На сьвятой зямлі

Глыбінны Уладзімір


ІII. Малітва ля каменя памазаньня

«Войдите, странники, во обитель Господа, во Гроб Жизни,
где благодать обитает и благословенный Свет не иссякает».
З колішняга надпісу на левым баку Храма Гасподняга

Перад адзіным цяпер уваходам у Храм Гасподзен невялікі пляц. Мы стаім на ім удзячлівыя лёсу за тое, што ён даў нам змогу цяпер мілаваць зрокам гэтыя пэрлы. Справа Аўраамаўскі манастыр, дзе цяпер жыве Сьвятагробскае Брацтва і які быў пабудаваны на месцы, дзе некалі, паводле паданьня, Патрыярх Аўраам рыхтаваўся прынесьці ахвяру - свайго сына Ісаака. Манастыр пабудаваны ў ХVІ-ХVІІ стагодзьдзях. А да VІІ стагодзьдзя там быў стол для зьбіраньня міласьці для бедных. Мы любуемся Храмам Сарака Пакутнікаў, з каланчы якое чуцён урачысты звон званоў, падараваных царкоўнымі людзьмі нашае Бацькаўшчыны ў часе Крымскае вайны. Далей вочы спыняюцца на Храме Жонак-Міраносьбітак, пабудаваным на месцы зьяўленьня Хрыста Ўваскрослага сьвятой Марыі Магдаліне. А побач з ім нельга не адзначыць Храм Сьв. Якава, Брата Гасподняга, дзе захоўваецца трон патрыярхаў сьв. Града, спадчыньнікаў сьв. Якава. Некалі на правым баку Храма Гасподняга быў надпіс: «Вкуси, поклонник, истаннаго наслаждения; войди в радость Господа, в многообильное светом небо - матерь церквей».

І мы трапятліва ўваходзім у Хорам Хорамаў. Айцец Архімандрыт з глыбокай пашанай прыкладваецца да апаленай калёны, зь якое ў Вялікую Суботу праваслаўныя атрымалі Жыватворны Агонь, які вяшчаў ім зварот Храму.

Мы ўсе сьхіляемся ўкленчаныя перад жоўта-ружовай мармуравай плітою - Камнем Мірапамазаньня. Пад ёю сапраўдны камень, на якім зьнятае з крыжа Вельмічыстае цела Хрыстовае рыхтавалася да пахаваньня Сьв. Язэпам і Нікадзімам. Да пачатку рамонтных работ над плітою стаяў высокі пазалочаны балдахін з чатырмя ад праваслаўных, двумя ад каталікоў і двумя ад армянаў вялікімі незгасальнымі лампадамі. Каля іх стаялі шэсьць вялікіх падсьвечнікаў. Вакол пліты на раме грэцкі тэкст, які значыць: «Благообразный Иосиф с древа снем пречистое тело твое, плащаницею чистою обвив и благоуханьми покрыв положи».

Гэта ў часе Чына Пахаваньня ў Вялікую Пятніцу Сьвятая Плашчаніца крыжовым ходам узносіцца на Галгофу і адтуль пасьля ўнізе кладзецца на Камні Памазаньня, пасьля таго, як яе тры разы абнясуць вакол. У той час адзін з сьвятароў узьлівае міру на Плашчаніцу. Затым яе пераносяць у Дамавіну Гасподню і пакідаюць яе там да раніцы.

Дзеля таго, што Камень цяпер быў самотным, пазбаўленым упрыгожаньня балдахінавага і незгасальных лампадкаў, ён яшчэ больш адцяняў і рабіў уразьлівым напамін аб тым, што тут адбылося бадай-што дзьве тысячы гадоў таму назад. Паломнікі надоўга застывалі сьхіленымі над камнем Памазаньня, як бы не ўстане адарвацца губамі ад вялікшае рэліквіі пакутаў за кажнага з нас паасобку і за ўсе нязьлічаныя пакаленьні ў вякох.

Усевалад Ціхановіч як укленчыў і прыпаў тварам да халоднага мармуру, то гэтак і застаўся праз доўгі час, раз-за-разам хрысьцячыся і абліваючыся непадробленымі сьлязьмі. Каля яго з абодвых бакоў увесь час мяняліся людзі, зьгіналіся, цалавалі камень і разьгіналіся, а ён усё ніяк ня мог адарваць мокры твар ад Пліты Пакутаў. У ягоным уяўленьні паўставалі абразы таго, чыё зраненае і ўкрываўленае цела сьвяцілася тут пад Плашчаніцай адвечнай тайнай нясьцерпных Жарсьцяў і чые пакуты сталіся Збавеньнем усяго людзтва на векі вечныя.

«Божа, мой Божа, Госпадзь Ісус, як-жа мала мы зрабілі яшчэ ў жыцьці дабра, добрых справаў, калі параўнаеш іх з тваім Вялікім Чынам!» - думаў Усевалад, усё такжа ўкленчыўшы і плачучы ўсім сваім страсянутым нутром. - Ты дзеля нас аддаў усё жыцьцё і не збаяўся самое сьмерці, хаця ж і мог ухіліць яе. А мы, сьмертныя і вінаватыя на гэтай грэшнай зямлі, што мы зрабілі, каб іншым, блізкім і далёкім, сталася лепш у гэтым жыцьці і каб зямля змыла з сябе больш грахоў? Ці ж мы рабілі заўсёды паводле твайго запавету - любі бліжняга свайго, як сябе самога? Хіба ж мы заўсёды плацім чыстай любоўю за зьдзейсьненае нам і іншым зло? Твае чыны былі, ёсьць і вечна будуць для нас пуцяводнаю зоркаю, якую блізу што дзьве тысячы гадоў таму назад запаліў Вялікі Ўладар Сьвету і паслаў нам за настаўніка свайго Сына. А твае пакуты паказалі нам шлях да ачышчэньня і збаўленьня. О, ніхто ніколі яшчэ не зазнаў такіх выпрабаваньняў, гэткіх кпінаў і пакутаў з боку грэшнага чалавека, дзеля выратаваньня і збаўленьня якога Ты быў пасланы ў гэты сьвет. Воіны цябе аплёўвалі, акідвалі брыдкімі словамі, калолі цернямі, крывавілі цябе пікамі, ўганялі цьвікі ў тваё жыватворчае цела. Ты паміраў, сьцякаючы крывёю пад выгукі зброду, які сам ня ведаў, што за злачынства ён чыніць. Але цаною сьмерці і пазьнейшага Ўваскрошаньня Ты выратаваў нас, у тым ліку і тваіх катаў, ад пагрозы духовае сьмерці. Ты сваёй сьмерцяй перамог сьмерць. І толькі дзякуючы твайму Божаму дзеяньню мы цяпер усе нясём у сабе надзею на Збаўленьне і магчымасьць Праведнага жыцьця і ў гэтым і ў іншым сьвеце. Даруй, Божа, нашыя недасканалыя справы, каб мы сталіся лепшымі паводле твайго Сьвятога Ўзору. Пашлі нам тваю ласку, дазволь тваёй духовай раскошы адведаць нас і збагаціць нас няўміручымі каштоўнасьцямі любові, даравальнасьці і дабрыні», - шапталі Ўсеваладавы вусны. - «І чаму ж ня мне, грэшнаму, Бог паслаў такія выпрабаваньні? Але мусіць так трэ' было, бо толькі з тваёй духовай сілай адно і магчыма было ператварыць іх на дабро ўсім людзям. Адно ты мог сьмерцяй сьмерць пераадолець. Слава табе, Слава! Клянуся быць лепшым, каб спадобіцца табе. Амін!»

Раптам Усевалад адчуў у сабе нейкую надзвычную палёгку. Быццам цяжкі камень адпаў з ягоных грудзей і ён пачуваў сябе нібыта вызваленым ад немачы. «Значыцца, Ісус Хрыстос пачуў мае словы», - з радасьцяй прамовіў сам сабе ён і пачаў зноў горача дзякаваць Збаўцу. За момант ён ужо быў у стане спыніць свае лемантаваньні і крыху асушыць твар ад гарачых сьлёзаў. Ён узьняўся, перажагнаўся яшчэ раз, пацалаваў наапошку Камень Мірапамазаньня і акрылёны адыйшоў убок. І ўжо тую рэшту часу ў Храме Гасподнім ён пераканаўча адчуваў, што анёл-захавальнік распасьцер свае крылы над ім і ўжо не пакідаў яго ні на момант самотным.