Хвiлiна роздуму

Крушына Рыгор


Увесь зборнік

СЛОВА

Шырокім спэктрам вычуваньня
Цябе я, слова, пазнаю.
I смак, і пах, і гукаў граньне,
I радасьць творчую маю,

I розных хварбаў пералівы,
I маладосьці эліксір,
I залатыя нашы нівы,
I жар, і неспакойны вір --

Я ўсё тут бачу, адчуваю,
Ствараю словам навіну.
Я чую голас майго краю,
Жывых эмоцыяў вайну.

Узяць на смак, напрыклад, слова
Такое горкае -- «палын».
Здаецца, вуліцай вясковай
Настой травы паўзе паўз тын.

А нехта цэдзіць слоў рыцыну.
Ды ёсьць салодкія, як мёд...
Цябе я, слова, не пакіну, --
Люблю я твой крылаты ўзьлёт:

Ты падымаеш чалавека
I ў сьвет загадваеш ісьці.
Ты лечыш хворага спрадвеку,
Б'еш злога ворага ў жыцьці.

I зьзяеш яснай бліскавіцай,
I вееш цёплаю вясной...
Вянком па сьмерці будзеш віцца,
Гарэць агнём, жыцьцём і мной.



У РЫТМІЧНЫМ НАСТРОІ

Роднай мовай я зноў, па прывычцы старой,
Прывітаю жывую прыроду.
Словы з гукамі створаць рытмічны настрой --
У мастацтве чароўную згоду.

Пабягуць ручаямі радкі з-пад рукі,
Засьпяваюць аб сініх валошках,
Аб Радзiме маёй, дзе зьвіняць жаўрукі,
I аб мілых малых босых ножках.

Памяць лепіць мне вобразы: летні начлег,
I вячоркі, і мэндлікі ў полі.
Там заўсёды бывалі забавы і сьмех,
Забываліся клопаты, болі.

Маладосьці мінулай маланка ўваччу.
Смутак -- хмарай. I шлях канчатковы.
А пакуль я жыву -- неспакойна хачу,
У хаценьні цьвітуць мае словы.

Мне здаецца, плыве ціхамройны туман,
Белых прывідаў лёгкае цела.
I я грэшныя вершы пушчаю ў той стан,
Дзе каханьне яшчэ не сатлела,

Дзе гараць пачуцьцём гэтым нават дзяды,
Дзе гарачыя іскры і ў дыме...
Я праходжу праз дым і агонь -- праз гады.
I душа мая там, на Радзіме.



КРАІНА Ў КРЫШТАЛІ

Праз пакорныя цярпеньні
I спякотныя пакуты
На высокія ступені
Вобраз выбраўся раскуты:

Беларусь зусім ня тая,
Як паэты апявалі;
I прастора ня пустая,
I сама яна ў крышталі.

Ня сухенькія таполі,
Не панурыя бярозы.
Бэз у садзе, грэчка ў полі,
Панад рэчкай -- вербалозы.

Клён клянецца каля хаты,
Што на ім анёлаў крыльле,
I яму каштан кашлаты
Паліць сьвечкі ў пахкім пыле.

А пад восень арабіна
Прыбіраецца ў каралі.
Пладаносная краіна
У праменістым крышталі.

Сонцам пешчаныя сьлівы,
Вішні, яблыкі, ігрушы.
Край гаротны, а шчасьлівы,
Бо людзкія цешыць душы.

Бяз хэмічнай апрацоўкі,
Бяз мічурынскай апекі
Нашы бэры і хунтоўкі
Хай праславяцца навекі.

Я пяю праўдзівы выснаў.
Сввет прайдзі -- нідзе, здаецца,
Садавіны тэй карыснай
Каштаваць не давядзецца.

Хай было часамі пуста --
Гадавалі сілы нашы
Міска квашанай капусты
I гаршчок бульбянай кашы.

.............................

Той цаніць свайго ня можа,
Хто сядзіць заўсёды ў хаце.
На чужыне дні трывожна
Нам прыгадваюць аб страце.

Мы згубілі ўсё, што мелі.
Але дух яшчэ трывалы --
Звоняць струны ў нашым целе,
Слаўных прадзедаў цымбалы.

Прынясеце журавіны,
Горыч смагі я ўтаймую,
Абразок мае краіны
Ў лятуценьнях дамалюю.

Не кажэце мне, што ў пекле
Беларусь мая счарнела,
Што лясы і пушчы сьсеклі...
Як была, так будзе белай.

Я цяпер вандрую ўсюды
I мне кожны край гасьцінны.
Бачу дзівы, бачу цуды,
Маляўнічыя мясьціны.

Хараства багата звонку,
Ды мілейшыя, прызнацца,
Наша родная старонка,
Наша песьня, наша праца.



РАМОНАК

Сыпле пахучыя зоры
Бэзавы цьвет, і ў гальлі --
Месца птушыных гамонак...
Дзесьці паблізу ў разоры,
Зьмятая скібкай зямлі,
Сьціплая кветка рамонак.

Бэз па вясьне адцьвітае,
Пышных галінак аблом.
А для рамонка на полі
Лета -- пара ня пустая:
Вудзіць ён сонца паволі
Тонкім падцятым сьцяблом.

Прагне расьліна-калека
Кветкай да восені жыць.
Можа, на зёлкі, на лекі
Ляжа ў вітрыну аптэкі,
Каб памагаць чалавеку,
I пасьмяротна служыць.



ХВІЛІНА РОЗДУМУ

Душа распусьціцца ў пустэчы, --
Тады згушчаецца туман,
I ўсе зьвіняць навокал рэчы,
Як недарэчны вечны зман.

Тады над сьветам ілюзорным
Чужая думка сном плыве.
I верш карункам шматвузорным
Зіхціць у цьмяным харастве.

Хвіліна роздуму ў зацішшы.
Я ў творчых муках трапяткі.
Мая душа паэму піша,
А я бяру ня ўсе радкі.

I ліст паперы я камечу...
Ня бачу радасьці ў радкох.
Малюся шчыра, каб пустэчу
Ператварыў у сад мой Бог.

Той сад прыгожых лятуценьняў!
Там сьпеюць песьнямі плады,
Там дух імкненьняў і хаценьняў
Непераможны, малады.



ПАЎТОРНАЯ МАЛАДОСЬЦЬ

У парку казачная быль:
Трава адзвоньвае трамваем,
Матляе крылцамі матыль
I краску ласкай спавівае.

А дрэва шэпча... Так мой дзед
Шаптаў набожна час малітваў.
Ізноў, пачуўшы мілы сьвет,
Я маладосьць маю распытваў:

-- А ці ня ў лес пайшла ў грыбы?
Суніцаў сьпелых назьбірала?
А мо здушыў цябе грубы
Той культ эпохі цемрашала?..

Я перажыў з табой гады
Трывогі, голаду і гора.
Цяпер -- паўторна малады --
Спаткаў я сонца каля мора.

Цябе, былая маладосьць,
Вітаюць памяць і ўспаміны.
Але і сёньня сілы ёсьць,
Я маю палкія хвіліны.



Я 3 ТАБОЙ ПЯЮ

Я гляджу на мілую маю
I чульліва край мой пазнаю;
У цябе бялявая каса,
А я ў думках кужаль расчасаў.

Мне здаецца, у вачох тваіх --
Сіні цьвет валошак палявых.
Ты ўзбудзіла песьняй мой пакой.
Дзе-ж мая цьвярозасьць і спакой?

Я хмялею ўцешна бяз віна.
Ці ня ў гэтым ёсьць твая віна?
Я укленчыў... Я з табой пяю.
Бацькаўшчыну ў мілай пазнаю.



МОСТ

Я пазнаю ў вачох тваіх
Мой сьмех далёкай маладосьці,
Той сьмех яшчэ ў грудзёх
Ня сьціх.
Ты памятаеш?
Там -- на мосьце...

Мы там на Случчыне, калі
Вясны зьвіваліся каралі,
Лакцямi поручні гнялі
I ў рэчцы нераст назіралі.

Цьвіла няўрымсьлівая сінь,
Яна здавалася густою.
Там зіхацелі карасі
Сваёю срэбнаю лускою.

I мітусіліся ў вадзе.
I тая хваляў таямнiца
Аж праз гады да нас ідзе
I Случ
3 дзяцінствам нашым
Сьніцца.

I не забыцца як і мой
I твой
На мосьце сьмех гайдаўся.
Была ад рыбiны нямой
У рабаціньні скрозь
Вада ўся.

Мы мелі свой утульны кут,
Хаванку хітрую між паляў.
Ня зналі
Злыдняў і пакут,
Нырца давалі
Супраць хваляў.

Плылі, плылі
I даплылі...
А берагі цяпер ня тыя.
Дзе гоман роднае зямлі?
Дзе нашы звычаі сьвятыя?

I толькі сьмех яшчэ ня сьціх,
Ён на чужым,
На іншым мосьце...
Я пазнаю ў вачох тваіх
Мой сьмех далёкай маладосьці.



ДЗЬВЕ КРОПЛІ

Вось ізноў загучэлі
Струны віялянчэлі.
Напамiнам званчэлі
На далёкай чужыне
Мне аб роднай сьвятыні,
Аб пакінутым краі.
На хвіліну здалося мне,
Што вясна ў нашай восені
Нам санату іграе.

У блакітныя вокны --
Дажджавыя валокны.
Ды на шыбінах
Завіваюцца,
Раздрабняюцца,
Разьлятаюцца
Дыямэнтамі-кроплямі...
Вобраз мякка пантоплямі
Шамаціць па падлозе
I чаруе паэта...
Гэта --
Радасьцi сьлёзы
Адсьпяванага лета.

Хай надвор'ем пахмурым
Павявае над мурам, --
Мне выбраньніца
Усьміхаецца
Добрай раніцай.
I тараніцца
Маё сэрца пачуцьцямі...
Шмат вады ўскаламуцілі.
А паэзіі мала.
Сёньня мроіцца-сьніцца
Залатая навала,
Звонкіх слоў навальніца.

У блакітныя вокны --
Дажджавыя валокны:
Кропля падае,
На шкло падае,
Сьлёзы радасьці
Мне нагадвае.
3 іншай коціцца кропляю --
Павялічанай,
Цёплаю...
I радкі на паперы,
Нібы сонца праменыні.
Бяз любові і веры
Не гарэць у натхненьні.

Ты са мной, дарагая!
I паэма другая
Нараджаецца,
Афармляецца,
Разьвінаецца...
Вунь зьліваецца
Кропля з кропляю дробнаю...
Штосьці вечна-падобнае...
Гэтак я, ты і словы --
У адзіную вязку.
Выйдзе верш адмысловы,
Ператвораны ў казку.



УДВАЁХ

Мой вечар сноў і ўцех,
Дажынкі з роднай нівы!
На пешчах плешча сьмех,
Твой сьмех гарачы, кплівы.

Сьмяешся ты, што лёс
Малодзіць наша цела.
Пачуцьці ўсе ўнахлёст, --
Гарэзіць закарцела.

Гарэзьлівым хвала!
Я зноў табой угрэты...
Ці краска адцьвіла?
Ці адзьвінелі леты?

Ці згінула руно
Астрыжаных авечак?
Няўжо і нам адно
Паліць агаркі сьвечак?

Ды сьмех твой, як шамкі,
Рассыпаўся па хаце.
Гады -- не жабракі,
Ня згублена багацьце.

Як быццам і цяпер
Тых вёснаў васемнаццаць
Аберуч ашчапер,
Каб мог і я сьмяяцца.

I ў тзлескоп гадоў
Глядзець на сонца толькі,
Ды сьцерці пыл сьлядоў
Старой самоты-болькі.

Зьвярок жаданьняў лёг
На радасьцi, на мукі...
Нам соладка ўдваёх
Пасьля даўгой разлукі.



ТВАЯ ЎСЬМЕШКА

Крыўда болем выводзіць крывую,
Пакрываючы шчасьце журбою.
А я слова бяру і чарую,
Ходзіць сонцам яно над табою,
Каб скрозь сьлёзы сьмяялася ты,
Каб твой позірк быў чысты, сьвяты,
3 цяплынёю жаночай, з мальбою.

Тое слова ў пакрыўджаным сэрцы
Можа выпрастаць, згладзіць крывую.
На канцэрце яно. I ў канвэрце.
Гэтым словам цябе я чарую.
Весяліцца прамень на сьцяне.
Твая ўсьмешка ў высокай цане,
Яна ў песьні. I я трыюмфую.



* * *

А няўжо я жаданьнем запозьненым
Пазіраю у вочы твае?
Iскры сьмеху красаеш ты позіркам,
З гэтых іскраў пажар паўстае.



* * *

Я веру ў чыстае каханьне,
Яно і ў справе і ў забаве.
3 табой мядовае спатканьне
У снох, у думках і наяве.



АРФА ДУШЫ

За сілу пачуцьцяў, за сонечны сьвет
Эротыку лае сухі пустацьвет.

Нікчэмная лірыка! Сьпеў дзікуна
Аб тым, што за цёмнай фіранкай вакна!

Паклёпы растуць і рыхтуюць турму.
I людзі маўчаць, не пярэчаць таму.

Здаецца паўстала сьляпая пара --
Яны пагарджаюць свайго песьняра.

А нехта ўздыхае ў галоднай цішы:
Ты -- наш адгалосак. Ты -- арфа душы.



НА ВЯТРЫ

Гэта ўсё, што ня мог і ня сьмеў я сказаць,
Накіпела ў маёй неспакойнай душы.
А ці варта імя дарагой выразаць
На бярэсьце чужой і бязьлюднай глушы?

Ці пакіну я мрояў няспынены рух?
Маё сёньня ці ляжа ў стагодзьдзі мастом?
Кажуць, стаў на вятры прыдарожны лапух,
Б'е цьвярдую зямлю аблавухім лістом.



КАБАРЭ

Нехта сорам за грошы прадаў,
Заняпала павага жанчын:
Абвівае танцорку удаў...
П'юць шампанскае, віскі і джын.

Вар'етэ вар'яцее пад джаз,
Чадам кадзіцца бар-кабарэ.
Юрам -- дрыжыкі! дражніцца час,
Позны час на свой пожаг бярэ.

Ачмурае дурным хараством
I мяне маладзіц чахарда.
Гвалт сумленьня, душэўны надлом...
У нудызьме сьмяецца нуда.

I ламаецца ціхі спачын...
Гэткай ганьбы у нас ня было.
Мы калісьці у шатах ляшчын
Мелі чыстай уцехі цяпло.

Мы хмялелі з крынічнай вады.
Бор зялёны, як ветлівы бар,
Абуджаў наш імпэт малады, --
Танцаваў з намі родны абшар.



ПАЛІТЫК ЦІ ПАЭТ

Калі ў душы крычыць палітык, --
Паэтаў голас нікне, гiне.
I вершы вэрхалам агітак
Пяюць партыйнай верхавiне.

Баліць паэту... Доля злая
Яму прысватала цэнзуру.
Ён іншым полымем палае...
I толькі ў чарцы сьпеліць буру.

Ня тонкай віткай белых нітак, --
Ён смольнай дратвай боль свой цягне...
Крычыць і крочыць пан палітык,
А сэрца ўпотай красак прагне.



* * *

Мне здалося: ў дзьвярах
Тупат злога, чужога.
Гэта даўнiшні страх
I былая трывога.

Гэта здань уначы
Перажытага часу...
Зноў лятуць крумкачы
На мой сад, на тэрасу.

Зноў пачуліся брэх,
Стук і грук ля парога.
Да дзьвярэй я падбег,
Адчыняю -- нiкога.



* * *

3 далёкай поўначы сівымі
Вярнуліся мае сябры.
Пакуты вязьня разам з імі
I сэнс раскрытай кабуры...

Іх сустракалі на вакзале.
Букеты кветак. Поціск рук.
Тых рук, што сець на іх вязалі,
Даносы ціскаючы ў друк.

I крыўда скардзіцца нямая,
Няма спагадных, дарагіх...
Адных улада абыймае,
Зямля чужацкая -- другіх.

I набліжаецца паволі
Ізноў цяжкі, халодны змрок.
Ізноў сябры мае ў няволі,
I слова ўзята на замок.

I не раскажуць аб нягодах,
Аб тым, што тоіцца ў душы.
Як ганьбавалі іх на сходах,
На палітычным кірмашы.

Як уначы аўтамабілі
Іх везьлі ў роспачы, тузе,
Як маладосьць і цьвет згубілі
Ў глухой, бязьлітаснай тайзе.

Маіх сяброў я разумею,
Я чую іх... А злосны час
У сьцюжу гоніць і ў завею
Мільёны -- непакорных -- нас.



ВЫБУХ

Хай ня будзе бязладзьдзя на добрай зямлі:
Пладаноснай -- спакой у падзяку,
Каб на ёй, дзе руіны травой парасьлі,
Ня было-б аніякага знаку.

А злыбедай --
выбух...
Ізноў
быльнёг
выбег.

Страх, якое прадоньне на люднай зямлі!
Так, фатальнае тое прадоньне!
Людзі космас -- здаецца ім -- перамаглі,
А разьюшаны атам -- на троне.


I злыбедай --
выбух...
Ізноў
быльнёг
выбег.


НА МАСКАРАДЗЕ

На блудным балі блазнаў
Сяброў я не знайду.
Там кот дзьвярыма бразнуў
I ўскрыкнуў какаду.

I ўсе крывыя маскі --
Аслы і бараны,
Мурынкі, папуаскі,
Русалкі, лясуны

Прыціхлі, як ад бомбы,
Глядзяць, як на пажар:
-- Здаецца, ты казлом быў,
Цяпер адкрыты твар.

НА ВУЛІЧНАЙ ВЫСТАЎЦЫ

Гляджу я на тыя палотны,
Дзе ў плямах уяўны абраз,
Дзе талент аерам балотным
Чакае, як Сёмуху, нас.

Ён песьціў ідэю і трызьніў,
На вуліцу вынес, на суд.
У новым сьвятле -- дальтанізьме
Мастацтва паказвае цуд.

Дзіўлюся. Ружовыя сьвіньні,
Падпасак, як чорны цыбук,
I выган засмужаны, сіні,
I сонца -- зялёны павук.

Ёсьць мілае ў гэтым матыве
I згадка дзіцячай пары.
А вунь на запененай грыве
Грамадкай сядзяць камары...

Бялілы пусьцілі завею
Ў рудую іржу-каламуць.
I я мастака разумею:
Ў балоце лілеі цьвітуць.



КРУЦЬ-ВЕРЦЬ

Сьвятло ламаецца праз прызму --
Вясёлых колераў сьцяжкі...
Паэт пад шыльдай мадэрнізму
Хавае часам зрух цяжкі.

Ён у свае радкі пустыя
Ссыпае словы-медзякі.
Іх выдае, як залатыя,
Як скарб няведама які.

Адно бліскучыя бразготкі
Як боль заселі ў галаве.
Верш бяз душы -- напеў кароткі,
На чулым сэрцы ня жыве.

Дармо стараецца музыка,
Нікога песьня не кране.
I скрыпка ўсхліпвае бяз смыка,
Дурэюць пальцы на струне.

Струна скавыча, наракае:
У словах сэнсу не знайсьці.
...Ці падабаецца такая
Круць-верць у сьведамым жыцьці?..



АБСТРАКЦЫЯ

Пяшчотных пачуцьцяў сасьпела маліна,
Ужо разгараецца сьветлае пекла.
I песьні зрываюцца з пругкіх трамплінаў,
Каб слова дубовыя душы пасекла.

Звычайныя душы ёсьць нават і ў мушак.
Заростаюць душы густою травою...
Мы сушым прысыпкай паэзіі смушак,
А дзе тая вільгаць, што поіць жывое?

Дзе тая крыніца з празрыстым струменем?
Мы хочам напіцца, умытымі выйсьці,
Каб кроў маладзела і сьлёзы натхненьня
Зігценьнем казалі аб радасным прыйсьці,

Аб прыйсьці таго, што жыве ў лятуценьні...
Уяўнае станецца хай асалодай,
I ўцешна, як дзецям кітайскія цені,
Прадставіцца
літаратурнаю модай.

Наш дух не ў палоне, і розум ня скуты.
I музыка з рызыкай сэнсу і гукаў.
Там космас -- дзе гінуць зямныя пакуты.
Пратэст у замкнёную браму застукаў.

I тыя, што маюць звычайныя душы
Ня ўсё разумеюць, ня чуюць так чыста.
Тут нехта спакой вольнай думкай парушыў:
Сьмяецца, сьпявае, крычыць урачыста.

Абстракцыя ў практыцы. Значыцца, будзе
Яна задавольваць мастацкія густы.
Стаіць хараство і ў утончаным блудзе
Далёка ад розных рэклямаў распусты.



ГАВАЙСКАЯ ГІТАРА

Гітара бездакорная
I пад рукой пакорная, --
Гавайская, гавайская.
Душа на струнах райская.

Гавайская гітара гудзе вясёлым енкам.
Трымценьне струнаў, траваў, рук, постацяў, вянкоў.
Іграе сонца ў танцы. I зыбленым каленкам
У такт вуркочуць хвалі, далоні маракоў.

I гукі ў заціханьні... Падобна -- на жалейцы
Мой край сьцінае смуткам збуцьвелы злы бур'ян.
...Гавайская гітара галосіць і сьмяецца;
Здаецца, наша гора сплывае ў акіян.

Ласкава і гульліва гітара сны рысуе,
I трызьніць і сьпявае ў трывожнай цішыні.
Танцуюць і трапечуць, як матылі, красуні.
I тонуць ліхалецьці ў завеях цяплыні.

Убоства пахавалі палёсткі архідэяў,
Дзявочыя усьмешкі і косаў чорны вір.
I скача захапленьне на вогнiшчы ідэяў --
Дзівоснае, жывое вядзе ў спакой і мір.



СЯМЕЙНАЯ СЦЭНКА

Намі ўсё ўспрымаецца па рознаму...
На абрусе -- з цукрам сухары.
А яна мне гнеўна і бяз розуму:
-- Што за пачастунак, чорт бяры!

Гэта ці ня музаў тваіх выбрыкі?
А раскоша прыйдзе ў дом, ці не?
Пiшаш вершы. Верыш... Маеш вынікі?
Ці-ж твая прадукцыя ў цане?

Анічога -- ні жыцьця шыкоўнага,
Ані зерня шчасьця не здабыў.
Ты ў гучаньні вобразу чароўнага,
А мой сказ наўсуперак грубы:

Мы жывем, як тая пацярушына,
Што ў праменьні сонца з-пад гразі.
Горкаю гаворкаю уэрушаны,
Я прашу:
-- Сухарык пагрызі.



ДУМКІ АБ МОДАХ

Ім далі бязьмежныя правы,
Ім -- заканадаўцам новых модаў.
А яны праводзяць шлях крывы
Ў звычкі і традыцыі народаў.

Пачалі наш белы сьвет чарніць...
I чаго цяпер не нарабілі!
Прыдушылі душы чараўніц,
I мужчыны ў муках і ў бясьсільлі.

На мадэлях новых дзікі зьвiх,
I -- фасон сарочкі! Мо з Гвінэі?
Ці з прычыны клопатаў якіх?
Ці як вынік выклятай ідэі:

Распрануць і вырваць у кабет
Сарамлівасьць і самапашану?
Сёньня мілым паказалі сьвет --
Сьвет распусты, грубасьці і зману.

Так няўзнак пакрыўдзілі мы іх.
Галізна, як той тавар на рынку,
На паказ, на меркаваньне ўсіх...
Гэта сьмех ідзе на вечарынку.

I скупы натоўп прынадных ног.
Уваччу -- і шулы, і крывулі.
I няма ні палу, ні трывог,
I пачуцьці ў холад патанулі.

I паэт ня бачыць хараства.
У яго аголенае слова.
I яно, як жорсткая жарства,
Шаргаціць бяздушна і сурова.

Дзе жывая лірыка твая?
Дзе паклон твой нізкі ў прывітаньні?
Хто і ў чым састарыўся ўдвая
I ня мае шчырасьці ў спатканьні?

Дзе твой палкі шэпт, гарачы дых?
Дзе пяшчоты поступ дабрачынны?
...Не тапчэце шчасьця маладых,
Не крадзеце радасьці ў мужчыны!

Палатном укрыйце маладзіц,
Аксамітам, шоўкам ці паркалем.
Мы ня хочам цела верадзіць,
Мы агню апошняга ня спалім.

У японак бачым кімано,
У індусак доўгія спадніцы.
Прычыняюць сьветлае акно
Ад чужых паглядаў аканіцы.

I расьце цікавасьць. I ў той час
Захапленьні, прагнае жаданьне.
I хвалюе нас, і цешыць нас
Годнае, народнае убраньне.

А яно нязьменнае было,
Чыстае і сьцiплае, да пятак.
I каханьне ціхае цякло,
Аднаўляўся радасны пачатак.

Так спрадвечным стаўся той уклад.
Хай мінецца час шматка-сукенкі,
З-пад якой, бадай, на добры лад
Выглядаць ня мусілі-б каленкі.

Хараству жанчын -- закрыты сход,
У пакровах цнота нас вітае.
Гэту мудрасьць выпесьціў Усход.
Там жанчына ходэіць, як сьвятая.



У ВІРЫ ВУЛІЦЫ

Вуліца вяліцца.
Дым і дамы.
Вуліца пыліцца,
Вузьліць вугламі,
Прорваю валіцца ў грукат.
А мы --
Душы на мыліцах,
Сунемся самі
Ў гэтае пекла, дзе туліцца
Тлусты закураны тлум.
Вуліца!
Сёрбаеш, вуліца,
Гора ці радасьці шум?
Ці плошчаў плач?
Вуліца гораду!
Вуліца-блудніца,
Нам растлумач.



АЎТААВАРЫЯ

Аўтар з марамі:
Аўта-аварыя!
Аўтамабілі
Фары пабілі...
А пад фарамі?

Аўтаматы
таматы
душылі...

Шум машыны.
Шоргат шыны.
Піск мышыны...

Аўтамабілі
Веру забілі.



ЛІТАРА «У»

Літара «У», чаму
Стаіш на аднэй назе,
Падняўшы рукі ўгару?
Воўчым выцьцём грызе
Восеньскую пару
Доўгае
у-у-у!

Сумны, тужлівы гук.
Роспач паднятых рук.
I я далоні ўзьнiму,
Трымцеючы:
-- У -- У --
Усявышні, чаму
Ў мове так поўна «у»?

Чуюцца ў словах сум,
Смутак, пакута, глум.
Гулка гудзе струна:
Скруха, згуба, труна...
А ёсьць і сузорны рух --
Музыка, мудрасьць, дух.



КАРУЗЭЛЬ

Карузэляй дзень дагарэў.
Сьмех і вясёлы крык.
I кружыліся кроны дрэў,
Тата ў натоўпе зьнік.

Захапляюцца дзеці
Ў кругалётнай карэце:
Глядзеце, глядзеце,
Вунь тата!.. Ў бэрэце!

А я ціхутка
Стаю ў мінулым,
Кружуся смуткам
На слове чулым.

О, дзеці! хутка
Прыціхнуць гульні...



ГІДЫ

Я ў музэі, а там фарызэі --
Гіды -- жывяцца словам завучаным,
Экскурсантам шрубкі закручваюць.
I старанна каравай анучынай
Біты быт прыкрываюць і раны.

Мне балюча. Іду пакараны --
Вечны вучань -- пакорны, рахманы.

Гіды згодныя з гідкім зманам,
I сумленьне хіба ня грызе іх.
Сьвет звужаецца нудна ў музэі
I здаецца малым, паламаным.
...Я ня слухаю вас, фарызэі!



ТЭЛЕВІЗАР

Малы праменіцца экран:
На ім бушуе акіян.
Ірве праменьня валакно.
Вялікі сьвет плыве ў вакно.

Чаруе, надзіць ён мяне.
Я сёньня бачу ў тым вакне
Маё вандроўнае жыцьцё
I пасьмяротнае быцьцё.



АД СЯРЭДНЯВЕЧЧА

Хацелі ў таямніцы
Вучоныя сычы
Жывой вады напіцца
I сьмерць перамагчы.

Дрыжачымі рукамі
Хапалі з нябыцьця
I філязофскі камень,
I эліксір жыцьця.

Ідэя ў лятуценьні!
Няма жывой вады...
Дарэмныя імкненьні
Быць вечна маладым.

А камень мудры ў змане.
Ён пацяшае тым,
Што медзь хвальшыва гляне
Кавалкам залатым.



ПАД ПІНЦЭТАМ

Пачынаюцца ў сьвеце цудоўныя спробы:
Трансплянтацыя сэрца, мазгоў і вантробы.

3 перасаджаным сэрцам, з чужымі мазгамі
Ці пазбавіцца сьмерці, ці выйсьці багамі?

А пачуцьці і розум няўжо-ж пад пінцэтам?
Цуд пад вечным марозам і страшны пры гэтым.


Я - I ЛАЗА I АЗАЛІЯ

Горад. Там шмат дарог.
Гонар. Атара ног.
Маса. А сам
Я аматар. Трата мая --

Сачу час.
I марамі
Я сунуся:
Я -- і лаза і азалія.



РАДАСЬЦЬ

Шчодрасьць -- сіла. I з гэтай прычыны
Чэрпай радасьць ня з іншых, з сябе.

Сьпее добрае зерне ў сяўбе.
Сьмех дзіцяці і позірк жанчыны,
I расчулены голас бабулі,
I гаротніка поціск рукі...

Значыць, босае шчасьце абулі.
Значыць, радасьць бяжыць напрасткі.



* * *
Зялёныя прапэлеры кляноў,
Як матылі ўскружыліся ізноў;
Крылатае малое шкумацьцё
Нясе насеньне... Зерне -- у жыцьцё.

За грунт зямлі чапляецца яно.
А прарасьце мо з тысячы адно.



* * *

Гэтак станецца...
Вочы заплюшчым свае,
Мы іх рана ці позна заплюшчым.
Будзе вечная ноч. Тая ноч не пяе
Ні прасторам жытнёвым, ні пушчам.
А пакуль што кароткія ночы...
І ў іх
Абуджэньні і сэрца малебны.
Мы чытаем,
Мы бачым уласны свой штрых,
Маем радасьць.
I сум непатрэбны.



МОЛЬ У ШКЛЯНЦЫ ВІНА

На маленькай прыкрай плямцы
Засьпявала навіна.
Патанула моль у шклянцы
Балеарскага віна.

Крылцы лёгкія прысталі,
Лёг драбочак спарыша.
На рубінавым крышталі
Молі моліцца душа.

Мне шкада слабой істоты.
-- Шкодзіць? Вопратку псуе?
Чыняць большыя турботы
Людзі быццам-бы свае.



ПАДАРОЖНАЕ

Сьвет прыгожы -- не варожы,
Ахвяруючы яму
Дарагія падарожжы,
Ўсё я сэрцам абыйму.

I на цёплых паваротах
Адпадуць туга і млосьць.
Я ў вандроўках і палётах
Аднаўляю маладосьць.



МАЛІТВА

Барані мяне, Божа, памілуй.
Адвядзі ад злавесных вятроў.
Дай мне песьні, і радасьці з мілай,
I ў дарозе адданых сяброў.



СОЛЬ БЫЦЬЦЯ

Дарагая соль быцьця...
Адчуваю боль біцьця,
Абмiнаю золь ныцьця.
Больш любові, пачуцьця.



АЗЪ ЕСМЬ

Змагаўся Давід з Галіяфам і злом,
А Я гатоў ісьці за Давідам.
Я -- сіла
3 розумам і хараством,
Арыгінальны Я індывідум.

Я ўціснуты ў слова, хварбу і гук,
У зьлепак, разьбу, нават абрубак.
Я -- гэта сотні і тысячы рук,
Розумы,
Зьлітыя ў адзін кубак.

Ад семя, ад зерня, ад плоці -- Я...
Сям'я! I ўсім -- Я,
Я ганаровы.
I ўсё тут маё, і зямля мая,
I словы мае -- шчыт і пакровы.

Бароніцца Я ад шэрага Мы
I выстаўляе свой талент масам.
Я -- гучнагалосы, Я і нямы,
I ўзьняты,
I зганьбаваны часам.

I ў космасе Я,
I на морскім дне,
I ў дыханьні жывым, нясуцішным.
Душа-бунтарка пярэчыць мане
I хвалюецца даўнім і прышлым.

I кідае ўладна яна: Я на!
На сьвеце Я
Хай будзе ў пашане.
У кожнай прачулай душы вайна,
Пратэст і крык, і енк, і маўчаньне.

Я -- выбраны твор. Я -- выразны твар.
Даецца дар і шмат і патроху.
Азъ есмь Господь. Я Гаспадар.
Я з братнім Я
Ствараюць эпоху.



* * *

Мастацкае слова,
Маўлянае міла --
Ад ліха замова,
Чароўная сіла.
А з роднае мовы --
Гаючае слова:

Як росы на травы,
Як сонца на пляжы,
Як позірк ласкавы.
Нядолю разьвяжа
Магутнае слова,
Уцешнае слова.

Я чую размову
I подых вясновы,
I цёплыя словы:
Бывайце здаровы!
...Кладзецца ў аснову
Мастацкае слова.



АРХАФОН

Сасьпела слова
сакавітае, як сьліва.
I слава -- слову, сіла у якім.
Няхай гучыць яно
прыгожа
і шчасьліва,
Бо шчыры Бог
у роздуме маім.
Бог хараства, дабра!
Бог мрояў і каханьня!
Натура не захутана ў халат.
Прыймаю прымхі,
радасьць сьветаадчуваньня
I чары слова,
і напеўны лад.
Нясу я слова ў сьвет.
I сам я ў слове новым
Знаходжу захапленьне, сэнс жыцьця.
Жыву -- пяю.
Я -- ў коле каляровым
Маіх пачуцьцяў,
думак,
адкрыцьця.


I

Як-жа я верш напішу,
Калі пачуцьці нямыя?
Слова -- сьвятлом у душу
Хлыне і цьмянае змые.

Шэрыя плямы зьвядзе,
Шчырасьць ушыркі разгорне.
Не падвядзе і ў бядзе,
I запяе на валторне.

Слова галосіць, і гук
Просіцца ў літары-знакі.
Слова працуе бяз рук,
Сьвету прыносіць прысмакі.

Горка. Салодка. Растуць
I хваляваньні, і мукі.
Чыстае ці каламуць?
Простае ці ад навукі?

Часам ад сэрца ідзе
Слова з любоўю, настроем.
Але-ж чуваць дзе-ні-дзе
Брыдкае, з бросьняй, пустое.

Слоў расьцярушаны хлуд:
Добрыя, мілыя, злыя...
Словы! Лаўлю гэты цуд
Нератам думкі з імглы я.

Вечны нязьведаны рух
Творыць істота жывая.
Слова -- матэрыя? Дух?
Цела ці здань гукавая?

Як мне яго зразумець?
Як з ім прыгожа зрадніцца?
Слова патрапіла ў сець.
Звоніць жыцьця таямніца.


II

Як мне яго зразумець,
Зьведаць у межах закону?..
Слова патрапіла ў сець
Радыё і тэлефону.

Слова бяз крыл і бяз ног
Сьвет абыймае, праходзіць
Безьліч нябачных дарог,
3 гукам чужым карагодзіць.

Музыка, сьпевы і звон,
Розныя лёзунгі ў масу
Ўзятыя сёньня ў палон
Тэхнікай бурнага часу.

Гукі мы ў рукі ўзялі
I павялі закілзаных.
Плешчацца песьня зямлі --
Блізкіх, далёкіх, нязнаных.

Чуем і голас таго,
Хто ўжо даўно ў дамавіне --
Гэта уцеха з тугой.
Песьня жыве і ня гіне,

Выйшла з навеяных сноў, --
Б'е, працінае прасторы.
Круціцца шпулька... Ізноў
Гукі старыя ў паўторы.

Гукі лятуць у эфір.
I ўжо ня вусны ў размове --
Бурны, народжаны вір
3 ціхім прышэптам на слове.

Слова ў пакоі маім
Зьнекуль глушылі наўмысна,
А падалося важкім.
Пільна паслухаць -- карысна.


III

У цішыні кагадзе
Ўспыхнула думка-маланка:
Космас сьпявае, гудзе --
Гукаў і слоў саматканка.

Тысячагодзьдзі прайшлі
Грукатам, сьмехам і плачам...
Сёньня на нашай зямлі
Слова ня ў зрэб'і жабрачым --

Моцнае і ў харастве,
I на высокім узьлёце.
Слова ў ракеце жыве,
I прабягае па дроце.

I ў падзямельлі яно,
I паміж зорак зьнямела.
Я пазнаю ўжо даўно:
Слова -- спрадвечнае цела.

Добрых і гідасных слоў
Процьма ў сусьветным змаганьні.
Гул на мільёны вузлоў,
Гукі ў чароўным ваганьні.

Зданямі, мроіцца мне,
Кружацца ў вечным блуканьні.
Добрае слова кране --
Будзеш здаровым, у зьзяньні.

Ды апануюць калі
Брыдкія словы кагосьці, --
Цяжка таму на зямлі,
Лезе хвароба у косьці.

Гукі -- і лекі, і труць.
Гукі эпохаў і эраў
Дзесьці лунаюць, лятуць.
Я гэтай казцы паверыў.

Прыйдзе ў наш век гукахват,
Дзіва пакажа вучоным.
Зробіць, складзе апарат
I назаве архафонам.

I апарат-чарадзей
Мовай старой загаворыць.
Словы вялікіх людзей
Зловіць і ўголас паўторыць.



ЗАГАД СУМЛЕНЬНЯ

Я прыходжу ў захапленьне,
Калі ўсё сьпявае ў лад.
А маё цішком сумленьне
Мне дае такі загад:

-- Ты глядзі на верш прыгожы
Вокам крытыка-судзьдзі.
У радок -- Пракрустаў ложак --
Слова моцнае кладзі.

I няхай балюча вершам,
А таксама і табе,
Ды затое выйдзеш першым,
Як бахматка на вярбе.

Дзень вясновы, вялікодны.
Рунь і ў думках і ў палёх...
Дай-жа Бог пачатак годны
I шчасьлівы эпілёг.