Як вядома, кепская навіна ня ходзіць адна, за ёй бяжыць другая. Гэтая другая дагнала Палкаводца па дарозе ў гаспадарку Мельнікава. У таго Мельнікава не заладзілася з самага пачатку, палкі не маглі адарвацца ад дняпроўскага берагу, суседзі здорава выскачылі наперад, на правым флангу ўзялі горад, за які ўчора Палкаводца віншаваў Галоўнакамандуючы. Але толькі Палкаводзец выехаў зь сяла, як з КП па рацыі перадалі: на правым флангу няўстойка, немцы контратакавалі буйнымі сіламі, адкінулі пяхоту за рэчку. Палкаводзец паўзіраўся ў карту і загадаў паварочваць на ракадную дарогу — ехаць на правы фланг. Учуўшы новы загад, два ягоныя ад'ютанты, маладыя статныя палкоўнікі, перадалі яго сыгналамі астатнім машынам — бронетранспарцёру з аховай і крытай бартавой з трыбуналам, якія заўжды суправаджалі Палкаводца. Уся невялічкая калёна пачала таропка разварочвацца на разьбітым, цесным і гразкім прасёлку. У “вілісе” ўсе маўчалі. Маўчаў, сьцяўшы квадратныя сківіцы, Палкаводзец, маўчалі ад'ютанты, прадчуваючы, што іх чакае. Ня выключана, што Палкаводзец хутка ўскочыць у самае пекла і жалезнай рукой... У ягонай жалезнай руцэ яны ўжо мелі магчымасьць пераканацца...
Куляючыся па выбоінах, трохі разганяючыся на роўнядзі і выскокваючы на невысокія, парослыя драбналесьсем пагоркі, “віліс”, транспарцёр і бартавая каціліся насустрач недалёкай баявой калатнечы, якую ўжо не магло заглушыць і натужлівае выцьцё іхных матораў, хутка стала чуваць, што бой грымеў побач, дзесь за ляском, дзе, як сьведчыла карта ў руках Палкаводца, сярод шырокага поплаву працякала крывуляка-рачулка. Хто мог падумаць, што нямецкія танкі менавіта тут і ўдараць, — думаў Палкаводзец. Не хапала ім роўнядзі, ці што? Ці ўжо навучыліся ў нас, нашай азіяцкай кемлівасьці? Але ўдарылі менавіта тут, у гэтым зусім мала здатным для таго месцы. I, як на бяду, фронт на гэтым участку аказаўся слабаваты, учора брыгаду Чарамісіна перакінулі ў цэнтар, на падмогу перадавому атраду; тут жа заставаўся адзін супрацьтанкавы полк, і той, здаецца, разьмяшчаўся трохі правей. А пяхоце без падмацунку, вядома, прыйшлося ня соладка, і яна не стрывала. Такое яе прадвызначэньне на ўсякай вайне і ва ўсякай арміі.
“Віліс” выскачыў на пясчаны пагорачак, парослы рэдкім маладым сасоньнічкам, і адразу ж рэзка кінуўся ўбок, коламі з хрустам ломячы тыя сасонкі. Палкаводзец зьнячэўку вылаяўся, ледзьве пасьпеўшы ўхапіцца рукой у пальчатцы за мэталёвую дугу перад сабой. Аднак ён тут жа зразумеў, што лаяцца марна, усё правільна. Па сасоньніку ўжо джагалі чэргі, трэба было матаць назад або выскокваць і класьціся долу. Палкаводзец і выскачыў. Трохі счакаў, а пасьля, прыгінаючыся, выбег вышэй і апусьціўся на сухі верасовы дол. Перад ім наперадзе разгортвалася шырокая панарама надрэчнага поплава і зь ёй — ганебнае відовішча бязладнага драпу. Колькі ўжо за вайну даводзілася назіраць Палкаводцу гэтую ганьбу, але прывыкнуць да яе ён ня мог і звычайна без ваганьня карыстаўся выпрабаваным сродкам. На ашаломленых, апанаваных страхам людзей можна было ўзьдзейнічаць толькі яшчэ большым страхам з усіх страхаў, якія меліся ў распараджэньні начальніка. Наша пяхота бегла, уцякала да рэчкі, караскалася церазь яе берагі, некаторыя ўжо былі блізка ад пагорка на гэтым беразе. На рачным беражку сярод лазьняку дымна палыхаў адзін скасабочаны “студэбэкер”, там запалохана мітусіліся людзі. Другі, аднак, выкараскаўся з твані і з гарматай на прычэпе марудна поўз да пагорка. На ягонай падножцы стаяў чалавек у гімнасьцёрцы, без шыняля, з абвязанай бінтамі галавой. Ці не камандзір супрацьтанкавай батарэі, — падумаў Палкаводзец. Той нешта крычаў, мабыць, паказваючы шафёру кірунак. Ззаду, з-за ракі, з розных напрамкаў несьліся трасірныя чэргі, на рыкашэтах агнянымі пчоламі разьлятаючыся ў бакі. Палкаводзец, не азірнуўшыся, кінуў цераз плячо ахове: “Затрымаць!”, і некалькі байцоў на чале са старэйшым сяржантам кінуліся праз сасоньнік з пагорка.
Пакуль тыя сарванымі галасамі спынялі пяхоту, Палкаводзец узіраўся ў поплаў і асабліва далей, па той бок рэчкі, дзе зь ляска выпаўзалі сьветлажоўтыя нямецкія танкі. Палкаводзец ужо сустракаўся зь імі і ведаў, што гэта ён рашучымі дзеяньнямі свайго войска змусіў нямецкае камандаваньне перакінуць іх з Афрыкі, дзеля якой яны і былі афарбаваныя ў колер пустыні. Але тут ім не пустыня, тут найчасьцей балоты. Раз-пораз яны білі з гарматаў па берагах ракі і па пехацінцах па гэты бок. Ад выбухаў калаціўся пагорак...
Поруч і асабліва ззаду за Палкаводцам з насьцярожаным выразам на тварах ляжала чалавек дзесяць з аховы, трошкі ніжэй прыбег і выцягся пад сасонкай старшыня вайсковага трыбуналу — франтавы маёр, скрозь абпярэзаны партупэямі і рамянямі, з фуражкай на галаве. За ім ужо расшпільваў тоўстую сумку ягоны сакратар, малады чалавек у плашч-накідцы. Той усё пазіраў на Палкаводца, пальцы яго дрыжэлі, і ён кепска спраўляўся з сумкай. Яны чакалі. Ужо ня першы раз яны выяжджалі з Палкаводцам і ведалі сваю справу. Тым болей, што гэта была іх праца, якую яны рабілі, рызыкуючы ўласным жыцьцём. Блізкія два выбухі ў сасоньніку змусілі іх тыкнуцца галовамі ў дол, Палкаводзец жа на выбухі не адрэагаваў ніяк. Ён назіраў за тым, што адбываецца на поплаве.
Здаецца, байцы аховы ўсё ж затрымалі пярэдніх бегуноў і неўзабаве вывелі з сасоньніку двух задыханых, перапалоханых пехацінцаў з даўгімі трохлінейкамі і прымкнёнымі да іх штыхамі. Неяк выкараскаўшыся з-пад агню, уратаваўшыся ад нямецкіх танкаў, тыя, падобна, мала разумелі, што адбываецца, навошта яны спатрэбіліся гэтаму камандзіру з суровым зацятым тварам. “Пачаму бяжалі? — строга кінуў Палкаводзец, нішчачы позіркам абодвух — высокага і нізенькага, амаль мізэрнага салдаціка ў аблепленых тваньню абмотках. — Пачаму бяжалі?” Пехацінцы ашалела дыхалі і маўчалі, тады Палкаводзец махнуў рукой — ня так ім, як камусь з аховы: “Здаць аружыя!”
Мабыць, то быў пэўны сыгнал, двое ў бушлатах з аховы вырвалі ў байцоў вінтоўкі і люта штурханулі абодвух. Меншы адразу ўпаў, штось заякатаўшы, а большы пачаў бязглузда, спалохана мовіць: “Што, што?” З гэтым “што” іх і затаўклі ў сасоньнічак, далей ад вачэй Палкаводца, адкуль яны ўжо не паказаліся.
Тым часам старэйшы сяржант з аховы прывёў да Палкаводца і афіцэра са “студэбэкера”. Паранены, з абвязанай галавой, на сваю бяду ратуючы гармату, той перабраўся цераз рэчку, як яму, мабыць, здавалася, на выратоўчы пагорачак. То быў старэйшы лейтэнант з ордэнам Айчыннай вайны на грудзях і перакручанай дзягай, на якой матлялася, відаць, пустая ўжо кабура. Згледзеўшы Палкаводца, ён паспрабаваў аддаць рапарт:
— Таварыш камандуючы...
Палкаводзец перабіў яго тонам, ад якога зацінала мову ня толькі ў камбатаў:
— Дзе батарэя?
— Батарэя загінула, таварыш ка...
— Ах, загінула? — зусім ужо вызьверыўся Палкаводзец. — А чаму ты, гаўнюк, не загінуў?
— Ды я...
— Дакумэнты!
Бруднымі ад твані і сьвежай крыві рукамі старэйшы лейтэнант расшпіліў гузік гімнасьцёркі і дастаў некалькі кніжачак — афіцэрскае пасьведчаньне, партбілет, рэчавую кніжку. Іх у яго тут жа выхапіў старэйшы сяржант, перадаў трыбунальцам.
— Расстраляць! — халодна кінуў Палкаводзец.
— Таварыш камандуючы!.. — сіпавата выгукнуў афіцэр і асекся — Палкаводзец ужо азіраў поплаў, а старэйшы сяржант ускінуў да грудзей новенькі варанёны, з ражковым магазінам ППС, якія толькі што прыбылі на фронт і якімі ў першую чаргу ўзброілі ўчора ахову Палкаводца. Старэйшы сяржант адвёў камбата ў сасоньнічак, дзе неўзабаве ляснуў нягучны адзіночны стрэл.
Старшыня трыбуналу і сакратар, між тым, ліхаманкава афармлялі пастанову. Шапка блянку судовага разгляду была ў іх нарыхтаваная загадзя, заставалася ўпісаць канкрэтныя прозьвішчы і штось дапасаваць адно да аднаго. Лежачы, маёр нахіліўся бліжэй да сакратара, які яму зачытаў: “Вайсковы трыбунал вайсковай часьці нумар... у адкрытым паседжаньні разгледзеў справу па абвінавачаньню... Як яго там?”
— Старэйшага лейтэнанта Бязуглава, — падказаў маёр, зазірнуўшы ў пасьведчаньне. — А таксама радавых Андрэева і Цявелька...
— Андрэева і Цявелька, — пішучы, паўтарыў сакратар. — I прысудзіў памянёных да...
— Да вышэйшай меры пакараньня, — падказаў маёр.
— Прысуд... — вымавіў сакратар.
— ... Прыведзены ў выкананьне, — трывожна азірнуўшыся, падказаў маёр. Ён, відаць па ўсім, пачаў сьпяшацца: справы іхныя на гэтым месцы ці не канчаліся. Тым болей, што нямецкія танкі, мабыць, падышлі ўжо да рачулкі — нешта дужа дрыжэла ўнізе пагорка. У той час і сапраўды грымнула дужа блізка — на верасок і хвойкі сыпанула зямлёй і пылам, абсыпала фуражку і плечы Палкаводца, паперы трыбунальцаў, якія сакратар не пасьпеў засланіць. Энэргічным рухам Палкаводзец страсянуў зь сябе пясок і ўскочыў.
— Ну, вы гатовыя там?
— Так точна! — ускочыў маёр.
— Усім да машынаў! — кінуў Палкаводзец і таропка падаўся з пагорка да свайго “віліса”. За ім падхапіліся трыбунальцы з байцамі аховы, усе дружна сыпанулі з хвойніку да дарогі.
На тым месцы, дзе яны толькі што мясьціліся, застаўся стаптаны, абсыпаны пяском верасок ды дзьве кінутыя з прымкнёнымі штыхамі драгункі. Здалёку праз гольле маладых сасонак праглядвала штось белае — ці ня бінт на скрываўленай галаве няўдалага камбата. З поплаву даносілася дружная страляніна, мабыць, там усё ж ладзілася якая-ніякая абарона.
Камандуючы навёў парадак — нямецкія танкі тут не прайшлі.