Эмігранты спадзяваліся вярнуцца ў незалежную Беларусь

Эмігранты спадзяваліся вярнуцца ў незалежную Беларусь


Андрэй Масквін напісаў кнігу пра часопісы беларускіх эмігрантаў.

Антон Адамовіч, Алесь Салавей, Лявон Савёнак, Янка Запруднік… Тым, хто цікавіцца гісторыяй беларускай эміграцыі на Захадзе, гэтыя імёны вядомы. Як гэтыя людзі займаліся творчасьцю ў першыя пасьляваенныя гады, калі былі вымушаны пакінуць бацькаўшчыну і апынуцца ў розных краінах — Нямеччыне, Англіі, Бэльгіі?

Пра творчасьць пісьменьнікаў, якія пасьля 1944 года эмігрыравалі зь Беларусі на Захад, сёлета выйшла кніга Андрэя Масквіна «Białoruskie czasopiśmiennictwo emigracyjne: „Пагоня”, „Сакавік”, „Наперад!”».

Андрэй Масквін — доктар філялягічных навук, ад'юнкт катэдры міжкультурных дасьледаваньняў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэта.

Андрэй Масквін: На 267 старонках кнігі расказваецца пра выданьні, якія я знайшоў у Беларускім музэі і бібліятэцы ў Лёндане. Часопіс „Пагоня” выдаваўся па ініцыятыве паэта Алеся Салаўя ў 1945-1946 гадах у Зальцбургу (Аўстрыя), часопіс „Сакавік” — па ініцыятыве Антона Адамовіча ў 1947-1948 гадах у Нямеччыне, а часопіс „Наперад!” убачыў сьвет дзякуючы ініцыятыве „Дванаццаткі” — у 1948-1953 гадах у Вялікабрытаніі і Бэльгіі.

Навошта людзі на эміграцыі, удалечыні ад бацькаўшчыны выдавалі часопісы? Андрэй Масквін тлумачыць, што гэта было выклікана патрэбай пошуку аднадумцаў, абмену ідэямі пра мінулае, сучаснасьць і будучыню Беларусі, куды эмігранты спадзяваліся вярнуцца.

Віктар Корбут

Слухайце далучаны гукавы файл

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё