Толькi не гавары маёй маме...

Зборнік інтымнае прозы

Глёбус Адам


Млосьці

Гiдка. Ну, калi хочаш, тады раскажу, як пачуццё гiдлiвасцi перапаўняла мяне...

На летняй практыцы пасля другога курса. Мы жылi ў вёсцы Латыголь. Елi ў школьнай сталоўцы, а ўвечары куплялi малако. Выдатная вячэра — малако з лустаю хлеба. Дзяўчаты з нашае групы таксама прыносiлi сабе слоiкi з малаком. Выйшаўшы на ганак, я ўбачыў, як з прыступак у траву скокнула жабка. І з'явiлася думка: укiнуць жабку ў слоiк з малаком. Так i зрабiў, укiнуў жабку ў поўны трохлiтровы слоiк i ўжо закрываў яго капронавай накрыўкай, як убачыў на паверхнi лупавокi тварык. Я вылавiў жабку, прывязаў ёй нiткай да нагi каменьчык, каб гадаўка не ўсплывала, i апусцiў у малако. І ў думках не было, што яна захлынецца, выпрастае свае тонкiя лапкi. Заставалася чакаць. Першай вярнулася з вулiцы Галя. Налiла малака поўную шклянку i спакойна выпiла. Другая — Жанна — паспела выпiць толькi паўшклянкi, бо, калi Галя налiвала сабе чарговую порцыю, у малацэ паказалася здохлая жабка. Жанна папярхнулася, малако палiлося праз нос. Асабiста ў мяне жабка ў малацэ, нават нежывая, не выклiкае агiды. Мусiць, таму я адзiн мог пiць з таго слоiка.

На той самай практыцы было яшчэ адно здарэнне, якое выклiкала амаль ва ўсiх пачуццё гiдкасцi. А галоўным персанажам выступiў маленькi кудлаценькi сабака. Я так i не ведаю, цi меў ён якога гаспадара. Мусiць, меў, бо ў вёсках меней валачашчых сабак, чым у мястэчках i гарадах. Гэта на гарадскiх i местачковых сметнiках сабачая гайня — зусiм не дзiва.

Але што я ўсё пра сабачае, калi паабяцаў пра млосцi...

Сабака колеру вiльготнага пяску пачаў штовечар прыходзiць пад школьны ганак i выпрошваць чаго паесцi. Дзяўчаты кiдалi яму скарынкi. Ён чвякаў, ускiдваў галаву, каўтаў хлеб, а потым пачынаў зноў вiляць закручаным у абаранак хвастом. Вострая лiсiная пыска зiркала чорна-фiялетавымi вочкамi лiслiва i хiтра. Сабачка меў i сапраўды нейкую кемлiвасць, бо праз колькi дзён ён ужо сам ведаў расклад нашага практыканцкага жыцця i як з-пад зямлi вырастаў перад намi, калi мы выходзiлi са сталоўкi. Хутка прайшла першая радасць, як i цiкаўнасць да закiдання ў ружовую iкластую пашчу кавалкаў хлеба. Кармiць сабаку зрабiлася абавязкам. Кiнулi каля ганка што-небудзь i пайшлi. Спраў хапала. Усiм трэба было тэрмiнова скончыць партрэт цёмнай, як зямля, бабулi. Партрэты малявалiся ў старой на панадворку, метраў трыста ад школы. Мы цiхамiрна пэцкалi палотны, калi пачулi голас Алеся Агафончыка. Ён бег ад школы i нешта крычаў, слоў не разабраць, але па ўзмахах рук мы зразумелi, што трэба дапамагаць. Хто кiнуў пэндзаль на палiтру, а хто i з пэндзлем у руцэ, пабеглi насустрач. Задыханы Алесь пачаў, збiваючыся, тлумачыць: нейкi гад укiнуў сабачку ў прыбiральню, сабака яшчэ плавае, але вось-вось захлынецца i загiне. Дзяўчаты адмовiлiся ратаваць улюбёнца, хлопцы таксама не выказалi вялiкага жадання дапамагаць Алесю.

У бок школы пайшлi мы ўтрох: Алесь Агафончык, Алесь Ласевiч i я.

— Я б яго выцягнуў, але ён баiцца — уцякае. Я руку ў дзiрку апушчу, а ён у другi канец ямы плыве, — расказваў па дарозе Агафончык, i ягоныя вочы плавалi за тоўстымi павелiчальнымi шкельцамi акуляраў.

У Агафончыка была пiянерская звычка глядзець субяседнiку ў вочы, таму ён iшоў на паўкроку паперадзе, не раўнуючы, як той сабака...

— Ну i смурод! — Алесь Ласевiч спынiўся метраў за дваццаць ад пабеленага будана прыбiральнi. І сапраўды, цяжкi дух хвалямi разыходзiўся ад доўгай шара-срабрыстай прыбiральнi, на сцяне якой чарнелi два вялiзныя павукi лiтараў "М" ды "Ж".

— Ён там яшчэ плавае... — Агафончык першы зайшоў у смуродлiвую хвалю. Па звычцы мы памкнулiся ў мужчынскае аддзяленне. Чатыры цёмныя адтулiны заваражылi мяне. Агафончык апусцiўся над адной i прыняў такую позу, нiбыта ў спартыўнай зале збiраўся адцiскацца ад падлогi. Агафончык — чалавек спартыўны, i ўсе практыкаваннi рабiў нiбыта дзеля ўзору, дзеля прыкладу — рабi, як я. Пераадольваючы млосць, я зазiрнуў у адтулiну. Па-над алейнымi пералiвамi густой жыжкi ўзвышалася адно сабачая галава.

— Не дастанем адсюль, трэба ў жаночае аддзяленне iсцi.

На слушную прапанову Ласевiча заструменiўся гук падзення сiкуноў.

— Хто гэта там? — Агафончык ускочыў i ўтаропiўся на дашчаную перагародку, што сiмвалiзавала наяўнасць процiлеглых полаў.

— Я!

Мы ўтрох паглядзелi на дошкi, з-за якiх прыляцела такое самаўпэўненае, ну проста экзiстэнцыяльнае "я".

— Што за я? Хто там?

Вялiкiя вочы Алеся Ласевiча выказвалi непаразуменне.

— Я — Ларыса Данiлькевiч! А ты, Лось, калi прыйшоў у прыбiральню, дык рабi сваю справу цiха i не перашкаджай iншым. — Тыраду суправаджаў шорах апранахаў. — Дурань!

Агафончык, Ласевiч i я выскачылi на двор. З жаночага аддзялення выплыла чырвоная Ларыса, дзябёлая дзявуля.

— Вар'яты. Я ўсё раскажу Кiму Тодаравiчу!

— Там сабака захлынаецца, — Агафончык наставiў на Ларысу лiнзы акуляраў.

— Ну i хай сабе захлынаецца. — Ларысiны пальцы з абгрызенымi пазногцямi аправiлi клятчастую спаднiцу.

— Пайшлi выцягнем! — я накiраваўся да жаночага аддзялення. І чаму ў жаночых прыбiральнях заўсёды чысцей? Мусiць, з-за таго, што слабейшая палова чалавецтва ўсе патрэбы робiць седзячы.

Сабачая галава з прыцiснутымi да шыi вушамi цяпер пагойдвалася пад мужчынскай паловаю, але доўгая рука Ласевiча ўсе ж схапiла сабаку за поўсць. Сабака нават не завiшчаў. На двары ён стаяў у траве i калацiўся. Ягоны некалi закручаны хвост звiсаў з худога азадка роўненькiм прутком. Агафончык прынёс вядро вады i вывернуў на перапалоханага сабаку. Сабака страпянуўся, прысеў на ўсе чатыры лапы, падскочыў i кiнуўся ўцякаць. Ён больш не прыходзiў на ганак i не выпрошваў хлеба.

А праз тыдзень, зусiм выпадкова, я даведаўся, што кiнуў сабаку ў прыбiральню вясковы вар'ят Юрачка, клышаногi пераростак, з якiм нават малыя дзецi не хацелi гуляць. Юрачка хадзiў па Латыголi ў вялiкай картовай кепцы i ўсмiхаўся ўсiм сустрэчным, агаляючы ружовыя, нiбыта пластмасавыя дзясны. Крыўдаваць на такога грэх. Хоць я, вядома, азлiўся.

Васемнаццаць гадоў — такi ўзрост, калi ледзь не ўсе праявы жыцця выклiкаюць у душы гiдкасць. Юнацтва скончылася, цынiзм i максiмалiзм адышлi ў мiнулае, а iм на змену прыйшло непрыманне iснага, i ўсё навокал зрабiлася агiдным. Нават каханне стала iншым, бiялагiчным. З платанiчных, мройных, летуценных адносiн яно трансфармавалася ў матэрыялiстычнае вывучэнне i даследаванне аб'екта. Такiм аб'ектам стала для мяне Жанна Шук — высокая, паўнацелая, белая дзяўчына. Яна была белая ўся i паўсюль, нават смочкi на поўных грудзях былi ружовыя, светлыя, амаль белыя. Мы бралi эцюднiкi, кардонкi ды iшлi нiбыта пiсаць краявiды. Мы нават разыходзiлiся ад школьнага цэментавага ганка ў розныя бакi, а потым сустракалiся дзе-небудзь на ўзлеску цi каля рэчкi. Мы шукалi зацiшнае месца, кiдалi ў траву мастакоўскi рыштунак i, цалуючыся, распраналi адно аднаго. Мы не ведалi нават самых простых рэчаў. Кожнае наблiжэнне, дотык, ласка знiтоўвалiся з пераадольваннямi сораму, скутасцi, уяўных маральных нормаў. Пацалункi... Бясконцыя, ненатольныя, балючыя... Яна ўкусiла мяне за ключыцу. Тыдзень я саромеўся распрануцца перад хлопцамi.

Гадзiнамi мы ляжалi распранутыя побач... Пакуль не пачынаўся дождж цi не цямнела, цi не надыходзiў час палуднаваць... Мы разглядалi адно аднаго так, нiбыта адкрывалi таямнiцу сусвету. І ў той дзень мы распранулiся i ляжалi ў жыце, i я выпадкова патрапiў у яе. Яна раскiнула рукi, выгнулася ўсiм сваiм доўгiм целам насустрач майму целу i закрычала. Крык разляцеўся на ўсё поле i пад самае белае неба. А я спалохаўся i здзiвiўся, убачыўшы, якое ў яе ружовае паднябенне. Такое ж ружовае, як дзясны вар'ята Юрачкi, што хацеў утапiць у прыбiральнi сабаку.

— Нехта крычыць?! Пайшлi паглядзiм!

— Ай, пэўна ж, дзеўка з хлопцам забаўляюцца...

Увушшу яшчэ стаяў крык, i праз яго выплылi галасы вясковых жанчын. Мы апранулiся, стоячы на каленях, саромеючыся ўстаць i сустрэць позiркi чужых, варожых нам людзей.

Жанна не кахала мяне, яна кахала Алеся Ласевiча. З iм яна гуляла па вёсцы Латыголь доўгiмi цёплымi вечарамi. Яны трымалi адно аднаго за руку, гэтак, як некалi i я трымаў за руку Вольгу Пакроўскую. Жанна, як i Вольга мне, расказала Алесю пра ўсё, што здарылася на жытнёвым полi. Алесь прыйшоў у школу, я чытаў, лежачы на ложку, i ён папрасiў пайсцi на вулiцу i пагаварыць... Мы стаялi каля прыбiральнi.

— Я кахаю яе, i яна мяне кахае. Нашто ты нам перашкаджаеш? Паабяцай, што гэтага болей не будзе! Тады я першы раз у жыццi паабяцаў, што гэтага больш не будзе, i зразумеў, як лёгка паабяцаць, i ўсе застаюцца задаволеныя. Мне даводзiлася шмат разоў абяцаць, што гэтага цi таго больш не паўторыцца. А яно паўтаралася, множылася, i я перастаў сур'ёзна ставiцца да сваiх i чужых абяцанняў. Ну, чаму я павiнен адмаўляць сабе i Жанне ў зямной любовi? Чаму дваiм трэба слухаць аднаго? I мы не слухалi. І я не папракаў Жанну за тое, што яна ўсё расказала Алесю. І ўпэўнены, што яна не папракне мяне за тое, што я ўсё расказваю табе. І не трэба казаць пра мараль. Варта гаварыць пра пачуццi, пра гiдкасць, якая ў васемнаццаць гадоў так востра адчуваецца.

Мне было агiдна стаяць у перадпакоi мiнскай кватэры Кiма Тодаравiча Жэрдкi. Ягоны доўгатэрмiновы запой пачаўся яшчэ ў Латыголi. Кiм Тодаравiч пiў з дырэктарам школы, дзе мы жылi. Пiлi яны чарнiла, таннае пойла. Язык не паварочваецца сказаць — вiно! Набiралi ў крамцы па дзесяць — дванаццаць пляшак, зачынялiся ў дырэктарскiх апартаментах i жлукцiлi бурачковую бурду да пасiнення твараў. Дырэктар — лысы бiцюг з вялiзным, што звiсаў праз пас, жыватом i азызлым, колеру свежага мяса тварам, увечары заходзiў да нас i казаў толькi адно слова. Забярыце! Я не хадзiў забiраць Кiма Тодаравiча. Яго валаклi па школьных калiдорах Генадзь Чэх i Валодзя Паненка, бо iх часам запрашалi на папойкi, а астатнiм не прапаноўвалi. Вось хлопцы i адпрацоўвалi. Дырэктар тым часам iшоў дамоў. Унурыўшы галаву, з якой звiсалi доўгiя белыя пасмы, якiмi, калi быў цвярозы, ён спрабаваў прыхаваць лысiну. Дырэктар цяжкiм крокам сунуўся па вулiцы i ў гэты момант рабiўся надзiва падобны да майго роднага дзядзькi, бацькавага брата Юзiка, якi таксама быў дырэктарам вясковай школы i выкладаў фiзiку.

На пахаваннi сваёй мацi, маёй бабы Бронi, дзядзька Юзiк, расчырванелы i размяклы ад гарэлкi, курыў каля незачыненай хаты.

— А мне што? Маё жыццё яснае. Грыбы, ягады, рэчка. Набяром харчоў паболей i на рэчку. Паляжу на сонцы, апаласнуся, паем смачна. Што мне трэба! А нiчога не трэба! А бацька ваш усё нечага дамагаецца, некуды лезе, нешта ўсё давесцi хоча... Каму? Вось ты мастак, правiльна, i думаеш, што будзеш маляваць што захочаш. Хвiгу! Вось глядзi. Цукерка. А на абгортцы напiсана "50 год БССР". Што партыя скажа, тое i будзеш маляваць. Яны там пасядзяць у кабiнетах, прыдумаюць, i табе толькi застанецца заданне выконваць. А не захочаш, нагою пад сраку. Галодных мастакоў хапае.

У нечым дзядзька Юзiк меў рацыю. Бо дырэктар школы ў Латыголi за тое, што мы месяц у яго жылi, запатрабаваў зрабiць пано. З нейкага часопiса, накшталт "Палiтiнфарматар i агiтатар", ён выскуб малюнак: тры постацi, два мужчыны i адна жанчына, якая аддалена нагадвала мiкеланджэлаўскую Сiбiлу. Камунiстычная тройца трымала ў руках сiмвалы прагрэсу. Сiбiла ўздымала макет спадарожнiка, на якiм сабакi лёталi ў космас. Адзiн мужчына трымаў цыркуль, чамусьцi вялiкi, нiбыта збiраўся крэслiць крэйдавыя кругi на школьнай дошцы, а другi трымаў транспарцiр, таксама вялiкi, школьны. Лепшай рэчы не прыдумаеш. І градусы ёсць. Шкада, што не тыя, якiя так любiлi дырэктар з Кiмам Тодаравiчам. Праз гэтае кандовае пано я ледзь не атрымаў па мардасах.

Ёсць дурная завядзёнка ў беларускай вясковай моладзi — бiць-таўчы нетутэйшых. І робяць вяскоўцы сваю непрыгожую справу ў апошнi вечар перад ад'ездам чужынцаў. Хлопцы нашыя былi вучаныя, таму i падманулi вясковых даўбакоў. Сказалi, што з'едуць першага, а аўтобус прыйшоў на тры днi раней. Усе пагрузiлiся, i бывай, гасцiнная вёска Латыголь. А я з Кiмам Жэрдкам застаўся, каб скончыць агiтацыйнае пано. Скончылi i пакостам пакрылi, каб блiшчэла, як начальства любiць. Прымацавалi да сцяны. Бляск, здалёк вiдаць! У дырэктара ўзняўся настрой, i ён павёў Жэрдку ў апартаменты, а мне сказаў, што я павiнен быць цвярозы, каб затарабанiць свайго выкладчыка ў Мiнск.

— Мяне б не давёз. Ува мне шэсць пудоў жывой вагi! А ваш Кiм, камунiстычны iнтэрнацыянал моладзi, драбната, кiлаграмаў пяцьдзесят. Ты яго да самай сталiцы данесцi зможаш. Але не сумуй. Дам я вам каня, каб ранiцай да чыгункi падкiнуў.

Каня ён даў, не падмануў.

Але да ранiцы трэба было ноч перажыць. Мае рэчы паехалi ў Мiнск, i мне зусiм не было чаго рабiць, я бадзяўся па апусцелай i гулкай, як бочка, школе. У незачыненым пiянерскiм пакоi знайшлася цэлая падшыўка часопiса "Беларусь". На адной з каляровых крэйдаваных уставак я ўбачыў рэпрадукцыю Кiма Тодаравiча. "За родную зямлю" — так узнёсла называўся жывапiсны твор. І мне зрабiлася ясна, чаму так любiў паўтараць Кiм Жэрдка: вучыцеся ў раннiх iтальянцаў. Конь белы, здаровы, асветлены вечаровым, а можа i ранiшнiм, карацей, нiзкiм сонцам. Скакун быў яўна ў сваяцкiх адносiнах з канём 1456 года нараджэння. Праўда, замест Нiколы да Таленцiна на iм сядзеў будзёнавец у вастрадзюбай шапцы, азоранай пяцiканцовым чырвоным знакам. А-а. Вучыцеся ў раннiх iтальянцаў. Мелася на ўвазе — перамалёўвайце з твораў Паола Учэла. Ясна. Выдатна. Недарма прагартаў стос часопiсаў. Я мог бы, пад настрой, зрабiць яшчэ некалькi адкрыццяў, каб не грукат у шыбу.

— Выходзьце!

У думках я яшчэ згадваў бiтву пад Сан-Рамана. Конi. Вершнiкi. Дзiды. Сцягi. Мячы. Сякеры. Іржанне. Ляскат. Труп у ракурсе...

На ганку мяне чакалi. Матацыклы. Ланцугi. Боты. Дзецюкi. Нахабства. Лаянка. Здзiўленне. Запытальныя позiркi. Загад.

— Клiч астатнiх!

— А я адзiн.

— Як адзiн?

У школьныя дзверы ўскочыў дробненькi падшыванец з пысаю ўслужлiвага пацука.

— Нiкога!

— А дзе ўсе?

— У Мiнску.

Бойкi не адбылося, бiць аднаго вясковыя бэйбусы не захацелi. Яны запрасiлi мяне выпiць. І я ўлiў, увагнаў у сябе тры стограмовiкi сiвой самагонкi. Закусвалi салам, шырокiм, на чатыры пальцы, i цыбуляю, якую тыцкалi ў насыпаную на газецiне соль.

Як мне ранiцай было кепска! Жах! I яшчэ сонца. Бязлiтасная гарачыня. І конь, якi не iшоў, а валокся. Мёртвы ад п'янства Кiм Тодаравiч ляжаў у саломе на возе. А мы з фурманом iшлi побач. Я малiў Бога, каб фурман перастаў гаварыць, i без ягонай балбатнi галава пухла. На станцыi я збегаў па квiткi, i мы разам з фурманом завалаклi раскiслае цела выкладчыка ў вагон.

— Да Маладзечна працверазее! — абнадзеiў мяне фурман на развiтанне, i дарма.

Не ачомаўся камунiстычны iнтэрнацыянал моладзi да Маладзечна, дзе давялося ляснуць яго па шчацэ, каб хоць з вагона выпаўз. Дзе там! Вывалак я яго на перон i паставiў каля плота. А сам пабег па квiткi. Прыбягаю назад, а ён ляжыць на зямлi, скруцiўся, як кот, у клубок, спiць, а над iм два мiлiцыянты спрачаюцца, каму з iх весцi п'янага ў выцвярэзнiк. Яны, мусiць, крышачку ўзрадавалiся, калi я падышоў i пачаў прасiць не чапаць майго выкладчыка. Каму ахвота з п'яным валэндацца.

— Каб праз хвiлiну вас тут не было!

Мiлiцыянты сышлi, а я пад пiльнымi позiркамi пасажыраў павалок утрупянелага настаўнiка ў электрычку. На дашчанай лаўцы я ўздыхнуў з палёгкаю. Людзей было мала, i Кiм Тодаравiч мог цiхамiрна храпцi, адзiн на цэлыя тры месцы. Толькi чым блiжэй да Мiнска, тым пасажыраў больш, ты ж ведаеш. І вось у Заслаўi Кiм Жэрдка ўжо спаў седзячы, прыцiснуты маiм плечуком да сцяны, каб не павалiўся на кабет, што злосна касавурылiся на нас. А ў Зялёным адбылося "ўваскрашэнне з мёртвых". Імгненнае цудадзейства. Кiм лыпнуў вачыма, здрыгануўся i ажыў. Лепш бы ён спаў, лепш бы ён нарабiў сабе ў порткi, чым пачаў заляцацца да румяных таўстух, што кпiлi з яго i мяне.

— А праўда, вы мастак? Гы-гы!

Жывёлiны. Раскормленыя, непадмытыя скацiны. Я не буду казаць, чым патыхала ад Кiма Тодаравiча, але ад iстотаў у спаднiцах цягнула ржавым селядцом. Калi б Кiм Жэрдка курыў, я б выйшаў з iм у тамбур. Але ён не курыў. "Лепш выпiць сто грамаў, чым каўтаць дым". Сентэнцыя, пастулат, якога, дарэчы, прытрымлiваўся яшчэ адзiн выкладчык з нашай мастацкай вучэльнi, Уладзiмiр Бароўка. І што? Згарэў! Самым натуральным чынам згарэў у майстэрнi. Адчышчаў ацэтонам уфэнданую ў алейную фарбу калашыну. А быў ужо вечар, i прапала электрычнасць, i Бароўка пасвяцiў сабе запалкаю. Цi адчысцiлася калашына? Паходня! Крык! Не паспелi ўратаваць. Судмедэкспертыза пацвердзiла развагi плеткароў. Бароўка быў нецвярозы. Вось табе i лепей сто грамаў.

Лепш бы яны курылi, тады б я прапанаваў Кiму Тодаравiчу цыгарэту. Натуральна выглядала б. Толькi i я тады не курыў, я чырванеў ад брыдкасцi гэтых бесперспектыўных заляцанняў аж да Мiнск-Пасажырскага. З вакзала мы пайшлi ў гастраном i набылi дзве пляшкi "Вермуту". Не змог я нiчога зрабiць. Калi такiм вермутам аблiць нагавiцы, дык нiякi ацэтон не возьме. З чаго яго рабiлi? З нафты? А чаму не. Штучную чорную iкру рабiлi з нафты. І елi людзi, i я еў... Пластмасай крыху аддае, але, калi пасыпаць буйной соллю, можна i заглынуць, як той вермут. Заплюшчваеш вочы i, не адрываючыся, улiваеш у сябе бутэльку цалкам. Не дай Бог спынiшся, другi раз не зможаш да рота данесцi — фантан пусцiш, выверне. Так i вывернула Кiма Тодаравiча Жэрдку. Ну i бываюць жа прозвiшчы! Жэрдка! Ну, якое ён мае дачыненне да жэрдкi? У iм жа росту ўсяго якiх паўтара метра з хвосцiкам.

Не пайшло! Кiм выцер насоўкай рот i з сумам паглядзеў на цёмную лужыну, якую ўсмоктваў пясок прывакзальнага двара. А ў мяне зайшло. І толькi час ад часу спрабавала выйсцi, пакуль, спатыкаючыся, мы брылi да дома Кiма Тодаравiча.

— Якая ў мяне жонка? Камень, не чалавек. Мы аднойчы кiламетраў трыццаць прайшлi. Яна калi разулася, дык у чаравiках поўна крывi было, i не паскардзiлася нават.

Жонка Кiма Жэрдкi — шэрая сухая жанчына з пляскатым выцвiлым тварыкам адчынiла кватэру.

— Ізноў!

На яе канстатацыю факта я замест прывiтальных сказануў развiтальныя словы.

А вось дамоў я пайсцi не змог. Куды ў такiм выглядзе пойдзеш? Мацi шкада! Месяц дома не быў, а тут з'явiўся i ледзь стаiш. І смурод з рота верне.

— Якi ты зялёны! — у iнтэрнацкiм пакоi мяне сустрэў Паненка.

— Я тут пасплю.

— Спi, вунь ложак Карповiча вольны.

А пасярод ночы я прахапiўся. Са сцяны на мяне сыпалася шкло ад пабiтых шклянак i пляшак. Ігар Дручко гуляў. Ён вучыўся на афармiцельскiм аддзяленнi, iм ужо выставiлi адзнакi за практыку, таму Дручко з чыстым сумленнем мог пусцiцца ў загул. Ён i пусцiўся: набраў пiва, гарэлкi i шампанскага, напаiў Генадзя Чэха, Валодзю Паненку i напiўся сам. Мяне не дабудзiлiся. Як пiць-гуляць, дык не змаглi раскатурхаць, а як бутэлькi аб сцяну лупiць — Адам, уставай. Дручко — барадаты дзяцюк, быў старэйшы за мяне гадоў на дзесяць, i ягоная творчая бiяграфiя складалася не толькi з чаканак i малюнкаў. У школе гэты бык займаўся боксам i нават заняў другое месца ў Гомельскай вобласцi. Колькi ж трэба натаўчы ў чалавечы нос?! А пасля кiнуў бокс, пачаў чаканкi дзяўбцi, паступiў у маскоўскую мастацкую вучэльню, але там чамусьцi ўспомнiў папярэдняе захапленне i раскрышыў выкладчыцкую пашчэнку. Пасля турмы Дручко не змог аднавiцца ў Маскве, а ў Мiнску яго пашкадавалi. Калi папраўдзе, чалавек ён добры, але як залье за каўнер — магiла, чорныя вочы. Дручко станавiўся на галаву, каб злосцi набрацца, а потым крышыў усё, да чаго дацягвалiся яго кулакi. З засыпанага шклом ложка я ўскочыў, але сварыцца не стаў. Хай лепш бутэлькi разбiваюцца аб сцены, чым аб маю хворую галаву. Паненка неяк угаварыў Дручко легчы спаць, у яго быў талент угаворваць, асаблiва дзяўчат. А мне з Чэхам давялося прыбiраць пакой. Чэх не захацеў класцiся, i мы па пустым праспекце пашыбавалi ў мастацкую вучэльню.

Вахцёрка ўставiла пратэз верхнiх зубоў i, не адчыняючы дзвярэй, прашамкала нам нецэнзурнасцi ў зашклёныя твары. На праспекце запрашальна разявiлiся дзверы цырульнi. Чэх прапанаваў, а я хiтнуў нячэсанай тры днi галавою.

— Маладыя людзi, i цi можна так не глядзець на сваю галаву.

Чэх не расчэсваў i не мыў доўгiя, у сасулькi, валасы, мусiць, месяц. З iм такое здаралася. Бзiк? А можа, сiлу волi i моц духу выпрабоўваў? Ён быў чалавек замкнёны ў сабе. Яго справа. А вось гiпсавая пасмяротная маска Пушкiна i гiпсавая прыжыццёвая маска Генадзя Чэха, што вiселi каля ягонага ложка, мяне раздражнялi, бо на абодвух тварах чырвонай фарбаю былi намаляваныя прышчы. Брыдота несусветная, асаблiва гiдка было глядзець на прышчаватага Пушкiна.

Псаваць гiпсы ў мастацкай вучэльнi было справай гонару. Колькi iх, мёртвых галоў, стаяла на палiцах у кладоўцы, якую ахоўваў адстаўны вайсковец у мышыным халаце — Тырдан. Прозвiшча такое. Ён выдаваў iх пад роспiс старасты групы. І бедныя старасты расплачвалiся з Тырданам за адбiтыя насы i вушы, за размаляваныя вочы i вусны. Венеры, Сакраты, Давiды, Вальтэры, Гатамелаты, гудонаўскiя торсы без скуры, галовы лупавокiх коней... Гiпс — сiмвал мастацкай вучэльнi. Мёртвы акадэмiчны матэрыял! Ад яго зыходзiць эфiрны халадок смерцi. Што можа быць больш антыэстэтычнае за гiпсавую галоўку Неферцiцi? Хiба што толькi маска Апалона.

А былi ж, былi аматары маляваць гiпс. Не, не шары i пiрамiды з торамi, а менавiта галовы i торсы. Іх натхняў мастак-спартсмен Луцэўскi, загарэлы, караткастрыжаны, жорсткi. Ён патрабаваў на праглядзе ставiць двойкi ўсiм, хто не любiў маляваць гiпсы, а потым ехаў на ровары займацца каратэ, прынцыповы чалавек. Толькi ў нашай групе ён не выкладаў, i мы не любiлi гiпсавага раба Мiкеланджэла. У знак пратэсту я чырвонай фарбаю пакрыў рабскi чэлес i машонку. Луцэўскi вiшчаў.

— Знайсцi i выгнаць, выключыць без права аднаўлення!

Як жа, знойдзеш... А каб хацелi, маглi б i знайсцi. Малюю блакiтныя вочы гiпсавым галовам, i гiпс — жывы. Быў жа такi вершык, змешчаны на старонках "Маладосцi" пад маiм набычаным фотаздымкам. У маладосцi я чамусьцi, калi хацеў зрабiць сур'ёзны выгляд, набычваўся, як набычваўся i ў цырульнях.

З-пад iлба я глядзеў, як абстрыглi маю i Чэхаву галовы "пад нуль". Пагладжваючы i пачэсваючы нязвыкла круглыя галовы, мы вярнулiся ў вучэльню.

За практыку i я, i Генадзь атрымалi пяцёркi. Хоць пра эцюды лепш не згадваць, звычайная брудна-зялёная алейная фуза на маленькiх кардонках i палотнах. Кусты, дрэвы, хаты, царква, каза, конь... Не пiшыце светлыя нябёсы. Гляньце, каза ўсё ж святлейшая за аблокi. П'яненькi Кiм Тодаравiч тыцкаў канцом алоўка ў бок недаравальна белага казляняцi, таму на большасцi эцюдаў неба атрымалася свiнцовае, а дробная i буйная рагатая жывёла — гiпсавая.

Іншыя эцюды мы прывезлi з Раўбiчаў пасля трэцяга курса. Замест Кiма Жэрдкi нам прызначылi ў выкладчыкi Галiну Гласаву — мастачку-маржа. Ранiцамi, да заняткаў, Гласава ў любое надвор'е бегла на рэчку i апускала сваё неабдымнае цела ў хвалi Свiслачы. Яе сувязi ў спартыўным свеце i дазволiлi нашай групе пасялiцца ў Раўбiчах, у двухпавярховым акуратным гатэлi, вокны якога пазiралi на высозныя лыжныя трамплiны i на шыкоўны, пад чырвонай дахавiцаю, другi гатэль — для абраных. Гласава, вядома, — абраная, жыла пад яркай дахавiцаю, а мы, неабраныя, пад руберойдным пляскатым дахам. Праўда, абедалi мы разам у рэстаране, ва ўтульнай зале з камiнам i дубовымi сталамi. Мурзатыя афiцыянткi нас не любiлi, але трывалi, як не самае вялiкае зло на свеце. Мастакi — не трактарысты, якiя часам завiтвалi пасмактаць пiва ў рэстаране для абраных. За сталы трактарыстаў не садзiлi, яны, стоячы ў фае, смакталi сваё пiва з рыльца i незадаволена паглядалi на нас. А мне было з найвышэйшай трамплiнавай прыступкi напляваць на хабёльскую незадаволенасць раўбiцкiх пралетарыяў. Я iх не хацеў бачыць i рабiў выгляд, што не бачу i не чую народных жартаў.

— Любка, а цi праўда, што мастакi ўчора каля рэчкi тваю голую дупу малявалi?

— Ты ў мяне пiва папросiш. Сцыкунамi сваiмi апахмелiшся заўтра...

Каля рэчкi мы малявалi, але зусiм не аголеную афiцыянтку Любу, мы пiсалi партрэт асветленага сонцам бадзягi па мянушцы Кiлiм. Ён прыбiўся да нашай групы ў Мiнску. Жыў Кiлiм без пашпарта. На якiя грошы? Нiхто не ведаў. Пасялiўся ў iнтэрнаце. Дзяўчаты яго шкадавалi, а ён iх бiў. Свеце Цыпко, якая папрасiла яго на вулiцы, каля дваццатага гастранома, вярнуць пазыку, Кiлiм надзеў на галаву сметнiцу, поўную недакуркаў i пляўкоў. Такi быў Кiлiм. А з хлопцамi ён не канфлiктаваў з-за слабага здароўя. Кiлiмава мацi пiсала з Берасця ў мiнскiя вайсковыя камiсарыяты, каб сына забралi ў салдаты, а камiсары не маглi знайсцi Кiлiма. Хто ж здагадаецца, што прызыўнiк працуе натуршчыкам у Раўбiчах i сумленна па тры гадзiны ў дзень сядзiць каля рэчкi? Увесь астатнi час Кiлiм лавiў рыбу i прыставаў да нашых дзяўчат.

Яму адмовiлi ўсе, акрамя Марыны Шурман. Пра iх палавы кантакт нiхто б i не ведаў, каб не пiльнасць Агафончыка, якi, выйшаўшы на вечаровую прабежку, вымушаны быў спынiцца на мосце праз чыстую, нават ракi вялiся, рачулку без назову. Марына Шурман упiралася рукамi ў парэнчы i вохала, яе аголеныя ногi былi шырока разведзеныя, а на белых клубах цямнелi загарэлыя лапы Кiлiма. Агафончык схапiў каханка за кашулю на спiне i адарваў яго ад Марыны. Тая апусцiлася на каленi i заплакала.

— Мы... Яна сама ўгаварыла... Я з гэтай малпай не хацеў!

Кiлiм пераступаў нагамi ў спушчаных нагавiцах. Змагар за сацыяльную чысцiню палавых зносiн пабiў Кiлiма. Страцiлi ўсе. Група згубiла натуршчыка. Жахлiва непрывабная Марына Шурман — пацучыныя зубкi, тонкiя ножкi i шырачэзны пляскаты азадак, чырвоныя i падслепаватыя вочы — страцiла каханка. Мусiць, таму па вяртаннi ў Мiнск яна завяла кабеля-баксёра i наталяла страсцi садомiяй. А сам Агафончык, сапсаваўшы трэнiроўку, цэлую ноч не мог заснуць, садзiўся на ложку i гаварыў на ўвесь пакой.

— Амаральна! Я на такое глядзець не магу! На мосце! А ўсiм — усё роўна. Гвалт! Разбэшчанасць!

Хлопцы маўчалi. Нiхто не хацеў чапаць дурненькага, чыя творчая кар'ера скончыцца на керамiчнай фабрыцы, дзе Агафончык будзе рабiць бiдэ i унiтазы. На ўсё воля Божая. Мяне зусiм не кранулi гэтыя страты. Партрэт Кiлiма ў пiлотцы я скончыў па памяцi. Вiнныя iм пяць рублёў спiсаў на ўласную разяватасць. А з Марынiных слёз пасмяяўся разам з Сiўчыкам, можна было пасмяяцца i з Чэхам, i з Паненкам, але яны не паехалi ў Раўбiчы. Яны пацягнулi свае палотны ў родныя вёскi да дзядоў. З астатнiмi аднагрупоўцамi смяяцца над брыдкай сiтуацыяй было небяспечна.

Ну, хiба можна было смяяцца разам з Кулiкоўскiм — сквапным кабанчыкам, якi мог набыць у кнiгарнi танны альбом Пабла Пiкасо, а потым тры днi чакаць, каб той альбом раскупiлi, каб павыхваляцца — у мяне ёсць, а ў вас няма i не будзе. Што да Пiкасо, яго я палюблю пазней; а на практыцы пасля трэцяга курса я захапляўся Эдвардам Мункам, хваравiтым скандынавам, з чыiх палотнаў здзiўлена пазiралi на свет твары тапельцаў. Я спрабаваў падрабляцца пад халоднага паўночнага экспрэсiянiста, маляваў азёры i нявест у блакiтных доўгiх сукенках, маляваў бясколерную Жанну Шук, яе блякла-шарыя вочы i доўгую шыю. У маiх эцюдах панавала маркота i меланхолiя. Бадзёрай Гласавай мае пошукi не падабалiся, але яна абмяжоўвалася выразамi "фармальныя пошукi" i "юначы песiмiзм". Яна не чапала мяне, i дзякуй ёй за гэта. Дзякуючы Гласавай, я даведаўся, што ў мiнскiм тэатральным iнстытуце вучыўся Алег Цалкоў, чые морды-дупы ўсхвалявалi нават парыжскiх калекцыянераў. За пляшкамi чырвонага сухога вiна, якiх накуплялi з нагоды заканчэння практыкi, Гласава i расказала пра Цалкова. Ён вучыўся з Галiнай у адной групе, на аддзяленнi станковага жывапiсу.

Цалкоў насiў пад пахаю французскi альбом з рэпрадукцыямi Ван Гога i ўсiм тыцкаў яго пад нос. Вось як трэба пiсаць! Шышкiн i Рэпiн — iдыёты! Алег пiсаў пад Ван Гога — i яго выгналi з мiнскага iнстытута пасля другога семестра. А самае дзiўнае не гэта. З Цалковым адразу было ўсё ясна i зразумела. Разам з Алегам у наш iнстытут паступiў яшчэ адзiн масквiч — цiхi хлопчык Ігарок. Ён хадзiў у Цалкова за ад'ютанта, але на працах гэтае сяброўства зусiм не адбiвалася. У Ігарка былi крэпенькiя акадэмiчныя пастаноўкi i чацвёрачныя малюнкi. Ігарок скончыў iнстытут i вярнуўся ў Маскву.

— Я не бачыла яго гадоў пятнаццаць, а тут раптам сустрэла на вулiцы Горкага каля рэстарана "Валдай". Да мяне падышоў салiдны з сiвой барадой джэнтльмен у шэрым строi. "Галя? Няўжо не пазнаеш?" Пазнаць цiхага Ігара было проста немагчыма. Быў хлопчык, даволi бяздарны хлопчык, а тут еўрапейскi дыпламат, не менш. "Я — Ігар. Мы ж разам шэсць гадоў правучылiся". Зайшлi ў "Валдай", i ён за каньячком расказаў, што жанiўся з нашай агульнай знаёмай, натуршчыцай Ірэн, што ўвесь сацыялiстычны рэалiзм ён забыў i малюе фантастычныя краявiды, прадае iх замежнiкам, купiў майстэрню i "Мерседэс", а цяпер думае перабрацца, як i Цалкоў, у Парыж.

Мы ўсе слухалi i, разявiўшыся, глядзелi на Гласаву, пiлi сухое вiно i закусвалi "пыжамi" — кулiнарнае вынаходнiцтва Галiны. Звараныя ўкрутую яйкi абiраюцца i разразаюцца роўненька напалам. Жаўток вымаецца, у лунку накладаецца гарчыца i накрываецца жаўтком. А ў роце адбываецца бабах. Можа, ад кiслага вiна, можа, ад гарчычных бабахаў, а хутчэй за ўсё — ад аповедаў пра Ігарка i Алега ў мяне разбалеўся страўнiк. Усю апошнюю ноч у Раўбiчах я прасядзеў на унiтазе пад фiялетавай лямпачкай, другiх у пакаёўкi не знайшлося. У прыбiральнi i скончылася мая трэцяя практыка.

Калi хочаш, я магу расказаць i пра першую практыку, толькi яна менш рамантычная, бо праходзiла на ўскраiнах Мiнска. Адзiным заданнем, якое паставiў перад намi сухенькi акуратненькi мастак-плакатыст Трахiм Ігнацэвiч, было маляванне акварэллю камля. За два днi я вымаляваў сасновую кару на невялiкiм аркушы, атрымаў ухваленнi Ігнацэвiча i заняўся сваiмi ўлюбёнымi аб'ектамi: старымi хатамi i хлявамi, брамамi i платамi, а таксама бульдозерамi, трактарамi i экскаватарамi. Любоў да вялiкiх землекапалак праявiлася ў гiперрэалiстычным вымалёўваннi ўсiх зубоў на вялiзным каўшы. Экскаватар стаяў пасярод поля, на беразе свежай канавы. Канава пясчаным шнарам рассякала зялёную прастору, на ўскраiнах якой з аднаго боку бялелi цукровыя кубiкi новабудоўлi раёна Зялёны Луг, а з другога — шарэлi дахi асуджанай на знiшчэнне вёскi.

Жанчыну я згледзеў ужо на паўдарозе ад новабудоўлi, яна бегла праз поле, трасучы цяжкiмi сумкамi. Яе твар быў белы i перакрыўлены цi то злосцю, цi то пакутаю. Мой сполах ператварыўся ў цiкаўнасць, калi ў правай руцэ замест алоўка апынуўся важкi камень. Жанчына даляцела да экскаватара, пакiдала сумкi каля блiскучага каўша i толькi тады ўгледзела мяне.

— А-а-а, глядзi! Я сраць хачу!

I не паспеў я адвярнуць галавы, як яна ўскiнула спаднiцу, сцягнула майткi i, сагнуўшыся, нават не сеўшы, абрадавала наваколле траскучымi, нiбыта нехта ламаў сухое дрэўца, гукамi.

З каменем у руцэ i планшэтам пад пахаю я хутка пайшоў у бок вёскi. Малюнак давялося скончыць па памяцi, вяртацца да экскаватара не хацелася. Трахiм Ігнацэвiч, праўда, сказаў, што малюнак занадта схематычны i варта было б папрацаваць над iм. Але ж я не мог расказаць пра жанчыну, у якой схапiў жывот. Трахiм быў чалавек тактоўны, ён не прымаў iрацыянальнага ў жыццi i мастацтве. Для яго iснавалi пэўныя каноны, якiя нiхто не меў права парушыць.

Цень на самай белай рэчы заўсёды цямнейшы за святло на самай чорнай! Цень, якi падае, цямнейшы за ўласны цень! Памiж святлом i ценем, нават на гiпсавым шары, ёсць канкрэтная вызначальная мяжа! Кантраст памiж святлом i ценем слабне ў залежнасцi ад аддаленасцi аб'екта! Паралельныя лiнii ў перспектыве сыходзяцца ў кропку!

Пералiчыць правiлы, якiя Трахiм Ігнацэвiч убiў мне ў галаву на занятках па малюнку, я не адважуся, бо замест аповесцi пра пачуццё гiдкасцi атрымаецца падручнiк "Як навучыць маляваць". Калi я кажу, што правiлы мне "ўбiлi" ў галаву, дык маю на ўвазе, што ў Ігнацэвiча была звычка пастукваць алоўкам, ён гаварыў i пастукваў, гаварыў цiха i стукаў зусiм цiха-цiхенька. Ён стукаў па планшэтах, папках, сценах, зэдлiках, мальбертах, гiпсавых кубах i пiрамiдах... Тук-тук-тук... Трахiм Ігнацэвiч пастуквае алоўкам, на ягоным сухiм жоўтым запясцi сiнее вытатуiраваны ў канцэнтрацыйным нямецкiм лагеры нумар. Тук-тук-тук... Ігнацэвiч скончыў мастацкi iнстытут у Вiльнi. Ён вучыўся з вядомым лiтоўскiм графiкам Красаўскасам.

— Красаўскас быў заўсёды знерваваны. Ён таму i плаваннем заняўся, каб нервы супакойваць. Стаiм з iм, на практыцы, пiшам эцюды. Поле, дрэвы, касцельныя вежы... Падыходзiць пастух. Во, i падобна выходзiць, як у жыццi. Красаўскас зрывае аркуш з планшэта, шкуматае, iрве на дробныя кавалкi, топча... Пастух пудзiцца, уцякае. У Красаўскаса нервы слабыя.

Тук-тук... Ігнацэвiч Трахiм Дзянiсавiч памёр улетку. Зусiм выпадкова я зайшоў у Палац мастацтва i ўбачыў ягоную вальтэраўскую ўсмешку, забраную чорнай тлустай рамкай. Блага, калi выкладчыкi памiраюць на пачатку лета, усе студэнты на практыцы, i няма каму правесцi iх у апошнi шлях. І робiцца млосна, калi пачуеш...

— Тут адзiн памёр, ты яго не ведаеш, але, можа, пастаiш каля труны. І на кветкi, пакладзi, быццам знак павагi.

Усё гэта непрыстойна, як i ўвесь Палац мастацтва, як i ўсе, хто там працуе, — непрыстойныя, як i ўсе, хто вывешвае на мёртва-гiпсавых сценах свае мёртванароджаныя карцiнкi, — гiдкiя.

Божа, даруй беларускiм мастакам грахi. Асвяцi iх святлом сваiм! Растлумач iм, што цень на саборным крыжы цямнейшы за святло на труне. Малюся за iх, бо люблю iх. І малю Цябе, стваральнiк сусвету, даруй iм, бо не ад сатаны памылкi iхнiя i няздатнасць iхняя, а толькi ад неразумнасцi, наiўнасцi ды бязмежнай тупасцi! Аман!

Тук-тук... Тук-тук... Менавiта алоўкам я пастукваў у касаватае акенца карчмы "Шынок у Лявона". Была гарачыня, я вяртаўся з працы дамоў праз Камароўскi рынак. І мне захацелася з'есцi шашлык. Дым i водар смажанiны над стракатым натоўпам, што ўсё набывае i ўсё прадае. Куплю валюту! Прадаецца падстаўка пад тэлевiзар. Кава замежная. 100 г — 100 р. А мне захацелася мяса. Страўнiк сцiснуўся i падпоўз пад сэрца. Давай есцi! Давай жэрцi! Мяса, мяса, мяса хачу! У рабрысты сподак блiскучымi ад сала пальцамi мне паклалi мясных камякоў. Трэба хвалiць тое, што ясi! Цудоўнае, сакавiтае, добра прасмажанае... І пякоткi не будзе, ад полiўкi я паспеў адмовiцца. У гандляркi шашлыкамi тоўстыя лыткi ў рагах гразi. Павярнуўся ў другi бок i разглядаў вiтрыны мэблевай крамы.

— Смак дзiўны!

— А ў мяне адны жылы!

Суседзi па стале — пралетарыi. Іх не навучылi хвалiць тое, што ясi. А мяне навучылi, i таму я...

Няма дрэва, каб пастукаць i не сурочыць. Смак сапраўды дзiўнаваты, салодкi... Шпурляю сурвэтку на зямлю, а мог i ў сметнiцу. Маленькае паскудства. А вось i вялiкае: жабрак сядзiць на прыступках падземнага перахода, грэецца на сонцы, падкасаў нагавiцы i нiбыта крычыць... "Глядзiце ўсе на мае распухлыя ногi ў гнiлых струпах! Я не магу хадзiць! Я — iнвалiд! Гной цячэ ў мае чаравiкi! Грошы давай, беларускiя, расейскiя, амерыканскiя — усе давай!"

А я наеўся чалавечыны! Блiскавiца працяла патылiцу. Дакладна. Паскудзiна з бруднымi лыткамi накармiла мяне вялым чалавечым кумпяком. У яе такiя востранькiя iклы i шырачэзны рот. Такая ўсё зможа. Разбярэ мужчыну, як кабана, i не скрывiцца. Трэба дэзiнфекцыю правесцi. Спiрт толькi лiтрамi, таму гарэлка, сто грамаў, больш чым дастаткова.

Вось i "Шынок у Лявона", тук-тук-тук... Квiток за сорак рублёў, i я ў прахалодных сутарэннях. Гарэлкi няма, ёсць каньяк. Даплачваю i праводжу санiтарную апрацоўку вантробаў. Хух, можна супакоiцца, пасядзець на лаўцы за аблiтым пiвам сталом i згадаць Галiну Гласаву. У апрацаванай спiрытусам свядомасцi ўзнiклi белыя i краплачныя нацюрморты нябожчыцы Гласавай. Як хутка мае настаўнiкi адышлi за чорную мяжу! Але п'янаму лягчэй i нават прыемна згадваць нябожчыкаў. Вось i Гласава з яе нацюрмортамi, якiя некалi даўно вiселi на сценах "Шынка ў Лявона" i радавалi нецвярозых мiнчукоў i гасцей сталiцы. Гладышы. Кветкi. Гронкi арабiны. Ручнiкi з узорамi, крыжамi i пеўнямi. Дзе яны? У цвiлых складах, за слiзкiмi скрынямi з-пад гнiлых памiдораў? Гэта ў горшым выпадку. А можа, нацюрморты Гласавай пасля спiсання ўпрыгожваюць сцiплы дамок на лецiшчы дырэктара "Шынка ў Лявона", якога, даю гарантыю, не завуць Лявонам, бо ў набрынялым расейшчынай Мiнску ён можа быць толькi Леанiдам. А хутчэй за ўсё, нацюрмортаў няма, яны аблушчылiся i абляцелi, як букеты ў цёплым пакоi. Яны толькi ў маёй маладосцi засталiся яркiя i лакiраваныя, свежыя i жывыя. У тых гадах, якiя вызначылiся словам "гiдлiвасць".

Ты сама прасiла расказаць, i споведзь будзе няпоўнай, калi не згадаць яшчэ два выпадкi, якiя я стамiўся насiць у сабе.

Мяне калоцiць, калi ўспомнiцца даглядчыца з дзiцячага садка. Як я ненавiдзеў яе! Даглядчыца цягала за сабою цэлыя аблокi смуроду: вострае тхненне хлоркi, лiпучы дух закарэлага посуду, саладжавая пякучасць распушчанай у вадзе гарчыцы... Пакамечаны халат, упрыгожаны бурачковымi плямiнамi ад вiнегрэту, сядзеў на ёй коса. Мусiць, гузiкi прышывалiся не на тое месца. А здаралася, што даглядчыца наогул не зашпiляла халат. Тады памiж заплямленых маннай кашаю фалдаў ружавела бруднаватая сарочка, пад якою цямнела ў мiжножжы валасяное пакрыццё. Каламутныя, зусiм без зрэнак, вочкi ўвесь час за кiмсьцi сачылi, некага падпiльноўвалi, яны ўвесь час круцiлiся, як маленькiя глобусы мёртвых планет, на шырокiм фактурным тварку, пабiтым струпкамi. Але самае агiднае было бачыць не зеленкаватыя галоўкi воспiнак, а вялiзны апёк на караткапальцай руцэ. Ад самай далонi i па локаць рука даглядчыцы нагадвала самаробную сялянскую каўбасу, нiбыта нехта сквапны напхаў у танюткую плеўку кiшкi аднаго сала.

— Хто не спiць? Павярнуцца ўсiм на правы бок! Адам Глобус i Васiль Шыш-Дударга зараз пойдуць стаяць у прыбiральнi!

I мы стаялi на скразняку ў дашчанай прыбiральнi, каля аднапавярховай раўбiцкай сярэдняй школкi. О, гэта ж тыя самыя Раўбiчы! Так, тыя самыя, куды наш садок вывозiлi на лета. І дзе за тое, што не спiш, мусiў стаяць басанож у прыбiральнi. Васiлю Шыш-Дударгу пашанцавала — ён падхапiў запаленне лёгкiх, i яго забралi бацькi. А я застаўся давiцца маннай кашай у Раўбiчах, застаўся, каб прачынацца ад слоў даглядчыцы.

— Хто не спiць?

Застаўся, каб хаваць за шчакою варанае сала, бо даглядчыца правярала талеркi.

— Хто не з'есць, не ўстане з-за стала!

I як жа карцела, хай толькi выйдзе ў другi пакой, ускочыць на стол з нагамi, i як потым не хацелася тлумачыць мацi, чаму ад мяне патыхае хлоркай i прыбiральняй.

— Хто не спiць?

Я не сплю. Я позна кладуся, я позна ўстаю, бо люблю начны Мiнск, пусты i чысты, вымыты i падмецены. Самае вялiкае смецце ў горадзе нясе з сабою пасажыраплынь у час пiк. А ўночы яны спяць, яны паслухмяныя, iх навучылi з'ядаць варанае сала, спаць на правым баку, паважаць выхавацеля, старшыну, старшыню, загадчыка, начальнiка i камандзiра. А мяне навучылi стаяць у прыбiральнi i не гiдзiцца, калi астатнiх ванiтуе. Мяне навучылi любiць ноч. А гаварыць тое, што думаю, я навучыўся сам, бо заўважыў — можна апавядаць пра самыя вясёлыя рэчы i выклiкаць сум, а можна гаварыць пра непатрэбшчыну i будзе цiкава слухаць.

Толькi цяпер гаворка пра iншае пачуццё.

Згадалася пра гiдкасць востра i нечакана, калi ўночы праходзiў паўз кафедральны касцёл, упрыгожаны бел-чырвона-белымi сцягамi ды харугвамi з Iсусам ды Божай Мацi. У гэтым будынку яшчэ школьнiкам я займаўся вольнай барацьбою. Заняткi праходзiлi на самым верхнiм, дабудаваным паверсе. У майго аднакласнiка, Барыса, падчас трэнiроўкi ад вялiкай напругi пачаў вылазiць з рота даўжэзны глiст. Спачатку паказаўся самы кончык. Мы абступiлi Барыса, бо не ўцямiлi, што з iм робiцца. Чаму гэта ён на карачках папоўз з барцоўскага кiлiма? Барыс рукамi выцягнуў белаватага чарвяка i шпурнуў на дашчаную падлогу, побач з сiнiм кiлiмам. Пасля з'яўлення глiста народу Барыс саромеўся хадзiць на вольную барацьбу i запiсаўся ў секцыю бокса. Баксёры трэнiравалiся ў тым жа будынку, толькi на першым паверсе.

Можа, таму з усiх чатырох мiнскiх касцёлаў ты незалюбiла менавiта кафедральны. У iм яшчэ доўга будзе смярдзець спартсменавым потам...

Ракаў. 7.VII. 1992