Як жывецца беларусам у Аўстраліі?

Як жывецца беларусам у Аўстраліі?


Людміла Кузьміна-Бендай пераехала ў Аўстралію 9 гадоў таму. Гасцюючы ў сярэдняй сястры, пазнаёмілася з мужчынам і выйшла замуж. Ёй на той момант было 49 гадоў.

Раней жыла ў Івацэвічах з двума дзецьмі, якія жывуць цяпер, як і яна, у адным з буйнейшых гарадоў краіны – Сіднэі. Але ўсе 9 гадоў Людміла не парывае сувязь з Беларуссю, тут застаўся стары бацька, якому патрэбна дапамога.

У жанчыны падвойнае пачуццё да далёкай і малазнаёмай беларусам Аўстраліі, кажа Людміла:

– Зараз зіма. Вельмі холадна. У Сіднэі бывае +6 ноччу, без батарэй. Вельмі холадна ў памяшканні. Таму кандыцыянеры, абагравальнікі. Лета адно на другое не прыходзіцца. Але апошняе было як у нас, але там яшчэ гарачэй.

Не падабаецца жанчыне і аўстралійская кухня, салёная, салодкая, тлустая, хлеба няма, тварагу няма, кефіру таксама, па скумбрыю трэба ехаць далёка. У іх сям’і прыярытэт аддаецца беларускай. А вось па ўзоры жыцця беларуска аддае перавагу Аўстраліі.

Паводле Людмілы, аўстралійцы ведаюць, на што ідуць іхнія падаткі:

– Бясплатныя прыбіральні. Усюды туалетная папера, гарачая вада, ручнік, мыла. Шыкоўныя дарогі, масты, развязкі, ходнікі. Гэта ўсё для людзей. Калі ты больш зарабляеш, то ў Аўстраліі ведаюць, што ты мусіш адлічваць больш.

Аўстралія – індустрыяльна развітая краіна, якая іграе важную ролю на ўсёй Азіяцка-Ціхаакіянскай прасторы. Сёння Аўстралія – ​​адна з самых развітых дзяржаў у свеце. Хоць тут і пражывае ўсяго 23 мільёны чалавек, эканоміка краіны з’яўляецца трынаццатай у свеце. Вяртацца ў Івацэвічы Людміла і яе дзеці не плануюць.

Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя