Чым небясьпечныя для Лукашэнкі «кніжныя людзі»?
2021-01-15 15:33
Пра што сьведчаць справы выдаўца Вінярскага і дызайнэра Лазара? Пашырэньне рэпрэсіяў на гуманітарную сфэру — агульная лёгіка рэакцыі ці асаблівасьць беларускага рэжыму? Ці існуе мяжа гэтага пашырэньня?
Гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць палітычныя аналітыкі Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.
Карбалевіч Ідзе шырокая і глыбокая зачыстка тэрыторыі. Лукашэнка паабяцаў, што знойдуць кожнага, хто так ці інакш выказваў сваю пазыцыю супраць рэжыму. Думаю, што гэтае абяцаньне ён выканае.
Калі чалавеку цяжка прад'явіць удзел у вулічных акцыях пратэсту, то шукаюць іншыя, напрыклад эканамічныя падставы, кшталту нявыплаты падаткаў.
Лукашэнка прыйшоў да высновы, што тактыка жорсткага здушэньня дае эфэкт. Вось маштаб пратэстаў значна зьнізіўся.
У адрозьненьне ад савецкай таталітарнай сыстэмы, якая прэтэндавала на кантроль над духоўным жыцьцём грамадзян, беларускі рэжым аўтарытарны. Ён абмяжоўвае кантроль толькі палітычным узроўнем. Хоць забарона бел-чырвона-белых сьцягоў у кватэрах — гэта рэцыдыў таталітарызму.
Гісторыя ведае шмат прыкладаў, калі пасьля здушэньня рэвалюцыі існы рэжым, які ўтрымаў уладу, пачынаў рэформы.
Лукашэнка не зьбіраецца праводзіць рэформы, ня хоча ніякіх пераменаў. У яго няма ніякай візіі будучыні. Ён абапіраецца на голую сілу.
Далейшы маштаб і глыбіня рэпрэсіяў залежыць ад шмат якіх чыньнікаў, якія сёньня цяжка прадбачыць. Напрыклад, ад таго, ці будзе вясной новы выбух пратэсту.
Цыганкоў Магчыма, затрыманьні менавіта гэтых людзей зьвязаныя зь нейкім іхным канкрэтным дзеяньнем. Магчыма, нейкаму сілавіку альбо чыноўніку трапіўся на вочы каляндар «Не маўчы па-беларуску», у выпуску якога ўдзельнічаў Анатоль Лазар, і сілавік пабачыў там «крамолу».
Супрацоўнікаў «Прэс-клюбу», як ужо паведамлялі адвакаты Слуцкай, затрымалі за ідэю незалежнай тэлевізіі.
Размах рэпрэсіяў пашыраецца, цяпер ужо прыходзяць да людзей, якія не былі злоўленыя на акцыях пратэсту, але проста вызначыліся нейкай «крамолай» у сваёй прафэсійнай дзейнасьці.
Калі і ўспамінаць гісторыю, рэвалюцыю ў Расеі 1905-1907 гадоў, то тады разам з рэпрэсіямі ўлада пачала рэформы — аграрную і палітычную (быў створаны парлямэнт, Дзяржаўная Дума). Цяперашняя беларуская ўлада, акрамя рэпрэсіяў, не прапануе грамадзтву ніякіх пэрспэктываў.
Розныя дыктатуры ў гісторыі, акрамя рэпрэсіяў, праводзілі эканамічныя рэформы — Піначэт, Франка. Альбо мелі нейкую альтэрнатыўную ідэю («мы не такія, як усе»), якую накідалі грамадзтву — Куба, Вэнэсуэла, Паўночная Карэя. Беларуская дыктатура ня мае ані сваёй ідэі, ані рэформаў.
70–75 % насельніцтва, якія не ўспрымаюць Лукашэнку — нехта актыўна, нехта пасіўна, — нікуды не падзелася. Яны затаіліся ў сваёй нянавісьці да рэжыму
Лукашэнка даўно даказаў, што яму падуладнае любое дно, што паказаў лёс Ганчара і Захаранкі.
Лукашэнка сам казаў, што «для дыктатуры няма рэсурсаў». Адзінае, што яго стрымлівае, — толькі час, ХХІ стагодзьдзе, і суседзі вакол. Ня толькі цывілізаваны сьвет, але нават Расея патрабуе ад яго стрыманасьці.
Для беларускіх сілавікоў няма пытаньня, які загад выконваць. Скажуць — будуць хапаць тых, хто п'е гарбату. Скажуць — будуць затрыманых адводзіць у печы, дзе іх будуць спальваць. Проста няма загаду.
Не лічу, што глыбіня рэпрэсіяў будзе набываць вялікія маштабы, яны ня думаюць хапаць кожнага нездаволенага. Будуць кропкавыя рэпрэсіі, каб іншыя баяліся і каб зьбіць напал процістаяньня.