Ня трэба быць вялiкiм фiлёзафам, каб зразумець, што людзкой дурнаце i прыдурству як ня было, так i ня будзе канца ды краю. Прыдуркаў хапае паўсюль. Шмат iх i ў маiм родным Гродне. Але жахлiва, калi iхныя вар`яцкiя iдэi ахоплiваюць шырокiя групы насельнiцтва. Тады пачынаецца панiка i, як вынiк, неадэкватныя дзеяньнi ўладаў.
Апошняя панiка ў Гродне (i далёка за ягонымi межамi) узьнiкла ў сувязi з успышкай захворваньняў мэнiнгiтам i жаўтухай. Нехта з увiшных папарацы пасьпяшаў абвесьцiць, што пачалася эпiдэмiя, што гэтыя захворваньнi, бы тая ўсходняя пнэўманiя, – “нетыповыя”. Больш за тое, па горадзе пайшлi чуткi, што iнфэкцыя паходзiць са жвiру з жыдоўскiмi чарапамi i косткамi, якiмi пад час прац па перабудове стадыёну “Нёман” засыпалi ровы i ямы ў жылым прыватнам сэктары (гл. артыкул “Галакост па-савецку” ў Cz. 5). Самае дзiўнае, што людзi паверылi ў гэты абсурд, а журналiсты стрымгалоў кiнулiся да старшынi жыдоўскай суполкi ў Гродне Мiхаiла Каржа па камэнтар!
Натуральна, што спадар Корж, як разумны чалавек, назваў гэтыя пагалоскi бздурай. Непакоiць толькi, што часам тыя плёткi падаюцца як верагодныя факты асобнымi журналiстамi. Я доўга сьмяяўся, калi прачытаў у газэце “Биржа информации” артыкул “Черепа на деревьях”. Журналiстка (дарэчы вельмi прыстойная, i тым горш для яе) напiсала, маўляў, па горадзе ходзяць чуткi, што тыя жыдоўскiя чарапы дзецi разьвешваюць на дрэвах. Гэта ж трэба дадумацца! Адразу відно, што чалавек ня быў на месцы акцыi, ня бачыў тых чарапоў, не размаўляў са сьведкамi здарэньня, а напiсаў свой тэкст завочна – пакарыстаўся чуткамi. А гэта папросту непрафэсійна.
Калi гiпатэтычна паверыць у тое, што тыя 50 зь лiшкам чалавек заразiлiся ад чалавечых парэшткаў мэнiнгiтам, дык якiм жа чынам? Яны што – лiзалi тыя чарапы цi варылi зупу з костак? Ну, поўны абсурд! Такое мог прыдумаць або параноiк, або правакатар.
Галоўны лекар Гарадзенскага абласнога iнфэкцыйнага клiнiчнага шпiталю Станiслаў Iлькевiч запэўнiў прадстаўнiкоў прэсы, што прычынаў для панiкi няма. I, хаця ня высьветлiлася: адкуль паходзiць iнфэкцыя, хвароба цячэ ў лёгкай форме, i нiхто не памёр.
Тым ня менш, сам факт захворваньня (у сьвятле сусьветна разьдзьмутай “нетыповай пнэўманii”) прагучаў неаднаразова на Беларускiм тэлебачаньнi ў галоўным iнфармацыйным выпуску ды страшэнна напалохаў Мiнiстэрства аховы здароўя Беларусi i гарадзенскiя ўлады. Апошнiя перайшлi ў контратаку. Начальнiк упраўленьня грамадзка-палiтычнай iнфармацыi аблвыканкаму Уладзiмер Амелька абвiнавацiў мясцовых тэлевiзiйшчыкаў у распаўсюдзе непраўдзiвых зьвестак i арганiзацыi панiкi сярод насельнiцва. Ягоны выпад выглядаў дзiўна, бо, у параўнаньнi з бздурай, надрукаванай у “Биржы инфармацыи”, iхны рэпартаж быў чыста iнфармацыйным, бяз нейкай палiтычнай афарбоўкi. Аднак на нарадзе з удзелам вiцэ-мiнiстра аховы здароўя Беларусi ў Гродне, пасьля доўгага абмеркаваньня “праблемы ўзьнікненьня мэнiнгiту” было знойдзена вельмi простае рашэньне: “В сложившейся ситуации виноваты представители прессы…”
Ну а з тым месцам, куды ссыпаўся жвiр зь людзкiмi парэшткамi, улады вырашылi паступiць вельмi арыгінальна. Гэта значыць – добраўпарадкаваць! Тым больш 2003 год Лукашэнка абвясьцiў “Годам добраўпарадкаваньня Беларусi”! I вось спрадвек пакручастую, з ямiнамi ды выбоiнамi, вулiцу Новую (якiм дысанансам гучыць назва адносна яе зьнешняга выгляду!) вырашылi нарэшце заасфальтаваць, зрабiць бардзюры. Лепей канчаткова закатаць тыя чарапы i косьцi, каб больш не вылазiлi пасьля дажджоў на паверхню! Забэтанаваць праблемныя месцы – i канец справы.
Але самае цiкавае, што гэты раён узмоцнена кантралюецца мiлiцэйскiмi патрулямi, якiя па загаду ўладаў праводзяць татальную “зачыстку” тэрыторыi i змагаюцца з усялякiм сацыяльным злом. Паколькi Дзьмiтры Кузаўкоў, якi стаўся героем-першаадкрывальнiкам жыдоўскiх парэшткаў, рэгулярна выпiвае, дык было вырашана выявiць усiх алкашоў i наркаманаў у акрузе. Справа дайшла да кур`ёзу, калi мiлiцыянты сталi хадзiць па хатах i складаць пратаколы на гаспадароў, у чыiх агародах расьце дэкаратыўны мак!
Карацей: жыдоўскiя косьцi плюс мэнiнгiт плюс “зачыстка” раўно паранойя.