Беларуская палітычная сістэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.

Зборнік аналітычных артыкулаў


Разьдзел 3 Прэзыдэнцкія выбары 2001 году - Парушэньні выбарчага заканадаўства падчас выбарчай кампаніі і прэзыдэнцкіх выбараў

ПАРУШЭНЬНІ, ЗЬДЗЕЙСЬНЕНЫЯ ЦЭНТРАЛЬНАЙ КАМІСІЯЙ ПА ВЫБАРАХ І ПРАВЯДЗЕНЬНІ РЭСПУБЛІКАНСКІХ РЭФЭРЭНДУМАЎ

Усе парушэньні, якая дапускала ў сваёй дзейнасьці Цэнтральная камісія па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў (далей ЦВК), цяжка пералічыць празь іх вялікую колькасьць. Таму спынімся адно на некаторых зь іх — найбольш істотных, якія парушалі правы альтэрнатыўных А. Лукашэнку кандыдатаў у прэзыдэнты і рабілі больш закрытым і непразрыстым выбарчы працэс.

Дзейная Канстытуцыя прадугледжвае, што адзін і той самы грамадзянін можа быць прэзыдэнтам ня болей за два тэрміны. На думку шматлікіх юрыстаў, ЦВК, зарэгістраваўшы 14 жніўня 2001 году А. Лукашэнку ў якасьці аднаго з кандыдатаў у прэзыдэнты, тым самым парушыла Асноўны Закон краіны, паколькі гэта дало яму магчымасьць балятавацца на трэці тэрмін. Сапраўды, адлік першага прэзыдэнцкага тэрміну А. Лукашэнкі пачаўся ў 1994 годзе. Новая рэдакцыя Канстытуцыі пачала адлік ягонага другога тэрміну. Пра гэта дастаткова ясна гаворыцца ў разьдзеле ІХ «Заключныя і пераходныя палажэньні». Аднак ЦВК ня стала разьбірацца ў юрыдычных нюансах і зьвяртацца ў Канстытуцыйны Суд па неабходныя тлумачэньні. Гэты юрыдычны «гордзіеў вузел» яна разьвязала проста — зарэгістравала А. Лукашэнку як кандыдата ў прэзыдэнты.

17 жніўня 2001 году ЦВК, нягледзячы на арт. 45 Выбарчага кодэксу, прыняла пастанову, якая забараняла правядзеньне сустрэчаў з выбарцамі на адкрытым паветры бяз санкцыяў мясцовых выканаўчых органаў улады. Гэта азначала, што з гэтага часу кандыдаты ў прэзыдэнты мусілі за 15 дзён да правядзеньня якой-колечы сустрэчы зьвяртацца па дазвол у мясцовы выканкам. Калі ўлічыць, што за пяць дзён да выбараў, г.зн. з 4 верасьня пачыналася датэрміновае галасаваньне, дык фактычна гэтая пастанова пакідала кандыдату ў прэзыдэнты толькі пяць дзён на сустрэчы з выбарцамі. Акурат за парушэньне гэтае пастановы — правядзеньне сустрэчы з выбарцамі на Кастрычніцкім пляцы ў Менску 2 верасьня — ЦВК зрабіла У. Ганчарыку папярэджаньне.

У адпаведнасьці з арт. 45 Выбарчага кодэксу на ўсю выбарчую кампанію кандыдаты ў прэзыдэнты атрымлівалі ад дзяржавы ўсяго каля 12 тысячаў даляраў. Недахоп сродкаў мог быць кампэнсаваны выпускам агітацыйных матэрыялаў у падтрымку таго ці іншага кандыдата палітычнымі партыямі альбо грамадзкімі аб’яднаньнямі. Каб гэтага не дапусьціць, ЦВК 17 жніўня прыняла адмысловую пастанову, якая, парушаючы арт. 45 Выбарчага кодэксу, Законы «Аб палітычных партыях», «Аб грамадзкіх аб’яднаньнях», «Аб прафэсійных саюзах», забараняла выпуск літаратуры такога роду нават з указаньнем усіх прадугледжаных законам выходных дадзеных.

Нягледзячы на дакладнае патрабаваньне Выбарчага кодэксу (арт. 55, ч. 2) весьці падлік галасоў паасобку, у «Пратаколе ўчастковай выбарчай камісіі аб выніках галасаваньня», які быў зацьверджаны ЦВК 8 чэрвеня, гэтае патрабаваньне праігнараванае. Камісіі вялі падлік бюлетэняў з усіх выбарчых скрынак разам, а не паасобку, што давала магчымасьць маніпуляваць ня толькі колькасьцю выбарцаў, але й вынікамі волевыяўленьня выбарцаў, якія галасавалі датэрмінова або паводле месца знаходжаньня. Праўда, 21 траўня 2001 году ЦВК адзначыла ў мэтадычных рэкамэндацыях для ўчастковых камісіяў, што «дадзеныя пра колькасьць бюлетэняў, што знаходзіліся ў кожнай са згаданых скрыняў для галасаваньня, і вынікі падліку галасоў усё ж павінны быць пазначаныя ў «рабочым пратаколе» паседжаньня ўчастковай камісіі». Аднак панятак «рабочы пратакол» у выбарчым заканадаўстве нідзе не ўжываецца. На запыт выбарчага штабу кандыдата ў прэзыдэнты У. Ганчарыка ў ЦВК — ці могуць зь ім азнаёміцца назіральнікі і ці будзе ягоная копія вывешвацца дзеля агульнага азнаямленьня, — быў дадзены адмоўны адказ.

8 верасьня, за дзень да галасаваньня, парушаючы дзейнае заканадаўства, ЦВК прыняла яшчэ дзьве пастановы. Адна зь іх датычыла дакумэнтаў, якія давалі права атрымаць бюлетэнь. Цяпер выбарцы маглі галасаваць, паказаўшы ня толькі пашпарт, але й любы іншы дакумэнт з фатаздымкам і прозьвішчам, імем і імем па бацьку. Цікава адзначыць, што 19 чэрвеня 2001 году, падчас збору подпісаў, ЦВК прыняла пастанову, трэці пункт якой абвяшчаў, што дакумэнтам, які замяняе пашпарт, зьяўляюцца: а) вайсковы білет для вайскоўцаў тэрміновае службы і б) даведка, выдадзеная органамі ўнутраных справаў асобам, якія згубілі пашпарт або здалі яго на абмен.

Прынятая пастанова, па-першае, адкрыла шлях для ўдзелу ў галасаваньні замежным грамадзянам, у першую чаргу расійскім. Шмат хто зь іх жыў у інтэрнатах і меў пропуск, на якім быў фатаздымак і было пазначанае прозьвішча, а гэта мінімум, неабходны для атрыманьня выбарчага бюлетэню. Па-другое, пры жаданьні адзін і той самы чалавек мог некалькі разоў узяць удзел у выбарах, паколькі ў такога роду дакумэнтах, напрыклад, у пэнсійным пасьведчаньні, не пазначанае месца жыхарства. Таму выбарца мог патрабаваць унясеньня ягонага прозьвішча ў дадатковы сьпіс для галасаваньня на іншым участку, а пры жаданьні й прагаласаваць за іншага чалавека.

У другой пастанове ўтрымлівалася ўказаньне пра тое, каб тэрытарыяльныя і ўчастковыя камісіі скасавалі акрэдытацыю назіральнікаў, накіраваных грамадзкім аб’яднаньнем «Праваабарончы цэнтар «Вясна». У Выбарчым кодэксе ня згадваецца пра тое, што назіральнік можа быць пазбаўлены акрэдытацыі. Назіральнікаў, якія ўжо атрымалі акрэдытацыю, меў права выдаліць з памяшканьня для галасаваньня або з паседжаньня выбарчае камісіі толькі старшыня камісіі і толькі тады, калі назіральнікі мяшаліся ў працу выбарчае камісіі альбо сваімі дзеяньнямі перашкаджалі яе дзейнасьці.

Практыка прыняцьця ЦВК пастановаў, якія пярэчылі дзейнаму заканадаўству і здароваму сэнсу, сьведчыла пра тое, што яна кіравалася не законам, а палітычнай мэтазгоднасьцю. Да таго ж, усе гэтыя пастановы мелі не тлумачальны, а нормаўтваральны характар. Прымаць такога роду пастановы ЦВК ня мела права (арт. 33, ч. 1 Выбарчага кодэксу).

ПАРУШЭНЬНІ ПРЫ ФАРМАВАНЬНІ ВЫБАРЧЫХ КАМІСІЯЎ

У Выбарчым кодэксе (арт. 11, ч.1) паказаныя чатыры суб’екты выбарчага права, якія маюць права вылучаць сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісіяў: палітычныя партыі, грамадзкія аб’яднаньні, працоўныя калектывы, а таксама грамадзяне шляхам падачы заявы. Гэта азначае, што ў склад камісіі ў абавязковым парадку павінны ўваходзіць прадстаўнікі ўсіх вышэйпералічаных суб’ектаў, хай сабе і па адным. Аднак рэальны склад сфармаваных камісіяў сьведчыў пра адваротнае: у пераважнай бальшыні тэрытарыяльных камісіяў, не гаворачы пра ўчастковыя, увогуле не было прадстаўнікоў палітычных партыяў — ані праўрадавых, ані апазыцыйных. З больш чым 600 прадстаўнікоў ад палітычнае апазыцыі, вылучаных у склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў, ніхто так і ня быў уключаны ў іх склад.

Выканкамы, арганізуючы вылучэньне ў склад камісіяў зручных для сябе людзей ад працоўных калектываў і ад выбарцаў шляхам збору подпісаў, і тут парушылі закон, бо на практыцы гэта было не вылучэньне, а прызначэньне. Бальшыня будучых чальцоў камісіяў даведалася пра тое, што іх хацелі б бачыць у складзе камісій не на сходах працоўных калектываў, паколькі такія сходы не праводзіліся, і не ад выбарцаў у працэсе збору подпісаў, бо такі збор подпісаў ніхто не арганізоўваў, а ад свайго беспасярэдняга начальства. Гэта азначае, што ў бальшыні выпадкаў дакумэнты аб вылучэньні неабходных выканкамам чальцоў камісіяў былі проста сфальсыфікаваныя.

У адпаведнасьці з ч. 1 арт. 35 Выбарчага кодэксу суб’екты, якія маюць права вылучаць сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісіяў, могуць накіраваць у тэрытарыяльную альбо ўчастковую камісію толькі аднаго свайго прадстаўніка. На мінулых выбарах гэтая норма закону груба парушалася мясцовымі органамі ўлады: пераважная бальшыня ўчастковых выбарчых камісіяў была сфармаваная з прадстаўнікоў аднаго й таго ж працоўнага калектыву.

Палата прадстаўнікоў, падыгрываючы прэзыдэнту, дужа доўга цягнула з абвяшчэньнем даты выбараў, і калі пастанова нарэшце была прынятая, дык на арганізацыю вылучэньня прадстаўнікоў у склад выбарчых камісіяў засталося крыху больш за тыдзень. Палітычныя партыі, грамадзкія аб’яднаньні, працоўныя калектывы і выбарцы не змаглі за такі невялікі прамежак часу арганізаваць вылучэньне сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісіяў, тым больш, што ўзоры дакумэнтаў, якія пры гэтым неабходна было запаўняць, былі апублікаваныя не адначасова з абвяшчэньнем даты правядзеньня выбараў прэзыдэнта, а толькі на пяты дзень.

Такім чынам, залежнасьць старшыняў выканкамаў ад дзейнага галавы дзяржавы, недэмакратычнасьць парадку фармаваньня выбарчых камісіяў, а таксама парушэньні, якімі суправаджаўся працэс іх фармаваньня, дазволілі ўладам сфармаваць такія камісіі, якія былі гатовыя выканаць любую іх дырэктыву.

ПАРУШЭНЬНІ Ў ПЭРЫЯД ЗБОРУ ПОДПІСАЎ

Практычна ўсе ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў былі зарэгістраваныя. Неадольных перашкодаў сябрам ініцыятыўных групаў, якія зьбіралі подпісы за дэмакратычных вылучэнцаў, улады не рабілі. У часе збору подпісаў парушэньні выбарчага заканадаўства праявіліся ў тым, што збор подпісаў у падтрымку А. Лукашэнкі паўсюдна зьдзяйсьняўся, у парушэньне Выбарчага кодэксу (арт. 61, ч. 8), адміністрацыяй прадпрыемстваў, арганізацыяў і ўстановаў з выкарыстаньнем службовага становішча, фактычна пад прымусам і ў працоўны час. У Гомельскай і асабліва ў Магілёўскай абласьцях былі адзначаныя выпадкі, калі супрацоўнікі МУС заміналі збору подпісаў за С. Домаша. У Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласьці ўлады патрабавалі ад некаторых сяброў ініцыятыўнай групы С. Домаша спыніць збор подпісаў пад пагрозай звальненьня з працы.

Непрыемнасьці чакалі меркаваных кандыдатаў у прэзыдэнты на этапе здачы падпісных лістоў у выбарчыя камісіі. Па-першае, шмат у якіх выканкамах улады з розных прычынаў адмаўлялі сьведчыць подпісы на падпісных лістах сяброў ініцыятыўных групаў, а па-другое, частка падпісных лістоў, аддадзеных у адпаведныя тэрытарыяльныя камісіі, бясьсьледна зьнікла.

ПАРУШЭНЬНІ Ў ПЭРЫЯД ПРАВЯДЗЕНЬНЯ ПЕРАДВЫБАРНАЙ АГІТАЦЫІ

Ні на адным этапе выбарчае кампаніі не было столькі парушэньняў, як у часе перадвыбарнае агітацыі. Гэтыя парушэньні былі вынікам службовае залежнасьці галоўных рэдактараў дзяржаўных газэт і кіраўніцтва Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі ад аднаго з кандыдатаў у прэзыдэнты — А. Лукашэнкі. Нягледзячы на яўнае парушэньне дзейным прэзыдэнтам ч. 2 арт. 73 Выбарчага кодэксу (прыцягненьне асобаў, якія знаходзяцца ў службовай або іншай залежнасьці, дзеля ажыцьцяўленьня ў працоўны час дзейнасьці, якая спрыяе абраньню прэзыдэнтам), ЦВК не зрабіла ніякіх захадаў супраць галоўнага парушальніка Выбарчага кодэксу.

Паводле дадзеных маніторынгу, праведзенага сацыямэтрычнай лябараторыяй «Новак» у пэрыяд з 23 ліпеня да 13 жніўня, 91% этэрнага часу, аддадзенага для сюжэтаў, зьвязаных з кандыдатамі ў прэзыдэнты, у перадачах навінаў на Беларускім тэлебачаньні і 99% на радыё былі прысьвечаны кандыдату ў прэзыдэнты А. Лукашэнку.

Аналягічную карціну можна было назіраць і ў друкаваных СМІ. Напрыклад, «Советская Белоруссия», дзяржаўная газэта з найвялікшым накладам, прысьвяціла 94,5% свае плошчы, прысьвечанай кандыдатам у прэзыдэнты, асьвятленьню дзейнасьці А. Лукашэнкі, «Рэспубліка» — 91%, «Народная газета» — 98%, «Звязда» — 98%, «7 дней» — 72%.

Імкнучыся захаваць манаполію на распаўсюджваньне інфармацыі, улады практыкавалі канфіскацыю накладаў незалежных газэтаў і забарону іх друку, калі ў іх утрымліваліся матэрыялы ў падтрымку У. Ганчарыка і супраць А. Лукашэнкі. Супрацоўнікі міліцыі, асабліва Магілёўскай і Гарадзенскай абласьцей, масава затрымлівалі актывістаў перадвыбарнага штабу У. Ганчарыка і канфіскоўвалі ў іх афіцыйныя перадвыбарныя плякаты, а часам ладзілі сапраўдныя напады на рэгіянальныя перадвыбарныя штабы, як гэта было ў Магілёве 25 жніўня. Супрацоўнікам ЖЭСаў былі цішком дадзеныя ўказаньні зьдзіраць перадвыбарныя плякаты У. Ганчарыка. У рэгіёнах органы выканаўчае ўлады распаўсюджвалі друкаваную тысячнымі накладамі, без указаньня выходных дадзеных, разнастайную агітацыйную літаратуру ў падтрымку А. Лукашэнкі (брашуры, буклеты, календары, плякаты, улёткі і да т.п.).

Публікуючы афіцыйны тэкст перадвыбарнае праграмы А. Лукашэнкі, газэта «Советская Белоруссия» (21 жніўня) пайшла на беспасярэдняе парушэньне пастановы ЦВК «Аб вызначэньні парадку выкарыстаньня дзяржаўных сродкаў масавае інфармацыі». Замест прадугледжаных 9100 знакаў перадвыбарная праграма А. Лукашэнкі налічвала 12 085. Прычым, нягледзячы на паказную гатоўнасьць ЦВК і дзяржаўных СМІ апублікаваць у павялічаным аб’ёме перадвыбарную праграму У. Ганчарыка, гэта так і не было зроблена.

Апатэозам выкарыстаньня А. Лукашэнкам свайго службовага становішча сталі два наступныя захады.

З 3 да 5 верасьня 2001 году ўва ўсе паштовыя скрыні лістаношы бясплатна разьнесьлі газэту «Советская Белоруссия» (№ 255 за 5 верасьня 2001 г.), у якой, у парушэньне выбарчага заканадаўства, другі раз была надрукаваная перадвыбарная праграма А. Лукашэнкі. Наклад газэты, афіцыйна паказаны ў выходных дадзеных, складаў 629 316 асобнікаў. Насамрэч ён быў роўны (прыблізна па колькасьці кватэраў) 3 млн. 780 тысячам. Натуральна, што выпуск гэтага нумару газэты ня быў аплачаны са сродкаў, якія былі афіцыйна прызначаныя А. Лукашэнку дзеля выданьня перадвыбарных плякатаў (гэтых сродкаў не хапіла б нават для аплаты афіцыйна пазначанага накладу). Патрабаваньне У. Ганчарыка апублікаваць ягоную перадвыбарную праграму ў гэтай самай газэце і такім самым накладам засталося без адказу.

4 верасьня 2001 году ў Палацы Рэспублікі праводзілася сустрэча А. Лукашэнкі з выбарцамі, якая трансьлявалася ў жывым этэры па радыё, а затым у запісе была двойчы паказаная па тэлебачаньні. Гэты выступ А. Лукашэнкі ня быў прадугледжаны графікам выступленьняў кандыдатаў у прэзыдэнты, які быў зацьверджаны ЦВК па выніках лёсаваньня, а значыць, меў незаконны характар. Больш за тое, гэтая сустрэча праводзілася ў працоўны час, а яе ўдзельнікі (болей за 3 тысячы чалавек) былі бясплатна прывезеныя ў Менск на 80 аўтобусах і да пачатку сустрэчы накормленыя абедам. Выдаткі на яе правядзеньне па самых сьціплых падліках склалі больш за 14 млн. рублёў (10 000$).

Нягледзячы на тое, што Выбарчы кодэкс (арт. 47, ч. 2) забараняў кандыдату ў прэзыдэнты «ўзьдзейнічаць на грамадзянаў абяцаньнямі перадаць ім грашовыя сродкі, матэрыяльныя каштоўнасьці», А. Лукашэнка ўжываў гэты прыём на кожнай сустрэчы з працоўнымі калектывамі, якія штодзённа трансьляваліся па тэлебачаньні. Як правіла, гэта былі абяцаньні зьнізіць узровень падаткаў для гэтага канкрэтнага прадпрыемства, спрыяць у набыцьці новага абсталяваньня і да т.п. Своеасаблівым сымбалем раздачы абяцаньняў выбарцам стала карова, падораная А. Лукашэнкам аднаму з работнікаў саўгасу-камбінату «Мір» Баранавіцкага раёну.

Таксама ЦВК не зьвяртала ўвагі на факты агітацыі за А. Лукашэнку замежных грамадзянаў (Уладзімера Жырыноўскага, Генадзя Зюганава, Станіслава Гаварухіна, Надзеі Бабкінай і г.д.).

ПАРУШЭНЬНІ Ў ПЭРЫЯД ПРАВЯДЗЕНЬНЯ ДАТЭРМІНОВАГА ГАЛАСАВАНЬНЯ

Выбарчы кодэкс (арт. 53, ч. 1) прадугледжвае, што ў датэрміновым галасаваньні могуць браць удзел адно тыя выбарцы, якія ў дзень выбараў ня маюць магчымасьці «знаходзіцца па месцы свайго жыхарства». Іншых падставаў для датэрміновага галасаваньня выбарчае заканадаўства не прадугледжвае.

Нягледзячы на гэта службовыя асобы, ужываючы адкрытыя пагрозы (звальненьне з працы, пазбаўленьні прэміі (стыпэндыі), перанос адпачынку, высяленьне з інтэрнату і г.д.), прымушалі сваіх падначаленых галасаваць датэрмінова, аж да таго, што часам патрабавалі ад іх прынесьці даведку з участковай камісіі аб тым, што яны сапраўды прагаласавалі.

У якасьці прыкладу дбайнай падрыхтоўкі ўладаў да датэрміновага галасаваньня можна прывесьці артыкул у газэце «Металлург», апублікаваны 25 жніўня 2001 г. (г. Жлобін, Гомельская вобласьць). У артыкуле, у прыватнасьці, апавядалася, што дзеля таго, каб праца па арганізацыі датэрміновага галасаваньня прайшла дакладна «кіраўнікі цэхаў павінны загадзя скласьці графікі, пракантраляваць прыход транспарту, наяўнасьць пашпартоў, аб’яваў пра датэрміновае галасаваньне, абмеркаваць перадвыбарную сытуацыю з калектывам і прафактывам». Часам улады ў сваім запале даходзілі да таго, што сумяшчалі датэрміновае галасаваньне з галасаваньнем па месцы жыхарства выбарцаў (удому), што не прадугледжана Выбарчым кодэксам.

Акты назіральнікаў аб парушэньнях даюць падставы казаць пра тое, што на гэтых выбарах улады зрабілі ўсё, што ад іх залежыць, каб у часе выбараў было лёгка замяніць зьмесьціва выбарчых скрынак для датэрміновага галасаваньня. Канструкцыя многіх зь іх была такая, што дазваляла лёгка вымаць донца або падкладаць дадатковыя бюлетэні праз шчыліну, якая не запячатвалася на ноч. Некаторыя выбарчыя скрыні проста не плямбаваліся і не запячатваліся. Але часьцей за ўсё камісіі пад безупынным кантролем уладаў ішлі на фальшаваньне: уночы напярэдадні галасаваньня зьмесьціва выбарчых скрыняў падмянялася, пра што сьведчылі новыя плёмбы альбо новыя палоскі паперы, якімі яны запячатваліся.

Сярод іншых найбольш распаўсюджаных відаў парушэньняў выбарчага заканадаўства можна назваць такія: назіральнікам не прадстаўлялі інфармацыю пра колькасьць выбарцаў, якія прагаласавалі датэрмінова, не давалі магчымасьці пазнаёміцца са сьпісамі выбарцаў і зь любое надуманае прычыны не дапускалі да назіраньня.

ПАРУШЭНЬНІ Ў ДЗЕНЬ ВЫБАРАЎ І ПРЫ ПАДЛІКУ ГАЛАСОЎ

Як і ў дні датэрміновага галасаваньня, выбарчыя камісіі не давалі назіральнікам знаёміцца са сьпісамі выбарцаў, не прадстаўлялі зьвестак пра колькасьць выбарцаў, якія прагаласавалі, і якая колькасьць бюлетэняў была выдадзена.

Сур’ёзнымі парушэньнямі выбарчага заканадаўства суправаджалася галасаваньне па месцы знаходжаньня выбарцаў (удому). Практычна ўсе назіральнікі адзначалі, што камісіі не складалі, як гэтага патрабуе закон, адмысловага сьпісу выбарцаў, якія выказалі жаданьне галасаваць удому. Такое галасаваньне часьцяком зводзілася да звычайнага абыходу кватэраў у пошуках выбарцаў, якія не прагаласавалі, прычым чальцы камісіі бралі з сабой значна большую колькасьць бюлетэняў, чым было пададзена заявак.

Парушэньнем Выбарчага кодэксу (арт. 51, ч. 1) было тое, што ня ўсе выбарчыя скрыні знаходзіліся ў полі зроку назіральнікаў, а пры патрабаваньні назіральнікаў выконваць закон старшыні камісіяў, як правіла, адказвалі катэгарычнай адмовай. Імкнучыся схаваць сапраўдную колькасьць бюлетэняў у скрынях для датэрміновага галасаваньня, камісіі паўсюдна парушалі ч. 2 арт. 55 Выбарчага кодэксу і падлічвалі бюлетэні не паасобку, а сумесна. Пры гэтым, карыстаючыся адсутнасьцю ў арт. 13 Выбарчага кодэксу беспасярэдняга запісу пра тое, што назіральнікі маюць права знаходзіцца каля стала, дзе падлічваюцца галасы, старшыні камісіяў забаранялі назіральнікам набліжацца да сталоў пад пагрозай выдаленьня з памяшканьня для галасаваньня. І калі на выбарах у Палату прадстаўнікоў практыка бязгучнага падліку галасоў сустракалася даволі рэдка, дык цяпер гэты досьвед, які дазваляў прыхаваць маніпуляцыі вынікамі галасаваньня, стаў выкарыстоўвацца паўсюдна. Гэта, у прыватнасьці, давала магчымасьць адвольна перакладаць бюлетэні з аднаго стосу ў другі. Нярэдка назіральнікам удавалася заўважыць, што ў стосе, у якім ляжалі бюлетэні «за» А. Лукашэнку, знаходзілася нямала бюлетэняў «за» У. Ганчарыка.

У ход ішлі і маніпуляцыі пратаколамі з вынікамі галасаваньня. Іх стараліся запаўняць алоўкамі або запаўнялі толькі пасьля дазволу вышэйшае выбарчае камісіі ці ў выканкаме. Пры гэтым нярэдка пасьля вяртаньня старшыняў камісіяў з тэрытарыяльных камісіяў падпісаныя да таго чальцамі ўчастковых камісіяў пратаколы перапісваліся наноў. Паўсюдна, з зусім зразумелых прычынаў, участковыя камісіі адмаўляліся вывешваць дзеля агульнага азнаямленьня копію выніковага пратаколу, што было парушэньнем ч. 13 арт. 55 Выбарчага кодэксу.

Як правіла, бальшыня такіх парушэньняў зьдзяйсьнялася адкрыта, на вачах назіральнікаў. Несумненна, што ўсе чальцы камісіяў цудоўна ведалі пра зьмест арт. 192 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжваў пакараньне пазбаўленьнем волі тэрмінам да пяцёх гадоў за сьвядомае парушэньне падліку галасоў або якое іншае скрыўленьне вынікаў галасаваньня. Аднак яны не баючыся парушалі закон, бо былі ўпэўненыя, што ня будуць пакараныя за свае дзеяньні, бо суды і пракуратура з 1996 году знаходзяцца пад кантролем выканаўчае ўлады.

Вывучэньне актаў аб парушэньні выбарчага заканадаўства і справаздачаў назіральнікаў дазваляе зрабіць адназначную выснову пра тое, што фальсыфікацыя вынікаў галасаваньня ажыцьцяўлялася: а) шляхам замены бюлетэняў, што знаходзіліся ў выбарчых скрынях для датэрміновага галасаваньня; б) пры сьвядомым парушэньні падліку галасоў на выбарчым участку; в) шляхам сьвядомага запісу ілжывых вынікаў галасаваньня ў пратакол, які складала ўчастковая камісія; г) прывядзеньнем выніковых пратаколаў у раённых і гарадзкіх тэрытарыяльных камісіях у адпаведнасьць зь лічбамі, якія патрабаваў выканкам.

Зь якімі б парушэньнямі ні прайшлі выбары — дамагчыся прызнаньня іх вынікаў несапраўднымі практычна немагчыма, хаця фармальна гэта прадугледжана арт. 79 Выбарчага кодэксу. Цікава адзначыць, што тэкст гэтага артыкулу ў цалкам нязьменным выглядзе быў перанесены ў Выбарчы кодэкс з Закону аб выбарах прэзыдэнта 1994 году. Гэта сьведчыць пра тое, што, працуючы над тэкстам Выбарчага кодэксу, заканадаўцы з Палаты прадстаўнікоў цудоўна разумелі, што якой бы ні была рэдакцыя артыкулу, ува ўмовах гэтага рэжыму ён усё адно працаваць ня будзе.

Першы этап абскарджаньня вынікаў выбараў закончыўся 14 верасьня. Скаргу аб прызнаньні выбараў несапраўднымі падалі У. Ганчарык і грамадзкія аб’яднаньні, што вялі назіраньне за ходам выбараў — РГА «Беларускі Гельсынскі камітэт» і ГА «Праваабарончы цэнтар «вясна». ЦВК не задаволіла гэтае скаргі. Няма сумневу, што такі ж лёс чакае і скаргі, накіраваныя імі ў Вярхоўны суд.