На сьвятой зямлі

Глыбінны Уладзімір


І. У дарозе праз ярдань...

«Дожджык, дожджык, перастань!
Я паеду на Ярдань...»
(З песьні)

Усевалад Ціхановіч усю ночную дарогу праз акіян, Францыю, Італію ды Сяродземнае мора ніяк ня мог дайсьці да спакою. На ўсходзе далягляд заружавеў нечакана рана, і вочы мімавольна цягнуліся пасалавелым позіркам да самалётнага вакна, пад вузенькай проламкай якога пераліваліся на ўсе лады й адценьні нязвычна зыркія, да болю ў зрэнках праменьні раньняга, яшчэ поўнага белаты, сонца. А яно раптам пачало ўсё больш настырліва і рашуча наступаць з усходу. Тае начы нібыта й ня было. У дрыготкім гуле неяк неўзаважна прабеглі гадзіны ночнае рупнасьці. Неўспадзеўкі морак пачаў таяць і каля Ўсевалада. Адылі, нат прыпаўшы да празрыстае шыбіны і любуючыся то бялявымі хмарынкамі, якія суцэльнай коўдраю ўсьцілалі акіян унізе і тварылі ўражаньне нябеснага скляпеньня пад самалётам, то жмурачыся ад сьвітальнага заранку, ён ня мог вызваліцца ад глыбокага ўтрапеньня, якое ім уладала скрозь. Ніякая пярэстасьць і нязвыкласьць уражаньняў не магла адцягнуць яго ад тае галоўнае думкі, што сьвідравала голаў і будзіла трапятаньне ўсхваляванае душы. Мроі пераносілі яго з прасьцягаў акіяну, пазьней з прастораў францускіх палёў, што набягалі зелянінай дуброваў і жаўцізною пшанічных палетак, а далей ад італьянскіх дбайна высаджаных садоў і панатыканых уздоўж узьбярэжжа каменных глыбаў-гарадоў, туды... куды ён цяпер ляцеў пасьля столькіх год мараў, плянаў, меркаваньняў, трызьненьняў. У думках і ўявах ён ужо даўно, ад пачатку рыхтаваньняў быў там, куды цяпер высака ў паднябесьсі нёс яго гэты ракетны лятун.

Сьвятая Зямля!.. О, як яму жадалася хутчай адчуць пад падэшвамі гарачыню распаленага пяску, па якім хадзіў Вялікі Збаўца, сваімі вачыма навечна занатаваць у памяці так добра ведамыя з Сьвятога Пісьма, дарагія сэрцу мясьціны! Прадчуваньне блізкімі іх пачалося ўжо ў Сірыйскай пустыні, калі за вокнамі тралейбуса, што на ўсю хуткасьць нёс паломнікаў на поўдзень ад Дамаска да Ерусаліму, навыперадкі беглі бясконцыя палі чорнага каменьня ды занядбанага людзьмі парыжэлага пяску. Перад зьмярканьнем, калі дзённая гарачыня раптам пачала зьнікаць пад павевам прахалоды, а тралейбус сунуўся ўздоўж даліны з першымі адзнакамі пажоўклай зеляніны, было абвешчана, што падарожныя ўжо на запаветнай Палестынскай Зямлі. Недзе ў перадгор'і час-часам пабліскавала істужка далёкай рачулкі. Яна то зьнікала за горамі зыбучага пяску, то зноў раптоўна зіхацела няроўнай цененькай палоскай на даляглядзе. І раптам, зусім нячакана, ужо ў непрагляднай цямноце аўтобус запыніўся адразу за мостам на высокім насыпу.

- Рака Ярдань! - пранеслася ад аднаго да другога шапатлівым голасам уразьлівая навіна.

- Сьвятая Ярдань! - ураз адгукнулася маланкай у сьведамасьці кажнага паломніка. І кажны навыперадкі подбегам стараўся хутчэй апынуцца на беразе каля струменю, якім калісьці амываўся ў духовай раскошы наш Вучыцель. Паломнікі пачалі згружвацца на ўсхонным каменным беразе, які якраз каля мосту тварыў досьць шырокую пляцоўку. Кажны пільна ўзіраўся ў таямнічы бляск віратлівага невялікага струменю ўнізе, цікаваў водбліскі ўзыходзячага маладзіка ў ім і з нявыказным трапятаньнем сэрца ўслухоўваўся ў ягонае ціхае, поўнае таёмнага сэнсу, вуркатаньне. Неўзабаве Ўладыка, суправаджаны колькімі сьвятарамі-паломнікамі, распачаў маленьне. Аб'яднаныя паломніцкім энтузіязмам галасы ўскаланулі прастору. Гулкае рэха далёка ў горы і пустыні панесла словы малітваў, поўных чалавечага смутку і болю за таго, чыім імем на векі вечныя стаўся слаўным і набыў незгасальнае сымбалічнае сілы гэты выток жывое вады сярод няжывой, здавалася-б, спаленай дашчэнту, пустыні. І доўга-доўга ночную цішыню пустыні, што аддавала цяпер назапашанае за доўгі ліпеньскі гарачы дзень цяпло бяздоннай нябеснай сіні, разрывала гучна-вымоўная слава Госпаду-Богу, паслаўшаму свайго Сына для выратаваньня роду чалавечага. Кажны з самага дна свайго сэрца выказваў поўным голасам бязьмежную ўдзячнасьць Усявышняму за шчасьце спадобіцца хоць у нечым Божаму Сыну і прайсьціся ягонымі пакутнымі дарогамі. Дзіваваліся ў небе карагоды зорак. Спасьцярожліва з вышыні ледзь-ледзь сьвяціў зубцаваты акраец месяца, што бліскучай падковай узыходзіў над галовамі незнаёмцаў і ледзь кранаўся іхных узбуджаных, бледных у ночным сьвятле, твараў.

Па часе ўсе спакваля вярталіся да аўтобуса. Рэшту дарогі ніхто не адазваўся ні словам. Ніхто не пачуваў сябе ў стане парушыць агульнае ўрачыстасьці пачуцьцяў, якія паланілі кажнага ў роўнай меры. Дарма, што гэта было адно спатканьне з пачаткам ракі па дарозе, што яшчэ мусіць адбыцца ў іншым месцы сустрэча з адмысловай мэтай вадохрышча і сьвятой малітвы на Сьвяшчэннай рацэ, аднак гэтае першае запазнаньне з ёю пакінула па сабе глыбокі сьлед. Ва ўнісон з усімі Ўсевалад Ціхановіч таксама ніяк не адыйшоў ад одуму ўсю дарогу. Яму яскрава згадвалася, як ён малым з іншымі дзецьмі менскае акраіны ў летні дожджык, закасаўшы свае штаніны, гойсаў праз лужыны вады і голасна сьпяваў:

Дожджык, дожджык, перастань Я паеду на Ярдань Богу маліцца, Цару кланіцца!

І неяк так заўсёды здаралася, што Ўсявышні ўслухоўваўся ў дзіцячую шчырую беспасярэднюю просьбу і дараваў канец дажджу. Радзелі цёмныя хмары, сьвятлела паветра, а за момант паказвалася сонца і пачынала люстраваць бліскаўкамі паверхню набраклае зямлі. На ўскос нябеснага выгіну клалася пярэстая вясёлка. Дзіцячай радасьці ня было канца! Хлапчукі брызгаліся рэшткамі гаварлівае вады зьбягаючых у раку раўчукоў, нібыта сьпяшаючыся спажыць з Божага дару зямліцы. Дрэвы і травы пілі й пілі, каб напіцца за ўсе сухія дзянькі ды надоўга наперад. Усё пералівалася ў колерах яркага сьвятла і зыркае зеляніны. Сьвет быў напоўнены шматфарбнасьцяй і выдаваўся гэткім яркім, як ніколі пазьней. Цуда Божае тварылася на нашых вачох і давала дзіцячаму ўяўленьню безліч доказаў, што Божанька адгукаецца, калі Яго просім.

Ня думаў тады, не гадаў, што цяпер, амаль праз поўсотні гадоў, давядзецца пазнаць такое шчасьце, беспасярэдне ўбачыць і адчуць гэтак часта згадваную раку.

- І хіба-ж ужо ні цуда, што адно называнае ў дзяцінсцьве стаецца яваю на склоне жыцьця? - думаў і дзівіўся ўпотай Усевалад, адно адчуваючы, што нешта падобнае думаюць і адчуваюць іншыя, што панурыліся цяпер у свае ўспаміны і баяцца адно, каб нехта не скрануў іх з таго одуму.

Так незаўважна мінулі ў цемені колькі высокіх горных насыпаў. Ужо апоўначы раптам засьвяціліся ў далячыні агні вялікага места. Неўзабаве начны незнаёмы горад вітаў падарожных гулам машыннага руху, варухлівым натоўпам начных гулякаў. Неўзабаве гатэльныя службоўцы ў эўрапэйскіх гарнітурах, але з арабскімі аліўкавымі ад загару тварамі прымалі і разьмяркоўвалі прыбылых. Чулася нязвычайная, незнаёмая гаворка, шмат было беганіны і гармідару. Нарэшце ўсё ўспакоілася. Кажнага чакала ў пакоях стомлівая кароткая, адылі горача-ўдушлівая паўднёвая ноч. Ад узрушэньня вочы доўга не зьліпаліся. Аднак стома даканала свайго. Ніхто гэтак і не пабачыў, як золак прышоў на зьмену кароткай начы, а ўсьлед за ім пачулася звыклая для ўсходу муэдзінавая перад-ранішняя песьня-заклік да магамэтанаў, каб дбалі пра Бога. Кажны засынаў, трызьнячы пра прышлы дзень.