары вызначаюць і такія пейзажныя вершы, як «Спёка», «Капяжы», «Зіма — ды ні снегу, ні лёду...», «Летам ноч — як звесці вока...», «Пакацілася лета...», «Млечны Шлях — як калодзежны жораў...» і інш. Россыпы, каскады яркіх вобразаў сведчаць пра глыбокую мастацка-выяўленчую сілу паэтавага слова і робяць яго творы надзвычай прывабнымі і запамінальнымі: «І душна так, што цень ад самалёта Спяшаецца дабегчы да вады», «Мост выгнуўся арэхаваю вудай...» («Спёка»); «Промні — роем па мёд На пупышкі вярбы...» («Капяжы»); «Бялеюць воблакі пад намі — То развінуцца дыванамі, То разбягуцца табунамі...» («Бялеюць воблакі пад намі...»); «Брынзава стынуць шаломы стагоў. Плешча барвовасць зары з берагоў» («Мёдам чмяліным веюць лугі...») і інш. Ужо гэтыя працытаваныя радкі пераконваюць нас у тым, што С. Гаўрусёў — арыгінальны паэт-жывапісец.
Тонка адчувае ён і музыку прыроды, пранікліва перадае яе ў многіх пейзажах. Грацыёзна гучаць хаця б наступныя строфы:
Алітэрацыі і асанансы вызначаюць тут музычны лад верша.
Паэт валодае абвострана чуйным слыхам музыканта, ён умее перадаць музыку вясны і восені, вячэрняй зары і ночы... Ён вывярае свой верш гукам, мелодыкай фразы: «І вядзе, І заве мяне ўперад паветра здаровае. Гром гудзе Удалі, над прыціхшай дуброваю» («На лугу — абламанае бурай дубовае вецце...»).
Р. Бярозкін дакладна заўважыў, што «пранікнёнасць паэта выліваецца ў формы тонкія, артыстычныя». Формы музычныя — дадамо мы. Паэтаў радок, нібы камертон, улоўлівае і адбівае гукі-праявы наваколля: пошум лістоты, булькатанне ручая, птушыныя галасы... Мы чуем, як «лес расчулена гудзе» («Душнай цяжкасцю аблок...»), як звініць-пяе луг, дождж, цішыня, чуем, здавалася б, няўлоўнае — як «аб яблык шорхнуўшыся мядовы, звініць прамень» («Садок вячэрні, садок ружовы...») і як «рэха ў лёгкіх хвалях аддаецца» («Атуленае звонкай цішынёй...»). Паэт усім сэрцам запалонены хараством прыроды, жадае, каб і мы сталі сведкамі таго, як у гуках-галасах нараджаецца дзівосная музыка свету:
Між тым паяднанасць з прыродай выклікае ў паэта не толькі маляўнічую вобразнасць ці лірыка-эмацыянальнае хваляванне, а спараджае і філасофскую паглыбленасць роздуму. Гэта зусім не выпадкова, бо «прырода дадзена нам не па-за нашым жыццём з ёю, і тое, што мы гаворым пра прыроду,— кажам тым самым пра жыццё нашай думкі, пра філасофію. Філасофія — слова прыроды, слова таямніцы свету, слова жыцця» (П. Фларэнскі). Філасофія прыроды і філасофія быцця цесна паяднаны ў мастацкім свеце С. Гаўрусёва. Медытатыўнасцю думкі-пачуцця напоўнены пейзаж «На лугу — абламанае бурай дубовае вецце...». Пластыка і вобразнасць звязваюцца тут з рухам слова да філасофскага абагульнення. Лірычны герой паэта пад велічнымі дубамі адчувае магутную сілу прарастання ў прыродзе і адначасна прыходзіць да ёмістай высновы пра кругазваротнасць, неўвядальнасць жыцця:
У прарастанні тоіцца сэнс вечнага абнаўлення і прыроды, і чалавека. Дарэчы, у толькі што працытаваных радках асабліва яскрава заўважаецца «прыхільнасць паэта да метафарычнасці мовы, да рэзкіх, буйнага плану дэталей» (І. Ралько).
Пейзажныя вобразы ў вершах С. Гаўрусёва набываюць сімвалічнасць і іншасказальнасць гучання, становяцца ідэйна-сэнсавымі згусткамі зместу. У творы «Калі адцвітаюць каліны...» вобраз «зораў над дубам» вырастае да вобраза велічнага храма-сусвету, які трымаецца на «калонах густога святла». Перад гэтай зорнай вечнасцю, пад жураўліным крыкам, аднак, узнікае не ўсясветная туга, а, наадварот, з'яўляецца вера ў хмарнасць жыцця на зямлі. Думку сваю паэт выказвае эмацыянальна стрымана, неяк па-зямному мудра:
Духоўна-філасофскія паралелі з жыццём і з'явамі прыроды ляжаць таксама ў аснове вершаў «Вось і снег...», «Гуляў сланечнік у шырокім полі...», «Зара прыслала вокліч развітальны...», «Труба жураўліная...» і інш. Паэту іх імкнецца да ідэйна-эстэтычнай шматмернасці пейзажнай вобразнасці.
Лірыка пейзажу ў С. Гаўрусёва, як бачым, змяшчае адухоўлены антрапамарфізм і філасофію прыроды, па-мастацку сінтэзуе ў сабе мову жывапісу і музыкі. Паэзія прыроды ў выяўленні гэтага мастака слова абуджае і зачароўвае душу. Чытаючы яго пейзажныя творы, адчуваеш, што прырода наскрозь прасякнута чалавечай духоўнай сутнасцю, уражліва пераконваешся ў тым, што «калі б прырода пачала гаварыць чалавечым голасам, яна б, мабыць, паэзіяй гаварыла» (Г. Гачаў).
Думаецца, і свой цяжкі смутак, скаргу прырода здолела б выгаварыць вершамі С. Гаўрусёва, лірыка якога не магла не стаць глыбока экалагічнай па сваёй сутнасці. Па меры таго як ускладняліся адносіны чалавека і прыроды, набывалі драматычную афарбоўку, мянялася і паэтава бачанне навакольнага свету. Яшчэ ў 60-я гг. ён адчуў, як чалавек усё менш і менш пачаў цаніць гэты зялёны свет: «Лясы Радзімы! Як мы цэнім мала, Што вы для нас прыстанішчам былі...» («Ці ясны дзень, ці дождж цярусіць дробны...»). З горыччу, умольнасцю ў голасе ён звяртаўся да сваіх сучаснікаў у кнізе «Водсветы»: «Эх, вы, людзі, эх, чалавекі,— Не парушце устойлівасць дня!» («Ледзьве сонца хмурынка заслоніць...»). Паэт бачыў усю складанасць і мудрасць існавання на зямлі кожнай жывой істоты: «Прыгледзься — вочы страказы Такой складанейшай будовы, Што абалонку драбязы Распазнаваць яны гатовы» («Прыгледзься — вочы страказы...»). Ён усхвалявана выказваў сваю экалагічную трывогу, заклікаў «зберагчы ўсё жывое», пярэчыў бяздумнаму, антыгуманнаму ходу жыцця. У вершы «Вогнішча апоўнач распалі...» ён з душэўным пазмрачненнем гаворыць, што птушкам і звярам «баяцца трэба чалавека», вядзе роздумны ўнутраны маналог пра збядненне, заняменне навакольнага свету. Пафас заступніцтва вынікае ў творах С. Гаўрусёва з вялікай любові да прыроды:
Наогул, С. Гаўрусёў — паэт з філасофскім стаўленнем да рэчаіснасці, які імкнуўся да паглыбленага асэнсавання складанага і драматычнага ў чалавечым быцці, да саманазіранняў медытатыўнага плана, да роздумнасці слова. Філасафічнасць для яго характэрна як агульная форма светаўспрымання і светапазнання. Удумліва, сэнсава важка напісаны вершы «Штоноч на нябёсах — успышак таўро...», «З дубовым лісцем на далонях...», «Чорны воран, белы лебедзь...», «Плача ў лесе пугач...», «А можа, там і ёсць той бераг...» і інш. Адзін з бліскучых і глыбокіх твораў — верш «Матацыкліст з павязкай на вачах». Тут паэт паказаў незвычайнае відовішча: матацыкліст з павязкай на вачах носіцца па крузе ў вялікай і гулкай бочцы:
Верш, як падаецца, утрымлівае ў сабе шматмернасць зместу, але найперш паэт з філасофскім падтэкстам гаворыць пра чалавечы лёс, які замкнёны ў сваёй кругабежнасці і знаходзіцца паміж жыццём і смерцю, на мяжы трагедыйнай зломнасці.
У вершах С. Гаўрусёва медытатыўнага зместу нейкае важкае назіранне або выснова разгортваюцца як вынік унутрана перажытага і вынашанага, вельмі асабістага разумення той ці іншай з'явы. Філасафічнасць паэта не абстрактна адцягненая, яна грунтуецца на лірыка-эмацыянальнай выяўленчасці, той логіцы, якая падказана самім жыццём, вырастае з яго канкрэтыкі і духоўнага вопыту чалавека. Рытм твораў філасофскага складу, як правіла, разважліва-спакойны, псіхалагічна ўгрунтаваны. Але разам з тым ён любіў зрабіць інтанацыйную паўзу, выказваўся з гранічнай усхваляванасцю слова.
Паэтычны свет С. Гаўрусёва напоўнены вялікім і прыгожым пачуццём кахання. Любоўныя матывы адчувальна дамінуюць у яго лірыцы і глыбока раскрываюць суб'ектыўна-інтымны змест перажыванняў чалавечай душы. У першым зборніку «Паходныя кастры» паўстае малады лірычны герой — радасны і шчаслівы ў каханні, сарамлівы, чысты і ўзвышаны ў сваіх марах і памкненнях:
Ужо ў наступнай кнізе «На грэбнях хваль» з'явіўся матыў душэўнай засмучанасці, пакутаў. Мы становімся сведкамі шчырай споведзі закаханага хлопца, для якога «свет пацямнеў», спачуваем яму, бо любая дзяўчына выйшла замуж за іншага, бо «звініць у сэрцы» шчымлівы сум і туга (вершы «Вяселле», «Звініць, звініць у лузе скошаным...»). І надалей інтымныя пачуцці будуць ускладняцца, набываць драматычны водсвет. Герой паэта перажывае сардэчны боль, вяртаецца ў першае каханне, у тыя дні-хвіліны, калі «было... шчасце за некалькі крокаў. І стаяла яно пад малодзенькім клёнам» («Не хачу я будзіць палахлівае рэха...»). Паэт ні на момант не страчваў душэўнай пяшчоты, не мог аддаць лёгкаму ці чорнаму забыццю зведаныя раней пачуцці. Каханне для паэта — гэта жыццядайная сіла, якая ўздымае чалавечы дух у высі, робіць яго няўрымслівым: «Я хачу, каб і ты мяне так паднімала: Урывайся! Будзі! Падганяй! Патрабуй!» («Я прыйду, не трывожачы дворнікаў сонных...»). У С. Гаўрусёва характар любоўных перажыванняў разнастайны: гэта і салодка-горкі ўспамін, і момант наталення радасці, і пакуты расстання. Выдатна раскрыты свет кахання ў вершы «Дубоў надрэчных выразное лісце...». Рамантычная музыка яднання закаханых сэрцаў змяняецца матывам няспраўджанай мары, дысаніруючай нотай смутку:
«Дом — дым» — псіхалагічна яркая вобразная антытэза, якая раскрывае драму кахання.
Асабліва журыўся паэт па сваіх загінуўшых равесніках, якія недалюбілі на гэтым свеце, «нявест не пабралі» («Зданямі стаўшы пры шулах...»). Паэт трывожыўся, што каханне заглушае будзённасць існавання, што жанчына, якую трэба было б абагаўляць, становіцца «пахілай вярбой». Жыць без кахання — існаваць у беспрасветнасці, змроку:
У сваіх вершах паэт абагаўляў чароўны вобраз жанчыны, хваляваўся і захапляўся хараством:
Пра каханне С. Гаўрусёў гаворыць і піша з выключнай сардэчнасцю, сцішана-пяшчотна, з адухоўленай напеўнасцю радка. «Гісторыя кахання кожнага чалавека — дакладны злепак з гісторыі яго адносінаў да свету наогул»,— выдатна сказаў рускі пісьменнік Ф. Салагуб. С. Гаўрусёў адносіцца да тых творцаў, у каго каханне сведчыць пра светласць душы, дабрыню і чалавечнасць, высокую духоўнасць.
У паэзіі С. Гаўрусёва ёсць творы разнастайнага тэматычна-вобразнага плана (пра салдацкі лёс, хлеб і хлебаробскую працу, пра сонца і кветкі, мора і Крым, пра сяброў і сяброўства і інш.), а таксама навеяныя фальклорам і напісаныя з гумарам. Аддаў ён даніну і надзённай публіцыстычнай і палітычнай тэматыцы. Аднак не тэмы вызначаюць індывідуальны твар паэта, атое, «што за лепшымі яго вершамі — лёс» (Т. Бондар), што яны «істотныя па думцы і дасканалыя па выкананні» (У. Гніламёдаў), а іх аўтар валодае «перш за ўсё шчаслівай здольнасцю адкрываць непаўторнасць таго ці іншага душэўнага стану свайго лірычнага героя, дакладна перадаваць праўду яго адчуванняў» (П. Макаль). Ён дэманстраваў інтанацыйную раскаванасць і гнуткасць стылю, неардынарнасць мастацкай формы выказвання:
Паэт умеў дасягнуць эстэтычнай вытанчанасці і зладжанасці верша. Цудоўна напісаны хаця б наступныя радкі, якія ўражваюць сваёй маляўнічай экспрэсіяй вобразаў і гукапісам:
Эпічная форма выказвання таксама прываблівала С. Гаўрусёва. Зрэшты, паэт добра разумеў, што «эпічны дар — з'ява рэдкая ў паэзіі. Гэта — квінтэсенцыя жыццёвага вопыту». Ягоны зварот да паэмнага жанру ў многім аказаўся па-мастацку важкім і плённым. Праўда, паэма як жанр нясе ў С. Гаўрусёва лірычную дамінанту, яна шырока ўбірае ўнутраны змест чалавечага «я». У першую чаргу гэта тычыцца паэмы «Штодзённы лістапад» (1961). Яшчэ раней С. Гаўрусёў напісаў паэму «Іней» (1959). Пасля «Штодзённага лістападу» стварыў такія эпічныя рэчы, як «Профіль веку» (1969) і «Сушаныя арэхі» (1976). З паэмы «Профіль веку» паўстае вобраз Леніна. Гэты твор з'яўляецца адным са шматлікіх твораў так званай савецкай Ленініяны. Пісаў ён сваю паэму са шчырым намерам і творчай адказнасцю, аб чым прызнаваўся ў аўтабіяграфічных нататках: «... я ўжо насіў строфы новай паэмы аб чалавечнейшым з людзей — аб Леніне. Хочацца зрабіць яе з той мерай добрасумленнасці, на якую здатны». За гэтым прызнаннем стаіць лёс цэлых пакаленняў савецкіх людзей, іх вера і светапогляд, якія, як гэта ні сумна гаварыць, у многім аказаліся памылковымі. Вобраз Леніна натхняў і нават магічна прыцягваў шматлікіх беларускіх паэтаў. Прыкладам тут можа паслужыць хаця б адзіны вершаваны зборнік «Заўсёды з Леніным», які выйшаў у 1983 г. Кожны з падобных твораў — сведчанне нядаўняга часу, гісторыі савецкага грамадства, і таму будзем ставіцца да ленінскай тэмы з адпаведным і належным разуменнем.
Паэме «Штодзённы лістапад» выпаў найбольшы літаратурны поспех. Гэты «шырокафарматны» твор — яркі ўзор разгорнутай лірыка-маналагічнай споведзі. Тут аўтарскае апавяданне насычана псіхалагічна, момантамі драматызуецца (эпізоды ваеннага мінулага, пажар у тайзе), цячэ ў рэчышчы канкрэтна эмацыянальнага мыслення. «Лірычны герой, які толькі любаваўся жыццём, становіцца гераічна-эпічным, асобныя лірычныя кавалкі-малюнкі зліваюцца ў эпічную панараму»,— пішучы пра паэму, адзначае А. Лойка.
«Я» — сюжэтны «рухавік» твора, яго галоўны вобраз і ключавы аб'ект мастацкага даследавання. Паэт засяроджваецца на пачуццях і перажываннях маладога хлопца, яго асабістым лёсе, жыццёвых варунках. Запеўныя радкі твора вырастаюць з тугі па каханай:
Вобраз дзяўчыны Галіны паўстае ў згадках салдата ў сваёй прывабнай красе, праходзіць перад вачыма як чароўная і салодкая мроя. Герой паэта дзеліцца з намі сваёй радасцю кахання, тым светлым і хвалюючым у душы, што дапамагае пераносіць нягоды службы і верыць, што «для закаханых воч зноў вернецца былое». Сэрца ягонае поўняць вялікая любасць, ласкавасць слоў, музыка святла:
Герой паэмы праходзіць праз выпрабаванне агнём — ратуе тайгу. Паказаўшы «пажар таежны», аўтар пераходзіць да лірыка-публіцыстычнай гаворкі ў абарону жыцця, згадвае «попел Хірасімы», з грамадзянскай растрывожанасцю голасу папярэджвае, што «Прайсціся можа ўраган пажару, Знішчаючы жывое напавал». «Пільней жа зрок, сучаснікі!..» — заклікалі С. Гаўрусёў і ўвогуле ўся наша тагачасная паэзія, бо слова «мір» для тых, хто перанёс ліха вайны, не было пустым гукам. Дарэчы, у паэме робіцца ўсхваляваная рэтраспекцыя ў чорныя дні ліхалецця. Трагедыя Хірасімы таксама не прайшла міма сэрцаў многіх паэтаў, якія, у тым ліку і С. Гаўрусёў, ужо тады абвострана загаварылі пра глабальнае выжыванне чалавецтва. Ад гуманістычнага, заступніцкага пафасу паэзіі, на жаль, у будучым не залежаў лёс чалавечага жыцця: успыхнуў не адзін пажар вайны, выбухнуў Чарнобыль... Вядома, з сённяшняй вышыні сучаснаму чытачу нейкія з выказаных пачуццяў убачацца як даніна часу, нешта падасца залішне гучным, нават дэкларацыйным. Аднак нельга не адчуць, што найвялікшай верай паэта была вера ў жыццё пад ясным сонцам, у чалавечае быццё, асвечанае шчасцем і вялікім каханнем. Вобраз сонца, што «ўдалеч коціцца клубком», становіцца ў фінале твора ўвасабленнем сонечнай будучыні, сімвалам надзеі.
У кампазіцыйнай структуры «Штодзённага лістападу» прыкметнае месца займаюць малюнкі прыроды. Пейзаж арганічна паядноўвае кампаненты сюжэта і аўтарскага апавядання, становіцца сродкам выяўлення паэтычнай і ўнутрана багатай натуры героя паэмы. Прыродаапісальныя строфы напоўнены яркімі метафарамі і параўнаннямі:
Пейзажнае пісьмо С. Гаўрусёва ў паэме — гэта каларытны жывапіс словам.
С. Гаўрусёў, вобразна кажучы, выдыхаў «з грудзей мастацтва дзівы» («Шкладувы ўмеюць падбіраць адценні...»). Эстэтыка верша паэта нясе незвычайную сілу красы і ўздзеяння на душу чытача. Зіхоткія водсветы ягонага радка азараюць нас сваім магічным святлом і чароўнай прыгажосцю.
Покліч душы і памяці
Генрых Далідовіч належыць да таго пісьменніцкага пакалення, актыўнае творчае станаўленне якога прыпала на 70-я гг. і якое на сучасным этапе, скажам без перабольшання, нясе галоўную службу ў літаратуры. Сярод яркіх прадстаўнікоў «сямідзесятнікаў» добра вядомыя імёны Яўгеніі Янішчыц, якая заўчасна пайшла з жыцця, Алеся Разанава, Вольгі Іпатавай, Алеся Жука, Васіля Гігевіча, Сяргея Законнікава, Таісы Бондар, Казіміра Камейшы, Валянціны Коўтун... Г. Далідовіч сёння адзін з самых актыўных празаікаў, прызнаны мастак-псіхолаг, нястомны даследчык чалавечага жыцця і нашага беларускага мінулага. Ім створаны сапраўды значныя і адметныя творы, і напісаны яны з мастацкай грунтоўнасцю, усхвалявана і смела. Дыяпазон выяўлення творчай асобы пісьменніка шматгранны: яму падуладныя навелістычны жанр і раманны эпас, ён — выдатны стыліст, майстар літаратурнага пейзажу.
Радзіма Г Далідовіча — вёска Янкавічы, што ў Стаўбцоўскім раёне. Нарадзіўся ён — і гэта адзначаеш міжволі — у коласаўскім краі, на слыннай зямлі пісьменніцкіх талентаў. Рос Г. Далідовіч у звычайнай вясковай сям'і, у якой культывавалася павага да працы, зямлі, бацькоў, шанаваліся духоўна-верніцкія традыцыі. На выхаванне будучага пісьменніка адчувальна, асабліва ў плане беларускасці, уплывала школа. З роднай вёскі пасля заканчэння Дзераўнянскай дзесяцігодкі юнак падаўся па веды ў свет вялікі. Дарога прывяла ў сцены Белдзяржуніверсітэта, на філалагічны факультэт, які ён закончыў у 1968 г. Затым Г. Далідовіч пайшоў па жыцці настаўніцкай сцежкай: выкладаў родную мову і літаратуру ў Шабыньскай васьмігодцы на Барысаўшчыне, некаторы час быў завучам гэтай школы. Настаўніцкую працу, праўда, давялося на год перапыніць, бо прызвалі на вайсковую службу. Лёс Г. Далідовіча, як бачым, складваўся даволі тыпова.
У 1968 г. часопіс «Маладосць» змясціў апавяданне «Ліст да Олі», якое стала важкай заяўкай маладога празаіка, засведчыла пра несумненны псіхалагічна-даследчыцкі патэнцыял яго таленту. Жыццёвы выбар, можна сказаць, быў прадвызначаны: апантанасць мастацкім словам не давала спакою, клікала да актыўнай творчай працы і таму Г. Далідовіч развітаўся са школай, настаўніцтвам і пераехаў у Мінск. Тут, у літаратурным цэнтры Беларусі, ён знайшоў сябе, у далейшым нямала зрабіў і працягвае рабіць для развіцця беларускай літаратуры. Не адзін год Г. Далідовіч шчыраваў у аддзеле прозы часопіса «Полымя». Аднак асабліва багата часу і сіл аддадзена часопісу «Маладосць», у якім ён з 1979 г.: спачатку працаваў намеснікам галоўнага рэдактара, а пазней, у 1991 г., пісьменнік узначаліў рэдакцыйны калектыў гэтага часопіса. У гады ідэалагічнай апекі даводзілася часам нялёгка і няпроста бараніцца ад звышпільных літаратурных наглядчыкаў, пад страх і рызыку друкаваць такія творы, як «Споведзь» Ларысы Геніюш, «Старажытная Беларусь» Міколы Ермаловіча і інш. Г. Далідовіч па-ранейшаму прычыняеце да ўсяго яркага, самабытнага, таленавітага, што друкуе часопіс. Не без яго падтрымкі загараецца зялёнае святло многім маладым літаратарам. Зрэшты, як публіцыст ён нярэдка дае моладзі выдатныя прыклады грамадзянскай смеласці і бескампраміснасці. І гэта вельмі важна ў нашы дні, калі той-сёй дбае толькі пра ўласныя выгоды, паспеў пахаваць у сабе ўнутраны голас сумлення.
На працягу больш чым двух дзесяцігоддзяў Г. Далідовіч працуе на ніве прозы плённа, па-сапраўднаму апантана. Адзін за адным пабачылі свет зборнікі яго апавяданняў і аповесцяў «Дажджы над вёскай» (1974), «Цяпло на першацвет» (1976), «Маладыя гады» (1979), «Міланькі»(1980), «На новы парог» (1983), «Станаўленне» (1985). Амаль дзесяць гадоў было аддадзена стварэнню цыкла гістарычных раманаў «Гаспадар-камень» (1986), «Пабуджаныя» (1988), «Свой дом» (1992). Заходнебеларускай рэчаіснасці празаік прысвяціў раман «Заходнікі» (1994). Г. Далідовіч напісаў досыць неардынарную кнігу «Жар кахання»(1996). Сёння празаік зноў скіраваў свой позірк у гісторыю — і ў выніку пад яго пяром нарадзіўся маштабны эпічны твор «Кліч роднага звона» (1995-1998). Пэўным падсумаваннем зробленага ў 70-80-я гг. сталі кнігі выбраных твораў Г. Далідовіча «Міг маладосці» (1987) і «Жывы покліч» (1995). Пасля прачытання іх можна асабліва добра пераканацца ў тым, што так званыя застойныя гады не аказаліся для нашага прыгожага пісьменства марнымі і бясплённымі. І гэта дзякуючы перадусім такім мастакам слова, як Г. Далідовіч. Яго пісьменніцкае майстэрства заслужана адзначана Літаратурнай прэміяй імя І.Мележа (1988) і Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь (1997).
Для Г. Далідовіча ад самага пачатку творчасці галоўным аб'ектам мастацкага даследавання стала псіхалогія чалавека, свет яго думак і пачуццяў. А ў 70-я, між іншым, лёгка было паддацца ідэалагічным устаноўкам, спакусіцца моднымі павевамі часу і стаць на шлях стварэння вобразаў-схем, павярхоўных ілюстрацый. Але Г. Далідовіч добра ўсвядоміў прыярытэтнасць чалавеказнаўства ў літаратурнай творчасці. Зрэшты, гэта глыбока адчувалі на пачатку свайго творчага шляху многія таленавітыя пісьменнікі, бо «ўсё ў гэтым свеце набывае значэнне, сэнс і каштоўнасць толькі ў суаднесенасці з чалавекам, як чалавечае. Усё магчымае быццё і ўвесь магчымы сэнс размяшчаюцца вакол чалавека як цэнтра і адзінай каштоўнасці; усё — і тут эстэтычнае бачанне не ведае межаў — павінна быць суаднесена з чалавекам, стаць чалавечым» (М. Бахцін). Малады Дастаеўскі, напрыклад, бачыў сваю задачу ў тым, каб спазнаць таямніцу чалавека і ягонай душы. Ад чалавека, яго ўнутранага свету адштурхоўваліся і нашыя Максім Гарэцкі, Кузьма Чорны, Іван Мележ. Невыпадкова ў прыхільнасці да творчага вопыту гэтых майстроў слова прызнаецца сам Г Далідовіч. Асаблівыя літаратурныя сімпатыі ў пісьменніка — і гэта слушна заўважыла крытыка — да А. Чэхава і І. Буніна. Генрыху Далідовічу менш за ўсё была ўласціва творчая другаснасць, вучнёўскае перайманне чужога стылю. Эмацыянальна-псіхалагічная заглыбленасць і непаўторнасць жывапісання словам ярка выяўляюцца ў апавяданнях «Дажджы над вёскай», «Чуйнае неба», «Ліст да Олі», «Ласяня», «Жнівеньскія ліўні», «Асенняе лета», трыпціху «Цяпло на першацвет», што ўвайшлі ў зборнікі «Дажджы над вёскай» і «Цяпло на першацвет». Крытыкні. Лецка адзначыў высокі ўзровень пісьма маладога тады празаіка, вылучыў уменне «глыбока заглянуць у душу свайго героя, адкрыць не толькі знешнія праявы яго характару, але і патаемную, схаваную ад старонняга вока сутнасць» (Маладосць. 1974. № 12). Вельмі красамоўна гучыць назва рэцэнзіі С. Андраніка на першую кнігу празаіка — «Па-маладому свежа і стала» (Полымя. 1975. № З).
Эстэтычнае крэда Г. Далідовіча бачыцца ў імкненні паказваць чалавечае жыццё, маляваць вобразы сваіх герояў псіхалагічна дакладна, паўнакроўна і змястоўна. Таму заканамерным бачыцца той факт, што празаік шэраг сваіх ранейшых твораў істотна перагледзеў, дапрацаваў. Майстар на тое і майстар, каб адчуваць адказнасць за ўсё створанае раней, імкнуцца да яго дасканаласці.
Праз прызму жыцця душы пісьменнік паказвае лёс Ігната Карлавіча Логвіна, героя трыпціха «Настаўнікі». Гэты чалавек усё жыццё пражыў у вёсцы, працаваў і «радаваўся, што настаўнік, што паказваў маладому пакаленню шлях да святла, хараства, сэнсу...». Аднак Ігнат Карлавіч, выходзячы на пенсію, падводзіць суровы рахунак пражытаму, хоць яму, здаецца, менш чым каму іншаму трэба дакараць сябе: «Вельмі шмат ён бачыў у сабе хібаў, заган, але з жалем адчуваў, што некалішняга не зменіш, не паправіш, а цяпер жыць іначай, як умее, не здолее». Празаік раскрывае ўнутраную сумленнасць свайго героя, дапамагае нам яскрава ўбачыць цэласнасць яго характару, духоўную мэтанакіраванасць.
Унутраны драматызм светаадчування жанчыны добра перададзены ў апавяданні «Ада». Гераіня твора пакутуе праз тое, што мінае маладосць і ёй пагражае адзінота. Ужо на пачатку твора апісанне прыроды нясе прыкметную псіхалагічную нагрузку: надыход зімы міжволі суадносіцца з лёсам Ады, пейзаж выяўляе маркотна-цяжкі і трывожны стан яе душы: «...Начны вецер шумеў не гарэзліва, як гуляў летам у цёплым лісці, а нудна і злосна хістаў голае голле, прычэпліваўся да адзінокага ўцалелага ліста, ірваў яго, і той вечарамі адчайна хліпаў, спяваў развітальную песню... Ада душою адчула, што надыходзіць часіна, калі ўжо не будзе ні цяпла, ні дажджоў, але не пойдзе яшчэ і снег, яго нагоніць, насыпле, калі аднаго дня зніжэе і пашарэе неба». І раптам на жыццёвым шляху настаўніцы з'яўляецца хлопец Пеця, і ёй жадаецца шчасця. Але лёс адвярнуўся ад жанчыны, якая жыла ўзвышанымі мроямі-думкамі. Увесь час празаік праецыруе перажыванні гераіні на свет прыроды, стварае праніклівыя «пейзажы душы».
У згаданых тут апавяданнях, як можна заўважыць, закранаецца тэма настаўніцтва. Гэтай тэме прысвечаны і іншыя творы. Сапраўдны літаратурны поспех і вядомасць Г. Далідовічу прынёс цыкл аповесцяў пра вясковых настаўнікаў «Усё яшчэ наперадзе», «Міланькі», «Завуч», «Дырэктар». Гэтыя творы склалі тэтралогію, першы твор якой пазначаны 1972 г., а заключны — 1979 г. Напісаны аповесці на аўтабіяграфічнай аснове: як ужо гаварылася, пасля заканчэння БДУ Г. Далідовіч працаваў у школе. Аб'ядноўвае ўсе чатыры творы вобраз настаўніка Паўла Мікалаевіча Васільца. Празаік прасочвае шлях станаўлення і самасцвярджэння свайго героя, раскрывае ўнутраную змястоўнасць і цэльнасць яго натуры, паказвае як сапраўднага інтэлігента, сумленнага і бескарыслівага, адданага сваёй настаўніцкай прафесіі. Ён прыязджае ў вёску не марнаваць час і адбываць цяжкую павіннасць, а, як і Андрэй Лабановіч з трылогіі Я. Коласа «На ростанях», добра разумее свой доўг: «Гэта гарадскім вёска мо страшная, а я, вясковы, я не баюся, буду жыць і працаваць старацца так, як вучылі ў інстытуце». Тут, у Міланьках, Васілец праходзіць сапраўдную школу маральнасці, ён не прымае душэўнай інертнасці, імкнецца заўсёды заставацца самім сабой. Павел Васілец — вобраз яркі, псіхалагічна пераканальны ў сваіх жыццёвых і душэўных рысах. Г. Далідовіч не ідэалізуе школьнае асяроддзе, паказвае часам вельмі няпростыя ўзаемаадносіны паміж настаўнікамі.
Надзвычай уважлівы пісьменнік да інтымнага свету сваіх герояў. Ён добра раскрывае іх характары ў бытавых і сямейных абставінах. Яркая ў тэтралогіі тэматычная лінія кахання. І ў першую чаргу гэта тычыцца паказу адносінаў Паўла і Ларысы, якія сталі блізкімі і роднымі людзьмі, праходзяць праз няпростыя выпрабаванні, набываюць пэўную жыццёвую мудрасць. Каханне ратуе герояў, кліча іх жыць адказна і сумленна. Сваімі глыбокімі пачуццямі Ларыса спрыяе гэтаму: «Ніхто так нікога не кахае, як я цябе... Бо ніхто так не ўмее кахаць. Не можа. Чаму? На тое ёсць вялікі сакрэт. Ведае яго той, хто таксама ўмее кахаць...» Празаік выходзіць на асэнсаванне сацыяльных і духоўных праблем вёскі, паказвае, як няпроста складваецца жыццё вясковай інтэлігенцыі.
Вельмі ўдумліва асэнсоўвае пісьменнік тэму вёскі ў аповесці «На новы парог». Цяжкі, балючы надлом у душы селяніна Гаптара выкліканы тым, што мінула светлая ява для ягонага роднага кутка. Вёску Бабчын Скон выключылі з перспектывы сучаснага жыцця, палічылі лішняй і непатрэбнай, асудзілі на смерць. Нават назва гэтай вёскі гучыць неяк падкрэслена драматычна. Праўда, назве даецца іншае тлумачэнне, аб якім мы даведваемся з падання, што нібы і сведчыць пра векавую гісторыю вёскі. Гаптар адчувае, што змяняецца вясковы ўклад жыцця, адвечная сялянская псіхалогія, зямля і праца на ёй становяцца для чалавека нечым чужым: «...Калі думаць, далёка ўперад заглядваць, дык трэба і пра такое падумаць: а ці ўсё зводзіць у вёсцы вясковае, а ці не прыйдзецца некалі зноў вёску рабіць?» З такім пытаннем разам са сваім героем Г. Далідовіч напрыканцы 70-х празорліва ўглядаўся ў будучыню.
Але, відаць, самы прыцягальны магнетычны бок Далідовічавай прозы — тэма кахання. Амаль кожны твор пісьменніка змяшчае любоўныя ці сямейна-бытавыя калізіі, напоўнены інтымнымі страсцямі. Праблема складаных узаемаадносінаў мужчыны і жанчыны знаходзіцца ў цэнтры аповесці «Жаночае сэрца». Антаніна Іосіфаўна, замужняя жанчына, пакахала іншага чалавека. Пахаладзеў, стаў абыякавы да жонкі Віктар, забыў, што яе жаночае сэрца прагне ўвагі і пяшчоты. Міхаіл Іванавіч, інспектар райана, сваёй прыгажосцю і далікатнасцю зачароўвае Антаніну, асляпляе яе вочы і розум, але потым прымушае моцна пакутаваць. Як ні сумна і прыкра, але і на гэты раз «жаночае сэрца павінна ўсё выцерпець...».
Васіль і Яніна з аповесці «Жывы покліч» пачынаюць сумесны шлях у цяжкі пасляваенны час. Яны шчыра кахаюць адно аднаго, вераць у сваё шчасце: «І калі Васілю хацелася памаўчаць, ціха перажыць урачыстасць жыцця і кахання, дык Яніна мела цягу пагаварыць, яшчэ папяшчоціцца, выказаць тое цёплае, сардэчнае, што сабралася ў яе ўражлівай, добрай жаночай душы, і чакала сваёй, адпаведнай для інтымнасці ды шчырасці, хвіліны». Рэальныя абставіны жыцця герояў складваюцца вельмі драматычна, у іх лёс неспадзявана ўварвалася бяда: Янка, Янінін брат, стаў дэзерцірам і трапіў у банду Вяршка. Нельга не адчуць, што, паказваючы пасляваенныя перыпетыі ў Заходняй Беларусі, аўтар імкнуўся данесці ўсхваляванае пачуццё непрыняцця гвалту, чалавеказабойства, смерці. У «Эпілогу» з нараджэннем дзіцяці пісьменнік звязвае выратаванне чалавечнасці і шчасця на зямлі. Ён усім пафасам і зместам твора сцвярджае, што чалавек нараджаецца для кахання, прадаўжэння роду, радасці і працы.
Г. Далідовіч — пісьменнік вельмі чуйны да ўнутранага свету жанчыны, ён умее тонка выявіць усю гаму інтымных пачуццяў. Пра гэта яскрава гавораць апавяданні «Асенняе лета», «Маня», «Слёзкі палявыя», «Ада», «Быць разам», аповесць «Юля». Тое, як Г. Далідовіч перадае таемнае, глыбока інтымнае, нярэдка можна суаднесці з майстэрствам класікаў айчыннай прозы, згадаць як Я. Колас малюе закаханую Ядвісю, І. Мележ — любоўныя пакуты Ганны... Пісьменнік імкнецца паказаць жывога чалавека, а не героя выключна грамадскіх настрояў і памкненняў. Сёння тэма кахання ў творчасці празаіка набыла яшчэ больш смелае асваенне, выйшла на новы «віток». Тут маюцца на ўвазе апавяданні «Аля», «Жамал», «Іста», «Алеся», «Ніка», «Ксеня» і многія іншыя, аб'яднаныя ў кнізе назвай «Жар кахання». У гэтых творах шмат асабіста-інтымнага з жыцця мужчыны і жанчыны, яны напісаны ў форме маналогаў-споведзяў. Празаік не баіцца быць гранічна шчырым, выяўляць самыя таемныя пласты пачуццяў і жаданняў сваіх герояў, іх эратычны бок. Прынамсі, і да Г. Далідовіча ў нашай літаратуры нараджаліся творы, у якіх інтымныя, у тым ліку эратычныя, перажыванні займаюць прыкметнае месца. Згадаем тут хаця б кнігу Янкі Сіпакова «Жанчына сярод мужчын» (1980). Не выключаю, што там-сям Г. Далідовіч перабірае меру. Відавочна адно: такія кнігі, як «Жар кахання», патрэбныя не менш, чым якія-небудзь іншыя, бо яны даюць магчымасць адчуць і ўбачыць паўнату натуры чалавечай, жыцця чалавечага. І дзеля прыкладу не ўтрымаюся, каб не працытаваць невялічкі ўрывак з апавядання «Ніка»: «Я хачу быць жанчынай, маці, я хачу кахаць і любіць. Цяпер вось, калі я твая, а ты мой, я іншая. Я ўжо не ведаю страху, ваганняў, я жыву, хачу жыць. Я ўжо іначай пазіраю на неба, на дрэвы, на дамы, на людзей, бачу ва ўсім гэтым прыгажосць, чароўнасць...»
Г. Далідовіч выявіў сябе як пісьменнік гісторыка-эпічнага мыслення. На пачатку 80-х гг. ён прыступіў да стварэння цыкла раманаў, у якім галоўнай стала нацыянальная ідэя. Задача гэтая была смелай і няпростай, патрабавала глыбокай падрыхтаванасці, таму матэрыял збіраўся з цяжкасцю, літаральна па крупінках. Так нараджалася мастацка-гістарычная трылогія «Гаспадар-камень», «Пабуджаныя», «Свой дом», якая прысвечана аднаму з самых складаных, драматычных момантаў нашага мінулага — станаўленню беларускай дзяржаўнасці ў 1917-1919 гг. Твор мае грунтоўную дакументальнасць: напісаны з прыцягненнем шматлікіх матэрыялаў. У аснове трылогіі — паказ абуджэння і гартавання нацыянальнай свядомасці, думка-ідэя пра пабудову свайго беларускага дома. Не ўсё, аднак, удалося паказаць, як задумвалася і хацелася. Гэтаму не спрыяў час, ідэалагічны ўціск, але Г. Далідовіч імкнуўся быць верным гістарычнай праўдзе. На гэты конт ёсць сведчанні самога пісьменніка: «Пішучы «Пабуджаныя», урываючыся ў бурны і супярэчлівы на Беларусі 1917 год, дзе кульмінацыяй быў гвалтоўны разгон бальшавікамі законнага снежаньскага Усебеларускага кангрэса (а гэта ўжо і разгон дэмакратыі), я ведаў: не ўдасца мне не толькі сказаць тое, што хачу, пра Луцкевіча, Лёсіка і іншых, хто тады ўзваліў на сябе асноўны клопат пра наш народ, але і ўвогуле назваць іхнія прозвішчы ў станоўчым кантэксце. Хлусіць, паклёпнічаць не хацеў. Адпаведна мусіў выбраць адмысловы шлях: тое-сёе апускаць у падтэкст, многіх асоб не называць іхнімі сапраўднымі імёнамі, мяняць іхнюю біяграфію, але мець іх на ўвазе. У наступным рамане, у «Сваім доме», дзе спроба паказаць, як і кім утвараліся БНР і БССР, я мог ужо ўжываць сапраўдныя прозвішчы, але, на жаль, трэба было ўлічваць той прыём, што быў закладзены ў папярэдніх творах» (ЛІМ. 1991. 20 верас.).
Раман «Гаспадар-камень» узнаўляе жыццё беларускай вёскі і горада да пярэдадня першай сусветнай вайны. Праўда, большую ўвагу пісьменнік адводзіць даследаванню тагачаснай вясковай рэчаіснасці, побыту, народнага жыцця. Г. Далідовіч услед за нашымі класікамі Я. Коласам, К. Чорным, І. Мележам яшчэ раз здолеў ярка намаляваць, апаэтызаваць адвечныя асновы нацыянальнага свету, быцця сялянства — зямлю, працу, традыцыі духоўнасці і маральнасці. Тыповым увасабленнем народнага характару ў творы з'яўляецца Ясь Нямкевіч, гаспадарлівы і мудры селянін.
На прыкладзе вобраза Алеся Нямкевіча, аднаго з тагачасных выхадцаў з народа, пісьменнік асэнсоўвае значэнне, ролю інтэлігента і інтэлігенцыі на пуцявінах жыцця, у пошуках праўды і справядлівасці. Бальшавік Казлоў бачыць у Нямкевічу «душу нацыянальнага дэмакрата», не разумее ягонага патрыятызму, зводзіць сваю філасофію быцця да чыста матэрыяльных патрэбаў. На гэта Алесь пярэчыць, што «не ўсе захочуць жыць толькі дзеля жывата, хтосьці захоча жыць і дзеля душы. Скажам, зажадае мець сваю Бацькаўшчыну, дзяржаўнасць, гаварыць на роднай мове, спяваць любімыя песні, насіць сваё адзенне, спраўляць свае абрады. Не ўсе ж згодзяцца на нейкую адну мадэль мовы і культуры». Як свядомы нацыянальны інтэлігент і грамадзянін Нямкевіч фармуецца пад уплывам такіх грамадска-палітычных і культурных з'яў і варункаў, як занядбанне царскім урадам праблем сялянства, нацыянальнага пытання, духоўна-патрыятычнае абуджэнне інтэлігенцыі, пра што засведчыў настаўніцкі з'езд у Мікалаеўшчыне, выданне «Нашай нівы» і інш. За «шкоду веры, цару і Айчыне» Алеся асудзілі на тры гады турмы.
Раман «Гаспадар-камень» багаты на вобразы. Г. Далідовіч выявіў сябе майстрам стварэння паўнакроўных чалавечых вобразаў-тыпаў і малюнкаў народнага жыцця. Л. Ламека, якая стала адным з першых рэцэнзентаў гістарычных твораў пісьменніка, слушна адзначыла, што «калі ў архітэктоніцы рамана «Гаспадар-камень» галоўны мастацкі прынцып — даследаванне характараў, то ў «Пабуджаных» — даследаванне падзей».
І сапраўды раманы «Пабуджаныя» і «Свой дом» насычаны гістарычнымі падзеямі; Лютаўская рэвалюцыя на Беларусі, Усебеларускі з'езд 1917 г. і абвяшчэнне БНР, дзейнасць Беларускай сацыялістычнай грамады, утварэнне БССР, Трэці Усерасійскі з'езд, на якім па нацыянальным пытанні востра выступіў Зміцер Жылуновіч (Ц. Гартны), нямецкая і белапольская акупацыі і лёс дзяржаўнасці, супрацьстаянне партый, рухаў, ідэй... Тагачасныя падзеі былі надзвычай складаныя, супярэчлівыя, поўныя драматызму, трывог і спадзяванняў. Г. Далідовіч добра падводзіць да высновы аб тым, што ў 1917-1919 гг. вырашаўся лёс Беларусі, нацыянальнага Адраджэння, праблема будучыні народа, яго свабоды і незалежнасці. Пісьменнік стварыў разнапланавыя вобразы, выразна, ярка акрэсленыя ў сваёй сацыяльнай і чалавечай сутнасці. Многія з іх — рэальныя гістарычныя асобы. Гэта носьбіты нацыянальна-патрыятычных ідэй і поглядаў (З. Жылуновіч, А. Чарвякоў, Я. Дыла і інш.) і прапаведнікі вялікадзяржаўнага шавінізму, якія адмаўляюць беларусам у тым, каб звацца народам і нацыяй (А. Мяснікоў, В. Кнорын, К. Ландар і інш.). Аўтарскай удачай сталі характары нацыянальных інтэлігентаў Лашковіча, Васілевіча, Нямковіча. Гэтыя людзі не пазбаўлены памылак, недахопаў, але нязменнай застаецца ў іхняй душы вера ў справядлівае, годнае ўладкаванне свайго дома, імя якому — Беларусь. Самаахвярнасць — галоўная рыса характару тых, хто гатовы ісці на крыж, каб выратаваць свой народ, у якім «жыве не толькі страх, але ўжо і абыякавасць да свайго лёсу, да сваёй годнасці, пакорлівасць». Твор Г. Далідовіча нагадвае ўсім нам пра адказнасць перад гісторыяй і будучыняй.
Раман «Заходнікі» (1994) таксама твор гістарычны. У ім адлюстравана рэчаіснасць першых пасляваенных гадоў у былой Заходняй Беларусі. Час гэты, як паказвае пісьменнік, быў суровы, жорсткі, поўны сацыяльных і чалавечых драм. На вёсцы бальшавікі ўсталёўвалі сталінскія парадкі, пазбаўлялі чалавека права быць гаспадаром на сваёй зямлі, разбуралі яго спрадвечную сістэму поглядаў і каштоўнасцяў. Празаік стварыў сацыяльны тып кіраўніка-дэмагога, камуніста-прайдзісвета. Ім з'яўляецца старшыня сельсавета Кураглядаў. Упершыню падобны сацыяльны тыпаж мы сустракаем у аповесці М. Гарэцкага «Дзве душы» (вобраз бальшавіка Івана Карпавіча Гаршчка). Кураглядаў, адчуваючы ў руках уладу, становіцца ліхадзеем, увасабляе сваімі ўчынкамі і паводзінамі зло, бесчалавечнасць, нізасць. «Душагуб», «людаед», «нелюдзь» — такімі словамі выкрывае сапраўдную сутнасць Кураглядава Сцяпан Грыгаровіч, якога старшыня па-бандыцку забівае ў лесе. Да гэтага старшыня сельсавета загубіў ягонага дзядзьку Францішка. Кураглядаў з нянавісцю, бязлітасна распраўляецца са Сцяпанам: «Я нават з задавальненнем зводжу цябе з гэтага свету. Ты адразу тут мне не спадабаўся, стаў на маім шляху: бач, высокі, прыгожы, дужы, спрытны! Чалавек! Гаспадар! Асоба! Вясковы любімец!» Кураглядаў «ажыццяўляе ўладу», ідучы на хлусню, даносы, подласць. Да заходнікаў ён ставіцца варожа, бо, на яго думку, яны ўсе супраць палітыкі партыі: «Тут табе не спакойная савецкая Расія, тут — адмысловая зона. Заходнікі. Нелаяльныя людзі, а то і бандыты альбо іхнія памагатыя». У рамане Г. Далідовіча, як і ў ягонай трылогіі, камусьці нешта ўбачыцца спрэчным, не да канца асэнсаваным. Пісьменнік, думаецца, дасягнуў галоўнага: яго творы падштурхоўваюць да сур'ёзнага роздуму пра наша мінулае і сучаснасць.
Гісторыя, на жаль, застаецца для многіх з нас неспазнанай зямлёй, якую яшчэ трэба адкрываць і шырока абжываць. А што ў гэтым дапамогуць не толькі працы гісторыкаў, а і новы раман Г. Далідовіча «Кліч роднага звона», дык у гэтым няма ніякага сумневу. Твор пераносіць нас у XIII стагоддзе, у лёсавызначальны перыяд нашай мінуўшчыны, калі зараджалася новая беларуская дзяржава са сталіцай у Новагародку. Ідэя незалежнасці і разам з тым магутнага дзяржаўнага ўтварэння, як добра паказана ў рамане, стала жыццёва неабходнай, бо да гэтага падштурхоўвалі неспрыяльныя палітычныя ўмовы. Новагародскай зямлі, нягледзячы на тое, што яна прыкметна ўмацавалася, з усходу пагражала мангольскае зняволенне, з захаду — крыжацкая навала, да таго ж пад бокам, у Галіцка-Валынскім княстве, хітрыя і вераломныя планы апаноўвалі князя Данілу Раманавіча, а ў Літве з-за ўлады між князямі ўспыхнулі спрэчкі. Усю адказнасць гістарычнага моманту выдатна ўсведамляе смяротна хворы князь Ізяслаў, і таму ён дае наказ свайму ваяводзе і пасадніку Усяславу запрасіць на пасад князя Міндоўга, каб той разам са сваім сынам Войшалкам стварылі магутную беларуска-літоўскую дзяржаву.
Асноўны цяжар за лёс Новагародка лёг на плечы Усяслава. Асоба новагародскага пасадніка — цэнтральны вобраз першай кнігі рамана. Шматбакова акрэслены рысы яго характару, пераканальна паказана ў розных сітуацыях і абставінах матывацыя ягоных учынкаў. Усяслаў — мужны вой, прадбачнівы палітык і мудры дзяржаўны муж, адданы і бескарыслівы сын сваёй Бацькаўшчыны. За ўсё гэта новагародскага ваяводу высока цэніць Міндоўг, усхваляе яго, на што той адказвае: «Я не прагну ні вялікай улады, ні вялікай славы, Мендог. Я хацеў бы дабіцца, можа, зусім малога: каб край і люд наш былі вольныя, самі сабе гаспадары, здаровыя і багатыя, каб яны паважалі сябе і іншых, а іншыя паважалі нас». Пісьменнік малюе Усяслава як жывога чалавека, на ўнутраны свет якога вельмі моцна паўплывала каханне. Праблема асабістага шчасця, як вынікае з твора, была надзвычай важнай, не давала спакою чалавечаму сэрцу тысячагоддзі назад.
Любоўна-інтымная плынь у рамане, звязаныя з ёй інтрыга і напружанне ажыўляюць сюжэт, прыдаюць гістарычным апісанням жыццёва-рэалістычную пераканальнасць. Наогул, тут вельмі арганічна спалучаны грамадскае і асабістае, эпічнае дзеянне і эмацыянальна-псіхалагічны план выяўлення. Г. Далідовіч як мастак слова не спяшае фарсіраваць сюжэт, хоць ён дастаткова рухомы, а імкнецца да жывапіснасці і каларытнасці слоўных фарбаў, выразна індывідуалізуе мову сваіх герояў. Узнавіць тагачасную гістарычную атмасферу дазваляе выкарыстанне ў творы старажытнай лексікі, увядзенне замалёвак народнага побыту. Прыкметную кампазіцыйна-фонавую і эмацыянальную функцыю адыгрываюць прыродаапісанні. Пейзаж дапамагае лепш раскрыць адметнасць гістарычнага ландшафту: «На слонімскай, а пасля і новагародскай зямлі меншала балот, большала сосен і лісцевых дрэў, ляжалі пагоркавыя палі, адваяваныя не адным людскім родам агнём у бароў і падлескаў». Апісанні прыроды ў творы сціслыя, але тым не менш вельмі каларытныя і заўсёды да месца. У свой час І. Мележ добра выказаўся пра ролю пейзажу ў мастацкай прозе: «Выкіньце пейзажы з «Вайны і міру» або «Ціхага Дона» — і яны страцяць нешта вельмі істотнае». Сказанае можна з поўным правам аднесці да новага і многіх іншых твораў Г. Данілевіча.
«Кліч роднага звона» — разгорнутае мастацкае палатно. Што ж, тэма станаўлення і росквіту Вялікага княства Літоўскага таго заслугоўвае: там нашы вытокі, гонар і слава, гістарычная памяць народа. Ужо ў першай кнізе рамана выразна праглядваецца маральна-філасофская скіраванасць думкі пісьменніка: «Толькі той край блаславенны ў Бога, дзе шануюцца продкі і іхняе далей доўжаць нашчадкі. Калі ж гэтая повязь абарваная, дык нашчадкі няшчасцяць свой край, сябе, сваіх дзяцей і ўнукаў, а ўрэшце выраджаюцца і на гэтай зямлі прарастае наноснае семя...» Звон мінулага кліча нас, сённяшніх беларусаў, памятаць пра гэта, быць годнымі дзецьмі сваёй зямлі.
Вандроўка па рацэ Гісторыі
Дзве музы моцна паланілі яго сэрца: першая — гэта паэзія, другая — гісторыя. Леанід Дайнека прыйшоў у літаратуру як паэт. Ён выдаў зборнікі вершаў «Галасы» (1969), «Бераг чакання» (1972), «Начныя тэлеграмы» (1974), «Мая вясна саракавая» (1979), «Вечнае імгненне» (1985). Выбраныя вершы і паэмы з гэтых пяці кніжак склалі аднатомнік «Сняжынкі пад агнём» (1989), які стаў своеасаблівым творчым падрахункам на яго паэтычнай дзялянцы. У першай палове 70-х Л. Дайнека зрабіў сур'ёзную заяўку і ў жанры прозы. Неўзабаве выйшаўяго зборнік апавяданняў «Бацькава крыніца» (1976), а пазней пабачылі свет раманы «Людзі і маланкі» (1978), «Футбол на замініраваным полі» (1983). Аднак найбольшы літаратурны поспех выпаў яго гістарычным раманам «Меч князя Вячкі» (1987), «След ваўкалака» (1988) і «Жалезныя жалуды» (1990). За раман «Меч князя Вячкі» пісьменнік у 1987 г. атрымаў Літаратурную прэмію імя Мележа, а пазней, у 1990 г., гэты твор і раман «След ваўкалака» былі адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. Напісаў Л. Дайнека і раман у жанры фантастычнай прозы — «Чалавек з брыльянтавым сэрцам» (1992).
Паэтычны голас Л. Дайнекі пазначаны самабытнасцю індывідуальнага самавыяўлення і, як падаецца, яшчэ належным чынам не ацэнены крытыкай. Гэты мастак слова ўслед за У. Караткевічам праз напластаванні часу праніку мінулае роднага краю, апаэтызаваў таямніцы, загадкі «слядоў даўно мінуўшых год», вычуў рэха мінулага ў камені і кургане, сваю крэўную роднасць з далёкімі продкамі, сцвердзіў, што «наша памяць жывая». У вершах «Прадзеды», «Камяні, камяні...», «Курганы», «Званы», што ўвайшлі ў першы зборнік «Галасы», якраз і чуецца водгук мінуўшчыны, выяўляецца гістарызм аўтарскага мыслення. Гэтая тэндэнцыя паэтызацыі і цікавасці да мінулага знайшла працяг у далейшых кнігах Л. Дайнекі. Зрэшты, у 60-70-я гг. гісторыя адгукнулася і ў вершаваных радках іншых паэтаў — Р. Семашкевіча, В. Іпатавай, Н. Мацяш... У той час, калі ў модзе былі гучныя грамадзянскія тэмы (дарэчы, даніну ім аддаў і Л. Дайнека), вершы пра беларускую гісторыю выглядалі па-сапраўднаму неардынарнымі, нават смелымі. Многім гэта бачылася анахранізмам, адставаннем ад патрабаванняў часу і да т.п. У раздумлівасці, з пранікнёнай адухоўленасцю і пашанай дакранаецца паэт да мінулага ў вершы «Навагрудак»:
Гісторыка-патрыятычны дух поўніць радкі паэмы «Песня белага снегу», якая ўвайшла ў зборнік «Начныя тэлеграмы». Твор напісаны з эмацыянальнай страснасцю, пачуццём нацыянальнай годнасці і гонару за наша мінулае. Гэткі кірунак ва ўспрыманні і трактоўцы беларускай гісторыі ў 70-я гг бачыцца па-грамадзянску мужным, нават бунтоўным, па-мастацку наватарскім:
Мінулае ў паэме разгортваецца ў сваёй эпічна-драматычнай шырыні, тут паўстаюць вобразы нашых славутых продкаў, ажываюць старонкі гераічнага змагання за свабоду і чалавечую годнасць. Паэт турбуецца пра страчаную славу Беларусі, на высокай клічнай ноце сцвярджае, што родная зямля будзе жыць насуперак патаптанню і перанесеным пакутам: «...Але Каліноўскага голас чуцён, І гавару я: — Ты будзеш жыць!» З вышыні сённяшняга часу сёе-тое ў творы патрабуе ўдакладнення, аднак у цэлым ён напісаны ярка, пафасна, з выразнасцю і пачуццёвай глыбінёй сэнсавых акцэнтаў. Сэрца паэта поўніць вялікая любоў да Беларусі, і ён выказвае гэтую любоў з асаблівай пранікнёнасцю слова: «Радзіма! Не ў сіняе мора — //мне ў сэрца цякуць Твой вольны Дняпро, і Шчара, і Друць. Мне звоняць травой твае паплавы, Заснуць не даюць твае журавы».
Паэтычны зборнік «Вечнае імгненне» Л. Дайнека таксама пачаў з патрыятычнага сцвярджэння: «Мы — народ. Мы — народ. Мы — галоўная сіла» (верш «Народ»), Паэт усведамляе, як важна адчуваць сябе часцінкай вялікага цэлага і не адстаць ад народа. Паэт успрымае свой народ як нашчадкаў крывічоў і дрыгавічоў, са спрадвечнымі сялянскімі імёнамі, бачыць яго як дойліда і змагара, з мячом і плугам, ведае пра яго пакуты і радасць. Л. Дайнека выяўляе глыбокую духоўна-генетычную повязь з мінулым:
У зборніку «Вечнае імгненне» прыкметна вылучаецца нізка вершаў «Постаці гісторыі айчыннай», у аснове якой ляжыць паэтызацыя вобразаў вядомых людзей беларускай мінуўшчыны, пра што самі за сябе гавораць назвы твораў: «Вячка. 1224 год», «Лышчынскі. 1689 год», «Вецер. 1744 год», «Грынявіцкі. 1881 год», «Чарвякоў. 1922 год». Зноў жа, з пазіцый сучаснасці, не ўсё ў некаторых з гэтых вершаў у светаасэнсавальным плане выглядае бездакорна, бо сёння ў новым святле адкрываюцца факты і старонкі мінулага. Звярнуўшыся да нашай гісторыі, Л. Дайнека імкнуўся выявіць свабодалюбнасць і патрыятызм беларускай душы:
Тэма гісторыі сталася сэнсава значнай і магістральнай і на празаічнай ніве Л. Дайнекі. Сучасную гістарычную раманістыку ўжо немагчыма ўявіць без твораў гэтага пісьменніка. Поруч з творамі У. Караткевіча, В. Іпатавай, У. Арлова яго раманы вельмі істотна пашыраюць дыяпазон мастацкага адлюстравання і асэнсавання мінулага, узбагачаюць нас светапоглядна і духоўна, робяць гістарычны мацярык па-сапраўднаму цікавым і прывабным.
Раманы «Меч князя Вячкі», «След ваўкалака» і «Жалезныя жалуды» складаюць гістарычную трылогію, у якой намаляваны асобы і падзеі нашага старажытнага мінулага. Твор «Меч князя Вячкі» пераносіць нас на пачатак XIII ст., калі на Полацкае княства абрынулася крыжацкая навала. Тэўтоны імкнуліся падначаліць славянскія і прыбалтыйскія землі. Мужным абаронцам Полацкай зямлі, непрымірымым ворагам крыжакоў паўстае князь Вячка (Вячаслаў Барысавіч), вобраз якога ў рамане займае цэнтральнае месца. Ён — любімец народа і сам шчаслівы, што належыць да такога духоўна нязломнага, самаахвярнага народа. Пісьменнік паказвае князя Вячку як патрыёта роднай зямлі, багатую і свабодалюбівую натуру. Вячка бачыць, што варагаванне паміж князямі, іхнія амбіцыі нясуць бацькаўшчыне толькі шкоду, становяцца спрыяльнай глебай для крыжакоў у ажыццяўленні сваіх захопніцкіх намераў. Князь Уладзімір, паводле трактоўкі Л. Дайнекі, прамая процілегласць Вячку: ён турбуецца толькі пра «княжую ўладу», а не пра тое, як спыніць крыжацкую агрэсію. Вячка даводзіць яму аб неабходнасці прымірэння, яднання перад пагрозай каварнага, хітрага ворага, бо ўсведамляе, што галоўнае — гэта ўтрымаць незалежнасць, выратаваць свой народ ад рабства: «Трэба ахвяраваць, ахвяраваць шмат чым, каб заўтрашнія людзі на нашай зямлі мірна жылі...» У раманс вельмі шмат драматычна-трагедыйных сцэн і эпізодаў. Пісьменнік стварае яркі вобраз народнага героя — Якава Палачаніна. Менавіта ён пасля гібелі князя Вячкі выносіць ягоны меч, які сімвалізуе няскоранасць нашага народа. Епіскап Альберт, арганізатар крыжацкага паходу, узрадаваны перамогай, прыносіць вестку пра смерць князя Вячкі. Аднак храніст Генрых пасля жорсткай сечы працяты ўсведамленнем непераможнасці тых, у каго яны хочуць забраць зямлю і волю. Таму Генрых у роспачы-адчаі выкрыквае: «Ён перамог! Ён перамог!»
У цэнтры рамана «След ваўкалака» — вобраз славутага Усяслава Чарадзея, які, згодна легендарных звестак, валодаў незвычайнымі здольнасцямі — «разумеў галасы ўсяго жывога», мог перакінуцца ў ваўкалака. У «Эпілогу» рамана Л. Дайнека так гаворыць пра гэтага валадара Полацкай зямлі: «Князь Усяслаў яркай зоркай прамчаўся па трывожным небасхіле адзінаццатага стагоддзя. Пры ім Полацкае княства дасягнула сваёй найвышэйшай магутнасці». Пісьменнік паказвае Усяслава ў вельмі драматычны, лёсавызначальны момант: разам з сынамі яго паланілі кіеўскія князі Яраславічы, пасадзілі ў поруб, дзе ён звыкся з думкаю, што сканае ў няволі. «Вельмі любіць Усяслаў свой Полацк, Полацкую зямлю», ён — мужны і адважны вой — трымаецца перад Яраславічамі з гонарам, высакародна. Неўзабаве на Кіеў рушылі палавецкія орды хана Шарукана. У горадзе ўспыхнулі народныя хваляванні і незадаволенасць. Кляне вызвалілі з поруба Усяслава і даверылі яму свой лёс. У цяжкую, смяротную хвіліну, узначаліўшы войска Кіян, ён моцным шчытом адкідвае палавецкую навалу. Аднак потым Усяслаў адмаўляецца ад велікакняжацкага трона, бо не хоча, каб палілася кроў у міжусобіцах, каб па касцях славян хан Шарукан увайшоў у Кіеў»: «Не хачу крыві і бягу ў Полацк. Люблю Кіеў, але Полацк люблю болей». Усяслаў паўстае як дальнабачны, разважлівы палітык, глыбока маральная асоба. У рамане яскрава паказаны тагачасныя рэлігійныя супярэчнасці, якія вялі да процістаяння, непрымірымасці, гвалту. І гэтага не прымас князь Усяслаў, бо і «дзеці Перуна» і хрысціяне — людзі адной зямлі.
Раман «Жалезныя жалуды» вяртае нас у часы зараджэння беларуска-літоўскай дзяржавы (пачатак — сярэдзіна XIII ст.) і таксама ўваскрашае гсроіка-трагсдыйныя старонкі змагання нашых продкаў з іншаземнымі захопнікамі. Адзін з цэнтральных герояў твора — князь Міндоўг, які стаяў ля вытокаў Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Менавіта ён у гады свайго княжання аб'яднаў беларускія і літоўскія землі ў адзіную дзяржаву са сталіцай у Новагародку. Гэты князь здолеў кансалідаваць сілы і разбіць тэўтонскія полчышчы: «Войска Беларуска-літоўскай дзяржавы было тым сталёвым па моцы і нечаканасці молатам, які цяжка ўдарыў у самае сэрца Ордэну». Аднак Л. Дайнека не ідэалізуе гэтага князя як палітыка і чалавека. Новая дзяржава славян і літоўцаў «нарадзілася ў вялікіх пакутах, агні і крыві». Таму згода і спакой у дзяржаве аказаліся прывіднымі: «У гэты ж самы час дажываў свае апошнія дні Міндоўг. Яму здавалася, што мір і спакой «наступілі нарэшце ў дзяржаве, што яго палюбілі ўсе: і сяляне, і купцы, і баяры, і ўдзельныя князі. Яму здавалася, што даўно высахла кроў ягоных праціўнікаў, ягоных родзічаў, усіх, каго ён забіў». Яркую індывідуальна-мастацкую характарыстыку і псіхалагічную абмалёўку набылі ў рамане вобразы князёў Далібора, Ізяслава, Войшалка. Пісьменнік выяўляе важкую канцэптуальнасць думкі, вядзе дэталёвы аналіз падзей і калізій часу. Ён стварае жывыя дыялогі, дасягае ёмістых характарыстык і абагульненняў, маляўніча жывапісуе словам. Пры гэтым не губляюцца напружанасць дзеяння, цікавасць і займальнасць апавядання.
Л. Дайнека ствараў свае гістарычныя раманы з думкай пра адраджэнне ў нашай душы і свядомасці гістарычнай памяці. Ён пайшоў шляхам вывучэння і мастацкага асэнсавання мінулага, каб паказаць нам, сваім сучаснікам, найперш юным грамадзянам Беларусі, што мы з'яўляемся тым народам, які мае цікавае і самабытнае мінулае. Пісьменнік прызнаецца, што гэты шлях пазнання старажытнай гісторыі досыць нялёгкі, атулены смугою сівых вякоў: «Цяжка плыць па рацэ, імя якой — Гісторыя. Асабліва цяжка дабірацца да вытокаў, да тых мясцін, дзе ракі, па сутнасці, няма, ёсць тоненькія ручайкі, вадзяныя ніткі, з якіх праз колькі дзесяткаў кіламетраў спляцецца, сатчэцца шырокі абрус ракі». Можна па-добраму пазайздросціць усім тым, хто сёння бярэ ў рукі кнігі Л. Дайнекі, бо ранейшыя пакаленні, у тым ліку і маё, не мелі такой выдатнай магчымасці праз мастацкую прозу адкрываць беларускае і славянскае мінулае. Найперш хочацца звярнуцца да школьнай моладзі: давайце ж паплывём з пісьменнікам па рацэ Гісторыі — і вернемся з гэтай вандроўкі больш дасведчанымі, гістарычна памятлівымі, духоўна багатымі і мудрымі людзьмі.
2
«Самотнае стаіць над намі неба...»
«Паэзія, твой крок чуваць!» — усклікнуў калісьці паэт. А ці заўважны сёння яе крок? Ці чуе хто паэтаў — «галаснікоў вякоў»? Зрэшты, у розныя часы крок беларускай паэзіі быў розны: паскораны і магутны, як на пачатку XX стагоддзя, па-маладому энергічны і шматабяцальны, што было характэрна для 20-х гг., гучны, але запаволены, як у 30-50-я гг., уздымны і паходны ў гады вайны, напорысты і мужны, спароджаны так званай «адлігай» 60-х, паспешлівы і ў многім аднастайны, як у 70-80-я гг., разняволены і непрадказальны — з сярэдзіны 80-х... Праўда, паэтычнаму слову заўсёды была ўласціва разнастайнасць канкрэтных праяў, а не выключна адна мастацка-стылёвая арыентацыя. На зыходзе XX стагоддзя хада нашай паэзіі вельмі розная, часам нязвычная, але калі вызначаць духоўна-эмацыянальную змястоўнасць і эстэтычную скіраванасць па галоўнай дамінанце, то нельга не заўважыць, што гэтая хада ў многім стала ўнутрана асэнсаванай, роздумнай і, я б сказаў, больш асабовай.
У паэзіі апошніх гадоў паменела безасабовай агульшчыны і барабаннага грукату. Пад заслону веку, які прынёс нам так багата зла, бяды і расчараванняў, час гучных і радасных рытмаў нібыта мінае, бо надышла пара сумных вершаў, інтымнай споведзі, у якой вядучым стаў драматычны пафас.
Элегіі Сяргея Грахоўнага гучаць як вынік перажытага болю, няпраўды, непрымання сённяшняга разбурэння чалавечых асноў свету, распаду духоўнасці, фальшу і маны. Часам з вуснаў паэта гучаць усхваляваныя запытанні:
Так, паэт перажыў «інфаркт... душы», і таму вельмі зразумелыя яго абвостраная туга, нават роспач.
У абладзе невясёлага роздумнага настрою і Генадзь Бураўкін, які, наракаючы на «жорсткі час», задае трывожнае пытанне: «Няўжо былыя святы адплылі І радасць не заграе больш на дудцы?» (верш «Што ты зрабіў са мною...»). Паэт шчыра прызнаецца: «За ўсіх баліць маё слабое сэрца...» Што і казаць, збалеліся, моцна зняверыліся, напоўніліся элегізмам і драматызмам сэрцы многіх паэтаў. «Пазмрачненне — гэта ўжо цалкам з сённяшняга светаадчування, з нясцерпна-балючай сутнасці нашых сацыяльных і нацыянальных ускладненняў і трагедый»,— слушна піша М. Арочка. Але, думаецца, прычына тут не толькі ў гэтым. Не адзін творца перажывае нешта сваё балюча-асабістае або ідзе, як некалі Янка Купала, Уладзімір Дубоўка, Язэп Пушча, шляхам трагедыйнага светапазнання. Наогул жа паэт па прыродзе сваёй — самотнік, адзінотнік, бо толькі сам-насам адкрываецца праўдзівая і глыбінная сутнасць быцця. Мае рацыю М. Мішчанчук: «Культадзіноты, культасобы, культ бязмежнай каштоўнасці таго, што адбываецца ўдушы АДЗІНКІ,— традыцыя, без якой літаратура, мастацтва ўвогуле не могуць існаваць». Сённяшняя паэзія, вобразна кажучы, востраў чалавечай самоты, смутку і трывогі ў тлумным моры рэчаіснасці.
«Заложнікам цемры» адчувае сябе лірычны герой Леаніда Галубовіча. Ён знаходзіцца ў палоне медытатыўных рэфлексіі апускаецца «ў нетры... прыроды чалавечай з вечным часам». Паэт асэнсоўвае тое адвечнае, што неадступна паўстае побач: дабро і зло, святло і змрок, вечнае і часовае, боскае і падманна-фальшывае. Верш Л. Галубовіча адчувальна герметызаваны, напоўнены суб'ектыўна-інтымнай роздумнасцю. Тым не менш у «Элегіі зыходу. XX век» ён звязвае свае думкі з агульназначнай праблемай быцця: «О, Маці боская, хто пашкадуе нас І хто падзеліць нам пароўну хлеба? Дзе сын-прарок твой, хоць на гэты час?» Каб пераканацца ў тым, што матывы адзіноты і скрухі, вечара і змроку на схіле XX стагоддзя — дамінантная рыса паэтычнай свядомасці, прывяду яшчэ колькі прыкладаў:
Адзін з самых сэнсава значных і трагедыйных вобразаў сучаснай паэзіі — вобраз крыжа. Крыж і іншыя біблейска-хрысціянскія матывы нібы вяртаюць нас да паэзіі пачатку стагоддзя, творчасці клерыкальных паэтаў і паэтаў эміграцыі. У гэтым бачыцца адраджэнне вялікай духоўнай і маральнай традыцыі нашай паэзіі. У Рыгора Барадуліна крыж сімвалізуе пакутніцкі лёс Беларусі, становіцца знакам трагедыі і разам з тым увасабленнем надзеі на выратаванне. Паэт складае пранікнёную малітву:
Трагізм у Р. Барадуліна згушчаны, часам, здаецца, безвыходны: «І непрытомная душа ў паганстве Асланяе сябе крыжам. Крыжам чарговай магілы...» («Душа, як ні пратнецца ёй...»). Алегорыя крыжовага лёсу вымалёўваецца і ў пейзажы: «Адно вароны, як чорныя геніі, Абсяг крыжуюць да небакраю» («Сухотныя крыгі...»). Паэт прапаведуе «Евангелле ад Мамы» — усё самае святое і чалавечае, што можа духоўна ўратаваць нас і ўзвысіць як народ.
Крыжовы шлях — гэта злавесная і цяжкая кара, бо сёння наша Беларусь «на Чарнобльскім Крыжы» (Зьніч). Паэты ўсім сэрцам перажываюць наступствы бяды, апелююць да Бога, выгаворваюць свае балючыя нараканні, задаюць шчымліва-хвалюючыя пытанні:
Пакутніцкі крыж, мусіць, невыпадкова дадзены народу, які выракаецца Бацькаўшчыны, сумлення, гатовы прадаць сваю душу і памяць д'яблу: «Якія мы — такая й доля...» (А. Пісарык. «Крыжы памяці»), В. Шніп стварыў не адзін малюнак разбураных храмаў, апаганеных крыжоў і святыняў. Праўда, заўважаецца ў вершатворчасці паэта і пэўная вобразная аднастайнасць. Тым не менш ён здолеў праз алегарычнасць, прытчавасць інтанацый выказаць хвалюючую думку пра трагічнасць нашага нацыянальнага быцця:
Жыццёвы шлях чалавека ў нечым абавязкова драматычны і складаны. «Кожны нясе свой крыж?» — ужо самой назвай верша пытаецца Мікола Купрэеў і ўсім яго вобразна-эмацыянальным зместам уражліва даводзіць, што мукі, пакуты — наканаванасць лёсу, цяжар душэўных выпрабаванняў на гэтай зямлі:
Падобныя радкі — сведчанне глыбокага ўнутранага самаасэнсавання.
І ўсё ж калі б я сказаў, што толькі трагедыйнае вызначае духоўна-эмацыянальны свет радка, то, несумненна, памыліўся б. Хіба можна ўявіць лірыку без зямных светлых і радасных пачуццяў? Аднак аптымістычнае — гэта хутчэй не тыповы стан сённяшняй паэзіі, а покліч душы, прага ідэалу, імкненне сцвердзіць «над абрывам» неўміручасць усяго вечнага і прыгожага на зямлі. З Богам, светлымі сіламі заручае надзею на збавенне паэт Сяргей Панізнік, выказвае, праўда, свае пачуцці неяк крыху абстрактна:
«Палюбім свет, які пяе ля вокан...» — заклікае паэт Мар'ян Дукса, але разам з тым сваёй вершаванай публіцыстыкай нібы пераконвае ў адваротным: «Ні вольнасці, ні лёту, ні адхлання — хтось хоча нам перахапіць дыханне» («Спрут»). Яго вершы надзейна змястоўныя, напоўненыя шчырай трывогай, асэнсавальным роздумам, але часам, на жаль, уяўляюць сабой больш сацыяльна-палітычны аналіз нашай сучаснасці, чым паэзію глыбокіх перажыванняў.
Вельмі заўважна, што нацыянальна-адраджэнская тэма набыла таксама драматычнае гучанне, пра што могуць красамоўна пасведчыць вершы Р. Барадуліна «Аддзяка», В. Гардзея «Пасля рэферэндуму», Г. Бураўкіна «...Ідзе ў кабінетах высокіх гульня...». Драматычна-трагедыйны тон многіх вершаў абсалютна зразумелы — сёння стаіць «санцапёк чужых ідэй, чужое мовы» (В. Сахарчук. «Манкурт»), Празорлівым, на вялікі жаль, аказаўся паэт: «...Далёка нам яшчэ да Беларусі!» (Н. Гілевіч). Часам трывожна думаецца: няўжо збудзецца сумнае прароцтва-папярэджанне Пімена Панчанкі: «Гэта наша настала змярканне. Гэта з мовай маёй... Развітанне»? Нібы аглух народ, не чуе сваіх шчырых сыноў. Сумнеў, адчай, трывога б'юцца ў шматлікіх вершаваных радках: «І гэтак жахліва, калі не ўваскрэсне народ...» (В. Іпатава). Дык ці даляціць голас паэтаў да беларусаў, ці ўстрывожыць іхнія сэрцы і розум?
І ўсё ж сама надзённасць, тэматычная праблемнасць, як падаецца, другасны хлеб паэзіі. Першаснае — асабовасць самавыяўлення, глыбіня пачуццяў, краса слова і вобразаў. І яшчэ думаецца пра тое, што сацыяльная публіцыстыка, грамадзянскія вершы не павінны засланяць вечныя тэмы, лірыку прыроды ці кахання, бо калі адбываецца крэн, знікае раўнавага, то непазбежна ідзе інфляцыя паэтычнага радка як мастацкага слова. Нехта з катэгарычнасцю запярэчыць: без палітыкі, сацыяльнай крытычнасці сёння нельга. Што ж, сапраўды паэзія — жанр, так бы мовіць, хуткага рэагавання. Але добра, калі ва ўсім захоўваецца мера. Тое, што ў зборніку Васіля Зуёнка «Пісьмы з гэтага свету» (1995) публіцыстыкі і палітыкі праз край, дык гэта відавочна. Не сказаць, каб паэту бракавала майстэрства гірамаўлення, наадварот, у лепшых творах ён піша з сэнсава-вобразнай ёмістасцю, узважанасцю слова, па-грамадзянску ўзрушана, наступальна, нярэдка са з'едлівай іроніяй. Асабліва ягоны радок кранае там, дзе гучыць з роздумнай спавядалыіасцю, з пачуццёвай прачуласцю:
Мяне як чытача неаднойчы захаплялі творы В. Зуёнка яркага вобразна-выяўленчага жывапісу, медытатыўнага настрою. «Лістапад-прадзімнік...», «На полі, як сусвет...», «Прадвесне», «Цікава ўсё ж зірнуць...», «Дзе разнатраўя шугалі рэкі...», «Разарвуцца сутак абручы...», «Зноў — насуперак календарам...» — тыя вершы-залацінкі ў «Пісьмах з гэтага свету», эмацыянальна-энергетычнае поле якіх асабліва прыцягальнае. Тут ярка раскрываецца пейзаж і філасофія душы паэта. І ў апошніх публікацыях (Полымя. 1995. № 5; Маладосць. 1995. N° б і інш.) В. Зуёнак уражвае як творца глыбокага філасофскага светаадчування. У яго лірыцы паболела элегічна-медытатыўных перажыванняў, роздумаў пра вечнае, лёс чалавечы, душу і Бога:
Але досыць часта, на мой погляд, з яго вуснаў чуецца палітычная рыторыка, прасякнутая ваяўніча-выкрывальным пафасам, голая фактаграфія. Дастаецца былому ЦК, партакратам, камуністам, псеўдадэмакратам, камерсантам і г д. Безумоўна, не можа не імпанаваць грамадзянская пазіцыя паэта, яго пачуццё адказнасці за наш агульны лёс. І ўсё ж, здаецца, гэта якраз той выпадак, калі аўтара паглынае час з яго палітычнымі павевамі і калізіямі:
На мой погляд, у цэлым атрымаўся зборнік палітлірыкі, які выклікае неадназначнае ўспрыманне.
Але што зробіш, калі рэчаіснасць наша поўная абсурду, усялякага гідкага вычварства, дурноты. Мусіць, Р. Барадулін невыпадкова назваў свае лімаўскія сатырычныя мініяцюры менавіта так: «Дурноты». Смех паэта бойкі, з'едлівы, куслівы, часам па-народнаму грубы:
У цесным духоўным кантакце з рэчаіснасцю знаходзіцца Раман Тармола-Мірскі. Ён выяўляе смеласць і інтэлектуальную вастрыню думкі, робіць ёмістыя абагульненні. Вершы Р. Тармолы-Мірскага — палкі грамадзянска-публіцыстычны водгук сэрца, абвостранае «перажыванне рэчаіснасці» (выраз Ю. Марцінкявічуса). Аднак хацелася б, каб паэт паглыбляў эстэтычную глыбіню вобраза, пазбягаў штучнай асацыятыўнасці: «Я цалую цябе ў твае дзяржаўныя губы. Ты яшчэ не памерла... Не будзеш ты мерцвяком!..» («Дзень роспачы»).
Грамадзянскае і асабістае заўсёды цесна паядноўваліся ў мастацкім свеце Г. Бураўкіна. У гэтым плане яму як спадарожнічала творчая ўдача, так надараліся і відавочныя пралікі.
Вершы «Наіўная і смешная ўлада...», «Цяпер шыкуюць новыя паны...», «Нехта кажа...» і некаторыя іншыя сведчаць пра абвостранае ўспрыманне паэтам рэалій часу, пра яго маральную пазіцыю. За радкамі выразна праглядваецца асоба творцы. І асабліва радуе, што поруч з публіцыстычна-прамоўніцкімі інтанацыямі ёсць месца і адухоўленаму палёту пачуццяў, паэтызацыі кахання, прыгожага на зямлі:
У наш змрочна-брыдкі час адчуваеш асаблівую прагу па лірыцы чыстай красы: яна — таксама спаганенае душы, ратунак ад д'ябальскага матэрыялістычнага наслання, набліжэнне духоўнасці, чысціні, любові ў гэтым свеце, далёкім ад прыгажосці і дасканаласці. Хіба можна пражыць без красы прыроды і кахання? Не дай Божа, каб зноў у ахвяру грамадскаму, калектывісцкаму самазабыўна прыносілася светлае, высокае, інтымнае і паэты заглушалі тыя глыбінныя імпульсы, якія сілкуюць чалавечае жыццё. У гэтым сэнсе імпануе шчырае прызнанне Г.Бураўкін ў вершы «Я думаў: без кахання пражыву..»: «Не, без кахання я не пражыву. Не пражыву я без цябе ніколі...»
«Песні пра каханне» — так красамоўна назваў сваю нізку вершаў Анатоль Сыс (ЛіМ. 1995. 29 снеж.). Яна запамінаецца драматызмам пантавага светаадчування, спавядальнасцю інтанацый:
А. Сыс выпявае свае пачуцці тугі і смутку, ён, наракаючы на лёс, выказвае тое, як няпроста яму жыць, кахаць... Здаецца, у паэта няма самалюбавання, ёсць цяжар душэўнага пакутніцтва, жаданне паспавядацца перад Паэзіяй і Богам.
Хараство паэзіі, акрамя ўсяго, у музычнай пластыцы радка, маляўнічай вобразнасці слова. Гукапісам гіпнатычна валодае Эдуард Акулін. Яго лепшыя вершы нагадваюць цудоўныя кветкі, дагледжаныя з любоўю і пяшчотай:
Прыцягальнасць паэтычнага радка Міхася Скоблы ў неардынарнай вобразна-асацыятыўнай выяўленчасці:
Метафарычная вобразатворчасць паэта яркая, каларытная, яна ў лепшых традыцыях беларускага паэтычнага жывапісу: «І дрыжаць ліхтары жаўтаротыя ў гнёздах, сплеценых з мокрых галін» («Назіркам»), Тут міжволі згадваецца віртуозная жывапісная маляўнічасць У. Дубоўкі і Я. Пушчы, А. Вялюгіна і Р. Барадуліна. Па-мастацку ўражлівая пейзажная карціна створана ў творы «Чатыры паклоны лесу», які, па сутнасці, можна назваць міні-паэмай. Лес — адвечны архетып беларуса, яго храм, і таму паэт прычашчаецца красою і мудрасцю зялёнага свету.
Увогуле кажучы, сённяшняя паэзія ўпісала не адну яркую старонку ў паэтычную энцыклапедыю беларускай прыроды. У гэтым сэнсе бывае крыўдна слухаць, што мастацкае ўвасабленне вобразаў флоры і фауны, пейзажныя замалёўкі — гэта ўсяго эстэтызаваныя «охі», свядомая ізаляцыя ў сваім мікрасвеце. Даводзілася чуць, што на тэму прыроды лягчэй за ўсё графаманіць, што яна, гэтая тэма, узроставая хвароба маладых ці старых паэтаў. І такое гавораць людзі, якія ведаюць пра пейзажныя шэдэўры Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча! А мо проста дрэнна, раўнадушна чыталі класікаў? Выдатна сказаў Р. Гамзатаў: «Той, хто перакладае мову прыроды на чалавечую мову, той паэт... Паэт добры тады, калі становіцца часцінкай прыроды. Хаця б лістком дрэва».
В. Вітка — адзін з такіх выдатных перакладчыкаў мовы прыроды. Яго пейзажная лірыка поўніцца чуйнай любоўю да ўсяго жывога, усхваляванымі экалагічнымі матывамі (вершы «Зацвіла акацыя», «Пчала» і інш.). Вось як пранікнёна, з тонкай гукавой інструментоўкай радка перадае ён музыку вясновага вечара:
«Паэт, як вір...» — трапна сказаў Р. Барадулін. Здаецца, гэтыя словы можна цалкам аднесці да Навума Гальпяровіча — паэта ўнутрана самапаглыбленага, одумнага:
Лірыка Н. Гальпяровіча пазбаўленая пазёрства, эмацыянальнай расхістанасці радка. У ёй галоўнае — настраёвасць фарбаў, мяккасць абрысаў верша.
Сёння, кажучы словамі старэйшага паэта В. Віткі, «на полі слова новыя ўжо ратнікі». Сярод іх Андрэй Гуцаў, Святлана Явар, Алесь Пашкевіч, Кацярына Мяшкова, Вольга Угрыновіч і іншыя маладыя. Але хто гэта там выйшаў на літаратурнае поле з тазікамі і балейкамі? Напэўна, вы здагадаліся: то сваволіць «Бум-Бам-Літ». Маладыя абвяшчаюць, што іх «рух вольны (хутчэй броўнаўскі)», таму «выдумы і творы могуць быць усялякія». Чытайце іхнія творы — і мяркуйце самі, што гэта: эпатаж, гвалт над формай ці нешта іншае... Мне асабіста было весела, пацешна знаёміцца з вершатворчасцю Зміцера Вішнёва, Сержа Мінскевіча, Усевалада Гарачкі, Наталлі Шкурдзь і іншых. Часам я нават імкнуўся быць глыбакадумным, каб зразумець, што тут да чаго. Галоўнае, каб гэтая «маладзёжная класава-карпаратыўная субкультура» (С. Чупрынін) не стала эталонам высокіх эстэтычных густаў, не ператварылася ў зацяжную хранічную хваробу. Думаецца, што нехта з сённяшніх «бумбамлітаўцаў» рана ці позна задумаецца пра сваё «Узвышша».
У сённяшняй паэзіі — і вострасацыяльнай і на вечныя тэмы — далёка не ўсё яркае, выдатнае, тым больш шэдэўральнае. Недахопаў багата, і многія з іх бачацца такімі старымі, як неба над намі. Тым не менш рызыкну вылучыць дзве асноўныя негатыўныя тэндэнцыі.
Першая — гэта трывіяльнасць, інертнасць паэтычнага мыслення, гладкапіс. Прачытайма наступныя радкі:
Асобу працытаваных вершаў цяжка ідэнтыфікаваць, бо яны пазбаўлены вобразнай яркасці, магнетызму пачуцця. Належаць радкі З. Марозаву — паэту, які, трэба прызнаць, зрэдку ўсё ж здольны выказвацца інтымна, пранікліва-хораша (вершы «Дзе вы цяпер, мае сябры?..», «Зноў хмурыны здалёк прыплылі...»).
Другая тэндэнцыя звязана з імкненнем многіх паэтаў да празмернай ускладненасці моўна-выяўленчых сродкаў, а то і абсалютна цьмянай, як беспрасветная ноч, вобраза-творчасці. Падобныя вершы, праўда, могуць выклікаць ілюзію нейкай новай мовы, але больш за ўсё, на маё ўспрыманне, ствараюць эфект сапсаванай мазаікі, нагадваюць вершаваныя практыкаванні, пазбаўленыя эмацыянальна-сэнсавай, духоўна-эстэтычнай глыбіні. Архімудрагельства — прыкмета творчасці Вольгі Куртаніч і Валянціны Аксак, якія часам падаюцца мне паэткамі эміграцыі: «...І выдзеў б мой розум зняўцерпу адзін. Зняўцерпу накрыў мяне іншы» (В. Куртаніч), «і мой гаўбец цяжарны змесцівам», «Вядлее кава, //цямнее настоены трунак,//на небакраі //натурыцца ўскрэснуць святло. Фалдай ядвабу // аздобіла змрочны прытулак...» (В. Аксак).
Колькі слоў варта сказаць пра эпас. Час цяпер, скажам шчыра, не паэмны і не эпічны. Вось чаму паэма прыкметна лірызуецца, становіцца больш лаканічнай і дынамічнай. Прыкладам тут могуць служыць паэмы В. Зуёнка «Падарожжа вакол двара» і А. Лойкі «На залатым перазове». Паэма В. Зуёнка вянчае ліра-эпічны цыкл з пяці твораў, які, па сутнасці, уяўляе паэтычную пенталогію — «Сяліба», «Маўчанне травы», «Прыцягненне», «Лукам'е» і «Падарожжа вакол двара». Заключная паэма напісана на лірычна-спавядальнай ноце, з маральна-публіцыстычным пафасам. Наогул, гэты твор шматпланавы, шматслойны. Цэнтрам сусвету, «павелічальным шклом» у светаасэнсаванні паэта паўстаюць вобразы роднага двара і маці:
Увесь эпічны цыкл В. Зуёнка — маштабна-філасофская карціна быцця нашага народа, яго гісторыі, духоўных шуканняў.
Паэма Алега Лойкі — сімфонія радзімы, у якой гучыць перазвон назваў вёсак і гарадоў, музыка ўзнёслая і драматычная пра лёс бацькоўскай зямлі. Паэт пакланяецца людзям, дрэвам, пейзажам бацькаўшчыны, усяму роднаму, дарагому, з чым звязана памяць асабістая і народная. Рытм паэмы адрывісты, як перастук колаў цягніка.
Бадай, як ніхто іншы, сёння шмат робіць для развіцця філасофскай паэмы Алесь Разанаў. Ад міні-характарыстыкі рэчыва ў вершаказе «Гліна», змешчаным у зборніку «У горадзе валадарыць Рагвалод» (1992), ён у паэме «Гліна» ўзняўся да эпічна-разгорнутага, шматграннага асэнсавання прыроднага матэрыялу — гліны. Ракурс светапазнання, інакш кажучы, пашырыўся і паглыбіўся. Думка А. Разанава мае важкую гісторыка-эстэтычную і культуралагічную ўгрунтаванасць. Паэт адкрывае «сэнс... невядомы» рэчыва, робіць яго своеасаблівым люстэркам прыроды чалавечай, вопыту і гісторыі чалавецтва.
Адметна ўзвышаецца ў сучасным эпасе гісторыка-філасофская паэма А. Разанава «Усяслаў Чарадзей». Тут думка паэта скіравана да «прадоння мінулых гадоў», спазнання духу гістарычнай асобы, філасофіі быцця чалавека ў сваім часе, у плыні вечнасці. Паэт выяўляе зайздросную інтэлектуальную праніклівасць і асацыятыўную раскаванасць мыслення.
Пашырыліся і паглыбіліся эпічныя абсягі У. Някляева (паэмы «Індыя», «Прошча», «Саракавіны» і інш.).
У сённяшняй паэзіі, як бачым, ёсць на што звярнуць увагу, аб чым пагаварыць і нават паспрачацца. Паэзія — тая дарога ў свет трывог, красы, любові, на якой адчуваеш сябе духоўна паўнацэннай асобай. Сапраўдная паэзія для нераўнадушнага чалавечага сэрца «адна, З якой мы робімся шчаслівей Ці спальваем сябе да дна» (Р. Тармола-Мірскі).
«Бядой запаленае Слова»
Дзень 26 красавіка 1986 года ўвайшоў у гісторыю Беларусі і ўсяго чалавецтва як адна з самых трагічных старонак XX стагоддзя. Чарнобыль нібы ў апошні раз папярэдзіў сучасную тэхнізаваную цывілізацыю пра безадказнасць і бяздумнасць яе існавання, падвёў яе да бездані самазнішчэння і па-гамлетаўску завастрыў пытанне: быць ці не быць на зямлі чалавеку і жыццю?
Атамна-ядзерны выбух на чацвёртым блоку Чарнобыльскай АЭС стаў страшным пакараннем радыяцыйным апраменьваннем, смяротнымі пакутамі, бежанствам, анкалагічнымі хваробамі, іншымі наступствамі. Свет, час і лёс для беларусаў — а гэта яскрава праяўляецца ў нашай паэзіі — трагічна раздвоіліся, раскалоліся папалам: «Адлік пачынаўся нязнанае эры Змагання жыцця з небыццём» (С.Законнікаў. «Чорная быль»). Пісьменнік-гуманіст Алесь Адамовіч празорліва зрабіў выснову, што «новы стан у роду чалавечага, новы адлік часу пачаўся і з 26 красавіка 1986 года. Да Чарнобыля і пасля Чарнобыля — гэта рознае светаадчуванне, гэта па-новаму небяспечныя шляхі чалавецтва ў будучыню».
Чарнобыльскі пажар не адразу ўскалыхнуў народную свядомасць. Усведамленне трагедыі, суровая праўда пра яе дайшлі да нас са спазненнем, дайшлі, пераадолеўшы глухую сцяну замоўчвання, напластаванні хлусні, бюракратычна-чыноўніцкую абыякавасць да здароўя і будучыні нацыі. Беларуская паэзія забіла ў звон бяды і трывогі з самых першых дзён чарнобыльскай навалы, загаварыла з вялікім хваляваннем за жыццё. Такі грамадзянскі неспакой, адказнасць за лёс чалавечы яна праяўляла заўсёды ў драматычныя і лёсавызначальныя моманты айчыннай гісторыі. Нават у жудасныя 30-я гг., калі махавік рэпрэсій набіраў разгон, паэзія здолела выявіць трагічную сутнасць і праўду часу. У дні чарнобыльскай бяды беларускія паэты «адчулі тое, што не вымяраецца самымі дакладнымі прыборамі» (С. С. Шушкевіч). І гэта невыпадкова, бо паэтычны радок — самая эмацыянальная і чуйная форма рэагавання на падзеі.
Самымі першымі водгукамі на Чарнобыль сталі вершаваныя радкі Ніла Гілевіча, Анатоля Вялюгіна, Рыгора Барадуліна, Яўгеніі Янішчыц, Міколы Мятліцкага, Анатоля Грачанікава, Максіма Танка, Дануты Бічэль-Загнетавай, Уладзіміра Верамейчык, Алега Лойкі, Сяргея Законнікава, Любы Тарасюк, Уладзіміра Паўлава, Алы Канапелькі, Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Някляева, Эдуарда Акуліна... Аднак, думаю, не варта шукаць, каму належыць «пальма першынства» ў подступе да асэнсавання чарнобыльскай тэмы, бо трагедыя аднолькава моцна адбілася на свядомасці і сэрцах як тых, хто родам з раёнаў радыеактыўнага забруджвання і адсялення, так і тых, хто адчуў: здарылася непапраўная, вялікая бяда, экалагічная катастрофа. Сёння Чарнобыль — боль усёй Беларусі, і таму зусім заканамерна, што чарнобыльская трагедыя стала вядучай тэматычнай лініяй сучаснай паэзіі, увогуле літаратуры. За дзесяць гадоў пасля аварыі пра Чарнобыль у беларускай паэзіі з'явілася шмат вершаў, шэраг эпічных твораў — паэмы «Зона» Уладзіміра Някляева, «Чорная быль»і «Зязюля» Сяргея Законнікава, «Одзіум» Янкі Сіпакова, «Ліхаўня» Уладзіміра Верамейчык, «Аварыя сумлення» Анатоля Зэкава, «Пажар слязы» Валянціны Аколавай, «Здзічэлае рэха вясны» Антаніны Хатэнка, «Зона» Сяргея Давідовіча, «Лілея на цёмнай вадзе» Міхася Башлакова. Вершы і паэмы звыш 60-ці паэтаў склалі кнігу «Зорка Палын» (1993). Пра многія творы гэтага зборніка, напісаныя ў другой палове 80-х, мне ўжо даводзілася гаварыць (гл.: Беларуская мова і літаратура ў школе. 1989. № 3; Звязда. 1990. 25 верас.). Шмат мастацкіх твораў увайшло і ў кнігу «Прайсці праз зону» (1996). Яе аўтары неаднаразова пабывалі ў раёне радыяцыйна-экалагічнага бедства.
90-я гады ўзбагацілі паэзію новымі кнігамі і творамі чарнобыльскай тэматыкі. Чарнобыль — скразны вобраз і тэма зборнікаў М. Мятліцкага «Палескі смутак» (1991) і «Бабчын» (1996). Матывы чарнобыльскай бяды гучаць таксама ў паэтычных кнігах Р. Барадуліна «Самота паломніцтва» (1990) і «Міласэрнасць плахі» (1992), Н. Гілевіча «Жыта, сосны і валуны» (1992), М. Танка «Мой каўчэг» (1994), В. Зуёнка «Лета трывожных дажджоў» (1990), «Чорная лесвіца» (1992), «Пісьмы з гэтага свету» (1995), У. Паўлава «Што было на Беларусі» (1994), А. Пісьмянкова «Планіда» (1994), Э. Акуліна «Крыло анёла» (1995), Н. Аксёнчык «Споведзь арабіны» (1995) і інш. Сучасная літаратура і ў іншых жанрах мае прыкметныя набыткі ў паказе і асэнсаванні Чарнобыля, пра што сведчаць пісьменніцкая публіцыстыка Алеся Адамовіча, якая склала кнігу «Апакаліпсіс па графіку» (1992), дакументальныя аповесці Васіля Гігевіча і Алега Чарнова «Сталі воды горкія», Алеся Крыгі «Выбух над Прыняццю», а таксама такія творы, як раманы «Злая зорка» Івана Шамякіна і «Бежанцы» Віктара Карамазава, аповесці «Родны кут» і «Еўка» Барыса Сачанкі, «Пярэварацень» Васіля Гігевіча, «Краем Белага шляху» Віктара Карамазава, «Імем Айца і Сына» Таісы Бондар, «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел» Віктара Казько, «Гасцініца над Прыпяццю» Івана Навуменкі, «Травеньская выцечка» Стаха Дзедзіча, апавяданні «Львы» Івана Пташнікава, «Супраць неба — на зямлі» Віктара Карамазава, «Сенакос у канцы красавіка» Віктара Казько, п'есы «Бездань» Міколы Матукоўскага і «Адцуранне» Аляксея Дударава. Надзвычай уражальна чарнобыльская бяда адлюстравана ў кнізе «След чорнага ветру» (1995), у якую ўвайшлі лепшыя сачыненні беларускіх школьнікаў. Гучаць тут і хвалюючыя паэтычныя радкі. З душэўным болем прамаўляе Таццяна Каханоўская з Гомеля пра адабраную радасць дзяцінства, задае шчымлівае пытанне:
Чорны дзень Беларусі ўвайшоў сёння ў сэрца кожнага. Баліць чалавеку, баліць народу, а значыць, цяжка і балесна паэтам. Так, яны прадчулі і прадбачылі вялікае гора насуперак розным аптымістычным прагнозам і канцэпцыям. Бо пасля Чарнобыля не атамных ідалаў абаранялі, як многія гора-вучоныя, а пакланяліся адзіным святыням — роднай зямлі, чалавеку, жыццю, адчувалі віну «перад нашчадкам-дзіцяткам, Што з будучыні крычыць. І нават перад птушаняткам, Якому гняздзечка не звіць» (А. Грачанікаў. «Прыціхне ў прыцемках Прыпяць...»). Беларуская паэзія ад слоў перасцярогі, смутку, трывожных уражанняў і запытанняў ішла да надзвычай трагічнага ўспрымання і разумення чарнобыльскіх падзей, узнялася да іх глыбокага маральна-гуманістычнага і філасофскага асэнсавання, што асабліва ярка выявілася ў паэмах С. Законнікава «Чорная быль» і Я. Сіпакова «Одзіум».
З вуснаў паэтаў гучаць песні-плачы і горкія споведзі, грамадзянска-публіцыстычныя маналогі, рэквіемы і малітвы. І кожная з гэтых форм самавыяўлення мае аднолькавае права на жыццё. Праўдзівасць, кранальнасць, глыбіня думкі-пачуцця — вось тое, што і ў чарнобыльскіх творах збуджае суперажывальны водгук, падштурхоўвае да роздуму. Многія радкі пра трагедыю веку аплачаны цаной уласнага здароўя і вялікіх душэўных пакутаў. «Я ў зоне жыву...» — так пачынае свой верш «Зона» Уладзімір Верамейчык, паэт, слова якога нараджалася там, дзе «мурашамі нукліды злавесныя поўзаюць».
У шматлікіх творах пра Чарнобыль выразна праглядваюцца найбольш тыповыя, дамінантныя матывы, якія, па сутнасці, характарызуюць эмацыянальна-сэнсавы змест усёй сучаснай паэзіі на чарнобыльскую тэму і выяўляюць пэўныя заканамернасці ў яе адлюстраванні і асэнсаванні.
Чарнобыльская паэзія прасякнута магутнымі матывамі бяды, смяротнай пагрозы, трывогі. Сімвалічна ў гэтым сэнсе гучаць назвы вершаў «Перасцярога» і «Лямант» Р. Барадуліна, «Вясна трывогі нашай» А. Вялюгіна, «Прыйшла бяда...» У. Паўлава, «Цяпер асцерагайцеся» М. Танка і многія іншыя. У аснове вершаў Р. Барадуліна нярэдка ляжыць антынамічнае сутыкненне вобразаў, слоў, якое выяўляе драматызм нашага лёсу і быцця. Напрыклад, у вершы «Новыя святцы» кантрастна супрацьпастаўляюцца спрадвечныя беларускія імёны і назвы радыеактыўных элементаў. Беларусь паэт малюе ў церневым палыновым вянку, паказвае як пакутніцу, заложніцу бяды, асуджаную на смяротныя выпрабаванні: «Няўжо гэта ў радыеактыўным пыле Задыхнуцца нашыя песні, Нашыя казкі, былі?» («Лямант»).
Чарнобыль праклаў мяжу адчужанасці паміж чалавекам і прыродай: «А мы не рады сонцу на дварэ, Вятрам, што з поўдня лёгка прыляцелі...» (У. Паўлаў. «Прыйшла бяда...»), «Дзеці спрадвек радаваліся яблыку, а зараз //яго трэба баяцца...» (Я .Сіпакоў. «Одзіум»), «Маўчаць твае сасновыя бары, // што радасцю віталі...» (В. Ярац. «Маўчыць хворы край...»). Гэтыя радкі яднае матыў няўтульнасці, непрыкаянасці чалавека ў паслячарнобыльскую эпоху. Паэзія, якая заўсёды светла, узнёсла апявала неба і дождж, раку і сонца, на гэты раз выявіла экалагічны сіндром сучаснага чалавека, які зведаў «страх неба роднага і роднае зямлі» (Л. Дранько-Майсюк. «Ноч 26 красавіка 1986 года»).
Вобраз-матыў мёртвай, атручанай зямлі — адзін з самых галоўных у паэме Я. Сіпакова «Одзіум» і наогул распаўсюджаны матыў у творах чарнобыльскага зместу (вершы «Просьба аб дараванні» М. Танка, «Не ўрадзіла зямля, захварэла» А. Канапелькі, «Забітая зямля» З. Дудзюк і інш.). Янка Сіпакоў у сваёй паэме ў прозе стварае эпічна-драматычную, маштабную карціну экалагічнай катастрофы:
Пятая частка зямлі маёй сёння за калючым дротам.
Яна памерла жывая. І жыве мёртвая. У мёртвай зоне.
Я. Сіпакоў у «Одзіуме» глыбока асэнсаваў вытокі зла, прычыны ўсенароднага бедства, праблему жыцця і смерці, праблему экалагічнага існавання, выявіў гуманістычна-філасофскі погляд на Чарнобыль. Лірыка-эпічны сказ паэта змяшчае ўзрушальныя малітоўныя звароты, узбуйненую сімвалічнасць вобразаў: «Нахабна спраўляюць свой жуд, раскашуюцца // на тутэйшай зямлі два браты і сястра // з нетутэйшымі імёнамі — Катаклізм, Апакаліпсіс і Катастрофа...»
Абвострана ўспрымаюцца радкі Максіма Танка пра мёртвую зямлю. Вобраз роднай зямлі — духоўна-эмацыянальны цэнтр усёй танкаўскай паэзіі (вершы «Перапіска з зямлёй...», «Гэта зямля...», «Колер зямлі», «О родная зямля!..» і інш.). У вершах «Просьба аб дараванні», «Самае доўгае расстанне» паэт жалобна аплаквае «забітую Чарнобылем Зямлю», яго гняце пачуццё сыноўняй віны перад маці-зямлёй: «Даруй нам, грэшным І неразумным, Маці!» («Просьба аб дараванні»).
Трагедый... гучыць матыў бежанства, выгнання з роднай зямлі ў паэмах «Чорная быль» С.Законнікава і «Зона» С. Давідовіча, вершах «Бежанцы з Палесся» А.Вялюгіна, «Перасяленне» Г Бураўкіна, «Выгнанне», «Дыпціх чакання», «Развітанне са сцежкай...», «Землякам» М. Мятліцкага, «Перасяленцы» В. Аколавай і многіх іншых. Асабліва ўзрушаныя, журлівыя плачы і нараканні чуюцца з вуснаў паэтаў, чые родныя вёскі апынуліся ў зоне павышанай радыяцыі і адсялення. «І суцішаны боль // да краю паводкай душу затапляе...» — так выказвае балючую ростань з радзімай Э. Акулін у вершы «Ізноў красавік...». У скрусе і жальбе вяртаецца ў родныя мясціны М. Мятліцкі. Яго родная вёска Бабчын, дзе засталіся магілы бацькоў і прашчураў, пасля Чарнобыля апусцела, бяда пагнала яе жыхароў у свет:
Вершы М. Мятліцкага напісаны мовай шчымлівай тугі, безуцешнага гора.
Бежанства — адвечная трагічная доля беларусаў, і гэта хвалююча выявіў яшчэ Я. Купала ў вершы «Паязджане». Балюча ўсведамляць, што «мы як прышэльцы на сваім двары, Мы бежанцы ў сваёй уласнай хаце...» (В. Зуёнак. Паэма «Падарожжа вакол двара»). Сэрцы паэтаў не хочуць мірыцца з несправядлівай асуджанасцю на выгнанніцкі лёс: «Божа мой, не дай нам не вярнуцца Да бацькоўскіх зрынутых магіл» (Н. Аксёнчык. «Перасяленне»),
«Радыяцыя перш за ўсё б'е па дзецях» (Я. Сіпакоў. «Одзіум»). Матыў загубленага, адабранага дзяцінства — трагедыйны пік чарнобыльскай паэзіі. Вершы «У лета 1986-е» Н. Гілевіча, «Алёшка» А. Лойкі, «Чытаю азбуку гора...» Т. Мельчанка, «Чарнобыльская калыханка» А. Камароўскага і іншыя раскрываюць злавесны, нялітасцівы твар Чарнобыля, які замахнуўся на генафонд нацыі. На ўсхваляванай ноце выказвае свой боль-трывогу паэтка замежжа Наталля Арсеннева:
Чарнобыль — гэта доўгая крыжовая дарога, таму так часта чуюцца ў творах паэтаў матывы трывожнага роздуму пра будучыню. Яна ж, тая будучыня, поўная безвыходнасці, невядомасці. Паэты задаюць нам сурова-горкія пытанні, якія трывожаць свядомасць, прымушаюць сціскацца сэрца ад усведамлення няскончанасці жудасных наступстваў. З цяжкай унутранай прыгнечанасцю прамаўляюцца словы-запытанні: «Ад радыяцыі Беларусь гарыць. Ці будзе, наогул. Каму гаварыць?» (Р. Барадулін. «Дазвол»), «Якім дыханнем новы дзень напоўняць // вада, трава і кнігаўкі ў траве?» (В. Ярац. «З лугоў настой зімовы змые пойма...»).
Чарнобыль рэзка завастрыў праблему нацыянальнага выжывання: «Стронцый, нябачны на вока, // нішчыць наш дух» (Д. Бічэль-Загнетава. «Беднай жабрачкай зімовай...»). Яна заключаецца не толькі ў фізічным паратунку, а і ў тым, каб ацалець, не даць засмактаць сябе «чорнай дзірцы» (П. Панчанка) нацыянальнага бяспамяцтва, чалавечага выраджэння. Духоўны, маральны Чарнобыль, як выдатна паказвае П. Панчанка ў вершы «Раўнавага», гэта таксама прычына таго, «што свету канец набліжаецца». Паэтаў маналог поўны горычы, прасякнуты сурова-напружаным публіцыстычным пафасам. Адрачэнне ад роднай мовы, таптанне святыняў, спадчыны, ганьбаванне чалавечай годнасці, боскага на зямлі — усё гэта вядзе да глыбокага падрыву маральна-духоўных асноў быцця народа. «Наш Чарнобыль,— як слушна адзначае М. Арочка,— адсюль, ад страты трывалага супрацьстаяння навалам асіміляцыі з Захаду і Усходу, ад анямення, духоўнага самагубства. І пачаўся ён не сёння, наш Чарнобыль. Сёння — толькі жахліва спрацаваў закон адплаты...»
Чарнобыльскі пейзаж — з'ява эстэтычна адметная, вельмі ўражлівая. Паэтыка малюнкаў чарнобыльскай рэчаіснасці вызначаецца чорнымі, сумнымі фарбамі, якія раскрываюць цяжкі псіхаэмацыянальны стан чалавека. У эпічных творах пейзаж нярэдка нясе сімволіка-драматычны сэнс або дапамагае глыбей выявіць трагізм падзей, абставінаў, як гэта мы назіраем у паэме С. Давідовіча «Зона»:
Змрочныя вобразы і фарбы вызначаюць змест чарнобыльскіх твораў паэтаў Беларусі (вершы А. Грачанікава, Р. Барадулін, А. Вялюгіна, М. Мятліцкага і інш.) і хірасімскіх пейзажаў паэтаў Японіі (творы Тацудзі Міёсі, Тадзабура Она, Санкіці Тогэ, Тамікі Хара, Эйсаку Ёнэда і інш.). І далёкая краіна Акіяніі, і наша Бацькаўшчына перажылі атамную трагедыю, толькі мы — яшчэ больш жудасную. Уражлівы трагедыйны малюнак стварае П. Панчанка: «А сёння ўсюды цьмяна, // дымна, чорна, Не звіняць у небе жаўрукі...», «Тут пахне Хірасімай. Няма слядоў бусліных і ласіных: Над Прыняццю — Нябачнай смерці след. Палескі край, Як пазмрачнеў твой свет» («Аб самым смачным...»). Падобных панура-змрочных выяў нямала і ў японскай паэзіі: «И уже — неподвижен закат,// закат — мертв. И только река,// вздувшаяся волнами,// и только ветер,// вздыбивший реку...» (С. Тогэ. «Пейзаж з ракой»). Асабліва шмат «мёртвых», безжыццёвых пейзажаў у паэзіі Тамікі Хара (цыкл «Атамныя пейзажы») і Мунэтосі Фукагава (цыклы «Агонь», «Помнік міру» і інш.). Для пейзажаў і японскіх, і беларускіх паэтаў характэрна трагедыйная сімвалічнасць вобразаў прыроды. У вершах Т. Хара «Абгарэлае дрэва» і беларускай паэтэсы А. Канапелькі «І ўзышла на вогнішчы дзічка...» вобразы дрэва вырастаюць да сімвалаў усясветнай бяды і катастрофы быцця:
Бясспрэчна, што пафас трагізму, адчаю і песімізму вызначальны ў сучаснай паэзіі пра Чарнобыль. Аднак не-не ды пракідваецца ў паасобных творах матыў надзеі, веры ў выратаванне. «Каторы гадочак бусловымі крыламі Б'ецца надзея над чорнай магілаю...» — пакланяючыся народнай «Песні-вясніцы», гаворыць у сваёй лірычнай паэме «Здзічэлае рэха вясны» Антаніна Хатэнка. Чарнобыль яна паказвае як жудаснае д'ябальскае насланнё: «Над белай зямлёй — Чорны Дух лейкеміі». Паэтка прачула, на язычніцкі лад мацуе душэўную повязь са светлымі сіламі космасу, заклікае сонца і вясну ўратаваць родны край. Каб не трапіць у абладу сіл зла, «Д'ябла Ночы» (В. Куртаніч. «Забыццё»), не знікнуць у Сусвеце — шлях застаецца адзін. Гэта, на думку многіх паэтаў, шлях да Бога. Малітоўнымі радкамі Зьніча (Алега Бембеля) самазабыўна звернемся і мы да Усявышняга з надзеяй у заступніцтва і паратунак:
Рахманасць фарбаў
На апавяданне год 96-ы быў надзіва ўраджайны і плённы. Па сціплых падліках ён прынёс нашай літаратуры недзе каля 200 твораў, надрукаваных у перыёдыцы і кнігах прозы. Дзесяткі апавяданняў змешчаны ў «ЛіМе», «Полымі», «Маладосці», «Крыніцы», «Беларусі». Апавяданне, навела, абразок — вядучыя жанры ў часопісе маладых літаратараў «Першацвет». Ахапіць усе творы, сказаць літаральна пра кожнага з аўтараў не ўяўляецца магчымым і не ўваходзіць у нашу задачу. Проста як чытач, крыху дасведчаны ў літаратуры, хацеў бы падзяліцца сваімі ўражаннямі, меркаваннямі ад знаёмства з творамі ў тых выданнях, якія набываў, а таксама браў у рукі ў чытальных залах нашых бібліятэк.
Відавочна тое, што сёння — і тут, мусіць, няма перабольшання — усе літаратары намагаюцца ісці шляхам мастацкасці, прафесіяналізму, не баяцца эксперыментальных твораў, жанраў дэтэктыву ці фантастыкі і т.д. Моладзі, напэўна, зараз грэх скардзіцца на няўвагу ці прыцягненне з боку старэйшых. Прыклад — маладыя аўтары літаратурнага руху «Бум-Бам-Літ», якія сваім мадэрновым грукаценнем і эпатажам ужо паспелі павесяліць нас са старонак многіх выданняў («Культура», «ЛІМ», «Першацвет», «Наша ніва», «Беларуская маладзёжная» і інш.). Зрэшты, празаічныя тэксты «бумбамлітаўцаў» нехта ўспрымае глыбакадумна, аналітычна, і калі ласка, бо і ў плане самавыяўлення, і ў плане слоўных формаў тут ёсць на што звярнуць увагу. Зусім непрымальным мне бачыцца літаратурны сталінізм, калі ваяўніча нешта не прымаецца або рашуча навязваецца альтэрнатыўнае (кірунак, сістэма, стыль і г.д.) ці, наадварот, зацята, злосна і бяздумна абараняецца кансерватыўнае, тое, што зжывае сябе, як, скажам, звыкла-падзейная апісальнасць, старыя банальныя схемы і стэрэатыпы.
Апавяданне, як і верш, лічыцца жанрам надзвычай аператыўным і мабільным. Увогуле, мы прывыклі, што літаратура — гэта перш за ўсё люстэрка рэчаіснасці, яна павінна паспяваць за часам, падымаць вострыя сацыяльныя пытанні, несці высокія ідэалы... Але папытаем у сябе, ці заўсёды, сядаючы за пісьмовы стол, пісьменнік перш за ўсё думае пра тое, каб яго твор вырашаў нейкія праблемы, нёс гуманістычны пафас і да т.п. Творца вычувае сваю душу, ідзе ад чалавека, яго адчуванняў, тыпізуе, стварае слоўна-вобразны тэкст, з якога, як аказваецца, і вынікае многае іншае. Рускі пісьменнік Саша Сакалоў на пытанне «...які-небудзь маральны пафас літаратура нясе для цябе?» адказаў так: «Магчыма. Хаця падобныя катэгорыі на розум мне ніколі не прыходзяць... Бродскі і я незалежна адзін ад другога, але амаль у адных і тых жа выразах выказалі думку, што літаратура не аб жыцці... Літаратура — аб некаторых працэсах у душы мастака, яна — прадукт яго свядомасці і гэтым усведамленнем абмяжоўваецца...» У нашым жа літаратуразнаўстве і крытыцы трывала ўсталяваўся наступны погляд: «Адной з актуальных задач беларускай прозы па-ранейшаму з'яўляецца паглыбленне духоўнага зместу мастацкіх вобразаў і літаратуры ў цэлым, паглыбленне маральных, філасофскіх пошукаў пісьменніка і герояў яго твораў» (Полымя. 1996. № 6. С. 274). Такое патрабаванне можна выказваць літаратуры заўсёды, але яно, на наш погляд, не закранае сутнаснае, тое, з чаго пачынаецца творчае самавыяўленне. Пры ўсёй спрэчнасці першага выказвання ў ім нельга не адчуць рацыянальнага зерня, разумення прыроды мастацтва слова. Бо душа і інтэлект пісьменніка не павінны залежаць ад нейкіх установак, звязаных з тым, каб імкнуцца па цудадзейнай указцы да маральнасці і духоўнасці, яны проста павінны выяўляць чалавечае пачуццё, думку, перажыванне, псіхалагічна праўдзіва гаварыць, па-мастацку даносіць да нас штосьці важнае, уражальнае, нараджаць пэўнае адчуванне і вымярэнне выказанага або перажытага. Усё ж літаратура, як падаецца, не столькі адбітак часу, сацыяльных праблем і г. д., колькі экзістэнцыя духу, і ў гэтым сэнсе беларускую мастацкую прозу яшчэ чакае больш глыбокі прарыў. Сацыяльная ж аснова літаратуры таксама важная, але чалавеказнаўчая, даследчыцкая, моўна-выяўленчая — першасная. Там, дзе ёсць жывы чалавек, жывая думка, паўнакроўная ці паўнаважкая мова і стыль, там ёсць і літаратура.
Вядома, я зусім не збіраюся сцвярджаць, што літаратура не вучыць, не дае пэўныя маральныя ўрокі. Але ж прапаведніцтва ў творы — і тут я не адкрываю Амерыкі — гэта не толькі зададзены пафас, аўтарскае павучанне, а і ўменне надаць думцы падводнае цячэнне, запрасіць да роздуму, суперажывання. Чытаючы апавяданне Анатоля Кірвеля «Збавенне», яшчэ раз пераканаўся ў слушнасці слоў Ф. Іскандэра пра тое, што літаратура маральна-гуманістычнага зместу з'яўляецца своеасаблівым мастацкім каментарам Бібліі. У героя «Збавення» «два камяні ляжалі на... плячах — жонка і цесць». Празаік зрастаецца з думкамі, адчуваннямі гэтага чалавека, даследуе, аналізуе, што дзеецца ў ім, чым жыве яго душа. Цесць, да якога ў зяця не было ні любові, ні шкадавання, памірае, і гэты адыход з жыцця, «штодзённая спрэчка: паміж Богам і цесцем» зачапіла, як кажуць, за жывое, зварушыла роздум, змушае вычуваць у сабе сутнасна чалавечае: «Ён ведаў, што цяпло, якога не шкадуеш, вяртаецца назад. Не адразу. Потым. Але гэта не істотна, калі яно вернецца. Галоўнае, яго бяруць. Значыцца, ты патрэбен некаму, недарэмна жывеш на свеце». На некалькіх старонках празаік здолеў намаляваць карціну душэўных пачуццяў чалавека, яго лёс, без навязлівага дыдактызму, прамалінейнасці выявіць думкі маральна-духоўнага парадку. Імя А. Кірвеля яшчэ нягучнае ў беларускай літаратуры, але яго творчасць — цікавая і арыгінальная з'ява, што красамоўна пацвярджаюць і апавяданне «Збавенне», і зборнік прозы «Човен Харона», які колькі год таму выйшаў з друку ў «Бібліятэцы «Маладосці».
Зараз я нават не прыгадаю, якія кнігі маладых празаікаў выдалі летась нашы дзяржаўныя выдавецтвы. І секцыі крытыкі, і секцыі прозы Саюза пісьменнікаў Беларусі, мабыць, варта было б адвесці асобнае пасяджэнне, прысвечанае выдадзеным у літаратурным дадатку «Маладосці» празаічным кніжкам хаця б за апошнія два-тры гады. А тут і «Першацвет» у паасобных нумарах даў магчымасць маладым заявіць пра сябе першым зборнікам мастацкіх твораў.
Як яшчэ адна ілюстрацыя хрысціянскай ісціны, прапаведніцтва боскага ўспрымаецца апавяданне Паўла Савоські «Матрос з яхты «Штандарт». Нават у эпіграф празаік выносіць словы з Евангелля: «Истинно, истинно говорю вам: верующий в Меня имеет жизнь вечную». Нічога благога не магу сказаць пра намеры празаіка раскрыць сілу малітвы і Божай падтрымкі. Але ў апавяданні П. Савоські няма аналізу пачуццяў героя, жывых чалавечых жэстаў, драматызму адкрыцця ці спагнання ісціны. Твор цалкам апісальны, нецікавы, тут, як сказаў бы К. Чорны, няма «ўнутранай біяграфіі героя». Аднак магчымасці больш удумлівага псіхалагічнага пісьма празаік дэманструе ў апавяданні «Падсвечнік», якое па-добраму абнадзейвае. У творы раскрываецца драма самотнага чалавека, адарванага ад роднага вясковага свету. Сцяпану, герою апавядання, сніцца вешчы сон, і, спраўджваючы тое, што намовіў яму зрабіць прарочы голас, у душы ягонай нараджаецца «такое прадчуванне, што ён далучыўся да чагосьці святога і патаемнага...».
«Чалавек — гэта вір...» (М. Зарэцкі). Вір самага таемнага, загадкавага, з чым звязаны розныя па сваёй накіраванасці і афарбоўцы пачуцці, безумоўна, імкнулася раскрыць наша беларуская проза. Ці ўсё тут яна разгледзела і выявіла як належыць, да канца глыбока? Думаецца, не ўсё, бо чалавек — істота надзвычай складаная, супярэчлівая і ў канкрэтных абставінах раскрываецца па-рознаму. Ды як мага паўней сказаць пра чалавека, яго ўнутраны свет беларускім пісьменнікам у нядаўнія часы не дазвалялі розныя табу, догмы, каноны, проста нават комплексы, створаныя савецкай сістэмай жыцця. Кніга апавяданняў Генрыха Далідовіча «Жар кахання», якая выйшла напрыканцы 1996 г., не пабаюся гэтага сцвярджэння, упершыню ў беларускай прозе, так шырока і шматгранна раскрывае інтымна-эратычны бок чалавечых пачуццяў. Вядома, можна згадаць тут вопыт Івана Мележа, «Жанчыну сярод мужчын» Янкі Сіпакова, яшчэ сёе-тое. Наватнехта казырне, што мы маем парнаграфічныя кнігі Адама Глобуса. З поўнай адказнасцю магу сказаць, што Г. Далідовіч ніколькі не абражае чалавечую годнасць, паказвае ў мужчыне і жанчыне тое, што нараджаецца як страсць, каханне, жаданне... Ён нідзе не апускаецца да смакавання нейкага гвалту, малявання брыдоты. Хоць, калі казаць шчыра, магчыма, заходзіць далёка, бывае крыху грубаваты. І ўсё ж Г. Далідовіч асмеліўся гаварыць пра тое інтымнае, што яго папярэднікі ў літаратуры імкнуліся не афішыраваць. Як бы прадбачачы мажлівыя закіды ці пурытанскае ханжаства ў адносінах да прачытанага, Г. Далідовіч невыпадкова вынес у эпіграф словы І. Буніна: «...как люблю... и вас, «жены человеческие, сеть прельщения человеком»! Эта «сеть» нечто поистине неизъяснимое, божественное и дьявольское, и когда я пишу об этом, пытаясь выразить его, меня упрекают в бесстыдстве, в низких побуждениях... Хорошо сказано в одной старинной книге: «Сочинитель имеет такое же полное право быть смелым в своих словесных изображениях любви и лиц ее, каковое во все времена предоставлено было в этом случае живописцам и ваятелям: только подлые души видят подлое даже в прекрасном...» «Я — чалавек, а значыць, усё чалавечае мне не чужое» — гаварылі старажытныя. А эратычны бок чалавечай натуры — гэта, як даводзіў яшчэ З. Фрэйд, таксама наша сутнасць. Ён, дарэчы, казаў пра дабратворнае «павелічэнне энергіі з боку сексуальнага пачуцця да нашай душэўнай дзейнасці», падкрэсліваў, што выцясненне эротыкі з жыцця «не прыносіць якога-небудзь надзвычай вялікага выйгрышу ў культурных адносінах». Між тым яшчэ ў біблейскай «Кнізе Песні Песняў Саламонавых» прысутнічае эратычнае. А калі хто сумняваецца, дык дазволю параіць паглядзець тлумачальны слоўнік да Бібліі, дзе даследчыкі звяртаюць увагу і на гэты момант. «Жар кахання» Г. Далідовіча, зразумела, не Біблія кахання, гэта хутчэй своеасаблівая беларуская «Тысяча і адна ноч», кніга розных гісторый чалавечага кахання і страсці, шчырая споведзь і песня кахання. «Любоўныя» апавяданні Г. Далідовіча — у чым я пераканаўся — знаходзяць прыхільны водгук у чытачоў, асабліва ў жанчын, а кніга, як падаецца, пры належнай ацэнцы і папулярызацыі можа паспрыяць павышэнню цікавасці да беларускай прозы. Выкажу асабістае меркаванне: «Жар кахання» — прыкметная з'ява мінулага літаратурнага года.
У многіх апавяданнях пануе плынь бытавізму. Эстэтыка слова часам проста губляецца, яку апавяданні Пятра Васючэнкі і Антонія Вырвіча «Сон пра белую ружу». Твор — на маладзёжную тэматыку, ёсць у ім такое, што жадае больш высокай культуры творчасці.
З паказу побытавай змрочнай сцэны пачынае сваё апавяданне «Уцякай, Шапэн, не азірайся!» Дзмітрый Падбярэзскі. А затым нараджаецца фантасмагарычная сцэна, дзе, апроч п'янюг Пётры, Юзіка, Міколы, нібыта з'яўляюцца спявачкі Мадонна, Сафія Ратару і актрыса Настасся Кінскі... Разгортваецца гэтая камічна-іранічная дзея, як ні дзіўна, у Англіі, а заканчваецца зноў у нашай змрочнай рэчаіснасці: раз'ятраная жонка Пётры чахвосціць латружын, якія дапіліся да бяспамяцтва, вяртае іх да явы. Праўда, з нагоды іншага апавядання Дз. Падбярэзскага «Чацвёртае пакаленне выбірае...», якое мае падзагаловак «Імправізацыя на тэму рамана Кузьмы Чорнага», хацелася б заўважыць, што да канца мне так і не сталі зразумелымі сюжэтныя хады і дыялогі твора. Напэўна, аўтар дамагаўся з'імітаваць манеру, стыль пісьма Чорнага, і гэта яму ўдалося.
Майстрам дынамічных, вельмі чытэльных твораў сцвердзіў сябе Юры Станкевіч. З цікавасцю прачытаў яго апавяданне «Знак да нападу» і міні-аповесць «Рыфма». Ю. Станкевіч умее ярка структурна пабудаваць твор, захапляюча разгарнуць сюжэтнае дзеянне, падаць, як кінематаграфіст, адпаведным планам тую ці іншую сцэну, вобразы сваіх герояў. Яго «Знак да нападу» — красамоўнае сведчанне мастацкіх патэнцыю «малога» жанру. У творы падаюцца тры розныя ракурсы асвятлення падзей: «Нататкі прадпрымальніка», «Нататкі прадказальніцы», «Занатоўка гаспадыні». Пэўную інтрыгу стварае дэтэктыўны элемент. У той жа час празаік скіроўваецца да пазнання і выяўлення ўнутранай прыроды чалавека, месцамі насычае плынь апавядання інтэлектуальнымі развагамі: «Я сказала яму, штоўасобныя перыяды, каб выжыць, не трэба мець жаданняў, а трэба толькі цярпліва чакаць, бо наш лёс — супрацьстаяць сілам жыцця. Але ён не зразумеў мяне. Так, людзі звычайна не разумеюць. Яны аніяк не могуць спасцігнуць жаху перад тым, што яны проста людзі, вось у чым справа. А чалавек — такая ж недасканаласць, як і ўсё ў нашым свеце...» Ёсць у Ю. Станкевіча, як нехта заўважыў у бліц-крытычным аглядзе яго твораў на старонках «ЛіМа», імкненне настрашыць чытача, паказытаць нервы жахамі. Мо гэта і так, мо і варта пагадзіцца. Але мне найперш бачыцца тое, што Ю. Станкевіч спрабуе знайсці сваё тлумачэнне таму жахліваму, няпростаму, нават страшнаму, што часам дзеецца ў чалавеку і ў нашай навакольнай рэчаіснасці. Як імпануе ягонае імкненне разнастаіць мастацкія прыёмы пісьма. Таму менавіта ў гэтым сэнсе мне не падабаецца расцягненая, як дзедава пуга, апісальнасць у многіх апавяданнях. Трэба, думаецца, старацца не абцяжарваць чытача неабавязковымі пасажамі, падрабязнасцямі, якія не працуюць на сюжэт, выяўленне псіхалогіі героя і г. д. Мусіць, варта ўлічваць, што мы жывём у эпоху магутнага інфармацыйна-камунікатыўнага выбуху. Асабіста мне вельмі пазітыўным момантам бачыцца імкненне да скандэнсаванасці, ушчыльнення формы, адточанасці, пружыністасці стылю, сюжэтнага дынамізму. У гэтай сувязі хацеў бы вылучыць апавяданні Пятра Васючэнкі, Уладзіміра Сцяпана, Вітаўта Чаропкі, Барыса Пятровіча, Вольгі Куртаніч, Галіны Багданавай, Адама Глобуса, Уладзіміра Клімовіча, Андрэя Федарэнкі, Міры Лукшы, Ягора Конева, Ніны Пракопчык, Міколы Касцюкевіча і інш.
Спроба выказаць сваё духоўна-душэўнае пачуванне ў сучасным свеце, пазбаўленым па-людску годных арыенціраў і каштоўнасцяў, характэрна для шэрагу твораў «малога» жанру. «Анатомія аднаго рэферэндуму» — такі падзагаловак мае апавяданне «Тармазнутая» Галіны Багданавай. Тут выяўляюцца эмацыянальныя адносіны да той рэчаіснасці, якая абражае нацыянальную душу дзяўчыны-беларускі, што так хоча жыць годна, быць шчаслівай у асяроддзі людзей. Твор Г. Багданавай — праява нашага тыпова беларускага менталітэту, балючага, самапакутнага, нават самазнішчальнага. Хтосьці мо скажа: колькі можна пра адно і тое ж. Але ж боль за роднае — гэта рэакцыя душы і свядомасці мастака, сцвярджэнне важных ісцін праз уласныя перажыванні сэрца. Мабыць, з цягам часу зменшыцца цікавасць да падобных твораў, а сёння клопат адзіны: дай Бог, каб гэтая беларуская трывога-боль знаходзіла выйсце і сустракала хоць зрэдку паразуменне.
Па сутнасці, пра гэта ж самае з іншага пункту гледжання гаворыць у сваёй «Містэрыі залатога веку» Андрэй Гуцаў — празаікхоць малады, але дастаткова ўдумлівы і арыгінальны. Дык вось ён выходзіць на ўзровень інтэлектуальна-філасофскай медытацыі: «Таму Беларусы — гэта Народ Містэрыі (з большым правам), і менавіта Містэрыя, а не этнаграфічнае становішча вызначае яго менталітэт». Мне ў цэлым імпануе своеасаблівы ход думкі А. Гуцава, імкненне да эталагічнага светапазнання, інтэлектуальнай змястоўнасці тэксту. Адно што празмерна доўгімі бачацца ў апавяданні пасажы з твораў мысляроў і працы Беларэцкага.
Пэўны след і пэўныя ўражанні пакінулі ў мяне апавяданні іншых аўтараў: Раісы Баравіковай, Васіля Ткачова, Марыі Вайцяшонак, Віктара Гардзея, Уладзіміра Арлова, Ірыны Жарнасек, Віктара Супрунчука, Любові Філімонавай, Георгія Марчука, Алега Ждана, Уладзіміра Міхно, Барыса Пятровіча, Валянціны Кадзетавай, Ніны Пракопчык, Лявона Вашко, Андрэя Федарэнкі... Перапрашаю і каюся: не здолеў прачытаць, магчыма, шмат цікавых рэчаў. Пра многія творы хацелася б сказаць асобна. Так, не выходзіць з памяці нізка Алены Васілевіч «Пра вечнае», якая асабліва развярэдзіла сэрца шчымліва-балючым расповедам пра пахаванне паэта В.Віткі. Згадваюцца самотныя перажыванні вясковай жанчыны з апавядання Марыі Вайцяшонак «Сухія навальніцы». Урэзалася ў памяць мастацкая дэталь з апавядання Алеся Жука «Партызан»: «У пяць гадзін звоніць будзільнік — доўгім званком, больш падобным не на звон, а на аўтаматную чаргу». Але калі казаць па шчырасці, то тут празаік не рэалізаваў да канца свой творчы патэнцыял. Асабліва слабым атрымаўся пачатак твора, дзе на дзвюх з паловай старонках апісваецца адзінота і турботы старога Антося. З трох апавяданняў Алега Ждана, змешчаных у часопісе «Полымя», найбольш уразіла «На неба, па шчасце». Два першыя «У Маскву, па даляры», «У Мінск, па «зайцы» — жыццёвыя гісторыі, якія не без іроніі раскрываюць перыпетыі сучаснай рэчаіснасці, але якім, на жаль, бракуе жанравай яркасці. Апавядальнік расказвае неяк будзённа, нават ілюстрацыйна. З твораў гумарыстычнага плана асабіста я вылучыў бы «Запіскі Рабунькі» Алеся Наварыча, у сувязі з якімі згадваюцца традыцыі А. Мрыя, а таксама знакамітыя «Жыццёвыя погляды ката Мура».
З творцаў маладзейшага пакалення асабліва звярнулі на сябе ўвагу апавяданні Ніны Пракопчык і Алеся Давыдава. У цэнтры апавяданняў Н. Пракопчык «Кубачак кавы, калі ласка!» і «Цыганскае вяселле» - няпростыя, паламаныя лёсы маладых жанчын. Ліза, гераіня першага апавядання, нарадзіўшы пазашлюбнае дзіця, як бы страціла сябе, адчувае непрыкаянай. Лена, гераіня другога твора, стала палюбоўніцай пажылога міліцыянта, які некалі падняў яе з «дна», дапамог уладкавацца ў гэтым жыцці. Н. Пракопчык пранікліва паказвае тое, што адбываецца ва ўнутраным свеце яе персанажаў, без пэўных каментарыяў дае нам магчымасць асэнсаваць іх учынкі, думкі-пачуцці.
Апавяданне «Дамоўкі» А. Давыдава вызначаецца арганічнай разбіўкай планаў, добрай жывапіснасцю слова, яго псіхалагічнай заглыбленасцю: «Заварушылася недзе ў глыбіні душы і ў Мірончыка застарэлая, запушчаная, бы тая хвароба, паняверка». Вобраз настаўніка гісторыі Мірончыка паўстае жывы, дакладны ў сваіх адчуваннях, а гэта значыць, што малады празаік дбае пра ўнутраны змест твора.
Асобнай гаворкі заслугоўвае «малая» форма на старонках «Першацвету» — часопіса, які літаральна стракаціць новымі імёнамі. Тут патрэбны і асаблівы падыход, варта рабіць скідку на маладосць, часам нявопытнасць аўтараў, але і бачыць тыя зярняткі мастацкасці, таленавітасці, якія дадуць шчодрыя ўзыходы.
Нялёгкі занятак — даваць нейкія рэцэпты, канстатаваць недахопы, рабіць высновы, пазначаць агульныя тэндэнцыі. Але галоўную выснову ўсё ж хочацца зрабіць: у цэлым жанр апавядання развіваецца паўнакроўна, для яго характэрна размаітасць стылёва-выяўленчых фарбаў. І гэта звязана з сённяшняй рэальнасцю існавання ў беларускай прозе розных мастацкіх кірункаў і сістэм. Безумоўна, даводзіцца гаварыць пра негатыўныя выдаткі і моманты жанравага руху, даніну стэрэатыпам. Аднак апавяданне абнаўляецца структурна, на змену расцягненай апісальнасці, аморфнасці стылю ўсё часцей прыходзяць жанравы дынамізм, разнастайнасць архітэктонікі, поліфанізм. Тупіковай, крызіснай пагрозы для апавядання асабіста я не бачу. Зарука таму — маладзейшыя творчыя сілы ў літаратуры.
Апавяданне, мусібыць, воляй лёсу суджана быць на галоўных пазіцыях літаратурнага працэсу, першаму па-мастацку перабудоўвацца, выжываць, распрацоўваць новыя радовішчы тэм, выходзіць на новыя прасцягі, а яшчэ — аператыўна выходзіць на дыялог з чытачом, нават змагацца за яго, бо ён, на вялікі жаль, сёння ў беларускага аўтара нешматлікі. Калі з «малых» рэчаў літаратурнага 1996 г. у актыве гісторыі літаратуры застанецца шэраг выдатных твораў, то год мінулы быў нямарны, а гэта значыць, што, не зважаючы ні на што, кожнаму з навелістаў трэба брацца за пяро і працаваць.
Магія радка
Рыгор Барадулін — Паэт ад Бога, таму, здаецца, дыхае радкамі, выказвае сябе свабодна і раскавана. Праўда, нельга не адчуць, што ён яшчэ і майстар-ювелір, які граніць радок, стварае ўражанне віртуознай лёгкасці пісьма. Р. Барадуліну, быццам чараўніку, падуладныя слова, гук, фарба. Ён валодае талентам мастака-жывапісца. Асабліва ярка квяцісты стыль яго пісьма выяўляецца ў пейзажнай лірыцы:
Барадулінская маляўнічасць эстэтычна роднасная метафарычнаму жывапісу ў беларускай паэзіі 20-х гг., які дэманстравалі У. Дубоўка, Я. Пушча. У. Хадыка, Т. Кляшторны... Мусіць, можна казаць пра метафарычную плынь у паэтычным мастацтве. Гэткі яркі і каларытны метафарычны свет стварыў, напрыклад, Анатоль Вялюгін — паэт, майстэрства жывапісання якога яшчэ належным чынам не асэнсавана і не ацэнена. У аснове мыслення і А. Вялюгіна, і Р. Барадулін ляжыць маляўнічая метафара, заснаваная на спалучэнні канкрэтна-пачуццёвага і асацыятыўнага пачаткаў. Суб'ектыўная асацыятыўнасць вобраза, яго эстэтыка-семантычная выяўленчасць атрымала з вуснаў В. Бечыка трапную характарыстыку — «барадулінскі метафарызм». Метафара паэта — глыбінна-адухоўленая, дзівосная, жывапісная.
Для верша Р. Барадулін ўласцівы пранікнёная рытміка-інтанацыйная арганізацыя, музычнасць, сэнсавае і гукавое абыгрыванне слова. Радкі ў творах паэта нярэдка нагадваюць пералівы хваль, іх музыка то мілагучная, роздумна-ціхая, то неспакойная, напружана драматычная. А часам верш гучыць парывіста і гарэзліва. Словам, Р. Барадулін шматгранны ў выяўленні, ён — віртуоз гукапісу. Не магу не затрымаць увагу на ягоным творы «Слухаючы мора», жанр якога паэт вызначае досыць арыгінальна — «хваля-паэма». Тут інтанацыйна-гукавая інструментоўка багатая алітэрацыямі і асанансамі, кранае слых эўфанічнымі паўторамі:
Р. Барадулін у кнігах апошняга часу («Самота паломніцтва» (1990), «Міласэрнасць плахі» (1992), «Евангелле ад Мамы» (1995) выкарыстоўвае такія мастацкія прыёмы, як кантраст, біблейскі стыль выказвання. Слова ў паэта можа паўстаць у нечаканым сэнсава-вобразным кантэксце. У творы «На схіле алфавіта» Р.Барадулін стварыў своеасаблівы народны слоўнік, дзе прыкметнае месца займаюць дыялектызмы і архаізмы. Даволі плённа ён разнастаіць і жанравыя формы паэтычнага выяўлення: лера-паэма, навела, пацеры...
Сваёй творчасцю Р. Барадулін дае красамоўны адказ на пытанне, якім павінен быць паэт і якой павінна быць паэзія. Праўда, спрэчка на гэты конт не мае пачатку і наўрад ці калі будзе мець заканчэнне. Паэт з аднолькавым поспехам піша добрыя публіцыстычныя, палітычныя, медытатыўныя, сатырычныя творы. Пад пяром яго нараджаюцца гімны і оды, элегіі і балады, пасланні і эпіграмы... Творца знаходзіцца ў палоне філасофскіх рэфлексій, балюча перажывае чарнобыльскую трагедыю, па-адраджэнску ўсхваляваны лёсам Бацькаўшчыны, складае прачулыя малітвы, дасціпна высмейвае чалавечую дурноту... Перад намі грамадзянін, патрыёт, эстэт з тонкім светаадчуваннем і паэт-філосаф. Можна скрыжоўваць коп'і і даводзіць, што палітыка і публіцыстыка — гэта справа журналістыкі, а не паэзіі. Чытаючы так званыя «гучныя» радкі Р. Барадуліна, часам думаеш і пераконваешся, што гэта сапраўды так. Аднак шмат якія з ягоных твораў вострага, трывожнага гучання — споведзь і боль сумлення, гаворка пра важнае і галоўнае на зямлі. Паэт, відаць, не мае права зачыніцца ў сваёй ракавіне, асабліва ў наш час, калі душа чалавечая плача, крычыць, ня верыцца, калі свет поўны бяды і драматызму. Р. Барадулін кліча да браталюбства, чалавечнасці, шчыра турбуецца пра лёс роднага краю:
Надзённасць тэмы — з'ява пераходная. Украінскі паэт Дз. Паўлычка добра заўважыў, што «высокім мастацтвам часам здаюцца вельмі вострыя, злабадзённыя рэчы, якія сапраўды кранаюць нас, але варта заглянуць у іх праз некалькі гадоў — і ўсё паўстае бляклым і нецікавым. ...Сапраўднае і фальшывае ў паэзіі, зразумела, можна вызначыць і адразу, але там, дзе адбылася памылка, праўду скажа толькі час». І такія памылкі ў барадулінскай паэзіі заўважныя, іх разумее сам аўтар: «Я хадзіў дэманстраваць адзінства У калонах шчыльных, як сцяна...» («І я»), У паэтавай душы нарадзілася пакаянне, перадусім яшчэ больш магутна ўзвысіліся духоўна значныя прыярытэты быцця: Маці, Беларусь, Бог. Зрэшты, Р. Барадулін ніякі «не ўзорна-паказальны чысцейшай вады пярэварацень», як імкнецца давесці ў камуністычнай газеце «Мы и время» (1995. № 23. 22 верасня) нехта А. Іванчанка. Гэты творца — сумленне і моц беларускага духу, бо заўсёды заставаўся глыбока нацыянальным паэтам. Ён увесь у нерушы матчынай мовы, у паэтызацыі беларускай прыроды. А што напісаны творы ўслаўляльнага пафасу пра Леніна, рэвалюцыю і камуністаў — дык гэта сумнае сведчанне часу, гісторыі, уступка ідэалогіі, якая татальна ачмурыла людскія галовы. Тыповым песняром камуністычна-бальшавіцкай сістэмы Р. Барадуліна ніяк не назавеш, а змена арыенціраў у ягоным светапоглядзе, эвалюцыя мыслення — рэч непазбежная і заканамерная. Паэт яшчэ ў апагей будаўніцтва камунізму трымаўся на непарушным, надзейным духоўна-эстэтычным грунце, ішоў ад зыходных асноў нацыянальнага быцця:
Сыноўняе пакланенне Беларусі і роднаму слову ў паэзіі Р. Барадулін — спадчынна невынішчальная лінія жыцця. Яна ў яго ад маці, Бога. Дарэчы, вобраз маці ў Р. Барадуліна — цэнтр нацыянальнага свету. Уся яго паэзія — гэта споведзь перад маці, узвышэнне ўсяго матчынага, святога на зямлі.
Лірыка паэта па-грамадзянску страсная, заклікальная, душэўна ўздымная і ўстурбаваная (вершы «Грунвальд», «Вернута быць павінна», «Дык як?» і інш.) Ён па-грамадзянску страсны, заклікальны, душэўна ўздымны і ўстурбаваны. Але цяпер, як ніколі раней, ён па-філасофску заглыблены ў сваёй скіраванасці да спазнання складанасці свету, таямніцаў быцця, вечнага і вечнасці. Надышоў такі час, калі паэт востра адчувае вечар жыцця, уяўляе царства ценяў і «ў думках рэшту дзён перабірае». Законы чалавечага існавання няўмольныя, таму, напэўна, і назіраецца ў барадулінскіх вершах градацыя суму, тугі, імкненне да быційна-філасофскага роздуму. Свет яго радка па-біблейску мудры, глыбінна аналітычны і канцэптуальны. Пра гэта акурат і сведчыць адна з самых выдатных кніг у сучаснай паэзіі — «Евангелле ад Мамы». Тут Р. Барадулін больш за ўсё хрысціянскі філосаф, прапаведнік агульначалавечай маралі. Ён, як і некалі Ф. Скарына ці К. Тураўскі, малітоўна засяроджаны, этычны, чалавекалюбны: «Нікому нічога не будзьце віннымі, Апроч узаемнай любові» («Азёры ніяк не развесці вінамі...»)
Што ўражвае ў барадулінскай паэзіі, дык гэта яшчэ і тое, наколькі універсальная ў ёй сістэма вобразаў прыроды. Паэт па сутнасці стварыў адметную філасофію травы, цішыні кругазвароту дрэва... Ён — натурфілосаф, які імкнецца спазнаць сутнасць прыроды, яе жыцця, зменаў і руху. Вобраз травы — адзін з ключавых топасаў паэзіі Р. Барадуліна. Трава для яго нібы «першаславянствам пахне», яна ўвасабленне чалавечага лёсу, аналогія жыцця і смерці. У вершы паэта «Маналог лугу», як і ў творах «Трава» балгарскага паэта Найдана Вылчава і «Трава» польскага паэта Богдана Драздоўскага, цесна паядноўваецца прыроднае і чалавечае, трава выступае як метафара быцця, сімвал вечнасці. Р. Барадулін гаворыць з прыродай як з жывой істотай, глыбока разумее яе «душу».
Вельмі нацыянальны па светаўспрыманні, ладзе мыслення Р. Барадулін у сваіх так званых «падарожных» вершах. На іх менш за ўсё звярталася ўвага, хоць гэта і не апраўдана. Паэт шмат вандраваў па свеце і стварыў нямала нізак пра экзотыку розных краёў і кантынентаў. Экзатычны пейзаж такую шырокую распрацоўку набыў яшчэ хіба ў паэзіі М. Танка. Паэтычная «геаграфія» Р. Барадулін сапраўды маштабная: Прыбалтыка, Сярэдняя Азія, Балгарыя, Чэхія, Італія, Куба, Францыя, ЗША, Кітай, Індыя... Безумоўна, часам «радкі дарог» у гады савецкага мінулага былі своеасаблівымі творчымі справаздачамі з абавязковай ідэалагічнай устаноўкай, наяўнасцю кантрасту «капіталізм — сацыялізм», «яны — мы». І ўсё ж, да гонару Р. Барадуліна, ён імкнуўся заставацца мастаком слова, часта маляваў краявіды замежжа, стварыў арыгінальныя пейзажныя карціны, замалёўкі, эцюды. Экзотыку ён успрымае вачыма беларуса, праводзіць вобразныя паралелі з родным светам: «Раніца - Шэрая перапёлка Ад расы крыло абтрасае...» («Сустракаю пекінскую раніцу...»). Вобразы чужых краявідаў, адгукаючыся ў сэрцы паэта, узбагацілі яго мастацкае ўяўленне, выяўленчую палітру.
Р Барадулін — і тут няма ні каліва сумневу — прафесіянал высокага кшталту. Аднак не буду сцвярджаць, што ўсё ў ягоных кнігах апошняга часу выключна яркае, шэдэўральнае. Майстар, як думаецца, таму і майстар, што сам можа зірнуць на зробленае крытычна, а пасля здольны ўзяць зноў у рукі камяк гліны і сесці за ганчарны круг, каб працаваць, здзівіць сваім цудам свет. Далучыцца і прычасціцца да паэтычнага слова-цуду — вялікае шчасце.
На алтар любові і кахання
Ніл Гілевіч, бясспрэчна, адносіцца да аднаго з самых сацыяльна заангажаваных і палітызаваных сучасных беларускіх паэтаў, і таму не дзіўна, што пра яго прызвычаіліся найперш гаварыць як пра творцу грамадзянскага кшталту. Н. Гілевіч-паэт — і ў гэтым сапраўды асновасутнасны момант яго творчасці — шчыры і мужны заступнік усяго роднага, беларускага, ён з маральнай бескампраміснасцю выступае супраць таго, што абражае нацыянальную годнасць, звязана з уціскам роднай мовы, занядбаннем культуры, духоўнасці і вядзе ў гістарычны тупік быцця. А сведчаннем таму перадусім яго паэтычныя кнігі, якія выйшлі ў 90-я гг.,— «Жыта, сосны і валуны», «Незалежнасць», «На высокім алтары», «Талісман» і некаторыя іншыя.
Зрэшты, не сёння і не толькі ўчора паэт зрабіўся прапаведнікам беларускага патрыятызму, нашага нацыянальна-духоўнага ўзвышэння. Кніга «Любоў прасветлая» (1996) красамоўна сведчыць, што ад самага першага верша «Родная мова», напісанага ў 1947 г., і да сённяшняй грамадзянскай лірыкі і публіцыстыкі ён заўсёды меў у сваіх грудзях палымянае беларускае сэрца. У гэтым, мусіць, і хаваецца разгадка Н. Гілевіча-паэта, які ўвесь у спавяданні любові да Беларусі-Радзімы, выказванні пачуццяў вернасці і самаадданасці ёй:
Любоў да Радзімы ў Н. Гілевіча выяўляецца як любоў да маці, якая нарадзіла, узгадавала, і любоў гэтая ўзвышае, прасвятляе, дае ўнутраны мацунак, робіць жыццё паўнакроўным і асэнсаваным. Гэта, напэўна, калі паглядзець з аднаго боку. Нельга, аднак, не адчуць, што споведзь паэта гучыць яшчэ і вельмі асабіста, нават інтымна, ён выгаворвае самае запаветнае, таемнае, і нярэдка таму ў творах паэта любоў да роднай зямлі, Радзімы перарастае ў пачуццё вялікага замілавання і кахання. У гэтай сувязі можна прыгадаць выказванне крытыка Антона Адамовіча з артыкула «Ля вытокаў нацыянальнага» (1948), які, дарэчы, заснаваны на псіхааналітычных высновах З. Фрэйда: «...Каханне да роднага — становіць сабою глыбокую эмацыянальную (пачуццёвую) падаснову ўсяго нацыянальнага наагул, усякае нацыянальнае сведамасці, кажнае нацыянальнае ідэі... Усякая ідэя наагул будзе моцнай і дзейнай тады, калі выплывае з глыбінных нетраў пачуцця, караніцца і абапіраецца на адным із глыбейшых і інтымнейшых пачуццяў — на пачуцці кахання...» Для Н. Гілевіча як пісьменніка ўласцівы актыўны патрыятызм, глыбокае ўсведамленне нацыянальных прыярытэтаў у агульна-супольным чалавечым быцці, шанаванне сваёй мовы, культуры, духоўнай спадчыны. Можна нават задацца пытаннем пра тое, што ўсё ж такі лепей: «грунт мець пад нагамі, каб не бадзяцца батракамі» (Я. Колас) ці быць перакаці-полем, касмапалітам, сцвярджаць, што «мой адрес не дом и не улица...»? Н. Гілевіч якраз і турбуецца як грамадзянін і паэт, каб мы як народ і нацыя мелі «грунт пад нагамі», з болем і трывогай апелюе да чалавечай душы і свядомасці:
Любіць Н. Гілевіч сваю Радзіму-Беларусь і народ не зусім той «странною любовыо», як знакаміты рускі паэт, а любоўю балючай, пакутнай, самазабыўнай, дзейснай, не хоча мірыцца з тым, што дзеецца з братам-беларусам, нашым пародам, выбухае па-купалаўску набатным голасам, звяртаецца да лозунгаў і заклікаў, вострых запытальных інтанацый (пра гэта яскрава сведчаць назвы вершаў «Адкажы!», «Трывайма, браты!», «І ўсё-такі дойдзем!..» і інш.). Такая адраджэнска-патрыятычная скіраванасць твочасці Н. Гілевіча сяго-таго насцярожвае, а нехта ў сваіх меркаваннях ідзе значна далей. Разважаючы пра погляды і творчасць А. Лойкі 90-х гг. у грунтоўнай манаграфіі «Насуперак канону» (1997), Г. Сіненка піша, што «ён, як і Ніл Гілевіч, пачынае набліжацца да адкрыта нацыяналістычных пазіцый В. Быкава, Р. Барадуліна, С. Законнікава і іншых беларускіх літаратараў» (с. 409-410), «Нацыяналістычнае» ў Г. Сіненкі — нешта жахлівае, як СНІД, і таму, калі прачытаў гэтую і некаторыя іншыя мясціны з заключнага раздзела ў цэлым цікавай працы, то адчуў у іх — хай даруе аўтар — адгалоскі літаратуразнаўства 30-50-х гг., калі гаворка пра «адкрыта нацыяналістычныя пазіцыі» для пісьменніка магла мець далёкія наступствы. Дзякуй Богу, што сёння на парозе ІІІ тысячагоддзе і мы адчулі, што жывём не ў запаведніку, а ў цэнтры Еўропы. Камусьці вельмі хочацца рабіць, ляпіць з Н. Гілевіча і іншых нашых пісьменнікаў — патрыётаў сваёй Беларусі — вобразы ворагаў, абвінавачваць іх у русафобу адшчапенстве і да т. п. Хай любы з апанентаў, прачытаўшы новыя кнігі Н. Гілевіча альбо ягоныя публіцыстычныя артыкулы, лепш сумленна адкажа сабе, ці жадае Н. Гілевіч свайму народу бяды, зла, ці выступае ён супраць рускага народа, вялікай рускай культуры, славянскай еднасці і інш. Асабіста для мяне відавочна: гэты пісьменнік — чалавек і творца тых шырокіх духоўных даляглядаў, якія выводзяць нас у славянскі і агульначалавечы космас. Колькі ім зроблена на перакладчыцкай ніве! І гэтая яго творчая рупнасць, уклад у пашырэнне духоўных стасункаў паміж рознымі народамі ацэнена на самым высокім узроўні: за пераклады балгарскай літаратуры ён адзначаны ордэнам Кірылы і Мяфодзія І ступені (1966), за пераклады літаратуры народаў Югаславіі — ордэнам Югаслаўскай зоркі на стужцы (1985). Але - паўтаруся — ягоны герой найперш караніцца ў сваім родным свеце, хоча бачыць сваю Беларусь як «храм прасветлы». «Душа мая і ў небе будзе трызніць Беларуссю»,— так прызнаецца паэт у вершы «Мой кароткі адказ». Мусіць, праўда паэта: Радзіма — гэта вечнае пачуццё ў чалавечай душы, і каханне, любоў да яе неўміручыя. І нашы душы пасля адыходу з гэтага грэшнага свету яшчэ доўга будуць вяртацца да «той зямлі, дзе маці нарадзіла... тых магіл, дзе прашчуры ляжаць», дзе «нашых душ карані». Паэт адчувае глыбінную, касмічную повязь з усім дарагім і родным на бацькоўскай зямлі і таму пратэстуе супраць таго, што нехта жадае «душу зямлі абрабаваць», засцерагае нас ад бяспамяцтва, вырачэння сваіх каранёў, заклікае «не ступіць у гіблы след», які вядзе не ў рай, а да хаосу, бязмэтнага існавання, духоўнага спусташэння. І ў гэтым сэнсе Н. Гілевіч — вялікі чалавекалюб і жыццялюб, бо так можна, відаць, назваць толькі чалавека, якому не ўсё роўна, якімі мы пакінем свет і жыццё нашчадкам, што тут, на зямлі, возьме «верх-перамогу над... душой».
Ніл Гілевіч — пясняр кахання, які выяўляе зайздроснае хараство і глыбіню пачуццяў да жанчыны, і асабіста я як чытач вельмі ўсхвалявана ўспрымаю яго інтымна-любоўныя вершы. Зрэшты, сумую, што ён у апошні час мала піша пейзажаў, бо тыя ранейшыя — лірычныя, адухоўленыя, напоўненыя паэтызацыяй цудоўнай дзівоснасці свету, музыкай слова — сапраўды яркія і незабыўныя («Цуд тварыўся — я праспаў...», «Свята зямлі», «Снежаньская імпрэсія» і некаторыя іншыя). Лірыка кахання Н. Гілевіча — гэта мілагучнасць слова, тонкі водар любоўнага хмелю, узнёсласць і асвечанасць воблікам каханай, якая, як і ў М. Багдановіча, успрымаецца як мадонна, багіня:
Гэта радкі з верша, напісанага не так даўно. У лірыцы Н. Гілевіча знайшлі трапяткое ўвасабленне і пачуццё першага кахання, і з асаблівай эмацыянальнай настраёвасцю перададзены «сум апошняга расстання», і іншыя душэўныя пачуцці-перажыванні, якія выказваюцца на хвалі пяшчотнага лірызму, з вялікай любасцю і закаханасцю сэрца. Па сутнасці, у вершах паэта гучыць музыка кахання — узвышаная і прачулая, якая акрыляе, ратуе, перайначвае быццё:
Каханне — гэта храм і апірышча душы Н. Гілевіча-паэта. Любоў-каханне да Радзімы ў яго як бы падсвечваецца і правяраецца пачуццём кахання да жанчыны. У вершы «Апошняе спатканне з Веранікай» каханая Максіма Багдановіча — гэта вобраз самой старонкі, якая «зайшла да паэта ў пакой». Каханне адпрэчвае адзіноту, безнадзейнасць, скруху, і таму гэтае пачуццё ў лірычным свеце Н. Гілевіча набывае вялікую духоўную першакаштоўнасць:
Ніл Гілевіч для мяне не толькі паэт, які пачынаецца з гучнага пафасу, але і з пранікнёнага, унутрана выверанага рытму, адкрытага сардэчнага хвалявання, чалавечага болю, музычнага пульсу радка. Так, яму ўласцівы і публіцыстычная прыўзнятасць прамаўлення, аратарская пафаснасць, а яшчэ — уменне бліскуча карыстацца сродкамі сатыры і гумару (зборнікі «Званковы валет», «Як я вучыўся жыць», «Русалка на Нарачы», «Кантора», «Дыялог на хаду» і інш.). Н. Гілевіч — шматмерны і шматгранны творца, аднак міжволі адчуваеш, што ягоны паэтычны сусвет найперш лірычна-адухоўлены, поўніцца ЛЮБОЎЮ, КАХАННЕМ.
«Наўпрост да святла»
Ці быў застой у беларускай паэзіі 70-80-х гг.? Асабіста я не спяшаўся б з нейкім катэгарычным адказам і не ўсчынаў бы лямант пра тагачасны канфармізм ды казённае пустазвонства. Агульная тэндэнцыя заняпаду, нівеліроўкі паэтычнага слова, безумоўна, праглядваецца. Аднак не кожны з нашых паэтаў спяшаў ісці ў нагу з часам і пафасна плесці рыфмы. Мне часта думаецца, чаму з пакалення «сямідзесятнікаў», якое, здаецца, павінна было найбольш падпасці пад уплыў ідэалогіі, выйшлі творцы не кан'юнктурныя, не заангажаваныя, такія, як інтэлектуал Алесь Разанаў, лірыкі-эстэты Раіса Баравікова, Ніна Мацяш... Пра жанчын-паэтэс, відаць, можна сказаць, што яны цалкам у спавяданні інтымна-любоўных пачуццяў. Дык якая тут можа быць ідэалогія? Уся рэч у іншым, а менавіта ў тым, што Н. Мацяш і некаторыя іншыя яе равеснікі па літаратуры яшчэ на пачатку свайго творчага шляху зразумелі сутнасць і прыроду паэтычнага мастацтва.
Паэзія Н. Мацяш — незамутнёная крыніца красы, да якой прыпадаеш, перажываючы радасць і сум чалавечага быцця на зямлі. Яе лірычны свет напоўнены святлом кахання і любові. І ў гэтым бачыцца арганічнае выяўленне сутнасці жанчыны, для якой самая высокая мерка — каханне. Наогул гэтае пачуццё — галоўны нерв жаночай паэзіі. Згадайма радкі з верша Я. Янішчыц: «Пачынаецца ўсё з любві, а інакш і жыць немагчыма» («Ты пакліч мяне. Пазаві...»). «Кахаю. І чакаю» — гэтымі двума словамі з верша «Запозненаю дзікаю ажынай...» можна вызначыць эмацыянальна-псіхалагічную дамінанту інтымнага свету Н. Мацяш. Яе лірыка кахання спавядальна-трапяткая, пяшчотна-даверлівая, нярэдка шчымлівая, з дамешкам самотных перажыванняў. Нельга не адчуць чысціню і ўразлівасць жаночай душы і разам з тым яе годнасць, бясконцую дабрыню:
Н. Мацяш у выпяванні любоўных перажыванняў такая ж лірычна-сардэчная, як і Я. Янішчыц, але пульс яе страфы адрозны, скажам, ад унутранага тонусу радкоў Р. Баравіковай - паэтэсы, якая ў сваіх творах эмацыянальна-парывістая, імпульсіўная. Пра ўвасабленне пачуцця кахання ў паэзіі Н. Мацяш слушна і глыбока выказаўся У. Калеснік: «У прынцыпе, гэта паэтычная філасофія кахання як загадкавага стану, дзе вітальная сіла скрыжоўваецца з сакральнай запаветнасцю. Мэта яе — азоранасць сэнсам тварэння жыцця». Думаецца, пра паэтэсу можна гаварыць як пра філосафа ў яшчэ больш шырокім сэнсе. Бо яе паэзія — гэта не экзальтаваныя ўздыхі, а лірычная філасофія чалавечага духу, яго трывучасці, філасофія святла і жыццялюбнасці.
Н. Мацяш - тонкі пейзажыст, яна малюе прыроду з захапленнем, з трапяткім лірызмам. У яе пейзажных вершах ярка выяўляюцца настраёвая душэўная повязь са светам, музыка зямной асалоды быцця, радасць адкрыцця цуду:
Пейзаж для Н. Мацяш - духоўная патрэба самавыяўлення, своеасаблівая кардыяграма сэрца. Зрэшты, як заўважыў філосаф Г. Гадамер, «мастацтва» магчыма таму, што прырода не вычэрпвае ўсіх магчымасцяў выяўленчай дзейнасці, пакідаючы лакуны для фарматворчасці чалавечага духу». Кожны мастак у гэтым сэнсе ідзе адметным шляхам. У большасці пейзажных твораў Н. Мацяш прырода і каханне паўстаюць у адзінстве, зліваюцца. Свае інтымныя пачуцці паэтэса давярае прыродзе, яна цесна суадносіць сезонна-каляндарны рух часу з уласным жыццём, лёсам: «І гэтак дзівосна, і блізка ўсё, і зразумела, Нібыта прырода ўзяла маю жытку за ўзор... » («Кастрычніцкае»). Жаночае сэрца на фальклорны лад адухоўлена, прачула гаворыць з ялінай, кветкай, ракой, вычувае свет краявідаў жывым і блізкім. Жывапіс Н. Мацяш уражвае свежасцю і непаўторнасцю вобразаў, сцішанасцю фарбаў: «Стаяць манахамі сады Ў сутанах вымаклых за плотам» («Восень»).
У паэзію Н. Мацяш, як у свой час М. Багдановіча, У. Дубоўка У. Жылку, вяла краса. «Каб толькі Прыгажосць была І смагай і памкненнем»,— выказвала паэтэса запаветнае жаданне на пачатку 70-х (верш «Узмах крыла, узмах крыла...»). З красой, святлом і любоўю яна творыць і сёння, творыць без нараканняў, з удзячнасцю да Бога і Слова.
«Горка плача лебедзь адзінокі»
Яшчэ, здаецца, учора адраджалася ў зялёна-белым убранстве зямля, цвіў першацвет і красавалі лугі, з узрушана-трапяткім зумканнем брала ўзятак пчала, радасна віла гняздо птушка. І ў гэтым свеце, поўным жыцця, не магло не жадацца светлага, чыстага, радаснага:
Верш «Я за жыццё сваё спасціг...», радкі з якога цытуюцца, завяршаў кнігу Генадзя Бураўкіна «Гняздо для птушкі радасці», якая выйшла ў 1986 г. Праўда, у гэтым жа творы згадваліся і іншыя птушкі — «з чарады сумнення, смутку, роспачы». Яны, самотныя вястункі, на доўгія гады сталі спадарожнікамі паэта, вобразным увасабленнем яго лёсу і пачуццяў: гэта — лебедзь адзінокі, крыклівы клін гусей, далёкі журавель. У грудзях пасялілася птушка восеньскага смутку, начной трывогі:
Толькі напрыканцы зборніка «Узмах крыла» (1995) падае свой голас жаўранак, вітае паэта пасля заакіянскай дарогі. Аднак агульны эмацыянальны тонус кнігі паэзіі — элегічны, роздумна-спавядальны. На айчынных і далёка-чужых шляхах, вобразна кажучы, птушку паэзіі Г. Бураўкіна не раз сустракаў моцны парыў ветру, балюча раніла чорная ноч, марнавала непагадзь, але ўзмах яе крыла заўсёдна быў мужны, высокі, узрушальны. Што ж падымала ўвысь гэтае крыло? У якія часіны і моманты? Дзе яго моц і куды яно імкне?
Крыло бяды
Чарнобыль балюча апаліў крыло паэзіі Г. Бураўкіна. Свой эмацыянальна-ўзрушаны стан, звязаны з радыяцыйнай катастрофай, паэт глыбока раскрывае ў нізцы «Брагінская вясна-1986», асабліва ў вершы «Той чарнобыльскай ноччу...». Пісалася гэтая чарнобыльская нізка неўзабаве пасля выбуху на АЭС, тады, калі партыйна-бюракратычная сістэма рабіла ўсё, каб схаваць праўду пра Чарнобыль. Г. Бураўкін у творы «З хронікі бяды» мужна расхінуў завесу падману, хлусні, паказаў тое, як дзеелася злачынства супраць жыцця народа:
Памятаю, як усхвалявалі мяне чарнобыльскія вершы паэта, калі чытаў іх пасля надрукавання ў «Полымі» (1988. № 6). Узрушылі яны драматызмам гучання: «Будзе, будзе да скону мне Чарнобыль балець...» Трывога паэта перадалася і мне, зачапіла, як кажуць, за самае жывое, крэўнае: у 1986 г. нарадзіўся мой сын. Радкі верша «Ад Чарнобыля ў небе плыве аблачынка... » і зараз, калі іх згадваю ці перачытваю, вярэдзяць душу і розум:
Верш «Ад Чарнобыля ў небе плыве аблачынка...» — адзін з самых кранальных і шчымлівых сярод твораў на чарнобыльскую тэму. А напісана беларускімі паэтамі пра трагедыю, трэба заўважыць, не адна сотня твораў.
Крыло Радзімы
Пасля П. Панчанкі, поруч з Н. Гілевічам, Г Бураўкін — адзін з самых яркіх прадстаўнікоў сучаснай грамадзянска-публіцыстычнай паэзіі. Ён заўсёды выказваўся смела, з крытычным стаўленнем да рэчаіснасці, з выразных маральных і гуманістычных пазіцый. Праўда, савецкая ідэалогія спарадзіла негатыў і ў паэзіі Г. Бураўкіна, таму не абышлося без афіцыёзу, тыповага ідэйна-пафаснага рытарызму. Што было, тое было. Вядома, той-сёй з нядобразычліўцаў сёння не праміне, каб не ўкалоць нашых вядомых паэтаў за творы пра камісараў, партыю і Леніна. І зразумела, чаму гэта робіцца: такім чынам не прымаецца, перакрэсліваецца сённяшняя грамадзянская пазіцыя Г. Бураўкіна, маўляў, змены ў ягоным светапоглядзе — перараджэнства, здрада ранейшым ідэалам. Дарэчы, «Запісы з дальняй шуфляды», уключаныя ў паэтычную кнігу, сведчаць пра тое, што творца не заўсёды думаў ва унісон з казённай прапагандай. І ўсё ж «Узмах крыла» — гэта перадусім эвалюцыя, абнаўленне духу, вяртанне да існага першакаштоўнага, спадкаемна-беларускага. Г Бураўкін выдатна адчувае і разумее, што не можа не быць заступнікам, абаронцам сваёй Беларусі, яе народа, талентаў, мовы, гісторыі. «Мой Бог — народ»,— гаворыць паэт. Некалі ён раіў маладзейшым калегам: «Ідзіце ўслед за Панчанкам На рызыку і бой». Сёння «Узмахам крыла» паэт сам паказвае цудоўны прыклад грамадзянскай трывогі, маральнага высакародства. Публіцыстычнасць яго радка — гэта праблемная завостранасць думкі, страснае і пранікнёнае прамаўленне. Асабліва кранае спавядальная малітва паэтавай душы. Вось як паэт звяртаецца да Беларусі і хвалюецца пра яе лёс:
Патрыятычны пафас паэзіі Г. Бураўкін генетычна роднасны купалаўскаму. Сучасны паэт, як і некалі славуты пясняр, апелюе да свядомасці народа, нагадвае пра яго годнасць, засцерагае ад шляху нацыянальнага бяспамяцтва. Запытальныя інтанацыі ў радках і — асабліва — у заключных строфах шэрагу вершаў бачацца выявай унутраных пакутаў, чуйна-трывожным водгукам беларускага сэрца, запрашэннем да ўдумнай разважлівасці: «Няўжо і праўду кажуць — Такі народ?..» («Цяжкі застой на Беларусі...»); «Што ж гэта з Радзімай і з намі адбываецца?.. » («Што ж гэта такое...»); «Ну а што вы скажаце нашчадкам? Як вы ў вочы ім пагледзіце?..» («Наш парламент да дзівос ахвочы...»). Г. Бураўкін спадзяецца на мудрасць народа, вывярае яго лёс з думкай пра будучыню.
Трывога пра беларускую прыроду, якой прасякнуты вершы «Ён вечна быў мне казкай...», «Хоць ты ў Антарктыку бяжы...»,— таксама з дня сённяшняга, ад адчування ўсёй жахлівасці экалагічнага быцця на роднай зямлі. Таму і гучаць матывы віны, пакаяння перад прыродай, якая «курчыцца пакутна». Краса і гэты зямны свет дадзены нам Богам, і кожнаму трэба іх берагчы, ратаваць ад глуму і варварства.
У стылёва-выяўленчым плане верш Г. Бураўкін раскавана-тэмпераментны, у ім чуюцца і набат, і крык душы, і філасофская развага. Не бяруся рабіць адзіна правільную выснову, але пра сацыяльна-грамадзянскую паэзію мне думаецца наступнае. Не ўсё з напісанага трапіць у актыў беларускай паэзіі (такое, зрэшты, і немагчыма), нешта застанецца як сведчанне часу ці момант творчай біяграфіі паэта, скажам, як вершы «Яны здзяцінелі даўно... », «Зайздросьце, любыя, зайздросьце...», а штосьці з цягам часу будзе ўспрымацца інакш, магчыма, не гэтак востра і надзённа. Верш «Паўтараю...», хоць і ўтрымлівае слушную думку, падаецца эмацыянальна інертным. Тым не менш творы ўзроўню «Малітвы» (гэты верш ужо загучаў выдатнай песняй) заўсёды будуць абуджаць унутраны свет чалавека, выклікаць глыбокі водгук. Наогул кажучы, «Узмах крыла» — гэта ўсхваляваны маналог чалавечага сэрца, якое не прымае ўсялякага гвалту, бяздумнасці, зла, манкурцтва, маральнай дэградацыі сістэмы ўлады і якое прагне ўзвышэння на зямлі дабрыні, любові, духоўнай свабоды і мудрасці быцця.
Крыло тугі
Раздзел «Разлукі чашу выпіў я да дна» складае пераважна лірыка, створаная ўдалечыні ад Радзімы, на амерыканскім кантыненце. Там, у ЗША, Г. Бураўкін прадстаўляў Беларусь у сусветна вядомай Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. На чужыне, як прызнаецца мастак слова, паэтычная муза як бы адвярнулася ад яго:
Не стала душэўна блізкай «чужая прыгажосць», з'яўлялася настальгія, туга па роднай зямлі. Гэткае пачуццё, толькі надзвычай драматычнае ў сваёй аснове, зведаў не адзін паэт-беларус, які апынуўся на шляхах замежжа: «нішто не цешыць на чужыне»; «душа ў прыдушаным настрою» (Р. Крушына); «у самоце такой пякельнай існую»; «сузіральнік я толькі...» (М. Сяднёў). Амаль у кожным вершы, напісаным Г. Бураўкіным на чужыне, жыве думка-згадка пра бацькаўшчыну, маці, магілы блізкіх, тут уваскрасаюць дарагія сэрцу пейзажныя вобразы: «берагі зялёныя Дзвіны»; «усплёск палескіх рэчак і гоман полацкіх бароў». Амерыканская ява будзіць у паэтавай душы элегічную споведзь:
Паэт трызніў вяртаннем на Беларусь. «Як я рваўся дадому здалёк»,— прызнаецца ён. Ды, на жаль, на сваёй зямлі зведаў «горкі сум», нібыта спраўдзілася яго прадчуванне, што нарадзілася «над бясконцасцю акіяна»: «Я радзіме, відаць, непатрэбны». Гэткі настрой паэта цалкам зразумелы, але не той у яго характар, каб плакаць па сваёй нядолі, наракаць на маці-радзіму. Ён — сын Беларусі, яе патрыёт і таму зноў з уздымнасцю слова бароніць нацыянальныя святыні.
Крыло восені
Зазірнуў у свой частотны паказальнік асноўных пейзажных тэм і вобразаў: у паэзіі Г. Бураўкін 15 твораў пра восень, гэта ў два разы больш, чым вясновых ці зімовых вершаў. Ва «Узмаху крыла» восень — таксама вызначальная лірычна-пейзажная тэма. Тут паэт стварыў некалькі восеньскіх пейзажных замалёвак, дзве з якіх — «Непрыкметна падступіла восень...» і «Гартае восень жоўтыя лісты...» — напісаны на сапраўды анталагічным узроўні. Наогул, у кнізе-анталогіі беларускай пейзажнай паэзіі толькі лірыка восені можа заняць цэлы вершаваны том. І гэта гаворыцца абсалютна без ніякага перабольшання. Чым жа адметныя вершы Г. Бураўкіна пра восень? Кажучы словамі Р. Крушыны, «дзіўнай музыкай слоў», «іграннем пачуццяў на ліры», а таксама сваім глыбінным элегізмам, медытатыўнай настраёвасцю:
«У гаях пажаўцела трава». «Гартае восень жоўтыя лісты». «Горка плача лебедзь адзінокі». Аб чым ён маркоціцца, чаму плача душа паэта? Спадзяюся, вы адчуваеце: птушка і чалавек сумуюць па радасці жыцця, сонцу, вясновай Беларусі.
«Ахвярны агонь прымірэння »
Пра сутнасць творчага самавыяўлення Мар'яна Дуксы можна сказаць словамі рускага паэта Б. Акуджавы: «Как он дышит, так и пишет...» Аднак калі б у мяне папыталі, з чаго пачынаецца М. Дукса-паэт, я перадусім адказаў бы так: з сумленнасці, хвалявання, балючай адказнасці за жыццё і свет. Паэт не ўяўляе гаворкі з чытачом без чалавечай адкрытасці, крытычнага самааналізу, выразнай маральнай пазіцыі. Даволі красамоўныя, характэрныя ў гэтым сэнсе запеўныя радкі кнігі «Горн прымірэння» (1993):
Гаварыць пра самае галоўнае, важнае, набалелае — вось да чаго імкнецца паэт, і ў многіх творах ён дасягае жывой устурбаванасці слова. Высновы ягоных поглядаў, ідэалаў незамглёныя, яны па-чалавечы годныя, па-філасофску ўдумныя і асэнсаваныя. Сапраўды, «лірыка... — свайго роду экспазіцыя ідэалаў і жыццёвых каштоўнасцей чалавека» (Л. Гінзбург). У паэзіі М. Дуксы ёсць і пафаснасць голасу, і жывая праблемнасць зместу, тая сацыяльная канкрэтыка жыцця, якая становіцца асновай для ёмістах паэтычных абагульненняў. У вершы «Каго дагнаць ці перагнаць...» паэт асэнсоўвае «надуманыя гонкі» грамадства, даводзіць, што «жыццё ж — павольная рака. Не паскарай цячэння...». Радок тут пазначаны праніклівасцю паэтычнага аналізу.
Зборнік вершаў «Горн прымірэння» — шматтэмны, шматвобразны. У ім, як у люстэрку, яскрава адбіваецца тэматычна-вобразны і настраёвы дыяпазон усёй сучаснай паэзіі: прырода і экалогія, Чарнобыль, Курапаты, Адраджэнне, нацыянальны імунадэфіцыт, выжыванне народа... Аднак, як вядома, не тэма вырашае лёс твора, а паэт у меру свайго таленту надае любой тэме сваю адметнасць разумення, пэўную значнасць і маштаб. У вершы «Чаму ж мы так стараліся настырна...» адчуваецца светаасэнсавальная роздумнасць:
«Зямля мая! Як час віхурна трос заўжды цябе...» — працяты хваляваннем, усклікае паэт. Ягоны клопат, каб «край душу сваю не звёў», каб прыйшлі дзесяцігоддзі «без шуму, плачу і без крайнасцей...». У вершах «Нашы дзесяцігоддзі», «Нашаму веку» і іншых паэт якраз і выказвае сваё ўспрыманне пакручастых шляхоў XX стагоддзя. З сумам, балючасцю аглядае ён тую гісторыю, калі «была эпоха злой». Шмат ліха, гора спазнаў, перанёс чалавек, але разам з тым ён па-ранейшаму ва ўладзе сіл нянавісці, руйнавання, хцівасці і подласці. Што застаецца паэту ў «век нядобры наш»? Апеляваць да чалавечага розуму і сумлення. Таму паэтычны голас М. Дуксы прасякнуты палкімі інтанацыямі адмаўлення або сцвярджэння, набывае высокія прамоўніцкія рэгістры: «Далоў людское езуіцтва слоў, // бяздушны фарысейскі этыкет!» («Я веру ў шчырасць, а таму магу...»). Так, корань усіх былых бед і сённяшняга зла — сам чалавек:
«Двайнік наш цёмны», «наш маленькі звер» знішчае ў сэрцах чужыя пакуты, пасяляе там крывадушнасць, прытворства, фарысейства. Чалавек-двайнік, чалавек-маска запаўняе свет, спараджае «беспрасветны страх». Ці зможа, ці здольны ён хоць «запозненым сумленнем задрыжаць»? Паэт шукае адказ на гэтае пытанне невыпадкова, бо руйнуецца светлае, чалавечнае на зямлі. Ён жадае ўскалыхнуць, абразуміць усіх нас, каб мы вярнуліся да Бога ў сабе, не ператварыліся ў сейбітаў татальнага зла, бесчалавечнасці. «Ідзі, Дарога, аж да брамы Бога...» — у гэтых радках гаворыцца пра шлях нашага выратавання. У паэтавым светапоглядзе цесна паяднаны грамадскае і гуманістычнае, сацыяльнае і хрысціянскае, маральнае. М. Дукса выносіць прысуд чалавечай двудушнасці, аднак не страчвае веры ва ўнутраны катарсіс кожнага:
Просьба гэтая гучыць з маральнай усхваляванасцю слова. Хочацца выгукнуць: прачытайце пра гэта вы, хто моцна трымаецца за чыноўніцкія крэслы і павучае іншых, хто штодзённа начэплівае на свой твар маску! Пачуйце трывожныя звароты, суровыя запытанні, парады і сардэчныя заклікі паэта, які шукае ісціну, справядлівасць, праўду. «Любоў, сумленне, мудрасць — галоўныя кіты»,— пераконвае М. Дукса. Але хіба, прачытаўшы гэта, перайначыцца розная ўсёмагутная, усеўладная дрэнь і проста нікчэмнасць? Як бы там ні было, але хай сабе і не пачуты будзе многімі паэт, не абудзіць гул ягонага звона чыіхсьці душ, але ён павінен клікаць, «як сонца, чысты дзень», заставацца па-грамадзянску высакародным, чалавекалюбным. О, святая і наіўная паэзія! Ты ж заўсёды адчувала разлад паміж рэальнасцю і сваім бачаннем свету, ты імкнулася прыгожа ўладкаваць жыццё, зрабіць чалавека дасканалым, добрым, мудрым. Таму і сучасны паэт М. Дукса перакананы, што паэзія ніколі не павінна адмаўляцца ад гэтай сваёй маральна-духоўнай місіі — быць сонцам, грэць і ачышчаць людскія душы (верш «Дыялог з паэзіяй»). Аяшчэ, на ягонае ўспрыманне, паэзія — труба, горн:
Мо хто і не пагодзіцца з такім вызначэннем сутнасці паэзіі. Аднак паэт кажа не пра тое аглушальнае слова трубадураў, што гучыць ва унісон з чарговымі палітычнымі лозунгамі, а мае на ўвазе тую ліру, якая спявае разам з самім жыццём, трывожыцца за яго лёс, ідэалы, будучыню, дапамагае не збіцца з дарогі, не заблукаць у начной цемрадзі.
Паэтычны радок М. Дуксы — сапраўды «пазначанае сонцам слова». З вышыні сапраўднага, высокага, вечнага асэнсоўвае ён рэчаіснасць. Слова паэта ідзе ад жыцця і заглыбляецца ў жыццё, выяўляе яго складанасці, пранікае да першавытокаў грамадскіх з'яў і падзей. «Уваходжанне жыцця ў паэзію — працэс пакутны. Забеспячэнне вобраза сапраўдным зместам заўсёды пошук, выбар, суадносіны рэальных каштоўнасцяў знешняга і ўнутранага свету» (А. Урбан). М. Дукса ставіцца да жыцця з мерай уласнага вопыту. Ён не хавае віны за сумныя, прыкрыя ўрокі:
Тут трэба сказаць, што паэт звязаў свой лёс з працай у школе. Яго палохае наступ бездухоўнасці, жаданне ісці за чужой модай, прымітыўнымі, зусім не лепшымі густамі. «А што нас чакае далей?» — міжволі ўзнікае пытанне пасля прачытання вершаў М. Дуксы маральна-этычнага зместу.
У вершах «Я хутар помню свой пасля Пагрому Часам...», «Завіруха 40-га года», «А год сорак сёмы. Ужо на зыходзе зіма...», «Пусты год» і іншых паэт з горыччу вяртаецца ў тую паласу даваенных і пасляваенных гадоў, калі руйнаваліся асновы сялянскага свету, нішчыліся чалавечыя каштоўнасці. Тагачасная эпоха абрынула столькі зла і бяды, што і сёння грамадству нялёгка расправіць плечы. Лірыка М. Дуксы — пакаянне і споведзь перад сонцам праўды і будучыні. Сонца, увогуле, адзін з самых прыкметных вобразаў паэта. Яно — увасабленне высокага, боскага:
Філасофія часу і вечнасці знаходзіць выяўленне ў такіх творах, як «Яшчэ мяне на свеце не было...», «Ускалыхнуў душу дрыготка лёс...», «Час-грымёр» і іншых. Ад адкрыцця імгнення, «дзе вечнасць заціхае», да спагнання эпахальнага часу ў ягонай повязі мінулага і будучыні — такая шырыня медытатыўных роздумаў паэта. Плыннасць, незваротнасць часу нараджае ў душы шчымлівасць, одумнасць, абуджае гуманістычныя пачуцці: «Стуліцеся — і зробіцца цяплей на чорным фоне вечнай адзіноты» («А людзі ўсё люляюць немаўля...»).
Своеасаблівасць гучання многіх вершаў М. Дуксы ў тым, што іхні ўнутраны лад — дыялагічны. Паэт спрачаецца з самім сабою, нешта даводзіць свайму другому «я», каб і мы, чытачы, глыбей увайшлі ў ягонае ўнутранае жыццё, свет сумненняў і трывог.
М. Дукса вельмі праніклівы лірык прыроды. Ягоныя паэтычныя пейзажы прасякнуты эмацыянальнасцю, філасафічнасцю. Прырода нязмушана ўваходзіць у паэтава сэрца: «І пройдзе праз цела дрыготкаю хваляй цяпло, // увойдуць у сэрца азёры, крыніцы і рэкі» (верш «Няпоўная радасць...»). Асаблівая ў паэта прыхільнасць да восеньскіх элегічных фарбаў: «Асенні пейзаж», «Бульбу скапала і перакапала...», «Асенняя ноч» і інш. Восень, мусіць, найлепей адпавядае стану роздуму, яна нараджае спавядальную музыку душы:
Паэт не саромеецца замілаванасці, дзіцячай непасрэднасці светаўспрымання. Знітаванасць пачуццяў-перажыванняў з жыццём прыроды — характэрная адзнака такіх твораў, як «Хворая птушка саскокне і сядзе на рукі...», «Я лесу пульс намацваю ледзь-ледзь...», «Вясеннія птушкі, жывёлы і мошкі...», «Вяслуе сонца — будзе ўсё чын чынам...» і інш. Паэт трывожыцца за безабаронную і хворую прыроду, з прыродай яму «хочацца... весці дыялог» («Роднасць»). Маштаб экалагічнай драмы сучаснага свету добра намаляваны ў вершы «Людзі залезлі на Дрэва жыцця...»: «Хутка абваліцца пышная крона. Высяцца цэлыя горы галля».
Любоўна-інтымныя радкі таксама ўдаюцца паэту. Увогуле, вечнае ў паэзіі М. Дуксы суседнічае з сучасным, надзённым. Да лепшых вершаў пра каханне варта аднесці такія, як «Нязбыўнае», «А дзве свечкі гараць... », «Бракуе рашучасці для расставання...». Каханне — «Божы дар», таму паэт адчувае, што зберагчы, не растраціць яго немагчыма без «ахвярнага агню прымірэння».
Паэзія М. Дуксы блізкая маім унутраным адчуванням і развагам. Гэтая «паэзія, як само жыццё» (А. Грачанікаў). Разам з тым нельга не бачыць, што паэт усё ж такі збіваецца на газетна-публіцыстычнае перажоўванне надзённых тэм і праблем. Што ж, «пазначаны будзень і свята», «радасці даўно застаўся мізэр», і паэзія не можа не рэагаваць на гэта. Вершы «Кааператары», «Пачынаючы бізнесмен», «З нагоды пустых прылаўкаў» і некаторыя іншыя адлюстроўваюць сумную прозу жыцця. Аднак яны ўяўляюцца той павярхоўнай публіцыстыкай, дзе губляюцца моц і вастрыня душэўных перажыванняў:
Такія радкі чытаюцца нудна. Сам жа паэт у адным з вершаў кажа так: «І быць вешчунамі ці шчасця, ці мук — // хоць зараз! — гатовы гарачыя словы» («Шматлікія словы турбуюць мяне...»). Скажам шчыра: паасобныя вершы М. Дуксы зусім не вешчуны, яны асуджаны на кароткае жыццё. Нярэдка, нягледзячы на тое, што ён шматразова паўтарае словы «боль», «сумленне», «душа», у радках адсутнічае сапраўдны болевы парог пачуцця:
Але ў паэзіі М. Дуксы ёсць нешта больш істотнае. У ёй жыве пільная ўвага да ўсяго жыццёва важнага, драматычнага, пагрознага, што звязана з чалавекам, грамадствам, прыродай. Паэт гаворыць пра тое, як важна і неабходна ўладкоўваць навакольны свет і свет кожнага чалавека мудра, суладна, годна. Бо толькі тады на нашу зямлю прыйдуць светлыя і радасныя дні.
«Няўцешная журыцца ліра»
Нехта, напэўна, успрымае Віктара Гардзея больш як празаіка, аўтара сапраўды яркіх, па-майстэрску напісаных кніг «Дом з блакітнымі аканіцамі», «Карані вечнага дрэва» — і асабліва — «Уратуй ад нячыстага», апошняй па часе празаічнай кнігі, дзе струменіць гумарыстычна-сатырычная стыхія слова. Прыкметны творчы наробак В. Гардзей мае і на паэтычнай ніве, хоць, як падаецца, на засяроджаную, неаслабную ўвагу крытыкаў яму не вельмі шчасціла. Як-ніяк, а новая кніга «Дзікая пчала» (1994) ужо шостая на літаратурным рахунку паэта.
В. Гардзей ніколі не ўспрымаўся мною як творца гучнага прамоўніцкага пафасу. Зрэшты, такім ён і сам не імкнуўся быць. Ягонай манеры ўласцівы найперш сузіральна-роздумны жывапіс. У лепшых радках «Дзікай пчалы», пазначаных рознымі гадамі напісання — ад другой паловы 60-х і да пачатку 90-х,— яскрава праяўляецца ўменне паэта сказаць пра нейкую з'яву ці падзею з асэнсавальнай развагай, з маральнай, нярэдка і сатырычнай скіраванасцю погляду, з эмацыянальнай узрушанасцю, але без голаснага надрыву, размашыстай патэтыкі. Радок В. Гардзея асабліва кранае там, дзе гучыць настраёва-інтымна, даверліва, одумна:
Зноўку няўцешная журыцца ліра.
Зноўку праз далеч памяць заве.
Вось і буслы адлятаюць у вырай.
Лісце трымціць у пажухлай траве.
Мусіць, не тыя гаворацца словы —
Радасць марудна вяртаецца ў дом.
Сумна прыціхлі гаі і дубровы,
Лісце счарнела пад порсткім дажджом.
(«Мала было дабраты і пяшчоты...»)
Нямала вершаў, уключаных у зборнік, напісана ў так званы час таталітарызму. Сярод іх такія, як «Рэха журбы», «Пакуты чыніць, пэўна, чорт лазаты...», «Комплекс ГПА», «Мякка ноч ступае», «Паказуха» і інш. Ідэалагічны дыктат моцна ціснуў на чалавечую свядомасць. Аднак было б памылковым лічыць, што ўсе беларускія пісьменнікі былі ў гады ваяўнічай марксісцка-ленінскай дактрыны бяздумнымі служкамі сістэмы, невідушчымі, аслепленымі афіцыёзам і дэмагогіяй. Можна налічыць больш дзесятка вершаў В. Гардзея, у якіх гаворыцца пра заганы, хібы грамадскага жыцця 60-80-х гг. Аўтар іх меў свой уласны погляд на рэчаіснасць, жыццё, падзеі. Згаданыя творы цікавыя нам перш за ўсё як сведчанне таго, што, кажучы словамі Г. Бураўкіна, «і беларускія інтэлігенты... жывучы і працуючы ў сваім часе і са сваім народам, думалі над усім, што дзеелася на Радзіме, і не згаджаліся з афіцыйнай хлуснёй і самазадаволенасцю». Хтосьці, праўда, можа папракнуць паэта: глядзі, які смелы знайшоўся, толькі ў 90-я дастаўз шуфляды свае антызастойныя, антыафіцыёзныя творы. Што можна адказаць на гэткі мажлівы закід? Паслухаем перадусім развагі паэта на пачатку 70-х:
Пагодны дзень, але на сэрцы хмарна:
Відаць звярыны выскал у л юдзей.
І бунтаваць у гэтай цвілі марна,
І шчасце мець — ужо няма надзей.
(«Пагодны дзень, але на сэрцы хмарна...»)
Паэт ведае, як распраўляліся з іншадумцамі ў розныя часы ды эпохі, усведамляе, як цяжка стаць барацьбітом (верш «Ці гільяціна, ці тапор...»). Скажыце, ці шмат хто здолеў адкрыта крытыкаваць рэчаіснасць пры «развітым сацыялізме»? Аднак боль у сэрцы паэта — заўсёдны:
Будуем светлыя палацы
З калонамі і без калон.
Але, глядзіш, упартай працы
Чамусьці небагаты плён.
Ды ўсё часцей народ «пад мухай»,
І ставяць зрубы ўсё радзей.
Ах, паказуха, паказуха:
Нашто ж палацы без людзей?
(«Паказуха»)
Гэта голас паэта пачатку 80-х. Нават калі б ён і моцна жадаў, то наўрад ці падобную вершатворчасць працусціла б у друк звышпільная цэнзура. Я тым не менш не схільны сцвярджаць, што В. Гардзей быў у тыя даўнія ці нядаўнія часы абсалютным апазіцыянерам да таталітарнай улады. Тады яму хутчэй за ўсё трэба было б быць дысідэнтам. Аднак несумненна, што паэт часам думаў інакш, успрымаў навакольную рэчаіснасць без ружовых акуляраў. Што і казаць, але апошнім часам робіцца спроба кардынальна памяняць погляд на літаратуру даперабудовачнай, даадраджэнскай пары. Мінус з лёгкасцю мяняецца на плюс, і творца паўстае ўжо праціўнікам таталітарызму, змагаром з афіцыёзам, антыкамуністам вышэйшага гарту. Напрыклад, пра аднаго з вядомых пісьменнікаў не так даўно прачытаў і такое: «...Ніколі не быў паэтам-трубадурам, ён бачыў у нашым грамадстве, асабліва ў яго верхніх эшалонах, замаскаваную фальшывую дабрадзейнасць, за якую сёння народ расплачваецца дарагой цаной маральных і матэрыяльных страт. ...Паэт нібы папярэджваў: людзі, не дайце сябе ашукаць абяцанкамі бюракратычна-чыноўніцкай партакратыі». Адразу згадалася, колькі дзяжурнага, казённага вершатворства нараджалася ў паэзіі 70 — сярэдзіны 80-х гг. Сумневу няма, што нашы творцы, а ў іх ліку і В. Гардзей, аддалі даніну ідэалагічна-палітычнай тэматыцы і часу, які дыктаваў свой пафас і матывы. А можа, не было ўсеагульнай веры ў светлае заўтра? Аднак В. Гардзей, як падаецца, можа, найменш, чым некаторыя нашыя народныя і аблаўрэачаныя паэты, паспяваў за ідэалагічнымі патрабаваннямі.
Важным светаасэнсавальным цэнтрам у «Дзікай пчале» сталі тэма вайны і тэма жыцця вёскі, якія, прынамсі, не адно дзесяцігоддзе вызначаюць дзве магістральныя лініі ўсёй беларускай літаратуры. Для В. Гардзея вайна і вёска — не даніна традыцыі, а лёсам наканаваныя боль і шчымлівасць душы, тыя тэмы, што ўвайшлі ў памяць і свядомасць, зблізіліся тут пад уражаннем убачанага ў нялёгкі пасляваенны час і больш аддаленыя ад ліхалецця гады. «Літаратура,— як заўважыў А. Адамовіч,— узнікае з перажытага. Самім аўтарам і ягоным народам перажытага». Менавіта з перажытага самім і пачуццяў людзей, што вынеслі нягоды вайны, вырастаюць радкі вершаў «Суніцы», «Аслеплі вочы ад чакання...», «Балада пра тытунь», «Кураслеп» і іншых твораў, напісаных у 60-70-я гг. Тут прысутнічае народны погляд на вайну як на вялікае гора, трагедыю. Гэта палітыкі заўсёды імкнуліся прыдаць вайне гераічнае аблічча, святкавалі перамогу пад услаўляльныя фанфары, замест таго каб з усведамленнем віны, жалобай услухацца ў «рэха вайны», «Бо непрыкрытыя косці салдат Мыюць дажджы па ярах і балотах» («Рэха журбы»). Як успрымаліся круглыя даты, звязаныя з ваенным кровапраліццем, В. Гардзей добра перадае ў адным з вершаў, напісаным яшчэ на самым пачатку 70-х:
Забыліся падзеі, слёзы матчыны.
Па хлеб чарга. Бязладак ля хацін.
І даты круглыя ў журбе адзначаны
У круглых і някруглых сірацін.
Як прыйдзецца, жылі, раслі, карміліся,
І толькі не забыліся яны,
Што ў сорак пятым без бацькоў радзіліся —
Нібы за іх прыходзілі з вайны.
(«Круглыя даты»)
Засмучанасць, горыч, водсвет драматычна складаных пачуццяў — характэрная адзнака светабачання паэта ў вершах, напісаных пра нягоды і пакуты, што пакінула на нашай зямлі вайна. «Шчасце мераю горкаю чашай, Што з маленства ўмясціла ў сабе: Бользямліцы, карміцелькі нашай...» — у гэтых спавядальных радках заключана сутнасная жыццёвая мера паэта (верш «Шчасце мераю горкаю чашай...»).
У вобразнай сістэме паэта хлеб, плуг, зруб, хата, поле выступаюць як галоўныя народныя каштоўнасці, што вызначаюць адвечны і непераходны сэнс чалавечага быцця на зямлі. В. Гардзей спавядаецца перад гэтымі святымі першаасновамі свету, якім пакланяліся яго дзяды і прашчуры: «Я трымаю колас, як ікону...», «Хаця жыву ў слязах — але Ты несумленнай нават крошкі Не знойдзеш на маім стале» (вершы «Не гадай: ці трэба хлеб ды воля?..», «Здабыты хлеб у працы плённай...»). Паэт баіцца «забыць пра сутнасць поля», бо менавіта тады ён пазбавіцца жыццёвай трывучасці, зніякавее яго ўнутраная цэльнасць характару. Ёсць, праўда, у вершах вясковай тэматыкі і знаёмы рух думкі, жэсту, газетная агульшчына:
Шчаслівы я ў чароўны міг.
Калі зярняты прыме глеба.
У добры час, мой творца хлеба!
Вітанне плёну рук тваіх!
(«Сяўба»)
Падобныя радкі, безумоўна, зніжаюць эстэтычны ўзровень кнігі. Можа, і не варта было змяшчаць у ёй так багата з даўно створанага, якое часам відавочна розніцца сваёй якасцю з тым, што з'явілася з-пад паэтавага пяра ў апошнія гады. Возьмем верш «Хаця было румянцу мала...», які напісаўся ў 1966 г. Наступная страфа, як падаецца, вартая ўвагі хіба што парадыстаў:
Шуміць наліў густою кронай:
Знай кожны фрукт сваю пару!
І я, дарослая персона,
Дзяўчат цалую і куру.
Зрэшты, і ў найноўшых творах паэт не заўсёды ўздымаецца да глыбокага лірычнага хвалявання: «...Хочацца з дому ўцячы Адразу ў туманнасць Сусвету Ці проста ў лазу і карчы», «Мне жыць між людзей не абрыдла, І я не аслеп, не аглух, Ды неяк няёмка з павідла Ганяць надакучлівых мух» («Прываблівы росчырк баліда...»).
Почырк паэтычнага майстэрства В. Гардзея яскрава выяўляецца ў пейзажна-экалагічнай лірыцы. Ад пачатку творчасці, бадай, самай галоўнай тэмай паэта, як і ўвогуле крыніцай ягонага душэўнага апірышча, стаў свет беларускай прыроды. У «Дзікай пчале» В. Гардзей па-ранейшаму застаецца песняром родных краявідаў, шчырым і чуйным сынам палескай зямлі, з якой яго лучаць жывая духоўная памяць, адчуванне маральнай адказнасці за яе лёс, будучыню. Увогуле, повязь з прыродай, сваёй зямлёй-бацькаўшчынай — глыбінны нацыянальны код беларускай паэзіі. Аднак у В. Гардзея не толькі генетычная зрошчанасць з вобразамі і малюнкамі сваёй этнапрасторы, але і глыбока ўсвядомленая пародненасць з лесам і полем, лугам і ракой, флорай і фаунай. Аўтар «Дзікай пчалы» — чалавек нястомнага і актыўнага экалагічнага мыслення, які абвострана адчувае свой і наш агульны абавязак перад занядбанай, па-варварску спустошанай прыродай. Інакш і не можа быць, бо толькі ўсвядомленае разуменне экалагічнай драмы-бяды здольна нешта змяніць, паправіць і, урэшце, выратаваць ад фізічнай і духоўнай пагібелі. Толькі ці пачуе грамадства паэзію, якая не страчвае надзеі павярнуць нас тварам, розумам да прыроды?
У розныя гады паэт нямала пісаў пра пакуты прыроды, верыў, што чалавек здолее ўвайсці ў «святліцу Айчыны», каб там ачысціцца, удасканаліцца. Ён і сёння праяўляе сябе шчырым заступнікам зямнога жыцця і хараства. Творцу палохае хіжасць, жорсткасць чалавека, які працягвае забіваць падобных сабе — «братоў нашых меншых» (верш «Ліцэнзія»). Ён — суразмоўца прыроды, бачыць, як у ёй, нягледзячы ні на што, «казкі мудрай тчэцца паясок». Кожнай істоце наканавана сваё месца пад сонцам: «І не ўцяміць, што ў прыродзе тлумнай Месца ёсць, прызначанае ёй» (верш «Дзікая пчала»). Паэт з гранічнай адкрытасцю ідзе да прыроды, ён не ўцякае да яе ад «звады і здрады», а ідзе за падказкай, разуменнем і спагадай. Сам-насам з прыродай глыбей бачыцца вечнае і сапраўднае. «Кліча лес і кліча поле...» — прызнаецца паэт у вершы «Лотаць». В. Гардзей - несумненна таленавіты мастак-жывапісец, пра што сведчаць хаця б такія яго пейзажныя вершы, як «Пасля завеі», «Белы іней», «Хуткая дапамога». Калі б складалася анталогія пейзажнай лірыкі, то гэтыя творы прыўкрасілі б яе старонкі. Паэт піша з лірычнай празрыстасцю малюнка, прачула-проста і вобразна:
Ступіла ў лес паважна восень
Цераз падлесак негусты:
Ва ўсе куткі, як пісьманосец.
Разносіць цёплыя лісты.
(«Асеннія лісты»)
В. Гардзей умее гаварыць моваю пейзажу, пейзажных вобразаў як моваю алегорый, падтэксту (вершы «На дарогу жоўтую лістоту... », «Глухія дубы», «Снежань чысты, мой снежань слаўны...»). У лепшых творах паэт тонка знітоўвае духоўна-душэўны стан і свет прыроды.
Большасць паэтычных замалёвак прыроды прасякнута ўзрушанымі экалагічнымі пачуццямі і думкамі, яны выяўляюць усю жахлівасць «расколіны паміж чалавекам і прыродай» (А. Блок), у выніку чаго непазнавальна змяняецца нацыянальны пейзаж, звужаюцца адвечныя межы этнапрасторы. Паэтычныя пейзажы ў «Дзікай пчале» — свет экалагічнага бедства, успрыняты з пільнасцю, устурбаванасцю зроку:
Дзе бор шумеў — чарнее гала,
Дзе гай бялеў — вісіць імгла.
На сэрцы нашы цэзій выпаў.
Над лёсам нашым — чорны смог.
(«Зямля, як маці, шчыравала...»)
Пейзаж мой родны край агораў:
Прагалы, буры, пыл і дым.
Пейзаж такі не любіць жораў,
І бусел жыць не хоча ў ім.
(«Пейзаж май радны край агораў...»)
Прапалі Зязюлі, Цыганкі,
І коні ад ганьбы ўцяклі,
Затым апусцелі буслянкі,
І — дзіка на змоўклай зямлі.
(«З пустою буслянкай над хатай...»)
Родны свет пасля Чарнобыля паэт успрымае з драматызмам, трагедыйнасцю адчуванняў. Сіндром экалагічнай смерці пульсуе ў ягоных радках, тут пануе атмасфера змрочных уяўленняў: «Ліўні не пахнуць азонам — свету прыходзяць канцы», «Пэўна, з азонавай дзіркі Д'яблы шальмуюць зямлю» («Азонавая дзірка»). Камусьці, бадай, захочацца запярэчыць: а ці не зашмат гэтай чорнай меланхоліі, беспрасветнага песімізму ў сучаснай паэзіі? Паслухаем жа самога паэта:
Дзесьці блізка паміж дрэў пахілых
Дагараюць дымныя лаўжы,
І на свежаўзрыхленых магілах
Ацякаюць цэзіем крыжы.
Хто мне словы суцяшэння скажа?
Далеч зноў грымотамі гудзе...
(«Пейзаж з буслянятамі»)
Цяжка «ўсміхацца пад золкім дажджом» і глядзець з аптымізмам у заўтра на атручанай зямлі.
Беспатольнага смутку, згушчанай трагедыйнасці надаюць светаўспрыманню і светаадчуванню паэта і глыбока асабістыя драмы. Смерць маці — незагойная рана сэрца. Матывамі сыноўняй тугі і журбы працяты вершы «Развітанне», «Светлякі ў акенцах роднай вёскі...». Два полюсы, два моманты лёсу адлюстроўваюць вершы «Сустрэча з сынам» (1969) і «Развітанне з сынам», што напісаўся ў 1991 годзе пасля жудаснай весткі пра гібель сына. Побач гэтыя два творы надзвычай узрушальна перадаюць трагедыю паэта. У «Развітанні з сынам» праз край выліваюцца бацькоўскі боль і скруха:
Даруй, што быў часам суровы,
Што ліха адвесці не змог.
Мой Віцька, мой хлопчык бядовы,
Ну як я цябе не збярог!
Калі чытаеш такую лірыку балюча-шчымлівай споведзі, сэрца працінае суперажывальны водгук, да горла падступае спазма, здаецца, не здолееш чытаць далей. Божа літасцівы, засцеражы нашых паэтаў і ўсіх бацькоў ад гэткага бязлітаснага гора, пазбаў ад жалобных песень-плачаў па дзецях сваіх!
Сёння паэт жыве ў абладзе суровай наканаванасці лёсу: «Дзень праходзіць бядой і трывогай, Не пакінуўшы светлых мінут, І не хочацца болей нічога, Акрамя гэтых вечных пакут» («З-пад маланак сляпучых, з-пад грому...»). Ён адчувае, што гора-бяду трэба перапакутаваць, аднак не можа не журыцца, пазбавіцца вярэдлівага болю: «Нямы, глухі і вінаваты. За што? — не ведаю і сам» («Хапае слёз, хапае смутку...»). Калі паэт і малюе пейзажы, то яны найперш раскрываюць стан спакутаванай душы. Яго не радуе прадвесне, бо «вельмі ж чорны снег падталы, І злавесны гэты снег» («Чорны снег»). Восень асабліва моцна абуджае пачуцці жалю, суму, трывогі (вершы «Над сінім ярам на ўзвышэннях...», «За сіняй дымкай палявою...», «Вось і зязюля замоўкла...»). Сімвалам-алегорыяй уласнай і нашай агульнанацыянальнай трагедыі гучыць назва заключнага раздзела кнігі «Чорная страла», дзе «журба глыбокая, як вір».
Сённяшняя паэзія В. Гардзея, як засведчыла кніга «Дзікая пчала», пранізана магутным элегізмам, драматычна-трагедыйнымі перажываннямі сэрца. Ягоная «журлівая дуда» выпявае ўнутраны свет чалавека, укрыжаванага на пакутных пуцявінах жыцця і веку.
Самая крэўная повязь
Родная зямля, радзіма — самы гожы і мілы свет, што адкрываецца аднойчы ў маленстве і не перастае здзіўляць, зачароўваць, уздзейнічаць на думкі, настрой, псіхалогію, эстэтычны густ чалавека. Важнейшую сутнасную аснову як класічнай, так і сучаснай беларускай паэзіі менавіта і складае пачуццё глыбокай любові да роднага краю, адчуванне вечнай, непарушнай знітаванасці з бацькоўскай хатай і сцежкамі маленства, баразной і рунню, лесам і ракою... Бацькаўшчына-Радзіма — той куток зямлі, дзе ўсё — і вялікае, і малое — мае для нашай душы сваю першакаштоўнасць, значнасць, непаўторнасць. Сапраўды, «тут — выток усіх эмацыянальных і эстэтычных пабуджэнняў чалавека...» (В. Каваленка). Даруйце за зігзаг у развагах, але як толькі працытаваў беларускага даследчыка, міжволі падумалася, што зараз не надта ў пашане нацыянальная літаратурна-крытычная думка, стала чамусьці ня модна спасылацца на сваіх знаўцаў літаратуры.
Не адно дзесяцігоддзе нам навязвалі іншы ідэал — любіць вялікую радзіму СССР. Таму паэты таксама не абыходзіліся без размашыста-пафаснай слоўнай эквілібрыстыкі, казённых прызнанняў у любові, вернасці, адданасці міфічнай радзіме. Але ўсё роўна беларуская паэзія ўзвышала родны кут, паэтызавала яго хараство, а паэты ў шматлікіх творах адухоўлена спавядаліся сваёй адзінай роднай маці — беларускай зямлі, складалі ёй прачулыя песні-гімны. Па сваім галоўным пафасе і змесце наша паэзія ў вышэйшай ступені нацыянальна-патрыятычная. Няма сумневу, што і надалей беларускае паэтычнае слова будзе браць мацунак «ад роднае зямлі, ад гоману бароў, ад казак вечароў», шукаць «адбітак родных з'яў у словах-вобразах, у песнях вольнаплынных». Мусіць, зусім не выпадкова тут прыгадаліся радкі Я. Коласа. Не, не столькі таму, што Івана Рубіна, аўтара некалькіх паэтычных кніжак, і славутага песняра яднае прыналежнасць да аднаго кутка Беларусі — Стаўбцоўшчыны. Я. Колас блізкі гэтаму сучаснаму творцу па духу, ладу паэтычнага светаўспрымання, патой пільнай, засяроджанай увазе да знаёмага і блізкага, зямнога і звычайнага. Духоўна-эстэтычны зместтворчасці І. Рубіна скрозь у традыцыйнай паэтызацыі беларускай зямлі, прыроды, ва ўсхваляванай душэўнай лучнасці са сваім вясковым светам, а лірычны герой ягонай кніжкі «Набытак» (1992) чуйна, нязмушана проста і ў той жа час неяк па-зямному роздумна крочыць шляхамі роднага краю, застаецца чалавекам шчыра, самазабыўна ўлюбёным у маляўнічыя, да драбніц знаёмыя краявіды.
Так, І. Рубін — паэт роднага кутка, генетычна, унутрана прыналежны яму ад самых народзінаў і дзён маленства. І зусім не палохаецца быць менавіта традыцыйна вясковым паэтам, хоць гэта ў вачах некаторых крытыкаў ды супермадэрновых паэтаў ужо не модна і не прэстыжна. Наадварот, ён шчаслівы адчуваць крэўную «з радзімай еднасць». Паэт перакананы, што «Не парваць з радзімаю карэнні Слову на набранай вышыні» і для яго застаецца «Найважнейшаю з усіх навукаў — Бачыцца з Радзімаю не ў снах».
Лірычны герой «Набытку» — «карэннем усім вясковец», асоба, перажыванні якой вельмі аўтэнтычныя аўтарскаму самавыяўленню. «Я» ў кніжцы паэта выяўляецца як натуральны, глыбокі выдых пачуцця:
Гэтыя радкі з верша «Сад зямны», які адкрывае кніжку. Тут мільгаюць паасобныя выявы жыццёвай і ўнутранай біяграфіі паэта. Увогуле, ён адчувае патрэбу асэнсаваць набытак пражытых гадоў.
Краявіды бацькаўшчыны — малыя і вялікія — адухоўлена прыветны і спагадны свет: «Мне кожнай знаёмай галінкаю Сасонкі жадаюць дабра»; «Прасекі светлае вока Падміргне, быццам веснічкі» і інш. У думках-пачуццях прычашчаецца паэт да радзімай зямлі хараства, каб пасвятлець душою, глыбей спасцігнуць сэнс жыцця, пачуць і выказаць сябе:
Вяртанне да радзімы для героя І. Рубіна стала сэнсам, зместам жыцця, бо душа яго раздвоілася між вёскай і горадам: «Нам з ёю па-рознаму жыць, Нам выпала розная доля» («Элегія»). У гэтым вершы выяўлены тыповы, характэрны стан героя сучаснай «вясковай» літаратуры (згадайма паэзію М. Стрельцова, А. Грачанікава, Я. Янішчыц, В. Зуёнка і інш.). Вяртанне гэтае глыбока развярэджвае душу. Адсюль — элегічныя матывы роздуму пра адарванасць ад вёскі, гаркота разумення яе сённяшняга няпростага лёсу (вершы «Вяртанне», «Элегія роду» і інш.). Роздумна-шчымліва гаворыць паэт пра незваротнасць расстання з вясковым асяроддзем у вершы «Дрэвы не вяртаюцца назад...»:
А што ж горад для паэта? Хутчэй за ўсё — наканаваны прыстанак лёсу. Пра гэта паэт кажа ў вершы «Горад, горад...»:
Аднак у кніжцы не абыходзіцца без перапеваў вядомых, знаёмых у нашай паэзіі матываў тугі па вёсцы, і гэтая аднастайнасць вершаваных радкоў часам надакучае, пазбаўляе іх эстэтычнай навізны гучання.
І. Рубін пазбягае абагульнсна-абстрактнай гаворкі пра родны край, яму ўласціва жывая ўвага да навакольнай канкрэтыкі, імкненне да ёмістасці вобразаў-дэталяў. Адзін з цэнтральных вобразаў яго лірыкі — вобраз Сулы. Можна нават гаварыць пра культ ракі ў творчасці паэта. Бо Сула зусім не дзяжурны атрыбут шматлікіх вершаў, яна — неад'емная часцінка паэтычнага свету, чуйны спадарожнік, выток глыбіннага, сапраўднага ў душы паэта. Таму невыпадкова ў адным з вершаў ён прызнаецца, што нават калі «Без сэнсу і без мэты Па горадзе брыду... У цёмначы святла Шукаю незнарок Забытую Сулу...». Сула — рака маленства, часцінка роднага свету, без якой немажліва духоўнае існаванне героя І. Рубіна:
Рэфрэн у гэтым вершы набывае глыбока адухоўленае, нават нейкае магічнае гучанне.
Паўсюль на радзіме паэт здольны адчуць непаўторна мудрае суладдзе свету, які тоіць у сабе «быцця і існасці святло» і, як ні сумна, непазнавальна мяняецца, страчвае пракаветны каларыт. Сум і трывога, што «звузеў дашчэнту свет», гучаць у вершы «Забытыя рамёствы». Родныя назвы, вобразы, краявіды змяшчаюць у сабе самавітую паэзію, з усяго гэтага менавіта і «нараджаецца сусвет», неўвядальная існасць бацькоўскай зямлі. Пра «вечнае зямное прыцягненне» паэтавай душы да бацькаўшчыны, яе даўніны сведчаць ужо загалоўкі вершаў «Рубяжэвічы, Рубяжы...», «Налібокі», «Мір», «Атолава».
Лірычны тон вершаў І. Рубіна ўраўнаважана-ціхі, роздумны, спавядальны, пазбаўлены ўсялякай таннай манернасці, аглушальнай патэтыкі. Паэт выказвае свае ўнутраныя перажыванні са шчырай даверлівасцю і арганічнай непасрэднасцю. Ён умее карыстацца жывапісна-выяўленчымі фарбамі, каб перадаць псіхалагічныя адчуванні:
І ў пейзажнай, і ў любоўнай паэзіі І. Рубін пранікнёны лірык. Ён, як правіла, піша свае творы з выразнай настраёвасцю, галоўнае для яго — выявіць перажыванні сэрца. Аднак шчасліва пазбягае душэўнай размякчанасці, лёгкай, красамоўна-пустой сентыментальнасці. З глыбіняў інтымных перажыванняў нарадзіліся невялічкая паэма «Мой Універ», вершы «Зноў адзіноцтва мне радня...», «Цень следу», «Ліпнёвы шэпт мядовы...» і інш. Бадай, самыя глыбінныя і адухоўленыя словы-пачуцці імкнуць з паэтавай душы да маці, воблік якой трывожыць памяць, выклікае горыч незваротнай страты («Партрэт маці», «Мама», «Светлы месяц у акне...»).
Вершы «А...», «Дарожная прытча» і некаторыя іншыя сведчаць, што І. Рубін імкнуўся разнастаіць формы паэтычнага пісьма. І гэтая тэндэнцыя магла б мець далейшы працягу новых кнігах паэта...
...Далей можна было б выказаць шэраг крытычных меркаванняў... Але з сумам разумееш, што і заўвагі, і пажаданні ўжо бязадрасныя: напрыканцы чэрвеня 1993 года, акурат калі і дапісваліся гэтыя радкі, І. Рубін заўчасна пакінуў жыццё. Перачытваю яшчэ раз апошнюю прыжыццёвую кніжку паэта. Неяк больш абвострана ўспрымаюцца паасобныя радкі, адчуваеш у іх драматызм падтэксту:
Зусім нечакана, у пару сваёй творчай сталасці паэт назаўсёды збочыў з дарогі жыцця. Ягоная душа сягнула ў вечнасць, але часцінка яе засталася ў пакінутых кніжках, там, дзе «Пад крылом плыве радзіма — Шапкі гнёздаў, стрэхі хат».
Дзве ліры
Творчае самавыяўленне Зінаіды Дудзюк і Людкі Сільновай можна параўнаць з дзвюма хвалямі, што пяюць-коцяцца ў моры нашай паэзіі: адна — мяккая, лірычна-спавядальная, трапяткая, нярэдка роздумна-трывожная, другая — пругкая, ураўнаважаная думкай, часам з гульнёю слоў, сэнсаў, а то і проста гулліва-вясёлая.
Знаёмства з першым зборнікам Л. Сільновай «Ластаўка ляціць...» (1993), шчыра кажучы, было чаканым, бо паэтычнымі публікацыямі ў друку яна ўжо добра запомнілася: здзівілі сваёй арыгінальнасцю ў беларускай паэзіі рысасловы, надрукаваныя ў «Маладосці» (1990. № 9), дасюль прыгадваюцца ёмістыя прызнанні і высновы паэтэсы, у якіх адчуваецца яе творчае крэда: «маё жазло — жаноцкасць жальбы», «разгойдваецца — болем! — пачуццё паміж пачаткамі радкоў і іх канцамі», «слова — таксама верш». Асабіста мне стала заўважнай у творчасці Л. Сільновай повязь інтэлекту і эмоцыі, а яшчэ схільнасць да афарыстычнасці, стылёва-выяўленчых пошукаў, дасціпнай іроніі.
Нашмат раней пэўнае ўражанне складвалася пра творчае аблічча З. Дудзюк, бо як-ніяк, а зборнік вершаў «Так і не» (1993) ужо трэці на рахунку паэтэсы, паасобныя яе творы сталі нават анталагічнымі («Спарыш ды трыпутнік...», «З маленства сілу слова знаю...» і інш.). Лірычны голас З. Дудзюк у новай кніжцы гэткі ж прачулы, душэўна ўстурбаваны, удумны, напоўнены даверам і любоўю. «Мяне ахоўвае любоў, калі не з верай, дык хаця б з даверам»,— гаворыць у адным з вершаў сама паэтэса.
Кожная з кніжак пэўным чынам паўплывала на мае пачуцці, настрой, нязмушана спарадзіла водгук душы. Таму і захацелася як мага паўней ахарактарызаваць дыяпазон «самавыяўлення суб'екта» (Гегель), цэласна перадаць спектр сваіх уражанняў.
Ліра кожнай з паэтэс выяўляе сваю настроенасць, адметнасць гучання. Са шчырай разгорнутасцю інтымнага свету піша З. Дудзюк. Яе паэзія — гэта лірыка пачуццёвых перажыванняў. Нязмушана, дакладна паэтэса ўзнаўляе змест душы, перадае яе настраёвыя псіхалагічныя рэгістры. Унутранае жыццё лірычнай гераіні З. Дудзюк паўнаводнае, яно складаецца з мноства разнаісных праяў і фарбаў. Асабліва ярка раскрываецца багацце пачуццяў і перажыванняў у лірыцы кахання. Каханне — лейтматыў творчасці як адной, так і другой паэтэсы. І невыпадкова, бо па вялікім рахунку жаночая паэЗія, увогуле Паэзія — гэта пераважна любоўная, інтымная лірыка. Каханне — гэта той жыватворны струмень, які магутна сілкуе чалавечае псіхаэмацыянальнае жыццё. Ад вядомага пісьменніка давялося пачуць прызнанне: паэт датуль паэт, пакуль кахае. Праз любоўныя радкі З. Дудзюк праступае стракатая гама жаночых перажыванняў, пачуццяў і іх адценняў. Тут чуваць пакутныя згрызоты і туга, смутак і гарката, сумненні і расчараванні, трывогі... Крыжуюць жаночы свет невыноснае нявер'е, фальшывасць і выстыласць пачуццяў. Рэфлексія пранікае з самага дна душы:
Унутраны драматызм і неспатольная балючасць, як падаецца, дамінуюць у светаадчуванні паэтэсы. Аднак надзеі-спадзяванні, мроі аб шчасці сагрэюць душу, якая нават наперакор самоце ды стомленасці прадчувае свята спаткання:
«З пяшчотным даверам» адгукаецца жаночае сэрца «ў гэтым свеце, ад нявер'я стылым», яно ўмее чараваць і ацаляць. Але можа і зняверыцца, і тады гучыць адчай, праклён: «Анафема табе, маё каханне...» І ўсё ж са смерцю кахання страшна змірыцца. Горка з ім развітвацца, бо «апраўданне ёсць злу і граху ў адзінай пакуце — каханні». Таму, хоць «разбураны высокі храм кахання» і «душы з душою поруч цяжка стаць», яна падсвядома, інстынктыўна сцвярджае, што «мы тут — часова, вечнасць — у каханні». У лепшых вершах шчыра вабіць «думак патаемнае мігценне і жаданняў даўнія агні». Аднак любоўная лірыка, якая прыкметна пераважае ў кніжцы З. Дудзюк, успрымаецца не аднолькава і не раўнацэнна, бо надараецца нямала аднастайных матываў, банальнасці, блізкіх і нудных перапеваў:
Кажучы словамі паэтэсы, «аднойчы гэта ўжо было»: збалелае сэрца і сэрца, якое дрыжыць... Нярэдка радкам бракуе абвостранасці ўнутраных перажыванняў, яны страчваюць «пачуцця падводнае цячэнне», і таму вершы «Мы багатыя — маем бязлюдную ноч...», «Бывай, апошняе цяпло...», «Няма чаго самотна мне журыцца...» і некаторыя іншыя не пакідаюць следу ні ў душы, ні ў памяці.
Пачуццё кахання ў лірыцы Л. Сільновай таксама па-жаноцку глыбокае і чаканае. «Як доўга не было кахання!» — усклікае лірычная гераіня. Аднак яна адчувае і выказвае каханне вельмі па-свойму. Як, напрыклад, у вершы «Формула кахання»: «У маім уяўленні Ты — ураўненне, Алгебраічнае, Таямнічае...» Каханне — і «бераг уцех», і «смак роднасці», а яшчэ, мусіць, і нейкая касмічна-генная знітаванасць людзей:
Каханне ўздымае «высока-высока У сіняе неба, ў космасу покуць...». Міжволі адчуваецца імкненне вычуць таемнае, знітаваць глыбіннае. Радок паэтэсы ўражвае суб'ектыўна-медытатыўнай скіраванасцю думкі, нейкай магічнай падтэкставасцю. У вершах Л. Сільновай жыве «душа, што разважае і адчувае» (Гегель). Любоўнае выяўленне яе гераіні поўніцца праніклівасцю адчуванняў, часам яно не пазбаўлена эратычнага пачатку. У вершы «Яблыневы сад» з раздзела «Верлібры кахання» повязь яго і яе арганічная ў сваёй прыроднай, спаконвечнай існасці. Ён і яна — гэта дрэва жыцця:
Інтымна-любоўныя пачуцці лірычнай гераіні непрадбачаныя, але па-жаночы годныя, не пазбаўленыя досціпу, усмешлівасці (вершы «Ты не кахаеш!..», «Жаданне» і інш.). Увогуле, яна — аптымістка, улюбёная ў жыццё. Адчувае жыццёвы сэнс па-зямному проста і мудра, і мудрасць гэтая, як падаецца, ідзе ад усведамлення адвечнай наканаванасці даваць новае жыццё, захоўваць яго, нават цаной ахвярнасці: «А што датычыць страчанай свабоды — Ў прыродзе ахвяруюць і жыццём!», «Вось і ўсё, што я зрабіла,— Нарадзілася і нарадзіла». Сімвалічна ў гэтым сэнсе ўспрымаецца назва верша «Шчасце мацярынства». У паэзіі Л. Сільновай пульсуе чуйная, жывая дыялектыка: дзіця — гэта жыццё, а жыццё — дзіця, якое свет нанова стварае, не дае згубіцца. Не толькі не дае згубіцца ёй і яму, але і ўсім нам на зямлі продкаў, у сусветнай плыні быцця. А тыя словы, што шукае немаўля, нібы чароўныя ніткі, з якіх тчэцца радзіннае прадзіва этнасу. Таму «найлепшыя дзівосы-словы, што з матчынай, спрадвечнай мовы».
«Пішу — пра што хачу», — прызнаецца Л. Сільнова. Аднак свядома пазбягае грамадзянскага пераўвасаблення, сацыяльнасці слова. Бытавое, часовае яна скіроўвае ў план узнёслага, вечнага. Паэтэса імкне «з цемры паўсядзённага жыцця — На крылах розуму і пачуцця...». Адвечную праблему быту і быцця, напрыклад, яна вырашае праз рамантычнае парыванне, выяўленае да таго ж у жартаўліва-іранічным тоне: «Як у неба, з прышчэпкай за дзюбу, Мяне белыя крылы — узнімуць!» Зірнуць на сябе з усмешкай, выявіць гумар з хітрынкай — гэтая рыса ў характары гераінь нашых паэтэс Д. Бічэль-Загнетавай, В. Вярбы і некаторых іншых. Хіба можна не ўсміхнуцца, калі ўсміхаецца, жартуе жанчына? Чытаючы верш «Лесняры», прысвечаны паэту А. Разанаву, адчуваеш, што ўсмешкі не стрымаць.
Зусім іншыя тэмперамент і характар паэтычнага светабачання З. Дудзюк. Праўда, яна таксама ўмее быць іранічнай, з досціпам пажартаваць, як, да прыкладу, у вершах «Самаіронія», «Прымхліца», «Удовіна песня», «Лірычны жарт», «Майму паляўнічаму». Аднак іронія ў яе часам горкая і сумная: «Мая душа сядзіць на ланцугу...»
З. Дудзюк не адчувае сябе па-за рэальным часам, яго праблемамі, яна, кажучы словамі паэта, «пытаннем сутнасці жыве» (Р. Барадулін). У яе індывідуальнай манеры выказвання вельмі арганічная сацыяльная абвостранасць пачуццяў, матывы грамадзянскай трывогі. Прычым — і гэта вельмі істотна — сацыяльнае ў вершах прасякнута мерай асабістага душэўнага вопыту. Мабыць, жанчыну, больш чым каго, хвалюе неўладкаванасць нашага свету, таму «якое жыццё — такія і песні».
Чарнобыльскія радкі, на маю думку, зусім не выпадковыя ў кніжцы, бо яны якраз не даніна востранадзённай эмоцыі. Чарнобыль — унутраная тэма паэтэсы, балючасць і трывога яе жаночага свету, пра што пераканальна сведчаць вершы «ЧДУ», «Не прыляціць у мой куток зязюля...», «Забітая зямля», «Чарнобыльская балада». Родныя палескія вобразы, кранальна апетыя ў фальклоры, трагічна пераўвасобіліся: «Счарнелыя дубы ў гаях паснулі без гоману і песень веснавых», зязюля - перасяленка «мо... ад стронцыю сканала...». Вершы паэтэсы журботныя песні:
Непадробны трагізм чуецца тут. Пачуццё гэтае — дамінанта нашай сённяшняй паэзіі, яе балючы знак. З. Дудзюк дасягае драматычнай глыбіні паэтычнага абагульнення: «Мы свецімся ад стронцыю і цэзію, І гэта найчарнейшая паэзія». Мінор — адмеціна кнігі паэтэсы.
Думка-пачуццё Л. Сільновай натуральна сягае ў Сусвет, улоўліваючы ў яго імпульсах гукі-галасы роднай мовы. Паэтэсе ўяўляецца, што яе свет нібы кропка, якая то сціскаецца, то выбухае, пашыраючы далягляд да бязмежжа Сусвету: «Мой свет — Сусвет. Мой бацька — даўні выбух». У З. Дудзюк — «ціхі космас», «сусветны холад», «холад космасу», чуецца нейкая касмічная туга: «Лістотаю зоркі гараць, Трапяткі і балючы іх дотык».
Арганічна, крэўна ўвайшоў у светаўспрыманне паэтэс фальклор. У абедзвюх кніжках заўважаецца не толькі народна-песенная вобразнасць, але і імкненне выказаць сябе, свой настрой, перажыванні праз фальклорныя інтанацыі ды матывы. Не абыходзіцца, аднак, без банальнасцяў, павярхоўнай імітацыі, як у вершах «Дол у зорках...» З. Дудзюк, «Паводле народнага» Л. Сільновай.
Верш З. Дудзюк традыцыйны: паўнагучны, напеўны і плаўны. Л. Сільнова піша лаканічна, імкнецца да ёмістасці думкі, яе захапляе «асацыятыўная вынаходлівасць» (выраз В. Бечыка). Радок часта будуецца на гульні слоў, якая высвечвае іх сэнсавыя і фанетычныя сугуччы ды адценні. На гэты конт ёсць прызнанне ў самой паэтэсы:
Здаецца, паэтэса памятае запавет Ганны Ахматавай: «В стихах всё быть должно некстати...» Адсюль — прага спалучыць неспалучальнае, нязвыкласць асацыяцый і суседства слоў. Запыняе ўвагу імаё — адна з форм японскай лірыкі. Схільнасць да эксперыменту над словам, формай у творчасці Л. Сільновай відавочная. Выказванне Я. Барычэўскага «Лірык пястуе слова» вельмі добра стасуецца да манеры пісьма паэтэсы. Тым не меней нярэдка ў яе радку ўсяго толькі словы-знакі, а не словы-фарбы, як сцвярджаецца ў анатацыі да кніжкі. Напрыклад, яўна павярхоўная атрымалася наступная вершаваная занатоўка:
Няма тут, як падаецца, ні глыбокай думкі, ні жывога смутку. Можна пажадаць аўтарцы кніжкі пазбягаць абстрактна-халодных тэзаў, залішняга прагматызму, дыстыляванасці пачуццяў. Хацелася, каб ад яе вершаў часцей веяла кранальнай адухоўленасцю і таямнічай неразгаданасцю. І яшчэ. Як на мой погляд, дык Л. Сільнова ў першай кніжцы зашмат гаворыць пра пакуты вершаскладання, «нявызнаны шляху паэты», хаця, мажліва, для яе гэта досыць важна.
У завейным холадзе нашага жыцця паэзія мала каго радуе, мала каму «лягчэе сэрцу ад радка». Але яна жыве, радуецца, пакутуе, спадзяецца на духоўнае судакрананне і суразмоўніцтва. Гучаць-пяюць дзве ліры паэтэс, па-жаноцку чуйныя і непаўторныя.
Горкі сум развітання
Занадта шмат бедаў абрынулася на чалавека ў нашым XX стагоддзі. І сярод іх Чарнобыль — найвялікшая трагедыя:
Гэтыя радкі з'явіліся неўзабаве пасля выбуху на АЭС, і напісаны яны Міколам Мятліцкім. Для паэта чарнобыльская бяда стала галоўным матывам душы і памяці. Сам М. Мятліцкі ў зборніку выбраных твораў «Чаканне сонца» (1994) з 26 красавіка 1986 года вылучае новы этап у сваёй творчасці. На мінорнай, драматычна-хвалюючай ноце напісаны верш «Вяртанне», які адкрывае яго паэтычную кніжку «Горкі вырай» (1989). Чарнобыль прынёс развітанне з радзімай, несуцішную жалобу: «Запаліце полымя, рабіны, Смутна і трывожна ў галавах. Я, бядой апалены, павінны Вызнаць пракаветны гэты шлях». Трагедыю гэтага шляху пасля Чарнобыля М.Мятліцкі раскрывае таксама ў такіх паэтычных кнігах, як «Шлях чалавечы» (1989) і «Палескі смутак» (1991). З намі гаворыць паэт, у якога жахлівая радыяцыйная навала адабрала самае святое і дарагое — родную вёску Бабчын, куток дзяцінства, магілы бацькоў і прашчураў. Матчына хата апынулася ў зоне адсялення. «Майго Палесся неба апусцела», — са скрухай гучыць голас паэта ў вершы «Сябрам». Балючымі, тужлівымі перажываннямі сэрца кранаюць радкі такіх твораў, як «Птушкі...», «Ганак», «Дзьмухавец», «Дыпціх чакання», «Стаяць бярозы ў мёртвай зоне...» і інш. Наогул, кожная з кніг М. Мятліцкага — гэта плач, рэквіем па роднаму Палессю. Нельга спакойна ўспрымаць намаляваныя паэтам карціны бязлюдных вёсак, здзічэлых палёў, змрочнага неба... Палеская зямля пазбавілася адвечнай жывой існасці, ператварылася ў жахлівую пустку:
Беларуская паэзія хіба толькі ў гады вайны звярталася да такіх чорных фарбаў, такога эмацыянальна-трагедыйнага жывапісу. У мастацкай палітры М.Мятліцкага пераважае панурасць, змрочнасць выяў («тумановы шлях», «чорнае неба», «сумерак шызы», «шатаў змрок» і да т.п.).
М. Мятліцкі мысліць узбуйненымі вобразамі і паняццямі: Чалавек, Зямля, Сонца, Час, Зло, Смерць, Жыццё, Вечнасць... Відавочна, не дзеля прыгоства піша ён гэтыя словы з вялікай літары. У сэнсавай напоўненасці радка яны ўтрымліваюць пэўны ідэйна-мастацкі змест і яскрава гавораць пра тое, што паэт робіць выхад у «агульначалавечы космас, дзе сыходзяцца ў вузел самыя запаветныя думкі роду чалавечага...» (Ч. Айтматаў). Чарнобыль М. Мятліцкі асэнсоўвае як глабальна-ўсясветную катастрофу, турбуецца пра лёс чалавецтва і Зямлі: «Ты кут мой адабраў — Пакінь Зямлю жывою!» («1986»). У лепшых вершах ён арганічна паядноўвае канкрэтна-пачуццёвае і буйнамаштабнае. Праўда, гіпербалізаванасць думкі спараджае і выдаткі: не заўсёды паэт абапіраецца на асабістае перажыванне, стварае малаўражлівыя, ато і аднатыпныя абстрагавана-астранамічныя малюнкі (вершы «Сэрцам калышаш планету...», «Зямлю апошнім смерчам разгушкала...» і інш.).
Наш ядзерны век М. Мятліцкі называе векам згубы, пякельным і чорным, што прынёс «сівы палын», «белую кроў», разбурыў светлае і радаснае ў чалавечых сэрцах. Элегіяй чарнобыльскага гора і пакутаў стала лірыка М. Мятліцкага, які вядзе трагедыйны паэтычны летапіс свайго роднага краю.
У адным з інтэрв'ю М. Мятліцкі шчыра прызнаўся, што паэтам яго зрабіў Чарнобыль. І гэта сапраўды так: балючая ўнутраная тэма — тэма чарнобыльскай бяды і гора — надзвычай глыбока і поўна раскрыла яго паэтычны талент. Калі ж неяк М. Мятліцкі пачуў на свой адрас, што ён стаў паэтам дзякуючы Чарнобылю, то выказаўся з горыччу ў голасе: «Хай Бог крыс, калі за гэта трэба дзякаваць Чарнобылю». Калі чалавек страціў кагосьці блізкага ці штосьці важнае, галоўнае ў жыцці, то гэта спараджае вялікую ўнутраную драму. Здаецца, у гэтай сувязі крытык П. Васючэнка зазначыў: «Пісьменніку, каб стаць Пісьменнікам, належыць перажыць вялікую, цяжкую страту. Мала што можа быць цяжэй, чым страта радзімы, бацькаўшчыны».
Выбух на АЭС адабраў у паэта родную вёску, радзіму. М. Мятліцкі — Паэт Бабчына, Паэт Чарнобыля. Неаднойчы ён вяртаўся ў чарнобыльскую зону, у свой Бабчын, жыў там у апусцелай бацькоўскай хаце, блукаў бязлюднымі вуліцамі, ішоў да пасыпаных цэзіем родных магіл... Не адпускала радзіма і ў трывожных снах, збалелай памяці. Як вынік сустрэч з чарнобыльскай явай, як вынік убачанага і перажытага ўласным сэрцам і з'явіўся зборнік паэзіі «Бабчын» (1996), які мае красамоўны падзагаловак: «Кніга жыцця». Так, гэта — кніга лёсу Бабчына, кніга паэтавай душы, зраненай чарнобыльскім горам, кніга-плач па загубленай, страчанай бацькаўшчыне. Тут М. Мятліцкі імкнецца ўваскрэсіць, вярнуць, аднавіць дарагое і блізкае мінулае, жывое жыццё, ён уражліва гаворыць пра душэўную драму чалавека на палескай зямлі, вядзе журботна-спавядальны маналог, поўны драматызму і тужлівай жалобы.
Кніга «Бабчын» напісана шчымлівай, пакутнай мовай сэрца, наскрозь прасякнута пачуццямі болю, скрухі, журбы. І гэты пафас унутраных чалавечых перажыванняў надае паэтычнаму выяўленню псіхалагічную глыбіню, кранае за жывое, збуджае ў чытача эмацыянальны водгук. Хіба можна холадна, раўнадушна чытаць такі твор, як верш «Апошні Бабчына жыхар...»? Здаецца, паэт тут выгаворвае сябе ўсяго дарэшты, журыцца па сваёй нядолі, перажывае адзіноту, няверыцца і шукае промнік надзеі на выратаванне:
Як моцна б'юць у сэрца, ірвуць яго падобныя воклічныя запытанні! Шматкроп'е напрыканцы заключных радкоў таксама ўзварушвае свядомасць, далучае да аўтарскага перажывання, выклікае да роздуму пра наша зломна-трагедыйнае быццё на зямлі:
У падобных радках знакі прыпынку — нібы кардыяграма паэтавага сэрца.
М. Мятліцкі вяртаецца туды, дзе «былое поўніцца абліччам» родных людзей і аднавяскоўцаў, дзе «сінька неба — чыстая, прасторная». Ён піша паэтычную гісторыю Бабчына. У многіх вершах («Гала», «Жукаўскае поле», «Згадкі ў хаце», «Пастух» і інш.) ажываюць карціны вясковага жыцця і побыту, якія бязлітасна панішчыла радыяцыйная навала. Размежаванне рэчаіснасці на дачарнобыльскія дні і чорнае, скрушнае сёння балюча пралегла праз паэтава сэрца, якое сціскаецца ад болю і жаху, што гэты атручаны свет стаў варожы жыццю людзей і яго немагчыма згарманізаваны «Іду, і сэрца калоціцца, //як не калацілася аніразу ў маленстве,// ад страху» («Чорнагаловікі»). Чарнобыль бязлітасна раскрыжаваў свет, прынёс безгалосыя дні, пасяліў страх вымірання і смерці. «Бачыць Бабчын такім не магу!» — у адчайным парыве ўсклікае паэт.
Мерка трагедыі стала для М.Мятліцкага вызначальнай і глыбокай. Невыпадкова і сваю творчасць ён падзяляе на два перыяды: дачарнобыльскі і пасля 26.04.1986 года. Паэт шукае «корань зла чарнобыльскай бяды», асуджае геніяў смерці, шле праклён тым, што аднялі радзіму:
Гэтыя радкі з верша «Праклён» гучаць сурова і гнеўна, адчуваеш, што душа паэта выбухнула, крычыць ад гора. Так выказвацца можа толькі чалавек, які перажыў вялікую асабістую драму. Але найчасцей душа творцы плача, жухне ў пакутах, надрываецца ад болю: «Багата вёрст прайшоў зямлёй учора, Каб зразумець: маё — і толькі! — гора» («Я ўсё сабраў...»). Паэт, сустракаючыся з атрутным злом, смерцю сам-насам, адчувае сябе апошнім заложнікам бяды. Голас яго гучыць усхвалявана і ўстрывожана, ён даносіць праўду пра невымернае гора Палесся, яго людзей і прыроды. Твор «Суткі зоны» можа паслужыць прыкладам балюча-мінорнай споведзі пра перажытае ў роднай вёсцы, у хаце бацькоў. Начуючы ў зоне, паэт нібы губляе арыентацыю ў часе, які робіцца мёртвым, ён міжвольна трапляе ў абладу вечнасці, адчувае, што «Мёртвая зона разрастаецца на Сусвет». Гукапіс радкоў псіхалагічна намагнічаны, ноч паўстае як нейкая змрочная, злавесная сіла:
Твор «Суткі зоны» пра тое, як моцна прыцягвае душа роднай хаты і як страшна, пакутна жыць пасля Чарнобыля. Вока Бабчына глядзіць у космас, яго атрутнае свячэнне нясе вестку пра наш «пустэльны лёс», каб мацерыкі і чалавецтва ведалі, што такое «ядзерная пустыня». Свет палескай зямлі — той абшар, дзе «вечнасць устала ў зорны рост» («Вецер»),
Чарнобыль — пагроза не толькі чалавеку і прыродзе, але і вечнасці, і таму паэту жадаецца, каб час «... з вечнасцю гаварыў і дальш Галасамі людзей» («Час»), Паэт не ўяўляе час без ачалавечанай сутнасці.
У зоне М. Мятліцкі адчувае сябе адзінотнікам, пустэльнікам Чарнобыля, але ён не можа вырачыся роднага і святога нават перад пагрозай атрутнага зла. Паэт на вачах смерці праходзіць безгалосымі вуліцамі, кладзе дазіметр на магілу маці, заходзіць у пустыя хаты... Ён гаворыць з тымі, хто тут жыў, гамоніць з дрэвамі і дарогамі, лесам і птушкамі, кветкамі і пчалой... Нярэдка не тое што думаць-гаварыць, нават ступіць крок вельмі цяжка, бо ўсё блізкае і дарагое з самага дзяцінства адгукаецца болем:
Сама хвалюючая змястоўнасць вершаў вырастае са змрочнай, жудаснай канкрэтыкі, на хвалі эмацыянальна-драматычных пачуццяў, якія ўскладняюцца пранізлівымі рэфлексіямі, філасофскай роздумнасцю.
«Бабчын» — гэта і шырокая панарама пейзажнага свету, зглумленага, апаганенага Чарнобылем. Карціны і малюнкі прыроднага наваколля напісаны паэтам сумнымі, чорнымі фарбамі. Асабліва шмат у кнізе вячэрніх і начных пейзажаў, у якіх дамінуюць колеры смерці і нябыту: «І толькі сляпая ноч Уцешна лягла на поплаў...» («Зірнула ў шыбы акон...»). У вершы «Чорны асфальт падэшвы пячэ...» цемра міфалагізуецца, паказваецца як чорнае пекла, дзе правіць баль нячыстая сіла: «Скокі вар'яцкія чорных чарцей. Ноч наступае гусцей і гусцей». Чарнобыльскі пейзажы безжыццёвыя, поўныя нямой цішыні, страху і смяротнай пагрозы:
Эпітэт «мёртвы» скразны ў пейзажных малюнках і наогул паэтавай кнізе: «Тут мёртва ўсё... Спалошлівы прывід Астатняе выгнанніцы-вясны. У дзікарослых травах краявід. Стаю, Жыццё, каля тваёй труны» («Тут мёртва ўсё...»). Мёртвы — значыць без жывога жыцця, пустынны свет: ляжыць бязлюдны, мёртвы Бабчын, замерла мёртвае палатно дарогі, палохае безгалосая ноч, раскінулася навокал мёртвая зона... Прырода страціла чыстую красу, ранейшую сілу, зрабілася экалагічна небяспечнай. Мастак слова не можа па-ранейшаму ўлюбёна і замілавана глядзець на роднае ўлонне, якое ператварылася ў адзічэлую пустку: тут раскашуюць палын і калючы асот, валадараць атрутны вецер і атамны пыл. Усё ў паэтавай душы і памяці жахліва кантрастуе з дачарнобыльскай рэчаіснасцю, становіцца з'явай трагедыйнага вобразнага праламлення. Чарнобыльскія пейзажныя вобразы (вецер, ноч, пыл, сонца і інш.) набываюць прасторава-часавае разгарненне, становяцца вобразамі абагульнена-сімвалічнага гучання. У такіх выпадках адчуваеш, што Чарнобыль — усёабдымнае пагрознае ліха, вялікая бяда-катастрофа. Малюнкі М. Мятліцкага дакладна фактаграфічныя і разам з тым вобразна ўражальныя, яны ўяўляюць суровы жывапіс.
«Бабчын» — споведзь пра раскіданае гняздо ў чалавечай душы, тут, здаецца, чуецца журба самой беларускай зямлі, яе прыроды. Чарнобыльскія вершы М. Мятліцкага, паўстаючы поруч з творамі аналагічнага пафасу іншых аўтараў (А. Грачанікаў, Г. Бураўкін, В. Зуёнак, Я. Сіпакоў, С. Законнікаў, В. Ярац, А. Канапелька, Э. Акулін, В. Стрыжак і інш.), адныя з тых, што стварылі балявы цэнтр усёй сучаснай паэзіі, зрушылі эмацыянальную дамінанту ў бок трагедыйнага светаадлюстравання, перамянілі фарбы і колеры паэтычнай мовы. «Бабчын», як і ранейшы зборнік М. Мятліцкага «Палескі смутак», бачыцца з'явай неардынарнага парадку, бо ў беларускай паэзіі цэлая кніга твораў пра Чарнобыль аднаго аўтара — гэта унікальная з'ява (дарэчы, чарнобыльскія творы складаюць калектыўныя зборнікі «Зорка Палын» і «Прайсці праз зону»).
Ці ўсё мяне задавальняе ў «Бабчыне» як чытача і крытыка? Вядома, не ўсё аднолькава моцна ўражвае і знаходзіць глыбокае суперажыванне. Так, слабейшымі ў параўнанні з многімі іншымі творамі мне падаюцца вершы «Прыбываюць кольцы гадавыя...», «З хмарнага неба начнога...», «Узяла пад крыло...» і інш. Прытупляе ўспрыманне і пэўная аднастайнасць, нават аднатыпнасць паасобных радкоў і вобразаў.
«Бабчын» я атрымаў з рук самога М. Мятліцкага, меў у той дзень з ім гутарку. Ён прачула чытаў чарнобыльскі радкі, а вочы яго набрыньвалі горкімі слязьмі. «Нават калі пасля гэтай кнігі нічога не напішацца, то ўсё роўна галоўную справу свайго жыцця я зрабіў — паставіў паэтычны помнік свайму Бабчыну»,— сказаў пісьменнік. Словы гэтыя ўрэзаліся ў памяць, а ў той момант пасялілі суперажывальны смутак, нават трывогу. Дай Бог паэтавай душы, распятай на чарнобыльскім «згубным крыжы», мацунку, трывучасці! Хай усіх нас ацаляе надзея, вера ў няскончанасць жыцця. Зрэшты, гэтая надзея цепліцца і ў радках паэта: «Растане тло пагрозных хмар, Пагодна гляне шыр і высь. Апошні Бабчына жыхар, Я стану першым тут калісь...» («Апошні Бабчына жыхар...»). Споведзь паэта — і тут няма сумневу — нарадзілася дзеля жыцця на зямлі, яна сёння легла на ахвярны алтар у імя будучыні.
Краявіды душы і радка
(
Паэтычныя зборнікі Уладзіміра Марука для мяне сталі аднымі з тых, якія часта бяру ў рукі з кніжнай паліцы. Радок паэта прываблівае сваёй пачуццёвай глыбінёй, музыкай слова.
У асобе У. Марука, здаецца, набываеш душэўнага, лірычна пранікнёнага субяседніка, які выказвае нешта табе блізкае, знаёмае, дарагое.
Здавалася б, маляваць прыроду — рэч звыклая, традыцыйная, і што тут новага і яркага можна стварыць пасля класікаў. Але меркаванне такое відавочна памылковае: паэтычны пейзаж можа ўразіць, калі ён напісаны не капіістам, а чуйным, уражлівым сэрцам і выяўляе ўласнае вобразнае першаадкрыццё свету. Паэзія У. Марука — гэта найперш лірычны жывапіс словам. Зрэшты, творчая індывідуальнасць У. Марука як паэта прыроды ярка выявілася ў кнігах «Ліст рабіне» (1987) і «Інкрустацыя голасам» (1991). У гэтых паэтычных зборніках ён вядзе ціхую, даверлівую размову з прыродай і чытачом.
Аднак, заўважым, у 80-я гг. паэт спрабаваў голас у гучных грамадзянскіх тэмах, ды, відаць, добра адчуваў, што пафаснае прамоўніцтва, барабанны рытм — гэта не яго стыхія, таму імкнуўся не здраджваць унутранай лірычнай прыродзе свайго таленту. І тут, мусіць, паэта ратавала і ўзвышала пейзажная творчасць, у якой ён знаходзіў найбольш поўнае выяўленне ўласнага «я».
У пейзажных замалёўках У. Марука душэўнае, інтымнае адухоўлена зліваецца са светам прыроды, знаходзіць адбітак у яе вобразах і фарбах. Эцюды паэта напісаны з лірычным псіхалагізмам, маляўнічай гукапіснасцю, з імпрэсіяністычнай паэтызацыяй колеру і святла:
Даволі прыкметнае месца ў паэтыцы яго малюнкаў прыроды належыць жывапіснаму эпітэту, які надае знаёмым словам вобразную аздобу і незвычайнасць: «снежная памяць», «птушыная душа», «гняўлівая рэчка», «цяжка-белы снег» і інш. У вершах паэта часта сустракаецца «з болем краса». Ён — рамантык лірычнага складу, які тужыць па светлай, зорнай красе быцця:
Паэт ідзе да прыроды ў цяжкія душэўныя хвіліны, выказвае ёй патаемнае, «усё, над чым пакутую адзін» («Даверу пераборлівай прыродзе...»). Верш «Азіраліся дрэвы...» — адзін з такіх інтымна-даверлівых па сваім тоне твораў, у якім уражліва люструецца ўнутраны стан чалавека, стомленага на дарогах жыцця:
Адзін з лепшых твораў — верш «Дзятлік». Тут паэт здолеў укласці ў радкі трапяткі эмацыянальны падтэкст, які выяўляе складанасць чалавечага пачуцця. Стук дзятліка адгукаецца ў душы шчымлівай нотай, міжволі нараджае роздум пражыццё і вечнасць.
Родныя краявіды, эстэтычныя ўражанні ад сустрэч з іх красой становяцца асновай для пачуццёва-сэнсавых аналогій, паралеляў выказвання запаветнага і галоўнага ў жыцці. Праз нейкую пейзажную дэталь ці вобразнае параўнанне паэт умее выявіць душу і чалавечы лёс, іх сувязь з вялікім і складаным светам. «Свет пачынаецца з малога — І гэтым ён вялікі, свет»,— гаворыць аўтар у вершы «Усё пачынаецца з малога...». Так, усё пачынаецца з любові да канкрэтнага чалавека, травінкі, кветкі, птушкі, адчування духоўнай блізкасці з прыгожым. Філасофія быцця для паэта бачыцца ў тым, каб «душа па свеце прайшла, не прымяўшы нават зёлку» (верш «Мама, на твае далоні...»). Выток вялікага зла У. Марук таксама бачыць у малым: «А хто крынічку задушыў — Не пашкадуе мора» («Мінаю рэкі і брады...»).
Паэт не клянецца гучна ў любові да прыроды, не ставіць рытарычныя пытанні, не робіць пафасныя вывады пра неабходнасць абараняць прыроду. Ён як бы міжволі гаворыць нам, каб кожны пранікліва ўгледзеўся ў навакольны свет, які «штодня знаходзіць вечную акрасу». Хоць раз па-сапраўднаму адчуўшы прыгажосць і непаўторнасць прыроды, проста немагчыма не любіць і не заступіцца за тое, што «гаворыць вуснамі зямлі». Паэт турбуецца, каб не засохлі «жывыя карані» душы. Успрыманне і бачанне свету ў прыродаапісальных творах агорнута замілаваннем, адухоўлена пранікнёнай любоўю. Любоў гэтая нясе ў сабе інтымнасць пачуццяў, пяшчоту: «Я траву цалаваў, як жанчыну..» («Трава»). «Я» паэта і прыроднае ўлонне паўстаюць у глыбокай духоўнай лучнасці, і гэтая еднасць, суладдзе нараджаюць апавядальнае слова, музыку пачуццяў.
Аднак духоўны дыяпазон паэзіі У. Марука нашмат шырэйшы і выходзіць за межы пейзажнай творчасці. Жыццёвыя і вечныя каштоўнасці правяраюцца ім на трываласць у «вернасці бацьку і роду», сваім караням, радзіме. З асэнсавальнай роздумнасцю напісаны вершы пра загубленых таленавітых беларускіх пісьменнікаў 20-х гг. Памяць пра іх — гэта крэўная, нават генетычная памяць сэрца, імкненне сказаць сваё слова пра невымернасць трагедыі паэзіі, паэтаў, увогуле народа. Пад небам вечнасці паэт услухоўваецца «ў рэха паваленых дрэў», журыцца ў сумных згадках і скрусе.
У. Марук — паэт вельмі нацыянальны па сваім светаадчуванні: і па чуйнай увазе да жыцця роднай прыроды, і па сваіх слоўна-выяўленчых фарбах. Некалі С. Дубавец яўна памыліўся, вінавацячы гэтага паэта ў тым, што ён нібыта разам са сваімі равеснікамі па літаратуры «ігнаруе сродкі — прыватнае, нацыянальнае, асабістае» (Нёман. 1989. № 2. С. 167). Гіра каго-небудзь іншага так сказаць мо будзе і слушна, толькі не пра У.Марука, радок якога вылучаецца сакавітасцю беларускіх вобразаў, паэтызацыяй інтымнага і роднага:
Лірыка У. Марука вельмі зямная, багатая на чалавечыя пачуцці, у ёй — і гэта вельмі прывабная рыса — няма штучнай бадзёрасці, таннага святочнага красамоўства. Паэт імкнецца, каб у аснове яго верша ляжаў душэўны рух радка, шчырасць слова, жывы роздум. Верш — гэта сэнс жыцця паэта, яго духоўная прывучаеце аб чым ён кажа так: «Мне верш, што ненапісаны, патрэбны, Каб веру ў сябе не патушыць» («Ненапісаныя вершы»).
У паэтычных кніжках У. Марука, як і амаль у кожнага творцы, ёсць творы выдатныя, добрыя, а сустракаюцца, зразумела, і неглыбокія («Куецца рання звон...», «Я заходжу ў сад. А восень з саду...» і інш.). Але, нягледзячы на слабіну паасобных твораў, мне хочацца сцвердзіць сутнаснае, галоўнае: лірычны дар У. Марука — заўважная і самабытная з'ява ў сучаснай беларускай паэзіі. Здаецца, гэта аксіяматычная ісціна: талент нельга не заўважаць, яго трэба прызнаваць і шанаваць.
«Гукаю верш з глыбіняў пачуцця...»
(
Пра Валянціну Аколаву пісаць няпроста. Чаму? Бо ставяцца да яе творчасці па-рознаму. Напрыклад, творцы, якія хварэюць на снабізм, як толькі чуюць гаворку пра В. Аколаву, скептычна ўсміхаюцца. Думаецца, справа тут не толькі густу, але і ў не зразумелай мне амбітнасці, жаданні прынізіць працу іншага. Скажу напачатку толькі тое, што В. Аколава мае сваё індывідуальнае аблічча і яго не зблытаеш з іншымі жаночымі галасамі ў нашай паэзіі. А яшчэ вось пра што... З роду Аколавых — польскі паэт Леанард Падгорскі-Аколаў (1891-1957). У гэтай сувязі пісьменнік і літаратуразнаўца А. Лойка зазначае, «што з роду Падгорскіх-Аколавых і наша сучасніца Валянціна Аколава — паэтэса дару грымлівага, шчымлівага ў сваёй кранальнасці, як бы спадчыннасцю родзіча-продка».
У маім успрыманні за аўтарам паэтычнай кніжкі «За тым лугам зеляненькім» (1987) В. Аколавай на нейкі час замацаваўся імідж здольнага перапрацоўшчыка і інтэрпрэтатара фальклору. Бо тут багата твораў, якія напісаны «паводле народнага», узнаўляюць матывы, вобразы, інтанацыі народнай паэзіі. Нават у самой назве кніжкі, як і ў вершы пад такім жа загалоўкам, адбіваецца вобразна-інтанацыйны лад народнай песні. Склалася ўражанне, што паэтэсу цалкам і поўнасцю задавальняе стылізацыя пад фальклор. Аднак пазнейшыя паэтычныя нізкі і падборкі ў друку, а потым ужо і знаёмства з кнігамі паэзіі «Вяртанне ў заўтра» (1990) і «Случарыны» (1994) умацавалі маё перакананне ў тым, што паэзія В. Аколавай у сваёй духоўнай і вобразна-выяўленчай існасці — з'ява вельмі разнастайная. Найперш трэба падкрэсліць, што межы форм яе паэтычнага выказвання, вершаванай стылістыкі даволі шырокія: народна-песенны танічны верш, балада, паэма ў вершах, «белыя рытмы», санет... Свае вершы яна знітоўвае ў нізкі, цыклы, аб'ядноўвае іх не толькі па агульных матывах, а на аснове ўнутранага руху і сугучча пачуццяў.
Тэматычны дыяпазон паэзіі В. Аколавай досыць шматгранны. Кранальна яна гаворыць пра лёс беларускай паэтэсы Эміліі Плятар, звяртае да нашага сэрца роздумныя строфы пра няскончанасць дарогі ў памяць вайны («Рапсодыя сустрэч»), балесна перажывае чарнобыльскае гора («Гадавіна чарнобыльскай трагедыі», «Балада пра Вераніку Буйкову» і інш.). Але лірычную паэзію В. Аколавай не заўсёды можна падзяліць на чыста лірычную, грамадзянскую, любоўную, сацыяльную. Духоўны кругагляд паэтэсы ёмісты, ён сінтэзуе ў сабе багацце праяў жыцця і часу. Такая шырыня паэтычнага светабачання ідзе ад творчага тэмпераменту, актыўнага характару творцы. Свет страфы В. Аколавай — гэта ўсхваляванае біццё чалавечага сэрца, выяўленне душэўнага стану ў слове праз страснасць і пранікнёнасць эмоцыі: «Цяжка дыхаюць лёгкія — гэта спачыну Не займела сляза... яна з гордых яшчэ!»
Эмацыянальна-душэўны свет яе пачуццяў ярка ўвасоблены ў нізках вершаў «Лісты да мамы», «Развітанне з Яўгеніяй Янішчыц», «Дзённік зімы», «Палескі матыў» і інш. У «Эпілогу страфы» паэтэса выяўляе сутнасць сваіх творчых перакананняў і прынцыпаў. Ды і ў многіх іншых творах яна імкнецца сцвердзіць права на сваё слова, палемізуе адносна перавагі ў вершы «рацыо», лагічнага сэнсу над эмоцыяй («Партрэты»), палка адмаўляе табу на тэмы, без якіх яе паэтычнае слова страціць сутнасную мастацкую адметнасць («Сталасць» і інш.). Амаль кожны пачатковы радок верша ў «Эпілогу страфы» гучыць не толькі як асабістая творчая дэкларацыя, але і як жывое дыханне душы: «Вершы — гэта, калі плач супыніш у горле», «Цярпі, рука, мазольны гнеў радка!», «Гукаю верш з глыбіняў пачуцця...», «Я вершы не пішу, а дыхаю не ў такт...» і інш. Думаецца, для лірычнага характару В. Аколавай гэта вельмі натуральныя і арганічныя высновы.
Да бясспрэчнай мастацкай удачы В. Аколавай у эпічным жанры трэба аднесці яе паэму-п'есу «Палачанка Ігрэна, альбо Вяртанне Скарыны». Паэтэса дасягае высокага лёту фантазіі, яе думка-пачуццё імкліва пераносіцца ў прасторы і часе. Асобныя вобразы ў гэтай фантастычнай п'есе створаны сілай яркага, эмацыянальна-рамантычнага ўяўлення: Царыца Ноч Зямная, Яго Вялікасць Дзень Блакітны... Нас вабіць апаэтызаваны аўтарам свет кахання, страсцей, змагання прыгажосці і пачварства, дабрыні і зла. Паэтэса імкнецца выявіць вечную прыгажосць існавання, адсюль і яе рэнесансныя па духу эмоцыі-высновы: «О Вечнасць! Над зямным спыніся домам!», «Сягоння пераможа ў свеце розум...».
В. Аколава — паэтэса пошуку. Ведаю, што ў асобных нашых крытыкаў стаўленне да яе паэм у вершах калі не адмоўнае, то даволі неадназначнае. Гэтым самым пад сумнеў ставіцца плённасць распрацоўкі менавіта такога жанру. Прынамсі, пра паэму ў вершах мы не знаходзім гаворкі ў вядомых беларускіх літаратуразнаўчых даведніках. Але ж існуюць такія жанравыя мадыфікацыі, як раман у вершах ці паэма ў прозе, і ніхто не стане адмаўляць іхнюю эстэтычную абмежаванасць ці нежыццяздольнасць. Паглядзіце, як самавіта і па-мастацку важка гучаць паэмы ў прозе Я. Сіпакова «Ахвярны двор», «Одзіум». Абжываючы і пашыраючы шмат у чым новыя эстэтычныя межы для беларускай паэмы, В. Аколава, вядома, таксама мела перад сабой першаўзоры — найперш паэмы ў вершах рускай паэтэсы Ганны Ахматавай. Творы такога даволі нязвыклага жанру займаюць у паэзіі В.Аколавай прыкметнае месца: «Полацкі вакзал», «Дарога ў вёсны», «Пажар слязы», «Каўказскія трывогі» і інш.
Што ж вылучае лепшыя паэмы ў вершах? Моцны лірычны пачатак, узрушальная эмацыянальная энергія, псіхалагічная напоўненасць пачуцця, якое найчасцей мае драматычную афарбоўку. Галоўнае ў творы — не сюжэтнае развіццё, а рух душы, ключавыя матывы, перажыванні, развагі. Кожная частка паэмы ў вершах «Пажар слязы», напрыклад,— гэта іпастась унутранага самавыяўлення паэтэсы, а ўсе вершы з'яднаны разам эмацыянальна напружаным ладам гаворкі. «Я» паэтэсы — жывая сарцавіна твора, той лірычны стрыжань, які канцэнтруе вакол сябе шматстайнасць пачуццяў і праяў чалавечай душы: гора і боль, святло і ўспаміны... Сама В. Аколава вызначае па жанру паэму «Пажар слязы» як «лірычную хроніку аднаго дня — 27 красавіка 1986 года». Адзін дзень, першы дзень пасля выбуху ў Чарнобылі, па сутнасці, становіцца той кропкай-слязой, у якой адбіваюцца трагедыя агульналюдская і боль уласнага сэрца. Лірычна-вобразная плынь твора нясе ў сабе драматызм адчування жыцця, чалавечага лёсу, часу: «Мой Дачарнобыльмай, раскрыжаваны ў марах», «Змяя паўзла паўз Прыпяць, не шкадавала джала» і інш.
Кожная грань духоўнага свету паэтэсы прыцягвае шчырасцю і непасрэднасцю перажывання. Вось спавядальніца радок-прызнанне ў паэме «Полацкі вакзал»:
Паэзія В. Аколавай прасякнута ўсёпаглынальным пачуццём кахання. Яе інтымныя строфы кранаюць глыбінёй перажытага жаночым сэрцам: і радасць кахання, і тамленне вечнай ростані... У народна-песенным духу напісаны баладныя любоўныя вершы-вяснянкі «Загукай, случанка, песню прашчуранкі!». Паэзіяй тугі напоўнены творы «Адзінота святла», «Найтрывожнае слова—любіць», «Споведзь адной вясны», «Ад Калінкавіч да Крутаяраў» і інш. Вось расстайная мелодыя смутку і адзіноты:
Каханне для лірычнай гераіні паэтэсы — мерка жыцця, надзея, сэнс існавання на зямлі: «І век дыханнем сэрца саграваць, І не гукаць цябе з нябыту — а кахаць...» Нягледзячы на драматызм перажытага, боль, пакуты, яна ўваскрасае душой, імкнецца да святла заўтрашняга дня.
Паэзія для В. Аколавай — апантаная, цяжкая праца. На адрас паэтэсы можна сказаць яшчэ не адно добрае слова. Аднак асобныя творы В. Аколавай небездакорныя, а то і слабыя. З эмацыянальна-сілавога поля некаторых паэм вершы часам «выпадаюць», падаецца, што яны штучна ўведзены ў лірычную тканіну твора. У паэмцы «Паклон Беларусі» такая выпадковая частка «17 чэрвеня 1986 года», не ўпісваецца арганічна ў твор «Галасую за мову случанскім радком» «Пастскрыптум... для крытыка-дзядзькі». Па танальнасці «Пастскрыптум...» — водпаведзь былым і будучым крытыкам. Увогуле кажучы, ці не залішне ў кнізе паэтэса высвятляе адносіны з «дзядзькамі-крытыкамі» і ці не завельмі часта яна рупіцца даць рэкламу свайму радку?
Там-сям страфа В. Аколавай захлынаецца ад празмерных эмоцый, надараюцца квяцістыя і туманныя «паэтызмы»: «След ласіны травы не гукне за сабой...», «Быццам неба спрабуе хадзіць па лязу» і інш. Нярэдка сярод інтымных радкоў сустракаюцца трафарэтныя варыяцыі аднаго і таго ж пачуцця, надакучае і аднастайнасць вобразаў: каліны, гром, рабіны... Прысутнічае ў некаторых радках гіпербалізацыя, але паэтэса не дасягае яркага, уражлівага эфекту: «Пра Вернасць па Зямлі загаварыла», «Стаў, як брат для Сусвету, бальнічны мне дом» і інш.
Нягледзячы на недахопы, трэба адзначыць, што верш В.Аколавай гучыць адметна, яго поўніць жывое хваляванне сэрца.
«Нямыя крокі ў камені гучаць», або Размова, прымроеная ў сне
Ці шмат каму ў наш час сняцца сны пра паэзію, мастацтва? Прызнаюся: пасля таго, як аднойчы цэлы дзень папахадзіў па крамах, прыснілася даўжэзная чарга, у хвасце якой я прыладкаваўся і чакаў немаведама чаго. А вось каб прыснілася крытычная гаворка пра кнігу, дык гэта здарылася ўпершыню. Мусіць, гэта і невыпадкова, бо новы зборнік вершаў Галіны Булыка «Турмалін» (1994) прачытаў хутка, з цікавасцю. Кніжка выклікала разнаісны спектр уражанняў. Дык вось, прысніўся мне калега, які заўсёды, калі сустракаемся, аспрэчвае мае меркаванні. А побач стаяў мой двайнік. Між намі распачаўся дыялог. Калі прачнуўся, то вырашыў не спяшаць да знаёмца, каб пераканацца, што ён наяве скажа прыкладна тое ж самае. Па гарачых слядах, як кажуць, я зафіксаваў прыснёную гутарку. Імя ды прозвішча вельмі непамяркоўнага эксперта я не буду называць (далей ён фігуруе як Апанент). Хаця, думаю, яму і так пазнаць сябе будзе няцяжка. А мой двайнік — гэта нібы маё другое «я», ці, як казалі лаціняне, «alterego».
Крытык. Паэтэса Г. Булыка яшчэ ў першай кніжны «Сінтэз», што выйшла ў 1986 годзе, скіравалася да надоўга забытага, а для нашай паэзіі зусім не адкрытага дзівоснага свету хіміі. Як мы памятаем, яшчэ рускі паэт М. Ламаносаў надзвычай вабна апаэтызаваў чароўны воблік гэтай навукі і розныя хімічныя цуды. Наш Пятро Глебка ў вершы «Пра хімію і паэзію», напісаным усярэдзіне 50-х гг., даводзіў, што «хімія ніколі не страціць сэнсу і вагі...». Не памыліўся паэт, бо так званыя «хімічныя» вершы Г. Булыка становяцца адметнай старонкай сучаснай паэзіі. Словам, у паэтэсы ёсць свая тэма, і ад яе яна, як сведчыць новая кніга, не адмовілася. Навуковая, філасофская медытацыя — найярчэйшая адзнака кнігі.
Апанент. Цудоўна ведаю, што Г. Булыка па першай адукацыі — хімік. Пазней яна закончыла Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Ты захапляешся неардынарнасцю «хімічнай» тэмы, прадчуваю, зараз скажаш, што Г. Булыка — прадстаўнік «новай», нетрадыцыйнай паэзіі, наватар і эксперыментатар. А мо стаць арыгінальным не так і цяжка? Заглыбляйся як след у якую-небудзь навуку, напрыклад, матэматыку, паэтызуй формулы, лічбы, інтэгралы, і табе ўжо гарантавана імя Лабачэўскага ў нашай паэзіі. І прыкладныя назвы будучых вершаў прапанаваць можна: я + я = ∞ або (я > мы; я ≠ 0). Прынамсі, нешта падобнае пачаў практыкаваць у галіне прозы А. Асташонак. А ў паэзіі гэта будзе найноўшы крык, мадэрн. У перыядычнай сістэме Мендзялеева звыш ста элементаў, а хімічных, прыродных рэчываў нашмат болей. Здаецца, па-за ўвагай Г. Булыка засталіся вісмут, вальфрам, лантан... Так што яе кніжка ці не паўтор ранейшай тэматыкі ды вобразатворчасці? Ці не вядзе такі кірунак да аднастайнасці?
Другое «я» крытыка. Заўсёды пачынаю гаварыць з прэамбулы — замест таго каб адразу казаць пра галоўнае, сутнаснае. «Зри в корень»,— раіў яшчэ К. Пруткоў.
Крытык. Сінтэз матэматыкі і паэзіі бачыцца з'явай мо і небясспрэчнай, але цікавай. Прынамсі, Г. Булыка гэта ўжо яскрава пацвердзіла ў першым зборніку. Маю на ўвазе яе «Матэматычны трыпціх». Паэтычныя экскурсы ў сферу навукі тут, здаецца, яшчэ больш пашырыліся. У «Турмаліне» выяўляюцца і фізічныя працэсы, і геаметрычны вугал зроку («Паралельнасць», «Страхар», «Статыка руху»). Гэтая кніжка — выхад найперш на новы круг духоўнага светапазнання. Наогул, Г. Булыка бачыцца сапраўды неардынарнай творчай асобай. Яе кніга ўражвае сваёй філасофскай мерай рэчаў, з'яў, адчуваеш, яку ёй пульсуюць сапраўды «апантаныя рыфмай радкі». Тут жыве нязвыкласць паэтычных уяўленняў, асацыяцый, увасоблена светаасэнсавальная філасофія духу. Паэтэсе чужыя правільнасць, аголенасць выказвання, яна гаворыць моваю ўскладненых вобразаў і метафар. Нават у простым ёй бачыцца цэлая складаная гама імгненняў:
Стыль паэтэсы падкрэслена медытатыўны, нярэдка інтэлектуальна-рэфлексійны, яна ў лепшых творах уражліва «сплятае сужылкі цячэнняў» думкі і пачуцця:
Прадметна-рэчыўны свет для паэткі жывы і блізкі, цякучы і плынны, яна здольная вычуць, як «Нямыя крокі // ў камені гучаць — У сцятай глыбіні // пустой пароды» («Геаметрыя часу»), убачыць, як «у глыбінях даспела алмазная грань...» («Лёд»), Навуковыя веды дапамагаюць паэтэсе ўздымацца да паэтычнага адкрыцця філасофіі рэчаў і рэчываў у вершах «Бурштын», «Турмалін», «Мармур», «Гагат», «Біруза», «Жамчужныя пацеркі», «Алмаз», «Лёд», «Нітка», «Ліліт», «Слюда». У названых вершах — і гэта вельмі важна — ёсць мера чалавечага, філасофска-этычнага. Найперш Г. Булыка ўражваюць тыя прадметы, што струменяць святлом, празрыстасцю, таямнічасцю хараства: «Свячэнне ўкамянелай глыбіні Натхняе недасяжнай чысцінёю...» («Мармур»), «Святло і каменне — Рассеяны цень хараства І шэпт невымоўны У гэтым адзінстве нязлітным» («Бурштын»). Паэтэсу захапляе тое, як хімічныя і фізічныя якасці прадметаў, нейкія прыродныя з'явы люструюцца ды праламляюцца ў часе, прасторы, Сусвеце: «Плынь часу праціскае камень, Калі ўзвышае берагі» («Плынь»).
Апанент. Гэта ўсё добра. Аднак я не хачу трапляць у палон сляпой эйфарыі і літаратуразнаўчых інтэрпрэтацый. Бо калі чытаеш такія вершы, як «Біруза», іх «глыбакадумнасць» зацямняе сэнс: «Дзьмухаўцовая мара крыла Праступае ў расе скамянела», «Усляпую, вобмацак час Затуманьвае розумам сэрцы». Гэткую «экзістэнцыйную філасофію» мне, бадай, не вытлумачыць. Мо каб мне, няўцямнаму, за тлумачэннямі да доктара Конана звярнуцца? Ці хай бы В. Акудовіч у сваім «ЗНО» на старонках «Культуры» дыскусію разгарнуў на прадмет падобнай вершатворчасці.
Другое «я» крытыка. Ты і праўда часам пачынаеш шукаць паэзію і філасофію там, дзе яны і не начавалі. Чытаеш нейкія вершаваныя шыфраграмы — і гатовы давесці сябе да экзальтацыі.
Крытык. Пачакай, чаму, уласна кажучы, радок павінен быць усім зразумелы і ясны? Не заўсёды нам дадзена зразумецьсэнс і ісціну ў асобна ўзятым тэксце, які мы павінны ўспрымаць як «рух мыслячай гутаркі душы з самой сабою». Калі не спасцігнуць абсяг самараскрыцця творцы, то хаця б, як кажа філосаф, «набыць далучанасць» (Г. Гадамер). Чытаючы вершы «Рэзчык люстэркаў», «Паралельнасць», «Гадзіннікавая майстэрня», «Спружына» і інш., нібы далучаешся да пошуку нечага глыбіннага, сапраўды важнага ў нашым часавым і гістарычным быцці:
Для паэтэсы «ў матэрыі... ёсць вяшчунны язык», шматмерны змест. У яе ўспрыманні прыродны матэрыял ажывае «малой дваінкай існасці зямной» («Ювелір»), Паэтэса ўмее ўвасобіць у мікравобразах свет чалавечай асобы, убачыць у малым цэлы Сусвет, вечнасць.
Апанент. А ці не здаецца табе, што Г. Булыка проста замкнулася ў сабе, ізалявалася ў сваім мікрасвеце? Яе паэзію іначай і не назавеш як уцёкамі ад грамадства, цывілізацыі...
Крытык. Мусіць, гэта ўсяго толькі вонкавае ўражанне. Возьмем верш «Жамчужныя пацеркі»: «Мы курчымся ў розных улоннях //да спелай пары...», «Ды нехта нас лепіць // падобнымі коштам і формай», «Няцямна стачыліся // ў лічылкай чарзе», «Калі прадзімаюцца душы прадоннем пустым...». Нехта ўбачыць у падобных радках апісанне праяў і ўласцівасцей прыроднага рэчыва, а камусьці ўбачыцца і адбітак нечага жыццёва значнага, сугучнага нават сацыяльнай рэчаіснасці. Трыпціх «Пітэр Брэйгель Старэйшы», вершы «Вецер», «Балота», «...І з сялянскай пакорай...», «Ноч звар'яцела...» прасякнуты драматычна-трагедыйным пафасам, спароджаным наступствамі чарнобыльскай бяды. Паэтэса малюе Чарнобыль як усясветнае жудаснае ліха: «Атруціў радаводную студню // і глебу саскроб У падземнае мора, У хвалісты змрок акіяну, У апошні, багамі забыты, Сусветны патоп» («Балота»),
Апанент. У кнізе Г. Булыка, як падаецца, зашмат рацыяналізму і мала лірыкі пачуццяў. Тут амаль не пачуеш шчымліва-трапяткой музыкі душы. Калі б на вокладцы не было пазначана імя, дык можна было б падумаць, што яны не належаць пяру жанчыны.
Крытык. У Г. Булыка свая эстэтычная праекцыя, яе творы — гэта пераважна прасторава-часавае адлюстраванне свету, разгорнутая прадметная выяўленчасць. Аднак ёй зусім не чужая жывапіснасць фарбаў. Цяжка зблытаць яе вобразныя асацыяцыі, сэнсавыя паралелі з творчай манерай якога-небудзь іншага мастака:
Прынамсі, урбаністычныя матывы знаходзяць арганічны працяг у новай кнізе паэтэсы. У вершах пра горад ёсць маляўнічая канкрэтыка вобразаў, арыгінальнасць назіранняў, чуйны выхад у свет памяці, душы. Стыхія кіпуча-бурлівых пачуццяў — гэта амплуа іншых паэтаў. Для Г. Булыка характэрны ўраўнаважанасць думкі і душэўнага зместу, іх сумесная вострая праніклівасць да асноў свету і быцця. І, мусіць, не варта жадаць ад паэтэсы таго, кім яна ў паэзіі ніколі не будзе. Чаму, скажам, Г. Булыка павінна быць падобнай да Р. Баравіковай ці В. Аколавай? Перад намі — паэтэса-эмпірык і жанчына, якая ўмее праз апавядальныя перажыванні сэрца выявіць свой унутраны свет, яго сумненні, трывогі, пакуты: «Ані крык, ані погляд нічога не значаць. Я жывая! Каму мне пра тое казаць?» («Соль зямлі»). Лірыка Г. Булыка — свет, дзе паяднаны канкрэтнае і абстрагаванае, зямное і быційнае, навуковае, філасофска і глыбока асабістае, разумовае і пачуццёва-інтуітыўнае:
Другое «я» крытыка. Зноў да акадэмізму пацягнула. Не, каб прасцей выказацца: Г. Булыка не церпіць сузіральнага гладкапісу, яна — чалавек глыбокага і складанага духоўнага светапазнання. Яе паэзія — не нейкі там масавы шырспажыў, якога цэлыя дзесяцігоддзі патрабаваў ад творцаў сацрэалізм, а мастацтва высокага інтэлекту і духу.
Апанент. Ты архаічны рэцэнзент. Заўвагі напрыканцы гаворкі прызвычаіўся выказваць. Здаецца, самы час...
Крытык. А я ўвогуле не бачу асаблівых падстаў крытычным кіем махаць. Выдаткі ў кніжцы ёсць. І я іх бачу і ўспрымаю дыялектычна. Так, у «Турмаліне» сустракаецца такое, што зрокава і на ўзроўні сэнсу цяжка ўспрымаць: «І адгукнецца маналітна Ўкрай распырсканы прамень» («Плынь»), Хай лепей чытач сам у рукі кніжку возьме і зразумее, што да чаго. А раптам нехта ў падобнай вобразатворчасці ўбачыць цэлую канцэпцыю свету...
Апанент. А на мяне шмат якія радкі дыхаюць холадам. У іхнім свеце не можаш адухоўлена растварыцца. Карыстаючыся словамі паэтэсы і перафразуючы іх, скажу: «Там туманна. Там сёння нялётна. Там нябёсы пустыя...»
Крытык. У паэтычным моры, як вядома, бываюць свае адлівы і прылівы. Несумненна, што «Турмалін» — заўважная хваля прыліву ў сучаснай паэзіі. Здаецца, толькі неардынарнае і таленавітае прыцягвае ўвагу, выклікае спрэчкі.
«Жывою вадою душу наталіць»
Адкрыццё паэта можа пачацца нават з аднаго асобнага верша. Але, на жаль, мы далёка не заўсёды бачым і шукаем гэтыя вершы-дыяменты, абмінаем не тое што паэтычныя нізкі, а многія кнігі. Нехта скажа, маўляў, сёння не да паэзіі, іншы звяртае ўвагу толькі на знакамітыя імёны... Згадваецца і не так даўно прачытанае ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва»: «Не чытаў... Я — эгаіст, і для мяне цікава толькі тое, што мае адносіны да мяне асабіста». Зразумела, такі літаратурны эгаіст наўрад ці возьме ў рукі паэтычную кніжку Галіны Тварановіч-Сеўрук «Ускраек тысячагоддзя» (1996). Працуе яна ў паэзіі сціпла, неяк незаўважна для крытыкі, імя яе не такое гучнае, як у іншых. Чытаючы «Ускраек тысячагоддзя», перажываў асалоду і радасць ад таго, што далучыўся да духоўнага свету паэтэсы, адчуў мігценне выратавальнага святла, жывыя колеры, повязь з сапраўдным і вечным.
Паэзія Г. Тварановіч-Сеўрук прасякнута адзінай сэнсавызначальнай тэмай — тэмай Бога, пошуку боскага ў чалавеку і на зямлі. Звязана гэтая тэма з вобразамі Хрыста, Крыжа, Храма, Святла, Вечнасці. Рэлігійна-духоўны змест і падобная вобразнасць не тое што новыя для беларускай паэзіі, але сапраўды адметныя і ўспрымаюцца як красамоўны знак сучаснасці. Ідэалогія бальшавізму і ваяўнічага атэізму перапыніла вялікую традыцыю. А яна, трэба заўважыць, закладвалася і ў айчыннай літаратуры даволі паспяхова. Калісьці ў нашай паэзіі азначыўся нават клерыкальны кірунак (К. Сваяк, А. Зязюля). Толькі на эміграцыі беларускія паэты ў сваёй творчасці неслі дух біблейска-рэлігійнага светаўспрымання, ніхто з іх не пісаў слова «Бог» з маленькай літары. Сёння пасля атэістычнай д'ябальшчыны імя і слова Бога адраджаюцца як у жыцці, так і ў літаратуры. Прыкладам у сучаснай паэзіі можа паслужыць творчасць Р. Барадуліна, Зьніча, І. Багдановіч... Вось і Г. Тварановіч-Сеўрук усім сэрцам усцешана, што час выспеліў «маленне й шлях — прагу Хрыста // ў Беларусі» (верш «Сплывае імглістасць суровых вякоў...»). Яе кніга «Ускраек тысячагоддзя» — гэта філасофія Святла. Са светлым, прамяністым воблікам Госпада паэтэса звязвае шлях на зямлі і ў Сусвеце:
«Напачатку было Слова»,— гаворыць Біблія. І гэта Слова для Г. Тварановіч-Сеўрук — Святло, бо яно ад Бога, яно — павадыр, гаючы эліксір, ідэя жыццядайнасці і чалавекалюбства. Чалавек, які ўбірае ў сябе святло, уяўляецца паэтэсе Храмам,
Толькі дзякуючы Святлу, як даводзіць паэтэса, доўжыцца чалавечае існаванне ў часе і вечнасці.
Лірычны герой кнігі, калі можна так сказаць,— душа жанчыны-хрысціянкі. Душа, якая адчувае сваю боскую, зорную існасць, якая спавядаецца ў смутку і радасці, на «мяжы горняга й дольняга», вядзе «ў засень Крыжа». «Углядаюся ў глыб свае душы» — так пачынае паэтэса адзін са сваіх твораў, і ў гэтым загаловачным радку яскрава выяўляецца рэфлексійна-роздумны характар яе лірыкі. У шматлікіх вершах яна ўзіраецца ў прадонне душы, у чалавечае «я», каб унутрана ачысціцца ад «ілжывай бясконцасці тлумнага дня», прычасціцца да «міласэрнае самае ўлады — улады Любові Хрыстовай...». Паэтэса востра адчувае сваю і нашу агульную ўнутраную недасканаласць, грахоўнасць. Наогул, сляпое і ваяўнічае святатацтва за доўгія гады прывяло грамадства да адступніцтва ад светлага, боскага. Шлях выратавання паэтэса бачыць у пакутным пакаянні, звароце душы да малітвы. І ад імя ўласнага «я» і ад усеагульнага «мы» яна выгаворвае да Бога шчырыя малітоўныя словы, просіць прасветленасці і спагады, паратунку і заступніцтва. Таму многія радкі сваім лексічным складам і эмацыянальным гучаннем нагадваюць біблейска-малітоўны стыль, становяцца выяўленнем хрысціянска-гуманістычнага пачуцця:
Можна запярэчыць і сказаць, што ў гэтым творы выказана агульнавядомае хрысціянскае пачуццё. Але ў падобных радках асабіста мне галоўна-сутнаснае бачыцца ў іншым, а менавіта ва ўнутраным узвышэнні, апавядальнай пранікнёнасці слова. Душа гаворыць вершамі. У гэтай сувязі дарэчы прывесці думку Ю. Лабынцава: «Малітва — гэта высокая духоўная творчасць. Узыходжанне. Малітве спрадвеку ўласціва прыходзіць да людзей у самыя адказныя моманты іх жыцця, ісці з імі да смерці». Малітву нараджае жывое пачуццё, яна — вера і надзея. Таму арганічна і натуральна вершаванае маленне гучыць з вуснаў паэтэсы, якая ўстрывожана рэагуе на дысгарманічнасць, разладжанасць свету.
Нам далёка да ідыліі быцця, да Храма духу. У кожным з нас ёсць тое, ад чаго варта пазбаўляцца і што адпрэчваць. І, відаць, вельмі важна ўсвядоміць: першапрычына многіх стыхій — гэта мы самі, наша грамадства. Каб пачуць Бога ў сабе, застацца чалавекам, неабходна вырашыць дылему: святло або змрок, рай або пекла:
У самоце, праз горкі, пакутлівы роздум паэтэса шукае суладдзе і лагоду, яна спавядае чысціню веры і чысціню чалавечага сэрца. З жаночай душы, якая імкнецца быць падначаленай боскай ісціне і волі, вырываюцца воклічы, звароты і просьбы: «Пазаві мяне, Божа!»; «Хрысце, ачысці!»; «Хрысце, даруй нам...». Гэтая апеляцыя да Бога трымаецца на ўсведамленні драматызму быцця, бо чалавек зведвае зямныя выпрабаванні лёсу, не можа нярэдка выракчыся нядолі, маральных хібаў. Малюе паэтэса і драму ўсечалавечую: «зморанае, разгубленае чалавецтва ўзыходзіць на ганак». З чым жа ідзём мы, «спакушаныя й абяздоленыя», да Госпада, чым апраўдаемся перад Ім? Да адказу на гэтае лёсавызначальнае маральна-духоўнае пытанне ўсім сваім лірыка-драматычным зместам нязмушана і падводзіць паэтычная кніга «Ускраек тысячагоддзя». Спавядальна-малітоўны лад выказвання тут нясе ў сабе светлую і элегічную музыку, усхваляванасць, рух душы, эмоцыі, што пазбаўляе творы нейкай зададзенасці, рыфмавання пэўнай думкі-ідэі. Танальнасць вершаў паэтэсы роздумная, мяккая. Па сутнасці паэзія Г. Тварановіч-Сеўрук — гэта лірыка душэўнай медытацыі, самапаглыбленага псіхалагічнага аналізу.
Праз увесь вершаваны зборнік, нібы жывыя, трапяткія ніці, праходзяць матывы пяшчоты, любові, духоўнай лагоды, цішыні. Споведзь і малітва вымагаюць цішы, бо толькі ў ёй можна скіравацца да таямніцы, пачуць Бога, свой подых і вечнасць: «Богаславёная цішыня прарастае // Гасподняю ласкай» («Маўчанне Госпада — побач...»); «Слухаю вячыстую цішыню, //чую, як прарастае лёс» («У цішы добра чутно...»). Цішыня і лагода — гэта зыходныя асновы быцця, той стан першароднасці, нараджэння гармоніі, паяднанасці са светам, які супрацьстаіць стыхіі, тлуму і глуму. Таму так прагне душа паэтэсы цішыні-лагоды, прагне, каб унутрана адрадзіцца, прасвятлець і падужэць, знайсці дараванне, згоду з жыццём, надзею:
Інтымныя, любоўныя перажыванні таксама агорнуты пяшчотай. Пра каханне паэтэса гаворыць сцішана, прачула, з лірычнай душэўнасцю. Найвялікшы дар для яе — «талент пяшчоты», бо ён здольны нарадзіцьтую «ціхую ўрачыстасць», якая духоўна ўзвышае, уздымае ў вышыні радасці, асалоды, шчасця. Больш за ўсё жаночая душа баіцца таго, што «знішчыць... пяшчоту». Развітальная сляза для яе самая горкая і пакутная. Але нават у такіх абставінах, калі надыходзіць тужлівая самота, пяшчота не пакідае сэрца, у ім збалела-мройліва пытаюцца пра каханага «кветкі ціхай пяшчоты» («Змаглася стыхія...»).
Пейзаж у Г. Тварановіч-Сеўрук — гэта не чыста эстэцкае жывапісанне прыроды, а псіхалагічная занатоўка настрою, тонкае выяўленне прыродных вобразаў і дэталяў, якія высвечваюць стан чалавечай душы:
Здаецца, колькі падобных элегічных замалёвак створана паэтамі, але гэтая напісана своеасабліва і запамінальна. І сакрэт тут мне бачыцца ўтым, што паэтэса намалявала глыбокі «пейзаж душы», знайшла адухоўлена яркія псіхалагічныя фарбы. Вобразна-пачуццёвай глыбінёй кранае і верш «Ля студні маленства...».
У лірыцы Г. Тварановіч-Сеўрук выяўляецца філасофія духоўнага пазнання. Пазнання глыбіннай сувязі чалавека з Богам, неабсяжным Сусветам, часам, вечным і самой вечнасцю. Вершы «Сумовішся ты з іншым часам...», «Хто ўнікае шляхоў...», «Пасля, ужо пасля ўсяго...» асабліва ўражваюць вастрынёй прадчуванняў, праніклівасцю думкі-пачуцця, асацыятыўнасцю паралеляў. Некалі М. Багдановіч разважаў пра тое, куды ляцім мы і наша зямля. Вось як раскрывае філасофію часу і быцця сучасная паэтэса:
Кніжка «Ускраек тысячагоддзя» з тых, якія пакідаюць след у душы. Зрэшты, надараюцца ў ёй інтанацыйныя паўторы, аднастайнасць эпітэтаў, пэўных вобразаў (росная зямля, росны луг, росныя блакіты...). Ёсць вершы і неглыбокія, павярхоўныя:
Гэты верш цытуецца цалкам, і ён, на жаль, не стаў хвалюючым лірычным ці псіхалагічным малюнкам.
Аднак інтымна-камерны свет лепшых вершаў паэтэсы прываблівае, пакідае незабыўнае ўражанне.
Тры іпастасі паэта
1.
Віктар Шніп у кніжках «Гронка святла» (1983) і «Пошук радасці» (1987) сцвярджаў сябе як творца ў рэчышчы традыцыйнай эстэтыкі і паэтыкі. На тое былі прычыны не столькі суб'ектыўнага, колькі аб'ектыўнага характару, бо пакаленне «васьмідзесятнікаў» выхоўвалася на ўзорах беларускай класікі з яе паэтызацыяй роднай зямлі, прыроды, атрымоўвала ўрокі адпаведнага ідэйна-грамадзянскага выхавання мастацкім словам — урокі савецкага патрыятызму, любові да Леніна, шанавання народнага подзвігу ў вайне і г. д. В. Шніп як паэт найперш пачынаўся з апявання красы роднага прыроднага ўлоння, вобразнага адкрыцця таго вясковага свету, з якім быў звязаны ягоны першапачатковы эмацыянальны і жыццёвы вопыт. Пейзажныя творы ў першых двух зборніках вылучаюцца сваёй адметнай вобразнасцю, жывапіснасцю мовы і пачуццёвай глыбінёй слова. Вось невялічкае васьмірадкоўе, якое яскрава гаворыць пра прыродаапісальны дар В. Шніпа:
В. Шпіпу не бракавала назіральнасці, яркай вобразнай асацыятыўнасці, пра што таксама сведчаць і іншыя пейзажныя радкі: «За вадою ўслед іду — Мне свой цень Цягнуць нялёгка» («Эцюд»); «Прымерзлі да нябёс галіны...»; «Ваду стаўляю, // а вядро Не адпускае рукавіцу» («Гайнёю быстраю ляціць...»); «Схаваўся ў студню ранак, Да дна // звініць // ланцуг» («Навальніца»), Прыклады-ілюстрацыі можна доўжыць, і ўсе яны будуць гаварыць пра тое, што В. Шніп ужо ў 80-я гг. выявіў сябе як даволі ўмелы майстар паэтычнай вобразатворчасці, традыцыяналісту пазітыўным, добрым сэнсе гэтага слова.
Зрэшты, традыцыйны характар творчасці меў і свой негатыў, нёс у сабе пэўны кансерватызм і стэрэатыпы. Тутя маю на ўвазе хаця б вершы пра вясковых дзядзькоў і дзядоў, пра Ільіча ў Разліве ці пра камуніста, у якога «жалезам выпеклі гарачым на спіне зорку». Пераадолець непатрэбныя паэзіі штампы і каноны ў той час было нялёгка, здавалася б, немагчыма, тым больш для маладога вершатворцы. Між тым ужо ў першай палове 80-х у творах В. Шніпа праступае выразнае ўдасна-творчае «я» паэта-беларуса, улюбёнага ў край «пад крыламі буслоў». Яму радасна адчуваць, што «ў слове родным «Беларусь» свецяць нам Скарынавы буслы» («Буслы Скарыйы»), ён прызнаецца, што любіць «так, як Каліноўскі, свет і волю» («Вы пытаеце: чаму пяю?..»). Гэтая пранікнёная паэтызацыя нацыянальнага духу, мінулага знайшла працяг у наступных кнігах В. Шніпа «Шляхам ветру» (1990) і «На рэштках Храма» (1994). Увогуле, духоўны воблік і эвалюцыю лірычнага героя паэта немагчыма ўявіць без пачуцця радзімы-Беларусі, далучанасці да яе лёсу. У зборніку «Выкраданне Эўропы» (1996) тэма Айчыны набывае вельмі драматычнае гучанне:
Так сёння, у сярэдзіне 90-х, паэт выказвае свой душэўны стан, а адначасна нібы выгаворвае і душу беларуса, у нечым зняверанага, перапоўненага сумам і трывогай. Працытаваны твор напісаны ў лепшых традыцыях патрыятычнай паэзіі.
У формах і паэтыцы традыцыйнага мастацкага выяўлення В. Шніп дасягнуў і дасягае несумненнага поспеху. Хоць, заўважым, надараліся ў яго творы эстэтычна недасканалыя, выдаткі светапогляднага характару.
Сімпатычнай з'явай у паэзіі В. Шніпа ў 80-я гг. стаў зварот да казачнасці, міфалагізацыі зместу твораў. Гэта ў пэўнай меры абнаўляла мастацкі лад, прыёмы, стыль вершаванага пісьма. Паэт знаходзіўся ў пошуку, задумваўся пра тое, як прыдаць свайму творчаму варштату індывідуальны почырк. Акрамя імкнення пераасэнсоўваць фальклор, ён, мусіць, арыентаваўся на эстэтычны вопыт Я. Купалы і М. Багдановіча, нашых сучаснікаў М. Танка і Р. Барадуліна. Можна сказаць, што В. Шніп — таленавіты вучань сваіх выдатных папярэднікаў на ніве паэтычнага мастацтва.
І яшчэ вельмі характэрнае: нельга не адчуць у традыцыйнай вершатворчасці В. Шніпа лірычнай пранікнёнасці гаворкі, эмацыянальнай энергетыкі радка. У яго першых зборніках нямала паэзіі кахання, прычым тут сустракаюцца проста цудоўныя творы і строфы («Вясна ў цябе вавёркай...», «І прыйдзе час, і ўсё забудзеш...» і інш.). Зазірнуць як мага глыбей у сваю душу— у гэтым ключавы момант паэтычнага самавыяўлення, і без даверлівага выказвання асабістых пачуццяў не было б Шніпа-паэта.
2.
Зборнікі «Шляхам ветру» і асабліва «На рэштках Храма» засведчылі, што паэтычны радок В. Шніпа пачаў мадэрнізавацца і, так бы мовіць, еўрапеізавацца. Заўважна, як мяняецца вонкавы выгляд верша, які адрозны ад традыцыйнага страфічнай структурай, стылёвым ладам. Паэт прыбягае да ўмоўнай мастацкай формы выказвання, выкарыстоўвае паэтыку алегорый і сімвалаў:
У сімволіка-алегарычным ключы паэт выказвае складанасць свайго адчування свету, засяроджваецца на ўнутрана свядомасным працэсе выяўлення. Эстэтыка рэальнасці, візуальна-зрокавае светаўспрыманне саступілі месца сімвалічнай вобразнасці, асацыятыўнасці, абстрактнасці мыслення, раскаванай і дынамічнай стылёвай сістэме твора. В. Шніп стаў пісаць, кажучы ягонымі словамі, «без знакаў прыпынку». Словам, паэт упадабаў мадэрнісцкі суб'ектыўна-разняволены напрамак творчасці. Выбар гэты прыпаў на другую палову 80-х, калі беларускай паэзіі ў іншым святле адкрыліся абсягі і далягляды паэтычнай творчасці. Вядома, еўрапейскія вершаваныя формы і сродкі пісьма больш арганічна засвоены тымі, хто выхоўваўся на традыцыях і сістэме мадэрнісцкага мастацтва (Я. Юхнавец, Н. Артымовіч і інш.). Калі ў нашай сучаснай паэзіі творчыя практыкаванні ў кірунку мастацкай умоўнасці і мадэрну бачацца наватарствам або чымсьці чужародным, то падобная вобразна-выяўленчая сістэма каардынат вызначае мастацкі статус і менталітэт заходняга паэтычнага мастацтва. Такія творы, як «У цемры», «Пыл», «Камень», «На раздарожжы» і іншыя, пераконваюць, што ў сваёй суб'ектыўна-ўмоўнай выяўленчасці В. Шніп нетрафарэтны, дастаткова ўдумлівы, медытатыўны, дасягае шмазначнасці абагульненняў. Ірацыянальнае, пачуццёва-інтуітыўнае прыдае радку рухомасць, імпульсіўнасць, адчувальна паглыбляе магчымасці моўна-стылёвай арганізацыі тэксту. Паэт хоча выказаць самае невыказнае, дае зразумець, наколькі складаны, таямнічы і зменлівы свет чалавечай душы, якая шукае адказу на духоўныя і маральныя пытанні, знаходзіцца ў руху да спагнання святла і цемры, жыцця і смерці, Бога і нашага грахоўнага існавання. У многіх вершах выяўляюцца ўнутраны драматызм, антыномія сэнсаў і паняццяў, канфліктнасць, сімвалічны метафарызм і міфалагізм вобразнага мыслення:
І ўсё ж такі некаторыя структурныя, фармальна-стылёвыя навацыі В. Шніпа застаюцца ўсяго эксперыментальнымі, успрымаюцца як спроба экстравагантнай тэхнікі пісьма. Яскравы прыклад — тэкст «бог...», які ператварыўся ў набор аднатыпнай лексікі, уяўляе нейкую своеасаблівую архітэктурна вершаваную мадэль ці проста рацыяналістычна зададзеную «шматпавярховую» пабудову. У нечым падобны лексіка-сінтаксічны прыём скарыстаны і ў вершы «Могілкі». Вядома, і такія страфічныя выявы патрэбны паэзіі. Зрэшты, у ёй павінна быць усё: і эпатаж, і блазнаванне, і перфаманс, і шок, і эротыка... Добра, праўда, калі ўсяго ў патрэбнай меры, невялікіх дозах і без усялякай брыдоты, ваяўнічай навязлівасці. В. Шніп стараецца здзівіць, уразіць, запыніць увагу чытача формамі версіфікацыі — і гэта заслугоўвае ўхвалення. Але, мусібыць, паддаецца і не лепшай модзе, калі, напрыклад, піша: «Эўропа... Эўропа... Эўропа...» Не выключаю, што я памыляюся, але хочацца запярэчыць на гэты раз і В. Шніпу: мо не трэба гэтага эфектнага напісання «Эўропа»? Трэба ўлічваць сённяшнія часавыя рэаліі, моўную практыку, не паказваць сябе надта экзатычна. Ато людзі шугаюцца, калі чытаюць-чуюць пра «клясы», «клясыкаў», «глёбус» ды «філёлягаў». Але тут ужо, відаць, справа моўнага густу і культуры творчасці самога паэта, і лепшыя дарадчыкі яму ўласны слых і эстэтычнае чуццё.
3.
Дык хто ж ён, В. Шніп: традыцыяналіст ці наватар, рэаліст ці мадэрніст? Сёння паэт, як падаецца, знаходзіцца на шляху сінкрэтызацыі, універсалізацыі паэтычнага выяўлення. Ён, інакш кажучы, імкнецца ў сваёй творчасці інтэграваць і паяднаць традыцыйна нацыянальны тып мыслення і вопыт еўрапейскай вершатворчасці, яе сістэму мастацкіх формаў і сродкаў версіфікацыі. Гэты шлях, думаецца, перспектыўны і шматабяцальны не толькі для В. Шніпа, але і для ўсёй беларускай паэзіі. Структура нязвыклых кампазіцыйных і стылёвых форм напаўняецца жывым зместам, духам нацыянальнага мастацкага слова. Прыклад таму — вершы «Плот», «Калодзеж», «Гаршчок» і інш. Калі чытаеш гэтыя тэксты, міжволі згадваецца і творчы вопыт А. Разанава, яго вершаказы і версэты. Значыць, можна азначыць прыкметную і важную тэндэнцыю: паэтыка і элементы нетрадыцыйнага, мадэрнісцкага пісьма сталі з'явай эстэтычнага перарастварэння, моўна-стылёвай трансфармацыі на глебе сучаснай вершатворчасці, і нельга недаацэньваць гэтага пазітыўнага і каштоўнаснага моманту ў развіцці мастацкай палітры беларускай паэзіі на памежжы XX і XXI стст. Яшчэ, вядома, будзе працягвацца далейшы сінтэз традыцыйнай паэтыкі слова і еўрапейскага мадэрну, магчыма, выкрышталізуецца пэўная эстэтыка-філасофская парадыгма сучаснага паэтычнага мастацтва, з'явяцца новыя перспектывы рэалізацыі і развіцця вершаванай фарматворчасці, жанравых і стылёвых структур мастацкага тэксту. Для мяне відавочна тое, што сёння выяўленчыя патэнцыі вершаванага слова істотна абнаўляюцца і пашыраюцца, і ёсць у гэтым пэўная заслуга такога цікавага і неардынарнага паэта, як В. Шніп.
Музыка фарбаў і пачуццяў
Творы Эдуарда Акуліна запынілі маю ўвагу і па-добраму ўразілі яшчэ на схіле 80-х гг. Тады пабачылі падборкі маладога паэта ў калектыўных зборніках «Маладыя галасы», «...І надзея, і лёс, і ўспамін», «Лагодны промень раніцы», а неўзабаве, на парозе 90-х, у літаратурным дадатку «Маладосці» з'явілася і першая ягоная кніжка «Пяшчота ліўня» (1990). І вось чарговая сустрэча з Э. Акуліным-паэтам, ягонай кнігай «Крыло анёла» (1995).
Як і раней, так і цяпер вершы Э. Акуліна перадусім прывабліваюць сваёй «апраткай», ці, інакш кажучы, формай, архітэктонікай. І, безумоўна, не толькі мяне аднаго. У другой палове 80-х гг. цікавасць да фармальна-стылёвага пісьма пачала адчувальна ўзрастаць, і найперш дзякуючы такім паэтам, як Э. Акулін. І гэта гаворыцца без усялякай скідкі на маладосць аўтара. Вершы паэта як бы вярталі да вопыту М. Багдановіча і даволі паспяхова сцвярджалі думку наконт таго, што форма — гэта не проста прыгожы эфект, а мастацка-выяўленчая самакаштоўнасць паэзіі, зарука яе абнаўлення і развіцця. Аднак доўгі час у нашай паэзіі прыярытэт надаваўся выключна тэме і ідэі, а эстэтычныя пошукі ў галіне формавыяўлення лічыліся другаснымі, успрымаліся, як ні дзіўна, перажыткамі буржуазнай тэорыі «мастацтва дзеля мастацтва», «красы дзеля красы». Хаця літаратурныя тэарэтыкі і крытыкі не стамляліся сцвярджаць пра дыялектыку зместу і формы. Не хацелася б памыліцца, але, думаецца, менавіта Багдановічава традыцыя, арыентаваная на еўрапейскую фарматворчасць і паэтыку, стала для Э. Акуліна сэнсавызначальнай. Краса, музыка, эстэтычная вытанчанасць эмоцыі і радка — гэта тое, да чаго імкнецца паэт і што складае аснову яго паэтычнага мыслення. Разнастайнасць формаў верша ў «Крыле анёла» не можа не захапіць: ад трыялета, які лічыцца сёння ўжо ледзь не вучнёўскай формай, актавы, ронда, тэрцыны, элегіі, санета, верлібра да такіх надзіва экзатычных, яшчэ зусім мала вядомых відаў верша, як рытурнэль, канцона, віланэль, туюг, газэль, і такой арыгінальнай, наватарскай формы, як акрапаэма. Ужо сам пералік паэтычных форм інтрыгуе, выклікае чытацкую цікавасць і, скажу без перабольшання, заслугоўвае пільнай прафесійнай увагі знаўцаў тэорыі вершаскладання. Неяк падумалася, што вядомы даследчык паэтычнага мастацтва В. Рагойша ў будучым перавыданні свайго «Паэтычнага слоўніка», гаворачы пра набыткі сучаснай беларускай паэзіі ў галіне мастацкіх формаў, наўрад ці абміне імя Э. Акуліна, скарыстае ягоныя вершаваныя радкі ў якасці ілюстрацыйных прыкладаў для абгрунтавання і праяснення сэнсу тэрмінаў. Прынамсі, калі ўжо згадаўся тут Рагойшаў «Паэтычны слоўнік», то трэба сказаць, што ён даў развіццю маладой беларускай паэзіі 80-х ды і 90-х гг. не адзін творчы імпульс. Яшчэ відавочна і тое, што, ствараючы цікавыя, экзатычныя формы верша, Э. Акулін звяртаўся да эстэтычнага вопыту беларускай эміграцыйнай паэзіі, найперш творчага плёну Р. Крушыны, які даў яркія прыклады вершатворчасці. У паэзіі гэтага выдатнага майстра знайшлі ўвасабленне такія віды верша, як туюг, паліндром, канцона, таўтаграма і інш. Пішучы сваю таўтаграму «Слёзы сліваў», Э. Акулін, мусіць, бачыў перад сабой і ўзор падобнага па форме верша Р. Крушыны «Спевы сняжынак». Такая вершатворчасць з'яўляецца эксперыментальнай і вымагае немалых высілкаў, прафесійнага майстэрства ў добрым сэнсе слова. Э. Акулін умела карыстаецца прыёмам гукапісання, стварае сапраўды яркую вобразна-маляўнічую карціну, дэманструе мяккі, пластычны жывапіс:
У дванаццаці радках гэтага верша кожнае слова пачынаецца з адной і той жа літары «с». Калі чытаеш твор, міжволі запалоньвае прыціхласць, сцішанасць свету, адчуваецца згасанне жывых фарбаў, самотны спеў-трымценне чалавечай душы. І калі нехта ў падобных вершаваных практыкаваннях бачыць толькі лёгкую гульню, забаву-вынаходніцтва, а самога аўтара ўспрымае як вучня ды падгалоска, то ён, несумненна, памыляецца. Бо Э. Акулін добра паказвае, што прыгожая форма, прыгожае слова — той унутраны покліч душы, які нараджаецца ў процівагу будзённаму, традыцыйна-звыкламу, нараджаецца гэтак, як у паныла-шэрых, аднастайных забудовах мікрараёнаў з'яўляецца кветка-цуд архітэктуры. Э. Акуліна зусім не задавальняе роля капііста, рамесніка з набітай рукой, ён — смелы архітэктар верша, чуйны мастак слова, які імкнецца ўдыхнуць у форму верша жыццё, каб яна дыхала, уражвала вока і сэрца, ззяючы гранямі-словамі, адмысловымі фарбамі:
Не буду, аднак, даводзіць, што кожная экзатычная рэч Э. Акуліна — вяршыня дасканаласці. Адчуваюцца часам і штучнасць, робленасць верша, нязграбнасць ці павярхоўнасць у ім думкі. Асабліва гэта добра відаць у нізцы «Туюгі»:
І ўсё ж нязвыклая форма выказвання прыносіць і значны плён. Я маю на ўвазе акрапаэму «Шлях да Радзімы», прысвечаную памяці М.Багдановіча. Яна мае своеасаблівую, адметную пабудову: кожны невялічкі раздзел (а іх у творы чатырнаццаць) пачынаецца з радка санета «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...». Прычым кожны раз новы радок становіцца запеўным, санет разгортваецца, нібы клубочак нітак, утварае кампазіцыйнае і сэнсавае кальцо паэмы. Твор Э. Акуліна гучыць як лірычны маналог-роздум пра лёс нашага краю, яго гістарычныя і духоўныя выпрабаванні. Паэт выяўляе складанасць! драматызм быцця беларускага народа, з трывогай узіраецца ў наш сённяшні дзень, бо могуць перасохнуць «і словы мовы, і крынічныя ключы», а «зямля палеская зажурана маўчыць, Спавітая ў жалобныя туманы»...
Э. Акулін родам з Палесся — з краю чарнобыльскай бяды. Таму невыпадкова ў ягонай паэзіі загучалі журботныя, трагедыйныя матывы. Чарнобыль моцна параніў паэтава сэрца, змусіў яго пакутаваць. Уяўленне паэта малюе жахлівыя вобразы-сімвалы:
Драматычныя эмоцыі ў чарнобыльскіх вершах «Трыццаць манет за здраду...», «Дым Айчыны — чарнобыльскі дым...», «Журавіны бяруць жанчыны...» і інш,— гэта выпяванне ўбачанага, прачутага і душэўна асэнсаванага ў час вялікай чалавечай і агульнанацыянальнай трагедыі. Вясновую пару паэт сустракае бязрадасна, з гнятлівасцю, бо з ёй звязаны самыя сумныя згадкі. Красавік «сцежкі маленства навекі адняў. Ён памяццю чорнаю кожнаму будзе» («Ізноў красавік...»). Белая Русь стала ад бяды і гора чорнаю, таму паэт у скрусе, шчымліва-балючай настальгіі: «— Я сумую па Белай Русі // дачарнобыльскай, чыстаросай» («— Ад чаго ты самотны, бусел?..»). «Трывогай сэрца» ён дакранаецца да ўсяго роднага, змалку дарагога і блізкага, баіцца, каб Радзіма не стала для народа зонай адчужэння (верш «Зона Адчужэння»), Балючую апавядальнасць паэтавых радкоў успрымаеш з асаблівым хваляваннем, душэўным неспакоем.
Калі на фарматворчасць Э. Акуліна ўжо нямала звярталі ўвагу, то як пра паэта-Пейзажыста пра яго амаль не гаварылі. Паэт яркага эмацыянальна-пачуццёвага характару, ён любіць ствараць лірычныя, акварэльныя пейзажы. Ён, увогуле, майстар невялічкіх пейзажных вершаў — акварэляў, эцюдаў, эскізаў, гравюр. Маляўнічая экспрэсія і пластычнасць слоўных фарбаў уражваюць у замалёўках прыроды «Акварэль», «Восень», «Навальніца», «Шкельцы ў вітраж «Поры года», «Асенні эцюд» і інш. Прычым форма верша, скажам, як у «Актаве», становіцца арганічным выяўленнем музыкі прыроды, яе пэўнага стану. Жывапіс паэта запамінаецца мяккасцю, пяшчотнасцю фарбаў, паэтыкай вобразных сродкаў, каларытнасцю дэталяў:
Але, бадай, самы галоўны лейтматыў паэзіі Э. Акуліна — гэта тэма кахання. Каханне стала ўсёпаглынальным вірам паэтавых пачуццяў. У «Крыле анёла» паэт спявае песні пра радасць і пакуты кахання, тут гучыць гімн каханню як вялікаму цуду і красе, што ўзвышае дух чалавечы. Для ягоных вершаў «Ты так хацела», «Раманс», «Лістапад за астатняй лістотай...», «Прыйдзе час, і яна міне...» і іншых характэрна прачулая рытміка-інтанацыйная інструментоўка радка, які вылучаецца мілагучнасцю, празрыстасцю, напеўнасцю. І гэта вельмі паказальна для творчай манеры Э. Акуліна як аўтара і выканаўцы многіх песень пра каханне. Свет яго любоўнай лірыкі — гэта свет адухоўленых перажыванняў сэрца. У каханні паэт бачыць сэнс жыцця, выток вялікага чалавечага шчасця: «Каб я аднойчы не спаткаў Вас, ці так бы прагнуў зараз жыць...» («Тэрцыны»). Інтымныя адчуванні і перажыванні паэт заўсёды выпявае ўсхвалявана, з нейкай надзіва даверлівай пяшчотай ці светлым сумам:
Паэтаў лірычны герой часам і журыцца, яго ахоплівае «адчаю жахлівы цень — расстанне». Каханне ведае прылівы і адлівы, уздым і горыч, таму гэтае пачуццё паўстае з вершаў Э. Акуліна ў разнастайнасці праяў. Паэт не стамляецца палка даводзіць: «Каханне — пакуль мы разам. Каханне — дакуль жывём» («Жонцы»).
Э. Акулін — паэт святла, дабрыні. Суда кранаючыся з яго лірычным светам, пачуваеш сябе лёгка, з трапяткой усхваляванасцю душы. Але разам з тым нельга не адчуць у яго кнізе вельмі самотную шчымлівасць, апавядальную гаркоту. І гэтыя лірычныя перажыванні гучаць як вынік перажытага болю, спароджаных трывог і сумненняў. У выпяванні інтымнага, асабістага Э. Акулін не безаблічны, а лірычна непаўторны, пачуццёва глыбокі. Гэтым асабліва ўражлівая ягоная паэзія — паэзія жывой музыкі пачуццяў, духоўнай чысціні і прыгажосці.
Паэзія ці поза?
Ракурс першы
Ушанавальны і кампліментарны
Юры Гумянюк — рэвалюцыянер у сучаснай вершатворчасці. Напрыканцы зборніка «Твар Тутанхамона» (1994) ён з упэўненасцю канстатуе: «Гэта кніга ёсць апошні металёвы цвік, якім я прыбіў сацрэалізм да крыжа беларускае паэзіі». Ю. Гумянюк паўстае бунтаром ля ціхага высознага дому айчыннай літаратуры. Ён, нібы рокер, які поначы на матацыкле без глушыцеляў носіцца побліз гэтага літаратурнага гмаху. Тыя, хто, вобразна кажучы, жыве на яго верхніх паверхах або шчыльна зашкліў лоджыі, не чуюць рокату-выкліку маладога творцы, іншыя ці то самазабыўна спяць волатаўскім сном, ці то махаюць рукой, маўляў, усё гэта проста хуліганства, але пры сённяшняй анархіі няма каму прымаць меры.
Ю. Гумянюк свой сярод сваіх: тых, хто залічвае сябе да «паэзіі новай генерацыі» і нібыта ўзяўся апантана расчышчаць ляда ды закладваць падмурак супермадэрновага дома на ўзор еўрапейскай архітэктуры. Гумянюк — яркі прадстаўнік беларускага мадэрнізму пры канцы XX ст. Ягоныя паводзіны на «літаратурным праспекце» — гэта своеасаблівы фарс, «перфаманс», ці, інакш кажучы, спектакль паэта-блазна, які свавольнічае, бянтэжыць, жангліруе словам без усялякіх схемаў і правілаў. Свабода творчага самавыяўлення — яго галоўны прынцып. Ён не жадае быць такім, як усе, складае экстраардынарныя вершаграмы, у якіх пануе вобразна-стылёвы вэрхал. Ю. Гумянюк сваімі творамі адмаўляе ў беларускай паэзіі звыклыя салаўіныя свісты, дзятлаў барабанны стук, не злівае ўласны голас ва унісон з гэтымі зыкамі, а ўсчынае какафонію. Ён бунтуе супраць замаскаванага сучаснага канфармізму, дэманструючы свой іншасвет — свет, дзе пануе гарэзлівая гульня, слоўны рок-н-рол. Ягоны стыль зніжана-парадыйны і разам з тым крыкліва-прэтэнцыёзны. Нельга не адчуць, што радыкалізм маладога мадэрніста нясе антыафіцыйную скіраванасць. Ён арганічна не прымае літаратурнай казёншчыны і падзёншчыны, «табеля аб рангах». Як падаецца, за сваю вершатворчасць, «псіхадылічнае мастацтва» (так яго вызначае сам аўтар у падзагалоўку да кнігі «Водар цела», 1992) Ю. Гуменюку не суджаны ў будучым ушанавальныя лаўры лаўрэата чарговай Дзяржаўнай прэміі ці каранаванне ў народныя паэты. Кнігі Ю. Гуменюка — свядомы пратэст супраць уніфікацыі паэзіі і творцаў, і яму, мажліва, некалі ўздаеца належнае затое, што сёння ён вось такі, а не іншы. Хоць гэтак праз гадоў ...наццаць, бадай, ён зірне на сябе ранейшага з усмешкай.
Ракурс другі
Крытычны і крыху іранічны
Пасля знаёмства з «Тварам Тутанхамона» ўзнікла ўражанне, што аўтар кнігі прабыў гадоў гэтак з восем — дзесяць у летаргічным сне. А на пачатку — у сярэдзіне 90-х прачнуўся, агледзеўся вакол і «выбухнуў» гневам супраць сацрэалізму, які застаўся дзесьці на задворках мінулага. Аднак поза бунтара-пагромшчыка яму ўпадабалася настолькі, што ён стаў заўзятым магільшчыкам сацрэалізму. Не хачу выглядаць апалагетам гэтага метаду, тым больш прыкладваць намаганні па яго рэанімацыі, але не згодны, што сацрэалізм — той жахлівы монстр, які спустошыў ніву паэтычнага мастацтва. Так, былі нівеліроўка, канфармізм, кан'юнктура. Але бачыцца і іншае — сцвярджэнне маральна-этычных ідэалаў, прага святла і цнатлівасці, сумленнасці і чалавечнасці. Няхай сёння Ю. Гумянюк як творчая асоба незалежны, сам сабе пан, але тое, што яму бракуе ўнутранай культуры самавыяўлення,— факт відавочны. Ён нібы забыўся на «рэфлектыўны традыцыяналізм» (С. Аверынцаў) — спаконвечныя традыцыі красы і духоўнасці нашай паэзіі і трапляе ў палон вульгарнага натуралізму, дэманструе прымітыўны густ. Яго паэтычныя формы звычайна пазбаўлены духоўнай вартасці і значнасці. Пра аніякую эстэтыку, вытанчанасць і гаварыць не даводзіцца.
Хай распластаюцца прыхільнікі мадэрновай элітарнасці ў рэверансах перад Ю. Гуменюком, абвяшчаючы ягоныя радкі «новай» паэзіяй, а я не назаву гэта інакш як вершаванай брыдотай, якая не мае аналагаў у цнатлівым і пакутлівым беларускім паэтычным мастацтве. Навошта з нашай нацыянальнай паэзіі рабіць распусную дзеўку? Сацрэалізм быў народжаны да жыцця ідэалагічным прымусам, і таму паэзія выракалася сваёй мастацкай прыроды, яе падманвалі і бязлітасна гвалцілі. Дык навошта ёй, удыхнуўшай духоўнай свабоды, калоць наркотыкі дурману і ачмурэння? Шлях, які паказвае Ю. Гумянюк, зманлівы для маладых, але ён бязмэтны, тупіковы. Праўда, тут трэба сказаць, што я не супраць інтыму, эрасу ў паэзіі. Інтымныя перажыванні, выказаныя з гранічнай шчырасцю, вобразна-прачула, кранаюць заўсёды:
Гэта радкі з верша Аркадзя Куляшова «Ты і я», якія пісаліся амаль у адзін час з ягонымі «Камуністамі». Хоць і не ставала інтыму ў нашай паэзіі, але не была яна ў часы сацрэалізму абсалютна бясполай ды фрыгіднай. Паэты выказвалі самае таемнае, любоўныя згрызоты, памятаючы, што існуе мова вобразных алегорый, сімвалаў, эўфемізмаў, ёсць мяжа чалавечай прыстойнасці, нават табу. Ю. Гумянюк густа змешвае палітыку і чарнуху, інтым і бруд.
Вершатворца жадае прышчапіць паэзіі нейкі вулічны, дваровы «мадэрн». Хаця, можа, я і памыляюся, не разумею вершаванай эклектыкі і творчых высілкаў Ю. Гуменюка. Гэта ж ён такім чынам ажыўляе беларускае мастацтва, ставіць эксперымент, дапамагае пазбавіцца савецкіх комплексаў.
Уяўляю, як у эфектнай позе, самаўлюбёна наш айчынны мадэрніст прыцвікоўвае на Галгофе да крыжа беларускай паэзіі сацрэалізм. Пачуваю сябе ніякавата, бо не ведаю: смяяцца ці плакаць. Міжволі згадваю радкі з верша «Пародны паэта», адрасаваныя Н. Гілевічу, але, як мне здаецца, больш прыдатныя да асобы Ю. Гуменюка:
Ракурс трэці
Аптымістычны і крыху дыдактычны
Ю. Гумянюк — паэт, не абдзелены на талент, і найбольш ярка ягонае творчае «я» выявілася ў зборніку «Водар цела». Вось дзе дае знаць пра сябе паэзія як краса слова і краса формы. Уражвае музыка слоўна-выяўленчых фарбаў, эстэтычная віртуознасць радка ў вершы «Твая Венецыя»:
Гэты верш напісаны ў духу верленаўскага жывапісу, ён, без перабольшання, з'яўляецца анталагічным. Эстэтычную асалоду пакідаюць творы «Эпіцэнтр», «Мяжа», «Экзатычная любоў». Імпануе і спроба відэакліпаў, хоць яны і выглядаюць дэкаратыўна. Паэт у «Водары цела», як бы крытычна мы ні ацэньвалі ягоныя творы, абвострана выяўляе несамадастатковасць паэзіі як мастацтва, дэманструе арыгінальнасць паэтычнай псіхатэхнікі пісьма, сутнасць якой заключаецца ў выяўленні суб'ектыўнасці ўражанняў. Ён адчувае, што «мы ў трансцэндэнтным круцімся штоноч» («Апошняе каханне»), захоплены працэсам саманазірання і самараскрыцця. Калі ў вершы паэта бярэ верх эстэтычная выкшталцонасць эмоцыі, псіхааналіз, эталагічнае сузіранне, то там і захапляешся Ю. Гуменюком, адчуваеш яго сапраўдную аўтарскую індывідуальнасць. Не, зусім не хочацца падвёрстваць гэтага паэта пад некага, каб ён упадабаўся, скажам, А. Разанаву. Проста жадаецца, каб Ю. Гумянюк быў годны свайго таленту, памятаў, што паэзія — гэта той «дух аднаго індывіда» (Гегель), які здольны стварыць новы свет думак і пачуццяў. Сацрэалізм — ужо леташні снег, сёння ж, кажучы словамі паэта, «для духа нет оков» (Я. Баратынскі). Неўвядальнае толькі прыгожае і вечнае, духоўнае і эстэтычна самабытнае.
На сцежках знаёмых і нязведаных
У кастрычніку 1996 г. «Бібліятэка часопіса «Маладосць» папоўнілася 100-й кніжкай, якою стаў зборнік эсэ краязнаўца са Стоўбцаў Сяргея Галоўкі «Падказанае Нёманам». Сустрэч з кніжкамі маладых і ўжо не маладых паэтаў у «Бібліятэцы...» з часу яе выхаду (1988) адбылося багата. Найперш усцешыла знаёмства з тымі, хто ўпэўнена пачаў пракладаць сваю літаратурную сцежку. Напрыклад, у 1990 г. «Маладосць» запаліла святло для дваццацігадовых: у той год паляцелі ў свет першыя ластаўкі Людмілы Рублеўскай, Эдуарда Акуліна, Славаміра Адамовіча, Міхася Скоблы. У наступныя гады выйшлі зборнікі такіх маладых аўтараў, як Юрась Пацюпа, браты Дэбішы, Ігар Пракаповіч, Кацярына Мяшкова, Святлана Явар, Андрэй Гуцаў, Вольга Угрыновіч... Вельмі добра, што «Бібліятэка...» дала магчымасць выдаць першыя кніжкі і тым, хто зрабіў прыкметныя крокі ў паэзіі на пачатку — у сярэдзіне 80-х гг.,— Анатолю Шушко, Вользе Русілцы, Станіславу Валодзьку і інш. Аўтарамі літаратурнага дадатку ў свой час сталі і далёка не маладыя паэты: Мікола Мятліцкі, Кастусь Жук, Хведар Гурыновіч, Таіса Мельчанка, Павел Шруб... Аднак сёння «Маладосць» крытычна перагледзела свае падыходы, стала ў наш цяжкі час арыентавацца па літаратурную моладзь, бо ёй выдавацца становіцца цяжэй і цяжэй. Падтрымка маладых — гэта рэальны клопат пра заўтрашні дзень літаратуры. «Бібліятэка...» — тая пляцоўка, якая дае мажлівасць заявіць пра сябе даволі прыкметна. Памятайма словы Н. Гілевіча: «Пакуль паэты будуць пець — не быць Радзіме безыменнай, зямлі бацькоў не анямець!»
^гарманізаваць галасы аўтараў «Бібліятэкі...», пра якіх пойдзе гаворка, у адзінае цэлае, відаць, не атрымаецца, таму я прапаную ўвазе чытача серыю кароткіх аглядаў.
«ШУКАЮ ТВАР...»
Плынь радка, як і рух мыслення, хаатычная, непрадказальная, нязвычная сваёй вобразнай асацыятыўнасцю:
З аднаго боку ён, аўтар зборніка «Ноч» (1991) Юрась Пацюпа, сапраўды такі — у зацемненасці сэнсу, зашыфраванасці вобразаў, нават загадкавай прытчавасці (вершы «У святле», «Голас гукаючага ў пустэльні», «Вандроўка на той свет», «Дарэшты» і інш.). З другога — ён імпрэсіяністычна ўражлівы, умее рабіць сапраўды яркія жывапісныя мазкі: «а пад вечар калі месяц у сажалцы паласкаў пыльныя кашулі аблок», «снег на двары як электрычны ток» і інш. Пейзажныя малюнкі і ўкрапіны ў ягоных вершах уяўляюць арыгінальныя, незацёртыя выявы. Асноўныя стыхіі Ю. Пацюпы, якія б я вылучыў,— быццё, дух, прырода. Ці не яны прадвызначаюць глыбінна пазнавальны змест паэзіі А. Разанава? Кірунак маладога творцы, акрамя іншага, менавіта і бачыцца ў рэчышчы разанаўскай традыцыі. Слова аўтара «Ночы» гэтаксама рух думкі ў глыб свядомасці, нават падсвядомага, да выяўлення повязі чалавека з усім існым. Мусіць, якраз пра гэта гучаць прызнанні ў вершы «Памяць»: «дух, як дрэва, скінуўшы цяжар, пойдзе ўдалеч каранямі босымі» і ў вершы «Крылы»: «я імгненнем яднаю ўсё што не паядноўваецца».
Ю. Пацюпа ў многіх творах імкнецца дакрануцца да сутнасці ісціны і рэчаў-з'яў, улавіць рэха невымоўнага, намацаць грань паміж рэальным і неспазнаным:
Думаю, што ў кірунку інтэлектуалізму Ю. Пацюпа можа дасягнуць многага, але яму самому выбіраць, куды рухацца. Зрэшты, ён імкнецца да разбурэння звыклага сінтаксічнага ладу, дэфармацыі традыцыйнага вобразнага мыслення, яго захопліваюць мадэрнісцкія практыкаванні. Пошукі такія патрэбны. Тым не менш ніяк не выпадае рабіць паэту столькі пахвальбы і рэверансаў, як робяць некаторыя крытыкі, якія прызвычаіліся ставіць між кнігамі і часопісамі тычкі, падзяляючы іх на мадэрновыя і традыцыйныя (апошняе гучыць ледзь не абразліва, бо, маўляў, традыцыйнае — ніжэйгатунковае). Няўжо туманнасць зместу, бяссэнсіца, гвалт над словам — сапраўды дасягненне нечага грандыёзнага? Вершы Ю. Пацюпы нярэдка нагадваюць спантанную, разбэрсаную гульню словамі. Хаця, мажліва, нехта будзе даводзіць адваротнае: глядзіце, які наватарскі ўзровень версіфікацыі, якая адметнасць радка... Перш возьмем верш «Вароны» — ён больш-менш зразумелы, традыцыйны:
Але вось паспрабуйце прапусціць праз розум ці душу наступныя радкі (верш «Студня»):
Цьмянасць, блытаніна — гэта яшчэ не паказчык трыумфу так званай «новай» паэзіі. Радок Ю. Пацюпы часта пазбаўлены жывой думкі, яму бракуе эстэтыкі («Вершы пра гной»), мілагучнасці, проста маляўнічасці: «імя, што пісана віламі, зіхціць у дажджавой вадзе», «сон глістом запаўзае ў вуха», «блуканне пляскатых відаляў» і інш. Не можа не сімпатызаваць графічная раскаванасць верша Ю. Пацюпы («Спаленая вёска», «Вечар» і інш.), аднак нярэдка, ёсць у творах знакі прыпынку ці іх няма, а значнасці думкі ад гэтага не прыбаўляецца. Словам, «няма ні сэнсу, ні свабоды» пачуцця.
Ю. Пацюпа ў прадмоўцы да «Ночы» прызнаецца, што яго першая кніжка «ў пэўнай ступені эклектычная», «рух, шлях да новае мовы». Так, каб знайсці свой адметна непаўторны твар, паэту неабходна яшчэ нямала працаваць.
«І ДУМАК ЧЫСЦІНЯ...»
Анатоль і Васіль Дэбішы — браты-блізняты, таму, мабыць, невыпадкова іхнія паэтычныя кніжкі «Калядная вячэра» і «Белыя птахі» выйшлі пад адной вокладкай. У лірыцы братоў Дэбішаў шмат беларускасці, душэўна непадробнага, тых жыватворных імпульсаў, якія імкнуць з глыбіняў чалавечага сэрца і памяці. Ёсць у іх паэзіі падабенства, і найперш у светаадчуванні, адзнакай якога з'яўляецца нейкая пракаветная адухоўленасць, першароднасць пачуцця:
Блізкія паэты некаторымі матывамі: пошуку духоўнасці, прагі вяртання людскіх душаў да Храма, да Бога, трывожнага роздуму пра лёс Бацькаўшчыны, народа, «каб дзень наш ачысціць ад зла, і ад змроку, і бруду». Але ў кожнага з іх выяўляецца сваё ўнутранае пазнанне ісціны, сэнсу рэчаў. Самотніцкі настрой, праўда, характэрны для абодвух:
Анатоль і Васіль Дэбішы імкнуцца выявіць дух мінулага, адвечнага быцця на роднай зямлі. Мінулае дапамагае намацваць і абдум-ваць сцежкі ў будучыню. Асабліва прыкметна звернуты ў глыб нацыянальнага духу і памяці верш А. Дэбіша, мысленне якога адчувальна міфалагізаванае (вершы «Калядная вячэра», «Дзіў», «Чарнабог» і інш.). Браты-паэты адчуваюць крэўную прыналежнасць да гістарычна-духоўнай спадчыны народа, пра што сведчыць само кола вобразаў: Беларусь, жалейка, сурма, Зніч і інш. І гэта не проста словы-знакі, а духоўныя сімвалы, адраджэнскія зоркі-паходні (вершы «Нашчадак», «Чырвоныя камяні», «Штовечар, калі ноч рукой халоднай змроку...» А. Дэбіша, «Беларускі трыпціх», «Пагоня», «Багрымава жалейка» В. Дэбіша). Адраджэнскі рамантызм — істотная рыса светаўспрымання паэтаў.
Бясспрэчна, няроўная мастацкая глыбіня, якасць вершаў двух аўтараў, як неаднолькавыя яны па характару мастацкага самавыяўлення. А. Дэбіш — міфалагічна заглыблены, сімвалічны, схільны да сэнсава-вобразнай ускладненасці радка. В. Дэбіш — пераважна ва ўладзе малюнкавасці, настраёвай эмоцыі. Больш слабых мясцінаў, як падаецца, у В. Дэбіша. У некаторых вершах ён не дасягае арыгінальнасці, не можа прыдаць думцы адпаведны эмацыянальны ціск. Вяласць, блякласць пачуцця выяўляецца ў наступных радках:
«Нам не жыць адно без аднаго» — эксплуатацыя банальнага. Верш «Паміж яваю і сном...» — яркі ўзор таго, як думка-пачуццё не можа разгарнуцца ў сапраўды ўражлівы, кранальны радок. «Апошняя ноч К. Каліноўскага» — твор, які хварэе на агульнавядомае, рыторыку, адчуваецца, што аўтар не знайшоў свой «ключ» да выявы вобраза: «Заўтра здушыць вяроўка рот... А душа паляціць ПАГОНЯЙ!» Жадае лепшага ў братоў Дэбішаў культура рыфмы, увогуле верша. У іх шмат зацёртага рыфмавання, просценькіх дзеяслоўных рыфмаў, сустракаюцца і зусім няўдалыя, неадшліфаваныя радкі, якія істотна зніжаюць агульны ўзровень твораў: «Ноч навокал. На іржавым цвіку — Кроў. І па ўсім — я ступаю павольна», «Прамільгне і знікне продка цень У Бажніцы перад Дзевы стодам», «Гарыць наша памяць агнём непагасным У мужнай руцэ, што трымае цябе», «Свой чорны ўбор Ценем маім на халоднай зямлі распасцёр» і інш.
Аднак у лепшых вершах братоў Дэбішаў «нібы сонца, грэе маладосць». Яна — у інтанацыях, рытме, асабіста вынашаных вобразах-пачуццях. Усялякай саладжавасці імкнуцца пазбягаць Дэбішы ў сваёй інтымна-любоўнай лірыцы. Каханне раскрываецца як таемная паэзія ночы, радасць асалоды («Госця», «Прыйшла... І супыніла часу рух...» А. Дэбіша, «Ноч», «Люты. Снегу наваліла...» В. Дэбіша). В. Дэбіт хораша паэтызуе першыя пачуцці:
Анатоль і Васіль Дэбішы, як бачым, не толькі блізкія ўнутрана, але і гарманічна дапаўняюць адзін аднаго.
«ЗАЗІРНУЦЬ У ГЛЫБІНЮ...»
Святаслаў Макаль — паэт падкрэслена медытатыўны, рацыяналістычны. Філасофія кругабегу жыцця, шматбаковасць стасункаў чалавека са светам, яго бытаванне ў часе і прасторы — такі асноўны кірунак разважанняў аўтара кніжкі «Дзверы насцеж» (1992). Думка С. Макаля імкнецца пазнаць сутнасць з'яў рэальных і экзістэнцыйных, у полі яго зроку — звыкла будзённае і вечнае, касмічнае. Словам, ён прэтэндуе на годнасць паэта-філосафа, жадае выйсці на бальшак медытатыўнай творчасці, які пракладалі нашы класікі і вядомыя таленавітыя сучаснікі, заклаўшы глыбокія традыцыі. Рух думкі С.Макаля празаізаваны, а сам верш заснаваны на рытмізацыі радка, падабенстве і паўторы сінтаксічных канструкцый, унутраных гукаспалучэнняў. Паэт піша свабодным вершам:
Па гэтых радках няцяжка адчуць, што С. Макаль імкнецца, каб умоўна-асацыятыўная вобразнасць дала далейшы накірунак чытацкаму роздуму, выклікала ў нашым успрыманні супастаўленні, нейкія паралелі. Думкі-параўнанні, асацыяцыі і сапраўды ўзнікаюць: захапляючыся планетарным, касмічным, мы часам не зважаем на тое, што вакол нас, топчам хараство. С. Макалю ўдаецца наблізіцца да быційнага разумення жыцця і з'яў ў вершах «Ноч цёмная...», «Астраномія» і некаторых іншых. Але надараецца гэта, калі казаць без скідкі, даволі рэдка.
У мысленні С. Макаля пануе сухая абстрагаванасць, ад ягоных радкоў «вецер даносіць холад». Верш «Самалёт...», на мой погляд, павярхоўны і банальны. Да сапраўднай інтэлектуальнасці тут далёка:
Хутчэй за ўсё С. Макаль стварыў празаізаваную замалёўку. Вершам «Гадзіннік», «Зімой...», «Маленькага...», «Запалка» і іншым бракуе глыбіні, напружанасці філасофска-паэтычнага светабачання. Бо не сакрэт, што чым праніклівей паэт бачыць і пазнае свет, жыццё, з'явы ў супрацьлегласці, дысгарманічнасці, парадаксальнасці, тым ён больш філасафічны, афарыстычны, індывідуальна непаўторны. Абсалютна аморфны, бяскрылы на думку верш «Таблетка»:
Што гэта? Філасофія мыслення ці версіфікаваная гульня ў інтэлектуалізм? Засмучае, што С. Макаль не імкнецца жывапісаць словамі-фарбамі, а стварае ўсяго толькі вобразы-дэкарацыі, вобразы-атрыбуты. Радок яго лаканічна-адрывісты, тэлеграфны, ці што, у ім нібы адбіваецца урбанізаваны, адчужаны склад мыслення чалавека гарадской цывілізацыі. Нават у вершы «Памёр чалавек...», назва якога гаворыць сама за сябе, паэт «холадна кінуў погляд», нібы канстатуе, паведамляе, сведчыць, замест таго каб з болем, хвалююча паказаць, раскрыць драматызм чалавечай смерці. Можа, я і памыляюся, але перакананы, што трагізм чалавечага лёсу вымагае эмоцый і нераўнадушша.
Адзін з любімых вобразаў С. Макаля — трава. Адчуваецца, што тут паэт маладзейшага пакалення захоўвае эстэтычную пераемнасць з Макалём-старэйшым, які ўстурбавана пісаў, што «ў травы забіраюць правы», і вітаў «зялёны бунт зялёнае травы». У вершы «Белым-белым...» трава — неадольная сіла прарастання жыцця, якой не страшнае чорнае пакрывала асфальту. Аднак у творы чуваць паныла-сузіральнае апавядальніцтва, жывая паэзія думкі тут маўчыць, не адчуваецца філасафізму мыслення. Увогуле, хіба можа ўразіць, крануць розум ці сэрца агульнае, безадноснае, прагматычна-халоднае? З'яўляецца часам адчуванне, што верш выдала нейкая машына-робат:
У асобных вершах выяўляецца алагічнасць думкі, а не нейкая там эмпірыка ці дыялектыка, аб чым сведчыць, напрыклад, верш «Снег і дворнікі»: «А калі б яны не мялі, снег бы падаў сам па сабе».
Што ж, С. Макаль выбраў нялёгкі жанр паэзіі. Выдаткі, як бачым, на яго шляху сур'ёзныя, і таму хацелася б пажадаць аўтару першай кніжкі як мага хутчэй пазбавіцца псеўдаінтэлектуальнасці, а тварыць глыбокую і адметную светаасэнсавальную філасофію быцця.
«НАС ПАДМАНВАЮЦЬ МІРАЖЫ...»
Аўтар зборніка «Позні світанак» (1992) нярэдка звяртаецца да асэнсавання жыццёвага вопыту. Адчуваецца, што ён уступіў у тую паласу жыцця, калі самааналіз, маральнае самапаглыбленне — унутраная патрэба разабрацца ў сабе, душэўных перыпетыях, сваіх кроках на зямлі і адначасна зразумець, што ж адбылося і дзеецца ў навакольным свеце. Позірк на сябе самога ў Паўла Шруба не пазбаўлены крытычнага дакору, нават асуджэння:
Паэтам вельмі дакладна перададзена гэта сённяшняя сацыяльная і маральная раздвоенасць чалавечай натуры. Колькі ж нас менавіта такіх, хто, як і я-герой П. Шруба, не хоча альбо баіцца быцьсамім сабой. Аднак ці шмат хто здольны вось так прызнацца ў сваёй дваістасці? Увогуле, паэзія, якая «пытаннем сутнасці жыве» (Р. Барадулін), імкнецца адшукаць ісціну, праўду. І пачынаюцца гэтыя пошукі для паэта, як заўважыла Л. Гінзбург, з «адзінокіх пакутаў і пошукаў». Калі ў вершы ёсць асабовасць, сапраўднасць перажытага, выпакутаванага, тады ён, відаць, не можа не крануць. Жыццёвасць, на думку Дж. Голсуарсі, якраз тое, што насамперш неабходна твору. У вершах «Выбягаю з хаты...», «У далёкіх вандроўках...», «Адліга», «Позні світанак» і некаторых іншых, у якіх сапраўды «пахне час пошукам Я», не пакідаюць абыякавымі праўдзівыя прызнанні і жывыя сумненні аўтара. З роздумаў, разваг пачынаецца паэт П. Шруб, ён вядзе ўнутраны дыялог, які — нібы суд сумлення і памяці. Няпроста, нялёгка самому трымаць адказ і адказнасць перад усім пакутным і вечным на гэтай зямлі:
Паэт глыбока перажывае, што мы нішчым свае духоўныя аазісы, працягваем верыць у падманлівыя міражы, таму прадаўжаем абкрадаць душу і будучыню. Міражы-маякі на шляху чалавека і грамадства прывялі да шматлікіх няшчасцяў. Што мы набылі і што страцілі? Якімі сталі і будзем? Пра гэта думае-разважае сёння, зразумела, не толькі П. Шруб. У асобных вершах і радках яму ўсё ж удаецца выказаць свой чалавечы смутак і трывогу пра тое, без чаго свет і жыццё зменяцца да непазнавальнасці, згубяць свой далейшы сэнс.
Аднак кніжка П. Шруба пры яе відавочных вартасцях атрымалася даволі няроўная. Адчуваецца недаведзенасць, эскізнасць многіх вершаў. У «Познім світанку» аўтару часам далёка да «паэтычнай сапраўднасці і выразнасці» (Лесінг) пачуцця, затое ён дэманструе павярхоўныя і трафарэтныя павароты думкі, асабліва ў творах пра каханне. Холадна пералічыўшы рэгіёны экалагічнай бяды, П. Шруб, напрыклад, задавальняецца ў вершы толькі пастаноўкай пытання: «ці не замнога дзівос, зямля мая беларуская?» І толькі дзеля гэтага пісаўся твор? Эмацыянальнага выбуху канцоўкі не адбылося. А ці не знаёмы чытачу ход выказвання ў гэтых радках з нібыта «філасофскай» высновай?
Скажам шчыра: гэтыя радкі не вартыя пяра П. Шруба, аўтара такіх добрых вершаў, як роздумна-рэфлексійнага «Зялёныя воблакі па-над дзяцінствам...» ці падкрэслена напеўнага «Чужая зорка». А вось яшчэ прыклад нязграбнай, даволі смешнай вершатворчасці: «Яна ўжо ад слоў аглухла — // ёй кропельку б цеплыні... Пад зоркай, заседжанай мухамі, // яе да сябе прыгарні». Надараюцца і неглыбокія высновы, якія дарма прэтэндуюць на філасофскую значнасць, глыбіню: «Дажываем век і не ведаем, што толькі гуляем у жыццё». П. Шруб стварае ўяўныя паэтычныя міражы-медытацыі (вершы «Надпіс на камені перад лётным полем», «Шлях у нікуды...»).
У лірыцы П. Шруба ёсць абсягі і далягляды сапраўднай паэтычнасці. Там хораша, одумна, па-палеску самавіта. Няхай вандруе яго «душа без прывалаў, няхай патроху адмервае і адмервае сваю дарогу».
«ПРАЦІЎСЯ ЗЛУ СВЯТЛОМ ДУШЫ»
Пачатак знаёмства з кніжкай Таісы Мельчанка «Званок у верасень» (1992) не выклікаў асаблівай прыхільнасці і захаплення. Нягледзячы на асобныя ўдалыя радкі, у вершы «Пільнасць» адштурхнула нейкая перанапружанасць голасу. І яшчэ адчуванне, што аўтар гаворыць нейкімі агульнымі словамі, без глыбокай, прачулай асабовасці пачуцця:
У духу не лепшых традыцый гучаць і заключныя радкі верша «Рыпіць сняжок...»: «Уладу ў рукі Возьме аднаўленне, Засее ў полі Першую раллю». Не кранула рыторыка, кінулася збітасць рыфмоўкі: «век — павек», «зямлю — раллю». Да «Званка ў верасень» (гэта другая кніжка на творчым рахунку паэтэсы) я чытаў многія вершы Т. Мельчанка не без эстэтычнага задавальнення, таму проста здзівіўся, накол ькі інтанацыйна легкаважны тон узяла яе ліра. Гартаючы зборнік далей, сустракаў няўдалыя вобразы, параўнанні, павярхоўна-замалёвачныя радкі («як бяроза мяне шчодра сокам паіла», «гарачае полымя спелых рабін» і інш.), але, на шчасце, іх аказалася небагата. І ўсё ж такія вершы, як «Жыцця майго карані...», «Маналог вёскі», маглі б набыць больш важкі эстэтычны змест, бо ў іх духоўны кругагляд паэтэсы не выходзіць за межы сказанага-пераказанага паэзіяй пра вернасць сяброўству, пра апусцелыя, занядбаныя вёскі.
Вобразы і матывы паэзіі Т. Мельчанка пераважна традыцыйныя. Вершы «Бацькоўская вернасць», «Дадому сцежкі палявыя клічуць...», «Жаданне», «Добры дзень, землякі!» і некаторыя іншыя асвечаны адкрытымі лірычнымі пачуццямі любові да свайго роднага палескага кутка. Радкі пра дарагое і блізкае з маленства — нясплатная даніна сённяшняга гарадскога чалавека ўсяму таму, што акрыліла душу, дало выток песні. «...Калі песні маёй Не хапала святла, Сэрца клікала Зноў у дарогу»,— прызнаецца паэтэса пра сваю вечную наканаванасць дарогі да бацькаўшчыны. І хоць у чарнобыльскай бядзе палескі край, але сэрца верыць у няскончанасць гэтай дарогі, у яе прыхільнасць і прытульнасць: «Ратуй мяне, журботная Радзіма, Схавай мяне пад цёплае крыло». Увогуле, гэта адметная рыса беларускай паэзіі — выказваць шчырыя прызнанні зямлі, якая нарадзіла, падкрэсліваць прыналежнасць да яе краявідаў, людзей, традыцый: «Я з Маркавіч, з-пад Гомеля родам...» Але паэтэса не дзеля слоўца ці моды сведчыць, адкуль яна, бо яе радзіма — край вялікай чалавечай пакуты.
Асабліва кранальна, з моцнай эмацыянальнай уражлівасцю напісаны Т. Мельчанка чарнобыльскі радкі. Яны поўныя болю, трывогі, асабіста перажытага горкага вопыту («Каб бачыць гэта — лепей не радзіцца...»), той суровай, жахлівай праўды, якая гаворыць пра заложніцкую, ахвярніцкую долю палешука, пакутную долю беларускай зямлі. Вершы «Прыпяцкая вясна», «Дрэва славянства» яскрава раскрываюць лірыка-драматычны свет паэтэсы: « — Прыйдзе, прыйдзе вясна! — зноў лістота шапоча з надзеяй,— Я чарнобыльскі дрот на шматкі, на шматкі разарву». Болем, вераю, святлом душы можна ацаліць свет. На гэта спадзяецца паэтэса, і яе ўсхваляванае слова шукае водгуку ў вялікім свеце: «...я ж мужна прымаю бяды адгалоссе, Каб верылі мне, што Радзіма адна» («Слова да эмігрантаў»).
Духоўная вера і надзея на лепшае жыве ў сэрцы Т. Мельчанка. У вершах «Урок роднай мовы», «Падзяка» і іншых яна выказвае думку, што «будзе жыць наша родная мова». І гэты аптымізм грунтуецца на ўласна асэнсаваным, біяграфіі лёсу (паэтэса працуе настаўніцай роднай мовы). У Т. Мельчанка сваё высокае маральнае стаўленне да жыцця і свету. І глыбока жаночае, далікатнае, асабліва калі яна гаворыць пра дзяцей. Яна выказваецца з сардэчнасцю і пяшчотай:
Да несумненнай паэтычнай удачы я аднёс бы верш «Жалобны напеў». Здаецца, так узрушана-хвалююча пра гора і боль сэрца маці, у якой афганская вайна адабрала сына, у нашай паэзіі яшчэ не пісаў ніхто.
І яшчэ адна рыса паэтычнага дару Т. Мельчанка — у сваіх радках, асабліва пра каханне, яна лірычна-песенная. Не адзін яе верш (некаторыя пры нязначнай дапрацоўцы) можна пакласці на музыку: «Запознены цягнік», «Сустрэча наша — радасны ўсплёск...», «Дарогі нашы скрыжаваны лёсам...», « — Алё! — Алё!..». Абсалютна не прымаю сцвярджэнні нашых кампазітараў, якія наракаюць, што ў сучаснай паэзіі няма добрых тэкстаў для песень. Шчыра раю кампазітарам-песеннікам і выканаўцам: не лянуйцеся чытаць паэтаў і паэзію.
Можна было б пажадаць паэтэсе больш дбаць пра фармальна-стылёвую шматпланавасць верша. Зрэшты, яна паказала, што ўмее быць інтанацыйна зменлівай, па-мастацку вынаходлівай. Верш Т. Мельчанка, можа, і не такі эфектны, кідкі, густы, як у паасобных яе паэтаў-равеснікаў, але ён па-беларуску шчыры, сардэчна прачулы і жывапісны. Сапраўды, «у шчырай песні не сарвецца голас...».
«Я - З ЛЮБВІ, З ТОЙ ТРЫВОЖНАЙ...»
Ужо ў назве паэтычнай кніжкі «Нязбытнаю ласкаю» (1993) вельмі добра выяўлены стан аўтара — туга, самота. Гэтыя пачуцці складаюць лейтматыў зборніка. Увогуле, асноўная тэма творчасці Марыі Панковай самая што ні ёсць інтымная, жаночая — любоўныя перажыванні. Перадусім лірыка — гэта шчырая, глыбокая мелодыя душы. «У лірыцы менавіта само перажыванне з'яўляецца прадметам, тэмай вобразнага ўвасаблення...» (І. Грынберг). Няма ў радках паэтэсы і ценю гучнай паэзіі; яна ўся — у апавядальных пачуццях, у трывожна-тужлівых прадчуваннях і хваляваннях. Яе самавыяўленне скрозь у даверлівасці жаночага свету, поўнага балючасці, драматызму, і гэтая танальнасць успрымаецца вельмі сугучнай, блізкай лірычнаму характару пачуццяў Яўгеніі Янішчыц, якая ў адным з вершаў сказала: «...Перш-наперш, я толькі жанчына». Ды і ці можа быць улірыцы кахання нешта важнейшае задушэўныя згрызоты, радасць і пакуты? «Можа!» — гучала ў нашай літаратуры ў 20-30-я гг.. і пазнейшыя часы. Лірыка інтымных, асабістых перажыванняў лічылася тады не тое што ніжэй па сваіх вартасцях за грамадзянскую, а расцэньвалася як варожая духу савецкага чалавека. Усё гэта цяпер здаецца смехатворным, а некалі ж было не да гумару ды наіву: творцам адмаўлялі ў праве свабодна жыць і дыхаць. Хутчэй паэт мог прызнацца ў любові да трактара, правадыра, машыны, чым адкрыць патаемныя перажыванні. Памятаеце, як у 30-я гг. пісаў малады П. Броўка: «Мне трэба, каб слова падносіла цэглу, а вершы ў альбом і другія напішуць». Але сёння, дзякуй Богу, паэты не вядуць «з пачуццямі спрэчку», так званая «альбомнасць» даўно нікога не палохае, наадварот, лірыка кахання ў сучаснай беларускай паэзіі разліваецца паўнаводнаю рэчкаю. Элегіяй, сардэчнай споведдзю кахання стала кніга М. Панковай.
З вуснаў паэтэсы гучыць кранальна шчымлівая песня. Песня жаночай душы, вельмі адзінокай, збалелай, спакутаванай. Такая ўжо няўдзячная доля, драматычны паварот лёсу — «гукаць у вершы ласку», «жыццёвую прозу... асільваць адной» і мройліва клікаць-чакаць «промні жаданага цяпла». Пра наканаванасць жыць у «цішыні няласкавых начэй» паэтэса ў адным з вершаў кажа так:
У асобных радках чуюцца безнадзейнасць, роспач: «І няма ў мяне больш надзей, Што Твае мне вочы пасвецяць. Я аслеплая — між людзей...» «На адчайным полі тугі» раскрыжавана жаночая душа, але яна пакутуе без артыстызму, шукае паратунку, шчасця, ні на хвілю не забываючы «пра кахання Песню»:
Жаночае сэрца, параненае, як птушка, усё ж не хоча мірыцца з бяскрыласцю дзён. «Я жыць без святла не магу!» — з трапяткой непасрэднасцю прызнаецца паэтэса. Яна бясконца малюе тую жаданую рэальнасць сустрэчы-спаткання. З вуснаў жанчыны гучыць да Бога і просьба, і малітва: «Ёсць Бог на свеце... Калі ёсць, Дык дай сустрэчу!..» Вобраз каханага ў М.Панковай, як думаецца, гэта высокі ідэал. Зварот да яго гучыць заўсёды з высокім шанаваннем: «Хачу цяпла Вам, мілы...», «Люстра — Ты! Мой любы! Ты — адзін такі». Расстанне з каханым пакінула ў душы святло, хоць засталіся ў ёй пякучы жаль, балючыя ўспаміны. Але нідзе не чуваць і намёку нянавісці, пагарды. Чуецца ўдзячнасць за «прасветлыя хвілі» шчасця; ёсць, праўда, і дакор, і просьба вярнуцца хоць бы ў сны:
Каханне для жанчыны — найгалоўнейшы сэнс быцця, у ім — яе вялікая духоўная радасць, узвышэнне і сцвярджэнне на зямлі. Жаночае сэрца прагне абудзіцца вясновай песняй, гатова кахаць усё жыццё: «Я — жанчына. І хочацца казкі, Самай светлай, крынічнай». Інтымныя любоўныя перажыванні М.Панкова выказвае з пранізлівым лірызмам. Многія вершы ўспрымаюцца як самая таемная споведзь, вымагаюць ціхага, роздумнага чытання, яны — не для дэкламавання са сцэны. Часам радкі міжволі льюцца песеннымі мелодыямі.
У зборніку, праўда, нямала й перапеваў, банальнасцей, месцамі адчуваецца залішняе нагнятанне пачуццяў, збітасць вобразаў: «Ды жах смяротнае бяды Па сэрцы рэзаў брытвай!», «Як рабіна, што ўвосень гарыць» і інш.
І ўсё ж абсалютная большасць вершаў М. Панковай выткана на мове сэрца пранікнёна-шчыра. Гэта жаночая лірыка, якая кранае непадробнасцю перажыванняў, Ласка, пяшчота, цяпло — тое, чаго жадае кожная жанчына, таму паэтэса хвалюецца, жыве ў тамленні і надзеі.
Пасля прачытання вершаў М. Панковай думалася пра сучасную лірыку наогул. Нярэдка я зусім не бачу розніцы паміж лірыкай жаночай і мужчынскай, асабліва тады, калі чытаеш грамадзянскія, публіцыстычныя творы, бо яны блізкія і сваімі светапогляднымі акцэнтамі, і прамоўніцкім імпэтам. Аднак жадаць, тым больш патрабаваць, каб жаночы твар бачыўся ў радках заўсёды і паўсюль, мне думаецца, не варта. А як быць тады, калі паэтэса скіруецца ў сферу філасофскіх гнасеалагічных медытацыі”!? Няўжо яе клопат насамперш павінен быць пра жаночую адметнасць радка? Што тычыцца любоўнай, інтымнай паэзіі, то спрэчкі няма — жаночы эмацыянальна-пачуццёвы пачатак — гэта той «магічны крышталь», які высвечвае ўсю своеасаблівасць, складанасць унутранага сусвету творцы...
Кніжка «Нязбытнаю ласкаю» для М. Панковай першая і доўгачаканая, але рэцэнзенты не спяшаліся адгукнуцца на яе (крытыка, наогул, робіцца нейкаю флегматычнаю). А шкада, бо лірычны голас гэтай паэтэсы здольны перадаваць самыя тонкія зрухі і адценні перажыванняў чалавечай душы.
«Я на радзіме не госць...»
Вітаю цябе, Сяргей, і незабыўны Слонім — старажытны і слаўны горад, у якім ты жывеш і працуеш. Адчуваю, што з радасцю і надзеяй, як пералётная птаха, ляцела ў стольны Мінск твая кніжка. І, думаецца, не адзін я паспеў парадавацца гэтаму прыгожаму паэтычнаму першынцу. Ведаю, што ён быў сапраўды доўгачаканы.
Даволі вялікі рукапіс твайго зборніка я пабачыў яшчэ ў пару нашай вучобы на філфаку БДУ. Тады, Сяргей, табе было 25. Як і дзесяць гадоў таму, у мяне не знікла ўпэўненасць, што ўжо на той час магла б пабачыць свет кніжка, хоць яна, безумоўна, страціла б у аб'ёме. Прытым ніколькі не горшая, а мо нават і лепшая за некаторыя з тых, якія выходзілі ў нашых выдавецтвах. Чаго тады, ды і пазней, табе не хапіла: уласнай настойлівасці, прабіўной вывучкі, шчырай падтрымкі ці проста надзейнага тылу? Твае ж аднагодкі ці старэйшыя на гадоў колькі ўжо ў «Анталогіі...» і прадстаўлены часам самымі свежымі творамі; асобныя, нягледзячы на свой далёка не стары ўзрост, паспелі ўжо выдаць нават па тры кніжкі... Ды не сумняваюся, што ніякай зайздрасці ў цябе да тых, хто хварэе на кніжную пладавітасць, няма і не будзе. Такая ўжо доля простага вясковага сына — усюды і ва ўсім ісці праз жыццёвыя церні. Аднак будзем справядлівымі: сёння пачынаючым і маладым куды лягчэй працерабіць літаратурную сцежку, чым на пачатку — сярэдзіне 80-х гг. Часопіс «Першацвет» — выданне маладых, «Полымя» прыкметна абмаладзіла свае старонкі, літаратурны дадатак «Бібліятэка «Маладосці» таксама зарыентаваўся на творчую моладзь. Але сённяшнія маладыя спрабуюць, хоць гэта і нялёгка, знайсці і зусім іншыя шляхі да чытача: шукаюць фундатараў, выдаюць кніжкі на свае сродкі. Геаграфія народзінаў паэтычных кніжак А. Брусевіча, Ю. Гуменюка, А. Кудласевіча, А. Аркуша, І. Сідарука і іншых самвыдатаўскіх зборнікаў даволі шырокая: Полацк, Мінск, Гродна, Паставы, Слуцк, Магілёў... Шкада толькі, што не ўсе з выданняў вызначаюцца паліграфічнай якасцю. Слонімская друкарня, дзе напрыканцы 1993 года выйшла твая кніжка, трымае выдавецкую марку высока. Увогуле, гэта выдатна, што «Шчырая Шчара» пабачыла свет у родным табе Слоніме, што матэрыяльна падтрымалі цябе землякі і яны ж сталі першымі чытачамі тваёй кніжкі.
Невыпадковай бачыцца мне назва зборніка. Прачытаўшы яе, адразу згадаў першыя радкі верша вялікага песняра беларускіх рэк Уладзіміра Караткевіча: «Пад-над шчыраю Шчарай, над шчодраю Шчарай...» Караткевічава паэтычнае адкрыццё ракі нібы стала крэўнай часцінкай і твайго светаўспрымання. Шчара — самавітасць і гасціннасць слонімскай зямлі. Але рака шчырая яшчэ і таму, што яна ўскалыхала не адзін літаратурны талент. Твая паэзія ўся з перакатаў хваль душэўнай радасці і роздуму, светлых згадак і перажыванняў. Шчара — свет дзівоснай паэзіі прыроды:
«Мая палахлівая Шчара...» — так называецца верш, у якім ты проста і светла пішаш пра роднае, дарагое (хоць ягонай канцоўцы, як і ў некаторых іншых вершах, бракуе, на мой погляд, інтымнасці). Гучны вокліч «З калыскі ў цябе ўлюбёны, Маёй Беларусі зямля!» выклікае ўражанне, што ўжо даводзілася чуць падобнае.
Аднак пачуццё Бацькаўшчыны ў тваёй кніжцы складаецца не з абстрактных вобразаў і тэзаў. Ты абагаўляеш свой Слонім, апяваеш яго гістарычныя краявіды, захоплена вядзеш нас шляхамі-сцежкамі па слонімскай зямлі, хвалююча апавядаеш пра лёс яе людзей. Вершы «Касцёл святога Андрэя ў Слоніме», «Гальяш Леўчык», «Успенскі сабор у Жыровіцах», «Маналог Анатоля Іверса», «Сынковічы», «Сяргей Дарожны!..», «Вёска Глоўсевічы» — гэта своеасаблівая паэтычная вандроўка душы, памяці. Адчуванне паяднанасці са слыннай бацькоўскай зямлёй не губляецца ў часе: «Хвалямі Шчары... Мы адчуваем Самае блізкае — Слонім І паланез Агінскага» (верш «Паланез»), Калісьці ў вершы «Родныя словы» П. Броўкі пераліўна-ярка прагучала музыка назваў беларускіх гарадоў і рэк, і ты, здаецца, памятаючы яе, на жывых струнах душы перабіраеш назвы родных вёсак. Але напісаў ты па-свойму прачула, натхнёна:
У кніжцы прыкметныя таксама тэма мінулай вайны і тэма маці. Яны даўно ў паэзіі. Тым не менш да творчых удач я асабіста залічыў бы вершы «Удава», «Васілю Быкаву», «Фасоля», у якіх чуецца жывы драматызм чалавечых лёсаў, непадробнасць пачуцця. Сярод пейзажных і любоўных твораў ёсць вельмі лірычныя, інтымна-настраёвыя. З публіцыстычных жа вершаў вылучаецца «Разам з народам сваім застануся...».
Чым жа кранаюць і запамінаюцца твае лепшыя радкі? Уменнем перадаць свой душэўны стан праз эмацыянальна-маляўнічы пейзаж, яркі вобраз, арыгінальнасць высновы ці асацыяцыі. Ты імкнешся да таго, каб верш і думка ў ім былі ёмістыя, паўнакроўныя і натуральныя, як выдых:
Цікавыя ў цябе паэтычныя вобразы-знаходкі: «Дзе, як струна са скрыпкі,— Канал Агінскага», «Выплываюць з-пад снегу. З-пад гурбаў праталіны — Гнёзды вясны», «А твае белыя калені Цалуе месяц малады» і інш. Прываблівае імкненне да арыгінальнасці формы, як, да прыкладу, у вершы «Таўтаграма»:
Ты, Сяргей, сам ведаеш, што значыць крытыкаваць. Няпроста казаць словы крытыкі, але іначай — з гэтым мы пагодзімся — нельга. Буду шчыры: сустракаюцца ў тваёй кніжцы вершы са збітымі высновамі, ёсць відавочна слабыя ў параўнанні з іншымі: «Тут сэрцы стукаюць у нас Званамі спаленай Хатыні» («Хатынь»), «Кожны дзень — адкрыццё, адкрыццё, Адкрыццём пражываем свой век» («Зглянцаваны трыпутнік дажджамі...»). Трапляюцца перапевы матываў, інтанацый, скажам, у вершах «Мова» і «Мая мова».
Можа, хто і называе цябе, Сяргей, «мясцовым» паэтам. Ты ж, у добрай традыцыі нашай беларускай паэзіі,— паэт сваёй радзімы, бацькоўскага кутка. І, думаю, шчаслівы пісаць менавіта так:
Чаго табе пажадаць напрыканцы ліста? Паэзія, як вядома,— у роднай мове, у зіхоткасці слова. Рука міжволі цягнецца зноў да зборніка, і я выпісваю найбольш удалыя, красамоўныя радкі з верша «Мая мова»: «Не змаўкай, мая мова, не змаўкай, І не гніся ты кволенькім дрэўцам». І далей: «...жыві, як вясновая квецень, як неба... Ап'яні, абудзі, астудзі, абнаві...» Хай табе стае ўсяго гэтага, каб і надалей твой паэтычны голас мацаваўся, набываў новыя адценні.
Пастскрыптум
На схіле верасня 1998 г. С. Чыгрын даслаў свой другі зборнік вершаў «Горад без цябе». Зноў захацелася напісаць у Слонім Сяргею. Аднак у век інфармацыйных тэхналогій і камунікацый галоўным сродкам сувязі ўсё часцей робіцца тэлефон, на ліставанне не хапае часу, так званы эпісталярны жанр адыходзіць у мінулае. Затэлефанаваў Сяргею і выказаў свае ўражанні пра кніжку.
Зборнік «Горад без цябе» ўспрымаецца як своеасаблівы букет песень пра цудоўнае і вечнае пачуццё — пачуццё кахання. «Закаханыя вершы» — так называецца адзін з твораў, у якім гаворыцца пра тое, якая гэта радасць — пісаць і несці любай у дарунак вершы. Лірычны герой паэта застаецца ўдушы рамантыкам, для якога каханне — галоўны сэнс жыцця. Сэрца сумуе без каханай, бо без яе горад робіцца пустынным і чужым:
Герой паэта не ўяўляе горад без кахання, а вобраз каханай для яго — сімвал шчасця.
Сваёй вобразнасцю запомніліся вершаваныя радкі: «Я вясну пазнаю па жаночых нагах, Па ўсмешках дзяўчат і вясёлых вачах...» («Мая вясна»); «Закампасціраваў білецік дзяўчыне салдат, А яна — яго сэрца» («У тралейбусе») і інш. Не без цікавасці чыталіся дзве таўтаграмы, асабліва запомнілася «Тры, трыццаць тры...».
... Надасланым зборніку С. Чыгрын надпісаў зычэнне: «Няхай табе кахаецца, як мне». У сваю чаргу мне захацелася сказаць і паэту, і ўсім, хто закаханы і шануе каханне, словамі выдатнай паэтэсы: «Пачынаецца ўсё з любві, А інакш і жыць немагчыма» (Я. Янішчыц).
Каму розгі, каму смех
Хто любіць крытыку ці нават проста кпіны? Бадай што ніхто. Уявіце: жонка ў запале пачала дапякаць мужа, наводзіць на яго крытыку, ды яшчэ з падколамі. Гэткая вольнасць можа ёй, як казала мая нябожчыца бабка, вомегам вылезці. А што казаць пра паэтаў (а іх нямала), хто не жадае бачыць крытыку ў роднасных, блізкіх адносінах да літаратуры, наадварот, лічыць яе амаль непатрэбным заняткам, а крытыкаў іначай і не ўспрымае як няўдачнікаў і марнатраўцаў. Не ведаю, як хто ставіцца да літаратурных парадыстаў, але іхнія колкія, пякучыя творы таксама не заўсёды даспадобы нашым парнасцам.
Ведаю, што і Міхасю Скоблу часам рабілі парады: гэтага не чапай і таго не крытыкуй... Але ці варта сердаваць паэтам, і найперш Юпітэрам нашай літаратуры? Ну возьмем хаця б крытыку (што каму дапякае, той пра тое і гукае). Чытаю-перачытваю шматлікія рэцэнзіі на паэтычныя зборнікі апошніх гадоў і пераконваюся, што наша сучасная крытыка не проста талерантная, паважна-ўніклівая, але досыць часта кампліментарная, усхваляльная, безадносна-аморфная да мастацкай шэрасці. Адчуваеш нярэдка, як прафесійна дасведчана недахопы вылаюцца за вартасці, прыхільна-ўгодліва задавальняюцца амбіцыі літаратурных аўтарытэтаў. Найчасцей крытычныя закіды зусім бяскрыўдныя, нагадваюць дробныя камарыныя ўшчыкі. Ці не прывучаюць, як думаецца, вопытныя крытыкі маладзейшых калегаў быць у абслузе масцітых, прызнаных і тых, хто лічыць сябе ледзь не класікам?
Альбо яшчэ чуваць: майстры, маўляў, ёсць майстры, не чапайце іх. Так што лупцуйце, крытыкі, іншых, хто не мае аўтарытэту і пасады. Хаця, як сведчыць вопыт, у нашых майстроў і аўтарытэтаў сустракаюцца тыя ж самыя недахопы і пралікі, што і ў іншых пісьменнікаў. Крытыка, увогуле кажучы, здымае свой капялюш перад уплывовымі, славалюбівымі людзьмі, перад тымі, ад каго залежыць лёс публікацыі ці кніжкі. У нашай літаратуры спакойна пачуваюць сябе графаманы, аўтары пасрэдных, безаблічных твораў. Чаму ўсім ім не любіць крытыкаў, якія ўзвышаюць іх, дапамагаюць сцвердзіцца і высока насіць галаву?
І яшчэ шмат чаго крытыка не заўважае, маўчыць, не жадае гаварыць. Калі прадстаўнікі крытычнага цэха зазвычай не адважваюцца бачыць заганы, хібы паэтычнай прадукцыі, то парадысты тут, на мой погляд, апынуліся на вышыні, бо не ашчаджаюць ні солі, ні перцу з імберцам: смела высмейваюць творчыя недахопы паэтаў розных рангаў, носьбітаў высокіх прэмій ды званняў. Прыходзіцца толькі шкадаваць, што ў жанры пародыі працуе няшмат аўтараў. Мо з тае прычыны, што, як не без гумару заўважае сам М. Скобла, «пісанне пародый — няўдзячны занятак. А чытанне іх — чыстае марнатраўства. Спажытку для душы ў пародыях аніякага, высокай паэзіяй там таксама не пахне». Найбольш вядомы працаўнік на парадыйнай дзялянцы — Георгій Юрчанка, які выдаў нават некалькі кніжак пародый. Можна згадаць іншых майстроў гэтага жанру: Рыгора Барадуліна, Язэпа Таўшчэзнага. З новых імёнаў, якія з'явіліся на старонках друку, трэба назваць Аляксея Ненадаўца, Анатоля Зэкава, Януся Мальца. Сярод маладзейшых аўтараў парадыйнага жанру асабліва вылучаецца самавіты голас М. Скоблы, які друкаваў свае пародыі ў шматлікіх літаратурных выданнях, а затым сабраў іх і выдаў асобнай кніжкай «Розгі ў розніцу» (1993). Пабачыла свет выданне на перыферыі, у слаўным горадзе Слоніме. Прынамсі, народзінам кніжкі паспрыяў фундатар — малое прадпрыемства «Вітаўт». Зборнік з густам аформлены і добрай паліграфічнай якасці — не горшай, а мо нават і лепшай, чым тая кніжная прадукцыя, што апошнім часам друкуецца ў Маладзечне, Баранавічах і нават стольным Мінску.
М. Скобла ўзяў пад трапны абстрэл звыш 50 беларускіх парнасцаў. Ён смела атакуе паэтычную шэрасць, безаблічнасць ды безгустоўнасць, не зважае ні на літаратурныя аўтарытэты, ні на пасады тых, каго ўзяўся парадыраваць. Крытычных розгаў перападзе ўсім. Бо хто яшчэ асмеліўся б «зачапіць» Р. Барадуліна, В. Зуёнка, Н. Гілевіча, А. Вярцінскага, А. Лойку, Я. Сіпакова і іншых мэтраў? Таму я і сцвярджаю без усялякага сумневу, што М. Скобла — адзін з самых смелых, эстэтычна чуйных, дасведчаных крытыкаў нашай паэзіі.
Прырода смеху ў творах парадыста шматмерная, разнаісная. Ягоны смех дабрадушна-пацяшальны, поўны камізму, з непрыхаванай іроніяй, кплівасцю, але нярэдка ён не толькі куслівы, але і сапраўды з'едлівы, нават саркастычны. Галоўнае — парадыст заўсёды дасціпны, умее стварыць яркі жартоўны малюнак, удала пераняць стылістыку, «механіку» паэтычнага выказвання вершатворцы.
Паэты з гучным імем, як сведчыць літаратурная практыка, не застрахаваныя ад прахадных вершаў, легкаважных радкоў, у іх сустракаюцца самаатэстацыі, параўнанні, якія, апроч усмешкі, нічога не выклікаюць. Возьмем, да прыкладу, хаця б наступны ўрывак з верша Р. Барадуліна, што М. Скобла падае на пачатку пародыі «Я не паэта...»:
Радкі, здаецца, самі просяцца на пародыю, бо сапраўды вартыя высмейвання. М. Скобла стварае калючы шарж, дасягае ў ім жывога камічнага эфекту. Вядома, не абыходзіцца без перабольшання, даведзенага месцамі да абсурду, але гэтага і вымагаюць законы парадыйнага жанру:
Чаго-чаго, а нуднага і пустога вершапісання, схематызму, безгустоўнасці, усялякай лухты, якая прэтэндуе на высокую мастацкую годнасць, у нашай сённяшняй паэзіі хапае. Вока парадыста-сатырыка дакладна выяўляе хібы, занатоўвае найбольш красамоўныя ўзоры нязграбнай, трафарэтнай, псеўда-паэтычнай верша- і вобразатворчасці. Паслухаем П. Ламана:
Не сказаць, каб тут адчувалася глыбокая вынашанасць радка, наадварот — кідаецца каструбаватасць, нейкая недарэчнасць думкі-пачуцця. Таму і патрапіў паэт у няміласць да парадыста:
А вось як выказалася ў адным з вершаў Л. Паўлікава:
У пародыі «Паэтычна-спаднічная залежнасць» намалявана камічна-жартоўная, да таго ж пікантная сітуацыя, ад якой проста нельга не выбухнуць смехам.
Аднолькава гучаць наступныя радкі, яны што блізняты: «Акно расчынена ў Сусвет» і «Акно, расчыненае ў Сусвет». Першы радок належыць пяру А. Пісьмянкова, другі — М. Мятліцкаму. Сапраўды, вобразаў-штамгіаў у нашай паэзіі — як дроў у лесе. Таму і чуваць на адрас А. Пісьмянкова і М. Мятліцкага іранічны кпін:
Словам, у нашай паэзіі можна даволі часта патрапіць на вершы з ледзь не анекдатычным зместам, а ў паэтаў хапае розных грахоў і агрэхаў. А што гэта так, сведчаць шматлікія пародыі М. Скоблы: «Паэт і трактар», «Пад колам працэсу», «Шкадую аб адным...», «Буг ці акварыум?», «Ой, ляцелі гусачкі», «Антываенная дактрына Уладзіміра Мазго» і інш.
Часам грэшна думаеш, што калі б не было хібаў, бязглуздзіцы ў вершах паэтаў, то не мелі б спажытак для творчасці парадысты. Не ведаю, ці вылечаць пародыі М. Скоблы ганебныя літаратурныя хваробы. На гэты контён і сам задумваецца ў прадмоўцы да кніжкі: «З паэтычнымі шэдэўрамі ў нас... тугавата. То няхай пакуль пабудуць і розгі. А дапамогуць ці не — не нам меркаваць...» «Розга ум острит»,— даводзіў яшчэ С. Полацкі. Відавочна адно: калі каму з паэтаў смех ды крытыка не дапамогуць, то і не зашкодзяць. Асабіста мне, маёй сям'і кніжка М. Скоблы прынесла вясёлае свята смеху і гумару.
Смех і сцёбае, і лечыць.
Краса і смутак
Штотыднёвік «Літаратура і мастацтва» вясною 1996 г. звярнуўся з просьбай адказаць на пытанні анкеты:
1. Што такое «паэзія чыстай красы» ў кантэксце сучаснай беларускай літаратуры — васілёк, які прыўкрашае ніву, званіца, якая ўзвышаецца над мітуснёй быцця, ці нешта іншае?
2. Ці варта сёння творцу думаць пра сваю папулярнасць і як у цяперашніх варунках дамагчыся папулярнасці беларускамоўнага твора?
3. Што такое змена пісьменніцкіх пакаленняў? У вас ёсць папярэднікі і наступнікі ў літаратуры?
1. Васілёк з часоў Багдановіча стаў сімвалам «паэзіі чыстай красы». Яе, аднак, можна атаясамліваць і з іншымі дзівоснымі кветкамі, напрыклад ружай ці белай лілеяй. Прыгожае ў паэзіі — эстэтычная першааснова, высокі ідэал, храм святла і духоўнасці. Тым не менш беларуская паэзія доўгія гады выракалася сваёй існай прыроды, ідэалогія перашкаджала ёй быць «мастацтвам высокай красы». Лірызацыі, радасці вечных пачуццяў, элегантнасці радка проціпастаўлялася як адзнака вышэйшасці ідэйна-палітычная змястоўнасць. У другой палове 80-х паэзія разняволілася і выйшла на шлях эстэтызацыі. Некаторыя творцы ўбачылі гэты шлях магістральным, адзінаправільным. Над прозай, мітуснёй быцця паэзія стала ратавацца Грэцыяй і Парыжам, духоўным узвышэннем, стварэннем тонкіх узораў паэтычнага жывапісу. І гэта выдатна, бо эстэтычная прырода паэзіі — падкрэслім яшчэ раз — у выяўленчай прыгажосці слова, вытанчанасці пачуццяў, пластыцы, гарманічнай закончанасці формы верша. Права паэта быць эстэтам, песняром красы — права, можна сказаць, адвечнае, наканаванае Богам. І ніхто не павінен навязваць творцу нейкі іншы шлях.
Аднак не трэба забываць, што чалавек, акрамя ўсяго, істота грамадская, сацыяльная. І тое, што некаму падасца «мітуснёй быцця», у іншага спараджае боль ці гнеў душы, успрымаецца ім як агульназначная трывога і адказнасць за свет, у якім валадараць зло і чорныя сілы. Паэту гэткага кшталту цяжка сплесці прыгожы кокан і адгарадзіцца ад людскіх гора і бяды. Нават такому паэту-эстэту, як М. Багдановіч, не давала спакою «грамадскае гора». Сёння ж творца, як бы мы ні спрачаліся, «гражданином быть обязан» (М. Някрасаў), бо нельга не рэагаваць на трагедыю народа, на гвалт, разбурэнне праўды, чалавечыя крыўды. Так, краса і палітыка — два полюсы свету. Але палітызацыя, грамадзянскасць — запатрабаванне часу, і, хочацца думаць, гэта не выяўленне слабасці паэзіі, а неспакой, змаганне за эстэтычную самакаштоўнасць і незалежнасць, за права на красу, свабоду і светласць існавання. Паэт павінен імкнуцца быць чыста эстэцкай, нават эгаістычнай натурай, але ці спрыяюць гэтаму час і палітыка? І ці дазволяць яны калі-небудзь увогуле стаць паэзіі выключна чыстай і незалежнай? Таму мне імпануе, калі свет сучаснага творцы гарманічна зладжаны, калі там ёсць краса і боль, лірычны пейзаж і грамадзянскі верш, філіграннасць радка і выбух эмоцыі. Аднак я перакананы, што паэзія не павінна быць суцэльна палітызаванай, нейкай прамалінейнай, бо ад гэтага звузяцца яе эстэтычныя далягляды. Хай паэт, акрамя ўсяго, узіраецца ў вечнае жыццё прыроды, абагаўляе жанчыну, яе хараство, ірвецца душой «к зорам агністым, к прыволлю нябеснаму... з ціны жыццёвай» (Я.Купала).
2. Папулярнасць для творцы рэч важная і неабходная. Але яна, папулярнасць, рознага роду і дасягаецца неаднолькава. З'ява гэтая бывае пераходнай, не заўсёды залежыць выключна ад суб'ектыўна-мастацкага фактару. Згадайма, наколькі шырока чытаемы быў Іван Шамякін, творы якога выдаваліся шматтысячнымі накладамі. Сёння нават гэты пісьменнік, які намнога дадаў папулярнасці і аўтарытэту беларускаму мастацкаму слову на радзіме і ў свеце, змушаны скардзіцца на свой лёс: наклады невялікія, а значыць, звужаецца і сфера кантактаў з чытачом. А што тады казаць пра сённяшніх маладых паэтаў і празаікаў, пра рост чытацкіх сімпатый да іх творчасці? Першыя кніжкі ў «Бібліятэцы «Маладосці» выходзяць мізэрнымі накладамі да 500 асобнікаў, у «Мастацкай літаратуры» сягаюць ледзь за 1000 асобнікаў. Катастрафічна ўпалі паклады беларускіх часопісаў, сёння яны ідуць у лічаныя школьныя бібліятэкі. Толькі раўнадушны чалавек можа не бачыць, як эканамічны крызіс выштурхнуў культуру і мастацтва на задворкі жыцця, як набірае разгон вакханалія бездухоўнасці, маскультуры, а наступ дэнацыяналізацыі наогул ставіць пад пагрозу існаванне беларускага пісьмовага слова. Калі так справа пойдзе і далей, то баюся, што да нацыянальнай творчай інтэлігенцыі вернецца сумнае і абражальнае стаўленне, добра вядомае па гадах «развітога сацыялізму», палітыцы «зліцця нацый і моў». Крый божа, зноў стацца «белымі варонамі» на сваёй зямлі, ведаць, што створанае табой будзе не запатрабавана, бо духоўнае біяполе нацыі — зарука жыцця літаратуры. Літаратура і так амаль цэлае стагоддзе ішла праз церні, на яе расколатым падмурку трымаліся патрыятычны дух, нацыянальнае светаадчуванне. Скоціцца грамадства да нацыянальнага выраджэння — закрыцця беларускіх класаў і школ, згортвання беларускага друку, нацыянальнай тэатральнай творчасці і да т. п. — то доля ўсіх чакае адна: манкурцтва нашчадкаў, духоўнае забыццё. Няўжо беларусам прыйдзецца з болем глядзець у вочы дзяцей, зноў пакутліва цяжка паміраць?! Няхай не цешаць сябе высокімі пасадамі, прэміямі і званнямі тыя, хто іх дачакаўся ці спадзяецца яшчэ дачакацца, дбаючы пра ўласную неўміручасць. Вядома, тут я кажу не пра ўсіх, не хацеў бы абагульняць. Пахаваем Беларусь, мову — вырыем яму і для літаратуры. «Памінаць бо толькі будзем родную старонку»,— трагедыйна завострана казаў Я. Купала ў вершы «Гэй, капайце, далакопы...». Здаецца, у бліжэйшы час нічога добрага чакаць не прыходзіцца. Некалі яшчэ ў ваенныя гады Кузьма Чорны, даведзены тагачаснай сістэмай да адчаю, з болем пісаў: «Я жыву, як апошняе пакідзішча. І не таму, што мне хто зла хоча, а таму, што ў нас не еўрапейская дзяржава, дзе інтэлектуальныя асаблівасці чалавека робяць яго жыццё арганізаваным. А ў нас азіятчына». Дазволю сабе запытацца: што, уласна кажучы, змянілася з той пары? Хіба пісьменнік, літаратура і мастацтва могуць нармальна, паўнацэнна існаваць?
Аднак нават у такіх драматычных варунках не хацелася б апускаць рукі. Інтэлігентнасць, ды і літаратурная творчасць, як падаецца, пачынаецца з самаахвярнасці. І не толькі ў нашай постсавецкай рэчаіснасці, але і ва ўмовах прагматызму капіталістычнага грамадства. Таму трэба імкнуцца ўзвысіцца над брудам, выжыць наперакор гвалту, толькі не любой цаной. Гэта цяжка, неймаверна цяжка. Але ці можна інакш?
Пра сваю літаратурную папулярнасць, вядома, нельга не думаць і не дбаць. Але не спадзявацца пры гэтым на поспех на дзень ці два. Так далёка не заедзеш. Праўда, некаторыя жанры больш спрыяльныя для росту папулярнасці. Скажам, эстрадная песня. Даволі вядомымі ў апошнія гады сталі імёны У. Някляева, Л. Дранько-Майсюка, А. Бадака, Л. Пранчака, У. Мазго, В. Шніпа. Але міжволі зноў жа ўзнікае пытанне: наколькі для гэтых паэтаў тэле- і радыёэфір будзе па-ранейшаму спрыяльнай сферай самавыяўлення? Хтосьці сёння спадзяецца, што прэстыж сучаснай літаратуры ўзвысіць парнаграфія на беларускай мове. Іншыя звязваюць павышэнне цікавасці да асобаснага выяўлення з арыентацыяй на постмадэрнізм. Што ж, хай сабе, у кожнага свой шлях да папулярнасці. Мне асабіста думаецца, што беларускаму літаратару зараз можна дасягнуць папулярнасці ў асяроддзі патрыятычна настроенай моладзі, свядомага настаўніцтва, творчай і навуковай інтэлігенцыі, элітарнай часткі грамадства. Яшчэ пакуль можна... Праз высокую духоўнасць, інтэлектуальнасць, арыгінальнасць самавыяўлення. Аднак — і ў гэтым маё глыбокае перакананне — без агульнасацыяльнага, агульнакультурнага зруху жыццё літаратуры асуджана на далейшую ізаляцыю, абяскроўліванне.
Папулярнасць як знак вядомасці, зорнай славы нацыянальнага мастацтва слова будзе актуальная заўсёды. І тут высокая эстэтычная годнасць, папулярнасць творчасці нашых выдатных майстроў таму сведчанне. У высокамастацкіх творах — наша духоўная веліч, гістарычнае апраўданне, кволая, але ўсё ж надзея на выратаванне праўды, нацыянальнага духу, сумлення і чалавечнасці.
З. Змену пакаленняў у літаратуры дыктуе яго вялікасць час. Але не толькі пэўнае дзесяцігоддзе вызначае ўзрост пісьменніцкага пакалення. Напрыклад, тыя, хто ішоў у літаратуру ў другой палове 80-х гг., сталі дзецьмі дэмакратызацыі жыцця, нацыянальнага адраджэння. Яны, як калісьці «шасцідзесятнікі», напоўніцу ўдыхнулі творчай волі, адмовіліся ад догмаў і стэрэатыпаў сацрэалізму, крытычна зірнулі на жыццё і рэчаіснасць, надалі літаратурнаму працэсу шматмернасць. Новую пісьменніцкую генерацыю 80-х часам называюць пакаленнем «Тутэйшых». Мне здаецца, азначэнне гэтае ўмоўнае. Маладыя ў «Тутэйшых» больш дэкларавалі, не сталі адзінай эстэтычнай супольнасцю, як у свой час «Маладняк» ці «Узвышша». Бо куды ж тады аднесці тых, хто не дэклараваў пра «новую» літаратуру, працаваў адасоблена, арыентуючыся перадусім, як некалі ўзвышаўцы, на сваю беларускую традыцыю? Тварэнне літаратуры для моладзі другой паловы 80-х стала справай падкрэслена індывідуальнай, аўтаномнай. Але феномен «Тутэйшых» у тым, што яны здолелі пазначыць агульны літаратурны фон — адраджэнска-патрыятычны і культурна-эстэтычны па сваёй сутнасці. Літаратура зведала свабодны поступ, яна набыла шматвектарнасць развіцця. Хоць, безумоўна, пэўныя негатыўныя выдаткі засталіся.
90-я асабіста ў мяне найперш асацыіруюцца з «Першацветам», яго шматплыннасцю. Хаця нехта вылучыць як асобнае пакаленне «вольналітаратарцаў» ці нават «бумбамлітаўцаў». Зрэшты, «Таварыства вольных літаратараў» абвясціла пра сваю пераемнасць з «Тутэйшымі». Значыць, можна спадзявацца ў хуткім часе на шэдэўры ў беларускай літаратуры. Няхай ствараецца экзатычнае, штосьці ўражальнае, не было б толькі ваяўнічай канфрантацыі. А, урэшце, каму з маладых не хацелася сябе паказаць ды свет здзівіць?
Падрыхтаванае на падставе: Алесь Бельскі, Краса і смутак. Дапаможнік для настаўнікаў, — Мінск: Мастацкая літаратура, 2000. — 237 с.
ISBN 985-02-0077-4
УДК 882.6.09(072)
У кнізе шырока асвятляюцца духоўныя і эстэтычныя шуканні сучаснай літаратуры. З пазіцый сённяшняга дня прачытваюцца творы з мастацкай спадчыны, а таксама паказваецца новае, часам нязвыклае, што прыносіць у літаратуру наша сучасная моладзь. Аўтар праяўляе цікавасць як да вядомых імёнаў (К. Чорны, І. Шамякін, М. Танк, Р. Барадулін, С. Гаўрусёў, Г. Далідовіч, Л. Дайнека і інш.), так і да літаратурнай працы тых, каму не заўсёды шанцавала на пільную ўвагу крытыкі. Адрасуецца настаўнікам сярэдніх школ, ліцэяў, гімназій, вучням старэйшых класаў і студэнтам, а таксама ўсім, хто цікавіцца беларускім мастацкім словам.
Copyright © 2013 by Kamunikat.org - ePub