Выйшла першая кніга паэта Алеся Емяльянава-Шыловіча


У серыі "Кнігарня пісьменніка" Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў пабачыла свет дэбютная кніга вершаў Алеся Емяльянава-Шыловіча "Парасонечнасць". Да выдання прыкладаецца дыск з песнямі Алеся.

Алесь Емяльянаў-Шыловіч – асоба ў літаратуры не выпадковая і не новая, адпаведна і яго ўласны зборнік вершаў варта разглядаць не як шчаслівы збег абставінаў, як часцяком здараецца з першымі кнігамі маладых творцаў, а як вынік плённае працы папярэдніх гадоў.

У кнізе выразна прасочваецца вартая павагі строгасць адбору вершаў. Што тычыцца тэмаў, да якіх звяртаецца аўтар, то тут выдае на класічны набор: навакольны свет, чалавечыя пачуцці, пошук адказаў на кардынальныя пытанні зямнога існавання, пошук свайго месца ў гэтым свеце. Форма вершаскладання ў бальшыні выпадкаў таксама класічная, што разам з абранай палітрай вобразаў стварае цэльную карціну творчага свету А. Емяльянава-Шыловіча. Пры гэтым агульны тон твораў не мінорны, а хутчэй стрымана-лірычны, з трапнымі смайлікамі самаіроніі, якія асабліва заўважныя, калі аўтар звяртаецца да блізкага, зямнога, што часам так і застаецца незаўважаным за мітуснёю дзён (як, да прыкладу, у вершы “Трамвай”).

Яшчэ адзін сімпатычны аўтару прыём – гульня са словамі і сэнсамі. Пачынаючы ад назвы кнігі – “Парасонечнасць”, дзе знітаваліся несумяшчальныя на першы погляд словы. А. Емяльянаў-Шыловіч з рознай ступенню майстэрства, але смела эксперыментуе:

 

            Поўнач. Блукаю

            па адным са сталічных заспаных

мікрараёнаў

            сярод дамоў, дамоў, дамоў,

Дамоў, дамоў, дамоў!

Дамоў, дамоў, дамоў!!!

Дамоў з якімі не заключыш.

Якія тут дамовы?

Да мовы яны глухія…

І дадамо яшчэ – шчырасць аўтара. Заўсёды прыемна чытаць радкі, якім верыш, нават калі заўважаеш недасканаласць... Гэта асабліва важна, бо вершы, напісаныя ў розны час, на розных этапах сталення, часта дысануюць. І чытаюцца яны толькі пры той умове, калі малады творца шчыры нават у памылках і не саромеецца быць наіўным і смешным – такім, якім быў падчас напісання верша…

Упэўнены, кніга Алеся Емяльянава-Шыловіча знойдзе свайго чытача, а аўтар – натхненне для новых вобразаў і рыфмаў.

Усевалад Сцебурака, для lit-bel.org

Крыніца: Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"