У Еўрапарламенце адбылася канферэнцыя, прысвечаная Беларусі
2022-06-22 13:33
Гэта магчымасць вярнуць Беларусь у парадак дня і знайсці шляхі вырашэння практычных праблем.
21 чэрвеня, у Бруселі адбылася міжнародная канферэнцыя Каліноўскага, якую арганізоўваў Еўрапейскі парламент у супрацы з Офісам Святланы Ціханоўскай.
З вітальным словам да ўдзельнікаў звярнуліся прэм’еры Польшчы Матэвуш Маравецкі ды Літвы Інгрыда Шыманітэ, Еўракамісар Варгелій, дыпламатычныя прадстаўнікі ЗША і Украіны, пасол Еўрасаюза Дзірк Шубель.
- Два гады таму здарылася тое, чаго Лукашэнка не спадзяваўся. Сотні тысячы беларусаў выйшлі на вуліцы, каб змагацца сва свае правы. Яны пачалі працэс, які не спыняць ані арышты людзей за палітычныя погляды, ані пераслед ды катаванні за незалежнае мысленне.
- Давайце зробім усё, што можам, каб выканаць абяцанне аказаць падтрымку свабодным людзям Беларусі. Яны патрабуюць нашай падтрымкі больш чым калі. Давайце не сумнявацца! Як не сумняваліся беларусы ды лідары дэмакратычных сіл, каб зрабілі выбар на карысць праўды і дабра пасля 24 лютага. Давайце не губляць цярплівасць ды надзею, не губляць разуменне таго, што важна. Давайце змагацца за свабоду Украіны, Беларусі ды нас саміх. Так бы зрабіў Кастуць Каліноўскі. Слава Украіне! Жыве Беларусь!
У рамках канферэнцыі адбыліся дыскусіі з удзелам еўрадэпутатаў, дэпутатаў бельгійскага, французскага, грузінскага, украінскага парламентаў, прадстаўнікоў Каардынацыйнай Рады, Офіса і Кабінета Святланы Ціханоўскай, НАК, «Вясны», БАЖ, Freedom House, медыяў. З прамовай выступіла Святлана Ціханоўская.
- Я пакладаю надзею на Еўропу. Я рада, што Еўракамісія рэкамендавала прызнанне Украіне ды Малдове статусу кандыдатаў на ўступленне ў ЕС. Разам з іншымі беларускімі дэмакратычнымі лідарамі мы заклікалі да такога рашэння. Гэта пацвярджае, што не толькі украінцы хочуць стаць часткай Еўропай, але і Еўропа лічыць іх часткай сябе. Гэта пацверджанне таго, што ўкраінцы змагаюцца за свабоду ды еўрапейскія каштоўнасці. Пры гэтым я нагадваю, што лёс Украіны, Беларусі ды Еўропы ўзаемазвязаныя. Не можа быць свабоднай Украіны без свабоднай Беларусі. Еўропа не можа быць бяспечнай без свабодных і незалежных Украіны ды Беларусі.
Удзельнікі канферэнцыі абмеркавалі наступныя пытанні: неабходныя крокі па вызваленні палітвязняў, дапамогу беларусам, медыям, ініцыятывам і бізнесам, магчымыя сцэнары развіцця падзей. Гаворыць Павал Герчынскі з Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.
- Пуцінскі напад на Украіну змяніў наш фокус. Аднак мы не забываем пра жорсткія рэпрэсіі на любыя галасы свабоды ў Беларусі. Цяпер там больш за 1200 палітычных вязняў. Пад пагрозай усё грамадства: журналісты, юрысты, праваабаронцы, звычайныя грамадзяне, якія крытыкуюць сістэму. Палітычная апазіцыя або ў турме або за мяжой. Працяг тэрору азначае, што няма ніякай змены ў палітыцы беларускага рэжыму. Мы патрабуем як мага хутчэй вызваліць без аніякіх умоваў усіх палітычных вязняў.
Прадстаўнікі Офіса Ціханоўскай прадставілі бачанне магчымай супрацы паміж Еўрасаюзам і Беларуссю напярэдадні рашэння па кандыдацтве Малдовы, Украіны і Грузіі.
- Мы павінны ясна сказаць, што Лукашэнка – бандыт, які нясе поўную адказнасць за саўдзел у вайне. Паводле ААН, калі ты прадстаўляеш сваю тэрыторыю для атак агрэсара – ты саўдзельнік, без розніцы ці твае войскі ўдзельнічалі ў нападзе. Таму Лукашэнка вінаваты. Ніякага гандлю з ім, ніякіх дамоўленасцяў, толькі поўныя санкцыі. Лукашэнка суагрэсар ды васал неафашысцкага пуцінскага рэжыму.
Канферэнцыя такога маштабу, прысвечаная выключна Беларусі, адбылася ў Еўрапейскім парламенце ўпершыню ад 2020 года. Гэта магчымасць вярнуць Беларусь у парадак дня і знайсці шляхі вырашэння практычных праблем, спадзяваюцца беларускія дэмакратычныя сілы.
Юры Ліхтаровіч