Новы нумар альманаху „Горад святога Губерта” – пра адукацыю

Новы нумар альманаху „Горад святога Губерта” – пра адукацыю


У гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця адбылася прэзентацыя альманаху „Горад святога Губерта”, які гэтым разам быў прысвечаны гісторыі адукацыі ў Гародні.

Яго рэдактарка Іна Соркіна паведаміла, што цэнтральнае месца публікацыяў аддавалася менавіта беларускай школе ў Гародні і яе стогадоваму юбілею.

– Гэта тэксты Андрэя Чарнякевіча і Уладзіміра Ляхоўскага, Аляксандра Кроя, Аляксандра Госцева. Сярод тэм нумару – яўрэйская адукацыя ў нашым горадзе, польская адукацыя ў нашым горадзе ў міжваенны час, а таксама праблема сучаснага беларускага школьніцтва. Матэрыялы Андрэя Чарнякевіча, якія ідуць дадаткамі да яго асноўнага артыкулу, гэта ўпершыню надрукаваныя спісы вучняў беларускіх школ, гэта біяграмы беларускіх настаўнікаў у Гародні. І ў гэтым як раз навізна дадзенага выдання.

Падчас прэзэнтацыі альманаху аўтары і выступоўцы з сумам адзначылі цярністы шлях беларускай асветы і яе сціплае месца ў асяроддзі сем’яў беларускіх нацыянальных дзеячаў цяпер. Кажа прафесар Аляксей Пяткевіч:

– Дзеці ўсіх гэтых аратараў і майстроў гаварыць пра сваю адраджэнскую ідэалогію, дзеці гэтых аратараў, унукі, праўнукі – ці адправілі яны іх у беларускія класы хаця бы ў Гародні, ці ў іншых гарадах? Гаварыць мы ўмеем, а як справу рабіць – на гэта нас не хапае.

Выданне альманаха ажыццёўлена дзякуючы падтрымцы „Цэнтра гарадскога жыцця”, „Гарадзенскай бібліятэкі”, абласной арганізацыі Таварыства Беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя