Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня


Топас - Партызан і антыпартызан

САВЕЦКАЯ ЎЛАДА Й АВАНГАРД

Чаму таталітарныя рэжымы ня любяць сучаснага мастацтва? Ці тлумачыцца гэта выключна недаразьвітасьцю эстэтычных установак дыктатараў і былых партыйных уладцаў, ці супярэчнасьць мае больш глыбокія карані й паўстае з самое сутнасьці супрацьпастаўленых стыхіяў — таталітарнага дыскурсу й авангарду? Са здагадкі, што бліжэй да ісьціны апошняе выказваньне, зусім не вынікае сьцьверджаньне наконт a priori ўласьцівай авангарду дэмакратычнай арыентацыі. Насамрэч авангард зусім ня менш, а ў пэўных аспэктах (калі, прыкладам, весьці размову пра ягонае сэмантычнае напаўненьне) — дык і ў большай ступені таталітарны за, скажам, мэтад сацыялістычнага рэалізму. У кантэксьце антыноміі дэмакратычны~таталітарны было б больш слушна казаць пра неартыкуляванасьць ідэалягічных канцэпцыяў авангарду, бо тэхналёгіі — нарожны камень авангардысцкіх мэтодык — ня маюць ідэалягічнага імунітэту, а таму ў аднолькавай ступені могуць станавіцца складнікам як дэмакратычных, гэтак і таталітарных сацыяльных практык.

Дэмакратычны арэол, які замацаваўся за авангардовым мастацтвам у краінах былога савецкага блёку, у сапраўднасьці — вынік недапушчэньня авангарду да рэалізацыі ідэалягічнага заказу ўлады. Гэтак і сфармаваўся імідж апазыцыйнае (у дачыненьні Сыстэмы) культуры, якая прыцягвала да сябе аўтараў — апанэнтаў рэжыму. Аднак шмат для каго зь іх авангардысцкія практыкі былі ня столькі сфэраю эстэтычных катэгорыяў, колькі перадусім тэхналёгіяй сацыяльнага супраціву.

Парадокс у тым, што маргіналізацыя авангарду выглядае як лягічная памылка савецкае ўлады. Рэвалюцыйная рыторыка будаўнікоў новага, “справядлівага” грамадзтва й заснавальнікаў новага мастацтва шмат у чым супадала; прынамсі, дакладна можна казаць пра роднаснасьць нэгатыўных дактрынаў: “руйнаваньне” старога грамадзкага ладу ў камуністаў і “выкіданьне” з “карабля гісторыі” старога мастацтва ў авангардыстаў. Вынікам гэтага было супрацоўніцтва апошняга з савецкай уладаю на этапе яе ўсталяваньня, калі яна займалася больш руйнаваньнем, чымся стварэньнем. Аднак з пачаткам рэальнага мадэляваньня ўласнай сыстэмы саветы адмовіліся ад паслуг авангарду на карысьць вонкава зусім не рэвалюцыйнага мэтаду сацыялістычнага рэалізму.

Праўда, яшчэ адзін выпадак звароту ўлады да авангардовага мастацтва здарыўся пазьней — у часе “адлігі”. Наступствы гэтага звароту мы можам пабачыць у архітэктуры савецкіх гарадоў, забудаваных у стылістыцы a la Райт—Карбюзье. Аднак — што ў першым, што ў другім разе — збліжэньне авангарду й улады адбываецца толькі ў моманты адноснае слабасьці рэжыму — такімі момантамі можна лічыць фазу ўсталяваньня й пэрыяд так званай ідэалягічнай “разгубленасьці” саветаў. Але кожны раз, калі Сыстэма перажывала свой росквіт, яна адсоўвала авангард на памежжа сацыяльных працэсаў і аддавала перавагу мэтаду сацыялістычнага рэалізму.

САВЕЦКАЯ ЎЛАДА Й ДЭКАДАНС

Па сутнасьці, мэтад сацыялістычнага рэалізму быў пераемнікам дэкадансу й улучыў у сябе шэраг падставовых прыкмет апошняга. Гэта адбілася й на спробе выяўленьня нейкага выдуманага, ненатуральнага сьвету, і ў фрагмэнтарным уваскрашэньні эстэтычных кодаў “мёртвых культур”, і ў агульнай нэкрафілійнай скіраванасьці сацыялістычнага рэалізму, якая аніякім чынам не дэкляравалася, аднак добра праглядалася ў ілюзорнасьці выяўленага ім сьвету, што падмацоўвалася, у дадатак, эстэтыкаю “канальнага Рыму”.

Адрозьненьне сацыялістычнага рэалізму ад клясычнага дэкадансу выяўляецца ў замене міталягічнага пантэону. Замест рафінаванага, вытанчанага героя, што існуе ў памежных станах, замест спакутаванага “дэмана” дзейнікам робіцца нейкі міталягічны стваральнік новага сьвету, будаўнік дасканалага, ідэальнага грамадзтва. Сацыялістычны рэалізм стварае свой алімп, дзе месца зэўсаў і апалёнаў заступаюць новыя багі: Вялікі Камуніст, Вялікі Трактарыст, Вялікі Шахтар, Вялікі Рабочы, Вялікі Сталявар і г.д.

Вядома, савецкія дэміюргі, “трактарысты, якія натаўклі Зэўса”, былі гэтаксама далёкія ад рэальнасьці, як і самáя камуністычная ўтопія была далёкай ад магчымасьці ейнай зямной актуалізацыі. Незьдзяйсьняльнасьць вялікага ўтапічнага праекту штурхала саветы да яго сымуляцыі, стварэньня сымулякру “дасканалага грамадзтва”, дзе прастора рэчаіснасьці падзялялася на дзьве няроўныя часткі. У першай — збудоўвалася цудоўная дэкарацыя, у якой Вялікія Рабочие зь Вялікімі Колхозницам’і гралі спэктакаль пад назваю “Построение светлого будущего”. У другой —публіка, удзельніца рэальнае драмы, атрымлівала сымуляцыю шчасьця, назіраючы за кіна-пастаральлю “Весёлые ребята” ў залі лягернага клюбу.

Відавочна, што, здавалася б, нелягічны выбар саветаў — паміж вонкава блізкім да іх авангардам і дэкадансам — на карысьць дэкадансу быў натуральны з гледзішча эзатэрычнай лёгікі. Сапраўды, што мог даць авангард, які a priori знаходзіўся ў сфэры рэальных і халодных, як праўда, тэхналёгіяў, будаўніком вялікай утопіі — акрамя пэрманэнтнага дакараньня за ідыятыю. Дэкаданс жа, пад выглядам сацыялістычнага рэалізму, стаў ня толькі мэтадам, адным са сродкаў пабудовы новага сьвету, але й самы’м сьветам, г. зн. адзінамагчымаю формаю яго быцьця, канчатковым прадуктам, фактычным вынікам намаганьняў некалькіх пакаленьняў людзей. Дзіўнае фантасмагарычнае палатно, якое ў нейкім неверагодным спалучэньні ўвабрала ў сябе і “Жалобныя стужкі маладых удавіц — праўдзівае сьвята сонца!!!” (Както), і сьлёзы захапленьня Заратустры, і трактарыстаў, і анёлаў-балерын, якія танчаць маленькіх лебядзяў на іклах крамлёўскіх зор, побач зь целам новага бога, які ляжыць у шкляной капсуле, вечна жывы й малады ў чорным зыкураце, на які падчас вялікіх карнавалаў узыходзяць іншыя багі, каб асьвяціць сваёй цялеснаю прысутнасьцю гэта жалобнае вясельле , гэтае сьвята сонца, сярпа й молата. Сотні мільёнаў людзей, якія ствараюць адзін грандыёзны віртуальны твор,— вось што значыць сапраўдны, неспасьцігальны для эўрапейскага рацыянальнага мысьленьня, эўразійскі размах. Ці мог авангард — прадукт заходняе цывілізацыі, які рэалізуе сябе толькі ў катэгорыях актуальнага,— зрабіцца архітэктарам гэткай грандыёзнае калектыўнае містыфікацыі?

ВЯЛІКІ ПАРТЫЗАН

У адрозьненьне ад астатніх герояў сацыялістычнага рэалізму, Вялікі Партызан — не дэміюрг, не стваральнік “дасканалага” сацыяльнага ладу. У шэрагу Вялікіх Будаўнікоў камунізму ён быў партызанам у онталягічным сэнсе, г. зн. пазасыстэмным героем, а таму й не трапляў у герархію найбольш шанаваных вобразаў новых багоў.

Сваім нараджэньнем Вялікі Партызан абавязаны бітве з гігантамі Трэцяга Райху, якая дала Сыстэме яшчэ адзін, больш важны з гледзішча прэтэнзіяў на ўсясьветнае панаваньне, вобраз Вялікага Жаўнера — вызвольніка заярэмленых народаў. Беларусь як тэрыторыя, што найбольш поўна карэлюе шэраг дзеяньняў гістарычнага партызана ІІ усясьветнае вайны, атаесамлялася з дамэнам Вялікага Партызана; на практыцы гэта азначала атрыманьне ідэалягічнага заказу на мадэляваньне й рэпрадукаваньне вобразу Героя.

Некалькі пасьляваенных дзесяцігодзьдзяў стварэньне сымулякру народнага барацьбіта з нацысцкімі тытанамі ператварылася ў асноўную задачу афіцыйнага культурпрацэсу ў беларускім краі.

Вядома, дамінаваньне Партызана ў афіцыйным культурпрацэсе не было манапольным. Паралельна зь ім адбывалася сымуляцыя іншых пэрсанажаў савецкай сцэнаграфіі шчасьця. Аднак, мяркуючы па тона-кілямэтражы выкінутага на-горб партызанскага матэрыялу можна цьвердзіць, што менавіта распрацоўка міталягемы Вялікага Партызана зьявілася ўнікальным беларускім культурпрадуктам савецкай эпохі.

На жаль, Вялікі Партызан быў адным з найменш цікавых бога-герояў савецкай эпохі. З прычыны сваёй тыпалягічнай маргінальнасьці шматлікія прынцыпова важныя й найбольш цікавыя для нас аспэкты слаба прачытваюцца ў вобразе Вялікага Партызана. Прыкладам, не зьяўляецца такім ужо відавочным дэкадэнцкі дыскурс Вялікага Партызана; невыразна акрэсьліваецца й кадаваньне нэкрафілійнай інтэнцыяльнасьці. Эманацыя Вялікага Партызана ў пэрсаніфікаваных рэальных удзельніках вайны з прычыны амбівалентнасьці этычных ацэнак звужае дыяпазон інтэрпрэтацыі. Значна большую цікавасьць выклікаюць вобразы “клясычных” савецкіх дэміюргаў — Вялікага Сталявара, Вялікага Шахтара, Вялікага Камсамольца, Вялікага Аленявода, Бавоўнавода, Ткачыхі, Даяркі, Хлебароба, Навукоўца й г.д. Пагатоў вобраз галоўнага стваральніка, Вялікага Камуніста, заслугоўвае адмысловага разгляду.

Аднак Вялікі Партызан цікавы нам у зьвязку зь іншымі абставінамі. Зьяўленьне міталягемы Вялікага Партызана менавіта на тэрыторыі Беларусі вянчае адну вельмі дзіўную міталягічную канструкцыю. Рэч у тым, што фэномэн Партызана, пазасыстэмнага героя,— для беларусаў ледзь не татэмны, родавы код, як і сама пазасыстэмнасьць, якую a posteriori можна вызначыць за адзін з атрыбутаў беларускасьці. З канца XVIII ст., г. зн. з моманту поўнай калянізацыі Вялікага Княства Літоўскага (якое цяпер завецца Беларусьсю), постаць партызана становіцца адзінамагчымаю формаю de la résistans nationale (нацыянальнага супраціву), дзе партызанам зьяўляецца рэальны беларускі культурны герой, які адстойвае сваё права на захаваньне ўласнае культурнае ідэнтычнасьці. Зьяўленьне ў беларускай культуры савецкага бога-героя — Вялікага Партызана — стварае сюррэалістычную карціну паралельнага існаваньня двух партызанаў; пры гэтым рэфэрэнтны, партызан становіцца Антыпартызанам — дэманам сярод сымулякраў савецкіх багоў.

АНТЫПАРТЫЗАН

Дэманізм антыпартызана — хутчэй, мэтафара ягонага хтанічнага паходжаньня й яго прыналежнасьці да жыхароў беларускага Тартару, андэрграўнду, падпольля. Антыпартызан, несумненна,— супернік сымулякраў савецкіх дэміюргаў, для іх ён сапраўды дэман, што стварае культурныя аўтаноміі, недасяжныя для юрысдыкцыі савецкіх бога-герояў. Але суперніцтва мадэлюецца не па лініі высокае~нізкае, неба~апраметная. Антыпартызан — гэта аўтахтон, народжаны гэтай зямлёю, дэміюргі — прыхадні, багі — калянізатары. Антыпартызан — аўтар, рэальны культурны герой. Вялікія стваральнікі — толькі сымуляцыя культурных герояў. Антыпартызан — эўрапеец, мадэрніст, хутчэй, хрысьціянін альбо сьведамы агностык. Дэміюргі — эўразійцы, дэкадэнты, хутчэй, паганцы, што часам выдаюць сябе за праваслаўных.

Калізія двух партызан вымалёўвае дастаткова прыгожую, хаця рызыкоўную, вобразную канструкцыю Хрыста й Антыхрыста, бога й дэмана, дзе богам выступае фактычны дэман — савецкі бога-герой партызан, а дэман — антыпартызан — насамрэч той рэальны калі ня бог, то набліжаны да яго, паводле лёгікі міту, герой.

Можна было б адмовіцца ад нэгатыўнай сымэтрыі ды пагадзіцца на абсурднае суіснаваньне двух бога-герояў, што стварала б ня менш прыгожую карціну сымэтрычнага партызана, дзе вось праходзіла б не па гарызанталі, але вэртыкальна. Аднак ня будзем спакушацца на пабудову гэткіх экстравагантных, сюррэалістычных канструкцыяў (хаця крыху сюррэалізму — рэч неабходная для адэкватнага разуменьня фэномэну беларускае культуры), тым больш што процілеглыя атрыбуты Партызана й Антыпартызана не дазваляюць нам зрабіць гэта. Таму папросту перавернем канструкцыю на 180° і будзем далей называць Антыпартызана, рэфэрэнтнага культурнага героя,— Партызанам, а Партызан савецкай міталёгіі адпаведна робіцца для нас Антыпартызанам адносна рэальнага партызана.

ГЕНЭАЛЁГІЯ ПАРТЫЗАНА

Падставай зьяўленьня фэномэну партызана ў Беларусі трэба лічыць тое, што можна акрэсьліць тэрмінам генацыд народаў на землях Вялікага Княства Літоўскага. Ужываньне гэткага гучнага тэрміну не ўяўляецца нацяжкаю. Сёньня беларусы (за нас гэтага ніхто іншы ня зробіць) мусяць паставіць пытаньне наконт сваёй прыналежнасьці да кола рэпрэсаваных народаў Эўропы.

Зянон Пазьняк у адным са сваіх апошніх артыкулаў сьцьвярджае, што, з падлікаў навукоўцаў, калі б ВКЛ (Беларусь) на працягу апошніх 500 гадоў разьвівалася ў парамэтрах сярэднестатыстычнай эўрапейскай краіны, зь сярэднестатыстычнай колькасьцю войнаў ды іхных ахвяраў, то колькасьць насельніцтва ў ёй сёньня вагалася б паміж 30 і 40 мільёнамі жыхароў.

Знаходзячыся на водападзеле дзьвюх цывілізацыяў, эўрапейскай і эўразійскай, Вялікае Княства Літоўскае, пачынаючы з XVI ст. (менавіта ў гэты час эўразійская мэтраполія, Маскоўшчына, набірае дастаткова сіл для вонкавай экспансіі), становіцца зонаю магутных разбуральных тэктанічных зрухаў. Дзьве цывілізацыйныя парадыгмы, што спаборнічаюць міжсобку, сутыкаюцца й літаральна ўтоптваюць у зямлю культурныя пласты мінулых эпох ды ствараюць дзіўны прэцэдэнт пэрманэнтна ператваральнай у пыл хтанічнае культуры.

Вялікае Княства Літоўскае з суб’екту, пачаткова паўнапраўнага ўдзельніка эўразійскіх войнаў, паступова ператвараецца выключна ў тэатар ваенных дзеяньняў, тэрыторыю, якая прымае на сябе й стрымлівае навалу з усходу. Тут праглядаецца аналёгія паміж гістарычнымі лёсамі ВКЛ і балканскіх дзяржаваў, што прынялі на сябе ўдар Асманскай Імпэрыі, скіраваны супраць эўрапейскае цывілізацыі.

Напрыканцы XVIII ст. фізычныя рэсурсы Вялікага Княства Літоўскага, неабходныя дла супраціву, ужо цалкам вычарпаліся й надышла анэксія абшараў ВКЛ маскоўцамі. А трохі пазьней, у XIX ст., адбываецца й замена гістарычнага імя Літва на назву Беларусь, якая з дактрынальнага гледзішча была больш выгодная Маскве.

З эўразійскімі войнамі пачынаецца працэс генацыду насельніцтва былых земляў Княства, асаблівасьцю якога было тое, што супраціўнік ня меў за мэту цалкам вынішчыць літоўскі (беларускі) этнас. Паводле расейскае дактрыны, гэтыя землі й гэты народ былі для Расеі сваімі, але “несправядліва” адарванымі эўрапейскай цывілізацыяй, таму дастаткова было ачысьціць іх ад пэўных сацыякультурных групаў, носьбітаў чужога культурнага коду. У выніку, ахвярамі рабіліся найперш носьбіты гэтага іншага культурнага коду — шляхта, інтэлігенцыя ды месьцічы, а таксама найбольш актыўная частка сельскага жыхарства.

Адбывалася тое, што можна апісаць у тэрміналёгіі вульгарнага дарвінізму, толькі з тою розьніцаю, што ў нашым выпадку мелі шанец выжыць не найбольш моцныя, а наадварот — слабыя, ня здольныя да супраціву, але здольныя да мімікрыі ды падпарадкаваньня, гатовыя адмовіцца ад свайго Я ды пераняць псыхалёгію раба.

На працягу некалькіх стагодзьдзяў ішоў працэс генэтычнай дысторцыі народу, калі з кожнай новай генэрацыі вымываліся найбольш здольныя, актыўныя постаці, але даравалася жыцьцё слабым (не фізычна, бо вядома, што найлепшы раб — гэта чалавек моцны фізычна, але са спаралюшаваным пачуцьцём уласнае годнасьці), пазбаўленым сваёй пазыцыі. Пазбаўленьне народу ад пасіянарнага элемэнту непазьбежна мусіла прывесьці да страты ўласнага культурнага коду ды поўнай асыміляцыі гэтага народу эўразійскаю культурай. Але пасіянар знайшоў адзінамагчымую, у гэтых умовах, форму ўласнага самазахаваньня — ён стаў партызанам, тым адмысловым тыпам беларускага культурнага героя, які й стаўся захавальнікам і носьбітам культурнага коду народу.

ПАРТЫЗАН

Партызан зьяўляецца там, дзе ёсьць воля да супраціву, але няма магчымасьці перамагчы ворага ў вольнай бітве. Калі сілы занадта няроўныя, вораг дае вам дзьве магчымасьці: загінуць, або загінуць. У першым выпадку гэта ахвярная сьмерць героя, але пасьля яе супраціўнік застаецца безальтэрнатыўным гаспадаром вашага дому й больш няма каму бараніць правы на ягоную аўтаномію. У другім — вам даруецца фізычнае жыцьцё, але забіраецца вашае Я, якое насамрэч вам больш не патрэбнае, бо да скону заставалася б крыніцай пакутлівага ўсьведамленьня вашага рабскага стану. Але ж вы самы’я, адкінуўшы абедзьве прапановы вашага ворага, абераце трэці, найбольш небяспечны для ворага шлях — шлях партызана.

Беларусы пайшлі ўсімі трыма магчымымі шляхамі. Адныя прынялі выклік і загінулі. Другія пагадзіліся на жыцьцё інсэктаў і сталіся падатлівым і пакорлівым для чужынцаў біяматэрыялам. Трэція абралі адзінамагчымую форму самазахаваньня — форму партызана.

Няма сэнсу даваць у гэтым тэксьце хроніку беларускага партызанства. Дастаткова зазначыць, што пачалося яно з Касьцюшкавага паўстаньня й працягваецца да сёньня, прымаючы самыя разнастайныя формы супраціву, як палітычнага (Пазняк), культурніцкага (Дубавец), акцыянісцкага (Мірон), гэтак і іншага.

Для нас важна не вызначэнне пэрсаналіяў беларускага партызанскага пантэону (у яго можна залічыць бальшыню выбітных дзейнікаў беларускае культуры), больш істотна акрэсьліць агульныя рысы, уласьцівыя прадстаўніком dе la résistance nationale — збройнага супраціву (Каліноўскі, Булак-Балаховіч) ці культурніцка-асьветніцкае працы (Багушэвіч, Ластоўскі, Караткевіч).

У больш шырокім пляне партызана можна вызначыць як чалавека па-за сыстэмай, прычым, гэтая пазасыстэмнасьць не пасіўная — яна набывае форму актыўнага супраціву, а часам і ўзброенага паўстаньня. Партызан a priori ня здатны да калябарацыі з сыстэмай, апроч вонкавай. Усялякая нявонкавая калябарацыя з сыстэмаю здымае дэтэрмінацыю партызана як сацыякультурнага фэномэну. Задачаю партызана не зьяўляецца зруйнаваньне сыстэмы. Зруйнаваньне сыстэмы — гэта ягоная далёкая мэта, але пры набліжэньні да яе партызан таксама губляе дэфініцыю партызана й сам структуруецца ў адзінку альтэрнатыўнае сыстэмы, калі ягоная чыннасьць становіцца рэгулярным рухам. Асноўная задача партызана — фізычна захаваць свой культурны код, па магчымасьці пашырыць тэрыторыю сваёй прысутнасьці, максымальна дэструктураваць сыстэму, наблізіць момант узаемнага скасаваньня.

Мэта партызана часам можа зьяўляцца недасяжнай альбо можа зрэалізавацца толькі ў вельмі далёкай будучыні, тады ягоны супраціў сыстэме стаецца асабістай місіяй, подзьвігам героя, які ўсьведамляе, што яму ня выпадзе дажыць да перамогі.

Cіла партызана ў тым, што ён асвойвае абшары, недасяжныя для сыстэмы. Абшары гэтыя — зоны ірацыянальнага, пранікненьне ў якія для сыстэмы немагчымае з прычыны яе знаходжаньня a priori ў сфэры рацыянальнага дыскурсу. Адначасна партызан цудоўна арыентуецца ў лябірынтах сыстэмы. Ведаючы ейныя слабыя месцы, ён здольны наносіць сыстэме балючыя удары, раствараючыся пасьля ў сваім недасяжным апірышчы, зьнікаючы за іншым бокам люстранога шкла, у зоне нераспазнавальнага для яе(сыстэмы). Партызан можа стаць сапраўдным кашмарам сыстэмы, сублімацыяй ейнага падсьвядомага страху, бо страх зьяўляецца там, дзе сканчаецца тэрыторыя, дасяжная для рэфлексіі, ды пачынаецца зона невядомага й невытлумачальнага.

Тэрыторыя беларускага партызана, ягонае апірышча, зона ірацыянальнага — хутчэй Хтонас, чымся Аўрас. Ён тыповы аўтахтон, якога інсьпіруе ня містыка нябёсаў, але сакральнасьць зямлі, цень Ваяра, духі продкаў, перад якімі ён адказны, бо ён спадкаемца й носьбіт культурнага коду. Ён сам ваяр. За дзьвесьце гадоў існавання ён стаўся адмысловай кастай ваяроў, беларускім адпаведнікам касты японскіх самураяў.

Мантра беларускага партызана гучыць гэтаксама, як мантра кожнага містычнага веравызнаньня:

А-Д-Р-А-Д-Ж-Э-Н-Ь-Н-Е.

Менавіта на гэтым панятку грунтуецца квінтэсэнцыя ўсялякай рэлігійнасьці, калі лічыць яе (рэлігію) спробаю пераадоленьня экзыстэнцыяльнага страху, страху перад тым нязнаным, што знаходзіцца па-за тэрыторыяй жыцьця; спробаю экстрапаляцыі гэтай тэрыторыі празь сьмерць, на той бок, у нязнанае; спробаю знайсьці сэнс, які татальна зьнікае, калі яго — адраджэньня — няма. Але для партызана адраджэньне — не пэрсаніфікаванае, асабістае збавеньне хрысьціяніна ці мусульманіна. Для яго гэта адраджэньне містычнае сьвятыні бацькаўшчыны, рэшткі якое знаходзяцца недзе глыбока ў нетрах, гэта вяртаньне ўласнага гонару, уласнага дому, дзе ён ня мусіць хавацца па-той-бок-люстра, ня мусіць быць партызанам, дзе стаецца гаспадаром сваіх тэрыторыяў. Ужо само змаганьне за гэта ёсьць для яго збавеньнем, бо дае яму сэнс жыцьця, робіцца ягонаю рэлігіяй, містычнай звышідэяй.

СЬМЕРЦЬ ВЯЛІКАГА ПАРТЫЗАНА

Савецкія дэміюргі былі не багамі, а толькі богалюдзьмі. Па законе мітаў шлях героя да багоў праходзіць празь сьмерць і наступнае адраджэньне. Пражыўшы каля 70 гадоў, сярэднюю працягласьць чалавечага жыцьця, яны памерлі, але так і не адрадзіліся, пакінуўшы па сабе дзіўную й па-свойму ўнікальную эстэтычную канструкцыю, грандыёзную сцэнаграфію аднаго ўтапічнага праекту пад назваю “Шчасьце”.

Разам зь іншымі савецкімі багамі сканаў і Вялікі Партызан. Сёньня толькі рэшткі ягонага ды іншых культаў у выглядзе тысяч жывапісных палотнаў, мноства манумэнтаў і кінафільмаў нагадваюць нам пра спробу ўвасабленьня дзіўнай рэлігіі, якой не было наканавана стацца сакральным вучэньнем. Камуністычная ўтопія не была зьяваю ні рацыянальнаю, ні ірацыянальнаю. Замест надзеі на збавеньне яна магла даць адно пышную, але плоскую дэкарацыю на памежжы жыцьця й сьмерці, праз грандыёзныя калюмнады якой зьзяла толькі халодная пустэча невядомае неабсяжнае прасторы.

Зьяўленьне ў беларускай культуры сымулякру Вялікага Партызана стварыла парадаксальную й адначасна сымбалічную канструкцыю паралельнага існаваньня двух мітычных герояў-партызан: дэкадэнцкага бога-героя й рэальнага культурнага героя. Аднак гэтая канструкцыя праіснавала гістарычна непрацяглы час і распалася разам са сконам савецкіх багоў.

Тэза пра дэкадэнцкі характар савецкай эстэтыкі можа падацца даволі рызыкоўным і спрэчным цьверджаньнем, бо тэрмін decadentia (лацін. “заняпад”), на першы погляд, супярэчыць стваральнай рыторыцы савецкае міталёгіі. Але парадокс у тым, што камуністычная Ўтопія ёсьць адною з найбольш вычварных формаў дэкадансу, калі дэкляруецца росквіт, але насамрэч адбываецца заняпад, будуецца “горад сонца”, які ў рэальнасьці аказваецца ГУЛАГ’ам, калектыўны аптымізм грамадзтва стаецца індывідуальным пэсымізмам асобы, здольнай да самастойнага мысьленьня, дэклярацыя высокае маральнасьці рэалізоўваецца ў дэградацыю маралі. Паміж гэтымі двума полюсамі — Утопіяй і Рэальнасьцю — непазьбежна мусіць паўстаць заслона з дэкарацыяў, якая для аднаго боку (Утопіі) павінна хаваць сапраўдную карціну распаду й спарахненьня Рэальнасьці, для другога (Рэальнасьці) — ствараць ілюзію матэрыялізацыі, увасабленьня Ўтопіі. Эстэтыка сацыялістычнага рэалізму й сталася той шырмаю, дэкарацыйнаю заслонаю паміж Рэальнасьцю й Утопіяй. Нягледзячы на дэклярацыі камуністычнае міталёгіі, яна была праяваю вельмі дзіўнай, але па сутнасьці дэкадэнцкай эстэтыкі.

У адрозьненьне ад Вялікага Партызана, эпоха рэальнага Партызана яшчэ ня скончылася. Зьяўленьне Партызана стала гістарычным адказам на працэс этнакультурнае стэрылізацыі, калі захаваньне культурнага коду зрабілася сынонімам de la résistance nationale, нацыянальнага антыкаляніяльнага супраціву.

Гісторыя нацыянальнага адраджэньня (незалежна ад таго, прымае яно форму крэатыўнага ці асьветніцкага працэсу, альбо збройнае барацьбы) — гэта досьвед антыкаляніяльнага супраціву беларускага культурнага героя. На працягу больш як двух стагодзьдзяў практыка партызана зьяўлялася неабходнай стратэгіяй самазахаваньня, безальтэрнатыўнай тэхналёгіяй выжываньня беларускае культуры.

ЭПІЛЁГ

Каб атрымаць выкупленьне віны, народ мусіць ахвяраваць багом нешта вельмі каштоўнае. Сам панятак выкупленьне ўтрымоўвае сэнс гэтага дзеяньня. Віна мусіць быць выкуплена ў багоў за тое, што яны палічаць вартым, адпаведным ейнай глыбіні. Для адных народаў, каб выкупіць віну, дастаткова прынесьці за ахвяру барана, для іншых — быка, беларусы прыносяць у ахвяру Героя. Гэта адзінамагчымая, адпаведная для нас плата за бязвольле й мімікрыю, за здраду ўласнаму Я. Толькі Герой можа выратаваць народ, пазбаўлены ўласнага гонару. Аднак гэты народ ня зьнікне, пакуль ён яшчэ здольны нараджаць Героя.

чэрвень 2001 г.