Дазволю сабе падзяліцца з чытачамі “ЛіМа” некаторымі вынікамі археалягічных раскопак.
Павінен адразу сказаць, што праведзеныя дасьледаваньні не далі нічога прынцыпова новага ў параўнаньні з вынікамі першых раскопак, зробленых у пачатку траўня гэтага году, пра якія напісана ў артыкуле “Курапаты - дарога сьмерці". Гэта абумоўлена добра вядомай археолягам заканамернасьцю, што для асьвятленьня сутнасных характарыстык аднатыпнага помніка (у дадзеным выпадку магільніка) дастаткова дасьледаваць яго частку (пажадана ў розных месцах). Гістарычны факт масавых расстрэлаў насельніцтва ў Курапатах, учыненых сталіністамі ў 1937-1941 гадох, быў высьветлены адразу. Наступная выбарачная эксгумацыя археалягічным мэтадам толькі пацьвердзіла яго на больш высокім навуковым узроўні. Раскопкі і эксгумацыю неабходна было зрабіць таксама, каб правесьці крыміналістычную экспэртызу, атрымаць безумоўныя юрыдычныя аргумэнты й доказы ў крымінальнай справе, якая павінна прадугледжваць высьвятленьне характару злачынства, асобаў вінаватых, пацярпелых, прад’яўленьне абінавачаньня і перадачы яго ў суд.
Археалягічныя дасьледаваньні праводзіліся шурфамі, раскопамі й траншэямі ў трох канцох тэрыторыі пахаваньняў. Усяго зроблена 7 раскопаў і 1 шурф (нумарацыя агульная). Ва ўсходнім канцы на паўночным схіле ўзгорку (грады), парослага рэдкім яловым лесам, былі распрацаваныя раскопы No.1-3. Раскопы No.5 і 6 раскапаныя на паўднёвым баку Курапатаў (Броду) прыблізна на адлегласьці 200 мэтраў на паўднёвы захад ад раскопаў No.1-3, бліжэй да кальцавой дарогі. Раскоп No.8 закладзены на адлегласьці прыблізна 75 і 160 м на паўночны захад ад раскопаў No.1-3 на паўночным краі ўзвышанага месца.
Раскопкі праведзены рыдлёўкамі па пластох з ручной пераборкай грунту і дасьледаваньнем яго мэталашукальнікам, з фіксаваньнем глыбіняў, характару й колеру запаўненьня магіл, назіраньнем за стратыграфіяй. З гэтай мэтай пахаваньні спачатку дасьледаваліся скрыжаванымі траншэямі. Па лініях траншэяў былі зробленыя чарцяжы падоўжных і папярочных профіляў (разрэзаў) пахаваньняў у маштабе 1:20.
Выбарка і пераборка грунту запаўненьня магіл працягвалася да зьяўленьня пласта пахаваных па ўсёй плошчы раскопаў. Потым адбывалася зачыстка гэтага пласта ад пяску, што рабілася шуфлікамі, нажамі і шчоткамі і давала магчымасьць выявіць сытуацыю верхняга ўзроўню пахаваньня. Пасьля гэтага рабілася фіксацыя глыбіняў, індывідуальных знаходак, чарапоў, касьцей, абутку і адзеньня, здымаўся плян (схема разьмяшчэньня асноўных знаходак і рэштак нябожчыкаў) у маштабе 1:20, раскоп фатаграфаваўся на фотастужку (а крыміналістамі яшчэ і на відэастужку).
Калі была закончана гэтая праца, тады разам з мэдыкамі-экспэртамі пачыналі разборку пласта пахаваных. Пры гэтым фіксаваліся ўсе індывідуальныя знаходкі, чарапы, абутак і рэшткі адзеньня, адзначаліся месцы і глыбіні іх знаходжаньня. Усе знаходкі з пласта і неабходныя рэшткі пахаваных пасьля апісаньня іх і фіксаваньня на пляне археолагамі забралі для экспэртызы мэдыцынскія экспэрты й крыміналісты.
Ва ўсіх раскапаных пахаваньнях выяўлена аднолькавая карціна. Магілы запоўненыя пяском да глыбіні 1,80-2,00 м. З гэтай адзнакі залягае суцэльны пласт касьцей, чарапоў, струхлелай вопраткі, абутку. Таўшчыня гэтага пласта ў цэнтры магіл ад 0,20 да 0,70 м. Адпаведна і глыбіня магільных ямаў ад 2,00 да 2,75 м. Прытым характэрна, што па краёх пахавальных ямаў чарапы й косьці ляжаць ужо на ўзроўні 0,70 м ад цяперашняй дзённай паверхні, а ў цэнтры, як ужо адзначана, - на 1,80-2,00 м. Розьніца ва ўзроўнях пахавальнага пласта паміж краямі й цэнтрам складае ў асобных пахаваньнях больш за 1,00 м, і ўвесь пласт касьцей уяўляе сабой глыбокую лейку. Па краёх гэтай “лейкі” разьмешчаны, як правіла, чарапы. У цэнтры, унізе “лейкі", усё перамяшана: косьці, абутак, сатлелае адзеньне; палажэньні шкілетаў парушаны, тут не хапае, як правіла, чарапоў і асобных касьцей, хрыбетнікі рассыпаны на асобныя пазванкі, да таго ж іх мала, шмаг якія галёшы, чаравікі, боты не зьвязаныя з касьцямі і валяюцца асобна. Некаторыя экзэмпляры абутку знойдзеныя вышэй, у пяшчаным грунце запаўненьня магілы, тут жа выяўлена шмат выстраленых гільзаў ад нагана.
Пра што гэта кажа і чаму ўтварылася такая сытуацыя? Утварылася яна ў выніку даўнейшай эксгумацыі, раскопак магіл і выбаркі касьцей, калі нехта, як мы ўжо пісалі, “замятаў сьляды".
Ранейшая эксгумацыя была праведзена неахайна, абы-як. Косьці не выбраныя да канца, пакінутыя на дне і па бакох. Гэта здарылася таму, што контуры магільнай ямы і ямы раскопкі не супадалі. Раскопвалі прыблізна, пераважна ў цэнтры. Яма раскопкі была, як правіла, меншая за памеры магілы. Акрамя таго, капаючы, зыходзілі “на конус". Таму пакінулі косьці па краёх магіл. Зразумела, што капалі без аніякай разумнай мэтодыкі, без зачысткі пласта пахаваных. У такім выпадку раскопка вядзецца ўсьляпую, пясок пры рабоце пастаянна абсыпаецца і намнажаецца на дне, што перашкаджае знаходзіць і вымаць косьці, стварае ілюзію канца пахаваньня, асабліва на заглыбленьні каля двух мэтраў, калі робіцца цяжка кідаць наверх рыдлёўкай і спрацоўвае стэрэатыпнае ўяўленьне аб стандартнай глыбіні магіл (2 м). А яны, як бачым, былі глыбейшыя.
Аналіз стану рэштак пахавальных пластоў, адкрытых у нашых раскопках, прыводзіць да высновы, што людзі, якія непасрэдна капалі і рабілі раней эксгумацыю магіл у Курапатах, не былі зацікаўленыя ў сваёй працы, рабілі яе абы-як і нават “халтурна", нядобрасумленна. Так працуюць звычайна пад прымусам. Усё гэта вымушае паставіцца з увагай да зьвестак, што ў 40-х гадох пасьля вайны тут “капаліся” салдаты. Можна б было знайсьці і сьведкаў тых раскопак. Тэарэтычна гэта магчыма, вядома, пры ўмове, што сталіністы іх пакінулі жыць.
Адназначна ўстанавіць факт эксгумацыі і ранейшых раскопак пахаваньня можна толькі археалягічным мэтадам, астатнія мэтады (мэдыцынскі аналіз і да т.п.) маюць дапаможнае значэньне. Таму археалягічная праца была праведзеная надзвычай пільна. Прыкметы ранейшай эксгумацыі вельмі наглядна былі відаць пры дасьледаваньні пахаваньня No.5, якое залічана намі ў разрад сярэдніх паводле памеру (4,00x3,10 м). На папярочным разрэзе добра выяўлена стратыграфія пластоў і контуры дзьвюх ямаў. Вонкавы контур адпавядае межам пачатковай магільнай ямы, унутраны - межам ямы даўнейшай эксгумацыі. Яны нібы “ўстаўлены” адна ў адну. Несупадзеньне шырыні складае 0,55 м. Вось у гэтым зазоры ля сьценкі магілы і выяўлены верхні ўзровень пласта пахаваных, пакінуты пры даўнейшай выбарцы. Косьці залягаюць тут на глыбіні 0,70 м ад цяперашняй дзённай паверхні. Аднак дзённая паверхня перадваеннага часу, калі ўзьнікла пахаваньне, была на 0,20 м ніжэйшая, што добра відаць на профілі (сьценцы) раскопу. Падвышэньне на 20 см атрымалася за кошт выкінутага з магілы пяску тады, калі капалі яму. Значыць, скажаце вы, пахаваныя знаходзіліся на глыбіні 0,50 м? Так, у той час, калі рабілася эксгумацыя 40-х гадоў, яны былі на гэтай глыбіні. Але сама магіла была настраляна амаль да верху. Трэба ўлічыць, што пасьля таго як спарахнела адзежа і згнілі целы, пласт пахаваных апусьціўся ніжэй, як мінімум на 20-30 сантымэтраў. Вось тут і ўспомнім паведамленьні людзей, відавочцаў, што магілы з расстралянымі прысыпалі зьверху пластом пяску таўшчынёй ня больш як 20-25 см. Супадзеньне зьвестак з вынікам дасьледаваньня відавочнае.
Усе археалягічна дасьледаваныя намі пахаваньні, у якіх выяўлены сьляды папярэдняй эксгумацыі, мелі западзіны глыбінёй ад 0,18 да 0,65 м ад лініі краёў магілы. Тымчасам усе існуючыя на сёньняшні дзень пахаваньні ў Курапатах характарызуюцца аналягічнымі западзінамі. Адсюль вынікае, што западзіны на магілах утварыліся пасьля папярэдняй эксгумацыі і недастатковай іх засыпкі малой колькасьцю грунту (паколькі зь іх быў выбраны значны аб’ём пахавальнага пласта нябожчыкаў). Такім чынам, можна зрабіць заключэньне, што ўсе выяўленыя на сёньня пахаваньні ў Курапатах паддаваліся раней раскопцы й эксгумацыі.
Амаль ва ўсіх адкапаных чарапох (312 шт.) выяўлены кулявыя прастрэлы, як правіла, на патыліцы, часта па дзьве і нават тры адтуліны. Ёсьць таксама бакавыя прастрэлы і прастрэлы ззаду “пад чэрап". Магчыма, некаторыя ахвяры вырываліся, тады стралялі як прыйдзецца, а мажліва, тут відаць розныя “почыркі” забойцаў.
Знойдзена каля дзьвюх сотняў гільзаў ад рэвальвэра сыстэмы “Наган” і адна ад пісталета “ТТ". Выяўленыя дзясяткі куляў, некаторыя ў чарапох. Дыямэтры наганных гільзаў, куляў, кулявых адтулінаў у чарапох супадаюць.
У большасьці чарапоў у лобнай частцы, збоку ці наверсе відаць вялікія, дыямэтрам да 5-6 см і нават больш, ірваныя адтуліны. Гэта выхады куляў. Сьведчаньне таго, што ствол нагана прыстаўлялі шчыльна да патыліцы. Пры стрэле парахавыя газы пад ціскам ішлі ўсьлед за куляй у чэрап і праз выхадны кулявы пралом распырсквалі вакол кроў і мазгі. Успомнім сьведчаньні Марыі Іванаўны Пацяршук і іншых людзей, якія казалі, што шмат было навокал крыві на лісьці і траве.
У магіле No.2 пры разборцы пахавальнага пласта выяўлены ў ім паміж касьцямі дзьве праслойкі сьветлага пяску, якія чаргаваліся праз 0,30-0,40 м. Гэта паслойная засыпка забітых. І зноў жа ўспомнім сьведчаньні відавочцаў аб тым, што людзей расстрэльвалі партыямі, а потым прысыпалі пяском, пакуль не настраляюць даверху.
Уся вопратка ў магілах ужо сатлела. Захаваліся толькі рэдкія фрагмэнты сынтэтычных тканін і часткова скураное адзеньне. У пахаваньні No.3 знойдзена акуратна складзенае скураное паліто, а ў ім загорнутыя туфлі. Складзенае скураное адзеньне, загорнуты абутак знаходзілі і ў іншых пахаваньнях, у тым ліку жаночыя боцікі і скураныя пальчаткі. Выяўлены нават прадмет, які па форме і кансыстэнцыі нагадвае бутэрброд (экспэрты лічаць, што гэта цалкам верагодна). У магіле No.3 знойдзеныя таксама курыныя косьці (грудзінка). Гэта рэшткі харчовых прыпасаў, якія чалавек узяў з сабой… у дарогу.
Найлепш захаваўся абутак. Выяўлены боты, жаночыя боцікі, чаравікі, туфлі, галёшы, жаночыя гумовікі, тапачкі, бахілы, чуні, пасталы. На савецкіх галёшах, як правіла, пазначана дата выпуску і фабрыка ("Красный богатырь", “Красный треугольник", “Резинтрест” і да т.п.). У пахаваньнях No.1-3 абутак толькі савецкай вытворчасці і саматужнага вырабу; большасьць галёшаў маркіраваная 1937 годам. Сустракаюцца клееныя самаробныя бахілы, у тым ліку зробленыя з аўтамабільных камэраў і пакрышак, - абутак бяднейшых сялян. На большасьці туфляў і ботах абцасы стаптаныя, падэшвы ня раз падбіваныя.
У магілах No.5-6 і 8 галёшы айчыннай вытворчасьці сустракаюцца рэдка. Маркіроўка тут зроблена ў асноўным лацінскімі літарамі з пазначэньнем фірмаў “Gentlman", “Record", “Rygawar” і інш. Тут жа на гэтым абутку клеймы - “Made in Poland". Адначасова знойдзеныя галёшы з маркіроўкай вядомай фабрыкі “Красный треугольник” і датай - 1939, а побач скураныя лапці, так званыя “пасталы", альбо, як іх называлі ў Заходняй Беларусі, - “хадакі". “Хадакі” насілі бяднейшыя сяляне, і да 1939 году яны былі яшчэ ва ўжытку. Абутак, знойдзены ў гэтых пахаваньнях, магло насіць тады насельніцтва з Заходняй Беларусі.
Варта адзначыць таксама, што паміж гэтымі групамі пахаваньняў у красавіку сёлета ў час пракопкі траншэі пад газатрасу выяўленая магіла, у якой знойдзена некалькі дзясяткаў параў абутку пераважна савецкай вытворчасьці; галёшы, датаваныя 1939 годам. А сярод іх знойдзены адзін з надпісам “Riga", “1939″ і адзін туфель з маркіроўкай “Kvadrats", “Riga", “41″.
Сярод рэчаў асабістага карыстаньня найбольш трапляліся мужчынскія і жаночыя грабеньчыкі, кашалькі й партманэты (часам з грашыма й манэтамі), зубныя шчоткі, футаралы ад зубных шчотак, акуляры, футаралы ад акуляраў, мыльніцы, кубачкі эмаляваныя й фарфоравыя, запалкі ў карабку, манэты, датаваныя 30-мі гадамі, муштукі, гузікі, устаўныя сківіцы, каталіцкія нацельныя мэдалікі (мэдальёны), знойдзена місачка, шкляная ампула зь лекам (таблеткі), футарал ад грабеньчыка, плястмасавы слоічак з-пад зубнога парашку, вянчальны пярсьцёнак з выгравіраванай датай “1935″, манокаль, пэнснэ, лязо брытвы ды інш. Большасьць з гэтых прадметаў мае фабрычную маркіроўку. Надпісы на кубках - “Ростов-на-Дону", “Warszawa” ды інш., на грабеньчыках - “Моспластмас ф-ка 4″, “НКЛП - БССР", “KING HALI FAX GARANTIE", “DURABIT-GARANTIE” ды інш., на зубных шчотках - “Арт. “ЩЕТКАГРЕБ", “ВИТЩЕ КОМБИНАТ", “MARQUE PEPOSEE BO-BO", “NON-PLUS-ULTRA” ды інш.
Археалягічны аналіз суадносін і разьмяшчэньня знаходак у пахаваньнях дае істотную інфармацыю аб забітых людзях. Па-першае, удалося прасачыць геаграфію й храналёгію пахаваньняў у Курапатах. Расстрэлы пачаліся ва ўсходняй палове тэрыторыі. Гэтая плошча густа пакрыта пахавальнымі западзінамі. Магілы датуюцца 1937-1938 гадамі. У раскопе 5 траўня 1988 году, а таксама ў раскопах No.1-3, распрацаваных у гэтым месцы, выяўлены рэчы й прадметы выключна савецкай вытворчасьці, у тым ліку БССР, шмат самаробнага і саматужнай вытворчасьці абутку. Мала прадметаў туалету. Усё гаворыць пра тое, што тут пахаваны мясцовыя людзі, якія належалі да працоўнага цывільнага насельніцтва. Сацыяльны ўзровень большасьці пахаваных быў невысокі (рабочыя, сяляне, вясковая інтэлігенцыя, магчыма, некаторыя службоўцы). Магіла No.1 была “настраляная", напэўна, зімой. Тут шмат спарахнелага зімовага скуранога адзеньня (кажухі), рэшткі валёнак, зімовыя бахілы і да т.п.
Далей на захад і паўднёвы захад разьмешчаны пахаваньні 1939 году і пасьля 1939 году. У магіле на газатрасе і ў раскопах No.5-6, распрацаваных тут, выяўлены, побач з савецкімі самаробнымі рэчамі, знаходкі польскай вытворчасьці і, відаць, прадметы замежнага імпарту ў даваенную Польшчу. Не выклікае сумневу, што тут ляжаць расстраляныя пасьля верасьня 1939 году сяляне і інтэлігенты з Заходняй Беларусі, сярод якіх, магчыма, былі і выхадцы з прыбалтыйскіх краін.
Найбольш нізкі сацыяльны ўзровень пахаваных з гэтай групы магіл зафіксаваны ў раскопе No.8. Тут адсутнічаюць прадметы туалету (зубныя шчоткі, мыльніцы і да т.п.) і ўвогуле мала рэчаў індывідуальнага карыстаньня. Абутак даволі звычайны, нізкай якасьці й вырабу, мала скуранога адзеньня, адсутнічаюць акуляры і г.д. Відаць, у гэтай магіле былі пераважна пахаваныя заходнебеларускія сяляне.
У раскопе No.5 выяўлена найбольш рэчаў “інтэлігентнага” карыстаньня (шмат прадметаў туалету, акуляраў, манокаль, пэнснэ, лекі і г.д.). Абутак тут высокай якасьці, фабрычны, стылёвы, пашыты па назе, жаночыя боцікі на высокім абцасе, знойдзены пальчаткі і да т.п. Няцяжка здагадацца, якая сацыяльная група насельніцтва тут ляжыць.
Тацяна Вікенцеўна Матусевіч (1906 году нараджэньня) зь Зялёнага Лугу, хата якой стаяла пры дарозе на Курапаты, успамінае, што перад вайной на расстрэл вазілі цэлымі днямі безь перапынку, машына за машынай. Кацярына Іванаўна Аўдзеенка, жыхарка вёскі Драздова, што побач з Курапатамі, памятае, як у 1939 годзе народ вазілі ў лес за вёскай на “Сяргееву гару” машынамі і расстрэльвалі ў ямах. (Відаць, на Бродзе не спраўляліся - так было завозна).
Па намэнклятуры прадметаў і па тым, што частка рэчаў (адзеньне, абутак) знойдзены ў складзеным выглядзе, па наяўнасьці харчовых прыпасаў, кашалькоў і г.д. можна зрабіць выснову, што людзі былі сабраўшыся ў далёкую дарогу, што родны дом яны пакінулі незадоўга да сьмерці, што не адбывалі турэмнага зьняволеньня. Гэта наводзіць на думку, што яны былі расстраляны без суда, кажучы мовай сталіністаў - “ликвидированы".
Т.В.Матусевіч згадвае такі выпадак, як аднойчы, калі яшчэ не было плоту на Бродзе, а ўжо стралялі, лясьнік Кароль Канановіч выявіў у лесе засыпаныя ямы, утыканыя сасонкамі, а побач у разьвілцы забытую сялянскую торбачку з прыпасамі (кілбаса, хлеб і да т.п.). Нават яшчэ і прагаладацца не пасьпеў чалавек, як трапіў пад расстрэл.
У рэштках пахавальных пластоў, якія засталіся на дне магіл пасьля эксгумацыі 40-х гадоў, выяўлена розная колькасьць пахаваных. Найменш у магіле No.3 (31 нябожчык, калі лічыць па чарапох) і найбольш у пахаваньні No.5 - 87 чарапоў, але 107 нябожчыкаў, падлічаных па парах сьцегнавых касьцей. (Несупадзеньне колькасьці чарапоў і параў сьцегнавых касьцей - вынік даўняй эксгумацыі.) Зрабіўшы абмеры і падсумаваўшы ўсе дадзеныя, можна прыпушчальна вылічыць пачатковую колькасьць пахаваных у дасьледаваных магілах. Яна вагаецца ад 150 у “зімовай” магіле No.1 да 260 у магіле No.5. Калі ўзяць сярэднюю лічбу 200 нябожчыкаў у магіле і зрабіць простае памнажэньне на колькасьць выяўленых сёньня пахаванняў (510), дык атрымаем 102 тысячы чалавек. Аднак сапраўдная лічба пахаваных, відаць, большая, бо існуе шмат магіл, большых памерамі за дасьледаваныя намі, а некаторыя пахаваньні ўяўляюць яміны даўжынёй да 10 м па большым баку. У такіх магілах маглі быць пахаваныя тысячы забітых. Акрамя таго, каля сотні (калі ня больш) магільных западзін было засыпана і потым зьнівэлявана бульдозэрам у час пракладкі газатрасы й высечкі лесу вакол яе ў сакавіку-траўні 1988 году. Мноства магіл зьнікла, калі пракладвалі кальцавую дарогу ў канцы 1950-х - пач. 1960-х і, магчыма, у 1940-х гадох падчас высечак, траляваньня й падсадак лесу на гэтым месцы; ня ўлічаны пахаваньні на поўдзень ад кальцавой дарогі, там, дзе была паўднёвая ўскраіна тэрыторыі расстрэлаў. Рэальная колькасьць пахаваньняў у Курапатах магла сягаць 900, а можа, і больш, прытым аб памерах зьнішчаных і засыпаных пахаваньняў мы можам меркаваць цяпер толькі па велічыні існуючых магіл.
Што мяне больш за ўсё ўразіла не як дасьледніка, а як чалавека ў час раскопак - гэта вялікая колькасьць пахаваных жанчын. Жаночыя чарапы і рэчы знойдзены ва ўсіх пахаваньнях. У рэштках пахавальнага пласта раскопу No.6, напрыклад, засталося ўсяго 15 чарапоў; 10 з іх, найбольш ацалелых, адабраныя для экспэртызы. З гэтых 10 - 8 жаночыя. Адкрыцьцё яшчэ раз сьведчыць аб тым, што тады, у 30-я гады, адбываўся масавы тэрор супраць народу.
Другое - суб’ектыўныя адчуваньні. Карціны дзяцінства, 40-50-я гады, яркія вобразы й прадметы, што адклаліся ў памяці колерна і выразна і ўспамінаюцца потым, як ружовыя сны. Рэзка, як цяпер, памятаю дэталі быту роднага дому - лыжачку, якой еў, белы фарфоравы сэрвіз з “залатымі карункамі” па краёх, кубачак з надпісам “Warszawa", ярка-сінюю эмаляваную місачку зь белым малюнкам чайніка на донцы і літарамі “20 см". Я нават “гісторыю” яе памятаю. “А дзе гэта сіняя місачка?” - чую голас бабулі…
Раскоп No.8. Асьцярожна выбіраю пясок вакол эмаляванай місачкі, што ляжыць на тазавых касьцях шкілета. Зараз перавярну, зірну, якая маркіроўка, і пастаўлю назад… Яркая, сіняя эмаль і белы чайнік на донцы… і літары - “20 см"… І тут я пачуў, як ціха навокал стала, як сосны шумяць над магілай…
Аналізуючы вынікі раскопак у Курапатах, я зьвярнуў увагу на дакладнае супадзеньне шмат якіх зьвестак з апавяданьняў людзей, сьведкаў расстрэлаў, і фактаў, выяўленых у час эксгумацыі. Такое супадзеньне якраз і характэрнае для непасрэднага прамога сьведчаньня, дзе яшчэ няма фальклярызацыі падзеяў у народнай сьвядомасьці. Раскопкі пацьвердзілі такім чынам ня толькі праўдзівасьць саміх сьведчаньняў, але і правільнасьць мэтодыкі нашага, зробленага зь Я.Шмыгалёвым, апытаньня відавочцаў. З амаль 170 вядомых цяпер сьведак (сьледзтва выявіла больш за 220 сьведак. - З.П.) мы апыталі некалькі дзясяткаў. Клясыфікацыя адказаў і падсумаваньне высноваў прыводзяць у такім выпадку да таго ж вываду, што і пры апытаньні сотняў сьведак (паколькі ў аснове іх назіраньняў адназначная, храналягічна расьцягнутая і шматпаўтаральная зьява). Аднак крымінальнае сьледзтва ставіць больш канкрэтныя задачы. Таму будуць апытаныя ўсе сьведкі й відавочцы.
Аналіз зьвестак прыводзіць яшчэ і да думкі, што ў Курапатах забівалі спэцыяльныя каманды, сфармаваныя загадам, але былі, магчыма, і добраахвотнікі, што імкнуліся зарабіць ці проста “разьвеяцца” ў прыемным для іх занятку. Карціну забойства можна часткова ўявіць ужо на падставе раскопак. Але дамо слова відавочцу.
Вольга Цімафееўна Бароўская з Цны (1927 году нараджэньня) расказвае, што калі ёй было 11 гадоў, суседзкі старэйшы за яе хлопчык узяўся завесьці меншых дзяцей у “вялікія ягады". Сабралася іх шмат - 10-11 дзяўчатак - і пайшлі на Брод. Пералезьлі ў нару пад плотам і давай зьбіраць. Праўда, ягад там было шмат. Дзеці цьмяна ўяўлялі, куды іх завёў старэйшы хлопчык. Было каля 4 гадзін дня, як загулі машыны. “Атас! Ратуйся! Дзеўкі, ходу!” - закрычаў дзявочы камандзір, і ўсе сыпанулі як гарох да нары пад плотам. Пакуль тоўпіліся і пералазілі, расчынілася брама і ўехала ў яе легкавая “эмка", а за ёю цугам тры “чорныя вораны” і з тарахценьнем і выцьцём пруць проста на дзяўчынку, якая засталася ля нары апошняй. Вось ужо побач. І такі страх апанаваў яе, што кінулася на зямлю і схавалася пад густую елачку. І тады ўбачыла, што тут нейкі пясок і яна блізка гэтага пяску. “Эмка” пад’ехала сюды і выйшлі зь яе чатырох мужчын.
Пытаньне: “Як былі адзеты?” - “У ваеннае. Гімнасьцёркі і боты, галіфэ". - “Якога колеру галіфэ?” - “Добра ня памятаю. Гімнасцёрка зашчытная, здаецца, і галіфэ такія. І ўсе ў рамянёх, накрыж апяразаныя, як гэта называецца… партупея, ці што?” - “А пляншэткі, такія палявыя сумкі, на іх былі?” - “Былі на ўсіх. І пісталеты на поясе. На галаве круглыя фуражкі, падобныя, як цяпер". “Ваенныя з “эмкі” падышлі да ямы, - расказвае далей Вольга Цімафееўна, - (вось ад чаго пясок, думаю, тут жа яма выкапаная) і паглядзелі ў яе. У гэты час “вораны” разьвярнуліся і сталі ў рад. Адзін падышоў, адшчапіў будку і давай выводзіць адтуль людзей са зьвязанымі рукамі. Я думаю, што гэта яны тут будуць рабіць? Аднаго як разьвязалі, дык ён адразу на калені ўпаў, рукі склаў і як залямантуе: “А людцы мае, а Божа ж мой, а за што ж мяне, скажэце!? А ў чым жа я вінаваты?!”
Пытаньне: “На якой мове крычаў, на беларускай ці на расейскай?” - “Гаварыў так, як мы ў Цне, па-беларуску. Гляджу, аж яны іх да ямы падвялі і з наганаў у патыліцу “шпок-шпок-шпок"… І людзі ў яму падаюць, падаюць. Я ажно вочы заплюшчыла. Такі жах мяне апанаваў. Я ж ніколі ня думала, што людзей могуць забіваць. Так было страшна, што я проста губляла прытомнасьць, млела, мяне трэсла. А яны ўсё страляюць, выводзяць і страляюць. Засталіся два чалавекі. Вымаляюцца. Яны ім рыдлёўкі ў рукі - засыпайце. Пазасыпалі. А тады яны і гэтых… застрэлілі. Потым ужо самі ўзялі ў рукі рыдлёўкі і іх прысыпалі трохі".
Пытаньне: “Ці былі між людзей жанчыны?” - “Былі, бачыла, былі. І бацька мой казаў, а ён часта сюды зазіраў, што ў пяску на ямах жаночыя грабушкі валяліся". - “Як былі адзетыя гэтыя людзі, па-гарадзкому ці па-вясковаму?” - “Цяжка сказаць, неяк і не памятаю; проста адзетыя". - “Па колькі выводзілі чалавек з машыны?” - “Выводзілі партыямі па 6-8 чалавек. Рукі зьвязаныя назад. А перад ямай, перш чым забіць, - разьвязвалі". - “А колькі партыяў выводзілі з адной машыны?” - “Добра не памятаю: можа, па дзьве". - “Што яны адказвалі на лямант людзей, на іх пытаньні?” - “А нічога не адказвалі. Ніякіх размоў. Людзі крычалі, прасіліся, а яны сваю справу рабілі. Толькі: “Становись! Становись! Становись! Становись! - і ўсё". - “І ніхто не спрабаваў вырвацца, супраціўляцца, уцячы?” - “Не, ніхто. А куды ты ўцячэш? Наперадзе яма, а ззаду яны са зброяй. Куды ўцячэш? У яму? Яны і жывога цябе засыплюць. Так і было. Як вечарам настраляюць, то на раніцы зямля дыхае. Бацька ня раз бачыў, як зямля варушылася, настаяшча дыхала. Ён надта гэта ўсё браў да сэрца і перажываў. Казаў: “Божа, што творыцца - зямля дыша.” Бывала, прыйдзе вечарам і кажа маме: маці, устань. Ты ж выйдзі, паслухай, як людзі плачуць. Паслухай, як крычаць. Мама выйдзе - і мы, дзеці, бяжым за ёй, і мы чуем тыя крыкі. Просяцца людзі: спасіце, за што, я не павінна - калі жанчына; мужчына - за што мяне, я ні ў чым не вінаваты, за што мяне, скажэце, хоць бы я ведаў віну, за што мяне? Дык, ведаеце, і мы наплачамся разам. Мы думалі, што там мучылі іх". (Дарэчы, тое, што людзі дапытваліся сваёй віны, сьведчыць, што іх забівалі без суда. - З.П.)
Пытаньне: “Расстрэльвалі ўсе ўчатырох ці як?” - “Не, удвух. Двое з наганамі стаялі па бакох ямы “на чаку", а двое падводзілі і стралялі". - “Скончылі страляць - што потым? Пра што яны гаварылі?” - “Нічога не гаварылі. Пазачынялі гэтыя “крумкачы", адправілі, селі ў “эмку” і сьледам паехалі. Выскачыла я адтуль, паляцела ў жыта, заблудзілася, наплакалася, дахаты не магла трапіць, нешта са мной сталася. Потым па начах усхоплівалася, крычала. Колькі мяне мама пацягала па тых бабках, знахарках. Я і цяпер, як успомню тое, мяне агортвае жах, дзікі жах…”
Зазваніў тэлефон. Жаночы голас прасіў аб спатканьні і душыўся ад плачу. Забілі бацькоў… тату і маму… у тым лесе…
Успамінае мянчанка Галіна Сьцяпанаўна Жукоўская (па мужу Сідзякіна, 1924 году нараджэньня). Бацька яе, Сьцяпан Іванавіч, нарадзіўся і жыў да 1932 году ў Цне. Потым пабудаваў хату на вуліцы Цнянскай у Менску і пераехаў зь сям’ёй у горад. Меў эканамічную адукацыю, працаваў плянавіком па сацыяльным забесьпячэньні ў Доме ўраду. Маці - Соф’я Адамаўна Саковіч - хатняя гаспадыня, абсалютна непісьменная, не магла расьпісацца. 31 кастрычніка 1937 году ў тры гадзіны ночы загула машына, спынілася, і ў дом уваліліся энкавэдзісты. “Тады людзей забіралі па начах, - кажа Галіна Сьцяпанаўна, - і ўсе слухалі, ці не гудзе машына, былі нагатове". І вось загула… Перапаролі хату, без панятых, без прад’яўленьня абвінавачаньняў ці якіх-небудзь дакумантаў, нічога не тлумачачы. Забралі пашпарты, усе фатаграфіі і сказалі зьбірацца. “Мама пайшла ў тапачках, хоць была ўжо халодная восень", - успамінае Галіна Сьцяпанаўна. Ёй было тады 13 гадоў. У тую ноч яна асірацела. Прыйшлі, забралі і павялі навек. Ніякіх тлумачэньняў і ніякіх зьвестак, толькі пракляцьце члена сям’і ворага народу ўпала на галаву.
Назаўтра кінулася ў НКУС. Масы людзей. Доўгія чэргі да сьледчых стаяць па некалькі сутак. Начавала ў калідорах у чарзе, каб потым пачуць дзяжурны адказ: высланы на 10 гадоў бяз права перапіскі. Хадзіла і выстойвала тройчы. Апаратчык нават у сьпіскі не глядзеў, адказваў як заведзены ўсім адно і тое ж. Яны спадзяваліся, ня ведаючы, што іхных блізкіх і родных ужо расстралялі.
Па зьвестках, атрыманых мною ад сьведкаў, расстрэльвалі ў Курапатах спэцыяльныя каманды. У іх складзе былі, па словах Галіны Сьцяпанаўны, і свае, мясцовыя. Адзін зь іх нарадзіўся і жыў у Цне. (Паколькі вядзецца сьледзтва, прозьвішча не называю. Пазначым яго крыптанімам “Н".) Працаваў ахоўнікам у НКУС у Менску. Заўсёды хадзіў на працу па Цнянскай, паскрыпваючы партупеяй. Спатыкаючы маленькую Галю, глядзеў на яе зь лютай злосьцю. Сваіх, цнянскіх, ён ведаў. У вёсцы ня раз выхваляўся, што Жукоўскіх ён “сам стрелял” на Бродзе. Пахваляцца забойствамі “ворагаў народа” (хоць гэта было і забойства ў патыліцу) лічылася за гонар. Некаторыя дзяўчаты імкнуліся выйсьці замуж за энкавэдзістаў… “Рожа, грубая рожа, - успамінае пра “героя” Галіна Сьцяпанаўна, - ня твар, а нейкая доўгая, нялюдзкая фізіяномія. У 1960-х гадох я яго хацела знайсьці, думала, што ён жыве яшчэ. Здаецца, я яго б разарвала за маіх бацькоў".
Пытаньне: “Ён жыве ці памёр?” - “Памёр у 1954 годзе… А колькі нацярпелася прыніжэньняў, голаду. На працу нідзе не магла ўладкавацца. У 1947 годзе прынялі машыністкай у ваенную часьць. Напісала, што бацькі памерлі. Выклікаюць у контрразьведку. Сядзіць такі рыжы хам, фізіяномія чырвоная: Где твои родители, ё. т. м.? - і пісталет на стол. - Гэта вы мне скажыце, дзе мае бацькі, - адказваю. - Што вы мяне пытаеце? Дзе вы іх падзелі? - Иди! Тут жа мяне выгналі з работы".
Пытаньне: “Ці быў яшчэ хто-небудзь у НКУС зь мясцовых, акрамя “Н"?” - “Называюць яшчэ нейкага зь Зеляноўкі (вёска ўжо не існуе - З.П.) Казалі, што той нават адзежу з забітых здымаў і прадаваў за гарэлку".
Вядомыя прозьвішчы яшчэ двух забойцаў. Абодва ўжо памерлі. Адзін у Расеі, другі быў жанаты з тутэйшай і пахаваны ў нас. Думаю, пайду хоць на жонку яго пагляджу. Мяккая мэбля, дываны і да т.п. мяшчанскія радасьці. На фатаграфіі клясычная фізіяномія забойцы-сталініста. Што чакаў, тое і ўбачыў. Аж ня верыцца. “Муж работал в НКВД", - паведамлена было мне. З размовы адчуў, што ўсё яна ведала, чым ён займаўся, а вось жа выйшла замуж. Што ж, на тых матрацах з чалавечых валасоў, што гітлераўцы рабілі, павінен быў таксама нехта спаць.
Ва ўсе часы не абыходзіцца бяз вырадкаў. Што ўжо казаць пра грамадзтва 30-х? Дзеля справядлівасьці трэба адзначыць, што сярод цнянцаў было шмат добрых, прыстойных людзей. Пра аднаго зь іх - старшыню сельсавета, а потым калгаса Цімоха Васілевіча Бацяна - ужо ўспаміналася. Ён ня выдаў, не прадаў ніводнага земляка. Хоць ад яго патрабавалі. Цімох Васілевіч быў чалавек мужны і нетыповы для таго подлага часу. Былая цнянская настаўніца Надзея Апанасаўна Мікуліч (1926 году нараджэньня) расказвае, што калі забралі настаўніка Арсеня Паўлавіча Грушу, перад яго жонкай Вольгай Іванаўнай некаторыя напалоханыя цнянцы зачынялі дзьверы, каб не ўгнявіць сталіністаў. Толькі Цімох Бацян не зачыняў дзьвярэй і дапамог няшчаснай, забітай кабеце ў яе жыцьцёвых патрэбах і бядзе. Тады энкавэдзісты схапілі ноччу Цімоха Васілевіча і тут жа павезьлі за плот. Паставілі на край ямы, наган у горла - “будешь давать врагов народа, али нет?” “У мяне няма ворагаў", - адказвае Бацян. “Давай врагов или убьем!” “У мяне няма ворагаў! - закрычаў на іх Цімох Васілевіч. І… дзіва - яны не застрэлілі яго. Пэўна, не хапіла фармальнасьцяў.
Затое хапала фармальнасьцяў, каб забіваць сотні тысяч бяспраўных. Сталіністы адправілі на той сьвет бацькоў Надзеі Апанасаўны. Яна ўспамінае, як у яе роднай вёсцы Малышэвічах пад Слуцкам забіралі сялян. Сярод іншых схапілі шасьцідзесяцігадовую адзінокую жанчыну Марылю Шмак. Яна была зусім глухая й непісьменная, жыла ў пограбе ў страшэннай беднасьці (нават хаты сваёй ня мела). Яе катавалі “з выдумкай", сыпалі ў горла пясок, дабіваліся нейкіх прызнаньняў. Потым, назьдзекаваўшыся, стукнулі па галаве - яна тут жа і сканала…
У 1986 годзе мне давялося рабіць самыя цяжкія археалягічныя дасьледаваньні ў маім жыцьці - раскопкі падмуркаў касьцёла й кляштара Дамініканцаў у Менску. Цяжкія ня ў тым сэнсе, што было ўскрыта 1000 кв.м плошчы за сэзон і прыйшлося працаваць часам па 18 гадзін у суткі, цяжкія тым, што помнік быў нібы “ўтоплены” ў чалавечых касьцях, пахаваньнях і брацкіх магілах сярэдзіны ХVІІ стагодзьдзя. Вось велізарная магіла, 11 мэтраў удаўжыню. Завал касьцей. Шкілеты ў тры штабелі. Мушкетныя прастрэлы ў чарапох, праломы. Гэта быў час страшнай вайны, час жахлівага вынішчэньня, калі было забіта, загінула, вымерла ад эпідэміяў больш за палову (51 адсотак) насельніцтва Беларусі. Тады наш народ перамог, адстаяў сваю незалежнасьць, але сілы яго ўжо былі падарваныя. Больш жахлівай пары ня ведала наша гісторыя аж да першай паловы XX ст., да часоў сталіншчыны, і, о няшчасьце, яно прыйшло якраз тады, калі мы толькі-толькі пачалі станавіцца на ногі, калі перад нашай нацыянальнай будучыняй яшчэ толькі трымцела сьвітаньне…
Вось яно, наша сьвітаньне, у раскапаных магілах у Курапатах глядзіць на мяне пустымі вачніцамі, зь якіх, нібы сьлёзы, высыпаецца, сыплецца жоўты пясок. Выбіраем рэшткі… Доўгія валасы жанчыны, сьветлыя, нібы лён, выцягваем з-пад прастрэленых чарапоў, асьцярожна, каб не парваць. Адна пасма, другая, трэцяя… гузікі з-пад бялізны… Мінае працоўны дзень, і ноччу прадаўжаецца ўсё ў сьвядомасьці - цягну, бясконца выцягваю з-пад касьцей кужэльныя валасы, сьветлыя, нібы лён, і няма ім канца…
Калісьці, расчышчаючы косьці забітых продкаў у брацкай магіле ля Дамініканца, я думаў: “Госпадзе, хоць бы апошні раз мне такія раскопкі, хоць бы гэтая чаша мінула мяне!” Не мінула. Мы нікуды ня дзенемся ад нашай гісторыі. І жывыя і мёртвыя - мы адно. Мы - народ. І калі мы ўжо мёртвых нічым не ўспаможам, то мёртвыя нас успамогуць. Яны могуць асьвяціць нам шлях, асьвяціць нашы душы сваімі пакутамі, ускалыхнуць нашы розумы, сэрцы і дух, калі толькі таго мы захочам… Чуеце, як шалеюць цемрашалы, як яны імкнуцца “забіць” нашых мёртвых, схаваць, абылгаць, апляваць, затаптаць. Гэй, хто там? Гэта вы, ледзі Макбэт? - Не змываецца ж кроў! О, гэтая глыбокая таемнасьць сьмерці! О, сіла продкаў, калі ў Дзень Задушны адбываецца яднаньне! І калі мы згубім, страцім гэтую сілу, нас - няма.
Кожны чалавек, братове, кожны сумленны чалавек павінен змагацца з сталінізмам - гэтай самай подлай, самай ілжывай, самай антыгуманнай зьявай, якая існавала калі-небудзь на сьвеце.
Упершыню надрукавана ў газэце “Літаратура і мастацтва", 16 верасьня 1988 г.