I
Можа, я быў нават зьлёгку падзакаханы ў Анну Ф., якой мяне прадставілі колькі гадоў таму на канцэрце таварыства Scarlatti пры нэапалітанскай кансэрваторыі, дзе яна зь нядаўніх часоў выкладала музыкалёгію. Анна была па бацьку расейка, па маці полька. Ейным бацькам удалося пасьля рэвалюцыі ўцячы ў Рым. Там маці памерла падчас нараджэньня Анны, а бацька, з адукацыі пецярбурскі італьяніст, здолеў дабіцца месца выкладчыка расейскай літаратуры. Яны з таго жылі, месьціліся на Затыбер’і, дзяўчына адразу пасьля сканчэньня сярэдняй школы атрымала стыпэндыю на музыкалягічнае навучаньне ў Нэапалі. Яна й сама была някепская піяністка. Бацька, зь невядомай прычыны, не схацеў пераяжджаць у Нэапаль, а таму дачка пунктуальна бавіла ўік-энды ў Рыме.
Падчас знаёмства мы былі яшчэ параўнальна маладыя; раўналеткі 1919 году нараджэньня. Мяне прыцягвала ў ёй, апроч прыемнай, але ненадзвычайнай прыгажосьці, тая асаблівая расейская жаноцкасьць, галоўнай рысай якое ёсьць крыху экзальтаваная любоў да мастацтва (у ейным выпадку — музыка, і ў дапрэжак, плястычныя мастацтвы й літаратура), а асобы мусяць задаволіцца другім плянам. Альбо, што я ўсьвядоміў пасьля больш дакладнага вывучэньня жыцьця й паэзіі Марыі Цьвятаевай, мастацтва й блізкія людзі робяцца напрыканцы цэласьцю, існуюць як два непарыўна зрослыя арганізмы. Ці была Цьвятаева закаханая ў Рыльке й Пастэрнака? Ейная любоў да паэзіі перамянілася ў “закаханасьць" (плятанічную) у аўтараў.
Калі я пазнаёміўся з Аннай, яна была сяброўкай мастака, які ні разу не крануўся з роднага Рыму (нават практычна з мастакоўскай вуліцы Margutta). Такім чынам, яна штотыдзень езьдзіла ў Рым дзеля двух мужчынаў. Ва ўступных словах апавяданьня я ўжыў выраз “падзакаханы", бо, невядомы ў іншых мовах, апроч польскай, ён добра апісвае стан простай сардэчнасьці й далікатнага захапленьня, якое ведае, што ніколі ня стане чымсьці большым. Я думаю, што гэткім жа было пачуцьцё Анны ад самых першых нашых сустрэчаў (пераважна мы бачыліся на канцэртах, часам у кавярні, у якой засядалі музыкі). Было відавочна, што й яна мае да мяне слабасьць. Я мяркую, на тое было дзьве прычыны. У ёй адгукнулася ейная польскасьць па маці, якую яна ведала толькі са здымкаў. Аньне было прыемнае знаёмства зь пісьменьнікам. Яна загадвала чытаць ёй на памяць польскія вершы (а я добры дэкляматар). Я мусіў даць ёй усё, што мне ўдалося надрукаваць па-італьянску. Натуральна, яна ведала й расейскую, але расейская ня ведала мяне як пісьменьніка. Нявыключана, што чытаньне маіх кніг адкрыла ёй мае пісьменьніцкія магчымасьці, што надало сьмеласьці зрабіць мне спачатку вельмі няясную прапанову.
— Ці вам гаворыць нешта імя вялікага італьянскага мадрыгаліста Carlo Gesualdo, князя Вэносы? Мару напісаць манаграфію пра яго, тоўсты том пра ўсё, што ён стварыў. Натуральна, гэта быў бы музыкалягічны твор, а Гезуальда — гэта нешта большае, чым Князь Музыкаў, як яго часта называюць…
Памяць паслужліва падсунула мне нарыс Олдаса Гаксьлі, які я чытаў вельмі даўно. Гакслі быў знаўцам музыкі, але хутчэй мэляманам, чым сур’ёзным дасьледнікам. Таму мяне ўразіла, што ён прысьвяціў цэлы эсэй мадрыгалісту, які жыў на пераломе XVI і XVII стагодзьдзяў, пра якога я ніколі ня чуў, хоць і прабавіў большую частку жыцьця ў Нэапалі. І гэта не была забаўка калекцыянэра мастацкіх цікавостак. Гакслі захапляўся князем Вэносы і паставіў яму маленькі помнік. Для Анны гэта было навіной, том эсэяў Гакслі не перакладаўся на італьянскую.
— Нештачка за нештачка, — сказала яна, сьмеючыся. — Я здабуду сабе ангельскі нарыс, нехта мне яго перакладзе, а заміж каштоўнае інфармацыі я падарую вам трошкі тэкстаў пра жыцьцё Карла Гезуальда. Такога пісьменьніка, як вы, гэта можа зацікавіць.
II
Абяцаныя “тэксты" я дастаў у вялікай паштовай капэрце. Анна неўзабаве пасьля нашай размовы атрымала вакантную катэдру музыкалёгіі ў Леццэ. Яна не прыяжджала адтуль і не зьвязвалася са мной (як потым выявілася, досыць цяжка перажывала расстаньне са сваім сябрам-мастаком), відавочна, яна абмінала Нэапаль у сваіх штотыднёвых выправах да бацькі ў Рым.
Перапынак у нашым знаёмстве (хутчэй нават сяброўстве), адвярнуў мяне ад чытаньня зьмесьціва капэрты. Закінуў яго на паліцу.
У 1985 годзе зьвестка пра выезд Анны разам з бацькам у Пецярбург — тады яшчэ Ленінград — уразіла мяне нагэтулькі, што я “эксгумаваў" князя Вэносы. Ліст Анны, напісаны ў Рыме на калене перад самым ад’ездам, паведамляў, што яе састарэлы й хворы бацька хоча памерці й ляжаць у родным месьце. Дачка спрабавала яму нагадаць, што яны абое набылі некалі месца вечнага спачыну на інтэрнацыянальных могілках у Рыме, побач з магілай ягонай жонкі й ейнай маткі. “Ён занаравіўся з упартасьцю, якое я ў ім ніколі ня бачыла і не адчувала. Я была прыкра ўражаная, быццам ён кінуў маю маці". Анна вырашыла, што няможна пускаць яго аднаго ў такім веку й пры такім стане здароўя ў далёкую айчыну, пасьля гэтулькіх гадоў эміграцыі. “Ці пабачымся мы яшчэ? Жыцьцё выкідвае нечаканыя конікі. Адзіная мая ўцеха — сумка з матэрыяламі для мае манаграфіі. Прашу Вас, у імя нашага сяброўства, не спыняйце жыць ва ўявах побач з князем Вэносы". Гэтая просьба змусіла мяне залезьці на паліцу. Некалькі вечароў я перагортваў выразную, скупую “Гезуальдыяну". Вынікам тых вечароў стаўся запіс у маім дзёньніку ад 10 лютага 1985 году.
III
“Князем-мадрыгалістам займаліся шмат разоў. Для гісторыкаў музыкі й музыколягаў ён быў найперш “аднаўляльнікам жанру" пад канец XVI стагодзьдзя і напачатку XVII; з пачуцьця абавязку яны згадвалі, што Гезуальда быў забойцам. Аўтары, якія смакавалі “скандальныя гісторыі", дык наадварот: ледзьве згадвалі ягоныя мадрыгалы, каб потым усю ўвагу засяродзіць на забойстве. Вось жа, існуе Карла Гезуальда, князь Вэносы, у выглядзе мармуровага бюсту ў пантэоне італьянскай музыкі. А таксама Карла Гезуальда, князь Вэносы, — герой “чорных хронік" XVI стагодзьдзя, забойца жонкі ды ейнага каханка. У “Les dames galantes" Брантома ён выступае ў разьдзеле “Sur les dames gui font l’amour et leurs maris cocus" (натуральна, у ролі раганосца). У Ангельшчыне ў 20-х гадох нашага стагодзьдзя выйшла пра яго кніжка “Musician and Murderer", у якой, падаецца, мяжа паміж музыкам і забойцам была адмыслова сьцёртая. Нялёгка зараз знайсьці ейны асобнік. (Дапісана ў 1996 годзе: Вэрнэр Герцаг зьняў апошнім часам фільм “Gesualdo — Death foe five Voices", які ня надта ўдаўся, за выключэньнем музычных партыяў.)
Карла Гезуальда паходзіў са знакамітага нэапалітанскага роду, чый княжы тытул зьвязваў яго з маёнткамі ў ваколіцах Вэносы, на мяжы Апуліі ды Люканіі, ягоны дзедзічны фэод знаходзіўся ў мясцовасьці Гезуальда ў Ірпініі, на ўсход ад Авэліна. Праз маці князь быў крэўным папы Пія VI і сьвятога Карла Барамея. Ажаніўся ён з Марыяй д’Авалёс, якая паходзіла зь ня менш слаўнага нэапалітанскага роду. Двух папярэдніх мужоў яна хутка выправіла на той сьвет, заслужыўшы мяно “пажыральніцы мужчынаў". Яна лічылася найпрыгажэйшай жанчынай Нэапалю й уцялесьненай пачуцьцёвасьцю. Ёй было дваццаць два гады, калі яна выйшла замуж за ўжо славутага мадрыгаліста, першы раз Марыя выходзіла замуж пятнаццацігадовай дзяўчынкай.
Князь Вэносы быў старэйшы за яе. Меў дзьве жарсьці: музыку й паляваньне. Тагачасныя летапісцы падкрэсьліваюць найперш музыку. Ён праводзіў дні і ночы ў сваёй “музычнай майстэрні", у нэапалітанскім палацы каля San Domenico Maggiore, Пляцу сьвятога Дамініка (вядомае месца, паданьне гаворыць, што зь яшчэ захаванага гаўбца даўняга дамініканскага кляштару прамаўляў першыя казані сьвяты Тамаш Аквінскі). Шмат мадрыгалаў князь стварыў на словы Тарквата Таса, паэта, зь якім сябраваў.
На думку летапісцаў, ён памыліўся, ажаніўшыся з жанчынай нагэтулькі прыгожай і тэмпэрамэнтнай, бо быў здольны толькі да адной любові: да Музыкі. Бывала, што ён нават не заглядваў у сужэнскі алькоў, дзе Марыя — самотная й разгневаная — слухала згукі інструмэнтаў ды сьпевы, што даляталі з “майстэрні". Ён трактаваў яе як інструмэнт рэдкіх “капрызаў" і сэксуальных уцех.
Марыя д’Авалёс лічылася найпрыгажэйшай жанчынай Нэапалю, а найпрыгажэйшым мужчынам, “арханёлам", менавалі Фабрыцыё Карафа, князя Андрыі. Іхны раман бліскавічна ператварыўся ў жарсьць, не стрыманую ніякімі тармазамі. Ледзь князь-мадрыгаліст выпраўляўся на паляваньне, князь-“арханёл" бавіў цэлыя ночы ў спачывальні ягонай жонкі. Здавалася, ніводны з каханкаў не адчуваў пагрозы, асабліва Марыя. Пагружаны ў мадрыгалы князь жыў з заплюшчанымі вачамі. Ён расплюшчыў іх у 1590 годзе. 16 кастрычніка ён імітаваў выправу на паляваньне, каб празь некалькі гадзінаў, апоўначы, вярнуцца ў палац. Разам з сакратаром і трыма служкамі муж уварваўся ў спачывальню Марыі.
Са сьведчаньняў вынікае, што пасьля забойства абодвух каханкаў здраджаны муж вярнуўся ад парогу і з крыкам: “Non credo esser morta!", “Ня веру, што яна мёртвая!" расьсек парэшткі вераломнай жонкі кароткім мячом, ад пахвіны да шыі. Хранікёры пішуць пра падвойнае самазабыцьцё. Пра самазабыцьцё здраджанага мужа, які зьдзекуецца над трупам жонкі, і пра самазабыцьцё двух каханкаў, якія той ноччу ведалі з абсалютнай упэўненасьцю, што іх чакае, і рыхтаваліся на сьмерць у “абдымках каханьня".
Справу хутка замялі. Карла Гезуальда ўцёк з Нэапалю ў замак у Гезуальда, баючыся помсты сям’і д’Авалёс і сям’і князёў Андрыі. Пасьля году самотнасьці, выняткова багатым на кампазытарскую творчасьць, ён прыехаў у маёнтак д’Эстэ ў Фэрары. Ён ажаніўся там паўторна — з Элеанорай д’Эстэ, набожнай і пакорлівай дзяўчынаю, ды забраў яе да сваёй Вэносы. У няшчасным выпадку загінуў ягоны дарослы сын ад першага шлюбу з Марыяй д’Авалёс, а перад тым памёр, адразу ж пасьля нараджэньня, сынок ад другога шлюбу з Элеанорай д’Эстэ. Князь жыў далей, нягледзячы на паўторны шлюб, самотна, са сваёю адзінай, праўдзівай каханкай, Музыкай, усе больш плённы як мадрыгаліст. Ён памёр у 1613 годзе. Элеанора неўзабаве пасьля ягонай сьмерці пайшла ў кляштар".
Праз тры дні пасьля гэтага запісу ў маім дзёньніку зьявіўся наступны. Ён істотны для далейшага цягу апавяданьня, таму мушу яго тут прывесьці.
IV
“Што тут хаваць, пра князя Вэносы я думаў, найхутчэй, як аматар “Італьянскіх кронікаў" Стэндаля. Ці ведаў Стэндаль гэтую гісторыю? Праўдападобна, не, бо калі б ведаў, яго б пяро не абмінула такі тэмат. Не з-за постаці князя Вэносы, які столькі гаворыць майму ўяўленьню. Стэндаль быў бы захоплены Марыяй д’Авалёс, кабетай, апантанай каханьнем, кабетай, якая ня лічыцца ні з чым, чыя жарсьць кідае выклік сьмерці і буйна квітнее ў цяні сьмерці. Няважна, праўдзівы альбо не стары кранікёрскі запіс пра пару каханкаў, якія чакалі пакутаў у “абдымку каханьня". Пэўна адно: “арханёл" Фабрыцыё Карафа зрабіў інстынктыўны рух да ўцёкаў, калі каханкі ўсьвядомілі, што князь Вэносы напаў на сьлед іхнага зьвязку, і Марыя д’Авалёс абвінаваціла яго ў “баязьлівасьці", быццам бачачы ў рызыцы моцную любоўную стымуляцыю. Стваральнік Матыльды дэ ля Моль зразумеў бы Марыю д’Авалёс, больш за тое, ён захапіўся б ёю, бо (калі мне памяць ня здраджвае) ён недзе напісаў, што “каханьне ёсьць вораг развагі". Ваніна Ваніні з цудоўнай навэлі пад той жа назвай не выносіць думкі, што радзіма — ейная суперніца ў сэрцы маладога карбанарыя. Княжна Кампабаса з “San Francesco a Ripa" загадвае забіць свайго разважлівага й занадта памяркоўнага францускага каханка. Стэндаль, як гэта ўмее толькі ён, некалькімі непараўнальна цэльнымі сказамі скіраваў бы ўсё сьвятло на “ашалелую" Марыю д’Авалёс, зводзячы вобраз князя-мадрыгаліста да акрутнага й тупога рагача, а князю-арханёлу прызначаўшы ролю каханка гатунку poveroi diavolo.
Я ганаруся, што я амаль дзесяць гадоў таму з такім дакладным пачуцьцём меры й прапорцыі, дзякуючы кантрапункту Стэндаля зразумеў ядро нэапалітанскай трагедыі. Карла Гезуальда, злачынца, які “гаворыць майму ўяўленьню" больш, чым незвычайная, зрэшты, постаць Марыі д’Авалёс, ахвяры злачынства. Гэтаму я застаўся верны да канца — я, запеклы стэндаліст. Праўдзівую ахвяру злачынства я бачыў у князі Вэносы, а Марыю д’Авалёс я абвінаваціў у тым, што яна забіла князя на дваццаць тры гады жыцьця, пазбаўленага жыцьця.
І ў тым духу я напісаў вялізны ліст у Пецярбург. Анна адпісала мне адразу ж. Ах, як цяжка перадаць тут ейную радасьць, трымценьне пяра! Я амаль фізычна адчуў нашую блізкасць, я не сумняваўся, што герой ейнай манаграфіі злучыў нас назаўжды сувязьзю amitie amoureuse (у нашым веку!). Яна бяз памяці бараніла злачынцу й нават дайшла да сьцьверджаньня, быццам нехта намаўляў яго да злачынства, нехта ўсунуў меч у руку закаханага — нягледзячы на здраду, нават насуперак здрадзе! — кампазытара, аднаўляльніка жанру любоўных і пабожных мадрыгалаў. Яго ўважалі за “музычнага петраркіста", ён і быў ім да апошняга дыханьня, музыка са смутным тварам сьмяротна ўражанага забойцы. “Я лічу цудам, — скончыла Анна свой ліст, — ваша й маё духоўнае братэрства, сувымернасьць сэрцаў. Прагнучы яго, я ня верыла, што яно калі-небудзь настане".
V
Так нарадзілася наша карэспандэнцыя. Штомесяц мне прыходзіў ліст зь Пецярбургу і ў той жа дзень я адпісваў і высылаў адказ. Анна была ў сталым кантакце са сваімі нэапалітанскімі сябрамі з музычнага асяродку, таму я мог сьмела абыходзіць у ліставаньні нэапальскія цікавосткі. Затое ейныя лісты складаліся з партыяў пра Князя Музыкаў і пра Пецярбург. Прызнаюся, што іх я прагнуў асабліва. Я хацеў ведаць, як яны з бацькам уладкаваліся ў ягоным родным горадзе. І мне было вельмі важна ўведаць пра новае жыцьцё ў Саветах пасьля ўпадку камунізму ў апісаньнях блізкай асобы і на чужой для цэнзараў мове — кожны моўны нюанс, зразумелы для нас, быў недаступны для тапорнага кантролю.
Пачатак іхнага жыцьця быў цяжкі. Анна з бацькам напачатку пасяліліся ў жахлівай кватэры; паступова расплываліся назьбіраныя ў Італіі грошы. Сытуацыю трохі лагодзіў духовы стан бацькі. Ужо вельмі стары чалавек, ён быццам эўфарычна перажываў нанова сваё пецярбурскае жыцьцё — ад дзяцінства да ўнівэрсытэцкай вучобы й рэвалюцыі. Яго абмінула мясарэзка “пераломных гадоў", таму ўспаміны былі сьветлымі. Ён ня мог ня бачыць ранаў, якія нанесла гораду вайна, асабліва блякада, але такія рэчы зрок вельмі хутка пачынае прапускаць. Стары вечна быў у руху са сваім старэчым кійком, знаходзіў даўніх, дзівам ацалелых сяброў; гарэлка ў існасьці сваёй схіляе да супольнага плаваньня ў мінуўшчыну. Ён нават знайшоў брата сваёй жонкі Ванды, рэшта сям’і загінула ў лягерах. Жыцьцё старому псавала толькі малюсенькая кватэрка, якую ён мусіў дзяліць з дачкою. У Рыме ён прывык да ўласнага пакою, а вядома, што значыць у жыцьці чалавека ўласны пакой. “A Room of One’s own", — часта з сумам паўтараў ён назоў кнігі Вірджыніі Вулф, не памятаючы, зрэшты, пра што ў ёй гаворыцца.
У любым выпадку, для Анны настрой бацькі быў вялікай палёгкаю, яна ўсьвядоміла (я адчуваў у ёй цень мэлянхалічнай задумы), што, прыехаўшы ў Пецярбург паміраць, бацька ў ім аджыў. А вось яна была дзіцем Італіі, хаця й ведала, дзякуючы бацьку, расейскую мову й часткова культуру (музыку, літаратуру). Нават пэрыяд фашызму, які прыпадаў на часы ейнай раньняй маладосьці, нават los desastros de la guerra напрыканцы вайны не адабралі ў яе таго спэцыфічнага смаку да жыцьця, які і ў няшчасьці застаецца часткай італьянскай экзыстэнцыі і які, дарэчы, нейкім асаблівым і невытлумачальным чынам заўжды раздражняў ейнага бацьку. Для яго адзіным “сур’ёзным" народам былі расейцы.
Шчасьлівыя зьмены насталі праз год, у 1986. Аньне ўдалося зьмясьціць вялікі нарыс пра італьянскага князя-мадрыгаліста ў пецярбурскім музычным квартальніку, які час ад часу выдавала Акадэмія музыкі. Карла Гезуальда добра вядомы сярод расейскіх музыкаў (у 1960 годзе Стравінскі прысьвяціў яму кароткі твор “Monumentum ad Carolum Gеsualdum"), але вельмі павярхоўна. Ёй далі ў Акадэміі невялічкую пасаду й выдзелілі халодны пакоік пад бібліятэку мадрыгалаў. Яна гэта ўважала за пік шчасьця. Амаль у той жа самы час Анна пазнаёмілася з выкладчыкам ліцэю, удаўцом і ўладальнікам двухпакаёўкі. Бацька нарэшце застаўся адзін у сваёй кватэрцы. “Мы, — пісала яна пра сябе й свайго сябра (яны ня бралі шлюбу), — раўналеткі, Дзьмітрый любіць музыку". Да ліста далучыла здымак. Ягоны суровы твар са згаслым позіркам кантраставаў зь ейным, усё яшчэ прыгожым, жывым і шляхетным, трохі падобным да твару шасьцідзесяцігадовай Ахматавай.
VI
О, сьвеце нэапалітанскага антыкварыяту! Закрыты сьвет, каралеўства эрудытаў, якое авявае пах воглай або высушанай паперы! Хто кахае старыя друкі, хто любіць паляваць на рукапісы, пахаваныя пад стосамі кніжак, хто паціху верыць у сваю шчасьлівую зорку адкрывальніка, няхай ніколі не выходзіць з крамкаў, мармычучы сабе пад нос “зноў нічога". Аматары антыкварыяту жывуць са штодзённых даставак, як спажывецкія крамы. Учора ты выйшаў з пустымі рукамі, а сёньня табе бліснула ўдача — сярод пустых шпаргалак, як кляйнот, мільгануў нейкі твор, якога ты здаўна шукаў, з кожным днём усе больш упадаючы ў роспач і ўжо вырашыўшы кінуць гэта.
Вуліца, якая расьсякае Нэапаль — Spaccanapoli — дзеліцца на адцінкі, кожны зь якіх мае сваю назву. Адцінак, над якім шмат стагодзьдзяў лунае дух сьвятога Блажэя, апекуна кнігалюбаў — найбагацейшая сяліба букіністыкі. Ведаючы ўладароў букіністычных крамак, можна спадзявацца на сьвежую інфармацыю, каштоўную, нават бясцэнную, калі ўлічыць кепскі ўзровень каталёгаў, пераважна не дапаўняных з моманту выданьня.
Мой букініст (“мой" азначае ступень знаёмства) здаўна ведаў, што я шукаю зьвестак пра Князя Музыкаў. Было шмат чароўнага ў тым, што тры пакоікі ў Амфілядзе, забітыя пад столь папераю, былі так недалёка ад Palazzo di Torre Maggiore, палацу князёў Гезуальда, каля Пляцу сьвятога Дамініка. Можна ўяўляць (а кніжная моль без уяўленьня напаўмёртвая й ледзь варушыць крылцамі), што старадрукі (называныя “белымі варонамі") старымі лёхамі прадзіраюцца з палацу ў запыленыя крамкі. І мая мара збылася: аднойчы мне затэлефанаваў мой букініст. Ён адмовіўся сказаць па тэлефоне, у чым справа, быццам баяўся раскрыць банкаўскую таямніцу рабаўнікам, што віжуюць праз тэлефон, але папрасіў, каб я прыйшоў увечары: “Вы не пашкадуеце".
Я й сапраўды не пашкадаваў. Абтрэсеная ад пылу брашурка ў 20 старонак, год выданьня — 1620, то бок празь сем гадоў па сьмерці Карла Гезуальда, насіла назву “La verita sul principe assassino" (“Праўда пра князя-забойцу"). Аўтарам выступаў Duca Federico Ignotus, відавочна, аўтар ў масцы. Без усялякіх угавораў я заплаціў дастаткова пякучыя грошы. Я нёс брашурку дадому на грудзях, пад кашуляй, хаця добра ведаў, што не такія скарбы будзяць апэтыт вулічных злодзеяў.
Было незразумела, ці меў права аўтар называцца герцагам, ці сапраўды сябраваў з Князем Музыкаў, як сьцьвярджаў (зрэшты, цалкам ненавязьліва), і ці інфармацыя паходзіць зь першых вуснаў, а не пачарпаная з буянай гушчэчы плётак. Урэшце я вырашыў лічыць усё праўдай. Зрэшты, я быў не гістарычным шукальнікам, а пабочным назіральнікам, які ўплёўся ў гэтую справу празь сяброўку, доктарку музыкалёгіі. Таму я вырашыў перадаваць ёй усякія знаходкі, каб яна сама вырашыла, што вартае, а што нявартае ўвагі. Фатакопію брашуркі я паслаў у Пецярбург.
VII
Аднак я ня мог утрымацца ад спакусы далучыць свой камэнтар да зьвесткаў герцага Фэдэрыка Невядомага. Аўтар пісаў толькі пра псыхалягічна-звычаёвыя прычыны злачынства, зусім не кранаючы мадрыгалістыку, якая яму, відаць, была такой жа чужою, як і мне.
Найвялікшы давер выклікалі ягоныя сувязі з эксклюзыўным сьветам нэапалітанскай арыстакратыі, невядома, непасрэдна сямейныя ці толькі сяброўскія. Ён пісаў аб высоканароджаных з такой нязмушанасьцю, што цяжка было западозрыць у ім варону ў павіным пер’і. Некалькі разоў аўтар далікатна намякаў, што псэўданім “Невядомы Герцаг" быў расшыфраваны шмат кім зь ягоных сяброў, але аўтар пакінуў гэты псэўданім і ў наступных рэдакцыях брашуркі (з-за нейкіх юрыдычных прычынаў, мне незразумелых). Асяродак нэапалітанскіх нобіляў давёў мне й Аньне, што гісторыя мадрыгаліста-раганосца была паўсюдна вядомая: ня толькі тым, хто быў яму роўняю, але й люду вакол замку Гезуальда (напэўна, ад замкавых служак). Усе ведалі, што дзеялася ў трохкутніку Князь Музыкаў — прыўкрасная Марыя д’Авалёс — князь Андрыі.
Гэтае сьцьверджаньне аўтара брашуры пацягнула за сабой іншае, яшчэ больш прывабнае. Арыстакратычны асяродак чакаў ад мужа, каб той змыў ганьбу. Увесь асяродак, не выключаючы сям’і каханка. Такія тады былі нормы паводзінаў сярод высоканароджаных, зрэшты, яны ня надта розьніліся ад “плебейскіх" поглядаў. Зьнявага, якою Марыя д’Авалёс і Фабрыцыё Карафа пакрылі князя Гезуальда й Вэносы, была крывавым афронтам і вымагала крыві ў адплаце. Паўтараю, такі быў супольны суд тытулаваных і подлых.
Невядомы Герцаг падкрэсьліў гэта ў сваёй брашуры з асаблівым націскам, каб чытач ні на хвіліну не забываўся, што перад Князем Музыкаў было адзінае выйсьце — хацеў ён таго ці не. Ці мог ён не хацець гэтага? Невядомы Герцаг, хаця й асьцярожна, не выключаў такой магчымасьці, ківаючы на тое, што Карла Гезуальда быў хутчэй музыкам, чым князем, ён выказваў большую цягу да нотаў, чым да родавых традыцыяў гонару.
У высновах Невядомага Герцага бракавала адной рэчы, якую ён падаў чытачу толькі на апошняй старонцы брашуры. Гэта быў кароткі й пранізьлівы ліст князя-ўцекача, напісаны за мурамі замку Гезуальда аўтару брашуры, празь сем гадоў пасьля ўцёкаў з Нэапалю. Аўтэнтычны гэты ліст альбо выдуманы? Тэкст схіляў мяне да перакананьня аб аўтэнтычнасьці. Спачатку ішла лінейка кропачак, якая хавала сапраўднае прозьвішча й поўны тытул адрасата. “Казалі, што я кахаў больш Музыку, чым Марыю, і гэта стала прычынай трагедыі. Я пярэчу з усяе сілы майго збалелага (addolоrato) сэрца. Нікога й нічога ў жыцьці не кахаў я так, як ад першага спатканьня пакахаў Марыю. Я зараз ня толькі забойца жонкі й ейнага каханка. Я ўдавец, які быў асуджаны на існаваньне (спадзяюся, кароткае) жывога трупа. Усё, што ўва мне было, памерла 16 кастрычніка 1590 году, — дзень забойства. — О, каб Бог хоць трохі зьлітаваўся над спакутаванай душой чалавека, за якога прасіў сьвяты Караль Барамей. Я прызнаюся, што вагаўся, ці страшная цана сужэнскай здрады вартая адплаты за ўваскрашэньне каханай, нягледзячы ні на што, жанчыны".
Кароткая прыпіска дробнымі літарамі ў брашуры тлумачыла, чаму Князь Музыкаў цэлы год чакаў у замку Гезуальда прыезду ўзброеных мужчынаў і крывавай помсты князёў Андрыі зь сям’і забітага Фабрыцыё Карафы; было ж добра вядома, што яны, як і ўся нэапалітанская арыстакратыя, лічылі, што злачынца невінаваты, і судзьдзі на трэці дзень пасьля злачынства падпісалі памілаваньне, і гішпанскі віцэ-кароль падпісаў яго, як слушнае й згоднае з рыцарскімі правіламі. “Справа ў тым, — пісаў аўтар брашуры, — што Карла Гезуальда не забіваў жонку й ейнага каханка ўласнаручна, але з дапамогаю сваіх пахолкаў, такім чынам, пачуцьцё абразы маглі выклікаць ўдары, якія нанесьлі князю Андрыі плябейскія рукі".
VIII
Прачулы адказ Анны зь Пецярбургу больш сьведчыў пра яе задавальненьне, чым пра радасьць. Яна шчыра дзякавала мне за фатакопію брашуры Невядомага Герцага, выяўляючы “абсалютную ўпэўненасьць", што яна аўтэнтычная, нават спрабавала ўгадаць асобу аўтара. Яна ўжо пачала перакладаць брашуру на расейскую мову, падпісала дамову зь Пецярбурскім музычным выдавецтвам аб паралельным выданьні па-расейску твору пра вялікага італьянскага мадрыгаліста (нэапалітанскі выдавец ужо даўно чакаў ад яе арыгіналу). Ліст быў мне прыемны. Amice amariosi вельмі часта нараджаецца з супольнага прадпрыемства, якое ўсё мацней ды інтымней злучае дзьве асобы. Гэта якраз быў наш выпадак, хаця мы былі ўжо немаладыя, Анна мела спадарожніка жыцьця ў Пецярбургу, а я быў жанаты ў Нэапалі.
Некалькі разоў прачытаўшы ліст, я ўсьвядоміў, што было падставаю для радасьці Анны. Пішучы твор пра Князя мадрыгалістаў й ягоную творчую спадчыну (а яна ведала ўсе мадрыгалы Карла Гезуальда), яна, натуральна, не магла абмінуць ягонага жыцьця, асабліва трагедыі. Яна займела ўласны погляд на яе яшчэ ў Нэапалі напачатку працы, але знаёмыя музыколягі скептычна паставіліся да ейнай думкі. І брашура, якую я выграб з букіністычных завалаў, была паважным аргумэнтам, які яна кінула на сваю дагэтуль пуставатую шалю. Анна з інтуітыўнай упартасцю сьцьвярджала, што Карла Гезуальда забіў вераломную жонку й ейнага каханка contre coeur, то бок падштурхнуты да злачынства асяродкам, а насамрэч ён быў закаханы, нягледзячы ні на што, у Марыю д’Авалёс. Анна абяцала паказаць гэта асьцярожна, падчас музыкалягічнага аналізу мадрыгалаў, але было зразумела, што яна шукала апоры ў бібліяграфічных пошуках. Брашурка Невядомага Герцага якраз была добрай апорай. Аднак брашура абмінала адзін момант у злачынстве, які для Анны быў галоўнай перашкодай у ейных чыста інтуітыўных домыслах. Калі прыняць погляд Анны й часткова аўтара брашуры, то адкуль гэты прыступ шалу ў злачынцы, гэтае ягонае вяртаньне ў алькоў з крыкам: “Ня веру, што яна памерла!" і гэты ягоны страшны ўдар, які расьсек цела ад пахвіны да шыі?
Анна празь некалькі дзён напісала мне ў наступным лісьце з ноткай трыюмфу (я лічу, занадта пасьпешлівага), што наведала ўнівэрсытэцкага сябра ейнага бацькі, прафэсара псыхалёгіі Літаева, якога ўважалі за вялікага спэцыяліста — як у родным Пецярбургу, гэтак і ў шматлікіх заходніх унівэрсытэтах. Была доўгая размова са жвавым і ўсё яшчэ бліскавічна разумным старым, якога вельмі зацікавіла гісторыя забойства ў шаснаццатым стагодзьдзі ў Нэапалі. Анна далучыла да ліста кароткі канспэкт высноваў псыхоляга: нельга выключаць, што Карла Гезуальда, з такой жарсьцю й жорсткасьцю зьдзекуючыся над сваёй мёртвай жонкай, быццам забіваў самога сябе, рабіў самагубства з роспачы. Пецярбурскі прафэсар сьцьвярджаў, што такія выпадкі рэдкія, але ўсё ж здараюцца ў складаных лябірынтах чалавечай псыхікі. Выпадкі, якія можна акрэсьліць як “самагубства праз забойства".
Анну асьляпіла яркасьць гэтай высновы, а хутчэй, гіпотэзы (бо размова ішла пра выпадак, аддалены ў часе й прасторы). Яна пыталася, ці ня мог бы я наведаць у Нэапалі на Piazza Gesu ейнага знаёмага, прафэсара псыхалёгіі Марконі, зь якім неаднойчы размаўляла пра гэтую нэапалітанскую трагедыю на Piazza San Domenico, каб асьцярожна прэзэнтаваць яму гіпотэзу ягонага пецярбурскага калегі? Я не ўтрымаўся ад усьмешкі. Анна добра ведала, што я заўсёды зь недаверам ставіўся да таемнай псыхалягічнай навукі.
IX
Усё здарылася на адцінку некалькіх соцень мэтраў. З Пляцу сьвятога Дамініка, дзе некалі месьціўся палац сям’і Гезуальда, я прайшоў па кароткім адцінку Spaccanapoli, не ўваходзячы па дарозе ў любімы касьцёл Сьвятой Клары на Piazza gesu (Пляц Езуса), і даволі неахвотна зазірнуў у Chiesa Gesu, касьцёл Езуса. Неахвотна, бо за арыгінальным фасадам гэтага даўняга рэнесанснага палацу хаваўся ацяжэлы, перабудаваны барочны інтэр’ер. Але я ўсё ж пастаяў хвілю перад бакавым алтаром, які прысьвячаўся сьвятому Ігнацыю Ляёле. Ля ног сьвятога Ігнацыя быў адразу пасьля сьмерці пахаваны Гезуальда, Князь Музыкаў, што не сустрэла — о, дзіва! — ніякіх пярэчаньняў з боку касьцёльных уладаў. Вялікі мадрыгаліст быў злачынцам, гэта праўда, але папа, кардыналы й нават адзін сьвяты адпусьцілі яму правіну. Дакладна насупраць касьцёлу Езуса, па іншым баку пляцу, за цэнтральнай барочнай калёнай, стаяла колькіпавярховая абшарпаная й пабітая камяніца, якая мне заўсёды здавалася копіяй пецярбурскага даходнага дому, у якім Раскольнікаў забіў ліхвярку ды ейную сястру. За зьнішчаным франтонам хаваліся прыгожыя, вытанчаныя апартамэнты. У адным зь іх жыў прафэсар Марконі.
Ён ведаў Анну з даўніх часоў, а таму зь цярплівай і зычлівай усьмешкаю выслухаў мой аповед пра брашуру Невядомага Герцага, пра гіпотэзу пецярбурскага псыхоляга Літаева й пра надзею Анны, што ён пацьвердзіць гэтую гіпотэзу. “Не магу я яе пацьвердзіць", — гучна расьсьмяяўся ён, — бо я й прафэсар Літаеў, два ці тры артыкулы якога я чытаў у заходніх аналях псыхалёгіі, належым да розных дасьледчых школаў. Рэзка адрозных, дыямэтральна адрозных. Па мне, канцэпцыя самагубства праз забойства, адпрэчваньне свайго жыцьця праз забойства іншай асобы — гэта недарэчнасьць. Калі Анна яшчэ жыла ў Нэапалі, яна часамі прыходзіла тут да мяне, мы разам слухалі музыку (я трохі мэляман), і заўсёды я ёй раіў, каб яна дала сабе спакой з тымі псыхалягічнымі дасьледаваньнямі й абмежавалася аналізам твораў. Артыст — гэта перш за ўсё ягоныя творы, а грэбацца ў ягонай біяграфіі — глупства. Праўда ў мадрыгалах, а не ў забойстве жонкі й ейнага каханка. Я не сумняюся, што Карла Гезуальда досыць радыкальна зьмяніўся пасьля гэтай сваёй крывавай афэры, я перакананы таксама, што гэтая зьмена адбілася ў ягонай творчасьці й менавіта там яе трэба шукаць. Нічога тут няма, апроч інтуіцыі Анны і дуротна нацягнутай гіпотэзы Літаева. Вы гэта адкрыта напішыце ў лісьце".
Я выканаў просьбу Марконі. Адказ не прыходзіў доўга, я падазраваў, што Анна пакрыўдзілася. Аднак прычыны маўчаньня былі іншыя. Урэшце памёр ейны стары, але ўсё яшчэ порсткі бацька (п’яны ўпаў са сходаў), а ейны муж мусіў забраць ад бацькоў у Харкаве свайго сына ад першага шлюбу. Асірацеўшы, Анна стала маткаю. Ліст сьведчыў, што ў яе сэрцы затрымцела новая прыемная струна. Некалі я быў упэўнены, што пасьля сьмерці бацькі яна вернецца ў Італію. Але цяпер усё зьмянілася, нават свой італьянскі пашпарт яна зьмяніла на расейскі. Бацька быў бы рады, але ейная польская матка ляжала самотная на міжнародных рымскіх могілках.
У гэтым лісьце былі выслоўі, якія сьведчылі, што нашая “любоўная дружба" стала яшчэ больш цеснаю. Анна, не бяз пэўнага паэтычнага таленту, пісала так, быццам насьледавала лісты вечна закаханай Марыны Цьвятаевай, якія тая пісала часам да выпадковых мужчын, нашмат прасьцейшых за Пастэрнака й Рыльке (адзін такі ліст да вельмі звычайнага й тупаватага расейскага паэта я чытаў колькі гадоў таму ў Мюнхене, дзякуючы самахвальству адрасата).
Урэшце, ліст утрымліваў пачатак сур’ёзнага навуковага дакладу пра шлях разьвіцьця мадрыгалаў Князя Музыкаў, хаця яна не назвала прафэсара Марконі й нават словам не згадала пра мой візыт да яго. Было ясна, што яна паслухалася ягонай парады.
X
Увесь гэты час, ад хвіліны знаёмства з Аннаю й уваходзінаў у кола ейных зацікаўленьняў, я сыстэматычна зьбіраў плыткі з мадрыгаламі Князя Музыкаў. Я стаў рэгулярным спажыўцом нямецкай дыскаграфічнай фірмы ў Кёльне (рэкамэндаванай Аннай), для якой Карла Гезуальда быў культавым кампазытарам (і магчыма, крыніцай значных даходаў, як маэстра моднай цяпер мадрыгалістыкі).
Я ня знаўца музыкі, я проста яе люблю. Кароткія творы на пяць або шэсьць галасоў, якія так арганічна ўпляталіся ў музычны фон (галоўным чынам, арфавы й лютні), то пабожныя, то жарсныя, то драматычныя, то лёгкія, амаль вясёлыя, захаплялі мяне ўсё болей транспазыцыяй паэзіі на мову музыкі. Ня ў тым справа, што словы напісалі вялікія паэты (Тарквата Таса, напрыклад, быў сталым суаўтарам героя нашай аповесьці), але ў тым, што мастацтва мадрыгалаў (наколькі памятаю, гэта заўважыў Гаксьлі) набыло характар музычных, лірычных вершаў. Закаханыя ў паэзію ведаюць: нават найпрыгажэйшы лірычны верш няздольны перасягнуць межы слова, верш — дзіця й нявольнік мовы. У мадрыгалах музыка цудоўным чынам вызваляла верш, не парушаючы ягонага моўнага аблічча. Гэта па-першае. А па-другое, нават найвялікшыя паэты ня ў стане пазьбегнуць пэўнай лірычнай манатоніі, якая ў мадрыгалах абарочваецца неспадзяванай размаітасьцю. Колькі багацьцяў здолеў здабыць Карла Гезуальда зь верша Пэтраркі!
Настрой, мадуляцыі, стыль дазваляюць падзяліць творчасьць кожнага добрага мадрыгаліста на асобныя блёкі ці пэрыяды. Як і ў паэзіі, мы гаворым “раньні" або “позьні" пэрыяд творчасьці, а часам уводзім геаграфічныя пэрыядызацыі (дзе якія творы ўзьніклі). Анна раіла мне прачытаць фрагмэнт у “Breve storia della musica" найвыбітнейшага італьянскага музыколяга Масьсіма Міля. Мае чыста аматарскія дачыненьні з музыкаю патрабуюць, каб я дакладна працытаваў вучонага знаўцу: “Нэапалітанец Карла Гезуальда, князь Вэносы, удзельнік жахлівай шлюбнай трагедыі й забойца з рэўнасьці, здолеў далучыць да ненасытнай храматычнай гарачкі сваёй музыкі нязьмерны хаос жарсьцяў. Ад Марэнца да Гезуальда прасочваецца пераход ад зладжанай гармоніі рэнэсансу да канвульсыўнай бязладнасьці барока. Зьбег шматлікіх дысанансаў, злоўжываньне храматызмам, капрызы гармоніі вядуць да поўнай танальнай анархіі, якая люструе духоўную пакуту, што нагадвае слухачу пра рамантызм avant la lettrе Караваджa". Нават без асьцярогі Анны маё музыкалягічнае невуцтва прымусіла мяне вылучыць з прыведзенага ўрыўка найістотнейшыя думкі. Масьсіма Міля трапна заўважыў гарачку й канвульсыўнасьць мадрыгалаў Гезуальда, якія прыпадабнялі ягоную музыку з мастацтвам Караваджа, гэтая геніяльная заўвага. Але Анна з катэгарычным націскам патрабавала, каб я памятаў, што гэтае апісаньне датычыць толькі нэапалітанскіх мадрыгалаў, напісаных перад трагедыяй. Насуперак прынятай думцы, Карла Гезуальда быў гвалтоўны й моцны ў пачуцьцях, вельмі лёгка аддаваўся жарсьцям. Як Караваджа. Але “канвульсыўная гарачка" мастака ўвесь час расла й штурхала яго да злачынства, яна давяла яго да прыступаў і ўрэшце сьмяротна ўразіла з дапамогаю малярыі й сонечнага ўдару. Затое Князь Музыкаў апагею сваёй “канвульсыўнай гарачкі" дасягнуў 16 кастрычніка 1590 году, у дзень забойства жонкі й ейнага каханка, потым гарачка пачала спадаць, каб не сказаць болей.
Я ня быў стоадсоткава ў гэтым перакананы, але прыняў пункт гледжаньня Анны. У раньніх мадрыгалах Гезуальда сапраўды выразна чуецца гульня жарсьцяў, падобная да пастаяннай буры ў сэрцы Караваджа.
XI
Так, я ня быў цалкам перакананы, пункт гледжаньня Анны здаваўся трошкі нацягненым. Аднак частае слуханьне плытак з мадрыгаламі кампазытара-забойцы, мадрыгаламі, створанымі ў гады ўдаўства й новага шлюбу, то бок у другой палове жыцьця Князя Музыкаў, плыта за плытаю, мадрыгал за мадрыгалам уцягвала мяне ў атмасфэру, якой я дагэтуль не заўважаў. Тут я маю ахвоту, нават патрэбу, скарыстацца мэтафарычным апісаньнем. Гэта было так, быццам галасы й гукі нёс вецер, які пранікаў праз шчыліны ў вокнах; быццам гэтыя галасы й гукі адбіваліся ад сьценаў зь дзіўным, ледзь чутным стогнам; а самае важнае, з холадам, страшным холадам. Сапраўды, я нарэшце адчуў, можа не ў такой моцнай ступені, як Анна, адрозьненьне паміж прыхаванай жарсьцю часоў шчасьлівай і буянай маладосьці — і пазьнейшай тугою самотніка сярод людзей, які безвынікова шукаў месца ў раптоўна спусьцелым сьвеце. Я, натуральна, не наважуся на мастацкія ацэнкі, ня стаўлю першага пэрыяду творчасьці вышэй за другі альбо наадварот. Хаця я й быў аматарам вечнай буры ў сэрцы Караваджа, а таму, паводле пэрыядызацыі прафэсара Міля, схільны да раньняга Карла Гезуальда, я — насупраць — палюбіў ягоныя позьнія мадрыгалы. І часам я намагаўся сабе ўявіць, натхнёны тонкім параўнаньнем музыколяга, “супакоенага" Караваджа. Мастака, які пасьля ўсяго, што перажыў у маладосьці, пасьля крывавых прыгодаў, жарсьцяў і ўцёкаў, вярнуўся ўрэшце у каханы Рым і надаў свайму, некалі бурліваму мастацтву, клясычную раўнавагу спакою й самоты.
*
Сапраўды незвычайная рэч, што я, жывучы ў параўнальна невялікай адлегласьці ад палацу Гезуальда, уведаў менавіта зь ліста Анны, што 16 кастрычніка 1990 году, дакладна ў чатырохсотую гадавіну нэапалітанскага забойства, на радзіме Князя Музыкаў вырашылі справіць сьвята. Мяне запрасілі на яго дасьледнікі слыннага мадрыгаліста з усяго сьвету. Ясная справа, прозьвішча Анны адкрывала ліст запрошаных, бо ў колах знаўцаў музыкі XVI—XVII стагодзьдзяў было вядома, што Анна даволі даўно працуе над вялікай кніжкай пра Гезуальда. Прыезд Анны супольна аплацілі Пецярбурскае таварыства музыкі і Societa Carlo Gesualdo ў Авэліна, горадзе паблізу палаца мадрыгаліста. Ліст Анны паведамляў пра падзею й прасіў мяне прыехаць, прасіў так чула й прыязна, што я не вагаўся ні хвілі.
Апоўдні, прыехаўшы ў мястэчка, запоўненае стракатым натоўпам, я праз пару хвілінаў натыкнуўся на Анну, якая сядзела пры століку ў кавярні, паблізу ад касьцёлу айцоў-капуцынаў Santa Maria della Grazie. На крэсьле каля яе ляжаў стос італьянскіх газэтаў. Я не адразу пабачыў ейны твар, заслонены газэтаю, я бачыў толькі фігуру: мая раўналетка, нягледзячы на свае 70 гадоў, была ўсё яшчэ стройная й ладная, як у колішнія італьянскія часы. Ніхто б не ўгадаў на вока ейнага ўзросту. Нягледзячы на таннае й кепскае адзеньне, было відаць у ейнай паставе нешта неперадавальна шляхетнае: добры плён бацькоўскага выхаваньня, бо бацька яе прэтэндаваў на шляхецкае паходжаньне. Я стаў ля яе, захопленай чытаньнем, так блізка, што мае калені дакрануліся да ейных. Толькі тады яна падняла галаву, і ейны твар, таксама яшчэ малады, амаль бяз зморшчыкаў, перамяніўся ў адную шырокую й радасную ўсьмешку. Яна сарвалася з крэсла, мы кінуліся адзін аднаму ў абдымкі, цалаваліся, як муж і жонка пасьля доўгага расстаньня. Яна мяшала мовы: “дорогой, caro", і мне падавалася, што яна свабодней гаворыць па-расейску, на шкоду для трошкі напружанай італьянскай. Мы зь цяжкасьцю прабіліся праз тлум да шумнага, як вулей, касьцёлу, напханага па самыя беражкі нязмушаным натоўпам. На шчасьце, Анну пазнаў знаёмы з кансэрваторыі ў Нэапалі. Дзякуючы ягонаму заступніцтву, нас пусьцілі да Абраза.
Я пішу гэтае слова зь вялікай літары, бо гэта адзіная бачная спадчына “Музыкі й Забойцы" (як называе яго ангельская кніжка). Амаль немагчыма паверыць, але Анна бачыла яго ўпершыню (апроч рэпрадукцый) і ўпершыню была ў Гезуальда, як і я (што больш зразумела). Касьцёл і прылеглы да яго кляштар Карла Гезуальда загадаў пабудаваць у 1592 годзе. Праз 16 гадоў пасьля ягонае сьмерці кляштар і касьцёл пашырылі па загаду пляменьніка папы Рыгора XV, які ажаніўся зь пляменьніцай Князя Музыкаў. Абраз тут быў у якасьці “пярліны", для якой зрабілі касьцёл-ракаўку. Яго называюць Il perdono di Carlo Gesualdo. Вядома, што Князь Музыкаў замовіў яго ў флярэнтыйскага мастака (не надзвычайнага) па прозьвішчы Байдуччы, але невядома, калі мастак выканаў замову. Як невядома й тое, хто каму “прабачае". З назвы быццам вынікае, што “прабачае" Карла Гезуальда вераломнай жонцы й ейнаму каханку. Але пэўныя дэталі сьведчаць, што гэта якраз ён просіць прабачэньня за забойства пары каханкаў. Можа, мадрыгаліст адмыслова надаў назьве абразу двухсэнсоўнасьць. Нельга забывацца, што ягоны першы мадрыгал, створаны ў маладосьці, зваўся “Delicta nostra ne reminiscaris, Domine", “Не памятай нам нашых грахоў і злачынстваў, Пане".
Анна ўтаропілася замглёным ці нават змутнелым позіркам у левы ніжні рог абразу. Карла Гезуальда наўколенцах, з благальна складзенымі далонямі, у чорнай пелярыне з карункавым каўнерыкам, ля яго стаіць ягоны крэўны, сьвяты Караль Барамей, паклаўшы далонь на плячо мадрыгаліста, з жэстам рэкамэдацыі і заступніцтва, скіраваным да Маткі Божай, групы сьвятых і Збаўцы ў верхняй і сярэдняй частцы абразу. У правым ніжнім рогу Элеанора д’Эстэ ў такім самым строі й такой самай пазыцыі, як муж. Паміж імі чыстцовае полымя, у якім гараць голыя каханкі, а таксама група анёлаў, якія ўзносяць з полымя гэтых грэшнікаў. Збаўца стаіць на воблаку паміж найсьвяцейшай Паннай Марыяй і найсьвяцейшым арханёлам Міхаілам.
Якім поглядам глядзела Анна на свайго Князя Музыкаў! Ці перабольшу я, калі скажу “закаханым"? Ягоны твар, занадта падоўжаны мастаком і занадта пажоўклы, напэўна, ня быў аж такі прыгожы. Але ў ім злучаліся мужчынская шляхетнасьць і тонкасьць мастака, які ахвяруе свой дар Богу, просячы прабачыць яму пад апякунчымі крыламі сьвятога. Такім чынам, няўжо менавіта ён просіць прабачэньня, адначасова прабачаючы Марыі д’Авалёс і Фабрыцыё Карафа, якія палаюць у агні ці то чыстца, ці то жарсьці? Калі нарэшце Анна паднялася з каленяў і спакрыёма выцерла хустачкай мокрыя вочы, яе ўсьмешка была прызначаная мне.
Мы зьелі абед у рэстарацыі, вокны якой выходзілі на замак у Гезуальда. Землятрус 1980 году, дзесяць гадоў таму, трошкі раскалоў ягоны фасад і пакінуў шчыліны ў мурох, асабліва ў бэльвэдэры вежы, дзе месьціўся музычны кабінэт і жытло мадрыгаліста. Увесь замак быў абнесены парканам з тонкіх калкоў, дзе-нідзе віселі шыльдачкі, якія асьцерагалі: Pericolo! Ingresso severamente vietato.
Я не пашкадаваў таго, што Анна, углядаючыся ў замкавую башню, не зьвярнула ўвагі на маё пытаньне пра ейнае жыцьцё ў Пецярбургу. Можа, яна нават яго і ня чула. А можа, такім чынам намякала на тое, што ня хоча размаўляць пра сваю радзіму, быццам бы сапраўдную, але насамрэч навязаную пасьля Італіі. Гэтая здагадка здаецца мне больш слушнай. Я ўжо някепска ведаў рэакцыі іншых расейскіх “возвращенцев". І справа ня ў тым, іх гняце развал, выкліканы камунізмам, альбо цяжкасьці прызвычаеньня. Проста саветы стварылі іншую Расею, над якою іншае паветра, цяжкае для прыбышоў з Захаду.
Тым часам сьвята набірала тэмп і інтэнсыўнасьць, як ва ўсіх італьянскіх сьвятах, якія паступова сягаюць вечаровага апагею. Па вуліцы з касьцёлу Santa Maria della Grazie ішла працэсія ў такт аркестру й набліжалася да нашай рэстарацыі з намерам (як нам растлумачылі) абысьці вакол замку Гезуальда. Пад чырвоным балдахінам бурмістр мястэчка вёў пад руку біскупа Авэліна й урадніка з дэпартамэнту аховы помнікаў у Нэапалі. Ужо лопаліся першыя ракеты; сапраўдная бура фаэрверкаў і стрэлаў з паляўнічых ружжаў павінная была распачацца ад заходу сонца й да поўначы. Калі змаўкаў аркестар, ажывалі школьныя хоры. Біскуп Авэліна багаслаўляў разявак па абодвух бакох вуліцы. Пры гэтым ён не хаваў задавальненьня, як быццам сьвята было трыюмфам касьцёлу.
Але ж — сапраўднае дзікунства! — тут урачыста сьвяткавалася чатырохсотая гадавіна забойства, крыві, пралітай у нэапалітанскім палацы здраджаным мужам. Няўжо дастаткова, каб ён быў арыстакратычным нобілем, блізкім крэўным сьвятога й пурпураносцаў, якіх уважалі за papabili, пратаганістаў будучых conclave?
XII
Кастрычніцкі дзень быў паглядны, сонца прыгравала як летам, мы бязмэтна лазілі па Гезуальда, трымаючыся за рукі, спыняючыся каля спусьцелых крамаў, пастаянна азіраючыся на палац, які быў бачны адусюль. Словы “можа, я быў зьлёгку падзакаханы ў Анну Ф." былі ўсё яшчэ актуальныя, узрост тут ня граў ніякай ролі. Гэтая закаханасьць выклікала бесьперапынную плынь пяшчоты.
Мы зьелі вячэру ў той самай рэстарацыі. Легла густая цемра, замак на хвілю зьнік, аднак адразу ж запаліліся рэфлектары. Анна пайшла ў лазенку. Не вярталася так доўга, што я пастукаў у дзьверы. Адказу не было. Занепакоены, я адшукаў на паркінгу за касьцёлам аўтамабіль з таблічкай CD, пазычаны Аньне расейскай амбасадай у Рыме на час побыту ў Гезуальда. Аўто было замкнёнае. Уражаны няясным прадчуваньнем, я вярнуўся ў нашую рэстарацыю. Я сядзеў ля століка да першай гадзіны ночы, да хвілі, калі згасьлі рэфлектары, якія асьвятлялі палац. Апускаючы жалюзі на вокнах, мне далі ветліва зразумець, што кельнэры чакаюць, калі я сыйду. Я выйшаў і сеў на парапэт прыгожага фантану, які Карла Гезуальда загадаў пабудаваць у 1605 годзе. Ноч праглынула мястэчка й ягонае сьвята.
Маё няяснае прадчуваньне было небеспадстаўным. У вежы, у вакне пад бельвэдэрам бліснуў і хутка згас агенчык ці то кішэннага ліхтарыка, ці запалкі. Навакольная пустэча паддала мне сьмеласьці, я падышоў да драўлянага паркана. Перакрочыць яго было лёгка, цяжкасьці пачыналіся далей, на замкавым узбоччы, заваленым друзам. Аднак мне ўдалося, асьцярожна ставячы ногі й ня раз абсоўваючыся на калені, дайсьці да атвору быццам бы калідору, гэта сапраўды быў калідор, засыпаны каменьнем, але даступны для павольнага прасоўваньня. У тым канцы ледзь сьвяцілася выйсьце. Калі я спрабаваў прайсьці, то пабачыў над сабою Анну. Яна нахілілася й падала мне руку.
Вялікае памяшканьне, забруджанае й запыленае, з хісткім сталом, з фатэлем на трох нагах, з шафаю, поўнаю папяровага сьмецьця, з вокнамі, завешанымі мешкавінаю, зь вялікім разьбітым ложкам было, напэўна, майстэрняй і спачывальняй Князя Музыкаў. Анна здолела распаліць маленькі агенчык у пячурцы, падобнай да каміна. Яна расклала перад ім свой цяжкі плашч (ён выглядаў як пераробка з вайсковага шынялю), запрасіла мяне сесьці побач.
— Тут, — сказала яна ціха, амаль шэптам, — яго напаткаў сьмяротны ўдар. У яго застаўся толькі адзін блізкі чалавек на сьвеце — Эмануэль, сын ад першага шлюбу з Марыяй д’Авалёс. Другую жонку — Элеанору д’Эстэ, якая нарадзіла яму сынка Альфонсіё, неўзабаве памерлага, — ён ледзь трываў, яго раздражняла ейная пакорлівая й занадта вялікая пабожнасць. Эмануэль зьвязваў яго з адзінай каханай кабетай. Ён вырас энэргічным хлопцам, ажаніўся ў Чэхіі, меў ужо дачушку й чакаў наступнага дзіцяці. 20 жніўня 1613 году падчас паляваньня ён зваліўся з каня, які ішоў галопам, ды забіўся на месцы. Ягоны бацька выклікаў да сябе чатырох чалавек, каб тыя засьведчылі новы тэстамэнт, а потым замкнуўся ў сваім пакоі. Ён адмаўляўся есьці. Такім чынам ён хацеў скончыць з сабою. На працягу васямнаццаці перадсьмяротных дзён ён напісаў апошні мадрыгал на пяць галасоў, да нядаўняга часу зусім невядомы. Ён даў яму назву “Сьмерць: жаданая, багаславёная". Ён памер 8 верасьня, адвячоркам.
Яна замаўчала й павярнула твар да сьцяны. Мы доўга сядзелі ў маўчаньні, я намагаўся падтрымаць малы агонь у пячурцы, падобнай да каміна. Урэшце Анна ўстала і з кутка прынесла падарожную валізу, якую ўзяла, напэўна, з машыны, перад тым як падняцца на замкавую вежу. У валізе быў сучасны кампактавы прайгравальнік. Яна асьцярожна паставіла яго на менш хісткі бок стала. І загучалі гукі апошняга мадрыгалу Князя Музыкаў.
У назьве апавяданьня я назваў яго “жалобным". Ён быў жалобным і ня быў. Подых блізкай сьмерці пераплятаўся ў ім з радасным поклічам. Слова “вітаю" у галасох паўтаралася вельмі часта. Але яго заўсёды суправаджала фраза, халодная, як павеў: delicta nostra, “злачынствы нашыя". Мадрыгал ўражваў і ўрэшце быў сапраўды жалобны, і я раптам падумаў пра квартэт Шубэрта, напісаны за некалькі гадзінаў да сьмерці. Калі слухаеш падобныя творы, то расьце вера ў існаваньне таго сьвету, які рэдка, але дастаткова выразна ахінае сваёй аўрай душу паміраючых. Ах Божа, Божа мастакоў і вернікаў з чыстымі душамі, як цудоўна Ты ў хвіліну сьмерці паказваеш краёчак Сваёй прысутнасьці! І як старанна мастакі мусяць працаваць, каб заслужыць гэты прывілей перад адыходам з нашай горкай і бясплённай зямлі.
Анна ўжо, не хаваючыся, плакала, заслухаўшыся жалобным мадрыгалам. Я глядзеў у яе замглёныя вочы і ў думках паўтараў адзін сказ: “Ты зьлёгку быў падзакаханы ў кабету, якая была адпачатку закаханая ў іншага". Закаханая ў мадрыгаліста, злачынству якога якраз сёньня споўнілася 400 гадоў? Так, гэта было менавіта так. Рэдка лёс дазваляе нам бачыць (або перажываць) каханьне да памёрлых. Людзі сьмяротныя, аднак несьмяротныя пачуцьці да іх. Ці ж Марыя Цьвятаева, суайчыньніца Ганны, не напісала некалі, што ад раньняга дзявоцтва, праз гады сталасьці й да старасьці кахала Пушкіна як паэта і як мужчыну? Яна здраджвала яму з жывымі, але гэта было мімалётна.
Перад сьвітанкам мы пачалі спускацца зь вежы, сьвецячы маім ліхтарыкам. Для работнікаў, якія рэстаўравалі замак, было яшчэ зарана. Было пуста й цёмна, калі не лічыць запаленай лямпы ў кутнім бары. Мы выпілі там кавы ды пайшлі на паркінг. Анна сьпяшалася ў Рым, самалёт да Пецярбургу (з перасадкаю ў Маскве) вылятаў у абед. Мы абняліся, яна мне шапнула на вуха: “Ніколі цябе не забуду", — спачатку па-італьянску, потым па-расейску. Гэта азначала, што я ніколі болей яе ня ўбачу. Я глядзеў на чырвонае сьвятло яе аўтамабілю, што зьнікаў за паваротам. Пасьля пачаў грэць матор майго самаходу.
Вось я трымаю ў руках італьянскае выданьне кніжкі Анны Фядотавай, тоўсты том, багата ілюстраваны здымкамі й нотамі. Мяне кранае, што ў эпілёгу апісаны наш супольны сыход з замкавай вежы. Яна назвала сваю кніжку “Князь Музыкаў", а пад назваю дала маленькімі літарамі ў якасьці дэвізу: “Nobilissimus Carolus Geualdus, Princeps Venusinus, nostrae tempestatis Musicorum, ac Melopaeorum Princeps", “Найшляхетнейшы Карла Гезуальда, князь Вэносы, у нашай эпосе Князь Музыкаў і Сьпевакоў".
Так назвалі яго ў балонскім слоўніку Блянкануса ў 1615 годзе, праз два гады пасьля ягонае сьмерці.
Верасень—кастрычнік 1996 году.