Я зусiм далёкi ад захапляльнага вiскату, што Радыё Гродна з першага снежня 2002 года павялiчыла сваё эфiрнае вяшчанне да 12-цi гадзiнаў. Наадварот, на душы робiцца кiсла i брыдка – гэта ж столькi часу будуць дурыць нам мазгi ўсялякай непатрэбшчынай i звычайнай лухтой! Аднак часам не-не, ды ўключаю зранку прыймач на гвалтам забраныя ў маскоўскай радыёстанцыi „Юность” хвалi, каб паслухаць „мясцовыя” навiны i прааналiзаваць працу калегаў. Сам жа больш як 11 гадоў таму пачынаў свой „журналiсцкi шлях” менавiта на гарадзенскiм радыё ў якасцi аўтара i вядучага культурнiцкай перадачы „Кантэкст”…
Ну дык вось прачынаешся, уключаеш радыё, услухоўваешся i… такое ўражанне, што ты прачнуўся не ў родным Гродне, а ў нейкiм Варонежы цi Тамбове. Цябе вiтаюць на сакавiтай рускай мове прыгожыя маладыя галасы i заклiкаюць: „Слушай своё! Радио Гродно – голос твоего города!” А, ну дзякуй Богу, што не Кастрамы! Калi гэтыя спадары (о нет, господа диджеи) не анальфабэты i арыентуюцца ў геаграфii, дык Гродна знаходзiцца ў Беларусi. I я разумею заклiк „Слухай сваё!” лiтаральна. Сваё – гэта значыць беларускае. А яны пасля „патрыятычнага” заклiку круцяць спевыстогны нейкай трэцясортнай расейскай пяюхi з тэкстам кшталту „Падари мне кусочек сердца сваево, патаму шта мне больше не нада ничаво!” i жадаюць добрага настою. Пасля такога „прывiтаньня з мясакамбінату” настрой можа сапсавацца на цэлы тыдзень. Адно цешыць – хоць „мясцовыя” навiны чытаюць па-беларуску. Значыць з геаграфiяй у калегаў усё ў парадку. Бо навiны прыблiзна такога зместу: „У суседнiм калгасе адбылася нарада…”. Гэта ўжо вяртае да нашай, беларускай рэчаiс-насцi. А слухачы чакалi сенсацыi кшталту: „Нарэшце сталi вядомыя iмёны службовых асобаў, якiя заказалi забойства былога старшынi аблвыканкаму Дзмiтрыя Арцыменi…”? Не дачакаюцца ніколі!
На „мясцовых” навiнах i „Крымiнальнай хронiцы” Георга Астроўскага (дарэчы, былога журналіста забароненай уладамі газеты „Пагоня”) уся „беларускасць” закан-чваецца, i зноў Радыё Гродна ператвараецца ў Радыё „Варонеж” – хрэн дагонiш. Вядома, можна спаслацца на афiцыйнае дзвюхмоўе. У такiм выпадку трэба дазiраваць раўнапраўныя (паводле закону) дзяржаўныя мовы – 50х50, а не 95% эфiру па-руску, 5% – па-беларуску. Проста жахлiвая дыспрапорцыя! Можна растлумачыць жаданне рабiць рэкламу па-руску нейкiмi камерцыйнымi мэтамi. Але нармальнага чалавека лёгка давесцi да шалу, калi кожную гадзiну ездзiць па вушах нейкiм „Пiнскдрэвам”. Вядома, большасць „рэкламных ролiкаў”, якiя гучаць на Радыё Гродна выклiкаюць калi не лагодную ўсмешку, дык нездаровы рогат. Я сам быў сведкам апошняга, калi нядаўна ехаў у бiтма набiтым студэнцкай моладдзю тралейбусе. У кабiне кiроўцы гучна грала Радыё Гродна, i вядучая (вiдаць, рэкламуючы „диван” таго самага „Пiнскдрэву”) спакуслiва-эратычна прамовiла: „I я легла на него”. Моладзь спачатку ледзь чутна захiхiкала. Пасля нейкi хлапец кiнуў фразу: „А чтоб ты легла на кучу гвозьдей!” I – громам пранесся гiстэрычны рогат на ўвесь тралейбус.
Мяне асабiста смяшыць рэклама гродзенскага пiва, якое, зразумела анi як не можна параўнаць з польскiм, не кажучы ўжо пра чэшскае цi нямецкае. Дыктары раяць, каб гродзенскае пiва было ў кожнай хаце. А як жа стасуецца гэтая рэклама з дэвiзам Радыё Гродна – „Мы за здоровый образ жизни!”? Прапаную iншы дэвiз: „Пейте пиво и напитки – пропивайте всё до нитки!” . Здараецца, што ад куфля піва да алкагалізму – адзін крок.
Кіруе Радыё Гродна пенсіянерка Надзея Сакалова, колішняя тэлежурналістка, вядомая сваёй суперлаяльнасцю як да былога камуністычнага, так і цяперашняга паліцэйскага рэжыму. Мабыць таму і трымаюць яе на такой адказнай ідэалагічнай пасадзе. Пра журналісцкую этыку і прафесійнасць гэтай „прабіўной” кабеціны няма чаго й казаць! Паводзіць сябе ля мікрафона, як базарная баба. Калі слухаеш яе перадачу „Прямая линия” – ад жаху вушы вянуць! Мне на ўсё жыццё запомніўся ейны „прамы” рэпартаж з пахавання колішняга старшыні гарадзенскага аблвыканкаму Аляксандра Дубко. Асабліва эйфарычная фраза: „Какой добротный гроб у нашего губернатора!”.
Божа, як яна надакучыла сваімі губернатарамі! Ну няма ў Беларусі такіх пасадаў, няма такой адміністратыўнай адзінкі, як губерня. Дык навошта тутэйшы люд уводзіць у зман? Навошта так прымітыўна абмаскальваць? Кожны прыстойны журналіст ведае, што нельга скажаць відавочныя факты, асабліва, калі гэта датычыць пасадаў, імёнаў і прозвішчаў службовых асобаў. Зусім падурэлі ў вычварным жаданні быць падобнымі на расейцаў, проста трызняць на Радыё Гродна хвараблівай „губерніяльнасцю”!
Дарэчы, у пачатку сакавіка ў Беларусі маюць адбыцца выбары ў мясцовыя саветы. Як вядома, на Захадзе і ў Расеі, пасады губернатараў – выбарныя. І тут мясцовым жыхарам прапануецца шляхам звычайнага галасавання абраць найбольш дастойных прадстаўнікоў у структуры ўлады. Дык раю рэдактарцы Надзеі Сакаловай з гэтай нагоды арганізаваць „прамы эфір” і растлумачыць людзям, чаму яны не могуць выбіраць ані „губернатара”, ані „мэра”, нават старшыню якоганебудзь райвыканкаму, і чаму ўсе гэтыя мясцовыя саветы па вялікім рахунку ані якага істотнага ўплыву на знешнюю і ўнутраную палітыку Беларусі не маюць…
Калі на Радыё Гродна пачынаюць шчыра вярзці сапраўдную бязглуздзіцу, пераключаю на менскае Радыё „Сталіца”. Там таксама працуюць маладыя людзі, але яны (у адрозненне ад гарадзенскіх калегаў) увесь час вельмі файна гамоняць у прамым эфіры па-беларуску. Аказваецца, сучаснае радыё на Беларусі можа цудоўна абыходзіцца без прымітыўнай расейшчыны і гэтых запазычаных з новакапіталістычнае Масквы зваротаў: „Дамы и господа!”. Як пачую гэты зварот, дык адразу прыгадваю выраз з класікі – „господа и холопы”. Як хутка савецкія хамы пераўтварыліся ў „господ”! Ну чаму б тут не прыгадаць незабыўнае: „Маліся, каб мужык ніколі панам не быў!”
І смешна, і сумна, і крыўдна, што інспіраваная зверху палітыка абмаскальвання жыхароў Заходняй Беларусі праводзіцца такімі прымітыўнымі метадамі. Так яно зручней і танней – ненавязліва абалваньваць моладзь расейскай папсой, рэкламаваць дасягненні чужой, не беларускай эстрады. Ну навошта на Радыё Гродна распавядаць, што Ала Пугачова бярэ за канцэрт 25 тысячаў даляраў? Навошта „раскручваць” і так атлусцелых да непрыстойнасці зорак рас-ейскага шоубізнесу, якія купаюцца ў золаце і раскошы, дражніць слых зморанага штодзённай працай калгасніка ці рабочага байкамі пра іхныя палацы і шыкоўныя самаходы? Можа больш тактоўна было б падтрымаць у эфіры айчынных артыстаў, якія часам не маюць грошай на хлеб і малако?
Не думаю, што акулы расейскага шоубізнесу нешта „адсцёгваюць” супрацоўнікам Радыё Гродна за дабраахвотную рэкламу ў эфіры іхных тварэнняў. Маскоўска-піцерскія зоркі абарочваюць мільёнамі і даўно пачуваюць сябе сапраўднымі „господамі”, а вас, „ди-джеев” правінцыйных радыёстанцый лічаць, пэўна, за „холопов”, бо вы бязвольна спрычыняецеся да памнажэння іхняга дабрабыту.
Што ж, шчыруйце „ў прамым эфіры”, хлопцы і дзяўчаты, працуйце на сваіх замежных „господ”. Мо яны вам некалі аддзячаць за „губерніяльнасць” і раскрутку ненажэрных драпежнікаў расейскага шоубізнесу. Жахліва, што гэта адбываецца за кошт беларусаў. І калі мяне, як сапраўды карэннага гара-дзенца, спытаюць пра Радыё Гродна, я смела адкажу: „Гэта – радыё не майго горада!”