"Расьце расчараваньне грамадзян беларускай дзяржаўнасьцю"

"Расьце расчараваньне грамадзян беларускай дзяржаўнасьцю"


У такой сытуацыі частка беларусаў бачыць якія-колечы зьмены ў Расеі - лічыць дырэктар польскага Цэнтра ўсходніх дасьледаваньняў.

Падоўжаньне да 10 дзён бязьвізавага прыбываньня іншаземцаў у Беларусі выклікана мэркантыльнымі памкненьнямі Аляксандра Лукашэнкі. Эканамічная сытуацыя ў краіне хутка пагаршаецца, а таму неабходна латаць дзіркі – пераконвае дырэктар польскага Цэнтра ўсходніх дасьледаваньняў Адам Эбэрхардт.

Падоўжаны бязьвіз для іншаземцаў пачаў дзейнічаць з 1 студзеня. На думку польскага спэцыяліста, гэта спроба беларускіх уладаў павялічыць паступленьне сродкаў у абліччы вельмі кепскай эканамічнай сытуацыі, асабліва ў замежным гандлі. У такім выпадку кожны спосаб прыцягненьня грошай зьяўляецца добрым – лічыць Адам Эбэрхардт.

А. Эбэрхардт: Кожны спосаб прыцягненьня даляраў, эўра і рублёў зьяўляецца добрым. А іх таксама прывозяць турысты. Гэты крок выкліканы найперш фінансавымі прычынамі. Аднак ён мае і палітычнае вымярэньне. Прэзыдэнт Лукашэнка стараецца падміргваць вокам, паказваць, як вельмі Беларусь стараецца лібэралізавацца, бо, калі ласка, да нас можна прыехаць бяз візы.

Фінансавыя праблемы беларускіх уладаў узьніклі па трох асноўных прычынах.


А. Эбэрхардт: Расейскі крызыс шматгранна ўдарыў у Беларусь. Дагэтуль краіна чэрпала прыбытак, па-першае, дзякуючы таннай энэргетычнай сыравіне з Расеі. Па-другое, значна скараціўся рынак збыту на беларускія тавары ў Расеі. І трэцяе, зьменшылася колькасьць крэдытаў, якія апошнія 23 гады Расея шчодра выдзяляла Лукашэнцы. Гэтыя тры крыніцы значна высахлі. Гэта выклікае нэрвовасьць беларускага боку і адначасова выклікае творчы пошук вырашэньняў як выправіць фінансавае становішча, не праводзячы адначасова рэформаў.

На думку польскага экспэрта, цяперашняя каньюнктура і эканамічная сытуацыя знаходзяцца на вельмі слабым узроўні ў параўнаньні з мінулымі гадамі. І прычынай не зьяўляецца выключна скарачэньне паставак энэргетычнай сыравіны з Расеі.

А. Эбэрхардт: Неабходна памятаць, што цяжкая прамысловасьць, якая засталася Беларусі ў спадчыну ад Савецкага Саюзу, становіцца з кожным разам усё больш нерэнтабэльнай. Мяркуецца, што кожнае чацьвёртае, а нават трэцяе прадпрыемства цяжкой прамысловасьці застаецца стала, сыстэмна нерэнтабэльным. Да гэтага даходзіць нестабільная сытуацыя банкаўскага сэктара, які прымушаюць падтрымліваць гэтыя прадпрыемствы.

Да гэтых паказальнікаў неабходна дадаць зарабковую міграцыю беларусаў, якая ўплывае на эканамічнае становішча. Міграцыйная сетка беларусаў адрозьніваецца ад напрамкаў міграцыі, напрыклад, украінцаў, якія масава накіроўваюцца ў Польшчы і далей на Захад. Беларусы на працу едуць таксама ў Расею. Адам Эбэрхардт зьвяртае ўвагу на новую зьяву. Ужо ня толькі Масква прыцягвае беларусаў. Цяпер гэта і правінцыйныя гарады як Смаленск. Для жыхароў усходняй часткі Беларусі праца нават у расейскай правінцыі зьяўляецца значна больш прыцягальнай.

Адмысловец зазначае, што Аляксандар Лукашэнка традыцыйна спрабуе балянсаваць паміж Захадам і Ўсходам.

А. Эбэрхардт: Калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, то казаў, што беларусы – гэта тыя ж самыя расейцы, але са знакам якасьці. Цяпер ён так ня скажа. Гэта аказалася немагчымым, каб Беларусь стала лепшай Расеяй. Калі казаць пра нацыянальную тоеснасьць, то мне здаецца, што расьце расчараваньне грамадзян беларускай дзяржаўнасьцю. Гэта можна патлумачыць псыхалёгіяй. Лукашэнка зрабіў так, што ў краіне для яго няма альтэрнатывы, няма рэальнай апазыцыі. Усе, хто пасьля 24 гадоў стаміліся Лукашэнкам і шукаюць якую-небудзь альтэрнатыву, у Беларусі гэтай альтэрнатывы ня бачаць. У мяне складваецца ўражаньне, што ўсё больш людзей шанец на якія-колечы зьмены бачыць у Расеі.

Гэта пэўны парадокс: паколькі праект «Беларусь» становіцца ўсё больш няўдалым, паколькі Лукашэнка не спраўляецца з эканамічнай і грамадзкай сытуацыяй, то расчараваньне прэзыдэнтам выклікае расчараваньне ўласнай дзяржавай. І гэта адчыняе перад Расеяй поле для дзеяньня - лічыць Адам Эбэрхардт.

ав

Source: Беларуская служба Польскага радыё