Уладзімір Содаль
ВІНЦЭНТ ЯКУБ ДУНІН-МАРЦІНКЕВІЧ
Жыццё і творчасць
ДУДАР БЕЛАРУСКІ
Творчае аблічча Вінцэнта Якуба Дуніна-Марцінкевіча вядомае. Ён быў паэт і драматург, рэжысёр і артыст, спявак і музыка. А што мы ведаем пра яго як чалавека, грамадзяніна? Доўгі час пра Марцінкевіча гаварылі: ліберал, сентыменталіст, дваранскі рэвалюцыянер і г.д. Лічылі яго пісьменнікам слабым, саладжавым і непаслядоўным. І ўсё гэта было праўдаю. Але была і іншая праўда — скрозь сентыментальнасць, знешнюю памяркоўнасць характару яго твораў прабіваўся голас чалавека моцнай волі, моцнага духам, светлых парыванняў. Адзін з першых, хто звярнуў увагу на гэта,— пісьменнік М. Клімковіч. Яшчэ ў 1945 годзе, аналізуючы творчую спадчыну Марцінкевіча, ён пісаў: «Калі ўзяць творчую і жыццёвую біяграфію Дуніна-Марцінкевіча, дык мы адразу ўбачым тую ж рысу, што і ў біяграфіі любога дэмакратычнага пісьменніка тагачаснай Расіі: уся яна складаецца з сутычак з царскай уладай і існуючым у той час грамадскім укладам»1. Заўважым, гэтую думку М. Клімковіч выказаў у тую пару, калі пра Марцінкевіча як пра асобу ведалі мала, творчасць яго разглядалі аднабакова, калі асноўныя архіўныя матэрыялы пра пісьменніка нашаму літаратуразнаўству былі невядомыя.
Але вось у пасляваенны час, у другой палове пяцідзесятых гадоў, у архіўных сховах пачалі выяўляцца адзін дакумент за адным, якія адкрылі нам зусім іншага Марцінкевіча: мэтаімкнёнага, чалавека складанага лёсу, які ўсё сваё доўгае жыццё быў у супярэчнасці з афіцыйнай уладай, царскімі ўстановамі. Гэта і дало пэўную падставу вядомаму гісторыку і даследчыку літаратуры Г. Кісялёву сказаць пра аўтара «Пінскай шляхты»: «Мы прывыклі на падставе творчасці лічыць беларускага паэта слабым і саладжавым... Але ёсць і другі Дунін-Марцінкевіч — моцны духам змагар за беларускую нацыянальную культуру, дэмакрат, які патрабаваў павагі да селяніна і ўзнімаўся да ўзроўню перадавых людзей свайго часу. Такі Дунін-Марцінкевіч і сам належыць да вечнага»2.
Вось пра гэтага другога, моцнага духам Марцінкевіча і хочацца расказаць у альбоме. Але з чаго пачаць? Хіба зноў пра дваістасць характару В. Марцінкевіча? Бадай што без гэтага нам не абысціся. Так, у Марцінкевічу ўвесь час жыло нібы дзве асобы, два чалавекі. Адзін з ix — моцны, магутны, напорысты, неадступны, варты нашага захаплення. Ён настойлівы ў сваіх творчых парываннях, пераадольвае ўсе перашкоды, якія чынілі яму афіцыйная ўлада, цэнзура, паліцыя. Абыходзіць усе іхнія рагаткі, выдае, друкуе, ставіць, прапагандуе, абараняе... Пераапранаецца ў сялянскія строі, ходзіць у народ, сее антыўрадавыя ідэі, верыць у лепшыя часы... У яго «Літаратарскіх клопатах» (у перакладзе П. Пранузы — «Літаратурныя клопаты») чытаем:
Дунін-Марцінкевіч правільна разумее, хто варты памяці народнай: «Не таго патрэбна славіць, хто на лёдзе замкі ставіць, хто спрачаецца, не дружыць, а таго, хто люду служыць»,— кажа ён у тых жа «Літаратарскіх клопатах»4. Не ўдаецца Марцінкевічу выдаць асобна беларускую кніжку — выдае яе, скампанаваўшы разам з польскімі тэкстамі. І паміж усім гэтым колькі разоў ён упадае ў глыбокі адчай і расчараванне. «Час зусім нечакана,— горка скардзіцца паэт у адным з ацалелых фрагментаў «Рэкруцкага набору»,— знішчыў шчасны мой лёс. Па радзіме каханай я праліў многа слёз. Пазірае мне ў вочы гора чорнаю хмарай, плачу ўдзень я і ўночы над разбітаю марай»5. Ці яшчэ: «Дарагі Уладзіславе, я прашу парады... Па якой пайсці дарозе, каб не стрэціць згубу, каб я з голаду не згінуў на радзіме любай»6. І тут жа ён нібы распрамляецца, распроствае плечы: «Толькі слабы плача, калі яму балюча,— кажа ён у вершаваным апавяданні «З-над Іслачы, або Лекі на сон»,— не падае духам чалавек моцнай волі»7.
Так, усё гэта Марцінкевіч, усе гэтыя словы належаць яму. Шмат чаго нам сёння здаецца незразумелым у яго паводзінах, у спосабах яго думак, у яго ўчынках. Колькі разоў даводзілася чуць дакор за незычліва сказаныя ім словы пра дачку Камілу ў яго прашэнні на імя віленскага генерал-губернатара, датаваным лютым 1870 года. Памятаеце, ёсць у тым прашэнні такія словы: «З прычыны дзёрзкасці маёй дачкі...» Так, гэтыя словы належаць Марцінкевічу. Ix напісаў менавіта ён. I ўсё ж, нягледзячы на тое, што яны напісаны рукою пісьменніка, мы не можам паверыць, што гэтыя словы выяўляюць сапраўдныя адносіны паміж Марцінкевічам і дачкой. Відавочна, усё гэта — дыпламатыя, выява Марцінкевічавага характару, спроба вырвацца з-пад паліцэйскага нагляду, каб працаваць, тварыць на карысць Бацькаўшчыны, народа. Што ж да Камілы, то Марцінкевіч сваімі словамі не мог ужо ні нашкодзіць ёй, ні палепшыць яе становішча. Яна даўно адбывала сваё выгнанне ў Салікамску, між іншым, за ідэі, якія, паводле вызначэння царскіх чыноўнікаў, запазычвала ў бацькі. У гэтым, думаецца, і моц Марцінкевіча, што ён у імя сваёй высакароднай мэты ішоў на ўсе ахвяры: душэўныя, матэрыяльныя, сваяцкія, якія здаваліся яму мізэрнымі перад агульнай сутнасцю яго парыванняў і памкненняў.
Вось яшчэ адна тыповая выява Марцінкевічавага характару. Жадаючы шчыра пісаць па-беларуску, ён увесь час думае і пра тое асяроддзе, у якім жыве. Каб не адштурхнуць ад сябе, ад свае справы мясцовую грамадскасць, творчую інтэлігенцыю, якая, паводле вызначэння М. Клімковіча, «знаходзілася ў арбіце польскай культуры», Марцінкевіч чарговы свой твор — камедыю «Sielanka» (некаторыя літаратуразнаўцы перакладаюць яе назву — «Ідылія») піша, як вядома, на польскай і беларускай мовах: паны гавораць па-польску, просты люд — па-беларуску. І гэта была не толькі выява творчай задумы, адлюстраванне рэчаіснасці, але і своеасаблівая разведка. Пісьменніку цікава было паглядзець, як будзе паводзіць грамадскасць, якая будзе яе рэакцыя на яго спробу ўвесці ў літаратурны твор беларускую мову. Пераканаўшыся, што публіка шчыра прыняла спектакль у такім моўным вырашэнні, Марцінкевіч наступны свой твор цалкам піша па-беларуску.
Асцярожны, вельмі асцярожны быў Марцінкевіч. Па-разумнаму абачлівы. І гэта натуральна. Яму, як прадстаўніку новай беларускай літаратуры, якая праходзіла пару станаўлення і самасцвярджэння, даводзілася ўвесь час жыць нібы між двума агнямі: з аднаго боку — царскае самаўладдзе, якое цалкам адмаўляла беларускаму народу ў развіцці нацыянальнай культуры, а з другога — польскія клерыкальныя рэакцыянеры, якія таксама былі не супраць растварыць беларускі народ у сваім асяроддзі. Вось між гэтымі двума афіцыйнымі напрамкамі і ўвіхаўся Марцінкевіч, вырываючы з жорсткіх лапаў нашых «дабрадзеяў» духоўны спажытак для люду, сярод якога ён жыў. Гэта пра яго царскія чыноўнікі пісалі: «Паводзін добрых і скрытнага спосабу жыцця»8. Менавіта гэтая скрытнасць давала яму мажлівасць кожнага разу адводзіць ад сябе канчатковы ўдар расправы. Гэтак было і ў час паўстання 1863 года, і ў час арышту і следства. На ўсе абвінавачванні ён казаў сваё «не»: «Не чытаў... Не чуў... Не бачыў... Не пісаў...»
Можна з упэўненасцю сказаць, што ў тую пару няшмат было такіх самаахвярных людзей, як наш пясняр. Колькі ён вынес свавольства і беззаконня!.. Ужо ў саракавым годзе яго западозрылі ў скрытнасці характару і спосабу жыцця, не даюць яму зрабіць паездку ў Карлсбад і Эмс. А далей — болей... Марцінкевіч не паспяваў вырабіцца з адной бяды, як насоўвалася другая. У 1859 годзе цэнзура спаліла зроблены ім пераклад паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш» — кніжку, якая мела на мэце «заахвоціць нашага беларускага мужыка і бедную шляхту да навукі»9. Усе намаганні Марцінкевіча выратаваць тыраж гатовай кніжкі былі безвыніковыя. Праз два гады ў Трэцім аддзяленні царскай канцылярыі на Дуніна-Марцінкевіча заводзіцца справа «О помещике Марцинкевиче, рассылавшем в Западные губернии возмутительные воззвания к литовцам». Аналагічныя справы ў 1861 годзе фабрыкуюцца ў канцылярыі мінскага і віцебскага губернатараў. Супраць пісьменніка выстаўляюцца сур'ёзныя абвінавачванні: выдае на простай мове адозвы да простых людзей, паяўляецца сярод сялян у мужыцкай вопратцы і сее бунтоўныя думкі, падбухторвае ix да злачынных дзеянняў супраць урада. «...Помещиком Марцинкевичем,— даносіў часовы мінскі ваенны губернатар Кушалеў начальніку Віцебскай губерні,— написано на народном белорусском наречии возмутительное стихотворение «Гутарка старога дзеда», имеющее целью возбудить крестьян западных губерний против правительства... Им же, Марцинкевичем, переведен на то же народное наречие запрещенный гимн...» 10. Дуніну-Марцінкевічу прыпісваюць удзел у паўстанні 1863 года, сааўтарства з Кастусём Каліноўскім у напісанні рэвалюцыйных пракламацый і «Мужыцкай праўды». У віну Марцінкевічу ставілася і тое, што ён выхоўваў сваіх дзяцей у антыўрадавым духу. Асобай пісьменніка і яго сям'ёй займаліся самыя розныя ўстановы і асобы. Прыклаў руку да гэтай сям'і і вядомы кат Мураўёў-вешальнік. Гэта паводле яго загаду ў 1863 годзе была выслана ў Сібір старэйшая пісьменнікава дачка Каміла. «Дочери помещика Марцинкевича,— чытаем у другім даносе таго ж самага Кушалева,— участвовали в пении здесь запрещенных гимнов, а насчет самого Марцинкевича получено было в минувшем октябре месяце указание о пересылке им из Вильно в Минскую губернию недозволенных сведений, относившихся до происходивших в то время в здешних краях беспорядков...» 11.
У 1864 годзе Дуніна-Марцінкевіча арыштоўваюць, аднак даказаць царскім чыноўнікам яго віну аказалася няпроста: Марцінкевіч, маючы пэўную юрыдычную падрыхтоўку, здолеў сябе так-сяк абараніць, і праз дзесяць месяцаў яго выпускаюць на волю. Але што гэта была за воля! У снежні 1865 года за пісьменнікам наладжваецца суровы, «строго гласный» і «без срока» паліцэйскі нагляд. Яму забараняецца не толькі адлучацца за межы свайго фальварка, але і ставіць спектаклі, весці заняткі ў школе, заснаванай, дарэчы, на яго ўласныя сродкі. Амаль пятнаццаць гадоў пражыў пісьменнік пад нядрэмным вокам паліцыі (да 1876 года). Царскі ўрад помсціў яму. Ён ніяк не мог дараваць пісьменніку найперш за тое, што ён узяўся абрабляць літаратурныя аблогі на той мове, якая пагарджалася, не прызнавалася. Аднак і ў гэтыя цяжкія гады пісьменнік не спыняе сваёй творчай дзейнасці. Менавіта ў гэты час ён піша свае сацыяльна вострыя камедыі «Пінская шляхта» і «Залёты».
Вось такога Марцінкевіча — пакутніка і змагара, гуманіста, асветніка, энтузіяста беларускага слова, ворага паншчыны, касмапалітызму, чалавека напорыстай волі — мы любім, шануем, прымаем. Такі Марцінкевіч сугучны нашаму часу. З затоенай скаргай, тугой і крыўдай на сваіх сучаснікаў, што не да канца падтрымалі яго парыванні, ішоў ён праз усё сваё доўгае жыццё да здзяйснення свае мэты ўпарта і настойліва.
Гэты альбом, шматлікія дакументы, фотаздымкі, малюнкі мастакоў, змешчаныя ў ім, спадзяёмся, дапамогуць глыбей зразумець душу Дудара Беларускага, яго пісьменніцкі і грамадзянскі подзвіг.
Няхай што хочуць гавораць, але ж гэта я першы паэзію нашага сялянскага люду апрануў у шаты народнай эстэтыкі, увёў на сцэну жыцця і пакінуў у шэрагу твораў айчыннага пісьменства, чым і ганаруся. Таму ласкавая крытыка «Сялянкі», «Гапона» і «Вечарніц», зробленая панамі П. М. ... у «Gazecie Codziennej», а Уладзіславам Сыракомлем, нашым вялікім паэтам, у «Gazecie Warszawskiej» змешчаная, адгадала мэту, да якой сваімі творамі я адважыўся імкнуцца. Бо ці ж не слушна думаю, што праз ix наш селянін, будучы заахвочаны да навукі чытання, паволі разаўе свой розум, ахоплены дагэтуль цемрай, а змякчаючы звычаі, пазбудзецца ўкаранелых дрэнных заган і заахвоціцца да выканання цяжкога прызначэння ў сваім жыцці. Ці ж малая гэта будзе для мяне ўзнагарода? — Аднак яна павялічыцца ўдвая, калі твор гэты будзе вамі ласкава прыняты.
...Шмат пішучьі і шмат друкуючы, ён абуджаў вакол сваіх твораў развагі і палеміку, нагадваў пра існаванне беларускай мовы і зародкаў беларускай літаратуры, скіроўваў думку пра мажлівасць ix далейшага развіцця.
Да выхаду ў 1891 г. кракаўскага выдання «Дудкі беларускай» Францішка Багушэвіча кнігі Дуніна-Марцінкевіча заставаліся амаль адзінымі паэтычнымі зборнікамі з беларускімі творамі, першымі вестунамі прыгожага пісьменства Беларусі на славянскім літаратурным мацерыку.
1. ЗЯМЛЯ БАЦЬКОЎ
— Кажуць, тут некалі нарадзіўся Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч?
— Чула, але няграматная, сынкі. Мне ўжо восемдзесят восьмы гадок, што ведала, то і забылася...
— Ці быў тут які панскі дом?
— А як жа, сынкі, быў дом... От там, на пагорку, стаяў драўляны. Помню, як жа... От дзе сенажаць цяпер, там стаяў драўляны дом на два паверхі. Маёнтак той даўно разабралі...
Дзесьці на гэтым лапіку туліўся калісь сярэдняй заможнасці фальварак.
Паводле «Слоўніка геаграфічнага Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў» фальварак Панюшкавічы месціўся над безыменным прытокам пры ўпадзенні яго ў Бярэзіну. Зямля тут была ўрадлівая, багатая лугамі і рыбай. За дзевяць вёрстаў ад Бабруйска, пры тракце на Свіслач. Вінцуковы бацькі арандавалі гэты фальварак. З 1869 года гаспадарыў тут пан Савініч. Згадваюць таксама, недалёка ад фальварка была мураваная могілкавая каплічка.
Мясцовасць у Панюшкавічах раўнінная, гладкая, хоць бокам каціся. Але затое ўздоўж Бярэзіны, на яе берагах, прырода навырабляла шмат розных цудаў-выкрунтасаў. Тут і доўгія, разгоністыя, як выспы, пагоркі з грывамі меднастволых соснаў, якія нагадваюць напятыя ветразі, а між пагоркамі глыбокія яры, парослыя арэшнікам з альхоўнікам. На панюшкавіцкай сядзібе пры самай Бярэзіне з пракаветных часоў прымасціўся старанна аброблены велічны курган-гарадзішча. Гэтае гарадзішча — у Панюшкавічах яго называюць Гарадком — сваёй таямнічасцю хвалявала не адно пакаленне тутэйшых людзей. Вінцук Марцінкевіч не быў выключэннем. Яго таксама вярэдзіла таямніца гэтага панюшкавіцкага кургана: «Адкуль ён тут? Хто гэтак старанна абрабіў, акругліў, нібыта з брытвай пахадзіў? Якое тут жыццё колісь віравала?» Шмат і іншых пытанняў і думак мроілася ў дапытлівай і назіральнай Вінцуковай дзіцячай душы, пакуль ён рос і гадаваўся ў Панюшкавічах.
З'явіўся Вінцэнт на свет кволым хлопчыкам. Бацькі, турбуючыся за яго лёс, паспяшаліся ахрысціць сваё немаўля ў дзень яго народзін — 23 студзеня. У метрычнай кнізе Бабруйскага парафіяльнага касцёла за 1808 год пра гэтую падзею запісана так:
«Года Божага 1808 студзеня 23 дня я, Ігнат Якуб Даліва-Садкоўскі, прэлат, кантар мінскі, канонік Жытомірскай кафедры, доктар філасофіі, краснасельскі настаяцель, ахрысціў адной вадой дзеля небяспекі для жыцця дзіцяці, названае двума імёнамі Вінцэнт Якуб, якое нарадзілася ў згаданы дзень. Сына яго міласці Івана Марцінкевіча, падчашага навагрудскага, і Марцыяны з Нядзведскіх. Высакароднымі кумамі былі яго міласці Іпаліт Паўловіч з яе міласцю Юліянай Марцінкевічанкай, дачкой падчашага навагрудскага».
З Панюшкавічаў да Бабруйска вядуць два шляхі: мінскі — з выездам праз свіслацкі тракт ля Сычкава і вясковы — уздоўж Бярэзіны. Якім шляхам везлі Вінцуся ў Бабруйск хрысціць — цяжка сказаць. Найбольш прывабны і рамантычны — уздоўж Бярэзіны. Ён ідзе праз вёскі Шчадкаў, Антонаўка, Лукі... Гэты шлях, нібы сама калыханка, з пагорка на пагорак, з вёскі ў вёску — калых-калых, і ўсё ўздоўж дзівоснай Бярэзіны. Мо гэтым шляхам і везлі Вінцука да хросту 23 студзеня 1808 года. Ba ўсякім разе шлях гэты можа абудзіць у чуйнай душы рамантычныя настроі...
У сям'і, апрача Вінцука, гадавалася старэйшая на два гады сястра Гэлена. Шмат апекавалася Вінцуковым выхаваннем яго маці — Марцыяна. Рос хлопчык уражлівы, назіральны, рана асірацеў.
Непаўторная пара маленства! Усё наўкола ў гэтую пару невядомае, неспазнанае. Цікавая кніжка! Таямнічы прыдарожны крыж! Усё такое трапяткое, загадкавае. У пару Марцінкевічавага маленства крыжы-абярэгі ў Панюшкавічах стаялі пры выездзе з сядзібы на вёску Шчадкаў і пры масточку праз рачулку, якая мела назву Панюшкавічы. Менавіта яна і дала назоў слыннаму цяпер фальварку.
У Панюшкавічах будучы пісьменнік увабраў у душу малюнкі роднай прыроды, побыту людзей, ix працу, беларускую мову — усё тое, з чым пойдзе ў далёкі і вялікі свет і пранясе праз усё жыццё. Недалёка ад Панюшкавічаў, пры дарозе ў вёску Сычкавічы, стаяла карчма, дзе на святы збіраліся сяляне. Вінцук, пэўне, быў тут не адзін раз хлопчыкам і падлеткам разам з сваімі бацькамі, слухаў тут народныя песні, паданні, легенды, здарэнні, глядзеў, як бавіць час моладзь, цешыўся яе скокамі пад скрыпачку ды дуду. Усё гэта вельмі моцна ўражвала Вінцука. У сваіх «Літаратарскіх клопатах» ён пра той час напіша: «Яшчэ даўно, у юнацтва дні, даваў я думкам волю». А думкі былі і такія: «Чаму гэта — адны робяць, працуюць да сёмага поту, a іншыя спажываюць іхнюю працу?!»
Селянін падданы
Хлеб малоціць пану.
Пыл віецца, точыць
Вушы, нос і вочы,
Горла забівае,
На твар асядае
І грызе за шыю,
А сяляне тыя
Шлюць праклён з-пад носа,
Пазіраюць скоса,
Што жывеш ix працай
Сыты ў палацы.
В. Дунін-Марцінкевіч. Літаратарскія клопаты.
Далёкія продкі В. Марцінкевіча паходзілі з Смаленшчыны. У Смаленскім ваяводстве, у Малахаўскай акрузе, у ix быў маёнтак, які так і называўся — Марцінкевічы.
Род Марцінкевічаў меў свой герб — герб Лебедзя. На чырвоным полі — срэбраны птах. I ў кляйноце над шлемам, на кароне такі ж лебедзь. Велічная птушка з узнятымі крыламі, упэўненай постаццю выклікае давер, павагу і замілаванасць. Яна цвёрда стаіць на кароне. Яна гатова ўзляцець з яе ў нязведаную высь. Пачцівая птушка — як бы ў аснове падмурка герба і на яго вяршыні, на самой кароне. Гэта знак таго, што род Марцінкевічаў даўні, чысты і знакаміты. Герб Лебедзь засведчаны яшчэ ў сярэднявеччы, з 1257 года...
Род Марцінкевічаў герба Лебедзь, прыдомка Дунін, з найдаўнейшых часоў карыстаўся шляхецкімі правамі...
Маёнтак Панюшкавічы здаўна ўваходзіў у Бабруйскую беніфацыю. Ён, нароўні з іншымі ўладаннямі, належаў магілёўскаму архіепіскапу Станіславу Богушу-Сестранцэвічу, блізкаму сваяку Вінцуковай маці Марцыяне з Нядзведскіх. Даследчык гісторыі Панюшкавічаў Уладзімір Ліпскі выказвае меркаванне, што, калі Марцыяна выйшла замуж за Яна Марцінкевіча, уплывовы біскуп даў ім тут прытулак. Давяраў біскуп Панюшкавічы толькі надзейным людзям. У 1817 годзе імі правіў яго пляменнік. Вядома, і сам Богуш-Сестранцэвіч не адзін раз быў у Панюшкавічах. Не адзін раз браў на рукі і пяшчотна гладзіў па галоўцы малога Вінцука, ласкава гарэзіў з ім, забаўляўся.
З дзяцінства асірацелы і маючы нядбайную радню, я зусім не меў нікога, хто б заняўся радаводнымі справамі нашага роду. Цяпер жа, дажыўшы да сталых гадоў, я ледзьве змог здабыць ад сваякоў нашы паперы, якія маю гонар падаць у тутэйшую дэпутацыю ў наступным парадку...
Хоць Вінцук Марцінкевіч і належаў да патомнага шляхетнага роду, але гэта яму аніколькі не зашкодзіла быць блізкім да простата люду. Яго душа з маленства прагла ведаў, пазнання. Напачатку яго адукацыяй і выхаваннем займалася маці, але хлопчык падрастаў, і трэба было думаць пра яго далейшую вучобу. Самым блізкім ад Панюшкавічаў месцам, дзе можна было падоўжыць навуку, быў павятовы Бабруйск.
Бабруйск — летапісны Баброўск, Бабрууеск, Бабрусек — на Бярэзіне ў Марцінкевічаву пару нагадваў самае звычайнае мястэчка. Забудова, апрача касцёла ды царквы, была такая ж, як і на вёсцы. Драўляныя хаты з чатырохскатнымі стрэхамі, з халоднымі сенцамі. Скрозь пуні пад сена, адрыны пад збожжа, якое малацілі па начах. І побыт быў вясковы. У хатах лавы, сталы, канапы... На печах — дзяды. I духоўнае жыццё ў горадзе было такое ж, як і на вёсцы. На Каляды хадзілі калядоўнікі, вадзілі казу, спявалі пад вокнамі, шчадравалі: «Дарыце — не барыце. Кароткія світкі, памерзлі лыткі...» Лавілі рыбу. Ганялі чаўны, лодкі, паромы. Важныя навіны сюды прыходзілі запознена, часта як чуткі, як нехта нешта казаў.
Слынны быў Бабруйск у гады Марцінкевічавага маленства і сваёй крэпасцю. Пра гэтую крэпасць хадзілі самыя розныя паданні, легенды. Сваёй таямнічасцю гэтыя роспавяды кружылі галовы ўсім тутэйшым хлопчыкам. Казалі пра падземныя хады, пераходы, глыбокія казематы. Ля адной з крапасных брамаў, на шырокай каменнай пліце, юны Вінцук аднаго разу прачытаў: «Кавказа... доставлен сие на землю белорусов... апрель, 27 дня 1811 года». Прачытаў і здзівіўся: «Значыцца, зямля, на якой ён нарадзіўся і жыве, завецца Беларуссю, а народ, адпаведна, беларускі. У вучэльні ім пра гэта ніколі не казалі. Чуў толькі пра Літву. Літва і Беларусь — гэта адно і тое ж ці рознае?..»
ЛІТВІНКА
Чатырохгадовым хлопчыкам ён быў сведкам і яшчэ адной гістарычнай падзеі: паходу Напалеона на Расію праз Беларусь. Адзін з французскіх карпусоў генерала Латург-Мабурга перапраўляўся праз Бярэзіну якраз ля Панюшкавічаў. Было гэта ўлетку 1812 года.
Тлумачачы прычыну свае шчырай любасці да роднага кута, Марцінкевіч у прадмове да вершаванай народнай аповесці «Купала» пісаў: «Кожны божы створ прывязваецца да роднага кута, у якім, выходзячы з мацярынскага лона, выдаў першыя гукі, у якім, падтрыманы чулымі, клапатлівымі рукамі бацькоў, ступіў першыя крокі. Таму я, выхаванец Бабруйскага павета, ужо ў пазнейшыя часы, неаднаразова наведваючы зямлю бацькоў, з цікавасцю прыглядаўся да побыту сялянаў, якія насялялі бабруйскія абшары».
На радзіме Марцінкевіч заўсёды быў жаданым чалавекам. Тут жылі яго даўнія сябры, дбайныя гаспадары. Адзін з ix — уладальнік Рудабельскага маёнтка Аляксандр Лапа, пра якога Марцінкевіч пісаў: «Не панская гут, a бацькоўская кіруе рука». Між іншым, у двары абшарніка Аляксандра Лапы служылі продкі Максіма Багдановіча — дзед Юрка, прыгонны кухар, і бабка Анэля, слынная апавядальніца і казачніца.
У 1852 годзе Марцінкевіч прыязджае ў родны горад з тэатральнай трупай і паказвае тут сваю любімую пастаноўку «Сялянка». Сустрэча тая з землякамі была незабыўная! Бабруйчане сустрэлі пісьменніка шчыра, сардэчна. Яны ўпершыню ўбачылі яго на сцэне як акцёра.
У снежні 1854 года Марцінкевіч зноў наведвае Бабруйшчыну. У час гэтай паездкі ён піша шэраг вершаў. Адзін з ix называецца «Смутак на чужыне»:
Марцінкевіч ганарыўся, што паходзіць з Бабруйшчыны, заўсёды падкрэсліваў, што ён выхаванец Бабруйскага павета. Жывучы ў Мінску і Люцінцы, ён ніколі ні на хвілінку не парываў у душы сваёй крэўнай повязі з зямлёю продкаў. Панюшкавічы і Бабруйск не раз прыходзілі да яго ў хвіліны роздуму і ўспамінаў. Яму заўсёды бачылася плынная, у засені хмызоў і дрэў па берагах, Бяроза, лугі з векавымі дубамі, утульныя сядзібы і фальваркі, вузкія залацістыя загоны-палеткі збажыны і заўсёды людны тракт у Свіслач, вобразы блізкіх і родных. Усё гэта адгукнецца ў яго патрыятычным пралогу да апавядання ў вершах «Благаславёная сям'я». Геаграфічныя назвы Бабруйшчыны гучаць і ў вершаванай аповесці «Купала». I найперш за ўсё — Рудабелка з яе легендамі і паданнямі пра Купалле, спрадвечнае славянскае свята.
Часта Дудар Беларускі наведваў сядзібу і яшчэ аднаго свайго бабруйскага земляка — Ксавэры Вайніловіча. Тут кожны год правілася гадавое свята Спаса. На адным з такіх фэстаў Марцінкевіч пазнаёміўся з тутэйшым арандатарам Іванам Баляславам Луцкевічам, бацькам будучых беларускіх адраджэнцаў — Івана ды Антона. Знаёмства гэтае для будучыні Беларусі мела вялікі плён.
Згаданыя ў вершы Тарасэвічы — гэта колішні маёнтак-двор Марцінкевічавага земляка Ксавэры Вайніловіча. Верш «Заўтра Спаса, кажуць людзе...» быў напісаны, як пазначыў сам аўтар, «пятага серпня 1868 року» ў Карытне, якое таксама на Бабруйшчыне.
Шмат было ў Марцінкевіча на сваёй радзіме прыяцеляў, сяброў. Невыпадкова, мабыць, праз шмат гадоў, прыкладам у 1927 годзе, менавіта ў мясцінах яго маленства і юнацтва быў знойдзены рукапіс Марцінкевічавай вершаванай аповесці «Гапон», а таксама нязнаная пісьменнікава фатаграфія. Шанавалі песняровы землякі дарагія памяткі па ім, бераглі, перадавалі з пакалення ў пакаленне.
Панюшкавічы сёння — невялікая, хат на дзесяць, вёсачка. Даўно няма на свеце тых людзей, якія хоць калі сустракаліся з нашым песняром. Але ўсе яе цяперашнія жыхары добра ведаюць, што менавіта тут, у Панюшкавічах, нарадзіўся, рос, набіраўся сілы слаўны сын беларускага народа Вінцук Марцінкевіч.
У пару Марцінкевічавага маленства Панюшкавічы часта ў тагачасным друку называлі Панюшкевічамі. Яны разам з Бабруйскам у тую пару належалі Мінскай губерні.
2. ПЕЦЯРБУРГ, ВІЛЬНЯ
Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч быў даволі вядомы ў Расійскай імперыі дзеяч. Поўны яго тытул такі: «Мітрапаліт рымска-каталіцкіх цэркваў у Расіі, архіепіскап магілёўскі, адміністратар віленскай епархіі, старшыня рымска-каталіцкай духоўнай калегіі ў першым дэпартаменце...»
Пры такім тытуле Вінцукоў сваяк папераменна мог жыць і ў Пецярбургу, і ў Вільні, і ў іншых мясцінах разам з Вінцуком, беручы яго з сабой.
Богуш-Сестранцэвіч спрыяў адкрыццю новых школ на Беларусі, заснаваў у Магілёве друкарню, пісаў пропаведзі, трактаты па гісторыі, перакладаў з англійскай мовы, выдаў шэраг навуковых прац...
Богуш-Сестранцэвіча ведала Расія і Польшча. Ён быў, апрача ўсяго, прэзідэнтам вольнага эканамічнага таварыства, ганаровым членам Маскоўскага, Кракаўскага універсітэтаў. Пражыў доўгае жыццё — дзевяноста пяць гадоў. Ёсць звесткі, што Богуш-Сестранцэвіч быў аўтарам не адшуканай пакуль беларускай граматыкі... Вось якая асоба занялася выхаваннем Вінцука Марцінкевіча.
Доўгі час даследчыкі творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча не ведалі, куды пасля Панюшкавічаў ды Бабруйска пакіраваліся Вінцуковы шляхі-дарогі. Паводле адных звестак называўся Пецярбург, паводле іншых — Вільня. Але вось у рэвізскай кніжцы жыхароў фальварка Панюшкавічы за 1821 год у графе «дзе хто жыве» пазначана: «Гэты ж малалетні Вінцэнт у мінулым 1819 годзе адпраўлены ягонай маці з Панюшкавічаў у м. Санкт-Пецярбург пад апеку рымска-каталіцкіх цэркваў біскупа Сестранцэвіча, які там знаходзіцца».
У 1819 годзе Вінцэсю было адзінаццаць гадкоў. Сіроцкае паўгалоднае вясковае жыццё сярод маляўнічай прыроды яму, гэтаму верабейку пад саламянай страхой, давялося, паводле слоў Язэпа Янушкевіча, «памяняць на сталічны лад». Вінцук «становіцца гарадскім укормленым галубком-пестунком, якому кожны высокі госць, дапушчаны на аўдыенцыю ў апартаменты мітрапаліта ўсіх рымска-каталіцкіх касцёлаў Расіі, рады быў падрыхтаваць смачны ласунак. Абы ахвота кляваць!»
Выхаваннем Вінцука займаўся сам біскуп — вучоны, лінгвіст, драматург, палітычны і царкоўны дзеяч. Кажуць, выхаваўца ён быў досыць суровы, патрабавальны. Вінцук часта любіў згадваць, як яму жылося ў свайго апекуна. Асабліва яму запомніўся звычай перакульвання талерак. За якую-небудзь правіну Вінцук мусіў праседжваць разам з біскупам за адным сталом цэлы абед, галодны, над перакуленай талеркай.
Гэтую згадку пра Вінцэнта і яго шаноўнага сваяка ў сваю пару занатаваў вядомы беларускі даследчык і збіральнік каштоўных архіваў Рамуальд Зямкевіч. Праўда, гэтыя падзеі, паводле яго слоў, адбываліся нібыта не ў Пецярбургу, a ў Вільні.
Вільня — даўняя сталіца Беларусі. Тут шмат што яшчэ нагадвала пра моц і славу колішняй беларуска-жамойцкай дзяржавы, якая называлася Вялікім княствам Літоўскім, Рускім і Жамойцкім. У нямым здзіўленні стаяў юнак перад Вострай Брамай, цешыўся яе веліччу, пільна ўглядаўся ў абрысы колішняга герба — вершніка на кані і думаў-думаў: «Колькі ж праз гэтую браму прашугала падзей, горкіх і ўрачыстых! Гэтая ж брама памятала і нашых славутых князёў і асветнікаў: Міндоўга, Гедыміна, Альгерда, Ягелу, Вітаўта, Скарыну, Сапегу, Буднага...»
Віленская, Ковенская, часць Гродзенскай і Мінскай губерняў,— ды ў Польшчы Аўгустоўская,— то ж палавіна амаль прускай зямлі твораць старую Літву, з катораю яшчэ за даўніх літоўскіх князёў Гедыміна, Вольгерда, Віта (Вітольда) і другіх Чорная, Белая і Малая Русі пабраталіся, вось родныя і жылі так, зліўшыся ў адно аж да нашых дзядоў...
Усё ўражвала юнака ў Вільні — Замкавая Гара і палацы, святыні і храмы. З усяго дыхала гісторыяй, даўніной, усё апавядала пра жыццё продкаў.
Не мінаў ён, вядома, і віленскія тэатры. Ён і сам яшчэ тады не ведаў, што тэатр запалоніць яго душу, стане часткай яго жыцця. Але ўжо ў Вільні пасля кожнага відовішча ў яго душы штосьці варушылася, абуджалася.
Каб Вы, Князі, любілі не толькі чужаземныя мовы, але каб вашы Княжацкія міласці палюбілі таксама і тую, здаўна слаўную мову славянскую, і каб на ёй размаўлялі. Бо слушным ёсць тое, каб вашы Княжацкія міласці любілі мову таго народа, якім даўныя продкі і іх Княжацкія міласці паны бацькі вашых Княжацкіх міласцяў спрадвеку слаўна кіруюць.
Сымон Будны. З прадмовы да “Катэхізіса”.
Вільня з даўніх часоў слыла як вялікая кніжніца. Тут была ўжо і тады неблагая універсітэцкая бібліятэка. Багатыя былі і кніжныя віленскія крамы. Вінцук нічога не мінаў, заходзіў у кнігарні, запыняўся перад кожнай кніжкай: гартаў іх, разглядаў. Асабліва яго ўразілі віленскія беларускія старадрукі: Статут Вялікага княства Літоўскага, «Трыбунал» – помнікі старажытнай беларускай юрыдычнай думкі, мовы. Знаёмства з беларускімі старадрукамі абудзіць у Вінцука цікавасць да лёсу народа, сярод якога ён нарадзіўся. Юнак зразумеў: у сярэднявеччы быў культурны і палітычны ўздым, росквіт краю, а затым адбыўся заняпад. Гэта адкрыццё змусіла юнака моцна задумацца.
Сугучныя Вінцуку былі і думкі старажытных асветнікаў пра замілаванне да роднага краю, мовы. Але ўсё гэта была самаадукацыя.
У Вільні Вінцук завядзе сабе шмат новых знаёмых, сяброў. Былі гэта пераважна музыкі, акцёры, цэнзары, выдаўцы, кнігары. Асабліва прываблівалі ў Вільні Марцінкевіча літаратурныя вечары, якія ладзіў вядомы краязнаўца, археолаг, этнограф і публіцыст, рэдактар і выдавец газеты «Кур’ер віленскі» (выходзіла на польскай і рускай мовах) Адам Кіркор. На гэтыя вечары збіраліся пераважна дэмакратычныя прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі. Тут у Марцінкевіча была нагода сустрэцца з Уладзіславам Сыракомлем і Станіславам Манюшкам, Вінцэсем Каратынскім і Мікалоюсам Акялайцісам, Ястафам Тышкевічам і Антонам Адынцом… Усе яны цікавіліся беларушчынай і працавалі на гэтай ніве.
У Вільні Марцінкевіч выдасць першую сваю кніжку – «Сялянка». Тут яго дзеці – Каміла і Міраслаў – дадуць першыя музычныя канцэрты. У Вільні разыграецца драма з выдадзеным перакладам «Пана Тадэвуша» на беларускай мове. Тут яму ўдасца выдаць апошнюю сваю прыжыццёвую кніжку — «Люцынка, альбо Шведы на Літве». У Вільні ён напіша і шэраг сваіх твораў. Адзін з ix — прыгожая элегія «Літвінка». У Вільні вырашыцца і сямейны Вінцукоў лёс: шчыра ўпадабаў маладзенькую дачку свайго працадаўцы, шаснаццацігадовую Юзэфу, і звёз яе ў Мінск.
3. МІНСК ГУБЕРНСКІ
Вельмі плённым для Марцінкевіча было жыццё ў Мінску. Тут ён распачаў сваю літаратурную і тэатральную дзейнасць.
Пасяліўся пісьменнік на ўскраіне Мінска, за губернатарскім садам (цяпер парк імя Горкага). У старой літаратуры гэтая мясціна апісана так:
«На рагу Захараўскай і Белацаркоўнай вуліц туліцца невялікі, вельмі стары, увесь у садку, дамок. Гэты стары, усімі забыты дамок... меў яшчэ не гэтак даўно гучную назву Аляксандраўскага палаца... На рагавіку вуліцы, каля садка Аляксандраўскага палаца, знаходзіцца вялікі чырвоны крыж, які вельмі ўшаноўваюць тутэйшыя жыхары і пра які паспела ўжо скласціся паданне, якое гаворыць, што, пакуль гэты крыж стаіць, усё насельніцтва прылеглых да яго мясцін абаронена ад усялякіх эпідэмій, пажараў і іншых няшчасцяў.
Намітусь праз вуліцу ад Аляксандраўскага палаца ў часы так званых водкупаў знаходзілася застава з шлагбаумам...
Калі пройдзем колькі сажняў ад колішняй заставы наперад, мы апынёмся ля дамка, які належыць зараз Бржазіцкаму. У тым месцы, дзе цяпер цягнецца дашчаны паркан, побач з брамай дома Бржазіцкага стаяў невялікі дамок беларускага паэта Дуніна-Марцінкевіча». (А. Слупскі. Стары Мінск. — «Минский листок», 1885.)
Да гэтага дамка ведалі дарогу шматлікія тагачасныя дзеячы мастацтва, культуры, музыкі, літаратуры.
Найпрыгажэйшым кутком Мінска ў Марцінкевічаву пару лічыўся, безумоўна, Саборны пляц. Гэта быў дзелавы і духоўны цэнтр губернскага горада. Тут некалі знаходзіліся мінская кансісторыя, крымінальны суд. Ba ўсіх гэтых установах працаваў пісьменнік: спачатку чыноўнікам, затым перакладаў паперы з польскай мовы на расейскую, быў архіварыусам. Яшчэ раней, у 1827-1829 гадах, Марцінкевіч вучыўся пры Мінскім межавым судзе на каморніка. Сюды ж, на Саборны пляц, хадзіў Марцінкевіч і на набажэнства. На гэтым жа пляцы месціўся і мінскі тэатр. Усё гэта рабіла плошчу заўсёды люднай, ажыўленай, давала Марцінкевічу шмат цікавых назіранняў.
На гэтай жа плошчы месцілася і яшчэ адна важная ўстанова — рэкруцкая зборня. Не адзін раз пісьменніку даводзілася назіраць самотныя малюнкі набору рэкрутаў. Невыпадкова, пэўна, тэма рэкрутчыны пройдзе праз многія яго творы. Гэтай тэме цалкам прысвечаны і адзін з ранніх яго твораў. Ён так і называецца — «Рэкруцкі яўрэйскі набор».
Апрача «Рэкруцкага набору», з-пад яго пяра з'явіліся яшчэ аперэткі «Чарадзейная вада», «Спаборніцтва музыкаў». Аднак усе гэтыя Марцінкевічавы творы да нас не дайшлі. Маем мы толькі яго «Сялянку». Яна была выдадзена асобнай кніжачкай у 1846 годзе ў Вільні. Пасля «Сялянкі» Дуніну-Марцінкевічу доўга не ўдаецца нідзе нічога надрукаваць, хаця працаваў ён шмат і плённа. У краіне панавала чорная мікалаеўская рэакцыя. Але вось насталі пяцідзесятыя гады, і ў Марцінкевіча пасыпаліся, нібы зоркі з неба, адна кніжка за адной — «Гапон», «Вечарніцы і Апантаны», «Цікавішся? — Прачытай!», «Дудар беларускі».
Пісаў Марцінкевіч свае беларускія творы, як і іншыя яго сучаснікі, лацінкаю. Пасля, праўда, ён пяройдзе і на кірыліцу. Але гэта будзе пазней. А пакуль жа яго кнігі выходзілі толькі лацінкаю. Але і тут не ўсё было проста. Над беларускай жа мовай вісеў меч забароны, яна афіцыйна была непрызнаная. Калі Марцінкевічу не ўдавалася выдаць чыста беларускую кніжку, ён кампанаваў яе з сваімі творамі на польскай мове і выдаваў змешаныя зборнікі — беларуска-польскія ці польска-беларускія. Галоўнае для Марцінкевіча было — здабыць для беларускай мовы яе грамадскае прызнанне. І тут ён быў паслядоўны, рашучы.
«Гапон» — першы Марцінкевічаў твор, цалкам напісаны па-беларуску. У ім, гэтак жа, як і ў «Рэкруцкім наборы», розныя прыгоды з юнаком, пакліканым у войска.
Вершаваная аповесць «Гапон» была аздоблена чатырма ілюстрацыямі, чатырма малюнкамі. Згаданыя малюнкі даносяць да нас час, эпоху, побыт той далёкай пары.
Беларусы любілі гэтую жывую, трохі наіўную народную аповесць, завучвалі яе на памяць, перапісвалі ў свае сшытачкі, пашыралі з вёскі ў вёску, з мястэчка ў мястэчка.
У гісторыю беларускай літаратуры Дунін-Марцінкевіч уваходзіў як аўтар «Гапона». У лёсе беларускай дарэвалюцыйнай літаратуры паэма «Гапон» — твор этапны, у пісьменніцкім лёсе Дуніна-Марцінкевіча — прадвызначальны. Менавіта ім наша літаратура звяртала на сябе шырокую ўвагу, ім зацвярджаўся асноўным героем чалавек з народа, асноўным эстэтычным прынцыпам дэкларавалася ўвага да жыцця, працы і побыту прыгоннай вёскі, сцвярджалася эстэтычная каштоўнасць праяў жыцця народных мас, ix творчасці — фальклору, абвяшчалася эстэтычная каштоўнасць самой мовы мужыка, беларускай мовы. «Гапон» сыграў ролю як бы маніфеста новай беларускай літаратуры, яе першапачатковага, дэмакратычнага ў сваёй аснове ідэйна-эстэтычнага крэда.
Якасна новай цаглінкай у падмурак нашай літаратуры быў і Марцінкевічаў зборнік з акрэслена выразнай назваю «Дудар беларускі», які выйшаў таксама ў Мінску ў 1857 годзе. У яго ўвайшлі адпаведныя творы з беларускай тэматыкай. Сярод ix — «Літаратарскія клопаты», «Шчароўскія дажынкі», верш «Пачцівым беларусам», «Верш Навума Прыгаворкі», у якіх пісьменнік выразна акрэсліў сваю пазіцыю да беларускай мовы, культуры, народа.
Зборнік «Дудар беларускі» завяршаў мінскі Марцінкевічаў творчы ўзлёт. Пасля выхаду гэтага зборніка больш Марцінкевічу не ўдалося выдаць у Мінску ніводнай кніжкі.
Творчыя парыванні В. Дуніна-Марцінкевіча шчыра падтрымлівалі многія дзеячы літаратуры, мастацтва. Сярод ix — найперш Станіслаў Манюшка, Уладзіслаў Сыракомля.
Маёнтак Шчаўры паблізу Крупак колісь належаў Марцінкевічавым прыяцелям Юлі і Артуру Рашкоўскім. Тут Дудар Беларускі заўсёды быў жаданым госцем. Яго тут паважалі найперш як беларускага песняра.
Непадалёку ад Шчаўраў месціўся і маёнтак Хацюхова. Тут наш пясняр прыпаў душою да пані Марыі Грушэўскай, якая стала ягонай другой жонкай. Першая, Юзэфа Бараноўская, памерла ў 1854 годзе.
Пан Марцінкевіч мае цудоўны дар — вобразна маляваць народ—ручаюся пэўна, бо добра ведаю гэты шчыры народ беларускага племя. Па-майстэрску паказаны яго звычаі, прымаўкі, склад думак, калі паэт заглядае ў сэрца герояў, ёсць у яго малюнках і жыццё, і праўда...
Пекная гэтая галіна славянскай мовы — той крывіцкі дыялект — і старая! Бо гэта мова нашага Літоўскага статута і заканадаўства на працягу двух стагоддзяў — XVI і XVII. І пашыраная! Бо смела можна сказаць, што на ёй размаўлялі тры чвэрці даўняй Літвы, народ, шляхта і паны...
I я навучыўся крывіцкае мове і валодаў ёй з пэўнай элеганцыяй у размовах з добрым сялянствам Жукава Барка. Выгнаны з тых старонак бураю жыцця, я запомніў, аднак, гэтую мову настолькі, што магу зрабіць чытачам сумленную справаздачу наконт другога твора пана Марцінкевіча, якім з'яўляюцца «Вечарніцы».
Кожная мова праходзіла эпоху дзяцінства... Хай жа аўтар не стамляецца ў сваім высакародным намаганні выхоўваць народ, няхай асвячае яму галаву, узнімае сэрца, выбіраючы надзённыя прадметы для сваіх апавяданняў. (...) Паэзія народная, беларуская, з'яўляецца арэнай п. Марцінкевіча — няхай ён трымаецца на ёй як сапраўдны гладыятар.
Апалінар Концкі (1825-1879) — вядомы кампазітар і скрыпач, талентам якога захапляўся Марцінкевіч. У 1856 годзе Концкі разам з Манюшкам наведаў Мінск, быў Марцінкевічавым госцем. З гэтай нагоды Дудар Беларускі прывітаў ix шчырым вершам, які называўся «Верш Навума Прыгаворкі».
Пісьменніцтва прынесла Марцінкевічу не толькі радасць, але нямала засмучэнняў.
Упершыню Адам Плуг сустрэўся з Дуніным-Марцінкевічам, мяркуюць, у 1856 годзе. Тады ж з'явіўся і верш «Да В. Марцінкевіча, аўтара твораў на беларускай гаворцы»:
Пра сваю паездку ў Мінск, пра сустрэчу з В. Дуніным-Марцінкевічам Адам Плуг расказаў у польскім часопісе «Кроніка вядамосьці краёвых і замежных» за 1858 год, дзе падтрымліваў і бараніў імкненне беларускага дудара стварыць прафесійную літаратуру на беларускай мове. Сам Адам Плуг у гэтую пару жыў на Украіне, настаўнічаў і адначасова папулярызаваў здабыткі маладой беларускай літаратуры, пісаў па-беларуску.
У Марцінкевічавы часы ў Мінску была толькі адная вялікая кнігарня. Яна, як і шматлікія іншыя асветныя ўстановы, таксама месцілася на Саборнай плошчы. Будынак захаваўся — зараз гэта Пляц волі, 2. Гэта была двухпавярховая камяніца. Увесь першы паверх займалі кнігарня і кніжны склад. Належалі яны братам Бейліным. Менавіта ў іхняй кнігарні прадаваліся Марцінкевічавы кнігі. Менавіта сюды забягаў сам Марцінкевіч, каб вырашыць свае выдавецкія і розныя кніжныя клопаты. У 1855 годзе ўладальнікі гэтай кнігарні сваім накладам выдалі Марцінкевічаву кнігу «Гапон».
Побач з кнігарняй, праз уваходную арку, месцілася і кавярня — у Марцінкевічаву пару яе называлі цукерня. Тут збіраліся паэты, мастакі, акцёры, музыкі. Як сведчаць дакументы, у цукерні заўсёды было весела, шумна, вяліся сяброўскія гаворкі, нязмушана гучаў смех.
Пашыраў у Мінску Марцінкевічавы кнігі і прадавец-разносчык парфумы італьянец Рып. Не вельмі проста было яму гэта рабіць.
Дунін-Марцінкевіч любіў Мінск, яго архітэктурную веліч. Назваў яго «міленькі». У яго тут было шмат сяброў і прыяцеляў. Ён быў сваім чалавекам у Манюшкаў. Ведаў ён дарогу і да Ваньковічаў. Балазе, былі суседзі, жылі на Валоцкай.
Дзеці В. Дуніна-Марцінкевіча — Каміла і Міраслаў — былі музычна здольныя. Першым заўважыў іхнія здатнасці С. Манюшка, тады сам яшчэ малады музыка. Менавіта ён упрасіў свайго старога настаўніка музыкі Дамініка Стэфановіча заняцца пісьменнікавымі дзецьмі, развіць і ўдасканаліць іхні талент, іхнія прыродныя задаткі.
Сваю артыстычную дзейнасць Каміла з Міраславам распачалі з 1846 года. Каміле на тую пару было дзевяць гадоў, Міраславу — восем. У 1847 годзе яны выступілі ў Вільні, і з гэтай нагоды ў «Віленскіх губернскіх ведамасцях» з'явіўся шчыры водгук. Гэтак жа шчыра адгукнуліся пра юных артыстаў у 1849 годзе «Кіеўскія губернскія ведамасці». Камілу і Міраславу называлі «отрадным и замечательным явлением», жадалі гэтым юным кветкам вялікага росквіту. «Слава іхняя,— пісала газета,— наперадзе!»
Такія водгукі, бясспрэчна, цешылі Марцінкевічава бацькоўскае сэрца. Каміла, апрача артыстычна выканаўчых здольнасцей, мела і кампазітарскія: сама пісала музыку, стварала мелодыі.
Вабілі пісьменніка і шматлікія ваколіцы Мінска. Ён часта наведваў і тады ўжо слынную Лошыцу. Тут колісь жылі яго добрыя прыяцелі Прушынскія, лібералы, спагадныя да сялянаў. Добра ведаў Марцінкевіч і суседнюю Серабранку. З гэтых мясцін — яго героі, пейзажы.
Штодня да Марцінкевічавых вокнаў даляталі і званы касцёла Святога Роха на Залатой Горцы, які быў непадалёку, усяго за якую сотню метраў ад сядзібы.
Дуніна-Марцінкевіча ведалі ў тагачасным Мінску выключна ўсе. Шмат каго ведаў і Дунін-Марцінкевіч. З многімі ён хаўрусаваў. Адным з такіх мінчукоў быў Юры Кабылінскі — сакратар мінскай шляхетнай зборні, чалавек вельмі дасціпнага розуму, фацэтны гумарыст. Нядзіва, што яго імя патрапіла ў Марцінкевічавы творы, прынамсі ў «Вечарніцы».
Кафедральны касцёл хоць і быў мясцінай святой, але ў ім збіраліся жывыя людзі. Між імі тварыліся самыя жывыя праявы. Напрыклад, з тым жа Кабылінскім, каралём жартаў. Калі аднаго разу ён прыйшоў на набажэнства, поруч з ім на першай лаўцы ўсеўся якісь незнаёмы франт. Кабылінскі часам любіў апранацца вельмі сціпла, проста. У такой вопратцы ён прыйшоў і ў святое месца і на гэты раз. Гэта надта ж не спадабалася згаданаму франту, ён успрыняў яго за дваровага чалавека і давай дапякаць, што той сядзіць не на сваім месцы. На ўсе яго надакучлівыя рэплікі Кабылінскі сказаў франту: «Сядзі, дурань, каля мяне, ніхто цябе не прагоніць». Гэта ўраз збянтэжыла кірмашовага паніча. Усё гэта рабілася на Марцінкевічавых вачах і трапляла на яго пяро.
Мінскія гады Марцінкевіча былі ці не самыя плённыя, творча шчаслівыя, узлётныя. I ўсё ж чымсьці не задавальняла яго гарадское жыццё. У 1840 годзе ён наважыўся паправіць сваё здароўе, выхадзіў сабе замежны пашпарт у гарады Эмс і Карлсбад. Але з'ездзіць яму на славутыя курорты не давялося. Дунін-Марцінкевіч меў нейкае дачыненне да фінансавых рахункаў памерлага біскупа Ліпскага, і мінская следчая камісія змусіла затрымаць Марцінкевіча для даследавання згаданай справы.
Гэты рапарт і дае нам пэўны адказ на тое, што змусіла Марцінкевіча на рашучыя перамены ў сваім жыцці. У тым жа 1840 годзе ён купляе невялікі фальварак Люцінка паблізу Пяршаяў. Але з Мінскам повязі не парывае. Мінск па-ранейшаму застаецца для яго тым асяродкам культуры, усяго духоўнага жыцця, без якога Марцінкевічава існаванне не было б паўнацэнным, паўнакроўным.
1840 год прынясе Марцінкевічу і грамадзянскія перажыванні, узрушэнні: царскай пастановай афіцыйна будзе забаронена назва Беларусь і адменена дзейнасць юрыдычных законаў Статута Літоўскага. Але ў гэтым жа годзе народзіцца і пясняр, які падхопіць Марцінкевічаву паходню і панясе яе далей. Ім стане аўтар «Дудкі беларускай» Францішак Багушэвіч.
Вось у такіх жыццёвых варунках Марцінкевіч набыў фальварак Люцінка.
4. ЛЮЦЫНКА
Засценак Люцінка — ці, яго яшчэ называюць у дакументах, фальварак, сядзіба — месціўся некалі на высокім пагорку, пры самай рачулцы, поблізу крынічкі, сярод зялёных лугоў і лясоў, воддаль ад бойкіх дарог. У пісьменнікавых творах, шматлікіх лістах фальварак мае назву Люцынка.
Пасяліўся В. Дунін-Марцінкевіч у Люцінцы ў 1840 годзе. Сюды ён пераехаў з губернскага Мінска і пражыў тут больш за сорак гадоў. Гэта былі гады яго творчых узлётаў і горкага расчаравання, змагання і адчаю, маральнага задавальнення і ўпадку. Пра ўсё гэта памятае Люцінка, пра ўсё гэта нам можа расказаць праўдзівае паэтава слова. Яно з дакументальнай дакладнасцю дае нам уяўленне, якой была Марцінкевічава Люцінка пры яго жыцці.
Так апісаў сваю сядзібу В. Дунін-Марцінкевіч. А вось як апісана яе забудова ў статыстычным даведніку за 1846 год.
Дом з сасновага дрэва, пад гонтаю. Даўжыня восем, шырыня чатыры сажні. Пры сядзібе — карчма і млынок. Абедзве гэтыя забудовы з яловага дрэва. Млынок невялікі — два сажні ўдоўжкі, два ўшыркі.
З гаспадарчай забудовы згадваецца абора з стайняй, лядоўня, свіран. Усе гэтыя будынкі таксама былі з яловага дрэва. Карчма, свіран, лядоўня мелі саламяную страху, млын быў накрыты дранкаю. Што ж да аборы, то адна яе частка была пакрыта саломаю, другая — дранкаю. Вось сярод такіх харомаў жыў і працаваў беларускі пісьменнік. Неад'емнай ад Люцінкі была і сядзібная ліпа.
Пад ліпай гэтай не раз даводзілася і мне стаяць з галіной у колькі разоў большай за сябе на варце, каб, барані Божа, у талерку з ядой чы ў міску не ўвалілася муха, бо тады квіт ядзе, так ix нябожчык брыдаўся.
Да пераезду В. Дуніна-Марцінкевіча Люцінка была даволі глухім, забытым Богам і людзьмі кутком. Але вось пасяліўся ў Люцінцы пісьменнік. I ўсё тут ажыло. Дочкі наладзілі школу. Сам паэт заняўся тэатрам, стварыў хор і, вядома ж, шмат пісаў. У Люцінцы пісьменнік найперш напісаў шэраг твораў на гістарычную тэму. Сярод ix — «Люцынка, альбо Шведы на Літве», «3-над Іслачы, або Лекі на сон». Тут жа ён зрабіў пераклад на беларускую мову «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча.
Люцінка адразу стала вядомая ўсяму культурнаму свету. Ведалі яе Сыракомля і Крашэўскі, Станіслаў Манюшка і кампазітар Концкі. Пра Люцінку чулі Мінск і Масква, Вільня і Варшава...
У 1877-1878 гадах давялося мне жыць пад страхой нашага песняра: дачка яго вучыла невялікую грамадку дзяцей.
Умеў нябожчык заахвочваць нас да навукі, умеў строіць жарты, быў для нас добрым; любілі і шанавалі яго акалічныя сяляне і суседзі, але з пісаннем сваім, з думкамі сваімі ад усіх запіраўся ў каморку! (...) каваў ён там беларускую жывую мову, (...) першы паказаў, што мова гэтая не цяжкая, не тапорная, за якую яе ўважалі, а гладкая, гібкая, пявучая, лірычная, багатая ў словы і звароты, каторых хватае выказаць нават такія чароўныя творы, як Міцкевіча; (...) ён першы сеяў зярняты, усходу каторых, бадай, ці спадзяваўся сам...
Шасцёра нас там было: тры дзяўчынкі (...) і тры хлопчыкі: я быў найменшым — гадкоў сем меў; вучылі нас розных навук, нават музыкі. Наша вучыцелька (вечны ёй ужо пакой!) і яе бацькі так умелі падахвочваць нас да навукі, што кожны з нас наперабой браўся да яе. Гэта было ў 187... гаду ў фальварку першага беларускага песняра — Вінцука Марцінкевіча — Люцынцы. (...) Памятаю я і Люцынку, і яе гаспадара: старэнькі ўжо тады быў, але надта добры, вясёлы, жартаўлівы. Памятаю і вялікі куфар, куды ён хаваў сваё пісанне, паўнюсенькі быў, але мала выйшла гэтага пісання адтуль у свет. (...) Дзіўлюся я цяпер, як мог ён столькі працаваць, калі цалюсенькі дзень у гэтым самым доме дзеці — адны барабанілі на фартэп'яне, другія — галасілі над кніжкай, іншыя — дурэлі: музыка, смех, гоман, крык, а ніколі, бывала, слова благога не скажуць ні ён сам, ні яго жонка-старэча, ні дачка — наша вучыцельніца. Любілі яны нас,— чулі гэта нашыя дзіцячыя душачкі, ды і мы ix з усяго сэрца кахалі, шанавалі, як родных бацькоў. На кожны важнейшы, бывала, дзень — нябожчык пісаў для нас усіх — дзяцей якую-колечы камедыю, мы яе вучыліся, з'язджаліся госці, і ішло прадстаўленне. Памятаю доўгія восенныя вечары (...) памятаю цікавыя апавяданні аб роднай бацькаўшчыне і аб далёкіх халодных краях, куды злая доля заганяе шмат людзей... Збіўшыся ў кучку, слухаем мы гэтыя дзівы, а нябожчыца, жонка песняра, ціхачом выцірае слязіну; шчымелі нашы сэрцы, у грудзях нешта бунтавалася. Ядвігін Ш. Лісты з дарогі.
Высакародны пане Адаме!
Прашу цябе, напішы спачувальна пра школкі ў Мінску Камілы Марцінкевічанкі для бедных рамеснікаў і тыя, што ў Люцынцы маёй падтрымліваюцца Цэзарынай і Элёдыяй Мар[цінкевічанкамі]. Можа, гэта заахвоціць іншых паноў, якія ставяцца да гэтага абыякава.
23 сакавіка 1862, Люцынка.
З ліста В. Дуніна-Марцінкевіча да А. Кіркоpa.
Калі набыў я маленькі мой фальварчык Люцынку, пры аглядзе яго зацікавіла мяне перш за ўсё мясцовасць; — дзеля гэтага стараўся я ад старых людзей, якія здаўна тут жывуць, дапытацца, ці не мае яна якіх гістарычных паданняў — і амаль у адзін голас мне расказвалі, што тут менавіта знаходзіўся калісьці, у старажытныя часы, езуіцкі кляштар з храмам божым і што ў час шведаў, за Карлам XII, кляштар гэты разам з касцёлам ператвораны быў у груд друзу, а манахі былі замучаны адзіна за тое, што не хацелі паказаць месца, дзе імі былі схаваны касцельныя скарбы — і так тыя скарбы і да гэтага часу яшчэ знаходзяцца недзе ў зямлі.
Дужа шануючы ўсялякія гістарычныя паданні пра наш край, заахвоціўся я, можа на бяду шаноўнага чытача, з паданняў гэтых саснаваць няздольным маім пяром наступную маленькую аповесць.
Ад аўтара да гістарычнага апавядання «Люцынка, альбо Шведы на Літве».
У 1859 годзе В. Дунін-Марцінкевіч перажыў у Люцінцы вялікую творчую драму. Пісьменнік з вялікаю любасцю пераклаў на родную мову выдатны твор Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Рукапіс перакладу ўхваліла віленская цэнзура, а больш дакладна — цэнзар Павел Кукальнік. І вось, калі тыраж першай часткі згаданага твора быў надрукаваны, у пільных чыноўнікаў ад камітэта па друку паўстала пытанне: ці можна пускаць у свет беларускую кніжку, надрукаваную лацінкаю? А перад гэтым выйшаў цыркуляр на забарону друкавання ўкраінскіх кніг лацінскімі літарамі.
Пачалася папяровая валакіта.
Скончылася яна тым, што гатовы тыраж «Пана Тадэвуша» на беларускай мове проста ўзялі і спалілі. Спалілі кніжку, што «мела заахвоціць нашага беларускага мужыка і бедную шляхту да навукі», спалілі гасцінец ад свайго дудара. Гэта было чарговае беззаконне. Няцяжка ўявіць, якое душэўнае ўзрушэнне перажыў Марцінкевіч.
Вогнішча, што праглынула «Пана Тадэвуша» на беларускай мове, моцна апаліла душу пісьменніка. З Люцінкі ён піша лісты ў Пецярбург, міністру народнай асветы Кавалеўскаму, а таксама ў цэнзурны камітэт і просіць, і моліць, каб не знішчалі «Пана Тадэвуша», абяцае больш ніколі нічога не пісаць па-беларуску лацінкаю — абы толькі паратаваць гатовую кніжку. Але ўсе яго намаганні былі марныя. Цэнзура і чыноўнікі былі няўмольныя.
I ўсё ж Марцінкевічаў пераклад быў заўважаны.
Мы ўдзячныя п. Марцінкевічу за «Пана Тадэвуша», апранутага ў беларускую сярмягу. (...) Жадаем, каб гэтая невялікая кніжачка трапіла ў рукі народа, які ён усім сэрцам і душою палюбіў, ведучы да агульнай нам усім крыніцы асветы.
У Варшаве, 27 красавіка 1861 года.
Мікалоюс Акялайціс, літоўскі грамадскі дзеяч і пісьменнік.
Аповесць Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», якая так ясна, так шчыра малюе характар, норавы і звычаі нашых літоўскіх гаспадароў часу Напалеона, ужо цяпер перакладаецца на расейскую мову. Чаму ж, думаю, наш народ просты, што з гэтымі гаспадарамі так блізка жыў, чаму ж дробная акалічная шляхта, што, жывучы ў лясным зацішшы, у хаце, між сабою, сваёй роднай ужывае мовы,— чаму ж яна не мае пазнаць абычаяў сваіх бацькоў?
Вось гэта ўсё і натхніла мяне на думку пералажыць «Пана Тадэвуша» на беларускую гаворку.
В. Дунін-Марцінкевіч. Прадмова перакладца.
Жывучы сярод люду, які размаўляе па-беларуску, прасякнуты яго ладам думак, марачы аб долі гэтага братняга народа, анямелага ў маленстве ад невуцтва і цемнаты, вырашыў я для заахвочвання яго да асветы ў духу яго звычаяў, паданняў і разумовых здольнасцяў пісаць на яго ўласнай гаворцы: са здзіўленнем заўважыў хутка, што выдадзеную мною «Сялянку», затым «Гапона», «Вечарніцы», «Дудара», «Купалу» і г.д. люд прыняў з найвялікшай прыхільнасцю, а моладзь з запалам пачала вучыцца чытаць і завучваць на памяць мае, так мілыя ёй творы. У выніку чаго ўжо цяпер часткова над Віллёй і Нёманам, над Свіслаччу, Бярэзінай, Дзвіной, Дняпром і г.д. распаўсюджваецца чытанне беларускіх твораў, а абуджанае жаданне і запал да духоўнага жыцця знойдзе сабе багатыя матэрыялы на роднай мове.
Гэтая мая ідэя і імкненні былі зразуметы і ацэнены ў Каралеўстве і засталіся незразуметымі ў Літве; на літаратурным сходзе ў пана К… я чуў меркаванне: «пішучы на беларускай гаворцы, я насаджваю сярод вясковага люду правінцыялізм», на што вымушаны адказаць. Наша нешчаслівае мінулае давяло вясковы люд да заняпаду; зусім не думаючы аб яго разумовым і маральным выхаванні, трэба хоць памятаць, што гэта дзеці адной маткі, што гэта пакрыўджаныя браты і хрысціяне, маючыя права на веды, як на нябесны хлеб.
Ці ж трэба здзіўляцца, што ні адзін польскі орган, нягледзячы на амаль стогадовыя намаганні, не здолеў зрушыць гэтага люду? Мог жа які-небудзь орган дайсці да слыху і пераканаць селяніна, якому спосабы авалодання польскай мовай былі такімі цяжкімі, які, паліваючы крывавым потам нівы сваіх паноў, не меў часу для разумовых заняткаў? Калі іншы раз гук матчынай гаворкі даходзіў да прагнага вуха бедака, то гэта быў паток пагрозаў і лаянак на пагарджаную сірату.
І вось, наглядаючы згубныя намаганні адштурхнуць ад нас народ, вырашыў я праз творы ў яго гаворцы, якія адпавядаюць паняццям, што знаёмы яму з дзяцінства, і якія палягчаюць яму спосабы азнаямлення з нашай літаратурай, заахвоціць яго неяк да асветы і паправіць маральна. Які жыватворны ўплыў аказалі на яго гэтыя творы, можна меркаваць па тым, што сёння кніжкі на народнай гаворцы ўжо зусім разышліся, а новыя не друкуюцца.
Яшчэ ёсць час, каб нашы грамадзяне спахапіліся і, утвараючы школкі, прытулкі і прыносячы іншыя магчымыя ахвяры, імкнуліся гэтую малодшую браццю сваю, якая ўмее быць удзячнай, прытуліць да сэрца і для ўсеагульнага дабра з ёй моцна аб'яднацца.
Навум Прыгаворка. В. Дунін-Марцінкевіч.
1861 год Марцінкевіч сустрэў з надзеяй, радаваўся скасаванню паншчыны, спадзяваўся, што жыццё простата люду палепшыцца. Але якраз з гэтага года пачынаецца для пісьменніка пара незвычайных трывог, хваляванняў, нялёгкіх выпрабаванняў.
Грамадзянская актыўнасць люцінкаўскага пісьменніка не засталася па-за ўвагаю і казённых людзей, розных чыноўнікаў. Пачынаючы з 1861 года на люцінкаўскім гасцінцы зачасціла постаць царскага жандара, на сядзібе з'явіліся віжы. У паліцэйскія пастарункі паляцелі гончыя лісты, даносы, што на Марцінкевічавай сялібе чыніцца крамола: спяваюцца забароненыя гімны, пашыраюцца антыўрадавыя лістоўкі, адбываюцца якіясьці падазроныя сходы. Таму не раз і не два Люцінка перажыла паліцэйскую калатнечу.
Я нядаўна вярнуўся з Мінскай губерні, дзе мне Вы далі даручэнне даведацца, хто напісаў пісьмо Дамейку, пасланае з Бабруйска Габрыэлем. Спачатку ішла гэтая справа мне вельмі трудна, таму што ніхто не гаварыў пра яго, але мне ўдалося даведацца пэўна, што гэтае пісьмо напісаў Марцінкевіч, памешчык Мінскай губерні. За ім трэба было б старанна сачыць, бо гэта небяспечная асоба, ён мае, як вядома, надзвычайны ўплыў на сялян і як польскі патрыёт імкнецца ўсімі сіламі ўзбудзіць ix супраць гасудара, растлумачвае ім волю (г.зн. сялянскую рэформу) такім чынам: што, кажа, вас звольнілі для таго, каб вы дрэнна жылі з сваімі памешчыкамі, каб вас пасля перахрысціць на рускую веру, чаго нашы сяляне страшэнна баяцца. Нядаўна гэты самы Марцінкевіч напісаў твор на народнай мове пад загалоўкам «Гутарка старога дзеда», дзе паказвае лёс Літвы ў вершах ад 1792 года да цяперашняга часу, выказваючы ўсе прыцясненні, якія толькі маглі быць на сялян, і прыпісваючы ўсе гэтыя прыцясненні ўраду. Гэты твор ужо даволі распаўсюджаны і так пераканальна дзейнічае на сялян, што дзе толькі ён паявіўся, то сяляне пакінулі быць прывязанымі да гасудара, якога раней благаслаўлялі, і пачалі шукаць заступніцтва памешчыкаў. Цяпер яшчэ Марцінкевіч пераклаў на народную мову гімн «Божа, што Польшчы...»
З даносу агента Трэцяга аддзялення царскай канцылярыі студэнта Пецярбургскага універсітэта Юзафа Бярнацкага, данос пасланы 10 жніўня 1861 года з Ашмяны.
Агент Трэцяга аддзялення тайнай паліцыі Юзаф Бярнацкі раіў царскім жандарам «хорошенько присмотреться» да Марцінкевіча. I яны прыгледзеліся, асабліва ў 1863 годзе.
Паўстанне Кастуся Каліноўскага сваім усемагутным крылом захапіла і Люцінку.
Па Беларусі ў тыя гады хадзіла шмат розных рэвалюцыйных гутарак і зваротаў да беларускага народа. Складанне ix прыпісвалася В. Дуніну-Марцінкевічу. Усе гэтыя падазрэнні скончыліся арыштам гаспадара Люцінкі. Арыштавалі Марцінкевіча ў мястэчку Свір. Трохі больш за год ён адседзеў у Мінскім астрозе. Вярнуўшыся з астрога, шмат перадумаўшы, В. Дунін-Марцінкевіч піша ў Люцінцы класічную п'есу «Пінская шляхта», у якой, апрача ганарлівых шляхцюкоў, высмейвае і царскі суд, праз глум, прыніжэнне і кручкатворства якога ён толькі што прайшоў і сам.
Пасля паўстання 1863 года Дунін-Марцінкевіч апынуўся ў вельмі цяжкім становішчы. Над ім быў устаноўлены суровы паліцэйскі нагляд на доўгія гады. Аддадзены пад нагляд паліцыі, ён не мог пакідаць Люцінку. Свет яго звузіўся да абшараў вясковай сядзібы. Але не забываліся сябры. Ад ix у Люцінку прыходзілі словы падтрымкі.
Аб прысылцы Вашых прац прашу найласкавей, яны будуць сярод дарагіх майму сэрцу памятак побач з памяткамі ад Крашэўскага і нябожчыка Кажанеўскага. Акурат з нашых краёў едзе адзін пачцівы шляхціц, які ўручыць пану «Дудара» і «Люцынку», а да Вішнеўскага вязе на прачытанне «Пінскую шляхту» і «Правінцыяльныя нарысы»; пазнаёміцеся з пачцівым Вішнеўскім і, пакуль шляхціц выедзе з Вільні, збярыцеся ў хатні гурт, пачытайце супольна гэтую пісаніну, дайце пра яе сваё меркаванне разам з вяртаннем тых твораў.
З ліста В. Дуніна-Марцінкевіча да вядомага варшаўскага вучонага Яна Карловіча. 16 верасня 1868 г.
Вінцуку Дуніну-Марцінкевічу
Гэтая падтрымка надавала Марцінкевічу сілы, і ён да апошняй хвіліны свайго жыцця працаваў. За два месяцы да смерці клапаціўся, каб дзе-небудзь усё ж надрукаваць свой пераклад «Пана Тадэвуша». Пісьменніку вельмі хацелася, каб гэты твор дайшоў да людзей — да чытачоў у хатах з саламянымі стрэхамі.
Жыццё ў ізаляцыі, пад паліцэйскім наглядам, часта скіроўвала пісьменніка на ўспаміны, на філасофскія развагі.
Шмат розных віхураў пранеслася над Люцінкай. У канцы стагоддзя тут разгуляўся пажар. У тым пажары загінула шмат чаго з Марцінкевічавай спадчыны. Але шмат чаго і ацалела, шмат чаго людзі паратавалі...
Паэтавы ўнучкі адбудавалі дзядулеву сядзібу нанава. На тым жа падмурку яны паставілі больш зграбны дамок. Гэты дамок прастаяў у Люцінцы аж да сярэдзіны саракавых гадоў нашага стагоддзя. У ім, згадваюць люцінцы, пасля вайны галасавалі, праходзілі выбары. Затым сельсавет з-за свае недасведчанасці прадаў гэты дамок, і яго перавезлі ў Мінск. З той пары адзінай памяткай з Марцінкевічавага часу была велічная прыгажуня-ліпа, якая ўладарыла тут над усім наваколлем. Але час і злыя людзі скарацілі яе век.
Марцінкевіч любіў гэтае векавое дрэва.
Ліпа Дуніна-Марцінкевіча
5. МАРЦІНКЕВІЧАЎ ТЭАТР
Імя Дуніна-Марцінкевіча слыннае ў нашай літаратуры найперш як славутага драматурга, заснавальніка прафесійнага беларускага тэатра. Тут яму ў XIX стагоддзі не было роўных. Ён, як ужо гаварылася, і пачынаў з драматургіі — з розных аперэтак. Драматургія, тэатр давалі пісьменніку мажлівасць з тэатральных падмосткаў весці з сваімі гледачамі шчырую, зацікаўленую гаворку жывым словам пра самае надзённае з тагачаснага жыцця, і ён натхнёна піша адно лібрэта за адным. Некаторыя з ix ставіць на мінскай сцэне.
Першы твор, які Марцінкевічу ўдалося ўвасобіць на сцэне,— аперэта «Рэкруцкі набор». Лібрэта было напісана па-польску. Але Дунін-Марцінкевіч быў не толькі аўтарам лібрэта. Ён выступіў у спектаклі і як акцёр — выканаў ролю старога габрэя Іагана Бенатана. Пра Марцінкевічава выступленне «Минские губернские ведомости» пісалі: «сочинитель Марцинкевич был всех забавнее».
Сам твор не ацалеў. Ведаем толькі яго змест, які пераказаны ў сорак першым нумары «Минских губернских ведомостей» за 1841 год.
...Сын Іагана Бенатана надта баіцца рэкрутчыны... Не хоча ісці ў войска, у салдаты. Страх перад рэкрутчынай змушае яго на пераапрананне ў вопратку сястры. Сястра ж пераапранаецца ў братаву. Ёй гэтак выгодна. Яна пакахала салдата, што быў у іхняй кватэры на пастоі, і пераапрананне ў яе адзіны сродак, адзіны спосаб, каб знікнуць з хаты непрыкметна разам з сваім салдатам, а заадно выручыць і брата. I яна рашаецца выдаць сябе за рэкрута. Бацька пра гэтае пераапрананне нічога не ведае. Ён упэўнены, што ў рэкруты пайшоў сын, які павінен, як яны дамаўляліся, збегчы з службы. Раптам выяўляецца ашуканства. Бацька (менавіта яго ролю выконваў Марцінкевіч) у роспачы. Ён жа сваімі рукамі аддаў салдату дачку... На сцэне хваляванне, адчай, розныя журботныя фарсы, тыпу: «Вей, вей, вей, што я нарабіў?» Але высвятляецца, што ўсе гэтыя хваляванні, трызненні — дарэмныя... Салдат з дачкой ужо ўзялі шлюб, павянчаліся. Яна ўжо больш не габрэйка. Пра гэта ведае і палкоўнік Міраслаў, у якога служыць салдат. Палкоўнік — добрая душа — абяцае не браць Іаганавага сына ў рэкруты.
Усе задаволеныя, радуюцца. Задаволена такім зыходам і публіка.
Але з найбольшай сілай артыстычны талент В. Дуніна-Марцінкевіча выявіўся ў «Сялянцы», у якой пісьменнік выканаў ролю чалавека з народных нізоў — ролю Навума Прыгаворкі. Роля гэтая была вельмі сцэнічная, каларытная, удзячная для выканання, багатая на спевы, танцы, мову, і Марцінкевіч з бляскам выканаў яе.
Пастаноўка на мінскай сцэне оперы «Сялянка» была гістарычнай падзеяй. Да гэтай пастаноўкі Дунін-Марцінкевіч і ўсе ўдзельнікі спектакля рыхтаваліся асабліва.
Прашу вяльможнага Завадскага выслаць з сваёй кнігарні экземпляраў маёй «Сялянкі», колькі ўвойдзе на пуд, з першай поштай у горад Мінск на адрас вяльможнага Сцыпіёна Беліновіча, падпаручніка, які жыве на Койданаўскай вуліцы ў доме Шапіры. Раблю толькі тую заўвагу, што ад поспеху ў перасылцы шмат чаго ў мяне залежыць, то прашу выслаць адразу пасля атрымання гэтага ліста.
Калі ж можна выслаць у Мінск раней, чым адыходзіць пошта, то было б вельмі добра, бо гэтыя кніжкі неабходныя мне на 9-ы дзень гэтага месяца.
Яшчэ зранку на плоце каля вялікага, як стадола, дома пана Поляка на Саборнай плошчы ў Мінску, дзе часта адбываліся тэатральныя відовішчы, з'явілася афіша:
«С дозволения начальства.
В субботу, 9 февраля 1852 г.,
будет представление г.г. любителями
в пользу бедных.
Опера в двух действиях
на польском и простонародном языке.
Сочинение Викентия Марцинкевича
с музыкой Манюшки, Кржижановского
и прочих под заглавием
«Селянка»
Гарадавы, які, згорбіўшыся ад марозу, тупаў непадалёку, убачыў, што прахожыя спыняюцца ля аб'явы. Ён падышоў бліжэй, прачытаў, але натрапіў на словы «С дозволения начальства», падумаў і паплёўся на сваё месца.
У гэты час у доме пана Поляка кіпела работа. Удзельнікі аматарскага гуртка, які налічваў звыш дваццаці чалавек, амаль усе былі ўжо ў зборы. Не хапала толькі пісара міравога суддзі Авяр'яна Васільева, які быў за адміністратара, і акцёра на ўсе ролі — работніка друкарні Ляўданскага. Распарадчыкам быў мажны каржакаваты мужчына гадоў пад сорак пяць. На яго шырокім адкрытым твары, у блакітных вачах свяцілася радасная ўсмешка. Быў ён не па сваіх гадах і камплекцыі ўвішны і рухавы. Напяваючы нейкую мелодыю, ён то падыходзіў да мастака Шэмеша, які заканчваў афармляць дэкарацыі, то ішоў за кулісы, дзе грыміраваліся акцёры. Гэта быў аўтар «Сялянкі»...
Дунін-Марцінкевіч хваляваўся. Засталіся ўсяго дзве гадзіны да пачатку прадстаўлення, а яшчэ няма часткі акцёраў — сялянскага хору з Люцінкі, удзельнікі якога будуць выступаць і ў масавых сцэнах оперы. Накінуўшы паліто, ён выйшаў сам глянуць, ці едуць спевакі. На плошчы было пуста, толькі дыбалі нізенькі і шчуплы Васільеў і высокі і статны Ляўданскі, якія хадзілі разносіць афішы па горадзе і запрашаць на спектакль. Былі яны стомленыя, але радасныя.
У зале было паўнютка народу, калі адкрылася заслона. Першы акт пачаўся маляўнічай сцэнкай каля карчмы. Мастак пастараўся перадаць тыповы выгляд гэтага месца гульбішчаў і святкаванняў у вёсцы. Каларытна выглядалі сяляне з Люцінкі. Упершыню на сцэне былі сапраўдныя мужыкі, у сваіх світках і лапцях.
Хор сялян заспяваў:
Ціха стала ў зале. Проста і сурова гучала песня-скарга...
Неўзабаве сярод сялян з'явіўся вясёлы і дасціпны войт Навум, які сыпаў за кожным словам беларускімі прымаўкамі. Усе ў зале ведалі, што ролю войта выконвае Дунін-Марцінкевіч. Але на сцэне быў у зрэбнай вопратцы і лапцях звычайны селянін, у якім цяжка было пазнаць аўтара «Сялянкі»...
Войт Навум гаварыў праўдзівыя словы аб сялянскай нядолі, аб тым, што няма ратунку і ўправы на дрэннага аканома.
С. Александровіч. Незабыўнымі сцежкамі.
Выступленне В. Дуніна-Марцінкевіча ў пастаноўцы «Сялянка», як сведчыць тагачасны друк, прынесла яму вялікае маральнае і творчае задавальненне, канчаткова замацавала за ім славу здольнага камедыйнага акцёра. «Ніхто не стане адмаўляць здольнасцяў Дуніна-Марцінкевіча як у галіне драматургіі, так і паэтыкі»,— пісала неўзабаве пасля прэм'еры спектакля польская газета «Дзённік варшаўскі». Асабліва выявіўся талент В. Дуніна-Марцінкевіча ў спевах і скоках.
...Вось ён, саракапяцігадовы, забыўшыся пра ўсё на свеце, кружыць у «Мяцеліцы», робіць рэверансы і прысядкі, ці, кажучы яго словамі, «даець дыхту, даець жару», адно толькі маснічыны на сцэне пад ім угінаюцца. Але ён ні на што не зважае. Танчыць і танчыць...
Пісьменнік і сам неаднойчы прыгадваў, з якім імпэтам ён выступіў у «Сялянцы». Апавядаючы пра святкаванне дажынак у Шчаўрах, ён згадвае: «Мы ў «Мяцеліцы» кружылі парамі заўзята... Войт Навум спяваў звычайна, быццам у «Сялянцы».
Думаецца, калі пісьменнік танцаваў на сцэне, яго харэаграфічная думка сцвярджала: «Глядзіце, панове, колькі ў скоках простата люду, што самі сябе завуць тутэйшымі, на якіх мы па-ранейшаму глядзім грэбліва, як на людзей другога гатунку, іншай касты, пекнаты, хараства, гармоніі». Марцінкевічу хацелася звярнуць увагу грамадскасці на існаванне беларускага народа не толькі праз мову галоўнага героя, але і праз яго танцы, спевы — карацей, праз усё тое, што складае духоўную выяву любой нацыі. I яму гэта, як сведчаць тагачасныя газеты, удалося... Публіка сапраўды была ўражана ўсім тым, што паказаў на сцэне «сочинитель» Марцінкевіч... Газета «Дзённік варшаўскі» з нагоды выступлення Марцінкевіча ў «Сялянцы» пісала: «Выключна добра выглядаў сам аўтар у ролі Навума Прыгаворкі, у танцы «Мяцеліца», выкананым усімі аматарамі і аматаркамі як найбольш дасканала». Запомніліся гледачам і Марцінкевічавы спевы.
Захапленне тэатрам прыйшло да Марцінкевіча вельмі рана, яшчэ ў тую пару, калі ён жыў у Пецярбургу і Вільні. Не прапускаў ён ніводнага спектакля і ў Мінску. Мабыць, з гэтага глядацкага захаплення i пачаўся Марцінкевіч — драматург, рэжысёр, актор. Пад уплывам спектакляў рускіх і польскіх труп у яго нарадзілася думка стварыць свой, адметны тэатр, беларускі. Ён разумеў, што бярэцца за надзвычай нялёгкую справу. Падтрымкі чакаць не было ад каго. I ўсё ж ён рашаецца на здзяйсненне свае мары. Зараз можна толькі падзівіцца, колькі было ў Марцінкевічавым сэрцы любові да свайго народа, колькі было ў яго душы энергіі, каб у тагачасных умовах адважыцца ажыццявіць сваю задуму!
Марцінкевіч у жыцці быў вельмі дасціпны чалавек, вызначаўся даволі жывым, вясёлым тэмпераментам, глыбокай эрудыцыяй, «умеў строіць жарты», любіў гарэзіць. Пэўна, гэта былі тыя якасці яго характару, якія вабілі да яго людзей. Марцінкевічу ўдаецца згуртаваць вакол сябе лепшыя творчыя сілы Мінска: музыкаў, мастакоў, літаратараў, кампазітараў, артыстаў.
...Шмат яскравых старонак упісаў Марцінкевіч у тэатральна-мастацкую спадчыну нашага народа. Саракавыя — пяцідзесятыя гады ў яго тэатральна-драматургічнай дзейнасці былі самыя плённыя, шчаслівыя. Можна сказаць, узлётныя. Аднак дзесьці ў канцы пяцідзесятых гадоў у тэатральна-мастацкай дзейнасці Марцінкевіча пачынае назірацца спад. Гэта тлумачыцца тымі неспрыяльнымі ўмовамі, якія пачалі складвацца вакол асобы Марцінкевіча і ў самой краіне. Дый не хапала на ўсё сродкаў, часу.
Нямала давядзецца перажыць Марцінкевічу і ў пазнейшыя гады: арышты, астрог, паліцэйскі нагляд, матэрыяльную нястачу. Але як толькі ён крыху акрыяе, зноў возьмецца за сваё адвечнае — за тэатр, драматургію. Ён будзе па-ранейшаму ладзіць у сваім глухім маёнтачку Люцінка спектаклі, вечарыны, тэатралізаваныя каляндарныя святы. Ёсць сведчанне, што Марцінкевіч, апрача невялікіх п'ес, пісаных для дзяцей, паставіў у Люцінцы і свае пазнейшыя драматычныя творы — «Пінскую шляхту» і «Залёты». Ва ўсім Марцінкевічу дапамагалі родныя, блізкія, суседзі, знаёмыя. Жонка і дзеці разам з бацькам таксама былі занятыя амаль ва ўсіх спектаклях, якія ставіў Марцінкевіч. Напрыклад, вядома, што ў «Сялянцы» бралі ўдзел дачка Каміла і сын Міраслаў. Ад ix, людзей музычных, Марцінкевіч меў вялікую падмогу ў сваёй тэатральна-драматургічнай дзейнасці. Здаралася яму даваць канцэрты з сваімі дзецьмі не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах Расійскай імперыі. Як заўсёды, у гэтых канцэртах былі спевы, танцы, дасціпныя беларускія жарты, музычныя нумары... В. Дунін-Марцінкевіч быў не толькі першы беларускі прафесійны драматург, але і акцёр, пастаноўшчык, ініцыятар многіх аматарскіх відовішчаў. Ён увайшоў у гісторыю беларускай культуры як выдатны дзеяч, які садзейнічаў развіццю музычнага мастацтва на Беларусі, нацыянальнага тэатра.
Тэатральна-мастацкая і драматургічная дзейнасць В. Дуніна-Марцінкевіча магла б, безумоўна, пры спрыяльных умовах дасягнуць большага росквіту. Але такіх умоў у яго не было. На гэта звярталі ўвагу яшчэ яго сучаснікі. «Калі б яго творы былі пастаўлены на вялікай сцэне, ад гэтага, бясспрэчна, была б карысць як для тэатра, так і для аўтара»,— пісала газета «Дзённік варшаўскі» 14 сакавіка 1852 года.
I ад гэтых слоў ні адняць, ні дадаць. Усё менавіта так і было. Тым не менш яго самаахвярная тэатральна-мастацкая дзейнасць пакінула глыбокі след у развіцці беларускай культуры. Тэатральная дзейнасць Марцінкевіча — гэта менавіта той падмурак, на якім склаўся пасля сучасны беларускі тэатр.
Лепшыя традыцыі, закладзеныя Марцінкевічам, былі адразу ж падхоплены пазнейшымі тэатральнымі дзеячамі — Галубком, Буйніцкім, Ждановічам. Гэтак жа, як і Марцінкевіч, гэтыя дзеячы ішлі ў тэатр цэлымі сем'ямі. У спектаклях Галубка, напрыклад, бралі ўдзел усе яго дочкі — Ядзя, Люся, Багуся, Эма — і нават старая бабуля.
Амаль да самай Кастрычніцкай рэвалюцыі В. Дунін-Марцінкевіч адзінока ўзвышаўся ў галіне беларускай драматургіі і тэатра. Але і ў пазнейшую пару, калі тэатральная справа на Беларусі атрымала дзяржаўнае вырашэнне, тэатральна-драматургічная дзейнасць Марцінкевіча, яго энтузіязм яшчэ доўга ўплывалі на развіццё нашай драматургіі — такі быў моцны той падмурак, які некалі заклаў у неспры- яльных для яго ўмовах наш нястомны Вінцук Марцінкевіч.
В. Дунін-Марцінкевіч любіў дэкламацыю. Як згадваюць сучаснікі Марцінкевіча, звычайна перад гледачамі ён з'яўляўся ў беларускай нацыянальнай апратцы і з смакам чытаў якія-небудзь беларускія вершаваныя гутаркі...
Пераважная большасць Марцінкевічавых п'ес убачыла свет толькі праз шмат гадоў пасля ix напісання. Прыкладам, «Пінская шляхта» — у 1918 годзе. У тым жа годзе былі апублікаваны і «Залёты». У гэтыя ж гады адбылося і ix сцэнічнае ўвасабленне. Упершыню «Залёты» былі пастаўлены ў 1915 годзе ў Вільні Беларускім музычна-драматычным гуртком. Пастаноўку ж «Пінскай шляхты» здзейсніла Першае беларускае таварыства драмы і камедыі ў гарадскім тэатры, які цяпер носіць імя Янкі Купалы. Было гэта ў 1917 годзе.
З тае пары слынная Марцінкевічава камедыя не сыходзіць з падмосткаў самых розных драматычных калектываў, самадзейных і прафесійных, цешыць душы гледачоў сваёй дасціпнасцю, гумарам, даючы нам уяўленне, як жылі нашы продкі, што ix хвалявала, трывожыла, які быў лад ix жыцця, якая была іхняя псіхалогія.
«Пінскую шляхту» ставілі ў Мінску і Мазыры, Слоніме і Гародні, Віцебску і Пінску. Паказвалі неаднойчы і з блакітнага экрана. Незабыўнай падзеяй быў паказ «Пінскай шляхты» ў Люцінцы на пісьменнікавай сядзібе Пяршайскім народным тэатрам. Гэта быў нібы працяг традыцыі, распачатай Марцінкевічам. П'есу ж увасаблялі пісьменнікавы землякі, яго суседзі.
Спектаклем «Пінская шляхта» распачынае ўжо не адзін год свае тэатральныя сезоны і тэатр на пісьменнікавай радзіме — Бабруйскі драматычны тэатр. Такі сурова шчаслівы лёс гэтага Марцінкевічавага твора.
Мужная і самаахвярная постаць драматурга гэтак багатая жыццёвымі перапетыямі, гэтак псіхалагічна глыбокая, што і сама стала персанажам п'есы. Малады пісьменнік Алесь Асташонак прысвяціў Марцінкевічу свой драматычны твор, які шматзначна назваў «Камедыянт». Галоўны герой гэтага твора — заснавальнік беларускага тэатра Вінцук Дунін-Марцінкевіч.
Марцінкевічава драматургічная спадчына і сёння прыносіць гледачам эстэтычную і маральную асалоду, яна і сёння працуе на наша грамадства.
Які нязводны тып сабковічаў! Мадэль яго паводзін, перанесеная на сённяшнюю глебу, дае пазнавальныя экземпляры амаральнай саноўнасці, якія сыта папасваюцца на грамадскіх палетках. Адметна, што самае моцнае ўражанне ад вадэвільнага спектакля далёка не жартоўнае: божа, як жа перакапычаны тыя палеткі здзеклівай беспрынцыповасцю, знявагай чалавечых і ўзвелічэннем службовых вартасцяў, грашовым ідэалам... Герой Дуніна-Марцінкевіча недарэмна вітаецца з залай «бясхітраснай» песенькай: «Маю грошы, маю я, мне ніхто тут не раўня...»
Імем В. Дуніна-Марцінкевіча названы Бабруйскі тэатр. I гэта справядліва. Драматург зрабіў усё, што мог, што ад яго залежала, каб духоўнае жыццё беларусаў, беларускі тэатр знайшлі грамадскае прызнанне, свой працяг, сваё развіццё.
6. ТУПАЛЬШЧЫНА
Па дарозе ў Івянец, за Кіяўцом, пры самай дарозе, на пагорку, у цішы стромкіх меднастволых хвой разлёгся старасвецкі могільнік, абнесены невысокім мураваным парканам. Вось ужо больш за сто гадоў, як на ім спачывае выдатны пісьменнік XIX стагоддзя, адзін з пачынальнікаў беларускай рэалістычнай літаратуры, заснавальнік беларускага прафесійнага тэатра, нястомны асветнік Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, жыццё якога было поўнае адчаю, драматызму, светлых парыванняў.
Мясціна, дзе спачывае вечным сном Вінцэнт Марцінкевіч, завецца Тупальшчына. Некалі тут жылі Жаброўскія — даўнія Марцінкевічавы сябры і знаёмыя. Пісьменнік ніколі не мінаў ix. Ці то ехаў у Мінск, ці то вяртаўся назад у свой фальварачак, які быў вёрстаў за шэсць-сем да Тупальшчыны,— абавязкова спыняў ля брамы сваіх коней, заходзіў у хату і дзяліўся навінамі. Месца для фальварка Жаброўскія абралі надзвычай вабнае. Сярод крыніц і сажалак, на пагорку з рэльефам, падобным на амфітэатр. Адзін узровень яго — для жылой забудовы, другі — для гаспадарчых пабудоў. Затым невялікі спуск — і зялёным дываном разаслаўся лужок. Яшчэ адзін спуск — і за ім чыстая стужка імклівай Іслачы, што схвалася ў вербалозах і алешніку. І далей, нібы дэкаратыўнае пано,— густая сцяна цёмнага бору з вастраверхімі елкамі і меднастволымі хвоямі.
Некалі на Марцінкевічавай магіле стаяў стары збуцвелы крыж, пастаўлены яго ўнучкамі, з надпісам: «Тут спачываюць Вінцэнты, Марыя, Цэзарына Дуніны-Марцінкевічы». У 1957 годзе на пісьменнікавай магілцы пабудавалі больш трывалую памятку — помнік з мармуровай дошкай. Абрысы гэтай памяткі чымсьці нагадвалі вежачку тупальскай каплічкі.
У 1863 годзе Тупальшчына была месцам збору паўстанцаў. Нават зараз памятаюць у народзе пра гэта. Ранняй вясной, у самы разгар падзей, Тупальшчыну наведала Марцінкевічава жонка і яго дачка Цэзарына. Мабыць, яны прыязджалі паведаміць штосьці вельмі важнае, бо неўзабаве Жаброўскі быў у Люцінцы.
Тупальшчына... Дарагая і вабная для нашых сэрцаў мясціна. Шмат чаго яна бачыла на сваім вяку, шмат чаго яна магла расказаць пра песняра. Яна стала і апошнім яго прыстанішчам. Пахавалі яго тут у 1884 годзе (памёр пісьменнік 17 снежня) удзячныя землякі з навакольных вёсак, якія, паводле слоў відавочцы пахавання, плакалі па ім так, як не часта плачуць дзеці па сваім родным бацьку. Ляжыць ён на высокім тупальскім могільніку, пры самай каплічцы, у засені старых дрэў. Могільнік сярод жытнёвых палёў. Побач спачываюць жонка з другога шлюбу і малодшыя дочкі, якія ва ўсёй яго дзейнасці — грамадскай, тэатральнай, асветнай — былі яго памочніцамі і дарадцамі.
Я служыў у пана конюхам, было мне тады 18 гадоў. Добра памятаю, як Вінцэнт Іванавіч разам з паненкамі, сваімі дочкамі, і панічамі, сынамі навакольнай шляхты, рэпеціравалі камедыю «Суд Габрыеліхі». Пастаноўку меркавалі паказаць (...) на Каляды. Але ён не дажыў да свята. Здаецца, за тыдзень, калі не больш, раніцой, ён сеў піць гарбату і папярхнуўся сырам.
Марцінкевічаву магілку ў Тупальшчыне клапатліва даглядаюць вучні навакольных школ, не даюць змарнець гэтай дарагой нашым сэрцам памятцы. Меў рацыю польскі часопіс «Край», калі пісаў у 1885 годзе: «З удзячнасцю і сардэчнасцю ўспомняць яго некалі, як вырастуць, беларускія нашчадкі».
У васьмідзесятых гадах у тупальскай каплічцы была створана невялічкая экспазіцыя пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніка. Адсюль, з тупальскага пагорка, відаць яму ўся Беларусь.
Марцінкевіч любіў Беларусь. Гэтая яго любоў да Беларусі, да зямлі сваіх продкаў гучыць ва ўсіх яго творах. I дзе б ты ні ішоў — у Панюшкавічах, у Тупальшчыне ці Люцінцы — паўсюль чуваць Марцінкевічава паэзія.
КАРОТКІ ЖЫЦЦЯПІС ВІНЦЭНТА ДУНІНА-МАРЦІНКЕВІЧА
1808
23 студзеня (4 лютага па н.ст.) — у Панюшкавічах Бабруйскага павета Мінскай губерні ў сям'і шляхціца герба Лебедзь наваградскага падчашага Яна Дуніна-Марцінкевіча нарадзіўся сын Вінцэнт Якуб.
1817—1818
Вінцук Марцінкевіч вучыцца ў Бабрускай павятовай школе.
1819
З 1819 года жыве ў Пецярбургу ў свайго крэўнага — біскупа ўсіх рымска-каталіцкіх касцёлаў Расіі Станіслава Богуш-Сестранцэвіча.
1824
Працягвае вучобу. Па адных звестках — спачатку ў Віленскай калегіі базылянаў, затым на медыцынскім факультэце Віленскага універсітэта, па іншых — у Пецярбургскім універсітэце. Але вучобу не скончыў.
1828
Дваццацігадовы Вінцэнт служыць памочнікам каморніка пры Мінскім межавым судзе.
1829
Здае пры Мінскім межавым судзе экзамены на каморніка.
Паступае на службу ў Мінскую рымска-каталіцкую духоўную кансісторыю.
Пераходзіць на службу ў канцылярыю Мінскай крымінальнай палаты. Цяжка хварэе. Гэтай жа парою знаёмінца з шаснаццацігадовай дачкой віленскага чыноўніка Бараноўскага. Без згоды бацькоў бярэ з ёй шлюб.
1834
Зноў вяртаецца на службу ў кансісторыю на пасаду перакладчыка, дзе працуе да скасавання Уніі ў 1839 г.
Купляе невялікі фальварак Люцінку (Мінская губерня і павет). З гэтага часу жыве то ў Люцінцы, то ў Мінску, дзе мае службу пры шляхецкай дэпутацыі. У гэтыя ж гады стварае першыя свае творы — лібрэта аперэт «Рэкруцкі набор», «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада». Музыку да некаторых з ix напісаў Станіслаў Манюшка, з якім у Марцінкевіча ўсталявалася трывалая творчая повязь.
Ставіць у Мінскім тэатры аматарскім гуртком аперэту «Рэкруцкі набор», дзе выконвае ролю старога габрэя.
1843
У Мінскім тэатры Віленская оперная трупа паказвае аднаактовую оперу «Галька» Станіслава Манюшкі.
В. Марцінкевіч стварае лібрэта першай беларускай оперы «Сялянка».
1846
Накладам 600 паасобнікаў «Сялянка» выходзіць у Вільні асобнай кніжкай.
В. Марцінкевіч канчаткова пакідае службу ў Мінску і жыве то ў Люцінцы (больш стала), то ў Мінску, дзе гуртуе вакол сябе грамадска-культурнае і літаратурнае жыццё.
1850-я
У час неаднаразовых паездак у Вільню наведвае традыцыйныя літаратурныя вечары ў Адама Кіркора, дзе сустракаецца з С. Манюшкам, Ул. Сыракомлем, В. Каратынскім. М. Акялайцісам, А. Адынцом, І. Ходзькам, археолагам Я. Тышкевічам, графам Р. Тызенгаўзам, гісторыкам М. Маліноўскім і інш.
1851—1858
Стварае ў Мінску першую беларускую тэатральную трупу і актыўна рыхтуе да пастаноўкі оперу «Сялянка».
1852
У лютым у Мінску адбываецца прэм'ера оперы «Сялянка» (музыка Станіслава Манюшкі, дэкарацыі Адама Шэмеша, сялянскі хор з Люцінкі). Сам Марцінкевіч з бляскам выканаў ролю войта Навума. Імя персанажа Навума Прыгаворкі становіцца яго псеўданімам.
У розныя гады «Сялянка» ставілася таксама ў Бабруйску, Слуцку, Глуску.
1854
В. Марцінкевіч едзе на Палессе, у снежні наведвае родныя мясціны на Бабруйшчыне.
1855
Гасцінна сустракае ў Мінску Ул. Сыракомлю, вітаючы яго вершаванымі пасланнямі. Бярэ ўдзел у святкаванні Купалля ў Лошыцы ў маёнтку Яўстафа Прушынскага.
У Мінску з друку выходзяць кніжкі В. Марцінкевіча «Вечарніцы і Апантаны», «Гапон, беларуская аповесць, з праўдзівага здарэння на мове беларускага народа напісаная».
1856
У Мінску выходзіць зборнік «Цікавішся? — Прачытай!». У Мінск прыязджае Адам Плуг, вітае Марцінкевіча шчырым вершам.
У кастрычніку В. Марцінкевіч едзе ў Шчаўры, у маёнтак Юлія Рашкоўскага на святкаванне дажынак.
У кастрычніку прымае ў сваім доме ў Мінску С. Манюшку, Ул. Сыракомлю з сакратаром В. Каратынскім і вядомага віяланчэліста Апалінара Концкага, вітае ix вершаваным пасланнем.
1857
У Мінску з друку выходзіць «Дудар беларускі».
Марцінкевіч ізноў наведвае Шчаўры, дзе яго гасцінна прымае гаспадар Юлі Рашкоўскі.
Завяршае працу над вершаванай аповесцю «Травіца брат-сястрыца», вершаваным гістарычным апавяданнем «Люцынка, альбо Шведы на Літве».
Прысвячае Ул. Сыракомлю вершаванае апавяданне «Літаратарскія клопаты».
Заканчвае ў Мінску «Халімона на каранацыі».
1857—1858
В. Марцінкевіч з дзецьмі ладзіць у Слуцку канцэрт.
Перакладае на беларускую мову «Пана Тадэвуша» А. Міцкевіча. Збірае сродкі сярод сялян і шляхты на яго выданне. Бярэ другі шлюб.
1859
Улады забараняюць выпуск у свет ужо надрукаванага тыражу «Пана Тадэвуша».
1861
Разам з Ул. Сыракомлем едзе ў Варшаву. Па дарозе Сыракомля ў Коўне, Сувалках і іншых месцах выступае з патрыятычнымі прамовамі.
У Вільні выходзіць з друку «Люцынка, альбо Шведы на Літве» — апошняя Марцінкевічава кніжка.
В. Марцінкевіч трапляе пад нагляд паліцыі.
Едзе на Віцебшчыну, а таксама ў Коўну, адкуль яго высылаюць паліцэйскія ўлады.
У чэрвені Каміла Марцінкевіч у Мінску ўзначальвае патрыятычны рух. Улады абвяшчаюць яе вар'яткай і змяшчаюць у вар'яцкі дом, але з-за актыўнага пратэсту мінчукоў вымушаны вызваліць.
1862
Каміла Марцінкевіч зноў на чале патрыятычнага руху.
1862—1863
У Марцінкевічавай Люцінцы часта збіраецца патрыятычна настроены люд з навакольных мясцін. Абмяркоўваецца падрыхтоўка да паўстання.
1863
Паўстанне на Беларусі пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага. У лютым віленскі генерал-губернатар аддае загад на арышт В. Марцінкевіча. Паліцыі яго месца жыхарства невядома.
Арышт Камілы, следства і высылка ў Салікамск.
1864
Студзень. Яшчэ адзін загад на пошукі і арышт В. Марцінкевіча. Паліцыя актыўна яго шукае.
Кастрычнік. В. Марцінкевіча арыштоўваюць у Свіры. Паводле пісьменнікавых слоў, у Дубраўлянах і ў Свіры ён знаходзіўся з красавіка 1863 года.
1864—1865
В. Марцінкевіч заняволены ў Мінскі турэмны замак, абвінавачваецца ў напісанні і пашырэнні рэвалюцыйных пракламацый.
Снежань. В. Марцінкевіча вызваляюць з астрога з-за адсутнасці пэўных доказаў яго віны і высылаюць у Люцінку пад паліцэйскі нагляд з забаронай выезду. З гэтага часу ён бязвыезна жыве ў Люцінцы.
В. Марцінкевіч стварае фарс-вадэвіль «Пінская шляхта».
1868
Спрабуе апублікаваць «Быліцы, расказы Навума» ў «Віленскім весніку».
Піша вершаванае апавяданне «З-над Іслачы, або Лекі на сон».
Наладжвае знаёмства з Янам Карловічам, карэспандуе з ім.
Улетку наведвае сваю радзіму, піша з гэтай нагоды верш «Заўтра Спаса, кажуць людзе...»
1870
Стварае ў Люцінцы фарс-вадэвіль «Залёты». Скончыў пісаць у снежні. Гэта апошні, вядомы нам, твор Дуніна-Марцінкевіча.
1877—1878
У нелегальнай школе ў Люцінцы, арганізаванай Марцінкевічамі, у якой настаўнічала Цэзарына, пісьменнікава дачка, вучыцца Антон Лявіцкі — будучы беларускі пісьменнік Ядвігін Ш.
1884
17 снежня (29 снежня па н.ст.) В.I. Дунін-Марцінкевіч памірае ў Люцінцы. Пахаваны на могільніку ў Тупальшчыне.
1. «Беларусь»,— 1945.— № 7—8.— С. 30.↵
2. Кісялёў Генадзь. Сейбіты вечнага.— Мн., 1963.— С. 4.↵
3. Дунін-Марцінкевіч В.I. Збор твораў.— Мн., 1958.— С. 222.↵
4. Дунін-Марцінкевіч В.І. Збор твораў.— Мн., 1958.— С. 235.↵
5. Мальдзіс Адам. Падарожжа ў XIX стагоддзе.— Мн., 1969,— С. 113.↵
6. Тамсама, с. 55.↵
7. Тамсама, с. 163.↵
8. БДГА ў Мінску. Алфавит военно-судным и политическим делам Канцел. Минск. Губернатора с 1863 по 1866 год. — Ф. 295, воп. I, спр. 135, арк. 26.↵
9. Дунін-Марцінкевіч В.I. Збор твораў.— Мн., 1958.— С. 370.↵
10. БДГА ў Мінску,— Ф. 1430, воп. I, спр. 31048, арк. 4.↵
11. БДГА ў Мінску,— Ф. 1430, воп. I, спр. 31048, арк. 1—2.↵
Падрыхтаванае на падставе: Уладзімір Содаль - аўтар-cкладальнік, Вінцэнт Якуб Дунін-Марцінкевіч: Жыццё і творчасць, — Мінск: Народная асвета, 1997. — 104 с.: іл.
ISBN 985-03-0066-3
УДК 82.09+929 Дунін-Марцінкевіч (084.121)
Гэты альбом — своеасаблівая ілюстраваная энцыклапедыя пра Вінцэнта Якуба Дуніна-Марцінкевіча, яго асяроддзе, эпоху і час. Для вучняў сярэдніх і старэйшых класаў, усіх, хто неабыякавы да нацыянальнай духоўнай спадчыны.
Рэдактар: М. П. Станкевіч
Copyright © 2013 by Kamunikat.org - ePub