Czasopis

Białoruskie pismo społeczno-kulturalne

02/2003


Календарыюм

Люты – гадоў таму

680 – У 1323 г. гарадзенскія дружыны на чале з кашталянам-князем Давыдам Гарадзенскім разьбілі нямецкіх і дацкіх рыцараў пад Псковам.

535 – 29.02.1468 выданьне „Судзебніка” Казіміра IV – першага збору законаў Вялікага Княства Літоўскага.

475 – У 1528 г. нар. князь Андрэй Курбскі, нашчадак у простай лініі роду Рурыкавічаў. Заслужаны паплечнік Івана IV Жахлівага (Грознага), здольны палкаводзец, адукаваны чалавек. У 1564 г., баючыся сьмерці з рук цара, уцёк да караля Зыгмунта Аўгуста ў Вялікае Княства Літоўскае. Яго сям’ю замучыў маскоўскі цар. Быў актыўным абаронцам праваслаўя, знаёміўся зь беларускімі друкарамі І Фёдаравым, П. Мсьціслаўцом, Г. Івановічам, братамі Мамонічамі, перапісаваўся з Канстанцінам Астрожскім.

235 – 28.02.1768 г. утварэньне Барскай канфэдэрацыі.

205 – 12.02.1798 г. памёр апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, родам з Волчына пад Брэстам.

195 – 4.02.1808 г. у фальварку Панюшкавічы Бабруйскага павету нар. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (пам. 29.12.1884 г.), паэт, драматург, клясык беларускай літаратуры. Жыў у Люцынцы каля Івянца. Дзейнічаў у Менску. Напісаў п’есы: „Рэкруцкі яўрэйскі набор”, „Чарадзейская вада”, „Спаборніцтва музыкаў, „Сялянка”, паэмы: „Вечарніца”, „Гапон”, „Купала”, „Шчароўскія дажынкі”, „Травіца братсястрыца”, „Быліцы, расказы Навума”, „Халімон на каранацыі”, камэдыя „Пінская шляхта”, пераклаў „Пана Тадэвуша”. Да „Сялянкі” музыку напісаў Станіслаў Манюшка і яна ставілася як опэра ў Менску ў 1852 г.

170 – 12.02.1833 г. нар. Іван Сьцебута (пам. у 1923 г.), прафэсар, адзін з заснавальнікаў навуковага расьлінаводзтва ў Беларусі, працаваў у Беларусі ў Гора-Горацкім земляробчым інстытуце ды розных вышэйшых селькагаспадарчых школах Расіі.

165 – 2.02.1833 г. у Мастаўлянах каля Ялоўкі на Беласточчыне нар. Кастусь Каліноўскі (павешаны ў Вільні 22.03.1864 г.), кіраўнік паўстаньня 1863-1864 гг. у Беларусі (у тым на Беласточчыне), публіцыст, адзін з заснавальнікаў „Мужыцкай Праўды”, якая друкавалася праўдападобна ў Беластоку.

140 – 1.02.1863 г. паўстаў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі, быў цэнтрам падрыхтоўкі і кіраўніцтва паўстаньнем, узначальваў яго Кастусь Каліноўскі. У гэты дзень зьвяртаўся да насельніцтва з маніфэстам аб паўстаньні.

140 – 2.02.1863 г. нар. Марыя Радзевіч (Rodziewiczówna, пам. у 1944 г.), польская пісьменьніца, паходзіла зпад Зэльвы. У сваіх творах пісала пра жыцьцё беларусаў, апісала хараство беларускай прыроды.

135 – 7.02.1868 г. нар. Вялянціна Сямашка (пам. у 1938 г.), піяністка, пэдагог. Адна з заснавальнікаў беларускага музычнага школьніцтва, выхаваўца некалькі пакаленьняў беларускіх піяністаў.

135 – 10.02.1868 г. у Табольску на Сібіры (у сям’і ўдзельніка паўстаньня 1863-1864 родам зь Меншчыны) нар. Кастусь Каганец (сапраўднае прозьвішча Казімір 33Кастравіцкі, пам. 20.05.1918 г.), палітычны дзеяч, пісьменьнік, мастак. Удзельнік і ідэоляг нацыянальна-вызваленчага руху ў Беларусі, адзін з заснавальнікаў ды кіраўнікоў Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады і Беларускай сацыялістычнай Грамады, вязень царскай турмы, старшыня зьезду беларускіх нацыянальных арганізацый (25-27.03.1917 г.). Друкаваўся з 1893 г., сталы карэспандэнт „Нашай Нівы”, аўтар вершаў, апавяданьняў, бытавых драмаў, навукова-папулярных артыкулаў для дзяцей, складальнік „Беларускага лемантара” (1906), аўтар славутага вадэвіля „Модны шляхцюк” (1910), мастак-графік.

120 – 10.02.1883 г. у маёнтку Мэйшты Браслаўскага пав. нар. Станіслаў Булак-Балаховіч, ваенны і палітычны дзеяч. У студзені 1920 г. са сваім конным атрадам быў уключаны ў войска БНР. У міжваенны час жыў у Белавежы, у 1937-1939 гг. прымаў удзел у грамадзянскай вайне ў Іспаніі па баку Ф. Франка, у 1939 г. удзельнічаў у абароне Варшавы. Расстраляны 10.05.1940 г.

110 – 18.02.1893 г. у в. Малая Багацькаўка Мсьціслаўскага павету нар. Максім Гарэцкі (расстраляны 10.02.1938 г.), адзін з заснавальнікаў новай беларускай прозы, крытыкі, фальклярыст, настаўнік, на-цыянальны дзеяч. Быў цяжка паранены у І Сусьветнай вайне, вязень польскай турмы. З 1923 г. у БССР. Вывучаў і выкладаў беларускую мову і літаратуру ва унівэрсытэце ў Менску, працаваў у Інстытуце Беларускай Культуры. Зьняволены ў 1931 годзе. Друкаваўся з 1912 г. у „Нашай Ніве”, драматызаваная аповесьць „Антон” (1914), раманы: „Віленскія камунары” (1932), „Камароўская хроніка” (1932), дасьледаваньні „Гісторыя беларускай літаратуры” (1920), „Хрэстаматыя беларускай літаратуры. Да 1905 г.” (1922), расійска-беларускія слоўнікі, нарысы, артыкулы. Зь верасьня 1921 г. да студзеня 1922 г. зьяўляўся рэдактарам друкаванага ў Вільні тыднёвіка „Беларускія Ведамасьці” (выданьне было забаронена польскімі ўладамі, за што М.Г. быў зьняволены).

100 – 10.02.1903 г. у Будславе на Вілейшчыне нар. Вінцэнт Жук-Грышкевіч (на здымку) – грамадзка-палітычны дзеяч, настаўнік. Да часу ліквідацыі, вучыўся ў беларускай гімназіі ў Будславе, а пасьля ў Віленскай Беларускай Гімназіі, якую закончыў у 1922 г. Вышэйшую адукацыю закончыў ва Унірэсытэце ў Празе ў 1926 г. У гадах 1927-1939 быў настаўнікам Віленскай Беларускай Гімназіі. Актыўны ўдзел прымаў у грамадзка-нацыянальным жыцьці. У канцы верасьня 1939 г. быў арыштаваны савецкімі ўладамі, зьняволены ў лагерах. У 1942 г. як польскі грамадзянін быў вызвалены, знайшоўся ў польскай арміі ген. В. Андэрса. Пасьля вайны, з 1950 г. жыў у Канадзе, актыўна ўдзельнічаў у нацыянальным руху. Быў старшынёй Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў гадах 1971-1982. Памёр 14.02.1989 г.

95 – у лютым 1908 г. у Менску быў заснаваны Царкоўна-археалягічны музэй.

90 – 1.02.1913 г. у в. Гаркавічы на Сакольшчыне нар. Сяргей Прытыцкі (пам. 13.06.1971 г.), актывіст падпольнага камуністычнага руху ў Заходняй Беларусі. З 1945 г. партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР.

90 – 9.02.1913 г. у Вільні адбылася першая пастаноўка камэдыі Я. Купалы „Паўлінка”. Ажыцьцявіў яе Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні. На прэм’еры прысутнічаў аўтар.

85 - 5.02.1918 г. была заснавана Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Партыя. Яе узначальвалі: Б. Тарашкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, А Луцкевіч.

85 – 19.02.1918 г. у Менску Выканаўчым Камітэтам Усебеларускага Зьезду пакліканы да жыцьця Народны Сакратарыят Беларусі – часовы ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі, у яго ўваходзілі Язэп Варонка (старшыня), Кастусь Езавітаў, Пятро Крачэўскі, Васіль Захарка, Аркадзь Смоліч і інш.

75 – 23.02.1928 г. у Вільні пачаўся суд над 56 дзеячамі Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады; 26.02.1928 г. у Менску ўтварыўся Камітэт абароны БСР Грамады на чале з Янкам Купалам.

65 – 4.02.1938 г. памёр Алесь Гурло, паэт (нар. 31.01.1892 г. у Капылі).

60 – 17.02.1943 г. у Росіцы на Віцебшчыне разам з мясцовымі вернікамі спаленыя беларускія ксяндзы Юры Кашыра і Антон Ляшчэвіч.

60 – 26.02.1943 г. памёр Канстанцін Аляксютовіч, балетмайстар (нар. 20.05.1884 г. у Бахаравічах каля Пухавіч), у 20-ыя і 30-ыя гады быў аўтарам пастановак балету, м. ін. „Капэлія” Л. Дэліба, „Зачараваны лес” Р. Грыга.

45 – 15.02.1958 г. у ЗША (Лісле каля Чыкага) памёр кс. Язэп Рэшаць (Язэп Рушчанец) – сьвятар, нацыянальны дзеяч, пісьменьнік. Нар. 26.07.1890 г. у в. Рушчаны каля Харошчы на Беласточчыне. За сваю нацыянальную дзейнасьць быў прасьледаваны польскімі касьцельнымі і дзяржаўнымі ўладамі. Супрацоўнічаў зь прэсай, зьяўляецца аўтарам кніг „З гісторыі аполёгэтыкі хрысьціянскай”, „Сьвятыя”, „Катэхізіс”, п’ес „Першыя ластаўкі” і „Зорка-Ідэя”.

40 – 20.02.1963 г. у Вільні памёр Канстанцін Галкоўскі, кампазытар, дырыжор і пэдагог (нар. 16.06.1875 г. у Вільні). У 1908 г. закончыў Пецярбурскую кансэрваторыю, пасьля працаваў у Вільні, аўтар многіх твораў заснаваных на беларускім фальклёры і музыкі да твораў беларускіх паэтаў – Я. Купалы, Я. Коласа, Ф. Багушэвіча.

Апрацавалі Вячаслаў Харужы і Лена Глагоўская