На сьвятой зямлі

Глыбінны Уладзімір


XIII. Перамога духа

«Ісус Хрыстос перамагае...»
З падпольнага выданьня

Ніколі ні сатрэцца з памяці той вечаровы перадзакатны час, калі паломнікі азіралі заліты зырка-чырвонымі пасмамі заходзячага сонца белакаменны Ерусалім. З гары Малой Галілеі Патрыяршай летняй рэзыдэнцыі ўвесь Ерусалім, і арабскі, і Ізраільскі, ляжаў рэльефна, як на далоні, і нібыта песьціўся ў апошніх праменьнях сонечнага дня. Манахі называлі многія добрабачныя і знаныя будынкі па тым баку мяжы. Даўгою высокаю каменнаю выгінастаю градою разлёгся будынак Ізраільскага Парлямэнту. Яго абступалі гістарычныя прысадзістыя камяніцы, што помняць і носяць рубцы на сабе розных часоў і зьменаў уладальнікаў. А там жа сярод іх ці мала і такіх, пад якімі ляжыць таксама зямля, выхаджаная і ўтаптаная ступнямі Хрыстовых вучняў і нат' самім Збавіцелем.

Балела сэрца і станавілася сумна, што выхаджаная Хрыстом і палітая яго кроўю зямля цяпер ляжыць падзеленая паміж двумя варажнечымі табарамі. І няма наразе ніякіх палітычных лекаў на тую варожасьць. Колькі сьвет ні стараецца перашкодзіць раздзьмухваньню штучнага пажару на той дзялянцы, яму ўдаецца адно прыпыніць той агонь на нейкі час, а ў сярэдзіне ён тлее і дае раз-паразу ведаць пра сябе выбухам усё новых і новых забойчых дзеяньняў з абодвых бакоў. Слухаючы тлумачэньні бакоў у Аб'еднаных Нацыях, цяжка разабрацца, хто вінаваты. Кажны раз разгляд той не дае вынікаў і справа каторы раз зноў кладзецца пад сукно.

«І мусіць так будзе яшчэ доўга-доўга, пакуль людзі ня зьвернуцца да адзіна правільнага сродку вырашэньня спрэчак па-Божаму: дараваць адзін другому ўсе крыўды і пачаць жыць па-новаму з любоўю і ласкаю да кажнага, як вучыў Збавіцель. Гэта-ж ён і праліў сваю высокародную кроў у імя такога пагадненьня людзей», - думаў тады там Усевалад Ціхановіч, седзячы на невысокай пашчэрбленай сьцяне, што адлучала з захаду сад высокіх магутных дрэваў Патрыяршае рэзыдэнцыі ад прасторы няведама каму належачых выгарэлых і пажоўклых узгоркаў ніжэй.

І яму тады на Сьвятой Зямлі прыгадаўся Сьвяты Іоанн Златауст з залатымі словамі: «Чаму-ж ты ня здольны дараваць крыўду свайму ворагу? Зьмяні свой нораў: калі ты злосны, старайся быць рахманым; калі помслівы, ня помсьці; любіш абгаворваць і пляткарыць - устрымайся, і г.д. Рабі ў дні паста больш дабра, будзь спагадлівым да людзей, ахвотней дапамагай тым, хто патрабуе дапамогі, маліся больш дбайна, цяплей, і г.д.». А прэпадобны Серафім вучыў здабываць Сьвяты Дух Божы і тым агнём распальваць сэрцы і чэрава, раіў зьвяртацца да пакаяньня і малітвы, скарыцца ў вызнаньні чалавечых грахоў. І вось каб усе людзі ўсьвядомілі сябе грэшнымі, вінаватымі перад усімі, за ўсе былыя і сучасныя грэшныя дзеі, дык лягчэй бы было і міру дасягнуць. А тут, на Сьвятой Зямлі веліч Хрыстовых чыноў, значеньне ягонае пропаведзі любові і дараваньня асабліва пераканаўчыя. Бадай-што дзьве тысячы гадоў Сьвятыя Месцы стаяць надзейнымі вартаўнікамі вялікіх запаветаў і перамаглі шмат варожых разбуральных стыхіяў. І яшчэ выстаяць ці мала наскокаў, бо ўрэшце-рэштаў Хрыстос заўсёды перамагае. Сучасныя дасягненьні навукі давялі, што матэрыя, у якую гэтак сьлепа верылі матар'ялісты-бязбожнікі і якую яны з часоў Маркса абагаўлялі, ёсьць нічым іншым, як відам энэргіі, г.зн. паходзіць ад Сілы, Волі, Духа, іначай кажучы, ад Бога. І цяпер, магчыма, як ніколі раней хрысьціяне мусяць яднацца, знаходзіць аднаверцаў у Божую праўду. І Сьвятая Зямля становіць сабою важны стымул у хрысьціянскім адраджэньні і духовым уздыме нашага часу.

На зваротным шляху з Сьвятое Зямлі 30 ліпеня паломнікі знаходзіліся на параплаве «Аўсонія», які збіраў іх з Бейрута і цяпер пад гарачым эгіпецкім сонцам запыніўся ў Александрыі. Паяжджане павыходзілі на палубу і, абапершыся на поручні, дзіваваліся на ўсходнюю экзотыку. Унізе ў порце гарланілі сотні розных разносчыкаў-гандляроў. Кажны з іх намагаўся прыцягнуць увагу да свайго тавару, выхваляючы яго на ламанай ангельскай, французскай або проста на арабскай мове. Кажны з іх уздымаў высака свае рэчы, гучна шчоўкаў замкамі валізак, пстрыкаў пальцамі, ляскаў зубамі, каб вылучыць іх перад іншымі. Фокусьнікі чаравалі дзяцюкоў і жанчын удалымі хітрыкамі, глыналі зьмей, птушак, трусоў, каб пасьля нечакана вымаць іх з іншых кішэняў. Глыналіся кінжалы, нажы, галубы, агонь. Усьлед за гэтм выстаўляліся шапкі для падачкі. Зьверху сыпаліся далавах «квотэры», «даймы», «нікелс».

З палубы пераплава «Аўсонія» чулася наша гаворка. А побач недалёка ад «Аўсоніі» стаяў вялікі савецкі пераплаў «Фэлікс Дзяржынскі». Адтуль чулася расейская мова, на палубе мітусіліся гаваркія жанчыны, на зямлю сыходзлі дзябёлыя мужчыны з задзірыстымі паглядамі на сьвет. Гэта былі савецкія інжынэры і тэхнікі, што ехалі будаваць электра і гідрастанцыі «сваяку» Насэру.

І вось гэтае спатканьне каля эгіпецкіх берагоў горсткі праваслаўных паломнікаў - носьбітаў духовых багацьцяў - з прадстаўнікамі сучаснай матэрыялістычнай Расеі - тэхнічна багатай, але духова пустой, зьбедненай, было асабліва сымбалічным. Гэта была фактычна сустрэча двух супроцьлежных сьветаў: Высокага Сьвету Сьвятога Духу і сьвету абагоўленай паганскай матэрыі.

Дух супраць Матэрыі! Хто пераможа ў даўгім спусташаючым спаборніцтве?

Для Ўсевалада Ціхановіча цяпер, пасьля наведаньня Сьвятое Зямлі, іншага адказу на гэтае пытаньне ня было. Ён упэўнена і пераканальна прамовіў уголас:

- Пераможа Дух! Хрыстос Уваскрос!

Студзень-люты, 1967, Трой, Нью-Ёрк