Васіль Быкаў: 10 год пасьля сьмерці

Васіль Быкаў: 10 год пасьля сьмерці


Апошнімі днямі ў Беларусі зноў загучала імя Васіля Быкава.

Нагодай сталі дзьве гадавіны – 89 гадавіна нараджэньня й 10-ая гадавіна сьмерці беларускага пісьменьніка.

19-га чэрвеня — у гадавіну з дня нараджэньня Васіля Быкава – памяць пра пісьменьніка ўшановалі блізкія ды сябры,у тым ліку літаратары Анатоль Вярцінскі, Генадзь Бураўкін, Барыс Пятровіч, Уладзімер Някляеў ды іншыя, на Ўсходніх могілках Менску. У той жа дзень, у іншай часцы Беларусі, у вёсцы Бычкі Ўшацкага раёну на радзіме пісьменьніка адбылося ўручэньне сёлетняй прэміі “За свабоду думкі”, заснаванай кіраўніком Руху “За Свабоду” Аляксандрам Мілінкевічам. Узнагароду атрымалі – музыка Зміцер Вайцюшкевіч і мастак Алесь Марачкін. 20-га чэрвеня ў Цэнтральнай бібліятэцы акадэміі навук Беларусі адбылася вечарына пад назвай «І зноў была нядзеля, як тады, у сорак першым …», прысьвечаная 10-й гадавіне сьмерці народнага пісьменьніка Беларусі.

Гэта далёка ня ўвесь пералік памятных мерапрыемстваў. 10 год пасьля сьмерці творцы ягоныя словы ды запаветы жывыя ў грамадзтве, кажа кіраўнік Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў. Быкаў – гэта гонар нацыі.

Алег Трусаў: Калі ўзяць ХХ-ае стагодзьдзе, асабліва другую палову, то з Быкавым мала каго можна параўнаць. Зорка Быкава зазьзяла з канца 1960-ых гадоў. Калі я быў падлеткам, я вельмі любіў слыхаць як па Беларускім радыё чыталі ягоныя творы: Сотнікаў, Трэцяя ракеты. Фільмы былі. Быкава ў той час ведалі ўсе ў Беларусі, і ва ўсім ў Савецкім Саюзе чыталі ягоныя творы. Гэта ўнікальны чалавек, я б сказаў, што гонар нацыі другой паловы ХХ-га й пачатку ХХІ-га стагодзьдзяў.

Наш суразмоўца нагадвае, што Васіль Быкаў вызначаўся пранізьлівым позіркам ды асаблівым стаўленьнем да беларускасьці.

Алег Трусаў: Я сябрам Быкава ніколі ня быў, але быў зь ім знаёмы. У яго быў вельмі спэцыфічны позірк, такі пранікнёны. Гэты ён мне запоўніўся. Ён рэдка ўсьміхаўся, але жартаваць умеў. Было бачна, што ён часта ў сабе, думае пра розныя глыбокія рэчы. Яшчэ ён ніколі не пісаў адразу па-расейску. Пры-гэтым ён вельмі не любіў, калі яго перакладалі на расейскую. Ён сам рабіў расейскамоўныя вэрсіі сваіх твораў. У яго быў моцны ўнутраны патрыятызм.

У сваю чаргу філёзаф Валянцін Акудовіч зьвяртае ўвагу на тое, што Быкаў найбольш раскрыўся, як пісьменьнік у сваіх позьніх творах. Вельмі цікавую нашчадкам пісьменьнік пакінуў аўтабіяграфію пад вымоўнай назвай “Доўгая дарога дадому”.

Валянцін Акудовіч: Аднойчы мы зь ім доўга паразмаўлялі. Гэта выпадкова было, ён зайшоў у часопіс “Крыніца”, дзе я тады працаваў. Незадоўга да гэтага выйшла быкаўская “Сьцяна” – цудоўнае апавяданьне, стоадсоткавы экзыстэнцыйны мастацкі праект. Я яму сказаў пра гэта, падкрэсьліўшы крыху неадэкватнасьць вясковых мужыкоў ды цётак да фармату экзыстэнцыйнай эстэтыкі. А ён сказаў, што яго за гэта так хвасталі раней, што калі б ён да падыходзіў да тых сытуацый, як Камю або Сартр -- яму б увогуле жыцьця не далі. Для мяне адкрыцьцём была ягоная кніга – Доўгая дарога дадому. Гэта мая любімая кніга ў Быкава.

Пасьля некалькі год жыцьця й працы за мяжой, Васіль Быкаў вярнуўся ў Беларусь, фактычна каб памерці. Гэта сталася 22 чэрвеня 2003-га году. За сваю доўгае жыцьцё ён перажыў ІІ Сусьветную вайну, распад Савецкага Саюза, выступаў і не дачакаўся дэмакратычных перамен у Беларусі.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё