Красавік – гадоў таму:
875 – У летапісах пад 1128 годам упершыню ўспамінаецца горад Гародня (Городен, Городня, Гродна) ужо як значны абарончы, гаспадарчы й культурны цэнтар, сталіца Гарадзенскага Княства, якім валодаў князь Усевалад Давыдавіч. Улада яго прасьціралася таксама на землі паўночна-ўсходняй Беласточчыны ды паўднёва-ўсходнюю Сувальшчыну.
455 – 1.04.1548 г. памёр Жыгімонт І Стары, вялікі князь ВКЛ і кароль Польшчы (нар. 1.01.1467 г.). Пры ім быў уведзены Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529 г.
170 – 21.04.1833 г. у Мастаўлянах нар. Віктар Отан Каліноўскі (пам. 6.11.1862 г.), родны брат Кастуся Каліноўскага. Вучыўся ў Сьвіслачы, Гародні, Маскве, Пецярбургу. Вывучаў старадаўнія беларускія і літоўскія рукапісы. Сабраў каля 5000 рукапісаў і кніг, прысьвечаных Старабеларускай дзяржаве. Памёр на сухоты.
155 – У 1848 г. паўстала першая на беларускіх землях вышэйшая селькагаспадарчая школа – Гора-Горацкі Земляробчы Інтытут. Рыхтаваў аграномаў і займаўся селькагаспадарчымі навукамі, вывеў новыя пароды жывёлы й гатункі расьлін, у батанічным садзе меў каля 3900 розных расьлін з усяго сьвету, багатую бібліятэку. За ўдзел у паўстаньні 1863 г. ягоных студэнтаў закрыты й перанесены ў Пецярбург, адноўлены ў 1919 г.
150 – 14.04.1853 г. у Ліцьвянах каля Узды нар. Уладзімір Завітневіч, археоляг і гісторык. Закончыў Пецярбурскую духоўную акадэмію (1878) і працаваў у Варшаўскім духоўным вучылішчы, Кіеўскай духоўнай акадэміі. Вывучаў курганы над Прыпяцьцю, Дняпром, Нёманам. Памёр у сакавіку 1927 г.
140 – 26.04.1863 г. у Славенску каля Валожына ў сям’і праваслаўнага сьвятара нар. Яўстафій Арлоўскі, краязнавец, гісторык, пэдагог. Закончыў Пецярбурскі гісторыка-філялягічны інстытут (1885) і выкладаў гісторыю ў Гродзенскай гімназыі; дасьледаваў гісторыю Гродна і даказаў тоеснасьць яго з летапісным Городенем. Памёр 15.12.1913 г.
120 – 26.04.1883 г. памёр Напалеон Орда, мастак і кампазытар (нар. 11.02.1807 г. у Варацэвічах на Піншчыне). Вучыўся ў студыі П. Жэрара ў Парыжы і ў Віленскім унівэрсытэце, удзельнічаў у паўстаньні 1830-31 гг. Потым на эміграцыі ў Парыжы, з 1856 г. – у Варацэвічах, Гродне, на Валыні. Пакінуў па сабе архітэктурныя замалёўкі вёсак, маёнткаў, замкаў, палацаў, гарадоў Беларусі.
110 – 4.04.1893 г. нар. на Смаленшчыне Мікола Шчаглоў-Куліковіч – кампазытар, этнограф, паэт. Выпускнік Маскоўскай Кансэрваторыі. Працаваў настаўнікам музыкі, з 1939 г. быў дырыжорам сымфанічнага аркестра Усебеларускага Радыёкамітэту ў Менску. У час нямецкай акупацыі займаўся творчай працай у Менску. З 1950 г. жыў у ЗША. У 1950 г. заснаваў у Нью-Ёрку беларускі хор, потым кіраваў беларускімі хорамі ў Кліўлендзе й Чыкага. Памёр 31.03.1969 г. Пакінуў вялікую музычную спадчыну; быў аўтарам опэр, сымфоній, вакальных твораў, апрацовак народных песень.
110 – 6.04.1893 г. у в. Калодчына, Вілейскага павету нар. Язэп Гаўрылік (расстраляны савецкімі органамі 8.12.1937 г.), дзеяч беларускага руху ў Заходняй Беларусі. Адзін з заснавальнікаў у 1922 г. Беларускай Гімназіі ім. Ф. Скарыны ў Радашковічах, актыўны дзеяч Таварыства Беларускай Школы. У 1928 г. выбраны паслом у польскі сойм. У 1931 г. быў пазбаўлены пасольскага іммунітэту і асуджаны на 9,5 года турмы. У 1932 г. абмяняны на палітычных вязьняў з СССР. Жыў у Менску. У верасьні 1933 г. быў арыштаваны. Вязень ГУЛАГу на Салавецкіх астравах ды лагероў будаўнічых Беламорска-Балтыйскага каналу.
100 – 18.04.1903 г. у Пабокавічах каля Бабруйска нар. Платон Галавач, пісьменьнік. Друкаваўся з 1921 г., аўтар зборнікаў „Дробязі жыцьця” (1927), „Хочацца жыць” (1930), „Апавяданьні” (1934). Расстраляны 29.10.1937 г., праўдападобна ў Курапатах.
100 – 21.04.1903 г. у Барысаве нар. Мікола Аляхновіч, літаратурны крытык ад 1926 г. Закончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленьне пэдагагічнага факультэта БДУ, працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытуту Літаратуры і Мастацтва АН БССР. У 1936 г. быў рэпрэсаваны, у ссылцы на Калыме (1938 – 1942), у Іркуцкай і Карагандзінскай абласьцях. У 1957 г. рэабілітаваны, жыў у Ленінградзе. Памёр 9.04.1959 г.
80 – 21.04.1923 г. памёр Ігнат Канчэўскі, паэт, філёзаф і публіцыст (нар. у 1896 г. у Вільні), аўтар эсэ „Адвечным шляхам” (Вільня 1921) пра драматызм гістарычнага лёсу Беларусаў.
80 – У красавіку 1923 г. у Менску выйшаў з друку першы нумар літаратурна-мастацкага й грамадзка-палітычнага часопіса „Маладняк”. Многія пісьменьнікі пачыналі ў ім свой творчы, мастацкі шлях. Часопіс быў закрыты ўладамі ў 1932 г.
20 – 7.04.1983 г. у Зэльве памерла Ларыса Геніюш, беларуская паэтка, аўтарка зборнікаў паэзіі „Ад родных ніў” (Прага 1942), „Невадам з Нёмана” (1967), „На чабары настоена” (1982) і ўспамінаў „Споведзь” (1990) (нар. 9.08.1910 г. у Жлобаўцах каля Ваўкавыска).
20 – 16.04.1983 г. беларускае студэнцкае асяроддзе ў Варшаве ў рамках Згуртаваньня Польскіх Студэнтаў (ZSP) стварыла Раду Культуры Студэнтаў Беларускай Нацыянальнасьці. Першым старшынёй быў Ян Гаворка.
15 – 14.04.1988 г. у беларускім студэнцкім асяродзьдзі ў Варшаве адбыўся заснавальніцкі сход Беларускага Аб’яднаньня Студэнтаў. Заснавальніцкі сход БАСу ў Беластоку адбыўся 17.04.1988 года. 22.04.1988 г. Заснавальніцкі Камітэт БАСу зацьвердзіў праект статуту ды падрыхтаваў дакуманты для рэгістрацыі беларускай студэнцкай арганізацыі. 29.11.1988 г. БАС быў зарэгістраваны, а 17 сьнежня 1988 г. адбыўся Першы Зьезд.
15 – 27.04.1988 г. памёр у ЗША Вітаўт Тумаш – грамадзкі дзеяч, лекар, выдатны скарынавед. Нар. 20.12.1910 г. у в. Сьпягліца, Вілейскага павету. Выпускнік Віленскай Беларускай Гімназіі. Пасьля на мэдычным факультэце Віленскага Унівэрсытэту. Актыўна ўдзельнічаў у беларускім студэнцкім жыцьці. У гадах 1940-1941 быў старшынёй Лодзінскага аддзелу Беларускага Камітэту Самапомачы, членам Нацыянальнага Цэнтра створанага ў Бэрліне 19.04.1941 г. Зь ліпеня па лістапад 1941 г. бурмістр Менску. Рэдактар „Раніцы”. Пасьля вайны жыў у ЗША. Быў вельмі актыўным на грамадзкай і навуковай ніве, між іншым шматгадовым старшынёй Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва.
Апрацавалі Вячаслаў Харужы і Лена Глагоўская