Нашто чалавеку даецца адпачынак? А на тое, каб наглядзеўся ў люстэрка i прывык да зменаў, што адбылiся са знешнасцю за доўгi працоўны год. Вось i сiвыя валасы на скронях. А на зубе металёвая каронка. Блакiт вакол зрэнак выцвiў, але, калi апрануць блакiтна-зялёную кашулю — ён нiбыта i адновiцца, паярчэе. Падгляданне за сабою — такi салодкi i патрэбны занятак... павер мне. I трэба ж зноў падрыхтаваць сябе да сустрэчы з табою. А замест гэтага я ўключаю ТV i гляджу карыду. Гэтым разам не сапраўдную, а парадыйную. На арэне карлiкi, адны толькi карлiкi. І пiкадоры, i матадоры, i замест каня — понi, i замест быка — цяля. Замест тарэадора — таксама карлiк. Усе лупавокiя, нават понi i цяля. Усе крывяць пысы. Усё выглядае гратэскава, як блазнаванне, як дурны жарт. Толькi карлiкi, ведаеш, натуральныя. Фэст скончыцца, а росту ў iх не прыбавiцца нi на сантыметр, i насы застануцца расплюснутыя, храпастыя, а вусны грыбатыя. Гэта стыль мадрыдскага каралеўскага палаца, стыль студыi Веласкеса, майстэрнi Гоi, лабараторыi Пiкасо... Гэта ён — вялiкi стыль Iспанii XX стагоддзя, стыль мастакоў з жорсткай фашыстоўскай краiны, стыль Мiро, Грыса, Далi, Буньюэля, Хiменаса, Лоркi, Гаўдзi, Тангi. Карыда — iх стыхiя, iх аб’ект вывучэння, iх спадчынны сон жахаў, дзе i цялятка можа знявечыць, скалечыць, растрыбушыць чалавека, калi той чалавек раз’юшвае яго чырвонай анучаю, калi чалавеку нестае спрыту i калi чалавек — карлiк, i ў яго не твар, а пыса, намаляваная iголкаю Францыска Гоi.
Пачвары лезлi, кiдалiся, выскалялiся на мяне з тэлевiзiйнага экрана. Я нацiснуў на кнопку пульта, i ўсе яны разам з арэнным пяском згарнулiся ў iскрыстую кропку, пазiхацелi i расталi ў цемры, як драбок солi распускаецца ў таматным соку, як нядзеля растае ў шасцi працоўных днях.
А была якраз нядзеля, i не было сонца. Для Беларусi ў гэтым сказе няма таямнiцы, i выгоды няма, а вось для каталонца, для барселонца, для iспанца выгода ёсць. У нядзелю на Plaza De Toros Monumental De Barselona ў 18.30 пачынаецца карыда. Стадыён для карыды, як i кожны цырк, падобны да старажытнага рымскага Калiзея, таму адпаведна частка трыбунаў будзе ў ценi, а частка — пад сонцам, i гэтае iспанскае, каталонскае, барселонскае сонца з 18.30 да 20.30 спячэ любога. А таму i квiткi на сонечныя трыбуны каштуюць танней. А я ўзяў на сонечны бок, танны квiточак, на самы апошнi рад, пад навес. Я не шкадаваў грошай. Дый рознiца памiж самымi таннымi i самымi дарагiмi месцамi невялiкая. Мяне больш радавала тое, што я падмануў неба i сонца, што квiток у маёй руцэ, а на iм напiсана Corida De Toros. Квiточак глянцавы, з каляровым малюнкам: пяць чорных цяглавiтых быкоў пасвяцца сярод кветак, удалечынi бела-ружовы горад з аркадамi, галерэямi ды вежамi, над горадам пурпуровае, ружовае трывожнае неба. Такi квiток хочацца захаваць на ўсё жыццё, пакуль ён чысты, новы, блiскучы. Але вось тоўсты кантралёр у чырвонай фуражцы (у Беларусi ў такiх чыгуначнiкi хадзiлi) камечыць i ломiць мой квiток напалам. А яшчэ адрывае кавалак. Пакамечаная паперка зноў у мяне, але захоўваць яе не хочацца, нават да канца карыды. Адно што па ёй трэба знайсцi сваё месца. З горам папалам, скачучы праз прыступкi, залажу на сваю andanad’y, што азначае сектар, i спрабую сесцi. Але сесцi мне не ўдаецца, бо праз мяне пачынаюць лезцi нейкiя людзi з вельмi знаёмымi тварамi.
— До гуры! До гуры! — крычыць на ўвесь цырк крываногая, чорная, загарэлая, як шакаладная цукерка, кiраўнiца.
Ага, усё ясна з вамi, палякамi, вы, значыць, хiтрэйшыя за габрэяў, i набралi самых танных квiткоў. Зрэшты, i на карыдзе воляю лёсу беларус апынуўся побач з суседам па глобусу. Лёс! Толькi я пацiху ссунуўся з вялiкага шляху польскае нацыi. Ссунуўся i зiрнуў на арэну.
Бог, мой сведка! Закруцiлася галава. Ад стромы, ад вышынi, ад нечаканасцi, ад адсутнасцi хоць нейкiх парэнчаў. Мне зрабiлася млосна, i каб не глыток вады, не ведаю, чым бы ўсё скончылася. Цалкам верагодна, што мог упасцi i забiцца. І скажу табе, у Каталонii я пераканаўся, што вада — гэта жыццё. Ісцiна, яна, вядома, у вiне. А ў вадзе жыццё. Маеш бутэлечку з вадою — жывеш, не маеш — памiраеш, сохнеш, вянеш, марнееш i думаеш толькi пра тое, дзе ўзяць глыток вады. У Барселоне са спакойным сэрцам i без дрыжыкаў у каленях я памяняў бы пляшку гарэлкi на пляшку простай вады. А ў Мiнску зрабiў бы наадварот. Клiмат. У Барселоне мне хапiла глытка вады, каб вярнуць страчаную раўнавагу. Я сеў i пачаў разглядаць краявiд.
Сярод рознай драцяной i пруцяной павуты, сярод дахаў i гмахаў, што ўзвышалiся за трыбунамi, я разгледзеў i вежы касцёла Sagrada Familia. Прысутнасць архiтэктурнага шэдэўра мяне канчаткова супакоiла. Чаго не скажаш пра астатнiх гледачоў. Яны, убачыўшы задрыпанага рабочага арэны, якi штурхаў наперадзе сябе блакiтную цялежку з крэйдай i маляваў кола, пачалi пляскаць у ладкi, свiстаць, гудзець i раўцi. Мусiць так раўлi трыбуны i перад боем гладыятараў. Зрэшты, карыда i ёсць бой гладыятараў, толькi з усiх сысуноў у ёй вытрымалi эвалюцыйны адбор людзi i быкi, а вось iльвы, тыгры, пантэры, ягуары, рысi не вынеслi канкурэнцыi, як i чалавечыя двубоi, i былi выкрасленыя з цыркавой праграмы. Застаўся зусiм просты сцэнар: дзесяць чалавек, два з якiх на конях, нападаюць на аднаго быка i забiваюць яго, i так шэсць разоў на тыдзень. Здараецца i неспадзеўка — бык забiвае каня. А бывае i трагедыя — гiне тарэадор. Статыстыка досыць простая: кожную нядзелю на Plaza De Toros Monumental De Barselona гiне 6 быкоў, а кожны год на тым жа пляцы атрымлiваюць смяротныя раны 4 тарэадоры. Конi гiнуць не так часта, як людзi, бо выступаюць у латах. Кожнаму сваё. Адным вызначана жыць доўга i шчаслiва, другiм лёс рыхтуе пакуты на пяску, перамяшаным з бычынай крывёю. О, як любяць гледачы гэтыя захапляльныя для душы хвiлiны, калi жах перацiскае дыханне, бо бычыныя рогi не ўспаролi паветра, а працялi зiхоткi каптанiк тарэадора i выпусцiлi на волю вольную чалавечыя вантробы. Пясок прагна ўсмокча кроў, лекары вынесуць цела, граблi прыбiральшчыкаў заграбуць плямiны i ямiны, а душа тарэадора ўздымецца над арэнаю, сядзе на дахоўку навесаў, каб адтуль сачыць за змаганнямi чалавека i быка. Душы забiтых тарэадораў — iдэальныя гледачы. Яны ж не равуць, не свiшчуць, не крычаць хорам: “Тарэра фу!”, не шпурляюць на арэну пустыя бляшанкi з-пад пiва. Але яны i не вiтаюць удалае выступленне ўзмахамi белых хусцiнак, не прыносяць букеты ружаў i бурдзюкi з вiном, як тыя гледачы, што сядзелi побач са мною. Яны, як толькi зайграў духавы аркестр з нагоды распачатку карыды, узнялi такi лямант, што мне давялося затулiць свае барабанныя перапонкi. Асаблiва старалася чатырохгадовая таўсташчокая iтальяначка. Яна мужчынскiм голасам крычала: “То-ро! То-ро! То-ро!” А тым часам матадоры, тарэадоры, пiкадоры ды “пахавальная брыгада” абышлi чвэрць арэны, пакланiлiся трыбуне з начальствам (мэр Барселоны) i вярнулiся за чырвоную браму.
Больш за ўсiх уражвае “пахавальная брыгада” — мужчыны ў мышыных строях i тройка магутных гнядых коней у шырокай збруi. Наяўнасць такой брыгады настройвае на паважны лад. Цырк, яно вядома цырк, i смешна, i весела, але быкоў будуць забiваць, i каля “чорнага” ўвахода, згадваецца, стаяла машына “хуткай дапамогi”...
Пачатак, пры ўсёй доўгачаканасцi, адбываўся знянацку. Я зрэагаваў на барабанны пошчак i пачаў шукаць вачыма бубнача. Знайшоў! I тут з-пад трыбуны з бубначом на арэну выскачыў першы бык. З першым усё адбылося гладка. Бык патрэбную колькасць разоў пагрукаў у чырвоныя дашчаныя шчыты, за якiмi хавалiся матадоры. Бык зрабiў напад на пiкадора, а той прапароў дзiдаю бычыны хрыбетнiк. І бычыная спiна, бычыны бок i нават нага заблiшчэлi ад крывi. Матадоры ўвагналi шэсць бундэрыльяў у акрываўленыя плечы жывёлы. Ашалелы i змучаны бык не надта каб перашкаджаў матадору выконваць грацыёзнае танчанне. Адзiнай незапланаванай акцыяй з боку жывёлы было вырыванне ў матадора чырвонай анучы. Публiка адзначыла здарэнне свiстам i тупатам. Матадор хутка выправiўся i закруцiў быка з дапамогай вернутай анучы так, што той, небарака, спатыкнуўся i прыпаў на каленi. Гледачы ўзрадавалiся. Але праз хвiлiну раззлавалiся, бо матадор не змог закалоць быка з першага ўдару. Калi б гэтыя тысячы гледачоў ведалi, што здарыцца з другiм быком, яны б так не злавалi i не крычалi на першага матадора. Ды толькi Бог усё ведае наперад. А чалавек жыве ў iмгненнi цяпер i свiшча, i раз’юшваецца, калi што не па iм.
Першы бык загiнуў ад другога трапнага ўколу. Метровае лязо ўвайшло ў бычыную тушу па самую рукаяць, прапароўшы лёгкiя i сэрца. Жывёлiна пахiснулася, матлянула галавою i павалiлася. На арэну выехала “пахавальная брыгада”. Захацелася заплакаць. Павер мне. І я ведаю, ад чаго. Быка чаплялi за галаву i валаклi па пяску. Вось тут i хаваецца нейкая недадуманасць, недапрацаванасць рытуалу. Трэба яго на брызенце цягнуць цi на нейкай посцiлцы. А то ўбачыш, як бычынае цела спачатку па пяску, а потым па цэменце валакуць, дык i ў самога скура на баку шэрхне. Адсюль i ў носе казыча, i гэты сентыментальны слёзны сiндром. Але дзе ж ты паспееш заплакаць, калi барабан сыпле шрот, i ўжо кiруецца на ружовыя посцiлкi тарэадораў другi бык. Ён плямiсты, падобны да каровы. Але знешнасць бывае возьме i падмане. Вось прадавец праграмак прыняў мяне за iтальянца i хацеў усунуць праграмку на iтальянскай мове. Ну на чорта мне тая праграмка ўвогуле. Можа я на той карыдзе апошнi раз у жыццi, а прозвiшчы барселонскiх матадораў для мяне значаць роўна столькi ж, колькi iмёны карэйскiх оперных спевакоў. Ад праграмкi я адбiўся сваёй каструбаватай ангельскай мовай. I, дарэчы, ты ж ведаеш, iтальянскага ўва мне зусiм няшмат, толькi чаравiкi, пас, нагавiцы, кашуля, партманет, шкарпэткi, плаўкi, але iх жа не вiдаць, акуляры i больш нiчога. Вочы ў мяне блакiтныя, але iх гандляр праграмкамi не заўважыў за акулярамi, таму i прыняў мяне за ўраджэнца Апенiнскае паўвыспы.
Так i гледачы прынялi другога быка (з-за белых плямiнак) за карову. А ён вазьмi i ледзь не забi матадора. А той, бедны, так спалохаўся, што нiяк не мог быка закалоць. Як нi ўдар, так у костку, так i мiма. Дванаццаць разоў бiў, не забiў, як у казцы. Ён бы яшчэ бiў, бо публiка разышлася, перайшла ў сваiх спачуваннях з боку перапалоханага чалавека на бок быка i крычала “Toro! Toro! Toro!” I я крычаў, хоць на баку тарэадора нiколi не быў, зграйны iнстынкт, лiха яго задзяры.
Быка забiлi несумленна. Я лiчу, што несумленна. Абступiлi з усiх бакоў, занавесiлi яму ўвесь свет чырванню, а самую чырвоную анучу паклалi на пясок, каб бык нахiлiў сваю прыгожую цяжкую галаву. Ён i нахiлiў, а матадор ударыў яму ў тое запаветнае месца, дзе чэрап сутыкаецца з хрыбетнiкам. О, як жахлiва тузанулiся i падскочылi да жывата заднiя ногi. Бык грымнуў на арэну. А адзiн з тарэадораў засунуў пальцы ў рану i канчаткова перарваў нервовы слуп быка. Той выпруцiўся. І яго пацягнулi пад незадаволеныя крыкi.
Толькi я не крычаў на матадора, як усе, як маленькая круглашчокая iтальянка са сваёй неабдымнай мамай i курыльшчыкам бацькам. Дым мяне раздражняў, як чырвань — быка, i я перасеў на новае месца, блiжэй да калоны.
Пакуль я перабiраўся, уладкоўваўся, думаў, пакуль рабiў чарговы глыток вады, на арэну вылецеў вялiкi бык цёмна-пясочнага, палавога колеру. Тэатр ёсць тэатр, сцэна ёсць сцэна, арэна iм не саступае. Трэцi матадор — апошнi, а гэта значыць, ён першы, ён фаварыт, яму — найпрыгажэйшы бык. І тут я не падмануўся. Матадор нават браў быка за рог, нават станавiўся перад iм на каленi i рабiў выгляд, што збiраецца бадацца, паварочваўся да жывёлiны спiнаю i забiў быка з другога ўдару. Майстар! Мастак! Яго вiталi ўзмахамi хустачак, яму кiдалi букецiкi ружаў, шчыльна ўкручаныя ў цэлафан, яму нават веер кiнулi, але ён шпурнуў яго назад на трыбуны. Выгляд акрыленага перамогай матадора навёў мяне на такiя думкi...
Якiм жа трэба быць мужным чалавекам, каб збiраць пад сваё iмя, слова, абяцанне цэлыя стадыёны. І любы рок-музыка, спявак, палiтык рызыкуе ў нейкай ступенi жыццём, але толькi матадор не хавае сваёй сутнасцi забойцы i мяснiка. Усе астатнiя закрываюць свой драпежны выскал за маскаю дабрадзейнасцi. А кумiры дваццатага стагоддзя наогул абвяшчалi сябе вегетарыянцамi. Да прыкладу, Адольф Гiтлер. Ну, чым не вегетарыянец? Воляю лёсу такiя вегетарыянцы сталi тарэадорамi, а народ стаў для iх статкам быкоў. Яны дражнiлiся i забаўлялiся з гэтай вялiзнай мясной масаю, але не разлiчвалi даўжыню рагоў, не ўхiлялiся i гiнулi. Статыстыка вельмi простая. На барселонскай арэне кожную нядзелю гiне шэсць прадстаўнiкоў буйнога рагатага быдла. А вось чацвёрты бык, забойства якога адбылося на маiх вачах, запомнiўся толькi тым, што не даў загнаць у свае плечы ўсе шэсць бундэрыльяў. Загналi толькi дзве. З крыкамi “Ого го-го-го!” тарэадоры разганялiся i беглi паўкругамi. Бык таксама бег на iх, апiсваючы дугу. Але бык бег значна хутчэй, чым разлiчвалi тарэадоры. Ім даводзiлася ратавацца ўцёкамi i скакаць праз загарадку. Першы матадор, iх выступала толькi тры, закалоў чацвёртага быка з пятае спробы.
Цiкавасць да карыды пачала знiкаць. І не толькi ў мяне. Жанчыны больш глядзелi на публiку, чым на арэну. Мужчыны курылi i перагаворвалiся, стомленыя дзецi выпрошвалi ў бацькоў кока-колу. Якраз пада мною сядзела такая сям’я. Бацька, сiвы, у акулярах, з фотаапаратам на грудзях — курыў. Мацi, сапраўдная бландзiнка ў зялёнай сукнi, з залатым бранзалетам на левай руцэ — выпараўшы з сумкi цукерку на палачцы, смактала яе, перакочваючы шарык з-за аднае шчакi за другую. А палачка тым часам тырчала звонку. Дзецi, браты, аднаму тры, другому пяць, апранутыя ў чырвона-сiнюю форму футбалiстаў Барселоны, смакталi з бляшанак кока-колу. У малодшага на спiне было напiсана прозвiшча STOICHKOV. Пакуль на арэне другi матадор-няўмека мучыў i катаваў перадапошняга з быкоў, я паспеў пасябраваць з Stoichkov’ам i падараваць яму набор разлiковых бiлетаў беларускага дзяржаўнага банка. Вавёркi, зайцы, бабры, ваўкi, рысi, ласi не так спадабалiся Stoichkov’у, як зубр. І ён з радасцю паказаў падарункi бацьку. Той павярнуўся да мяне i сказаў: Thank you very much. Ён дарма, дарэчы, стараўся падрабляць ангельскае вымаўленне, мог бы i па-польску сказаць, я б ужо неяк зразумеў. Мне гэты маленькi Stoichkov спадабаўся тым, што падобны да мяне. І я быў такi ж белы з блакiтнымi вачыма, такi ж нэндза. З-за яго (захацелася хлопчыку да ветру) сям’я палякаў i не дачакалася апошняга забойства, сышла, пакiнуўшы на каменных прыступках мяккiя паралонавыя падушкi. Я ўладкаваўся на новае седала i сканцэнтраваў увагу на змаганнi тарэадора з быком.
На арэне я ўбачыў жывое пацвярджэнне выслоўю: што дадзена Юпiтэру, тое не дадзена быку. Толькi быку былi дадзены i сiла, i прыгажосць, i грацыёзнасць. А матадору Бог забыўся даць талент. “Няўжо ж яму не ясна, што калi не можаш забiць, а бярэшся за гэта, дык трэба пайсцi павучыцца”. Тарэадор пачуў мой папрок, i бык быў заколаты не з дванаццатай, а з шостай спробы. Я адчуў палёгку з аднаго боку, а з другога — выпiтая за дзве гадзiны сядзення вада нагадала пра сябе. Давялося злётаць у прыбiральню. Нiчога вартага я, пэўна ж, не прапусцiў. Ну, не бачыў я пяты выезд “пахавальнай брыгады”. Затое бачыў шосты вылет быка на арэну. І якога быка. Усiм быкам быка. Шэрага, як iмжыстыя прыцемкi, з мацiцовым бляскам на магутным карку, з рагамi, як руль матацыкла harley-davidson, з капытамi, што iмгненна нарабiлi такiх ямiн у пяску, якiя потым паўгадзiны заграбаць давялося. І гэты сталёвы бык не паляцеў на тарэадораў, на iх пурпуровыя посцiлкi, на iх гнюсны падман. Ён стаў i пачаў матляць галавою, рыкаць i, узбрыкваючы, пачаў грэбцi пясок. А потым ён ускiнуў галаву, нiбыта паслаў праклён несправядлiваму небу i вежам сабора Sagrada familia. Ён — бык. Адзiны i сапраўдны Бог на зямлi. Ён выйшаў на змаганне супроць узброенай зграi танцораў. Ён успенiў пясок i ўспароў рагамi неба. Ён кiнуў сваё цела асiлка на пурпуровае крыло тарэадора, а той, пагарджаны баязлiвец, схаваўся за дашчаны шчыт. Ганьба яму. І другому, якi таксама паказвае пурпуровае крысо толькi з-за шчыта.
Выходзьце на сумленны бой! Не-е-е... Яны выязджаюць на забраных у латы конях, у сваiх белых строях i белых капелюшах. Яны пазакрывалi коням вочы, каб тыя не бачылi мяне — БЫКА, БОГА. І я лячу на гэтых ганебных падманшчыкаў i актораў. Я абiраю аднаго коннiка i, прыпаўшы на пярэднiя ногi, ускiдваю галаву. Рогi напорваюцца на жалезныя латы. Вострая дзiда ўпiнаецца ў мой хрыбетнiк. Якi жахлiвы паралюшны боль! Трэба адступiцца, выкараскацца з-пад дзiды. А ён, гад, у белым капелюшы, налягае на дзiду ўсiм сваiм слабым i нiкчэмным цельцам бязрогага чарвяка. О, я бачу, як адрываюцца ад зямлi конскiя капыты, як завальваецца на бок конскае тулава. Яшчэ рывок, i мае рогi распоруць конскае чэрава, i на пясок выпадуць гарачыя, блiскучыя, слiзкiя, як сярэдзiна ракаўкi, мацiцовыя вантробы. І я растапчу iх капытамi, я парву iх зубамi i рагамi на шматкi, а мой доўгi шурпаты язык здзярэ з конскiх бакоў скуру. Як я хачу пачуць смяротны хрып каня! О, неба! Якi боль у хрыбцiне. І полымя чырванi недзе збоку. Яно пячэ. На яго, на матадора! I раптам — млосць i абыякавасць накатваюцца на мяне i спыняюць. Пiкадоры пакiдаюць арэну. І няма жадання кiнуцца iм услед. Яны ўцякаюць з арэны. Баязлiўцы! Як горача, гэта кроў цячэ з маёй спiны, яна цячэ па левым баку, па левай пярэдняй назе. Якi блiскучы i чырвоны ў мяне капыт. Крыкi! Яны крычаць, яны дражняць, яны раздражняюць. Яны ўбачаць маю моц. Тарэадор ускiнуў руку з бундэрыльямi, з мярзотнымi палкамi. Зараз я дастану ягоны бок сваiм правым рогам. Але ж востры боль працяў спiну. Адна бундэрылья ўсё ж трапiла ў мяне. Усё ж ён пацэлiў. Але ёсць шанец адыграцца. Другi тарэадор крычыць “Ого-го-го-о!” i, прытанцоўваючы, пачынае бегчы на мяне. Ён бяжыць да сваёй смерцi, i калi зараз не я ўскiну яго на рогi, дык наступны бык абавязкова запора гада. Узмах. Зусiм побач праляцелi мае рогi, але i ягоная бундэрылья ляжыць на пяску. І я тапчу яе капытамi, пакуль гнюсны баязлiвец хаваецца за сцяною, ратуе сваё нiкчэмнае жыццё. Я не прагну крывi. Я вегетарыянец ад прыроды. Я не забойца ў сутнасцi сваёй. Яны могуць з’есцi мяне, але я не магу з’есцi iх. Трэцi тарэадор глыбока ўганяе сталёвыя крукi ў маё цела. Неба, якi гэта боль, якая пакута, знявага, здзек... Хто адпомсцiць? Хто пашкадуе? Хто паспачувае? Няўжо нiводзiн з iх не бачыць маiх слёз. Мне нестае паветра. Маё чэрава сутаргава ўздрыгвае. Але я бачу, як на арэну выходзiць матадор, як разгортваецца паўкружжа чырвонай тканiны. Рана на спiне пачынае пульсаваць, кроў хвалямi сцякае ў пясок тройчы праклятай арэны. Ён танчыць. Ён, улюбёнец публiкi, танчыць. Ён хоча спадабацца. Ён хоча спадабацца i сягоння, i заўтра, i вечна. Так не бывае. Яго ўсё адно чакае смерць. І хай яе прыход паскораць мае рогi. Ён падманвае мяне, ён увесь час сыходзiць, ён спрытнейшы.
Кроў i чырвань засцяць мне вочы. Мае ўдары не дасягаюць мэты. І вось ён памыляецца, матадор робiць недарэчны жэст. Ён выцягвае руку, каб пакласцi далонь на мой рог. Я б’ю. Рука ўзлятае. Матадор губляе раўнавагу, падае на каленi, а я накiроўваю ўсю сваю моц на вастрыё правага рога i б’ю. Неба! Пясок. Ён адскочыў. Уратаваўся. Трыбуны равуць. Матадор становiцца ў баявую пазiцыю. Цяпер ягоная чарга забiваць. І мы кiдаемся насустрач адзiн аднаму, насустрач смерцi. Мае рогi ўздзiраюць праклятае паветра. Ягоная шпага трапляе ў костку хрыбетнiка, выгiнаецца i адскоквае. Мы зноў стаiм насупраць адзiн аднаго. З хованак павыходзiлi тарэадоры. Вакол мяне чырвань, полымя, пекла. А самы чырвоны язык полымя апускаецца ўсё нiжэй i нiжэй. І я, зачараваны гульнёю крывавага колеру, нахiляю галаву. Недзе там далёка, дзе сканчаецца ўсё жыццё, матадор наносiць апошнi несумленны ўдар у кропку памiж чэрапам i хрыбетнiкам. Жалеза перасякае мае нервы. Ногi курчыць сутарга. Цела валiцца на арэну.
Мяне больш няма.
Дык чаму ж не чуваць радаснага рову на трыбунах? Чаму нiхто не ўзмахвае белымi хустачкамi? На душы цяжка. Нецярплiўцы ўцякаюць з трыбуны. Але я першы, а можа стацца, i апошнi раз на карыдзе i мушу глядзець усё да канца. Духавы аркестр грае бравурны марш. Італьянская сям’я збiраецца сыходзiць. Акрамя шчакастай дзяўчынкi, тоўстай мамы i бацькi з цыгарэтай у зубах, з iмi яшчэ два бацькавы браты. Адзiн з iх — iнвалiд на мылiцах. У яго ўсмешлiвы твар карлiка. Разумныя i чулыя браты пад рукi выносяць яго з трыбуны. Дзяўчынка нясе мылiцы. А тым часам “пахавальная каманда” сцягвае з арэны апошняга шэрага быка.
Нейкi разумнiк кiнуў з трыбуны на арэну скураны мех з вiном. Матадор падняў бурдзюк, выпiў вiна i вярнуў бурдзюк гаспадару.
Сiчаз. 18. VIII. 1994