Czasopis

Białoruskie pismo społeczno-kulturalne

05/2003


Калісь пісалі

Сёмушныя песьні

Сёмушныя песьні і абрады прымыкаюць да цыклю вясеньніх песьняў, якія зьвязаны з сьвятам Вялікадня і Юр’я. Сёмуха (Тройца, Духаў Дзень, сем тыдняў пасьля Вялікадня) зьяўляецца прадаўжэньнем Вялікодных сьвятаў, а таму што яна прыпадае на самы расьцьвет вясны, то і песьні і абрады, зьвязаныя з ёй, прасычаны вясеньнімі матывамі.

Галоўнай асаблівасьцю Сёмухі зьяўляюцца абрады з дрэвамі і ўспаміны аб русалках. Усе хаты ўбіраюцца зялёнымі бярозкамі, а двары і вуліцы чыста падмятаюцца і пасыпаюцца аерам. Гэты ўдзел зелені паслужыў прычынаю, што сёмуха называецца яшчэ “зялёнымі сьвяткамі”. У песьнях, якія пяюццападчас Сёмухі, звычайна ўспамінаюцца русалкі. Русалкі – гэта душы маленькіх дзяўчынак, памёршых няхрышчонымі, а таксама душы вісельніц і ўтопленіц. Русалкі выяўляюцца ў народнай фантазіі голымі дзяўчатамі з доўгімі распушчанымі валасамі. Жывуць яны на дне рэчак і вазёр, а па начох выходзяць адтуль, гойдаюцца на дрэвах, ходзяць па жыце, могуцьнапасьці на праходзячых і заказытаць іх.

Субота перад Сёмухай і сама Сёмуха аж да праводзін іх у панядзелак Пятровага посту зьяўляюцца русалчынымі сьвятамі. Дзяўчаты водзяць карагоды, пяюць песьні, уюць вянкі. У некаторых мясцох Беларусі на першы дзень пятровак дзяўчаты выбіраюць з пасярод сябе найбольшую прыгажуньню, убіраюць яе краскамі і стужкамі. Вечарам, пабраўшыся за рукі, ідуць папарна ў поле. Першая пара падымае рукі, а рэшта праходзіць пад імі. Раскладаюць агонь і скачуць праз яго. Дзяўчаты кідаюць у вагонь вянкі і ўцякаюць, а русалка ловіць іх. Таксама ходзяць у лес завіваць вянкі. Па вянкох гадаюць: кідаюць іх у раку і чый паплыве далёка, тая дзяўчына хутка выйдзе замуж, а чый патоне – тая застанецца ў дзеўках або памрэ.

У некаторых мясцох Беларусі ўбіраюць адну дзяўчыну зеленьню так, што яна робіцца падобнай да “куста”, і гэты куст водзяць з песьнямі па вуліцы (“кустовыя песьні”).

На Сёмуху (або ў Пятроўкі) дзеўкі кумяцца: мяняюцца чым-небудзь – пярсьцёнкамі, хустачкамі і ўвесь год тады кумамі завуцца.

Ніжэй мы зьмяшчаем некалькі сёмушных песьняў.

1.
Пойдзем дзявочкі,
У лугі, лужочкі
Завіваць вяночкі
На годы добрыя,
На жыта густое,
На ячмень каласісты,
На авёс расісты,
На грэчку чорную,
На капусту белую.

2.
Ты ня радуйся, клён да ясеню, -
Не к табе ідуць дзеўкі красныя,
Не к табе нясуць яешні смачныя,
Гарэлку горкую, скрыпку звонкую.
Ай люлі, ай люлі,
Ай люлі, люлі, люлі.
Ты радуйся, белая бяроза, -
К табе ідуць дзеўкі красныя,
Іабе нясуць яешні смачныя,
Гарэлку горкую, скрыпку звонкую.
Ай люлі, ай люлі,
Ай люлі, люлі, люлі.

3.
За рэчкаю, за быстраю
чатыры двары,
А ў тых дварох –
чатыры кумы.
“Куміцеся, любіцеся, -
Любіце й мяне!
Як бедзеце кветкі рваць, -
Сарвіце вы й мне!
Як будзеце вянкі зьвіваць, -
Завійце вы й мне!
Як пойдзеце на ціхі Дунай, -
Вазьміце вы й мой!
Як кінеце свае венчыкі, -
Кіньце вы й мой!
А ўсе вянкі паверх плывуць,
А мой патануў;
А ўсе дружкі з паходу йдуць,
А мой загінуў!”

“Новая Дарога”, № 10, 31.05.1942 г., с. 3