Рунь

Зборнік вершаў


Да чытача

Толькі што прагучэлі ўрачыстыя фанфары, аб'явіўшыя свету, што беларускі народ святкуе слаўны юбілей — 40-годдзе сваёй дзяржаўнасці, як рэха гэтых хвалюючых гукаў адбілася ад магутных вяршынь Белавежы і трапяткім подыхам пакацілася па нашай ніве.

І маем «Рунь». Як скромны падарунак вялікаму святу прыносяць свае вершы члены беларускага літаратурнага аб'яднання. Гэта першая кніжка нашых паэтаў, і аддаем яе чытачам з вялікім хваляваннем.

Але косці кінуты. Хай суровыя крытыкі выбачаць, што мо' аўтары спяшаюцца ў дарогу, што не зведалі яшчэ шмат сцежак і не захапілі з сабою дастатковай колькасці падарожных прыладаў. Важна, каб яны мелі шчырую ахвоту падарожнічаць. А гэтага не можам нікому забараніць.

Мы, з свайго боку, стараліся звярнуць на кожнага ўвагу і выдзяліць самае вартаснае і характэрнае.

Зборнік прадстаўляе ўсе наяўныя у ПНР беларускія паэтычныя сілы. Вершы зборніка ў асноўным датуюцца параўнальна кароткім адрэзкам часу. Амаль усе напісаны не раней 1956 года. Прадстаўленыя аўтары розняцца між сабою не толькі гадамі ці творчым ўзроўнем, але і літаратурным густам. Большасць з іх свае першыя крокі у паэзіі ставіла на старонках «Нівы». Ды і ўвесь зборнік можна назваць «Першымі крокамі».

Беларускія літаратурныя сілы ў Польскай Народнай Рэспубліцы толькі што пачалі пускаць першыя парасткі; перад імі ўсе цяжкасці творчага станаўлення і нязведаныя далі рамантычнага падарожжа, якое вабіць і насцярожвае.

Трэба спадзявацца, што выданне гэтага зборніка прычыніцца да творчага ўзросту нашых аўтараў, будзе значным штуршком у прад'яўленні да саміх сябе большай патрабавальнасці ў авалодванні літаратурным майстэрствам, і гэтым самым унясе каштоўны ўклад у развіццё культуры нашай народнай краіны. 3 тым большай упэўненасцю можам аб гэтым гаварыць, калі улічым факт, што дагэтуль на Беласточчыне не вышаў ніводзін паэтычны зборнік (не толькі. беларускі).

Тое, што мы першымі выйшлі абрабляць паэтычныя аблогі, павінна дадаць нашым паэтам бадзёрасці ў пошуках сваёй папараці - кветкі.