Сьвяточная ўрачыстасьць сарганізавана Беларускім Саюзам у Рэчы Паспалітай – найбольшая на Падляшшы – адбылася ў Беластоку 23 сакавіка ў кавярні „Фама”. У ёй прысутнічала каля 180-200 чалавек, не толькі беластачан, але таксама жыхароў іншых мясцовасьцей Беласточчыны. Урачыстасьць пачалася гімнам БНР „Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. Падчас гімна ўсе ўдзельнікі сьвята стаялі на зважай (таксама як падчас песьні „Магутны Божа” ды „У гушчарах”). Традыцыйна старшыня БС Яўген Вапа зачытаў арганізацыі ды асобы, ад якіх Беларускі Саюз у Рэчы Паспалітай атрымаў сьвяточныя пасланьні й віншаваньні (між іншым ад старшыні Рады БНР, Згуртаваньня Беларусаў Сьвету „Бацькаўшчына”, Беларускага Народнага Фронту). У сваёй прамове асаблівую ўвагу прысьвяціў ён Ларысе Геніюш і яе сыну Юрку-зьвязанаму зь Беласточчынай. Іх жыцьцё можа быць прыкладам любві да нацыі й беларускай культуры, за якую яны пакутавалі але не адракліся роднага. Сказаў што свята 25 Сакавіка самае важнае для кожнага беларуса, якуму дарагая беларуская гістарычная ды культурная спадчына. Так як у мінулым годзе, ад імя Беларускага Саюза Я. Вапа ўручыў букеты кветак зь бел-чырвона-белымі стужкамі заслужаным для беларускага руху на Беласточчыне: Віктару Шведу, Міхасю Андрасюку й Аліне Ваўранюк. Віктар Швед зачытаў два новыя вершы, адзін пра адраджэнцаў ды адрачэнцаў ад роднага.
Алег Латышонак падзяліўся сваімі рэфлексіямі зь мінулага Беларусі, пачынаючы ад часоў Рагвалода ды Ўсяслава Чарадзея, канчаючы на Станіславе Шушкевічу, які паводле яго слоў можа ўвайсьці ў гісторыю як найбольш вядомы беларус мінулага стагодзьдзя.
Вельмі багатая ў гэтым годзе была мастацкая частка. Перад прысутнымі вуступілі зь вершамі й песьнямі дзеткі зь беларускіх аддзелаў прадшкольля № 14 у Беластоку, вучні якія вывучаюць беларускую мову ў Пачатковай Школе № 4 у Беластоку. Гэта быў зусім новы элемэнт сьвяточнай сустрэчы ў параўнаньні зь мінулымі гадамі. Дзеці ўнесьлі не толькі характэрную ім радасьць, але таксама аптымізм. Ці ж не прыемна было слухаць славутую „Пагоню” ў іх выкананьні?
Пасьля дзяцей вуступіў рок-гурт „Rima“ з Гарадка, які напэўна спадабаўся асабліва малодшай публіцы. Калектыў „Зьнічка“ з Гайнаўскага белліцэя заварожыў прысутных прыгожымі дзявочымі галасамі ды лірычнымі песьнямі. На заканчэньне выступіў добра вядомы вакальна-інструмэнтальны калектыў „Маланка“ зь Бельска, які як заўсёды выклікаў воплескі публікі ды таксама сьпяваў на біс.
Урачыстасьць працягвалася з 13 гадзіны да амаль 16. Так як у мінулых гадах была гэта сардэчная, сьвяточная сустрэча тых, каму дарагая гістарычная памяць ды лёс роднай культуры ды народу. Зараз пасьля ўрачыстасьці, у 16.00 В. Швед (якому спаўнялася ў гэты дзень 78 гадоў) у паблізкім Цэнтры Праваслаўнай Культуры меў аўтарскі вечар на якім таксама знайшлася частка прысутных сьвяткаваньня Дня Волі. Гэта быў сапраўды беларускі, сьвяточны дзень у Беластоку.