Czasopis

Białoruskie pismo społeczno-kulturalne

05/2003


Было – як учора

Вяртанне ў Крынкі аказалася ўваходам у перадстарасць. Лекары сцвярджаюць, што ў біялагічным жыцці дарослага чалавека адбываюцца два пераломы. Першы ў заканачэнне трыццаць пятага году – спадам інтэлектуальнай дынамікі. Другі пасля шасцідзесяткі – знікненнем фізічнай кандыцыйнасці, падатлівасцю на хваробы. У 1994 г. заставалася мне пару гадоў да якраз другога – і я вёў сябе досыць актыўна, прымаючы ўдзел у мностве мерапрыемстваў, пераважна з літаратурным профілеи. Як бачу тое ў сённяшнюю цішыню ў грамадскім жыцці, знаходзіліся дзяржаўныя сродкі на семінары, канферэнцыі, з’езды; на частыя выданні. Дзейнічалі фонды, краёвы і замежныя, успамагаючыя культуру. У этап вызвалення з камуністычнай манатоніі.

Пакіданне Беластока і пераезд у родныя Крын кі, дзевяць гадоў таму назад. З жонкай ТаняйАрганізоўвана тады ў тэмпах „ур-рр-ра!”. Прычым інтэлігенцкая праслойка была слабая, асабліва гуманітарная, якая амаль без выключэнняў грашыла неначытанасцю, нярэдка прымітывізмам думкі. На вярсту несла ад яе правінцыйнасцю, нізкапаклонствам перад іконаю... Масквы. „Позволь мужику молиться, так он лоб себе расшибёт!” – кпілі маскалі з беларусаў.

У атмасферы злому эпохаў, узровень мерапрыемстваў не надта высіўся, рэдка чулася на іх прадуманыя тэксты; захліствала імправізацыя або і занудная балбатня энтузіястаў чагосьці. Адурманьваў час свабоды, вызвалення! Я ледзь датрываў да фіналу Купалаўскіх чытанняў у Гародні восенню дзевяноста пятага. Меліся быць з мерытарычным кіраўніцтвам, а была гаварыльня ў стылі абкомаўскіх пленумаў. У паветры аднак пахла святам нацыі!

Акунуўся з галавою ў плынь літаратурнага жыцця. На зыходзе вясны дзевяноста шостага, – Ясь Чыквін, старшыня „Белавежы”, зладзіў мае шасцідзесяцігоддзе. Стаміўся я тым святкаваннем не толькі таму, што слухаў пахвалы таксама ад асобеняў, якія сезонам раней гатовы былі ўтапіць мяне ў лыжцы вады; як на бяду, адбывалася ўрачыстасць у тым жа ваяводскім „белым доме” злое памяці былое партыі (цяпер – універсітэцкім цэнтры). Odruch warunkowy Pawłowa.

Праф. Уладзімір Гніламёдаў, дырэктар Інстытута літаратуры з Мінска, апаясаў па-вясельнаму мяне ручніком, назначыўшы такім чынам... маршалкам польскай беларускай літаратуры. Я яму ўявіўся феноменам нацыянальнай творчасці. Абліўшыся потам ад такога ўзвышэння, давялося адным глытком заслухаць і гэтак жа прафесарскі даклад Базыля Белаказовіча з Польскай Акадэміі Навук: пра вядомую і невядомую Беларусь у Яновічавай інтэрпрэтацыі. Пры гэтым я ўдосталь наздзіўляўся тым, як разумеюць мяне людзі; ніколі так, як здаецца. Нямаш, відаць, двух аднолькава думаючых інлывідаў. Прафесар Лонданскага універсітэта Арнольд Макмілін не змог прыбыць асабіста сюды – далёкая і дорагакаштуючая дарога – але даслаў надта лірычны свой выступ наконт паэзіі ў маёй прозе, зачытаны ў амаль літургічным настроі праф. Янам Чыквіным. Кадушку мёду Сакрату Яновічу завяршыў на старанлівай беларускай мове нямецкі інтэлектуал Норберт Рандаў з Берліна. Тэма ягонага слова настолькі ўсё ж аддаленая ад майго юбілею – сучасная беларуская літаратура ў Нямеччыне – што я крыху адпачыў, аддыхаўся ад высокага келіха славы. Знерухомелы ў салодкіх путах на лініі Мінск – Варшава – Берлін – Лондан.

Я марудна дарос да ўсведамлення самому сабе, што адносіны з асяроддзем трэба будаваць не на падрахунках, але выключна на калькуляцыі – хто і ў чым можа быць нацыянальна карысным. Іначай мы пазаядаемся!

Тысяча дзевяцьсот дзевяноста шосты год даў пачуццё ўласнае істотнасці на шырэйшых, чым польскія, абсягах. На гэтым грунце зелянела памалу ідэя Згуртавання „Віла Скрата”, яе Беларускіх Трыялогаў і „Году Беларускага”. Пражыўшы маладое жыццё – час заняцца вечным.

Смерці блізкіх спадарожнічалі здаўна – са штубацкіх гадоў. Але былі яны як бы мімаходныя: нехта ўтапіўся, забіўся на матацыкле, грымнуў з высознага дрэва. У лётніцкай школе ў Дэмбліне загінуў у авіякатастрофе Вадзім Фідзюкевіч, родам з Піражкоў, прадмесця Крынак. Не выйшаў жывым з аўтакатастрофы мой добры польскі перакладчык Ян Чопік-Лежахоўскі з Уроцлава. У няясных абставінах наклаў галавою Юрка Геніюш, найпершая трагедыя „Белавежы”. Пакуль, аднак, знікалі з майго кругагляду нестарыя хлопцы, успрымаў я тое як смутную выпадковасць. Тым часам у фінал астатняе дэкады дваццацтага стагоддзя пачалі паміраць літаратурныя сябры, за плячыма якіх праглядаўся ўжо мой бераг у яму. Віктар Варашыльскі, дзякуючы якому з’явіўся я ў семдзесят трэцім на польскім чытацкім рынку (– Wielkie miasto Białystok). Анджэй Дравіч, якія дадаткова меў тую афіцыёзную мацату, каб успамагчы мяне ў выдавецкіх планах, будучы важным дарадцаю прэм’ера ўраду ў пытаннях усходняе палітыкі. З Міхасём Шаховічам – яшчэ жыў – прыхіліўся я да прапановы Чыквіна з’ездзіць да Валодзі Гайдука, павіншаваць яго з 55-годдзем. Засеў ён хутаранцам – у стылі натуралістычнай прозы Чорнага, – ва ўрочышчы Полымя, што ў канцавіне Семяноўскага вадасховішча. Дождж, холда, пушча. Верасень. Неяк праз тыдзень наведаўся да мяне Мікола Давідзюк, знакаміты мастак, што прафесарыць у лодзінскай акадэміі. Паўспаміналі, калі мы напорыста дзейнічалі ў беларускім руху. Прыкрая канстатацыя: наш свет усё хутчэй аддаляецца. Слабеем і слабеем. Праз год ліквідавацьму на старонках „Нівы” штомесячную літаратурную старонку „Белавежа”. Не мог жа запаўняць яе выключна сваімі творамі, а феномен польскай беларускай літаратуры адназначна канчаўся, падлягаючы рэдукцыі да аказійных у правінцыйныя прысвяткі паэтаў. Маразм! Закаханы ў скандалах Мікола Гайдук – але інакш, чым мастак Лёнік Тарасэвіч, – падбухторыў быў рэдакцыю тыднёвіка не палічыцца з гэтым фактам. Дай Бог, каб не з асмяшаючым яе скуткам. Унутранае становішча ў літаратурнум жыцці складвалася вельмі небяспечна. Усе уз’еліся на ўсіх, але „Белавежы” пашэнціла на разважлівага старшыню ў асобе Яна Чыквіна, які кіраваў і кіруецца адным прынцыпам – артыстычнасці аўтарскага тэксту. Яму будзь ты хоць бандыт, бы той Франсуа Віён, класік даўняе французскае паэзіі, утрыманак прастытутак. Ян – на наша шчасце – не мае пакалечанай вясковым лёсам псіхікі, нягледзячы на свой дубіцкі радавод. Пакуль тое магло з ім стацца, перабраўся ён з бацькамі ў Бельск, горад з аўтахтонным мяшчанствам і прадзедавым культам адукаванасці і кніжкі (бацька Яна, Арцём, загадваў павятовай бібліятэкаю).

У шасцідзесяцігоддзе. Вышываным ручніком маршалка беларускай літаратуры апаясаў праф. Уладзімір Гніламёдаў, дырэктар Інстытута літаратуры ў МінскуУ такіх эмоцыях старшыняваў я журы спявацкага фестывалю „Бардаўская восень ’96” у Бельску. З палёгкай заўважыў, што не мушу калаціцца з прысудам галоўнае прэміі – харызматычна выступіў Андрэй Мельнікаў з Гомеля. Я настаяў на яго кандыдатуры ў лаўрэаты, прызнаючы рацыю апанентам усяго ў адным: у Мельнікава не надзвычайна моцны голас і, нават, даволі сыры. Але, – тлумачыў, – бардамі не бываюць оперныя спевакі. Бард – гэта асобнае мастацтва, у якім вакаліза неабавязковая; гэта лірнік свайго часу, выказнік нацыянальных дум ды спадзяванняў, галасісты апостал з гітараю ў руках. Пясняр з пачуццём місіі, якога не пераблытаеш з эстраднай забаўляльнасцю.

Дапаўняльным стымулам мне паслужыла абрыдласць фальклорных вывіскаў, якіх наслухаўся ў бэгэкатоўшчыну, на мастацкім узроўні чорнаафрыканскіх там-тамаў. Адсюль неўміручая заслуга расейца Мулявіна, што геніяльна вычысціў з музычнага дэбілізму бабскія беларускія „завывайкі” з эратычнымі намёкамі.

Ці не ад клімату сумотных баладаў Мельнікава доўга не мог вярнуць у сабе раўнавагу духа... Цэлымі днямі прыслухоўваўся да падзей у Беларусі. Там не бывала такое пары, каб не даходзіла да чорных фестываляў дурнаты.

Калі яшчэ жыў Дравіч, мела месца ў прэм’ера Цімашэвіча нарада з удзелам некаторых міністраў, падміністраў, дыпламатаў, прысвечаная выпрацоўцы палітыкі ў дачыненнях Польшчы з Беларуссю. Найбольш наіўнымі сярод яе ўдезльнікаў аказаліся мы двух: ён, Дравіч, і я, Яновіч. А Цімашэвіч, – памятаю, – ажно прыдрамаў ад нашых опусаў ідэалістаў. Кожная дзяржава – вось цо да – існуе эгаістычна і не трэба дурыць сабе галавы прыгожымі ў словах, платанічнымі лозунгамі тыпу „За нашу і вашу свабоду!”. Што і казаць: нават каханне не ўдаецца без узаемнае карысці, выгоды. Мы ў Варшаве трапалі языкі аб гістарычную місію Польшчы на славянскіх усходзе. З ідэнтычнай адваротнасцю, пэўна, пабрэхвалі тады (і цяпер) у Маскве. І тыя і тыя гаварылі і гавораць задушэўна, але, слухаючы іх, будзь пільнай паненкаю, якая ведае, чаго хоча дабіцца ад яе кавалер.

Насунулася шэраню глыбокая восень. Чакалі мяне ў Кракаве на сімпазіёне пісьменнікаў маладых і малых народаў Еўропы. Пацікавіўся кельтамі, карсіканцамі і... шлянзакамі. З кінарэжысёрам Казімірам Куцам прагаварыў не адну гадзіну: будзе шлёнская нацыя, гістарычны лёс Шлёнска цалкам падобны да Польшчы. За абедам з Тадэвушам Канвіцкім адкрылі існаванне, некалі, нечага накшталт Славянскай Швейцарыі ў выглядзе Вялікага княства Літоўскага, гэтак жа шматмоўнага і шматканфесійнага. Цывілізацыйныя ды культурныя абрысы таго незабывўнага Княства відочныя: еўрапейскасць загасае ў басейне Дняпра ды ў інфлянцкіх ваколлях. Далей – заеўрапейская Расея, Расеюшка, якая не ў стане каланізаваць кантынентальную Сібір (жыве там раптам пяць мільёнаў чалавек). З беларусападобным празаікам Юрэвічам з Гданска кантактаваць не было змогі, ён запіваў, бы пракураны савет. Светлы ўспамін з аўтарскага вечара ў нямецкім інстытуце імя Гётэ. Інтэлігентная кракаўская публіка беспамылкова рэагавала на беларускамоўныя „сакрацікі” (м.інш. „Існаванне”, „Лета ў Мокрым”, „Доўгая смерць Крынак”).

(Працяг будзе)