"Том, які сагравае рукі і сэрца" — кніга Віктара Карамазава прэзентаваная ў Мінску


25 чэрвеня на сядзібе Таварыства беларускай мовы ў Мінску была прэзентаваная кніга выбраных твораў Віктара Карамазава. Выданне стала 67 выпускам “Беларускага кнігазбору”.

Сустрэча праходзіла ў камернай, сяброўскай атмасферы. Сярод наведнікаў можна было заўважыць літаратараў, калег і сяброў аўтара — Анатоля Вярцінскага, Алеся Жука, Міхася Скоблу, Людмілу Паўлікаву-Хейдараву, Кастуся Цвірку, Генадзя Вінярскага, Алеся Пашкевіча. Арганізатарам сустрэчы выступіў Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Празаік, старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч у прывітальным слове адзначыў:

— Перад намі — новы том залатой серыі, плён шматгадовай працы пісьменніка, куды ўвайшлі як творы, што вывучаюцца ў школьнай і ўніверсітэцкай праграмах, так і параўнаўча новыя, надрукаваныя ў часопісе “Дзеяслоў”. Памятаю, чытаў аповесць-эсэ Віктара Карамазава «Глядзіце ў вочы лемуру», яшчэ калі быў малады. Пазней сапраўдным адкрыццём сталі творы, прысвечаныя мастакам. Хаця гэта не дзіўна, бо Віктар Карамазаў сам добра малюе.

Віктар Філімонавіч апошнім часам рэдка з’яўляецца на публіцы, таму яго ўдзел у прэзентацыі стаў сапраўдным падарункам для прыхільнікаў ягонага таленту. На вечарыне таксама прысутнічалі жонка празаіка Лідзія Мікалаеўна і дачка Людміла. Спадарыня Лідзія спрычынілася да падрыхтоўкі кнігі і як чытач, і як прафесійны карэктар і стыльрэдактар, пра што асобна зазначыў сам аўтар. Не забыўся Віктар Філімонавіч выказаць падзяку і Анатолю Сідарэвічу, і выдаўцам Генадзю Вінярскаму і Кастусю Цвірку.

— Прырасло нашага “Кнігазбору”, — усцешана распавядае спадар Віктар. — Прызнаюся, што гэты том сагравае рукі і сэрца. Многія рэчы прагучалі ў ім па-новаму. Аўтар прадмовы да кнігі, народны мастак Беларусі Анатоль Бараноўскі, паставіўся да маіх твораў як жывапісец. Вельмі дакладна крытык акрэсліў галоўную ідэю рамана “Мастак і парабкі”: там, дзе жывуць парабкі, няма месца мастаку.

Адносна выбару твораў для тома Віктар Філімонавіч расказаў, што гэта было вельмі няпроста, бо сярод выбранага апынуліся розныя па часе і настрою напісання, па жанры і па тэматыцы раман, апавяданні, эсэ.

Да вобразу мастака пісьменнік звярнуўся ў 1990-я гады. З таго часу з’явіліся творы пра Вітольда Бялыніцкага-Бірулю, Станіслава Жукоўскага, Мікалая Неўрава. Асобна варта адзначыць аповесць пра народнага мастака Беларусі, нашага сучасніка Гаўрылу Вашчанку.

Дарэчы, калі Віктар Карамазаў некалькі гадоў не пісаў прозу, выйсці з творчага крызісу яму дапамаглі менавіта заняткі жывапісам. Выяўленчае мастацтва найлепш адлюстроўвае адценні і пералівы колераў, і слова ў такой сітуацыі бяднейшае за фарбы, лічыць Віктар Філімонавіч.

На вечарыне выступілі Кастусь Цвірка, Анатоль Вярцінскі, Алесь Жук.

Напрыканцы сустрэчы аўтар адказаў на пытанні гледачоў, адбылася аўтограф-сесія.   

Тэкст: ВТ

Фота: Алена Казлова

Крыніца: Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"