Пазнай сваё

Бандарук Канстанцін


Першая частка

Паняцьце багаслужбы

Багаслужба — гэта вонкавае выяўленьне перажыванага шанаваньня і абажаньня Бога ў добрых думках, словах, жэстах і ўчынках. Празь іх вернікі выказваюць сваю веру, надзею і любоў, ды ўваходзяць у нябачную, духоўную лучнасьць з Богам, атрымоўваючы прытым Ягоную ласку, якая дапамагае набожна жыць і дасягнуць збаўленьня.

Багаслужба неад’емна зьвязана з натурай чалавека. Увесь чалавек, з душою і целам імкнецца да Бога — Тварца, жадае аб’яднаньня зь Ім і Ягонай падтрымкі. Багаслужба — гэта спроба аднавіць лучнасьць з Богам. На працягу сваёй гісторыі яна зьмянялася і набывала новыя формы ў адпаведнасьці са зьмяненьнем самога чалавека, аднак будзе існаваць да канца сьвету.

Паходжаньне багаслужбы

Багаслужбу ўстанавіў Сам Бог. У якасьці зьнешняй выявы шанаваньня Бога яна паявілася разам зь першым пазнаньнем Бога. Ад самага пачатку, у раі, створаныя на вобраз і падабенства Божае нашы прабацькі выказвалі сваю веру, любоў і ўдзячнасьць Богу. У першых людзей, бязгрэшных і чыстых, Бог узбуджаў і падтрымоўваў пабожныя пачуцьці. Прабацькі назіралі ў навакольным сьвеце адлюстраваньне Божай усемагутнасьці, розуму і дабрыні. Поўныя ўдзячнасьці і захапленьня прыгажосьцяй Божага стварэньня яны выказвалі свае ўзьнёслыя і чыстыя пачуцьці ўсім сваім бязгрэшным жыцьцём. Служэньне Богу і выконваньне Ягонай волі адбываліся ў раі згодна непасрэдным указаньням Божым. Тварэц акрэсьліў прывілеі і абавязкі першых людзей, устанавіў сёмы дзень у якасьці дня адпачынку і забараніў спажываць плады з дрэва пазнаньня дабра і зла. Непасрэдны, блізкі і прыязны спосаб зносін з Богам магчымы быў толькі ў раі. Разам са зьменай сытуацыі першых людзей — іхным падзеньнем — зьмянілася таксама багаслужба.

Гістарычнае разьвіцьцё багаслужбы

Пасьля падзеньня прабацькоў і выгнаньня іх з раю папярэдняя блізкасьць і непасрэдныя зносіны з Богам не былі ўжо магчымымі. Пачуцьцё віны ў адносінах да Бога спрычынілася да таго, што людзі пачалі шукаць іншых спосабаў устанаўленьня лучнасьці з Богам, умаленьня Яго і прабачэньня за свае грахі.

а) Багаслужба ў Старым Запавеце

Шанаваньне Бога пасьля выгнаньня першых людзей з раю характарызавалі ахвяры. Бог прызнаваў іх і прымаў заўсёды тады, калі спадарожнічалі ім вера і чыстае сэрца. Ахвяры з плёну сваёй працы складалі Каін і Авель. У 4-м разьдзеле Кнігі Быцьця чытаем: „Прыхінуўся Госпад да Авеля і да ягонай ахвяры, а да Каіна і да дару ягонага не прыхінуўся” (Быцьцё. 4, 4-5). Пасьля свайго выратаваньня ахвяру ўсёспаленьня злажыў таксама Ной (Быцьцё. 8, 20). У патрыярхальны перыяд, ад імя ўсяго племені, ахвяры прыносілі старэйшыны роду. Рабілі гэта на спецыяльных алтарах, заклікаючы імя Божае (Быцьцё. 12, 7; 13, 4; 26, 25). Усе ахвяры ўспрымаліся як сродак атрыманьня Божай ласкі. Сам Бог пацьвердзіў, што ахвяры Яму мілыя кажучы: „Ня мае бачыць вас зрок Гасподні з пустымі рукамі” (Другапраўе. 16, 16). У залежнасьці ад патрэбы паасобных людзей ці цэлага народу Закон Майсееў падрабязна акрэсьліваў калі і якія ахвяры належала прыносіць. Такім чынам былі ахвяры крывавыя і бяскроўныя, індывідуальныя і агульныя. У якасьці крывавых ахвяраў прыносіліся валы, каровы, авечкі, козы, туркаўкі і галубы (Лев. 9, 3). Прадметам бяскроўных ахвяраў былі каласы збожжа, прэсныя хлябы, алей, соль і віно (Лев. 2, 11). Некаторыя прадукты, напрыклад мёд, не маглі быць прыношаны ў якасьці ахвяры, гэтак як сярод ахвярнай жывёлы не магло быць кульгавых, калекіх або больш чымсьці трохгадовых асобін. Старазапаветныя яўрэі наагул абавязаны былі ахвяроўваць Богу толькі тое, што самі лічылі вартасным, што патрабавала працы і намаганьняў ды выкарыстоўвалася ў якасьці ежы. Лёгкадаступныя і танныя прадукты, напрыклад рыбу, дзічыну або дзікія фрукты лічылі нягоднымі стаць „хлебам Гасподнім” (Лев. 21, 6; Лікі. 28, 2).

Не зважаючы на распаўсюджанасьць ахвяраў у Старым Запавеце, існавала перакананьне, што неабходны адначасова ўнутраная любоў і імкненьне да дабра (Ерамія. 6, 20). Прарок Самуіл гаварыў, што „паслухмянасьць лепшая за ахвяру, пакорнасьць — за тлушч бараноў” (1 Сам. 15, 22). Цар Давід таксама разумеў, што найбольш прыемнай Богу ахвярай зьяўляецца „дух пакаянны і сэрца зламанае” (Пс. 51, 19).

Ахвяры не былі адзіным спосабам лучнасьці з Богам. Спадарожнічала ім малітва, а самыя ахвяры ўспрымаліся як увасобленая малітва. Хаця Майсееў Закон не акрэсьліваў як маліцца, аднак малітва заўсёды была натуральнай патрэбай душы, якая тужыць па Богу і спадзяецца Ягоных ласкаў. Падчас малітвы людзі заўсёды зьвярталіся ў бок месца, на якім прыносіліся ахвяры. Прарок Данііл маліўся ў вавілонскай няволі, зьвярнуўшыся ў напрамку Ерусаліму (Дан. 6, 10). Звычайна малітвы адбываліся раніцай, апоўдні і вечарам, перад і пасьля ежы, найчасцей стоячы (1 Сам. 1, 26), часам з узьнятымі рукамі (1 Цар. 8, 22) або ўкленчыўшы (1 Цар. 8, 54). У Старым Запавеце невядомыя былі пастаянныя тэксты малітваў. Сьвятое Пісаньне прыводзіць толькі некалькі прыкладаў малітваў: падчас ахвяроўваньня першага плёну (Кніга Другапраўя), тэкст трохкратнага блаславенства (Кніга Лікаў) і малітву Майсея, калі забіралі ў дарогу пераносны храм або ставілі яго. Адна з найпрыгажэйшых у Старым Запавеце — малітва цара Саламона падчас асьвячэньня ерусалімскага храму: „Госпадзе, Божа Ізраілеў... неба і нябёсы ня могуць Цябе зьмясьціць, тым болей гэты Дом, які я пабудаваў... Абярніся на малітву слугі Твайго... хай будуць вочы Твае адчынены на Дом гэты ўначы і ўдзень... Ты пачуй зь месца Твайго прабываньня і зьмілуйся, і ўчыні кожнаму, і дай паводле залугаў, бо Ты ведаеш ягонае сэрца, бо Ты ведаеш сэрца кожнага чалавека” (1 Цар. 8, 22-39).

Апрача малітваў і ахвяраў старазапаветныя багаслужбы складаліся са шматлікіх абрадаў. Згодна Майсееваму Закону, пакліканы былі сьвятары (Выхад. 28, 3; Лев. 2, 8), былі ўстаноўлены юбілейныя гады (Лев. 25-ы разьдзел), сьвяты і мноства зьвязаных зь імі абрадаў. Сярод іх варта адзначыць:

— чытаньне і тлумачэньне Сьвятога Пісаньня;

— сумеснае сьпяваньне псальмоў;

— ігра на арфе, гусьлях ды іншых інструмэнтах;

— памазаньне алеем архірэяў і цароў;

— каджэньне падчас прынашэньня ахвяраў;

— рытуальныя абмываньні ды іншыя абрады.

Асаблівае значэньне меў абрад заключэньня саюзу паміж Богам і выбраным народам. Заключылі яго Аўраам і Авімэлех, Якуб, Лаван і Майсей. Аднаўленьне саюзу мела месца пасьля вяртаньня яўрэяў з вавілонскай няволі. Абрад гэты меў выключна рэлігійны характар. Заключаўся ён у тым, што забівалі ялаўку, казу, барана, туркаўку і галубіцу, затым разрэзвалі іх напалову і раскладалі так, каб паміж дзьвюма паловамі маглі прайсьці бакі, якія заключалі саюз. Сымбалем нябачнага Бога быў запалены факел. Абрад канчаўся ўрачыстым банкетам і забавязваў увесь народ да вернасьці сапраўднаму Богу (Быцьцё. 15, 9; Другапраўе. 4, 31).

Іншым, характэрным для Старога Запавету быў абрад абразаньня, які таксама быў знакам саюзу паміж Богам і выбраным народам. Абразаньне пачаў Аўраам, выконваючы Божы загад: „Маючы восем дзён хай будзе абразаны кожны мужчына... а неабразаны мужчына, якому не абрэзалі канцавой скуркі плоці ягонай, хай будзе выгнаны з народу свайго, бо парушыў ён саюз са Мной” (Быцьцё. 17, 12-14). Такім чынам абразаньне лічылася неабходным знакам прыналежнасьці да выбранага народу.

Старазапаветныя багаслужбы адпавядалі характару жыцьця яўрэйскага народу ды ягонага веданьня Бога і Ягонай волі. Галоўнымі часткамі багаслужбы былі малітвы, чытаньне і тлумачэньне Пісаньня, сьпеў і абрады. У такой форме яны паслужылі прыкладам і падставай новазапаветных багаслужбаў.

б) Багаслужба ў Новым Запавеце

Ісус Хрыстос пацьвердзіў уласным прыкладам і асабістым стаўленьнем значэньне багаслужбаў. „Ня думайце, — гаварыў Ён сваім вучням, — што Я прыйшоў парушыць закон, альбо прарокаў: не парушыць прыйшоў Я, а зьдзейсьніць” (Мацьв. 5, 17). Сам Ісус шмат разоў бываў у ерусалімскім храме (Лук. 21, 5), маліўся, кленчыў, уздымаў вочы на неба (Яан. 17, 7). Ён вучыў, што шанаваць Бога трэба ў „духу і праўдзе” (Яан. 4, 23). Хрыстос устанавіў таінства Эўхарыстыі (Мацьв. 26, 26-28), асьвяціў ды ўласным удзелам і прыкладам пацьвердзіў важнасьць іншых таінстваў (Мацьв. 3, 13-17; Яан. 2, 1-11). Апосталы і іхныя пераемнікі ўстанавілі згодна Хрыстовай навуцы парадак хрысьціянскіх багаслужбаў: чытаньне і тлумачэньне Сьвятога Пісаньня, гімны і малітвы. Як сьведчаць Дзеі Апостальскія (2, 42-47), першыя хрысьціяне „трывалі ў навуцы апостальскай, у супольнасьці і ламаньні хлеба ды ў малітвах. І страх зьняў кожную душу і многа цудаў ды азнакаў дзеялася праз Апосталаў. Усе веруючыя былі разам, і ўсё ў іх было супольнае... І кожны дзень аднадушна бываючы ў храме ды ламаючы хлеб у дамах, прымалі страву ў радасьці і прастаце сэрца; славячы Бога і маючы ласку ўсяго народу”. Апосталы старшынствавалі падчас малітоўных сустрэчаў, умацоўвалі веру праз асабісты прыклад і навувку ды зьдзяйсьняючы цуды. Яны выконвалі сьвятыя таінствы і моцай Сьвятога Духа дадзенага ім Хрыстом паклікалі сваіх пераемнікаў.

Падставай новазапаветнай багаслужюбы была малітва. Ісус Хрыстос горача заклікаў сваіх вучняў да пастаяннай, гарачай малітвы. Сам праводзіў на малітве цэлыя ночы, а ў сваёй Архісьвятарскай Малітве (Яан. 17-ы разьдзел), ды ў Гефсіманіі даў прыклад сапраўднай малітвы. „Калі молішся, — навучаў Ісус, — ня будзь як крывадушнікі, якія любяць у сынагогах і на рагах вуліц прастойваць молячыся, каб паказацца перад людзьмі... Ты-ж калі молішся, увайдзі ў пакойчык твой, і, зачыніўшыся, памаліся Айцу твайму, які Сам у тайнасьці, і Айцец твой, які бачыць у тайнасьці, узнагародзіць цябе яўна” (Мацьв. 6, 5-6). Калі вучні пыталі як маліцца, Хрыстос навучыў іх малітвы „Ойча наш”, званай Малітвай Гасподняй. Кніга Дзеяў Апостальскіх цытуе прыклады супольных малітваў падчас малітоўных сустрэч (Дзеі. 4, 23-31). Апостал Павал падахвочаў свайго вучня Цімафея, каб „маліцца, умаляць ды дзякаваць за ўсіх людзей” (1 Цім. 2, 1).

Істотнай часткай багаслужбаў у апостальскія часы было чытаньне і тлумачэньне Сьвятога Пісаньня. Напоўненыя Сьвятым Духам апосталы ды іхныя вучні атрымалі дар тлумачэньня вернікам сапраўднага зьместу Пісаньня. Выбар тэксту для чытаньня, згодна традыцыі перанятай у сынагогах, спачатку быў добраахвотны ды ў залежнасьці ад абставін. У 1-м стагодзьдзі нашай эры выкарыстоўваліся перш за ўсё старазапаветныя кнігі, паступова ўключаны былі тэксты Евангельляў ды іншых, новапастаўленых кніг. Толькі ў 4-м стагодзьдзі, калі быў устаноўлены канон — камплектны сьпіс боганатхнёных кніг, быў праведзены падзел на г.зв. зачала — фрагмэнты тэксту, прызначаныя на кожны дзень году і на розныя патрэбы.

Апрача згаданых частак новазапаветных багаслужбаў у іхны склад уваходзілі псальмы і гімны. Ісус Хрыстос ахвотна з вучнямі Сам сьпяваў яўрэйскія пахвальныя песьні (Мацьв. 26, 30; Марк. 14, 26). Апосталы Павал і Сіла сьпявалі падчас свайго зьняволеньня (Дзеі. 16, 26). Старыя і нованапісаныя песьні выконваліся падчас малітоўных сходаў (1 Кар. 14, 26; Эфэс. 5, 19; Кал. 3, 16).

Раньнехрысьціянскія багаслужбы вылучаліся ўзнёсласьцяй і духам шчырай набожнасьці. Сярод яўрэяў і паганцаў яны адыгрывалі місійную ролю, бо захопленыя прыгажосьцяй багаслужбаў, чысьцінёй жыцьця, любоўю і маральным абліччам першых хрысьціян, паганцы ахвотна прымалі хрышчэньне і памнажалі грамады вернікаў.

Характар і мэта праваслаўнай багаслужбы

Мэта зямнога жыцьця кожнага хрысьціяніна — у дасягненьні збаўленьня. Каб дасягнуць жыцьця вечнага, неабходна ў зямным жыцьці паступаць згодна з Божымі правіламі. Шлях да збаўленьня цяжкі, патрабуе шмат намаганьняў, вырачэньняў і выкананьня шматлікіх умоваў. Апрача актыўнага ўдзельніцтва ў жыцьці Царквы, карыстаньня сьвятымі таінствамі, пабожнасьці, добрых учынкаў, неабходнае таксама ўдзельніцтва ў царкоўных багаслужбах.

Праваслаўныя багаслужбы — гэта ўпарадкаваны на працягу стагодзьдзяў збор малітваў, песьняў, цырымоніяў і абрадаў. Гэта сума шматвяковай творчасьці боганатхнёных пісьменьнікаў і гімнографаў, адлюстраваньне веры і любові да Бога з боку нашых продкаў. Уважнае і дзейнае ўдзельніцтва ў багаслужбах узбагачае вернікаў пабожнымі думкамі і пачуцьцямі, якія самі па сабе маглі-б ніколі ня ўзьнікнуць. Прыклады сьвятых робяць вернікаў больш высакароднымі і падахвочваюць да перайманьня іх. У праваслаўных багаслужбах карысныя для душы ня толькі нейкія паасобныя элемэнты, але цэласьць, усё, што складаецца на багаслужбу. Ейны характар у значнай ступені суствараюць інтэр’ер храму, іконы, сьвятарскія рызы, гук званоў, агеньчыкі сьвечак, запах кадзіла і непаўторны, малітоўны настрой.

Праваслаўная багаслужба выказвае дух праваслаўнай веры: яна ўздымае і захапляе кожнае чульлівае сэрца. Адначасова мае яна і сваё выхаваўчае значэньне. У штодзённых багаслужбах Царква напамінае вернікам усю гісторыю чалавецтва: стварэньне сьвету і людзей, падзеньне нашых прабацькоў, абяцаньне прыходу на сьвет Збавіцеля, Ягонае Уцелясьненьне, навуку, сьмерць, слаўнае Ўваскрэсеньне і Ўзьнясеньне на неба. Такім чынам сымбалічна паказваецца жыцьцё Збавіцеля і далучаецца да яго наша хрысьціянскае жыцьцё. Царква безупынна разбуджае ў верніках сьвятыя пачуцьці веры, надзеі і любові, еднасьць і роўнасьць. Вось таму вельмі важнае і неабходнае рэгулярнае ўдзельніцтва ў багаслужбах, бо хто закідае гэты абавязак, той добраахвотна пазбаўляе сябе лучнасьці з Хрыстом і Ягонай Царквою.

Падзел багаслужбаў

Праваслаўныя багаслужбы дзеляца на ўсеагульныя і прыватныя.

— Усеагульныя — гэта тыя, якія адпраўляюцца з удзелам агулу вернікаў і дзеля ўсіх, каб праз навуку, веру і ўзаемную любоў яны аб’ядналіся ў адну, духоўную сям’ю — Цела Хрыстовае. Усеагульныя багаслужбы выказваюць сумеснае шанаваньне Бога, сумесныя просьбы і еднасьць усіх у Ісусе Хрысьце.

— Прыватныя або індывідуальныя багаслужбы — гэта тыя, якія адбываюцца з думкай пра паасобных людзей, у адпаведнасьці зь іхнымі асабістымі патрэбамі. Можа гэта быць малітва аб дараваньні здароўя, за памыснае вяртаньне з далёкага падарожжа, за супакой душы памерлага ды ў шматлікіх жыцьцёвых акалічнасьцях.

Хаця Царква, у сваёй матчынай дбайнасьці пра кожнае сваё дзіця, кожнаму індывідуальна гатова выстарацца Божае блаславенства, хаця выходзіць насустрач асабістым патрэбам, радасьцям і смуткам, спадарожнічаючы чалавеку ад калыскі па магілу, аднак усеагульныя багаслужбы лепш і паўней чымсьці індывідуальныя выказваюць характар хрысьціянскай веры. „Дзе двух або трох зьбярэцца ў Імя Маё, там і Я сярод іх”, — гаворыцца ў Сьвятым Пісаньні (Мацьв. 18, 20). Супольныя багаслужбы павялічваюць моц малітвы. Лягчэй занікаюць тады ўсялякія розьніцы: паходжаньня, асьветы, грамадзкага статусу, а ў сэрцах людзей абуджаюцца пачуцьці хрысьціянскай любові, братэрства і еднасьці з усімі людзьмі.

Умовы адпраўленьня багаслужбаў

З увагі на натхнёны характар і ўзьнёслую мэту багаслужбы яна патрабуе выкананьня некалькіх перадумоваў:

— багаслужбы маюць права адпраўляць толькі мужчыны, якія маюць дзеля гэтага адпаведную сьвятарскую падрыхтоўку і якія правамоцна высьвячаны на сьвятара архірэем;

— багаслужбы могуць адпраўляцца толькі ў храмах зь неабходным абсталяваньнем або — выняткава — у іншых месцах, якія годныя і дапушчальныя для гэтага;

— прынцыпова — багаслужбы павінны адпраўляцца згодна ўстаноўленаму і замацаванаму традыцыяй парадку або рытуалу.

Неабходна тут адзначыць, што сярод розных хрысьціянскіх канфэсіяў ёсьць значныя розьніцы адносна ня толькі разуменьня галоўных ісьцінаў веры, але наконт сутнасьці самога сьвятарства, таінстваў, багаслужбаў і абрадаў. Усё гэта — вынік адвольнай інтэрпрэтацыі Сьвятога Пісаньня і адыходу ад практыкі і традыцыі раньнехрысьціянскай, непадзеленай Царквы. Прычыны гэтай сумнай зьявы занадта складаныя, каб выясьніць іх у некалькіх сказах.

Галоўныя часткі праваслаўнай багаслужбы

а) Малітвы

Гэта неад’емная частка кожнай багаслужбы. Склалі іх натхнёныя Богам і спецыяльна адораныя для выказваньня рэлігійных пачуцьцяў аўтары. Апрача вядомых са Сьвятога Пісаньня малітваў цара Саламона, прарока Данііла, Іава, мытніка, сьвятога Сімяона, у склад праваслаўных багаслужбаў увайшлі малітвы пазьнейшых аўтараў: сьв. Яфрэма Сырыйца, сьв. Яна Залатавуснага, сьв. Васіля Вялікага, сьв. Яана Дамаскіна, сьв. Андрэя Крыцкага ды іншых пабожных аўтараў.

б) Спецыяльныя малітвы

У праваслаўнай багаслужбе зьяўляюцца імі екцяніі. Назоў паходзіць ад грэцкага слова эктэйно — расьцягаю, і азначае працяглую малітву. Ад найдаўнейшых часоў вядомы чатыры формы екцяніі: вялікая, малая, умольная і асаблівая (у царкоўнаславянскай мове: сугубая).

— Вялікая екцянія пачынаецца са слоў „у супакоі Госпада памолімся” і ўключае шмат просьбаў вымаўленых іярэем або дыяканам. На кожную просьбу хор адказвае „Госпадзе, памілуй”. Екцянія канчаецца заўсёды словамі возгласу, якія вымаўляе сьвятар.

— Малая екцянія зьяўляецца скарачэньнем вялікай: мае толькі просьбы і возглас.

— Асаблівая екцянія або ўзмоцненая, званая ў царкоўнаславянскай мове сугубай екцяніяй, пачынаецца са слоў „Мовім усе” або „Зьмілуйся над намі, Божа”. На кожную просьбу хор трохкратна адказвае „Госпадзе, памілуй”.

— Умольная екцянія характарызуецца просьбамі, якія канчаюцца словамі „Ў Госпада просім”, на што хор адказвае: „Памілуй, Госпадзе”.

в) Чытаньне і тлумачэньне Сьвятога Пісаньня

Апрача малітваў важнае месца ў праваслаўных багаслужбах займае чытаньне і тлумачэньне Сьвятога Пісаньня, інакш кажучы Бібліі. Сьвятое Пісаньне дзеліцца на кнігі Старога і Новага Запаветаў. У склад Старога Запавету ўваходзіць 39 кананічных кніг, прызнаных боганатхнёнымі, і 11 некананічных, аднак карысных і годных чытаньня. У склад Сьвятога Пісаньня Новага Запавету ўвайшло 27 кніг. Кнігі Старога Запавету былі напісаны на працягу 1000 гадоў і былі яны ўкамплектаваны каля 457 году да нараджэньня Хрыста Ездрам і Нееміем пасьля вавілонскай няволі. Усе яны былі напісаны па-старажытнаяўрэйску. Кнігі Новага Запавету напісаны былі на грэцкай мове званай коінэ на працягу шасьцідзесяці гадоў. Поўны сьпіс кананічных кнігаў быў сфармаваны ў 4-м стагодзьдзі нашай эры. Тады таксама Сьвятое Пісаньне было падзелена на фрагмэнты для чытаньня на кожны дзень або пры спецыяльнай нагодзе. Такім чынам іншы ўрывак чытаецца ў гонар апостала, іншы — мучаніка або свяціцеля. Існуюць таксама фрагмэнты тэксту для чытаньня падчас пахаваньня, хрышчэньня, шлюбу, асьвячэньня хаты, вады або іншай патрэбы.

Чытаньню ўрыўка Сьвятога Пісаньня спадарожнічае падчас багаслужбы казань, мэта якой разьвінуць і наблізіць вернікам праўды сфармуляваныя ў Бібліі дзеля таго, каб яны сталіся правадніком, крытэрыем у штодзённай практыцы і натхненьнем для кожнага верніка.

г) Скарочаны зьмест Сьвятога Пісаньня

Бог зь нічога стварыў увесь сьвет і чалавека. Першыя людзі жылі ў раі званым Эдэмам, на ўсход ад Сьвятой Зямлі, у заходняй частцы Азіі. Прабацькі — Адам і Ева — зграшылі непаслухмянасьцяй у адносінах да Бога і былі пакараны пазбаўленьнем папярэдніх прывілеяў. Бог у Сваёй бязьмежнай любові падрыхтаваў аднак плян збаўленьня ўсяго чалавецтва. Дзеля гэтага, прыблізна 1850 гадоў да нашай эры, Бог выбраў і паклікаў Аўраама, зь якім заключыў саюз і ад якога бярэ пачатак багавыбраны народ. Аўраам пасяліўся ў зямлі Ханаан, а ягоныя нашчадкі былі вымушаны жыць некаторы час у Егіпце. Яўрэі, якіх прабываньне ў Егіпце ператварылася там у няволю, размнажыліся ў вялікі народ. Каля 1450 году да нараджэньня Хрыстовага, яўрэі на чале з Майсеем пакінулі Егіпет. Падчас 40-гадовага вандраваньня па Сынайскай пустыні, дзе народ атрымаў ад Бога заканадаўства, яўрэі здабылі Ханаан, Зямлю Абяцаную ім. На працягу наступных 400 гадоў, у перыд судзьдзяў і каралёў, яўрэі стварылі магутную дзяржаву. З часам, 900 гадоў да нашай эры, дзяржава падзялілася на дзьве часткі. Адна зь іх была захоплена суседнімі народамі ў 722 годзе, а другая ў 586 годзе да нараджэньня Хрыстовага. У найцяжэйшы для народу перыяд прадказвалі нараджэньне Збавіцеля. Каля 538 году рэшткі забранага ў вавілонскую няволю народу вярнуліся на Радзіму, збудавалі ерусалімскі храм і дзяржаву. У той час закончылася фармаваньне поўнага сьпіску 22 кніг старазапаветнага Сьвятога Пісаньня. Чатырыста гадоў пазьней нарадзіўся Ісус Хрыстос, абяцаны Збавіцель, Уцялесьнены Сын Божы. Ён, як Богачалавек, згодна Божаму абяцаньню адкупіў сваёй Крыжовай Ахвярай увесь род чалавечы. Хрыстос жыў, навучаў, рабіў цуды, памёр на Крыжы, уваскрэс, узьнёсься на неба і паслаў адтуль сваім вучням і пераймальнікам Сьвятога Духа. Дзякуючы атрыманаму ў дзень Пяцідзесятніцы Духу, на зямлі ўзьнікла новазапаветная Царква Хрыстова. Апосталы і іхныя вучні, абдараваныя моцай Сьвятога Духа, панесьлі Добрую Вестку — Евангельле — ва ўсе куткі зямлі. Да сёньняшняга дня Царква вядзе людзей і ўвесь сьвет да канчатковай мэты жыцьця — збаўленьня і канчатковага зьяднаньня са сваім Тварцом.

д) Найчасьцей чытаныя падчас багаслужбаў кнігі

Зь ліку кніг Старога і Новага Запавету толькі некаторыя пастаянна выкарыстоўваюцца ў багаслужбах.

— Евангельлі — гэта галоўныя кнігі ўсяго Сьвятога Пісаньня. Усе іншыя кнігі зьяўляюцца або ўступам або разьвіцьцём праўдаў аб’яўленых у гэтых кнігах. Кніга Евангельля складаецца з чатырох частак: Евангельляў паводле Мацьвея, Марка, Лукі і Яана.

Першая зь іх, Евангельле паводле Мацьвея, прызначана было для чытачоў зь ліку палесцінскіх яўрэяў. Ейнай мэтай было пераканаць суайчыньнікаў, што Ісус Хрыстос — гэта сапраўды прадказаны прарокамі Месія-Збавіцель. Насуперак спадзяваньням яўрэяў Евангельле абвяшчае Божае, звышнатуральнае Царства. Кніга паявілася ў палове 1-га стагодзьдзя і складаецца з дваццаці васьмі разьдзелаў.

Другая кніга, Евангельле паводле Марка, была прызначана для рымскіх хрысьціян, якія раней былі паганцамі. Аб гэтым сьведчыць факт, што аўтар падрабязна тлумачыць яўрэйскія звычаі і назовы ў адрозненьні ад рымскіх, якія ўспрымае як агульнавядомыя. Мэтай Евангельля Марка было ўмацаваць веру новазьвернутых у хрысьціянства паганцаў у тым, што Хрыстос зьяўляецца сапраўдным Сынам Божым, Уладаром усяго стварэньня. Евангеліст Марк падкрэсьліў у сваёй кнізе цуды і спосаб узьдзеяньня Хрыста на індывідуальнасьць і веру апосталаў. Кніга была напісана каля 60?га году нашай эры і складаецца з шаснаццаці разьдзелаў.

Трэцяя кніга, Евангельле паводле Лукі, вучня Паўла, адрасавана была былому паганцу і высокаму чыноўніку Феафілу і напісана з думкай пра паганцаў, якія нядаўна прынялі хрысьціянства. Кніга паказвае, што Ісус — сапраўдны Збавіцель усіх людзей, поўны дабрыні, міласэрнасьці і прабачэньня. Евангеліст абмінае тое, што для паганцаў гучэла непрыемна, а падкрэсьлівае тое, што гучыць у іхную карысьць. Кніга была напісана на пачатку 60-х гадоў 1-га стагодзьдзя і складаецца з дваццаці чатырох разьдзелаў.

Чацьвёртая кніга, Евангельле паводле Яана, была прызначана для хрысьціян у Малой Азіі, сярод якіх пачалі пашырацца ерасі, якія аспрэчвалі боскасьць Ісуса Хрыста. Мэта кнігі заключаецца ў словах: „Гэтае-ж напісана, каб вы паверылі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы і, веруючы, мелі жыцьцё вечнае ў імя Яго” (Яан. 20, 31). Евангеліст Яан падкрэсьліў у сваёй кнізе сэнс жыцьця і навукі Хрыста, вялікія цуды і Славу Адзінароднага Сына Божага. Паводле Евангельля, Ісус Хрыстос Бог — Слова, вобраз Божы і найлепшае Яго адлюстраваньне. Сын Божы прыйшоў на зямлю ў імя Айца, зь Якім Ён роўны, зь Якім разьдзяляе Славу і складае еднасьць. Кніга была напісана напрыканцы жыцьця апостала, у першыя гады 2-га стагодзьдзя, перад 105 годам.

Зь іншых кнігаў Сьвятога Пісаньня ў багаслужбах выкарыстоўваюцца фрагмэнты званыя параміямі. Яны чытаюцца падчас вячэрніх багаслужбаў напярэдадні вялікіх сьвятаў. Параміяў можа быць пятнаццаць, дванаццаць, восем або тры. Іхны тэкст зачэрпнуты з наступных кнігаў: Быцьця, Выхаду, Левіт, Лікаў, Другапраўя, Ісуса Навіна, Судзьдзяў, Самуіла, Царстваў, Псалтыра, Іава, Іоны, Сафонія, Міхея, Варуха, Захарыі, Іаіля, Малахіі і Гавакука.

Апостал — гэта кніга пастаянна выкарыстоўваецца ў багаслужбах. У ейны склад уваходзяць: Дзеі Апостальскія сьвятога евангеліста Лукі, кніга Апакаліпсы сьвятога евангеліста Яана, сем гэтак званых агульных Лістоў (адзін Ліст апостала Якуба, тры Лісты апостала Пятра і адзін Ліст апостала Юды). Апрача таго ў склад „Апостала” ўвайшло чатырнаццаць Лістоў апостала Паўла: да рымлянаў, два Лісты да карынфянаў, да галатаў, да эфэсянаў, да піліпянаў, да каласянаў, два Лісты да фесалонікійцаў, два — да Цімафея, адзін да Ціта, адзін да Філімона і Ліст да яўрэяў. Кніга „Апостал” падзелена на ўрыўкі прызначаныя для чытаньня ў дадзены дзень або пры спецыяльнай акалічнасьці.

Псалтыр — гэта кніга са ста пяцідзесяці псальмоў, паэтычных твораў сьпяваных і дэклямаваных у Старым Запавеце пад акампанямэнт арфы, ліры або цытры. Большасьць псальмоў напісаў цар Давід. Аўтарамі астатніх зьяўляюцца сьпевакі і левіты, імёны якіх Геман, Этан і Асаф. З „Псалтыра” зачэрпнута большасьць малітваў і гімнаў выкарыстоўваных у праваслаўных багаслужбах. Кніга падзелена на дваццаць частак званых кафізмамі. Кожная кафізма дзеліцца яшчэ на тры часткі па два-тры псальмы.

Неад’емнай часткай багаслужбаў зьяўляюцца песьні ды гімны. Сьпеў і музыка, як выява рэлігійных пачуцьцяў, практыкаваліся ўжо ў Старым Запавеце. Сьвятое Пісаньне адзначае песьні сьвяточныя (Выхад. 30, 29), пры зборы ўраджаю (Выхад. 15-ы разьдзел). Пры ерусалімскім храме былі хоры, якія налічвалі нават да дзьвюх тысяч сьпевакоў. Сярод яўрэяў, якія вярталіся з вавілонскай няволі, апынулася таксама дзьвесьце сорак пяць сьпевакоў (Неемія. 7, 67). Ісус Хрыстос сьпяваў са сваімі вучнямі пахвальныя яўрэйскія песьні (Мацьв. 26, 30; Марк. 14, 26). Раньнехрысьціянскія сьпевы ў значнай ступені бралі прыклад зь яўрэйскіх і грэцкіх гімнаў, якіх узьнёсласьць і прастата адпавядалі характару хрысьціянскіх багаслужбаў. Ужо ў першых стагодзьдзях хрысьціянскія сьпевы значна розьніліся паміж сабою. Песьні выконваліся хорам, сола, двума хорамі на зьмену або сола пры акампанямэнце. Багаслужбы ўвесь час узбагачаліся новымі мэлёдыямі і малітвамі. Сьвятыя Яфрэм Сырыец і Раман Салодкапевец увялі мноства народных элемэнтаў. Сьвяты Яан Дамаскін, выдатны паэт і кампазытар, склаў восем мэлёдыяў, галасоў на восем тыдняў. Сьвяты Фёдар Студыйскі, Яфрэм Сырыец, Касьма, паасобныя манастыры і аддзельныя аўтары таксама ўнесьлі выдатны ўклад у разьвіцьцё царкоўнай музыкі. Праваслаўная Царква, якая прыняла сваю веру зь Візантыі, стагодзьдзямі заставалася пад уплывам візантыйскага сьпеву. Найбольш бачны быў уплыў грэцкіх і балгарскіх сьпеваў у 10—11-м стагодзьдзях. Быў гэта пераважна аднагалосы сьпеў званы унісонным, зь вельмі недасканалым запісам, бяз нотаў і безь пяці лініяў. У 14—16-м стагодзьдзях у тэкстах паявілася мноства памылак, сьпеў быў працяглы і няроўны, а запіс г.зв. кручкамі быў недакладны. У 17?м стагодзьдзі, за часоў маскоўскага патрыярха Нікана, была праведзена рэформа царкоўных кнігаў і ўпершыню быў уведзены запіс нотаў з дапамогай лініяў. У 17-м і 18-м стагодзьдзях распаўсюдзіўся сьпеў на тры галасы, пераняты з заходняй, сьвецкай музыкі. Найболей памысным для царкоўнай музыкі быў перыяд канца 18-га і пачатку 19-га стагодзьдзяў. Выдатныя кампазытары: Дз. Бартнянскі (1751-1825), а. П. Турчанінаў (1779-1856), граф А. Львоў (1799-1870) пакінулі пасьля сябе мноства твораў на высокім узроўні майстэрства, якія выконваюцца да сёньняшняга дня. У 19-м стагодзьдзі жылі і дзейнічалі кампазытары, якія рупіліся ня толькі пра музыкальныя якасьці, але і пра малітоўны дух, праваслаўныя традыцыі і рэлігійныя каштоўнасьці. Да такіх належаць П. Чайкоўскі (1840-1893), М. Рымскі-Корсакаў (1844-1908), Г. Ламакін (1812-1885) ды іншыя. У 20-м стагодзьдзі праваслаўная царкоўная музыка стала вядомай ва ўсім сьвеце, выклікаючы зразумелае захапленьне нават з боку сьвецкіх колаў і неправаслаўных слухачоў.

Варта адзначыць, што Праваслаўная Царква, у адрозьненьні ад каталіцкай і пратэстанцкай, ніколі не ўвяла ў багаслужбы музычных інструмэнтаў. Прынцыпова яна ня супраць гэтага, паколькі нават Сьвятое Пісаньне гаворыць: „Слаўце Бога на струнах і арганах”. Нават арган прыняўся на Захадзе ў 8-м стагодзьдзі з Грэцыі, хаця сама Грэцыя, як і іншыя праваслаўныя краіны, лічыць, што чалавечы голас зьяўляецца найболей дасканалым інструмэнтам, а малітва павінна пазьбягаць матэрыяльнага пасрэдніцтва і выплываць з сэрца з дапамогай натуральных сродкаў.

е) Найчасьцей выконваныя песьні

Усе царкоўныя сьпевы дзеляцца на тры катэгорыі: псальмы, гімны і духоўныя песьні. Да першых належаць псальмы з кнігі „Псалтыр”. Гімны — гэта ўзьнёслыя, урачыстыя песьні са Старога і Новага Запаветаў, а духоўныя песьні — творы ўзьніклыя пад узьдзеяньнем Сьвятога Духа. Да гэтых апошніх належаць:

— трапар — песьня, якая выказвае сутнасьць сьвята або заслугі і жыцьцё сьвятога, якому трапар прызначаецца;

— кандак — песьня, якая разьвівае і дадаткова абгрунтоўвае ідэю нейкага сьвята або падкрэсьлівае выключныя рысы характару сьвятога;

— ікас — песьня падобная да кандака, якая разьвівае ягоную тэму. Назоў зачэрпнуты з грэцкай мовы і азначае хату ў сувязі з тым, што хрысьціяне неаднойчы зьбіраліся ў хатах для малітоўных сустрэч і сьпеву;

— сьціхіры — гэта яшчэ іншыя песьні рэлігійнага зьместу або фрагмэнты Сьвятога Пісаньня, найчасьцей з устаноўленай рытмікай, выконваныя падчас вячэрняй багаслужбы і ўтрані;

антыфоны — песьні, выконваныя пераменна двума хорамі. Увёў іх Ігнацій Баганосец, епіскап антыёхскі;

— пракімен — кароткі фрагмэнт псальму, які папярэднічае чытаньню Евангельля, „Апостала” або параміі. Апрача пракімнаў на кожны дзень, ёсьць таксама вялікія пракімны, сьпяваныя ў сьвяты або ў перыяд Вялікага Посту на вячэрні.

Апрача згаданых ёсьць песьні, якія назоў атрымалі ад свайго зьместу, велічыні і спосабу выконваньня. Васкрэсныя гавораць пра Ўваскрэсеньне Хрыстовае, багародзічныя ўсхваляюць Божую Маці, а дагматыкі гавораць пра фундамэнтальныя праўды, такія як Уцелясьненьне Сына Божага. Канон — гэта гімн зь дзевяці, васьмі, чатырох, трох або двух песьняў. Акафіст — збор гімнаў у гонар Божай Маці, Сьвятога Крыжа або іншых сьвятых, які складаецца з дванаццаці кандакоў і дванаццаці ікасаў. Назоў узяты адтуль, што падчас іх выконваньня нельга сядзець. Некаторыя найменьні ўзьніклі ў залежнасьці ад суседзтва зь іншымі тэкстамі, напрыклад, прычасьцен азначае песьню, якая выконваецца падчас Прычасьця сьвятара. Алілуярый выконваецца падчас сьпеву „Алілуя” пасьля адчытаньня „Апостала”. У залежнасьці ад слоў, якія часта паўтараюцца, ёсьць гэтак непарочныя і блажэнныя.

ё) Сымбалічныя дзеяньні і абрады

Праваслаўнай багаслужбе спадарожнічае мноства сымбалічных дзеяньняў і абрадаў, якія апрача вонкавай формы маюць глыбейшы, духоўны сэнс:

— Знак крыжа. Дзеля гэтага складаем тры пальцы правай рукі ў знак нашай веры ў Сьвятую Тройцу. Два астатнія пальцы сагнутыя да далоні азначаюць дзьве натуры ў Ісусе Хрысьце: Боскую і людзкую. Гэтак зложаныя пальцы кладзем на чало, на грудзі, на правае і на левае плячо. Знак крыжа — найкарацейшае вызнаньне і сымбаль хрысьціянскай веры. Дбайна і набожна роблены знак крыжа паказвае, што Крыж Хрыстовы блізкі нашаму сэрцу, што асьвячае наш розум, сэрца і сілы.

— Паклоны. У штодзённым жыцьці паклон азначае павагу, спадарожнічае просьбам і прывітаньням. У царкве таксама накіроўваем да Бога нашы просьбы, выказваем павагу і шанаваньне. Вось таму нашым пабожным пачуцьцям у натуральны спосаб спадарожнічаюць паклоны. Паклоны бываюць такія: схіленьне галавы, паклон да пояса, нізкі паклон да зямлі.

— Кленчаньне. Звычайна яно выказвае пачуцьцё віны, падпарадкаванасьць каму-небудзь і пакорную просьбу з пазыцыі слабейшага, нягоднага раўнапраўных зносін. Кленчаньне падкрэсьлівае нягоднасьць верніка, які ўсьведамляе свой грэх і таму кленчаньне практыкуецца перш за ўсё ў перыяд Вялікага Посту, калі вернікі праводзяць самааналіз і каюцца ў сваіх грахах.

— Сьвятарскае блаславенства. Гэта знак крыжа зроблены сьвятаром рукою або крыжам. Епіскап бласлаўляе апрача таго запаленымі сьвечкамі — дзікірыем і трыкірыем. Блаславенства зьяўляецца знакам пераказаньня Божай ласкі, выстараньня чалавеку Божага блаславенства. Сьвятар бласлаўляе ад імя Ісуса Хрыста і даручанай яму моцай Хрыста. Атрыманьню блаславенства спадарожнічае паклон як выява ўдзячнасьці за атрыманы дар або нават цалаваньне рукі сьвятара.

— Сьвечкі і аліўкавыя лямпачкі. Вядомыя ўжо ў Старым Запавеце шырока выкарыстоўваюцца ў праваслаўных багаслужбах. Сьвечкі паказваюць нашу палымяную любоў і гарачую веру ў Бога. Нагадваюць таксама сьвятло Божае і тое, якім азораныя сьвятыя. Запаленыя перад іконамі сьвечкі і лямпачкі, званыя таксама лампадамі, зьяўляюцца знакам асьвячэньня, якое дасягаецца пераймальніцтвам добрага прыкладу ад сьвятых, а таксама выказваюць нашу пашану Богу і Ягоным сьвятым. Бель воску сымбалізуе чысьціню нашых сэрцаў, а мяккасьць — хрысьціянскія цноты лагоднасьці і дабрыні.

— Каджэньне. Гэтае дзеяньне таксама вядомае было ўжо ў Старым Запавеце і практыкавалася падчас прынашэньня ахвяраў. Дым са спаленых духмяных рэчываў напамінае вернікам, што іхныя малітвы павінны быць шчырыя і быццам дым узносіцца да неба. Кадзільны дым сымбалізуе таксама Божую ласку і пастаянную яе прысутнасць сярод вернікаў. Каджэньне іконаў выказвае любоў да напісаных на іконах сьвятых, а каджэньне людзей — пашану для вобразу і падабенства Божага ў кожным чалавеку.

— Акрапленьне вадой. Асьвячаная пакліканьнем ласкі Сьвятога Духа вада зьяўляецца крыніцай Божай ласкі, якая перадаецца праз акрапленьне ёю або спажываньне. У Старым Запавеце вада была сымбалем духоўнага ачышчэньня, крыніцай асьвячэньня, аздараўленьня і несьмяротнасьці. Існуюць два рытуалы асьвячэньня вады: малое і вялікае асьвячэньне. Сьвячоная вада зь вялікай пашанай перахоўваецца вернікамі ў хатах і ўжываецца ў розных жыцьцёвых сытуацыях.

— Званы. Упершыню былі ўведзены на Захадзе ў 5-м стагодзьдзі, а на Ўсход прыйшлі ў 9-м стагодзьдзі з Вэнэцыі. Да таго часу ў праваслаўнай царкве іх заступалі білы — драўляныя або мэталёвыя дошкі, у якія ўдаралі малатком ці іншым прадметам. Званы склікаюць вернікаў на багаслужбы, гучаць падчас урачыстых момантаў, а тым, якія адсутнічаюць у царкве, напамінаюць пра Бога і абавязак малітвы. Званы абвяшчалі таксама нейкія важныя падзеі ў сьвецкім жыцьці грамады. Царкоўнае карыстаньне званамі мае дакладна акрэсьлены характар і зьяўляецца некаторым майстэрствам. Дабравест — гэта раўнамерны гук вялікага звана, які склікае вернікаў на багаслужбу. Трызвон або перазвон заключаецца ў аддзельных ударах у чарговыя званы, а потым ва ўсе разам. Званы звычайна завешваюцца на званіцах, будаваных аддзельна або спалучаных з будынкам царквы.

Месцы адпраўленьня багаслужбаў

Ужо ў Старым Запавеце малітвы да Бога і прынашэньне ахвяраў адбываліся ў месцах, дзе Бог аб’явіўся людзям, дзе выяўляў Сваю ласку або ў месцах, якіх прыгажосьць і таямнічасьць настройвалі да кантакту з Богам. Такім месцам была, напрыклад, гара Морыя, дзе Аўраам меў намер ахвяраваць Богу свайго сына Ізаака (Быцьцё. 22, 1-2) і дзе з часам быў пабудаваны храм. Пастаяннымі месцамі адпраўленьня багаслужбаў былі: Майсееў храм, храм Саламона, храм Зарававеля, Ірада, сынагогі і ў Новым Запавеце — хрысьціянскія храмы.

а) Храм Майсея

Першы старазапаветны храм, які ў значнай ступені паслужыў прыкладам для іншых, у тым ліку і для хрысьціянскіх храмаў. Пасьля вызваленьня зь егіпецкай няволі (1450 гадоў да нашай эры) яўрэі пабудавалі на пустыні пераносны, прыстасаваны да падарожжа храм (Выхад. 25, 26, 27 разьдзелы). Храм меў форму падоўжнага шасьціграньніка: 15 мэтраў даўжыні, 5 мэтраў вышыні і 5 мэтраў шырыні са сьценамі з пазалочанай драўніны. Унытры храм падзелены быў на дзьве часткі: сьвятое сьвятых і сьвятое месца. У гэтым пераносным храме знаходзіліся сьвятыя для яўрэяў прадметы. За першай заслонай, куды ўваходзіць маглі толькі сьвятары, знаходзіўся кадзільны алтар, стол для ахвярных хлябоў і падсьвечнік. За другой заслонай, у найсьвяцейшым месцы, куды раз у год мог увайсьці толькі архірэй, знаходзіўся каўчэг запавету, які меў форму скрыні памерамі 125 цэнтымэтраў даўжыні, 75 цэнтымэтраў шырыні і гэтулькі-ж вышыні. Каўчэг быў выкананы з пазалочанай драўніны і перахоўваліся ў ім скрыжалі зь дзесяцьцю запаветамі, жазло Аарона і пасуда з маннай. Каўчэг быў несены на чале шэсьця і падчас войнаў забясьпечваў перамогу. Пасьля ўваходу яўрэяў у Абяцаную Зямлю храм быў сьпярша пастаўлены ў Шылё. У часы Самуіла пераносны храм знаходзіўсяч ў Кірыят-Еарым. Калі Саламон пабудаваў свой ерусалімскі храм, Майсееў храм з усім сваім абсталяваньнем быў памешчаны ў ім. Канчаткова каўчэг быў захоплены і вывезены разам зь іншымі каштоўнымі прадметамі вавілонскім каралём Навухаданосарам у 604 годзе да нараджэньня Хрыста.

б) Храм Саламона

Неўзабаве пасьля пераняцьця ўлады сын цара Давіда — Саламон пачаў пабудову грандыёзнага храму на месцы ўказаным ягоным бацькам. Празь сем з паловай году, у 1004 годзе да нараджэньня Хрыста храм быў гатовы і ўрачыста пасьвячаны (1 Цар. 8 разьдзел). Сам храм меў 30 м даўжыні, 15 м вышыні і 10 м шырыні. Гэтак, як і Майсееў храм, будынак быў падзелены на дзьве часткі. Перад храмам знаходзіліся сенцы памерамі 10 м на 5 м, а вакол расьцягваліся панадворкі для мужчын, для жанчын і для паганцаў. Перад храмам знаходзіўся 5-мэтровы медны ахвярнік, на якім прыносіліся ў ахвяру жывёлы. Багата абсталяваны, грандыёзны ерусалімскі храм быў найсьвяцейшым для ўсіх яўрэяў у Палесціне і на ўсім сьвеце. У ім перахоўваўся каўчэг запавету. Шмат разоў апаганьваны і граблены храм канчаткова згарэў у 586 годзе да нараджэньня Хрыста.

в) Храм Зарававеля

Калі ў 536 годзе да нашай эры пэрсідзкі цар Кір дазволіў яўрэям вярнуцца на Бацькаўшчыну, яны адразу пачалі адбудоўваць ерусалімскі храм. Адбудаваны ў 516 годзе да нашай эры храм памерамі быў большы за папярэдні, аднак значна бяднейшы за яго. Перш за ўсё не было ў ім ужо каўчэгу запавету, які для яўрэяў быў заўсёды знакам Божай прысутнасьці. Заміж каўчэгу ў сьвятым святых быў вялікі камень. У 167 годзе да нашай эры сырыйцы аграбілі храм, а на ахвярніку паставілі статую паганскага ідала — Юпітара. Шэсьць гадоў пазьней, дзякуючы паўстаньню на чале з братамі Маккавеямі, храм быў адбудаваны і асьвячаны.

г) Храм Ірада

Папярэдні храм здаваўся занадта сьціплым амбітнаму, але жорсткаму Іраду. У 20 годзе да нараджэньня Хрыста ён пачаў яго павялічваць і ўпрыгожваць. На працягу васьмі гадоў былі выкананы асноўныя працы, аднак цэласьць была завершана толькі ў 64 годзе нашай эры. На панадворку храму Хрыстос прамаўляў да людзей і адтуль аднойчы прагнаў гандляроў (Лук. 19, 44). Прароцтва Хрыста аб зьнішчэньні храму і гораду зьдзейсьніліся ў 70 годзе нашай эры. Рымляне на чале зь Цітам крывава здушылі чарговае яўрэйскае паўстаньне, захапілі ўсе каштоўнасьці і дашчэнту разбурылі храм. Зараз на месцы славутага храму знаходзіцца мячэць Омара, а з папярэдняга храму засталася толькі частка сьцяны званая сьцяною плачу.

д) Сынагогі

Гэта былі малітоўныя дамы, якія паявіліся ў Палесціне каля 500 гадоў да нараджэньня Хрыста, пасьля вяртаньня яўрэяў з вавілонскай няволі. Згодна яўрэйскім звычаям, сынагога павінна была быць у кожнай мясцовасьці, дзе пражывала прынамсі дзесяцера яўрэяў. Сынагогі будавалі на падвышаным, бачынм месцы. Унутры знаходзіліся спецыяльная шафа, у якой перахоўвалася Сьвятое Пісаньне, кафедра і лаўкі. Багаслужбы адбываліся тры разы ў тыдзень: у суботу, панядзелак і чацьвер. Падчас багаслужбаў мужчыны і жанчыны сядзелі аддзельна. Кожны мужчына меў права гаварыць малітвы, чытаць і тлумачыць выбраныя фрагмэнты Сьвятога Пісаньня. Гэтым правам пакарыстаўся і Хрыстос (Лук. 4, 17), і апосталы, калі пашыралі ў сынагогах Евангельле (Дзеі. 13, 44). Багаслужбы ў сынагогах у значнай ступені паўплывалі на раньнехрысьціянскія багаслужбы.

е) Месцы адпраўленьня хрысьціянскіх багаслужбаў у першыя тры стагодзьдзі

Апосталы і першыя хрысьціяне маліліся на пачатку ў ерусалімскім храме і ў сынагогах. Калі іх пачалі прасьледаваць, яны зьбіраліся ў прыватных дамах. Першымі хрысьціянскімі храмамі былі спецыяльныя, выдзеленыя пакоі званыя ікасамі. Пераважна гэта былі падоўжныя залі з калёнамі, якія дзялілі памяшканьне на дзьве або на тры часткі. У часы найгоршых прасьледаваньняў хрысьціяне зьбіраліся ў недаступных, замаскіраваных месцах. У Рыме, Нэапалі, Александрыі, у Галіі, на Сыцыліі і ў шматлікіх іншых гарадах захаваліся да сёньняшняга дня падзямельныя, выкапаныя ў скале калідоры і залі, званыя катакомбамі. Звычайна яны служылі да хаваньня памерлых, аднак у гэтых месцах, якія шанавалі нават паганцы, хрысьціяне адносна бясьпечна зьбіраліся на малітвы і неаднойчы адпраўлялі Сьвятую Эўхарыстыю непасрэдна на магіле мучаніка. Катакомбныя залі, званыя ў залежнасьці ад сваіх памераў кубікулямі, крыптамі або каэлямі, маглі аднаразова памясьціць ад пару дзесяткаў да ста пяцідзесяці асобаў.

Незалежна ад гэтага ўжо ў першыя тры стагодзьдзі, у перыяды меншых прасьледаваньняў, хрысьціяне будавалі наземныя храмы. Найчасьцей мелі яны форму падоўжанага прамавугольніка зь некалькімі шэрагамі калёнаў уздоўж. Гэтыя будынкі званыя базылікамі бралі прыклад з каралеўскіх і публічных памяшканьняў. Такі тып храму распаўсюджаны быў аж да 4?га стагодзьдзя.

ё) Стылі хрысьціянскіх храмаў

Пачынаючы ад 4-га стагодзьдзя базылікі ўступілі месца візантыйскаму стылю. Ён характарызаваўся тым, што храмы будаваліся на пляне крыжа, кола, квадрату або прамавугольніка і ўвенчваліся скляпеньнеми у форме сплюшчанага купалу. Храмы гэтага тыпу былі будаваны да самога падзеньня Візантыі ў палове 15-га стагодзьдзя.

На Захадзе ў 10—13?м стагодзьдзях сфармаваўся іншы стыль званы раманскім. Храмы гэтага тыпу мелі форму падоўжанага прамавугольніка, абложанага з двух бакоў двума ніжэйшымі і вузейшымі прамавугольнікамі. Цэласьць перарэзана была папярэчным прамавугольнікам, закончаным паўкруглым месцам на алтар, што разам давала форму падоўжанага крыжа. Скляпеньне было паўкруглае і лагодна сплюшчанае.

Напрыканцы сярэдневякоўя, раманскі стыль здамінаваў гатычны, званы стральчатым стылем. Ён характарызаваўся тым, што храмы мелі сьпічастыя вокны і скляпеньні ды высокія, востраканцовыя вежы. Готыка ўзбуджала ў чалавеку пачуцьцё сваёй нікчэмнасьці ў параўнаньні з магутнасьцяй Бога.

У 15-м стагодзьдзі паявіўся рэнэсансавы стыль. Сьпярша ў Італіі, потым у іншых каталіцкіх храмах пачалі ўжывацца элемэнты старажытнай архітэктуры. Скляпеньні ў іх мелі паўкруглы кшталт, унутры было мноства калёнаў з расьліннымі арнамэнтамі і скульптураў. Якраз скульптуры найболей адрозьніваюць гэты стыль ад папярэдніх і — асабліва — ад праваслаўных храмаў.

Зьнешні выгляд праваслаўных храмаў

Праваслаўныя храмы на цэлым свеце будуюцца паводле акрэсьленай схемы. Зьнешні выгляд ніколі не бывае выпадковым і заўсёды адпавядае прызначэньню будынку. Не зважаючы на некаторыя другарадныя розьніцы ў выглядзе цэркваў у розныя перыяды гісторыі і ў розных краінах, сымбалічны сэнс іх заўсёды спасылаецца на веру і навуку праваслаўную. Перш за ўсё праваслаўныя храмы зьвернуты алтаром на ўсход. Паколькі з усходу прыходзіць сонечнае сьвятло і жыцьцядайнае цяпло, гэтак і вернікі з алтара артымоўваюць настаўленьні і ўмацоўваюцца ў волі рабіць дабро. На ўсходзе знаходзіўся таксама рай і адтуль прыйшло збаўленьне. Сам Ісус Хрыстос быў названы Сонцам Праўды, якое расьсьветліць цемру зла і грэху (Ісаія. 53, 11), таму да Хрыста неабходна заўсёды зьвяртацца як да крыніцы жыцьця і сьвятла.

У Праваслаўі асабліва пашыраны храмы, якія сваёй формай нагадваюць карабель. Такім чынам выказваецца думка, што Царква зьяўляецца своеасаблівым караблём, на якім упэўнена можна пераплысьці поўнае небясьпекаў жыцьцё, падобнае на ўсхваляванае мора, і дасягнуць зацішнай прыстані — Царства Нябеснага. Будаваныя на пляне крыжа храмы ўказваюць на Крыж Хрыстовы, знак перамогі над грахом і сьмерцяй ды аснову нашай веры. Форма кругу сымбалізуе бясконцасьць і вечнасьць існаваньня Праваслаўнай Царквы. Ад найдаўнейшых часоў праваслаўныя храмы ўвенчваюцца пляскатымі або цыбулепадобнымі купаламі. Яны сымбалізуюць небасхіл, сьвет анёлаў і сьвятых, да якіх вернікі павінны зьвяртацца ў сваіх думках, таму што „іхная Айчына ў небе”. Купалы ў кшталце цыбуляў падобныя яшчэ на агонь сьвечак і сымбалізуюць таксама палымянасьць малітваў ды імкненьне ўгору, да Бога. Сымбалічнае значэньне мае таксама колькасьць купалаў. Адзін азначае адзінага Бога, два купалы сымбалізуюць боскую і чалавечую натуру Хрыста, тры — азначаюць Сьвятую Тройцу, а пяць — Ісуса Хрыста і чатырох евангелістаў, сем — сымбалізуюць сем таінстваў, дзевяць — столькі-ж анёльскіх чынаў, а трынаццаць — Хрыста і 12 апосталаў.

Праваслаўныя храмы ўвенчвае заўсёды крыж. Гэта азначае, што ўсе храмы служаць славе расьпятага Хрыста, а яго перакладзіны абымаюць увесь сьвет. Трое ўваходных дзьвярэй таксама ўказваюць на Сьвятую Тройцу. Праваслаўныя храмы пераважна акружае плошча, у царкоўнаславянскай мове званая пагостам, і паркан або мур. Гэта мае ня толькі практычнае значэньне, але аддзяляе храм як сьвятое ад звычайнага навакольля, Божы дом ад сьвецкай прасторы.

Унутраны выгляд праваслаўных храмаў

Праваслаўныя храмы, гэтак як і старазаконныя, дзеляцца на тры часткі: сенцы, сярэднюю частку і алтар.

Сенцы — па-царкоўнаславянску: прытвор, гэта заходняя, пераважна аддзеленая частка храму. Гэтак як у яўрэйскіх храмах панадворак для паганцаў, так сенцы прызначаліся для неахрышчаных і тых, хто часова за нейкія грахі быў адлучаны ад грамады вернікаў або адбываў пакаяньне. Такім чынам аддзяляецца тых, якія пакуль што не належаць да хрысьціянскай грамады або часова нягодны разам зь іншымі прыступаць да Сьвятога Прычасьця. Аднак неахрышчаныя або грэшнікі ня цалкам адпраўляюцца з храму. Іхнае месца не па?за храмам, але і ня разам зь вернікамі. Дзякуючы пакаяньню, малітве і хадайніцтву паўнапраўных членаў грамады яны могуць ізноў атрымаць страчаныя правы. Сенцы ў храме могуць быць падоўжаныя гэтак званай паперцяй. У старажытнасьці там стаялі тыя, якія моцна зграшылі. Іх называлі плачучымі таму, што адзетыя ў мешкавіны, на каленях і з плачам прасілі вернікаў памаліцца за іх. Апрача іх на паперці маглі прабываць ерэтыкі і паганцы.

Галоўны неф — сярэдняя частка храму. Адпавядае яна таму месцу ў старазапаветным храме, якое называлася сьвятым месцам і было аддзелена заслонай ад галоўнай часткі, дзе сьвятары выконвалі абрад каджэньня. У Новым Запавеце ў храм могуць уваходзіць усе вернікі, асьвечаныя сьвятлом Хрыстовай веры і ахрышчаныя. Сярэдння частка храму мае некалькі характэрных элемэнтаў; гэта іканастас, салея і клірасы.

Іканастас — гэта сьцяна зь іконамі, якая аддзяляе сярэднюю частку храму ад алтара. У старажытнасьці іканастас меў выгляд невысокага, абвешанага іконамі бар’еру, які з часам ператварыўся ў даволі высокую сьцяну. Іканастас мае трое дзьвярэй. Сярэднія называюцца царскімі варотамі таму, што празь іх выносіцца Цар Славы ў выглядзе Сьвятых Дароў — Цела і Крыві Хрыстовых. На царскіх варотах зьмяшчаецца ікона Дабравешчаньня як падзеі, якая прадказвала і запачаткавала збаўленьне. Апрача таго на царскіх варотах знаходзяцца іконы чатырох евангелістаў. Бакавыя дзьверы, паўночныя і паўднёвыя, называюцца дыяканскімі і ўпрыгожаны іконамі архангела і аднаго зь сямі першых дыяканаў, найчасьцей сьв. Сьцяпана. У залежнасьці ад традыцыі іканастас можа мець ад аднаго да пяці шэрагаў, па-царкоўнаславянску званых ярусамі. У першым шэрагу, направа ад царскіх варотаў, знаходзяцца ікона Збавіцеля, дыяканскія дзьверы, ікона патрона храму або парафіяльнага сьвята. Налева ад галоўных дзьвярэй зьмяшчаецца ікона Божай Маці, другія дыяканскія дзьверы і ікона асабліва шанаванага сьвятога. У другім шэрагу, пасярэдзіне, знаходзяцца ікона Тайнай Вячэры, а паабапал яе — іконы дванаццаці вялікіх сьвятаў. У трэцім шэрагу знаходзіцца гэтак званы Дэісус — ікона Хрыста на троне ў акружэньні Божай Маці, сьв. Яана Хрысьціцеля і дванаццаці апосталаў. У чацьвёртым шэрагу знаходзіцца ікона Божай Маці зь Дзіцяткам, а па яе баках — іконы старазапаветных прарокаў. У найвышэйшым, пятым шэрагу, зьмяшчаецца ікона Сьвятой Тройцы або Ўваскрэсеньня Хрыстовага, а па баках — іконы новазапаветных сьвятых. На самым версе іканастасу знаходзіцца крыж, а па баках — скрыжалі зь дзесяцьцю запаведзямі, жазло Аарона і пасуда з маннай.

Іканастас сымбалізуе анёльскі сьвет. Ён напамінае вернікам, што сьвятыя хадайнічаюць за іх перад Богам і тое, якім падзеям вернікі заўдзячваюць адкупленьне, прымірэньне з Богам і збаўленьне.

Салея — гэта падвышанае месца паміж іканастасам і сярэдняй часткай храму. Часам яна аддзелена ад месца, дзе стаяць вернікі, бар’ерам. Цэнтральная частка салеі, неаднойчы ў выглядзе паўкруглага выступу, называецца амвонам або амбонай, ад грэцкага слова анабэо, што значыць: узыходжу, падымаюся. З гэтага месца сьвятар раздае вернікам Сьвятое Прычасьце і прамаўляе да вернікаў. Бакавыя часткі салеі называюцца клірасамі і служаць месцам духавенству, якое якраз не адпраўляе багаслужбы. Часам клірасамі карыстаюцца царкоўныя псаломшчыкі і хор, калі няма для іх спецыяльнага месца над уваходам у храм. Назоў клірас у грэцкай мове значыць: лёс і ўказвае на старажытны звычай прызываньня выбраных людзей на службу Богу.

Большасьць праваслаўных храмаў мае над уваходам, насупраць іканастасу, спецыяльнае месца для хору, адкуль царкоўныя сьпевы гучаць шмат прыгажэй і больш урачыста. Кожны храм мае таксама сталыя элемэнты абсталяваньня. Да іх належаць харугвы — свайго роду царкоўныя сьцягі, палатняныя або мэталёвыя і ўжываныя падчас розных шэсьцяў. Апрача таго ў кожным храме знаходзяцца падсьвечнікі, якія пераважна разьмяшчаюцца перад іконамі. Апрача натуральнага асьвятленьня, у храмах вешаюцца жырандолі, якія па-царкоўнаславянску называюцца панікадзіламі. Для чытаньня або для ікон служаць аналоі, пюпітры падобныя да тых, якімі карыстаюцца дырыжоры і прамоўцы. У храмах, дзе багаслужбы адпраўляе архірэй, пасярэдзіне цэнтральнай часткі ставіцца г.зв. катэдру, падвышанае месца, на якім сядзіць або стаіць епіскап.

Алтар — галоўная частка кожнага храму. Назоў узяты ад лацінскага слова альтаарэ і азначае ахвярны стол. Алтар адпавядае сьвятому сьвятых у ерусалімскім храме, куды адзін раз у год мог уваходзіць толькі архісьвятар. Алтар зьяўляецца крыніцай асьвячэньня астатніх частак храму. Ён сымбалізуе неба на зямлі, сядзібу Бога і месца, дзе на троне засядае ў акружэньні апосталаў Сам Хрыстос. У алтар могуць уваходзіць толькі сьвятары і асобы мужчынскага полу, якія дапамагаюць сьвятарам падчас багаслужбы. Забарона ўваходу ў алтар жанчынам ня мае нічога супольнага зь іх дыскрымінацыяй. Гэта проста месца для сьвятароў, якімі згодна апостальскай традыцыі і праваслаўным канонам могуць быць толькі мужчыны. У алтары знаходзяцца тры сталыя элемэнты: прастол, ахвярнік і горнае месца.

— Прастол або Божы трон — гэта галоўная частка і найсьвяцейшае месца ў храме. На ім прабывае ў Сьвятых Дарах Сам Ісус Хрыстос, Агнец і Адкупіцель сьвету. Прастол сымбалізуе акружаны херувімамі і серафімамі трон Божы (Ісаія. 6, 1-3) і зямныя ахвярныя сталы: Галгофу, Гроб Гасподні, Вячэрнік. Належаць да іх таксама іншыя сьвятыя месцы, дзе Бог выявіў сваю Славу: Сынай, Фавор і Аліўная Гара. У сувязі з тым, што першыя хрысьціяне часта адпраўлялі багаслужбы на магілах пакутнікаў, на прастолах памяшчаюцца сьвятыя мошчы. Прастол як сымбаль Гробу Гасподняга пакрываецца белым кілімам, які напамінае пакрывала, у якое было завернута цела Хрыста. Для напаміну вернікам Боскай Славы Хрыста, саван на прастоле накрываецца яшчэ бліскучай рызай, якая напамінае вопратку Ісуса падчас Праабражэньня. На верх кладзецца яшчэ адно меншае пакрывала, якое сымбалізуе павязку на галаве Хрыста — судар. Сьвяты прастол неабходны для адпраўленьня Сьвятога Таінства Эўхарыстыі — Прычасьця. Асьвячае прастол толькі епіскап і бяз гэтага храм не зьяўляецца ў поўным значэньні храмам. Прастолаў можа быць у храме некалькі, калі ёсьць у ім некалькі бакавых алтароў. Прастол заўсёды карыстаецца вялікай пашанай і дакранацца да яго могуць толькі сьвятары.

— Ахвярнік — гэтак як і прастол мае выгляд куба і прыкрыты такімі-ж пакрываламі. Ахвярнік памяшчаецца зь левага боку алтара і напамінае віфлеемскія Ясьлі і Галгофу. На ахвярніку падрыхтоўваюцца спецыяльныя ахвярныя хлябы і віно для Сьвятой Эўхарыстыі.

— Горнае месца — падвышанае месца для епіскапа, паабапал якога знаходзяцца месцы для сьвятароў. У некаторыя моманты багаслужбы яны займаюць там седзячыя месцы.

Пасуда і іншыя прадметы, ужываныя падчас багаслужбы

Зьвязаныя з багаслужбамі дзеяньні і абрады патрабуюць ужываньня адпаведных дзеля гэтага прадметаў. Разам з разьвіцьцём і ўзбагачэньнем багаслужбаў мяняліся, прынамсі адносна выгляду, посуд і прылады.

— Чаша або поцір — гэта келіх, назоў якога паходзіць ад лацінскага слова калікс, што азначае любую пасуду для піцьця. Чаша служыць для Сьвятога Прычасьця. У старажытныя часы чашы мелі розныя формы, а келіх для Прычасьця вернікаў меў дзьве ручкі для нашэньня. З практычных і эстэтычных меркаваньняў чаша выконваецца з мэталю, пакрытага, каб не ржавела, серабром або золатам. Часта чашы ўпрыгожваюцца арнамэнтамі і малымі іконкамі з выявамі Хрыста, Божай Маці, Яана Хрысьціцеля і чатырох евангелістаў.

— Дзіскас. Гэты назоў у грэцкай мове азначае пасуду падобную на талерку і такі выгляд, невялікай талеркі на ножцы, мае дзіскас. Ён сымбалізуе віфлеемскія Ясьлі і Гроб Гасподні. На ім кладуцца эўхарыстычны хлеб званы Агнцам і часткі ахвярных хлябоў-просфараў за жывых і памерлых. Дзіскас зьяўляецца выявай аб’яднаньня ўсіх вернікаў з Хрыстом.

— Зьвязьдзіца (па-царкоўнаславянску: зорка) — гэта два мэталёвыя каблукі, якія ставяцца над эўхарыстычным хлебам — Агнцам. Яна сымбалізуе віфлеемскую зорку, якая затрымалася над месцам народзін Ісуса Хрыста. У практычным сэнсе зьвязьдзіца падтрымоўвае невялікі чахол, якім накрываецца дзіскас.

— Пакраўцы і ваздух — гэта тры невялікія пакрывалы. Пакраўцы маюць форму крыжа зь цьвёрдай сярэдзінай. Адным зь іх накырваецца дзіскас, а другім — чашу. Пакраўцы сымбалізуюць анёлаў, якія акружаюць нябесны трон Бога. Ваздух служыць для прыкрываньня агулам чашы і дзіскаса і сымбалізуе пакрывала, у якое завернуты быў Хрыстос пасьля свайго нараджэньня і пахаваньня.

— Кап’ё — гэта трохвугольны нож з ручкай закончанай крыжыкам. Кап’ё служыць для рэзаньня эўхарыстычных хлябоў — просфараў. Кап’ём вымаюцца таксама з просфараў маленькія часткі за жывых і памерлых. Яно сымбалізуе кап’ё, якім адзін з рымскіх жаўнераў прабіў бок расьпятага Хрыста (Яан. 19, 34).

— Лыжка (па-царкоўнаславянску: лжыца) — служыць для падаваньня вернікам Сьвятога Прычасьця. У першыя тры стагодзьдзі хрысьціянства яна не ўжывалася, а вернікі атрымоўвалі Сьвятое Прычасьце непасрэдна з рук сьвятара. Упершыню пачаў ужываць лжыцу сьв. Яан Залатавусны ў 4-м стагодзьдзі. Лацінскі назоў лязіс у сапраўднасьці азначае клешчы. Такімі клешчамі ў Кнізе прарока Ісаіі адзін з сэрафімаў узяў тлеючы вугаль з алтара Божага і ачысьціў ім вусны прарока (Іс. 6, 2-6). Гэтак-жа Сьвятыя Дары — Цела і Кроў Гасподнія ачышчаюць з грахоў і ўмацоўваюць духоўныя сілы.

Усе згаданыя прадметы служаць для адпраўленьня Сьвятой Эўхарыстыі і называюцца эўхарыстычнымі прыладамі. На пачатку багаслужбы яны знаходзяцца на ахвярніку і потым вяртаюцца туды. Незалежна ад іх сваё абсталяваньне мае таксама прастол. Да яго належаць:

— Антымінс (па-грэцку: заміж ахвярнага стала) — гэта аксамітная або палатняная хуста з выявай палажэньня Хрыста ў магілу. Паколькі першыя хрысьціяне часта адпраўлялі багаслужбы на магілах пакутнікаў, антымінс мае ўшытыя сьвятыя мошчы. Без антымінсу нельга адпраўляць Сьвятой Эўхарыстыі. Ён зьяўляецца вялікай сьвятасьцю, а асьвячае антымінс з прызначэньнем для канкрэтнага храму толькі епіскап. Антымінс раскладаецца на прастоле і завінаецца ў гэтак званы ілітон, які сымбалізуе судар — павязку на галаве Хрыста. На антымінсе ляжыць губка, якая служыць для зьмятаньня частак эўхарыстычнага хлеба ў чашу. Яна сымбалізуе тую губку, якую з жоўцяй і воцатам падалі расьпятаму Хрысту (Мацьв. 27, 48; Марк. 15, 36; Яан. 19, 29).

— Евангельле — гэта найсьвяцейшая і галоўная кніга ўсяго хрысьціянства. Яно заўсёды ляжыць на зложаным антымінсе на прастоле. Найчасьцей Евангельле мае мэталёвыя, цьвёрдыя вокладкі з выявамі Ўваскрэсеньня Гасподняга, іконкамі чатырох евангелістаў і арнамэнтамі.

— Дарахраніцельніца — прадмет для перахоўваньня Сьвятых Дароў — Цела і Крыві Хрыстовых, прызначаных пераважна для хворых. У царкоўнаславянскай мове дарахраніцельніца называецца каўчэгам і сымбалізуе раней згаданы каўчэг са сьвятымі для яўрэяў прадметамі. Звычайна дарахраніцельніца памяшчаецца ў мініяцюрным храме, званым Сыёнам, які сымбалізуе Гроб Гасподні. Часам заміж маленькага храму бывае вежа — сымбаль сілы.

— Дараносіца — невялічкая шкатулка зь мініяцюрнай чашай, лыжачкай, губкай і пасудзінай на Сьвятыя Дары. Яна служыць для прынашэньня Сьвятых Дароў цяжка хворым, якія самі ня могуць прыйсьці ў царкву. Накіроўваючыся да хворага, сьвятар зь вялікай пашанай вымае Сьвятыя Дары з дарахраніцельніцы і ў павешанай на грудзях дараносіцы нясе іх да хворага. Дараносіца бывае ўпрыгожаная іконкамі і знаходзіцца на Сьвятым Прастоле.

— Сьвяты Крыж — сымбаль нашага збаўленьня. Прылада ганебнай у паганцаў сьмерці была асьвячана сьмерцяй Ісуса Хрыста. Ужо ў 2-м стагодзьдзі хрысьціян называлі шанавальнікамі крыжа. У раньнехрысьціянскія часы крыж паказвалі найчасьцей у сымбалічнай форме. У 4-м стагодзьдзі крыжамі пачалі ўпрыгожваць і зьвенчваць храмы. Выявы расьпятага Хрыста ўпершыню пачалі паяўляцца ў 5-м стагодзьдзі. Праваслаўныя вернікі перакананы, што кожны набожна зроблены знак крыжа, кожны крыж выкананы зь любога матэрыялу мае ў сабе моц і ласку расьпятага Хрыста. Знак сьмерці ператварыўся ў знак жыцьця, які спадарпожнічае вернікам ад іхнага нараджэньня да апошніх дзён на зямлі, і нават пасьля скону прадвяшчае ўваскрэсеньне паводле Хрыстовага прыкладу. Крыжы на прастоле і наагул ужываныя ў царкве служаць для блаславенства. Бываюць таксама крыжы большых памераў, якія ўжываюцца падчас урачыстых шэсьцяў.

— Сямігаловы падсьвечнік — у Старым Запавеце быў сымбалем самога Бога-Сьветласьці Ізраіля (Выхад. 10, 17). У храме Саламона стаяла дзесяць гэтакіх падсьвечнікаў. Кожны вечар іх запальвалі і далівалі сьвежы алей з алівак (Лев. 24, 2). Падсьвечнікі ўжываліся ў старажытныя часы як неабходны прадмет у кожнай хаце. Сьвятло ад падсьвечніка было сымбалем жыцьця і шчасьця (Пс. 131, 17), а адсутнасьць яго — знакам няшчасьця і спусташэньня (Іаў. 18, 5). Сама лічба таксама лічылася сьвятою і сымбалізавала саюз паміж Богам і людзьмі. Хрысьціяне дадаткова лічаць сем лямпак у сямігаловым падсьвечніку сымбалем сямі Дароў Сьвятога Духа. У праваслаўных храмах сямігаловыя падсьвечнікі звычайна ставяцца непасрэдна за Сьвятым Прастолам.

— Кадзільніца — пасуда ў выглядзе невялікай вазы з падвешанай на ланцужках накрыўкай, якая служыць для каджэньня падчас багаслужбаў. У кадзільніцу кладзецца тлеючы вугалёк і сыплецца гэтак званы ладан — сумесь пахучых жывіцаў, спецыяльна дзеля гэтага зрыхтаваных. Кадзільніцы вядомы былі ўжо ў Старым Запавеце. Раньнехрысьціянскія кадзільніцы мелі крыху іншы выгляд, а ў цяперашняй форме пачалі ўжывацца ад 12-га стагодзьдзя.

— Рыпіды — мэталёвыя крышкі, асаджаны на доўгіх ручках, з выявай шасьцікрылых херувімаў. Спачатку іх выконвалі зь пёраў паўлінаў, перагаміну або палатна па ўзору ўжываных на Ўсходзе веераў. Часам мелі яны форму зоркі, квадрату або іншы кшталт і служылі для аховы Сьвятых Дароў ад насякомых і пылу. Рыпіды сымбалізуюць анёлаў, якія акружаюць трон Божы і нябачна ўдзельнічаюць у багаслужбе. Новавысьвячанаму дыякану даецца ў рукі рыпіду, ён абмахвае ёю над Сьвятымі Дарамі ў знак веяньня Сьвятога Духа. Зараз рыпіды ўжываюцца ў праваслаўнай царкве пераважна падчас багаслужбаў, якія адпраўляе епіскап.

Незалежна ад вышэйзгаданых ёсьць таксама прадметы, якія ўжываюцца падчас выконваньня таінстваў і абрадаў. Да іх належаць:

— Хрысьцільня, якой назоў паходзіць ад грэцкага слова баптызмо — хрышчу, і часам называецца баптыстэрыяй. У старажытнай Царкве хрышчэньне выконвалася ўсюды, дзе была вада (параўнай: Дзеі. 8, 38), а таксама ў спецыяльных хрысьцільнях. Наагул гэта былі значных памераў басэйны ўнутры храмаў. Зараз хрысьцільні ўжываюцца толькі для хрышчэньня немаўлятак і маюць выгляд вялікай чашы.

— Хрысьцільная шкатулка — пасудзіна для ўжываных падчас таінства Сьвятога Хрышчэньня прадметаў. У ёй знаходзяцца бутэлечкі са Сьвятым Алеем і Сьвятым Мірам, два пэндзлікі для іх, ножнічкі для стрыжэньня валасоў і губка для выціраньня цела. Шкатулка можа быць драўляная або мэталёвая і звычайна бывае ўпрыгожана арнамэнтамі або біблейскімі сюжэтамі.

— Шлюбныя вянкі. У старажытнасьці вянкі выпляталі з кветак або выконвалі з мэталю і каштоўных камянёў. Зараз ужываюцца пераважна мэталёвыя вянкі, падобныя на каралеўскія кароны, з выявамі Ісуса Хрыста і Божай Маці ды крыжом на версе. Ад вянцоў царкоўны шлюб называецца вянчаньнем.

— Дзікірый і трыкірый — падсьвечнікі, якія ўжываюцца для блаславенства вернікаў. Дзікірый — падсьвечнік з дзьвюма сьвечкамі, сымбалізуе Боскую і людзкую натуру ў Хрысьце. Трыкірый — указвае на Сьвятую Тройцу. Падсьвечнікі гэтыя былі ўведзены ў першыя стагодзьдзі хрысьціянства і да сёньня ўжываюцца падчас урачыстых багаслужбаў з удзелам епіскапа.

— Тэтрапот — або пасуда для бласлаўленьня хлябоў. Яна мае выгляд талеркі на ножцы, на якую кладуць пяць хлябоў. Апрача таго яна мае замацаваныя дзьве невялікія пасудзіны на віно, алей і пшаніцу ды месца на тры сьвечкі. Тэтрапот ужываецца для асьвячэньня хлябоў, пшаніцы і алею падчас спецыяльнай часткі вячэрняй багаслужбы званай ліціёй. Гэты абрад быў устаноўлены ў памяць насычэньня Хрыстом пяцьцю хлябамі пяці тысяч людзей і выказвае думку, што Хрыстос памнажае чалавеку ўсе неабходныя для яго дары.

— Стол для жалобных багаслужбаў. У царкоўнаславянскай мове называецца ён кануньнікам. Гэта стол з выявай укрыжаваньня Хрыста, з падстаўкамі для сьвечак і пасудай на гэтак званае коліва — страву з варанай кашы, якую рыхтуюць спецыяльна ў памяць аб памерлых. Пры гэтым стале пераважна адпраўляюцца паніхіды — багаслужбы за памерлых. Кануньнікаў ужываюць ад раньнехрысьціянскіх часоў да сёньня.

— Крапіла і пасуда на сьвячоную ваду. У сувязі з паўсюдным ужываньнем сьвятой вады гэтыя прылады служаць пры ўсякіх сьвячэньнях. Крапіла мае выгляд вялікага пэндзля, а пасуда на ваду — форму вазы.

Сьвятыя іконы і царкоўнае мастацтва

Ікона — грэцкае слова, якое азначае абраз, адлюстраваньне і якім акрэсьліваюцца выявы Збавіцеля, Божай Маці, сьвятых, анёлаў або біблейскіх падзеяў. У Старым Запавеце іконы ў цяперашнім выглядзе не былі вядомыя. Яўрэяў, заўсёды схільных да ідалапаклонства, стагодзьдзямі абавязвала забарона рабіць якія-небудзь абразы. „Сьцеражыцеся, паколькі вы ня бачылі ніякага абраза таго дня, калі гаварыў да вас Госпад у Харыве спаміж агня, каб не зрабілі сабе балвана... на падабенства мужчыны, жанчыны... жывёлы, птушкі або рыбы” (Другапраўе. 4, 15-18). Не зважаючы на гэты непасрэдны загад самога Бога, Каўчэг Запавету быў упрыгожаны разьбамі двух херувімаў, якія былі таксама вышыты на заслоне ў сьвятым сьвятых і ў ерусалімскім храме. Згадаць таксама трэба было-б меднага вужа, які быў сымбалем расьпятага Збавіцеля.

Хрысьціяне ад пачатку разумелі, што старазапаветная забарона рабіць якія-небудзь абразы толькі тымчасовая. Яна мела сэнс тады, калі Бог заставаўся нябачным. Аднак, калі Бог зьявіўся ў целе, жыў, вучыў, рабіў цуды і быў бачны, ранейшая забарона не магла ўжо абавязваць. Сам Хрыстос даказаў гэта, пасылаючы хвораму каралю Аўгару сваю выяву на хустцы, званай цяпер нерукаствораным абразом. Згодна традыцыі, яшчэ пры жыцьці Божай Маці сьвяты евангеліст Лука намаляваў многа ікон зь ейнай выявай. Апрача Ісуса Хрыста і Божай Маці хрысьціяне паступова пачалі адлюстроўваць на іконах сьвятых, а абразы сталі карыстацца вялікай пашанай. Аднак, незалежна ад самога культу ікон, спосаб іх выконваньня на працягу стагодзьдзяў ня быў аднолькавы.

— Сымбалічнае мастацтва. У першыя стагодзьдзі хрысьціянства царкоўнае мастацтва мела пераважна сымбалічны характар. У катакомбах былі знойдзены выявы голуба — сымбалю Сьвятога Духа, хрысьціянскай нявіннасьці і лагоднасьці. Захаваліся таксама абразы на тэмы евангельскіх прытчаў: пра сейбіта (Мацьв. 13, 18-23), пра дзесяць дзевак (Мацьв. 25, 1-13), пра вінаградны куст (Яан. 15, 1-8), пра Добрага Пастыра (Яан. 10, 1-18). Першыя сьвятыя іконы мелі сымбалічны характар ня толькі з прычыны прасьледаваньняў. Жывая памяць пра асобы і падзеі разам з гарачай верай спрычыняліся да таго, што сымбалі былі для хрысьціян агульназразумелыя і ясныя.

— Візантыйскае мастацтва. З часам іканаграфічны стыль зьмяніўся. Да 4-га стагодзьдзя, апрача згаданага сымбалічнага стылю, пашыраны быў гэтак званы антычны стыль, які характарызаваўся дбайнасьцяй пра анатамічныя прапорцыі ў адпаведнасьці са старажытнымі статуямі. Гэты стыль перайшоў з часам у г.зв. візантыйскі, які імкнуўся перш за ўсё перадаць духоўны зьмест адлюстраваных на іконах асобаў і падзеяў. Фігуры сьвятых былі поўныя годнасьці, падоўжаныя і строгія. Шырока выкарыстоўвалася тэхніка мазаікі, значыць, ікону не малявалі, але рабілі з рознакаляровых кавалкаў шкла, каменьчыкаў або мармуру. Паралельна да гэтай тэхнікі выконваліся фрэскі — іконы маляваныя на мокрым тынку. Росквіт візантыйскай іканаграфіі меў месца ў 6—7-м стагодзьдзях. Прыпыніў яго на некаторы час іканаборчы рух, якому паддалася нават частка царкоўнай ерархіі. Менавіта ў 726 і 730 гадах імпэратар выдаў указы, якія забаранялі культ іконаў. Пабожны народ супрацівіўся загадам, а сьв. Яан Дамаскін і сьв. Фёдар Студыйскі сфармавалі праваслаўную навуку пра сьвятыя іконы і вытлумачылі сэнс шанаваньня іх. У 787 годзе ў Нікеі быў скліканы сабор, які асудзіў іканаборства і падняў да рангу догмату навуку пра шанаваньне іконаў. Пасьля перыяду застою ў 10—11-м стагодзьдзях, візантыйская іканаграфія зноў была паднята на вяршыні майстэрства непасрэдна перад канчатковым падзеньнем Візантыі ў 1453 годзе. Гэты перыяд росквіту візантыйскай іканаграфіі акрэсьліваецца рэнэсансам Палеалогаў. Іконы таго часу набылі новыя рысы, адлюстроўвалі настроі тагачасных людзей, іхныя хваляваньні і турботы. Зьявілася невядомая дагэтуль манера паказваць фігуры з профілю, ззаду або ў натуральных позах. Акрэсьленыя, аднак, былі рамкі, па?за якія царкоўнае мастацтва не павінна выходзіць, калі мае выконваць сваё заданьне.

— Іканаграфія ў славянскіх краінах. Усходнія славяне прынялі хрысьціянства зь Візантыі, гэтак як і раней паўднёвыя славяне. Разам з духавенствам, літаратурай і архітэктурай на новы грунт былі перанесены таксама іканаграфічныя ўзоры. У першых славянскіх храмах памяшчаліся іконы прывезеныя з Грэцыі. У 11-м стагодзьдзі, неўзабаве пасьля прыняцьця хрысьціянства нашымі продкамі, грэцкія мастакі пачалі вучыць мясцовых мастакоў, пераважна манахаў, іканаграфічнага майстэрства. Першым самастойным іканапісцам лічыцца сьв. Аліпій (памёр у 1114 годзе).

Што тычыцца беларускай іконы, дык самабытная беларуская школа іканаграфіі ўзьнікла ў 16-м стагодзьдзі. Адметнай рысай яе быў моцны ўплыў фальклёру і народнага мастацтва, што выявілася ў простанародным тыпажы і этнаграфічных элемэнтах. Уплыў народнага, гераічнага эпасу адчувальны ў творах „Цуд Юрыя” і „Сьвяты Ануфры ў пустыні” зь Берасьцейшчыны, „Арханёл Гаўрыіл” зь Віцебшчыны. Рысы бытавых сцэнаў набылі сюжэты на тэмы нараджэньня Божай Маці ды Ісуса Хрыста, пакланеньня вешчуноў, уваскрэсеньня, сашэсьця ў пекла, усьпеньня, дабравешчаньня і іншыя. Асабліва пашыраны на Беларусі былі сюжэты прысьвечаныя Божай Маці (Адзігітрыя, Замілаваньне), і на евангельскія тэмы (жыцьцё і дзеяньні Хрыста і апосталаў). Тыповым прыкладам зьяўляецца „Нараджэньне Божай Маці” Пётра Яўсеевіча з Галынца (1649 г.), „Маці Божая Супрасьльская” (канец 17-га ст.), „Хрыстос Уседзяржыцель” (канец 17-га ст.), „Уваскрэсеньне-сашэсьце ў пекла” (сярэдзіна 17-га ст.), „Дэісус” напісаны Васілём Маркіянавічам (1758 г.) і іншыя. Для канца 18-га стагодзьдзя характэрна маляваньне іконаў на палатне (напрыклад, „Мадонна зь Дзіцём” з Гарадзеншчыны). Жывапісны слой пакрываўся зьверху пераважна расьліннымі і бялковымі лакамі. У дэкоры дамінаваў расьлінны арнамэнт. У некаторых рэгіёнах Беларусі іконы выконваліся з дапамогай іншых сродкаў — напрыклад, лепкі ці разьбы па ляўкасу. Твар і рукі сьвятога маляваліся тэмпэрай або алейнымі фарбамі, а навакольныя прадметы, часам і фон, ляпілі. Лепку пакрывалі золатам, срэбрам або каляровымі лакамі („Нараджэньне Божай Маці” зь Берасьцейшчыны).

Беларуская іканаграфічная школа склалася ў 16—19-м стагодзьдзях на аснове візантыйска-старажытнарускага мастацтва пад уплывам ідэяў Адраджэньня з Захаду. Адметная рыса беларускіх іконаў — узорыстасьць, багатая і разнастайная арнамэнтоўка, мажорнасьць агульнага эмацыянальнага ладу. У 19?м стагодзьдзі беларуская іканаграфія паступова страціць сваю самабытнасьць і перастане існаваць як мастацкая школа.

Варта адзначыць некаторыя адметныя рысы расейскай іканаграфіі, хаця б з прычыны ейнага ўплыву на беларускія іконы. Выдатным, самастойным іканаграфам, апрача згаданага сьв. Аліпія, зьяўляюцца сьв. Пётр, мітарапліт маскоўскі (памёр у 1325 г.), сьв. Сьцяпан Пермскі (памёр у 1396 г.) і сьв. Дзіянісій Глушыцкі (памёр у 1437 г.). Залатым перыядам расейскай іканаграфіі прынята лічыць 15-е стагодзьдзе, калі жылі і дзейнічалі Андрэй Рублёў (1370-1430), Прохар Гарадзец і Данііл Чорны. Яны пісалі іконы пераважна на дошках, радзей у выглядзе фрэскаў на сьценах. У 1551 годзе маскоўскі Сабор, званы потым Саборам 100 разьдзелаў, устанавіў дакладныя правілы жыцьця саміх іканапісцаў і патрабаваньні ў адносінах да іконаў. У сувязі з тым, што ікона зьяўляецца „Евангельлем у колерах”, заўсёды патрабавалася, каб іканапісцы жылі вельмі пабожна. Сьвятасьць іконы патрабуе сьвятасьці ейнага стваральніка. Варта адзначыць, што ў Праваслаўі іканапіс успрымаецца як калектыўная праца, а іконы ніколі не падпісваюцца. Гэта зьвязана з поглядам, што сапраўдным аўтарам іконаў зьяўляюцца Сьвятыя Айцы, інакш кажучы — калектыўная навука Царквы, якую ў мастацкай форме перадаюць здольныя да гэтага людзі. Прынята таксама лічыць, што сапраўдная ікона — тая, перад якою схіляюцца калені да малітвы.

Праваслаўныя вернікі заўсёды шанавалі іконы, упрыгожвалі імі храмы і хаты. Ікона вядзе да пазнаньня Бога праз прыгажосьць. Яна, як крыніца ласкі, накіроўвае пабожныя думкі да намаляваных на іконе сьвятых і схіляе ісьці за іхным прыкладам. Гэтак, як здымак каханай або блізкай сэрцу асобы ўзбуджае тугу па ёй, таксама іконы выклікаюць і ажыўляюць у памяці і ў сэрцы вобразы сьвятых. Іконы ўздымаюць чалавека паглынутага малітвай да неба, падбадзёрваюць у хвіліны прыгнечанасьці і смутку, а павешаныя ў хаце або забраныя з сабою ў дарогу сьцерагуць маральную чысьціню, умацоўваюць веру і імкненьне да дабра. На кожным месцы і ў любую пару напамінаюць верніку аб ягоным прызваньні да дабра і дасканаласьці, каб „абнавіцца духам... і апрануцца ў новага чалавека, створанага паводле Бога ў праўдзе і ўсякай сьвятасьці” (Эфэс. 4, 23-24).

Асобы, якія адпраўляюць багаслужбы

Адна зь неабходных перадумоваў адпраўленьня праваслаўнай багаслужбы тая, каб адпраўлялі яе выключна мужчыны, адпаведна да гэтага падрыхтаваныя і высьвячаныя ў сан сьвятара. Сьвецкія вернікі могуць карыстацца царкоўнымі песьнямі, кнігамі, абрадамі і малітвамі, аднак ніколі ня могуць яны замяніць сапраўднай багаслужбы, асабліва Сьвятой Літургіі.

а) Сьвятарства ў Старым Запавеце

Да часоў Аўраама (прыблізна 1850 гадоў да нараджэньня Хрыста) сьвятарства ў пазьнейшым сэнсе не было вядомае. Слова коган — што значыць: сьвятар — ужытае было ў Бібліі толькі адзін раз у дачыненьні да Мелхісэдэка (Быцьцё. 14, 18). Дагэтуль абавязкі сьвятароў выконвалі начальнікі плямёнаў — патрыярхі. Пасьля выхаду зь егіпецкай няволі, Сам Бог паклікаў пасрэднікаў паміж Сабою і людзьмі (Выхад. 20, 18). Першым такім пасрэднікам быў Майсей, а пасьля яго — род Леві, зь якога для выконваньня сьвятарскіх абавязкаў прызваны быў Аарон з сынамі. Левіты мелі абавязак падтрымоўваць агонь на алтары ўсёспаленьня і на падсьвечніках (Выхад. 27, 20), прыносіць штодзень ахвяры і вучыць Закону (Другапраўе. 33, 10). Апрача таго яны вырашалі спрэчныя пытаньні (Езекііль. 44, 23), акрэсьлівалі як паступаць з пракажонымі (Лев. 13, 14) і падбадзёрвалі народ падчас вайны. Шматлікія абавязкі не дазвалялі ім утрымаць сям’ю, таму яны атрымоўвалі дзесятую частку ўсякага дабра, прыдбанага супляменьнікамі. Сьвятары падзелены былі на дваццаць чатыры групы, зь якіх кожная выконвала свае абавязкі тыдзень часу. Паасобныя функцыі даручаліся шляхам кіданьня жэрабя. Нельга ім было стрыгчы валасоў ні адкрываць галавы. Абрады яны выконвалі басанож, абмыўшы рукі ды ногі. Апраналі таксама спецыяльную вопратку: эфуд — доўгую льняную кашулю, падпяразаную поясам, і насілі турбан на галаве.

Асаблівае месца сярод сьвятароў займаў архірэй. Першым быў вышэйзгаданы Аарон, а пасьля — ягоныя нашчадкі, якія гэту пасаду атрымоўвалі ў спадчыну. Архірэем мог быць сьвятар не маладзейшы за дваццаць гадоў. Сваю годнасьць ён атрымоўваў у ходзе спецыяльнага абраду, між іншым — выліцьця на галаву Сьвятога Алею. Архірэй карыстаўся вялікай пашанай і аўтарытэтам сярод народу. Неаднойчы ён заступаў караля або спалучаў абедзьве функцыі. Старшынстваваў таксама ў гэтак званым сінедрыёне, інакш кажучы — судзе, які ў сапраўднасьці быў установай накшталт сойму або парляманту. Перад такім сінедрыёнам стаў сапраўдны Памазаньнік Божы і Архірэй — Ісус Хрыстос (Мацьв. 26, 59).

б) Боскае паходжаньне новазапаветнага сьвятарства

Гэтак, як у Старым Запавеце, сьвятары былі пакліканы выразным загадам Самога Бога, так і ў Новым Запавеце Хрыстос выбраў і даручыў сьвятарскія абавязкі адпаведным людзям. „Не вы Мяне выбралі, Я вас выбраў і паставіў, каб ішлі і прыносілі плод і каб плод ваш трываў” (Яан. 15, 16). Ісус Хрыстос паклікаў дванаццацярых апосталаў (Мацьв. 10, 1-4; Марк. 2, 13-18, Лук. 6. 12-16; Яан. 1, 35-51), даючы ім права навучаньня, адпраўляньня таінстваў і кіраваньня грамадой. „Ідзеце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Сьвятога Духа, навучаючы іх выконваць усё, што Я сказаў вам” (Мацьв. 28, 19-20). Хрыстос ставіў перад імі высокія патрабаваньні, каб былі „сольлю зямлі” і „сьвятлом сьвету” (Мацьв. 5, 13-14). „Будзеце маімі сьведкамі... ажно па край сьвету” (Дзеі. 1, 8). Цяжкасьці і вырашэньні неад’емна зьвязаны былі з даручанай ім уладай. „Прымеце Духа Сьвятога. Каму адпусьціце грахі, таму будуць адпушчаныя, на кім пакінеце — на тым і астануцца” (Яан. 20, 22-23). „Аздараўляйце хворых, ачышчайце пракажоных, уваскрашайце памерлых, злых духаў выганяйце” (Мацьв. 10, 8).

Пакліканьне апосталаў было зьвязана зь вялікімі дарамі. Перад Сваёй сьмерцяй Хрыстос абяцаў паслаць ім Духа-Суцяшальніка, які дасьць ім здольнасьць выканаць даручанае ім заданьне. „Дух Сьвяты, якога пашле Айцец у імя Маё, навучыць вас усяго і напомніць што Я казаў вам” (Яан. 14, 26). Паўната Дароў Сьвятога Духа вылілася на апосталаў у дзень Пяцідзесятніцы (Дзеі. 2, 1-4). Ад таго яны сталіся пастырамі і сьвятарамі, адоранымі звышнатуральнай моцай, якую перадавалі іншым. Такім чынам на зямлі ўзьнікла Хрысьціянская Царква, напоўненая, ажыўленая і кіраваная Сьвятым Духам.

в) Устанаўленьне ерархіі

Калі ўзрасла колькасьць вернікаў і храмаў у розных гарадах і краінах, апосталы не маглі асабіста старшынстваваць і кіраваць усімі імі. Апрача навучаньня Слова Божага зьявіліся іншыя патрэбы і таму апосталы паклікалі памочнікаў. „Нягожа нам, занядбаўшы Слова Божае, служыць за сталом, — сказалі апосталы, — нагледзьце спаміж сябе сем мужоў абазнаных, напоўненых Духам Сьвятым і мудрасьцяй, якіх паставім на гэту службу” (Дзеі. 6, 2-3). „Усім спадабалася слова гэтае... і выбралі Сьцяпана, Піліпа, Прохара, Міканора, Цімона, Пармена і Мікалая... ды паставілі іх перад апосталамі, і яны, памаліўшыся, усклалі на іх рукі” (Дзеі. 6, 5-6). Такім чынам моцай Сьвятога Духа і ўзлажэньнем рук устаноўлены былі дыяканы, значыць, слугі. Яны абавязаны былі прыслугоўваць за сталамі падчас эўхарыстычных сходаў, заносіць Сьвятыя Дары хворым, апекавацца ўдовамі і выконваць іншыя, даручаныя ім абавязкі. Нароўні з апосталамі мелі яны права навучаць Слова Божага і хрысьціць (Дзеі. 8, 25-40). Адначасова дыяканам ставіліся высокія патрабаваньні: беззаганныя паводзіны і сьвятасьць жыцьця. Павінны гэта быць людзі „чэсныя, не двуязычныя, не прагавітыя на віно, ня зьдзірцы, каб мелі тайну веры ў добрым сумленьні; мужы адной жонкі, якія добра кіруюць домам і сваімі дзяцьмі” (1 Цім. 3, 8-12).

Калі ўзьнікла патрэба, апосталы выбралі сабе новых памочнікаў. Праз малітву, палажэньне рук, і перш за ўсё моцай ласкі Сьвятога Духа яны паклікалі прэсьвітэраў, гэта значыць старшых (Дзеі. 14, 23). Яны абавязаны былі дбаць пра духоўнасць даручанага ім статку (1 Пятр. 5, 2), навучаць (1 Фесал. 5, 12; 1 Цім. 5, 17), наведваць хворых і маліцца за іх (Якуб. 5, 14), прымаць вандроўнікаў і наагул быць „жывымі прыкладамі для статку” (1 Пятр. 5, 3). Гэтак-жа як і ад дыяканаў, ад іх вымагаліся беззаганныя паводзіны, добрая рэпутацыя сярод паганцаў, настаўніцкія здольнасьці, пакора, гасьціннасьць ды бездакорнае шлюбнае і сямейнае жыцьцё.

Рост колькасьці храмаў і вернікаў з часам цалкам не дазваляў апосталам сачыць за вернікамі і духоўна апекавацца імі. Дзеля гэтага яны паклікалі епіскапаў (грэцк. эпіскоп значыць начальнік), якія мелі назіраць за жыцьцём Царквы. Епіскапы сталіся непасрэднымі намесьнікамі апосталаў. Ад іхнага імя кіравалі яны жыцьцём Царквы, высьвячалі прэсьвітэраў і дыяканаў. Яны мелі вялікую ўладу і аўтарытэт, але адначасова і вялікая была іхная адказнасьць. Апостал Павал, які прызначыў епіскапам свайго маладога вучня Цімафея, так навучаў яго: „Няхай ніхто не пагарджае тваёй маладосьцяй, але будзь узорам для верных у слове, у жыцьці, у любові, у духу, у веры, у чысьціні... Рук хутка на нікога не ўскладай і ня будзь супольнікам у чужых грахах; сябе хавай чыстым” (1 Цім. 4, 12; 5, 22-23), „прапаведуй слова, настойвай у час і не ў час, дакарай, пагражай, малі з усякай доўгацярплівасьцяй і навучаньнем... будзь чуйны ўва ўсім, цярпі і гора, рабі справу дабравешчаньня, служэньне тваё выконвай” (2 Цім. 4, 2 і 5). Такім чынам ужо ў апостальскія часы былі ўстаноўлены ўсе тры ступені сьвятарства: дыякан, прэсьвітэр і епіскап. Верная апостальскай традыцыі Праваслаўная Царква захавала ў нязьменнай форме гэтыя тры сьвятарскія ступені, ставячы кандыдатам у сьвятарскі сан такія-ж, як і ў старажытнасьці, высокія патрабаваньні. У сувязі са зьменай сытуацыі і абставін зьмяніліся толькі ўмовы іхнай службы.

Сьвятары — іхныя правы і абавязкі

а) Дыякан

Ад самога пачатку дыяканы выконвалі дапаможныя функцыі ў адносінах да сваіх начальнікаў і грамады вернікаў. Сфэра іхнай дзейнасьці не зьмянілася і сёньня. Яны дапамагаюць прэсьвітэрам і епіскапам падчас багаслужбаў, гавораць екцяніі, чытаюць „Апостал” і Евангельле, удзельнічаюць у адпраўленьні таінстваў і абрадаў. Самастойна дыякан ня можа адпраўляць ніякай багаслужбы. У выключных выпадках, гэтак як і кожны сьвецкі чалавек, ён можа выканаць Сьвятое Хрышчэньне. Калі дазволіць яму прэсьвітэр або епіскап, дыякан можа гаварць казані ў храме і па?за храмам. Старэйшы сярод дыяканаў — гэта протадыякан, а яшчэ вышэйшая ступень — архідыякан. Дыякан, які прыняў манства, называецца ерадыяканам. Прызначэньне або звальненьне з функцыі дыякана належыць епіскапу.

б) Прэсьвітэр

Гэта другая ступень сьвятарства. Прэсьвітэра, гэтак як і дыякана, высьвячае толькі епіскап. У выніку высьвячэньня — хіратоніі, званага таксама рукапалажэньнем, прэсьвітэр атрымоўвае ласку Сьвятога Духа. Як духоўны праваднік, апякун і пасрэднік паміж Богам і людзьмі, ён назірае за чысьцінёй хрысьціянскага жыцьця, напамінае, павучае, радзіць і асуджае грахі і заганы вернікаў. Як сьвятар, прэсьвітэр мае права адпраўляць усе багаслужбы за выняткам тых, якія зьяўляюцца прывілеяй толькі епіскапа. Усе прэсьвітэры, гэтак як і дыяканы — роўныя. Усякае першынство сярод іх — умоўнае, выкліканае гадамі, заслугамі або выконванай функцыяй. Старэйшы, неабавязкова гадамі, прэсьвітэр называецца пратаярэем. Адказны за некалькіх прэсьвітэраў называецца дэканам — па-царкоўнаславянску: благачынным, значыць, адказным за прыстойныя паводзіны духавенства. Прэсьвітэр, які адначасова зьяўляецца манахам, называецца ераманахам або архімандрытам, а начальнік над манахамі — ігуменам. Прэсьвітэры, гэтак-жа як і дыяканы, прысягаюць годна і выключна для дабра Царквы выконваць свае абавязкі. Яны абавязаны таксама падпарадкоўвацца епіскапу, які даручае ім сьвятарскія функцыі і звальняе з выконваньня іх. Згодна апостальскай традыцыі, дыякан і прэсьвітэр могуць жаніцца, аднак заўсёды перад высьвячэньнем і толькі адзін раз. Бязжэнства — вядомае як цэлібат, у праваслаўнай царкве абавязвае толькі манахаў і епіскапаў, якія таксама зьяўляюцца манахамі. Тым ня меней у Праваслаўнай Царкве сьвятар мае тры магчымасьці: можа быць жанатым сьвятаром, нежанатым, гэтак званым цэлібатнікам, або манахам.

в) Епіскап

У Праваслаўнай Царкве гэта найвышэйшая ступень сьвятарства. Епіскап абавязаны рупіцца пра чысьціню веры, прапаведаваць, кіраваць даручаным ягонай апецы сьвятарамі і вернікамі і адпраўляць багаслужбы. Як настаўнік, ён дбае пра пашырэньне праваслаўнай веры, назірае за прапаведаваньнем Слова Божага і навучаньнем Божага Закону. Епіскап кіруе рэлігійным жыцьцём, назірае за працай прэсьвітэраў і дыяканаў ды вырашае спрэчныя пытаньні наконт веры і набожнасьці. Як вярхоўны сьвятар, епіскап мае права самастойна высьвячаць дыяканаў і прэсьвітэраў, а разам зь некалькімі іншымі епіскапамі — новага епіскапа. Ён таксама мае права высьвячаць антымінсы, Сьвятое Міра і прастолы. Кожнаму епіскапу даручаецца епархія — акруга або вобласьць з усімі храмамі, духавенствам і вернікамі. Некалькі епархіяў узначальвае мітрапаліт. Старэйшы сярод епіскапаў атрымоўвае званьне архіепіскапа. У некатоырх краінах начальнікі над епіскапамі, архіепіскапамі і мітрапалітамі маюць званьне патрыярхаў. Зь ліку некалькіх патрыярхаў ганаровым першынством карыстаецца экумэнічны патрыярх у Канстанцінопалі. Паколькі ў Праваслаўі няма такой цэнтралізаванай структуры як у рымска-каталіцкай Царкве — канстанцінопальскі патрыярх лічыцца „першым сярод роўных”.

Незалежна ад выконванай функцыі, усе епіскапы роўныя ў сэнсе артыманай ласкі і розняцца толькі абавязкамі і адказнасьцяй. Згодна традыцыі епіскапы прынцыпова павінны быць нежанатымі і паклікаюцца зь ліку манахаў у сане архімандрыта.

г) Ніжэйшыя ступені сьвятарства

Пышнасьць багаслужбаў, цырымоніяў і абрадаў вымагаюць таксама ўдзелу ў іх сьвецкіх людзей, якіх паклікае епіскап шляхам г.зв. хіратэзыі. Яны не атрымоўваюць ласкі сьвятарства, толькі блаславенства на саўдзельніцтва ў багаслужбах. Да іх належаць:

— Іпадыяканы. Ужо ў апостальскія часы іпадыяканы ўдзельнічалі ва ўрачыстых багаслужбах. Зараз — яны дапаможная служба пры епіскапе. Яны падаюць сьвечкі, рызы, пасуду для мыцьця рук і іншыя неабходныя пры архірэйскай багаслужбе прадметы.

— Дыктары. Да іхных абавязкаў належыць сьпеў і чытаньне падчас багаслужбаў. Звычайна яны праходзяць адпаведную падрыхтоўку, паколькі ад іх вымагаецца знаёмства парадку багаслужбаў і сьпеваў.

— Панамары або прыслужнікі падаюць кадзільніцу, сьвечкі, б’юць у званы і выконваюць іншыя функцыі.

Апрача гэтага бываюць функцыі, ад сталага выконваньня якіх яны называюцца: рыпіданосец, сьвечканосец і гэтак далей.

Сьвяьтарскае адзеньне

Сьвятары ўсіх трох ступеняў: дыяканы, прэсьвітэры і епіскапы атрымоўваюць падчас высьвячэньня адпаведнае да свайго сану адзеньне. Яно мае глыбокае сымбалічнае значэньне і гаворыць пра характар сьвятарскай службы. Усе сьвятары на штодзень адзяваюць расы і падрасьнікі, якія нагадваюць доўгія да зямлі, з вузкімі або шырокімі рукавамі сукенкі. Усё часьцей па практычных прычынах духавенства карыстаецца чорнай кашуляй зь белым каўнерчыкам, якая замяняе падрасьнік. Літургічнае адзеньне сьвятароў ужываецца ў Царкве ад апостальскіх часоў. У некаторай ступені яны бралі прыклад з адзеньня старазапаветных сьвятароў. Ад самога пачатку існаваньня хрысьціянства паўсюднае было перакананьне, што характар хрысьціянскай багаслужбы таксама патрабуе спецыяльнага, сьвяточнага адзеньня. У сваім цяперашнім выглядзе адзеньне зараз ужыванае падчас багаслужбаў упершыню было ўжытае ў 6-м стагодзьдзі. Звычайна шыецца яно з дарагіх матэрыялаў, упрыгожваецца крыжамі, іконкамі і хрысьціянскімі сымбалямі. Колер адзеньня прыстасоўваецца да характару багаслужбаў і сьвятаў. Белы колер сымбалізуе чысьціню, беззаганнасьць і духоўную радасьць. Чорны колер азначае жалобу або пакаяньне. Адзеньне блакітнага колеру ўжываецца падчас сьвятаў у гонар Багародзіцы. Новае сьвятарскае адзеньне сьпярша высьвячаецца, адчытваючы пры тым спецыяльныя малітвы і акрапляючы яго сьвятой вадой.

а) Літургічнае адзеньне дыякана

— Сьціхар — доўгая, простая і шырокая вопратка з рукавамі. У старажытнасьці звычайна яе шылі зь белага ільну ў знак духоўнай чысьціні і хрысьціянскай радасьці. Назоў паходзіць ад грэцкага слова стыхос, што значыць: радок, простая лінія. Сьціхар у дыякана зьяўляецца верхнім адзеньнем і шыюць яго з каляровага матэрыялу.

— Арар — доўгая, вузкая стужка, якая зашпіляецца на плячы, а два канцы якога зьвісаюць сьпераду і ззаду. Назоў узяты ад лацінскага слова ора, што значыць: маліся, таму што падымаючы канец арара трыма пальцамі, дыякан заклікае да малітвы. Назоў арара часам выводзіцца ад грэцкага слова ора, што значыць: час, пара. Арар сымбалізуе анёльскія крылы. Падкрэсьліваюць гэта словы анёльскай песьні „Сьвяты, сьвяты, сьвяты, Госпад Саваоф”, выпісаныя на арары. Протадыяканы носяць падвойны арар на знак сваёй вышэйшай пазіцыі ў царкоўнай ерархіі.

— Нарукаўніцы або поручы дапаўняюць літургічнае адзеньне дыякана. Яны служаць для завязваньня рукавоў каля далоняў. Нарукаўніцы сымбалізуюць путы, якімі зьвязаны быў Збавіцель у час сваіх пакутаў.

б) Літургічнае адзеньне прэсьвітэра

— Падрызьнік — інакш кажучы, дыяканскі сьціхар, толькі лягчэйшы і танчэйшы, найчасьцей белы. Сам назоў паказвае, што ён надзяваецца пад рызу, значыць пад верхняе адзеньне. Сымбалічнае значэньне падрызьніка ідэнтычнае як і дыяканскага сьціхара.

— Поручы або нарукаўніцы — таксама дакладна такія як і ў дыякана і маюць аднолькавы выгляд, сэнс і прымяненьне.

— Епітрахіль — частка адзеньня, якая вешаецца на шыю (у грэцкай мове эпі азначае: на, трахылёс: шыя). У сапраўднасьці — гэта інакш складзены і сшыты сьпераду дыяканскі арар. Ён нагадвае эфуд, які надзявалі падчас малітвы старазапаветныя яўрэі. Епітрахіль азначае сьвятарскую ласку і зьяўляецца асноўным літургічным адзеньнем сьвятара, безь якога ён ня можа адпраўляць ніводнай багаслужбы.

— Пояс — агульнавядомы і паўсюдна ўжываны ад стагодзьдзяў элемэнт вопраткі. У якасьці літургічнага адзеньня пояс сьцягае падрызьнік і епітрахіль для выгаднейшага выконваньня сьвятарскіх абавязкаў. Пояс сымбалізуе таксама ручнік, якім Збавіцель абвязаўся пасьля абмыцьця ног апосталам і гатоўнасьць ды жаданьне беззаганна служыць Богу.

— Фелонь — верхняе адзеньне прэсьвітэра; без рукавоў, з выразам на галаву. Назоў паходзіць ад грэцкіх слоў фэлёнён або фэлоніс і азначае адзеньне, якое пакрывае ўсё цела. Фелонь сымбалізуе баграніцу, якую надзелі на Хрыста перад ягоным укрыжаваньнем.

в) Літургічнае адзеньне епіскапа

Некаторыя элемэнты літургічнага адзеньня супольныя для ўсіх трох ступеняў сьвятарства. Епіскап, гэтак як дыякан, надзявае таксама падрызьнік, які ў яго называецца падсакасьнікам, поручы і епітрахіль. Літургічнае адзеньне епіскапа адрозьніваюць:

— Сакас— шырокая, багата аздобленая верхняя частка адзеньня з шырокімі рукавамі на дзьве трэція даўжыні звычайных рукавоў. Значэньне сакаса ідэнтычнае як фелоні ў прэсьвітэра. Назоў паходзіць ад грэцкага слова саккос — мяшок. У старажытнасьці сакас быў каранацыйным адзеньнем грэцкіх каралёў. У знак павагі манархі ахвяравалі сакас патрыярхам, якія сьпярша надзявалі іх толькі на вялікія сьвяты. З часам сакас стаўся характэрным літургічным адзеньнем кожнага епіскапа.

— Амафор — частка адзеньня, якую адзяваецца на плечы (ад грэцкіх слоў омос — плячо і фэро — нясу). Амафор мае выгляд шырокай, упрыгожанай крыжамі стужкі. Адзеты ў амафор епіскап сымбалізуе самога Хрыста, які бярэ на свае плечы блудную авечку — значыць, грэшніка. Гэтак як епітрахіль у прэсьвітэра, так амафор зьяўляецца галоўным літургічным адзеньнем епіскапа, безь якога нельга яму адпраўляць ніякай багаслужбы.

— Мітра — галаўны ўбор, назоў якога ўзяты ад грэцкага слова мітроо — што азначае: завязваю. Першапачаткова мітра мела выгляд залатой стужкі, падобнай на кідар — залаты дыядэм, які надзявалі на галаву старазаконныя архірэі. У 6-м стагодзьдзі стужка прыняла форму ўпрыгожанай іконкамі і дарагімі камянямі шапкі. Мітра сымбалізуе цярновы вянок надзеты на галаву Хрыста. У патрыярхаў і мітрапалітаў мітра ўвенчана крыжыкам. Апрача епіскапаў права насіць мітру атрымоўваюць заслужаныя прэсьвітэры і ераманахі.

— Панагія — у грэцкай мове гэтае слова значыць Усесьвятая і ўказвае на старажытны звычай насіць на грудзях спецыяльную шкатулку з артасам — хлебам, асьвячаным у гонар Божай Маці. Шкатулкі мелі форму мэдальёну з выявай Божай Маці і надпісам „панагія”. Сьпярша права насіць панагіі мелі толькі начальнікі манастыроў — ігумены, з часам аднак сталіся яны атрыбутам епіскапаў. Зараз панагіі маюць форму невялікіх, завешаных на грудзях мэдальёнаў зь іконкай Божай Маці або Хрыста.

— Манція — свайго роду шырокі плашч без рукавоў, які зьвісае доўгім трэнам і цягнецца па зямлі. Падчас пострыгу манаха, гэта значыць прыняцьця новага кандыдата ў манаства, манцію даецца яму разам зь іншым адзеньнем манаха. У адрозьненьні ад манаскіх манціяў, епіскапская заўсёды фіялетавага колеру і ўпрыгожаная дзьвюма белымі паласамі — сымбалем Сьвятога Пісаньня і Сьвятой Традыцыі, ды скрыжалямі. Усё разам сымбалізуе старазапаветную і новазапаветную ласку.

— Паліца — ў царкоўнаславянскай мове слова гэтае азначае палку для абароны. У якасьці элемэнту літургічнага адзеньня паліца мае выгляд цьвёрдага плату матэрыялу ў форме ромбу, упрыгожанага крыжамі і вешанага на правым клубе. Паліца сымбалізуе духоўны меч — Слова Божае, якое безупынна абавязаны пашыраць прэсьвітэр і епіскап. У старажытнасьці паліца была атрыбутам епіскапаў, аднак зараз права насіць яе маюць заслужаныя прэсьвітэры і ераманахі ў якасьці адной з царкоўных узнагародаў.

— Жазло — у дакладным значэнні (па-царкоўнаславянску: жэзл) гэта не столькі літургічнае адзеньне, колькі адзін з атрыбутаў архірэйскага сану. Ён называецца таксама посахам, што значыць тое-ж сама што палка, якой падпіраюцца вандроўцы. Жазло сымбалізуе палку Аарона (Лікі. 9, 4) і зьяўляецца знакам арірэйскай улады. Сымбалізуе таксама трасьціну, уручаную Хрысту жаўнерамі (Мацьв. 27, 29). Вострае заканчэньне ручкі жазла азначае зброю супраць ворагаў веры Хрыстовай, а крыжык — перамогу над імі.

— Арлец — гэтак як і жазло, зьяўляецца атрыбутам архірэйства. Гэта найчасьцей круглы дыванчык з выявай арла, які ляціць над горадам. Арол азначае, што епіскап усім сваім жыцьцём і навучаньнем павінен імкнуцца ўвысь, да Бога. Ён таксама зьверху, быццам арол, назірае і сочыць за даручаным яму духоўным статкам.

Літургічныя кнігі

Літургічныя кнігі зьмяшчаюць у сабе гімны, малітвы, фрагмэнты Сьвятога Пісаньня і парадак праваслаўных багаслужбаў. Іхнымі аўтарамі былі боганатхнёныя і таленавітыя царкоўныя пісьменьнікі ў розныя эпохі. Хаця ў першыя стагодзьдзі хрысьціянства не было аднаго, супольнага для ўсёй Царквы парадку багаслужбаў, аднак зь цягам часу гэты парадак быў выпрацаваны. Літургічныя кнігі — неабходныя для адпраўленьня багаслужбаў. Гэта перш за ўсё: Евангельле, Апостал і Псалтыр. Да літургічных кнігаў залічаюцца таксама:

— Псалтыр поўны (Следовательная Псалтір) — кніга, якая акрамя псальмоў зьмяшчае ўрыўкі зь іншых кніг, трапары, кандакі, каноны, акафісты, малітвы перад прыняцьцем Сьвятога Прычасьця, некаторыя пастановы апосталаў і сабораў наконт адпраўленьня багаслужбаў, сьпісак сьвятых ды інфармацыю аб сьвяткаваньні Вялікадня.

— Тыпікон — надзвычай важная і патрэбная кніга. У ёй зьмешчана поўнае апісаньне парадку багаслужбаў ва ўсе дні году, указаньні як карыстацца іншымі кнігамі ды як паводзіць сябе падчас багаслужбаў. Тыпікон склалі многія аўтары, такія як сьв. Сава Асьвячаны (6-е ст.), сьв. Сафроній, сьв. Яан Дамаскін ды іншыя. Некаторыя Цэрквы дадалі гімны ў гонар новых сьвятых, аднак у асноўным Тыпікон супольны для ўсяго Праваслаўя.

— Службоўнік — кніга для прэсьвітэраў (сьвятароў) і дыяканаў. У ёй зьмешчаны тэкст багаслужбы, які вымаўляе сьвятар або дыякан і кароткія ўказаньні для хору або псаломшчыка. У службоўніку знаходзяцца таксама пракімны і одпусты, гэта значыць заканчэньні багаслужбаў. Пашыраны службоўнік дае таксама некаторыя ўказаньні для сьвятара наконт Сьвятой Эўхарыстыі (Прычасьця) ды іншыя павучэньні.

— Архірэйскі службоўнік (Чыновнік) — кніга, у якой акрамя тэксту трох Літургіяў (сьв. Яана Залатавуснага, сьв. Васіля Вялікага і Літургіі Раней Асьвячаных Дароў — Преждеосвяшчэнной) зьмешчаны таксама малітвы, якія чытае толькі епіскап. Належаць да іх малітвы падчас высьвячэньня сьвятара (рукоположэніе), пры прысваеньні вышэйшых царкоўных званьняў: пратадыякана, пратаерэя, тэксты пры асьвячэньні антымінсаў ды іншыя.

— Часаслоў — кніга неабходная перш за ўсё для псаломшчыка і хору пры адпраўленьні штодзённых багаслужбаў. У іх зьмешчаны раньнія малітвы, парадак багаслужбаў сутачнага цыклю, важнейшыя Вялікага тыдня (Страснай сядміцы), Велікоднага сьвята, Пасхальнага тыдня (Светлай сядміцы), трапары нядзельныя васьмі галасоў, дванаццаці вялікіх сьвятаў (Двунадесятыя празднікі), трапары на іншыя сьвяты і ў гонар вялікіх сьвятых. Акрамя таго ў Часаслове знаходзяцца: Малебен да Прасьвятой Багародзіцы, малітвы дзённыя і вячэрнія. Часаслоў быў складзены шэрагам аўтараў, між іншым сьв. Савам Асьвячаным і дапоўнены на працягу стагодзьдзяў творамі іншых аўтараў.

— Актоіх — назоў гэтай кнігі паходзіць ад васьмі галасоў. Актоіх зьмяшчае літургічныя тэксты багаслужбаў на працягу тыдня, падзеленыя на восем галасоў, якія паўтараюцца кожныя восем тыдняў. Актоіх склалі сьв. Яан Дамаскін у 8-м стагодзьдзі, сьв. Язэп Песнапісец і сьв. Феафан у 9-м стагодзьдзі. Багаслужбы паводле Актоіха адпраўляюцца пачынаючы ад 2?й нядзелі пасьля Пяцідзесятніцы і канчаюцца ў Нядзелю аб мытніку і фарызэі.

Акрамя вышэйзгаданых у багаслужбах ужываюцца наступныя кнігі:

— Мінея — складаецца з дванаццаці тамоў і ахоплівае дні г.зв. нерухомага цыклю — значыць, што на кожны дзень ёсьць спецыяльная служба ў гонар якога-небудзь сьвята або сьвятога. Мінея дзеліцца на чатыры роды:

— Мінея месячная — складаецца з дванаццаці тамоў і ахоплівае ўвесь царкоўны год ад 1 верасьня. У склад яе ўвайшлі творы розных аўтараў з 8—9-га стагодзьдзяў.

— Мінея агульная — у ёй зьмешчаны тэксты багаслужбаў у гонар паасобных сьвятых, Ісуса Хрыста, Божай Маці, Сьвятога Крыжа, анёлаў, прарокаў, мучанікаў ды іншых сьвятых. Акрамя таго ў ёй знаходзяцца параміі, „Апостал” і Евангельле, прызначаныя на канкрэтную багаслужбу. У выпадку неабходнасьці Мінея агульная можа замяніць Мінею месячную, калі здарыцца, што яе няма.

— Мінея сьвяточная — кніга з тэкстамі багаслужбаў у г.зв. нерухомыя сьвяты — такія, якія выпадаюць заўсёды ў адзін і той-жа дзень.

— Мінея дадатковая — у ёй зьмешчаны тэксты багаслужбаў у гонар новых сьвятых, якія не згадваюцца ў Мінеях месячных, а таксама на сьвяты ў гонар цудадзейных іконаў Божай Маці.

— Трыодзь — назоў узяты ад таго, што ў кнізе зьмешчаны каноны ў саставе не васьмі-дзевяці песьняў, але трох. Існуюць дзьве часткі Трыодзі:

— Трыодзь Посная — ахоплівае багаслужбы ад Нядзелі аб мытніку і фарызэі да Вялікай суботы;

— Трыодзь Цьвятная — якая ўжываецца на працягу 57 дзён ад Вялікадня да Ўсіх Сьвятых (першай надзелі пасьля Пяцідзесятніцы).

— Ірмалогій — назоў кнігі паходзіць ад ірмасаў, узятых з канонаў Актоіха, Трыодзі і Мінеі. У ёй ёсьць таксама г.зв. велічаньні на важнейшыя сьвяты ў годзе.

Кнігі ўжываныя пры рэлігійных паслугах — трэбах

Апрача вышэйзгаданых ужываюцца кнігі, якія неабходны пры розных рэлігійных паслугах званых трэбамі, якія складаюцца з адмысловых малітваў і абрадаў у залежнасьці ад патрэбы вернікаў.

— Трэбнік — назоў паходзіць ад трэбы. Кніжка складаецца з дзьвюх частак. У першай ёсьць малітвы, якія чытаюцца пасьля нараджэньня дзіцяці, на восьмы дзень, калі дзіцяці даецца імя, парадак сьвятых таінстваў: Хрышчэньня, Мірапамазаньня, Споведзі, Шлюбу, Памазаньня Сьвятым Алеем, а таксама парадак абраду паховін людзей сьвецкіх і духавенства, асьвячэньне вады, хаты, храму і шэраг іншых паслугаў. Другая частка Трэбніка, неаднойчы спалучаная зь першай, зьмяшчае парадак архірэйскага асьвячэньня храму, а таксама іконаў, званоў, іканастасу ды іншых прадметаў. Часам у гэтай частцы бываюць малітвы прапушчаныя ў першай частцы, але вельмі патрэбныя.

— Кніга малебных сьпеваў — у ёй зьмешчаны тэксты малебнаў, кароткіх багаслужбаў, якія адпраўляюцца з нагоды розных жыцьцёвых партэбаў: на Новы год, перад пачаткам навучальнага году, перад падарожжам, у часе хваробы або пры іншых абставінах.

— Акафіснік — зборнік акафістаў, хвалебных багаслужбаў у гонар Ісуса Хрыста, Сьвятога Крыжа, Божай Маці і Яе цудадзейных іконаў ды іншых сьвятых.

— Малітваслоў — інакш Малітоўнік, зборнік малітваў раньніх, дзённых і вячэрніх, неаднойчы з тэкстам Сьвятой Літургіі і трапарамі. Малітоўнік асабліва прыдатны для прыватнага ўжытку па?за храмам.

— Сьвятарскі малітоўнік (Іерэйскій молітвослов) — абшырны малітоўнік для сьвятароў. У ім знаходзяцца тэксты багаслужбаў, акафісты, каноны і малітвы, чытаныя сьвятарымі ў кожны дзень і перад Прычасьцем. У кнізе зьмешчаны таксама екцяніі і малітвы пры рэлігійных паслугах, календары і даныя пра сьвяткаваньне Вялікадня.

— Памяньнік — невялікая кніжка з тэкстам багаслужбы за жывых — малебен, і за памерлых — паніхіда. Вернікі ўпісваюць у памяньнік імёны сваіх блізкіх, аддзельна жывых і асобна памерлых, і даюць сьвятару з просьбай памаліцца за іх.

Пасьля інфармацыі аб характары праваслаўнай багаслужбы, месцах іх адпраўленьня і асобах да гэтага ўпаўнаважаных, зоймемся парадкам і аб’ясьненьнем багаслужбаў. Паколькі прынята лічыць, што багаслужба з удзелам агулу вернікаў мае перавагу над індывідуальнай, таму ў першую чаргу засяродзім увагу на агульных багаслужбах. З думкай аб усіх верніках Праваслаўная Царква ўстанавіла акрэсьленую пару адпраўленьня багаслужбаў такім чынам, каб вернікі маглі разам узьнесьці свае малітвы да Бога. Усе багаслужбы выказваюць нейкія думкі ды ідэі, якія спалучаюцца ў адно цэлае. Усе яны таксама спасылаюцца на важныя падзеі з жыцьця Хрыста, Божай Маці і сьвятых. Бываюць таксама багаслужбы прыстасаваныя да канкрэтнай пары дня, да дня тыдня або году. Вялікі ўплыў на парадак і пару адпраўленьня багаслужбаў мела таксама старажытная традыцыя.