Чалавек, што зрабіў злачынства і існуе зь ім, злачынец. Ён здольны чыніць зло. Ён падлягае кары. Хто пакаяўся і праз пакуты сумленьня, сорам і боль вярнуўся ў пачатак, каб тварыць дабро, той ачысьціўся, стаў чалавекам. Вось дзе духоўная сутнасьць жыцьця і сьмерці, вечнасьці і бясьсьмерця. Патрабаваньне ўсёй праўды аб злачынствах 1930-1950-х гадоў гэта голас народнага сумленьня.
Ачышчэньне сумленьня неабходнае грамадзтву, якое дапусьціла і спарадзіла генацыд - найвялікшае злачынства супраць чалавецтва. Вядома ж, ня стануць раскайвацца ні нябожчыкі-забойцы, ні нават “ціхія пэнсіянэры". Раскайвацца павінны наступныя пакаленьні, якія і ня бачылі той бяды, раскайвацца за грахі продкаў. Маральныя пакуты павінны браць на сябе нашчадкі народу, аплакаць ахвяры, даць ацэнку злачынствам. Такая духоўная дыялектыка грамадзтва. Павінен быць рахунак сумленьня, каб вярнулася сьмерць. Народ, як і чалавек, мае сваю індывідуальнасьць. Толькі чалавек адзінокі, а народ шматлікі. Толькі чалавек абмежаваны ў часе сваім векам, а народ вечны сваёй гісторыяй.
З.Пазьняк: У маладосьці ўсяго мяне да болю сардэчнага скаланулі апавяданьні людзей, што вярнуліся са сталінскіх турмаў і лягероў, амаль зь небыцьця. Я тады нічога не запісаў, не занатаваў і з жахам зразумеў сваю памылку ў духаце 70-х, калі ўбачыў, як спакваля ўсё вяртаецца, як фальклярызуецца, міталягізуецца народная памяць аб тых часох і проста зьнікае. Пачварныя вобразы з тых апавяданьняў стаяць у сьвядомасьці…
Вось гоняць людзей па этапах. У дваццаціградусны мароз вязуць цягніком. Спыніліся на станцыі. “Усім разьдзецца, - загадвае канвой, - пойдзем у лазьню". Голых людзей на лютым марозе абліваюць з брандспойтаў вадой. “Зь лёгкай парай, - рагочуць канваіры, - а цяпер спаць". І зачынілі дзьверы. Назаўтра з усяго цягніка жывымі засталіся нямногія. Абледзянелыя трупы грузілі на вазы так, каб зьвісалі галовы, а нехта з катаў разьбіваў іх калуном. Відаць, загадана для гарантыі. Мінаюць гады, і не зьнікае з уяўленьня забойца мерцьвякоў.
Вось прывозяць на Калыму, заганяюць у дзіравы дашчаны барак, сьвішча сіберны вецер. Праз ноч палавіна ня ўстала. Тады астатнія паставілі акалелыя, зьмерзлыя трупы ўздоўж сьцен, каб затуліць шчыліны, каб сагрэцца. І выразна паўстаюць перада мной тыя атланты і карыятыды, тая архітэктура эпохі, той вобраз - барак…
Расказаў Іван Трафімавіч Смаль, член партыі з 1917 году, член Гомельскаіа рэўкому. У 1937 ён працаваў на Магілеўскім аўтарамонтным заводзе намесьнікам дырэктара. Яго забралі па бязглуздым даносе аднаго камсамольца-стаханаўца - завод своечасова не адрамантаваў дзьве машыны. Уткнулі ў камэру, дзе стаяла шчыльна стуленая маса людзей, нельга нават варухнуцца. Людзі задыхаліся, вар’яцелі, паміралі стоячы, і трупы стаялі разам з жывымі. І калі ўжо нельга было ўціснуць нават паўчалавека, новых вязьняў ахоўнікі закідвалі наверх, на галовы жывых.
А каб выбіць паказаньні, была асобная камэра, цёмная, зь нізкай, ніжэй за паўтара мэтра стольлю, напоўненая ледзяной вадой. На адзіным сухім месцы ў цэнтры стаяла чорная труна. І толькі там чалавек мог знайсьці ад халоднай вады паратунак. Шмат хто звар’яцеў у той труне.
Іван Трафімавіч стрываў усе катаваньні і ня здаўся, не падпісаў абвінавачаньні. Пасьля краху Яжова яго выпусьцілі - хворага й сівога… А ў пачатку 50-х гадоў ён зайшоў па справах са сваім сынам у Міністэрства сацыяльнага забесьпячэньня БССР. У вэстыбюлі яны спаткаліся з упэўненай, шыкоўна апранутай жанчынай з горда ўзьнятаю галавой і сіваватай прычоскай. “Здравствуйте, Иван Трофимович", - не сказала, прасьпявала яна грудным голасам і пайшла. Іван Трафімавіч самлеў на руках у сына. “Бацька, хто гэта?” - “Гэта Байкова. Перад вайной яна была сьледчай у Магілеўскай НКУС". Яна катавала Івана Трафімавіча. Перад Байковай дрыжэлі ўсе магілеўскія вязьні. Садыстка, яна вяла допыты толькі мужчын, і асабліва любіла катаваць былых рэвалюцыянэраў. Вязьню загадвала распрануцца дагала і танцаваць пад мэлёдыю вальса “На сопках Маньчжурыі", патрабавала сьпяваць. Потым брала спэцыяльна зроблены для гэтай мэты бізун з драцянымі махрамі і сьцябала чалавека па органах і самых балючых месцах, даводзячы сябе да экстазу, а вязьня да немарасьці ад болю.
Да 1937 году сын Івана Трафімавіча вучыўся ў адной школе разам з сынам Байковых (муж Байковай таксама працаваў у НКУС), бываў у іх дома, ня ведаючы ні аб чым. Ветлівая гаспадыня ў фартушку частавала цукеркамі й гарбатай…
Я.Шмыгалёў: “У сярэдзіне 1950-х гадоў, будучы капітанам савецкай арміі, я служыў у Валагодзкай вобласьці. Там я пазнаёміўся са старшым лейтэнантам Пятром Уваравым, які ў 1940-х гадох прымаў удзел у высяленьні татараў з Крыму. Ён расказваў мне, што ўсе кварталы, дзе жылі крымскія татары, былі ў адначасьсе абкружаныя войскамі НКУС. На зборы далі тэрмін каля гадзіны. Зьбіраліся пад дуламі аўтаматаў. Пры спробе ўцёкаў - сьмерць. Татараў загналі ў вагоны і павезьлі ў Сібір і Казахстан. У эшалёнах іх кармілі толькі салёнай камсой і селядцамі. Пры гэтым не давалі вады, і яны паміралі: спачатку хворыя і старыя, а затым іншыя. На кожнай станцыі выкідвалі мёртвых. Людзі прасілі аб літасьці, але літасьці не было. Каштоўныя рэчы й грошы канваіры адбіралі сабе. Пра зьдзекі з татараў Увараў расказваў з задавальненьнем, са смакам, лічыў свае паводзіны правільнымі, а сталінскі акт у дачыненьні да татараў ухваляў.”
З.Пазьняк: Павінна быць кніга народнай памяці. Уражваюць вобразы, што паўстаюць з чалавечых апавяданьняў. “Памятаю, у 1938-м зімой іду па вуліцы каля будынку НКУС, - успамінае мянчанін Сяргей Фёдаравіч Ладуцька. - Мароз, аж дух займае. А з адкрытых вокнаў падвалаў НКУС, як з-пад зямлі, пара валіць праз краты, нібы з паравоза - гэтулькі там насадзілі людзей". Вобраз працінае, як маланка. На верхніх паверхах шморгаюцца строгія чалавечкі ў кіцелях і галіфэ, рапартуюць, раскрываюць і закрываюць папкі, дзелавіта ходзяць з паперамі, а пад імі ў бітма набітых падвалах дыхае парай, крывёй і потам прыдушаны народ. Куды ж ляціць гэты паравоз? Дзе яго прыпынак?
Мы знайшлі гэты прыпынак. Не давала спакою думка: куды падзелі людзей, якіх расстралялі? Дзе яны, іх жа ня два, ня тры чалавекі, а тысячы? У пачатку 1970-х гадоў на паўночнай ускраіне Менска, зьлева ад Лагойскай шашы, не даязжджаючы да кальцавой дарогі, існавала яшчэ вёска Зялёны Луг. Старажылы яе расказалі нам, што за два кілямэтры на поўнач ад вёскі, паміж кальцавой і Заслаўскай дарогамі, у лесе ад 1937 па 1941 году кожны дзень і кожную ноч расстрэльвалі людзей, якіх прывозілі сюды на машынах. Там на ўзгорках стаяў стары бор, вакол лясы і глухмень. Кавалак бору гектараў з 10-15 быў абгароджаны высокім, вышэй за тры мэтры, шчыльным дашчаным плотам унакладку - дошка на дошку, абцягнутым зьверху калючым дротам. За плотам была ахова і сабакі. Людзей вазілі сюды па гравійнай дарозе, што вяла ад Лагойскага тракту на Заслаўе. Шлях той называлі тады “дарогай сьмерці".
Апытаньне зялёналужцаў і жыхароў навакольных вёсак Цна-Ёдкава і Драздова - сьведак і відавочцаў тых страшных падзеяў - дапамагло ня толькі ўстанавіць факты, але і ўзнавіць карціну масавых забойстваў. Аднак у 70-х гадох абнародаваць, усім расказаць пра іх не было магчымасьці.
У 1987-1988 гадох мы расшукалі некаторых жыхароў зьнесенай ужо да гэтага часу вёскі Зялёны Луг, зноў зрабілі апытаньне старажылаў і сьведак падзеяў у навакольных вёсках, высьветлілі акалічнасьці, дэталі, занатавалі адказы…
Расстрэлы пачаліся тут у 1937 годзе. Спачатку тройчы ў дзень - на раніцы, у 14 гадзін і вечарам, калі сьцямнее, - у лес прывозілі па некалькі машын людзей і расстрэльвалі. Трупы скідалі ў загадзя выкапаныя глыбокія ямы, штабель на штабель. Настраляўшы даверху, ямы прысыпалі пластом пяску ня больш за 20-25 сантымэтраў. Часам зьверху саджалі сасонку.
У другой палове 1937 году месца абгарадзілі. Сьмяротнікаў пачалі прывозіць па іншым графіку: пасьля абеду, пад вечар і цэлую ноч. Вазілі безупынна штодня. Апытаныя ня памятаюць нават, ці былі перапынкі ў нядзелю. “Кожны дзень стралялі, - расказвае жыхарка Цны Кацярына Мікалаеўна Багайчук (1919 году нараджэньня), - і машыны гулі. Бывала, як толькі вечар, мужчыны зьбяруцца, выйдуць на двор, паслухаюць, як страляюць, пагавораць гэтак ціха, пабядуюць і разыходзяцца.”
“Іншы раз адразу па некалькі машын заяжджала ў загарадку, вазілі бесьперастанку, - расказвае Дар’я Ігнатаўна Тоўсьцік з Цны (з 1911 г.). - А дарога ў лесе выкатана, як асфальт. Як пачнуць страляць, дык чуваць было енкі, плач, праклёны".
“Уся вёска была ў страху. Пяць гадоў па начах не маглі спаць ад стрэлаў", - кажа старажыл Цны Бацян Раман Мікалаевіч (з 1913 г.). Тое пацьвярджае Няхайчык Мікалай Пятровіч (з 1929 г.) ды іншыя цнянцы. “Старэйшыя хлопцы, які сьмялейшы, дык нават лазілі за плот, - кажа Мікалай Пятровіч, - рабілі дзіркі ў агароджы і шмат што бачылі". Мы пытаемся, ці жыве яшчэ хто зь іх. “Ёсьць: Карповіч Мікола".
Мікалай Васілевіч Карповіч нарадзіўся ў 1919 годзе, самавіты, яшчэ досыць дужы чалавек. У 1939 годзе пайшоў у войска. Лёс пакідаў яго па сьвеце і па франтох. У 1937-1938 гадох ня раз бачыў, як забівалі людзей у лесе. Магілы, відаць, капалі ў першай палове дня, бо пад вечар (часта пасьля абеду), калі пачыналі пад’яжджаць машыны, ямы былі ўжо выкапаныя. М.Карповіч распавядаў, што людзей забівалі партыямі. Ставілі ў рад, затыкалі кожнаму рот коркам і завязвалі анучай (каб ня выплюнуў кляп). Забойцы былі ў форме НКУС. Яны стралялі зь вінтовак збоку ў галаву крайняга, каб прашыць куляй двух чалавек. “Як стрэліць, - кажа Мікалай Васільевіч, - дык адразу двое ў яму і падаюць. Патронаў шкадавалі". Настралялі адну партыю, крыху прысыпалі штабель, паправілі, каб роўна было, і падвозілі наступную партыю. Настраляўшы даверху, яму прысыпалі пяском і зараўноўвалі.
“Адзін раз, - апавядае М.Карповіч, - спатыкае мяне вартаўнік з Малінаўкі (вёска за 4 кілямэтры адсюль. - Аўт.), разнэрваваны, узрушаны. Ужо набілі, кажа, ідзі паглядзі, нават не засыпалі… Падышлі мы да плота, што ля дарогі. Аж блізка ў лагчыне вялікая шырокая яма, даверху трупамі напоўненая. Ляжаць, брат, у рад, як парасяты". Пытаньне: “Ці было, каб выратаваўся хто адтуль?” - “Куды там выратуешся - гэтакі плот, - адказвае Мікалай Васільевіч. - Праўда, раз пад вечар, ужо шарэла, ішоў я празь лес зь Зялёнага Лугу ў Цну з адным нашым. Вусьцішна было. Якраз страляць перасталі. Аж бачым, сядзіць чалавек пад дрэвам у акрываўленай бялізьне, ледзь жывы. Мы падышлі - што рабіць? Якраз машына завурчэла. Адскочылі мы, ідзём. Насустрач два энкавэдзісты: “Кто такие?” - “Цнянскія". - “Никого не видели?” - “Не-а… сядзеў там нейкі", - задрыжэў дзядзька. Потым мы азірнуліся, а яны таго за ногі валакуць. Укінулі ў машыну, як палена, і паехалі. І як ён тады адтуль вылез - я і цяпер не магу зразумець…”
І ўсё ж у 1938 годзе адзін чалавек уцёк з-пад расстрэлу. “Праз плот - і не знайшлі", - сьведчыць Марыя Рыгораўна Пацяршук (з 1911 г.) з Цны. Адзін чалавек… Можа, ён яшчэ дзе жывы? Можа прачытае гэтыя радкі і адзавецца?
Марыя Рыгораўна пацьвердзіла, што перш чым людзей пастраляць, ім затыкалі рот коркам. Пра гэта кажуць таксама жыхар вёскі Драздова Скварчэўскі Васіль Якаўлевіч (з 1930 г.) і іншыя. Аднак шмат хто чуў крыкі, плач, маленьні аб літасьці. Можа, не хапала коркаў? Але, пэўна, справа ў іншым. Чалавек, які доўгі час забівае людзей, паступова робіцца садыстам. У яго ўзьнікае патрэба памучыць сваю ахвяру, перш чым яе забіць. Вось і мучылі людзей перад сьмерцю.
Відаць, не патроны эканомілі забойцы, калі імкнуліся прашыць адной куляй дваіх чалавек адразу. Гэта была свайго роду бравада, спорт для катаў, дэманстрацыя прафэсіяналізму. М.Карповіч, пэўна, якраз і ўбачыў гэты нетыповы спосаб расстрэлу зь вінтовак. Мы падрабязна апытвалі ўсіх, хто чуў, як гучалі стрэлы, і тых, хто бачыў, як забівалі, ці дачуўся ад тых, хто бачыў, - і прыйшлі да высновы, што стралялі ў асноўным з наганаў ці пісталетаў (што і пацьвердзілася потым раскопкамі).
“А моцна гучалі стрэлы?” - пытаемся ў Валянціны Міхайлаўны Шаханавай (з 1929 г.) з Цны. “Не, гэтак суха - “хлоп-хлоп-хлоп", але ўвесь час. Пастраляюць, потым памаўчаць, і зноў - “хлоп-хлоп-хлоп". Валянціна Міхайлаўна таксама была ўнутры “душагубкі". Падкапаліся з суседнім хлапчуком пад плот і залезьлі, каб назьбіраць ягад (а было ім гадкоў па 10-12). Там яны ўбачылі ўскапаную зямлю і мноства засыпаных ямаў. Вылезьлі зь ягадамі, а насустрач вайсковец. “Стой! Ану, высыпай!” - загадаў хлопчыку. Забраў ягады і як гыркне: “Марш атседава!”
Расстрэлы адбываліся да самага пачатку вайны. У час вайны жыхары з навакольных вёсак разабралі плот на гаспадарчыя патрэбы, а стары бор неўзабаве сьпілавалі й расьцягнулі. Цяпер тут расьце пасьляваенны лес з 40-45-гадовымі дрэвамі.
“Немцы там не расстрэльвалі?” - пытаемся ў Валянціны Міхайлаўны. “Не, немцаў там не было, не расстрэльвалі". Гэтае пытаньне мы задавалі кожнаму апытанаму. Адказвалі ўсе аднолькава: - немцы гэтай мясьцінай не цікавіліся.
“Як выглядала тая мясьціна, калі разабралі агароджу?” - пытаемся ў В.Шаханавай. “Усё ўскапанае: пясок і высокая трава. І надта шмат чырвоных грыбоў, гэткіх пунсовых, на тоненькіх ножках. Нібы крывёй налітых. От, казалі, кроў людзкая прарасла". Пра чырвоныя грыбы на магільных ямах успаміналі многія людзі, лічылі, што гэта яны ад пралітай крыві зьявіліся. Зноў фальклёрны вобраз пакутаў, падумалі мы. Але потым высьветлілі: праўду казалі людзі. Такія грыбы называюцца часночнікі, растуць на глыбока ўскапаным пяску і пахнуць часнаком.
Цяжка размаўляць са старымі жанчынамі пра той час. “А мае дзеткі, колькі добрых людзей пастралялі! - выгукае Кацярына Мікалаеўна Багайчук. - Хоць бы ім помнік які паставіць!” Плача… “Асабліва жудасна было ноччу, - кажа Надзея Яфімаўна Хоміч (з 1922 г.) зь Зялёнага Лугу. Да вайны яна жыла ў Бабруйску, але часта прыяжджала ў Зялёны Луг да сястры, хата якой стаяла каля лесу. - Заўсёды стрэлы, брэх сабак, крыкі, галашэньне". Таксама плача…
“Сабакі былі злыя, відаць, галодныя, - дадае Соня Андрэеўна Козіч (з 1925 г.) зь Зялёнага Лугу. - А стралялі амаль бесьперапынку, асабліва ўначы".
“Шмат было кругом распырскана крыві, - расказвае Марыя Іванаўна Пацяршук (з 1925 г.) з Цны. - Стогны, стагналі нават закапаныя…”
Вера Фёдараўна Тоўсьцік (з 1933 г.) з Драздова памятае: калі было ёй гадкоў сем, са старэйшымі дзецьмі бегала глядзець на забойствы. Успаміны яе фрагмэнтарныя, што захавала дзіцячая памяць: - засыпаныя сьвежым жоўтым пяском ямы і кроў на траве. “І пясок над ямамі яшчэ варушыўся, нібы дыхаў".
Пытаньне: “Ці забралі каго з Драздова?” - “Не памятаю, малая была. Але старэйшыя расказвалі, што па вёсках забіралі. Езьдзіла машына. Ноччу заходзілі й казалі: - зьбірайся. Куды - не тлумачылі. От чалавек і зьбіраўся, клаў у торбачку хлеба, сала. А іх потым прывезьлі вунь туды і.пастралялі ў ямах. Няўжо ж ніхто ім і помніка не паставіць? Колькі людзей забіта! Колькі народу зьвялі!”
Матруна Мікалаеўна Мантасава (з 1914 г.) зь Зялёнага Лугу расказвае, што ў 1937 годзе забралі двух мужчын Стрыгавых з Падбалоцьця. “Хто яны былі?” - пытаемся. - “А простыя людзі, рабочыя". - “За што ўзялі?” - “Ніхто ня ведае. Тады не казалі й не пыталіся. Ноччу па вёсках машына, буда такая хадзіла - “чорны воран” называлася. Людзей забіралі і адвозілі. І да сёньняшняга дня ніхто ня ведае, дзе яны. Можа, там і ляжаць… Схапілі яшчэ мужа Тані Матусевіч і настаўніка, што побач жыў. Прозьвішчы астатніх не прыпамінаю. Усе казалі, што па вёсках забіраюць. Колькі добрых людзей пазабівалі! Цяпер хоць бы ім помнік які паставілі. Гэта ж такі глум быў з народу!”
В.Шаханава паведаміла, што памятае, як забралі трох чалавек з суседняй вёскі Якубавічы. “За што?” - “От, кажуць, адзін на аднаго па злосьці нагаварылі - усе і загінулі. І ў нас у Цне схапілі настаўніка Арсеня Паўлавіча Грушу. Добры быў чалавек". Валянціна Міхайлаўна сказала, што чула ў той час апавяданьні старэйшых, як чапляліся з дамаганьнямі да аднаго цнянскага актывіста-брыгадзіра, каб “паставіў” неабходную колькасьць “ворагаў народу".
Пра арышты ў акрузе пытаемся ў Марыі Рыгораўны Пацяршук. “З Хмарыншчыны (гэтай вёскі ўжо не існуе. - Аўт.) забралі трох чалавек: Філіповіча Андрэя, Цярлюка Сьцяпана, а трэцяга забылася, нейкага новага". - “Ці чулі пра запыты ці патрабаваньні выдаць “ворагаў народу"?” - “З 1937 году старшынёй сельсавету (мы тады былі Папярнянскага сельсавету) быў Бацян Цімафей Васілевіч, дык у яго дапытваліся - ці няма ў цябе якіх? А ён адказваў: не, у мяне няма".
Пытаньне: “Яшчэ дзе-небудзь у акрузе расстрэльвалі людзей?” - “Так, расстрэльвалі. У Ждановічах, ля Баравой, ля Драздова справа ад вузкакалейкі (цяпер вузкакалейкі няма. - Аўт.) і ў Менску за паркам Чалюскінцаў, там, дзе завод Вавілава".
Пытаньне да М.Р.Пацяршук, Д.І.Тоўсцік і М.І.Пацяршук (дэпутат сельсавету, член КПСС): “Што цяпер трэба зрабіць з гэтай мясьцінай? Горад жа ўжо пад бокам, дарога кальцавая закранула?” - “Паставіць помнік", - адказваюць усе.
Спаткаліся нам, аднак, людзі, што расказвалі пра ўсё амаль шэптам. Прасілі нідзе не называць іхнае прозьвішча. Некаторыя адмоўчваліся. А, напрыклад, Мікалай Васільевіч Ігнашоў (з 1914 г.) зь Зялёнага Лугу, які прайшоў праз усю вайну да Бэрліна, сказаў нам толькі, што баяўся нават набліжацца да таго плоту, бо хто за яго заходзіў - назад не вяртаўся.
Аднак былі і сарвігаловы, якія пацяшаліся тым, што выкопвалі трупы (асабліва спачатку, калі не было плоту) і саджалі іх пад дрэва, каб “насаліць” энкавэдзістам. “Аднаго разу нехта адкапаў і выцягнуў зь ямы дваіх, - расказвае В.Скварчэўскі. - Пасадзіў пад дрэва, даў у рукі газэту - хай чытаюць. Шум быў. Хацелі дазнацца, хто гэта зрабіў". Такі быў тут побыт… Абставіны, якія спараджалі ледзянячы жах і ледзянячае кашчунства.
Аналіз сталінскай сыстэмы генацыду, новыя факты, што выяўлены цяпер, робяць зразумелым, чаму зьнішчалася ў першую чаргу інтэлігенцыя, кіруючыя партыйныя і ваенныя кадры, працавітыя сяляне. Але не заўсёды зразумела, чаму забівалі цёмных, нават непісьменных сялян і рабочых. Цяжка ўявіць лёгіку сталінскую і тых, хто быў зь ім, бо яна, па сутнасьці, не чалавечая, яна зь нейкім іншым знакам. Тлумачэньне можа часткова даць так званая “плянавая эканоміка” рэпрэсіяў. У 1930-х гадох Молатаў паведаміў Сталіну, што не хапае турмаў, а самае галоўнае, скардзіўся Молатаў, што “арыштаваных трэба карміць". У краіне якраз быў голад. Тады шырока пачалі выкарыстоўваць лягерную сыстэму забойства людзей на этапах у дарозе, марэньне марозам і голадам. У зьнішчэньні народаў быў ужыты плянавы “прагрэсіўны” мэтад. На кожны горад, раён і г.д. выдавалася “разнарадка". Рэпрэсіі адбываліся па графіку. Узьнік “рух” за выкананьне й перавыкананьне пляну рэпрэсіяў (выяўленьня “ворагаў народу"). Колькасьць індывідуальна выяўленых “ворагаў” паведамлялася ў справаздачах, выступленьнях, газэтах. Калі ж плян не выконваўся, а быў канец плянавага пэрыяду, бралі любога. Тады й гойсалі “чорныя вораны” па вёсках.
Мясьціна ля заслаўскай дарогі звалася Брод. Тут непадалёк было некалі балота. А ці мела раней назву тое месца, што было потым абгароджана, той бор на ўзгорках, спыталіся мы ў жыхароў Драздова. Так, адказалі яны, мясьціна называлася Курапаты. “А чаму?” - “Бо вясной там скрозь расьлі белыя кветкі - “курапаты". - “Курасьлепкі хіба?” - “Ага, курасьлепкі - курапаты (дыялектная назва белых пралесак. - Аўт.)".
Невыказна цяжкае ўражаньне пакідаюць Курапаты. З паўднёвага боку мясьціну падрэзала кальцавая дарога, якую праклалі тут у 1957 годзе. Тады выграбалі чарапы і косьці. Падымаемся па адхоне, ступаем у лес, і адразу пачынаюцца магілы - безьліч праваленых зарослых ямін. Людзі згнілі - і зямля асела. Яміны розныя: 2x3; 3x3; 4x4; 6x8 мэтраў і большыя. Западзіны бываюць на 70-80 см. У цэнтры - вялікі ўзгорак-града. На схілах яго і ў лагчынах скрозь праваленыя ямы, ямы. Толькі па самай вяршыні грады больш-менш гладка - нібы дарога была некалі. Можа, па ёй пад’яжджалі машыны, каб пасьвяціць фарамі ўначы. З паўднёвага боку мы знайшлі месца, дзе стаяў плот. Добра захаваўся роў, што быў перад ім, як і распавядалі нам вяскоўцы. Па ледзь прыкметных выемках пазнаём, дзе стаялі слупы - на адлегласьці чатырох мэтраў адзін ад аднаго.
Ямы розныя памерамі. Магчыма, былі неаднолькава заглыбленыя. Таму колькасьць забітых падлічыць па магілах больш-менш дакладна не ўдаецца…
У 70-х гадох на Курапатах было адносна ціха. Цяпер сюды наблізіўся мікрараён Зялёны Луг-6. Калі прыйдзеш на магілы, ахоплівае нейкая роспач. Цяпер тут зона адпачынку мянчан. Гуляюць дзеці…
З.Пазьняк: 1 траўня сёлета тут было весела й тлумна, як на праспэкце. Адпачываюць сем’ямі і кампаніямі. У магілах паляць вогнішчы, тут жа ядуць, п’юць, смажаць шашлыкі, іграюць на гітарах, у карты, ламаюць гольле, высякаюць дрэвы, хрыпяць транзістары. Адзін счэсвае бярэзіну, што вырасла з магільнай западзіны, хоча дастаць соку… Дзіўлюся, чаму не цячэ зь яе кроў. Вядома, людзі нічога ня ведаюць; ня ведаюць, што пад імі ляжыць пакаленьне. Але зноў успыхвае ў сьвядомасьці вобраз, як той паравоз, толькі з шашлычным дымам.
Я.Шмыгалёў: Калі паміраюць “ціхія пэнсіянэры", што стварылі гэтае бяспамяцтва, іх кладуць у труну, на хаўтурах кажуць пра іх добрыя словы, грае аркестар. А для тых, што ляжаць тут, аркестрам быў брэх і наганныя стрэлы. А як пакутвалі дзеці, сем’і рэпрэсаваных! О не, трэба памятаць усё. І пасьля сьмерці хай кожнаму аддасца ягонае.
Агляд некаторых магілаў спарадзіў у нас трывожныя падазрэньні. Занадта глыбокія западзіны, а па бакох часам бугаркі, нібы раскопваў хто некалі. Некаторыя ямы нядаўна раскапаныя ў глыбіню больш чым на мэтар. Нідзе ніводнай косткі. У адной магіле школьнікі паглыбляюць зямлянку. Глыбіня звыш мэтра. Чысты рыхлы незьляжалы паварушаны пясок. Трывога ўзмацнілася, калі мы ўспомнілі апавяданьне аднаго вяскоўца, які захацеў застацца інкогніта, - пра тое, што адразу пасьля вайны тут доўга капаліся салдаты.
5 траўня 1988 году сіламі археалягічнай групы Інстытуту гісторыі АН БССР мы правялі раскопкі адной з магілаў. Шурф 0,5x1 м у цэнтры западзіны быў выкапаны на глыбіню 1,5 мэтра. Ніякіх вынікаў. Чысты пясок.
Гэтае адкрыцьцё ўсю нашу групу ў складзе пяці чалавек уразіла ня менш, чым сам факт масавых рэпрэсіяў. Як жа мы недаацанілі іх подласьць! Вось хто капаўся тут пасьля вайны! Замяталі сьляды. Значыць, ведалі яшчэ тады, што тварылі! Дзе ж ваша “чэсная” упэўненасьць у справядлівасьці сваіх справаў, у справядлівасьці загадаў?! Аказваецца, вы баяліся яшчэ тады. Зрабіць такуя эгіпецкую работу! Выкапаць столькі трупаў! Куды ж вы іх падзелі? Вывезьлі і закапалі? Спалілі? Ня дробная сошка дала загад на эксгумацыю. Берыя? Малянкоў? Хто?
У той жа дзень выявілася, што не ўдалося забойцам замесьці сьляды. Да нас падышлі хлапчукі, што 1-га траўня капалі зямлянку ў магільнай западзіне, і павялі на другі канец тэрыторыі. Яны раскідалі яловыя лапкі, што прыкрывалі загарадку з жэрдак, і мы ўбачылі кучу прастрэленых чалавечых чарапоў, касьцей, скуранога й гумовага абутку. Заглыбіўшы сваю зямлянку амаль на два мэтры, хлопцы наткнуліся на завал чалавечых касьцей. Яны адкапалі ніжні штабель магілы.
Успомнім, як энкэвэдзісты, настраляўшы адну партыю людзей, прысыпалі трупы і раўнялі дно. Пры эксгумацыі салдаты выбралі косьці да глыбіні двух мэтраў і вырашылі, пэўна, што яме канец. Ці проста “схалтурылі", калі начальства побач не было. Сапраўдная глыбіня магільнай ямы 2,8 м, памер прыблізна 3x3 м. Хлопчыкі акуратна, як археолягі, выбралі палову штабеля (23 чалавекі). Сярод трупаў знайшлі фарфоравыя і эмаляваныя кубкі, скураны кашалёк з савецкімі капейкамі 1930-х гадоў (апошняя дата на манэтах - 1936 г.), зубную шчотку ў футарале вырабу віцебскай фабрыкі, шмат пустых страляных гільзаў ад нагана дыямэтрам 7,5 мм (прамерана лінейкай, дакладны калібар нагана 7,62 мм - З.П.) і круглыя паламаныя акуляры ў тонкай мэталёвай аправе. На ўсіх гумовых галёшах клеймы айчынных фабрык і дата выпуску - 1937 год. Знойдзены скураныя мужчынскія боты, таксама і жаночы абутак. Кулявыя адтуліны ў чарапох, як правіла, на патыліцы, дзе часта відаць побач па дзьве дзіркі. Ёсьць некалькі чарапоў зь дзіркамі ў скроні, на лбе і зьверху галавы (дастрэльвалі ў яміне). Усе ўваходныя адтуліны дыямэтрам 7,5 мм.
Пра што гавораць гэтыя знаходкі? Магіла была “настраляна” ў 1937-1938 гадох. Забівалі з наганаў. Людзей, відаць, расстралялі без суда, без аб’яўленьня выроку сьмерці. Вось тут яны і ляжаць са сваімі клуначкамі, сабранымі, калі загадалі “зьбірацца", кубачкамі, зубнымі шчоткамі і нават медзякамі. На расстрэл, пэўна, не рыхтаваліся.
Хочам назваць прозьвішчы хлопцаў, якія дапамаглі нам у нялёгкім дасьледаваньні. Гэта Ігар Бага (ён ужо скончыў школу і працуе мулярам) і вучні 171-й школы Менска Віктар Пятровіч і Аляксандар Макрушын.
Другая яміна-магіла была закранутая ў час пракладкі газавай траншэі па вяршыні ўзгорка-грады праз Курапаты. Магіла невялікая, разьмешчана была ўбаку ад былога праезду. У час эксгумацыі яе, пэўна, “прапусьцілі", забыліся раскапаць. Рабочыя БМУ “Белспэцмантаж” Дзяржкамгазу БССР і потым дзеці выявілі тут косьці і 15 прастрэленых чарапоў, 20 параў скуранога абутку й галёшаў. Сярод абутку - рэшткі жаночых туфляў. На галёшах клеймы айчынных фабрык і дата - 1939 год. На адным галёшы кляймо рыскай фабрыкі і падпісаны па-латыску. Дата - 1939 год. Зразумела, што гэта магіла 1940 году, дзе сярод іншых быў расстраляны латыш (з Латвіяй, здаецца, тады галёшамі не гандлявалі).
Пра раскопкі быў складзены адпаведны акт і паведамлена ў Бараўлянскі сельсавет. Старшыня сельсавету Сяргей Іванавіч Чачанец паставіўся з разуменьнем да зьвестак пра магілы расстраляных. Была нават створана камісія для высьвятленьня акалічнасьцяў і перазахаваньня чалавечых рэшткаў, а косьці сабраныя ў спэцыяльна зробленую труну.
Цяпер перш за ўсё трэба зьмясьціць адпаведныя надпісы ля Курапатаў зь інфармацыяй пра гэтую мясьціну, каб людзі ведалі, што яна не для пікнікоў і адпачынку. Ня думаем, што эксгумацыя ўсіх магіл, мяркуючы па тым, што выяўлена, была праведзена ў 1940-х гадох акуратна, да канца. Напэўна, там яшчэ ляжаць на дне глыбачэзных ямін тысячы забітых.
Неабходна таксама зрабіць публічнае перазахаваньне адкапаных рэшткаў і падумаць пра помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў на гэтым месцы.
Асобная тэма - пра дараваньне і пакараньне. Няхай чытач пра гэта падумае сам. Мы мяркуем, што няма дараваньня за генацыд. На тых, што рабілі такое, не павінен распаўсюджвацца тэрмін даўнасьці. Калі трапляеш у глыбокую і халодную трохмэтровую яму, усланую трупамі, бярэш у рукі сьлізкую падэшву ад маленькага, ня больш за 34 памер, жаночага туфля, - разумееш гэта адназначна.
…А яны яшчэ спрабуюць казаць пра нейкія “прынцыпы".
Упершыню надрукавана ў газэце “Літаратура і мастацтва", 3 чэрвеня 1988 г.