Беластоцкая старонка
Беласток паложаны каля этнаграфічнай Польшчы. Ад Беластоку да этнаграфічнай Польшчы ня больш 20 кілямэтраў. Беласток гэта адзін з найбольшых местаў у Зах. Беларусі і зьяўляецца найбольш прамысловым у ёй пунктам. Насельніцтва нашага Беластоку надта рознаякае – беларусы, палякі, маскалі і інш., а найбольш жыдоў. Беластоцкі промысл – суконныя фабрыкі, гарбарні, тартакі, гуты шкляныя і жалезныя і розныя майстроўні – блізу ўвесь у руках жыдоў. Работнікі – беларусы, палякі і крыху маскалёў.
Ваколіцы Беластоку чыста беларускія – кругом жывуць сяляне беларусы.
“Dom Prawosławny”
Беларуская група “prawosławnych polaków” – Савіцкі, Ярчак, Шутка – залажылі “Dom Prawosławny”, для “православных полякув” у Беластоку і яго ваколіцах.
Тут трэба адзначыць, што ані ў Беластоку, ані ў беластоцкіх ваколіцах – беларусы, а ў Беластоку – наездныя маскалі, ёсьць украінцы і нашыя, тутэйшыя беларусы. Група “православных полякув” – гэта беластоцкі новатвор, які зфармаваўся так-жа з чужацкасьці – з астачы ў Беластоку маскоўскай царкоўнай культуры, якая была засяваная так-жа на чужым грунце і развіцца тут належна не магла.
“Dom Prawosławny” для “православных полякув мае на мэце праводзіць у царкоўна-рэлігійнае жыцьцё мяйсцовага праваслаўнага насельніцтва польскую мову. Словам, мейсца расейшчыны ў царкве, для гэтых “правослывных полякув”, мае заняць польшчына.
Беластоцкія “православні поляцы” стараліся моцна ажывіць сваю дзейнасьць – зьбіралі сярод работнікаў і служачых подпісы за ўвядзеньне польскай мовы ў царкву і падавалі мэморыялы ў гэтай справе праваслаўнай духоўнай уладзе і дзяржаўнай ваяводзкай адміністрацыі. У рэзультаце прыбыў у Беласток малады попік, акадэмік, які і ўзяўся навучаць праўды Божай “православных полякув” папольску. Аднак у практыцы аказалася, што ніхто, апрача закладчыкаў “Domu Prawosławnego” для “православных полякув”, у Беластоку ў царкоўным жыцьці польскай мовы не хоча. Маладому
попіку ўсе згодным хорам заявілі – “Вашасьць нам не патрэбны!”
(...) Беларусы, нам ані расейшчына, ані “Dom Prawosławny” да асягненьня ідэалу абвешчанага Актам 25 сакавіка не па дарозе. А нашая мэта абазначана гэтым актам, які вырашае нашую справу нацыянальную і соцыяльную. Дык закладайма свае, беларускія арганізацыі.
Аб Т.Б.Ш.
У Беластоку ў 1927 годзе паўстала беларуская арганізацыя Т-ва Беларускае Школы (Т.Б.Ш.). Ад пачатку гэтая арганізацыя не магла належна праявіць сваей дзейнасьці, пакуль не адпаў элемэнт няздольны да творчай працы. Калі на мейсца элемэнту дэструкцыйнага прыйшлі людзі працы, што ўмеюць працаваць на роднай глебе, народная праца Т.Б.Ш. пачала разьвівацца.
У 1928 годзе Беласток пачуў роднае беларускае слова і з сцэны. Пачалі ладзіць беларускія прадстаўленьні, канцэрты і іншыя імпрэзы ў Беластоку і ў беластоцкіх ваколіцах. Многім гэткая праца ТБШ была “не наруку”, дык адны стараліся “ўзарваць” Т.Б.Ш., а другія шукалі спосабу спыніць беларускую народную дзейнасьць у ТБШ. Беларускія народнікі на гэтую варожую дзейнасьць у Т.Б.Ш. глядзелі, як на пераходнае зло і спадзяваліся, што арганізацыя ад шкоднікаў ачысьціцца і тады стане на цьвёрды народны грунт. Але зло аказалася даволі сільным і яно зусім спараліжавала нашу арганізацыю. У канцы – ТБШ у Беластоку зьліквідавана.
“Biełaruskaja Krynica”, nr 42, z dn. 10.11.1935 r., s. 2