МАМА
Кашулi
Тату, ужо ледзь жывога, прывезлi на лецiшча, у Валоўшчыну. Ён любiў свой блакiтны двухпавярховы дамок у крышку неахайным садзе з яблынямi i кустамi парэчак. Тата сабраў свае старыя кашулi i папрасiў маму памыць. Там няма гарачай вады. Мама грэла яе i за некалькi дзён перамыла ўсе чыста кашулi. Каб тата, крый Бог, не даведаўся пра свой блiзкi сыход.
Пас
Дзядзька Антон падарыў мне салдацкi пас з важкай абзоранай спражкаю. Я вельмi ганарыўся скураным пасам. З iм я быў непераможны ў свае адзiнаццаць гадоў. Калi перацягнуць такой зброяю па рэбрах, выдатны атрымлiваецца ўдар. Толькi бiўся я тым пасам, можа, якiх тры разы, дый то пабойваўся рассекчы галовы сваiм аднакласнiкам. Пасам лупцавалi мяне. За боты, поўныя вады, за двойкi па паводзiнах, за падманы, за гырканнi на бацькоў, за ўцёкi з дому... Было за што бiць. Балазе пад рукою выдатны пас. Ён ляжаў на палiчцы сцянной шафы ў вiтальнi. Выдатны пас. Перацягнуў раз-другi па плячах — i болей не трэба. Бiла мяне мама. Тата сыходзiў у кабiнет, як толькi пачыналася сварка. Мама брала пас, сварылася i лупцавала. Было за што.
РУКА
Адзiн з самых даўнiх успамiнаў пра маму звязаны з яе рукою. Я, двухгадовы, ахоплены страхамi i не магу заснуць. Прашу: «Мама, дай мне руку». Мацi сядае на ложак i кладзе далонь на падушку. Я абдымаю цёплую руку, супакойваюся i засынаю.
Малако
Не ведаю, хто такое прыдумаў i падказаў маме. Але нехта даўмеўся, што жаночым малаком добра прамываць мае хворыя вочы. Якраз нарадзiўся брат. Мама, калi кармiла яго, клiкала мяне i пырскала ў вочы малаком. Вочы ў мяне сапраўды моцна балелi, я страшэнна не любiў дактароў i розныя працэдуры, у тым лiку i малочныя прамываннi. Трываў, вядома. Плакаў. Слёзы змешвалiся з малаком, я iх размазваў па шчоках. Iшоў мыцца. З люстэрка на мяне злосна глядзеў першакласнiк, размалёваны мамiным малаком.
Ахвяры
Дзеля татавай творчасцi, дзеля мяне з братам мама адмовiлася ад кар’еры. Цi шкадавала яна? Пэўна ж, так. Каб не шкадавала, дык i не ведаў бы я, што ёй прапаноўвалi пайсцi ў аспiрантуру, застацца працаваць у Нацыянальнай бiблiятэцы, а яна выбрала сям’ю. Мама заўсёды выбiрала сям’ю. Калi ў брата ўзнiклi цяжкасцi з урокамi, мама адмовiлася ад пасады загадчыцы бiблiятэкi i пайшла працаваць у школу настаўнiцаю працы. Мама заўсёды жыла болей дзеля нас, чым дзеля сябе.
Малюнкi
Намаляваць маму цяжка. Вельмi блiзкi чалавек, немагчыма аддалiцца, цяжка зiрнуць адстароненымi вачыма. Таму, колькi нi рабiў я спробаў намаляваць партрэт, не атрымлiвалася нiчога вартаснага. Аднаго разу, у iнстытуце, калi я ўшчыльную вывучаў кубiзм з ягоным жывапiсным рэчывам, адзiн сiвагаловы мастак спытаў: «А мацi сваю ты таксама будзеш раскладаць на квадраты i кубiкi?». Малаадукаванасць выкладчыка не ўразiла — большасць з iх невукi, але нетактоўнасць абурыла, нiбыта ён вылаяўся на маю сям’ю. Спрачацца я не стаў. Адзначыў сабе, што партрэт мамы я абавязаны намаляваць, i ўсё тут. Намаляваў. Выпадкова. Не малюючы намаляваў. Знайшоў яго сярод старых накiдаў да вiтражу ў сабор Успення Дзевы Марыi. Шукаючы вобраз Божай Мацi, у 1982 годзе я зрабiў безлiч эскiзаў. Сярод iх знайшлася маленькая акварэль, на якой намалявалася не Дзева Марыя, а мая маладая мама. Тады i не заўважыў. Ёсць у мастацтве чароўнасць — здатнасць твораў жыць незалежна ад стваральнiка.
Маўчанне
Па тыднi, а то i па два я не гаварыў з мамаю, а яна са мною. «Мы не гаворым», — казаў я брату цi бацьку. «Чаму?» — «Не гаворым, i ўсё!» Прычыны сапраўды былi дробязныя, мiзэрныя. Пэўна, мы стамлялiся ад любовi, ад шчырасцi i цеплынi ўзаемаадносiнаў i пераставалi размаўляць, каб адпачыць. «Дом для цябе — толькi месца начлегу. Прыбег, паспаў i збег», — дакарала мама. Я замаўкаў, бо любiў свой прапахлы алейнымi фарбамi, застаўлены чарапамi i кнiгамi, завешаны палотнамi i малюнкамi пакой. Бацькi дазволiлi ператварыць яго ў майстэрню. А тут — начлежка. Крыўдна. Выйсцi з маўчання цяжэй, чым апынуцца ў iм. Але мы выходзiлi: побыт дае шмат нагодаў загаварыць. «Валодзя, вынесi смецце!» — «Зараз, а ты каву звары». Каву п’ем разам i гаворым доўга, бо так шмат адбылося ўсяго ўсялякага, пакуль маўчалi.
Лекi
Праца. Камандзiроўкi. Масква. Вiльня. Мiтусня. Менск. Вiльня. Масква. За справамi маму не бачу. Пагавару па тэлефоне i супакоюся, нiбыта адведаў. Мама пра тату сказала, што ягоныя рэчы стаяць на месцы, толькi лекi сардэчныя яна ўзяла i прымае. «Ён дазволiў. Прыйшоў у сне. Я паскардзiлася на кепскi стан, на тое, што на вулiцу тры днi не выходжу, i запасы таблетак i кропель скончылiся. «Бяры мае», — ён так сказаў — «бяры мае». Узяла. Мне лягчэй».
Талерачка
Мама расказвае, што адным з першых маiх слоў было настойлiвае «дай». Гаварыць я пачаў у дзевяць месяцаў, любiў сядзець на мамiных руках i казаць: «Дай!» Патрабаваў усё чыста: i гадзiннiк з гiркамi, i забiты ў сцяну цвiк. Баба Ядзя абцугамi выдзiрала той цвiк i давала першаму ўнуку. Апагеем «дай» стала талерачка. «Дай мне талерачку з неба!» — запатрабаваў я ў мамы i паказаў на поўню. Яна смяялася. На гэтым мае «дай» i скончылiся, бо калi нешта прасiў, усе дадавалi: «I талерачку з неба».
Сур’ёзнасць
Наколькi я сур’ёзны, цяжка сказаць. Пэўна, настолькi, наколькi падобны да бацькi. Тата быў суцэльна сур’ёзны. Нават iронiю ён скарыстоўваў, каб захаваць у недатыкальнасцi сваё грунтоўнае стаўленне да жыцця. Мама, наадварот, любiла i любiць жыццё такiм, як ёсць тут i цяпер. Яе аптымiзм ураўнаважваў татавы песiмiзм i нiгiлiзм. Мамiна паглыбленасць у побыт, у матэрыю, у сучаснасць аказалася насамрэч больш сур’ёзная i запатрабаваная за нашы з татам надзеi, вечна няспраўджаныя, планы, заўсёды недавыкананыя, захапленнi i расчараваннi. На мамiнай, а не на татавай сур’ёзнасцi трымалася i трымаецца наша вялiкая сям’я. Наша сур’ёзнасць у творчасцi — толькi цень вялiкай любовi да мамы.
Радзiмка
На безыменным пальцы левай рукi ў маёй мамы ёсць маленькая радзiмка цьмяна-залацiстага колеру. Такая радзiмка была ў бабы Ядзi, якая навучыла маму ў цяжкiя хвiлiны дакранацца да яе, каб адчуць дапамогу. Такая ж чароўная радзiмка ёсць i ў мяне. Калi мне кепска, я дакранаюся да радзiмкi, i свет цяплее, маркота развейваецца — мама дапамагае мне.
Мамiн сын i татаў сын
Была ў дзеда дачка, была ў бабы дачка... Так пачынаецца не адна беларуская казка. Падобным чынам можна распавесцi i пра нашу сям’ю. Ёсць татаў сын i ёсць мамiн сын. Татавым сынам усе называюць брата Мiраслава. Ён i падобны да таты, i любiў яго тата болей. Я — мамiн сын. Спачатку (я ж старэйшы за брата на сем гадоў) мне пашчасцiла пабыць адзiным любiмым Вовачкам i ў мамы, i ў таты. Калi ж мама пагадзiлася купiць мне брацiка, сказаўшы, што нарэшце назбiрала грошай, тата засумняваўся. Маўляў, цi хопiць у яго любовi, каб так моцна любiць некага iншага, як ён любiць мяне... Нiхто нiколi не дакараў тату за тыя сумневы, акрамя яго самога. Мiраслаў адразу ж, з першага свайго дня, стаў татавым сынам. Цяпер, калi тата сышоў у краiну вечнай цiшынi, мы абодва — мамiны сыны.
Падарункi
Калi тата не меў сяброў, дык у мамы заўсёды было i цяпер ёсць шмат сябровак. Мама ўмее сябраваць, умее захоўваць таемныя гiсторыi, умее слухаць i суперажываць. На дзень нараджэння ёй тэлефануюць з усяго свету. Без перабольшвання. Эня з Нью-Йорку, Ада з Адэсы, Галiна з Берлiна. Завядзёнкi дасылаць падарункi ў гэтых сцiплых кабетаў няма, па iх сродках i званок абыходзiцца нятанна. Таму Галiна прыдумала гульню. Яны з мамаю заходзiлi ў ювелiрную краму i на словах дарылi адна адной найкаштоўнейшыя ўпрыгажэннi. «Я дару табе, Нiначка, вось гэты пярсцёнак з дыяментам!» — «А я табе, Галачка, дару залатыя завушнiцы з рубiнамi!» Абдораныя i вясёлыя яны пакiдалi краму. Цяпер Галя распавядае маме пра берлiнскую краму з кветкамi, быццам яны заходзяць туды i выбiраюць маме на падарунак пяць крэмавых ружаў. У гэты час я, чалавек, якi амаль нiколi не дорыць кветак, зайшоў у падземны пераход i набыў пяць крэмавых ружаў. Мама вельмi здзiвiлася букету i пераказала размову з Галiнаю.
Ззянне
Ралан Барт у сваёй кнiзе «Камера», разважаючы пра ўздзеянне фатаграфii на чалавека, прыйшоў да высновы, што найкаштоўнейшым здымкам асабiста для яго з’яўляецца партрэт мацi. Нi адзiн iншы чалавек не зможа адчуць i зразумець той таемнай сiлы, якая сыходзiць на яго праз гэты, для ўсiх астатнiх звычайны, партрэт. Барт пiсаў пра фотамастацтва пасля смерцi сваёй мацi, а таму не мог параўноўваць фота з арыгiналам, цень з постаццю. Дзякуй богу, мая мама жыве, i я магу бачыць светлае ззянне, якое зыходзiць ад яе. Светлыню тую не зафiксуе нiводная камера, яе бачу толькi я.
Прозвiшча
У мамы незвычайнае прозвiшча — Глобус. Яе бацька паходзiць з Капыльшчыны, з вёскi Жылiхава. У энцыклапедыi можна прачытаць пра яе некалькi радкоў: «Жылiхава, вёска ў Бучацiнскiм с/с Капыльскага р-на Мiнскай вобл. Цэнтр калгаса. За 32 км на Пд ад Капыля, 149 км ад Мiнска, 13 км ад чыг. ст. Цiмкавiчы. 590 ж., 240 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязi». З гэтых сцiплых звестак зацiкавiла апошняя. Кiраўнiком аддзялення сувязi ў пасляваенны час працаваў Уладзiмiр Глобус, мамiн бацька. Даведалася яна пра тое ў 1970 х, калi мой тата ўгаварыў яе з’ездзiць на радзiму. Мама нарадзiлася ў тым Жылiхаве ў 1934 годзе. Адносiны памiж яе бацькамi не склалiся. Баба Ядзя казала, нiбыта Глобус загiнуў на савецка-фiнскай вайне. Пэўна, праз гэта мама не вельмi любiць сваё прозвiшча i, калi злуецца, кажа мне: «Нiякi ты не Глобус, ты — Адамчык». Мне падабаецца мамiна прозвiшча, настолькi, што свае лiтаратурныя творы i малюнкi падпiсваю iм з 1977 года.
Бiблiятэкi
З усiх бiблiятэк найлепшай была тая, дзе працавала мама. Спачатку — бiблiятэка ў будаўнiчым трэсце № 4, пазней — у школе № 16, нарэшце — у Саюзе пiсьменнiкаў. Цяпер мацi на пенсii, жыве сярод кнiжак, сабраных татам. У бiблiятэкi я амаль не хаджу, чытаю куплёнае. Калi што трэба, у бiблiятэку iдзе сакратарка. Бiблiятэка без мамы для мяне не бiблiятэка. Кнiжны свет змянiўся за апошнiя гады, у iм паменела таямнiцаў. Бiблiятэкi мамiных часоў вабiлi якраз забароненымi выданнямi, сховамi-турмамi для кнiжак. Мама дазваляла мне чытаць усё, i я ўдзячны за давер.
З натуры
Калi напiсалася апавяданне «Ма-ма», я паказаў яго тату. Ён сказаў, што пiсаць на такiя тэмы трэба пазней, калi яго з мамаю не будзе. У тэксце пераказвалася гаворка з мацi, якая ўспамiнала сваiх маму з бабуляю. Татава заўвага збянтэжыла. Жаданне пiсаць з натуры пра блiзкiх людзей знiкла надоўга. Цяпер я шкадую. Дарма не напiсаў словы пра тату, калi ён яшчэ быў сярод нас. Пiсанне з натуры — найвыдатнейшы занятак, вынайдзены чалавекам. Праз яго мы бачым сябе такiмi, як ёсць, а не вымаляванымi памяццю i ўяўленнем. Некалi даўно Уладзiмiр Караткевiч прасiў, каб я напiсаў пра яго праўду пасля смерцi. Даючы згоду, я не ведаў, што не бывае праўды пасля смерцi. Ёсць праўда смерцi. Яе я апiсаў падчас адыходу таты ў край цiшынi. Ёсць праўда жыцця. Да яе iмкнуся, пiшучы гэты партрэт мамы.
Гонар
Мама ганарыцца сваiмi дзецьмi, гэта натуральна. Я разумею сапраўднасць i шчырасць яе пачуццяў. Сам, тым не менш, такога гонару за дзяцей яшчэ не адчуваю. Наадварот, заўсёды ганарыўся сваiмi бацькамi: татам i мамаю.
Знiшчэнне кнiжак
У людзей, далёкiх ад бiблiятэчнай справы, складаецца iлюзiя, што кнiжкi жывуць доўга. Памылковая думка. Кнiга, калi яе прачытае дзесяць самых акуратных людзей, развальваецца i падлягае спiсанню. Колькi такiх зачытаных кнiжак мама здала ў макулатуру! Гэта натуральны працэс, а было i iншае. Прыходзiў загад знiшчыць кнiгi новыя, i нават яшчэ нiкiм не чытаныя. Калi пачалася вайна з Кiтаем, маму прымусiлi зняць з палiцаў не толькi трохтомнiк Мао, але i кiтайскую кулiнарыю, i гiсторыю кiтайскай лiтаратуры. Што змагла, мама перахавала, ды большасць кнiжак вывезлi на сметнiк, дзе ўжо гарэла вялiзная, зробленая бульдозерамi гара паперы i кардону. Цi плакала мама, гледзячы, як гараць кнiгi?.. Не. Яна схавала ў сумку том гiсторыi кiтайскай лiтаратуры, якi падарыла мне.
Булачкi
Мама — самая прыгожая, мама — самая разумная, мама лепш за ўсiх гатуе. Я доўга не мог выбраць найсмачнейшую з прыгатаваных мамаю страваў. Дранiкi залатыя з лоем. Калдуны духмяныя са смятанаю. Чырвоны боршч з грыбамi. Кава па-турэцку з драбочкам цукру. Столькi ўсяго! А блiны! I ўсё ж найсмачнейшымi былi булачкi. Пэўна, з-за ўдзелу ў працэсе. Белага хлеба на пачатку 1960 х у Беларусi не было. Муку выдавалi на святы па талонах. Мама атрымлiвала папяровыя пакеты i, не чакаючы святаў, замешвала цеста. Я каштаваў сырое салодкае цеста, здавалася, з’еў бы яго ўсё. Толькi мама забараняла. Мы сядалi насупраць духоўкi i час ад часу заглядалi ў яе. Водар салодкiх мамiных булачак — найсмачнейшы ў свеце. Я так доўга не мог вызначыцца са страваю яшчэ i з-за таго, што ў дзяцiнстве i ў маладосцi кепска еў. Не любiў я есцi. I што б мама нi згатавала, казаў: «Не смачна», «не хачу», «не буду». Колькi крыўдных слоў пачула ад мяне мама на кухнi! Процьму. Сорамна.
Чаканне
Самым цяжкiм у дзяцiнстве было чаканне мамы. У дзiцячым садку чакаў, калi ж яна прыйдзе i забярэ. У летнiку — калi яна прыедзе, каб пагуляць са мною. У бабы Ядзi — калi павязе з Койданава ў Менск. У нядзелi — калi яна вернецца з працы, бо ў мамiных бiблiятэках выхадны прыпадаў на аўторак. Я высоўваўся ў фортку, каб далей бачыць вулiцу, па якой вярталася мама. А калi ў мяне забалелi вушы i я тыдзень праседзеў на бабiным ложку з закручанай у хусткi галавою, мне ўсё здавалася, што толькi прыедзе мама — i вушы адразу перастануць балець. Так яно i выйшла. Мама прыехала, i боль сцiх. Самая шчырая радасць, якую толькi давялося адчуць за жыццё, гэта хваля цяпла, што накрывала мяне з галавою пры сустрэчы з маёю мамай, Нiнаю.
Рэдактура
Мама просiць мяне, каб не рэдагаваў татавы лiсты i дзённiкi. Тлумачу, што рэдагаванне неабходнае. Без яго не абысцiся. Прапушчаныя лiтары, недакладныя коскi з кропкамi, паўторы словаў — гэта ёсць у кожным рукапiсу, але не мусiць быць у друкаваным тэксце. Прыхарошваць i цэнзураваць татавы творы я не збiраўся. Мама ведае пра гэта, ёй проста хочацца пагаварыць са мною пра яго.
Ёсць цi няма
Навокал шмат цынiзму, процьма нiгiлiстычных i песiмiстычных настрояў. Даходзiць да таго, што адукаваныя людзi кажуць: «Мяне няма!» I далей... Нас няма, адказнасцi няма, злачынства няма... Мушу спытаць у такога: «А мама ў цябе ёсць?» У мяне мама — ёсць.
Заклейванне вокнаў
Цяжка растлумачыць у час татальнай замены драўляных ваконных рамаў на шклопакеты, што такое заклейванне вокнаў на зiму папяровымi стужкамi. Драўляныя рамы мелi такую непрыемную звычку — рассыхацца. Утваралiся шчылiны, з якiх увосень пачынала дзьмуць так, што скавышы гулялi па ўсёй кватэры. У крамах прадавалiся рулоны папяровых стужак. Мама купляла iх, варыла крухмал. Мы з ёй i заклейвалi рамы. Стужкi вытрымлiвалi зiму, а ўвесну, напрыканцы красавiка, са шкляным трэскам я абдзiраў пажоўклую паперу, i мы з мамаю мылi вокны i рамы. Мыццё вокнаў i абдзiранне стужак — не такi просты занятак. Калi гэта рабiць у халодны, хай сабе i сонечны дзень, можна лёгка падхапiць запаленне цi ангiну. Але мама вельмi дакладна вызначала дзень мыцця вокнаў, i мы нi разу не захварэлi. Тата нiколi не абклейваў рамы i не мыў вокнаў. Яго раздражняў скрыгат сухой паперы па шклу. Ён сыходзiў з кватэры. Мыццё вокнаў — маё з мамаю свята. Цяпер мае вокны мые пакаёўка. Яна чамусьцi прастужваецца, бо не ўмее вызначыць цёплы дзень, не адчувае яго.
Кветкi i вазы
Чаму ў нашым доме было мала раслiнаў i кветак? Не магу адказаць. Мама iх вельмi любiла i любiць. У бiблiятэках, дзе яна працавала, заўсёды раслi амарылiсы i розныя iншыя кветкi. А ў кватэрах зелянеў мясiсты i калючы альяс. Мы адломлiвалi яго лiсты-шчупальцы, каб зака@паць густы сок у закладзены прастудаю нос. Дапамагала. Гаючая раслiна — альяс. А кветкi? Iх не было i ў шматлiкiх збанках i вазах, што мама назбiрала. Ведаю, вельмi прыгожа глядзiцца доўгая галiна вiшнi ў квеценi, пастаўленая ў высокую вазу, непараўнальна выглядаюць белыя нарцысы ў крышталёвай шклянцы, цёмна-чырвоная лiлея грыцыёзна стаiць у глiняным гладышы. Ведаў — i нiколi не прыносiў дамоў кветкi. І тата не прыносiў, i брат. Раслiны i жывёлы з’яўлялiся ў нашым доме выпадкова i на кароткi час. Толькi альяс, якi яшчэ называюць сталетнiк, прыжыўся на мамiным падваконнi.
Просьбы
Як мы не любiм прасiць! Жах як не любiм. I не просiм. Адстойваць сваё? Калi ласка. Патрабаваць належнае? Абавязкова. А прасiць... I давялося прасiць. Кватэру. Мне. Дзве сям’i на адной кухнi... Хто не ведае, няхай i не ведае. Мы пайшлi да чыноўнiка. Той сказаў, што ў кабiнеце на такую далiкатную тэму гаварыць не будзе, што мы мусiм пачакаць у скверыку пасля працоўнага дня. Мама i я чакалi. Ён падышоў з самазадаволеным выглядам i сказаў, што нiчым дапамагчы не зможа, паспрабуе, але не зможа, пастараецца, але нiчога не выйдзе. Я ўзненавiдзеў яго i сябе — за тое, што маме давялося прасiць гэтую паўразбураную пыхаю, алкаголем i абжорствам пачвару. Кватэру мне далi, насуперак усiм пачварам i пачваркам. Яе даў значна большы чыноўнiк, якi з павагай ставiўся да бацькавага лiтаратурнага таленту. I каб тата мог працаваць, мяне з дзецьмi i жонкаю адсялiлi. На ўскраiну. Прасiць некага аб нечым я зарокся, а тым больш прасiць маму, каб яна ў некага нешта прасiла.
Даросласць
У дзяцiнстве вельмi хацелася хутчэй вырасцi i стаць дарослым. У кожнага чалавека iснуе пэўная незадаволенасць фiзiчным станам. Але мая найбольшая незадаволенасць прыпала менавiта на дзяцiнства. Пагаварыць з татам на падобныя тэмы не атрымлiвалася, заставалася мама. Ёй трэба было давесцi маю мужчынскасць i даросласць. I я давёў. На выхадныя маму запрасiлi на пiкнiк у коласаўскую вёску Мiкалаеўшчыну. Цэлы аўтобус будаўнiкоў выправiўся адпачываць i весялiцца. Хто ехаў рыбу лавiць, хто — грыбы збiраць, хто — гарэлку пiць каля вогнiшча. Мама ўзяла мяне ў рамантычнае падарожжа. Пачалося ўсё з чытання паэмы «Новая зямля», а дэкламаваў класiчныя вершы малодшы брат Якуба Коласа дзядзька Юзiк. Крышку па-настаўнiцку ён выглядаў, але мне спадабалася апавяданне пра тое, як Колас на ўласныя грошы збудаваў школу. Непадалёку ад той школы i пераплыў я Нёман. Пайшоў адзiн на рэчку. Пераплыў на другi бок i вярнуўся гэтаксама назад. Прыйшоў да мамы, якая гатавала на вогнiшчы вячэру, i сказаў: «Я Нёман пераплыў, я — дарослы!» Сапраўды, я стаў дарослым, бо мама не сварылася, а толькi папрасiла больш не плаваць аднаму, бо рэчка хуткая, з вiрамi, з крынiцамi — можна патануць.
Пярэпалах
Адзiн з першых успамiнаў, звязаных з мамаю, вельмi непрыемны. Плачу, плачу, крычу i не магу супакоiцца. Прыйшла цётка Пэля, схiлiлася нада мною i зашаптала, загаварыла пярэпалах. Запомнiлася сутарга ад крыку. Пазней мама раскажа, як хадзiла кармiць маiх малочных сясцёр, Iру i Тому, дачок дзядзькi Чэся. А ў таго быў вялiзны злы сабака. Ён гыркнуў на маму, тая пералякалася, пасля пераляку i пакармiла мяне. Жах праз малако перадаўся мне — васьмiмесячнаму немаўляцi. Цётка Пэля ўшчувала маму за тое, што накармiла дзiця «перапалоханым малаком». Хто ведаў, што страхi захоўваюцца ў малацэ? Толькi чараўнiца Пэля навучыла, што пасля сполаху малако трэба сцэджваць. Дурнога сабаку, якi раз-пораз зрываўся з ланцуга i палохаў усю вулiцу, дзядзька Чэсь прыбiў.
Трывогi
Мама перажывала i перажывае за мяне i за Мiрыка. Толькi калi яна перажывае за мяне, я не бачу яе гора i пакутаў. А вось яе трывогi за Мiраслава я бачыў i суперажываў. Аддаць любiмага сына ў салдаты — як гэта горка! Пагатоў, калi iдзе вайна, i ён можа апынуцца на фронце ў Афганiстане. Мiраслаў напiсаў з войска, што яны трэнiруюцца ў гарах. Мама сабрала валiзу з прадуктамi i паехала ў Чарнаўцы, дзе Мiрык займаўся ў вучэбцы. Паехаў з мамаю i я. Брат быў вельмi худы, твар счарнеў, ён засынаў на хаду, чым ганарыўся: «Магу iсцi i спаць!» Мама сустрэлася з афiцэрамi, падаравала iм прадукты i каньяк. Тыя, выдаўшы ваенную таямнiцу, сказалi, што могуць размеркаваць Мiраслава толькi ў тры месцы: у Афганiстан, у ахову турэмных цягнiкоў або ў Чэхаславаччыну. Выбралi апошняе... Падобнае здарылася з маiм дзедам Уладзiмiрам, калi немцы ўзялi яго ў закладнiкi, а баба Броня выкупiла яго за тры скруткi палатна. Якое таннае чалавечае жыццё, калi яго можна памяняць на каўбасу з каньяком або на скрутак палатна!.. I якая вялiкая любоў павiнна быць, каб тое здзейснiць насуперак законам i акалiчнасцям...
Мода
Мама нiколi не была моднiцаю. Вядома, яна апраналася лепш за ўсiх, як для мяне. Модным i стыльным хадзiў тата. У яго былi гарнiтуры i чаравiкi, прывезеныя з-за мяжы. А мама любiла нашае. Толькi аднойчы яна доўга насiла модны плашч. Цяпер гэта выглядяе дзiўным. У сярэдзiне 1960 х пачаўся бум балоневых дажджавiкоў. Цёмна-брунатныя, зеленавата-балотныя, чорна-сталёвыя плашчы з сiнтэтычнага, падобнага да цэлафану рэчыва захапiлi свядомасць насельнiкаў СССР. Калi ты не меў балоневай апранахi, ты быў не зусiм чалавекам. Тата прывёз маме з Масквы брунатна-шакаладны плашч. «Яго можна скласцi ў сумачку i надзець, калi пойдзе дождж». Жанчыны толькi i чакалi гэтага дажджу, каб дастаць i надзець наймаднейшае. Я вельмi любiў маму ў шакаладным плашчыку. А яна ганарылася тым, што тата здалёк прывёз ёй такую модную рэч... Некалькi гадоў таму тата падараваў маме выдатнае футра. Яна вельмi радавалася падарунку, але насiць не насiла. Надзела колькi разоў i павесiла ў шафу, а потым i зусiм перадарыла яго ўнучцы, маёй Ядзi. Сумна, калi такiя рэчы перадорваюцца. I сказаць нiчога не скажаш.
Ідэалiзацыя
Цi iдэалiзую я вобраз мамы? I так, i не. Каго яшчэ мне любiць i ўсхваляць, як не яе? Тату? Я спазнiўся са словамi прыязнасцi i павагi. Таты няма з намi. Адной з прычынаў яго хуткага згасання была любоў да алкаголю. Мама страшэнна перажывае i нервуецца, калi даведваецца, што я цi брат выпiваем. Не гавару з ёю на тэму п’янства. А яна мяне папярэджвае: «Бачыла сон, як цябе сустрэў наш сусед Караткевiч (ён таксама заўчасна пакiнуў гэты свет праз гарэлку), як ён паклiкаў цябе пайсцi разам з iм. Я прачнулася i не змагла заснуць ажно да ранiцы. Так што, налiваючы чарку, ведай: гэта ён цябе клiча». «А тата мяне не клiча?» — падумаў я i змаўчаў. Нiкога я не iдэалiзую: нi сябе, нi маму сваю.
Споведзi
Калi думаць, што ў бiблiятэку прыходзяць адно разумныя i выхаваныя людзi, можна моцна памылiцца. Наколькi кнiжкi трапляюцца разнастайныя, настолькi стракатыя ў iх i спажыўцы. Што ўжо казаць пра чытачоў часопiсаў ды газет! Асаблiва надакучлiвыя прыходзяць напрыканцы працоўнага дня. Мама сабралася зачыняцца, а тут увальваецца нейкi чытач з гучным голасам i пачынае на ўсё памяшканне пераказваць газетныя навiны. Бiблiятэка — цiхае месца, цi прынамсi мусiць быць такiм. З’яўленне шумлiвага чытача i несвоечасовае i недарэчнае. Але паспрабуй скажы, што бiблiятэка зачыняецца. Мама i не казала. Ну няма дзе выгаварыцца чалавеку! Цэрквы i касцёлы пазачыненыя стаялi. Вось i хадзiлi людзi ў бiблiятэку, да маёй мамы, як на споведзь. Хто навiны пераказаць, а хто пра самае патаемнае распавесцi. Мама нiкому нiколi тыя споведзi не пераказвала, чым вельмi ганарылася i ганарыцца дасёння. А калi хто i быў навязлiвы i надакучлiвы, дык яна спакойна трывала i такiх.
Вока
За мамiну прыгажосць я перажываў заўсёды больш, чымсьцi за яе здароўе. Лiчыў, што знешнасць i адлюстроўвае яе стан. Наколькi памыляўся, яшчэ пытанне. Калi мама адчувае сябе добра, яна i выглядае выдатна. Сам такi. Таму, калi ў мамы захварэла вока, я заперажываў. Яно нiбыта выкацiлася наперад, зрабiлася вялiкiм, немiрготкiм. Ягоная нерухомасць i блакiтная празрыстасць палохалi мяне. А тое, што мама з хворым вокам хадзiла ў сваю бiблiятэку, — абурала. «Ну што ты ходзiш на працу? Пабудзь дома!» — «Ну як гэта людзi застануцца без кнiжак, без часопiсаў новых, без свежых тыднёвiкаў? Сам падумай!» Мамiна вока мне, бясспрэчна, даражэйшае за ўсiх яе чытачоў, але забаранiць ёй хадзiць на працу не змог. А трэба было б. Добра, што вока вылекавалася, а мамiна прыгажосць вярнулася.
Помнiк i лавачка
Якi помнiк паставiць на татавай магiле? Мы з братам бясконца гэта абмяркоўваем. Крыж? Камень? Якi надпiс? Цi скульптуру рабiць? Цi архiтэктару праект замовiць? Знаёмыя не надта ахвотна гавораць на тэму могiлак i мемарыялаў. Цi то пабойваюцца. Цi то занадта асабiстай справай лiчаць. Мама сказала: «Рабiце што заўгодна, а мне толькi лавачку пастаўце». Атрымалася — лавачка пры татавай магiле на Кальварыйскiх могiлках i ёсць галоўнае ў помнiку, астатняе можа быць якiм заўгодна, а лаўка мусiць быць найлепшай, бо яна — для мамы.
Чаравiкi
«Мама, а чым ты чысцiш чаравiкi?» — спытаў брат, калi мы, папiўшы гарбаты, абувалiся i збiралiся сыходзiць. «Нiчым не чышчу, абцiраю вiльготнай анучкай i ўсё. Тата займаўся абуткам, i сваiм i маiм», — мама заплакала. Бацькi пражылi разам сорак чатыры гады, мама ўсё яшчэ не змiрылася з татавай смерцю, не можа рабiць тое, што звычайна рабiў ён. Балюча на гэта глядзець, горка пра тое думаць.
АДМЕТНАСЦЬ
Сваю адметнасць мама заўсёды iмкнулася схаваць. Непадобнасць да iншых была ў яе з самага маленства. Прозвiшча Глобус iнакш як дзiўная мянушка не ўспрымалася, упартасць асуджалася, любоў да кнiжак нiхто не ўхваляў. Пагаварыць пра Чарльза Дзiкенса i ягоны Лондан не было з кiм. Таму мама пачала хаваць уласную непадобнасць. Яна звычайна апраналася, хадзiла на звычайную працу, гатавала звычайныя стравы. З усяго незвычайнага навiдавоку ў яе засталося прозвiшча, але хто ў нас цiкавiцца прозвiшчам замужняй жанчыны? Нiна Уладзiмiраўна для ўсiх знаёмых была жонкай Чэся Адамчыка, i, адпаведна, Адамчыхай. Пра яе незвычайную дабрыню, такт, розум ведаюць, збольшага, толькi блiзкiя людзi.
Наваградская кнiгарня
Адным са шматлiкiх вынаходак «бацькоў» савецкага ладу жыцця было раўнамернае размеркаванне кнiжак па кнiгарнях. У нас усе роўныя, i кнiжак, як хлеба i солi, атрымаюць пароўну, за выняткам спецразмеркавальнiкаў для начальства. Пра чыноўнiкаў апушчу. А пра наваградскую кнiгарню распавяду. Нiчога не маю злога да наваградцаў — наадварот, iх вельмi люблю i паважаю: яны ж яшчэ i татавы землякi. Але нашто было рабiць у Наваградку асартымент кнiгарнi такi самы, як i ў сталiчнай, даўмецца не магу. Так было ў 1970 годзе. Мама, як убачыла стэлажы дэфiцытных кнiжак, узрадавалася. Пайшла i дамовiлася з загадчыцаю кнiгарнi, што яна адкладзе патрэбныя для бiблiятэкi выданнi, а потым з Менска пералiчыць грошы i кнiгi забярэ. Мама наадкладала тамоў 500. Цешылася, як дзяўчынка. I я радаваўся з мамаю, а тата скептычна заўважыў, што нiчога ў мамы не атрымаецца, кнiжкi застануцца гiбець у Наваградку. Мама заспрачалася, i дарэмна, бо выйшла па-татаву. Чыноўнiкi-начальнiкi не дазволiлi менскай бiблiятэцы камплектавацца ў нейкiм там Наваградку. Мама, ледзь не плачучы, патэлефанавала загадчыцы крамы, але тая нiчым дапамагчы не змагла.
Вязанне
Вязанне пруткамi i кручком, безумоўна, жаночы занятак. Мне вельмi падабалася, як мама вяжа. Любiў я клубочкi i маткi нiтак. Дапамагаў змотваць маткi ў клубочкi. У часопiсах i кнiжках пра вязанне падоўгу разглядаў узоры розных вязак. Нават навучыўся накiдваць петлi на пруткi, далей за накiдванне петляў навучанне не пайшло. А болей за ўсё маё сэрца ахоплiвала радасць, калi распускаў звязанае i акуратна змотваў нiтку ў шчыльны клубок. Калi маме не падабалася звязанае, яна клiкала мяне, каб распусцiў. У гэтым распусканнi я стаў, безумоўна, майстрам, такiм жа добрым, як у вязаннi мама.
Першы дзень вясны
У першы дзень вясны мама ад самае ранiцы адчыняла дзверы на гаўбец i ўмывалася снегам. I нас мыла чыстым снегам. Вельмi паэтычна з надыходам вясны абмыць твар i рукi iскрыстым сняжком. Цяпер такiя зiмы, што i снегу няма. Але калi зноў зiма надыдзе доўгая, марозная i снежная, я першага сакавiка абавязкова ўмыюся снегам i павiншую маму з першым днём вясны.
Уцёкi
Шмат разоў я ўцякаў з дому, таму выдатна разумею ўсiх малалетнiх бадзягаў. Дома ўсё кепска, а свет такi вялiкi. Адзiнае, чым мой час дзяцiнства адрознiваўся ад цяперашняга — у iм зусiм не было беспрытульных дзяцей. Уцякаць даводзiлася аднаму. Першы раз я збег зiмою, калi вучыўся ў трэцiм класе. Намеры былi самыя рашучыя. Мароз лютаваў. Рукавiцы я не ўзяў, забыўся. Пакуль дайшоў да вакзала, рукi абмерзлi. Ехаць без квiтка я збаяўся, давялося вярнуцца. Мама, як убачыла мае чырвоныя рукi, аж заплакала. Павяла мяне ў лазенку. Пусцiла ваду. Сказала: «Не бойся, яна халодная, а табе будзе здавацца, што гарачая». Сапраўды, было такое адчуванне, нiбыта рукi сунулi ў кiпень. Мама расцiрала мае рукi ў халоднай вадзе, боль пацiху сплываў. Мама ў мяне такая добрая, любiць мяне... Чаго было ўцякаць?
Каханне
Мама любiла тату, а ён — яе. Але гэта не вобраз iх кахання. Словы, якiя кожны цi амаль кожны можа сказаць пра сваiх бацькоў. Мне хацелася стварыць вобраз, i я доўга ўспамiнаў, як мама распавядала пра тату. Згадаўся i такi выпадак. Яны, толькi пажанiўшыся, паехалi да татавых бацькоў. Было спякотнае лета. Яны прыехалi ў Наваельню. Да татавай вёскi было кiламетры тры. Можна было пайсцi па напаленай сонцам дарозе, а тата прапанаваў маме iсцi па рэчцы. Яны разулiся i пайшлi, узяўшыся за рукi, па празрыстай i халаднаватай вадзе Ятранкi. Яна неглыбокая, дно — залаты пясок. Мама казала, што гэтае падарожжа па рэчцы, у засенi алешнiку i вербаў, — найлепшае ў яе жыццi... Калi тата пiсаў пра сваю рэчку: «Яна цячэ праз маё сэрца», ён пэўна згадваў i як яны з мамаю iшлi па ёй, узяўшыся за рукi, такiя прыгожыя i маладыя, як мае дзецi цяперака.
Iспыт
Мама грунтоўна рыхтавалася да iспыта. Стыпендыя была жыццёва неабходная. Сям’я дапамагчы не магла. Мамiна мацi, Ядзя, пасля разводу з Глобусам выйшла за Бронiка Кiсяля i нарадзiла Антона i Рэню. У паваенным Койданаве грошы не вялiся. Бронiк вярнуўся з фронту паранены, ледзь жывы. Таму мама вучылася на «выдатна», i iспыты для яе мелi лёсавызначальнае значэнне.
Вярнуўшыся з бiблiятэкi ў iнтэрнат, яна пераапранулася ў сваiм пакоi, дзе жылi ажно дваццаць дзяўчат, i пайшла на кухню, каб запарыць гарбату на вячэру. А там нейкая першакурснiца пытаецца: «Нiна, ты маму бачыла?» — «Маму?» — «Твая мама прыязджала, уся ў чорным». Мама пабегла ў свой пакой, а дзяўчаты пагасiлi святло i ўдавалi, што спяць. Мама казала, што нiколi ў жыццi ёй не было так страшна, як стаяць у цёмным пакоi, дзе ляжаць пад коўдрамi дзевятнаццаць сябровак. «Яны робяць выгляд, што спяць. Я не ведаю, што спытаць. Нешта здарылася. Нешта жахлiвае. Што? З кiм? Мама ў чорным». — «Ды скажыце вы, што здарылася?!» — закрычала мама з цемрадзi. Дзяўчаты запалiлi лямпачку, пачалi супакойваць маму. Расказалi, што прыязджала яе мацi, бо памерла баба Марыя, i папрасiла, каб да iспыта нiчога не казалi, а сказалi пасля. Мама ноч не спала. Першай прыбегла ў iнстытут, атрымала пяцёрку i паехала на пахаванне любiмай бабулi Марыi.
Панiва
Ёсць здарэннi, пра якiя не ведаю, як напiсаць. Галоўнае — я зусiм не ўпэўнены, цi варта згадваць пра iх наогул. Але яны навязлiва запаўняюць сабой маю свядомасць i захiнаюць iншыя згадкi. Яны патрабуюць: напiшы пра нас, напiшы! Адкладаю, наколькi магу. А потым скараюся. Адно з такiх здарэнняў — выпадак з панiвою. Мама ў студэнцкiм iнтэрнаце смажыла бульбу. А вельмi самаўпэўнены маладзён, са знакамiтай артыстычнай сям’i, пачаў непрыстойна сябе паводзiць. Ягонае хамства давяло маму да таго, што яна вывернула яму панiву з салам i бульбаю на голаў. Як не выпалiла вочы, нiхто не ведае. Цудам хлопец не стаў калекам. На наступную ранiцу ў iнтэрнаце з’явiлася прыма Купалаўскага тэатру — Стэфанiя. Яна спрабавала сварыцца на маму, а тая сказала, што калi яшчэ раз яе сын палезе з заляцанкамi, дык застанецца не толькi без скуры, але i без галавы, i прынясуць яго дамоў безгаловага. Артыстка абяцала паспрыяць выгнанню мамы з iнстытута. Марныя былi запалохваннi.
Напiсаўшы пра панiву, не адчуў я палёгкi. Можа, пазней адчую. Спадзяюся.
Матылi
У нашым садзе над блакiтнымi качанамi капусты лёталi белакрылыя i жоўта-лiмонныя матылi. Iх называлi капуснiцамi. Я так любiў iсцi праз сад, па вузкай сцежцы, за мамаю i любавацца няўпэўнена-лёгкiмi палётамi капуснiцаў. Колькi разоў мне казалi, што матылi шкодныя, што яны ператвараюцца ў вусеняў i ядуць-шкодзяць капусныя лiсты! Мне было не шкада тых тоўстых лiстоў, а матылёў я любiў. Вядома, я любiў iх менш, чым маму. Але сад, мама, матылi! Што можа з гэтым параўнацца? А яшчэ — жыццё маё было наперадзе.
Каты i сабакi
Хто з жанчын не любiць коцiкаў i сабачак? Мая мама. У яе развiлася алергiя на звярыную поўсць. Яна не можа знаходзiцца ў памяшканнi, дзе ёсць цi нядаўна была жывёла. Ёй робiцца кепска. Падобная алергiя мучыць маю стрыечную сястру Вольгу. Яе арганiзм не прымае пахаў рыбы. Аднойчы Вольга ледзь не задыхнулася, калi яшчэ дзiцёнкам схапiла ў рукi люстранога карпа. Вось i мама пачынае задыхацца ад кацiных пахаў. З гэтае прычыны яна не прыходзiць да мяне ў госцi. Мой кот Чарлi, куплены для Ядзi, нiбыта не пускае яе. Пазбавiцца ад ката я не магу, бо Ядзi часцяком даводзiцца заставацца адной, а з коцiкам не так самотна. Зрэшты, да брата Мiраслава мама таксама не ходзiць, хоць у яго нi ката, нi сабакi даўно няма, толькi два шэрыя пацукi ў драцяной клетцы.
Плач
Заўсёды саромеўся сваiх слёз. Такi менталiтэт: мужчына мусiць хаваць пачуццi, стрымлiваць слёзы, быць злым i жорсткiм. Такiя героi ў нашых казках i аповесцях. Такiх мужчын нашы жанчыны хочуць бачыць у жыццi. Збольшага мы такiя i ёсць. Я вельмi перажываю з-за таго, што прылюдна заплакаў на татавым пахаваннi. Праявiў слабасць замест таго, каб з каменным тварам рабiць выгляд новага галавы сям’i. Затое мамiны слёзы ўспрымалiся натуральна, як абавязковае, як неабходнае. Днямi, памiж камандзiроўкамi ў Лондан i Вiльню, я забег да мамы на каву. Мы сядзелi на кухнi, i мама расказвала пра сябе: «Мне так сумна без яго. Устану ранiцай, пагляджу на партрэт, i слёзы душаць, але не плачу. Прыходзiць пакаёўка Алена, прыбiрае, мые мне галаву, стрыжэ, робiць прычоску. А дзеля каго я такая парадная, з прычоскаю? Няма з кiм пасварыцца, няма перад кiм паплакаць». Мама здымае акуляры i плача. Мне прыемна глядзець, як плача мая мама. Твар у яе чырванее, робiцца жывым. Так важна, каб твар у мамы быў жывы. «Не перажывай. Я зараз сабяруся. У мяне ёсць вы, але гэта ўсё iншае. З вамi я не магу пасварыцца». Тое, што напiсана тут — слабейшае за тое, што не сказана i не запiсана. Плач — мацнейшы за слова.
Жабрак
Заўважаецца такая заканамернасць: калi дом квiтнее, абавязкова ў яго прыходзяць вар’яты i жабракi-папрашайкi. I не важна, якi гэта дом, палац японскага iмператара цi Дом лiтаратара ў Менску. Жабракi прыходзiлi ў дом пiсьменнiкаў розныя, але адзiн моцна вылучаўся сярод iх. Звалi яго Валера. Ён заходзiў у розныя кабiнеты, у тым лiку i ў бiблiятэку. Чамусьцi ён называў маму Емельянаўна. Пэўна, з-за таго, што доўгi час у бiблiятэцы разам з мамаю працавала Еўдакiя Емельянаўна, сястра паэта Панчанкi. Мама заўсёды давала жабраку на хлеб. Прыпадкi Валеравай агрэсii мама ўспрымала спакойна. «Ну не будзем жа мы дактароў выклiкаць», — казала яна, i вар’ят супакойваўся, прасiў прабачэння ў Емельянаўны i хаваўся за дзвярыма.
Бiблiятэкi
Мамiны бiблiятэкi былi для нас другiм домам. У чытальных залах я, а пазней i Мiрык рабiлi ўрокi. Любiў я маляваць, схаваўшыся за кнiжнымi стэлажамi. Не было такога свежага часопiса цi новай кнiгi, якiя я не перагортваў. А найвялiкшым задавальненнем было ўзяць у мамы ключы ад бiблiятэкi, прыйсцi туды ў выходны дзень i доўга разглядаць i чытаць кнiгi ў адзiноце, у поўнай цiшынi. Тата, брат i я сапраўды лiчылi бiблiятэку домам. Аднаго разу я прывёў Мiрыка да дзвярэй дзiцячага сада i пабег у школу. Я быў упэўнены, што ён пойдзе ў групу. Думаць не думаў, што мой малодшы брат у садок не зойдзе, а пацягнецца бiць абцасамi лёд на лужынах. Хто з нас не ведае, як прыемна прайсцiся па малочным шкле плыткай калюжыны? Толькi ў адной з iх была ямiна, i Мiрык правалiўся ў ледзяную ваду па пояс. Выбраўшыся з вады, ён павалокся не дахаты, а ў бiблiятэку. I прастаяў пад дзвярыма гадзiны дзве, пакуль выхавацелька з iнтэрнату, якi быў у адным будынку з бiблiятэкаю, не знайшла яго i не патэлефанавала нам дамоў. Мiрык забыўся, што па аўторках мама не працуе, а дадому не пайшоў, бо тата насварыўся б мацней за маму. Гэта няпраўда, тата на Мiрыка амаль нiколi не сварыўся. Проста мамiна бiблiятэка была для нас другiм домам.
Павага i любоў
«Сынок, — кажа мама, — спачатку трэба, каб дзецi паважалi бацькоў, а бацькi любiлi сваiх дзяцей. Пазней надыходзiць час, калi ўсё мяняецца: трэба, каб старыя бацькi паважалi сваiх дзяцей i любiлi ўнукаў, а дзецi любiлi сваiх старэнькiх бацькоў. Я вельмi ганаруся сваiмi дзецьмi, i цябе паважаю». А я люблю цябе, мама.
ТАТА
Вугаль
Тата страшэнна не любiць рыпення вугалю на зубах. Адны калоцяцца, калi нехта жалезiнаю чыкiрыжыць па шкле, другiя не пераносяць шапацення паперы. А бацька не есць вугалю. Ён не можа пакаштаваць печанай у вогнiшчы бульбы, што для беларуса — дзiва дзiўнае.
Ручкi
Калi тата нешта любiць больш за кнiгi, дык гэта ручкi. Ён прывозiць iх адусюль: з Нью-Йорку, з Парыжу, з Масквы... У татавым стале — поўная шуфляда самых розных ручак i алоўкаў. I калi збiраюся ў якое падарожжа, тата нагадвае пра ручку i сшытак. З дзяцiнства я памятаю, як ён старанна прамывае над ракавiнай кiтайскую асадку. Тата любiць, каб ручка пiсала тоненька i добра пускала атрамант. А першы раман, «Чужая бацькаўшчына», пiша школьнай ручкаю, абмакваючы сталёвае пяро ў белую чарнiльнiцу. Апошнiм часам тата пачынае друкаваць на машынцы, але кожнае другое апавяданне прыносiць да маёй сакратаркi Надзеi ў тонкiм школьным сшытку. Напiсанае ручкаю.
НАЖЫ, НОЖЫКI, СЦIЗОРЫКI...
З вайны ў таты застаецца любоў да нажоў. Пэўна, гэта генетычнае, бо ў сялянскай хаце нашага дзеда Уладзiмiра нож — культавая рэч. Нiхто без дзедавага дазволу не можа крануць нож. Ён ляжыць у шуфлядзе кухоннага стала, iншага ў хаце i няма. Гэта ў бацькоўскай кватэры шмат сталоў i безлiч нажоў. Тата з дзяцiнства нажы збiрае. Кажа, што ў вайну меў тры казацкiя шашкi. Даводзiлася хаваць iх у лесе, увагнаўшы ў зямлю па самыя тронкi i замаскаваўшы мохам. Нехта высачыў i скраў бацькаву зброю. Ад усяго вайсковага застаецца толькi нямецкi штых-нож. Тата хоча назваць свае чатыры раманы, сабраўшы iх пад адной вокладкай, «Цень ад штыха». Але перавыданне раманнага цыкла адсоўваецца ў няпэўнасць. На жаль. А я дык нажы, ножыкi, сцiзорыкi не шаную. Купляю наступны, калi папярэднi губляецца альбо ламаецца.
Кнiжныя палiцы
Тата любiць сядзець на канапе насупраць кнiжных стэлажоў i разважаць пра лiтаратуру. Я магу гадзiнамi стаяць побач i слухаць, слухаць... Завязваецца спрэчка. Няма такога, каб не распачалася палемiка. З-за Камю, цi з-за Дастаеўскага, цi з-за Вавенарга... Абавязкова я цi тата ловiм суразмоўнiка на памылцы ў цытаце цi няправiльнай даце нараджэння якога з класiкаў. Спрачацца каля палiцаў з кнiгамi — сямейная традыцыя. Мы даводзiм адзiн аднаму сваю праўду з томiкамi ў руках. Тата паважае раманiстаў, а мне даспадобы апавядальнiкi. Ён выдатна ведае расiйскую лiтаратуру, а я так нiколi сур’ёзна i не перачытваў Цютчава, бо захапляўся Усходам — Сёнагон, Басё, Бусон, Iса. Мы розныя, але страшэнна любiм сядзець на канапе, насупраць кнiжных палiцаў, i весцi дыялог пра лiтаратуру.
Сябры
У таты няма i не было сяброў у маiм разуменнi гэтага паняцця. Можа, у юнацтве ён i меў сябра, але я пра тое нiчога не ведаю. Дый калi ўважлiва прачытаць татавы творы, наўрад цi знойдзецца яскравы матыў сяброўства. Тата шмат з кiм падтрымлiваў добрыя стасункi, але каб ён на роўных з кiмсьцi сябраваў — такога не было. Ён больш за мяне еўрапеец, бо заўсёды трымаў людзей на адлегласцi. Пэўна, таму тата любiць размаўляць з маладзейшымi, з тымi, хто не можа быць яму за сябра. I сваю выснову, што сябры знiкаюць у пэўным веку, недзе ў гадоў трыццаць, я зрабiў, назiраючы найперш за татам, а не за сабою.
Зялёны акiян
Тата спакойна кажа пра смерць. Яшчэ ў сорак ён пачаў гаварыць сваiм раўналеткам, што стары, што адмаўляецца ад той цi iншай справы або пагулянкi з-за свайго веку. «Якi ж ты стары, Чэсь? Ты ж маладзейшы за нас на дзесяць гадоў!» — здзiўлялiся некаторыя. «Не-не, я стары», — настойваў тата. Таму, калi ён мне з братам Мiраславам сказаў, што хоча сур’ёзна пагаварыць пра сваё пахаванне, мы ўспрынялi тое як належнае. Гэта было ў 1998 годзе, улетку. Мы сядзелi за сталом на татавай кухнi, калi ён сказаў: «Я хачу знiкнуць у зялёным акiяне. Мне не падабаюцца менскiя могiлкi. Я хачу вярнуцца на сваю Наваградчыну, у Варакомшчыну, у свае лясы, i назаўсёды знiкнуць у зялёным акiяне...»
Прынiжэннi
Значна лягчэй перанесцi ўласную знявагу, чым бачыць прынiжэнне таты. А можа, яно толькi здаецца. Адно ведаю дакладна: глядзець, як тата прыносiць скрэмзаныя рукапiсы сваiх твораў ад цэнзараў-рэдактараў, больш чым непрыемна. Яны выкрэслiвалi палiтыку, бурылi сюжэт, кастрыравалi вобразы i мову. Апавяданне «Кароль Нябожа»: ад 32 старонак засталося 18. I так праз усё жыццё, праз усю творчасць. Пэўна, таму большасць сваiх кнiжак я выдаваў уласным коштам, паўлегальна, без цэнзараў i паскудных дзяржаваў.
Галенне
Тата голiцца перад выхадам з дому, а ў выхадныя — перад прыходам гасцей. Я — наадварот, галюся з самага ранку, не магу сесцi снедаць, не пагалiўшыся. Тата можа да вечара прахадзiць па кватэры няголены, але спаць, не пагалiўшыся, не ляжа. Барады ён нiколi не насiў, бачыў у барадзе азiятчыну, а ён — еўрапеец, католiк, i мусiць галiцца.
Голас
Якi запаволены, слабы зрабiўся татаў голас. У тэлефоне ледзь чуваць. Даводзiцца перапытваць пра тое самае па некалькi разоў. Раней тата гаварыў у тэлефон вельмi гучна, ледзь не крычаў, баяўся, што не дачуюць, не зразумеюць. А цяперака гаворыць цiха i не баiцца.
Сэрца
У 1971 годзе ў таты схапiла сэрца. Ён ляжаў апрануты на засланым ложку. Панаехала дактароў. Усе паўтаралi страшныя словы: «Схапiла сэрца!» I мне ўяўлялася нейкая рука ў гумавай пальчатцы, якая хапае татава сэрца. Сперажывалiся мы тады. Дагэтуль не магу спакойна сказаць два гэтыя словы: «схапiла сэрца».
Уражлiвасць
Тата вельмi ўражлiвы чалавек, акуратны i асцярожны. Ён не любiць чужога ў побыце i iнтыме. Калi тата вучыўся ў Лiтаратурным iнстытуце, ён у бiблiятэцы памыў рукi i выцер iх ручнiком агульнага карыстання. Праз гадзiну рукi пакрылiся чырвонай высыпкаю. Можа, з месяц ён не мог пазбавiцца зудлiвых плямiнаў, ажно пакуль доктар не здагадаўся, што высыпка не iнфекцыйная, а нервовая: псiхалагiчна тата настроiўся на хваробу i захварэў. Праз такiя здарэннi ён i не любiць усяго чужынскага, агульнага, грамадскага.
Трускалкi
Днямi зайшоў да бацькоў. Проста каб пасядзець з iмi. Мацi запарыла гарбаты i пачаставала мяне трускалкамi. Тата працягнуў руку, каб узяць ягаду, а мацi далiкатна адсунула талерку. «Табе яшчэ няможна сырога». I яна i я ледзь стрымалiся, каб не заплакаць. Але стрымалiся i пачалi гаварыць пра палiтыкаў. Тата захваляваўся, i да яго вярнуўся голас.
Лес
Тата ў бальнiцы просiць Мiраслава, каб звазiў яго ў лес. Яны заязджаюць у ялiннiк. Бацька адмаўляецца выходзiць з машыны. Адчынiў дзверцы, паглядзеў, i яны вярнулiся ў бальнiцу.
Лекi
Мiраслаў пытаецца ў доктара, чаму так мала лекаў ён прызначыў нашаму тату. «А ў нас больш няма, прывозьце свае лекi, i мы ўсё зробiм». Тых лекаў i ў Менску няма. Даводзiцца тэлефанаваць у Вiльню, каб купiлi i перадалi. Там запiсваюць грувасткую назву, купляюць, перадаюць. Лекi не тыя. Што з iмi рабiць? Доктар суцяшае: спатрэбяцца вашай мацi.
Колер твару
У таты зусiм кепскi колер твару. Як цяжка пра такое думаць! Калi ён быў дома з мамаю, я адганяў ад сябе гэтае назiранне. Але ў бальнiцы зноў убачыў на бацькавым твары жоўты колер смерцi. Такi колер быў на твары ў маёй хворай на рак бабы Ядзi, калi яна сустрэла мяне ў бальнiчным двары. Такi самы колер меў твар дзядзькi Чэся ў калiдоры ракавага корпуса. Каб жа я памылiўся!
Сваё
Зрэдку ў iншых бачыш самога сябе. Так дзяды бачаць сябе ва ўнуках. Так я назiраю ў зыходзе таты ўласную нямогласць, слабасць i бездапаможнасць у бязлiтасным свеце. Тата — частка мяне. Сумна i балюча ўсведамляць незваротнасць зыходу.
Тэрмiн
Калi выпiсвалi з лякарнi бабу Ядзю, дактары напрарочылi ёй месяц жыцця. Яна пабыла з намi месяц i тры днi. Цяпер, калi мы забiралi тату, лекары сказалi, што пражыве ён толькi тры месяцы. Ад гэтых думак у мяне халадзее кроў i калоцiцца сэрца. З усiх сiлаў стараюся хоць бы выглядаць спакойным.
Агрэсiя
Бываюць iмгненнi, калi мая жывёльная сутнасць паўстае супраць вiдовiшча памiрання. Нехта нябачны падштурхоўвае ўдарыць тату i ўцячы. Я саромлюся гэтых думак, гэтых бiялагiчных жаданняў. Стрымлiваюся. Пераступаю праз iх. Гавару з татам. Услухоўваюся ў ягоныя часам блытаныя сказы. Iмкнуся зразумець, падтрымаць. Бывае, што ён ужо i не зусiм побач i не зусiм са мною. На сонечны дзень ён можа сказаць: «Вось i дождж пайшоў. У Бога ўсё гатова!» А жывёлiна зноўку прачынаецца. I, каб стрымацца, я кусаю сваю шчаку да болю, да крывi.
Мама
Мама надзявае акуляры, i я бачу, якiя ў яе вялiкiя i якiя заплаканыя вочы. Мама ўспамiнае, як яна з татам i са мною, трохгадовым, iшлi па вулiцы. Я — у самаробных валёнках. «Кацiўся наперадзе». Вялiкi п’яны дзядзька прысеў перада мною, працягнуў руку i павiтаўся: «Сяргей». Я таксама даў яму руку i сказаў: «Адамка». — «Ну, ён у вас маладзец! Адам яго завуць?» — «Не, гэта прозвiшча», — сказаў тата. Мама ўспамiнае рознае, добрае, вясёлае, каб не закрычаць, не завыць, калi глядзiць на свайго Чэся.
Маркi
Далёкiя i нязначныя дэталi маiх стасункаў з татам пачалi набываць патрэбнасць i выразнасць. Гэта выключна нашае з iм, яно нiкому iншаму не належыць. Вось паштовыя маркi. Тата дасылаў iх мне з Масквы ў канвертах, разам з лiстамi да мацi. Я наклейваў маркi ў альбом для фотакартак i безнадзейна псаваў iх як калекцыйныя рэчы. Сутнасць таго збiрання, дасылання i наклейвання была ў нашым разуменнi адзiн аднаго. Мы сядалi за стол, разглядалi маленькiя карцiны, гаварылi пра далёкiя краiны, пра Бурундзi, пра Iндыю, пра Алжыр...
Спадчына
Тата шмат напiсаў. Апошнiя гады ён пiсаў па маiх замовах i нейкiм чынам асабiста для мяне. Цяпер я разумею, што большасць напiсанага татам зроблена дзеля мяне i майго брата, дзеля ўнукаў. Смешна згадваць тут аўтарскiя правы i наогул нейкае там заканадаўства. Але татава лiтаратурная спадчына належыць мне, я гэта адчуваю. I законы мяне не абыходзяць, хоць большасць нашчадкаў i спадкаемцаў творчага чалавека якраз цiкавяць законы i грошы, выгандляваныя за спадчыну. Звычайна гэта людзi бедныя, ва ўсiх сэнсах.
Камянi
Тата шмат разоў фатаграфаваў камянi. Вялiкiя валуны, што ляжаць на берагах беларускiх палёў. Захапляцца гэтымi цёплымi, парослымi мохам падарункамi ледавiка ён навучыў i мяне. Ёсць у нашых камянях неспазнаная таямнiца, як у егiпецкiх пiрамiдах. Калi доўга глядзець на такi неабдымны, непад’ёмны валун, можна ўбачыць у iм Бога, Буду, будучыню. Я вельмi ўдзячны тату за прагулкi да валуноў. Гэтыя камянi памiж полем i дарогаю сталi сiмваламi нашай з татам Радзiмы.
Трава
Праз Інтэрнэт на мой сайт, дзе змешчана i татава кнiга «Развiтальная аповесць», прыйшло пытанне: «Чаму Вячаслаў Адамчык так часта зло ўжывае складаныя прыметнiкi, напiсаныя праз дэфiс: «зеленавата-блакiтны», «рэдзенька-шары», «густа-лiловы»? Тата адказаў, што гэта з-за любовi да батанiкi ды, пэўна, перабольшанай увагi да розных даведнiкаў i паказальнiкаў раслiн, дзе колеры кветак падаюцца праз дэфiс. Апiсанне раслiнаў у татавых раманах — адзiн з найцiкавейшых матываў, прынамсi, для мяне, чалавека, далёкага ад прыродазнаўства.
Гадзiннiкi
Тата паскардзiўся Мiраславу, што ў яго зламалiся ўсе гадзiннiкi. Хоць насамрэч гэта няпраўда. Мiраслаў падарыў тату навюткi японскi настольны будзiльнiк. Тата доўга разглядаў яго, а потым спытаў: «Колькi зараз часу?» — i вельмi здзiвiўся, калi Мiраслаў назваў час, якi паказваў будзiльнiк. Тата ўсё нiяк не можа паверыць, што зламалiся не механiчныя прылады, а разбураецца ягоны ўнутраны бiялагiчны час. Ён можа сказаць: «Во, ты схадзiў пераапрануўся!», хоць прайшло два днi, а ў яго ўсё яшчэ цягнецца адзiн пакутлiвы, хваравiты, цёмны дзень.
Самагубства
Калi бачыш, як няўхiльна згасае зорка татавага жыцця, вельмi прымiтыўнымi падаюцца нават думкi пра самагубства. Колькi пакутаў i роспачы нясе ў сабе адыход блiзкай душы! А наколькi больш балюча такi зыход адгукнецца ў сэрцах блiзкiх людзей, калi ён несвоечасовы, калi дзецi памiраюць раней за бацькоў? I варта жыць толькi дзеля таго, каб не паранiць сваiх блiзкiх заўчасным зыходам.
Аптэка
Мама пайшла ў аптэку па лекi для таты. Па рэцэптах, выдадзеных у лечкамiсii, яна магла заплацiць палову ад кошту. Аптэкарка сказала, што такiх рэцэптаў не прызнае i выдасць лекi толькi за поўны кошт. Мама абурылася: «У такiм разе я не прызнаю вашай аптэкi!» На што гандлярка секанула: «А вам засталося нядоўга купляць такiя лекi». Мама расказвала пра сварку спакойна, плакаць у яе сiлаў няма.
Рэчка Ятранка
У кожнага чалавека ёсць свая рэчка, свой лес, сваё поле. Тата любiў Ятранку. Апiсваў яе. Калi мы разам прыязджалi ў Варакомшчыну, дык першым чынам iшлi на рэчку. Тата сядаў на беразе, даставаў нататнiк i пiсаў. Уся ягоная проза нiбыта напiсана на беразе Ятранкi. I для мяне крынiчная вада празрыстай Ятранкi — сiмвал чысцiнi. Нiдзе нiколi я не бачыў рэчкi, святлейшай за нашу.
Вёска
Ёсць тэмы, пра якiя я пiсаў мала цi амаль зусiм iх не кранаў. Адна з такiх тэмаў — вёска. Так павялося: вёска — татава тэма. Калi ён казаў: «Тваё Койданава, твая Барселона», дык у падтэксце гучала: «Мая вёска, мой Наваградак, мая Заходняя Беларусь». Напэўна, так i застанецца надалей. Тата будзе жыць у «Чужой бацькаўшчыне» — сваiм найлепшым рамане пра вёску.
Сшытак
Тата заўсёды пiсаў у сшытках. Шмат хто з лiтаратараў пiша iнакш. Хто на асобных аркушах, як Уладзiмiр Караткевiч, хто адразу вылясквае на друкарскай машынцы, як Мiхась Стральцоў. Апошнiм часам камп’ютэр ледзь не татальна авалодаў пiсьменнiкамi. А Уладзiмiр Сцяпан наогул надыктоўвае раманы на дыктафон. На пытанне «чаму сшытак?» тата адкажа: «А чалавецтва нiчога лепшага за сшытак не вынайшла. Кнiга — той жа сшытак». А я так i застаўся мастаком, усё на асобных аркушах лiтары малюю. I толькi апошнiм часам прымусiў сябе дзённiк пiсаць у сшытку. Любоў да сшыткаў у мяне яшчэ наперадзе.
Брат Ян
Хварэе тата амаль паўгода, i ўвесь гэты час спадзяецца на выздараўленне. Мы ўсе як можам падтрымлiваем ягоныя надзеi. Гаворым пра будучыя кнiгi, апавяданнi, пра палiтычны лёс Беларусi. Хоць самi ведаем прысуд лекараў. I вось тата загаварыў з мацi пра незваротнасць сваёй хваробы. «У мяне тое самае, што i ў Яна?» — «Не». Ян — татаў малодшы брат — памёр ад рака, у пакутлiвых болях, калi морфiй не дапамагае. Тата не паверыў мацi i прыйшоў да Мiраслава. У мяне ён пра сваю хваробу не пытаецца. Я для яго больш чужы i далёкi за мацi i Мiраслава. Пэўна, так i ёсць, бо магу ўначы спаць, а Мiраслаў з мамаю спаць не могуць. У таты дзень пераблытаўся з ноччу. I ён пацiху мiрыцца з лёсам, са сваёй блiзкай смерцю.
Вайна
Яшчэ адна тэма, якую я старанна абмiнаю, — вайна. Для таты яна — аснова. Хлапечыя ўражаннi нiколi не адпускалi яго душу. Спаленая, расстраляная з германскiх гарматаў вёска Варакомшчына. Галава каровы, якая высунулася з гумна ў вакенца i таму не згарэла. Аднавяскоўцы, пасечаныя шашкамi казакаў, што перайшлi на бок Гiтлера. Усё гэта запаланiла ягоную свядомасць. Можа, таму, калi доктар сказаў, што тата памрэ ў эйфарыi, падумалася: а колькi можна яму пакутаваць? Ён i так адпакутаваў за ўсе здзекi i прынiжэннi беларуса.
Магнiтафон i фотаапарат
Нядаўна я прачытаў пра нью-йоркцаў, што яны забудуць сёння тое, пра што ты даведаешся заўтра, i магу пацвердзiць гэты факт. Бо музыку, якую слухаў i запiсваў тата ў Амерыцы, у Беларусi пачалi слухаць праз гадоў пяць, а графiцi прыйшло ў Менск праз два дзесяцiгоддзi. З камандзiроўкi ў Нью-Йорк, дзе тата быў у 1980 годзе ў складзе беларускай дэлегацыi ў ААН, ён прывёз магнiтафон i фотаапарат. Тэхнiка прывезлася не дзеля прапаганды амерыканскага ладу жыцця. Тата паехаў з ёй у сваю вёску, дзе сфатаграфаваў нашу зямлю, нашых дзеда Валодзю i бабу Броню. Запiсаў iх галасы. Пэўна, хiп-хоп нiколi i не дакоцiцца да Варакомшчыны, як не будуць распiсаныя з балончыкаў сцены вясковых хатаў. I добра. А вось я, у адрозненне ад таты, не веру ў магутнасць тэхнiкi. Я прымiтыўна малюю тату на паперы i занатоўваю згадкi пра яго i пра нас з iм на аркушах у клетку.
Партрэт
Папрасiў у таты здымкi. Ён дазволiў iх забраць, нават сказаў, дзе ляжаць. Цэлы вечар я разглядаў фотакарткi, каб выбраць адну i замовiць мастаку апрацаваць яе на камп’ютэры i надрукаваць партрэт. Выбраўся здымак 1965 года. Той час, калi нарадзiўся брат Мiраслаў, калi тата займеў першае шырокае прызнанне, калi я пайшоў у школу, калi ў нас была маладая, шчаслiвая, прыгожая сям’я — тата, мама, я i брат.
Таблеткi
Мама сказала, што няможна пакiнуць тату нi на хвiлiну, бо стаў зусiм дзiця. Спрабаваў з’есцi ўсе таблеткi. «Што ты робiш, Чэсь?» — «Ты ж мне сказала: з’ясi ўсе таблеткi — i хутка паправiшся...»
Тэлефон
Думкi пра тату ўзнiкаюць паўсюдна i ў самыя нечаканыя моманты. Вось узяў тэлефонную слухаўку i падумаў, што зусiм хутка (а можа, ужо i сёння) я не змагу пагаварыць з татам па тэлефоне. Ужо цяпер гэта складана зрабiць, бо ён часам не можа нацiснуць на патрэбную кнопку. Сумна.
ТОЕ, ШТО ЗНIКАЕ
Я так доўга збiраўся напiсаць лiрычны твор пра тое, што знiкае. Адкладваў, адкладваў. Лiчыў сябе не падрыхтаваным да тэмы. Так, адно накiды пра дым, якi вiецца над згаслай свечкаю, пра жоўты пясочак, што цячэ са стромкага берага ў рачную плынь, пра зменлiвыя карункi аблокаў. А тут — татава памiранне... Нават у кроплях дажджу, што скочваюцца з лiстоў лiпы за акном, я бачу свае слёзы, свой плач па тату.
Два словы
За мiнулы дзень тата сказаў толькi два словы. Адно — ён сказаў маме, калi тая ранiцай абмывала яму ногi. Паклаў далонь ёй на плячо i прашаптаў: «Цярплiвая». А другое прашапталася ўвечары. Я зайшоў у спачывальню. Тата паспрабаваў сесцi. Мама спытала, цi хоча ён вады. «Не».
Вочка малпы
Я дапамог маме пакласцi тату на ложак. Ягоная прыўзнятая рука дробненька калацiлася. Згадалася вочка малпы, якая пазiрала з пашчы анаконды i хутка-хутка мiргала. Тата ў пашчы ўсепаглынальнай смерцi, а мы — назiральнiкi.
Сава
Так склалася, што ёсць два Вячаславы Уладзiмiравiчы Адамчыкi, i абодва яны з адной сям’i, больш за тое — родныя браты. Тата мой — Чэсь, брат ягоны — Сава, а ў савецка-прарасейскiх дакументах яны запiсаныя Вячаславамi. Каб спраўдзiць тэлефон дзядзькi Савы, запiсаны немаведама калi, я набраў нумар. Пачуў жаночы голас, якi гукнуў у далёкай наваеленскай кватэрцы: «Дзядуля, цябе да тэлефона». Я сказаў, што тата зусiм кепска сябе адчувае. Сава падзякаваў за званок i паабяцаў патэлефанаваць i прыехаць. А я не змог яму сказаць, што ехаць пакуль не трэба. Вось не змог сказаць, i ўсё.
Мамiна прызнанне
«Мне яшчэ не цяжка. Вось пастаю каля яго на каленях, скажу: «Чэсь, пацiснi мне руку». Ён так слабенька, але ж пацiсне. Я не адна».
Прыезд Савы
«Ты ж сказаў, што па тэлефоне пагаварыць з Чэсем не ўдасца, вось я i прыехаў». Сядзiм выпiваем. Я, Мiраслаў i Сава. «Ён мяне прызнаў», — паўтарае i паўтарае Сава. «Я зайшоў, а ён рукой махнуў. Вось так узняў руку i махнуў». Тата выйшаў у залу, каб пасядзець на канапе, я прысеў побач з iм. «Цяжка табе, тата?» — «Цяжка», — амаль нягучна выдыхнуў ён i лёг на канапу. Дзядзьку Саву мы правялi на электрычку.
Ноч
Пасля выпiтага з Савам i Мiраславам я правалiўся ў небыццё. А мама з маёй жонкаю Аленаю цэлую ноч змагалiся з татам, бо ён уставаў i падаў. Пакiдаць яго на ложку зрабiлася небяспечна. «Баюся, каб не зламаў сабе што. Ён такi крохкi. Працiраю яго спiрцiкам, мажу дзiцячым крэмам i баюся зламаць якую костачку. Ён зусiм крохкi», — кажа мне мама наранiцу. Прыўздымаю тату, i ён выпiвае паўкубачка вады з сардэчнымi кроплямi.
Сцэнар
На працы я паклiкаў сваяка Мiкалая, i разам мы пачалi пiсаць сцэнар пахавання, складаць спiс неабходнага. Крыж. Труна. Месца на могiлках. Партрэт. Вянкi. Надпiсы на стужках. «Дарагому тату ад сыноў Мiраслава i Уладзiмiра», «Дарагому дзеду Чэсю ад унукаў Чэсiка, Ядзi, Вольгi i Мiкалая», «Дарагому майму мужу ад жонкi Нiны». Надпiс на шыльдзе з крыжа. «Вячаслаў Адамчык. 1933—2001». Калi план быў збольшага гатовы i сакратарка Надзея набiрала яго на камп’ютэры, дык збаялася друкаваць дату смерцi i зрабiла пропуск. Давялося другi раз пiсаць дату смерцi пры жывым тату.
Антон
Развiтацца з татам i падтрымаць сястру прыехаў з Койданава дзядзька Антон. Я выклаў на стол цыгарэты з запальнiчкай. «Хiба ты курыш?» — «Куру i выпiваю». — «А вось я нiчога не магу. За гэтае лета два разы ў бальнiцы ляжаў. Сэрца цiсне i цiсне». Мне згадалася, як Антонава Нiна паскардзiлася, што дзядзька выпiвае штовечар. «Радуйся, Нiна, ён можа яшчэ чарку ўзяць», — пасмяяўся я тады. А цяпер я зрабiў iншую недарэчнасць. Парадаваўся, што Антон добра выглядае. «Што ты, Валодзя! Паглядзi на мае рукi, яны ўсе ў сiняках ад кропельнiц. Я хутка наркаманам стану». Маўчым. Сапраўды, так кепска, як выглядае тата, не выглядае нiхто. Пальцы на руках счарнелi. Ён ляжыць з немiрготкiмi вачыма i часта хрыпла дыхае.
Дождж
Выйшаў на вулiцу. Палiўся дождж. Я паглядзеў на неба з-пад парасона i падумаў: «Божа, калi ты ёсць, зрабi, каб скончыўся дождж. Ну хiба табе цяжка? Пакутуе тата. Мучыцца мама. Праз дзень у мяне самалёт да Барселоны. Як я кiну бацькоў? Што скажу людзям пра сваю адсутнасць на пахаваннi?» — «Калi ты не пабудзеш на татавым пахаваннi, ты сабе гэтага нiколi не даруеш», — кажуць навокал. I яны кажуць праўду. «Божа, дай мне знак, спынi дождж». I дождж перастаў. Я вярнуўся дамоў, пачаў парадкаваць фiнансавыя запiсы. I тут патэлефанавала мама i сказала: «Тата не дыхае. Тата памёр».
Апрананне
Першыя гадзiны пасля татавай смерцi прамiнулi для мяне ў iстэрычным паўсне. Цяпер я дакладна ведаю, навошта занавешваюць люстэркi. Калi пабачыў скрыўлены плачам уласны твар са звар’яцелымi вачыма, дык напалохаўся больш, чым ад выгляду аголенага таты, якому я трымаў твар, каб ён не застыў з адкрытым ротам. Вочы закрыў тату я. Калi апранаў пiнжак, дык ледзь-ледзь не зламаў ужо нягнуткую i халодную татаву правую руку. Мы паклалi тату на стол у святочным гарнiтуры i навюткiх чаравiках. Пасярод ночы прыйшоў Мiраслаў, i я паехаў дадому паспаць. Выпiў гарэлкi i праспаў да дзесяцi ранiцы.
Кроў
Поўна людзей з кветкамi. Усе спачуваюць. А ў мяне кожныя пяць хвiлiн твар перакошваецца, збiваецца дыханне, слёзы цякуць з вачэй. Тату пераклалi са стала ў труну. Мамiна цётка Вiкця прывяла жанчын, i яны адспявалi нашага тату Чэся. У кватэры такая задуха, што я захацеў выйсцi на вулiцу, каб не страцiць прытомнасць. Калi адчыняў дзверы на праспект, дык ададраў кавалак скуры з указальнага пальца на правай руцэ. Стаю з акрываўленай рукой на праспекце, i кроў мая крапае на шэры брук. I тут падыходзiць да мяне мастачка ў чорных акулярах, падобная да вупыршы, i пытаецца: «Адамчык, што з табой? Ты вельмi кепска выглядаеш». — «Бацька ў мяне памёр. Зараз хаваць будзем. Вось я дзверы адчынiў i скуру з пальца садраў. Я i ўчора яе садраў, калi татавымi ключамi спрабаваў гэты замок адчынiць. Толькi ўчора ранка была маленькая...» Вярнулася Ядзя з аптэкi, забiнтавала мне палец. Мастачка развiталася. «Крэпка будзе стаяць тое, пад што кроў пацякла», — згадалася мне. Што будзе крэпка стаяць?
Слова
Труну закрылi вечкам i прыкруцiлi. Як добра, што вечка прыкручваецца, i не будзе гэтага жахлiвага гуку забiвання цвiкоў. Хлопцы ўзнялi майго тату на плечы i панеслi. Мама па сходах лесвiцы ледзь iдзе, а таму труна далёка ўнiзе. З цемнаватага пад’езда выходжу на сонца i слепну. Гучыць аркестр, але што за музыка, разабраць не магу. Падыходзiць Толiк Кiсель i абдымае мяне. З iм iду да аўтобуса-катафалка. Як толькi мы селi ў аўтобус, пайшоў дождж. Праз вентыляцыйныя люкi на труну, на крыж, на партрэт пачалi падаць буйныя кроплi, падобныя да кропляў маёй крывi, адно празрыстыя. А перад самай Кальварыяй заззяла сонца. Неверагодна зыркае ў вiльготнай свежасцi. Тату чакала магiла на грудзе, непадалёк ад касцёла. На рамонт i адкрыццё гэтага касцёла тата адным з першых ахвяраваў грошы ў часы атэiстычнай безнадзейнасцi. Панiхiду праводзiла старшыня Саюза пiсьменнiкаў Вольга Iпатава. Выступалi татавы калегi. А калi далi слова мне, мама, якую я падтрымлiваў за локаць, цiха сказала: «Толькi нядоўга, бо я не вытрымаю». Мамiна рэплiка збiла мяне, i маму стала шкада больш за тату. I я толькi сказаў: «Тата, я так цябе люблю, што ў мяне няма словаў». Сказаў — i заплакаў гучна, непрыгожа. Потым гаварыла мама. Потым труну апусцiлi ў ямiну, засыпалi. Далакопы, калi ўпрыгожвалi капец, зламалi напалам кветкi. «Каб не пакралi», — растлумачылi яны.
Кватэра
На жалобную вячэру нi я, нi Мiраслаў не пайшлi, сiлы не было. З дачкой я вярнуўся дадому. Пераапрануўся ў спартовае i пайшоў бегаць у парку, каб змучыцца фiзiчна i на нейкi час забыцца пра смерць. Пасля ледзянога душу я зноў апрануў усё чорнае, паехаў на бацькоўскую кватэру. Адчынiў Мiраслаў: «Цяжка сюды прыходзiць, калi нiкога няма». Сапраўды. Я прайшоўся па пустых пакоях. Усе татавы рэчы нiбыта памерлi разам з iм. Кнiгi, нататнiкi, рукапiсы ляжалi як нежывыя. Адчужанасць свяцiлася ў кожнай рэчы. Мы дачакалiся мацi. Толькi калi яна пераапранулася ў хатняе i загаварыла пра сонечнасць гэтага дня, пра тое, што тата збiраўся напiсаць буквар, а цяпер мы мусiм дарабiць задуманае, я перастаў хвалявацца за яе i развiтаўся.
Мора
Стаю на беразе Мiжземнага мора. Гляджу на ваду. Чалавечае жыццё падобнае да падзення хвалi. Я пра гэта казаў раней i, пэўна, скажу i падумаю не адзiн раз. I пра тое, як небяспечна чалавеку зазiраць у сваю будучыню, у сваю магiлу. I чамусьцi ўсё адно даводзiцца гэта рабiць. На Кальварыйскiх могiлках мы прыдбалi сямейнае месца. Пакуль там толькi тата, а я на беразе мора згадваю падарункi, якiя ён прывозiў мне, якiя я прывозiў яму. «Прывязi просты сшытак i простую ручку», — казаў тата. I я прывязу яму ручку i сшытак, i пакладу пад крыж, бо тата любiў пiсаць, а я люблю свайго тату.
06.02.2001 — 06.08.2003