SOS: бацькі патрэбныя адразу

SOS: бацькі патрэбныя адразу


У Польшчы трэці раз пачалася кампанія «Шукаем бацькоў SOS». Ідзецца пра згоду і гатовасьць стаць бацькамі прыёмных дзетак. Ці ў Беларусі таксама ёсьць такая патрэба?

У Польшчы 74 тысяч дзяцей ня могуць выхоўвацца ў біялягічных сем’ях па розных прычынах. Абавязак іх выхаваньня ляжыць на дзяржаве. Пры гэтым ёсьць людзі ды арганізацыі, якія ставяцца да гэтага ня толькі як да абавязку, але і да пакліканьня.

У Польшчы дзейнічае асацыяцыя «SOS Дзіцячыя вёскі», якая займаецца дапамогай і выхаваньнем такіх дзетак. Арганізацыя нядаўна абвясьціла пра пачатак новай ужо трэцяй кампаніі па набору прыёмных бацькоў «SOS шукаем бацькоў». Больш падрабязна пра арганізацыю і пошук прыёмных бацькоў у Польшчы распавяла Польскаму радыё Катажына Альшэўска з польскай асацыяцыі «SOS Дзіцячыя вёскі».

Катажына Альшэўска: Наша місія – апекавацца дзецьмі, якія ня маюць бацькоўскай апекі, або ім пагражае страта бацькоў. Гэта робіцца, каб дзеці маглі вырасьці ў бясьпечным доме, у сям’і, вырасьлі самастойнымі людзьмі. Нашыя вёскі – гэта кварталы сямейных домікаў, дзе жывуць сем’і SOS. Мы шукаем цяпер людзей, якія гатовыя стаць прыёмнымі бацькамі. Дзеля гэтага трэба быць гатовым зьмяніць сваё жыцьцё, пераехаць у вёску, любіць дзяцей ды быць цярплівым і гатовым стаць бацькамі не для аднаго дзіцяці, але для 4-6. Жадаючых мы заклікаем да кантакту з намі. Гэта могуць быць і сямейныя пары, і самотныя асобы.

«SOS Дзіцячыя вёскі» – гэта міжнародная сетка дзіцячых арганізацый, якая дзейнічае ва ўсім сьвеце. У Беларусі яны таксама працуюць. Паводле афіцыйнай статыстыкі, дзяцей-сірот у Беларусі налічваецца каля 25 тысяч. Значыць прыёмныя бацькі таксама патрэбныя. Мы пацікавіліся ў дырэктара «SOS Дзіцячай вёскі» ў Бараўлянах, якая склалася сытуацыя ў Беларусі.

Віталь Каратыш: У нас у Беларусі, у «SOS Дзіцячыя вёскі» шукаюцца прыёмныя бацькі, у тым ліку і цяпер ідзе актыўны пошук. Увогуле ў Беларусі існуе некалькі варыянтаў уладкаваньня дзетак, якія страцілі бацькоў альбо засталіся без бацькоўскай апекі. Гэта ўсынаўленьне – найбольш прыярытэтная форма, якую стымулюе дзяржава. Далей апека, прыёмная сям’я, патранат і гасьцявы рэжым. Мы, як «SOS Дзіцячыя вёскі», ажыцьцяўляем дзяржаўную апеку. Пры гэтым мы адзіная недзяржаўная арганізацыя, якая гэтым займаецца.

Цяжкасьці з пошукам прыёмных бацькоў выкліканыя шэрагам фактараў, кажа наш суразмоўца. Па-першае, стаць прыёмнымі бацькамі – гэта вельмі сур’ёзнае рашэньне на ўсё жыцьцё. Дзеці ня могуць штогод мяняць бацькоў. Па-другое, часта асабліва мужчыны здаюцца і адмаўляюцца ад ролі прыёмнага бацькі.

Віталь Каратыш: Гэта ня простая праца, а выбар на ўсё жыцьцё. Працэс адбору кандыдатаў вельмі патрабавальны, можа доўжыцца год ці больш. Мы ня можам сабе дазволіць, каб праз год узяць і зьмяніць матулю. Не бывае так, што ў дзіцяці штогод новая маці. Тут трэба прысьвяціць жыцьцё выхаваньню дзетак. У нас упершыню ў дзіцячай вёсцы зьявілася сямейная пара. На жаль, дамінуе тэндэнцыя, што тут застаюцца больш жанчыны. Мужчыны не вытрымліваюць такой нагрузкі.

У адрозьненьні ад польскіх «SOS Дзіцячыя вёскі», якія больш фінансава незалежныя, беларускія вёскі вымушаныя клапаціцца пра дадатковая сродкі, каб мець магчымасьць утрымаць сваю дзейнасьць на патрэбным узроўні. Яны ня толькі выхоўваюць дзяцей, але і вядуць прафіляктычную працу па ратаваньні сем’яў.

Віталь Каратыш: У нас цяпер крыху складаная сытуацыя. Беларусь атрымлівала дапамогу на такую дзейнасьць, цяпер фінансаваньне скарацілася. Мы вымушаныя шукаць дзе можна сродкі ў Беларусі, інакш давядзецца скарачаць дзейнасьць, зьмяншаць колькасьць дзетак, якім мы дапамагаем. Мы цяпер актыўна ладзім кампаніі па збору сродкаў. Таксама займаемся прафіляктыкай. Мы стараемся захаваць сям’ю там, дзе магчыма, пакінуць дзяцей у роднай сям’і. Калі бацькі гатовыя працаваць над сабой, яны трапілі ў часовыя цяжкасьці. Мы дапамагаем такім сем’ям, каб цяжкасьці пераадолець, а не сьпяшацца з тым, каб забраць дзяцей.

Як бачым, быць прыёмным бацькам няпростая справа. Для іх пошуку вядуцца адмысловыя кампаніі. Таму не палохайцеся, калі ў краме валанцёры зьвернуцца да Вас і папросяць дапамагчы. Хай ня кожны можа стаць прыёмным бацькам, але шмат хто з нас можа ахвяраваць крыху грошай на тых, хто знайшоў у сабе сілы даць дзецям пачуцьцё сям’і ды дома.

Юры Ліхтаровіч

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё