Краязнаўца Мечыслаў Супрон атрымаў прэмію Ядкоўскага

Краязнаўца Мечыслаў Супрон атрымаў прэмію Ядкоўскага


Названы сёлетні лаўрэат прэміі Ядкоўскага, уручэнне якой традыцыйна праходзіць у межах святкавання Дзён Святога Губерта ў Гародні.

Атрымаў прэмію гарадзенскі краязнаўца і грамадскі актывіст Мечыслаў Супрон.

Пра прэмію распавядае гісторык, прафесар гісторыі Юры Гардзееў:

– Узнагароджваюцца гэтай прэміяй гісторыкі ці краязнаўцы, якія маюць заслугі для гісторыі ўвогуле нашага горада, вывучэння гісторыі горада, аховы гісторыка-культурнай спадчыны. У гэтым годзе прэмію атрымаў Мечыслаў Супрон, хоць у нас былі тры выдатныя кандыдаты. Мы лічым, што дзякуючы менавіта тым намаганням, якія ўкладвае Метак Супрон у галіне аховы помнікаў, ахове археалагічнага культурнага слою. Ён з’яўляецца акрамя таго грамадскім актывістам, вядзе “Жывы журнал”, публікуецца ў тым ліку ў “Гарадзенскім гадавіку” і іншых рэсурсах.

Для самога Мечыслава Супрона ўручэнне прэміі было нечаканасцю і вялікім гонарам:

– Гэта прызнанне маёй дзейнасці, усяго, чым займаўся цягам апошніх дзесці гадоў дзесяці. Магчыма гэта будзе з’яўляцца стымулам для далейшай дзейнасці, папулярызацыі гісторыі Гародні, яе традыцый, абароны гісторыка-архітэктурнай спадчыны. Маё самае вялікае дасягненне, што я лічу сябе гарадзенцам, нягледзячы на тое, шо нарадзіўся і вырас у іншай мясцовасці. Гародня стала для мяне больш роднай, чым той горад, дзе я нарадзіўся і вырас.

Сярод ранейшых лаўрэатаў прэміі Юзафа Ядкоўскага – гісторыкі і краязнаўцы Алесь Госцеў, Таццяна Касатая, Віктар Саяпін, Ігар Лапеха.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня


Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя