Czasopis

Białoruskie pismo społeczno-kulturalne

05/2003


Краiна нязьдзейсьненых мараў

Сябры літаб’яднаня „Краніцы”: Славамiр Адамовiч, Мiкола Багадзяж, Юрась Пацюпа, Анжалiна Дабравольская, Юры Гумянюк, Паўлюк Быкоўскi, Анатоль Брусевiч i Андрэй Пяткевiч ля Дома друку ў Менску. 17 жнiўня 1992 г.Восьмага траўня спаўняецца 10 гадоў з дня заснаваньня самай “гучнай” на Беларусi ў сярэдзiне 1990-х незалежнай лiтаратурнай сябрыны — Таварыства Вольных Лiтаратараў(ТВЛ). Яно, нягледзячы на даволi “малады” узрост, ужо сталася сапраўднай лягендай мастацкага жыцьця мiнулага стагодзьдзя, яркаю плямай на шэрым целе постсавецкага прыгожага пiсьменства. З упэўненасьцю можна сьцьвердзiць, што ТВЛ —ўжо набытак айчыннай гiсторыi, адзiн з важных элемэнтаў “Новай культурнай сытуцыi”, якую зусiм нядаўна з нечуваным запалам абмяркоўвалi тэарэтыкi на бачынах беларускай пэрыёдыкi.

Зараз ужо няма тых гарачых лiтаратурных дыскусiй анi ў друку, анi ў самiм пiсьменьнiцкiм асяродзьдзi, бо няма ўжо натуральнага лiтаратурнага жыцьця ў Беларусi. Адно iмiтацыя. Прычым iмiтацыяй займаюцца збольшага тыя, хто мае дачыненьне з паэзiяй, прозай цi крытыкай службова — адрабляе “дзяржаўныя” грошы на ўнiвэрсытэцкiх катэдрах ды ў менскiх часопiсах, якiх нiхто не чытае, нават тыя, хто туды пiша. Вельмi рэдкiя сёньня лiтаратурныя вечарыны — таксама iмiтацыя. I не зразумела: дзеля чаго цi каго яны праводзяцца, калi на iх не запрашаюць нават зацiкаўленых асобаў — самiх пiсьменьнiкаў? За прыкладамi ў далёкi Менск лётаць ня трэба. Жывыя прыклады самi зь Менску прыяжджаюць у Гродна “запрэзэнтавацца”. Праўда, мы, тутэйшыя лiтаратары, даведваемся пра вiзыт сталiчных калегаў чамусьцi post faсtum, ужо апасьля iхных “бэнэфiсаў” і “журфіксаў”. Ну, патусавалiся дарагiя госьцi ў рэсурсавым цэнтры “Ратуша”, ну правялi летась прэзэнтацыю новага часопiса “Дзеяслоў” у мясцовых вучэльнях. А эфэкту i розгаласу — нуль цэлых і хрэн дзесятых! Бо часопiс нiбыта новы i вонкава даволi прыстойна выглядае, але аўтары (прынамсi, у N1) тыя самыя, што i ў падцэнзурных “Маладосьцi”, “Полымi”, “ЛiМе” — даўно ператасаваная калода посткамунiстычна-камсамольскiх зашмальцаваных картаў. Будзем спадзявацца, што выдаўцы ў наступных нумарох “Дзеяслову” пазбудуцца рудымэнтаў прамiнулай эпохi.

Сумна, што ўсё робiцца па старой завядзёнцы, дзеля нейкай справаздачы, чыста па-савецку. Нагоняць унiвэрсытэцкiх студэнтаў, бы тых бараноў на захланьне, у халодную залу i заклiкаюць “шанаваць родную мову”. Ды да лямпачкi сёньняшнiм студэнтам, нават фiлёлягам (!), тыя заклiкi i лiтаратурныя вечарыны. Iм абы заняткi прагуляць! А яшчэ 10-12 гадоў таму было зусiм iнакш…

Сытуацыя дэзарыентацыі

Трэба ўрэшце рэшт усьвядомiць, што Рэспублiка Беларусь жыве ўжо ў iншым прасторава-часавым вымярэньнi, i сацыяльна-палiтычная сытуацыя зусiм ня тая, што 10 гадоў таму. Вонкавыя варункi анiяк не спрыяюць разьвiцьцю айчыннай лiтаратуры i мастацтва ўвогуле, тым больш нараджэньню нейкiх новых тэндэнцый ды iдэйна-эстэтычных плыняў. Больш за тое, вонкавыя фактары разбураюць далiкатную ўнутраную матэрыю самiх творцаў, адбiраюць веру i надзею, стымул да чыннай дзейнасьцi. Пачуцьцё беспэрспэктыўнасьцi лiтаратурных заняткаў змушае некаторых беларускiх аўтараў да прафэсыйнай пераарыентацыi, а часам i да цалкавiтага адмаўленьня ад пiсаньня. Сколькi талентаў змарнавалася, страцiўшы веру i надзею на зьдзяйсьненьне сваiх лiтаратурных мараў! А колькi людзей расчаравалася ў беларушчыне, убачыўшы пасьля лукашэнкаўскiх рэфэрэндумаў бясплённыя намаганьнi прапагандыстаў роднай мовы! Што возьмеш з гэтых iмпатэнтаў, акрамя аналiзу крывi нашча, ды яшчэ калi замест крывi — адна мача?

Лiдэр ТВЛ Алесь АркушСамае страшнае (бо заканамернае), што не паўстаюць новыя суполкi маладых лiтаратараў, здольныя злучыцца iдэёва i фармальна, каб дзейнiчаць разам на карысьць беларускай лiтаратуры. Пачалося новае стагодзьдзе, а нiякiх новых суполак цi хаця б надта арыгiнальных асобных паэтаў i празаiкаў не зьявiлася. Напэўна, ёсьць у Беларусi таленавiтыя аматары крэмзаньня на паперы, але яны ў сёньняшняй сытуацыi эстэтычнай дэзарыентацыi не ўяўляюць: як трэба дзейнiчаць, як творча функцыянаваць. Да ўсяго, яны хворыя на сацыяльны канфармiзм i грамадзянскi iнфантылiзм. Iх ужо не аб`ядноўвае (як тых, хто прыйшоў у беларускую лiтаратуру 10-15 гадоў таму) iдэя нацыянальнага адраджэньня i жаданьне ствараць новае, не савецкае мастацтва. Таму гэтыя безыдэйныя i беспрынцыповыя нэафiты сказаныя на адзiноту i хуткае расчараваньне ў сваiх жалосных патугах.

Зрэшты, асобныя таленты, тым больш iдэйна-эстэтычныя плынi не зьяўляюцца штогод. Усялякае новае лiтаральна выбухае пад час значных грамадзка-палiтычных i сацыяльных пераўтварэньняў. Вiрлiвы час пераменаў нараджае асобных генiяў i цэлыя групы творцаў. Так было заўсёды, i надарылася пры маёй памяцi — напрыканцы 1980-х i ў пачатку 1990-х. Тады ў айчынную лiтаратуру i мастацтва прыйшлi дзесяткi новых людзей! Цяпер такое немагчыма, бо нельга ў прыватным парадку нечага прынцыпова зьмяніць, не зьмянiўшы цалкам грамадзка-палiтычную сыстэму, гэтую нялюдзкую i па-сутнасьцi антыбеларускую душагубку. Сам рэжым анiяк не зацiкаўлены ў нейкiх кардынальных навацыях, ён iмкнецца да кансэрвацыi цяперашняга становiшча, да захаваньня нацыянальнай безыдэйнасьцi i духоўнай нiшчымнiцы.

Цяпер нараджэньне i пасьпяховае функцыянаваньне у межах усяе Беларусi такой сябрыны як Таварыства Вольных Лiтаратараў проста немажлiвае. Бо нiчога не паўстае на пустым месцы. Дзiўна чытаць згадкi старэйшых калегаў, маўляў, ТВЛ арганiзавалася толькi таму, што ягоны лiдар Алесь Аркуш пакрыўдзiўся, калi яго не прынялi ў Саюз пiсьменьнкаў, i вырашыў стварыць альтэрнатыўную СП арганiзацыю. Гэта ж суб`ектывiзм чыстай вады! Вiдаць, тых, хто трымаецца падобнай думкi, дрэнна вучылi марксызму-ленiнiзму i дыялектычнаму матэрыялiзму. Во, аказваецца, як проста: пакрыўдзiўся, гнеўна тупнуў ножкай цi бразнуў дзьвярыма i — ўмомант паўстала рэспублiканская лiтаратурная арганiзацыя! Чаго ж зараз нiхто ня плясьне ў далонi, каб раптам узьнiкла нешта падобнае да ТВЛ?

— Натуральна, што мы паклiкалi Таварыства ня проста так, ад няма чаго рабiць. Да стварэньня арганiзацыi рыхтавалiся два-тры гады, — успамiнае лiдар ТВЛ Алесь Аркуш. — Мне ўжо неаднаразова даводзiлася пiсаць пра постсавецкi маразматычны статус афiцыйнага пiсьменьнiка i напрацаваны дзесяцiгодзьдзямi ганебны стэрэатып: каб адбыцца прафэсыйна, трэба абавязкова ўступаць у Саюз пiсьменьнiкаў. Вельмi арыгiнальным быў прынцып адбору сябраў у СП — прымалi не паводле асабiстых эстэтычных схiльнасьцяў цi ацэньваючы лiтаратурны ўзровень кандыдата! Найперш глядзелi: хто даваў рэкамэндацыi, высьвятлялі: якая асоба цi лiтаратурная групоўка стаiць за кандыдатам. У справе прыёму ў Саюз пiсьменьнiкаў дамiнаваў пратэкцыянiзм, iшла нейкая дробнамяшчанская валтузьня, барацьба на ганарарна-пасадавай глебе. З гэтым анiяк нельга было пагадзiцца! Часткова падобная савецкая дурната засталася й па сёньняшнi дзень…

Вітаўт ЧаропкаКалi савецкая дурната засталася нам у спадчыну з бальшавiцкiх часоў, дык якi цяпер практычны сэнс мае гэтая бюракратычная цягамоцiна прыёму ў СП? Па якую халеру трэба зьбiраць усялякiя рэкамэндацыi, запаўняць нейкiя паперы, праходзiць сэкцыi, камiсii, рады? Аказваецца, дагэтуль дзейнiчае той самы стэрэатып — уступаючы ў Саюз пiсьменьнiкаў, набываеш статус прафэсыйнага творцы. Хаця прафэсыяналiзм — гэта зусiм iншае. Каб ня мець лiшнiх праблемаў у жыцьцi, многiя ТВЛаўцы ўжо сталi сябрамi СП. Бо “корачкi” Саюзу пiсьменьнiкаў, як ня дзiўна, дагэтуль маюць нейкую магiчную сiлу. I сяброўства ў маральна састарэлай з савецкiх часоў арганiзацыi гарантавала i гарантуе (!) нейкiя (пры сёньняшняй агульнай галечы, напэўна, збольшага эфэмэрныя), але ўсё ж прывiлеi. I вось выходзiць: нейкi графаман з “коркамi” СП будзе карыстацца прывiлеямi, а, скажам, таленавiтыя Вiнцэсь Мудроў цi Лявон Вашко — не! Карацей, поўны маразм…

Жывая iдэя лiтаратурнае вольнасьцi

Iдэя стварэньня незалежнай ад афiцыёзнага Саюзу пiсьменьнiкаў сябрыны лунала ў паветры яшчэ да абвяшчэньня незалежнасьцi Беларусi i афiцыйнага распаду СССР. Яна востра актуалiзавалася пасьля фактычнага распаду Таварыства маладых лiтаратараў “Тутэйшыя” ў 1989 годзе. Аднак адразу арганiзаваць дзейсную структуру тады не ўдалося, хаця пад час лiтаратурнага сэмiнару “Iслач –1990” неаднаразова агучвалiся падобныя прапановы. Той сэмiнар быў вельмi карысны хоць бы з тае прычыны, што дапамог наладзiць сталыя сувязi памiж творцамi з розных куткоў Беларусi. Дый розгалас пасьля актыўнасьцi сканалых “Тутэйшых” тады яшчэ ня сьцiх.

— Увогуле, хлопцаў, згуртаваных у “Тутэйшых”, не аб`ядноўвалi нейкiя эстэтычныя прынцыпы, — успамінае празаiк Вiтаўт Чаропка. — Гэта была спроба гучна заявiць пра сябе, скарыстаць аб`яднаньне як трамлiн ў друк, у Саюз пiсьменьнiкаў, каб займець афіцыйныя саўдэпаўскія даброты i прывiлеi. На паседжаньнях “Тутэйшых” было шмат камсамольскага фармалiзму i мала чыста лiтаратурных момантаў. Верхаводзiла невялiкая купка лiдараў, астатнiя выконвалi ролю статыстаў…

Сапраўды, лiдары “Тутэйшых” дасягнулi пастаўленых мэтаў, атрымалi статус афiцыйных пiсьменьнiкаў i няблага ўладкавалiся ў жыцьцi. Якi лёс напаткаў шараговых статыстаў — дагэтуль невядома. Ясная рэч, ня ўсiм хапiла тых прывiлеяў i дабротаў, ня ўсе змаглi атрымаць кватэры i пасады ў стольным Менску. Статыстаў лiдары скарысталi дзеля колькасьцi, каб паказаць масавасьць руху. Пасьля дасягненьня запаветных мэтаў масоўка сталася непатрэбным балястам.

— Бясспрэчна-пазытыўным аспэктам дзейнасьцi “Тутэйшых” можна лiчыць пашырэньне беларускага патрыятызму, узьняцьця пытаньня адраджэньня роднай мовы i культуры, крытычнае стаўленьне да тадышняй рэчаiснасьцi, — працягвае Вiтаўт Чаропка. — Адраджэнскi запал заiнсьпiраваў гучную акцыю “Дзяды-88” i перайшоў пасьля ў чыста палiтычную плоскасьць. Але частка лiтаратараў пасьля распаду “Тутэйшых” перанесла той патрыятычны зарад у лiтаб`яднаньне “Крынiцы”, што дзейнiчала пад кiраўнiцтвам пiсьменьнiка Алеся Масарэнкi пры газэце “Чырвоная зьмена”. Тады нават рускамоўныя маладзёны iмкнулiся пiсаць па-беларуску! “Крынiцы” ўзору 1989-1992 гадоў былi своеасаблiвым мастком ад “Тутэйшых” да ТВЛ…

Безумоўна, бацькi Таварыства Вольных Лiтаратараў улiчылi досьвед “Тутэйшых”, але катэгарычна адпрэчылi сацыяльны канфармiзм i накiравалi сваю актыўнасьць на свабоднае ад савецкiх стэрэатыпаў творчае самавыяўленьне. Пра фармаваньне нейкай адзiнай эстэтыкi ТВЛ казаць не выпадае, бо галоўная мэта палягала ў стварэньнi мабiльных структураў, якiя б актывiзавалi лiтаратурнае жыцьцё ў правiнцыi. Да 1993 году прайшлi дзесяткi лiтаратурных вечарынаў i акцый у розных гарадах i мястэчках Беларусi, адбывалiся карэспандэнцыйныя дыскусii памiж маладымi творцамi. Да таго ж пачалi выходзiць незалежныя беларускiя газэты “Наша нiва”, “Свабода”, “Пагоня”, у кшталтаваньнi якiх не апошнюю ролю адыгралi якраз колішнія “тутэйшаўцы”. Грэх было не скарыстаць спрыяльную атмасфэру шушкевiчавай адлiгi для заснаваньня новай лiтаратурнай сябрыны, тым больш сябры iнiцыятыўнай групы (Алесь Аркуш, Славамiр Адамовiч, Iгар Сiдарук, Юрась Пацюпа i я) ўжо мелi на той час багата публiкацый, пазытыўных водгукаў крытыкi, а галоўнае — выдадзеныя кнiгi!

Канчатковае рашэньне аб стварэньнi Таварыства Вольных Лiтаратараў было прынята 25 сакавiка 1993 году. Пасьля грандыёзнага мiтынгу з нагоды Дня Волi ў Менску мы ўтрох (я, Алесь Аркуш i Славамiр Адамовiч) адзначылi посьпех будучай сябрыны. Купiлi ва ўнiвэрсаме “Рыга” апэльсынаў, чэкаляду і расьпiлi пляшачку лiкёру “Амарэта” ў iнтэрнацкiм пакойчыку Славамiра на вулiцы Сурганава.

А ўжо 8 траўня 1993 году ў Наваполацку сабралося 20 паэтаў, празаiкаў i перакладчыкаў з розных куткоў Беларусi, каб урачыста абвесьцiць пра ўтварэньне Таварыства Вольных Лiтаратараў (ТВЛ). 16 чалавек падпiсалi адмысловую заяву ТВЛ, якая ўжо 14 траўня была надрукавана ў прагрэсыўным на той час тыднёвiку “Лiтаратура i Мастацтва”. Пачаўся новы этап у разьвiцьцi вольнага мастацкага слова. Гэта быў нечуваны энтузыязм, прага творчасьцi, пачуцьцё перамогi. Тады нiхто й ня думаў, што праз два гады Беларусь напаткае нацыянальная катастрофа…

(заканчэньне будзе)

ЗАЯВА сяброў Таварыства Вольных Лiтаратараў

Таварыства Вольных Лiтаратараў. Няцяжка ўявiць, як гэтыя словы ператворацца для некаторых сяброў Саюзу пiсьменьнiкаў Беларусi ў чырвоны плашч тарэра. Што гэта за вольныя лiтаратары? А мы што — нявольныя? Ад чаго яны вольныя?

Высьвятленьне адносiнаў, хто за каго вальнейшы, можа ператварыцца ў суцэльную лаянку. Таму паспрабуем некалькiмi сказамi папераджальна адказаць на гэтыя пытаньнi. Мы вольныя ад догмаў, якiмi кiравалiся ўсё лiтаратурнае жыцьцё ў савецкай Беларусi, мы вольныя ад манапольнай лiтаратуры, мы вольныя ад чыёйсьцi лiтасьцi ў вырашэньнi нашых лiтаратурных лёсаў. Мы лiчым, што гэтага дастаткова, каб называцца вольнымi.

Мы не вынаходзiм ровара i ня лiчым сябе калюмбамi. Васiль Быкаў у студзенi 1989 году, адказваючы на пытаньне, цi патрэбны адзiны Саюз пiсьменьнiкаў, сказаў: “Калi мы сапраўды iмкнемся пакончыць з тым, што перажылi, i стаць дэмакратычным грамадзтвам, то Саюз пiсьменьнiкаў у тым выглядзе, у якiм ён знаходзiцца сёньня, пiсьменьнiкам не патрэбны. I я лiчу, што ў будучым на зьмену яму, вiдаць, прыйдуць дабраахвотныя аб`яднаньнi пiсьменьнiкаў на аснове агульнасьцi мастацкiх поглядаў, этнiчнай агульнасьцi або проста па чалавечых схiльнасьцях. Як гэта было часткова ў 1920-я гады ў нас або як гэта мае мейсца зараз у заходняй лiтаратуры”.

Камунiстычная дэспатыя на Беларусi зьлiквiдавана, а ў лiтаратурным жыцьцi Рэспублiкi нiчога не зьмянiлася. Прыйшоў час на практыцы ажыцьцяўляць зьмены. Мы не зьбiраемся нi з кiм варагаваць. Мы хочам быць самастойнымi. Мы ня кажам, што мы лепшыя. Як усе лiтаратары Беларусi, мы марым пра росквiт беларускай лiтаратуры. Але мы супраць манаполii ў лiтаратуры. Мы супраць пратэкцыянiзму i карупцыi ў мастацтве. Наш сьцяг бел-чырвона-белы. Але мы супраць псэўдафальклёрных нацыяналiстычных межаў у мастацтве. Наша бацькаўшчына — Беларусь, а радзiма — плянэта Зямля.

I мы пачынаем!

Алесь Аркуш, Славамiр Адамовiч, Павал Бурдыка, Лявон Вольскi, Юры Гумянюк, Анжалiна Дабравольская, Юрась Карпаў, Алесь Касьцень, Мiкола Касьцюкевiч, Юрась Лаўрык, Сяржук Мiнскевiч, Вiнцэсь Мудроў, Юрась Пацюпа, Iгар Сiдарук, Лера Сом, Алесь Туровiч

8 траўня 1993 г.
м. Наваполацк