У звароце да Лукашэнкі яна адзначыла, што ня будзе нават расказваць, як
гэта — быць жонкай палітвязьня і як самі палітвязьні «даюць рады ўсяму
гэтаму жаху», бо «сэнсу ў гэтым ноль, асабліва калі маеш справу з самым
галоўным босам».
«Я гатовая добраахвотна сесьці ў беларускую турму і ўзяць на сябе ўсе крымінальныя артыкулы Ігара ўзамен на ягоную свабоду. Калі вам вельмі хочацца, вы можаце мне накінуць яшчэ парачку крымінальных спраў для атрыманьня большай асалоды. Я іду на такі крок толькі пры ўмове, што Ігар з дачкой пакіне краіну. Вы нічога не губляеце, бо ў вашай краме чалавечых лёсаў іх колькасьць застанецца той жа», — заявіла Дар’я.
Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка
На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.
11 сакавіка 2021 года Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
Па якім артыкуле Лосіку выставілі новыя абвінавачаньні, невядома. Ягоны адвакат Дзьмітрый Лепрэтар пад падпіскай аб неразгалошваньні.
Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка. Жонка прыяжджала да месца закрытага суду і дзяжурыла каля будынку, нават ня маючы шанцаў зайсьці і пабыць на працэсе.
14 сьнежня ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля вынес выракі 6 падсудным:
Ігару Лосіку прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня,
Арцёму Сакаву — 16 гадоў,
Міколу Статкевічу — 14 гадоў,
Дзьмітрыю Папову — 16 гадоў,
Сяргею Ціханоўскаму — 18 гадоў,
Уладзімеру Цыгановічу — 15 гадоў зьняволеньня.