Марціновіч: галоўным героем маёй кнігі зьяўляецца абсурд

Марціновіч: галоўным героем маёй кнігі зьяўляецца абсурд


Аўтар “Сфагнума”: я падсумаваў усё тое, што шмат разоў прадумаў, прагаварыў, пачуў і пабачыў пра Беларусь.

“Трое маладых злачынцаў забіваюць падзельніка й губляюць чужыя грошы, якія цяпер давядзецца вяртаць любой цаной. Яны вырашаюць залегчы на дно ў маленькай вёсцы, ратуючыся адначасова ад крэдытораў і крымінальнага вышуку. І ўсё пайшло б паводле задумы, калі б не зьнешне паўмёртвая беларуская вёска зь яе неўміручай паганскай містыкай, якая падказвае нечаканае разьвязаньне праблемы. Героі за паўкроку ад шчасьлівага фіналу, але ці не зарана глядзець у неба, калі пад нагамі – багна?” - гэта кароткая анатацыя да новай кнігі аўтара «Параноі» Віктара Марціновіча.

Багна - гэта й ёсьць той сфагнум з назвы кнігі, толькі па-лацінску. Пра значэньне гэтага тэрміну гаворыць сам Віктар Марціновіч.


В. Марціновіч: Гэтае слова гучыць, як нейкі праклён. Гэта назва балотнага імха, расьліны, якая расьце на кожным верхавым балоце. Ён мае цікавыя ўласьцівасьці: утрымлівае вялікую колькасьць ёду і з-за гэтага ў вёсках яго выкарыстоўвалі, як лек. Ім лекавалі раны.

Крытыкі назвалі «Сфагнум» гангста-казкай з паганшчынай і хэпі-эндам. Сам Марціновіч кажа, што кнігу можна прачытаць на двух узроўнях.


В. Марціновіч: Яе можна прачытаць, як проста слова «Сфагнум», а можна пабачыць шмат сымбалічнага. Акрамя значэньня слова балота, гэта таксама вычарпальная мэтафара таго стану, у якім цяпер знаходзіцца Беларусь. Відавочна, што ўсе мы жывем на балоце. Беларусь – гэта вялікае балота.

У рэцэнзіі Лідзіі Міхеевай аўтарка назвала «Сфагнум» адным з найбольш пэсымістычных тэкстаў Марціновіча. Сам Марціновіч з гэтым не пагаджаецца, хаця прызнае, што ён па жыцьці самотнік і пэсыміст.

Раман выйшаў адначасова на дзьвюх мовах: расейскай і беларускай. Але, што цікава, яны адрозьніваюцца адна ад адной канцэнтрацыяй мацюкоў.


В. Марціновіч: З мацюкамі адбылася цікавая сытуацыя. Калі мне перадалі рашэньне выдавецтва, каб у беларускамоўнай вэрсіі цалкам прыбраць мацюкі, то я вельмі засмуціўся. Мне падаецца, што пераклад на беларускую мову, які зрабіў Віталь Рыжкоў, быў вельмі файны. Гэта такі аналяг твораў украінца Сэргія Жадана. Уся шматграннасьць мацюкоў была скарочана да трох-чатырох словаў, але нават гэтая невялікая колькасьць матаў вельмі засмуціла беларускага чытача. Выяўляецца, што мы - моўныя цнатліўцы, як быццам у нейкай фундамэнталісцкай краіне жывем. Я пераказаў тую мову, на якой размаўляюць нават не гопнікі, а простыя людзі.

Віктар Марціновіч называе сваю апошнюю кнігу самым важным з напісанага ім пра Беларусь да цяперашняга моманту. “Гэта не раман пра вёску. Гэта не раман пра балота. Гэта раман пра абсурд» - кажа аўтар.


В. Марціновіч: Калі “Параноя” была пра адно пачуцьцё, якое тут пануе, пачуцьцё страху, то “Сфагнум” адразу пра шмат пачуцьцяў і зьяваў. Пра ўсю беларускую глыбіню. Пра дзяўчын-вядзьмарак, пра калдуноў, пра цемру ў галовах, пра абсурд, які зьяўляецца галоўнай дзейнай асобай гэтай кнігі. Мне здаецца, што я падсумаваў тое, што шмат разоў прадумаў, прагаварыў, пачуў і пабачыў пра Беларусь.

«Сфагнум» адначасова выйшаў адразу на дзьвюх плятформах і на дзьвюх мовах – па-расейску, на мове арыгіналу, у выглядзе электроннага рэлізу на «Першаку», і папяровым выданьнем у перакладзе на беларускую. Расейскаемоўнае электроннае выданьне было спампавана ўжо больш за 2,5 тысячы разоў, а беларускі друкаваны наклад амаль цалкам прададзены.

Дзьмітры Гурневіч

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё