Czasopis

Białoruskie pismo społeczno-kulturalne

05/2003


Галакост па-савецку

29-гадовы гарадзенец Дзьмiтры Кузаўкоў у сярэдзiне красавiка стаўся сапраўдным «героем дня», бо знайшоў на сьметнiку непадалёк свайго дому ажно 14 чалавечых чарапоў! Калi сэнсацыйнай знаходкай зацiкавiлiся розныя мас-мэдыi, высьветлiлася, што жвiр з чалавечым прахам на сьметнiку паходзiць з гарадзенскага стадыёну «Нёман», якi на жаданьне мясцовых уладаў зараз iнтэнсыўна рэканструiруецца. А пабудаваны гэты стадыён быў у 1963 годзе на месцы па-барбарску зруйнаваных камунiстамi старых жыдоўскiх могiлкаў.

Дзьмітры Кузаўкоў са сваёй знаходкайМой дзед з бабуляю па лiнii мацi якраз жылi паблiзу тых жыдоўскiх могiлкаў, таму былi сьведкамi бальшавiцкага вандалiзму i марадзёрскай вакханалii. Удзень бульдозэры руйнавалi шыкоўныя мармуровыя i гранiтныя плiты, разрываючы магiлы, а ўначы дзесяткi ахвочых да жыдоўскага золата «падальшчыкаў» корпалiся ў зямлi, трыбушылi людзкiя шкiлеты i чарапы, вырывалi залатыя зубы, пярсьцёнкi, зьдзiралi рэшткi пахавальнай вопраткi. Да цалкавiтага зьнiшчэньня могiлкаў пад час акупацыi Гродна не дадумалiся нават гiтлераўскiя фашысты, якiя люта ненавiдзелi i мэтадычна зьнiшчалi жыдоў. Ну а камунiсты вырашылi правесьцi галакост з даўно памерлымi, i паступiлi «вельмi гуманна», чыста па-савецку.

Згодна СССРаўскаму заканадаўству, могiлкi забаранялася чапаць 75 гадоў з часу апошняга пахаваньня. Але камунiстычныя ўлады плявалi на ўласнае заканадаўства i рабiлi што хацелi: руйнавалi могiлкi, узрывалi цэрквы i касьцёлы... Прайшло 40 гадоў, але ў сьвядомасьцi сёньняшнiх чыноўнiкаў, якiя збольшага таксама былi камунiстамi, мала што зьмянiлася з тае пары. Бо, пад час прац на стадыёне, жвiрам з чалавечым прахам было вырашана засыпаць ровы ў прыватным жылым сэктары непадалёк ад новабудоўлі. Пасьля дажджоў i зiмовага сьнегу зямля размылася, i аголеныя чарапы i косьцi апынулiся на паверхнi. Iх пачалi цягаць па ўсёй акрузе своры бяздомных сабак…

— Чарапы я знайшоў на сьметнiку каля сваёй хаты. Там раней быў роў, якi часткова засыпалi. Але пясок паступова спаўзаў, i чарапы сталi самi выкатвацца на паверхню, — патлумачыў журналiстам Дзьмiтры Кузаўкоў. — Паколькi тут сьметнiк, дык чарапы я забраў дахаты…

Што зь iмi рабiць надалей i дзе перазахаваць, Дзьмiтры ня ведае. Але з задавальненьнем дэманструе жахлiвую знаходку перад вiдэкамэрамi ўвiшных папарацы.

Зразумела, ня ўсе мас-мэдыi падалi падзею адназначна. Гарадзенская карэспандэнтка тэлеканалу АНТ чамусьцi не згадала ў сваiм рэпартажы, што могiлкi гэтыя — менавiта жыдоўскiя (а ў 1950-60 гг. у СССР быў разгул антысэмiтызму), што зьдзейсьнiўся паўторны акт вандалiзму, і што гарадзенскiя ўлады, якiя iнсьпiравалi «рэканструкцыю стадыёну», ведалi пра «надзвычайныя здарэньнi», але ня вызначылi месца перазахаваньня людзкога праху.

Пасьля таго, як «нэгатыў» прасачыўся ў прэсу, да Дзьмiтрыя Кузаўкова прыйшоў невядомы (вiдаць, супрацоўнiк спэцслужбаў), прадставiўся цi то прарабам, цi то iнжынэрам, i ў настойлiвай форме запатрабаваў аддаць яму ўсе 14 чарапоў. Але tajniak, убачыўшы чарговую групу журналiстаў з тэлекамэрамi, пасьпешлiва рэтыраваўся.

Несумненна, скандал з рэканструкцыяй стадыёну “Нёман” у Гродне павiнен займець мiжнародны розгалас, бо справа набыла так непажаданую для беларускiх уладаў палiтычную афарбоўку. Рэч у тым, што мясцовае жыдоўскае таварыства даўно дамагаецца ўвекавечаньня месца, дзе знаходзiлiся могiлкi.

— Ёсьць нават адпаведная пастанова гарвыканкаму з 1999 году аб усталяваньнi мемарыяльнай дошкi, — гаворыць старшыня жыдоўскага таварыства ў Гродне Мiхаiл Корж. — Спачатку нам вызначылi месца на рагу вулiц Горкага i Калiноўскага, насупраць гатэлю “Беларусь”, але гэты праект быў перагледжаны ў сувязi з рэканструкцыяй стадыёну…

Цяпер мяркуецца, што мерарыяльную шыльду усталююць збоку вулiцы Камунальнай. Szczerze mowiac, na zadupiu, gdzie nikt nie zauwazy!

— Зараз неабходна тэрмiнова сабраць усе косьцi i перазахаваць, а ўлады павiнны вызначыць месца перазахаваньня, — лiчыць спадар Мiхаiл Корж.

Каб прысьпешыць вырашэньне набалелай праблемы, актывiсты жыдоўскага таварыства ў Гродне зьвярнулiся з адпаведнымi заявамi ў пракуратуру, у Камiтэт па справах рэлiгiй i нацыянальнасьцяў пры Савеце мiнiстраў, у Палату прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь.

Выснова ўсёй гэтай жахлiвай гiсторыi адна: якой бы паталягiчнай жарсьцю да спорту не палалi сёньняшнiя ўлады Беларусi, але шчасьця для народу на чужых касьцях яны не збудуюць.