У Беластоку пачаўся Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі

У Беластоку пачаўся Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі


30 хораў з 11 краін, каля 200 музычных твораў і 3 дні конкурсных слуханняў. У Беластоку пачаўся міжнародны фестываль царкоўнай музыкі “Гайнаўка-2018”.

У час інаўгурацыйнага канцэрта на сцэне прэзентаваўся лаўрэат гран-пры з мінулага года – Акадэмічны камерны хор “Хрэшчатык” з Кіева. Фестываль адкрыў віцэ–прэзідэнт горада Беластока Рафал Рудніцкі.

Кажа сябра журы фестывалю айцец Юры Шурбак:

– Можам паслухаць тое, што прэзентуюць хоры, якія дзейнічаюць пры парафіях, а гэта, хіба што, сутнасць усёй справы – падняць ровень хораў парафіяльных, вясковых і гарадскіх.

– Вельмі прыгожыя гэтыя песні, тэмбр голасу і перадусім само выкананне. Бог даў ім такі прыгожы голас.

– Прыцягвае нас прыгажосць царкоўнай музыкі.

– Прыгожыя чалавечыя галасы, яны хіба і ствараюць музыку без аніякіх музычных інструментаў. І іх выкананне такое, што часам нават мурашкі бегаюць.

У час інаўгурацыйнага канцэрта ўзнагароду міністра культуры ды нацыянальнай спадчыны Польшчы – медаль “Глорыя Артіс” – атрымаў сябра журы фестывалю айцец Юры Шурбак.

Сёлета ў час трох дзён конкурсных слуханняў выступяць хоры з Расеі, Украіны, Латвіі, Літвы, Вялікабрытаніі, Лібану ды 5 хораў з Беларусі. 17 траўня пачатак у 17 гадзін у будынку філармоніі па вуліцы Падлесьнай 2.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беластока

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя