Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Пра самаранку

(Яан. 4, 5-42)

Падзелы існавалі заўсёды. Быў час, калі лінія гэтага падзелу была накрэсьлена надзвычай выразна: з аднаго боку выбраны народ, а з другога — усе астатнія. Быў таксама доўгі час, калі хрысьціяне жылі ў сьвеце, які ясна і выразна акрэсьліваў сябе хрысьціянскім сьветам, а па?за ім жылі паганцы, якіх трэба было павярнуць да веры. Зараз людзі перамяшаліся і безупынна перамяшчаюцца. Нікога ўжо не ахоўвае бар’ер нацыяналізму; канфрантацыя непазьбежная і яна мае месца нават у нашых дамах.

Наша краіна таксама далёкая ад маналіту ў справах веры, ня кажучы пра іншыя справы: погляды, партыйную прыналежнасьць ды іншае.

Як мы павінны ставіцца да мільёнаў хрысьціян іншай канфэсіі, да мусульман, гіндуістаў і будыстаў? Адказ на гэтае пытаньне дае Сьвятое Пісаньне, у прыватнасьці гутарка Хрыста з самаранкай. Хрыстос даказаў, што не прызнае неразумных стэрэатыпаў і прадузятасьцяў. Жанчыне і прадстаўніцы чужога, пагарджанага народу Ён адкрыў найглыбейшыя тайны веры і будучыню Царквы. Ён запэўніў, што няма на сьвеце нейкага спэцыяльнага месца для пакланеньня Богу, але што сапраўднае пакланеньне — „у духу і праўдзе”.

Царква вучыць, што ўсе людзі будуць збаўлены, калі яны намагацца будуць належна жыць і добрасумленна выконваць патрабаваньні сваёй веры і сумленьня. Праз сваю веру яны імкнуцца да таго-ж Бога, у Якога верым і мы. Усе ўзьнятыя з зямлі да неба рукі сыходзяцца ў адной кропцы, якая называецца БОГ. Вось таму Царква не адкідае нічога, што ва ўсіх рэлігіях сапраўднае і сьвятое. Са шчырай павагай яна ставіцца да тых спосабаў дзеяньня і жыцьця, да тых прынцыпаў і дактрынаў, якія хаця і адрозьніваюцца ад нашых, аднак адбіваюць прамень той праўды, які асьвятляе ўсіх людзей.

Што можам нарэшце сказаць пра тых, хто жыве побач нас, але кажа, што не належыць да ніякай Царквы, што ён атэіст? Аднойчы Хрыста паведамілі, што нейкія людзі выганялі нячыстых духаў, хаця і не належалі да Ягоных вучняў. Апосталы дамагаліся, каб Ісус забараніў ім рабіць гэта, але Ён загадаў не чапаць іх і дадаў: „Хто не супраць нас, той з намі”. На першы погляд гэтыя словы пярэчаць іншым, выказаным у іншых абставінах сьцьвярджэньням: „Хто не са Мною, той супраць Мяне” і „Хто не са Мной зьбірае, той рассейвае”. У сапраўднасьці адзін сказ дапаўняе другі, бо трэба памятаць, што адзін тычыцца вучняў, а іншы тых звонку. Ад першых, гэта значыць ад нас, патрабуецца, каб мы ня ставіліся насьцярожана або варожа да тых, хто робіць нешта карыснае, хаця і не належыць да Царквы. Мы павінны з належнай павагай ставіцца нават да марксізму або фэмінізму, якія ў многім памылковыя і шкодныя, але адначасова ня можам не прызнаць іхных дасягненьняў у галіне правоў чалавека. Прадстаўляючы дасягненьні паганцаў — грэкаў — старажытны апалягет, сьвяты Юсцін гаварыў: „Уся прыгажосьць, выказана або зьдзейсьнена імі, належыць таксама і нам — хрысьціянам, бо мы шануем Слова”. Гэта ўсё роўна, што сказаць: „Мы зьяўляемся вучнямі Таго, безь Якога людзі не маглі-б зрабіць нічога добрага і трывалага”.

Адначасова тым другім, звонку, Хрыстос нагадвае, каб не выступалі супраць Яго як ворагі або збаўцы людзей, нават калі яны лічаць, што паступаюць лепш за Царкву. Бо хто „не зьбірае зь Ім, хто вызначае мэты і накірункі супярэчлівыя Ягонай волі, той не зьбірае, але рассейвае: не будуе, але руйнуе, ня рупіцца пра сапраўднае дабро, але сьцягае толькі на сябе асуджэньне”.

Вось таму вернікі з упэўненасьцяй паўтараюць, што „па?за Царквою няма збаўленьня”, але адначасова памятаюць, што Царква нашмат шырэйшая, чымсьці гэта нам здаецца. Пара паўтарыць і прызнаць,толькі ў шырэйшым значэньні, тое, што сказаў Пётр, далучаючы да Хрыстовай грамады першага паганца: „Я перконваюся, што Бог сапраўды не глядзіць на асобы, але ў кожным народзе той, хто баіцца Яго і чыніць справядлівасьць, да спадобы Яму” (Дзеі. 10, 34-35). У значнай ступені ад нас залежыць, ці тыя, хто яшчэ блукае па?за Царквою, добраахвотна і поўнасьцю далучацца да Яе.

Паміж дакорам сумленьня і жалем з прычыны нашых заганаў і правінаў у дачыненьні да нашых братоў павінна знайсьціся і месца на радасьць, што мы не адны, што нам не гарантавана збаўленьне бязь іншых, як гэта было ў Ноевым Каўчэгу. Незьлічоныя натоўпы людзей таксама вераць у Бога, любяць і клічуць Яго можа нават больш горача за нас. Бог знойдзе спосаб, у гэтым або ў будучым жыцьці, каб усе прымірыліся паміж сабою і ўсе разам селі за вялізным сталом у Ягоным Царстве.