Гераіня жаночага маршу пратэсту зьнялася ў кліпе «Неверагоднасьць» да песьні Вайцюшкевіча
2021-01-14 22:25
14 студзеня адбылася прэм’ера кліпу да песьні Зьмітра Вайцюшкевіча «Неверагоднасьць». Аўтар верша — Мікіта Найдзёнаў.
Галоўнай гераіняй кліпу стала мадэль і стылістка Аляксандра Вараб’ёва, фатаздымак затрыманьня якой на леташнім жаночым маршы параўноўвалі з працамі часопіса Vogue.
У кліпе прысутнічаюць вобразы яшчэ дзьвюх жанчын, якія сталі сымбалем «беларускай неймавернасьці» — Ніны Багінскай і Марыі Калесьнікавай. Рэжысэр Андрэй Грынько і апэратар Аляксандар Алейнікаў перадалі іх праз пераўвасабленьне акторкі Натальлі Гарэлкінай і мадэлі Дар’і Навумавай.
«Гэтыя верш і песьня — спроба выказаць захапленьне адважнымі дзяўчатамі і жанчынамі Беларусі. Тут закладзеныя вобразы канкрэтных асобаў, але ў 2020-м зьявілася столькі неверагодных постацяў, што гераінямі можна лічыць большасьць беларусак», — кажа аўтар верша «Неверагоднасьць» Мікіта Найдзёнаў.
Неверагоднасьць
Ёсьць нешта такое — у ейных вытоках:
высокасьць натуры і проста высокасьць.
І сьмеласьць скразная: у рухах і жэстах,
нібы гераіня мастацкіх сюжэтаў.
⠀
Калі шпацыруе ці проста гуляе,
то ўсё, што вакол, раўнавагу губляе.
І ў ейнай прысутнасьці чынам чароўным
усё раптам робіцца бела-чырвоным.
⠀
Учынкі яе рвуць любыя шаблёны.
Хто ўзяў у палон, сам навечна палонны.
І будзеш сустрэчы чакаць, як прысуду,
і ўзгадваць памаду яе і фрызуру.
⠀
І мусіш прызнаць, нібы цуд, яе годнасьць
І ведаць, што гэта ўсё — неверагоднасьць.
І словаў шукаць і мэлёдый схапленьне,
каб выказаць неяк сваё захапленьне.