Czasopis

Białoruskie pismo społeczno-kulturalne

04/2003


Kryzys w Związku Polaków na Białorusi

2. Рада Саюзу Палякаў Беларусi, якая ўсё ж, пасьля працяглага перарыву, сабралася першага сакавiка ў галоўнай сядзiбе СПБ у Гродне, так i не разьвязала канфлiкт памiж Гавiным i Кручкоўскiм. Больш за тое, паседжаньне Рады ператварылася ў ардынарную сварку i, натуральна, скончылася чарговым скандалам. Стварылася ўражаньне, што 30 з 35-цi сябраў Рады на чале з Канстантым Тарасевiчам прыехалi з розных куткоў Беларусi ў Гродна „пазубаскалiць” з прадстаўнiкамi мясцовай улады i журналiстамi…

Магчыма, у СПБ i не чакалi, што „мерапрыемства” звабіць даволi салiднае кола карэспандэнтаў, у першую чаргу тых, хто прадстаўляе вядучыя польскiя мас-мэдыi. Некаторыя актывiсты „polskiego ­ruchu odrodzeniowego na Białorusi” баяцца прэсы, як агню. Таму Рада большасьцю галасоў вырашыла не пускаць журналiстаў на сваё паседжаньне (маўляў, усё роўна пададуць падзею не пад тым соўсам!). Але ў сядзiбу СПБ завiталi incognito, без запрашэньня, чыноўнiкi з мясцовага аблвыканкаму – старшыня Камiтэту па справах рэлiгiяў i нацыянальнасьцяў Iгар Папоў i супрацоўнiк Упраўленьня юстыцыi Дзьмiтры Кобрынец. Толькi вось захаваць поўнае incognito iм не ўдалося. Чыноўнiкi былi „апэратыўна” выкрытыя i мусiлi тлумачыцца, чаму яны абавязкова павiнны прысутнiчаць на паседжаньнi Рады. Усе iхныя „аргуманты” былi адрынутыя найбольш заангажаванымi członkami Rady, якiя адмовiлiся пачынаць паседжаньне ў прысутнасьцi прадстаўнiкоў улады:

– Мы тут сабралiся абмяркоўваць нашы сямейныя справы, а вы нахабным чынам умешваецеся! Мы не пачнем паседжаньне ў вашай прысутнасьцi! Калi вы добра­ахвотна не пакiнеце будынак СПБ, мы зьбярэмся i абмяркуем нашы праблемы ў iншым месцы. А хоць бы ў Лiдзе цi Баранавiчах. Przecież mamy kilka takich Domów Polskich jak w Grodnie!

Аблвыканкамаўскiя чыноўнiкi былi вымушаны пакiнуць памяшканьне. Бедненькiя! Ахвяравалi выходным (паседжаньне адбылося ў суботу – аўт.), каб знэрвавацца дарэшты i сапсаваць сабе настрой! Цяжкая доля людей государевых…

Узаемныя абвiнавачаньнi

Шараговыя сябры Саюзу Палякаў Беларусi вiнавацяць цяперашняга старшыню СПБ Тадэвуша Кручкоўскага ў тым, што пад час ягонага кiраўнiцтва рэзка зьнiзiлася актыўнасьць у справе адукацыi, што ў галоўнай сядзiбе ў Гродне пануе нездаровая атмасфэра, а таксама ёсьць шэраг гаспадарчых i фiнансавых пытаньняў. У якасьцi галоўнага абвiнавачаньня прагучала, маўляў, пан Кручкоўскi нiбыта „прымаў фундатарскiя складкi на дзейнасьць СПБ” ад бацькоў, якiя жадаюць, каб iх дзецi вучылiся ў Польшчы. Калi гэта сапраўды так, дык якi памер гэтых „складак” у грашовым эквiваленце, i як выкарыстоўвалiся сабраныя сродкi? А мо гэта ўсяго толькi прыхаванае хабарнiцтва? Але ня будзьма мучыцца ў здагадках…

Тадэвуш Гавiн паказаў журналiстам заяву адной жанчыны, якая мелася перадаць старшынi СПБ Кручкоўскаму грошы ў памеры $2.500 за тое, што ён уладкуе яе дачку на вучобу ў Польшчы. Пасьля таго, як яе асабiста наведаў пан Кручкоўскi, кабета прызналася, маўляў, яна падпiсала паперу пад уплывам псыхатропных сродкаў, якiя ёй падсыпалi ў каву прыхiльнiкi Гавiна. Ну, проста нейкi дэтэктыў а-ля Агата Крысьцi!

У любым выпадку мы маем дачыненьне з крымiнальным злачынствам, якiм павiнна заняцца ня прэса, а найперш беларуская пракуратура.

У сваю чаргу prezes Кручкоўскi ў газэце „Rzeczpospolitа” закiдаў Гавiну нямэтавае выкарыстаньне сродкаў пры пабудове галоўнай сядзiбы СПБ у Гродне, на якую, нiбыта, у 1992 годзе выдаткавана $270.000. А на думку цяперашняга старшынi СПБ, яна на той час столькi не каштавала. Гавiн адказаў, што ня меў анiякага ўплыву на ўзаемаразьлiкi памiж „Wspólnotą Polską” a firmą budowlaną „Arkada”. Гэта найбольш верагодна, бо прасьцей рабiць узаемаразьлiкi памiж заказчыкам i выканаўцам непасрэдна, бязь лiшнiх кампаньёнаў.

Але галоўны козыр апанэнтаў былога старшынi Саюзу Палякаў Беларусi Тадэвуша Гавiна – чыста палiтычны. У адным з iнтэрвiю старшыня Рады СПБ Константы Тарасевiч заявiў, маўляў, Гавiн хоча раскалоць Саюз, каб задаволiць свае „хворыя палiтычныя амбiцыi”. Бо за часы кiраўнiцтва Гавiна, арганiзацыя занадта спалiтызавалася, падтрымлiвала беларускую апазыцыю.

Шпiёнскiя жарсьцi

Каб канчаткова скампраметаваць свайго галоўнага апанэнта prezes Кручкоўскi напачатку году выдаў чарговую сэнсацыю, маўляў, у галоўную сядзiбу СПБ на iмя старшынi (бяз прозьвiшча на канвэрце) прыйшоў лiст з КДБ з просьбай адшукаць Тадэвуша Гавiна, каб той зьвярнуўся ў абласное ўпраўленьне КДБ па новае пасьведчаньне. Ale to numerek dla głupców i naiwniaków, бо вядома, што ў савецкiя часы пан Гавiн быў падпалкоўнiкам памежных войскаў, якiя падначальвалiся КДБ. А тое, новае пасьведчаньне – яго Гавiн прадэманстраваў журналiстам – усяго толькi звычайная легiтымацыя пэнсіянэра…

Усё гэта драбяза ў параўнаньнi з гучнай „справай Юзэфа Пажэцкага” – першага вiцэ-старшынi СПБ, якi ў Польшчы зьяўляецца persona non grata. Цяпер гэта ўжо гiсторыя, але тры гады таму было шмат шуму, асаблiва напярэдаднi V Надзвычайнага Зьезду Саюзу Палякаў Беларусi. У польскай прэсе тады прагучала думка, што сыход Гавiна з пасады старшынi СПБ быў абумоўлены менавiта скандалам, якi выбухнуў вакол асобы Юзэфа Пажэцкага. У сакавiку 2000 году пана Пажэцкага не прапусьцiлi на памежным пераходзе ў Кузьнiцы-Беластоцкай i паставiлi ў пашпарт пячатку забароны ўезду ў Польшчу. Як высьветлiлася пазьней, такiя былi ўказаньнi польскiх спэцслужбаў. Сам Пажэцкi сьцьвярджаў, што „нiчога ня ведае, сам вельмi зьдзiўлены, i што гэта памылка”.

– У Варшаве я спаткаўся з вiцэмiнiстрам унутраных справаў i адмiнiстрацыi Багданам Барусэвiчам, i той мне сказаў наўпрост: „Памылка выключана”, – тлумачыў у 2000 годзе газэце „Kurier Poranny” Тадэвуш Гавiн. – Я пратэжыраваў Пажэцкага, таму пачуваўся адказным за тую сытуацыю…

Для нiкога не было таямнiцай, што Тадэвуш Гавiн рыхтаваў у якасьцi свайго наступнiка менавiта Юзэфа Пажэцкага. Аднак той не заўсёды захоўваў лаяльнасьць адносна свайго „пратэктара”. У той час, калi частка дзеячаў на чале з Гавiным праводзiла перад штаб-кватэрай СПБ пiкет у абарону будаўнiцтва польскай школы ў Наваградку, iншая група на чале з Пажэцкiм пiсала афiцыйную заяву, дзе лiчыла такi пратэст бессэнсоўным. Зрэшты, i Мiнiстэрства замежных справаў Польшчы (Генэральнае консульства ў Гродне) не было зацiкаўлена ў разьдзьмухваньнi канфлiкту з пабудовай новых польскiх школаў, бо куды зручней дзейнiчаць па прынцыпе ty mów, a ja zdrów…

Але гэта было тры гады таму. Цяпер жа Юзэф Пажэцкi – другая асоба ў Саюзе Палякаў Беларусi пасьля Кручкоўскага, а Тадэвуш Гавiн – усяго вайсковы пэнсіянэр, якi, аднак, застаўся сябрам Рады і Prezesem Honorowym самай масавай i скандальнай грамадзкай арганiзацыi ў Беларусi.

У палоне хранiчнай дурнаты

Акрамя ўсiх гэтых скандалаў i сварак, у СПБ хапае i звычайнай дурнаты, якая за доўгiя гады iснаваньня Саюзу сталася хранiчнай. А хоць бы ў справе адукацыi цi адносiнах да рэлiгii. Ну цi ня глупства лiчыць, што ўсе беларускiя католiкi – гэта абавязкова палякi, што каталiцтва – to polska wiara? Больш за тое, гэтую бздурную тэзу найбольш апантаныя актывiсты СПБ хацелi зацьвердзiць дакумэнтальна. Памятаю, як вiцэ-старшыня Рышард Кацынэль на тым самым V Надзвычайным Зьездзе СПБ iмкнуўся ўключыць у так званы „Кодэкс гонару паляка на Беларусi” (адразу ўзьнiкае аналёгiя з савецкiм „Маральным кодэксам будаўнiка камунiзму”) фразу, маўляў, паляк на Беларусi абавязкова павiнен быць католiкам. To koniec świata, калi з вуснаў чалавека з вышэйшай адукацыяй вырываюцца такiя iдыёцкiя пастуляты. А што – паляк на Беларусi ня можа быць пратэстантам цi праваслаўным? Падобная фармулёўка супярэчыць гарантаванаму праву асобы на свабоду веравызнаньня. Дарэчы, былы прэм`ер-мiнiстар Польшчы Ежы Бузэк паводле веравызнаньня лютэранiн, аднак з гэтай прычыны ён не перастае быць палякам.

Вельмi дзiўна бачыць у гарадзенскiх рыма-каталiцкiх касьцёлах звароты да вернiкаў, каб яны аддавалi сваiх дзяцей i ўнукаў на вучобу менавiта ў польскую школу, у той час, як у самой школе не вывешваюцца ж партрэты Рымскага Папы цi нацыянальнага героя Юзэфа Пiлсудскага! I заразумела чаму, бо польская школа (дакладней – школа з польскай мовай навучаньня) хоць i пабудаваная на замежныя грошы і належыць СПБ, але знаходзiцца ў юрысдыкцыi Мiнiстэрства адукацыi Беларусi. Карацей, дробнамяшчанскае палiтыканства, замешанае на сярэднявечным цемрашальстве анiяк не праходзiць. Ня тыя часы!

Адметна й тое, што многiя дзеячы СПБ элемэнтарна не валодаюць сучаснай польскай мовай. За 15 гадоў iснаваньня польскiх „культурна-асьветных” структураў у Беларусi можна было вывучыць i кiтайскую. Але ж гэтым „дзеячам” карцiць заўсёды быць навiдавоку, яны хочуць выглядаць асамi аратарскага майстэрства! Я сам бачыў выступы новасьпечаных цыцэронаў на тым самым ужо не аднойчы згаданым V Надзвычайным Зьездзе СПБ. Жалюгоднае вiдовiшча! Увогуле, калi не валодаеш словам, дык няма чаго сунуцца да мiкрафону i рабiць зь сябе пасьмешышча…

Хранiчнай дурнатой можна назваць таксама i цэнзураваньне кiраўнiцтвам СПБ газэты „Głos znad Niemna”. Тут усё, як за савецкiм часам. „Głos” – друкаваны орган Саюзу Палякаў Беларусi. Бы тая „Праўда” – орган ЦК Камунiстычнай Партыi Савецкага Саюзу. Таму кiраўнiцтва СПБ мае фармальнае права „ўплываць” на кшталт свайго выданьня, праяўляючы iдэалягiчную пiльнасьць i абмяжоўваючы свабоду слова. Ня кожны карэспандэнт i рэдактар вытрымае ў атмасфэры татальнага недаверу кiраўнiцтва СПБ да журналiстаў сваёй газэты. Мабыць, таму i назiралася ў „Głosie znad Niemna” так званая „цякучка кадраў”, цi ня кожныя два гады зьмяняўся галоўны рэдактар. Як вынiк – наклад газэты катастрафiчна падаў.

– Пасьля таго, як prezes Кручкоўскi забаранiў друкаваць пяць-шэсьць маiх артыкулаў, я вырашыў звольнiцца, – прызнаўся мне Анджэй Пачобут (сын Станiслава Пачобута. – аўт.). – Гэта было прынiжэньне маёй чалавечай i аўтарскай годнасьцi. Асаблiвую пiльнасьць пан Кручкоўскi праяўляў у адносiнах да маiх леташнiх рэпартажаў пра суд над калегамi з газэты „Пагоня”…

Здаралiся і кур`ёзныя выпадкi, калi звольненыя журналiсты кардынальна мянялi сваю „iдэйную арыентацыю”. Так, звольнiўшыся з польскамоўнага пракаталiцкага „Głosu”, журналiстка Ларыса Вiнагорава стала рэдактаркай праваслаўных „Гродненских епархиальных ведомостей”! Праўда, не надоўга, бо i там iснуе свая цэнзура…

Мяркую, полькамоўная газэта ў Беларусi пасьпяхова iснавала б i без „апекi” СПБ. Больш за тое, „непадцэнзурная” рэдакцыя магла б разьлiчваць на фiнансавую падтрымку з Польшчы, з чым, вядома, нiколi не пагодзiцца кiраўнiцтва СПБ.

Цяпер у „Głosie znad Niemna” няма публiцыстаў кшталту звольненых Анджэя Пiсальнiка i Анджэя Пачобута, якiя б адгукалiся на актуальныя грамадзка-палiтычныя праблемы ў рэгiёне, рабiлi б вострасацыяльныя рэпартажы „з месца здарэньня”. Шкада, што газэта, нягледзячы на наяўнасьць дарагога тэхнiчнага абсталяваньня, ператварылася ў бяззубую ведамасную шматтыражку…

Finita la commedia

А тое сакавiцкае паседжаньне Рады Саюзу Палякаў Беларусi, якое прыцягнула нечуваную ўвагу прэсы i мясцовай улады, скончылася сапраўды камiчна. Прапанова Гавiна аб разглядзе дзейнасьцi prezesa Кручкоўскага спачатку была аднесена ў „рознае”, а пазьней сябры Рады ўвогуле зьнялi гэтае пытаньне з „павесткi дня”. На размову з прэсай Рада дэлегавала свайго старшыню – Константэго Тарасевiча. Але ён абразiўся на журналiстаў, якiя задалi некалькi пытаньняў Тадэвушу Гавiну.

– Як вы размаўляеце зь iм, то я ня буду размаўляць з вамi, – гнеўна выбухнуў пан Тарасевiч i схаваўся ад прадстаўнiкоў мас-мэдыяў у габiнэце prezesa Кручкоўска. Той у сваю чаргу катэгарычна адмовiўся камэнтаваць падзею i рашуча зачынiў дзьверы габiнэту перад журналiстамi.

Такiм чынам канфлiкт памiж Гавiным i Кручкоўскiм дагэтуль не разьвязаны. Prezesa Кручкоўскага не ўдалося дэмакратычным шляхам адхiлiць ад пасады, каб пасьля склiкаць надзвычайны зьезд СПБ. Канстанты Тарасевiч, якi ў iнтэрвiю „Белорусской Деловой Газете” заявiў, маўляў, хоча падаць у адстаўку, так i не зрабiў гэты шляхетны ўчынак. Па ўсiм вiдаць, prezes Кручкоўскi зараз будзе iмкнуцца ўсiмi сродкамi пазбыцца сваiх галоўных апанэнтаў у СПБ. У тым лiку i вышэйзгаданага Юзэфа Пажэцкага. Значыць, i надалей у Саюзе Палякаў Беларусi працягнуцца сваркi i судовыя разьбiральнiцтвы. У сьвятле гэтых па-тэатральнаму абсурдных баталiяў СПБ будзе вельмi цяжка захаваць i так салiдна падмочаную рэпутацыю „культурна-асьветнай” грамадзкай арганiзацыi.