Czasopis

Białoruskie pismo społeczno-kulturalne

04/2003


Калісь пісалі

17–я ўгодкі абвешчаньня Незалежнасьці Беларусі

Дзень 25 сакавіка – гэта дзень вялікага факту ў гісторыі Беларускага народу. – 25 сакавіка 1918 г. Беларускі народ, вуснамі сваіх прадстаўнікоў – Радай Беларускай Народнай Рэспублікі, у Менску абвесьціў Беларусь вольнай і незалежнай дзяржавай.

Гэты дзень – 25 сакавіка – беларускае грамадзянства з году ў год сьвяткуе ўрачыста. У гэты дзень усе беларускія народныя арганізацыі, а праз іх і сьведамую частку народу заўсёды злучае адна супольная ідэя Беларускага народу – ідэя незалежнасьці выяўленая Актам 25 сакавіка 1918 г.

Беларускае незалежнае грамадзянства Зах. Беларусі, аб’еднанае пад бел–чырвона–белым сьцягам у Беларускі Нацыянальны Камітэт, у Вільні сёлета 17–тыя ўгодкі Абвешчаньня Незалежнасьці Беларусі сьвяткавала гэтак:

І. Набажэнствы.

24 сакавіка, у нядзелю, а гадзіне 10 раніцы ў касьцеле сьв. Мікалая кс. д-р Ст. Глякоўскі адправіў урачыстую імшу, падчас якой пяяў беларускі касьцельны хор. На гэтае набажэнства зыйшлася ня штодзенная колькасьць народу. Між іншымі, былі і прадстаўнікі літоўскага грамадзянства. Пасьля набажэнства кс. В. Гадлеўскі сказаў, глыбокае зьместам, казаньне.

ІІ. Урачысты сход Бел. Нац. К–ту.

На ўрачысты сход Беларускага Нацыянальнага К-ту, які адбыўся ў залі Б.І.Г.іК., зышліся ўсе сябры К-ту і госьці. Заля была напоўнена народам. Былі на гэтым урачыстым сходзе, між іншымі гасьцямі, старшыня Літоўскага К-ту грам. Сташыс, а так–жа прадстаўнікі ўкраінцаў – моладзі і старэйшых.

За прэзыдыяльным сталом – старшыня Бел. Нац. К-ту ў асысьце двух сяброў прэзыдыуму Нац. Камітэту.

Старшыня К-ту Я. Пазьняк, адкрываючы ўрачысты сход, прывітаў гасьцей і ў кароткай прамове адзначыў важнасьць Акту 25 сакавіка 1918 году. Падчас сваёй прамовы, старшыня Пазьняк запрапанаваў устаньнем з мейсц ушанаваць усіх барацьбітоў, што аддалі сваё жыцьцё на аўтар Бацькаўшчыны ў барацьбе за волю Беларускага народу. Гэтак ушанаваўшы памяць памёршых, старшыня ў далейшых словах коратка выказаў жыцьцёвасьць ідэалу Акту 25 сакавіка 1918 году ў беларускім грамадзянстве, што зьяўляецца найлепшай зарукай зьдзяйсьненьня гэтага ідэалу.

Рэфэрат.

Пасьля прамовы старшыні, мгр. Я. Шутовіч прачытаў рэфэрат на тэму „Народ і дзяржава”. Мгр. Шутовіч, у сваім рэфэраце, выказаў прыметы, неабходныя дзеля існаваньня народу а так–жа значэньне для народу дзяржавы.

Прэлегент адзначыў, што Беларускі народ мае ўсе прыметы дзеля існаваньня, а так–жа дасьпеў, каб мець сваю собскую дзяржаву. А собская дзяржава шмат дабра дае народу, – пацьвярджаюць гэта вельмі паўстаўшыя па вайне дзяржавы, у асобнасьці Літва, калі параўняць яе заняпаласьць з часоў расейскай няволі, з сучасным станам, калі мае дзяржаўную незалежнасьць.

Прывітаньні.

Па рэфэраце – пачаліся прывітаньні. Першы выступіў з прывітальнай прамовай старшыня Тымч. Літоўскага К–ту грам. К. Сташыс. У сваей прамове, палітоўску, прадстаўнік Літоўцаў выказаў, што імкненьне ў беларускім народзе да волі зрадзіла Акт 25 сакавіка 1918 г. і гэтае шуканьне волі зьдзейсьніць ідэал гэтага акту. Прамоўца закончыў пабеларуску пажаданьнем, каб Ідэал Акту 25 сакавіка 1918 году найхутчэй зьдзейсьніўся. Наступным прамаўляў паўкраінску прадстаўнік ад Украінцаў студ. Павліш, які выказаў імкненьне ўкраінцаў да собскай дзяржаўнасьці і гаворачы аб ім і імкненьні Беларусаў да палітычнай дзяржаўнай незалежнасьці заклікаў беларускую моладзь да працы і супрацоўніцтва на шляху да лепшай долі абодвых народаў – Беларускага і Украінскага.

Пасьля вусных прывітаньняў, пачаліся прывітаньні пісьменныя. Сябра прэзыдыюму – сакратар Бел. Нац. К–ту Ул. Казлоўскі – прачытаў прывітаньні пісьменныя: 1) Вяч. Багдановіча – віцэ–старшыні Нац. К-ту, 2) Старшыні Рады Бел. Нар. Рэспублікі В. Захаркі: – Ад душы вітаю надзвычайна цяжкую працу Нац. К-ту... Нядолю бацькаўшчыны мусім перамагчы... 3) Беларускай Рады ў Празе: – Рада сардэчна вітае Нац. К-т... Рада заўсёды з тымі, што вераць у свой народ і бароняць Бацькаўшчыну... 4) Бел. Асьвет. Т-ва „Беларуская Хата” (Рыга – Латвія), 5) Беларускіх Студэнтаў у Рызе: – ...Ня згасьне нам сонца ўзышоўшае 25 сакавіка 1918 г... 6) Т–ва Беларускай Моладзі ў Латвіі, 7) Беларусаў Студэнтаў і старэйшых у Бэрліне: ...Шчырае прывітаньне з днём вялікага сьвята Беларускага народу... 8) Міхася Машары: – ...У дзень вялікага сьвята – у дзень 25 сакавіка... у дзень вялікага сымбалю народнай волі – я усей душой лучуся з Вамі... і ... пасылаю гарачае прывітаньне... 9) а. Ул. Талочкі – Бог у помач Дарагому майму Народу Беларускаму. Хай зьдзяйсьняюцца ўсе яго імкненьні – народныя і дзяржаўныя! 10) кс. В. Шутовіча, 11) д–ра Т. Куніцкага і ягонай жонкі Аўгені Куніцкай, 12) д–р Ф. Сабалеўскай і Юрага Сабалеўскага, 13) Я. Шэйбака, Яна Нагорнага і Юльяна Нагорнага, Сялян з Жодзішак, 15) М. Маскаліка з Мюнхену і другіх.

ІІІ. Канцэрт.

На заканчэньне ўрачыстасьці, беларускі хор, пад кіраўніцтвам інж. А. Клімовіча, прапяяў вязанку мэлёдыйных мілагучных беларускіх песьняў. Асаблівую ўвагу зварочвалі на сябе беларускія народныя песьні, прыкл. песьня „Салавейка лугавы” гарм. Бразіса, „Загарэўся сыры бор” гарм. А. Стэповіча і інш. У канцы хор запяяў „Не пагаснуць зоркі ў небе...” – беларускі народны гімн.
„Беларуская Крыніца”, № 15, 7.04.1935 г., с. 1