Пісьменнікі ўшанавалі памяць Васіля Быкава

Пісьменнікі ўшанавалі памяць Васіля Быкава


"Яны былі розныя, як лёд і полымя. Можа гэта іх і прыцягвала адзін да аднаго", -- кажа Наталля Адамовіч, дачка пісьменніка Алеся Адамовіча пра адносіны свайго бацькі з Васілём Быкавым.

У дзень 89-годдзя Быкава на Усходніх могілках, дзе ён пахаваны, адбылося ўшанаванне пісьменніка, на якім прысутнічала і Наталля Адамовіч.

- Я ведаю, што ён казаў іншым, што яму вельмі цяжка і сумна без Алеся, што нават няма з кім пагаварыць. Вось гэта мяне вельмі ўразіла. Я потым гэта чула ад іншых людзей. Такое вось прыцягненне на ўсё жыццё. Пасля ён пражыў амаль дзевяць год без Адамовіча і гэта была значная для яго страта. Вельмі ён сумаваў па ім.

Па словах Наталлі Адамовіч, Васіль Быкаў да свайго ад'езду з Беларусі некалькі разоў наведваў вёску Глушу, на могілках якой пахаваны Алесь Адамовіч, які памёр у студзені 1993 года. "Так што я ўдзячная Васілю Уладзіміравічу і за адносіны да майго бацькі, і за падтрымку пасля яго смерці," -- кажа Наталля Адамовіч.

* * *

На былой дачы Васіля Быкава пад Менскам, каля пасёлка Ждановічы, у будучым годзе павінен адкрыцца музей народнага пісьменніка. Па словах загадчыцы навукова-экспазіцыйнага аддзелу дзяржаўнага музею гісторыі беларускай літаратуры Вольгі Гулевай, гэта стала магчымым, таму што ўдава Васіля Быкава Ірына Міхайлаўна перадала гэтую дачу пад музей.

Вольга Гулева:


- Нам пашанцавала на тое, што вялікая, значная частка архіву Васіля Уладзіміравіча захоўваецца ў нашых фондах. Мы спадзяемся, што ў наступным годзе будзе адкрыты музей-дача Васіля Быкава. І што там можна будзе дакрануцца да творчасці гэтага выдатнага пісьменніка і прарока. Ёсць такая крылатая фраза: няма прарока ў сваёй Бацькаўшчыне. Але, як Быкаў пісаў, ён быў, ёсць і ён будзе, пакуль прынамсі ў людзей жыве праўда і справядлівасць.

Гэтыя словы Быкаў прысвяціў свайму сябру пісьменніку Алесю Адамовічу. Але час паказвае, што іх можна аднесці і да самаго Васіля Быкава, -- сказала Вольга Гулева.

* * *

Палітычны зняволены, кіраўнік правааабарончага цэнтра "Вясна" і літаратар Алесь Бяляцкі з нагоды дня народзінаў Васіля Быкава прыслаў з калоніі, дзе адбывае пакаранне, адмысловы ліст, прысвечаны народнаму пісьменніку. Ліст быў зачытаны сябрам палітвязня, паэтам і праваабаронцам Сержуком Сысом у час цырымоніі ўшанавання памяці Быкава на Усходніх могілках у Менску:

- "Што значыць для беларусаў Васіль Быкаў? Вялікі чалавек, адзін з бацькоў беларускай нацыі, геніяльны пісьменнік, які ўзняў пытанні быцця, існавання беларускага народа на пазазямны, усяленскі ўзровень. Можа не столькі дзеля значнасці беларусаў, якіх ён і пакутліва любіў, і шкадаваў, лічыў самым занядбаным народам у Еўропе, да якога мы маем гонар, ці няшчасце належыць, колькі дзеля трагічнасці, экзістэнцыяльнасці лёсу беларускага народу, яго трагічнай ўнікальнасці і непаўторнасці...Васіль Быкаў аб'ектыўна абессмяроціў беларусаў... Ён стварыў узор беларускага характару, архетып беларуса, па якім мы яшчэ доўга будзем вымяраць і свой народ і саміх сябе," -- піша Алесь Бяляцкі.

* * *

Сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў ушанавалі памяць Васіля Быкава ў дзень яго нараджэння. 19 чэрвеня народнаму пісьменніку Беларусі споўнілася б 89 гадоў. На Усходнія могілкі ў Менску, дзе пахаваны Быкаў, прыйшлі яго сябры і палечнікі, удава Ірына Міхайлаўна.

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч нагадаў, што праз некалькі дзён споўніцца 10 гадоў, як Быкаў пайшоў з жыцця:

– Пра гэта сведчаць і тыя шматлікія выданні і перавыданні ягоных кніг, пра гэта сведчаць тыя аповесці і прыпавесці, якія выйшлі ўжо пасля смерці Васіля Уладзіміравіча, якія дасталіся нам у спадчыну, шматлікія ягоныя інтэрв'ю, у якіх ён зазірае далёка ў будучыню. Невыпадкова называюць яго прарокам і празорцам. Можа быць яшчэ і па гэтай прычыне так не падабаецца многім нашым чыноўнікам і ўладам тое, што рабіў Васіль Уладзіміравіч Быкаў.

Барыс Пятровіч сказаў, што можа таму сёння мы не маем вуліцаў імя Быкава ў Менску ды Гародні. А таксама не выконваецца пастанова Савета Міністраў пра выданне збору твораў і ўшанаванне памяці Васіля Быкава.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

* * *

Якраз сёння споўнілася б 89 гадоў з дня народзінаў Васіля Быкава – народнага  пісьменніка, які адыграў ключавую ролю ў нацыянальным Адраджэнні і дасягненні незалежнасці  Беларусі.

Сёння а 12-й гадзіне сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў плануюць ускасці кветкі на магілу Васіля Быкава, кажа старшыня Саюза Барыс Пятровіч:

– Мы не плануем ніякіх мітынгаў, але можа так стацца, як кожны раз адбывацца, што захочуць людзі слова сказаць, тады можа быць будзе некалькі выступаў. Але мы думаем, што гэта будзе проста звычыйнае ўшанаванне памяці Васіля Уладзіміравіча. Тое ж самае і 22-га, мы хочам вянкі ўскласці.

Сёння таксама на радзіме Васіля Быкава адбудзецца традыцыйнае ўручэнне прэміі “За свабоду думкі”, заснаванай Аляксандрам Мілінкевічам.

Урачыстасці пройдуць ужо традыцыйна ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя