Czasopis

Białoruskie pismo społeczno-kulturalne

04/2003


Быць сабою

Чалавека вёскі, які асеў жыць у горадзе, лёгка пазнаць па тым, што ён прагне славы. У фальклоры гэта мае сваю дэфініцыю ў дзяўчыне слаўнага роду. Як ні дзіўна, але карані таго сягаюць глыбока ў гісторыю, у эпоху рыцарства, што на свой лад пераймала потым ад яго бандыцкае казацтва (два матывы ў запарожскіх песнях: скарбы і слава). Ваявалі ж папраўдзе дзеля разбойнай здабычы, якая ў іх паняцці і была славаю менавіта; чым страшней баяліся іх людзі, тым слаўнейшымі хадзілі.

Даўні селянін не прагнуў славы. Жывучы ў паншчынным свеце яму яна не ўяўлялася сэнсоўнай. Славай цешыла сябе шляхта; нічым іншым не займалася, як толькі гэтай клятай народам славаю (даволі пачытаць „Пана Тадэвуша” або раманы Сянкевіча, у якіх поўна дэбільных боек). Вірусам славы, бы сіфілісам, заразіла вёску шляхта тады, калі яе дворыкі апусціліся ў руіну ў выніку капіталізацыі сельскай гаспадаркі, вызвалення сялянства ад прыгону; шляхцюкі памужычэлі, а мужыкі пашляхцелі. Рыцарскі этас растварыўся, расплыўся, заліваючы вясковыя хаты.

Развіццё гарадоў вымела прэч арыстакратычныя рэзідэнцыі, нараджаючы новы тып чалавека, менавіта буржуя з мяшком грошай. І буржуазія выкупіла тых графаў ды князёў, але ўлада золата, капіталу, аказалася чымсьці іншым ад улады пана на гектарах ворнай зямлі, лугоў і лесу. Буржуй з уласнай фабрыкай трактаваў панскасць павярхоўна, як нешта неабавязковае і не датычнае яго грошай у банку. Затое іначай хацелася панскасці багацеючаму гаспадару і яго дзецям, па той звычайнай прычыне, што ўсенька ён адносіў да той самай зямлі ўжо выкупленай у галеючага дзедзіча. Разам з зямлёю дыміла псіхалогія гербавай знакамітасці.

Канчаў я ўніверсітэт з дзяцьмі мазавецкай басоты і варшаўскага мяшчанства. Ніхто з басотнікаў не прызнаваўся да голаду і холаду ў дзяцінстве, наклаўшы на пальцы пярсцёнкі з нібы родавымі гербамі; прадавалі іх у крамках на Хмельнай. Дагледжаная мяшчанская моладзь, натуральна, не прыкмячала таго негарадскога, мужыцкага, шпану; так што і не было вельмі перад кім пахваліцца „слаўным родам”.

У нашым асяроддзі, у сто працэнтах сялянскім і з маладою метрыкаю інтэлігенцыі ў ледзь першым пакаленні, прагнасць славы просценька перанесена з роднай вёскі ва ўсё яшчэ вясковыя Беласток, Саколку, Гайнаўку. Можа ў Гданск і Варшаву, хоць там няма грамадскага клімату для такіх дзівацтваў...

Атрымаў я на гэты конт пісьмы з абражальным зместам. Моцна злосныя! Аднак, дзякуючы іх хвараблівай логіцы, задаволенасці дапячы мне, я сёе-тое зразумеў з таго, чаго раней і не падазраваў. Даведаўся, пры нагодзе, што мая слава падае ўніз, бо перасталі — ад месяца лютага? — пісаць пра мяне ў газетах. Значыць: не стараюся. Гультай! Агідны вылюдак! А ўжо зусім кампраметуе маю нядаўнюю славу тое, што ўсе вакол адхіснуліся ад мяне, абсалютна ўсе да апошняга калегі, і застаўся я адзін, бы сірата. Значыць: кепска з маімі маральнымі кваліфікацыямі. Стаў нікому не патрэбным.

Аўтар аднаго пісьма хоча бачыць мяне, як даўняга пана, якога ўвесь свет славіць, хваліць, пускае сардэчную слязу ад захаплення мною, дзеўкі ловяць мой ласкавы позірк. Начытаўшыся падобных феадалізмаў, да мяне нарэшце дайшло, што слава заўсёды пустая і рэдка перажывае свайго індывіда. Гэта порхаўка. Больш таго — слава пыліць у вочы, перашкаджае, беспрадуктыўна адымае энергію, пускаючы яе ў свісток. Да славы прытуляюцца тыя, у каго няма сур’ёзных вынікаў у жыцці, таму яна ім сурагат удачы. Ілюзія важнасці.

Я стары і мне няма калі прыемна гуляць у славу, у натоўп кан’юнктурных адаратараў, у псіхічныя аргазмы шчаслівасці. Час быць дарослым, а не паненкаю, што кавалеры на руках носяць, пакуль не падорыць ёй каторы... дзевяцімесячны каляндарык.