Як Пушкін намаляваў беларускі сьцяг кроўю

Як Пушкін намаляваў беларускі сьцяг кроўю


Аляксандар Тамковіч прадставіў у Варшаве кнігу пра вядомых сучасьнікаў.

Аніводная беларуская энцыкляпэдыя пакуль не апублікавала біяграфій усіх культурных і палітычных дзеячаў Беларусі. Зьбіраньнем і папулярызацыяй зьвестак пра выдатных сучасьнікаў займаецца журналіст Аляксандар Тамковіч. Ён выдаў ужо 19 кніг пра тых, каго можна было б назваць лідарамі грамадзкай думкі Беларусі. Сьвежую кнігу пра суайчыньнікаў — “Мазаіка жыцця” спадар Тамковіч прэзэнтаваў у варшаўскім Беларускім доме.

У беларускім грамадзтве існуе вялікая цікавасьць да жыцьцяпісаў такіх асоб, як сьпевакі Кася Камоцкая, Алег Хаменка, Віктар Шалкевіч, Іван Кірчук, дасьледчыца Юлія Чарняўская, пісьменьнікі Сьвятлана Алексіевіч і Віктар Марціновіч, дэпутат Алена Анісім, кінарэжысэр Андрэй Курэйчык, мастакі Алесь Пушкін і Гэнік Лойка. Менавіта расказам пра дзяцінства, сталеньне і сучасную дзейнасьць гэтых і іншых яркіх асоб прысьвяціў старонкі сваёй кнігі “Мазаіка жыцця” Аляксандар Тамковіч.

Алесь Зарэмбюк, кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве: Мы ўжо праводзілі прэзэнтацыі дзьвюх ранейшых кніг спадара Тамковіча. Яго новая кніга “Мазаіка жыцьця” — пра творчых людзей, літаратараў, грамадзкіх дзеячаў, якім, нягледзячы на беларускія рэаліі, удалося рэалізавацца ў аўтарытарнай сыстэме. І яны ня толькі зрабілі кар’еру, але пры гэтым засталіся людзьмі і захавалі вернасьць сваім прынцыпам.

Калі сабраць разам усе 19 кніг Аляксандра Тамковіча, то налічыцца каля 300 апісаных ім біяграфій вядомых беларусаў. Сярод гэтых гісторый шмат нечаканых. Адна зь іх трапіла ў найноўшую кнігу “Мазаіка жыцця” — пра тое, як Алесь Пушкін намаляваў адну зь першых сваіх карцін.

Аляксандар Тамковіч: Ёсьць легенда пра паходжаньне бела-чырвона-белага сьцяга. Нібы нейкі князь, паранены ў баі, абкруціў галаву белай тканінай, празь якую праступіла кроў. А мастак Алесь Пушкін зрабіў так. У бальніцы ў яго ўзялі з вэны 250 грамаў крыві. Гэтай кроўю ён правёў па палотнішчы — і зрабіў такую, зладзіў пэрфоманс. Ён мне паказаў гэту карціну яшчэ ў 1994 годзе.

На прэзэнтацыю кнігі Аляксандра Тамковіча прыйшла яго дачка Кацярына Тамковіч, якая ўжо 12 гадоў жыве ў Варшаве, працавала як журналіст, а цяпер здымае кіно. І працягвае сачыць за падзеямі на бацькаўшчыне. Кнігі бацькі Кацярына лічыць важным укладам у напісаньне аб’ектыўнай гісторыі сучаснай Беларусі.

Кацярына Тамковіч
: Калі мы ўпішам у інтэрнэце слова Беларусь, то побач адразу выскачыць прозьвішча Лукашэнка. Мне здаецца, што вельмі важна, каб быў такі чалавек, як мой бацька, які зьбірае, апісвае фрагмэнты той рэчаіснасьці, якая існуе па-за афіцыйнай сфэрай сёньняшняй Беларусі.

Сярод тых, хто прыйшоў на прэзэнтацыю кнігі Аляксандра Тамковіча ў варшаўскі Беларускі дом, былі як мясцовыя беларусы, так і палякі. Сярод іх — студэнты катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту.

Караліна Баркоўска, студэнтка катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту: Мяне цікавіць творчасьць Сьвятланы Алексіевіч. Цяпер я пішу працу пра яе раман-рэпартаж “Чарнобыльская малітва”. Спадзяюся, што ў кнізе Аляксандра Тамковіча я знайду новую інфармацыю, якую змагу выкарыстаць у сваёй рабоце.

Польскіх студэнтаў прэзэнтацыя кнігі менскага аўтара зацікавіла і як магчымасьць акунуцца ў беларускамоўнае асяродзьдзе.

Янак Вячорак, студэнт катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту: Гэта цудоўная магчымасьць, каб паслухаць жывую беларускую мову ад яе носьбітаў. Гэта цудоўная магчымасьць падыскутаваць па-беларуску. Беларускую мову, я лічу, варта ведаць, каб чытаць на ёй у арыгінале.

Цікава, што сам Аляксандар Тамковіч па-беларуску гаворыць і піша ня ўсё жыцьцё. Пачынаў як расейскамоўны журналіст. А да беларушчыны прыйшоў пасьля таго, як убачыла сьвет першая кніга журналіста — “Судьбы”.

Аляксандар Тамковіч: Я — былы вайсковец. І ў свой час беларускай мовы ня ведаў. Ідэю перайсьці на беларускую мову мне падказаў сьветлай памяці рэдактар газэты “Новы час” Аляксей Сьцяпанавіч Кароль. Ён прапанаваў мне пісаць нарысы ў газэту: “Пішы на расейскай, будзем перакладаць”. Мне стала сорамна: як так, беларуса перакладаць на беларускую мову?! Я пачаў пакрысе пісаць па-беларуску. Жонка прынесла кампутарную праграму, якая падкрэсьлівае памылкі. Першыя месяцы тры, вядома, складанасьці былі. Бедныя карэктары, якія мяне вычытвалі...

Цяпер Аляксандар Тамковіч працуе над чарговай кнігай, якая павінна ўбачыць сьвет у наступным годзе. Яна прымеркавана к 80-годзьдзю былога дыктара Беларускага тэлебачаньня Зінаіды Бандарэнка. Менавіта спадарыня Бандарэнка падала спадару Тамковічу ідэю напісаць першую кнігу. А з 20-й кнігі мы даведаемся пра нечаканыя моманты біяграфіі самой спадарыні Зінаіды. Напрыклад, пра тое, што славутая тэлевядучая скончыла мэдвучылішча па прафэсіі акушэр. У кнізе ўбачым таксама невядомыя фотаздымкі народнай артысткі.

Аляксандар Тамковіч: Зінаіда Бандарэнка паказвае мне фота і пытаецца, ці магу я пазнаць рукі на здымку. Натуральна, я не пазнаю іх. Ніхто іх, мабыць, не пазнаў бы. А Зінаіда кажа: гэта рукі Машэрава. Аказваецца, было 9 Траўня. Зінаіда Бандарэнка аказалася побач з Машэравым. Іх сфатаграфавалі. А калі прынесьлі фота, сказалі, што Машэрава ня можа быць на здымку разам з Бандарэнкам. Яго абрэзалі. А рукі засталіся.

Некаторыя з фрагмэнтаў кніг Аляксандра Тамковіча можна прачытаць у фэйсбуку, дзе журналіст дзеліцца са сваімі сталымі чытачамі фрагмэнтамі інтэрв’ю, фотаздымкамі з архіваў выдатных суайчыньнікаў. У плянах аўтара стварыць сайт, дзе ўсе гісторыі вядомых беларусаў будуць даступныя зь любога месца на Зямлі.

Віктар Корбут

Слухайце, калі ласка, далучаны гукавы файл

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё