Рунь

Зборнік вершаў


Увесь зборнік

МІКОЛА БАЗЫЛЮК

Рунь

Шоўкам зялёным рунь разляглася
Сярод іржэўнікаў шэрых палос,
Сочна-бліскучая скрозь разраслася,
Ад стройных асін да паніклівых лоз.

Вецер-дуроннік па полі гуляе,
Хоча ён рунь, як ваду, ўсхваляваць,
3 падскокам імчыцца, вяршкі заплятае,
То сіліцца ўверх іх раптоўна падняць.

У золаце сонечных кос за дарогай
Купаецца рунь на палёх цэлы дзень.
1 толькі гляджу на яе я з трывогай,
Як ночы марознай наблізіцца цень.

Пойдзем на поле, на рунь заглядацца,
Мо' не кране яе ранні мароз.
Будзем па полі без мэты бадзяцца,
З сабой не бяры толькі смеху і слёз.


Як лісцё свае дні аджыве

Як лісцё свае дні аджыве,
Кружным лётам спадзе ля дарогі,
Тады выйду збіраць для цябе
Пераспелыя фарбы бьглога.

Светлажоўтых табе прынясу,
Фіалетам прыліпну к парогу.
І адно я цябе папрашу,
Не кідай нежывых іх пад ногі.

Ноччу

За вакном шуміць вецер асенні,
Ноч глядзіць памутнеўшым бяльмом,
Над зямлёй паўзуць грозныя цені,
Ні то свіст, ні то енк за вуглом.

Вецер, вецер, даволі скуголіць,
Страшыць гукам нацягнутых струн,
За вакном захліпацца, бядоліць,
І кудлачыць пласты маіх дум.

Лепш ляці і заглянь у ваконца,
Дзе дзяўчына каханая спіць,
Спяі песню пра майскае сонца,
Няхай радасці колер прысніць.


Зіма

Заснула возера. На тонях
Не чутна болыл бурлівых хваль.
Кусты аголены. На гонях
Іскрыцца снег, блішчыць, як сталь.
Душа мая адпачывае,
1 вока цешыць белы снег,
А думка ластаўкай шыбае,
Стрымаць хто можа яе бег?
Пад белай снежнай палатнінай,
Заснуўшы, бачу родны край.
Дні йдуць працёртай каляінай,
А ў сэрцы палымнее май.


АЛЕСЬ БАРСКІ

Дар

Не маю рук, вайна забрала іх,
Не ў стане дрэва пасадзіць.
Вы зразумейце горыч слоў маіх,
Сустрэў змяю — не мог забіць.
Мой лепшы друг не мае свету ў вачах,
Ён ходзіць крокам асцярожным
І гнеўна ўспамінае палача
З нямецкай камеры астрожнай.
Знаёмы мой не мае ног,
А да вайны ён першым быў танцорам.
О, колькі ж ён схадзіў дарог,
І па Казбеку узбіраўся к зорам.
А трэці мой сусед глухі —
Снарады лопалі на танку.
Любіў смяяцца, гаманіць
І расцягнуць мяхі тальянкі.
Чацвертага салдата сустракаў:
Ён да вайны быў запявалам;
Ён мае зрок і сілу у руках,
Ды звону голасу не стала.
Сняцца мне па начах яблыкі ў руках,
Смяюцца Другу кветкі ўсіх калёраў,
Знаёмаму штоночы грае музыкант,
І ён танцуе казака — раздолле.
А мой сусед — глухар штоночы,
Захоплены птушыным звонам,
Напевы новыя злавіць так хоча
Старым мяхом акардэона.
Нямы салдат у светлых снах
Так, як даўней, застаўся запявалам,
Ён выступае як спявак
Перад набітым слухачамі залам.
Нам прошлае вясёлкаю гарыць
У светлых і трывожных снах,
Жыццё не ў стане радасці дарыць,
Штодзённа сумам спатыкае нас.
Збяру я боль усіх адбітых ног і рук,
Пагаслых маладых вачэй збяру я жар,
Маўчанне і тупую глухату збяру
І паднясу падпальшчыкам як дар.



Сялянскі сум

Вясковую глуш, сялянскі сум
Глынуць гарачым нутром машыны;
Змешш, краіна, старую красу,
Скінеш адвечны вянок з шыпшыны.

Бярозы шляхоў тваіх гром панясуць,
Сканаюць ў палях тваіх межы.
Сталёвыя пілы нутро растрасуць
Драўлянага сэрца старой Белавежы.

Экскаватар — павук стралою рукі
Водам новы напрамак пакажа,
На шыю свабоднай, упартай ракі
Ярмо гідрастанцый шчыльна прыляжа.

Мяне ўскалыхаў мужыцкі сум,
Ён песню склаў захадаў, песню світанняў.
Але заўтрашні верш, як хлеб-соль, панясу
На спатканне сталёвага рання.


Нарач

Максіму Танку

Мне Нарач сінім вокам не маргала,
Слядоў я не заставіў на пяску азёрным,
Не бачыў .яе буйных, сакавітых хваляў,
Кануўшых у бяздонне светаў зорных.

1 рыбакоў не бачыў барадатых,
Узросшых на празрыстых водах.
1 не знаёмы мне бунтарны дух па хатах
У крыўдныя былыя годы.

А ўсё ж-такі я ведаю ў дэталях,
Чым славіцца - і славілася Нарач.
Не раз я акунуўся ў яе хвалі
Ў салодкіх сэрцу думках - марах.

Разблытываў я з рыбакамі сеці,
Каб хлеб іх есці не задарам.
І з думкамі аб лепшым свеце
Я разам з імі гнаў жандараў.

Цудоўны кут краіны роднай,
Людзей, прыроду, вечары і ранкі
Знайшоў у гордай і свабоднай
Паэзіі Максіма Танка.


Вавёрка

Паходняй рыжай, агністай
Мільгнула вавёрка ў галінах,
Рухомым клубком прамяністым
Пашла па бярозах, асінах...
Растапырыўшы хвост, як ветразь,
Лёгка плыве ў прасторы,
Нясецца ў подыху ветру
Густымі шляхамі бору.
Прапала. Зноў загарэлась
У руні яліны зялёнай,
Кінула жвавае цела
На слізкую хвоі калону.
Верхавіна... скокам раптоўным
На ніжняе мяккае вецце...
З грацыяй, лётам цудоўным
Сплывае вавёрка і вецер.


Восень

Чырвоным полымем восень
Паліць бярозавы гаік,
Ушыр і ўздоўж калёсіць,
Апошнюю зелень збірае.
Даўно адыгралі песню
Арфы жытніх сцяблінак,
Ветры, што радасць неслі,
Стогнуць у голых галінах.
Праз дзіркі грамаднага сіта
Кастрычнік упарта дождж сее,
Зямля халадамі спавіта,
Голыя дрэвы калеюць.
І толькі на сумным фоне
Зелянеюць загоны руні.
І гулкім радасным звонам
Спяваюць цапы ў пунях.


ЯНКА БЕРАЗАВЕЦ

К табе...

Маю песню, хоч, паслухай,
А не — злажу верша.
Ты цудоўная дзяўчына, —
Гэта страфа перша.

Што далей маю спяваць?
Мая дарагая,
Твае вочы — цвет дзявочы,
То страфа другая.

Мілая ты прыгажуня,
Кветка сярод вецця,
Твае губкі — з ружы трубкі,
Гэта страфа трэця.

Да салодкіх гэтых губкаў
Прылажу пячаць.
Ты прабач, мая галубка,
Што буду канчаць.

А ў канцы хачу дабавіць:
Ты не забывай,
Што кахаю цябе шчыра
Й ты мяне кахай

ЯША БУРШ

мальвы цвітуць у гародзе
півоніі развіваюць . пялёсткі
беленька ручка надзейкі
вышывае абрус шорсткі
годзе каханая
годзе
уколеш іголкаю ў пальчык

на абрусе
жывыя смяюцца
кветачкі яе ілюзіі
вецер гуляе з жалюзі
гоп чык-чык
маленькі хлапчына
скажы

як гэтыя кветкі завуцца
дзяўчына
вышывае летуценні
цені
непраспаных начэй

сэрца ў лісткі зашывае
тут вось
вусны ушыты
там вочы
з-пад пялёсткаў глядзяць
у клубочку
пэўна шчасце завіта
а-псік
кот хоча яго разматаць


"лісток летуценняў..."

лісток летуценняў
упаў на стол
лёгкі як пух лебядзіны
настаўляю прьіпол
не заўважыў
адчынена акно
вецер-сквазняк
так бывае са шчасцем
капрызна
як сямнаццацігодка
як матылёк
не на кожную кветку садзіцца
але добра
што шчасце сніцца
адзінокі
мае да каго высылаць
лісты летуценняў


"прыгледзься..."

прыгледзься
слязе
маленькая кропля
увесь свет абягае
зрадняе вякі
нясе
адбівае ўсе з'явы
багатае ўлонне яе


"Ой! — забяры букет..."

Ой! — забяры букет...
ня хочу бачы.ць —
не, не...

Перламутравы пялёсткі
ападаюць...
Два дні таму
яны раслі і пахлі —
зрэзала гандлярка!...

Я іх купіў,
каб на маіх вачох каналі?
— Ня хочу бачыць...
Не! не...
Яны ж пахлі мне
нават уміраючы...
— выпаўнялі
сваё прызначэнне.

Забяры!
Ня хочу бачыць —
не, не...
Мяне мучыць
іх прызначэнне.


ЗОСЯ БУСЛОВІЧ

Зіма

Гэй, шаптуха-завіруха
Загула, забегала,
Ахінула свет кажухам,
Лягла ўсюды белая.

На пуховую пярынку
Выйшлі Коля, Толік, Дзімка,
Калі снег мігціць, іскрыцца —
Дзецям у хаце не сядзіцца.

Зіхацяць у сонцы яркім
Палазы у новых санках.
Едуць дзеці з крыкам, смехам,
Аж нясецца полем рэха.

Дзед Мікіта вочы жмурыць:
Што за вёскай снег так курыць?
Аж цікава стала дзеду:
— Не машыны ж полем едуць?

Гэта дзеці, шпарка, шыбка
Гоняцца па снезе сыпкім.
Мчыць вясёлая грамада
Ледзяной царыцы рада.

Цетыцца дзядуля-голуб,
Што дзіцячы лёс вясёлы.
Хай ім сонца вечна свеціць,
Хай шчасліва растуць дзеці!


МІКОЛА БУЦЫЛІН

"— Абы жыць! — Так сказаў..."

— Абы жыць! — Так сказаў
Мне адзін і стаяў,
Адхіліўшысь ад поўнае тачкі.
I, як чмель, ён гудзеў
(Як хацеў і умеў),
Што жыве, небарак, у нястачы.

— Абы жыць! — Так сказаў
Мне другі, ды чакаў,
Калі хто яму дасць кусок хлеба...
І няслі хто што меў,
Хто падаці хацеў,
Хоць самым была помач патрэбна.

— Абы жыць! — Мне сказаў
Трэці хтось, ды шаптаў,
Як жывецца на свеце без працы:
Трэба спрытнаму быць,
Каб другі мог рабіць
На цябе, а гуляў ты ў палацы.

Слухаў я, ды не мог адарваць сваіх ног
Ад зямлі, што ад крыўды знямела.
Бо ёй трэба хутчэй рук і зоркіх вачэй,
Каб жыццём справядлівым гудзела.


Надзея

Не кажы, што надзеі няма,
Што жыццё, бы карыта, разбіта.
Паглядзі! Маладзее зямля!
Як шуміць, як калосіцца жыта!

А мо' пудзіць цябе, што ў трысці?
Мо' не верыш калоссям зялёным?
Пачакай! Дай ты ім дарасці,
Хай напоўняцца зернем у лонні.

Вокам кінь у далёкі прасцяг,
Ўсё яна, ды яна каласіцца.
Пышна выглядзіць у рысах прастых,
Стройным станам сваім залаціцца.

А як моцна зраслася з зямлёй,
Як звілася карэннямі з ёю.
Яна гордая сілай сваёй
І сяброўскаю дружнай сям'ёю.

Выкінь прэч з галавы гэты сум,
Грэшыш цяжка, не бачучы мэты.
Накляпі ты вазьмі вось касу,
Плён збіраць пасабі гойным летам.


МІКОЛА ГАЙДУК

Кулік

Дзень марозны. Снег пушысты.
Звоніць бомаў гулкі звон.
Мае коні, коні - іскры
Мчацца з ветрам наўздагон.

Коні, жвавей! Коні, жыва,
Рвіце сталлю пухкі снег,
Там мая чакае міла,
Мая міла — макаў цвет.

Коні сталі. Коні зналі...
Змоўк срабрыстых бомаў звон.
На парозе ў белым шалі
Ты шапнула: «Гэта ж ён!»

Пранясу цераз сумёты,
Каб твой боцік не абмок;
Не шапчы мне: «што ты, што ты,
Вунь суседчын хі'гры зрок...»

Што суседкі мне, дзяўчына,
Ніпачым нам іхні суд —
Твае вусны, як маліна,
Чорны бровы — існы цуд.

Праляцім мы ў санках гонкіх
Цераз вёску куліком,
І зазвоніць смех твой звонкі
Першым веснім жаўруком.

Будзем лётаць аж да зоркі,
Хай не знацца нам са злом,
А ў мясніцы, мабыць, «горка»
Гукне дружка за сталом.


УЛАДЗІМІР ГАЙДУК

Родная краіна

Я не бачыў іншае краіны,
І не быў ў далёкіх гарадах,
Я чуў толькі голас салаўіны,
Бачыў кветкі яблынь у садах.

Хай жывуць за межамі багата,
Мо' там нават і ляпей каму,
Але там няма бяроз ля хаты,
І няма такіх, як ў нас, кляноў.

А ці песні у якой краіне
Так звіняць, як ў нас, не ўяўлю.
З зелянню лясоў і з небам сінім
Я урос у родную зямлю.

Дажынкі

Жыта выжата,
І над пожняю
Разагнуліся
Жнеі гожыя.

І паставілі
Перапёлачку.
Праспявалі мы
Ясну долечку.

— Ой, вылець, вылець,
Перапёлачка,
Жытка выжата
З свайго полечка.

Плён, высокі плён, —
Песня чуецца, —
У наш вольны дом,
Што будуецца.

Песня спетая,
Чарка выпіта,
Песня гэтая
Незабытая.


Захад сонца

Знізілася сонца й колерам чырвоным
Аблівае хмары і бору кароны.
Праменнямі сыпле, як дзяўчына смехам,
Зямлю абнімае, якая ж уцеха!
І прамень апошні людзям пасылае
I, як-бы ўстыдалась, за горы ўцякае.
Вернешся ты сонца, з заўтрашнім дзянёчкам,
Стрэнем цябе, сонца, песняй — васілёчкам.


Зіма ідзе

Асенні час
Прыйшоў да нас,
І дождж,
І вецер
Ён прыгнаў.
Шпакі грамадкай
Усё крычаць:
— Зіма ідзе!
— Зіма ідзе!

Зіму сустрэць,
То трэба мець
І хлеб,
І сена
На запас.
Трэба у поле
Выйсці ўсім —
Бульбу капаць,
Бульбу капаць!

Жаўціцца гай,
Лісце дрыжыць,
А павуцінне
Ў свет ляціць.

Яно нам кажа,
Што пара
Ўжо жыта сеяць
На палях.

І калі рунь зямлю акрые,
Нястрашны вецер ёй, што вые.


Снег

Снег накрыў
Зямельку пухам,
Атуліў,
Як-бы кажухам.

А мароз
Загарачыўся,
Ды зіме
У косці ўпіўся.

І старуха
Ўецца з болі
Завірухаю
Па полі.

Хоць злуецца,
Хоць шалее —
Снег смяецца,
Зямлю грэе.


ТОДАР ГРУШКА

Родны край

Родную старонку
Шчыра я кахаю.
Нізавошта ў свеце
Яе не змяняю.

Бары і лясочкі,
Як іх не кахаці!..
Шумяць і пяюць нам,
Як малютцы маці.

Красуецца збожжа
На нашых палетках,
Сенажаці ўбраны
Мільёнамі кветак.

Чароўнае рэха
Носіцца па гаю.
Гэта маладосці
Успамін гукае.

Гэта пяюць жнейкі,
Ідучы са жніва,
Душу разварушаць,
Аж ў грудзях заные.

Сягаюць да неба
Па шляхох бярозы,
Няма такіх краяў
У свене прыгожых

Ну, ці ж гэта маля?
Чаго больш хацеці?
Кахайма край родны,
Бо мы яго дзеці.


УЛАДЗІМІР ДАРАШКЕВІЧ

Люблю

Люблю я май, калі сады
Раскрыюць кветкі на ўвесь пах,
А праз кашлаты дуб стары
Трапешча сонца ўгары.

Люблю я вецер, хмары, дождж,
З маланкай буру я люблю.
Люблю у лужыцы глядзець,
Як паўзе неба па вадзе.


ЯНКА ДУБІЦКІ

Сад

Ціха ў садзе вецер граў,
Лісце — струны шаматаў,
Песню ціхую шумеў
Ціха, ціха, як умеў.

Потым пырхнуў, уздрыгнуў,
Усё ў садзе калыхнуў.
І зноў сеў, пачаў свой спеў
Ціха, ціха, як умеў.

МІКОЛА КРАСОЎСКІ

У дарозе

Сяджу ў вагоне, еду ў госці
Да роднай хаты, да сям'і,
Да сваёй вёскі, мілай вёскі,
Што між снягоў спакойна спіць.

Даўно не быў я ў роднай хаце,
Не бачыў блізкіх мне людзей,
Не чуў, як вербы ў полі плачуць,
Як вые воўк у час завей.

Не бачыў раніц з пазалотай,
З бліскучым срэбрам на снягу,
Як вецер дыбіцца пад плотам
І свішча ў шчэлі на бягу.

Даўно пе чуў, як ноччу зорнай
Нясецца дзесьці брэх сабак,
А потым стане зноў спакойна,
Бясшумна, ціха, глуха так.

Я бачыў гэта ў снах чароўных,
Я быў там думкамі, душой,
Я зжыўся з вобразам цудоўным,
З маёй краінай дарагой.


Зоркі

Стаю адзін ля мутнага аконца
У зімовы вечар, ў шыбе зрок застыў
Гляджу, як зоркі ў цемені бясконцай
Зарабацелі роем залатым.

Можа, на нейкай зорцы сярод яркіх
Або між цёмных, ведаць не магу,
Стаяць таксама скрыўленыя хаткі,
Працуюць «людзі», сеюць і аруць...

А можа ўвечар нехта з іх таксама
Стаіць, як цень, ля мутнага акна
І бачыць у небе вогненныя плямы,
Сярод якіх калышацца Зямля.


АЛЕСЬ СВІСЁК

Маладой настаўніцы

Вокны адчынены,
і шум вясёлы
разносіцца далёка
па палях.
А ты
замерла на парозе школы —
рука ў паветры,
ўся душа ў вачах.
Каханая!
Хвалюешся глыбока.
Табе і радасна,
крыху і страх.
І ў даль шыроігую
імкнецца вока,
каб угадаць
жыццёвы новы шлях.
Ён не засланы кветкамі, ні золатам,
Але і ты
за лепшы свет
змагар.
Мэта — волат!
А ўсім мэтам — волатам
трэба
вялікай працы
і ахвяр.
Не раз,
я знаю
цяжка табе будзе:
Няўдачы і журба
перад табой,
за сэрца
сэрцам не заўсёды плацяць людзі,
зашкліцца вока горкаю слязой.
Але тады
дзіцячыя засвецяць вочы
даверліва і шчыра
табе ў твар,

Растопяць крыўду
і ты зноў захочаш
для іх
аддаць жыццё,
ўвесь сэрца жар.
Бо няма скарбу большага,
як дзеці,
А ты
каваль іх душ,
дык куй смялей!
Бо няма
гонару вышэйшага
на свеце —
сапраўдных
свету выкаваць людзей.


* * *

Акалечана злом
па сусвеце плыве
Зямля.
Рытмам пульсуе трывожным...
Чутка ідзе,
што зло пераможа...
Уздыхае да праўды, дабра
чалавек.
А дабро не памерла
І праўда жыве!
І шукаць іх
не трэба далёка:
У грудзях у людзей захаваны глыбока
І растуць,
І бурляць яны,
рвуцца на свет.
Толькі трэба вярнуць
людзям веру ў дабро,
ў хараство чалавечага сэрца,
каб каханнем
мог свет абагрэцца,
каб абняцца мог шчыра
з народам народ.


Усмешка

Твар пацямнеў —
нахмурыліся бровы.
Вочы — маланкі,
а вусны — гром.
Віхор ў душы
забушаваў суровы,
Прыціхла ўсё кругом.
Але з другога твару
залатым праменнем,
усмешкай добрай
засвяціла вока...
Маланкі тухнуць
у нямым здзіўленні!
Уцякаюць хмары
і знікаюць цені,
Злыя словы
пахаваліся глыбока —
Навальніца праляцела бокам.


АНДРЭЙ СОШКА

За мір

Я не насіў салдацкае шынелі:
Я быў малы, але запамятаў
Як лютавалі грозныя мяцелі,
Праз родны край нясучыся стрымглаў.

Хадзіла па хатах вайна - трывога,
Глядзела ўрэдным вокам на людзей.
Я бачыў на разбураных парогах
Нагою зверскаю растоптаных дзяцей.

Я доўга не магу заснуць начамі,
Павекі смаліць злыдзень, быццам клешч.
Я бачу поўаслепшымі вачамі,
Што з кожным днём людзям жывецца лепш.

Мнё не насіць салдацкае шылелі,
Не мог-бы ў полі ворага адкрыць.
Браты, прашу я вас, каб зразумелі —
Пяром сваім мір буду бараніць.


Залатая восень

Ой, прыйшла да краю
Восень залатая!
У даспелым садзе
Яблыкі спадаюць.

Л.юдзі працавіты
Павазілі жыта.
Пахне свежым хлебам,
Новым, смакавітым!

Сонца свеціць, грэе,
Мак ў гародзе спее,
Ружы каля вокнаў
Агнём палымнеюць.

Ў полі спее грэчка,
У гародзе — гурэчкі,
Боб на тычку ўецца,
Жаўцее сланечнік.

Сцелюць лён дзяўчаты:
Залаты, багаты!
Маці рве каноплі... —
У школу йдуць рэбяты.

Каля родных домаў
Йдзе вяеёлы гоман,
Сыпле малацілка
Зёрнамі, саломай.

Рэхам разняслася,
З гукам палілася
Наша маладая,
Залатая восень!

М. К.

Ты мне свой верш чытала ў тэлефон,
Слухаўку я да вуха прытуліў.
Гэта быў мой найпрыгажэйшы сон,
Які вясною бэзавай расцвіў.

Заслуханы у Твой салодкі шэпт,
Прасторы я вачыма чараваў.
А за вакном курыўся срэбрам снег
І матылькамі на зямлю сядаў.

Словы твае маёвай цеплынёй
. Струіліся і кветкамі раслі.
І мы з Табою у цішы начной
Па тэлефоне рукі падалі.

Гадзіны хутка уцякалі нам
З слухаўкамі, прытуленымі да вушэй.
Ранак прышоў, і я астаўся сам,
І пазіраю ў даль Тваіх вачэй.

Вясёлым звонам дзвякнуў тэлефон,
Слухаўку я на вілкі палажыў.
Красуецца найпрыгажэйшы сон,
Снегавым вэлянам зямлю накрыў.


Зімою

Скрыпяць санкі - саматужкі,
Снег пад полазам рыпіць,
А званок свае частушкі
Зімовыя дзі-лін-дзіць.

Ужо вёска хутка будзе,
Бяжыць конік наўскакі.
А званочак ўсё марудзіць —
Дзі-лін-дзіць ва ўсе бакі.

І прыехалі дахаты,
Паскідалі кажухі,
Ды паселі ля гарбаты
Разагрэцца дзяцюкі.


АНАТОЛЬ ХЛЯБІЧ

Мама

Мама, мама, як ты дарагая!
Ты к сабе ўсё завеш і завеш,
Ні на што ты не наракаеш,
Ты адным толькі мною жывеш.

Сёння сядзем за стол навагодні,
Беласнежны накрыеш абрус.
Я, з сямейным Еоычаем згодна
Раскажу табе ўсё, як сябру.

Табой шчасце і радасць я мерыў
Ведаў, як іх маем цаніць.
Твайму кожнаму слову я верыў,
І не знаў, як табой даражыць.
Помніш, мама, мяне як, бывала,
Ты туліла да вуснаў сваіх
І цудоўныя песні спявала,
На руках носячы дарагіх.

Твае рукі ўжо, мама, не тыя,
Ўжо гады на іх грузна ляглі.
У вачах тваіх, мама, другія —
Прыцярушаны тлеюць агні.

Не забуду, матуля, нічога,
Ты скажы, чым табе адплаціць.
Я цябе, як мяне ты малога,
На руках, хочаш, буду насіць.


Жураўліная песня

Ключом доўгім ляцяць жураўлі
Над маркотнай старэчай — зямлёю.
Ажно спеў у гары паднялі
І апалі на лес за ракою.

Рэха песню у даль панясло,
Пракацілася ціха, без спеху.
Асцярожна кранула сяло,
Захлыснулася, быццам са смеху.

Вецер песню над лугам разліў,
І паніклі надрэчныя лозы.
Апусцілі да самай зямлі
Рукі - веткі сястрыцы бярозы.

Не сумуйце так. Песня вясной
Прыляціць к нам з раскацістым громам,
Узаўецца над гушчай лясной,
Прашуміць прывітаннем знаёмым.

ДЗМІТРЫ ШАТЫЛОВІЧ

Падляша

Падляша. У акне вагона
Мільгаюць манатонна сумныя палі,
Загоны вузкія бягуць да небасклона,
Туды, дзе болып і неба і зямлі.
І межы, межы! Без канца і края
Парэзалі яны раўнінны акіян!
Нейк тут памоўкла ўсё! Ужо восень наступае,
Бязлюдна поле, пуста дзе ні глянь.
А вось і лес — астанкі старой пушчы! —
Загарадзіў акно зялёнаю сцяной,
Месцамі страшны ён, здаецца, ў гэтай гушчы
Ніколі чалавек не стаў сваёй нагой...
Канары дрэў памалу пацямнелі,
Над лесам сонца свеціцца слабей,
Чыгунка, як-бы ўбегла да тунэлі,
І так бяжыць усё глыбей, глыбей...
Лес кончыўся. І вось цяпер прад намі
Раскрыўся вузкі луг з мізэрнаю травой,
Пасуцца два кані з абцёртымі бакамі,
І моцна спіць пастух з вуздой пад галавой.
А час ідзе, перад акном адкрытым
Упёрся ў хутар садзік малады.
І вёскі тут саломаю пакрыты,
І хаткі тут, як вуллі, у два рады.
Над хаткамі царквы капула сіня,
І крыж на ёй на ўсё сяло блішчыць.
А за царквою вольха і асіна,
Між імі рэчка ўецца да ляшчын.
А там, дзе разыходзяцца палоскі,
Гурба дзяцей рассыпалася па•дамах.
Вяртаюцца са школы з трэцяй вёскі
(Царква ў сяле стаіць, а школы дык няма!)
Але заскрыгатала пара пад вагонам
І адсапнуў са свістам паравоз.
Вось станцыя з барака, з вузенькім псронам,
Цягнік да мэты ўжо мяне давёз.
Вось у вагон праходзяць пасажыры новы,
З усіх бакоў нясецца хваля галасоў.
Тут людзі гутараць сваёй мясцовай мовай,
Гучыць яна — сімфонія родных слоў.
Мне мілы гэты гук, з усім я тут здружыўся
І пакахаў і сэрцам і душой.
З людзьмі, палямі, лесам шчыра зжыўся,
Хоць сумны край, але ён усё-ткі мой.


Помню

Помню я мост над абрываы. ракі
У павуціне звісаючай ночы,
Помню апошні твой поціск рукі
І расою пакрытыя вочы.

Помню дрыжачы твой шэпт на губах
Аб каханні, аб доўгай разлуцы,
Помню, ты моцна трымала ў руках
Падарунак мой — жменю настурцый.

Помню, туліўшыся ты да мяне,
Прашаптала «бывай» неахвоча.
І паходкаю плаўнаю, нібы ў чаўне,
Паплыла дзесь у сківіцы ночы.

Помню, як доўга стаяў і глядзеў
Я на вугаль чарнеючай далі...
Пацалунак жа твой на губах мне гарэў
І як полымя шчокі палалі.


Ты ўжо забыла

Ты даўно ўжо забыла, як у месячны ночы
Мы з табою сядзелі на лаўцы пад вязам,
Як ад спрэчак іскрыліся нашыя вочы,
Як было нам прыемма і радасна разам.
І цікавілісь мы тэатральнаю штукай,
Дасягненнямі тэхнікі, фільмам і модай,
Палітычнымі дзеямі, сціслай навукай,
Фармалізмам у музыцы, спортам, пагодай,
А паэзія цябе дык найбольш захапляла,
Ты любіла Міцкевіча, Пушкіна, Гётэ
І хваліла Байрона. А Янка Купала
Быў любімым тваім беларускім паэтам.
Беларуская кніжка — сябра неразлучны —
На каленях тваіх там заўсёды ляжала,
І раскрыўшы яе, ты мне голасам гучным
Ці паэмы, ці вершы з уздымам чытала.
Ты цвярдзіла тады, што ты вырасла з люду
І што любіш той просты народ беларускі,
Што хацела б змагацца ахвярна, каб усюды
Ўжо стаў жыць ён багата, культурна, па-людскі.
Ты чакала тады ў неўтамімым паспеху,
Каб хутчэй ўзяць у рукі дыплом педагога
І паехаць вучыць пад сялянскую стрэху,
Дзесь у вёсцы якойсь невялікай, убогай.
Час прайшоў — раздзяліліся нашы дарогі:
Я паехаў вучыцца ў другую краіну,
Ты дастала на месцы дыплом педагога
І пазней па табе след надоўга загінуў.
А цяпер я гляджу, ты зрабіла кар'еру,
На настаўніцку ніву рукою махнула,
Пазнаёмілась ты з пажылым афіцэрам
І ў касцёл пад вянец з ім хутчэй павярнула.
Ты жывеш з ім цяпер у сярэднім дастатку,
Ты не едзеш шторана да працы трамваем,
Не, ты дома глядзіш чыстаты і парадку,
Ты гатовіш абед і пасуду змываеш.
Ты паспела ад старых сяброў адказацца,
Як табе муж прадставіў прыяцеляў новых,
А прад імі ўжо сорамна нават прызнацца,
Што любіла калісь беларускую мову.
Ты ад кніжак адвыкла. Чытаць перастала...
І не толькі Міцкевіча, Пушкіна, Гётэ
(Не гаворачы ўжо тут пра Янку Купалу),
Ты амаль раз на месяц чытаеш газету.
А ў нядзелю ці свята шчасліва, вясёла,
Апрануўшыся ў модную нову сукенку,
Ты любіш пайсці пасядзець да касцёла,
Паказацца мужчынам, жанчынам, паненкам,
І ад часу да часу паехаць у госці,
Пахмяліцца віном і пагутарыць крыху
Аб умовах жыцця, аб грахах маладосці
І дамоў а паўночы вярнуцца паціху.
Ты забыла ўжо ночы і цёплыя ранкі,
Як сядзела са мною на лаўцы пад вязам.
Ты зрабілась тыповай забітай мяшчанкай
І ніхто не шарохне аспалы твой розум.
Не зайздрошчу табе і зайздросціць не буду,
Што ты ходзіш штодзень да ларка па закупы,
Што ў чарзе пастаіш, пазмываеш пасуду
І гатовіш для мужа катлеты ці супы.
Замятай сабе смецце з дубовых паркетаў,
І штотыдня выветрывай мужа пасцелі,
А штогод пасыпай нафталінам на лета
І адзенне, і футра, каб молі не з'елі,
Штонядзелю хадзі ты сабе да касцёла,
Спатыкай там знаёмых, выслухівай плёткі,
А што там на Падляшы ёсць вёскі бёз школы,
Не тужы ты над тым — дні такія кароткі!
А як хмары павіснуць над вашай «сялянкай»
(Бо муж з кожным годам прыкметна старэе),
Ты так лёгка, як мужа, захопіш каханка —
Як не душу, то цела мо' хтосьці прыгрэе...
Не зайздрошчу я гэтай ідыліі ціхай.
О, яна ўжо мяне не ўзрушае ні мала!
Ты з сваёю даўно непрыступнаю пыхай
Для душы і для сэрца чужою мне стала.
А калі нечакана дзесь зыйдземся разам,
І на момант сустрэнуцца нашыя вочы,
Тады ведай, што ўспомніў я лаўку пад вязам,
Дзе калісь мы праводзілі цэлыя ночы.


Сланечнік

Вось сонца ўзглянула з-за воблака меднага,
Скрывілася, нібы ад болі,
І слёзамі-каплямі дожджыку бледнага
Абмыла сланечнік у полі.

І гэты сланечнік заморгаў калёрамі —
Ён стаў прыгажэйшы ад ружы,
Заграў непаўторнымі свету узорамі
Чароўных алмазаў - жамчужын.

Дрыжаць аганькі залацістымі роямі,
Ў іх нейкая сіла заўзята:
Здаецца, што славіцца тымі настроямі
Адвага прастога салдата.

Падлез ён калісьці пад грозны танк ворага
І, кінуўшы звязку гранатаў,
Не змог уцячы — заплаціў велылі дорага:
Ён згінуў ад куль супастатаў.

І тут, дзе сланечнік іскрыцца пад горкаю,
Ляжаў ён за танкам разбітым.
Ў руках меў пілотку з чырвонаю зоркаю
І ўвесь быў крывёю заліты.

Астанкі да зборнай магілы даставілі,
Зарылі ў глыбокую яму...
Па ім на іржэўніку толькі аставілі
Іржава - пунсовыя плямы.

І доўга яны, як пасцелі бальнічныя,
З сталёвай пачварай гарбатай
Расказвалі моўчкі пра смерць гераічную,
Пра падзвіг апошні салдата.

Мо' гэта крывінкі з крышталкамі чыстымі
Дажджу веснавога змяшалісь,
І вось на сланечніку залацістымі
Агнямі яны задрыжалі?

Яны мігацяць прамяністымі роямі,
Як зоркі ў нядбалай сваволі,
Як факел жывы, над магілай з героямі
Вось ззяе сланечнік у полі!


ВІКТАР ШВЕД

Родная мова

Мова ты родная, мова прыгожая,
Як жа цябе можам мы не любіць!
Ты пратрывала атакі варожыя,
Не здолеў ніхто цябе пакарыць.

Ты пад страхою знайшла саламянаю
Прытулак ад цяжкай навалы, нягод,
Цябе, мова, носіц.ь з вялікай пашанаю
У сэрцы сваім беларускі народ.

Паднятая сілай Купалы і Коласа
Змагла ты правы ўсе свае адстаяць.
Змагла ты дайсці да магутнага голасу
І месца пачэснае ў свеце заняць.

Калі нехта скажа: «Ёсць мовы мілейшыя»,
Яму адказаць я заўсёды гатоў:
Найпрыгажэйшая, найдаражэйшая
Мова зямлі роднай, мова бацькоў.


Янку Купалу

Твой голас зазвінеў, як гучны звон,
Глухіх і сонных змусіў ён падняцца,
І зварухнуўся не адзін Лявон
З магутным клічам: хочам людзьмі звацца!

Ты ў вершах многа дум і мар сабраў,
Пякучых слёз грамадскасці галоднай.
Ты ў сэрцах беларусаў абуджаў
Любоў да мовы — гордасці народнай,

Ты верыў, што загіне цьма, абман
І светлай раніцы надыйдзе час чароўны,
Калі ў сям'і нялічанай славян
Народ наш будзе жыць, як роўны з роўным.

Збыліся мары, сёння твой народ
Жыве шчаслівы ў сям'і братняй, новай.
Яна расце, мацнее з года ў год
Узгадаваная таксама й тваім словам.

І з намі ты жывеш, ты не памрэш,
Хоць смерць цябе каварная забрала.
У томах вергііаў вечна ты жывеш
І ў нашых сэрцах, дарагі Купала!


Першы выстрал «Аўроры»

Якубу Мартынюку з вёскі Новае
Беразова, былому матросу «Аўроры».

Халодныя хвалі Балтыйскага мора
Ў высокі ўздымаліся вал.
На неўскім прычале стаяла «Аўрора»,
Чакала на першы сігнал.

І вось гэты выстрал раздаўся з гарматы,
Пранёсся над горадам гук.
У дыме, з рукою да вока паднятай,
Стаяў беларус — Мартынюк.

Глядзеў ён на Зімні і думаў аб долі...
Ці ведаў — здаецца наўрад,
Якую мець будзе ў гісторыі ролю
Той першы сігнальны снарад.

Не ведаў яшчэ, што снарад яго — гэта
Пачатак Кастрычніцкіх дзён,
Што новую эру абвесціць ён свету,
Якая знясе можных трон.

Прайшло многа год, калі быў гальванёрам,
Стары ўжо, і розны меў лёс,
Аднак на ўспамін аб падзеях з «Аўроры»
У ім аджывае матрос.


Ніколі больш вайны

Завецца звычайна: Хісако Нагата,
З Японіі родам, год дваццаць адзін.
Яна дэлегат на маскоўскае свята,
Як я, як сябры мае з розных краін.

Хоць ціхенькі голас Нагаты Хісако,
Ўсе сэнс разумеюць яе сумных слоў.
Пра горад свой родны, пра дом у Нагасакі
Гаворыць дзяўчына да новых сяброў.

З агню яе вынеслі ледзьве жывую,
Ад згубных праменняў ёй голас прапаў,
Бацькоў яе, брата, сястрычку малую
Страшэнны ўзрыў атамнай бомбы забраў.

Таму яна мір так бароніць заўзята,
За мір усе сілы гатова аддаць.
Яе кліч магутны: хай будзе пракляты,
На мір хто асмеліцца руку падняць!

Хоць ціха гаворыць Нагата Хісако,
Яе словы сёння усюды чутны:
Ніколі больш гібельных дзён Нагасакі,
Ніколі больш атамных бомб і вайны!